nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Масонскія гульні Пуціна (Частка 2)

16 ліпеня, 2007 | Няма каментараў

Мікалай Смаленцаў-Собаль

У “Газпрам-Медыя” спачатку кіруе В.Гусінскі. У выніку гэбэшна-масонскіх разборак ён уцякае за мяжу. Філіп Дзянісавіч Бабкоў, генерал-лейтэнант дзяржбясьпекі, які ўзначальваў ахову Гусінскага, відавочна згуляў у гэтых уцёках не апошнюю ролю. Былы афіцэр СМЕРШа, правая рука Андропава, да 1991 года кіраўнік знакамітага 5-га Упраўленьня КГБ (сачэньне за палітычна недабранадзейнымі) ня мог апынуцца шэраговым статыстам. Было б дзіўна, калі б Гусінскі раптам ня змог выехаць за мяжу пад такім “дахам”. Было б ня менш дзіўным даведацца, што заслугі Бабкова не адзначаны [хто не зразумеў, гэта іронія. – Рэд.] – пасьля пабегу Гусінскага ён становіцца кавалерам ордэна “Благавернага Аляксандра Неўскага” (2004 год). Пра гэта ды іншыя ордэны трохі позьней.

Вернемся да асобы Гусінскага і яго атачэньня. Замест яго ў “Газпрам-Медыя” прыходзіць іншы ня менш адыёзны кадр – Альфрэд Рэйнгольдавіч Кох, правая рука небезвядомага Чубайса.

За некалькі гадоў да таго “Алік” Кох рабіў цуды ў Міндзяржмаёмасьці. Ня сам рабіў – па заказу вядомай публікі. Вынікі вядомыя: магутныя прадпрыемствы айчыннай прамысловасьці (той жа Новаліпецкі металургічны камбінат, Нарыльск-нікель, дзясяткі іншых) былі штучна пастаўленыя ва ўмовы банкруцтва, а потым прададзеныя замежным “партнэрам” – ну, проста за вельмі сьмешныя грошы! Пры гэтым “Аліка” бесцырымонна выкарыстоўвалі набліжаныя Ельцына-Пуціна: Пётр Авен, Павел Барадзін, Герман Грэф, Уладзімір Смаленскі, Міхаіл Фрыдман, Уладзімір Патанін, Барыс Ёрдан, нейкі Хан… Стаўленьне да яго было як да “халуя”, адзначаюць многія аналітыкі. Відаць, невысокі ранг у масонскай пірамідзе займаў гэты самы “Алік”. Потым быў “адыход”, зацішша. Нарэшце, новыя прызначэньне… у “Газпрам-Медыя”.

Аднак Кох прабыў у руля “Газпрам-Медыя” нядоўга. У кастрычніку 2001 года яму дадзены загад пакінуць гэтую пасаду. Саму раптоўную адстаўку сваю Кох успрыняў з крыўдай: не заўсёды масонская дысцыпліна перасільвае асабістыя амбіцыі. Але зьмяшчэньне “Аліка” супадае з перадачай вялікага заказу “Дрэзднэр-Банку”. Ці выпадкова гэта? У фінансах, як і ў палітыцы, выпадковасьці бываюць скрайне рэдка.

Ясна, што ўнутры масонскай тоўшчы пастаянна ідзе барацьба за ўлыў, за пасады, за выгаду, за тыя самыя даброты. Група Чубайса, якую падтрымлівае заходняя эліта (і якая, дарэчы, моцна стамілася ў апошні час у сваёй падтрымцы), увесь час счэпліваецца з групай КП-ГБ-масонаў [аўтар мае на ўвазе больш старую групу расейскіх масонаў, якія знаходзіліся ў ЦК КПСС і ў КГБ. – Рэд.]. Апошняя пасьля прыходу Пуціна на прэзідэнцкую пасаду актыўна нарошчвае мускулы і… умацоўвае сувязі з усё той жа заходняй масонскай элітай.

Адзін яскравы прыклад. Зь піцерскай каманды Пуціна зьвяртае на сябе ўвагу Віктар Іваноў, які атрымаў прозьвішча “крамлёўскі Борман”. Кадравы афіцэр КГБ, Віктар Іваноў стварыў фірмы “Блок” і “Борг” разам з Барысам Грызловым і Мікалаем Патрушавым. Знаёмыя прозьвішчы? Адзін зь іх стаў міністрам унутраных спраў, другі і цяпер узначальвае КГБ-ФСБ. Аднак Віктар Іваноў пайшоў іншым шляхам: у 1996-98 гг. ён кіруе расейска-амерыканскім ЗАТам “Тэлеплюс”, якое займаецца арганізацыяй трансляцыі 30 спадарожнікавых каналаў, улучна з CNN і Euronews.

Валодаючы 45% акцый ЗАТ “Тэлеплюс” амерыканская фірма “Telcell” зьяўляецца дачынай структурай транснацыянальнай амерыканскай карпарацыі “Metromedia“. Гэтай апошняй займаецца вядомы медзія-магнат Роберт Вуслер, які зьяўляецца блізкім супрацоўнікам Тэда Тэрнера (вось чаму менавіта CNN транслюецца па “Тэлеплюсу”) – абодвы ўплывовыя масоны ЗША. Якія знамянальныя сувязі палкоўніка КГД-ФСБ, а цяпер намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па кадрах з масонскай элітай Амерыкі! Хто будзе спрачацца пра існаваньне КП-ГБ-масонства?

Уплыў Віктара Іванова ў Крамлі ў цяперашні час бясспрэчны. Мяркуюць, праз нейкі час менавіта ён і назаве Пуціну імя чалавека, якога той павінен будзе паставіць замест сябе.

У бліжэйшым атачэньні прэзідэнта РФ і Міхаіл Фрадкоў, прызначаны Пуціным у 2004 годзе прэм’ер-міністрам. Сваю кар’еру ён пачаў з пасады ў апараце дарадцы па эканамічных пытаньнях у амбасадзе СССР у Індыі, г.зн. на пасадзе штатнага выведніка (цяпер Фрадкоў – палкоўнік запасу КГБ-ФСБ), былы міністар зьнешніх эканамічных зносінаў, былы кіраўнік буйнейшай айчыннай страхавой кампаніі “Інгосстрах”, былы намесьнік сакратара Савета Бясьпекі, былы кіраўнік падатковай паліцыі, амбасадар РФ у Еўразьвязе.

У Міхаіла Фрадкова склаліся выдатныя адносіны з Пятром Авенам, яго папярэднікам на пасадзе міністра зьнешнеэканамічных сувязяў (1992 г.). Гэта той самы Авен, які выплыў на паверхню невядома адкуль разам зь Я.Гайдарам, А.Чубайсам, А.Шохіным, Г.Паповым, Я. Ясіным, Урынсонам. Пасьля міністэрства ў яго апынулася ў руках фінансавая імперыя “Альфа-Груп”, як вядома, створаная на грошы КПСС. Гэта ўсё добра вядома, як і тое, што Пётар Авен – зафіксаваны масон, сябра клуба “Узаемадзеяньне” (1993 г.), сябра “Ротары-Клуба”, што сувязі яго з міжнародным масонствам распаўсюджваюцца шырока і глыбока, што таксама адзначаецца ў выданьні Ліндана ЛаРуша.

У адмысловых дасьледаваньнях, апублікаваных часопісам EIR у канцы 1990-х, распавядаецца, як большасьць з гэтага “першага прызыву” праходзілі падрыхтоўку ў Інстытуце эканамічных Зносінаў (ІЭЗ) у Вялікабрытаніі. Гэта не звычайны інстытут – гэта адмысловая навучальна-дасьледніцкая ўстанова. Яна заснаваная адной з самых сакрэтных і самых непранікальных масонскіх ложаў, якая завецца “Супольнасьць Монт Пелерын”.

На сёньня Монт Пелерын аб’ядноўвае прыкладна пяцьсот сябраў. З’езды арганізацыі праводзяцца адзін раз у два гады, кожны раз у іншай краіне. Месца і час правядзеньня сходак сьцісла засакрэчаныя. У 1983-85 гадах сьпецпадрыхтоўку ў ІЭЗ Супольнасьці Монт Пелерын атрымалі: Я.Гайдар, А.Чубайс, У.Патанін, А.Шохін, К.Кагалоўскі, Б.Фёдараў (той самы, што стане потым міністрам фінансаў РФ, пойдзе ў адстаўку і зойме пасаду ў… Савеце дырэктараў Газпраму), П.Авен, В.Мау, Я.Ясін й іншыя – пазьней названыя кімсьці “прафесіяналамі ва ўладзе” [зьвярніце ўвагу, падрыхтоўка гэтых “прафесіяналаў для ўлады” адбывалася яшчэ ў разгар камуна-саўка, у перыяд, калі мы толькі-толькі перасталі кансьпектаваць “Малую зямлю” Брэжнева, у час, калі Андропаў лапаў людзей у крамах і кінатэатрах! Усё гэта – пераканаўчы доказ існаваньня яшчэ ў часы СССР таемнай улады. – Рэд.].

Зьвернем увагу на гады масонскага навучаньня гэтых “прафесіяналаў”. Гэта было яшчэ да Гарбачова [!!! – Рэд.], пры ўладзе былі К.Чарненка і Ю.Андропаў. Ці ёсьць падставы лічыць, што будучыя “рэфарматары” накіраваліся за мяжу без ведама магутнага Палітбюро і без апякунства ўсёведнага КГБ? Для любога, хто знаёмы з сістэмай улады КП-ГБ, такое меркаваньне зьяўляецца недарэчным [вось-вось. – Рэд.].

Чаго яўна не ўлічылі прыўладныя, гэта тое, што таемнае заўсёды становіцца яўным: масонская ложа Монт Пелерын з самога свайго зараджэньня субсідыравалася брытанскай выведкай, была пад яе кантролем і пратэктаратам, выконвала яе асаблівыя даручэньні. Іншымі словамі, мы маем справу з навучаньнем кадраў з ложы КП-ГБ у ложы Монт Пелерын [!!! – Рэд.] пад эгідай брытанскай выведкі [!!! – Рэд.]. Адсюль ня дзіўна сёньня бачыць сяброўства паміж выпускнікамі ІЭЗ Монт Пелерын, якія занялі ключавыя пазіцыі ў эканоміцы і фінанасах РФ (з аднаго боку), і савецкімі выведнікамі Фрадковым, Пуціным й іх калегамі (зь іншага).

У сваю бытнасьць міністрам зьнешне-эканамічных сувязяў М.Фрадкоў знаходзіўся ў вельмі добрых стасунках з прэм’ер-міністрам Я.М.Прымаковым. Гэта зразумела. Вонкавыя эканамічныя кантакты, якія забясьпечылі поўны кантроль Захаду над працэсамі ў РФ, павінны былі забясьпечвацца людзьмі, якіх заходняя “эліта” ведае. І Фрадкоў, і Прымакоў, і Пуцін ёсьць такімі фігурамі. Усе трое непасрэдна перасякаліся на прафесійных шляхах. Дарэчы, у сваіх палітыка-эканамічных поглядах усе трое – прыхільнікі дзяржаўнага капіталізму. Гэта значыць такога капіталізму, у якім дзяржава кантралюе рынак, улада прыдумвае свае законы, а урад цісьне сокі з народу.

Падобна Авену, Я.Прымакоў – вядомы ва ўсіх колах масон [цяпер беларусам варта ўспомніць, як А.Лукашэнка шматзначна і шматразова заяўляў, што Прымакоў – гэта яго “учітель”; вось па чыіх “указаньнях” Лукашэнка рабіў свае сатанінскія злачынствы супраць беларускага народу, гэта былі “парады” ня толькі старога камунякі, але і вядомага масона! – Рэд.]. Паслужны сьпіс Прымакова ня толькі ўражвае, але і раскрывае ўнутраныя сувязі КП-ГБ-масонства. Дырэктар Інстытута сусьветнай эканомікі і міжнародных зносін, партыйны прапагандыст, кіраўнік службы вонкавай выведкі [значыць, была яшчэ і ўнутраная. – Рэд.], міністар замежных спраў РФ (1996 г.), старшыня ўраду РФ (1998 г.), кансультант Рады па міжнародных зносінах і Трохбаковай камісіі, член Мальтыйскага ордэна і член Рымскага клуба.

Моцныя сувязі ўсталяваліся паміж Прымаковым і Таварыствам Монт Пелерын. Паслугі Яўгена Максімавіча для гэтай сакрэтнай арганізацыі былі годна ацэненыя. У 1998 годзе ў Като Інстытуце (дачынай ложы Таварыства Монт Пелерын) яму падаравалі бронзавы бюст Фрэдэрыка Хаека (1899-1992 гг.), заснавальніка самога Таварыства Монт Пелерын – каб памятаў. І пазьней сувязь зь імі ён не перапыняе. Так, 25 чэрвеня 1998 году Яўген Максімавіч трымае прамову перад масьцітымі масонамі ў Лондане ў самым Інстытуце Эканамічных Зносін (ІЭЗ). Тым самым інстытуце, дзе атрымалі сьпецпадрыхтоўку Гайдар, Чубайс, Фёдараў, Авен ды інш.

У цяперашні час Я.Прымакоў узначальвае Гандлёва-прамысловую палату (ГПП) РФ, якая зьяўляецца схавана-масонскай структурай, якая “фільтруе кадры” для прамысловасьці і гандлю, якая падпарадкавала свайму ўплыву практычна ўсю эканоміку краіны.   

Іншай буйной ценевай фігурай зьяўляецца А.І.Вольскі [гэта той самы, які гарадзенскага паходжаньня. – Рэд.]. Як і Прымакоў, Аркадзь Іванавіч быў і сябрам ЦК КПСС, і ў бліжэйшым атачэньні Андропава, пры Гарбачове быў заўсёды недзе непадалёк ад улады, даволі бесклапотна і мэтанакіравана перажыў “бурлівыя гады” Ельцына. Цяпер ён узначальвае Расейскі Саюз прадпрыймальнікаў і прамыслоўцаў (РСПП). У адрозьненьне ад многіх уладутрымаючых, на публіцы ён зьяўляецца нячаста, скандальных заяваў у духу Жырыноўскага (“каждой женщине Росссии – по мужчине!” ды інш.) ня робіць, у громкіх скандалах, зьвязаных з карупцыяй ці з амаральнымі паводзінамі (напрыклад, як генпракурор РФ, які быў засьняты ўдзельнікам у групавым сексе), не засьвечаны.

Абедзьве арганізацыі, прымакоўская ГПП і РСПП Вольскага, шчыльна пераплецены. Часта нябачна, дзе заканчваецца ГПП і пачынаецца РСПП. Прымакоў удзельнічае ў тых самых камітэтах і форумах, што і Вольскі, тады як Вольскі ўваходзіць у тыя ж камісіі, што і Прымакоў. Напрыклад, разам яны стварылі “некамерцыйнае партнэрства “Медыя-Соцыюм”, абодва захапілі “ТВ-6” у 2002 годзе. Пры гэтым ніхто іншы, як Валянціна Матвіенка ад імя ўраду заявіла галоўнае: “Прымакоў і Вольскі – гэта тыя людзі, якім нельга не давяраць”.  

Зрэшты, зоны ўплыву ў РФ яны разьмеркавалі. Сам Аркадзь Вольскі на сустрэчы з Пуціным заявіў, што РСПП мае справу “з буйным бізнэсам, а ГПП – зь сярэднім і дробным на ўсёй эканамічнай прасторы Расеі”. Магчыма, таму што на самой справе абедзьве гэтыя арганізацыі ўяўляюць зь сябе адзіную структуру, глыбока засакрэчаную, глыбока інтэграваную ў палітычна-эканамічную ўладу РФ.

Інфармацыйныя крыніцы даводзяць, што менавіта Я.Прымакоў некалькі разоў рэкамендаваў В.Пуціну кандыдатуру М.Фрадкова ў якасьці прэм’ер-міністра. А ведаючы, што Прымакоў і Вольскі – гэта адна і тая ж партыя, лёгка вылічыць, што за гэтымі рэкамендацыямі стаіць і Вольскі.

Перасадка пасла РФ у Еўразьвязе ў крэсла прэм’ера – тыповая масонская адпрацоўка: сакрэтна, нечакана, амаль невытлумачальна. Дакладна так, як пераход Пуціна з кабінета на Лубянцы ў кабінет у Саўміне. Але калі ўлічыць, што ўсе чацьвёра – Прымакоў-Вольскі-Пуцін-Фрадкоў – належаць да аднаго “паслушэнства”, дык усё становіца на свае месцы…

Па-за ўсялякага сумневу, што член Мальтыйскага ордэна, член Рымскага клуба, пажаданы госьць Таварыства Монт Пелерын і Трохбаковай Камісіі Я.Прымакоў, як і былы эканамічны дарадца Ю.Андропава, куратар ВПК і цяжкай прамысловасьці краіны А.Вольскі, “цяжэй за” маладога Пуціна. І той вымушаны толькі выконваць загады сваіх гаспадароў, а Фрадкову застаецца толькі прыймаць новую пасаду зь вялікім задавальненьнем.

Абывацель, які не знаёмы з масонскімі вывертамі, пры такоё празмернай колькасьці ложаў, групаў, аб’яднаньняў, клубаў, асацыяцый, ды яшчэ пры вымаўленьні такіх гучных імёнаў, можа проста ўпасьці ў транс. Ці сапраўды ўсё гэта – павуціньне масонства? Ці на самай справе Пуцін пляце гэтае павуціньне? Ці ёсьць хоць якая сістэма ў гэтым пляцельні?

Натуральна, ёсьць.

Мы пакінем “па-за кадрам” гэтак званае “рытуальнае масонства”. Г.зн. усе гэтыя фартухі, малаткі й вугольнікі, пальчаткі й шпагі, павязкі на вочы і ступені пасьвяшчэньня. Рытуальнае масонства зьяўляецца асновай таемных таварыстваў па ўсёй зямлі, але час яго прайшоў. На тэрыторыі РФ цяпер гэта маргінальныя элементы. Адраджэнне ўсіх гэтых ложаў, такіх як: Лотас, Вялікі Усход Францыі, Паўночная Зорка, Гармонія, Сфінкс, Геаметрыя, Люцецыя (старажытнарымская назва Парыжу), Свабодная Расея, Паўночныя браты, Дзевяць Музаў, Новая Астрэя, Гамаюн ды інш. – без сумневу, мае сваю ролю ў трансфармацыі таемнай улады ў краіне, але роля іх збольшага дэкаратыўная, музейна-інтрыгуючая…

Нашмат эфектыўней дзейнічаюць так званыя “каля-масонскія” арганізацыі, альбо, у іншай дэфініцыі – “белае масонства”. Цяжка сказаць, чаму гэтыя таемныя і напаўтаемныя групоўкі завуцца “белым масонствам”. Здаецца, што больш дакладна гэтую частку масонства можна вызначыць праз рэальную ўладу. Таму што рэальная ўлада менавіта ім і належыць. З-за сакрэтнасьці і магутнасьці іх яшчэ завуць “сусьветнай закулісай”. Пры гэтым некалькі губляецца генеалагічная сувязь з масонствам як такім. Уяўляецца, што больш дакладна было б назваць гэтыя структуры “ўладным масонствам”.

Некаторыя са структураў уладнага масонства вельмі вядомыя. У былым СССР гэта той самы ЦК КПСС зь яго ідэалагічным апаратам, таемным жыцьцём і паддывановай барацьбой [!!! Уяві, чытач, ці ўспомні! Гэта было ня так даўно – гадоў 20 таму, калі нас прымушалі парыцца на палітзанятках, вывучаць ідыятызм гісторыі і праграмы КПСС, чытаць газету “Праўда”, “каб выкладчык-куратар мог правільна тлумачыць студэнтам палітыку партыі”, выконваць шматлікія і дурацкія грамадскія даручэньні, казаць пра веру ў камунізм, услаўляць Леніна, Брэжнева, іншых, хадзіць на дэманстрацыі й урачыстыя сходы і г.д. і да т.п.. А ў гэты ж час (!) гэтыя спакойненька езьдзілі па замежжах, уступалі ў розныя таемныя масонскія ложы, абцяпвалі разнастайныя цёмныя справы, ськіраваныя на таемны ўплыў на нас, на тое, каб забраць у нас тое, што мы напрацавалі нашымі рукамі ды мазгамі і што нам належыла па-справядлівасьці!…    – Рэд.]. Прыход да ўлады М.Гарбачова, такі нечаканы для многіх, тлумачыцца існаваньне магутнай групоўкі ў скаладзе ЦК: Г.Арбатаў, Я.Прымакоў, Э.Шэварнадзэ, А.Якаўлеў, Л.Абалкін, А.Вольскі, О.Богамолаў – у роўнай ступені зьвязаных як з выведкай, так і ўнутранымі сілавымі структурамі. Сёньня, праз 20 гадоў, ЦК КПСС і яго таемная масонская структура пераўтварыліся, але імён многіх важных КП-ГБ-“муляраў” мы можам выявіць за фасадам цяпрашняй улады РФ, і пра гэта гаворка будзе далей.

На Захадзе ж уладнае масонства складаецца з Трохбаковай камісіі Дэвіда Ракфелера, якая разглядае эканоміку ўсяго сьвету, як сваю вотчыну. Гэта таксама Рымскі Клуб, які запусьціў свае шчупальцы ў навукова-тэхнічныя запасы цывілізацыі, і Таварыства Монт-Пелерын, якое распрацоўвае эканамічнае ўзвышэньне адніх дзяржаў і поўны крах іншых. Гэта Ротары-клуб, які аб’ядноўвае ўладутрымаючых, дае ім магчымасьць мець асабістыя зносіны, усталяваць кантакты, адчуць сябе “элітай”.

Нагадаем таксама зьезды Більдэрбергскай групы, на якіх вырашаюцца лёсы краін і народаў – напрыклад, менавіта на Більдэрбергу быў усталяваны “бартар” паміж РФ і ЗША: Крэмль мае права далбаць усімі сіламі Чачню, за гэта ЗША маюць права бамбаваць Сербію. Як мы бачым, умовы “бартару” ні з воднага боку не парушаны: ЗША адбамбілі Сербію і ўвялі міратворчыя войскі НАТА на тэрыторыю Югаславіі, а РФ прасуюць танкамі й вычышчаюць Чачню вось ужо ў другой “чачэнскай вайне”.

Выніковасьць уладнага масонства зьвязана найперш з глабальнасьцю ахопу. Вось чаму яшчэ адна назва гэтага віда масонства, якая яму вельмі падыходзіць, – мандэалізм (le mondе – па-францускі “сьвет”). Іншай важнай асаблівасьцю ўладнага масонства зьяўляецца, канешне ж, сакрэтнасьць. Нават валодаючы сьветам, уладныя масоны ніколі не парушаюць устаноўку на таемнасьць сваёй арганізацыі.

Возьмем для прыкладу кантакты Пуціна з Таварыствам Монт Пелерын. Зразумела, прэзідэнту РФ, асабіста, дэманстраваць іх не да твару. І ён абыходзіцца тым, што Фрадкоў знаходзіцца ў шчыльным супрацоўніцтве з тым “першым прызывам” так званых “рэфарматараў” і “прафесіяналаў”. Пры гэтым усе нібы адмахваюцца: ну, ці мала хто і дзе вучыўся 20 гадоў таму! Дый каму гэта вядома, дый ці быў увогуле хлопчык?

Але на самой справе кантакты гэтыя не перапыняюцца. Паказальна, што калі В.Пуцін стаў прэзідэнтам РФ, ён прыцягнуў на працу дарадніка па эканамічных пытаньнях Андрэя Іларыёнава [цяпер той зыйшоў у адстаўку і крытыкуе Пуціна ў замежным друку. – Рэд.]. У прэзідэнцкай камандзе той адразу атрымаў статус “ультра-ліберала”. У многіх узьнікае пытаньне: а навошта выхаванцу КП-ГБ-сістэмы гэты ўльтра-ліберал? Мала хто змог на яго адказаць выразна і ясна. А ўсе справы ў тым, што эканамічны дараднік А.Іларыёнаў узяў на сябе кантакты з Таварыствам Монт Пелерын.  

Зразумела, ні сам Іларёнаў, ні тым больш Пуцін ня будуць распавядаць пра свае сталыя зносіны з гэтай мандыялісцкай ложай. Затое пра свае сустрэчы з Андрэем Іларыёнавым і кантакты з самім Пуціным, члены Таварыства Монт Пелерын расказваюць адкрыта: гэта частка іх працы. Тое-сёе мы можам даведацца, напрыклад, з публікацый Хозэ Пінэйры – члена Монт Пелерына, су-старшыні Като Інстытута (таго самага, што падараваў Прымакову бюст “вялікага магістра” Ф.Хайека) – пра сустрэчу ў Ванкуверы і пра абмен падарункамі (кнігамі) з Пуціным у Маскве ў 2000 годзе.

Пра Іларыёнава, эканамічнага дарадцу прызідэнта РФ, Хозе Пінэйра, у прыватнасьці, кажа: “Іларыёнаў – ліберал класічнага тыпу, які належыць да Сеткі Эканамічнай Свабоды (Economic Freedom Network), якая створана з навукоўцаў, якія штогод зьбіраюцца для падрыхтоўкі да публікацыі справаздачы “Эканамічная Свабода Сьвету”… Я ўпершыню сустрэўся зь ім у Ванкуверы на зьездзе Таварыства Монт Пелерын… у верасьні 1999 года. Там мы абодвы выступалі з дакладамі…”. Ужо з дадзенага тэксту зразумела, што за першай сустрэчай у Хозэ Пінэйры былі й іншыя.

Наіўны той, хто лічыць, што А.Іларыёнаў атрымаў пасаду эканамічнага дарадцы прэзідэнта РФ, а сам прэзідэнт і ўся яго каманда КП-ГБ ні сном ні духам, куды езьдзіць гэты “ўльтра-ліберал” і перад кім ён робіць даклады-справаздачы. І ведаюць, і субсідуюць візіты ды ўдзел за кошт… дзяржбюджэту.

Таварыства Монт Пелерын не марудзіла, каб праявіць сваю сардэчную зацікаўленасьць і ў самім В.Пуціне: у пачатку 2004 года яго ўплывовыя члены едуць у Маскву, і прэзідэнт РФ прыймае іх на працягу чатырох гадзінаў запар – не інакш, як абмяркоўвалі набалелае. Іларыёнаў – галоўны арганізатар гэтай сустрэчы. Трохі пазьней, 8-9 красавіка 2004 года, Пуцін запрошаны на паседжаньне ложы, прама ў Маскве. Зразумела, паседжаньне ложы завецца “канферэнцыяй”, але арганізуе яе… усё той жа Като Інстытут – адзін з моцных і ўсёпранікальных шчупальцаў Таварыства Монт Пелерын. Пуцін робіць даклад на паседжаньні гэтай ложы. Праўда, бюст Ф.Хаека яму за гэта не далі.

Сувязі ложы КП-ГБ зь іншымі мандэалісцкімі арганізацыямі ня менш паказальныя. Узяць хаця б праславуты Більдэрбергскі Клуб альбо – у іншым запісу – Більдэрбергскую групу.

Сакрэтнасьць дзейнасьці гэтай арганізацыі многіх насьцярожвае. Зьезды Більдэрбергскай групы праводзяцца адзін раз на год, кожны раз у іншай краіне і ў іншым горадзе. Хто будзе запрошаны на чарговы зьезд, нікому невядома. Які парадак працы, таксама ніхто ня ведае. Прэса на паседжаньне Групы не дапускаецца (нават усюдыісная амерыканская прэса і нават калі паседжаньне адбываецца на тэрыторыі ЗША). Аднак праз пэўны час (звычайна некалькі тыдняў) у сьвет прасочваюцца зьвесткі, прынамсі, хто прысутнічаў на Більдэрберзе і якім быў парадак працы зьезду.  

Гэтая група, якая атрымала сваю назву ад назвы гатэля ў сталіцы Нідэрландаў, аб’ядноўвае людзей, якія маюць самы магутны ўплыў на сусьветныя палітычныя працэсы. Сьпіс гэтых людзей апублікаваны. У сярэдзіне-канцы 1990-х старшынём Групы быў Пітэр Кэрынгтан – былы Генеральны сакратар НАТА. Членамі Більдэрберга зьяўляюцца такія вядомыя дзеячы, як Генры Кісінджар, Рычард Холбрук, Дэвід Ракфелер, Пол Вулфавіц, Юрген Шремп (галава канцэрна Даймлер-Бэнц), Вэрнан Джордан (найбліжэйшы сябра і дарадца Біла Клінтана), Яе Вялікасьць каралева Нідэрландаў…  

З нотабляў Групы ў 1998 годзе можна нагадаць Джорджа Сораса, прадстаўнікоў сямества Ротшыльдаў, прэм’ер-міністраў Канады (Жан Крэцьен), Фінляндыі (Паава Ліпанен), Яго Вялікасьць Караля Швецыі, Яе Вялікасьць Каралеву Гішпаніі, Самюэла Бергера (былы дарадца Клінтана па нацыянальнай бясьпецы), Джорджа Стэфанопуласа (палітолаг, які зрабіў Біла Клінтана прэзідэнтам), Джона Дойча (былы Дырэктар ЦРУ і намесьнік міністра абароны ЗША), а таксама, зразумела, А.Чубайса [вось, адкуль у апошняга столькі цынізму, нахабства. – Рэд.]. Някепскае суседства!  

Тое, што Чубайс – адыёзная фігура, не павінна ўводзіць нас у зман. Наадварот, якраз сувязі Чубайса з палітычнай і ваеннай уладай РФ (а адсюль і яго “непатапляльнасьць”) могуць прыадчыніць завесу над масонскай існасьцю цяперашняй улады – той самай улады, якая спрабуе выставіць сябе нацыянальна-ахоўнай, патрыятычнай, “запаветам мінулага адданай”.

Ну, якая яна патрыятычная і нацыянальна-ахоўная, мы ўжо бачылі па сувязях Пуціна і Ко з Таварыствам Монт Пелерын. Але ня менш цікава паназіраць, як ложа КП-ГБ кантактуе зь Більдэрбергам.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы