nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ЭЛІТА І БУДУЧЫНЯ БЕЛАРУСІ. Частка ІІ (кБНІ)

18 чэрвеня, 2007 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

��1.GIF

2. “Правадыр”

2.1. Характар.

Хто ж з найбольшай верагоднасьцю стане тым “правадыром-выратавальнікам”, якога ў крытычны час так абвострана чакае застрэсаваны соцыюм?

Аказваецца, часьцей за ўсё ім стане чалавек не з выбітным розумам і сумленьнем, не герой, гатовы ў любы момант аддаць сваё жыцьцё дзеля жыцьця і росквіту свайго народу. Часьцей за ўсё гэта будзе “асоба” з так званай харызмай.

Што такое харызма?

Гэта рыса характару, якая “прымушае” іншых людзей некрытычна, без сумненьняў прымаць на веру словы харызматыка, без ваганьняў падпарадкоўвацца яму.

Доўгі час лічылася, што гэтую рысу цяжка патлумачыць. Насамрэч усё проста. Звычайна такімі “харызматыкамі” аказваюцца псыхапатычныя асобы (параноікі ці гістэрыкі), людзі, якія маюць паталагічныя скажэньні характару часьцей за ўсё ў бок маніі вялікасьці. Дарэчы, апошняя рыса вельмі часта спалучаецца з маніяй перасьледу. З-за сваёй маніі вялікасьці гэтыя асобы ніколі не маюць няўпэўненасьці ў сваёй правільнасьці і ў сваёй перавазе над іншымі. Яны заўсёды фармулююць думкі ў абсалютных катэгорыях, не выказваючы ніякіх сумненьняў ні ў чым, ніколі не прызнаюць сваіх памылак. А таму ў звычайнага чалавека разьвіваецца пачуцьцё-перакананьне: “Ну, калі чалавек так упэўнена гаворыць, значыць, ён усё дакладна ведае”.

Паколькі іншыя рысы “правадыра-харызматыка” неістотныя для падпарадкаваньня сабе напружана-ўзбуджана-няпэўна-трывожнага соцыюму, часьцей за ўсё наваяўлены “выратавальнік” на паверку аказваецца звычайным прадстаўніком звычайнай масы.

Бывае, праходзяць гады і нават дзесяцігодзьдзі, калі ў людзей пачынаюць зьяўляцца сумненьні ў поўнай слушнасьці харызматыка. Рашучае ж разбурэньне веры ў “правадыра” пачынаецца тады, калі ў выніку далейшага паглыбленьня крызысу ў грамадзтве людзі ўсё часьцей пачынаюць задумвацца, як ім забясьпечыць уласнае біялягічнае існаваньне (г.зн. калі “псыхіка” грамадзтва пачынае апускацца на другі ўзровень – узровень асэнсаваньня неабходнасьці самазабесьпячэньня, і яго “парады” аказваюцца ў супярэчнасьці з “парадамі” трэцяга ўзроўню псыхікі). Тады можа адбыцца “разьбяганьне масы” на больш дробныя групы ці зьвяржэньне дыктатара, тырана, прыдурка (ці каго-небудзь яшчэ, кім у сапраўднасьці аказаўся “правадыр”) нярэдка натоўпам яго ж былых заўзятых прыхільнікаў. Прадчуваючы такую магчымасьць (падштурхоўвае страх перасьледу і сьмерці), большасьць правадыроў вымушаная клапаціцца пра грамадзтва, але такі іхны клопат вымушаны, а таму другасны, пабочны. Галоўнае ж імкненьне ўсіх “выратавальнікаў” – задаволіць сваю манію вялікасьці праз падпарадкаваньне сабе іншых людзей і дэманстрацыю (пажадана, публічную) гэтага падпарадкаваньня.

2.2. “Куды ляцім?”

Для лёсу ж грамадзтва самае галоўнае, што “правадыр-харызматык” здольны “ўзначаліць” устрывожаную масу і павесьці яе за сабой. І тая, куды б ён яе ні павёў, пойдзе за ім (для прыкладу ўспомніце пра паходы Аляксандра Македонскага, Напалеона, Гітлера). Гэты факт прымушае паставіць чарговае пытаньне: куды “правадыр” павядзе людзей?!

Аказваецца, заяўляючы, што ён лёгка вырашыць усе праблемы, якія трывожаць грамадзтва, “правадыр-харызматык” у сапраўднасьці павядзе яго туды, куды пацягнуць яго ўласныя жаданьні! Афармляць жа апошнія ён будзе як рэалізацыі чаканьняў людзей.

Сапраўдныя жаданьні ідала-выратавальніка – рэч выпадковая, стахастычная. У выніку выходзіць, што ўсё грамадзтва, складзенае з надзеленых розумам людзей, у пэрыяд сацыяльнага стрэсу і “пад кіраўніцтвам правадыра” ператвараецца ў звычайны “неразумны” аб’ект, на які ўзьдзейнічаюць выпадковыя фактары прыроды і гісторыі. Грамадзтва ператвараецца ў нешта, што дрэйфуе – у тое, што само ня мае здольнасьці ўплываць на ўласны лёс! Яно становіцца нечым, што пазбаўлена ўласнага розуму і волі.

Пытаньне, ці варта соцыюму станавіцца аб’ектам узьдзеяньня тых ці іншых рысаў характару псыхапата-харызматыка, гучыць рытарычна. Відавочна, што не. Супраць гэтага пратэстуюць і прырода чалавека, і яго прызначэньне. Але ж веданьне – гэта ня дзеяньне, а тым больш ня вынік. Патрэбныя спэцыяльныя ўмовы (структуры, арганізацыі), каб жаданьні, ідэі, веды пераўтварыць у факты рэчаіснасьці. А якраз апошняга часьцей за ўсё і не бывае. Таму пакуль, “па ходу гісторыі”, мы вымушаны назіраць, як у выніку складаньня дзьвюх велічынь (звычайная застрэсаваная маса + “правадыр” са звычайнай масы) утвараецца прымітыўная, замкнёная сістэма, няздольная да разьвіцьця, а толькі да ненакіраванага, “броўнаўскага” руху. І нават калі грамадзтва, арганізаванае такім чынам, хутка не прыходзіць да самадэградацыі, яно ў пераважнай большасьці выпадкаў не разьвіваецца. Яго перарастаюць больш прагрэсіўныя грамадзтвы, а сацыяльная сістэма, арганізаваная паводле аўтарытарна-таталітарнага прынцыпу, усё роўна рана ці позна трапляе ў сітуацыю адноснага крызіснага стану.

Грамадзтву больш шанцуе, калі “правадыр” склікае вакол сябе сьвіту дарадцаў. Пры гэтым маса думае, што “кароль зрабіў сьвіту”, але праніклівыя людзі ўжо даўно заўважылі існасьць таго, што адбываецца потым, – “сьвіта робіць караля”. З такой сыстэмы першага параўнальна цывілізаванага (у свой час) кіраўніцтва разьвіліся сучасныя дэмакратыі з прэзідэнтамі і парлямантамі.

Калі ж “выратавальнік” аказваецца дэгенэратам, садыстам, нэкрафілам, тыранам, прыдуркам і да т.п., масе, якая “заклікала яго на трон”, можа паказацца ох як нямала. Але што яна можа?..

Асэнсаваўшы існасьць апісаных вышэй рэакцый соцыюму і таго, што ў выніку іх адбываецца, няцяжка ўявіць у абагульненым выглядзе поўны сцэнар большасьці “гістарычных” падзей. Ён выглядае наступным чынам: неэфэктыўнае выкананьне ўладных функцый кіраўніцтвам соцыюму (у выніку “маладосьці, недасьведчанасьці, выпадковасьці кіраўніцтва” ці ў выніку дэградацыі тых, хто ўзяў уладу) – > грамадзкі стрэс – > масавае “апусканьне грамадзкай псіхікі” да трэцяга ўзроўню – > зьбіраньне людзей у “рэвалюцыйныя” натоўпы і чаканьне зьяўленьня “ідала-выратавальніка” -> зьяўленьне “правадыра-харызматыка”, які пачынае эфэктыўна “падаваць сігналы”, якія адпавядаюць чаканьням масы – > масавы рух: фізычны (напад на тэрыторыі іншых этнасаў) ці ўнутраны (“барацьба з ворагамі” ўнутры грамадзтва, “бітвы за ўраджай” і да т.п. рэчы) – > далей два варыянты: а) абяскроўліваньне ці расьсейваньне соцыюму, страта ім моцы; б) пераход часткі грамадзтва на 2-і ўзровень псыхікі, разбурэньне веры ў “ідала” і адхіленьне яго ад улады – > калі пашанцуе, прыход да ўлады новага, больш прыстойнага кіраўніцтва – > стабілізацыя.

Але, натуральна, шанцуе не заўсёды. Таму месца аднаго аўтарытарна-таталітарнага кіраўніка часта займае новы правадыр-харызматык, які ўводзіць унутры соцыюму, што страціў моц, усё тую ж сістэму аўтарытарна-таталітарнага кіраўніцтва, аўтарытарнасьць і таталітарнасьць якога была прычынай папярэдніх дэстабілізацыі і ўзбуджэньня соцыюму. Розьніца паміж першым кіраўніком-харызматыкам і другім часта заключаецца толькі ў тым, што першаму “пашанцавала” асядлаць масавы соцыюм у выглядзе гарэзьлівага жарабца, а другому дасталася ўжо ледзьве жывая чучка.

Вяртаньне масай былых кіраўнічых формаў часта характарызуецца як кансэрватызм масы. Рэч не ў кансэрватызме, а ў тым, што маса іншай формы кіраўніцтва, акрамя аўтарытарнай, “запрапанаваць” ня можа. Маса здольная вяртацца толькі да свайго былога досьведу, а там – толькі сацыяльная сістэма на чале з правадыром-ідалам. Маса адначасова антытаталітарная і аўтарытарная, рэвалюцыйная і кансэрватыўная. У гэтым яе ўнутраная супярэчнасьць.

Спэцыфіка ж тых ці іншых “гістарычных” падзей у першую чаргу тлумачыцца: “талентамі” правадыра; колькасьцю людзкай масы, якая прыйшла ў рух; магутнасьцю супраціву, што аказваюць супернікі; часам зьяўленьня новага кіраўніцтва і яго пераважнай стваральнай ці разбуральнай скіраванасьцю.

Прыйдзе час, калі гісторыя людскай цывілізацыі будзе не апісаньнем таго, як чарговы параноік, “асядлаўшы” грамадзтва, захопліваў, бурыў, тапіў, паліў, забіваў, гвалціў, заваёўваў, падпарадкоўваў, а таго, як і колькі кіраўнікі-стваральнікі разам са сваімі народамі, арганізаваўшы іх і вычысьціўшы ад сацыяльных паразітаў, пабудавалі, палепшылі, удасканалілі, упрыгожылі, якое жыцьцё забясьпечылі людзям! Гэта будзе гісторыя інжынерных вынаходніцтваў, пачынаючы ад першага каменнага разака і першага кола; гісторыя будаўніцтва, пачынаючы ад першага будана; гісторыя мовы і літаратуры, пачынаючы ад першага вымаўленага сказа і запісанага слова; гісторыя навукі, пачынаючы ад адкрыцьця таго, што двойчы два – усё ж такі – чатыры; гісторыя музыкі і выяўленчага мастацтва, пачынаючы ад першай мелодыі і першага малюнка на камяні… Войны, разбурэньні, заняпады будуць адназначна расцэньвацца як непрыемныя выверты гісторыі людзтва на шляху яго цывілізацыйнага разьвіцьця.

3. “Разумная частка” соцыюма

3.1. Якая яна? – Яна розная.

Хто ж тады здольны надаць соцыюму (народу, грамадзтву) накіраваны рух?

Толькі той, хто можа вырвацца з пададзенай замкнёнай сістэмы “маса – правадыр” у “прастору Сусьвету”, “зарыентавацца па зорках” і знайсьці шлях, па якім трэба ісьці, каб рухацца ў адпаведнасьці з аб’ектыўнымі інтарэсамі грамадзтва. Толькі той, хто ня толькі ўстойлівы да сацыяльнага стрэсу, але ў першую чаргу мае імунітэт да прапаганды з боку сацыяпаразытычных групаў, да створанай імі “грамадзкай думкі”.

Кандыдатамі (!) на такую ролю могуць быць толькі тыя, хто ў большасьці абставін захоўвае схільнасьць паводзіць сябе рацыянальна (на падставе 4-га ўзроўню псіхікі) – суб’екты жыцьця. Гэта і ёсьць эліта ў шырокім значэньні гэтага тэрміна. Толькі прадстаўнікі гэтай сацыяльнай групы могуць сапраўды некуды сэнсоўна накіроўваць соцыюм. Праўда, рабіць гэта яны будуць у адпаведнасьці са сваімі інтарэсамі.

Паколькі разнастайнасьць інтарэсаў элітарных групаў вызначае прынцыповую разнароднасьць “разумнай часткі” грамадзтва, варта прааналізаваць інтарэсы (“пуцяводныя зоркі”) тых элітарных групаў, што маглі б узяць кіраўніцтва соцыюмам на сябе. Цікава, наколькі блізка знаходзяцца іх “зоркі” ад той “Палярнай зоркі”, якая паказвае адзіна правільны шлях для яго вялікасьці Народу? Як стасуюцца галоўныя інтарэсы (ідэі) розных элітарных групаў з аб’ектыўнымі інтарэсамі грамадзтва?

3.2. Асноўная ідэя грамадзтва.

З фармальных пазіцый абагульнены грамадзкі інтарэс фармулюецца дастаткова проста. Гэта стабільнасьць, справядлівасьць, прагрэсіўнае разьвіцьцё (для масавага соцыюму – гэта спакой, роўнасьць, паляпшэньне).

З пазыцый існасьці галоўная ідэя грамадзтва павінна адпавядаць некалькім крытэрыям:

у ёй павінна быць улічана неабходнасьць гарманічнага спалучэньня магчымасьці раскрыцьця патэнцыялу кожнага асобнага чалавека з магчымасьцю рэалізацыі разьвіцьцёвага патэнцыялу ўсяго грамадзтва. У сваю чаргу, інтарэсы грамадзтва, сфармуляваныя ў ёй, павінны гарманічна спалучацца з аб’ектыўнымі інтарэсамі ўсяго чалавецтва;

зьяўляючыся ідэяй, скіраванай у будучыню, галоўная ідэя грамадзтва ня можа пачынацца з пустога месца. Яна павінна ўлічваць гісторыю, культуру, мову, іншыя нацыянальныя каштоўнасьці, назапашаныя грамадзтвам за час яго папярэдняга разьвіцьцякаштоўнасьці, якія ў суме ствараюць аб’ектыўны плацдарм для натуральнага і пасьпяховага руху ў будучыню.

На нашыя вялікі гонар і радасьць, такая ідэя для беларускага грамадзтва сфармуляваная. Гэта “Беларуская нацыянальная ідэя”. Яна для нашага грамадзтва – аб’ектыўна-канкрэтная ісьціна. Таму толькі тую элітарную групу, якая зьяўляецца аб’ектыўным носьбітам і адказным рэалізатарам нацыянальнай ідэі, варта называць сапраўднай элітай.

3.3. Віды элітаў.

Ведучы пошук сапраўднай грамадзкай эліты і перабіраючы з гэтай мэтай наяўныя ў грамадзтве элітарныя групы (у шырокім значэньні гэтага тэрміна), варта ў першую чаргу адкінуць тыя зь іх, якія маюць выразную сацыяпаразытычную існасьць. “Бог” гэтых эліт – матэрыяльнае багацьце, створанае іншымі і прыналежнае іншым. Імкненьне гэтых эліт – завалодаць чужым багацьцем. Гэтыя сацыяпаразытычныя эліты маюць як унутранае паходжаньне (напрыклад, крыміналітэт), так і вонкавае (напрыклад, каляніяльная адміністрацыя Расейскай імпэрыі, якая вось ужо 200 гадоў смокча кроў беларускага народу).

Сьпецыфічныя інтарэсы іншай элітарнай групы знаходзяцца ў дынамічным балансе з часткай агульнаграмадзкіх інтарэсаў. У гэтую групу ўваходзяць: палітычная, эканамічная, рэлігійная, інтэлектуальна-навуковая, культурна-творчая эліты. Кожная зь іх мае свайго бога, гэта адпаведна: палітычная ўлада, капітал, духоўная ўлада, абстрактныя ісьціны, пачуцьці. За папярэднюю гісторыю чалавецтва да непасрэднага кіраўніцтва грамадзтвам мелі дачыненьне толькі палітычная (часьцей за ўсё), эканамічная (радзей) і рэлігійная (даўно) эліты. Галоўнымі ідэямі пры гэтым, напрыклад, былі: у эканамічнай эліты – індывідуалізм-лібэралізм, у палітычнай – калектывізм-сацыялізм. Паколькі інтарэсы гэтых эліт толькі часткова супадаюць з аб’ектыўнымі інтарэсамі ўсяго грамадзтва і паколькі ва ўмовах кіраваньня гэтых эліт сацыяльны прагрэс зьяўляецца пабочным прадуктам дасягненьня іх спэцыфічных мэтаў, пералічаныя эліты варта лічыць субэлітамі.

Толькі для адной эліты “богам” зьяўляецца аб’ектыўна-канкрэтная ісьціна нацыянальнай ідэі. Гэта нацыянальная эліта. З усіх эліт толькі яна аб’ядноўваецца вакол каштоўнасьці, якая адначасова зьяўляецца галоўнай ня толькі для яе, а і для грамадзтва ў цэлым, адлюстроўваючы яго аб’ектыўныя інтарэсы. Толькі для нацыянальнай эліты стабільнае прагрэсіўнае разьвіцьцё ўсяго грамадзтва не пабочны прадукт, а галоўная мэта. Таму толькі нацыянальная эліта зьяўляецца сапраўднай грамадзкай элітай.

Дадаткова варта адзначыць, што толькі нацыянальная эліта мае патэнцыял для паўнавартаснай самаарганізацыі, паколькі дасягненьне яе мэты – нацыянальнай ідэі – найбольш верагоднае пры ўмове шчыльнага ўзаемадзеяньня яе прадстаўнікоў. У сваю чаргу ўнутры субэліт у імкненьні максімальна наблізіцца да “сваёй зоркі” аб’ектыўна адбываецца і нарастае канкурэнцыя.

Для вобразнага ўспрыняцьця існасьці апісаных элітарных групаў і іх ролі ў грамадзтве можна падабраць для кожнай зь іх адпаведны сымбаль са сьвету насякомых. Пры гэтым сапраўдную нацыянальную эліту варта ўяўляць у выглядзе пчол, аб’яднаных адзінай справай, субэліты – у выглядзе скопішчаў мух, якія сабраліся індывідуальна на нейкім аб’екце, а паразытычныя эліты – у выглядзе вошаў, блох ці клапоў…

Улічваючы існасьць беларускай ідэі і зашыфраваны ў беларускім народным фальклёры рэцэпт на шчасьце, варта, каб беларуская нацыянальная эліта абрала сабе лёзунг: “Зрабі лепш…”.

3.4. Прадстаўнікі сапраўднай эліты. Хто яны?

Жыцьцёвыя прынцыпы, якімі павінны карыстацца прадстаўнікі нацыянальнай эліты, дастаткова відавочныя. Гэта:

адданасьць нацыянальнай ідэі, адказнасьць за яе, ахвярнасьць дзеля яе рэалізацыі (натуральна, што ўсяго цалкам дастаткова ў разумных памерах);

выкарыстаньне розуму і волі дзеля дасягненьня мэты;

канцэнтраваньне ўвагі ня проста на дзейнасьці, а на выніковасьці дзейнасьці, аб’ектыўная яе ацэнка;

роўнасьць сярод сваіх і непрызнаньне нікога над сабой. Зьверху – толькі сьвяты сьцяг нацыянальнай ідэі.

На Беларусі сёньня такіх людзей сотні!

На VI зьезьдзе БНФ адбылася важная падзея. Упершыню беларуская нацыянальная эліта арганізавана заявіла пра сябе – рашуча выйшла на беларускую палітычную арэну ў ролі адроджанай беларуска-ліцьвінскай шляхты. Мяне да гэтай пары зьдзіўляе, што, апісваючы зьездаўскія інтрыгі, журналісты і аглядальнікі практычна не зьвярнулі ўвагі на гэтую гістарычную падзею [далей было бачна, як вонкавыя і ўнутраныя сілы, варожыя беларускаму народу, прыклалі масімум намаганьняў, каб разбурыць аб’яднаньне і самаарганізацыю беларускай нацыянальнай эліты… – Рэд.].

3.5. Місія і задачы нацыянальнай эліты.

Паколькі толькі нацыянальная эліта зьяўляецца аб’ектыўным носьбітам нацыянальнай ідэі, здольная найбольш дакладна паказваць грамадзтву кірунак яго руху, аб’ектыўна ў першую чаргу на ёй ляжыць адказнасьць за гэтую справу. Але сказаць ці ўсьвядоміць гэта недастаткова. Каб эфэктыўна рэалізоўваць сваю місію – быць сапраўднай элітай, элітай у існасьці, а не фармальна (!), нацыянальная эліта мусіць дакладна выконваць наступныя больш канкрэтныя задачы:

1. Сачыць за станам нацыянальнай ідэі, спрыяць яе разьвіцьцю.

2. Трымаць на высокім узроўні ўласную якасьць, дасканаліць яе, ні ў якім разе не выраджацца.

3. Паступова нарошчваць уласную колькасьць за кошт сапраўды лепшых прадстаўнікоў нацыі, якія доказна давялі прыхільнасьць нацыянальнай ідэі вынікамі сваёй дзейнасьці.

4. Пэрыядычна вылучаць нацыянальнага лідара, кантраляваць і падтрымліваць яго; калі спатрэбіцца, мяняць.

5. Забясьпечыць, каб у сьвядомасьці масавага соцыюму паўнавартасная, цывілізаваная, нацыянальная дзяржава была найвялікшай каштоўнасьцю. Зрабіць грамадзтва салідарным у стаўленьні да гэтай ідэі і ў стаўленьні да шляхоў ды метадаў яе рэалізацыі.

6. Спрыяць стварэньню грамадзкай сістэмы, якая б забясьпечыла разьвіцьцё ў як мага большай колькасьці людзей пачуцьця адказнага гаспадара-стваральніка на зямлі сваіх продкаў. Зрабіць грамадзтва салідарным у звычайным жыцьці.

7. Забясьпечыць грамадзтва імунітэтам ад нутраных сацыяльных паразытаў, а дзяржаву – ад вонкавых. Стварыць сістэму дэградацыі сацыяпаразытычных зьяваў.

8. Стварыць і трымаць сітуацыю, каб народ паважаў, цаніў сваю эліту, імкнуўся зьліцца зь ёю.

9. Стварыць такое грамадзтва, каб звонку яго ўспрымалі няйначай, як узорам для перайманьня.

Натуральна, што ўсе гэтыя функцыі могуць быць выкананыя толькі ва ўмовах, калі нацыянальная эліта дасканала самаарганізуецца і зойме адпаведнае месца ў грамадзтве.

Якое гэта месца?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы