nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Канцэпцыя Беларускай нацыянальнай ідэі (частка ІІІ)

13 ліпеня, 2007 | 2 каментарыя

Зьмiцер Абразцоў.

���3.GIF

4. СУБ’ЕКТЫ ДЗЯРЖАЎНАГА ПРАВА

4.1. Грамадзяне

Інстытут грамадзянства ўзьнікае на дзяржаўным прававым полі. Грамадзянства ёсьць прававы статус чалавека, які вызначаецца адказнасьцю чалавека за краіну і дзяржаву праз свае правы і абавязкі [у яго ўзьнікаюць дадатковыя правы, калі ён бярэ на сябе пэўныя абавязкі. – Рэд.]. Атрыманьне грамадзянства ўяўляецца дабраахвотным як вольнае рашэньне чалавека, здольнага ўзяць на сябе адказнасьць за краіну, у якой ён жыве [у рэдакцыі мы лічым, што абавязкі грамадзяніна (у нашым выпадку, грамадзяніна Беларусі) павінны быць больш акрэсьленымі, канкрэтнымі, як канкрэтнай ёсьць наша грамадская рэчаіснасьць; гэта абавязак высока цаніць і бараніць (калі трэба, вярнуць і абараніць) агульнанацыянальныя каштоўнасьці беларускага народу, якія з пазіцый аб’ектыўных інтарэсаў беларусаў ёсьць сьвятымі: нашу мову, усе асьпекты беларускай культуры, беларусацэнтрычны гістарычны сьветагляд, этнічную тэрыторыю, унутранае нацыянальнае адзінства, свабоду і самастойнасьць беларускай дзяржавы, генафонд беларускага народу, а, галоўнае, тыя аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу, якія ськіраваныя ў яго неабмежаваную, прагрэсіўную будучыню (гл. Д пр-п 23, 43); у будучай беларускай дзяржаве любыя формы непавагі да сьвятых каштоўнасьцяў беларускага народу будуць аўтаматычна весьці, як мінімум, да пераўтварэньня чалавека з грамадзяніна, калі ён быў грамадзянінам, у жыхара – г.зн. асобу, пазбаўленую палітычных і грамадскіх правоў грамадзяніна. – Рэд.].

Права абіраць, быць абранымі або прызначанымі на пасады ў інстытутах дзяржаўнага рэгуляваньня могуць мець толькі грамадзяне.

Бараніць краіну грамадзяне абавязаныя, тады як абывацелі (асобы, якія ня могуць або не жадаюць браць на сябе супольную адказнасьць [іначай, гэта проста несістэмныя жыхары. – Рэд.]) могуць удзельнічаць у абароне краіны па сваёй волі.

Дзеля атрыманьня грамадзянства існуе пэўны цэнз (падставовае веданьне нацыянальнай культуры, мовы, гісторыі, узрост, працягласьць пражываньня ў краіне, пакараньне за зьдзейсьненае злачынства і г.д.) [з пазіцый нашай рэдакцый абавязкава трэба ўлічваць (хай сабе і не ў абсалютнай форме) і нацыянальнасьць тых, каго мы прымаем у грамадзянства, бо Беларусь – гэта найперш дзяржава беларускага народу! Бо калі мы заселім нашу краіну ксенаэтнічнымі элементамі (нават, калі яны будуць ведаць нашу мову, культуру і гісторую), яна перастане быць Домам беларускага народу! Наступствы парушэньня дадзенага дэмакратычнага прынцыпу цяпер дастаткова яскрава пачынаюць праступаць у Францыі; разумны вучыцца на чужых памылках, а дурань… – Рэд.].

4.2. Грамадзянская супольнасьць

Грамадзянская (ці грамадская) супольнасьць як суб’ект дзяржаўнага права ўяўляе сабой увесь спэктр формаў самаарганізацыі грамадзянаў ці абывацеляў з мэтаю рэалізацыі сваіх інтарэсаў (працоўных, грамадскіх, палітычных, эканамічных і іншых).

Сэктары грамадзянскай супольнасьці (гл. малюнак 9):

– палітычны сэктар (функцыя: самаарганізацыя грамадства ў дзяржаве): грамадска-палітычныя рухі, палітычныя партыі, арганізацыі выбаршчыкаў;

– эканамічны сэктар (функцыя: грамадскі падзел працы, рынкавы механізм вызначэньня долі работніка ў канчатковых выніках сумеснай працы і абмена вынікамі працы): прадпрыемствы, арганізацыі ў сферы маркетынгу, вытворчасьці, гандлю, фінансаў (банкі, біржы і інш.);

– неўрадавыя грамадскія арганізацыі: адукацыйныя, асветніцкія, культурніцкія, праваабарончыя, экалягічныя, спартовыя, па відах захапленьняў і інтарэсаў, жаночыя і інш.;

– прафсаюзныя арганізацыі;

– сродкі масавай інфармацыі;

– мясцовае самакіраваньне.

�б�аз�о� 9.GIF

Праз грамадзянскую супольнасьць ажыцьцяўляецца зваротная сувязь паміж грамадзянамі і інстытутамі дзяржаўнага рэгуляваньня.

На структурах грамадзянскай супольнасьці ляжыць і асноўная функцыя жыцьцезабесьпячэньня праз выкарыстаньне капіталізаванай часткі вынікаў працы, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасьці.

4.3. Інстытуты духоўнага апірышча

На пачатку разьвіцьця форм самаарганізацыі рэлігійнасьць як інстытут духоўнага апірышча зьвязаная са сродкамі жыцьця дзеля жыцьцезабесьпячэньня. Магчыма, сродкамі жыцьця ў пэўнай ступені і абумоўлена прысутнасьць рэлігійных інстытуцыяў на полі інстытутаў дзяржаўнага рэгулявання. Калі ж формы самаарганізацыі людзей дазволілі назапасіць дастаткова вялікі інтэлектуальны і фізіялягічны патэнцял, а з разьвіцьцём тэхналёгій сродкі жыцьцезабесьпячэньня людзі пачалі здабываць у працэсе больш-менш прагназуемай вытворчасьці, рынку, рэлігійныя інстытуцыі ў сфэры жыцьцезабесьпячэньня робяцца менш запатрабаванымі. Акцэнт у функцыянаваньні рэлігійных інстытуцыяў у гэткіх умовах зьмяшчаецца ў бок вызначэньня мэты і сэнсу жыцьця, падвышэньня духоўнага патэнцыялу нацыі. Рэлігійныя інстытуцыі як бы нітуюць і асобных людзей і нацыю, у асяродзі якой яны функцыянуюць, з Богам.

Адмежаваньне ад нацыянальных культурніцкіх каштоўнасьцяў як дару Божага дадзенага народу, ігнараваньне нацыянальных асаблівасьцяў народу ператварае рэлігійныя інстытуцыі ў рэлігійныя сэкты [ці ў зьбюракратызаваны клер. – Рэд.].

Прызначэньне нацыянальных рэлігійных інстытуцыяў у дзяржаве можна разглядаць як функцыю скіраваць сьветапогляд дадзенай нацыі на яе Боскае прызначэньне як мэты жыцьця, на збалянсаванае ўсьведамленьне сэнсу часовага існаваньня чалавека і вечнасьці жыцьця праз прыняцьце нацыянальных духоўных каштоўнасьцяў як Божага дару.

Інстытуты духоўнага апірышча (ІДА) зьяўляюцца, напэўна, і полем дзейнасьці такой постаці, неабходнай у працэсе самаарганізацыі нацыі, як нацыянальны лідэр [не, толькі Форум нацыянальнай эліты (ФНЭ). – Рэд.]. Неабходнасьць функцыянальнай адасобленасьці ІДА на дзяржаўным палітычным полі патрабуе і адасобленай ад інстытутаў дзяржаўга рэгуляваньня (ІДР) дзейнасьці нацыянальнага лідэра. Гэта азначае, што нацыянальны лідэр не можа прэтэндаваць на дзейнасьць на полі ІДР у якасьці палітычнага лідэра [дакладна так, толькі для ФНЭ. – Рэд.]. Неабходнасьць нацыянальнага (ці, можна сказаць, духоўнага) лідэра ў Беларусі ў працэсе пераходу ад таталітарнай дзяржавы да посттаталітарнай і далей да дэмакратычнай дзяржавы зьвязаная з адсутнасьцю адасобленых ад інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня сталых нацыянальна вызнаных інстытутаў духоўнага апірышча, прадстаўніком якіх маглі б быць нацыянальна вызнаныя рэлігійныя інстытуцыі.

Носьбітамі духоўнага апірышча ёсьць такія інстытуцыі як нацыянальная мова, нацыянальная культура, як досьвед жыцьця ў дадзеных прыродных, геапалітычных і сьветапоглядных умовах, нацыянальная самасьвядомасьць, гістарычная памяць і ўласна рэлігійнасьць як умова захаваньня вечнасьці душы ня толькі асобнага чалавека, але і нацыянальнай душы народу [дакладна так!!! + погляд у неабмежаваную будучыню! – Рэд.].

4.4. Інстытуты дзяржаўнага рэгуляваньня

Неабходнасьць у інстытутах дзяржаўнага рэгуляваньня палягае ў іх статусе носьбітаў улады як функцыі і права ўсталяваньня нормаў права на дзяржаўным прававым полі, іх ажыцьцяўленьня і кантролю за іх выкананьнем. Калі на дзяржаўным прававым полі паміж суб’ектамі дзяржаўнага права забясьпечваецца функцыянаваньне доўгатэрміновай зваротнай сувязі (на тэрмін дзейнасьці прэзідэнта, парлямэнта), то падзел інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня (падзел функцый улады) забясьпечвае функцыянаваньне аператыўнай зваротнай сувязі паміж самімі інстытутамі дзяржаўнага рэгуляваньня (так бы мовіць, у малым крузе) (гл. малюнак 10).

�б�аз�о� 10.GIF

Інстытуты дзяржаўнага рэгуляваньня:

– заканадаўчы (прадстаўнічы);

– выканаўчы (урад, войска, паліцыя);

– праваахоўны (суд, пракуратура, прадстаўніцтва па правох чалавека і інш.).

Умова падзелу [дыферэнцыяцыі. – Рэд.] інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня забясьпечвае празрыстасьць іх функцыянаваньня, спрыяе ажыцьцяўленьню кантролю за дзейнасьцю інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня з боку грамадзянаў і грамадзянскай супольнасьці і ёсьць неабходнай дзеля жыцьцяздольнасьці ўсёй дзяржавы, бо спрыяе больш эфектыўнаму выкарыстаньню супольнага духоўнага, інтэлектуальнага і фізіялягічнага патэнцыялу соцыюма.

5. ЭКАНАМІЧНЫ ЛАД

У аснове эканамічнай дзейнасьці дзяржавы палягае грамадскі падзел [дыферэнцыяцыя. – Рэд.] працы, вызначэньне спажывецкай долі кожнага ўдзельніка эканамічнага працэсу ў канчатковых выніках сумеснай дзейнасьці і фармаваньне і выкарыстаньне капіталізаванай часткі вынікаў сумеснай працы.

Каб даць тлумачэньне такому вызначэньню, трэба разгледзець функцыянальную структуру вынікаў працы.

З функцыянальнага гледзішча вынікі працы ўмоўна можна падзяліць на тры часткі. Першая частка – спажывецкая – ідзе на забесьпячэньне жыцьцёвых функцый і інтарэсаў, зьвязаных з мэтаю жыцьця. Другая частка – адкладзеная спажывецкая – фармуецца на працягу пэўнага перыяду дзеля рэалізацыі інтарэсаў, якія ня могуць быць рэалізаваныя за кароткатэрміновы перыяд. Іншымі словамі, ідзе назапашваньне адкладзенай спажывецкай часткі вынікаў працы. Трэцяя частка – капіталізаваная – выдаткуецца на арганізацыю далейшага працэсу працы, паколькі праца, як механізм жыцьцезабесьпячэньня, патрабуе выкарыстаньня капіталізаванай часткі вынікаў працы.

Адкладзеная спажывецкая частка вынікаў працы можа пераходзіць як да функцыі спажывецкай часткі, так і да капіталізаванай часткі. Таксама капіталізаваная частка альбо выдаткуецца толькі на арганізацыю працэсу працы, альбо можа пераходзіць на поле спажывецкай часткі ў залежнасьці ад насычанасьці рынку.

У працэсе самаарганізацыі людзей і грамадскага падзелу працы, калі выкарыстаньне спажывецкай часткі ёсьць справай індывідуальнай, то капіталізаваная частка патрабуе акумуляванага выкарыстаньня.

Доля акумуляванай спажывецкай часткі вынікаў працы рэалізуецца праз бюджэт: агульнанацыянальныя праграмы і задачы, забесьпячэньне функцыянаваньня інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня ў памерах, акрэсьленых законам. Доля акумуляванай капіталізаванай часткі супольных вынікаў працы рэалізуецца праз банкаўскую, біржавую і прадпрыймальніцкую дзейнасьць у эканамічнай сфэры.

6. ЗДАРОЎЕ

Чаму ў Беларусі людзі мала цікавяцца сваім здароўем? Мо таму, што каштоўнасьць уласнага здароўя не суадносіцца з каштоўнасьцю жыцьцяздольнасьці нацыі?

Больш за тое, здароўе чалавека (фізіялягічны патэнцыял), як умова ягонай жыцьцяздольнасьці, зьвязанае з жыцьцяздольнасьцю нацыі. Калі для чалавека жыцьцяздольнасьць нацыі ўяўляецца каштоўнасьцю, што вынікае са збалянсаванага ўсьведамленьня часовасьці існаваньня і вечнасьці жыцьця, то і здароўе ўяўляецца каштоўнасьцю дзеля здароўя нацыі і бясконцага працягу жыцьця. І толькі ў такіх умовах каштоўнасьцю нацыі робіцца здароўе кожнага чалавека. Магчыма, такім чынам у соцыюме ўзаемазьвязаныя духоўны, інтэлектуальны і фізіялягічны патэнцыялы.

У чалавека, у якога згаданае ўсьведамленьне збалянсаванасьці ўласнага здароўя і жыцьцяздольнасьці нацыі адсутнічае, клопат пра здароўе можа стаць толькі як хобі ці блакіроўкай усьведамленьня сваёй часовасьці (акрамя іншых блакіровак). У лепшым выпадку клопат пра здароўе – гэта рэакцыя на боль, як зваротную сувязь у арганізме чалавека.

Той, каму абыякава (ва ўмовах незбалянсаванага ўсьведамленьня часовасьці існаваньня) сваё здароўе і сваіх блізкіх, хутчэй за ўсё абыякавы і стан (здароўе) краіны. Той, каму абыякавы стан (здароўе) нацыі, краіны, таму хутчэй за ўсё абыякава і сваё здароўе і сваіх блізкіх. Калі ж чалавек мае ўяўленьне, што са здаровай, жыцьцяздольнай нацыяй зьвязанае ягонае жыцьцё, жыцьцезабесьпячэньне ягоных дзяцей і ўнукаў і далейшых нашчадкаў, тады клопат пра ўласнае здароўе ёсьць надзённай патрэбай дзеля здароўя ўсёй нацыі. Магчыма, той, хто захацеў палепшыць сваё здароўе, захоча палепшыць і стан краіны, як сістэмы жыцьцезабесьпячэньня кожнага чалавека.

7. ФОРМЫ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ

Беларуская нацыянальная ідэя можа быць акрэсьленая як у канцэптуальнай форме, так і ў лёзунгавай форме, у выглядзе фармулёўкі нацыянальных інтарэсаў, у дэкляратыўнай форме.

7.1. Лёзунгавая форма нацыянальнай ідэі

“Бог – Свабода – Беларусь”

“Беларусь для Хрыста!”

“Беларусь – наш Храм!”

“Беларусь – наш дом!”

“Свабода – Права – Беларусь”

“Сям’я – Нацыя – Свабода”

“Любоў – Свабода – Беларусь”

“Мова – Нацыя – Дзяржава”

“Здаровая нацыя – здаровыя людзі,

здаровыя людзі – здаровая нацыя”

Усе гэтыя ідэі, як бы па рознаму яны не гучалі, утрымліваюць у сабе сэнс адна адной.

7.2. Нацыянальныя інтарэсы

Нацыянальную ідэю можна акрэсьліць і праз нацыянальныя інтарэсы (гл. табліцу).

�б�аз�о� Табл.1.GIF

�б�аз�о� Табл.2.GIF

7.3. Дэкляратыўная форма нацыянальнай ідэі

БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ IДЭЯ

“Мы, сучасныя жыхары зямлi беларускай, з ласкi Божае і з блаславеньня народу беларускага – тых, хто жыў на гэтай зямлi i тых, хто жыць на ёй будзе – абвяшчаем люду сусьветнаму, што бярэм на сябе адказнасьць за зямлю нашую, за захаваньне яе чыстай i жыцьцядайнай для нашчадкаў нашых i ўсяго люду зямнога.

Мы пацьвярджаем здольнасьць браць на сябе адказнасьць праз:

– адраджэньне, узбагачэньне i захаваньне досьведу жыцьця беларускага народу – нацыянальнай культуры, ягонага духоўнага, iнтэлектуальнага і фізіялягічнага патэнцыялу як умовы здольнасьцi нацыі браць на сябе адказнасьць;

– свабоду як адказнасьць за сябе, за зямлю i краiну, у якой мы жывем;

– права як магчымасьць i механiзм рэалiзацыi гэтай адказнасьцi;

– братэрства як духоўную еднасьць роўных у правох людзей;

– самаарганiзацыю ў незалежнай прававой дэмакратычнай дзяржаве.

Мы прызнаем каштоўнасьць i дастатковасьць духоўнага, iнтэлектуальнага і фізіялягічнага патэнцыялу нашага народу дзеля існаваньня беларускай нацыi як умовы нашай дзяржаўнай самаарганiзацыi i заяўляем аб гэтым сваiм праве.

Мы заяўляем аб стварэньнi незалежнай, прававой, дэмакратычнай дзяржавы Беларусь, галоўнай каштоўнасьцю ў якой ёсьць Боскае прызначэньне чалавека ў Сусьвеце, ягоныя свабода i правы.

Свабоду як адказнасьць за зямлю, на якой мы жывем, за краiну, у якой мы жывем, за блiзкiх i родных нам людзей, мы рэалiзуем праз статус грамадзянiна, ягоныя правы i абавязкi.

Мы прызнаем каштоўнасьць духоўнага i iнтэлектуальнага патэнцыялу народаў іншых краiнаў сьвету i iхняе права на адказнасьць за зямлю, на якой яны гiстарычна ўтварылiся”.

Відавочна, што жыцьцядзейнасьць людзей, у тым ліку і супольная, у ХХІ стагодзі мусіць стаць больш асэнсаванай. Магчыма, чалавецтва яшчэ прасунецца ў разуменьні свайго прызначэньня на Зямлі. Асьвятляць жа людзям гэты шлях па-ранейшаму застануцца Вера, Надзея, Любоў. І магчыма, нашыя нашчадкі ўжо ня будуць баяцца свабоды і здолеюць браць на сябе адказнасьць за дадзеныя Богам скарбы: зямлю, мову, волю, краіну і перадаваць іх жыцьцядайнымі ў Бясконцасьці жыцьця беларускага народу.

Зьмiцер Абразцоў

18 кастрычніка 2004 г.

2 каментарыя

  1. На падставе гэтых матэрыялаў трэба распрацоўваць КАНСТЫТУЦЫЮ (СТАТУТ)
    будучай краіны БЕЛАРУСЬ.

  2. Зьміцер кажа:

    Дзякуй, такая задума ёсьць, але патрэбная хоць невялікая група.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы