nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Partal Prauda пра разнастайныя праявы імперыялізму расейскай імперыякратыі (частка V)

6 ліпеня, 2007 | Няма каментараў

�е�б� Ра�е�1.JPG

ДЭМАГРАФІЯ і “ІНТЭГРАЦЫЯ”

23 лютага 2007 г. Гішпанская газэта “El Mundo” паведамляе з Масквы, дзе адбылося паседжаньне ўраду РФ на тэму дэмаграфіі. За апошнія 15 гадоў тэмпы зьмяншэньня насельніцтва ў Расеі нагадваюць статыстыку вайны. За 2006 г. імпэрыя страціла 561200 чалавек. З 1991 г. (году “трыюмфу расейскай дэмакратыі”) сярэднестатыстычная працягласьць жыцьця мужчынаў зьнізілася з 70 да 65 гадоў. Каманда прэм’ера Фрадкова бачыць выйсьце ў іміграцыі насельніцтва з былых савецкіх рэспублікаў.

Наш камэнтар: Гішпанія далёка. Для чытача мадрыдскай газэты такая інфармацыя – тое ж самае, што чытанка пра жахі ў Афрыцы або на Папуа. Пачытаў і забыўся. А вось беларусам раім ставіцца да гэтай жудаснай статыстыкі з падвышанай увагай. Для нас гэтае няшчаснае “Папуа” – за рэчкай, зусім побач. І каманда фрадковых, барадзіных ды іншых дыхае нам у твар, узіраючыся ў масы беларусаў з уважлівасьцю канцлягернага гаўляйтэра, які робіць “сэлекцыю” – адбірае работнікаў на катаргу і зьнішчэньне. Гэта пра нас тэарэтызуюць яны – зьнішчальнікі ўласнага народанасельніцтва Расеі. Гэта намі маскоўскія гаўляйтэры зьбіраюцца засяліць гнілыя прасторы сваёй кашмарнай імпэрыі. Гэта ёсьць іхная “інтэграцыя”, пра якую салодка сьпявае антынародны рэжым.

Юрка Марозаў

ЛУБЯНСКІ ПРАЦЯГ Ў АМЭРЫЦЫ.

3 сакавіка ў амэрыканскім горадзе Эдэлфі быў здзейсьнены замах на Пола Джояла. Двое невядомых стралялі ў яго і цяжка паранілі. Джоял з 1980 па 1989 г. працаваў дырэктарам аддзелу бясьпекі камітэту Сэнату ЗША па выведцы. Пасьля гэтага ён працаваў экспертам па расейскіх спэцслужбах, выдаваў бюлетэнь пра лубянцаў. Джоял настойліва заяўляў, што забойства А. Літвіненкі ў Лёндане ёсьць злачынствам ФСБ. Мужны чалавек казаў таксама, што любая дзейнасьць крамлёўскіх спэцслужбаў супраць дэмакратычных краінаў павінна атрымліваць рэзкі адлуп з боку заходняй цывілізацыі. Крывавая лубянская справа Літвіненкі атрымала свой працяг ужо ў Амэрыцы.

Юрка Марозаў

ЧАРГОВАЕ ЗАБОЙСТВА Ў МАСКВЕ.

6 сакавіка 2007 г. Славацкая газэта “Novy Cas” паведамляе пра чарговае забойства ў Маскве. Журналіст газэты “Коммерсант” Іван Сафронаў выпаў з пятага паверху дому, у якім пражываў, і разьбіўся насьмерць. Ягоныя калегі ўпэўненыя, што яго забілі (ён упаў з вакна, што знаходзіцца на лесьвічнай пляцоўцы). Сафронаў працаваў у газэце аглядальнікам вайсковых тэмаў. Шмат пісаў пра пастаўкі расейскай зброі рэжымам-ізгоям у Сірыі і Іране. Ён адзіны, хто летась паведаміў пра трэці няўдалы запуск расейскай ракеты “Булава” (за гэта яго дапытвалі ў ФСБ). У апошнія гады Расея па колькасьці забітых журналістаў заняла трэцяе месца пасьля Ірака і Алжыра.

Наш камэнтар: Расейскія СМІ ўдакладнілі, што Сафронаў зьбіраў матар’ялы і ўжо перадаў у рэдакцыю некаторыя тэксты (іх не друкавалі, баючыся рэакцыі ФСБ) пра гандаль зброяй. Мужны журналіст пісаў пра пастаўкі ракетаў “Іскандер-Э” і зьнішчальнікаў Су-30 у Сірыю, зенітна-ракетнага комплексу С-300В у Іран. Прычым, Сафронаў адкрыў факты пра “беларускі калідор” продажу і перапраўкі гэтай сучасьнейшай зброі. Прычына замаху на ягоная жыцьцё зразумелая. Такім чынам, пра “беларускі калідор”, ганебную практыку прамаскоўскага рэжыму на міжнароднай арэне і іншыя справы паведамляў маскоўскі журналіст. Мясцовая публіка ад пяра і гранта такімі тэмамі “не цікавіцца”.

Юрка Марозаў

ТРЫЮМФ МАМОНЫ І САМАДУРСТВА

14 сакавіка 2007 г. Італьянская газэта “Corriеre della Sera” пісала пра чарговую “расейскую сэнсацыю”. Можа, яны паведамляюць пра рэкордны ўмалот збожжа ў Сібіры або пра рост пагалоўя страўсаў на стаўрапольскіх фэрмах? Не, у цэнтры ўвагі выбрыкі алігархаў. Міхаіл Прохараў (мільярдэр з “Нарыльск Нікэля”, якога нядаўна клаў на падлогу французкі ОМОН падчас антырасейскай аблавы ў Куршавэле) заявіў, што жэніцца 3 траўня сёлета. Прычым, праз пяць дзён ён мае намер разьвесьціся (такім было сяброўскае пары “дона жуана”). На вясельле, якое пройдзе на экзатычных выспах, ён выдаткуе 10 мільёнаў даляраў. Мяркуецца, што “нявестай” будзе вядомая Ксюша Сабчак. Італьянская газэта называе яе дачкой колішняга пецербургскага дэмакрата, сябры Пуціна. Прыхамаць Прохарава не зьяўляецца рэкорднай па суме. У 2005 г. мільярдэр Андрэй Мельнічэнка ажаніўся з экс-міс Югаславіі, выдаткаўшы 35 мільёнаў даляраў (з іх 3,5 млн на тры песьні ў выкананьні знакамітай поп-дзівы).

Наш камэнтар: Такое ўжо было ў гісторыі і ня раз. На папірусах можна прачытаць, як фараон з фараоншай плылі на чаўне па возеры, а рабы вылівалі ў ваду гэкалітры каштоўнейшых пахношчаў. Па-над вадой уздымаўся салодкі дурман, усе “кайфавалі” (любімае слоўца згаданай Ксюшы Сабчак). Урэшце, аднак, увесь гэты шабас на фоне галечы простага люду канчаўся трагічна для краіны і “кайфуючых” элітаў. Папірусы расказваюць пра крывавыя бунты, якія сьціралі ў нішто пануючую дынастыю і перакульвалі ўладу. Вядома таксама, чым скончыўся геданізм і выбрыкі рабаўладальніцкай эліты ў Рымскай імпэрыі. Сьляды жудасных разбурэньняў (калі на руінах Рыма разам з варварамі танцавалі вызваленыя рабы, што ненавідзелі ўсю гэтую цывілізацыю) можна бачыць і сёньня ў самым цэнтры сучаснага Рыма. Etc., etc… Нават на апошнім “русском соборе” у Маскве біскупы РПЦ гукалі аб небясьпецы рускага бунта ў сувязі з жудаснай несправядлівасьцю разьмеркаваньня багацьцяў у Расеі. Прохараў куражыцца, яму ўсяроўна. А вось лубянскім бацюшкам паступае дакладная інфармацыя з гнілых прастораў РФ, бацюшкі баяцца за сябе і сваю імпэрыю. Гістарычны досьвед дэманструе, што ў Расеі духоўнае спусташэньне і трыюмф мамоны дасягнулі нябачанага ў сучасным сьвеце размаху. Такое заўсёды заканчывалася катастрофай. Вельмі важна, каб Беларусь і беларусы засталіся па-за гэтым кашмарам, абароненыя моцнай мяжой ад маскоўскага паноптыкума.

Валеры Буйвал

“УМРЁМ ГЕНСЕКАМІ!”

31 сакавіка 2007 г. Польская газэта “Zicie Warszawy” паведамляе з Масквы. Савет Фэдэрацыі РФ абраў на трэці тэрмін сваім старшынём вядомага пуцінскага падхаліма С. Міронава. Міронаў адразу ж запрапанаваў абіраць Пуціна на трэці прэзыдэнцкі тэрмін.

Наш камэнтар: У знак удзячнасьці Міронаў агучыў тое, пра што шапталіся ў “верхніх эшелонах власті” ужо даўно. Ён заклікаў у бліжэйшыя два месяцы пачаць абмеркаваньне пытаньня аб зьменах у канстытуцыі Расеі. А менавіта, зьняць абмежаваньне для вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў на знаходжаньне на пасадзе ня больш за два тэрміны. А таксама павялічыць тэрмін прэзыдэнцтва з 5 да 7 гадоў. Зразумела, што міронаўскі сьпіч прысьвечаны Пуціну. Пасьля сёлетнега правалу імпэрскай правакацыі ў Беларусі лубянская групоўка вырашыла пайсьці на пралом крамлёўскага мура. Не ўдаецца легалізаваць “союзное государство РФ і РБ” (беларускія патрыёты не даюць), дык трэба падправіць канстытуцыю (патріоты Россіі – за). Вось і канчаецца пэрыяд пуцінскага прыкідваньня ў стылі фальшывай паненкі – “Я на третий срок идти не собираюсь. А о последователе пусть народ решает в соответствии с конституцией…” Зноў трэба вывешваць над Крамлём палінялы лёзунг позьняга брэжнявізму – “Умрём генсекамі!”

Валеры Буйвал

ЗАБОЙСТВЫ Ў МАСКВЕ

29 сакавіка ў Маскве быў забіты чарговы дворнік. Прычым, “почырк” забойства той жа, што і ў серыі іншых забойстваў прыбіральшчыкаў у горадзе “подмосковных вечеров”: больш за 20 нажавых удараў. Усе забітыя прыехалі ў Маскву з постсавецкіх краінаў Цэнтральнай Азіі. Яны гатовыя працаваць на гэтых пасадах за любыя грошы, бо дома разбураная эканоміка. Але нават пракуратура ўжо ня можа схаваць факту, што гэта не выпадковыя расправы, а дзейнасьць мафійных груповак, якія дзеляць паміж сабой сфэры ўплываў і азіяцкіх рабоў. Раней “органы” доўга адмахваліся ад адэкватных высноваў, нават ня зводзілі злачынствы ў розных раёнах Масквы ў адну справу. Цяпер прыйдзецца прынамсьці зрабіць выгляд, што яны займаюцца рассьледваньнем чарговай жудаснай тэндэнцыі ў цэнтры сваёй імпэрыі. “Московскій люд” да таго апусьціўся, што ня здольны ўжо прыбіраць за сабой сьмецьце (такім быў і рымскі охлас, які лайдачыў і ганарыўся сваёй імпэрыяй). Нават малапрэстыжовая справа ачысткі гарадзкой тэрыторыі ад бруду зрабілася ў гэтым Вавілёне матар’ялам і арэнай крымінальнай дзейнасьці і мафійнай вайны [найбольша верагодная версія такога тыпу забойстваў у сёньняшняй Расеі – расісцкая. Так цяпер забіваюць і вучацца забіваць рускія фашыкі.. – Рэд..].

Юрка Марозаў

УЗДЫМ ШПІЁНСКАЙ АКТЫЎНАСЬЦІ

1 красавіка 2007 г. Дацкая газэта “Information” паведамляе з Вашынгтона. Кіраўнік службы контрвыведкі ЗША Джоэл Брэнэр заявіў, што расейскія шпіёны сёньня дзейнічаюць так жа актыўна, як савецкія шпіёны падчас “халоднай вайны”. Амэрыканскае кіраўніцтва назірае з непакоем за ростам расейскай шпіёнскай актыўнасьці. Расьце таксама напружанасьць паміж урадамі ў Вашынгтоне і Маскве.

Наш камэнтар: Мы ўпэўненыя, што амэрыканскія службы ня толькі назіраюць, але і дзейнічаюць у гэтай сітуацыі. На працягу двух дзесяцігоддзяў пасьля пачатку гарбачоўскай “перастройкі” Масква аднавіла структуры сваёй агентуры ва ўсім сьвеце. Пад пустое і наіўнае гаварэньне аб “дэмакратызацыі” Расеі Захад ўвесь час здаваў адну пазыцыю за адной. І вось падобна, што менавіта кіраўніцтва ЗША першым пачынае дзейнічаць супраць лубянскага спрута, які ўжо нарабіў столькі зла чалавецтву. Крывадушная спроба заходнікаў залагодзіць Маскву саступкамі, камплімэнтамі і грашамі правалілася. Масква разумее толькі сілу [так і хочацца сказаць: ну, што, насябраваліся? назазіраліся ў вочы? Сто разоў вам, далбакам, было гаворана… Ну, і хто аказаўся правы? – Рэд.].

Юрка Марозаў

САТАНІНСКІ МАРШ У МАСКВЕ

За постсавецкія гады мы наглядзеліся на розныя формы крыважэрнага цемрашальства, што правіць баль у Расеі. На сходы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў там рэгулярна ўламваліся малойцы з голенымі галовамі і гарланілі: “Сталин-ГУЛАГ-СССР!!!” (міліцыя рабіла выгляд, што аглохла, і людзі самы гналі прэч лубянскіх камсамольцаў). Вадзіў сваю ўзброеную банду і забіваў людзей чарнасоценец Баркашоў (усе пачалі ўжо забывацца пра гэтага агента). Стракацяць час ад часу чырвоным і чорным нацыянал-бальшавікі Лімонава. Надрываецца з эстрады (у тым ліку і на гастролях у Беларусі) адвязаны папсіст Газманаў: “КГБ, МВД и наука высокая – это моя страна/ Я сделан в СССР!”

Але на Лубянцы не перасыхаюць крыніцы дзяржынскай форматворчасьці. Апошнім часам у сувязі з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў там знайшліся нават свае мэдыевісты (спэцы па сярэднявеччу). Сталіна з Леніным і сьвятога ў РПЦ цара Міколкі Крывавага ім цяпер мала. 8 красавіка на Вялікдзень па цэнтру Масквы прайшоў сатанінскі “Імперскій марш”. Ад 500 да 800 асобаў (у асноўным маладыя, якія ўвесь час імкнуліся пагрозьліва надзьмуцца) маршыравалі пад транспарантамі “Русские идут!”, “Слава опричнине!”, “Россия для русских” і “Мёртвый, вставай!” Маладых вялі нейкія дарослыя “дяді” з барoдамі ў стылі бацюшак. Раней іхныя прозьвішчы і фізіяноміі нідзе не мільгалі. Падобна, што Лубянка вырашыла праз іх падпусьціць у расейскае грамадзтва містычнага духу. З трыбуны гэтыя бацюшкі ў цывільным гукалі пра адраджэньне эпохі Івана Жахлівага, “первого русского царя, который возвысіл велікую Русь”. Нагадаем, што апрычніна – гэта адна з буйнейшых катастрофаў у расейскай гісторыі. Атрады царскіх галаварэзаў у 16-м стагоддзі зьнішчылі палову насельніцтва Расеі, часам цэлыя паселішчы. Былі разгромлены эліты расейскага грамадзтва, вынішчана і пераселена ў паўночную мерзлату большая частка баярства. Калі б ВКЛ не разграміла ашалелую імпэрыю Івана ў Лівонскай вайне, то гэтая катастрофа абрынулася б на ўсю Эўропу. Як вядома, Сталін “обожал” Івана Жахлівага і імкнуўся насьледваць яму. Любілі яго і пры пазьнейшых саветах, ідэалізавалі ў падручніках за барацьбу супраць прыгнятальнікаў-баяраў і нянавісьць да ўсяго эўрапейскага. Цікава, што ў Маскве “Імперскі марш” арганізоўвалі не манархісты, а нейкі “Евразійскій союз” (спрабуючы захаваць сваю імпэрыю, маскоўцы цяпер часам падкрэсьліваюць сваё мангольскае паходжаньне). Не выпадкова на лідэра “Евразійского союза молодёжі” (гэткі мангольскі камсамол) абраны “істінно русскій парень” Павел Заріфуллін. Новы Павка Корчагін гукаў на “маршы”: “Россия всегда была империей и может сохраниться только как империя!” Што ж, пэўная лёгіка ў гэтым маршавым галёканьні ёсьць. Ня стане імпэрыі – ня будзе і Расеі. Псэўдабацюшкі сьпявалі з трыбуны песьні на вершы Івана Жахлівага, “выдаюшчегося поэта Русі”. Дзеля чаго ўвесь гэты сярэднявечны “ізуверскі” балаган? Падобна, што Лубянка ратуе імпэрскую ідэю любым коштам. А выпусьцілі гэтых касьцюміраваных блазнаў менавіта сёлета, таму што трэба прадэманстраваць чарговы кантраст. Маўляў, Пуцін не ўсхваляе апрычніну і бальшавікоў-лімонаўцаў. Ён выступае нават у ролі гаранта, які не дазваляе іваноўцам-жахліўцам саштурхнуць Расею з “правільного путі”. Пуцін, маўляў, трымае іх на ўзбочыне расейскай палітыкі. Ён не такі жахлівы, як Іван і іншыя. Гэбельсаўскі прыёмчык, аднак, не такі ўжо бяскрыўдны. Памятаем з аналаў, што крамлёўскі страшыла палохаў і зьнішчаў, аж покуль група адчайных баяраў не паднесла яму чашу з атрутай. Зноў замыкаецца крывавае кола кашмарнай расейскай гісторыі. Па Маскве (нібыта “православной-златоглавой”) на Вялікдзень маршыруюць сатанінскія сотні, нясуць над сабой сярэднявечныя лёзунгі… Хіхікаюць за крамлёўскім мурам нашчадкі Чэка.

Янка Базыль

А ЯНЫ ЎСЁ “ЗЬДЗІЎЛЯЮЦЦА”

12 красавіка 2007 г. Латвійская газэта “Diena” паведамляе з Алжыру. У самым цэнтры сталіцы краіны адбыліся чатыры магутныя выбухі каля ўрадавых будынкаў і паліцэйскага ўпраўленьня. Забіта да 30 і паранена больш за 200 асобаў.

Наш камэнтар: Пра трагедыю 11 красавіка паведамляюць СМІ ўсяго сьвету. Дэманструюць інтэрнэтныя прызнаньні Аль-Каэды, якая бярэ на сябе адказнасьць за тэракты. СМІ аналізуюць тэндэнцыю: сымвалічнае супадзеньне лічбаў у датах тэрактаў – 11 верасьня ў ЗША, 11 сакавіка ў Гішпаніі. Прэм’ер краіны Бэлхадэм сумуе і зьдзіўляецца: “Чаму так? Алжырская ўлада нядаўна заявіла аб жаданьні пачаць перамовы і замірыцца з ісламскімі баевікамі”. Няхай не зьдзіўляецца алжырскі прэм’ер і ніхто ў сьвеце. Лубянка праз сваіх падстаўных у чалмах зрабіла чарговы ўдар па чалавечай цывілізацыі і чалавечаму супрацоўніцтву. Алжыр зьяўляецца адным з буйнейшых у сьвеце экспарцёраў прыроднага газу. Дэстабілізаваць гэтую краіну – гэта значыць кінуць заходнія краіны ў абдымкі нафта-газавай Масквы. Крэмль-Лубянка нагадалі заходняму (а заадно і ўсходняму) сьвету, хто “в тайге хозяін”. Гэта ёсьць маскоўская помста за пабудову нафта- і газаправодаў у абыход тэрыторыі Расеі, а таксама агрэсіўная рэакцыя на пляны пашырэньня НАТО і пабудову антыракетнага (антырасейскага) шчыта ў Польшчы і Чэхіі. Чым больш крыві, чым больш страху – тым выгадней Імпэрыі Зла.

Юрка Марозаў

“МЫ ВЕДАЕМ, ЯК БУДУЦЬ ВЫГЛЯДАЦЬ ІХНЫЯ СМІ”

19 красавіка 2007 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” піша пра “пуцінскую галоснасьць”. Журналісты буйнейшага расейскага інфармацыйнага холдынга РНТ паведамілі, што з афіцыйнага тэлебачаньня яны атрымалі загад не пускаць у эфір апанэнтаў Крамля. Журналістаў агенцыі Рэйтэрс перад апошнімі маршамі апазыцыі ў Маскве і Пецярбурзе папярэдзілі, каб яны не здымалі Каспарава і Касьянава, бо тыя “ужо ёсьць адпрацаваным матар’ялам і глядзець на іх нецікава гледачам”. Ім загадалі асьвятляць дзейнасьць пуцінскай партыі “Едіная Россія”. Вядомы тэлеканал НТВ стаў значна больш ветлівы ў адносінах да Крамля пасьля таго, як перайшоў пад кантроль “Газпрома”.

Наш камэнтар: Нягледзячы ні на што, на расейскіх теле- і радыёканалах засталіся яшчэ таленавітыя людзі (якія зноў вяртаюцца да савецкай “эзопавай мовы”), творчыя перадачы. Але з кожным месяцам іх становіцца ўсё менш, а інфармацыйную прастору ўсё больш непадзельна займаюць лубянскія брахуны і бяздарныя нудзікі. На тэле- і радыёканалах РБ гэты працэс ужо завершаны: панаваньне афіцыёзнай хлусьні і лубянскага цемрашальства тут ужо абсалютнае. Паводле лёгікі “строітельства союзного государства”, усё, што апрабавана прарасейскім рэжымам у Беларусі, у хуткім часе распаўсюджваецца па Расеі. Так што мы ведаем, як будуць выглядаць іхныя СМІ.

Юрка Марозаў

ЗНАЁМЫЯ ПРАВАКАТАРЫ З “AFTENPOSTEN”

19 красавіка 2007 г. Нарвэжская газэта “Aftenposten” піша пра рэакцыю амэрыканскага боку на рэдакцыйны артыкул у гэтай газэце. Амэрыканскі дыплямат Кэвін Джонсан заявіў у Осла: “Рэдакцыйны артыкул у “Афтэнпостэн” пра ракетны шчыт у Чэхіі і Польшчы, а таксама пра паводзіны ЗША ў НАТО непакоіць нас, бо прадстаўляе фальшывую трактоўку нашай палітыкі”. Далей дыплямат абвяргае абвінавачваньні нарвэжскай газэты. Урад ЗША вядзе адкрытую палітыку ў Эўропе і НАТО, абмяркоўвае з урадамі Чэхіі, Польшчы і нават Расеі справу ўсталяваньня ракетнага шчыта.

Наш камэнтар: Памятаеце правакацыю, наладжаную дацкай газэткай у 2005 г.? Рэдактары надрукавалі тады блюзьнерскія карыкатуры антымусульманскага сэнсу. Гэта выклікала хвалю крывавых антыхрысьціянскіх пагромаў па ўсім ісламскім сьвеце. Масква пацірала ручкі і набівалася ў міратворцы. А потым высьветлілася, што дацкія рэдактары на працягу шэрагу гадоў вучыліся і стажыраваліся ў маскоўскіх інстытутах, працавалі там у карпунктах. Гэтыя кліенты Крамля арганізоўвалі ў дацкай прэсе гнюсныя правакацыі супраць чачэнскіх барацьбітоў за незалежнасьць, усхвалялі расейскіх эсэсаўцаў, якія “змагаюцца супраць тэрарызму на Каўказе”. Сёлета ў Масквы ўзьніклі цяжкасьці з амэрыканскім шчытом у Польшчы і Чэхіі. Агентура была рыпнулася ў гэтых дзьвюх краінах, але “дэманстрацыі антыамэрыканскіх пратэстаў” аказаліся такімі малалікімі і кволымі (бо грамадзтва не падтрымала іх), што Маскве зноў давялося мабілізаваць сваіх “друзей” у скандынаўскіх краінах. Цяпер у нарвэжскай газэтцы ўзьнялася хваля “справедлівого гнева” наконт справы, якая зусім не датычыцца краіны фьёрдаў.

Юрка Марозаў

ЛУБЯНСКІ ФАШЫЗМ

20 красавіка 2007 г. Ангельская газэта “Guardian” паведамляе, што дзьве тысячы студэнтаў-замежнікаў былі папярэджаны рэктаратам маскоўскай Мэдычнай Акадэміі імя Сечанава. Іх папрасілі не выходзіць на маскоўскія вуліцы 20 красавіка, бо “молодёжь” будзе сьвяткаваць дзень народзінаў Гітлера. Кіраўніцтва баіцца за здароўе і жыцьцё студэнтаў, якія ня маюць дастатковай нардычнай чысьціні.

Наш камэнтар: У Расеі трыюмфуе гітлерскі фашызм лубянскага кшталту. Гэта зразумела і без рэктарскіх тлумачэньняў.

Юрка Марозаў

ШТОДЗЕНЬ РУСКАГА ФАШЫЗМУ

У Маскве 26 красавіка двое “русскіх ребят” накінуліся на чалавека “нярускай зьнешнасьці” і паранілі яго нажом. Каўказец пасьпеў заўважыць, у які трамвай селі бандыты і паведаміў у міліцыю. “Ребят” злавілі. На допыце ў міліцыі адзін з іх прызнаўся, што яны ўдваіх за апошнія месяцы забілі 22 чалавекі ў Маскве. Прычынай злачынстваў была нянавісьць да “нярускіх” – каўказцаў і іншых.

Юрка Марозаў

РАСЕЯ СЬКІДАЕ МАСКУ

26 красавіка Пуцін зачытаў перад Думай свой зварот-справаздачу. Ён падкрэсьліў велізарныя посьпехі часу свайго кіраваньня імпэрыяй, нават сказаў, што “у Расеі скончыўся пэрыяд падзеньня вытворчасьці і яна стала адной з дзесяці найбольш разьвітых краінаў сьвету”. Пагаварыў ён і пра “духовность”: “Русский – это язык исторического братства народов”. Вось як, аказваецца. Ідэалізацыя маскоўскага рэйху з вуснаў крамлёўскага гаўляйтэра была толькі першым актам пастаноўкі, якую Крэмль разыграў на вачах усяго сьвету.

Ужо на наступны дзень, 27 красавіка адбыліся падзеі, якія вызначылі характар наступных актаў пастаноўкі і агульную ідэю крамлёўскага спэктакля. С.Міронаў, спікер Савета фэдэрацыі РФ, з раніцы запатрабаваў разарваць дыпляматычныя адносіны з Эстоніяй. Справа ў тым, што ўначы эстонскія ўлады пачалі дэмантаж савецкага помніка ў цэнтры Таліна. Помнік яны перавeзьлі на вайсковыя могілкі, куды будуць перазахаваныя парэшткі акупанцкіх жаўнераў з магілы, што недарэчна знаходзілася разам з помнікам у цэнтры эстонскай сталіцы.

Масква задзейнічала сваю агентуру: некалькі тысячаў “русскіх ребят”, якія спачатку кідаліся на паліцыю і спрабавалі прарвацца да месца дэмантажу бронзавага сымвала расейскай акупацыі Эстоніі. Калі іх адбілі, расейцы сшыхтаваліся сьвіньнёй і распачалі пагром на цэнтральных вуліцах Таліна. Да трох тысячаў пагромшчыкаў разьбівалі вітрыны і шыбы, нішчылі гарадзкую маёмасьць. “Русскіе ребята” ўвайшлі ў раж і пачалі рэзацца паміж сабой. Адзін з пагромшчыкаў памёр ад удара нажом. Шмат было паранена шклом, што сыпалася з разьбітых вітрынаў. Паліцыя дзейнічала апэратыўна і сьмела, але яе сілаў не хапала, асабліва на пачатку пагрому.

Расейскае тэлебачаньне адыграла сваю подлую ролю рупара маскоўскага варварства. Тэлевядучы НТВ падбег да паліцэйскага кардона і нема закрычаў: “Что же вы тут стоите? Там погромщики громят жилища мирных граждан…” Пасьля гэтага ў тэлерэпартажы камэра паказала прыкаваных да слупа пагромшчыкаў, якіх паліцыя нэйтралізавала такім чынам да падыходу спэцтранспарту. Нейкія рускія крычалі на паліцэйскіх: “Что же вы делаете с этими ребятами? Как же так можно?!..” Тыпова гэбельсаўская лёгіка паводзінаў: то “жертвы”, то “пагромшчыкі”, а ў выніку аказваецца, што вінаватыя самы эстонцы. Эстонскі народ праявіў дысцыплінаванасьць, паслухаўшыся закліку кіраўніцтва сталіцы і краіны, каб справай наладжваньня парадку займалася паліцыя. Але зразумела, што эстонскія мужчыны ня будуць доўга цярпець зьдзекі расейскага хама, які нішчыць маёмасьць на эстонскай зямлі.

Працяг правакацыі нечакана атрымаўся ў нарвэжскай сталіцы Осла, дзе на міжнароднай канфэрэнцыі краінаў НАТО выступіў запрошаны туды міністар замежных справаў РФ Лаўроў. Ён абвінаваціў Эстонію ў “кошчунстве” і папікаў Захад у прыёме ў свае структуры такой “нецывілізаванай краіны”. Нечакана для ўсіх ён заявіў, што Расея ў сувязі з гэтым пачынае выхад з праграмы скарачэньня звычайных узбраеньняў (якую падпісаў з Захадам яшчэ Гарбачоў у 1990 г.). Заходнікі выслухалі маскоўскага пасланца ў поўным аслупяненьні. Зразумела, што справа зусім не ў Эстоніі і не ў бронзавай скульптуры. Талінскі пагром, як і гітлерскі пагром у “Крышталёвую ноч” лістапада 1938 года, вызначае новы віток агрэсіўнай антычалавечай палітыкі крамлёўскага рэйха.

Маскі скінуты. Расея ў адкрытую ўступае ў канфрантацыю з заходнімі краінамі. Чаму так? Яшчэ толькі ўчора Пуцін расказваў, як “жіть стало лучше, жіть стало веселее”. Але Масква паперла напралом, і ня толькі на вуліцах Таліна. У варунках распаленага іхнымі ж рукамі канфлікту з Захадам Крэмль адкідвае апошнія апраўданьні законам і канстытуцыяй. Пуцін і ягоная каманда выходзяць на антызаконны захоп улады ў выглядзе трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну “ввиду чрезвычайных обстоятельств” Сшыхтаваўшыся сьвіньнёй, лубянцы пачынаюць марш пад лёзунгам “Спасай Россию!”

Яны папруць цемрай і на нашу Беларусь. Адкінуўшы заканадаўчую рыторыку ў Расеі, акупанты будуць такім жа чынам дзейнічаць і супраць нашай незалежнай Дзяржавы. На нашых вачах крахам заканчваецца чарговая заходняя палітыка падтрымкі Крамля, а таксама мясцовай прарасейскай псэўдаапазыцыі. Не зважаючы ні на што, наш народ павінен рыхтавацца да абароны Бацькаўшчыны ад Імпэрыі Зла.

Янка Базыль

РУСКІМІ ПРАВАКАЦЫЯМІ Ў ЭСТОНІІ КІРУЮЦЬ З АДМІНІСТРАЦЫІ ПУЦІНА

Міністар замежных справаў Эстоніі Урмас Паэт заявіў, што Эстонія, а разам зь ёю і ўвесь Эўрапейскі Зьвяз апынуліся пад атакаю з боку Расеі. Паводле міністра, гаворка ідзе менавіта пра напад, бо чыняцца хакерскія атакі на ўрадавыя сайты Эстоніі, блякуецца пасольства Эстоніі ў Маскве, правакуецца грамадзянскае непадпарадкаваньне. “Паводле IP-адрасоў выяўлена, што напады кібэртэрарыстаў на інтэрнэт-сайты эстонскіх урадавых установаў і канцылярыі прэзыдэнта былі ўчыненыя з канкрэтных кампутараў, якія належаць асобам у расейскіх урадавых установах, улучна з адміністрацыяй прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі”, – заявіў заявіў Урмас Паэт.

У сувязі з аблогаю пасольства Эстоніі ў Маскве эстонскі бок абвінаваціў Расею ў парушэньні Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных дачыненьнях. “Лічым неабходным, – заявіў міністар замежных справаў Эстоніі, – каб Эўрапейскі Зьвяз адрэагаваў на паводзіны Масквы з максымальнай цьвёрдасьцю. Гэта можа азначаць або спыненьне перамоваў паміж Эўразьвязам і Расеяй або адмову іх распачаць. Трэба сур’ёзна ўзважыць магчымасьць адкладу саміту Эўразьвяз-Расея”.

Эўрапейскі Зьвяз заклікаў сёньня расейскія ўлады прытрымлівацца Венскай канвэнцыі і забясьпечыць нармальную працу эстонскага пасольства ў Маскве. Тым часам актывісты пракрамлёўскага руху “Нашы” спрабавалі перашкодзіць паслу Эстоніі ў Расеі Марыне Кальюранд правесьці ў Маскве прэсавую канфэрэнцыю.

Эстонская амбасадарка абвінаваціла расейскія ўлады ў нежаданьні весьці з Эстоніяй адкрыты, празрысты дыялёг на роўных: “Мы гатовыя да дыялёгу з усімі, калі гэты дыялёг вядзецца цывілізавана. З тымі ж, хто раве, крычыць і нападае, мы гаварыць ня будзем”.

Учора консульскі аддзел пасольства Эстоніі ў Маскве прыпыніў працу.

Таксама сталі вядомыя некаторыя дэталі сьледзтва з факту гібелі ў Таліне ў часе непарадкаў на мінулым тыдні грамадзяніна Расеі Дзьмітрыя Ганіна. Прычынаю сьмерці сталі нажавыя раны, атрыманыя 20-гадовым Ганіным падчас бойкі з марадэрамі, якія рабавалі краму. Паводле эстонскай паліцыі, у кішэнях вопраткі забітага грамадзяніна Расеі былі знойдзеныя скрадзеныя тавары.

На цяперашні момант абвінавачаньні ў арганізацыі забурэньняў у Таліне выстаўленыя 60 затрыманым. Каля паловы зь іх – грамадзяне Эстоніі, яшчэ амаль палова – “асобы без грамадзянства”, а таксама па адным грамадзяніну Расеі і Літвы.

Улады Таліну паведамілі, што цяпер адбываецца працэс ідэнтыфікацыі парэшткаў 12 савецкіх салдатаў, эксгумаваных на Тынісмягі.

Пасьля ідэнтыфікацыі ўсе зьвесткі будуць перададзеныя ў Чырвоны Крыж і пасольства Расеі ў Эстоніі. Паводле прэсавага сакратара Міністэрства абароны Эстоніі Мадыса Міка, калі спэцыялістам удасца ідэнтыфікаваць парэшткі, сваякі палеглых салдатаў змогуць весьці перамовы аб адпраўленьні гэтых парэштак на радзіму.

(Паводле радыё Свабода; скарочана)

АГОНЬ І ПОЛЫМЯ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ

5 траўня 2007 г. Дацкая газэта “Berlingske Tidende” паведамляе пра ўрачыстасьці, што адбыліся з нагоды ўгодкаў вызваленьня Даніі ад нямецкай акупацыі (4 траўня 1945 г.). У мястэчку Міндэлундэн каля Капэнгагена сабраліся тысячы людзей. У гэтым месцы ў 1940-45 гг. немцы растрэльвалі дацкіх патрыётаў-антыфашыстаў. Напярэдадні мерапрыемстваў вучні мясцовай школы ўпарадкавалі могілкі, упрыгожылі надмагільныя помнікі кветкамі. Прысутнічалі прадстаўнікі ўладаў, вэтэраны Супраціву, нашчадкі герояў, шмат моладзі. У выступах згадваліся імёны і лёсы датчанаў, якія змагаліся ў падпольлі, на дацкіх караблях і ў вайсковых частках, што далучыліся да антыгітлераўскай кааліцыі. Сотні датчанаў загінулі ў нямецкіх канцлягярох і на прымусовай працы ў Нямеччыне. Людзі сьпявалі рэлігійныя і патрыятычныя гімны.

Наш камэнтар: Беларусы пакутвалі разам з датчанамі ў нямецкім канцлягеры Штутгоф на поўначы Польшчы. Але і тады нашы людзі маглі ўбачыць розьніцу народных лёсаў. Дацкія (а таксама з іншых “капіталістычных” краінаў) вязьні рэгулярна атрымлівалі харчовыя і мэдычныя пасылкі ад “Чырвонага Крыжа”, маглі перапісвацца са сваімі сем’ямі. Данія падпісала адпаведныя міжнародныя пагадненьні ў справе адносінаў да палонных і вязьняў. Сталін, як вядома, нічога не падпісаў і называў ўсіх палонных “предателямі родіны”. Для адных вязьняў у траўні 1945 г. настала сапраўднае вызваленьне. А для падсавецкіх людзей – новае кола пекла, гэтым разам у ГУЛАГу. Беларусы ўспамінаюць, як яны пабеглі насустрач чырвонармейцам, што першымі ўвайшлі на тэрыторыю Штутгофа. Замест праяваў прыязьні і радасьці беларусы сустрэлі нянавісьць і новы канвой. Грузінскія ахоўнікі з НКВД пагналі нашых людзей калёнамі ў бок СССР. Каля калёнаў праязджалі на аўтамашынах у бок сваёй радзімы вызваленыя з палону датчане, галандцы, чэхі, палякі, грэкі, французы… Усе з нацыянальнымі сьцягамі, з вясёлымі песьнямі. Па начах гэбэшнікі катавалі нашых людзей, патрабуючы падпісаць паперы, што яны “служылі фашыстам”. Тых, хто адмаўляўся, растрэльвалі. Наперадзе былі доўгія гады зьдзекаў, катаваньняў, а для многіх і сьмерць у савецкіх канцлягярох.

Расейскі гэбізм і ягоныя мясцовыя паслугачы зноў праслаўляюць сталінізм, КПСС і “славные органы”. Яны будуюць дзяржаўнае жыцьцё на антычалавечай традыцыі расейскага фашызму. Памятаючы пакуты бацькоў і дзядоў, беларусы павінны выклясьці маскоўскіх сатаністаў і гнаць іх са сваёй зямлі.

Юрка Марозаў

СЬВЕДЧАНЬНІ ПРА НЯШЧАСНАЕ ПАКАЛЕНЬНЕ

З набліжэньнем так званага дня перамогі расейскае тэлебачаньне паказала 7 траўня макабрычны сюжэт. На безыменным полі пад Ржэвам у Цьверскай вобласьці адбываюцца раскопкі на месцы баёў. Зусім нядаўна было агучана, што пад Ржэвам загінула значна больш людзей, чым пад Сталінградам. Але ў савецкі час гэтую старонку вайны (і шмат якія іншыя) амаль ня згадвалі. Крэмль выдаткоўваў мільярды на гіганцкія і тупыя манумэтальныя комплексы ў так званых гарадах-героях. Беларускага наведвальніка Ржэва зьдзіўляе зачуханасьць і дзікасьць горада і навакольля, прымітыўна зьлепленыя аматарскіх формаў помнікі вайне. Фронт стаяў каля Ржэва на працягу 17 месяцаў (!), зь верасьня 1941 года. Большасьць загінулых саветы так і не пахавалі. На шырокім полі раскопваюць трупы савецкіх жаўнераў, што ляжаць у тры слаі – так, хваля за хваляй гналі іх у лабавую атаку на нямецкія кулямёты. Зразумела, што абсалютная большасьць з іх – “невядомыя” (хаця ў архівах павінны быць зьвесткі пра гэтых людзей). Калі б так ваявалі ў той вайне амэрыканскія генэралы, то ні Рузвэльт, ні вайсковае начальства доўга не пратрымаліся б пры ўладзе. Сталіну і КПСС ўсё было дазволена. У сувязі з гэтым беларусы – нашчадкі няшчаснага пакаленьня той фашысцка-бальшавісцкай вайны – павінны б усьвядоміць, што ніколі больш не павінен наш народ ваяваць за Маскву і абараняць злачынную крамлёўскую ўладу. Вечны праклён расейскаму і германскаму фашызму!

Янка Базыль

МАСКОЎСКІЯ ДАМОВЫ Ў АЗІІ

12 траўня 2007 г. Дацкая газэта “Berlingske Tidende” напісала: “Эўропа апынулася між тымі, хто прайграў бітву за газ з Цэнтральнай Азіі пасьля таго, як Расея дасягнула дамоўленасьці з Туркмэністанам і Казахстанам аб газаправодзе вакол Касьпійскага мора”. У выніку Расея захавае сваё дамінуючае становішча ў гэтым рэгіёне і ў справе гандлю энэрганосьбітамі. Пуцін і прэзыдэнты Казахстану і Туркмэністану дамовілі аб падпісаньні адпаведнага пагадненьня ў верасьні сёлета.

Наш камэнтар: Вельмі сымвалічна, што Пуцін дамовіўся пра гэта ў горадзе Туркмэн-башы (былы Краснаводск) на беразе Касьпія. Лубянец выглядаў вясёлым і задаволеным. Не дарма летась ягоныя людзі “залагодзілі” няўступлівага нацыяналіста Туркмэн-башу, які быў пачаў будаваць самастойную дзяржаўную палітыку. Туркмэнскі дыктатар тэрмінова захварэў і памёр, а ягонае месца заняў верны васал Крамля Бэрдымухамэдаў. Цяпер Расея будзе вырашаць, каму пускаць газы, а каму не. Падобна, што датчане і іншыя эўрапейцы ўсур’ёз занепакоены гэтымі азіяцкімі заваёвамі Масквы. Заадно Пуцін набірае козыры для свайго незаконнага трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. Трэба чакаць, што, як пры Іване Жахлівым, перад ім будуць кленчыць шматтысячныя натоўпы, плакаць і галёкаць: “Батюшка, не покидай нас, сирых. Останься на царстве! Челом бьём!”

Валеры Буйвал

АЗІЯЦКАЯ ПАЛІТЫКА МАСКВЫ

12 траўня 2007 г. Французкая газэта “Liberation” паведамляе з Узбэкістану. Узбэцкі дыктатарскі рэжым спрабуе зьмякчыць Эўразьвяз, каб Эўропа адмяніла санкцыі, уведзеныя два гады таму. Маюцца на ўвазе забарона выезду на Захад 10 міністрам і самога прэзыдэнта Карымава, забарона на продаж зброі ва Узбэкістан і яшчэ менш значныя забароны. Карымаў “пачаў выпраўляцца”. Арганізаваў у Ташкенце канфэрэнцыю па правах чалавека і сьвяткаваньні Міжнароднага дня свабоды прэсы. Рэжым прыняў новы закон аб пашырэньні ролі апазыцыйных партыяў у палітыцы. Антыдыктатарская апазыцыя называе ўсё гэта “пусканьнем пылу ў вочы”. Публікацыя прысьвечана ўгодкам народных выступаў у горадзе Андыжане. 13 траўня 2005 г. узбэцкія спэцслужбы і войскі растралялі там дэманстрантаў, загінула ад 500 да 1000 асобаў.

Наш камэнтар: Карымаўскія ўлады з самага пачатку хавалі праўду пра андыжанскую трагедыю. Але з часам міжнароднае грамадзтва атрымала шмат зьвестак пра крывавыя падзеі. Сігнал для пачатку бунта быў дадзены з Масквы. Гэбоўская агентура пачала пагромы ў Андыжане, да яе далучыліся крымінальнікі, была захоплена мясцовая турма і вызвалены крымінальныя вязьні. Гэта паслужыла прэтэкстам для ўладаў дзеля жорсткага падаўленьня выступаў, якія перарасьлі ў народныя пратэсты мірнага насельніцтва, што патрабавала працы, хлеба, спыненьня карупцыі. Гэбэшнікі і крымінальнікі разьбегліся, а кулі дасталіся мірным дэманстрантам. Такім чынам Масква нагадала Ісламу Карымаву, “кто в Ташкенте хозяін”. Ужо праз некалькі тыдняў Карымаў быў “на дыване” у Пуціна ў Крамлі. Той выпускаў перад узбэцкім васалам свайго чорнага сабаку, паводзіў сябе падкрэсьлена нахабна і зьняважліва. У выніку Узбэкістан апэратыўна вярнуўся ў фарватэр маскоўскай імпэрскай палітыкі. З тэрыторыі краіны былі выведзены амэрыканскія вайсковыя базы, іх замянілі на расейскую ваенную прысутнасьць. Зноў вярнулі расейшчыну ва ўзбэцкія школы. Пахаваўшы забітых у Андыжане, Карымаў паводзіў сабе з тае пары ціхенька і пакорліва ў адносінах да Масквы.

Янка Базыль

ЗЬЯДНАНЬНЕ ДВУХ СТРУКТУР

18 траўня 2007 г. Гішпанская газэта “El Mundo” піша аб падпісаньні ў Маскве “Акта аб кананічных зносінах” Алексіям ІІ ад РПЦ і мітрапалітам Лаўрам Нью-Ёркскім ад замежнай РПЦ. Газэта нагадвае, што дзьве царкоўныя арганізацыі раздзяліліся ў 1927 г., калі маскоўская РПЦ дэкляравала лаяльнасьць савецкаму рэжыму. На цырымонію запрасілі Пуціна, які выказаў “удовлетвореніе”.

Наш камэнтар: Расейскае тэлебачаньне сфармулявала больш дакладна сэнс згаданага “акту”. У адпаведнасьці з ім цяпер белагвардзейская РПЦ будзе мець у структурах чырвонаармейскай РПЦ такія ж правы як РПЦ ва Украіне альбо ў Малдове. Альбо ў Беларусі – дадамо мы, ведаючы пры тым, чым займаецца ў нас гэтая “наша православная організація” (цытата з Лукашэнкі). Вось і завяршылася шматгадовая буйнамаштабная спэцапэрыцыя лубянскіх бацюшак па канчатковаму падпарадкаваньню эмігранцкай расейскай структуры. Пацешна было глядзець і слухаць, як “русскіе люді” у сутанах і з берлінскім, жэнэўскім і нью-ёркскім акцэнтам нахвальваюць “воссоедіненіе”, як яны кланяюцца перад лубянскім гномам (дагэтуль невядома, а ці хрышчаны ён? – пэўна што не). Гэбэ ў асобе свайго вышэйшага прадстаўніка “благословіл сліяніе”. Цяпер у Лубянкі адкрываецца яшчэ адзін абсалютна легальны канал агентурнай дзейнасьці за мяжой. Яшчэ раз і яшчэ адна расейская эліта паказала – ім усяроўна, няхай сам д’ябал “зьлівае цэрквы”, абы мацнела іхная імпэрыя. Ды толькі гэты гэбоўскі фінт прывядзе, безумоўна, да поўнага і канчатковага краху гэтак званага “русского православія” ва ўсім сьвеце.

Юрка Марозаў

РЭПЛІКІ ЗАБОЙЦАЎ

1 чэрвеня 2007 г. Латвійская газэта “Diena” працягвала тэму леташняй атамнай вайны ў Лёндане. У Маскве выступіў міністар замежных справай РФ Лаўроў і заявіў, што Вялікая Брытанія “выкарыстоўвае крымінальнае злачынства (забойства А. Ліцьвіненкі) дзеля палітычнай кампаніі”. Гэта, маўляў, “выклікае адмоўны ўплыў на адносіны паміж Расея і Брытаніяй”. Драбнейшы ўдзельнік лёнданскай афёры А. Лугавой (менавіта ён забіў А. Ліцьвіненку) у сваю чаргу заявіў, што Ліцьвіненку забілі брытанскія спэцслужбы.

Наш камэнтар: Мяркуем, што ў хуткім часе ў Маскве заявяць, быццам А. Ліцьвіненку забіла ягоная жонка (якая цяпер падала ў міжнародны суд на Пуціна).

Юрка Марозаў

ПАКУТЫ ДЗЯЦЕЙ Ў РАСЕІ

2 чэрвеня 2007 г. Румынская газэта “Evenimentul Zilei” паведамляе з Масквы. Там у міжнародны Дзень абароны дзяцей адбылася дэманстрацыя перад будынкам міністэрства аховы здароўя РФ. Некалькі дзесяткаў актывістаў міжнароднай экалягічнай арганізацыі “Грын-піс” маніфэставалі пад плякатам “Ратуйце дзяцей!” Яны пратэставалі супраць “нечалавечых умоваў утрыманьня дзяцей у дзіцячых дамах і прытулках Расеі”.

Наш камэнтар: Нават у расейскіх СМІ час ад часу прарываюцца страшныя зьвесткі пра зьдзек з дзяцей у так званых дзіцячых установах на шырокіх прасторах імпэрыі. Малым залепліваюць раты скочам, каб яны не турбавалі сваім крыкам абслугу. Дырэкцыя і супрацоўнікі раскрадаюць усё, што можна: харчы, гуманітарную дапамогу, бялізну, вопратку. Рэгулярна здараюцца масавыя атручаньні дзяцей няякаснай ежай або з прычыны антысанітарыі і п’янства абслугі. Дзяцей эксплуатуюць на працах. Але акрамя гэтага, уражвае сама праблема ў дзяржаўным маштабе. Абсалютная большасьць пакінутых дзяцей – сацыяльныя сіраты (значыць, яны маюць бацькоў – алкаголікаў, крымінальнікаў, садыстаў і г.д.). Мільёны бацькоў пакінулі сваіх дзяцей або былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў праз суд. Дзеці Расеі – вобраз нацыянальнай катастрофы ў антычалавечай імпэрыі. Шалёныя нафтамільярды Крэмль, аднак, не зьбіраецца накіраваць на дапамогу дзецям. Ёсьць больш важныя задачы: захопліваць суседнія краіны, палохаць Захад ракетамі, утрымліваць лубянскія дывізіі і арміі.

Янка Базыль

АДЧЫНЯЮЦЦА ТАЙНЫ ГЭБІСЦКАГА ДВАРА

2 чэрвеня 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” паведамляе з Масквы. Маскоўская пракуратура спыніла сьледства па справе тэракту ў тэатры на Дуброўцы (кастрычнік 2002 г., сотні ахвяраў). Афіцыйная прычына: суд ня можа знайсьці двух з арганізатараў захопу гледачоў у тэатры. Але адвакат Ігар Труноў, які прадстаўляе інтарэсы пацярпелых людзей і сем’і ахвяраў, не пагаджаецца з гэтым рашэньнем і заяўляе, што “некуды зьніклі не два, а 12 (!) выканаўцаў тэракту”. Іх не знайшлі сярод 40 забітых маладых чачэнцаў. Круцельства расейскіх уладаў даўно адэкватна ацанілі тыя людзі, што ацалелі падчас газавай атакі, наладжанай ФСБ, а таксама сямейнікі тых, хто загінуў пры “газавым вызваленьні” закладнікаў. 58 асобаў з пацярпелых падалі на Расею ў Эўрапейскі трыбунал па правах чалавека ў Стразбурзе. Грамадзкая арганізацыя ахвяраў “Норд-Ост” патрабуе распачаць сьледства і суд па справе выкарыстаньня баявых атрутных газаў “вызваліцелямі з ФСБ” (у выніку чаго загінулі 130 чалавек і скалечаны сотні іншых).

Наш камэнтар: Расейскае грамадзтва маўчыць (хаця апошнім часам ужо не надрываецца, нахвальваючы “энэргічнага Пуціна”). А вось тыя расейцы, хто сутыкнуўся з “газавым лубянскім гуманізмам” і пакаштаваў яго на поўніцу, ужо не маўчаць і не баяцца. Яны адразу сталі супраць вайны і гэбізму. Яны адназначна зразумелі, што менавіта гэбоўская кантора паводле загаду галоўнага начальніка Пуціна расплянавала і выканала жудасныя тэракты, спрабуючы скінуць адказнасьць на чачэнскіх байцоў. Успомнім, што і ў Беслане было тое ж самае. І там людзі бачылі групу ў 12-15 тэрарыстаў славянскай зьнешнасьці, якія размаўлялі па-расейску. Нікога з гэтай групы не знайшлі сярод забітых тэрарыстаў. Яны зьніклі без сьледу. Так падчас гэбоўскіх акцыяў бывае толькі са “своімі ребятамі”. Чым далей, тым больш жахлівых падрабязнасьцяў раскрываецца пра злачынствы пуцінскага рэжыму.

Юрка Марозаў

СУСТРЭЛІСЯ “ФАРМАЛ” ЗЬ “НЕФАРМАЛАМ”

13 чэрвеня 2007 г. Французкая газэта “Le Figaro” паведамляе, што Пуцін асабіста ўручыў у Крамлі дзяржаўную (былую “ленініскую”) прэмію А. Салжаніцыну. Шэф назваў былога зэка “найвялікшым пісьменьнікам, который послужіл отечеству”. Нават французкая газэта пракамэнтавала падзею як “парадокс, але толькі зьнешні”. Сапраўды, усе памятаюць, як Салжаніцын пісаў быў: “Амэрыка акупіруе адну краіну за адной і атачае Расею”. Так што няма нічога дзіўнага, што такі дзеяч прымае прэмію з рук лубянца, які заявіў: “Развал СССР – гэта найвялікшая катастрофа ХХ стагоддзя”. Газэта згадвае таксама пра нюансы і дапускае сур’ёзную памылку, напісаўшы, што Салжаніцын, маўляў, выступіў некалі за свабоду Чачэніі. Такога, панове-мусью, не было ніколі.

Наш камэнтар: Маўчаў Салжаніцын, калі расейская цемра зьнішчала гераічную Чачэнію. “Не надо клеветать на велікорусского патріота…” Але сапраўды, няма ў апошняй крамлёўскай мізансцэне нічога парадаксальнага. Сустрэліся і падзяліліся між сабой прэміяй прадстаўнікі таго ж самага шавіністычнага шматмільённага кола. Толькі адін з іх – “нефармал”, а другі – “фармал”. І колькі б адзін не мардаваў другога ў ГУЛАГу і па эміграцыях, яны заўсёды знойдуць агульную мову і па-братэрску абдымуцца – абы існавала і мацнела іхная жудасная расейская імпэрыя.

Янка Базыль

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы