nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Прылада палітычнага аналізу – Цясак

26 ліпеня, 2007 | Каментары (1)

Віталь Хромаў, Алесь Астроўскі

Ð�аÑ�Ñ�Ñ�нкевÑ�Ñ�-ЦеÑ�ак.JPG 

Існуюць розныя спосабы здабычы аб’ектыўнай інфармацыі пра ўдзельнікаў грамадска-палітычных працэсаў. Адзін зь іх – гэта азнаямленьне з матэрыяламі шматгадовай і, як правіла, ахвярнай працы таго ці іншага дасьледчыка, якому чамусьці верыцца (прыклад – папярэдні артыкул). Яшчэ адзін – сачэньне за рэакцыяй суб’ектаў палітычнага поля на нечаканыя і вострыя падзеі. Апошні варыянт здабычы інфармацыі мы назвалі эфектам “крука ў лесе” (гл. https://nashaziamlia.org/2007/01/20/513). Нядаўні арышт аднаго зь лідэраў расейскіх нацыянал-сацыялістаў Максіма Марцінкевіча (рус. Марцинкевич) у пэўнай ступені адпавядае такому эфекту. Каб прасьвятліць зьмест яшчэ аднаго фрагменту расейскай рэчаіснасьці засталося сабраць разнастайныя зьвесткі ў Інтэрнэце і паспрабаваць сістэматызаваць іх.  

 

Фармальныя факты.

Максім Марцінкевіч, 23 гады. Шырока вядомы ў Расеі пад псеўданімам Цясак. Зьяўляецца лідэрам нацыянал-сацыялістычнай арганізацыі Фармат-18 і аднім зь кіраўнікоў “Нацыянал-сацыялістычнага таварыства, НСТ” (рус., НСО).  Сам называе сябе беларусам (!; хаця ў сеціве сустракаюцца выказваньні, што ён габрэй і, больш за тое – “правакатар ФСБ, які праз структуру НСТ напрамую зьвязана зь сіянісцкімі коламі Масквы”). У свой час «Цясак» быў даручэнцам Сямёна Такмакова, інакш «Буса» — лідэра групы скінхэдаў «Руская цэль», у пачатку 2000-х за грошы выконваў негалосныя заданьні кіраўніка РСНІ (рус. ДПНИ) Бялова-Поткіна. У НСТ Марцінкевіч зьявіўся ў другой палове 2006 года.

2 ліпеня г.г. Марцінкевіч быў захоплены на адной з маскоўскіх вуліц аб’яднанай узброенай групоўкай, сабранай з прадстаўнікоў аж 4 сілавых структур – ФСБ, супрацоўнікамі цэнтра “Т” і  Атрады міліцыі асаблівага прызначэньня “Рысь” МУС РФ, а таксама прадстаўнікамі “Ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю”. Па іншых дадзеных Цесак быў арыштаваны ў спартовай залі, якая належыць “Рускаму агульнанацыянальнаму саюзу, РАНС” (па некаторых зьвестках гэта падстаўная арганізацыя ФСБ для выцягваньня на сябе і кантроля расейскіх нацыяналістаў). Першапачатковую інфармацыю, што Марцінкевіч быў захоплены ва ўласнай кватэры, абвергла яго маці.

Пасьля арышту доўгі час прадстаўнікі ўлады не давалі ніякіх зьвестах пра месцазнаходжаньне Цесака, што пярэчыць заканадаўству, і толькі 11 ліпеня высьветлілася, што ён знаходзіцца не ў “Лефортава” і не ў “Матроскай цішыні”, як паведамлялі некаторыя крыніцы, а ў “СІЗА федэральнага значэньня № 99/1”. За 9 дзён пакуль пра лёс Марцінкевіча нічога не было вядома ў расейскіх СМІ зьяўлялася інфармацыя, што яго катуюць голадам, зьбіваюць і, нават, застрэлілі 6 ліпеня “пры спробе зьбегчы”… 11 ліпеня стала вядома, што ён жывы і здаровы, утрымліваецца ў ніштаватых умовах у камеры для трох чалавек разам з тымі, хто зьдзейсьніў асабліва цяжкія злачынствы. Для сёньняшніх нашых рэаліяў гэта яшчэ нармальна, калі, як пішуць паплечнікі Марцінкевіча, “лічыць нармальным, што чалавек арыштаваны за свае перакананьні, якія адкрыта паведамляў у час публічных палітычных дэбатаў”.

Фармальным прэтэкстам для арышту Марцінкевіча паслужыў яго выступ, зроблены яшчэ 26 лютага г.г. на тэледэбатах, у час якіх яго паплечнікі пару разоў выкрыкнулі па-нямецку яўна не ўзбуджальныя і не распальваючыя словы “Слава Перамозе”.  У сувязі з гэтым інцыдэнтам некаторыя “дэмакраты” накіравалі ў ФСБ данос. Гэта зрабілі: Аляксей Навальны (Дэмакратычны рух «ДА!», партыя «Яблоко» і рух «НАРОД»; дарэчы, Навальны вёў тыя дэбаты), Алег Козыраў і Марыя Гайдар, якія таксама напісалі заяву ў міліцыю, да заявы далучыўся Ільля Яшын (моладзевае «Яблоко») і Максім Кананенка, які таксама ўдзельчаў у дэбатах. Вагі ўсёй справе дадаў дэпутатцкі запыт Сяргея Мітрохіна (таксама «Яблоко»). Дарэчы, апошні зьяўляецца нібы-та галоўным ініцыятарам даносу, бо заявіў прэсе, што “менавіта ён – Мітрохін – засадзіў Цесака” (з нагоды таго, што асноўнымі “закладнікамі” Цесака сталі прадстаўнікі партыі “Яблоко”, у сеціве зноў усплылі зьветкі пра “Грышу” Яўлінскага. Многія называюць яго ня толькі  кіраўніком дадзенай партыі, а і “старым, махровым агентам КГБ-ФСБ”, чалавекам, які “асабіста застрэліў аднаго з путчыстаў 1991 года – маршала Сяргея Ахрамеева”; па папярэднім артыкуле мы пра яго ведаем яшчэ тое-сёе).

Важна ведаць, што ў час той лютаўскай перадачы Марцінкевіч нікога не абражаў, гаварыў спакойна, роўным голасам. Іншыя ж прысутныя перашкаджалі яму казаць, выкрыквалі лозунгі, тыпу “Фашызм ня пройдзе”.

Прызнаючы, што матэрыялаў для адпраўкі іншадумца ў лагер яўна недастаткова нават па пуцінскіх законах, прадстаўнікі пракуратуры паведамілі, што зьбіраюцца абвінаваціць Марцінкевіча ў неправільных выказваньнях у Інтэрнэце (Цясак – утрымальнік блогаў і аўтар пастановачных фільмаў, дзе скіны забіваюць іншаземцаў). Пракурорскія работнікі паведамілі, што ведаюць пра пастановачны характар фільмаў, але лічаць, што яны ўсё-роўна “распальваюць”. Прабачце, але ў такім выпадку дзесяткі “мастацкіх” фільмаў, якія цяпер паказваюць па расейскіх тэле-каналах, якія праслаўляюць крывавых забойцаў з ФСБ, арміі, МУС (а мы – беларусы – прымушая глядзець ўсё гэта паскудства) “распальваюць” у ня меншай ступені. Няўжо іх аўтараў нарэшце таксама пачнуць у Расеі арыштоўваць і саджаць?! Нешта ня верыцца.

Паколькі пад нагляд падпала інтэрнэт-дзейнасьць Цесака, арышту папярэднічала закрыцьцё яго блогаў з “Жывога журнала” (26-28 чэрвеня). Пазьней, пасьля арышту (5 ліпеня) былі зачынены ўсе блогі “Фармату-18” разам з блогам кінастудыі. Таму прыхільнікі Марцінкевіча вымушаныя былі перайсьці на рэсурсы НСТ.

Па Крымінальным кодэксе Марцінкевічу пагражае да 5 гадоў турмы. НСТ і Format-18 нанялі двух адвакатаў, арганізавалі сустрэчу Максіма з бацькам і перадалі яму ежу. Па апошніх зьвестках Цясак трымаецца стойка. На пытаньні некай тэлевізіёншчыцы, якая пачала яму тыкаць, адказваў з годнасьцю:

– Раскажы пра  свае палітычныя перакананьні.

– Ня буду.

– А што б ты памяняў у цяперашнім кіраўніцтве?

– Забараніў бы прадаваць водку і наркотыкі.

 

Характарыстыка.

Суседзі па доме кажуць пра Максіма паважна. Падкрэсьліваюць, што ён ня меў шкодных звычак, ня быў грубым ды агрэсіўным, ніколі не рабіў вэрхалаў. Ён утрымліваў усю сям’ю (маць і сястру), падпрачоўваючы грузчыкам.

Участковы: “Ён вельмі любіў сваю малодшую сястру Машу. Для таго, каб за яе заступацца, займаўся бодзібілдынгам”.

“Известия” пішуць, што Марцінкевіч быў “спакойным хлопцам, ніколі не пачынаў бойку першым”.

Паплечнікі таксама ня могуць паверыць, што Цесака схапілі. Бо ён заўсёды быў скрайне асьцярожным у словах, ніколі публічна не казаў нічога такога, што б яму маглі потым інкрымінаваць у краіне, дзе Канстытуцыяй гарантуецца “свабода слова”. Да такой жа асьцярожнасьці ён заклікаў паплечнікаў у сваім інтэрнэтаўскім дзёньніку.

“ЖЖ” Цесака быў узорам правакацыйнай фантазіі. Як мы ўжо адзначылі, ён быў вядомы, як галоўны рэжысер і распаўсюджвальнік ролікаў, дзе “скіны збіваюць імігрантаў”. Многія з гэтых ролікаў трансляваліся па заходніх і расейскіх тэлеканалах. У роліках бывала сьвядома паведамлялася пра забойствы, зьдзейсьненыя нібы-та Цесаком і яго камрадамі. Магчыма гэта рабілася ў мэтах прапаганды гвалту над іншаземцамі, а магчыма – для дэзарганізацыі працы ФСБ.

Па многіх зьвестках рэйтынг асабістага дзёньніка Марцінкевіча ў сеціве быў вельмі высокім. Яго артыкулы заўсёды выходзілі “ў топ”.   

На гэтым фоне нешта ня верыцца ў заявы, што Цясак нібы-та меў дадатковае хобі – здымкі порнафільмаў з непаўнагадовымі.

 

Сапраўдныя прычыны арышту (версіі).

На адным з сайтаў рускі нацыяналіст Міхаіл спрабуе разабрацца ў прычынах арышту Цесака: “Прычына затрыманьня Марцінкевіча простая – напярэдадні выбараў узяць пад кантроль вулічных нацыяналістаў, каб яны не пайшлі ў той бок, які не патрэбны ўладзе. Для гэтага ў “Славянскі саюз; СС” быў уведзены супрацоўнік сьпецслужбаў “Партос”, ён жа Уладзімір Максімаў (раней, Сковыш). Афіцыйнаму лідэру СС Дзёмушкіну адводзілася роля марыянеткі. Але тут зьявіліся новыя арганізацыі. Спачатку “Руская воля”, а пазьней НСТ і Фармат 18. Гэтыя групы пачалі заклікаць скінхэдаў да дзеяньняў, непажаданых уладам. Каб павярнуць усё да першапачатковага праекту, і быў увязьнёны Марцінкевіч, як найбольш незгаворлівы. Гэтым актам іншым лідэрам Фармата і НСТ было дадзена зразумець, што калі яны не пагодзяцца пайсьці пад уладу ФСБ, іх чакае такі ж лёс. А Дзёмушкіна ў бліжэйшы час прыбяруць ад кіраўніцтва СС, як абсалютна бяздарнага і бесталковага”.

Удзельнік аднаго з украінскіх форумаў Іван піша: “Цясак нядаўна зьмяніў арыентацыю. Да гэтай пары ён наязджаў на каляровых і жыў спакойна. Але некалькі месяцаў таму ён дазволіў сабе… сьвятатацтва – наехаў на габрэяў. Цясак выказаўся вельмі памяркоўна, нікога і пальцам не крануў. Бяда яго ў тым, што там праходзіла тусоўка залатой габрэйскай моладзі. Моладзь, натуральна, пабегла нагаворваць сваім татачкам. А тыя іх Расеяй кіруюць. Яны вычакалі падыходзячы момант – прыняцьцё дзярждумай закона пра экстрэмізм – і наслалі на Цесаком мянтоў”.  

Чачэнскія аналітыкі апошнюю версію ня лічаць пераканаўчай. Яны пішуць: “Справа ў тым, што на дыспуце Марцінкевіч ні слова не казаў пра габрэяў, а выступаў супраць [псеўда-ліберальнай. – Рэд.] дэмакратыі, як сістэмы. І ў яго зачыненым пуцінскай цэнзурай ЖЖ таксама нічога не было пра габрэяў. Пры гэтым Марцінкевіч сам падазраецца ў патаемным габрэйстве, ня кажучы ўжо пра яго начальніках па НСТ Румянцаве і Малюце [пра першага зь іх пазьней. – Рэд.]. Таму, на наша меркаваньне, тут не габрэі неяк замяшаныя, а нешта-іншае, безумоўна зьвязанае з ФСБ. Толькі апошнім можна патлумачыць велічэзную колькасьць карнікаў з тэрарыстычных бандаў чэкісцкай Расеі пры ўвязьненьні Цесака, а таксама яго ўтрыманьне ў сьпецтурме для “дзяржаўных” злачынцаў”.

Паліталаг Каргалюк лічыць, што “громкае затрыманьне лідара скінхэдаў – рэклама паправак да законаў аб экстрэмізме й іхнае апраўданьне. Яго меркаваньне падтрымлівае ў сваім блоге звычайны жыхар Расеі: “Толькі што паказалі сюжэт па ТБ. Маўляў арыштаваны Галава Ўсіх Скінхэдаў Расеі, вялікі й жахлівы… Да чаго б гэта? Яўна не раптойнае рашэньне. Па рэпартажы гэта адчувалася. Набліжаюцца новыя арышты? Альбо гэта паказальны працэс для прыняцьця новых законаў?

Сярод экзатычных версій была і такая: гэта “падарунак ЗША на іх 4-е ліпеня”.

Улічваючы думкі некаторых, што Марцінкевіч можа быць “правакатарам ФСБ” (мала верагодна, але…), ня варта скідаць з рахунку спосаб падвышэньня ўплыву такіх правакатараў у асяроддзі апазіцыі праз адсідку. Звычайна праз год-два яны выходзяць на свабоду са значны падрослым аўтарытэтам… 

 

Паплечнікі абяцаюць.

Паплечнікі Цесака непасрэдна перад закрыцьцём блога Фармат-18 (5 ліпеня) пасьпелі прыгразіць, што за “даносы-званкі ментуры і паказаньні на сьледстве ды ў судзе” чэкісцкіх стукачоў чакае немінучая сьмерць. Нацыянал-сацыялісты пішуць: “Калі вы патэлефануеце ў міліцыю, дык аўтаматычна становіцеся сьведкай па крымінальнай справе… З-за гэтага будзеце абавязкова ўдзельнічаць у судзе і абавязкова “спаліцеся”, бо будуць вядомыя вашыя ПІІБ, і ўласна твар. Затым будзе справай тэхнікі праз міліцыю высьветліць вашую адрэсу, месца працы і г.д. … Як вы лічыце, колькі вы пасьля гэтага пражывёце? … Помста прыйдзе абавязкова. Вас могуць забіць, пакалечыць, спаліць вашу кватэру. Але яшчэ, паколькі мы “адмарозкі”, дык мы можам ударыць па вышых блізкіх, дзецях…”

Праз два дні (7 ліпеня) нацыянал-сацыялісты Расеі зноў папярэдзілі, што адпомсьцяць за кіраўніка іх арганізацыі Фармат-18. Пры тым, новае папярэджаньне датычыла ўжо пуцінскіх чыноўнікаў.

Тым часам прэсавая служба НСТ распаўсюдзіла заяву, дзе сярод іншага ўказвае: “… Справа Марцінкевіча ўзята НСТ пад самы пільны кантроль. Усе вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасьці. Справа Цесака – гэта яшчэ адзін эпізод у вайне, якую вядзе НСТ супраць ліберальных празаходніх аб’яднаньняў, якія апранаюцца ў вопратку “памяркоўных нацыяналістаў”. Мы лічым аднім з галоўных сваіх ворагаў – лібералаў й іх палітычнае афармленьне ў выглядзе “аранжавых”, падпарадкаваных заходнім сьпецслужбам, структур”.

У сувязі з апошняй заявай некаторыя аналітыкі адзначаюць, што сваёй барацьбой супраць “аранжавых” НСТ становіцца на бок пуцінскага ФСБшнага рэжыму.

 

Іншыя раскрыліся па-рознаму.

Арышт Цесака стаў лакмусавай паперкай для праверкі розных расейскіх “дэмакратаў” на ўшывасьць. Гэтую праверку вытрымалі літаральна адзінкі.

Так, сп-ня Латыніна ня стала ўдзельчаць у рэпрэсіях супраць Максіма Марцінкевіча, хаця падпісаць адпаведны данос ёй прапанавалі “яблачнікі”.

Нехта Пажарскі разьмясьціў у сеціве свой артыкул “Злачынства думкі” (гэты артыкул “дэмакрат” Каспараў друкаваць адмовіўся). Пажарскі ж адзначае: “Ёсьць такое паняцьце victimless crime – “злачынства без ахвяры”. Іх розныя віды – забарона на крытыку ў адрас дзейнай улады, забарона на нашэньне зброі, на пэўнага роду выказваньні, маляваньне вусоў на плакатах кандыдатаў у дэпутаты. Усё гэта victimless crime. Узяць выказваньні… Канкрэтных пацярпелых няма. Такім чынам, караецца сам факт прамовы [нанясеньне шкоды ў некаторых зь пералічаных выпадкаў мае не фізічны, а маральна-псіхічны характар, што можа быць для чалавека ня менш цяжкім, траўматычным па наступствах; таму не пра адсутнасьць фізічнага пашкоджаньне ад выказваньняў трэба казаць, а пра тое, на колькі крытыка справядлівая, на колькі яна адлюстроўвае праўду. – Рэд.]. Падобнае “злачынства без ахвяры” вельмі прыдатнае [для ўладаў. – Рэд.]. Можна саджаць няўгодных, хоць пачкамі. У дадатак існуе мноства артыкулаў, прысьвечаных галоўнай праблеме рускага народа і бічу дзяржавы расейскай – экстрэмізму [мы не падзяляем гэтае меркаваньне аўтара; галоўная праблема рускага і нярускіх народаў расейскай імперыі й ваколіц у імперскай сутнасьці “дзяржавы расейскай”; рэакцыя на несправядлівасьць можа набываць “экстрэмісцкія формы”, але гэта будзе рэакцыя на несправядлівасьць…. – Рэд.]. Колькасьць гэтых законаў, строгасьць пакараньня і паўнамоцтвы “органаў” у барацьбе з экстрэмістамі – усё гэта расьце зь дня на дзень. Можна засудзіць кожнага, хто выказваецца па палітычных праблемах. Заўсёды атрымаецца распальваньне – не “нацыянальнае”, дык “сацыяльнае”!

А, вось, расейскае “Яблоко” засьвяцілася ня толькі, як даносчыкі ФСБ, а і як яго агенты. Так старшыня моладзевага “Яблока” Яшын зьдзівіў усіх уражваючай асьведамлённасьцю пра далейшы лёс Марцінкевіча: “Пакуль Цесак арыштаваны на два месяцы. Судзіць яго будуць хутчэй за ўсё ў канцы жніўня. Верагодна, бліжэйшыя 3-4 гады Цясак правядзе за рашоткай”.

Адзін жыхар Тулы з нагоды арышту Марцінкевіча паведаміў цікавую інфармацыю пра адну з галоўных арганізацыяў “рускіх фашастаў” – “Нацыянал-сацыялістычнае таварыства” (НСТ). Па яго дадзеных старшыня НСТ Румянцаў Дзьмітры Германавіч усяго некалкі гадоў таму прадаваў рускім палёную водку ў расейскай правінцыі, чым няблага зарабляў на жыцьцё. А яго родны брат Алег Германавіч Румянцаў – былы народны дэпутат РСФСР, а цяпер – віцэ-прэзідэнт нафтавай кампаніі “ТНК-ВР”, сярод асноўныя акцыянераў якой Віктар Вексельберг, Міхаіл Фрыдман, Леанід Блаватнік. Аднім зь ценевых лідараў НСТ і адначасова старшынём Расейскай партыі сацыяльнага разьвіцьця (ствараў гэтую партыю Румянцаў Алег Германавіч) зьяўляецца Грыцай Максім Уладзіміравіч. Па нацыянальнасьці ён… габрэй. Брат Максіма Грыцая – высопастаўлены супрацоўнік ФСБ. Жыхар Тулы заключае: “НСТ – гэта праект ФСБ Расеі[дададзім ад сябе: і, відаць, ня толькі ФСБ. – Рэд.].

 

Пераб’юць па адным, як курапатак.

Некаторыя ў адказ на арышт Цесака пішуць прыблізна так: “у яго “дах” яшчэ той, яго “свае людзі” выцягнуць”.

Іншыя, больш дасьведчаныя, зьвяртаюць увагу на тое, што ў Расеі “свае людзі” славяцца менавіта тым, што ў патрэбны момант могуць лёгка “здаць” любога “свайго” па прынцыпу “маўр зрабіў сваю справу, маўр можа пайсьці”. Сідзіць палкоўнік Квачкоў, сідзіць “раднавер” Кейлін. На больш высокім узроўні тыя ж расейскія главары спакойна здалі Сербію, Ірак, цяпер рыхтуюцца здаць Іран…

Пасьля арышту Марцінкевіча быў прыняты чарговы законапраект. Па ім за “распальваньне” можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці хоць Марыю Гайдар (патрабавала вярнуць уклады насельніцтву, значыць распальвала сацыяльную варажнечу), хоць Навальнага (той назваўся “нацыяналістам”, значыць распальваў нацыянальную), хоць любога зь іншых падпісантаў даноса на Цесака (Козыраў, Яшын, Кананенка, Мітрохін). Дурная справа – спалучаць дзьве рэчы адначасова: змагацца з рэжымам і ў той жа час пісаць даносы на сваіх палітычных апанентаў. Між тым, далей ФСБ будзе працаваць па старых чэкісцкіх тэхналогіях: спачатку саджаць адну катэгорыю грамадзян Расеі, затым іншую. Можа не адразу, праз некалькі гадоў. Бо правераныя стукацкія кадры ў лагерах таксама патрэбныя – і на нарах, і на лесапавалах…   

 

Заключэньне.

У цэлым, з аналізу здабытых зьвестак абсалютна яснай карціны па некаторых істотных пытаньнях атрымаць не ўдаецца.

Так, што да асобы Максіма Марцінкевіча. Калі б мы 100%-на ведалі, хто ён такі, мы б маглі больш дакладна казаць пра іншых актораў расейскай палітычнай сцэны. А так, абсалютна яснай карціны, ну, ніяк не атрымоўваецца – у т.л. яго сайт ужо не пачытаеш (гэтую супярэчнасьць мы і паспрабавалі адлюстваць двума істотна рознымі па сваім зьмесьце фотаздымкамі, разьмешчанымі ў пачатку артыкула). Таму ў дадзеным пытаньні пакуль зразумела адно: многія працуюць у інфармацыйнай прасоры на Цесака, многія супраць, а таксама, што ён разумны, асьцярожны, аўтарытэтны…

Тое самае, што да тых сілаў, якім ён і яго паплечнікі перайшлі дарогу. Зразумела, што гэта расейская імперыякратыя разам зь яе перадавым атрадам – ФСБ, але ўва многім у гісторыі з Максімам прысутнічаюць “адбіткі пальчыкаў” яшчэ аднаго паразітычнага монстра – расейскай алігархіі, якая, нягледзячы на ўціск з боку расейскай імперскай бюракратыі, на падпарадкаваньне ёй, па-ранейшаму застаецца ў Расеі істотнай палітычнай сілай. Дарэчы, з папярэдняга артыкула вынікае, што гэтыя дзьве сілы на самым версе ўжо даўно шчыльна супрацоўнічаюць. Пацьвярджаюць гэта і матэрыялы дадзенага расьледваньня.

Больш зразумела, што час арышту Цесака прымеркаваны да прыняцьця чарговых паправак да закону па “барацьбе з экстрэмізмам”, а той, у сваю чаргу, да надыходзячых расейскіх выбараў.

Відачона таксама, што для “наезда” на рускіх нацыстаў цалкам інстументальна была выкарыстана партыя “Яблоко” (каму хочацца падпасьці пад абяцаньне буць забітым; “яблачнікі” пагадзіліся). Можна вылучыць гіпотэзу, што ўзамен за гэта “Яблоку” могуць дазволіць у гэтым годзе… папасьці ў Дзярждуму. Падобныя дзеяньні “Яблока” ды іншых расейскіх “дэмакратаў” сьведчаць пра тое, што яны кепска пралічваюць сваю больш аддаленую будучыню…

Відавочна таксама, што ўсе нацыяналістычныя расейскія рухі, партыі, групоўкі насычаны агентурай ФСБ і расейскай алігархіі, што разам з самім фактам арышту аднаго з расейскіх нацыстаў і яго вялікім рэзанансам у СМІ сьведчыць пра нарастаньне значэньня рускага нацыяналізму і шавінізму ў палітычных падзеях у г.зв. Расеі.

Гэта і ёсьць самае галоўнае, пра што цьвёрда можна сказаць і пра што мы, дарэчы, ужо даўным-даўно папярэджвае нашых чытачоў.  


Каментары (1)

  1. Vojša Miłavid кажа:

    Nie razumieju nachalery biełnacyjanalistam pijaryć maskalskich nacaŭ…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы