nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

АДНОСІНЫ ДА ПАДСТАЎНОЙ “АПАЗЫЦЫІ”

8 ліпеня, 2007 | 2 каментарыя

Зянон Пазьняк (фрагмент артыкула “Развагі пра беларускія справы” ад 6 лютага 2005 г.; узята з сайта http://zianonpazniak.de)

�аз�н�к.JPG

Калі мы скампанавалі матэрыялы, атрыманыя ад прадстаўнікоў Partal Prauda (гл. 7 артыкулаў, разьмешчаных раней), стала відавочна, што яны дадаткова пацьвярджаюць тое, пра што ўвесь час пішам і мы. Галоўныя падзеі ў навакольным зь Беларусьсю сьвеце, як і ў ёй самой, можна ахарактарызаваць некалькімі тэндэнцыямі, якія беларускія дэмакраты ня маюць права не ўлічваць: Заходняя Еўропа выразна дэградуе ў дэмаграфічным, маральна-псіхалагічным, ідэйным, экалагічным ды іншых асьпектах (1-я тэнтэнцыя); Цэнтральная Еўропа ўпарта працягвае спрабаваць выйсьці з-пад шматсотгадовага імперскага панаваньня ўсходняй імперыі (і гэта адзіная станоўчая тэндэнцыя, якая назіраецца; дай Бог, каб яна не спынялася; 2-я); расейская імперыякратыя, напіўшыся нафты паняволеных народаў, нібы вампір крыві, ажывае і пачынае займацца сваёй звыклай справай – выкарыстоўваць самыя розныя прыёмы злачынна-разбуральнага ўзьдзеяньня з мэтай зноў падпарадкаваць сабе блізкія і далёкія народы ды іх краіны (тысячу разоў сказана: яе характар угаворамі ня выправіць; 3-я); прыўладная ў Беларусі бюракратыя – цяперцы – нібы жучкі-дрэваточцы працягвае разбураць асноўныя слупы беларускай дзяржаўнасьці – мову, культуру, эканоміку, дэмакратыю, незалежнасьць і г.д., праводзячы палітыку этнацыду, генацыду і здачы дзяржавы беларускага народу ў расейскую імперыю (пад лозунгам “Тут і цяпер” уся гэта брація цяперцаў такім абсалютна злачынным коштам разьлічвае задаволіць свае абмежавана-эгаістычныя інтарэсы ў бліжэйшы час і ў будучыні; 4-я). Усё гэта азначае, што сітуацыя ў Беларусі й вакол яе ў параўнаньні з пачаткам 1990-х кардынальна зьмянілася. У горшы бок – абвастрылася, пагоршылася. У сувязі з гэтым пытаньне пра стан “аб’яднанай апазіцыі”, куды яна рухаецца ў новых палітычных сілавых палях – зьяўляецца надзвычай актуальным. Таму мы даўно сочым за гэтай праблемай, будзем сачыць і далей. Сёньня вашай увазе падаюцца думкі Зянона Пазьняка на гэты конт 2-гадовай даўніны, якія застаюцца актуальнымі. Некаторыя моманты мы вымушаныя былі пракаментаваць.

Рэдакцыя.

АДНОСІНЫ ДА ПАДСТАЎНОЙ “АПАЗЫЦЫІ”

“Амаль 70 гадоў існаваньня ў СССР у Беларусі адсутнічала незалежная ад рэжыму ўсялякая культурніцкая, грамадзкая, палітычная (і тым больш апазыцыйная) дзейнасьць. Грамадзтва ня ведала ніякіх незалежных палітычных формаў, ня мела ніякага палітычнага вопыту. У постсавецкі час КГБ выкарыстаў гэтую акалічнасьць для арганізацыйнай прысутнасьці ў палітыцы.

Савецкія спэцслужбы, што засталіся на постсавецкай прасторы, шырока выкарысталі прыём падстаўных арганізацыяў. Яны дзяліліся на дзьве катэгорыі: палітычныя партыі і – правакацыйныя радыкальныя групы. У арганізацыях партыйнага кшталту выкарыстоўвалася, як правіла, агентура. У групоўках другога роду – як правіла, кадравыя функцыянэры спэцслужбаў.

У 1990-х гадах найбольш вядомай радыкальна правакацыйнай групай такога роду была арганізацыя УНА-УНСО ва Ўкраіне. Кіраўніцтва курыравалася спэцслужбамі, а шэрагоўцамі былі ў асноўным патрыятычныя ўкраінскія хлопцы, зь якімі праводзілі мэтанакіраваную працу.

Па такому ж прынцыпу была створана ў Беларусі арганізацыя “Край”. Некалькі гадоў таму (у выніку штучна разыгранага нібыта “канфлікту”) асобы з кіраўніцтва “Краю” апынуліся за мяжой і атрымалі статус палітычных уцекачоў. Гэта кадравы супрацоўнік КГБ Жарнасек і ягоны напарнік (таксама кадравы гэбіст) Угляніца. У гэты ж час палітычны прытулак у Бэльгіі атрымаў яшчэ адзін кіраўнік “Краю” Вадзім Кабанчук. У 1996-97 гг. – гэта вядомы фронтаўскі змагар. За вызваленьне яго з турмы (а таксама Шыдлоўскага і Лабковіча) мной і С.Навумчыкам (за мяжой), іншымі фронтаўцамі – у Беларусі – было пакладзена шмат стараньняў, часу і энэргіі. Па зьвестках, Кабанчука катавалі ў турме, каб ён згадзіўся на супрацоўніцтва з ворганамі.

У Бэльгіі цяпер назіраецца самая вялікая канцэнтрацыя агентуры ФСБ-КГБ, засланай праз беларускія арганізацыі. Яны ствараюць там так званую “новую беларускую эміграцыю”, пікетуюць, лезуць у Раду БНР, у радыё “Свабода”, прапануюць паслугі, выступаюць з “ініцыятывамі” і г.д. Прытым робіцца гэта ўсё просталінейна і прымітыўна, што нават дзіву даешся. Выкарыстоўваюцца самыя банальныя схемы. Напрыклад, у другой палове 1990-х (калі быў масавы ўздым БНФ) два суб’екты (прозьвішчы нам вядомыя як і ўсіх іншых) уступаюць у Народны Фронт і праз нейкі час публічна і прынародна ўскладаюць вянок з калючага дроту пад помнік Ф.Дзяржынскаму насупраць КГБ. “Артыстаў”, вядома ж, арыштоўваюць, даюць пару сутак, “свае людзі” ў СМІ падымаюць лямант (“змагары”, “правы чалавека” і г. д.). Неўзабаве суб’екты ўжо ў Бэльгіі, “палітычныя ўцекачы”, уцяклі, маўляў, ад перасьледу рэжыму і г.д. (Зазначу, што Бэльгія нязручная краіна для эміграцыі. Але “апазыцыйная” агентура туды лезе, як машкара. Вядома ж – Брусэль, Эўразьвяз, Эўрапарлямант, Эўракамісія і г. д. (нават НАТО). У 1996-97 гг. усе ведалі ў БНФ правакатара Леаніда Васючэнку. Цяпер і Васючэнка падаўся ў Бэльгію, “палітычны ўцякач” (здаецца, атрымаў нават азыль, значыць скора пачне падтрымліваць Раду БНР). Ці, напрыклад, быў у “Народнай Волі” такі падазроны “журналіст” Алесь Сіліч, які часта ёрнічаў і скрыпеў пяром, маўляў, пріезжайте, Зенон Станіславовіч, “будем работать вместе раді родной Белоруссіі”. Гэта з той публікі, якая піша: “я бы родіну не оставіл” (нібыта ў іх існуюць праблемы жыцьця і сьмерці). Цяпер гэты хацелец “работать” без дай прычыны таксама ў Бэльгіі і таксама “палітуцякач”. (Цікава якую ўжо “рэвалюцыйную” легенду ён прыдумаў).

Па збліжанай схеме з “Краем” створаныя таксама “Белы легіён” і “Зубр” (арганізацыя для адводу беларускай моладзі ад нацыянальнага Адраджэньня). У савецкі (гарбачоўскі пэрыяд) і постсавецкі часы, практычна, усе партыі ў Беларусі (акрамя адной) былі створаныя пры садзеяньні і ўплыве агентуры спэцслужбаў КГБ.

“Акрамя адной” – гэта акрамя Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, якая была ўтворана Беларускім Народным Фронтам. Спэцыяльна для гэтай працы былі вылучаныя кіраўнікі БНФ Міхась Ткачоў (намесьнік старшыні БНФ), Алег Трусаў, Міхась Чарняўскі, Анатоль Гурыновіч (сябры Сойму БНФ). Трэба было зачыніць нішу для камуністаў. БСДГ была створана як партыя адраджэнцкага кшталту, і гэтак жа, як і Фронт, выступала пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам.

Удар, які абрынула потым на гэтую партыю агентура, аказаўся для яе замоцным. БСДГ разьбілі на кавалкі. Новыя кіраўнікі (пасьля сьмерці Ткачова) не пагнушаліся пакуражыцца і павялі рэшткі партыі пад новай назвай у дом-муляж Першага зьезду РСДРП, каб прадэманстраваць “перамогу” і гэтым учынкам паказаць, што партыя пачынаецца ад РСДРП, а не ад БСГ Луцкевічаў (што ёсьць няпраўда і поўны абсурд).

На пачатку 1990-х гадоў шырокавядомым і папулярным сваімі беларускімі патрыятычнымі дэклярацыямі было Беларускае Згуртаваньне Вайскоўцаў (БЗВ) пад кіраўніцтвам М.Статкевіча. Рэальны вынік дзейнасьці гэтай арганізацыі такі: былі выяўленыя і “спаленыя” патрыятычна настроеныя беларускія афіцэры (выключаны з войска пры садзеяньні Міністра абароны генэрала П.Казлоўскага). Пасьля гэтага, каб не дапусьціць далейшых правакацыяў, Беларускі Народны Фронт прыняў рашэньне масава ўступаць у БЗВ. Усе арганізацыі БЗВ апынуліся пад кантролем БНФ. Пасьля гэтага Статкевіч пакінуў БЗВ і перакінуўся ў БСДГ. Далейшыя справы зь беларускай сацыял-дэмакратыяй вядомыя…

Пасьля таго, як былі створаныя “дэмакратычныя” партыі, асноўны прынцып КГБ у змаганьні з Народным Фронтам выявіўся ў лёзунгу “Объединения всех демократических сил”. Фронту назойліва прапаноўвалі аб’яднацца з “партыямі” (сумарная папулярнасьць іх была – 2%) дзеля “перамогі дэмакратыі”. Прымітыўнымі дзеяньнямі па “аб’яднаньню” імкнуліся паралізаваць дзейнасьць БНФ (кожная партыйка мела б свой голас ў прыняцьці рашэньняў) і стварыць нагляд над ягонай палітыкай. Посьпеху гэтакая гульня ня мела, хоць лямант быў арганізаваны вялікі і пастаянны. Былі ўтвораныя партыі і газэты (ёсьць і цяпер), прыналежнасьць якіх да КГБ, фактычна, не хаваецца. Цынікам з асяроддзя палітычных ускраін нічога не каштуе залічваць іх у “беларускую дэмакратыю”, запрашаць за мяжу на “форумы дэмакратыі” і іншыя “капусьнікі”.

Як сказаў нядаўна кіраўнік адной з такіх партыяў С.Гайдукевіч, “у чэкісцкім асяроддзі (паверце мне, там мой бацька адпрацаваў дзясяткі гадоў) цэняцца людзі не гаваркія, а тыя, хто дзейнічае”. (Радыё “Свабода”, 23 студзеня 2005 г.)

Назіраючы кандовую мэтодыку КГБ, у нас існавала думка, што ні КГБ, ні Масква ніколі не перамогуць Беларускі Народны Фронт. Становішча пагоршылася, калі нам з С.Навумчыкам давялося эміграваць, а кіраўніком Місіі АБСЭ ў Менску быў прызначаны ў канцы 1997 г. Ганс-Георг Вік (былы кіраўнік зьнешняй разьведкі Нямеччыны). Вік прыступіў да справы прафэсійна і ўзяўся за “объединение всех демократических сил” у супрацоўніцтве з КГБ, скарыстоўваючы фінансавыя магчымасьці заходніх арганізацыяў (гранты і т.п.).

У 2-й палове 1997 года быў ажыцьцёўлены міжнародны гэбоўскі праект “Хартыя-97”. “Хартыя” выконвала ролю разьмеркавальніка і інфарматара (давала прасеяную інфармацыю ў Інтэрнэт). Праз “Хартыю” (у якой фармальна дзейнічала ўсяго некалькі асобаў) у Беларусь ішлі грошы з Захаду на “дэмакратыю без суверэнітэту”.

У пачатку 1998 г. Ганс Вік і КГБ прыступілі да стварэньня так званай “аб’яднанай апазыцыі” і так званага “перамоўнага працэсу” з рэжымам Лукашэнкі. Рыхтавалі ненацыянальную прамаскоўскую альтэрнатыву Беларускаму Народнаму Фронту. Такі падыход задавальняў і лібэральныя колы Захаду (якія трымалі б у Беларусі сваю “апазыцыю”), і маскоўскі гэбізм.

Як толькі была аформлена “аб’яднаная апазыцыя”, у яе пусьцілі заходнія сродкі, і тут жа зьявіўся маскоўскі так званы “Праект Чыгір”. Пад выглядам альтэрнатыўных выбараў прэзыдэнта плянавалася ліквідаваць Беларускі Народны Фронт, уцягнуць яго ў афёру, і, выдаткаваўшы грошы, перабраць людзей і структуры Фронта пад новую арганізацыю. Найбольш непрыгожую, адкрыта шулерскую ролю адыгрываў у гэтай авантуры Віктар Ганчар. Афёру ўдалося праваліць і захаваць асноўныя сілы Беларускага Народнага Фронту. Але Фронт раскалолі. Вялікая група фронтаўцаў (так званыя “прагматыкі”) падтрымала палітыку Ганса Віка і далучылася да “аб’яднанай апазыцыі”. Зялёная мамона завалодала душамі гэтых людзей [сьведчым: па-першае, у 1999 годзе ад Пазьняка адышла не “вялікая група фронтаўцаў”, а большая (!); па-другое, большасьць з тых, хто адышоў, зрабілі гэта не з-за “зялёнага мамона”; але гэты аналіз наперадзе… – Рэд.]. З гэтага часу расейскамоўны так званы “незалежны” друк на Беларусі і заходнія лібэралы сталі “заўважаць” толькі “вікаўскую апазыцыю”, а Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух – ва ўпор ня бачыць.

Наступныя падзеі паказалі вельмі выразна, што так званая “аб’яднаная апазыцыя” і розныя яе мадыфікацыі (тыпу “пяцёрка-плюс”) гэта ёсьць складовая частка лукашэнкаўскага рэжыму, кіруемая спэцслужбамі Масквы і нямецкімі лібэраламі. Адносіцца да яе трэба гэтак жа, як і да Лукашэнкі зь яго групай – зьмятаць з палітычнай сцэны.

За ўвесь час існаваньня гэтай групоўкі і яе імітацыйнай квазі-апазыцыйнай дзейнасьці ў яе не было ніколі, нідзе і ніякіх, нават мінімальных, станоўчых палітычных вынікаў. Сем гадоў [на сёньня восем! – Рэд.] пустапарожняга, паразітнага, антынацыянальнага існаваньня. Адныя правалы, якія яны тупа і пакрыўджана называюць “перамогамі” [але трэба шчыра прызнаць, што ў БНФ па кіраўніцтвам Пазьняка з 1992 па 1999 гады таксама былі толькі “маральныя перамогі”; гэта і стала асноўнай прычынай расколу Фронту. – Рэд.]. Імітатары збэсьцілі ўсе формы барацьбы, сцьверджаныя Народным Фронтам.

Ня буду разглядаць усё, вазьму толькі некалькі прыкладаў антыбеларускіх справаў так званай “апазыцыі”, якія паспрыялі рэжыму. 2001 год, прэзыдэнцкія выбары. Падстаўная “апазыцыя” (у тым ліку “прагматыкі” з БНФ) падтрымліваюць падстаўную кандыдатуру былога капээсэсаўскага функцыянэра У.Ганчарыка. (Таго самага Ганчарыка, члена бюро ЦК КПБ, зь якім Фронт змагаўся на выбарах у 1990 годзе.) Ганчарык ня мог быць нацыянальнай альтэрнатывай Лукашэнку, і народ гэта бачыў. Яго вылучылі ў той час, калі я ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі як прадстаўнік Беларускага нацыянальнага дэмакратычнага Адраджэньня. Але вікаўская “апазыцыя” вылучыла “свайго кандыдата”, які і паспрыяў так званай “элегантнай перамозе” рэжыму.

17 кастрычніка мінулага году адбыўся незаконны рэфэрэндум (злучаны з выбарамі) аб “вечным тэрміне” прэзыдэнцтва Лукашэнкі. “Апазыцыя” сьведама выступіла ў ролі загоншчыка людзей на незаконнае галасаваньне. Рэфэрэндум быў незаконны, супярэчыў Канстытуцыі. Народ не павінен быў падтрымліваць незаконныя дзеяньні ўлады, ня мусіў ісьці на выбарчыя ўчасткі і спрыяць фальсіфікацыі галасаваньня. Пра гэта заранёў было патлумачана. І тым ня менш, яны несумленна зазывалі людзей лёзунгам “Скажы сваё НЕ Лукашэнку”, добра ведаючы пра двулікасьць і марнасьць такога ашуканцкага лёзунгу. (Самы ж цьвердзілі, што галасаваньне будзе сфальсіфікавана, але заклікалі і ішлі.) [гэтая тэза не такая неадназначная; цяпер лукашысты могуць сфальсіфікаваць усё, у т.л. і яўку… – Рэд.].

Гэта вельмі нізкія паводзіны. Пляваць ім на Беларусь і на народ, калі загадалі з Бэрліну і гукнулі з Масквы. Не народ жа ім плаціць зялёныя гранты. Гэта ўвогуле не палітыкі, а прыстасаванцы сістэмы, якія навучыліся паразітаваць на рэжыме і на гульнях у “апазыцыю”. Гэта палітбізнэсмэны на народнай бядзе. Калі пераможа народная Беларусь (а яна пераможа!), некаторыя з гэтых “апазыцыянэраў” пойдуць пад суд, разам са злачынцамі рэжыму.

Антыадраджэнцкая дзейнасьць падстаўной апазыцыі ёсьць па сутнасьці антынацыянальная. Адзін з мэтадаў інфармацыйных паводзінаў гэтых асобаў і так званых “незалежных” СМІ – гэта замоўчваньне вынікаў і перакручваньне падзеяў беларускай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1991 года. Найперш – выкрэсьліваньне з грамадзкай сьвядомасьці імёнаў дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня і гістарычных дасягненьняў гэтай фронтаўскай Апазыцыі. Найгалоўнейшае зь іх – аднаўленьне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.

Менавіта праз цяперашнюю вікаўскую “апазыцыю” праштурхоўваецца фальсіфікатарскі і зьняважлівы для беларусаў тэзіс, што нібыта “суверэнітэт зваліўся беларусам на галаву”. (Як быццам не было мужнага і эфэктыўнага змаганьня БНФ і яго дэпутатаў.) Нагадаю, што ў гісторыі Беларусі ХХ-га стагоддзя былі дзьве вызначальныя падзеі для існаваньня нацыі: гэта Акт 25 Сакавіка 1918 года і вяртаньне дзяржаўнай незалежнасьці (на аснове ідэалаў 25 Сакавіка) змагарамі БНФ у 1991 годзе. Гэтая перамога была ўнікальнай “бітвай пад Воршай”, пра якую будуць зь вялікай пашанай пісаць і гаварыць дасьледчыкі будучай вольнай нацыянальна адроджанай Беларусі. Цяпер жа мы маем справу з палітыкай непрыяцеляў беларускай нацыянальнай ідэі і з паводзінамі нікчэмных прадажных людзей.

Асобы, якія цяпер замоўчваюць і зьневажаюць нацыянальна-дэмакратычную рэвалюцыю, Фронт і Адраджэньне, тады, у 1990-х, таксама не былі прыхільнікамі незалежнасьці і Беларускай ідэі. Вядомая, напрыклад, нізкая роля Дз.Булахава ў антызаконнай забароне рэфэрэндума 1992 года аб першых вольных выбарах. Прэзыдэнцкая кампанія Лукашэнкі ў 1994 годзе была пабудаваная на ідэі рэстаўрацыі савецкага мінулага ды зьневажэньні Незалежнасьці і нацыянальных каштоўнасьцяў. Але такія людзі, як А.Лябедзька, Д.Булахаў, В.Ганчар, Л.Сініцын і інш., падтрымлівалі ўсё гэта і былі ў ягонай групе. Пасьля выбараў Лукашэнка назваў Лябедзьку сваім прадстаўніком у Вярхоўным Савеце, і кожны дэпутат ВС 12-га скліканьня памятае, як паслухмяна і аддана Лябедзька выконваў лукашэнкавыя “ініцыятывы” (прасоўваньне закону пра “вертыкаль”, блякаваньне прыняцьця закону Аб выбарах па зьмешанай прапарцыйна-мажарытарнай сістэме, стараньні аб зьняцьці забароны на дзейнасьць ВЛКСМ і г.д.).

Ці вось “сьвежы” прыклад – чарговая імітацыя дзейнасьці – так званая “антыядзерная ініцыятыва” экс-дэпутата лукашэнкаўскай “палаты” У.Парфяновіча. “Ініцыятары” робяць выгляд, што не існуе ні нацыянальнай гісторыі, ні гісторыі антыядзернага змаганьня на Беларусі, ні вынікаў змаганьня БНФ супраць пабудовы АЭС. Пры бліжэйшым разглядзе такіх падыходаў заўсёды высьвятляецца, што тут не прафанацыя дылетантаў, а менавіта пазыцыя, пазыцыя непавагі да гістарычнага змаганьня нацыі за сваё народнае існаваньне.

Коратка нагадаю ўжо вядомае. У другой палове 1980-х гг. зьявіўся таемны плян камуністычных партыйных структураў аб пабудове атамнай электрастанцыі (тыпу Чарнобыльскай) на тэрыторыі Віцебскай вобласьці. Улады хацелі падрыхтаваць дакумэнтацыю без афішаваньня, каб паставіць насельніцтва перад фактам. Плян гэты ў 1988 годзе выявіў і раскрыў грамадзкасьці Сяргей Навумчык. Ён стварыў ініцыятыўную групу (якая стала суполкай БНФ) і сабраў некалькі дзясяткаў тысячаў подпісаў супраць будаўніцтва АЭС. Зацятае змаганьне ператварылася ў народнае рушэньне і скончылася перамогай фронтаўцаў. Гэта была (тады, у 1988 г.) адна з першых рэальных перамог актывістаў БНФ і адзіная (!) перамога над плянамі ядзернай мафіі АЭС у тагачасным СССР.

Дадам, што антыядзерная дзейнасьць потым стала складовай часткай вялікай (і эфэктыўнай) фронтаўскай ініцыятывы па раскрыцьці праўды аб наступствах Чарнобыля на Беларусі, якая была засакрэчана ўладамі КПСС. Дарэчы, у 1990 г. па прапанове С.Навумчыка нам (дэпутатам БНФ у Вярхоўным Савеце) удалося ўключыць у Дэклярацыю аб Дзяржаўным суверэнітэце Беларусі і адстаяць тэзіс аб без’ядзернасьці Беларусі.

Чаго вартыя цяперашнія “ініцыятывы” квазі-апазыцыі, не абапертыя на нацыянальныя каардынаты, і чаму яны без каардынатаў – зразумела.

Аснову “кіруемай апазыцыі” складаюць людзі з першапачатковай групы Лукашэнкі, тыя, якія потым дапамагалі яму гробіць усё беларускае, праштурхоўваць рэфэрэндум аб забароне гэрбу “Пагоня” ды беларускага нацыянальнага сьцягу, аб “двуязычии” і т.п. Гэта найперш А.Лябедзька, В.Ганчар (зьнік бязь вестак), Д.Булахаў, У.Нісьцюк, А.Фядута, Л.Сініцын, М.Чыгір, М.Марыніч і інш. Ніхто зь іх ня мае маральнага права пасьля ўсяго, што яны натварылі, балятавацца ні на якія выбарныя пасады, а зь некаторымі яшчэ трэба будзе ўвогуле разабрацца наконт іхняга ўкладу ў справу рэжыму “чэснага прэзыдэнта”.

Апошні выверт падстаўной “апазыцыі” – знайшлі кандыдатуру на ганчарыка (гэта значыць на прэзыдэнта Беларусі ад групоўкі “пяцёрка плюс”). Ім названы па прапанове былых фронтаўцаў (В.Вячорка) кіраўнік камуністаў С.Калякін. Гэта той самы Калякін з былой райкомаўскай намэнклятуры, які ў 1990-х гадах быў старшынёй Савецкага райвыканкама г.Менска, і, які апантана супраціўляўся ўрадавай палітыцы незалежнай Беларусі ў адкрыцьці новых беларускамоўных школаў (ужо ня кажам пра яго антыфронтаўскую пазыцыю).

– Народ, відаць, не падтрымае, – сказаў пра гэтага “кандыдата” яшчэ адзін казак палітычнай бязглузьдзіцы (Ю.Хадыка), – а БНФ (гэта ён пра сябе) – падтрымае.

Чакаецца вылучэньне іншых ганчарыкаў.

Сорамна мне, што гэтыя людзі некалі былі побач са мной. Брыдка глядзець на іхную палітычную дэградацыю”.

Зянон Пазьняк

2 каментарыя

  1. На вялікі жаль, хто ні вельмі цікавіўся палітыкай, чытай падзеямі ў краіне і людзьмі,
    якія рабілі палітыку сапраўды, ні мелі той інфармацыі, пра гэта адмыслова замоўчвалася,
    каб людзі ні ведалі аб сапраўдзішніх гістарычных падзеях, якія тварыліся ў ВС 12 склікання.
    Добра помняцца тыя часы, калі людзі беглі да тэлевізараў, каб паслухаць бэнээфаўцаў.

  2. Вінцук Вячорка кажа:

    Выпадкова натрапіў тут на згадку свайго прозьвішча, шукаючы матэрыялы з гісторыі БНФ.
    Пазьняк піша: “Апошні выверт падстаўной “апазыцыі” – знайшлі кандыдатуру на ганчарыка (гэта значыць на прэзыдэнта Беларусі ад групоўкі “пяцёрка плюс”). Ім названы па прапанове былых фронтаўцаў (В.Вячорка) кіраўнік камуністаў С.Калякін”.
    Не цытата, а песьня. Зь яе я ўпершыню даведаўся пра “вылучэньне Калякіна мною” (а калі за гэтыя гады ніхто іншы не паўтарыў такога “факту”, значыць, усе разумеюць, якое гэта глупства).
    Па-другое, гэта добрая ілюстрацыя залежнасьці З. Пазьняка ад сваіх “інфарматараў”, найперш нейкага Буйвала (ён жа Янка Базыль). Чыё заданьне пасьпяхова выканаў Буйвал, рэгулярна засыпаючы Пазьняка хлусьнёй, можна толькі здагадвацца.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы