Патрыцыя Коэн (Patricia Cohen, “The New York Times”, ЗША)
У сьнежні 2004 года ўкраінцы выйшлі на вуліцы, але дэмакратычныя рэвалюцыі ў гэтай краіне і такіх краінах, як Грузія і Кыргызстан, не прывялі да чакаемых вынікаў [значыць, гэта былі не зусім дэмакратычныя рэвалюцыі. – Рэд.]. У Кітаі эканамічны рост ідзе пры аднапартыйнай сістэме.
Калі ня так даўно прэзідэнт Буш аб’явіў, што палітычная адкрытасьць натуральным чынам спрыяе адкрытасьці эканамічнай, яму запярэчылі ня толькі партнэры зь Пякіну і Масквы. Ад векавой тэорыі, у адпаведнасьці зь якой дэмакратыя і капіталізм [пардон, капіталізм і рынкавая эканоміка – гэта не адно і тое ж. – Рэд.] ня могуць абыйсьціся адзін без аднаго (як Пэрыс Хілтан і папарацы), адступаюцца і ліберальныя, і кансерватыўныя інтэлектуалы, нават тыя, хто раней былі яе гарачымі прыхільнікамі [паняцьце “кансерватызм” варта выкінуць зь ідэалагічнай сьферы, бо яно не нясе дастатковай зьмястоўнасьці і ўжо толькі з-за гэтага праігрывае з паняцьцем “лібералізм”; кансерватызм (“хай будзе, як было”) – фармальны элемент многіх ідэалогій, дзе зьмест праступае дастаткова выразна, напрыклад, нацыянальных, рэлігійных, пракамуністычных… – Рэд.].
Разьвіцьцё падзеяў ва ўсім сьвеце – ад Кітая, які дамогся ўражвальнага эканамічнага росту, нягледзячы на кіраваньне Камуністычнай партыі, да Расеі, дзе прэзідэнт Уладзімір Пуцін разагнаў апазіцыю, і Венесуэлы, дзе нязгодным таксама не даюць слова – падрывае тэорыю, што капіталізм і дэмакратыя – два бакі аднаго медаля; тэорыю, якая была папулярнай ня толькі ў акадэмічных колах, але і ў адміністрацыях амерыканскіх прэзідэнтаў – як рэспубліканцаў, так і дэмакратаў.
“У нас усё яшчэ ёсьць прычыны меркаваць, што ў канчатковым выніку гэта адбудзецца, – кажа пра дэмакратычную эвалюцыю Кітая Фрэнсіс Фукуяма (Francis Fukuyama), палітычны эканаміст з Універсітэту імя Джона Хопкінса [зноў аблажаўся вядомы прапагандыст псеўда-лібералізму са сваім прадказаньнем “Канца гісторыі”; так хутка ёй стане аб’ектам для паўсяместных кпін… – Рэд.]. – Але часовыя рамкі будуць значна шырэй”. На яго думку, прынамсі, у бліжэйшыя некалькі дзесяцігоддзяў “аўтарытарызм хутчэй за ўсё будзе стала ўзмацняцца” [пры такіх палітычных дарадцах у ЗША, несумніўна; трэба ставіць задачу распаўсюджваньня зьмястоўнай дэмакратыі ў сьвеце, а не зьнішчаць яе зародкі там, дзе яны былі, пад прыкрыцьцём прапаганды абстрактных псеўда-ліберальных “каштоўнасьцяў”… – Рэд.].
Верагодна, імя Фукуямы больш, чым чые б там ні было, асацыюецца зь ідэяй пра непарыўнасьць сувязі паміж капіталізмам і дэмакратыяй. У сваім знакамітым [удакладнім, распіяраным. – Рэд.] эсэ “Канец гісторыі”, напісаным у 1989 г., калі Савецкі Саюз прыходзіў у заняпад, ён заявіў, што ва ўсіх краінах аднойчы будзе ўсталяваная ліберальная дэмакратыя заходняга ўзору [варта змагацца, каб ва ўсіх краінах усталявалася сапраўдная, зьмястоўная дэмакратыя, бо сучасны псеўда-лібералізм (як сьпецыфічная форма ідэалагічных рамак, якія выстаўляюцца для практычнага грамадска-палітычнага жыцьця і якія выгадныя найперш фінансавай алігархіі) дэградуе дэмакратыю да ўзроўню фармальнай, а то і псеўда-дэмакратыі; апускацца заўсёды лягчэй, чым падымацца, толькі ў такім выпадку не мінаваць крызісу “сустрэчы з дном”… – Рэд.].
“У пачатку 1990-х былі вялікія спадзевы, – кажа Майкл Мэндэлбаўм (Michael Mandelbaum), аўтар кнігі ‘Democracy‘s Good Name: The Rise and Risks of the World‘s Most Popular Form of Government‘ (‘Добрае імя дэмакратыі: Узвышэньне і рызыкі самых папулярных у сьвеце формаў кіраваньня’), якая рыхтуецца да выданьня. Існавала вера ў тое, што рост прыбыткаў створыць сярэдні клас, які стане выступаць за асабістую свабоду і змагацца за палітычную ўладу. Лічылася, што пераломны момант наступае, калі даходы на душу насельніцтва дасягаюць адзнакі 6-8 тысячаў даляраў [для гэтага стварэньне сярэдняга класа і павінна было быць мэтай дэмакратычных рэформ (у той жа Расеі, напрыклад), а не ўкараненьне псеўда-ліберальных прынцыпаў, якія дазволілі ўзьнікнуць мульты-мільярдэрам, пакідаючы большасьць насельніцтве ў жабрацтве; у далейшым, мы не плануем, як інстытуткі, хавацца ад магчымасьці адказаць на пытаньні: хто (што за сілы; памятаеце? “імёны, паролі, яўкі”) рабіў такія сацыяльныя вычварэнствы? каму яны былі выгадныя?; калі артыкулы з адказамі на такія пытаньня нам будуць пападацца, мы будзем іх друкаваць. – Рэд.]. Так, былі выключэньні накшталт драбнюткага Сінгапура зь яго дабрабытам і аднапартыйнай дзяржаўнасьцю, але іх часта ігнаравалі як занадта нязначныя альбо пераходныя формы, якія ня здольны нанесьці шкоду тэорыі”.
Аднак, калі свабодны рынак пры аўтарытарнай уладзе зьявіліся на Каўказе, у Цэнтральная Азіі, Лацінскай Амерыцы і Расеі, перашапачатковы аптымізм адносна трыюмфальнага маршу дэмакратыі згас. Некаторыя навукоўцы паказвалі на тое, што досьвед ЗША, дзе дэмакратыя і капіталізм узьніклі ў адзін час, – хутчэй анамалія, чым мадэль для ўсяго іншага сьвету [ЗША – дзяржава-выспа, і ў гэтым сэнсе ўжо ёсьць стратэгічным выключэньнем, але яе эканамічная і палітычныя эліта ўпарта навязвае свае прынцыпы многім краінам, асабліва пасьпяхова ў Заходняй Еўропе; наступствы мы назіраем. – Рэд.]. “Капіталізм практычна паўсюль зьяўляецца раней за дэмакратыю, за выключэньнем нашай краіны, дзе яны стартавалі адначасова, – кажа Брус Скот (Bruce R. Scott), эканаміст з Гарвардскай школы бізнэсу, які заканчвае напісаньне кнігі ‘Capitalism, Democracy and Development‘ (‘Капіталізм, дэмакратыя і разьвіцьцё’).
“У іншых краінах на пераход да дэмакратыі спатрэбілася па 100, 200 і 300 гадоў”, – кажа Скот. На яго думку, скрайне памылкова лічыць, што “дастаткова мець канстытуцыю і выбары, і ў вас ужо гатовая дэмакратыя. Гэта сапраўды глупства”.
Нобелеўскі лаўрэат Джозеф Стыгліц (Joseph E. Stiglitz), прафесар Калумбійскага ўніверсітэта, згодны з тым, што адна з самых важкіх зьмен у параўнаньні з пачаткам 1990-х заключаецца ў ацэнцы складанасьці й абмежаванасьці дэмакратыі [менавіта так; гэта якраз тое, пра што весь час мы кажам; у заходнікаў зусім ня вернае ўяўленьне што ёсьць дэмакратыя, яны ўвесь час яе блытаюць са сваёй псеўда-ліберальнай рэчаіснасьцю; мы ўжо хутка 2 гады як выпрацавалі паняцьце “зьмястоўнай дэмакратыі”! пра гэта можна прачытаць тут: https://nashaziamlia.org/2006/04/05/15. – Рэд.].
Няўдачы маладых дэмакратыяў выклікалі да жыцьця шэраг тэорыяў, якія імкнуцца патлумачыць фенамен фармальнай дэмакратыі і выбараў без рэальнай свабоды [“фармальная дэмакратыя” – гэта цяпер на Захадзе, а, напрыклад, у Беларусі, натуральна, яшчэ горш – псеўда-дэмакратыя; пра ўсё гэта можна пачытаць там жа: nashaziamlia.org/2006/04/05/15. – Рэд.].
Калумніст Фарыд Закарыя (Fareed Zakaria), аўтар кнігі пра станаўленьне і разьвіцьцё дэмакратыі, мяркуе, што некаторыя краіны – напрылад, Сінгапур, Перу і Расея – праходзяць этап “неліберальнай дэмаратыі” [а, можа, усё ж недэмакратычнага лібералізму? – Рэд.], калі пры ўпэўненым эканамічным росьце свабода прэсы, улада закона і асабістая свабода будуць практычна адсутнічаць, пакуль ня зьявіцца шанц на выпрацоўку ліберальных [дэмакратычных. – Рэд.] навыкаў і стварэньне інстытутаў [што да “Расеі”, дык гэтай паганай імперыі яшчэ трэба распасьціся на нацыянальныя дзяржавы, інакш яе грамадству аніяк не выпаўзьці з-пад уціску імперыякратыі, натуральна, без шанцаў на дэмакратыю; а, вось, лібералізму ў “Расеі” і цяпер “поўныя штаны”. – Рэд.].
Затым, адразу пасьля пачатку ірацкай вайны, “быў мінівыбух аптымізму” ў спадзеве на тое, што капіталізм вядзе да дэмакратыі, – казаў Мэндэлбаўм [так і было, калі б за справу дэмакратызацыі Ірака браліся дэмакраты, а не лібералы… – Рэд.]. Яго праявай сталі тры народныя паўстаньні – ва Украіне, у Грузіі ды Кыргызстне – выбары ў сектары Газа, Ліване і Егіпце ў 2005 годзе. Аптымізм згас, калі дэмакратычныя “рэвалюцыі” аказаліся нядоўгімі [таму, што гэта былі не дэмакратычныя рэвалюцыі, а больш алігархічныя ці бюракратычныя перавароты. – Рэд.] і перацяклі ў гвалт і карупцыю. “Капіталізм цалкам неабавязкова вядзе да дэмакратыі, – кажа Скот. – Адзінае, пра што можна казаць з упэўненасьцю, – гэта тое, што капіталізм безупынна вядзе да павелічэньня разрыву ў даходах [нарэшце, выдатна!; толькі яшчэ раз удакладнім: да гэтага вядзе псеўда-ліберальная яго форма. – Рэд.], і гэта непазьбежна стане несумяшчальным з дэмакратыяй” [дакладна так!; гэта як раз тое, пра што мы весь час кажам! – Рэд.]. Тут у справу вымушаны ўступаць палітычнае кіраўніцтва ды інстытуты.
Яшчэ адна праблема на думку лорда Дарэндорфа (Dahrendorf), прафесара берлінскага Цэнтру сацыялагічных дасьледваньняў, хаваецца ў тым, што, калі дэмакратыя не нясе эканамічных дабротаў, людзі пачынаюць сумнявацца ў яе каштоўнасьці [калі “дэмакратыя” не нясе дабрабыту – гэта не дэмакратыя; усьведамленьне гэтага вынікае са зьместу самай зьявы; таму намі й выведзена паняцьце “зьмястоўная дэмакратыя”. – Рэд.]. “Мала што здаецца такім цяжкім і, у той жа час, больш важным для ўмацаваньня свабоды, – напісаў нядаўна ён, – чым аддзяленьне капіталізма ад дэмакратыі ў сьвядомасьці людзей” [так, дэмакратыяй трэба замацца адмыслова! – Рэд.]. Інакш, замест таго, каб узаемна ўмацоўваць адзін аднаго, яны спрыяюць росту расчараваньня.
Нават калі капіталізм не гарантуе існаваньне дэмакратыі, ён, на думку многіх эканамістаў і палітолагаў, стварае спрыяльную атмасьферу і дапамагае дэмакратычным сістэмам перанесьці буры [“перанесьці буры” дапамагае ўстойлівы рынак, а скрайне манапалізаваны капіталізм буры здольны толькі ствараць. – Рэд.]. Стыгліц [нагадаем, гэта прафесар Калумбійскага ўніверсітэта. – Рэд.] раіць не забываць пра тое, што “адыход ад закрытага грамадства – гэта вельмі вялікая перамена” [паўсюль “адкрытае грамадства” – мэта псеўда-лібералаў; колькі можна падманваць саміх сабе? “адкрытае грамадства” і дэмакратыя абсалютна не сінонімы! – Рэд.]. Для таго, каб быць эканамічна канкурэнтаздольнай, краіна павінна быць далучана да глабальнай інфармацыйнай сеткі, якая адкрывае грамадзянам іншыя палітычныя сістэмы і культуры [пералічанае – неабходны элемент сапраўднай дэмакратыі; праблема схавана ў іншым: псеўда-лібералы разумеюць “адкрытае грамадства” як касмапалітызаванае (яно такое ім пазарэз патрэбна), а дэмакраты – як інфармацыйна, адукацыйна, эканамічна, культурна адкрытае; у гэтай розьніцы бачны прыём прапагандысцкай дэмагогіі псеўда-лібералаў у ідэалагічнай сьферы. – Рэд.]. Гэтую тэндэнцыю, на думку Мэндэлбаўма [нагадаем, аўтара кнігі “Democracy‘s Good Name…” – Рэд.], узмацняе тое, што “звычкі і каштоўнасьці рынкавай эканомікі [зьвярніце ўвагу, менавіта “рынкавай эканомікі”, а не “капіталізму”; вось чалавек, які, здаецца, нешта разумее, бо дакладна выкарыстоўвае паняцьці… – Рэд.], перанесеныя ў палітычную сьферу, спрыяюць разьвіцьцю дэмакратыі”.
Але ён прызнае, што Кітай – гэта “вялікі тэст”. Нягледзячы на сярэдні клас, які расьце, у ім па-ранейшаму жыве мільярд бедных. Патрабаваньні дэмакратыі будуць расьці, але пры гэтым будзе ўзмацняцца і рэакцыя лідараў Кітая [што гэта за “лідары”? Узяць бы і напісаць “кампартыйная бюракратыя”; калі ж правільна не называць імя суб’екта палітычных працэсаў, ніколі ясна не ўбачыш іх зьмест. – Рэд.]. Пакуль ім усё ўдаецца.
“Кітайскія ўлады даволі пасьпяхова скупаюць інтэлектуалаў [нашыя цяперцы значна больш прымітыўныя, да такога дадумацца ня здольны, таму… – Рэд.] і прадстаўнікоў сярэдняга класа, у якіх страх перад беспарадкамі значна мацнейшы за імкненьне да палітычнага ўдзелу”, – кажа Фукуяма. Ён дадае, што ня зьдзівіцца, калі Кітай альбо нават Расея выступяць з “аўтарытарнай ідэалогіяй новага тыпу” [пасьля заяваў пра “канец гісторыі” гэта цалкам верагодна. – Рэд.], якая будзе спрабаваць апраўдаць іхныя незаходнія сістэмы. Ён ужо чуў ад кітайскіх інтэлектуалаў і расейскіх палітыкаў першыя аргументы падобнага роду, якія адлюстроўваюць ідэю “азіяцкіх каштоўнасьцяў” – незаходніх культурных нормаў, якія вядуць “да іншых шляхоў разьвіцьця”.
Але як суаднесьці тэорыю з практыкай? Менавіта тут узьнікаюць жорскія рознагалосьсі – і не паміж лібераламі і кансерватарамі, а паміж прафесарамі й дзейнымі палітыкамі. Вось, што, па словах Фукуямы, адрозьнівае яго ад нэакансерватараў у адміністрацыі Буша: “Думаю, што ў цэлым, Злучаныя Штаты ня могуць зрабіць вельмі шмат” [а Фукуяма та, зь “вялікага” пераўтварыўся ў звычайную вужаку. – Рэд.].
Ад рэдакцыі:
Дадзены артыкул – добрая ілюстрацыя на тэму, як небясьпечна мець кепскія тэорыі – г.зн. такія, якія неадэкватна адлюстроўваюць рэчаіснасьць.
Можна не сумнявацца, што галоўнай навучкай для заходніх “тэарэтыкаў” стаў Кітай. Гэтага ўсходняга дракона так старанна раскормліваў Захад, і асабліва ЗША, разьлічваючы (у адпаведнасьці зь іх папярэдняй тэорыяй), што эканамічны рост аўтаматычна забясьпечыць дэмакратызацыю гэтай краіны. Цяпер яны бачаць, што пралічыліся, і сьпяшаюцца зьмяніць пласьцінку… Мы ж пра гэта папярэджвалі 2 гады таму (гл. https://nashaziamlia.org/2006/04/10/27).
З Расеяй ня менш трагічна. Па-першае, “немагчыма дэмакратызаваць тыповую тэрытарыяльную імперыю!” – так і хочацца практычаць заходнім дубаломам. Спачатку павінен адбыцца яе падзел на нацыянальныя дзяржавы (а іх ужо дэмакратычзаваць можна). Акрамя таго, на якую дэмакратызацыю Расеі вы разьлічвалі, калі ў ідэалагічнай і палітычнай сьферах прадавалі ёй не дэмакратыю, а псеўда-лібералізм? На якія рынкавыя пераўтварэньні спадзяваліся, на ўзьнікненьне якога сярэдняга класа, калі ў эканамічным плане сьвядома навязвалі ёй агалцелы манапалістычны капіталізм (праз буйную крымінальную прыхватызацыю), скіраваны на стварэньне фінансавай алігархіі? Значна прадуктыўней было б недзе на Захадзе пашукаць канкрэтнага суб’екта такой палітыкі?
З другога боку, трэба прызнаць, ня ўся віна і на Захадзе. “Так склаліся зоркі”, што эканамічны рост Расеі і Венесуэлы ў апошнія гады абумоўлены ў значнай ступені іх рэсурснай базай, а эканамічны прагрэс Кітая – за кош таннай працоўнай сілы. Эканамічныя перавагі старых “дэмакратый” ў больш хуткім тэхналогічным прагрэсе і ў большай эфектыўнасьці працы.
Чыя возьме, пакажа будучыня. Але, як бы там ні было, відавочна, што наперадзе ўсіх нас, і вінаватых, і ня вельмі, чакае чарговая гістарычная навучка…
Сапраўды, неразлучнымі ёсьць сапраўдная народная дэмакратыя і рынкавая эканоміка. А свабода з манапалістычным капіталізмам рузлучныя амаль так, як і з камунізмам.