nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Partal Prauda пра кіраўнікоў “аб’яднанай апазіцыі” – аб’яднанцаў (частка VІІ)

7 ліпеня, 2007 | Няма каментараў

 

НЕБЯСЬПЕКА КАРУПЦЫІ

6 сакавіка 2007 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” публікуе рэпартаж са сталіцы Ганы горада Канакры. 50 гадоў таму, у сакавіку 1957 г. Гана першай з субсахарскага рэгіёну атрымала незалежнасьць. Юбілей сваёй дзяржавы народ адзначыў парадамі, фэервэркамі, танцамі на вуліцах.

Наш камэнтар: Многія пакаленьні афрыканцаў змагаліся за вызваленьне радзімы ад каляніяльнага прыгнёту. Стагоддзі барацьбы завяршыліся перамогай, у 1950-60-я гады эўрапейскія імпэрыі пасыпаліся, узьнік шэраг незалежных дзяржаваў. Хто ж у асноўным пакарыстаўся народнай перамогай? На жаль, трэба канстатаваць, што ўладу ў краіне захапілі цынічныя палітыканы, для якіх галоўным крытэрам палітыкі было асабістае ўзбагачэньне і асабістая ўлада. Афрыканскія карумпаваныя палітыканы дагэтуль трымаюцца на паверхні ў слабаразьвітых грамадзтвах, крадуць, нішчаць усё сьвятое, не даюць нармальна жыць грамадзянам краінаў. Беларусам трэба асьцерагацца, каб не паўтарыць сумны афрыканскі досьвед. Тут таксама арганізавалі псэўдаапазыцыйную грантаўскую кампанію, якая зьвязаная з прамаскоўскім рэжымам.

Валеры Буйвал

 

KAМЭДЫЯ – АГЕНТУРА ЗГАРЭЛА І “ЗА КАРДОН ІХ НЕ ПУСЬЦІЛІ”

Радыё Свабода падало інфармацыю, якую мы тут зьмяшчаем без камэнтароў. “В.Фралоў і С.Скрабец зьбіраюцца правесьці мітынг пад прарасейскімі лёзунгамі. Яны зьвярнуліся ў Менскі гарвыканкам з просьбай дазволіць 2 красавіка, у гэтак званы “Дзень яднаньня народаў Беларусі й Расеі”, шэсьце й сьвяточны канцэрт. Паводле заяўкі, у акцыі будуць браць удзел 30 тысяч чалавек.

С.Скрабец: “Ці мы разам з Расеяй, ці не?” У інтэрвію Сяргей Скрабец сказаў, што акцыя задумана як своеасаблівы пратэст супраць цяперашняй афіцыйнай палітыкі, якую ён лічыць антырасейскай: “Мы не разумеем і не падтрымліваем такую палітыку. І трэба ж зразумець — ці мы разам з Расеяй, ці не?”

Былы дэпутат таксама паведаміў, што на акцыю будуць запрошаныя прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, дэпутаты Дзярждумы, іншыя вядомыя расейскія палітыкі. Дзеля яе падрыхтоўкі створаны штаб, які ўзначаліў генэрал Фралоў. На пытаньне, як адрэагавалі ў сталічным гарвыканкаме на прапанову, спадар Скрабец адказаў: “Там ёсьць такая скрыня паштовая, куды мы і апусьцілі сваю заяўку. Бо за міліцэйскі кардон нас не пусьцілі”.

(Радыё Свабода)

 

КАМЭДЫЯ

Два “палітдзеячы” псэўдаапазыцыі расейскі генэрал В.Фралоў і грамадзянін  С.Скрабец адсьвяткавалі ў Менску “Дзень яднаньня Беларусі і Расеі” – арганізавалі мітынг з нагоды афіцыйнага лукашэнкаўскага сьвята. Паводле Сяргея Скрабца ў аргкамітэт мерапрыемства ўвайшлі Аляксандар Вайтовіч, Міхаіл Марыніч, Валеры Фралоў ды іншыя «апазыцыянеры». Змагары за дэмакратыю заявілі, што з-за Аляксандра Лукашэнкі беларуска-расейскія дачыненьні апошнім часам вельмі пагоршыліся. Пра гэта яны казалі на мітынгу. На мітынг прышло каля дзясятка чалавек разам з журналістамі. Выступоўцы засьведчылі свой пратэст супраць “халоднай вайны”, якую, на іх думку, Аляксандар Лукашэнка, абвесьціў Расеі. Арганізатары разгарнулі расьцяжкі “Свабоду Казуліну!” і “З Расеяй без Лукашэнкі!” Народны мітынг  працягваўся некалькі хвілін. Пасьля гэтага Сяргей Скрабец і Валеры Фралоў адказалі на пытаньні журналістаў. “Мы лічым, што тыя грамадзяне, якія нас падтрымліваюць, – напрыклад, дырэктарскі корпус, пэнсіянеры, вэтэраны –  пабаяліся прыйсьці,” – сказаў Скрабец. Але “барба” працягваецца.  Шкада толькі, што напярэдадні мітынгу расейскі амбасадар у Беларусі не прыняў заяўнікаў акцыі. Гэта безумоўна неспрыяе дружбе паміж нашымі народамі, — лічаць грамадзянін Скрабец і генэрал Фралоў. “Усегда” знаходзяцца людзі гатовыя “вбіць клін в нашы атнашэнія”.

Адам Мікша (паводле радыё і друку)

 

ПАРАД ХАЛУЙСТВА

Нешта функцыянеры псэўдаапазыцыі ў апошні час пачалі больш узмоцненна поўзаць перад Масквой. Аж у грудзі сябе б’юць і гучна крычаць: “Халуй я, халуй, вы что, не слышыце!?” Першым узвысіў свой голас вышэй звычайнага М. Марыніч. З групай расейцаў і немцаў ён падпісаў “стратэгію для Беларусі”, якую фінансаваў Аўстрыйскі Банк. Там напісана:  “Будучыня Беларусі павінна стаць сумесным эўрапейска-расейскім праектам … Прыярытэтнымі павінны стаць эканамічныя інтарэсы як Расеі, так і Эўразьвязу…” Ну як вам? Новае слова “ў барбе”. Далей яшчэ цікавей: “Праграма рэформаў павінна безумоўна адлюстроўваць той факт, што новыя кіруючыя эліты будуць захоўваць расейскія стратэгічныя інтарэсы, а таксама што праэўрапейская пазіцыя ў Беларусі цалкам супадае са спэцыяльнымі адносінамі з Расеяй. Пакуль Расея будзе давяраць “прарасейскасьці” кіруючых элітаў у краінах, якія складаюць стратэгічны пояс вакол яе, датуль палітычныя і эканамічныя рэформы або шчыльныя адносіны з эўрапейскімі рынкамі ня будуць нікога раздражняць.”  Вось так. Гарбатага й магіла ня выправіць (www.bielarus.net/archives/2007/02/14/1047, www.bielarus.net/archives/2007/02/07/1038). Неўзабаве два вялікія “апазыцыянеры” і  непрымальнікі  мовы рускі генэрал В.Фралоў і А.Скрабец  2-га красавіка “арганізавалі” мітынг “едіненія с Россіей”. Адзінаццаць гадоў таму тысячы мінчанаў вышлі ў гэты дзень на вуліцы супраць гэтага “едіненія”, моладзь білася з ОМОНам (калі хто памятае Вясну-96). І вось ў 2007 пад выглядам “апазыцыі” вылезьлі Скрабец з Фраловым (вылезьлі б яны ў 96-м !). На мітанг, праўда, ніхто не прыйшоў. Гэта ж  Беларусь. (У Польшчы прыйшлі б і набілі морду.) А недалей як учора (13 красавіка) распрануўся яшчэ адзін падстаўны “апазыцыянер” – А. Мілінкевіч. Гэты паехаў у “горад Скарыны” Піцер і сказаў рускім “таварышчам”: “Сярод сур`ёзных дэмакратычных лідэраў нашай краіны няма і не будзе антырасейскіх палітыкаў“, “Вельмі важна, каб у Расеі ведалі аб тым, што беларускія дэмакратычныя сілы — гэта не антырасейскія сілы”.  Гэтага яму здалося яшчэ мала і ён дадаў пра нафта-газавы-канфлікт: маўляў, беларуская улада, якая доўга атрымлівала прэфэрэнцыі, у выніку “аказалася няўдзячнай і стала выступаць супраць Расеі. Мне за гэта сорамна“. Камэнтаваць тут няма чаго. Але любы беларускі абывацель прачытае такое і ведаючы пра цьвёрдую пазыцыю Лукашэнкі ў канфлікце з Пуціным, параўнае і скажа: “якая мразь!” Гэты пераплюнуў нават незабыўнага Ганчарыка (якога таксама падбіралі ў Маскве). Масква, відаць, паставіла вельмі жорсткія ўмовы сваім спаборнікам, што тыя гатовыя сабе насы паразьбіваць, прысягаючы. Можа, усё ж вырастуць новыя людзі, што без ваганьня стануць пад наш сьвяты беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і зьмятуць гэтыя бурбалкі!

Зянон Пазьняк

 

ТРАГЕДЫЯ І БЛЮЗЬНЕРСТВА

24 красавіка 2007 г. Нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведамляе з Ерэвана. 15 тысячаў ў асноўным маладых людзей прайшлі праз цэнтар армянскай сталіцы з паходнямі, абразамі, крыжамі. Гэта было мэмарыяльнае шэсьце ў памяць ахвяраў генацыду армянскага народу ў Асманскай імпэрыі. Моладзь паліла турэцкія сьцягі, бо Турцыя дагэтуль не прызнала факту генацыду і не пакаялася. 24 красавіка 1915 г. падчас Першай сусьветнай вайны туркі пачалі масавае высяленьне і забойства армянаў, якіх лічылі хаўрусьнікамі хрысьціянскіх краінаў.

Наш камэнтар: Армянскі народ па ўсім сьвеце адзначае мэмарыяльнымі мерапрыемствамі даўнія трагічныя падзеі. У Беларусі менавіта БНФ “Адраджэньне” на працягу гадоў мабілізоўваў беларускае грамадзтва на супраціў прамаскоўскаму афіцыёзу, які спрабаваў затаптаць памяць пра генацыд беларусаў маскоўскай імпэрыяй, пра ахвяраў Чарнобылю. Патрыёты-фронтаўцы вялі людзей праз цэнтар беларускай сталіцы, беларусы ішлі “Чарнобыльскім Шляхам” з абразамі, харугвамі і крыжамі, панаваў настрой жалобы. І вось агульнымі намаганьнямі ўсходніх і заходніх ворагаў Фронт прыдушылі, перакрылі інфармацыю і каналы. На працягу некалькіх апошніх гадоў за справу арганізацыі “Чарнобыльскага Шляху” бярэцца групка падстаўных псэўдаапазцыянэраў. Гэтая публіка зблюзьнерыла саму ідэю народнага мэмарыяльнага шэсьця. Яны пагадзіліся з рэжымам і заклікалі людзей ісьці 26 красавіка на бангалёрскае балота, каб там арганізоўваць “мітынг”. Больш таго, гэтая публіка прыклала намаганьні, каб надаць “шэсьцю” фрывольны і вясёлы характар. Яны абвясьцілі, што сёлетні “шлях” яны правядуць пад знакам “лысага вожыка” (які, маўляў, зьяўляецца сымбалем радыяцыйных раёнаў Беларусі). Яны сьмяюцца, але псіхічна нармальным людзям ня сьмешна. Мы памятаем, што гнюснай мянушкай “чарнобыльскіх вожыкаў” савецка-расейскія акупанты весела называлі ў канцы 1980-х гадоў няшчасных беларускіх дзяцей, якія згубілі ў выніку радыяцыі валасы. Імітатары сьмяюцца, яны, відаць, хочуць, каб ўсім было сьмешна на тэму Чарнобыля. Мы памятаем, як гэбісты крыўляліся перад труной Васіля Быкава падчас пахаваньня народнага генія ў 2003 годзе. Мы ведаем, як яны сьмяюцца і ламаюць крыжы ў Курапатах. Але няхай ведаюць крывадушныя, што ніхто ім гэтага не забудзе.

Юрка Марозаў

 

“АЛЕ ПРАЙДЗІСЬВЕТ!”

22 красавіка 2007 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” піша пра чарговы візыт М.Марыніча ў Вену. Гэтым разам “апазыцыянэр” з РБ выступаў на круглым стале ў венскім Інстытуце імя Рэнэра. Газэта цытуе Марыніча, які сказаў: “Беларусь стаіць на ўскрайку бездані”. Потым распавядае пра “героя”: “Гэта М. Марыніч, экс-кандыдат на прэзыдэнта, якога А. Лукашэнка шмат гадоў трымаў у турме” (вось як аказваецца). Марыніч казаў прафэсуры за сталом, што Беларусь ужо банкрут. Што раней краіна трымалася толькі дзякуючы таннаму расейскаму газу і дапамозе Расеі. Расея забясьпечвала 41% беларускага дзяржбюджэту. За апошнія гады Беларусь атрымала ад Расеі 50 мільярдаў даляраў. Цяпер, у сувязі з адмовай Расеі даваць танны газ Беларусь апынулася “на ўскрайку бездані”. Нават аўстрыякі, паслухаўшы Марыніча, напісалі ў сваёй газэце: “Крыху наіўна прагучаў заклік апазыцыйнага палітыка, каб Эўразьвяз разам з Расеяй выпрацаваў стратэгію вываду Беларусі на дэмакратычны шлях”.

Наш камэнтар: Дык вось як, аказваецца. Не Расея на працягу шэрагу гадоў нашай незалежнасьці рабавала нашу краіну, выкарыстоўваючы рэжым унутранай акупацыі і прамаскоўскіх васалаў кшталту намэнклятурнага генія і “апазыцыянэра” Марыніча. Гэта наш народ, аказваецца, жыў за кошт Расеі. Паводле Марыніча, беларусы масава гультайнічалі, а калі скончылася расейская газавая любоў, то раптам апынуліся на ўскрайку бездані. Але прайдзісьвет! Ён зьбянтэжыў нават аўстрыякаў сваім заклікам дэмакратызаваць Беларусь пуцінскай Расеяй.

Валеры Буйвал

 

“БАНГАЛЁР — СЬВЯТОЕ МЕСЦА”

Надаўна радыё Рацыя паведаміла: “Напярэдадні чарнобыльскай акцыі ў “апазыцыйных” колах разгарэліся спрэчкі адносна таго, ці варта весьці людзей на плошчу Бангалор. Арганізатары Шляху запэўнівалі, што калёны пойдуць да Чарнобыльскай каплічкі, а не ў парк Дружбы народаў. Але, да прыкладу, Аляксандар Мілінкевіч усё роўна адмовіўся ісьці далей за Акадэмію навук. На сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі яго за гэта моцна крытыкаваў “палітык” Юры Хадыка. Ён лічыць, што плошча Бангалор — сьвятое для беларусаў месца, бо там у 1942 годзе выбітны дзеяч Вацлаў Іваноўскі заклаў менскую балотную станцыю.”

Хадыка: “І калі Мілінкевіч кажа, што ён ня пойдзе, ну дык няхай ня ходзіць! Я адмыслова кажу гэта для журналістаў. Таму што, калі яны й надалей будуць маўчаць, то будуць падтрымліваць і ўмацоўваць ідэі расейскай шавіністычнай прапаганды. Вацлаў Іваноўскі ня вораг для Беларусі! Ён герой беларускага народу!”

Ух, якая дэмагогічка! Але ўсё шчырая праўда. Бо як даўно высьветліла НКВД, якраз у гэтым месцы і непадалёк яшчэ сюсяў сабака Ластоўскага, тут ён гаўкаў і, магчыма, нават закапаны (прабачце, пахаваны). Не забывайма таксама, што Індзіра Гандзі – лепшы друг беларускага народу. Няхай жыве савецка-індыйская дружба на балоце Бангалёр – сьвятым мейсцы індаеўрапейцаў, добэрман-пінчараў і ўсіх народаў!

Адам Мікша (Паводле матэрыяла А. Мінчонка; радыё Рацыя)

 

ІДУЦЬ НАПРАЛОМ І ПАЛЯЦЬ АГЕНТУРУ

Травень для беларусаў пачаўся халодным ветрам з боку Расеі і чарговымі скокамі псэўдаапазыцыі на бангалёрскім сабачніку. 1 траўня там забраліся зябкія і нешматлікія групы левых. Яны, мабыць,  наслухаліся перманэнтнай дэмагогіі Хадыкі, які ў чарговы раз пераконваў усіх, што бангалёрскае балота – “гэта сьвятыня для беларусаў”. Назіралася чарговая спроба зганьбіць наш нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, зь якім па сабачніку паслухмяна бадзяліся некаторыя асобы, не заўважаныя раней ў адраджэнскай дзейнасьці.

Папярэднім актам блюзьнерства быў “мітынг” з трох з паловай узельнікаў, які наладзілі на Бангалёры 2 красавіка “апазыцыянэры” Фралоў і Скрабец. Сьвяткуючы рэжымны “день едіненія Беларусі і Расеі”, гэтыя цемрашалы вывесілі побач імпэрскі трыкалёр Расеі і наш Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Правакацыя, як памятаем, правалілася. Грамадзтва высьмеяла “абаронцаў Расеі ад няўступлівага Лукашэнкі”.

2 траўня ў залежных і “незалежных” СМІ РБ грымнула сэнсацыя. Палатнік-спарцмэн Ул. Парфяновіч і лукашыст са стажам Л. Сініцын выступілі з “Мінскім маніфэстам беларуска-расейскага яднаньня”. У “маніхвэсьце” запісныя “апазыцыянэры” заклікалі Беларусь ўступаць ў склад Расеі на правах суб’екта фэдэрацыі, прыняць расейскі рубель, аддаць Расеі нашы нафтаправоды. Адным словам, прагучалі не намёкі ў тупым фралоўска-скрабецкім стылі, а адкрыты выступ за ліквідацыю Беларускай Дзяржавы. Трэба прызнаць, што гэты выступ быў старанна падрыхтаваны “Народнай Воляй” і іншымі “незалежнымі” задоўга да акцыі 2 траўня. Парфяновіча гэтыя СМІ даўно ўжо прадстаўляюць у амплуа палымянага патрыёта Беларусі, услаўленага галадоўшчыка (памятаеце, як ён з Фраловым і іншымі галадаў на кватэры каля лядоўні колькі гадоў таму? [гэта было ўлетку 2004 году. – Рэд.]). У Сініцына апошнім часам бралі вялікія інтэрвію, дзе дэманстравалі яго як мудрага палітыка, прыстойнага чалавека і апазыцыянэра. Яны, мабыць, лічылі, што беларусы забыліся, што такое ёсьць Л.Сініцын. А Сініцын – гэта верны служка антыбеларускага рэжыму, пэўны час быў начальнікам “адміністрацыі прэзыдэнта”. У Вярхоўным Савеце менавіта Сініцын выступіў з ініцыятывай правядзеньня антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму 1995 г., пасьля якога пачалося зьнішчэньне ўсяго беларускага. Сініцын камандаваў злачыннымі дзеяньнямі ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г., калі спэцназ зьбіваў дэпутатаў Беларускага Народнага Фронту, якія абвясьцілі галадоўку пратэсту ў парляманце супраць парушэньняў Канстытуцыі. І вось цяпер дзьве гэтыя ўшчэнт адыёзныя асобы раскрыліся. Кантора спаліла іх усьлед за Фраловым і Скрабцом. У іншай краіне на іх паказвалі б пальцам на вуліцы, гукаючы “здраднікі!” А тут яны прэтэндуюць на нейкую дыскусію і рэспэкт. Генэрал Валера Фралоў разам з паплечнікам па сацыялізму Каралём нават выязджаў на 1 мая ў Варшаву. Там гэтая публіка маршыравала па вуліцах Варшавы з мясцовымі левымі, прадстаўляючы “беларускую дэмакратыю”.

Чаму ўсё так? Чаму апошнім часам расчынена столькі куфэркаў гэбоўскіх таямніцаў? Чаму “спаленыя” (раскрытыя) лубянскія агенты, якія яшчэ нядаўна насілі вянцы “абаронцаў Беларусі”? А таму, што Масква пайшла напралом. Пуцінскі Крэмль ня мае магчымасьці на больш тонкія гульні. Да выбарчай вясны 2008 г. засталося надта ж мала палітычнага часу. Трэба сьпяшацца, трэба захопліваць Беларусь. Таму ў адкрытую мабілізавана ўся агентурная публіка – усе гэтыя балотныя дэмагогі, паны-спарцмэны, салодкагалосыя і гутаперчавыя. Яны клянуцца ў любові да “русского языка і всего русского”, запрашаюць з нацыянальнай сымволікай на ганебны бангалёрскі сабачнік, гукаюць пра “правы чалавека” і адначасовае “зьбліжэньне з уладамі” (якія парушаюць гэтыя правы). Ім не патрэбная лёгіка, яны ўпэўнены, што так лепш. Спыніць гэтую публіку можа толькі сіла Праўды і Народнай Салідарнасьці. Беларуская моладзь урэшце павінна адвярнуцца ад гэтых здраднікаў-наймітаў, што служаць нашым ворагам, і ісьці шляхам сапраўднага Адраджэньня (а не падстаўнога, псэўдаапазыцыйнага).

Янка Базыль

 

ІМПЭРСКІЯ МЭТАДЫ

4 траўня 2007 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” паведамляе з Паўночнай Ірляндыі, акупаванай Брытаніяй. У сувязі са стварэньнем сумеснага каталіцка-пратэстанцкага ўраду Паўночнай Ірляндыі прабрытанская пратэстанцкая баявая групоўка “Сілы дабраахвотнікаў Ольстэра” (UVF) заявіла аб пераходзе ад узброеных мэтадаў барацьбы на палітычныя мэтады. Такім чынам, апошняя з падпольных арганізацыяў-удзельніц узброенага змаганьня ў Ольстэры складае зброю. Яшчэ два гады таму апошнія каталіцкія групоўкі, якія змагаліся за вызваленьне Ольстэра ад брытанцаў, адмовіліся ад узброенай барацьбы.

Наш камэнтар: На працягу чатырох дзесяцігоддзяў працягваецца народная драма ў Паўночнай Ірляндыі. У 1968 г. патрыёты адзінай Ірляндыі пачалі магутныя выступы ў акупаваных брытанцамі графствах Ольстэра за дэкалянізацыю і ўзьяднаньне з незалежнай Ірляндская рэспублікай (якая вызвалілася яшчэ ў 1922 г.). Пратэстанцкая абшчына (прыхільнікі брытанскай імпэрыі) была зусім разгублена і не магла супрацьпаставіць патрыётам нічога. Але пакуль у незалежнай Ірляндыі чухаліся і вялі “круглыя сталы” мясцовыя эўрапалітыкі, брытанскія спэцслужбы панастваралі ў Ольстэры баявых прабрытанскіх груповак з розных “дабраахвотнікаў” і расцягнулі канфлікт на дзесяцігоддзі. Дублінскія мілінкевічы і вінцучкі правалілі справу вызваленьня. У Беларусі гэбэ ў адкрытую (з расклейкай у гарадах рэклямных аб’яваў з дакладнымі адрасамі)  вядзе фармаваньне і баявую падрыхтоўку антыбеларускіх груповак “дабраахвотнікаў-аматараў” на тэрыторыі вайсковых частак беларускай арміі, а таксама розных “спортівно-патріотіческіх центров для детей  9-15 лет”. Мы пісалі пра гэта на старонцы pbpf.org. Пра гэта маўчаць менскія гутаперчавыя. Прамаскоўская псэўдаапазыцыя ўшчыльную занята наладжваньнем “збліжэньня з рэжымам, які пачаў дэмакратызавацца”. Вельмі небясьпечнай ёсьць дзейнасьць гэтай псэўдаапазыцыйнай публікі.

Юрка Марозаў

 

АДМЯНІЛІ ЛЬГОТЫ СТАРЫМ І ІНВАЛІДАМ

Пасьля першамайскіх сьвятаў пажылыя жыхары Беларусі і інваліды пайшлі ў паліклінікі і аптэкі па лекі. Аказалася, што рэжым (за які столькі разоў яны галасавалі і якім бясконца захапляліся) адмяніў ільготы. Цяпер гэтым людзям трэба купляць лекі (часам вельмі дарагія) за свае грошы. Пазбаўлены ільготаў дзеці-інваліды і інваліды Чарнобыля. Для абсалютнай большасьці гэта азначае поўную галечу, пэнсіі ўжо ня будзе хапаць нават на хлеб. Такім чынам зьдзейсьнілася пагроза, агучаная “жалезнай дамай” антыбеларускага рэжыму Н.Пяткевіч – “Отменить все льготы!” Зразумела, што цемра асаднікаў-адстаўнікоў, якая атабарылася на нашай зямлі, уся гэбоўская і паліцэйская адстаўная публіка не адчуе на сваёй скуры эфэкту ад чаргоавай “сацыяльнай рэформы” лукашыстаў. Ім ніхто ільготы і пэнсіі не скарачаў і не адмяняў. Яны ходзяць у амплуа апірышча прарасейскага рэжыму і “пятай калёны”, заўсёды гатовай ударыць нашаму народу ў плечы. На фоне цынічнага абрабаваньня народу рэжым ўсяроўна трубіць пра пабудову чарговых “зімовых палацаў” і іншыя ідыёцкія праекты. Можа, бабулькам і інвалідам можна будзе бясплатна катацца на каньках і гуляць у хакей?    

Замыкаецца кола дзікай шматгадовай дэмагогіі і падману.

Янка Базыль

 

“ЯКОЕ ЎСЁ ЗНАЁМАЕ!”

18 траўня 2007 г. Французкая газэта “Le Monde” піша пра фэномэн “расейскай апазыцыі”. Былы дырэктар Цэнтральнага Банку Расеі Віктар Герашчанка заявіў, што ідзе ў апазыцыю і зьбіраецца кандыдаваць на прэзыдэнцкіх выбарах. Ён заклікае да стварэньня “агульнай плятформы шырокай апазыцыі”. Газэта апісвае таксама шэраг эпізодаў з разгонам “маршей несогласных” у розных гарадах, а таксама рэпрэсіі супраць маладзёнаў з лімонаўскай нацыянал-бальшавіцкай партыі. Аднаго на тры гадзіны закавалі ў кайданкі, другога адлічылі з правінцыйнага ўнівэрсітэта і г.д.

Наш камэнтар: Якое ўсё знаёмае! Ці не папрацаваў на прасторах Расеі незабыўны Ганс Вік, стваральнік “аб’яднанай апазыцыі” у Беларусі? Почырк той жа самы, дакладнае паўтарэньне тых жа прыёмчыкаў. Адстаўны маскоўскі Чыгір-Ганчарык шуміць пра “шырокую апазыцыю” (зразумела, што за яго ня будуць галасаваць надураныя банкамі расейцы – ён проста пракладае дарогу для элегантнай перамогі Пуціна). “Марші несогласных” – гэта рымская копія грэцкага арыгінала, зьлепак з пустых “маршей свободы” і “за лучшую жізнь”, што праводзіла ў Менску падстаўная грантаўская “аб’яднаная апазыцыя”. Замест сапраўднага маладзёвага антыімпэрскага і антыгэбоўскага супраціву ў Расеі паўсюль буяе шумавіньне: рэклямуюць герояў-лімонаўцаў у кайданках. У каторы раз подлыя прыемы псэўдаапазыцыі, адпрацаваныя ў Беларусі, пераносяцца на расейскую палітычную глебу.

Валеры Буйвал

 

ЮБІЛЕЙНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ Ў ПОЛЬШЧЫ

14-18 чэрвеня ў Варшаве і Вроцлаве адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды 25-х угодкаў утварэньня падпольнай патрыятычнай арганізацыі “Змагарная Салідарнасьць”. Арганізацыя ўзьнікла ў чэрвені 1982 г., калі частка сяброў незалежнага прафсаюза “Салідарнасьць” не пагадзілася з Лехам Валенсам і ягонымі прыхільнікамі, якія заклікалі зьняць антысавецкія ды антырасейскія лёзунгі й імкнуцца да дыялёгу з уладамі. Узначаліў арганізацыю Карнэль Маравецкі. Сотні змагароў па ўсёй Польшчы (найбольш актыўна ў Вроцлаве) працавалі ў падпольных друкарнях, выпускалі апазыцыйныя газэты і ўлёткі, распаўсюджвалі праўдзівую інфармацыю па краіне і па-за яе межамі. “Змагарная Салідарнасьць” арганізоўвала антыбальшавіцкія дэманстрацыі і страйкі. Дзякуючы дысцыпліне і майстэрству канспірацыі, камуністычныя спэцслужбы Польшчы і маскоўскі КГБ так і ня здолелі інфільтраваць і зьнішчыць арганізацыю. Многія казалі тады, што “трэба саступіць”, “быць больш лагодным і пайсьці на пагадненьне з уладамі”, “шукаць разуменьня ў Маскве” і г.д. Але змагары працягвалі барацьбу. Яны асудзілі Валенсу і кіраўніцтва прафсаюза “Салідарнасьць” за заключэньне пагадненьняў “круглага стала” з камуністамі ў 1989 годзе. Патрыёты патрабавалі поўнай ліквідацыі камуністычнага ладу і суду над камунізмам дзеля ўсталяваньня сапраўднай дэмакратыі. Тысячы людзей (у асноўным моладзь) выйшлі тады на дэманстрацыі па закліку “Змагарнай Салідарнасьці” і біліся з паліцыяй. Але згоднікі ўсяроўна зрабілі па-свойму, называючы барацьбітоў “экстрэмістамі”. Час паказаў, што “Змагарная Салідарнасьць” мела рацыю. Прэзыдэнцтва Валенсы, а потым два прэзыдэнцкія тэрміны былога камуніста Квасьнеўскага былі правальнымі для Польшчы. Праз 17-18 гадоў пасьля даўніх падзеяў толькі цяпер польскае кіраўніцтва і грамадзтва пачынаюць праводзіць люстрацыю, ачышчэньне грамадзтва ад гэбоўскай агентуры і карупцыянераў, сапраўдныя рэформы.

На юбілейную сустрэчу зьехаліся сотні вэтэранаў “Змагарнай Салідарнасьці” з Польшчы і іншых краінаў, а а таксама госьці з Летувы, Нямеччыны, Чэхіі, Грузіі, Эстоніі, Украіны і Беларусі. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскую Партыю – БНФ прадстаўлялі намесьнік старшыні Сяргей Папкоў і сакратар Управы Валеры Буйвал. На юбілейнай  канфэрэнцыі яны распавялі пра барацьбу беларускага народу супраць расейскай агрэсіі, за вызваленьне ад прамаскоўскага рэжыму, за нашу культуру, мову і Дзяржаву. На канфэрэнцыі выступілі таксама прадстаўнікі расейскага дысыдэнцкага руху (так званыя “русскіе демократы”) Ул. Букоўскі, А. Падрабінек, Н. Гарбанеўская. Усіх зьдзівіла іхная заява аб тым, што М. Хадаркоўскі (вядомы расейскі алігарх, пасаджаны Крамлём у турму) зьяўляецца “узьніком совесті” і “сымбалем барацьбы за дэмакратыю”. Калі Ул. Букоўскі заявіў, што выстаўляе сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі, але “перамагчы немагчыма дык трэба мабілізаваць грамадзтва…”, беларускія ўдзельнікі зразумелі, што недзе ўжо ўсё гэта чулі.

Беларусы спрабавалі патлумачыць “русскім демократам”, што паводле беларускага досьведу, яны такім чынам толькі забясьпечаць прыход выбаршчыкаў на выбарчыя ўчасткі, а галасы “па-свойму” палічыць пуцінскі рэжым. Але ўсім было зразумела, што пад “сьцягам Хадаркоўскага” дэмакраты Расеі ўсяроўна поўдуць знаёмым шляхам менскіх псэўдаапазыцыйных дзеячаў.

На спэцыяльным пасяджэньні на тэму антыкамунізму з-за кулісаў на сцэне зьявіўся А.Мілінкевіч і ўсеўся побач з Букоўскім. Менскі “антыкамуніст” з лагоднай усьмешачкай “разьвенчваў” камунізм разам зь іншымі ўдзельнікамі дыскусіі. Беларусы спыталіся ў яго, чаму ж тады ён трымаў сваім намесьнікам і начальнікам выбарчага штабу камуністычнага генсека Калякіна? Мілінкевіч салодка ўсьміхнуўся і адпарыраваў: “Мы сабралі ў кааліцыю ўсе партыі пад адным лёзунгам “За праўду, дабро і справядлівасьць”. Пасьля гэтага польскія ўдзельнікі канфэрэнцыі зразумелі, што гэта за “антыкамуніст” такі з Менска, у якога “камуністы за праўду і справядлівасьць”. Такім чынам, стала зразумела канчаткова (тым, хто меў ілюзіі), што гэта за публіка – расейскія дэмакраты і Мілінкевіч. Акцёрская майстэрства гэтых асобаў ня здольнае прыхаваць іхную фальшывую чалавечую сутнасьць і праімпэрскую накіраванасьць ідэяў.

Удзельнікаў і гасьцей юбілейных мерапрыемстваў прыняў у прэзыдэнцкім палацы прзыдэнт Польшчы Лешэк Качыньскі. Героі нацыянальнай барацьбы за вызваленьне Польшы ад камунізму і расейскай імпэрыі былі ўзнагароджаны ордэнамі. Праз гады забыцьця была адноўлена гістарычная справядлівасьць.

Янка Базыль

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы