nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Напаўраспад

29 ліпеня, 2007 | Няма каментараў

Павел Севярынец (паводле sieviarynets.net)

Ð�аÑ�а С 2.JPG 

Выкарыстоўваючы другую палову лета – час грамадска-палітычнага напружанага напаўзацішша, хочам выставіць чарговыя кнігі й артыкулы выбітных беларусаў, прысьвечаныя галоўнай тэме нашага сайта – беларускай найцыянальнай ідэі. Перад тым, як падаць вялікую працу Паўла Севярынца “Нацыянальная ідэя”, “дзеля разьмінкі” выстаўляем пару яго апошніх артыкулаў. Нагадваем, паколькі наш сайт ідэалагічны, мы захоўваем за сабой права каментаваць некаторыя думкі аўтараў [нахіленым шрыфтам у квадратых дужках].

Рэдакцыя.

 

Ад Чарнобылю да Малога Сітна больш як паўтысячы кілямэтраў. Дазымэтар паказвае тут норму, лейкемія ды рак шчытападобнай залозы рэгіструюцца ў раённым шпіталі зрэдку, і тутэйшыя жыхары ўжо адвыклі сьпісваць усе беды на калісьці папулярную «радыяцыю». Але адчуваньне адчужанасьці штогод тут толькі мацнее, не раўнуючы як у Хойніках ці Краснапольлі. Зямля занядбаная й засьмечаная, скрозь хаты з закалочанымі дошкамі вокнамі, люд наколькі малалікі, настолькі й смурны — такое ўражаньне, што нейкая нябачная, сьмяротная сіла горшыць край з самых зачумленых гушчараў. Павальнае п’янства, паўсюднае паленьне, звыклы мат пры дзецях і ня менш звыклая распута бяз сораму, усеагульная млявасьць і ашаламляльная абыякавасьць да жыцьця: відавочны пэрыяд напаўраспаду.А дваццаць гадоў таму менавіта Чарнобыль стаў ударам звону, які скалануў і агромністую савецкую імпэрыю, і Беларусь, заклікаючы ня проста да перабудовы, а да ўсенароднага пакаяньня. Пасьля Чарнобылю, што пранікае да атамаў і генаў, уявіць сабе рэальнасьць грэху, пекла й д’ябла нацыі аказалася значна лягчэй. Вось чаму Чарнобыльскі шлях ужо пры канцы 1980‑х зрабіўся галоўнай нашай маніфэстацыяй.

Пасьля Чарнобылю беларусы сапраўды жахнуліся бязьвіднае, усюдыіснае сьмерці — і адчайна рвануліся да жыцьця. Пэрыяд ядравага распаду СССР аказаўся самым плённым у найноўшай гісторыі Беларусі, бо даў штуршок нацыянальнаму адраджэньню, дзяржаўнай незалежнасьці й хрысьціянскаму рэнэсансу.

Але вось сёньня, калі чарнобыльскі страх у масавай сьвядомасьці расьсеяўся, раптам выявілася, што ёсьць рэчы страшнейшыя за чацьвёрты энэргаблёк. У Беларусі няўхільна сьпіваецца больш за мільён чалавек. Паводле апошняга перапісу, 60% беларусаў не карыстаюцца беларускай мовай. У адным толькі Менску штогод робіцца па 50 тысячаў абортаў. І пры гэтым большасьць жыхароў Беларусі, згодна з апошнімі сацыялягічнымі апытаньнямі, лічыць: краіна разьвіваецца ў слушным кірунку.

Радыяцыйныя хмары накрылі 1/5 тэрыторыі Беларусі й сталі прычынаю сьмерці тысячаў. Духовы Чарнобыль ахапіў усю краіну й павольна, але мэтанакіравана нішчыць мільёны.

І што характэрна: сёньняшняя ўлада, паводле вызначэньня пакліканая ліквідаваць наступствы любое, ці то прыроднае, ці то тэхналягічнае, ці то маральнае катастрофы, — робіць роўна супрацьлеглае. І заклік зноў засяляць заражаныя чарнобыльскія вёскі, і палітыка ў галіне ідэалёгіі і выяўляюць дзіўную, але несумненную пасьлядоўнасьць.

Хлусьня, відавочная й самазабыўная, на экранах штодня; суцэльны страх, што робіцца нармалёвым тонусам грамадзтва; гістэрычная нянавісьць да «ворагаў» і «Захаду» — усё гэта запускае ядравую рэакцыю маральнага распаду для ўсяе нацыі. Чарнобыль зь ягонай злачыннай безадказнасьцю й замоўчваньнем вынікаў выбухнуў у задушлівай атмасфэры застою. Сёньняшняя беларуская стабільнасьць настолькі ж выбухованебясьпечная.

Галоўная афіцыйная газэта краіны друкуе то бязбожны маніфэст, то опус пра сямейныя здрады, якія, маўляў, ратуюць шлюб; хрысьціянаў штрафуюць за супольную малітву, а інтэлігентаў — за мат і спраўленьне патрэбы ў публічным месцы; урэшце, праслаўляюцца такія вылюдкі, як Ленін, Сталін і Гітлер, — і робіцца зразумела, што Чарнобыль чалавечае душы клакоча ўжо пад нагамі.

Можна растлумачыць адсутнасьць веры, волі, любові, нацыянальнай ды праўнай сьвядомасьці й іншую маральную анкалёгію ў целе рэжыму — усё гэта натуральныя прадукты савецкага тленьня.

Але як растлумачыць тое, што й мы адктыўна ўдзельнічаем у працэсе напаўраспаду Беларусі?

Любая доза хлусьні, пыхі, абыякавасьці, страху ў асяродзьдзі апазыцыі ўдвая больш небясьпечная. Мы самі носім у сабе чарнобыльскі рэактар грэху, які можа прывесьці да распаду краіны, — і мусім адказваць за наступствы.

Кожны, хто супрацьстаіць разбэшчанасьці, гвалту, беззаконьню, крыміналізацыі, спойваньню беларускага народу, — ліквідатар дыктатуры.

Бо ад духовага Чарнобылю, страшнейшага за радыяцыйны, Беларусь у стане выратавацца толькі праз нацыянальнае абуджэньне.

Павел Севярынец

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы