nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ЭЛІТА І БУДУЧЫНЯ БЕЛАРУСІ. Частка ІІІ

18 чэрвеня, 2007 | Каментары (1)

Алесь Астроўскі

��2.GIF

4. “Ідэальнае грамадзтва”

4.1. Сьхема.

У свой час, калі рабіліся першыя крокі ў спробах зразумець працэсы, якія адбываюцца з генафондамі прыродных папуляцый жывёл і расьлін, матэматыку Гардзі і ўрачу Вайнбэргу давялося сфармуляваць і матэматычна аформіць уяўленьне пра няісную ідэальную папуляцыю. Гэты падыход аказаўся вельмі прадуктыўным, бо, параўноўваючы тыя працэсы, якія адбываюцца ў рэальных папуляцыях, з тым, што павінна быць у ідэальнай, стала магчыма выяўляць прычыны шмат якіх зьяваў.

Так і нам неабходна сфармуляваць уяўленьне пра няіснае (!) “ідэальнае грамадзтва”, каб мы, параўноўваючы зь ім рэальныя грамадзтвы, маглі бачыць прычыны стабільнасьці, справядлівасьці, прагрэсу ці, наадварот, прычыны застою, дэмаралізацыі, дэградацыі, крыві, сьмерці. Але спачатку, каб з’акцэнтаваць увагу на існасьці таго, што павінна быць дасягнута ў “ідэальным грамадзтве”, зьвернемся па дапамогу да аналёгіі, узятай з біялягічнага жыцьця.

Як на сёньня высьветлілі навукоўцы, першапрычынай усіх праяваў жыцьця, што дэманструюцца жывымі арганізмамі, зьяўляецца іх здольнасьць расшчапляць энтрапію ў сістэме арганізм-асяродзьдзе. Паскараючы энтрапію ў вонкавым асяродзьдзі, жывыя арганізмы выкарыстоўваюць атрыманую энэргію на антыэнтрапійныя працэсы ўнутры сябе. З-за гэтых дзьвюх акалічнасьцяў жывое і супрацьстаіць “энтрапійнай сьмерці”.

Улада для людзкога грамадзтва мае значэньне, аналагічнае энтрапіі для жывога. Толькі ў адрозьненьне ад энтрапіі, яна ўвесь час імкнецца ператварыць грамадзтва ня столькі ў нежывы аб’ект, колькі ў неразумны! Нізкаўзроўневая ўлада дэбілафільная па сваёй прыродзе. Таму грамадзтву, каб наблізіцца да якасна больш высокага ўзроўню свайго разьвіцьця, пачаць жыць сапраўдным паўнавартасным сацыяльным жыцьцём, трэба арганізаваць сябе так, каб таксама былі дасягнутыя дзьве рэчы:

да гэтай пары адзіная грамадзкая ўлада аказалася адназначна расшчэпленай на дзьве істотна адрозныя ўлады: на выканаўчую ўладу (уладу па форме) і ўладу галоўнай ідэі грамадзтва – нацыянальнай ідэі (уладу ў існасьці);

пасьля гэтага “энэргія” ўлады па форме павінна выкарыстоўвацца для рэалізацыі мэтаў улады ў існасьці.

Вось усё гэта і павінна забясьпечвацца ў “ідэальным грамадстве”.

Асноўнымі ўдзельнікамі “ідэальнага грамадзтва”, якія зьдзяйсьняюць такое расшчапленьне, зьяўляюцца: сапраўдная нацыянальная эліта, сапраўдны нацыянальны лідар і насельніцтва. У “ідэальным грамадзтве” рэалізуюцца наступныя прынцыпы судачыненьняў паміж пералічанымі ўдзельнікамі (гл. малюнак 2):

�ал.2.GIF

1. Сапраўдная нацыянальная эліта, адказваючы за нацыянальную ідэю і, у выніку, за мэту, стратэгію і тактыку разьвіцьця грамадзтва, зьяўляецца яго існасным, ідэйным кіраўніком. Яна ўвесь час папаўняецца людзьмі і ідэямі зь перадавой часткі грамадзтва. Яе непасрэдны кіраўнічы ўплыў распаўсюджваецца на грамадзтва, а кантрольны – на лідара-правадыра (гл. п.4 функцый нацыянальнай эліты).

2. Нацыянальны лідар вылучаецца з эліты, кантралюецца ёю. Лідар-правадыр – гэта кіраўнік-выканаўца, фармальны кіраўнік соцыюму. Быць ім – калі не мастацтва, дык майстэрства. Кіруючы насельніцтвам, пераважна яго масавай ірацыянальнай часткай, ён мае функцыі галоўнага рэалізатара ўсяго таго, што неабходнае для выніковага зьдзяйсьненьня нацыянальнай ідэі.

3. Насельніцтва – галоўная стваральная сіла грамадзтва. Кіруецца і правадыром (фармальна), і элітай (у існасьці). Папаўняе сапраўдную нацыянальную эліту, пэрыядычна “зацьвярджае” (праз працэдуру дэмакратычных выбараў) нацыянальнага лідара і прадстаўнікоў іншых ворганаў фармальнай улады, паступова ператвараецца ў народ, затым у нацыю.

Такім чынам, у “ідэальным” грамадзтве кожны атрымлівае сваё: маса аказваецца пад эфэктыўным “фармальным кіраўніцтвам” з боку “правадыра”; перадавая частка грамадзтва кіруецца сапраўднай элітай у існасьці і папаўняе апошнюю; лідар-правадыр зьдзяйсьняе цэнтральную выканаўчую ролю ў грамадзтве. Такое яго становішча ў значнай ступені абумоўленае тым, што менавіта ён зьяўляецца крытычнай кропкай расшчапленьня ўлады на ўладу па форме (выкананьне) і ўладу ў існасьці (улада ідэй). Акрамя таго, кожны ўдзельнік “ідэальнага грамадзтва” аказваецца ў зваротнай залежнасьці ад іншых яго ўдзельнікаў: нацыянальны лідар жорстка залежыць ад нацыянальнай эліты, насельніцтва – ад эліты і лідара, а нацыянальная эліта – ад насельніцтва.

Цяжка не зьвярнуць увагу на тое, што гэтая схема вельмі нагадвае схему дзяржаўнага кіраўніцтва ва ўмовах парляманцкіх рэспублік. Як правіла, гэта найбольш стабільныя і цывілізаваныя дэмакратыі. Тое, што чалавецтва мэтадам спроб і памылак (своеасаблівы эвалюцыйна-канвэргентны шлях) падабрала тую форму, якая нагадвае пададзеную вышэй схему, – дадатковы доказ таго, што прапанаваная схема “ідэальнага грамадзтва” слушная [для ўмоў, калі народу і яго дзяржаве звонку ніхто не пагражае. – Рэд.].

4.2. Сутыкненьне “ідэальнага грамадзтва” і рэчаіснасьці.

Пададзеная сьхема няіснага “ідэальнага грамадзтва” прапануецца не для таго, каб быць мэханічна перанесенай у наша рэальнае жыцьцё. Яна мае іншыя прызначэньні:

1. Яна можа выконваць ролю арыентыра для разьвіцьця рэальнага грамадзтва, служыць асновай для прапаноў канкрэтных крокаў для прагрэсіўнага пераўтварэньня сацыяльнай рэчаіснасьці. Пры гэтым схему “ідэальнага грамадзтва” варта спрабаваць нібы “ужыўляць” у рэальныя грамадзтвы, дзе захоўваюцца і свой прэзыдэнт, і свой парлямант, і свой набор партый. Ні ў якім разе ня варта спрабаваць навязваць дадзеную схему гвалтоўным, рэвалюцыйным шляхам.

2. Схема “ідэальнага грамадзтва” можа быць прыладай для выяўленьня сацыяльных паталёгій.

3. Яна зьяўляецца групаўтваральным прыкладам у класіфікацыі грамадзкіх сыстэм, дапамагае апісваць іх эвалюцыю.

4.3. Прынцыповая класіфікацыя грамадзкіх сістэм.

Схема “ідэальнае грамадзтва” дапамагае прапанаваць класіфікацыю грамадзкіх сыстэм у залежнасьці ад таго, хто (ці што) выконвае ў іх галоўную кіраўнічую ролю (гл. малюнак 3).

�ал3.GIF

У адпаведнасьці з гэтай класіфікацыяй найбольш прымітыўнымі грамадзтвамі (грамадзтвамі базавага ўзроўню) варта лічыць тыя, якія арганізаваныя паводле аўтарытарна-таталітарнага прынцыпу, г.зн. на чале з “правадыром”. Такія грамадзтвы кіруюцца яго “ідэямі”, пачуцьцямі, уяўленьнямі. Кірунак разьвіцьцёвага руху гэтых грамадзтваў можа быць самым розным. Дакладней, выпадковым. Ён залежыць ад таго, які кіраўнік “пападзецца” канкрэтнаму грамадзтву (адным пападзецца Вітаўт Вялікі ці Рузвэльт, Дэ Голь, Гандзі, Піначэт, іншым – Нэрон ці Сталін, Палпот, Хусэйн, Лукашэнка). Гісторыя чалавецтва ў час дамінаваньня таталітарных рэжымаў фактычна адбывалася ў адпаведнасьці з прынцыпамі разьвіцьця жывой прыроды, дзе больш дасканалыя грамадзтвы выжывалі, а больш прымітыўных зьнішчаў “адбор”.

Значна больш дасканалымі зьяўляюцца сучасныя грамадзкія сістэмы (так званыя цывілізаваныя дэмакратыі), дзе акрамя волі асобных людзей вялікае значэньне маюць грамадзкія кіраўнічыя ідэі. Гэта грамадзтвы другога ўзроўню. Пры гэтым галоўных кіраўнічых ідэй у такіх грамадзтвах фактычна дзьве. Першая – гэта асноўная ідэя эканамічнай субэліты – індывідуалісцкая лібэральная ідэя, якая скіроўвае грамадзтва на інтэнсіўны шлях разьвіцьця, на пад’ём яго сярэдняга ўзроўню, на разьвіцьцё ўверх [эканамічнае, тэхналагічнае. – Рэд.], але вядзе (ва ўмовах класічнага лібэралізму) да разрыву грамадзтва на адасобленыя часткі. Другая ідэя – гэта асноўная ідэя палітычнай субэліты, якая “любіць” абапірацца на асноўныя каштоўнасьці (і недахопы) масавай псыхалёгіі, – гэта калектывісцкая сацыялістычная ідэя. Яна скіроўвае грамадзтва на выраўноўваньне, вяртае яго ў зьлітны стан, але (ва ўмовах класічнага сацыялізму) забясьпечвае ў асноўным экстэнсыўнае разьвіцьцё – разьвіцьцё па гарызанталі. Такім чынам, доўгатэрміновае навязваньне грамадзтву ці адной ці другой субэлітарнай ідэі заводзіць яго ў крызысны стан.

У сучасных цывілізаваных дэмакратыях пошук шляху разьвіцьця адбываецца нібы навобмацак, праўда, у асноўным ужо мірна і ў “правільным” разьвіцьцёвым сектары. Абавязковыя пэрыядычныя дэмакратычныя выбары – гэта непасрэдны грамадзкі мэханізм такога шуканьня ва ўмовах рэгулярных паўкрызісных станаў. Аднак, мірнае суіснаваньне дзьвюх субэліт неабавязковае. Як могуць “узаемадзейнічаць” лібэралы і сацыялісты, напрыклад, у той жа Расеі, можна прачытаць у кнізе В.Навадворскай “Над пропастью во лжи”. Барацьба паміж субэлітамі ў цывілізаваных краінах можа “выбіць” іх з “правільнага” сектару гістарычнага разьвіцьця і апусьціць грамадзтва на ніжэйшы ўзровень. Найноўшая гісторыя Беларусі – яскравы прыклад таго, як грамадзкія сістэмы другога ўзроўню і па іншых прычынах (з-за маладосьці нацыянальнай эліты, ціску сацыяпаразітных групаў вонкавага паходжаньня, “неўкаранёнасьці” дэмакратычных інстытутаў у сістэме дзяржаўнага кіраваньня і дэмакратычнай псіхалёгіі ў масах) могуць спаўзаць на ніжэйшы ўзровень, які адпавядае прымітыўным аўтарытарна-таталітарным грамадзкім сістэмам.

Толькі калі ў рэальным грамадзтве галоўную кіраўнічую ролю (праз сапраўдную нацыянальную эліту) пачынае адыгрываць нацыянальная ідэя, яно пачынае прэтэндаваць на пераход на трэці ўзровень, дзе і становіцца сапраўды стабільным, бескрызісным і прагрэсіўна разьвіваецца.

4.4. Адхіленьні ад мадэлі “ідэальнага грамадзтва” (формы сацыяльных паталёгій), іх прычыны і наступствы.

Для таго, каб грамадзтва было блізкае да ідэальнага, неабходнае выкананьне некалькіх дадатковых умоваў. Вось гэтыя ўмовы і прычыны іх скажэньняў:

1. Павінна захоўвацца і разьвівацца культура народу, яго мова. Грамадзяне павінны добра ведаць свае гісторыю, фальклёр, культуру і ганарыцца імі.

Альтэрнатыва пералічанаму (уціск на мову народу і навязваньне чужой, разбурэньне нацыянальнай культуры і навязваньне сурагатнай, замоўчваньне праўды пра ўласную гісторыю і падсоўваньне скажонай гісторыі) часьцей за ўсё зьяўляецца вынікам узьдзеяньня вонкавых паразітных праімперскіх сілаў. Такое ўзьдзеяньне скіраванае на аслабленьне ў народу пачуцьця адказнага гаспадара на сваёй уласнай зямлі, на зьніжэньне ўзроўню існаваньня нацыянальнай ідэі, на памяншэньне крыніцы папаўненьня нацыянальнай эліты. Каб раскрыць механізмы, якія выкарыстоўвае, напрыклад, расейская імперская бюракратыя ў сваім заўзятым змаганьні супраць беларускай мовы, культуры, гісторыі, і каб дэталёва патлумачыць, навошта яна гэта робіць, трэба пісаць адмысловы артыкул. Тут адкрываюцца новыя, вельмі цікавыя рэчы з гледзішча сацыяльнай псыхалёгіі…

2. Нацыянальная эліта павінна быць у наяўнасьці.

Альтэрнатыва гэтаму – зьнішчэньне ці рэзкае аслабленьне нацыянальнай эліты вонкавай фізычнай сілай. Такое бывала ў выніку крывавых войнаў (напрыклад, войны XVII ст. на Беларусі) ці імпэрскага тэрору (напрыклад, сталінскага).

3. Нацыянальная эліта павінна быць у добрай форме, добра арганізаваная, моцна трымаць сьцяг нацыянальнай ідэі.

Альтэрнатыва гэтаму – “страта тонусу” элітай, яе дэградацыя, распад на субэліты, эміграцыя. Такое можа быць у занадта стабільным, “самазадаволеным” грамадзтве. Упэўнены, будуць яшчэ і ў будучай гісторыі Беларусі моманты, калі ў асяродзьдзі новай беларуска-ліцьвінскай шляхты прагучыць аздараўляльнае: “Панове-браты (ці “спадары-эліта”, ці як-небудзь інакш), сярод нас мухі!”

4. Нацыянальная эліта павінна быць адкрытай дынамічнай сістэмай. Яна павінна ўвесь час папаўняцца лепшымі прадстаўнікамі нацыі і адкідаць тых сваіх прадстаўнікоў, якія страцілі права належаць да эліты.

Альтэрнатыва – арыстакратызацыя эліты, замыканьне яе ў сэкту ў выніку стварэньня самой элітай перашкод для міграцыйнай сувязі (фізычнай і ідэйнай) з народам.

5. Нацыянальная эліта заўсёды павінна заставацца галоўнай кіраўнічай сілай грамадзтва. Яна ўвесь час павінна кантраляваць лідара-правадыра, бо чалавек слабы, і яму можа быць цяжка не спакусіцца выкарыстаць няведаньне масаў, што месіі бываюць толькі ілжывыя.

Альтэрнатыва гэтаму – унутраны пераварот. “Правадыр” перастае падпарадкоўвацца эліце, становіцца над ёй, адціскае яе ад кіраўнічай ролі ў грамадзтве (пчаліная матка ператвараецца ў шэршня). Грамадзтва дэградуе да стану спрошчанай таталітарнай сістэмы з раней апісанымі наступствамі.

Прычына – аслабленьне залежнасьці правадыра ад нацыянальнай эліты (абумоўленае віной эліты ці непамернымі амбіцыямі “правадыра”), здрада правадыром нацыянальнай ідэі і пераход на ўслужэньне “богу” асабістай улады.

6. Нацыянальная эліта заўсёды павінна заставацца зьмястоўным кіраўніком грамадзтва, кіраўніком па зьместу, застаючыся для гэтага пераважнай сваёй часткай за межамі фармальных галінаў улады: заканадаўчай, выканаўчай, судовай, эканамічнай, інфармацыйнай і г.д. Нават ва ўмовах, калі ўсе гэтыя галіны ўлады будуць складацца толькі з прадстаўнікоў нацыянальнай эліты (да апошняга, дарэчы, трэба імкнуцца), нацыянальная эліта не павінна набыць іх форму. Яна не павінна пераўтварацца ні ў намэнклатуру, ні ў істэблішмэнт, ні ў алігархію, ні ў арыстакратыю, бо гэта пастка.

Альтэрнатыва – поўнае арганізацыйнае прадстаўніцтва эліты ў выглядзе фармальных структур улады. Апошнія, зьяўляючыся пажаданым аб’ектам для захопу ці ўплыву з боку субэліт і сацыяпаразытычных групаў, могуць перарадзіцца (пастка зачыняецца). У выніку нацыянальная эліта можа згубіць сваю ролю зьмястоўнай эліты, і грамадзтва можа застацца без сапраўднага кіраўніка.

Калі грамадзтвам на яго карысьць ня будзе кіраваць яго нацыянальная эліта, ім будуць кіраваць альбо субэліты (гэта яўчэ ў лепшым выпадку), альбо ідалы-харызматыкі ці вылучэнцы сацыяпаразытычных групаў (у горшым).

Шанц перад Беларусьсю!

Усім даўно зразумела, што, каб у нас амаль усё было добра, трэба, каб мы жылі ў нармальным, цывілізаваным грамадзтве (канкрэтна – у сувярэннай, дэмакратычнай, цывілізаванай, беларускай Беларусі). Пакуль жа мы жывем у “блэндным коле” (ня маючы цывілізаванай дзяржавы – ня можам мець нармальнага грамадзтва; ня маючы нармальнага грамадзтва – ня можам мець цывілізаванай дзяржавы). Каб выйсьці з гэтага кола, трэба зрабіць намаганьні. Гэтаксама, як бацькі вядуць сваіх дзяцей у школу ці да ўрача часта супраць іх жаданьня, але для іх жа дабра, так і эліце давядзецца “падцягваць” наша грамадзтва, каб яно рухалася ў адпаведнасьці са сваімі аб’ектыўнымі (!) інтарэсамі.

Але спачатку трэба зрабіць першы крок – дапамагчы самаарганізавацца самой беларускай эліце! Зараз гэта галоўнае. Трэба стварыць Сойм беларускай эліты, які будзе ўвесь час заставацца ідэйна-існаснай уладай у Беларусі. А для гэтага спачатку трэба знайсьці, маральна падтрымаць, аб’яднаць і арганізаваць усіх тых людзей, якія за апошнія 10-15 гадоў на практыцы праявілі сябе як сапраўдныя патрыёты Беларусі і беларускага народу.

Хацелася б, каб за самаарганізацыю эліты ў першую чаргу ўзялася наша сталічная нацыянальная апазыцыя. Але калі Менск праігнаруе запрапанаваную ініцыятыву, справу можа ўзяць на сябе і “правінцыя”. На Беларусі ўжо ёсьць рэгіёны, здольныя на гэта…

9.09.1999 г.

Каментары (1)

  1. Frants кажа:

    Szanowny Panie Aleś,

    Usio shto ty pishash, usio heta prawlna i tearerychna.
    Pa piershaie, hto ci shto heta za nacyianalnaia ELITA?
    Kaho i hto tudy puskaie ci zaprashaie?
    Pa druhoie, hto i iak budzie zahouwaci i razwiwaci nacyianalnuiu
    kulturu i mowu i iakaia mozha byci kultura biez mowy?
    Adkazy na hetyia pytanni ty wiedaiesh i ih treba raskryci.
    Emihracyia nie pierashkoda dla udzielu u nacyianalnym ruhu,
    tolki , sapraudy, usih treba abiadnaci i arhanizawaci i pra heta
    wielmi huchna nie krychaci, bo pryiduci “hlopcy” i supakoiaci.
    Pospiehau tabie i twaim siabram.

    P.S. Prabach Alies, alie pra halounaie pishy scisla biez teoryi.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы