nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Канферэнцыя “Беларуская нацыянальная ідэя”. Тэма застаецца адкрытай…

10 ліпеня, 2007 | 3 каментарыя

кÐ�Ð�Ñ�3.GIF 

Надыйшоў час выставіць на наш сайт адзін з апошніх раздзелаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Беларуская нацыянальная ідэя” (Гродна, 18-19 красавіка 1999 г.). Гэта – матэрыялы дыскусіі, якая адбылася ў завяршэньні другога дня працы канферэнцыі, працягвалася дзьве гадзіны і была запісана на магнітафон (выказаліся, часта па некалькі разоў, 20 чалавек). Вядоўцам дыскусіі быў Сямён Домаш. З нагоды варта нагадаць, што гэты чалавек быў старшынём Гродзенскага аблвыканкаму, сьвядома зышоў з гэтай пасады пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі, быў старшынём Каардынацыйнага камітэта “Гродзенская ініцыятыва”, сябрам Прэзідыуму Вярхоўнага Савета ХІІІ скліканьня, у 2001-м годзе быў зарэгістраваным кандыдатам у прэзідэнты, але зьняў сваю кандыдатуру на карысьць “адзінага кандыдата ад апазіцыі” Ганчарыка (хаця той выбіўся ў “адзіныя” праз двайное ашуканства). Паводзіны С.Домаша – рэдкі выпадак выключна прыстойных паводзінаў палітыка ў найноўшай беларускай гісторыі…   Зьвесткі аб ўдзельніках дыскусіі прыведзены на час правядзеньня канферэнцыі.

Рэдакцыя.

 

МАТЭРЫЯЛЫ  ДЫСКУСІІ

 

Вядоўца (Сямён Домаш): Паважаныя сябры. Мы правялі з вамі тры паседжанні, зараз у нас завяршальны этап – гэта дыскусія. Перш чым пачаць, хацелася б абмеркаваць з вамі некалькі пытанняў, ці ўзгадніць, калі больш дакладна.

Па-першае, павінен вам паведаміць (аб гэтым ужо некалькі разоў гучала на канферэнцыі і ў заяве Алеся Астроўскага), што па выніках гэтай канферэнцыі мы збіраемся выдаць зборнік усіх матэрыялаў, якія былі нам дасланыя, яшчэ, магчыма, будуць дасланыя і якія былі агучаны на канферэнцыі. У нас матэрыяльная магчымасць такая ёсць, і можна зараз поўнасцю разлічваць на тое, што праз пэўны тэрмін, пасля таго, як рэдакцыйная камісія адрэдагуе ўсе матэрыялы, мы зможам выдаць такі зборнік, які, спадзяемся, будзе мець вялікае значэнне для распрацоўкі беларускай нацыянальнай ідэі.  … А цяпер вызначым тэмы для абмеркавання. Трэба было б (з улікам таго, што мы праводзім на працягу двух дзён навукова-практычную канферэнцыю, вядзем размову аб беларускай нацыянальнай ідэі) вызначыцца, хаця б прыкладна, на конт фармулёўкі беларускай нацыянальнай ідэі. Як, на ваш погляд, на вашу думку, павінна выглядаць гэтая фармулёка. Другое пытанне. Я хачу параіцца. У апошні час, асабліва з расійскага боку, паступае вельмі многа такіх адмоўных ацэнак на адрас беларускага нацыянальнага адраджэння. Яно называецца не чым іншым, як нацыяналізмам, у самым такім негатыўным плане. У нас узнікла думка. Можа, нам ёсць сэнс пісьмова, ад імя канферэнцыі, звярнуцца ў АБСЕ ці іншую якую міжнародную арганізацыю, каб яны вызначылі са сваімі экспертамі: усё ж такі існуе ў нашых беларускіх арганізацый, партый ці рухаў, якія змагаюцца за беларускае нацыянальнае адраджэнне, нацыяналізм у негатыўным плане ці гэта здаровае жаданне адрадзіць нашу беларускасць?

 

Выступы  з  месцаў.

Станіслаў Суднік (рэдактар газеты “Наша слова”, сябра Сойму БНФ, сябра Рэспубліканскай Рады ТБМ, Ліда): Учора была аналагічная сітуацыя на з’ездзе ТБМ. Там было прапанавана Мінскай гарадской арганізацыяй звярнуцца да ЮНЕСКА, каб абвясціць 2000 год годам беларускай мовы. З’езд прагаласаваў супраць. Гэта наша справа, а не ЮНЕСКА. Не адзін год павінен быць годам беларускай мовы. Што датычыцца неабходнасці фармулявання беларускай нацыянальнай ідэі – безумоўна трэба. Крэда беларускай шляхты складалі тры словы: “Бог, гонар, Айчына”. Яны цвёрда стаялі на гэтым. І ў такой паслядоўнасці стаялі: Бог на першым месцы, гонар – на другім, Айчына – на трэцім. І таму яны лёгка прымалі беларускую мову. Было крэда, і яны выконвалі. І мы павінны стварыць вось такое нацыянальнае крэда, можа быць, адным сказам: ад нацыянальнага да агульначалавечага. Такую фармулёўку трэба абавязкова зрабіць.

Вядоўца: Такім чынам, мы другое пытанне здымаем з абмеркавання. Як я зразумеў, трэба вызначыцца з фармулёўкай беларускай нацыянальнай ідэі. Мы падышлі да абмеркавання першага пытання. Чаму мы прапануем сёння нейкім чынам акрэсліць гэтую фармулёўку: таму што тое, што вы гаворыце, спатрэбіцца рэдакцыйнай камісіі. Але ёй спатрэбіцца яшчэ і нешта накшталт нататак. Гэта патрэбна, бо камісія – пяць чалавек, якіх мы вызначылі, – яна можа потым штосьці такое вызначыць толькі з улікам агульнай думкі, агульнага падыходу. Вось што маецца на ўвазе. Зараз давайце пачнем абмеркаванне фармулёўкі беларускай нацыянальнай ідэі. Даецца па тры хвіліны на выступ ад мікрафона.

Юры Хадыка (доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар інстытута фізікі НАН Беларусі; намеснік старшыні БНФ “Адраджэньне”, прарэктар Народнага універсітета, Мінск):  Нават калі Вярхоўны Савет 12-га ці 13-га склікання, як прадстаўнічы ворган, які рэпрэзентуе ўсю краіну, паставіў бы праблему сфармулявання нацыянальнай ідэі, гэта было б смешна. Таму што нацыянальная ідэя не ўсталёўваецца галасаваннем нават такой паважанай кампаніі. Якія яна мае правы? Увогуле, усе гэтыя думкі, якія кожны з нас тут выказаў, будуць надрукаваны. Я думаю, што ніякай камісіі з пяці чалавек не мае ніякага сэнсу даручаць нешта такое. У нас з вамі ёсць нейкія агульныя моманты, ёсць нейкія дыскусійныя моманты, і мэта навуковага падыходу ў тым, каб згладзіць гэтыя супярэчнасці. Для гэтага і праводзяць дыскусіі. Штосьці мы можам падтрымаць. Напрыклад, вельмі цікавую ідэю, якую выказаў адзін малады чалавек (яна не гучала ў астатніх). Гэта праблема рэстытуцыі помнікаў. Помнікі – гэта матэрыялізаваная гістарычная памяць. Я лічу, што трэба было б, каб гэтую праблему ўсе так ці інакш узнімалі ў працэсе сваёй дзейнасці. Ці звярталіся да ірацыянальнай, казачнай ідэі, якую паставіў Суднік. Вось гэта трэба абмяркоўваць. Я прапаную не ставіць нават такую задачу, каб мы з вамі зараз вырашылі, як павінна выглядаць беларуская нацыянальная ідэя. Гэта перабольшванне паўнамоцтваў навуковага сходу.

 

Вядоўца: Юры Віктаравіч, дзякуй Вам. Мы якраз і мелі на ўвазе: ніякай канктрэтнай фармулёўкі, за якую мы будзем галасаваць. Мелася на ўвазе, каб мы сканцэнтраваліся на адным канкрэтным пытанні – абмеркаванні беларускай нацыянальнай ідэі – і проста выказваліся. І не болей. Усяго толькі. Усё ясна? Прыступаем да дыскусіі і абмяркоўваем.

 

Станіслаў Суднік: Па-першае, калі мы не паўнамоцныя (скажам так: ніхто нам тых паўнамоцтваў не даваў) выпрацаваць нацыянальную ідэю, то мы, у прынцыпе, паўнамоцныя выпрацаваць формулу нацыянальнай ідэі. Мы павінны зрабіць так, як казала ўжо спадарыня (не ведаю прозвішча). Мы павінны гэта зрабіць, як гэта зроблена ўжо даўно ў любой рэлігіі (маю на ўвазе сімвал веры). Ёсць кароткі сімвал веры, ёсць поўны сімвал веры. Зрабіць кароткую формулу нацыянальнай ідэі і расшыфраваную поўную формулу нацыянальнай ідэі, каб там дасканала было сказана пра ўсякую нацыянальную дзяржаву, нацыянальную эканоміку, нацыянальную культуру. Вось гэта, у прынцыпе, мы і павінны зрабіць. Дзякуй.

 

Лявон Баршчэўскі (Кандыдат філалагічных навук; в.а. старшыні БНФ “Адраджэньне”, Мінск): Я хацеў бы з формулы і пачаць, таму што фактычна гэта ёсць працяг майго ўчарашняга выступу – тое, як ідэя павінна гучаць, каб яна выглядала як пераемнасць мінуўшчыны і выглядала праектам для будучыні. У прынцыпе, формулу “Беларусь – наш еўрапейскі дом” можна было б вынесці на такое абмеркаванне. Што ў гэтай форме ёсць: у ёй ёсць пераемнасць ад нашай мінуўшчыны: мы ўсведамляем, што мы – еўрапейская нацыя. І ёсць мэта, бо сёння мы стаім на раздарожжы. Дом – гэта ўтульнасць, гэта тое, што на ўзроўні біялагічна ўсведамляльным, тое, што вабіць кожнага чалавека. У прынцыпе, кожны беларус хоча мець дом. Гэта аксіёма. Свой, пажадана асобны, а не кватэру ў шматпакаёвым доме. І арыентацыю. Што адразу адрознівае нас, скажам, ад “Наш дом  – Расія”. “Наш дом  – Расія”: а які дом? Азіяцкі, мангола-татарскі, еўрапейскі – ніхто не ведае. Таму я гэтую форму прапаную і для назвы зборніка, і для абмеркавання. Дзякуй.

 

Станіслаў Урбановіч (кандыдат фізіка-матэматычных навук, старшы навуковец Інстытута фізікі цвёрдага цела  НАН Беларусі, Мінск): Ад сябе хачу адразу заўважыць, што нацыянальная ідэя, з майго пункту гледжання, павінна выйсці за тыя шырокія колы ў вузкіх акадэмічных колах. Для гэтага яна павінна ўключаць некаторыя праблемы, якія хвалююць простых людзей,  якіх больш усё ж такі, чым акадэмікаў. Я маю на ўвазе і эканамічныя праблемы, і праблемы дабрабыту. І другое, што я хацеў бы сказаць: мы не павінны ні перад кім апраўдвацца. Ні перад русафобіяй, ні русафіліяй, ні перад чым іншым. Мы павінны абвяшчаць тое, што мы сабой уяўляем, але абапіраючыся пры гэтым на прынцыпы старажытнага Рыма, на прынцып невінаватасці. Тое, што мы беларусы і нечым адрозныя ад расійцаў, неграў і другіх, то гэта не наша воля.

 

Ігар Міклашэвіч (кандыдат фізіка-матэматычных навук, дактарант каф. тэарэтычнай механікі БДПА, Мінск): Я згодны з кароткай фармулёўкай, якую прапанаваў Лявон Баршчэўскі. Адзінае, я крышку дапоўню. Паколькі фармулёўка мае характар больш канстатацыі і недастаткова скіроўвае на перспектыву. Я бы дадаў радок, кшталту рэдагавання: “…і нам у ім жыць”. Мы будзем жыць, мы будзем тут, і мы нікуды адсюль не дзенемся. Гэта яскравае выкладанне нашай перспектывы і нашай упэўненасці ў тым, што ў нас гэтая перспектыва ёсць і павінна быць. Мы зараз абмяркоўваем кароткае крэда  веры. Пры магчымай нейкай фармулёўцы разгорнутага сімвала нацыянальнай веры, калі можна так вобразна сказаць, я прасіў бы ўлічваць (ужо нават згодна нашым абмеркаванням), што паняцце нацыянальнай ідэі распадаецца на шэраг звязаных, але асобных  паняццяў: нацыянальна-эканамічнай дзейнасці, нацыянальнай дзяржавы, стратэгіі нацыянальнай будучыні і г.д. І гэтая разгорнутая фармулёўка павінна была б асобнымі пунктамі (фразамі) уключаць гэтыя асобныя складнікі адзінай злучнасці, якая завецца “нацыянальная ідэя”.

 

Зміцер Абразцоў (інжынер-металург завода “Зеніт” у г. Вілейка, старшыня Свабоднага прафсаюза работнікаў завода “Зеніт”, сябра Сойму БНФ “Адраджэньне”, старшыня Вілейскай раённай Рады БНФ “Адраджэньне”, Мінская вобл.): Я думаю, што як працэс нацыянальная ідэя ёсць, як гэта ўжо гучала, самаўсведамленне: хто мы, адкуль і куды ідзем. Як канцэпцыя – гэта неабходнасць самаарганізацыі нацыі ў незалежнай, прававой, дэмакратычнай дзяржаве і заканамернасці яе функцыянавання. Як лозунгавую, сціслую фармулёўку я б яе акрэсліў такім чынам: “Свабода, Права, Беларусь”. Чаму Свабода? Свабода – як дар Божы і  дадзена ад Бога. Кожнай істоце – свабода, і ніякага апраўдання тым, хто нам не дае рэалізаваць сябе як тварэнне Боскае, не будзе. Таму Свабода, і Права – як механізм рэалізацыі свабоды ў дзяржаве, і Беларусь – як тое, што ў дакладах абмяркоўвалася, – наш Дом.  Што тычыцца разгалінавання, якое прапануецца, то я думаю, што гэты падыход вельмі важны і неабходны, але толькі з таго моманту, калі мы дойдзем да выкладання неабходнасці самаарганізацыі Беларусі. Далей можна гаварыць пра палітыку як сферу самаарганізацыі, эканоміку як сферу падзелу і ўсё астатняе. Дзякуй за ўвагу.

 

Міхаіл Палтавец (святар царквы хрысціян-адвентыстаў сёмага дня, па адукацыі гісторык, Масты, Гродзенская вобл.; выступаў па-руску):  Са свайго боку, у кантэксце майго выступу я хацеў бы прапанаваць такую фармулёўку: беларуская нацыянальная ідэя не як падстава, а як сродак да адзінства, да пазнання Бога, стваральніка неба і зямлі. Я хацеў бы звярнуць на гэта ўвагу, бо гэта самая галоўная частка сапраўднай нацыянальнай ідэі. Я хачу весці гаворку пра сапраўдныя нашыя карані, г.зн. адкуль мы паходзім. Ад чалавечага кораня або ад духоўнага, нябеснага? Чый мы вобраз? Мы павінны ўсе вярнуцца да Бібліі, у якой гаворыцца, хто мы ёсць у сапраўднасці. Хрыстос гаворыць: “Шукайце найперш у царствіі Божым, астатняе ўсё прыложыцца”; “Усё, што насадзіў не Бацька Нябесны, тое выкараніцца”. Мы павінны разважаць, што насадзіў Бацька Нябесны, а што не насадзіў. Усё, што мы маем – адкуль гэта. Біблія нам многае адкрывае.

 

Валянцін Міхедзька (выкладчык Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, асістэнт кафедры гісторыі Беларусі, Гомель):  Я вось паслухаў Лявона Баршчэўскага і лічу, што лозунг “Наш дом – Беларусь”  бліжэйшы для тых, хто жыве ў расійскай прасторы, атаесамляецца з расійскімі палітычнымі рэаліямі, бо адчуваецца нейкая другаснасць, запазычанасць, пэўная штучнасць. Таму, магчыма, ёсць сэнс адмовіцца ад увогуле нядрэннага рашэння. Магчыма, ёсць сэнс пайсці па шляху прыяднання да назоўніка “Беларусь” нейкіх усім зразумелых і жаданых прыметнікаў накшталт “вольная”, “заможная”, “незалежная Беларусь”. І гэты шэраг можна працягваць.

 

Валерый Леванеўскі (прадпрыймальнік, адзін зь кіраўнікоў прадпрыймальніцкага руху ў Гародні; выступаў па-руску): Я бы вось што хацеў акрэсліць. Мы павінны вызначыцца, для якога кола людзей павінна быць выпрацавана фармулёўка нацыянальнай ідэі – вялікага або вузкага. Калі для вялікага, то мы павінны выказацца проста і зразумела. Трэба, каб яна была зразумелая кожнаму, каб кожны мог вызначыцца, падтрымлівае ён гэтую ідэю або не. Таму што калі выказвацца той мовай, на якой мы ваказваемся тут на канферэнцыі, за выключэннем некаторых, то, у прынцыпе, звычайны чалавек паслухае і нічога не зразумее.  Гэта першае. Другое. Мы павінны вызначыцца, хто такі беларус. Усе гэтае пытанне абыходзяць. Чаму ўзнікаюць такія паняцці, як “нацыяналізм” і іншыя? Бо яшчэ ніхто ў СМІ з апазіцыі не выказаўся на конт таго, хто такі беларус. Беларус – гэта той, хто лічыць сябе беларусам, або гэта нейкая асаблівая форма чэрапа і іншае. Калі мы вызначымся, што беларус – гэта стыль душы, а ўсё астатняе другаснае, гэта будзе адно. Калі мы будзем заключаць беларуса ў нейкія межы, як некаторыя спрабуюць гэта зрабіць, я лічу, што і далей будзем адыходзіць ад насельніцтва і ніякага толку не будзе ні з нацыянальнай ідэяй, ні з чым іншым. Па-трэцяе, трэба вызначыцца з тэрытарыяльным пытаннем. Таму што калі сцвярджаецца, што “Наш дом  – Беларусь”, то паўстае пытанне: у якіх межах?  Еўрапейскі, або як адміністрацыйная адзінка? Або гэта чыста ўмоўна: дзе беларус знаходзіцца, дзе ён жыве – там яго дом. Няхай гэта будзе Польшча, Расія. Ён беларус, гэта яго дом. Вось калі гэтыя пытанні будуць зразумелай мовай растлумачаны, то, я думаю, і пытанне нацыяналізму здымецца, і аднадумцаў па нацыянальнай ідэі будзе больш.

 

Юры Хадыка: Я на такога роду сходах, дзе такія думкі, часам адчуваю сябе такім сухім рацыяналістам, нават схаластам. Мне не падабаецца, калі не адчуваецца і не сфармулявана хаця б схема, структура таго, што мы хочам зрабіць. Я ведаю адзін цудоўны прыклад нацыянальнай ідэі – гэта Біблія.  Я тут разважаю не як евангелік, а цалкам як рацыяналіст. Што такое Біблія? Там ёсць міт аб паходжанні, там ёсць закон. Пяць кніг Маісея, гэта закон. Гэты закон можна звесці да 10 вядомых фармулёвак. Можна звесці да адной фразы. Таму што, калі Адам заключыў дамову з Богам, Бог сказаў: “Калі будзеш выконваць мой закон, то памножу нашчадкаў тваіх, як пясок марскі”. Вось нацыянальная ідэя габрэяў. Ідэя жыцця. Калі паглядзім далей, то што там ёсць? Там ёсць гісторыя, сакралізаваная гісторыя народу, там ёсць прарочыя кнігі, там ёсць філасофскія разважанні на гэтую тэму, там ёсць паэзія, вершы. Гэта, мне здаецца, найвыдатнейшая схема таго, што трэба зрабіць. Мы зацыкліліся на самай кароткай фармулёўцы. Дом гэта, храм гэта з усімі дадаткамі – гэта ўсё роўна ідэя жыцця. Ідэя выжывання народу. Яна можа быць рознымі словамі перададзена. Але мы павінны разумець, што для таго, каб наша ідэя стала на такі ўзровень, тут павінны быць і перагляд гісторыі, і спекуляцыі на конт гістарычнага паходжання з глыбінь тысячагоддзяў. Гэта ёсць заўсёды міт. І ўсё гэта мае поўнае права для нацыянальнай ідэі. Але габрэі кананізавалі гэтую нацыянальную ідэю толькі праз 1000 гадоў яе існавання. І там была рэдакцыйная калегія, там адабралі ўсё тое, што слушнае і што не; а зараз пакуль што ў нас няма такой  патрэбы ўводзіць кананізацыю, таму што мы толькі ствараем гэты комплекс паняццяў, уяўленняў. І, па-мойму, не трэба занадта многа спрачацца, а згадзіцца з тым, што нацыяналізм (гэта для моладзі) крывавы з  імперскага пункту погляду. Імперыя заўсёды крывава задушала нацыянальныя рухі. Па праўдзе ж тое, што адбываецца, – гэта жыццядзейны працэс. Нацыя наша адраджаецца, і нашыя людзі абавязаны дапамагчы ёй зрабіць гэта як мага хутчэй і як мага дасканалей.

 

Станіслаў Урбановіч: Рэпліка папярэдняму аратару. Так гэта было 2000 гадоў таму. Я раю падумаць, як быць з тым, калі паглядзець на каляндар і  на нашу сітуацыю.

 

Алег Пятровіч (кандыдат тэхнічных навук, выкладчык кафедры энэргазберажэння, гідраўлікі і цеплатэхнікі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, Заслаўе, Мінская вобл.): Наконт календара. Каляндар вядзецца ад Раства Хрыстова. Адразу выкажу сваю пазіцыю наконт гэтага пытання. У пачатку ХХ стагоддзя галоўную нацыянальную ідэю беларускага народу Янка Купала выказаў у закліку-патрабаванні “Людзьмі звацца!”. Я б хацеў да гэтага дадаць: “Людзьмі звацца і быць па вобразе і падабенстве Божым”. Каб пазбавіцца ад рабства граху, каб атрымаць унутраную свабоду і годнасць праз учынкі, дастойныя пладоў пакаяння. Мы ведаем, што гэта было адной з асноваў адраджэння Германіі пасля другой сусветнай вайны. Гэта зноў хрысціянская ідэя, ідэя пакаяння. Зараз праблема, якая існуе і застаецца ў нашым грамадстве, у тым, што ў нас няма сапраўднага, аўтарытэтнага перакладу беларускай Бібліі. Мы шмат гаворым аб хрысціянстве, але ж увага ў грамадстве гэтаму пытанню не надаецца належным чынам, у тым ліку і нацыянальна свядомай інтэлігенцыяй. Гэта агульнахрысціянская праблема, праблема нашага з вамі адраджэння.

 

Васіль Жыбуртовіч (Прадпрымальнік, сябра прафсаюза прадпрымальнікаў, матэматык, Гродна): Галоўная тэндэнцыя развіцця чалавецтва – самаарганізацыя грамадства, рост талерантнасці народаў, рэлігійныя расколы, дэмакратызацыя эканомікі, разбурэнне манаполій, у тым ліку і дзяржаўных, на ўладу, маёмасць, зямлю, фінансы, ідэалогію – патрабаванне часу. Многія лічаць гэтыя працэсы знішчэннем парадку, маральных, культурных ды іншых духоўных каштоўнасцяў. У сапраўднасці ж парушаецца толькі жалезны парадак, зніжаецца дэтэрмінаванасць грамадства, актывізуюцца працэсы яго самаарганізацыі, паскараецца развіццё грамадства, прагрэс усяго чалавецтва, усталёўваецца новы дэмакратычны парадак. У цывілізаваным свеце ідэя самаарганізацыі ў літаральным сэнсе ўзята на ўзбраенне. Гэта відаць з артыкула, які я тут распаўсюджваў. Ідэя самаагранізацыі ўсё больш пранікае ў грамадскую думку дзяржаваў, што сталі на шлях развіцця, і постсацыялістычных. Відавочна, што яна адраджаецца як стрыжань нацыянальнай ідэі на Беларусі. Чалавецтва крочыць да талерантнасці народаў, у якой, як вядома, беларускае паходжанне і мілагучны акцэнт нашай Бацькаўшчыны. Я лічу, што нацыяналістычны і рэлігійны падыходы звужаюць магчымасць выбару, змяншаюць разнастайнасць грамадства. Таму мы і не называем гэта беларускай нацыянальнай ідэяй – мы завем гэта ідэяй развіцця ўсіх нацыяў. У Беларусі не адна беларуская нацыя, таму  трэба ставіць пытанне не пра беларускую нацыянальную ідэю, а пра нацыянальную ідэю на Беларусі.

 

Станіслаў Суднік: Першы пункт, што тычыцца нацыяналізму: я лічу, што можаце даручыць самаму талковаму; калі не маеце талковага, можаце даручыць мне (смех), увесці ў зборнік такі артыкул: “Беларускі нацыяналізм як найвышэйшая праява беларускага патрыятызму”. І ўсё. І тут мы расставім усе кропкі над “і” з нацыяналізмам. Для таго, каб паступіць у ўкраінскую армію, афіцэр павінен быў так адказваць на ваенным савеце. У яго пытаюцца: “Што такое нацыяналізм?” – “Найвышэйшая праява патрыятызму”. – “Прыняты”. Цяпер наступнае. Быў такі вялікі чалавек Чынгіз-хан. Ён гаварыў: “Калі робіш – не бойся, калі баішся – не рабі”. Давайце не будзем баяцца зрабіць памылку, давайце не будзем баяцца недакладна вызначыць гэтую ідэю. Давайце мы яе вызначым. Будзе другая канферэнцыя, акадэмічная – паправяць словы, пераставяць месцамі, але давайце вызначым.

 

Уладзімір Мароз (сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза беларускіх кінематаграфістаў, адказны сакратар часопіса “Бярозка”, Мінск): Мне, па-першае, здаецца, што трэба паспрабаваць у кароткай форме акрэсліць нацыянальную ідэю. Па-другое, мне здаецца, што тут павінна прысутнічаць слова “храм”. Я прапаноўваю свой варыянт, і мы нічога не прыдумаем лепш за класіка, у нашым выпадку Уладзіміра Караткевіча: “Гэты край – твой дом і сабор”. Калі адрэдагаваць, то атрымліваецца: “Беларусь – наш дом і сабор”. Тут няма вялікай розніцы – храм ці сабор.

 

Павал Мажэйка (студэнт гістарычнага факультэта ГрДУ, Гродна): Хачу прапанаваць сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю ў тэарэтычным выглядзе, скажам, у трох пунктах: Мова, Нацыянальны гістарычны канон, Гонар. Тлумачу. З мовай – зразумела. Валоданне беларускай літаратурнай мовай – гэта адна з асноўных складовых частак свядомасці. Другое. Што такое нацыянальны гістарычны канон. Гэта веданне асноўных вехаў сваёй нацыянальнай гісторыі. Тут узнікае пытанне. Я, дзякуючы нашай сістэме адукацыі, добра ведаю рускую мову і, не горш за беларускія, ведаю вехі расійскай гісторыі. Але чаму я не ўсведамляю сябе рускім, а менавіта беларусам? Тут трэці пункт – гонар. Якімі падзеямі сваёй мінуўшчыны я ганаруся. Можна ганарыцца беларускімі старонкамі Суворава, ці Пятра І і г.д. Можна ганарыцца Кастусём Астрожскім, ВКЛ, Сапегам, Каліноўскім і г.д. Таму яшчэ раз паўтараю: Мова, Канон, Гонар.

 

Зміцер Абразцоў: Я думаю, на гэтай канферэнцыі не прагучаў адзін аспект беларускай нацыянальнай ідэі. Гэта сістэма ўнутранай самаарганізацыі прававой дэмакратычнай дзяржавы. Гэта вялікі пласт. І я думаю, калі гэтая канферэнцыя будзе першая і апошняя, мы яшчэ на 10 гадоў адкоцімся. Таму ў планах тых, хто яе распачаў, павінна абавязкова быць распрацоўка далейшага пошуку. Можа быць, з меншымі дакладамі, магчыма, больш працяглымі, канцэптуальнымі, каб іх можна было б далей прапрацоўваць. Мне здаецца вынікам нашай сустрэчы павінна стаць падрыхтоўка нас – як соцыуму, нацыі, этнасу, беларусаў – да таго, каб мы ўзялі на сябе адказнасць за тую зямлю, на якой існуем. Калі мы гэтую адказнасць у выніку гэтых усіх прац здолеем на сябе ўзяць, значыць, і ўсе людзі скажуць за гэта “дзякуй” за гэта. Мы ж не бярэм адказнасць за Украіну, Нямеччыну… Там свае бяруць. Дзякуй за ўвагу.

 

Міхал Патрэба (выкладчык каф. беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства ГрДУ, старшыня Гродзенскай рэгіянальнай арганізацыі БСДП “Народная Грамада”, Гродна):  Цяжка вызначыць невызначальную ў прынцыпе катэгорыю, такую няпэўную, як нацыянальная ідэя. І таму колькі людзей будуць яе вызначаць, столькі і будзе вызначэнняў. Я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на тое, што мы цяпер ступаем на той шлях, па якім еўрапейскія цывілізаваныя народы  прайшлі да сярэдзіны мінулага стагоддзя. І мы  паўтараць іх шлях ужо не можам. Умовы ў свеце і ў нашай краіне абсалютна іншыя. Вярнуцца назад мы не можам, можам ісці толькі наперад. Новую нацыянальную дзяржаву на Беларусі мы можам збудаваць толькі калі будзем трымацца цывілізацыйных прынцыпаў. Трыяду Судніка я хацеў бы перайначыць на цяперашні лад: гэта плюралізм, талерантнасць, Айчына. Толькі на гэтым шляху можа ўзнікнуць новы беларускі народ, новая нацыянальная беларуская ідэя. Толькі на такім шляху беларусы змогуць асіміляваць усіх іншых.

 

Аляксей Мікуліч (антраполаг, доктар біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнiк Аддзела антрапалогii i экалогii Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii, сапраўдны член Мiжнароднай акадэмii экалогii; старшыня Беларускай экалагічнай партыі зялёных (БЭПЗ), Мінск): Я нават пашкадаваў сёння, што прыехаў сюды з гістарычнымі аспектамі сваіх даследаванняў, а не з паловай асабістых даследаванняў экалагічных. Рэч у тым, што я, амаль упершыню ў антрапалагічнай навуцы, абараніў доктарскую дысертацыю, дзе гучыць: “Генагеаграфія насельніцтва Беларусі: гістарычны і экалагічны аспекты зменнасці”.  І вось мне падаецца, што тая гармонія чалавека мінулага з прыродай якраз і захавала да сёння беларусаў такімі, якія яны ёсць. І фальклор якраз на лоне прыроды ўтварыўся. Тут так хораша гаварылі пра фальклор. Жніўныя песні такія захаваліся толькі на Беларусі. Мяне гэта здзіўляла. Я пытаўся ў музыказнаўцаў: “Як жа: а Расейская раўніна, жытнія палі? Чаму ж там не захавалася?” Там качэўнікі. Там качавалі людзі. А мы тут, на гэтых ландшафтах жылі, тут мы былі тутэйшыя заўсёды. І мне здаецца, што ў гэтай канцэпцыі якраз экалагічны падыход павінен прысутнічаць абавязкова. Я гатовы папрацаваць ці іншы бок падасць арганізатарам, але гэта  абавязкова павінна прысутнічаць. Рэч у тым, што мы кожны асабіста нібыта разумеем страшэннае спажывецкае стаўленне да прыроды, разумеем экалагічную небяспеку, якая існуе, а калектыўна забываемся цалкам пра гэта, ідзем стройнымі радамі да канца ў гэтай страшэннай экалагічнай небяспецы – хімічнай, радыялагічнай, псіхалагічнай, наркатычнай, маральнай і ўсё астатняе. Першая кніга, якая мяне ў гэтым пераканала, гэта “Абарыгены Аўстраліі” Капо. Вялізная манаграфія. Аўтар – этнолаг, антраполаг – вельмі хораша паказаў, як ён, абарыген Аўстраліі, качаваў па кантыненце, зусім ізалявана, і захоўваў прыроду ды ведаў, што праз год ён прыйдзе менавіта на гэтае месца і знойдзе ўзноўленую прыроду, узноўленыя якасці гэтай прыроды, знойдзе харч, псіхалагічны камфорт. А намі гэта ўжо даўно страчана. Ну, гэта, канешне, войны “дапамаглі”. І наша нейкае новае вельмі спажывецкае стаўленне да прыроды. З ім трэба змагацца.

 

Лявон Баршчэўскі: Я асноўны лозунг прапанаваў і слухаў крытыку яго. Але зразумеў, што крытыкі і няма. Яна і не можа быць у прынцыпе. Калі мы разбярэм лозунг “Беларусь – наш еўрапейскі дом”, то тут ёсць адказы на ўсе пытанні, якія былі пастаўленыя шаноўнымі крытыкамі.  Што  такое еўрапейскі? Еўрапейская культура стаіць на трох кітах: антычны ідэал прыгажосці, хрысціянскі маральны кодэкс і ўласны фальклор ды мова.   Хрысціанская ідэя, як бачым, тут прысутнічае. Еўропа, менавіта як хрысціянская Еўропа, стварылася ў сярэднявеччы. Другой і не было.  Што такое “дом”? Якія ёсць прымаўкі беларускія, народныя. Хто павінен быць у доме? Гаспадар. Па словах спадароў Жыбуртовіча і Абразцова – гэтая  самаарганізацыя. У доме ёсць гаспадар, ёсць тыя, хто якія функцыі выконвае. Самаарганізацыя закладзена. “Наш дом” – гэта наш уласны дом, Беларусь прысутнічае. Цяпер наконт кантамінацыі з расійскім тэрмінам. Бачыце, нават перастаноўка словаў. Там “Расія” на трэцім месцы стаіць, а ў нас з Беларусі пачынаецца. І галоўнае адрозненне, што “еўрапейскі дом”. Таму і тут няма перагукання.  Экалогія. У якім стане мы імкнемся падтрымліваць дом, у адрозненне ад лесвічных пляцовак або калідораў?  Вось вам сістэматызаваны выклад ідэі. І пакуль рэальнай крытыкі гэтага лозунга не прагучала.

 

Станіслаў Урбановіч:  Хачу ўказаць спадару Жыбуртовічу на двухсэнсоўнасць яго выказванняў з майго пункту гледжання. Першае, калі гаворка ідзе пра самаарганізацыю і маецца на ўвазе, што мы самі, беларусы, арганізуем, то тады я згодны. Калі вы маеце на ўвазе  самаарганізацыю як статыстычны працэс, дазвольце не згадзіцца, таму што (я і Хадыку пярэчыў часткова) ужо 2000 гадоў, як апісаны законы, ці тэндэнцыі, фармавання нацыі, жыцця папуляцый і іх развіцця. Я разумею, што тут дзейнічаюць законы статыстыкі. Але ўсё роўна: мы маем на ўвазе людзей, беларусаў ці камяні або атамы? Дзякуй.

 

Мікола Хаўстовіч (кандыдат філалагічных навук, дацэнт філалагічнага факультэта БДУ, Менск):  Спрэчка вядзецца па наступнай праблеме: даваць ці не даваць вызначэнне нацыянальнай ідэі? Што такое беларуская нацыянальная ідэя? Паўстае  пытанне: а дзеля чаго гэта? Змясціць на першай старонцы зборніка, які маецца выйсці. Растыражаваць, папулярызаваць праз сродкі масавай інфармацыі? Магчымы такі варыянт. Але мне здаецца, што лепш за ўсё пра нацыянальную ідэю будзе сведчыць сам зборнік. У ім будуць пададзены розныя думкі, канцэпцыі, і той, каму трапіць гэты зборнік, здолее разабрацца, здолее пэўным чынам працягнуць гэтую працу. З’явяцца новыя арганізацыйныя камітэты, справа гэтая будзе, думаю, пашырацца, развівацца, і так, як у габрэяў, магчыма, будзе. Гады, дзесяцігоддзі. Назбіраецца матэрыял, і ідэю сфармулюе не нейкая канферэнцыя, не навукоўцы, а грамадства грамадскай свядомасцю. І тады яна сфармуецца, яна адшліфуецца ўжо на нейкай наступнай канферэнцыі пазней. І тады яна будзе гучаць, будзе ўспрымацца ўсім грамадствам. Навязваць грамадству нейкую фразу, нейкуй думку, 20-40 слоў, на мой погляд, не вельмі сур’ёзна. Дзякуй.

 

Дзмітры Крывашэй (аспірант каф. гісторыі Беларусі ГрДУ, пасёлак Пагранічны, Бераставіцкі раён, Гродзенская вобл.): Рэпліка спадарам Баршчэўскаму і Астроўскаму. Мы тут спрабавалі выпрацаваць лозунг, які б адпавядаў беларускай нацыянальнай ідэі. Але я хачу сказаць, што ва ўсіх гэтых лозунгах – і “Беларусь – наш дом”, і “Беларусь – гэта святое”, і “Найперш Беларусь” – замяніць  Беларусь на любую краіну – і яны могуць падысці да любой краіны. Што нам прапаноўваюць нашыя апаненты: “Беларусь – краіна агуркоў”,  “Беларусь – запаведнік сацыялізму”. Можна тут замяніць слова “Беларусь”, напрыклад, на слова “Польшча”? Не можна. Такім чынам, павінен быць такі лозунг, які самаідэнтыфікаваўся б. Каб чалавек, які прачытае гэты лозунг, разумеў, што гаворка ідзе менавіта пра Беларусь. Цікавая была ідэя спадара Зайкоўскага, што нам не хапае сваіх нацыянальных сакральных сімвалаў. Гэтая ідэя, на мой погляд, найбольш падыходзіць да выпрацоўкі агульнай беларускай нацыянальнай ідэі.

 

Святлана Марозава (кандыдат гістарычных навук, дацэнт ГрДУ, сябра ТБВШ, Гродна):  У праграме канферэнцыі звяртае ўвагу склад яе ўдзельнікаў – у асноўным прадстаўнікоў Захаду і цэнтру Беларусі. У гэтай сувязі я хацела б нагадаць ідэю, якая тут не прагучала, – што Беларусь выратуе захад Беларусі, дзе нацыянальная ідэя, скажам, больш жывучая. Гэта, дарэчы, і гісторыя паказала: калі нас прыцягваў, ціснуў на нас Захад, тады абураўся і паўставаў Усход (напрыклад, пры паланізацыі). Калі ціснуў і прыцягваў Усход, тады браў на сябе гэтую гістарычную місію выратавання Беларусі Захад. Але тады праблема: як несці, папулярызаваць гэтую нацыянальную ідэю на Усход. На канфэренцыі не адзін раз падкрэслівалася, што тое, што мы гаворым, дойдзе да 15% насельніцтва.  Мяне турбуе пытанне: як данесці гэтую ідэю да астатніх 85%? Мне здаецца, у фармулёўцы павінны быць вызначаны, скажам, статус, правы нашай, тытульнай нацыі. Мне здаецца, у нас мае месца такая сітуацыя, калі запрасілі госця, а ён сеў на месца гаспадара. Праўда, наш усходні сусед прыйшоў не проста госцем,  а няпрошаным госцем,  і аказалася, што мы ў статусе нацыянальнай меншасці. А калісьці Статут ВКЛ забараняў чужаземцам, да якіх належалі і палякі, з якімі ВКЛ была інтэгравана на падставе Люблінскай уніі, набыццё пасад і земляў. Я яшчэ хацела б звярнуць увагу на рэлігійны аспект нацыянальнай ідэі, на яе рэалізацыю. Нядаўна давялося пабываць у Віцебску. На некалькіх прыкладах відавочная экспансія маскоўскага патрыярхату, які нясе з сабой рускую “нацыянальную” ідэю. Можна сказаць, таксама наша нацыянальная святыня Благавешчанская царква ХІІ стагоддзя. На ёй шыльдачка, і там няма указання, што гэта старажытны храм, а напісана, што гэты храм асвечаны нейкага чысла ў верасні 1998 года патрыярхам “всея Руси” Алексіем. На той гары, дзе забілі Кунцэвіча, разваліны фундамента храма. І там няма ўказання, якога часу і што гэта за храм (старажытны, беларускі уніяцкі ці праваслаўны). Затое ёсць, што асвечаны ён таксама патрыярхам Алексіем. І таму роля канфесіяў  у яднанні нацыяў вельмі значная. І я лічу, што ў фармулёўцы нацыянальнай ідэі абавязкова павінен прысутнічаць рэлігійны аспект. Мне здаецца, трэба звярнуць увагу на манументальную прапаганду. Святыні адыгрываюць вялікую ролю ў кансалідацыі нацыі. Калі ў 1992 годзе ў краіне, якая толькі абуджалася ў сувязі з нацыянальным адраджэннем, адбылося святкаванне 1000-годдзя полацкай епархіі, то “Звязда” на гэты конт вельмі трапна заўважыла, што гэтае свята дало для фармавання нацыянальнай свядомасці беларусаў больш, чым усе разам узятыя мерапрыемствы. І можа быць, арганізаваць, ініцыяваць правядзенне, як у апошні час практыкуецца, конкурсу на лепшае сачыненне, рэферат сярод вучняў, студэнтаў па нацыянальнай ідэі. І, верагодна, у газетах адкрыць рубрыку, дзе маглі б друкавацца нашыя матэрыялы на працягу месяца-двух, каб знаёміліся больш шырокія колы з тым, аб чым мы тут гаварылі.

 

Алег Пятровіч:  Да фармулёўкі нацыянальнай ідэі. На мінулым тыдні вядомы сатырык Шандаровіч у сваёй праграме прапанаваў нацыянальную ідэю  Расіі. У якасці нацыянальнай ідэі ён прапануе чарговы афарызм Віктара Сцяпанавіча Чарнамырдзіна: “Расія – страна СІЗО”. І ў гэтым таксама ёсць нейкі сэнс, нейкая рацыя. Я не ўпэўнены, ці можна так сцісла сфармуляваць нацыянальную ідэю, у два-тры словы не ўмесціш. Але, калі мы зможам у якасці бліжэйшай задачы нацыі сфармуляваць гэтую ідэю, трэба, каб яна не мела нейкага іранічнага характару, каб не можна было потым яе зганьбіць. Гэта адзін момант.

Другі. У нас увесь час, супраць нашай волі, ідзе параўнанне з развіццём нацыянальнай ідэі ў Расіі. Адну з працаў, якія тут прапаноўваліся і ўжо друкаваліся, я, не цалкам, але частку ў часопісах чытаў. Гэта праца спадара Хадыкі. Ён лічыць вядомы пастулат Расійскай імперыі “Праваслаўе. Самадзяржаўе.  Народнасць”  нацыянальнай ідэяй Расіі. Гэта не нацыянальная ідэя рускага народу, а гэта пастулат імперыі. Гэта не нацыянальная ідэя рускага народу, таму што гэты пастулат ніякай карысці рускаму народу не прынёс. А нацыянальная ідэя, яе фармулёўка павінны ісці не на разбурэнне, знішчэнне народу, а на развіццё. Барані нас Бог ад такіх фармулёвак і такіх ідэяў. Трэба прымаць такую ідэю, якая будзе спрыяць развіццю народу.

 

Валянцін Міхедзька:  Я зараз сядзеў і ўзгадаў надпіс. Ён мне вельмі спадабаўся, неяк запаў у душу. Тры простыя словы: “Я люблю Беларусь”. І да кожнага, хто чытае, хто вымаўляе  гэтыя словы ад першай асобы – і пачуццё, і стаўленне, і давер. “Я люблю Беларусь!”

 

Зміцер Абразцоў:  Я прашу прабачэння, што выступаю трэці раз. Але вы зараз зразумееце, чаму я хачу выказацца. Шаноўнае спадарства, у мяне абсалютна ні да каго няма рэплік. На ўсё тое, што я тут пачуў і давязу да сваіх сяброў, у мяне словаў не хопіць, каб перадаць. Другое. Усё тое, што прагучала ў дыскусіях, ужо, як мінімум, набіраецца на дзве канферэнцыі. Я лічу, што трэба абавязкова арганізоўваць, трошкі па-іншаму, але арганізоўваць яшчэ канферэнцыі. Узнікае адзін момант, павісае пытанне ў паветры. Ідэя для нас: а як давесці да простых людзей? Я прывяду такую тэхналогію. Мы працуем над канцэпцыяй як над нейкім светапоглядам. Тэхналогія мае праграму рэалізацыі і планы. Рэч у тым, што рэалізацыяй і планамі будзем займацца не мы, а партыі. Гэта іх функцыі. Таму праблемы не паўстае, як яны, якімі словамі давядуць гэтую канцэпцыю да тых людзей, якія будуць за яе галасаваць. Для мяне вельмі важны момант, які прагучаў у Алеся Мікуліча. Мне здаецца, ён вызначальны для беларусаў як нацыі. Гэта духу і прыроды матэрыі. Вось гэтыя суадносіны – духу і матэрыі ў прыродзе – яны, у прынцыпе, ва ўсіх народаў, ва ўсіх дыскусіях, канцэпцыях увесь час прысутнічаюць. І тое, што мы бачым, напрыклад, у Югаславіі, там пайшла перавага духу над матэрыяй, парушылася гармонія. Людзі дух прынялі, а тое, што створана духам, яны адкінулі, і  пачалося супрацьстаянне. На Беларусі, я бачу, паралельна, гарманічна, незалежна ад гістарычных падзеяў захоўваецца гэтая гармонія, і таму захоўваецца сёння тое, што мы з вамі выказваем адзін аднаму розныя погляды. Дзякуй за ўвагу.

 

Васіль Жыбуртовіч:  Я зачытаю некаторыя выкладкі. Яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя Сусвет успрымаўся людзьмі, як нейкая механічная шкатулка, раз і назаўсёды запушчаная кімсьці зверху. Вучоныя ў сярэдзіне нашага стагоддзя прыйшлі да разумення стахастычнасці навакольнага для нас свету. Вось выказаванне вядомага вучонага-фізіка В.Паўлі: “Я ўпэўнены, што статыстычны характар будзе вызначаць стыль законаў на працягу, па крайняй меры, некалькіх найбліжэйшых стагоддзяў”. Выказванне сябра-карэспандэнта Акадэміі навук Валькенштэйна ў 1982 годзе на сінэргетычным форуме ў Маскве: “Сінергетыка – гэта новы светапогляд, які адрозніваецца ад ньютонаўскага класіцызму”. У сінэргетыцы вызначана ўласцівасць самаарганізацыі біялагічных, фізічных, хімічных, сацыялагічных, эканамічных сістэм. Гэта ўсеагульная ўласцівасць. Яна настолькі ўсеагульная, што сёння на Захадзе самаарганізацыя ўспрымаецца як сінонім слова “быццё”. Самаагранізацыя і арганізацыя. Арганізацыя – кімсьці. Самаарганізацыя  – матэрыя сама арганізуецца. Існуе навука. Натуральна, навука інтэграцыйная. Яна аб’ядноўвае даследаванні фізікаў, біёлагаў, сацыёлагаў, эколагаў ды іншых.  Таму я лічу, што ўхілы ў рэлігійны або нацыяналістычны бок звужаюць магчымасць выбару ў любым грамадстве. Гэтым замарожваюцца працэсы самаарганізацыі ў грамадстве. Калі мы будзем з такім падыходам, як тут прагучаў у многіх дакладах, падыходзіць, мы да  развіцця грамадства не прыйдзем, мы яго, наадварот, замарудзім. Таму павінны быць фармулёўкі, якія тут прыведзены: “Чалавек не сляпы, яму патрэбны не павадыр – Бог або наш “бацька” – яму патрэбная самастойнасць”. У такім кантэксце павінна быць сфармулявана наша нацыянальная ідэя на Беларусі. Я кажу “на Беларусі”, а не “беларуская нацыянальная ідэя”, таму што ў мяне сям’я не чыста беларуская. Талерантнасць на Беларусі мае гістарычныя карані, і гэта галоўны здабытак нашай нацыі. Развіццё цывілізацыі еўрапейскага тыпу адбылося за кошт пераадолення супраціўлення хрысціянства, за кошт распаду хрысціянства на некалькі канфесіяў. Спачатку на праваслаўе і каталіцызм. Потым каталіцызм распаўся на парадку 10 цэркваў. Толькі разнастайнасць, магчымасць выбару, якія з’явіліся ў чалавецтва, далі штуршок для развіцця ВКЛ, якое нашмат апярэдзіла і ў кнігадрукаванні, і ў развіцці, і ў  шмат іншых культурных і духоўных каштоўнасцях іншыя дзяржавы. І таму ў 20-я гады нашага стагоддзя (тут прыводзіліся прыклады з Янкі Купалы) пачалося адраджэнне нашых культурных і духоўных каштоўнасцяў. Вось сталінскі аўтарытарызм, які прывёў чалавецтва ў сінэргетычную пастку (у маім выступе пра самаарганізацыю ўводзіцца такое паняцце, як “сінэргетычная пастка”): калі будзем падыходзіць з рэлігійных ці нацыяналістычных пазіцыяў, мы пападзем у яе. Трэба больш агульны падыход рабіць, а то мы самі трапім зноў у такую ж пастку.

 

Алесь Астроўскі (доктар медычных навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага медінстытута; сябра Сойму БНФ “Адраджэньне”, старшыня ТБВШ, Гродна):  Я хачу адразу адказаць паважанаму Васілю Жыбуртовічу. Я не разумею, чаму ён так усхваляваўся, бо пераважная большасць таго, што ён гаворыць, супадае з думкамі і пачуццямі тых людзей, якія тут прысутнічаюць. Але як я зразумеў гэтую сітуацыю, яна выглядае наступным чынам. Самаарганізацыя самаарганізацыяй. Але сацыяльны ўзровень развіцця матэрыі (у адрозненне ад хімічнага, фізічнага і біялагічнага) заснаваны на здольнасці да абстрактнага мыслення. Тут узнікаюць свае асаблівасці. Паспрабуем іх убачыць. Так, возьмем арганізм чалавека.  Ён складаецца з клетак, і кожная клетка падпарадкавана функцыям усяго арганізму. Але тое самае адбываецца з чалавецтвам. Ідзе працэс інтэграцыі чалавецтва, дзе клеткай будзе  асобны чалавек, аналаг тканак – народы, спалучнасці пэўных блізкіх народаў – аналаг ворганаў. Я бяру ў шырокім, філасофскім разуменні. Але пры пераходзе ад аднаго ўзроўню арганізацыі матэрыі да другога вось гэтыя заканамернасці арганізацыі, няхай сінэргетычныя, як вы іх называеце, не з’яўляюцца абсалютнымі. На кожным новым узроўні ёсць нейкая спецыфіка. Дык вось, спецыфічныя адрозненні паміж біялагічным і сацыяльным заключаюцца ў тым, што клетка – клеткай, а чалавек – чалавекам. Чалавек адрозніваецца ад клеткі па адной асаблівасці: ён мае розум і мае волю. І гэтым ён адрозніваецца ад клеткі як элемент той біялагічнай сістэмы. І ў такой ступені ўвесь гэты ўзровень арганізацыі будзе адрознівацца ад папярэдняга. Да чаго я гэта вяду? Я гэта вяду да таго, што, напрыклад, мы, беларуская нацыя, беларускі народ, беларускі этнас, ці проста жыхары Беларусі, народ Беларусі ў шырокім разуменні гэтага слова (уключна з прадстаўнікамі іншых нацыяў, мяшанымі шлюбамі і г.д. – нават у такім шырокім разуменні): мы маем волю, мы маем розум, мы маем здольнасць вырашаць наш уласны лёс у гэтай самаарганізавальнай сістэме? Мы ўвогуле з’яўляемся суб’ектамі гэтага працэсу ці аб’ектамі, сырцом, вонкавым асяроддзем для кагосьці? Чаму гэтае  пытанне надзвычай актуальнае? Таму што ў гэтым працэсе самаарганізацыі мы бачым два варыянты, два шляхі інтэграцыйнага развіцця: еўрапейскі і той, які нам суседняя імперыя прапануе. Адзін варыянт – калі захоўваецца (я гэта ў сваім выступе казаў) разнастайнасць. І вы выступаеце за яе, і я выступаю. Выступаючы з пазіцыі беларускай нацыянальнай ідэі, мы выступаем якраз за далейшую дыферэнцаванасць чалавецтва. Мы за далейшае яго развіццё з адначасовым працэсам інтэграванасці. І гэты выбар звязаны з выкарыстаннем нашага ўласнага розуму і нашай волі. Мы адназначна суб’екты гэтага працэсу. І ёсць альтэрнатыўны варыянт, які прапануе нам Расійская імперыя. Калі ўсё пераўтвараецца ў раўнамернае нішто, усё замыкаецца, перастае развівацца, функцыянаваць, не дае ніякіх перспектываў развіцця. І гэты варыянт нам навязваецца, нам не  даюць права выбару, у гэтай сістэме мы становімся аб’ектамі, мы з’яўляемся толькі сыравінай, толькі вонкавым асяроддзем для іншых. І мы, знаходзячыся на мяжы паміж гэтымі дзвюма сістэмамі, маючы ўсё ж такі волю і розум, робім гэтым выбар. Мы маем поўнае права на гэты выбар.  Нам могуць сказаць, што ўсё ўтворыцца само па сабе – ляжце на паверхню вады, як дровы, і няхай вас хвалі нясуць куды-небудзь. Але мы не дровы – мы людзі. У якой ступені мы маем розум і волю, у такой адрозніваемся ад дроваў ці ад клетак у нашым арганізме. І абы куды нас гэтае жыццё не павінна несці. Такім чынам, спецыфіка працэсаў у сацыяльнай сістэме ў параўнанні з іншымі абумоўлена якраз якаснымі адрозненнямі яе складнікаў – а менавіта тым, што людзі маюць розум і волю. І гэтым, як я разумею сінэргетыку з двух дзён знаёмства з ёй, адрозніваецца сінэргетычны працэс функцыянавання біялагічнай сістэмы, хімічнай ці фізічнай ад сінэргетычнага працэсу функцыянавання сацыяльнай сістэмы.

 

Максім Пуранок (студэнт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, спецыяльнасць – практычная псіхалогія, Гомель): Наша ідэя, як мы дамовіліся, дзяржаўна-нацыянальная, і яе наўрад ці можна зводзіць да пэўных схем, формул, бо яна ўяўляе сабой нешта дынамічнае, рухомае, якое знаходзіцца ў шматмернай прасторы. Але, у любым выпадку, мы не можам адрывацца ад нашай рэчаіснасці. Адной з неабходных дзей з’яўляецца абгрунтаванне выгаднасці нашай дзяржаўнасці для розных слаёў грамадства. Я лічу гэта вельмі важным. Для кагосьці важнае іншае. Напрыклад, стварэнне папулярных, цікавых, сучасных беларускіх песень. І гэта трэба рэалізоўваць. Тая ж Біблія на беларускай мове, пропаведзі Бібліі – само сабой. Пры гэтым вельмі часта выходзіць так, што верх бярэ нейкая псеўдаэліта, якая жыве ў асноўным у буйных гарадах. Менавіта яна навязвае свае інтарэсы, а правінцыя зусім убаку, бо большасць насельніцтва не тое што не ўдзельнічае ў нацыянальным працэсе, яна нават не ведае пра яго. Прыклад –  дасланыя на канферэнцыю працы ў асноўным з некалькіх гарадоў –  з Гродна, Мінска і іншых. І калі вядома, што беларусам недастае прагматызму, рашучасці, самаўпэўненасці, самадастатковасці, – вось кірунак працы, які неабходна развіваць. У нас адсутнічаюць структуры, якія дазваляюць абараніць нармальнага, актыўнага, нацыянальна арыентаванага чалавека. Выпадак з асабістага жыцця: адзін знаёмы жыве ў горадзе Калінкавічы Гомельскай вобласці. За ўдзел у мерапрыемствах адной з дэмакратычных партыяў ён быў выключаны з працы, быў зацкаваны, у яго няма аднадумцаў, таму што ў горадзе жыве, мабыць, некалькі падобных да яго чалавек, і ім вельмі цяжка сустрэцца. Гэты чалавек співаецца. І так адбываецца вельмі часта.  Мая ўмоўная, скарочаная версія нацыянальнай ідэі складаецца са спісу пэўных патрэб людзей, слаёў грамадства і вылічаецца праз дэбэт і крэдыт. З часам  узнікне неабходнасць у пошуку нейкай такой ідэі, тэорыі, бо калісьці мы станем звычайнай нацыяй, звычайнай краінай, у якой ёсць унутраныя механізмы самаразвіцця, абароны менавіта сваіх інтарэсаў, у якіх ёсць дабрабыт і свабода. Вось галоўнае. Хто супраць уласнага дабрабыту? Такіх няма. Такім чынам, беларуская ідэя павінна асацыявацца, павінна рэалізоўваць менавіта ўласны дабрабыт асобнага чалавека і пры гэтым уласны дабрабыт і шчасце, росквіт усёй краіны.

 

Эдуард Дубянецкі (кандыдат гістарычных навук; вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф.Скарыны, Мінск): Шаноўныя калегі. Учора выступленні былі спакойныя, у акадэмічным стылі. Сёння абмеркаванне ідзе больш эмацыянальна, жвава. І гэта прыемна. Мы ўжо чулі шмат цікавых вызначэнняў беларускай ідэі, шмат розных асабістых падыходаў да гэтай праблематыкі. Мая прапанова (бо колькі чалавек, столькі і меркаванняў ды вызначэнняў можа быць): знайсці спонсараў і выдаць зборнік дэфініцый нацыянальнай ідэі з невялічкімі тлумачэннямі і абгрунтаваннямі. Часам не трэба доўга разважаць, а трэба коратка, у двух-трох словах даць канкрэтнае вызначэнне, і ўсё будзе ясна. Сёння ўжо шмат выказвалася цікавых меркаванняў, некаторыя ідэі мне падаліся вельмі слушнымі, некаторыя спрэчнымі. Хацелася б унесці сціплы ўнёсак у гэтую пачэсную справу, у скарбніцу вызначэнняў нацыянальнай ідэі. Мне хацелася б прапанаваць такую трыадзіную фармулёўку, таму што трыадзіныя фармулёўкі мы ведаем з гісторыі. Гэта можа быць і “Свабода, роўнасць, братэрства”, і не раз узгадвалася  “Самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць”. На маю думку, для Беларусі можна было б добра дастасаваць такую фармулёўку, як, напрыклад, “Дабрабыт, свабода, духоўнасць”. Чаму я маю на ўвазе такі варыянт. Таму што трэба знайсці ўласнае, беларускае. Але ўласнае, беларускае і ўвогуле адметнае для кожнага народу можна знайсці і ў фармулёўцы, якая падыдзе для ўсіх народаў. Справа, як кажуць, у насычэнні тэрмінаў кожнага з гэтых словаў.  Мне здаецца, што такая фармулёўка, інтэгральная ў існасці, і ахапляе тры асноўныя сферы жыццядзейнасці кожнага грамадства. Напрыклад, дабрабыт у значнай ступені ахапляе эканоміку, калі свабода – сфера палітычнай дзейнасці і, нарэшце, духоўнасць – гэта сфера культуры. Такім чынам, усе гэтыя складнікі  ўзаемазалежныя, яны не толькі вызначаюць існасць ідэі, але і таксама наш магчымы шлях да выратавання.

 

Станіслаў Суднік: Я адкажу на некаторыя прапановы, якія тут гучалі. Гучала пытанне, як зрабіць, каб гэта ўсё дайшло да большасці, каб усё, пра што мы тут гаварылі, не стала справай некалькіх дзесяткаў чалавек, якія сядзяць тут. Я гатоў надрукаваць матэрыялы канферэнцыі ў газеце “Наша слова”, хаця гэта няшмат – усяго 4300 асобнікаў, але тым не менш больш, чым нічога. І другое: я агучу прапанову спадара Патрэбы. Мы не павінны, у прынцыпе, спыніцца менавіта сёння і закончыць абмеркаванне пытання пра нацыянальную ідэю. Мы павінны пайсці далей. Я падтрымліваю прапанову спадара Патрэбы і прапаную праз паўгода правесці канференцыю, прысвечаную этнагенэзу беларускай нацыі. Гэта вельмі прынцыпова, вельмі важна. Гэта ўсе нацыі рабілі.

 

Лявон Баршчэўскі: Я літаральна некалькі словаў хацеў сказаць пра тое, што прагучала. Мы, мабыць, проста па-рознаму глядзім на рэчы, калі даём нейкую кароткую фармулёку. Я калі прапаноўваў сваю версію, меў на ўвазе, што яна павінна быць прымальнай для ўсіх. Прынамсі для 90-95% насельніцтва. Другія, відаць, для сябе сфармулявалі. Правільна, можна для сябе сфармуляваць “Свабода”, але для якой колькасці нашых грамадзян гэта ёсць каштоўнасць, якую яны цэняць, якою яны не могуць паступіцца за кавалак каўбасы? Талерантнасць. Вельмі талерантны беларускі народ зрабіў свой выбар у 1994 годзе. Гэта ўсё нашыя пажаданні. І зыходзячы з гэтага, мы павінны паглядзець на тое. Мы ставілі задачу менавіта выйсці за межы гэтых 15-20%. Вось спроба выйсці за межы і прапаноўвалася ў такім канцэнтраваным выглядзе, які мы паспрабавалі прапанаваць. Бо гэта не мая фармулёўка, натуральна, гэтая фармулёўка доўга існуе і габлюецца, і ўдакладняецца. Некаторыя сказалі словы “Жыве Беларусь”. Адразу ўспомніў, як у Беластоку на мосце знізу прыпісалі: “На холеру таке жыче!” Альбо падпісваюць: “Пакуль жыве”.  Гэта тое, што лёгка дыскрэдытуецца. Напрыклад, калі пісалі слова “эўрапейскае”. Мы, калі ішлі на выбары 1994 года, забракавалі 5000 плакатаў, на якіх было напісана: “Беларускі Народны Фронт за эўрапейскае жыццё”. Мы адразу ўявілі сябе Замяталіна, які тады быў пры ўладзе: “Яны ў Эўропу хочуць”. А Эўропа – гэта ўжо, памятаеце, з кім звязана – з Кубэ, фашыстамі, нацыстамі. Нават адна літара іграе значэнне ў такіх рэчах, адзін гук. Таму мы адмовіліся ад “эўрапейскага” і ўжываем “еўрапейскага”. Я гэта кажу, бо гэта нюансы. Каштоўнасць “дома” – яна абсалютная для ўсіх грамадзянаў. Каштоўнасць, дарэчы, заможнага жыцця – таксама. Але “дом” улучае гэтую каштоўнасць. Нават бомж хацеў бы жыць у доме. Канешне, ніводнай фармулёўкі няма, якая ахапіла б усе 100%. Але мы павінны думаць пра тое, што будзе прымальна і не будзе спаганена ў вачах 90-95% насельніцтва. Дзякуй.

 

Зміцер Абразцоў: Ёсць два спосабы дабрабыту. Дабрабыт можа быць толькі за кошт вынікаў уласнай працы, дзейнасці таго, хто валодае гэтым вынікам. Або за кошт вынікаў працы іншых. Трэцяга я не ўяўляю. Таму паняцце свабоды, кошт свабоды звязаныя з вынікамі жыццезабеспячэння за кошт вынікаў уласнай працы таго, хто валодае гэтымі вынікамі. Калі гэта чалавека задавальняе, ён выбярэ свабоду. Калі не – гэта трошкі іншае.  І што тычыцца нацыянальнай ідэі. Усведамленне гэтай ідэі – гэта як плаванне карабля. Можна ўявіць, куды мы плывем, але курс гэтага плавання будзе стала выбірацца. Не бывае так, што з аднаго пункту выйшлі, у другі пункт прыйшлі, і ўсё. Так і нацыянальная ідэя будзе пастаянна ў нечым удасканальвацца, і таму весці сёння спрэчкі на гэтую тэму я пакуль вялікага сэнсу не бачу.

 

Алесь Астроўскі: Нацыянальная ідэя – пытанне, несумнеўна, шматузроўневае. У выступах, што прагучалі на гэтай канферэнцыі, надавалася велізарная ўвага значэнню інтэлектуальнай, адукаванай, нацыянальнай эліты. Гэта значыць тым людзям, якія карыстаюцца розумам і, яшчэ раз паўтару, для якіх вынікі гэтай разумовай дзейнасці з’яўляюцца кіраўніцтвам для далейшых дзеянняў. Для гэтай групы людзей трэба нешта выпрацаваць, па крайняй меры, прапанаваць. І адна з функцыяў гэтай дыскусіі – гэтыя прапановы даць. Я даю сваю, але лічу, што яна вельмі блізкая да прапановы Абразцова: словы іншыя, існасць абсалютна тая самая. Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя фармавання і развіцця паўнавартаснай беларускай нацыі праз станаўленне паўнавартаснай цывілізаванай беларускай дзяржавы на тэрыторыі пражывання беларускага этнасу. Калі адсюль ісці, то далей вынікае наступнае. Гэта трэба растлумачыць, гэта трэба раскрыць. І вось па сутнасці раскрыццё – гэта далейшае. Як дасягнуць гэтай мэты? Гэта праграма далейшых стваральных дзеянняў у дасягненні гэтай мэты. У прынцыпе, усё гэтае раскрыццё і плануецца ў выглядзе той кнігі, якая павінна выйсці па выніках матэрыялаў канферэнцыі, у тым ліку і сённяшняй дыскусіі, дзе можна будзе шукаць далейшыя адказы на нюансы вось гэтага пастаўленага пытання. А далей гэта ўсё раскрываецца (калі ўсё пойдзе нармальна) у праграмах канкрэтных партый, у канкрэтных дзеяннях урада, прэзідэнта, у законах, якія будзе ствараць Вярхоўны Савет, па ўсталяванні нармальнай сітуацыі на Беларусі. Я называю гэтую сітуацыю – нармалізацыя. Мы для гэтага павінны прайсці ўвесь неабходны шлях. Але ўзнікае вось якая сітуацыя. Ізноў трэцяе пытанне, у іншы бок адгалінаванне ад цэнтральнага (рацыянальнай фармулёўкі беларускай ідэі на сёння) – што без нашага ўсяго грамадства гэтага не зрабіць. І паколькі для 70% нашага грамадства кіраўніком усёй дзейнасці з’яўляецца не розум, а пачуцці, трэба сфармуляваць гэта ў “пачуццёвым” выглядзе  і ў такім выглядзе паспрабаваць даць нейкія формулы – двуадзіныя, трыадзіныя, нейкія іншыя. Я лічу, што вось гэты вобраз – “Кветка беларускай нацыянальнай ідэі” – найлепей адлюстроўвае вобраз нашай  беларускай ідэі. У цэнтры “кветкі” – Беларусь, а навокал, як пялёскі, задавальненне ўсіх нашых праблем і жаданняў на сённяшні дзень і бліжэйшую будучыню у духоўнай сферы, у палітычнай і іншых, для моладзі і больш сталых людей. Вось гэтыя пялёсткі і складаюць кветку беларускай нацыянальнай ідэі. Я падтрымліваю Лявона Баршчэўскага ў тым, што самым актуальным на сённяшні дзень пялёсткам з’яўляецца такі: “Беларусь – наш еўрапейскі дом!”

 

Вядоўца (Сямён Домаш): Паважаныя ўдзельнікі канферэнцыі. На жаль, завяршаецца час нашай працы. Таму вымушаны спыніць дыскусію. Практычна прадстаўнікі ўсіх партый, за выключэннем камуністычнай, прынялі ўдзел у нашай канферэнцыі. Дзякую ўсім  Вам ад Беларусі і ўсяго беларускага народу за актыўны ўдзел, за выказаныя пажаданні. Жадаю Вам не спыняцца ў нашай працы, зычу творчых поспехаў, сямейнага шчасця. Жадаю хутчэй дачакацца здзяйснення нашых светлых мар пра будучыню роднай Беларусі. Мы, у сваю чаргу, зробім усё магчымае, каб выдаць зборнік матэрыялаў канферэнцыі.

Дзякую вам яшчэ раз і да пабачэння.

 

 

 

3 каментарыя

  1. martinez gomez кажа:

    У цябе патрэбен крэдыт , каб пачаць новы year2015 са стаўкі нізкія працэнтныя 3% ? калі ласка , звяжыцеся з martinezgomez@gmail.com для

    1 : бізнес- крэдыт
    2: персанальны крэдыт
    3: Група крэдыт
    4: студэнцкі пазыку .
    5: бальніца крэдыт

    Усе наяўныя на працягу 5 рабочых дзён пасля завяршэння адпаведных дакументаў.

  2. Louis Bonny кажа:

    ХУТЧЭЙ КРЭДЫТДобры дзень!

    Вы ў неабходнасці тэрміновага крэдыту? ці ёсць у вас дрэнны крэдыт? мы можам ўхваліць крэдыт для вас без закладу, дрэнны крэдыт прыняты, Пэўны Мы Сертыфікаваны фінансавы інстытут
    зацвярджэнне сродкаў для ўсіх відаў праекта. Наш крэдыт / фінансавую прапанову
    Улічваючы пры нізкай працэнтнай стаўцы 2%, і гэта тэрмін пагашэння вельмі
    даступны і зручны кліент. Сума пазыкі / працягласць перамоваў.
    Мы ўхваляем фінансаванне на суму да $ 350 млн У залежнасці ад
    прырода бізнесу. Нашы паслугі надзейныя і даўгавечныя, Звяжыцеся з намі сёння праз
    (Bonitecloancompany@gmail.com) Ваш поспех з’яўляецца нашым прыярытэтам.

    З найлепшымі пажаданнямі !!!
    Whatsapp: +2349077216298
    Рэжысёр: Луіс Bonny

  3. Norton кажа:

    жаданы

    Вам неабходная фінансавая дапамога любога роду? Асабістыя крэдыты? Бізнес-крэдыты? Іпатэчныя крэдыты?
    Сельскагаспадарчая і праектнае фінансаванне? Мы выдаем крэдыты на 3% працэнтнай стаўкі Няма неабходнасці плата за апрацоўку … Кантакт: (nortonfinancecoop@gmail.com)

    З павагай,
    кельвін Brown
    nortonfinancecoop@gmail.com

    3% прапанова крэдыту

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы