nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Як стваралася Дэкларацыя аб суверэнітэце

27 ліпеня, 2007 | Няма каментараў

Cяргей Навумчык (узята з сайта www.ourbelarus.org)

�ав�м��к.JPG

Паказальна, што ў маі 1990 года ў Сойме БНФ некаторыя яшчэ вялі дыскусіі наконт незалежнасці.

Супраць незалежнасці цяпер выказаўся і Юры Дракахруст. “Людзі не гатовыя да аддзялення. (“А хіба мы ужо заўтра выходзім?” – кінуў рэпліку Уладзімір Крукоўскі.) Таму незалежнасць не можа быць сёння галоўным палітычным лозунгам. Трэба, – працягваў Ю.Дракахруст, – узняць галоўны лозунг цяперашніх пераўтварэнняў у ГДР: “Камунізм – больш ніколі!” 3-за лозунга незалежнасці мы прайгралі выбары. Да выбыраў мы не мелі нічога, а цяпер маем дэпутатаў”. (“Свабода”, №5-6, май 1990).

Зазначу, што я ні ў якім разе не хачу закінуць папрок у жаданні пазбавіць Беларусь незалежнасці наогул; гаворка на Сойме ішла пра тое, што павінна быць спачатку – дэмакратызацыя альбо Незалежнасць. У нечым тая дыскусія паказальная, калі ўлічыць далейшае размежаванне ў дэмлагеры па лініі “агульныя дэмакраты” – “незалежнікі”. (На практыцы аказалася, што “агульныя дэмакраты” арынтаваліся ў асноўным на Маскву, на супольную палітыку з Расіяй, “незалежнікі” – на аднаўленне незалежнай нацыянальна-дэмакратычнай Беларусі).

Але трэба сказаць, што аднадушша наконт незалежнасці не было напачатку і ў дэпутатаў, якія ўвайшлі ў “Дэмакратычную плынь”, якая пазней пераўтварылася ў “Дэмакратычны клуб”. Усведамленне неабходнасці суверэнітэту прыйшло паступова, хоць і даволі хутка: ужо праз два месяцы пасля пачатку першай сесіі да дэпутатаў ад БНФ далучыліся тыя, хто меў пра праграму Фронту цьмянае ўяуленне альбо нават канкураваў на выбарах з фронтаускімі кандыдатамі. Шмат у чым паспрыялі гэтаму цынізм, з якім дэпутаты – прадстаунікі камуністычнай наменклатуры адкідывалі кадравыя прапановы “дэмклуба” падчас выбараў старшыняў парламенцкіх Камісій.

11 мая Сойм БНФ заявіў, што дасягненне суверэнітэту немагчымае ў складзе СССР, а 30 чэрвеня – 1 ліпеня БНФ правёў канферэнцыю “Неза­лежная Беларусь”, з удзелам больш як 500 чалавек, у тым ліку і 62 дэпутатаў Саветаў усіх узроўняў – ад раённых да Вярхоўнага. 3 дакладам выступіў Зянон Пазьняк, які канстатаваў, што БНФ, хаця і мае прадстаўніцтва ў парламенце, але не зарэгістраваны, паколькі камуністы бачаць у ім рэальную палітычную сілу. Пазьняк вызначыў галоўную праблему Беларусі як “радыяцыйны генацыд” і адзначыў, што вырашыць яе можна толькі палітыч­ным шляхам пры выкананні дзвюх умоў: дзяржаўны суверэнітэт і дэмакратычная ўлада. Канферэнцыя прыняла праект Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі, які пазней дэпутаты БНФ прадставілі ў Вярхоўны Савет.

Цікава, што праз два тыдні група дэпутатаў-камуністаў у Вярхоўным Савеце распаўсюдзіла сярод дэпутатаў тэкст рэпартажу Сяргея Шапрана з канферэнцыі, надрукаванага ў латвійскай газеце “Со­ветская молодежь” – акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што БНФ абірае курс на Незалежнасць без камуністычнага таталітарызму. Такая канцэпцыя “раз­валу Саюза” ва ўсведамленні дэпутатаў-камуністаў павінна была скампраметаваць БНФ.

Такім чынам, парламенцкая большасць упарта не жадала прымаць дэкларацыю. Але пасля прыняцця дэкларацыі Вярхоўнымі Саветамі Расіі і Ўкраіны сітуацыя змянілася. Старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей заявіў, што і Беларусь павінна прыняць аналагічны дакумент.

Але ў камуністаў ніякага праекту не было – затое ён быў у нас. Вярхоўны Савет адкінуў фронтаўскі праект дэкларацыі. Тады фронтаўскія дэпутаты агулам пайшлі працаваць у адпаведную Камісію ВС па суверэнітэце і неўзабаве падрыхтавалі там новы сумесны праект, які ўжо ішоў пад грыфам Камісіі (старшынём Камісіі быў Л.Козік) і на 90 працэнтаў грунтаваўся на нашых ідэях. Гэты праект і ўзялі за аснову.

Пазней Станіслаў Шушкевіч будзе казаць, што падчас прыняцця Дэкларацыі дэпутаты БНФ не бралі ўдзел у галасаванні, сышлі з залы – некарэктна замоўчваючы вельмі істотныя акалічнасці.

Па-першае, сама Дэкларацыя была амаль цалкам напісаная дэпутатамі БНФ.

Па-другое, мы бралі ўдзел у абмеркаванні ўсіх артыкулаў і галасаванні па іх (толькі на пле­нарным пасяджэнні 26-27 ліпеня дэпутаты БНФ бралі слова больш за сто разоў!).

Ужо пасля заявы Дземянцея, калі была ўтвораная рабо­чая група ў справе падрыхтоўкі Дэкларацыі, Зянон Пазьняк прапанаваў дэпутатам сабрацца ў перапынку паміж пасяджэннямі. У “мінскім сектары” Авальнай залы (з правага боку, калі стаць тварам да прэзідыума), засталіся не толькі дэпута­ты БНФ, але і дэпутаты “дэмклуба” і нават некаторыя ка­муністы. На працягу гадзіны 3.Пазьняк, В.Голубеў ды іншыя дасведчаныя ў беларускай мінуўшчыне дэпутаты распавядалі пра Вялікае княства Літоўскае, БНР, пра пераемнасць ідэі беларускай дзяржаўнасці. Шмат якія дэпутаты ўсе гэта чулі ўпершыню.

Прыняцце Дэкларацыі адбывалася ў некалькі этапаў. Спынюся на, бадай што, самым драматычным – на пасяджэнні Вярхоўнага Савета 26-27 ліпеня 1990 года.

Хаця прапанаваны БНФ праект Дэкларацыі і быў прыняты за аснову, падчас абмеркавання і галасавання з яго выкрэслівалася ўсе тое, што прадугледжвала рэальную Незалежнасць.

Нягледзячы на намаганні дэпутатаў БНФ, не праходзіць прэамбула Дэкларацыі, у якой рабілася спасылка на “пераемнасць дзяржаўнай ідэі БССР ад Беларускай Народнай Рэспублікі і неабходнасць рэспубліканскай парламенцкай формы праўлення”.

Не прайшла прапанаваная дэпутатамі БНФ назва: замест БССР – “Беларуская Рэспубліка, альбо Беларусь”.

Прынялі, што “Беларуская ССР ахоўвае і абараняе нацыянальную дзяржаўнасць беларускага народа. Але дадатак – “…адраджае гістарычныя, нацыянальна-дзяржаўныя сімвалы народа” набраў толью 91 голас (а для прыняцця станоўчага рашэння трэба было 170).

Дыскусія разгарнулася вакол тэрмінаў “абвяшчае” суверэнітэт альбо “пацвярджае”. Мы прапанавалі запісаць “пацвярджае”, паколькі Беларусь у XX стагоддзі ужо мела Неза­лежнасць, увасобленую ў БНР. Нам падавалася істотным падкрэсліць, што ідэя Незалежнасці ўзнікла не сёння, што яна мела канкрэтныя ўвасабленні, а сёння аднаўляецца гістарычнае права народа на сваю дзяржаву. Да таго ж гэта надавала Дэкла­рацыі, ды і самой ідэі дзяржаўнасці, гістарычны падмурак і пазбаўляла яе налёту кан’юнктуры.

Голубеў: “…дзяржаўны суверэнітэт у нас ужо быў абвешчаны і ёсць у нашай Канстытуцыі. Нам неабходна пацвердзіць і абвясціць поўную незалежнасць рэспублікі”.

Садоўскі: “Мы – суверэнная дзяржава. Я дапускаю, што якая-небудзь дзяржава, член Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, можа паставіць пытанне аб новым прыняцці нас у ААН… Вы зразумейце. Калі мы абвяшчаем суверэнітэт, не прымаючы пад увагу, што мы паўнацэнна прызнаны суб’ект міжнароднага права, то можна ставіць пытанне аб новым прыёме нас, аб скасаваніі членства, а тады аб прыёме. Калі вы не прымаеце пад увагу нават факт Устаноўчага сходу, абвяшчэння БНР, давайце паглядзім на дзве апошнія акалічнасці, толькі на гэта. I гэта прымусіць нас напісаць “пацвярд­жае”.

Пазьняк: “Юрыдычна мы валодаем суверэнітэтам. Мы не маем фактычнага суверэнітэту. Гэта таксама факт. Таму ставіцца пытанне, што мы пацвярджаем дэ-юрэ, што мы пацвярджаем наш суверэнітэт. I адначасова расшыфроўваем, абвяшчаем, што пад гэтым крыецца і дзеля гэтага прымаецца Дэкларацыя. Такія юрыдычныя моманты вельмі важныя, у нас яшчэ няма палітычнага міжнароднага вопыту, але, калі мы наробім памылак, ён можа праз нейкі час узнікнуць”.

Адрынанне камуністамі нашых аргументаў было невыпадковым – яны не жадалі бачыць Беларусь незалежнай ад Масквы.

Прыкметна, што ў ліпені 1990-га шмат якія палажэнні праекта Дэкларацыі, накіраваныя на падмацаванне Незалежнасці, аспрэчваў дэпутат Аляксандр Лукашэнка.

Так, сярод іншых ён вы­ступіу за фармулёуку “абвяшчае”. Лукашэнка: “…моя мотива­ция: суверенное мы государство или нет? Коль Декларацию мы принимаем, значит, я считаю”. У пацвярджэнне сваіх аргу­ментаў Лукашэнка працытаваў расійскія слоўнікі Даля (“Дек­ларация – объявление, оглаше­ние, провозглашение”) і Ожагава (“официальное торжест­венное заявление”).

Дыскусія дасягнула такога напалу, што фармулёўкі галасаваліся ў шасці варыянтах – і ні адна (нават з “абвяшчэннем”) не набрала патрэбнай колькасці. Пасля чаго Віцэ-спікер Шушкевіч зрабіў рэмарку, якая красамоўна характарызавала шмат якіх дэпутатаў. Шушкевіч: “…Магчыма, у нашым Вярхоўным Савеце беларускія фармулёўкі не асэнсоўваюцца ўсімі так, як трэба. Я, з вашага дазвалення, прачытаў бы дзве фармулёўкі, якія на­бралі большасць галасоў, на рускай мове…”

Была пазначана яшчэ адна матывацыя прыняцця рашэнняў.

Гермянчук: “Некаторыя супраць галасуюць, калі з’яўляецца прозвішча Зянона Пазьняка”.

Дземянцей: “Не разжигайте вы таких моментов”.

Яшчэ два галасаванні – і зноў ніякі варыянт не праходзіць (пазней прагаласавалі за “абвяшчае”).

Не жадалі камуністы саступаць і ў эканамічных артыкулах Дэкларацыі.

Не прайшла прапанова, што “усе віды маёмасці з’яўляюцца ўласнасцю грамадзян БССР” (Пазьняк: “Калі мы не пакінем сабе ўсе віды маёмасці, то мы выйдзем у суверэнітэт жабракамі”).

Дэбаты выклікала і прапа­нова дэпутатаў БНФ стварыць уласную грашовую адзінку.

Някрасаў: “Я предложил исключить положение о собст­венной денежной единице. По­чему? Представьте себе, вы едете в Украину, в Россию или еще куда-нибудь, и надо уже менять деньги, это раз. Во-вто­рых, в иностранных финансо­вых кругах, о чем были сообще­ния в нашей печати, выражают серьезное беспокойство по по­воду того, что в некоторых рес­публиках собираются ввести собственную валюту. Для них это очень и очень неудобно. Поэтому я полагаю, что валюту нужно сохранить общую”.

Сасноўскі: “…я тоже про­сил, чтобы национальную ва­люту исключить”.

Леўчык: “Я… против ввода своей денежной единицы”.

(Някрасаў быў дэпутатам ад інвалідаў, Сасноўскі – ад ветэранаў; падобны баласт усе гады існавання Вярхоўнага Савета цягнуў на дно нашы прапановы. Былы партыйны сакратар Леўчык быў членам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета – няцяжка ўявіць, як “ахвотна” ён і ягоныя аднадумцы, якіх у Прэзідыуме была большасць, “спрыялі” Не­залежнасці краіны.)

Праўда, дэпутаты прагала­савалі за тое, што Беларусь утварае Нацыянальны банк, падпарадкаваны Вярхоўнаму Савету, стварае фінансава-крэдытную сістэму, уласную падаткова-мытную службу, але прапанова БНФ аб тым, што Бела­русь “стварае ўласную грашо­вую сістэму”, ізноў выклікала неразуменне.

Камісія, а таксама асобныя дэпутаты (у тым ліку Лукашэнка) прапанавалі абмежавацца фармулёўкай “мае права на стварэнне”.

Беленькі: “Дзякуючы таму, што не існуе зараз сваей грашовай сістэмы, Беларусь штогод губляе больш за паўмільярда рублёў”.

Пазьняк: “Я хачу засяродзіць увагу на прынцыповым палажэнні, не “мае права”, а “утварае”. Таму што мы маем права і на забеспячэнне жыллём, і на жыццё, і на што хочаш… Калі мы прымем такую папраўку, што “мае права”, то мы гэтага права мець не будзем… Гэта даволі расплыўчатая фармулёўка, таму што калі мы не будзем мець сваей грашовай сістэмы, сваіх грошай, свайго банка, сваей крэдытнай сістэмы, ні аб якім суверэнітэце не можа ісці гаворка”.

Аднак наша фармулёўка на­брала толькі 127 галасоў. Запісалі, што ўсяго толькі – “мае права…”.

Затое прайшла прапанова Ўладзіміра Заблоцкага, што Бе­ларусь мае права на сваю долю ў агульнасаюзным алмазным і валютным фондах і залатым за­пасе.

Сумненне ў большасці дэ­путатаў выклікала фармулёўка “Не могуць дзейнічаць арганізацыі, палітычныя партыі, якія падпарадкоўваюцца замежным цэнтрам”.

Канешне, гэтая нашая пра­панова была накіраваная галоўным чынам супраць КПСС. У адрозненне ад літоўскіх сваіх калег, беларускія камуністы, адданыя Маскве, адмовіліся прыняць уласны статут КПБ – і жылі па статуце КПСС. Маскоўскае ЦК цалкам кіравала беларускім ЦК, а апошняе ў сваю чаргу кантралявала парламенцкую боль­шасць у Вярхоўным Савеце.

Абараняючы папраўку, Пазьняк ні слова не сказаў пра камуністаў, але засяродзіў увагу на іншым (гаварылася пра пра-расійскіх ветэранаў, каб прыдбаць галасы): “Мы ведаем, як дзейнічае каталіцкі касцёл зараз. I якая падаплёка за гэтым стаіць” (Мелася на ўвазе паланізацыя; падчас сустрэчы з дэпутатамі ад БНФ міністр замежных спраў Польшчы Скубішэўскі прагаварыўся, ужыўшы выраз “касцёл польскі”).

Тое сапрауды была небяспека, але галоўную небяспеку камуністы бачылі ў іншым – пазбыцца ЦК КПСС.

З месца: “Вопрос есть. ЦК КПСС как сейчас будет отно­ситься – как к “замежным” или “незамежным”?”

Дземянцей: “Через некото­рое время, да. Первый микро­фон”.

Пазьняк: “Адносна ЦК КПСС, паважаныя калегі, як камуністы вырашаць, так і будзе”.

Але для камуністаў усе даўно вырашана – цэнтр павінен заставацца ў Маскве. Вынік – прапанова недабірае 69 галасоў.

Дэпутат БНФ Аляксандр Шут уносіць крыху зменены варыянт папраўкі і апелюе да аргументацыі, якая павінна была б быць зразумелая камуністам і ветэранам: “значыць, у нас тут могуць намі кіраваць і ЦРУ, і фашысцкія арганізацыі” – але ягоная папраўка набірае яшчэ менш галасоў, чым папярэдняя…

Абмяркоўваецца прапанова З.Пазьняка і іншых дэпутатаў БНФ аб тым, што “Беларусь патрабуе ад урада СССР безумоўнай і тэрміновай кампенсацыі страт, звязаных з пераадоленнем наступства чарнобыльскай катастрофы”.

Пазьняк: “Шаноўныя дэпу­таты, усе нашы дзеянні, якія датычаць лесу рэспублікі, нашага народа, зараз праходзяць пад знакам чарнобыльскай бяды. I насельніцтва, разважаючы аб суверэнітэце, часта задае пытанне: а як будзе з Чарнобылем? У гэтай сітуацыі было б карысна пацвердзщь, што суверэнітэт дасць нам магчымасць выкарыстаць свае нявыкарыстаныя сілы для выхаду з гэтай бяды”.

За прапанову Пазьняка галасуе 241 дэпутат, і ў Дэкларацыі запісваецца, што “Сваю свабоду і суверэнітэт Беларус­кая Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў першую чаргу выкарыстоўвае на выратаванне беларускага народа ад вынікаў чарнобыльскай катастрофы”.

Супраць гэтага прагаласа­валі толькі чатыры дэпутаты.

А вось прапанова аб забароне манапалізацыі СМІ галасоў не набірае.

Калі падышлі да галасавання па першай частцы артыкула 10 аб тым, што “Беларуская ССР мае права на ўласныя Ўзброеныя сілы, унутраныя войскі, органы дзяржаўнай і грамадскай бяспекі, падначаленыя Вярхоўнаму Савету Беларускай ССР”, першым супраць выступіў Віктар Ганчар, які заявіў, што пералічаныя структуры не могуць быць падпарадкаваныя парламенту. Заўважу, што фармулёўка вылучалася камісіяй (у БНФ варыянт быў больш радыкальны). Пройдзе два гады, і калі ва ўжо незалежнай Беларусі ўрад Кебіча не пажадае рэалізоўваць прынятую парламентам вайсковую дактрыну, апазіцыя БНФ ізноў паставіць пытанне аб падпарадкаванні Ўзброеных сіл Вярхоўнаму Савету.

Дэпутат ад ветэранаў Міхаіл Сасноўскі заявіў: “я счи­таю, что слова “уласныя Ўзброеныя сілы” нам надо убрать. Я думаю, что мы, белорусы, не можем создать все роды войск…” (У даведніку нацыянальнасць дэпутата Сасноўскага, між іншым, пазначана – “рускі”. Але заявіў ад імя беларусаў.)

I тут зусім нечакана для нас у абарону ўласнага войска выступіў палкоўнік міліцыі Мікалай Серада: “До войны в Бело­руссии были свои националь­ные Вооруженные силы”.

Пазьняк: “Я ўносіў папраўку, якая змяняе адно толькі слова… Сутнасць вось у чым. У першую чаргу я прапаную напісаць наступнае: “Бела­руская ССР мае ўласныя Ўзброеныя сілы”. Абгрунтаванне. Усе, што мы гаворым “мае права”, на практыцы застаецца толькі “правам”. У нас ужо дэ­путат Серада паведамляў, што ў 1920-я гады былі свае Ўзброеныя сілы. Вы цудоўна ведаеце, Воінскі статут быў на беларускай мове, маршал Жукаў быў у Беларусі, выдатна валодаў беларускай мовай і не забыў яе да смерці. Так што ў нас ужо ёсць і вопыт. Я думаю, што калі мы прымем больш імператыўную форму, гэта будзе больш гарантавана”.

Разлік быў дакладны – для ветэранаў аўтарытэт Жукава быў бясспрэчны. Аднак да мікрафона падышоў намеснік старшыні КДБ, дэпутат Генадзь Лавіцкі: “Мне сегодня понра­вилось, что нам говорил Гон­чар. Но мы как-то пропустили его слова мимо ушей. О том, что мы вот так, под эмоции, принимаем всё. Но если подой­ти реально, надо посмотреть. То, что у нас были свои Воору­женные силы в 1920-х годах, воз­можно, были. Тогда, наверное, это и обусловлено было. Но какие это были Вооруженные силы? … Я поддерживаю пред­ложение комиссии ветеранов, что первые два пункта на сегод­няшний день пока еще не со­зрели и нереальны. Потому что идет нарушение статьи 73 Кон­ституции СССР. Но мы при­нять можем, чисто символичес­ки, что мы имеем такое право как суверенное государство”.

(Пазней генерал Серада будзе абраны членам Канстытуцыйнага суда, падтрымае імпічмент Лукашэнку ў 1996 годзе, за што Лукашэнка выключыць яго са складу КС. Лавцкі зойме пасаду старшыні КДБ, а пры Лукашэнку атрымае ранг амбасадара і будзе ўзначальваць дыпмісію ў Ізраілі – нашмат даўжэй, чым звычайна. Міжволі прыходзіш да высновы, што вызначэнне “свой-чужы” Лукашэнка ўжо тады рабіў паводле стаўлення чалавека да Незалежнасці.)

Галасаванне па гэтай частцы артыкула адклалі і перайшлі да раздзелу, які дэклараваў, што “Беларуская ССР… ажыццяўляе правы на добраахвотнае аб’яднанне з іншымі дзяржавамі і свабоднага выхаду з дзяржаўных саюзаў. Беларуская ССР прапануе неадкладна прыступіць да распрацоўкі новага Саюзнага дагавора”.

Валянцін Голубеў прапана­ваў цалкам выключыць гэтае палажэнне, паколькі ва ўжо прынятым раней раздзеле канстатаваліся правы Беларусі як суверэннай дзяржавы. Голубева падтрымалі толькі 124 дэпутаты. Кампрамісны варыянт пра­панаваў Пазьняк, замяніўшы слова “аб’яднанне” на слова “саюзы” (тэрмін “аб’яднанне” быў тоесны страце дзяржаўнай самастойнасці, і ў Дэкларацыі было пажадана яго не ўзгадваць).

Леанід Козік, наадварот, заклікаў прызнаць “сферы адносін у межах Саюза ССР”.

Пасля кароткіх дэбатаў 208 дэпутатаў прагаласавалі за “аб’яднанне”. “Аб’яднанне – гэта можа быць паглынанне”, – заявіў Пазьняк і прапанаваў перагаласаваць.

“Видите, как Вы поступаете: если того голосовать – это смех, если Вы – давайте в первую оче­редь. Давайте уважительно отно­ситься друг к другу”, – парыраваў Дземянцей фразай з няўцямным зместам.

Пазьняк: “Шаноўныя калегі! Я не затрымаю вашай увагі. Я менавіта так і мяркую, таму што пры саюзе застаюцца два суверэнныя бакі, пры аб’яднанні гэты суверэнітэт можа быць згублены”. Папраўка Пазьняка ўсе ж галасуецца – і набірае толькі 120 прыхільнікаў.

Тут жа слова бярэ Петра Садоўскі: “Людзі, калі яны галасуюць, яны думаюць пра змест таго, за што яны галасуюць. Калі людзі не думаюць, яны адключаюцца… Калі мы прагаласавалі, што нехта заключае, ідзе на аб’яднанне з іншай дзяржавай, ён траціць су­верэнітэт, і мы тады не прымаем нашу Дэкларацыю пра суверэнітэт. Вы зразумелі, што гаварыў дэпутат Пазьняк? Мы про­ста прымаем абсалютна нелагічныя фармулёўкі”.

Сямдзянава: “Удивляет та поспешность, с которой мы только пытаемся обрести ре­альный суверенитет и тут же пытаемся его ликвидировать. Ведь мы же политики. Давайте рассуждать трезво. Давайте мы узнаем, что такое “новый дого­вор на новой основе”.

Галасуецца сфармуляваны рабочай камісіяй артыкул “Бе­ларуская ССР прапануе неадкладна прыступіць да распрацоўкі Дагавора аб саюзе суверэнных сацыялістычных дзяржаў”.

“Чаму сацыялістычных? – пытаецца Лявон Баршчэўскі. – Я не разумею, хай мне растлумачаць, які – кампучыйскі сацыялізм? Ці шведскі?”

Лявонцій Зданевіч вяртае ўвагу да прапановы Галіны Сямдзянавай дазнацца, які ж варыянт саюзнай дамовы распрацаваў Крэмль, і дзеля гэтага заслухаць дэлегацыю дэпутатаў, якія высвятлялі гэта ў Маскве.

Слова даецца члену дэлегацыі Ўладзіміру Заблоцкаму, які паведамляе, што Масква прапа­нуе пакінуць за СССР наступныя функцыі: Савецкая Армія, дзяржбяспека, памежныя войскі, унутраныя войскі, юрыспрудэнцыя, мытня, ваенная прамысловасць, энергетыка, нафтагазавыя рэсурсы і перапрацоўка нафтапрадуктаў, трубаправодны транспарт, знешнепалітычныя функцыі МЗС, знешнеэканамічная дзейнасць, крэдытна-фінансавая сістэма, банкаўская і грашова-манетарная сістэмы, чыгуначны, паветраны і марскі транс­парт, сувязь і камунікацыі, космас, інфарматыка, тэлебачанне і радыё, фундаментальная навука. “Все остальное остается республикам”, – падсумаваў Заблоцкі пад смех і апладысменты.

Што разумела Масква пад “астатнім – заставалася здагадвацца; зрэшты, яна адназначна не прэтэндавала на стратную прамысловасць ды калгасы, затое нафтагазавы комплекс і “труба” былі ўведзеныя ў ранг стратэгічных інтарэсаў Крамля нароўні са знешнепалітычнай дзейнасцю і функцыямі КДБ.

Алег Трусаў прапануе вы­ключыць узгадванне пра саюзную дамову і наогул зняць гэты пункт з галасавання – Дземян­цей выступае ў абарону дамовы, заяўляючы, што ні Расія, ні Ўкраіна не выключыла ў сваіх дэкларацыях магчымасць яе падпісання.

Пачынаецца галасаванне – і за саюзную дамову выказваюцца 184 дэпутаты пры квору­ме для прыняцця рашэння ў 170. Супраць – 34 дэпутаты – практычна поўны склад фракцыі БНФ ды яшчэ некалькі чалавек.

Тут патлумачу, што адбывалася. Як бачна, шмат якія прапанаваныя намі палажэнні Дэкларацыі хаця і пасля гарачых дыскусій, але збольшага прымаліся. Заставаўся апошні артыкул, у які прыхільнікі СССР жадалі уключыць пункт аб неабходнасці падпісання “саюзнай дамовы”. Да таго ж большасць адмаўляла наша патрабаванне – надаць Дэклара­цыіі статус канстытуцыйнай сілы (гэта значыць – у выпадку супярэчнасці Канстытуцыі і законаў СССР Канстытуцыі і за­конам Беларусі перавагу б мелі апошнія).

Узнікала і яшчэ адна пагроза – пасля паартыкульнага га­ласавання Дэкларацыя павінна была прымацца “у цэлым”, і тут магла пачацца рэвізія раней прынятых палажэнняў, іх выхалошчванне (гэта было б парушэннем рэгламенту, але нязначным). Ішло да таго, што Дэкларацыя ўвогуле магла быць не прынятая. Так, дэпутат Ле­анід Козік (член Прэзідыума Вярхоўнага Савета, пры Лука­шэнку – лідэр праўладных прафсаюзаў) падчас абмеркавання заявіў, што “если мы примем эту Декларацию, то она направлена на сто процентов на выход из Союза”.

У гэтых умовах Пазьняк прапанаваў дэпутатам БНФ, калі большасць будзе настойваць на “саюзнай дамове” і адмовіцца ад канстытуцыйнасці Дэкларацыі – выйсці з Авальнай залы. Гэта мела б псіхалагічны эфект, заблытала б дэ­путатаў, яны б дзейнічалі ад “супрацьлеглага” (“насуперак” БНФ. Пра што раней і сказаў Гермянчук – шмат хто галасуе насуперак Пазьняку). У фракцыі БНФ адбылася дыскусія. Прапанова была вельмі рызыкоўная, але Пазьняку ўдалося пераканаць у яе слушнасці; не­калькі чалавек усе ж вырашылі пакінуць у зале ў якасці назіральнікаў.

Фактычна ў той момант Пазьняк паставіў на карту свой аўтарытэт сярод калег і палітычную будучыню; калі б тактыка не спрацавала і Дэклара­цыя была не прынятая ці адбылася б рэвізія ўжо прынятых артыкулаў – ён успрымаўся б сваімі паплечнікамі як авантурыст. Аднак мэта суверэнітэту была нагэтулькі важная, што ён пайшоў на такую рызыку, будучы ўпэўненым, што пераможа.

Калі дайшлі да апошняга артыкула – была адкінутая канстытуцыйнасць Дэкларацыі і уведзеная “саюзная дамова”, слова узяў лідэр БНФ.

Пазьняк: “Паважаныя дэпутаты, я не затрымаю доўга вашай увагі. Але прашу мяне выслухаць адну мінуту. Тое, што мы зараз пачулі звесткі, што нам рыхтуе “саюзны дагавор”, і тое, што зараз сесія прагаласавала за гэты “саюзны дагавор”, гэта тое самае, што сунуць галаву ў пятлю. Гэта значыць, што далейшая размова аб суверэнітэце не мае сэнсу. Гэта значыць, што наша праца два дні была без патрэбы. На вялікі жаль, народныя дэпутаты, відаць, мы ўсе ж такі не дараслі да суверэнітэту. Таму я, Пазь­няк Зянон Станіслававіч, заяўляю, што я адмаўляюся далей удзельнічаць у гэтай сесіі ў выніку таго, што Вярхоўны Савет не здольны прыняць Дэк­ларацыю аб сапраўдным суверэнітэце. Тых дэпутатаў, якія мяне падтрымліваюць, прашу зрабіць тое самае. Я пакідаю залу”.

Выйшлі 30 чалавек. Сабраліся ў памяшканні за прэзідыумам, дзе па тэлевізары ішла трансляцыя (той самы пакой, дзе ў часы Машэрава збіралася ў перапынках сесій вышэйшае кіраўніцтва).

Я быў сярод пакінутых у Авальнай залі і бачыў, які эфект зрабіў выхад з залы трох дзесяткаў дэпутатаў на чале з Пазьняком на дэпутатаў-камуністаў: “Яны не хочуць галасаваць? Ну, дык мы прагаласуем”.

Большасць дэпутатаў была ў шоку – і ў гэтым стане працягвалі галасаваць за іншыя пунк­ты Дэкларацыі. Тыя дэпутаты фракцыі БНФ, якія былі пакінутыя ў залі, працягвалі адстойваць нашу канцэпцыю.

У адказ на прапанову дэпу­тата палкоўніка Леанща Прывалава паставіць беларускія Ўзб­роеныя сілы ў залежнасць ад канстытуцыі СССР і “з улікам забеспячэння бяспекі СССР”, Васіль Шачак запытауся: “Чаму ад Масквы ў 80 кіламетрах ніводнай ракетнай базы няма? А я вось гляджу, 80 кіламетраў ад Слуцка. Як так можна, таварыш палкоўнік?”

Таварыш палкоўнік не адказаў. Шачака падтрымаў Шушкевіч: “3 улікам забеспячэння бяспекі СССР” – гэта заўсёды можна сказаць, што “ўлік” не дазваляе нам нічога рабіць”. Таму гэта перакрэслівае увесь суверэнітэт”.

Навумчык: “Афганская вайна пачалася не ў Кабуле, яна пачалася ў снежні 1979 года на аэрадроме пад Віцебскам, калі Брэжнеў узняў Віцебскую дэсантную дывізію. І вось гэтыя сумныя і ганебныя лаўры дасталіся Крамлю, але слезы, сіроты, інваліды і магілы – усе гэта дасталося нам. Ці можам мы сёння даць гарантыю, калі большасць дэпутатаў прагаласавала за заключэнне новага “саюзнага дагавора”, што заўтра да ўлады ў краіне не прыйдзе чалавек, які паўторыць гэта самае?.. Таму я прасіў бы, вельмі прасіў бы, не баяцца слова “нацыянальныя фарміраванні”. Шмат дзесяцігоддзяў нашы людзі, грамадзяне Беларусі, плацілі падаткі, і… мы можам ставіць пытанне аб нацыяналізацьіі нашай арміі, аб цалкам падпарадкаванні яе камандавання Вярхоўнаму Саве­ту”.

У выніку за раздзел аб тым, што Беларусь “мае права на ўласныя Ўзброеныя сілы, унутраныя войскі, органы дзяржаўнай бяспекі, падкантрольныя Вярхоўнаму Савету”, прагаласавала 230 чалавек – пад апладысменты!

Пераканаць дэпутатаў у тым, што Беларусь трэба ўжо зараз абвясціць бяз’ядзернай зонай, нам з Шачаком не ўдалося – аднак 229 чалавек прагаласавалі за тое, што Беларусь “ставіць на мэце зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а рэспубліку – нэйтральнай дзяржавай”.

Як ні дзіўна, і прапанова дэ­путатаў БНФ, што “ніякія вайсковыя фарміраванні іншых краін, іх вайсковыя базы і пабудовы не могуць быць размешчаны на тэрыторыі Беларускай Рэспублікі без згоды Вярхоўнага Савета” – прымаецца, (натуральна, са зменай назвы на БССР).

Вярнуліся да прэамбулы – ізноў пачалі абмяркоўваць, “абвяшчае” ці “пацвярджае” Бела­русь свой суверэнітэт.

Гілевіч: “45 гадоў Беларус­кая ССР – член Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. I які б ні быў гэты суверэнітэт, не хачу характарызаваць яго там – недастатковы, недасканалы, каб не гаварыць вастрэй, але ўсё-такі ў свеце нас прызнавалі як дзяржаву раўнапраўную ў аб’яднанні дзяржаў свету”.

Бойка: “Мне непонятно, где был ранее закреплен наш суверенитет? То ли в тех грамотах, которые были приняты БНР, то ли в Конституции?”

Навумчык: “Я разумею, што некаторых дэпутатаў засмучае Трэцяя і Другая Статутныя граматы. У такім разе я прапаную вам звярнуцца да 1922 года, да Дэкларацыі аб утварэнні СССР. СССР быў утвораны як Саюз суверэнных дзяржаў”.

Лукашэнка: “Зачем мы раз­ворачиваем эти бесполезные дискуссии?”

Даўлюд: “…когда депутат Лукашенко подходит к пятому микрофону, ему сразу слово. Иногда не добьешься: стоишь, стоишь… Но не об этом речь. Я был автором дополнения “про­возглашает”. Подумав, решил, что мы должны пойти на ком­промисс. Давайте мы будем умнее Украины и России, кото­рые “провозгласили”. Давайте подтвердим”.

Ніяк не магла прайсці прэамбула – розныя варыянты аб тым, што Беларусь абвяшчае суверэнітэт, не набіралі належнай колькасці галасоў. Аж да таго моманту, пакуль Анатоль Вярцінскі не прапанаваў дадаць да слова “суверэнітэт” вызначэнне “поўны”.

Я прапанаваў вярнуцца да тэмы “саюзнай дамовы” і выключыць узгадку пра яе з тэксту, але безвынікова.

Мы зноў паспрабавалі дамагчыся, каб Дэкларацыі быў нададзены статус канстытуцыйнай сілы.

Нечакана супраць гэтага выступіў Шушкевіч, які сказаў, што “на пераходным перыядзе, калі мы будзем ісці па класічным праве, па законах, мы нікуды не прыйдзем… канстытуцыйную норму надаць Дэкла­рацыі цяпер проста немагчыма”, што адразу ж выклікала заяву Віктара Ганчара: “Я вы­нужден заявить решительный протест по поводу последнего заявления первого заместителя председателя Верховного Сове­та, поскольку фактически он призвал нас к беззаконию… пункт 12-й в той редакции, в которой он стоит, – это пере­черкивание всей Декларации которую мы приняли. Это пус­той политический треск”.

Мне падалося, што варта паспрабаваць вярнуць дэпута­таў да тэрміна аб “аб’яднанні” запісаць, што Беларусь ажыццяўляе права на добраахвотныя саюзы з іншымі дзяржавамі. Гэта была адна з прапаноў БНФ, якую ўпарта не жадалі прыняць. Па праўдзе, ніякага лагічнага абгрунтавання, што ўдасца яе правесці, у мяне не было. Але інтуіцыя падказвала, што паспрабаваць варта. Было нейкае адчуванне, што камуністы пасля выхаду іншых дэпутатаў БНФ настроеныя паказаць, што яны, насуперак заяве Пазьняка, “гатовыя да суверэнітэту”. Многім ветэранам, што заўсёды ішлі ад адваротнага, карцела насаліць “бэнээфовцам во главе с Пазьняком” (на што Пазьняк і разлічваў) і пака­заць сваю значнасць у прыняцці рашэнняў. Пра рэвізію палажэнняў Дэкларацыі, пры­нятых пад напорам фронтаўскіх дэпутатаў, здаецца, не думалі (маўляў, “Пазьняк против, зна­чит, все в порядке”). Гэта быў хвалюючы момант.

Сюрпрызам было, што мяне ад мікрафона падтрымаў былы другі сакратар Віцебскага абкама Яўген Радзецкі. Дэпутат Котаў, які прадстаўляў артыкул, зачытвае фармулёўку Пазьняка (якую раней “зарэзалі”) – і яна праходзщь, набіраючы – пад апла­дысменты – 219 галасоў.

Усе гэта выглядала лагічным абсурдам. Але, відаць, ніхто з нас так добра не разумеў (і не адчуваў) гэты ўнікальны Вярхоўны Савет, як Пазьняк. Тут кіраваліся не логікай, а псіхікай, карпаратыўнымі інтарэсамі і думкамі начальства. Гэта была наша выдатная і тон­кая перамога ў камуністычным і прамаскоўскім парламенце, у якім мы, дэпутаты ад БНФ, складалі толькі 8% ад усей колькасці дэпутатаў.

За Дэкларацыю “у цэлым” прагаласавалі 229 дэпутатаў – пры ніводным “супраць” альбо “устрымаўся”.

У выніку Дэкларацыя аб дзяржауным суверэнітэце БССР была прынятая (праўда, з “саюзнай дамовай” і без канстытуцыйнага статусу, што будзе выпраўлена у жніўні 1991-га). Канешне, нават і ва “ўсечаным” варыянце Дэкларацыя была велізарным крокам наперад. Важна, што тэкст быў напісаны намі, фронтаўцамі, і праведзены праз Камісію Вярхоўнага Савета, і што прадстаўляў гэты тэкст на абмеркаванні па прапанове старшыні Камісіі Л.Козіка (які про­ста не валодаў тэмай) Зянон Пазьняк. Як ні стараліся камуністы і ветэраны перакуліць змест Дэкларацыі, ім усе ж не ўдалося зламаць партытуру гэтага гістарычнага дакумента, бо складзены ён быў не імі, не іхняй логікай і не іхнімі галовамі. Прыйшлося ім усе ж плаваць у нашым рэчышчы і танцаваць па нашых схемах, хоць і ламаючы што магчыма па дарозе. Але на працягу двухдзённых дэбатаў 26-27 ліпеня нам уда­лося адстаяць шмат што і з некаторых істотных палажэнняў (напрыклад, бяз’ядзернасць Беларусі).

Ад рэдакцыі:

Нас, канешне, вельмі зацікавіў выраз Дэкларацыі (гл. наступны матэрыял сайту) “Грамадзяне Беларускай ССР усіх нацыянальнасцей складаюць беларускі народ” (арт.2). Яго паходжаньне, гісторыя прыняцьця, аналіз сэнсу (а мы лічым, што сэнс тут відавочна перакручаны). Але, Сяргей Навумчык, дарэчы вельмі паважаны намі чалавек , пра гэта ня кажа ні слова.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы