nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Канцэпцыя Беларускай нацыянальнай ідэі (частка І)

12 ліпеня, 2007 | Каментары (1)

���1.GIF

Як мы напісалі ў прадмове да папярэдняга артыкула, гэта быў апошні матэрыял з канферэнцыі “Беларуская нацыянальная ідэя”, які мы падалі на нашым сайце. Але гэта не азначае, што сама тэма цяпер закрытая. Наадварот, наш сайт, які пачаў сваю працу праз 7 гадоў пасьля той знакамітай канферэнцыі, фактычна у найбольшай ступені і быў адкрыты для таго, каб працягнуць і разьвіць дадзеную тэму. Каб ня толькі сьцьвердзіць: “Дзяржаве беларусаў быць!”, – але і адказаць на пытаньне, якой ёй быць. Таму мы з задавальненьнем атрымалі вялікі артыкул аднаго з удзельнікаў канферэнцыі, якую мы ўвесь час узгадваем, Зьмiцера Абразцова, які працягваў працаваць па дадзенай тэме. Вынікі гэтай працы кожны наведвальнік сайта цяпер можа ацаніць самастойна.

Рэдакцыя.


УСТУП

Ад нараджэньня мы, людзі, зьвязаныя з той ці іншай супольнасьцю аж пакуль не пакідаем гэтае жыцьцё. Межы супольнасьці, зь якой мы зьвязваем сваё жыцьцё, залежаць ад таго, наколькі мы адкрытыя жыцьцю, наколькі мы можам зьмесьціць у сабе бясконцасьць жыцьця, наколькі гатовыя прыняць на сябе прызначэньне дадзенага нам Богам жыцьця. Гэтыя межы могуць пашырацца ад сям’і і суродзічаў да сяброў і калегаў па працы ці грамадскай арганізацыі, да аднавяскоўцаў ці жыхароў мястэчка, дзе мы жывем, да супляменьнікаў і суайчыньнікаў, да аднаверцаў, да нацыі, якой мы належым, духоўным й інтэлектуальным патэнцыялам якой карыстаемся, і нарэшце да ўсяго чалавецтва ў ягоным бясконцым існаваньні ў Сусьвеце. Але незалежна ад таго, як мы адкрытыя жыцьцю, мы вымушаныя жыць у грамадстве.

Абмяжоўваючы свае інтарэсы толькі забесьпячэньнем жыцьцёвых функцый (сродкамі жыцьця) рэдка хто з нас задае сабе пытаньне “навошта мы жывем”, але, мусіць, яшчэ радзей мы задаемся пытаньнем “чаму мы жывем разам”. У такой сытуацыі пытаньне як жыць разам выглядае безсэнсоўным. І тым ня менш, мы вымушаныя жыць разам у грамадстве, якое гістарычна (заканамерна) складалася на працягу сотняў і тысячаў гадоў. І ўсьведамленьне сэнсу нашага супольнага жыцьця ў грамадстве, якое набывае якасьць нацыі і самаарганізуецца ў незалежнай дзяржаве, залежыць ад адказу на вышэйакрэсьленыя пытаньні. Падаецца, што менавіта адказ на пытаньні чаму і дзеля чаго мы жывем, чаму жывем на гэтай беларускай зямлі разам і як жыць разам, каб жыць”, можа разглядацца як сутнасьць Беларускай нацыянальнай ідэі.

Разуменьне гэтага дазваляе ня проста існаваць, а жыць у радасьці, якую толькі і можа даць разуменьне прызначэньня дадзенага Богам жыцьця. Без разуменьня гэтага жыцьцё ператвараецца ў фатальны від спорту, у якім пераможаны вымушаны сысьці, а пераможца бессэнсоўна дажывае свой век, наўрад ці задаволіўшы сябе радасьцю перамогі. Мо таму перад кожным чалавекам праз усё жыцьцё паўстае нялёгкі выбар: неяк прабавіць адпушчанае яму часовае існаваньне на зямлі ці жыць, каб захаваць бясконцы працяг жыцьця дзеля рэалізацыі чалавекам дадзенага яму Богам прызначэньня. Нацыянальная ідэя і паклікана зрабіць гэты выбар на карысьць жыцьця.

1. У ЧЫМ НЕАБХОДНАСЬЦЬ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ?

Фармалізацыя Беларускай нацыянальнай ідэі перадусім патрабуе вызначэньня прыроды яе неабходнасьці.

Матывацыяй неабходнасьці фармалізацыі Беларускай нацыянальнай ідэі бачацца такія чыньнікі як:

– глябальная праблематыка супольнага жыцьцезабесьпячэньня i ўстойлiвага разьвiцьця беларускага соцыюму;

– пераразьмеркаваньне функцыі (адказнасьці) арганізацыі нацыі ў дзяржаве ад традыцыйных дзяржаватворных інстытутаў (інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня і рэлігійных інстытуцыяў) да грамадзянаў і структураў грамадзянскай супольнасьці;

– глябальнае дамінаваньне дастатковасьці ўнутранага патэнцыялу самаарганізаваных у дзяржавах нацыяў дзеля супольнага жыцьцезабесьпячэньня над захопным тыпам жыцьцезабесьпячэньня;

– праблематыка сучаснага грамадскага жыцьця ў Беларусі.

Глябальнае абвастрэньне ўсiх праблемных групаў жыцьцезабесьпячэньня людзей вядзе да парушэньня ўстойлiвага разьвiцьця як асобнага чалавека так i формаў самаарганiзацыi людзей. Крытычнае парушэньне балянсу памiж спрыяльным (жыцьцядайным) вонкавым асяродкам i ўнутранай прыстасавальнай здольнасьцю чалавека дзеля забесьпячэньня жыцьцёвых функцый можа наогул паставiць пад сумнеў далейшае iснаваньне чалавека як форму жыцьця. Гэтая пагроза патрабуе яшчэ раз пераасэнсаваць заканамернасьць тых падзей, што адбываюцца ў сьвеце.

Гістарычны погляд на дзяржаўнае будаўніцтва дае ўяўленьне, што да пэўнага перыяду ў ролі носьбітаў ідэі неабходнасьці супольнага жыцьця і арганізатараў этнасу, аб’яднанага пэўным духоўным патэнцыялам, у дзяржаве выступалі ўладныя і этнічна-сацыяльныя эліты і рэлігійныя інстытуцыі. Але ў гістарычнай перспектыве з разьвіцьцём этнасу ў нацыю воля і здольнасьць да самаарганізацыі пашыраецца. Адбываецца пераразьмеркаваньне дзяржаватворных функцый ад інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня і рэлігійных інстытуцыяў да іншых суб’ектаў дзяржаўнага права: грамадзянаў і грамадзянскай супольнасьці. Такое пераразьмеркаваньне дзяржаватворных функцый і можна разглядаць чыньнікам неабходнасьці фармалізацыі Беларускай нацыянальнай ідэі.

Гістарычна механізмы жыцьцезабесьпячэньня пэўнага соцыюма, якія характарызаваліся [у тым ліку. – Рэд.] захопам іншапляменьнікаў, іхніх земляў, назапашаных імі вынікаў працы, разьвіваюцца ў бок механізмаў, у якіх дамінуе самадастатковасьць унутранага супольнага духоўнага, інтэлектуальнага і фізіялягічнага патэнцыялу соцыюма (нацыі) дзеля жыцьцезабесьпячэньня і рэалізацыі супольнай і індывідуальнай мэты жыцьця. Сувязь зь іншымі самаарганізаванымі супольнасьцямі забясьпечваецца праз палітычныя, дыпляматычныя, эканамічныя, навуковыя, культурніцкія, турыстычныя і іншыя каналы. У такіх варунках самаарганізаваная ў дзяржаве супольнасьць зацікаўленая ў стабільным разьвіцьці сваіх блізкіх і далёкіх суседзяў. Такая неабходнасьць нацыянальнай самадастатковасьці [беларусаў. – Рэд.] таксама патрабуе асэнсаваньня Беларускай нацыянальнай ідэі.

Матывацыяй неабходнасьці фармалізацыі Беларускай нацыянальнай ідэі ёсьць і праблематыка сучаснага грамадскага жыцьця ў Беларусі, якую можна акрэсьліць наступнымі тэзамі.

1. Адсутнасьць дастатковага духоўнага апірышча дзеля здольнасьці нацыі да самаарганізацыі ў незалежнай прававой дэмакратычнай дзяржаве:

– занядбанне [тут і далей гэта не “занядбаньне”, а сьвядомае вынішчэньне ворагамі беларускай самастойнасьці. – Рэд.] нацыянальных інстытутаў духоўнага апірышча: рэлігійнасьці, мовы, нацыянальнай культуры, гістарычнай памяці, нацыянальнай самасьвядомасьці, нацыянальнай ідэі;

– адсутнасьць бачаньня сэнсу і перспектывы жыцьця, разуменьня мэты і сродкаў жыцьця;

– неразуменьне сэнсу супольнага жыцьця нацыі.

2. Адсутнасьць шырокай сістэмы грамадзянскай адукацыі, асьветніцтва:

– адсутнасьць у грамадстве ведаў аб дзяржаўнай сферы жыцьця, неабходнасьці незалежнасьці дзяржавы;

– адсутнасьць ведаў аб функцыянаваньні розных суб’ектаў дзяржаўнага права;

– адсутнасьць ведаў аб функцыях розных структураў грамадзянскай супольнасьці на дзяржаўным прававым полі;

– няўменьне карыстацца палітыкай як механізмам самаарганізацыі грамадства з мэтай супольнага жыцьцезабесьпячэньня і рэалізацыі Боскага прызначэньня беларускай нацыі.

3. Адсутнасьць у дзяржаве сталых самастойных структураў грамадзянскай супольнасьці:

– адсутнасьць механізмаў зваротнай сувязі (дэмакратыі);

– неадэкватнасьць існуючай у краіне эканомікі яе функцыі забесьпячэньня ўмоў атрыманьня адпаведных вынікаў працы (дзейнасьці) ўдзельнікамі эканамічнага працэсу;

– захаваньне функцый улады і ўласьніка-манапаліста за інстытутамі дзяржаўнага рэгуляваньня;

– немагчымасьць уплыву на дзейнасьць інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня з боку іншых суб’ектаў дзяржаўнага права.

4. Страх перад свабодай (страх перад самастойным прыняцьцём рашэнняў і псыхалягічнай адказнасьцю за іх).

5. Як вынік, палітычная і сацыяльная апатыя, якая мае тэндэнцыю пераходзіць у агрэсіўнасьць, злабівасьць, зайздрасьць, хітрасьць і ляноту, а ў выніку – ва ўзброенны канфлікт ці выбух злачыннасьці [усё гэта пераходзіць у своеасаблівую грамадзянскую вайну ўсіх супраць усіх. – Рэд.]. Ня лепшай выглядае і перспектыва агульнай дэградацыі (алкагалізм, наркаманія) ці дэмаграфічнага самавынішчэньня няздольнай вырасьці да нацыі, а значыць няздольнай да самаарганізацыі ў незалежнай дзяржаве атамізаванай супольнасьці.

6. Адсутнасьць Беларускай нацыянальнай ідэі як канцэпцыі жыцьцёвай неабходнасьці самаарганізацыі нацыі ў незалежнай прававой дэмакратычнай дзяржаве дзеля яе, нацыі, жыцьцяздольнасьці [і неабмежаванага прагрэсіўнага разьвіцьця. – Рэд.].

Неабходнасьць фармалізацыі Беларускай нацыянальнай ідэі паўстае яшчэ і з прычыны такой гістарычнай неабходнасьці, як пераход ад вонкавай сілавой арганізацыі “грамадзянаў” у таталітарнай дзяржаве праз уладныя функцыі інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня да працэсаў самастойнай самаарганізацыі грамадзянаў у незалежнай прававой дэмакратычнай дзяржаве.

Патрэба ў Беларускай нацыянальнай ідэі бачыцца і ў тым, каб:

– асэнсаваць і ўсьвядоміць: у чым Боскае прызначэньне нашага – люду беларускага – супольнага існаваньня ў Бясконцасьці часу і прасторы, у Сусьвеце і на Зямлі, у гісторыі чалавецтва;

– набыць здольнасьць браць на сябе адказнасьць за дадзеную нам Богам зямлю, гэта значыць [каб. – Рэд.] быць свабоднымі;

– навучыцца жыць на славу Божую, жыць у веры, любові, свабодзе [з радасьцю і сэнсам. – Рэд.];

– адпаведным чынам самаарганізавацца ў вольнай прававой дэмакратычнай дзяржаве.

Беларуская нацыянальная ідэя вынікае з самаўсьведамленьня беларускім этнасам (нацыяй) сэнсу, неабходнасьці свайго супольнага існаваньня ў гісторыі, на Зямлі, у Сусьвеце (падобна як усьведамленьне чалавекам сэнсу свайго жыцьця). Таму і акрэсьліць Беларускую нацыянальную ідэю можна як канцэпцыю неабходнасьці самаарганізацыі беларускай нацыі ў незалежнай прававой дэмакратычнай дзяржаве для супольнага жыцьцезабесьпячэньня і бясконцага працягу жыцьця дзеля рэалізацыі Боскага прызначэньня на Зямлі і ў Сусьвеце.

2. НЕАБХОДНАСЬЦЬ САМААРГАНІЗАЦЫІ ЛЮДЗЕЙ

2.1. Матывацыя дзейнасьці чалавека

Матывацыя дзейнасьці чалавека зьвязаная зь ягонымі інтарэсамі. Ва ўмовах збалянсаванага ўсьведамленьня чалавекам часовасьці свайго зямнога існаваньня і Бясконцасьці жыцьця ў Сусьвеце прырода інтарэсаў чалавека палягае ў гарманічных суадносінах мэты і сродкаў жыцьця.

З пункту гледжаньня Бясконцасьці жыцьця мэта жыцьця чалавека вызначаецца прызначэньнем дадзенага Богам чалавеку жыцьця і вынікаючай з гэтага функцыянальнай абумоўленасьцю існаваньня чалавека ў бясконцасьці Сусьвету і на Зямлі.

Сродкі жыцьця чалавека вызначаюцца неабходнасьцю забеспячэньня ягоных жыцьцёвых функцый праз вырашэньне трох праблемных групаў:

– асабістай;

– грамадскай;

– агульналюдскай.

Структуру інтарэсаў, якія вызначаюцца неабходнасьцю забеспячэньня жыцьцёвых функцый чалавека (сродкі жыцьця), можна сістэматызаваць наступным чынам.

Асабістая праблемная група:

– экалягiчна жыцьцядайны асяродак; – здаровае паветра;

– харчаваньне; – адзеньне; – жытло;

– працяг жыцьця (сям’я); – здароўе; – абарона;

– вучоба; – праца; – адпачынак; – іншыя.

Грамадская праблемная група:

– экалягічная праблема;

– эфектыўная самаарганізацыя ў дзяржаве з функцыянаваньнем механізмаў зваротнай сувязі;

– падзел працы праз функцыянаваньне рынкавай эканомікі;

– навука;

– адукацыя, выхаваньне;

– дэмаграфічная праблема;

– праблема здароўя;

– злачыннасьць, тэрарызм;

– абарона;

– іншыя.

Агульна-людская праблемная група:

– экалягічная праблема;

– энэргетычная праблема;

– сыравінная праблема;

– харчовая праблема;

– дэмаграфічная праблема;

– праблема здароўя;

– злачыннасьць, тэрарызм;

– пагроза вайны;

– іншыя.

Малаверагодна, што кожны чалавек здольны вырашыць гэтыя праблемныя групы самастойна. Свае інтарэсы ён рэалізуе праз самаарганізацыю ў сям’і і самаарганізацыю ў дзяржаве маючай дастатковы духоўны патэнцыял нацыі.

Інтарэсы, якія чалавек мае ў сям’і, можна акрэсьліць наступнымі тэзамі:

– магчымасьць рэалізаваць свой духоўны, інтэлектуальны і фізіялягічны патэнцыял;

– магчымасьць працягу роду;

– бясьпека асобы, прававая абароненасьць;

– здароўе;

– праца і яе вынікі, як аснова дабрабыту сям’і дзеля забесьпячэньня жыцьцёвых функцый;

– выхаваньне дзяцей;

– адукацыя дзяцей;

– магчымасьць адпачываць, займацца самаадукацыяй, хобі і г.д.

– мець сацыяльнае забесьпячэньне на старасьць (пэнсія, матэрыяльныя назапашваньні);

– спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе;

– добраўпарадкаванае мястэчка, дзе чалавек жыве;

– спрыяльны сацыяльны асяродак, г.з. соцыюм, разьвіты ў пляне: духоўным; палітычным (самаарганізацыйным); прававым; эканамічным; культурніцкім; мастацкім; асьветніцкім; адукацыйным; навуковым; аховы здароўя; інфраструктуры; іншае.

Інтарэсы, якія чалавек мае ў самаарганізаваным у дзяржаве грамадстве, можна акрэсьліць наступнымі тэзамі:

– дастаткова высокі духоўны, інтэлектуальны і фізіялягічны патэнцыял соцыюма;

– спрыяльнае палітычнае поле (сістэма самаарганізацыі соцыюма);

– спрыяльнае прававое поле (магчымасьць грамадзянаў, групаў грамадзянаў карыстацца правамі ў сваіх інтарэсах);

– прававая абароненасьць асобы;

– магчымасьць рэалізацыі зваротнай сувязі паміж суб’ектамі дзяржаўнага права праз свабодныя выбары і іншыя правы і свабоды;

– захаваньне спрыяльнага экалягічнага стану;

– разьвітая эканоміка (рынкавая, канкурэнтная, антыманапольная) спрыяльная для прадпрымальніцкай дзейнасьці;

– эфектыўны рынак працы;

– спрыяльныя ўмовы стварэньня і функцыянаваньня сям’і;

– навука;

– сістэма выхаваньня;

– сістэма адукацыі;

– сістэма аховы здароўя;

– багатыя культурніцкія і мастацкія традыцыі;

– сацыяльнае страхаваньне;

– вонкавая абарона (войска).

Як бачым, інтарэсы, якія чалавек мае ў сям’і і ў самаарганізаваным грамадстве, шмат у чым супадаюць. Больш таго, гэтыя інтарэсы ёсьць узаемазалежныя. Відавочна, што і рэалізацыя інтарэсаў чалавека ў сям’і і ў грамадстве магчымая толькі праз самаарганізацыю нацыі (соцыюма з дастатковым духоўным патэнцыялам) ў дзяржаве (незалежнай прававой дэмакратычнай).

Неабходнасьць вырашэньня агульналдскай праблемнай групы можа разглядацца ў кантэксце неабходнасьці міжнароднай самаарганізацыі.

2.2. Здольнасьць чалавека да свабоды (здольнасьць да самаарганізацыі)

Рэалізацыя чалавекам сваіх інтарэсаў дзеля жыцьцезабесьпячэньня і рэалізацыі свайго прызначэньня на Зямлі і ў Сусьвеце перадусім адбываецца ў працэсе працы (дзейнасьці) праз выкарыстаньне ім свайго духоўнага, інтэлектуальнага і фізіялягічнага патэнцыялу. Гэта выяўляецца праз пошук, прыняцьцё і рэалізацыю рашэньняў. Такая здольнасьць вызначаецца здольнасьцю чалавека (ягонай псыхікі альбо душы) быць свабодным. Гэта значыць – пры наяўнасьці дастатковага духоўнага апірышча мець здольнасьць браць на сябе адказнасьць (як вытворчую велічыню свабоды) за прыймаемыя рашэньні й іх рэалізацыю. (Сказанае ня тычыцца маргінальнага, заблякаванага тыпу псыхікі). Здольнасьць чалавека да свабоды (здольнасьць да самастойнага прыняцьця рашэньняў і адказнасьці за іх рэалізацыю) абумоўлена перадусім збалянсаванасьцю ўсьведамленьня чалавекам часовасьці свайго зямнога існаваньня і бясконцасьці (вечнасьці) жыцьця ў Сусьвеце. Такая збалянсаванасьць вызначаецца наяўнасьцю ў чалавека (соцыюма) дастатковага духоўнага апірышча. Гэтай збалянсаванасьцю вызначаецца і такі чыньнік лёсу чалавека, як воля да жыцьця. Воля да жыцьця праяўляецца праз волю да любові і волю да свабоды, якія ў сваю чаргу ёсьць крыніцаю здольнасьці чалавека да самаарганізацыі з сабе падобнымі.

Фармаваньне духоўнага апірышча зьвязанае з рэалізацыяй інтарэсаў, якія палягаюць у сфэры мэты жыцьця. Пачынае духоўнае апірышча фармавацца ўжо ў немаўляці зь любові да бацькоў, да свайго роду, да краіны. Праз родную мову, праз песьні, казкі, якія сьпяваюць і баяць немаўляці бацькі, бабулі, дзядулі. І да 4-5 год, калі надыходзе ўсьведамленьне часовасьці зямнога існаваньня, дзіця ўжо мае праз любоў пэўнае духоўнае апірышча, каб жыць і разьвівацца далей. Ва ўмовах збалянсаванага ўсьведамленьня чалавекам часовасьці свайго зямнога існаваньня і Бясконцасьці жыцьця ў Сусьвеце, менавіта любоў ёсьць крыніцаю волі да свабоды (як умова здольнасьці чалавека да самаахвярнасьці). Гэта ўжо далей па жыцьці духоўнае апірышча чалавека фармуецца праз інстытуты духоўнага апірышча соцыюма: рэлігійнасьць, гістарычную памяць, культуру як досьвед жыцьця, мову, нацыянальную самасьвядомасьць, праз нацыянальныя сымбалі, праз нацыянальную ідэю (неабходнасьць самаарганізацыі нацыі ў незалежнай прававой дэмакратычнай дзяржаве дзеля супольнага жыцьцезабесьпячэньня і рэалізацыі свайго прызначэньня на Зямлі і ў Сусьвеце).

У той жа час, самі інстытуты духоўнага апірышча зьяўляюцца крыніцаю любові і здольнасьці да свабоды. І таму свабода (адказнасьць альбо здольнасьць да адказнасьці праз самастойнае прыняцьце рашэньняў) ёсьць духоўны сродак жыцьця. Стоячы ў свабодзе, людзі могуць самаарганізавацца на падставе любові і дзеля любові. У свабодзе любоў да бліжняга дазваляе чалавеку ахвяраваць сабой дзеля яго, і тым самым назапашваць у сваім сэрцы любоў як мэту жыцьця. Таму і патрэбная свабода толькі ў любові і дзеля любові. І любоў ёсьць крыніцаю патрэбы свабоды як умовы жыцьця. Значыць, любоў ёсьць і мэтаю і ўмовай жыцьця. І калі Бог ёсьць любоў, то значыць і без любові немагчыма жыць, як немагчыма жыць бяз Бога.

Калі ж забраць у чалавека тое духоўнае апірышча, што нараджае ў сэрцы любоў як умову здольнасьці чалавека да самаахвярнасьці, зьнікае і патрэба ў свабодзе і яе вытворчай велічыні – адказнасьці. Больш за тое, жывучы ва ўмовах духоўнай замкнёнасьці таталітарнага рэжыму, у чалавека фармуецца, так бы мовіць, лягерны комплекс, які можна акрэсьліць трыядай: хітрасьць, зайздрасьць і лянота. Напэўна, на гэтым і трымаюцца ўсе таталітарныя рэжымы. У замкнёнасьці, заблякаванасьці псыхікі, абумоўленай усьведамленьнем часовасьці зямнога існаваньня, незбалянсаваным дастатковым духоўным апірышчам, чалавеку ўласьцівыя пачуцьці адзіноты, бясьсільля. Ці не заканамерна ад чалавека ў такім стане, які жыве сярод мільёнаў людзей, чуць: “А што я магу адзін?” альбо “Адзін нічога ня зробіш”. Чалавек жа, які мае пэўны духоўны, інтэлектуальны і фізіялягічны патэнцыял, але вымушаны жыць ва ўмовах, неспрыяльных для рэалізацыі ім свайго прызначэньня, пачынае падаўляць свой патэнцыял алкаголем, наркотыкамі, непрасьветнай працай, кампутарнай залежнасьцю ці іншымі сродкамі.

Безвыходнасьць замкнёнасьці чалавека часта абарочваецца яго злабівасьцю. Але ў нянавісьці і злабе людзі не ў стане самаарганізавацца нават дзеля зьнішчэньня крыніцы сваёй абазьлёнасьці. (Можа быць, на нейкі час іх можна арганізаваць звонку). Людзей, якія адчуваючы сваю прыніжанасьць, нават сябе ня любяць, на ўзроўні падсьвядомасьці задавальняе таталітарны (аўтарытарны) рэжым, які не дазваляе наладзіць ладнае годнае жыцьцё, таму што ад яго балюча і суседу. А суседа ва ўмовах замкнёнасьці ўспрыняцьця жыцьця чалавек ня любіць яшчэ болей, як сябе. Бо ў таталітарным лягеры сусед ёсьць не памочнік у агульнай вольнай справе, а канкурэнт за лягерную пайку. І тут ёсьць адна з прычынаў падтрымкі таталітарнага рэжыму з боку “грамадзянаў”.

Любоў дае патрэбу ў свабодзе як умове праявы чалавекам сябе ў гармоніі, вартай Бога. Людзі ж не маюць Любові ці не ўстане яе зьберагчы таму, што не маюць сапраўднае Веры. Бо праявай Веры ёсьць прыняцьце зь любоўю дадзеных Богам жыцьця, зямлі, народа, ягонай мовы, любові, а таксама свабоды як адказнасьці за іх захаваньне. І мо таму мы й не імкнёмся да свабоды, што без любові да сваёй зямлі, да свайго народу, да роднай мовы наша псыхіка, нашыя душы ня ў стане вытрымаць той адказнасьці, якая прыходзіць са свабодай.

2.3. Неабходнасьць самаарганізацыі

Рэалізацыя мэты і сродкаў жыцьця чалавека, у гарманічных суадносінах якіх палягае прырода інтарэсаў чалавека, вызначаецца, як ужо казалася вышэй, ягоным духоўным, інтэлектуальным і фізіялягічным патэнцыялам. Менавіта выкарыстаньнем гэтага патэнцыялу ў працэсе працы забяспечваюцца інтарэсы чалавека праз рашэньне тых ці іншых задачаў. Але складанасьць задачаў патрабуе значна большага духоўнага, інтэлектуальнага і фізіялягічнага патэнцыялу, чым той, што мае адзін чалавек. Гістарычна гэтая праблема (задача) знайшла рашэньне праз самаарганізацыю здольных да свабоды людзей. Сэнс самаарганізацыі людзей палягае ў тым, што агульны патэнцыял соцыюма зьяўляецца значна большым (на два-тры парадкі, а то й больш), чым простая сума патэнцыялаў асобных людзей. Памер формы [узровень. – Рэд.] самаарганізацыі зьвязаны з эфектыўнасьцю функцыянаваньня ў ёй механізмаў зваротнай сувязі (дэмакратыі), пра якія гаворка ніжэй.

Эфектыўнасць выкарыстаньня самаарганізаваным соцыюмам агульнага грамадскага патэнцыялу абумоўлена:

– эфектыўнасьцю грамадскага падзелу працы (функцый);

– супольнай залежнасьцю соцыюма [найперш, кіраўнікоў. – Рэд.] ад канчатковых вынікаў сумеснай працы (дзейнасьці);

– праз вызначэньне долі працаўнікоў у канчатковых выніках сумеснай працы (дзейнасьці);

– праз права валоданьня сваёй доляй вынікаў працы;

– функцыянаваньнем механізмаў зваротнай сувязі.

Дзеля арганізацыі грамадскага падзелу працы (функцый) і магчымай залежнасьці ад канчатковых вынікаў сумеснай дзейнасьці (працы) соцыюм мусіць самаарганізавацца як унутры сябе, так і зь іншымі супольнымі суб’ектамі (суб’ектамі міжнароднага права), якія самаарганізаваліся вакол.

Самаарганізацыя соцыюма і ёсьць сфэра палітыкі [ня толькі, але і грамадскай дзейнасьці. – Рэд.]: альбо палітыка, як самаарганізацыя соцыюма (стваральная функцыя), альбо вайна, як вынішчэньне (самавынішчэньне) няздольнага да самаарганізацыі, а, значыць, ня здольнага да жыцьцезабеспячэньня соцыюма (разбуральная функцыя).

Але неабходнасьць самаарганізацыі соцыюма ня ёсьць дастатковым чыньнікам гэтай самай самаарганізацыі. Патрэбна яшчэ наяўнасьць у соцыюма дастатковага духоўнага апірышча. Так, дзеля самаарганізацыі соцыюма ў дзяржаве стан духоўнага апірышча соцыюма патрабуе ўзроўню нацыі. У гэтым выпадку статус нацыі ёсьць стан душы народа, а дзяржава – ягонае (народа) цела.

Гістарычна склаліся два шляхі да ўстойлівасьці грамадства як бія-сацыяльна-энэргетычнай сістэмы: альбо трансфармацыя дзяржавы праз удасканальваньне самаарганізацыі (палітыка) і павелічэньне духоўнага, інтэлектуальнага і фізіялягічнага патэнцыялу соцыюма дзеля вырашэньня праблемных групаў, альбо адносная ўстойлівасьць праз зьніжэньне вастрыні праблемных групаў да існуючага ўзроўню духоўнага, інтэлектуальнага і фізіялягічнага патэнцыялу соцыюма ва ўзброеных канфліктах (войнах, рэвалюцыях, рэпрэсіўных акцыях, выбуху злачыннасьці, тэрарызму ды іншых).

Зьмiцер Абразцоў

Каментары (1)

  1. Выдатна, толькі трошкі, паводле майго роазумення, за многа робіцца спасылак на Бога,
    гэта можа ў нейкім сэнсе , хто ні хоча думаць, вызваць невялікі недавер дапраграмнага дакумента. Аднак адчуваецца, што засталіся, што праўда, то яны і ні прападалі, людзі
    якія душлй стаяць за Беларусь. Пакуль такія людзі есць, а яны заўседы знойдуцца, Беларусь
    будзе жыць. Будзе жыць вечна!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы