nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Беларускі Шлях

29 ліпеня, 2007 | 6 каментарыяў

Павал Севярынец (паводле www.bielarus.org)

 

А хто там ідзе, хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?..

Увесну 2006 году ўвесь сьвет убачыў дзясяткі тысячаў беларусаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ў цэнтры Менску. Патрабаваньне свабоды, пераменаў, незалежнасьці зноў шматтысячна канстатавала факт найноўшай гісторыі: “Жыве Беларусь!”. Безумоўна, каб перамагчы рэжым, нацыянальнаму руху патрабавалася выявіць больш веры, больш еднасьці, больш духу, нарэшце, змабілізаваць больш удзельнікаў пратэстаў. Але і тое, што адбылося 19-25 сакавіка, стала сапраўдным прарывам, у параўнаньні з 2001-м ці 2004-м гадамі, паказала масавасьць, арганізаванасьць і, самае галоўнае, духовую моц. На вуліцы выйшла беларуская моладзь, якая склала большасьць сярод вулічных выступоўцаў – яна трымала кругласуткавую варту на Кастрычніцкай плошчы і штодня даводзіла: у Беларусі ёсьць годная будучыня. Кампанія вылучыла лідэраў, здольных зьяднаць людзей і ўвасобіць альтэрнатыву рэжыму. Урэшце рэшт, гэтыя некалькі бурлівых вясновых дзён няўжарт спалохалі ўладу. Дзясяткі крымінальных справаў, сотні ператрэсеных прыватных кватэраў і разгромленых штабоў, тысячы арыштаваных, для якіх у Менску ўжо не хапала ізалятараў і якіх развозілі ў іншыя гарады – усё гэта засьведчыла панічны страх рэжыму і сілу беларускага руху. Але – што далей? І ўвесь сьвет, і нашыя суседзі ва Ўкраіне, Польшчы, Балтыі, Расеі і, самае галоўнае, мільёны беларусаў, што назіралі за сакавіцкімі падзеямі ля тэлеэкранаў, ужо ў які раз пытаюць сябе: чаму Беларусь дагэтуль застаецца апошняй дыктатурай Эўропы? Што трэба зрабіць, каб адолець прасавецкі папулізм, падтрыманы імпэрскай Масквой? Увогуле, які шлях Бог вызначыў Беларусі прайсці ў гісторыі, у нацыянальнай ідэі, у духовым сталеньні, каб вызваліцца?

Доўгі Беларускі Шлях

Падзеі селетняе вясны выявіліся новым паваротам на доўгім беларускім шляху. Новым – бо і шматтысячнае людзкое ўзрушэньне насуперак рэпрэсіям, і прыняцьце лідэра беларускіх дэмакратычных сілаў на найвышэйшым узроўні ў Эўропе, і воля ды вера беларускай моладзі знакавалі сапраўды новы этап нацыянальнага абуджэньня. Паваротам – бо на даляглядзе ўзнік толькі чарговы пераход зьнясіленага вандраваньня Беларусі да рэальнай незалежнасці, дэмакратыі й нацыянальнага ладу.

Храналёгія беларускага шляху з рабства да свабоды прымушае нас згадаць біблійны выхад – пад кіраўніцтвам Майсея, вялікага Божага прарока, гэбрайскі народ блукаў па пустыні ў пошуках зямлі абяцанай да тае пары, пакуль не пазбавіўся рабскай сьвядомасьці й не набыў веру ў Бога. Гэтак-жа й Беларусь: праблема нашага зацяглага блуканьня мае не сацыяльнае, не эканамічнае й нават не геапалітычнае, а ў першую чаргу духовае паходжаньне. Сьвядомасьць вызначае быцьцё! Да тае пары, пакуль людзі не ўсьвядомяць сябе нацыяй, адказнай перад Богам за свой супольны лёс, маральны стан і сваю зямлю – мы асуджаныя заставацца заходнім узбалоцьцем расейскае імпэрыі, а ня сэрцам Эўропы.

Уся заходняя цывілізацыя апошніх двух тысячаў гадоў – гэта панарама разьвіцьця, пераламленьня й удасканаленьня асноватворнага хрысьціянскага сэнсу ў розных нацыянальных, палітычных і сацыяльных формах. Мы зьдзіўляемся, адкуль ўсё так чыста й хораша ў Амэрыцы й Брытаніі, у Швэцыі й Чэхіі, у Польшчы ды Аўстраліі. Агульная культура Захаду – грамадзкая, сэрвісная, нават побытавая – гэта просты вынік цярплівага засваеньня прынцыпу “Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усей душой тваёй, усім разуменьнем тваім, а блізкага твайго – як самаго сябе” (Лукі 10:27). Непасрэдны вынік веры ў Бога й культываваньня гэтае веры ў самім грамадзтве. Нашыя спробы пабудаваць “па-заходняму” дэмакратыю, рынак, адкрытае грамадзтва й нацыянальную дзяржаву бяз Бога асуджаныя на крах.

Таму асноўныя задачы сучаснай нацыянальнай ідэі – хрысьціянізацыя беларусаў і беларусізацыя хрысьціянаў. Хрысьціянства – і як сыстэма каштоўнасьцяў, і як аснова здаровага нацыянальнага сьветапогляду, і ўвогуле як найэфэктыўнейшы лад жыцьця – павінна стаць альтэрнатывай бездуховаму саўковаму рэжыму й грамадзкаму ўпадку. Так было ва ўсім сьвеце. Так будзе і ў Беларусі. Шчасьлівыя сем’і, здаровыя дзеці, непітушчыя працаўнікі, якія не крадуць і ня хлусяць, адказныя і прыстойныя людзі – гэта веруючыя [вось тут галоўнае адрозьненьне пазіцыі нашай рэдакцыі: мы лічым, што сумленнымі людзьмі могуць быць ня толькі веруючыя. – Рэд.]. І найпершая патрэба сёньняшняга часу – надаць такім беларускім хрысьціянам нацыянальнага самаадчуваньня, а ўсяму патрыятычнаму руху, у сваю чаргу, хрысьціянскае сутнасьці. Духовае абуджэньне адначасова з творчай, захапляючай беларусізацыяй здольнае вызваліць у дзесяцімільённым народзе аграмадныя сілы для вырашальнага рыўка. Такім чынам, зараз Беларусі ў першую чаргу патрэбныя ня “самыя правільныя партыі”, ня “самыя радыкальныя маладзёвыя рухі” і нават не ўсяядныя кааліцыі дэмакратычных сілаў у чарговай канфігурацыі. Галоўная патрэба гэтага пераходу на доўгім беларускім шляху – актыўныя, паўсюдныя й шматвобразныя ініцыятывы, якія-б беларусізавалі й хрысьціянізавалі грамадзтва. Ключавыя паказальнікі дзейнасці такіх ініцыятываў – колькі яшчэ беларусаў за дзень, месяц, год пачалі размаўляць па-беларуску, удзельнічаць у асьветніцкіх кампаніях, наведваць царкву (касьцёл, малітоўны дом), выпісваць незалежную прэсу. Сучасная беларускасьць, як і сучаснае хрысьціянства ў Беларусі зараз настолькі дэталёва распрацаваныя, кшталтаваныя, амалоджаныя, укарэненыя ў інтэрнэце й элітных асяродках, што ані прасавецкая “ідэалёгія”, ані папсовая расейшчына ня вытрымаюць канкурэнцыі за душы беларускіх студэнтаў, настаўнікаў, прадпрымальнікаў, вернікаў пры эфэктыўнай арганізацыі кампаніяў. Але пакуль што, нажаль, падобныя ініцыятывы ў Беларусі замыкаюцца ў герметычных або тусовачных супольнасьцях. У выніку велізарны вакуум у мільёнах беларускіх душаў, спароджаны незалежнасьцю, запоўнілі не трывалая вера ў Бога й жывая беларушчына, а ўпадніцкі рэлятывізм, разбуральныя субкультуры, імпэрская настальгія або афіцыйная прапаганда.

Вясна-2006 дала надзею на зьмену становішча. Малітва на шматтысячнай плошчы, “Магутны Божа”, як пачатак кожнага дня для палаткавага гарадка, тысячы дагэтуль апалітычных вернікаў поплеч з заўсёднікамі вулічных акцыяў; адзіны кандыдат, беларускі патрыёт, які дзень галасаваньня праводзіць і ў праваслаўным храме, і ў касьцёле, які нарэшце зьяўляецца на людзях з жонкаю, і якога прымаюць канцлер Нямеччыны, прэзыдэнты Польшчы й Летувы, палітычная эліта Францыі й Украіны; агучаная на ўсю краіну праграма рэформаў, грунтаваная на прыватнай уласнасьці, інавацыях і мясцовым самакіраваньні – пасьля гэтага ўпершыню за колькі гадоў адчуваеш пад нагамі краіну!

І ў кампаніі 2006 году і пасьля яе ўвесь час муляла вока: рэжым наколькі мог высільваўся, каб абаперціся на добра зацьверджаны за 15 гадоў падмурак незалежнасьці. Але бясконцыя закляцьці “За Беларусь!” у адным фляконе з пустаслоўем пра “государственный суверенитет в союзе с Россией” ды “интернациональную белорусскую нацию” ўжо сьведчаць: адолець мяжу, якая аддзяляе “самобытную Беларусь” ад адроджанае Беларусі, як ні пніся, Лукашэшка ня можа. І, згодна зь непазбежнай лёгікай гісторыі, гэта зробіць ужо нехта іншы. Не аддадзеная ані Крамлю, ані алігархам маёмасьць, пераключаныя тэлеканалы, апрацаваная па пэрымэтры ўсіх дзяржаўных межаў масавая сьвядомасьць ужо ёсьць грунтоўным апірышчам на шляху да сапраўднае Беларусі.

Дайсьці да Беларусі – значыць, дайсьці да сэрца кожнага зь 10 мільёнаў беларусаў. Можаце самі палічыць, колькі такі шлях складае ў кілямэтрах (адлегласьць будзе вымярацца, пэўна, у дзясятках зямных экватараў). Можна вымярыць гэты шлях у гадзінах або гадох, якія спатрэбяцца на пераконваньне ды растлумачэньне. Можаце падрахаваць усіх сваіх знаёмых, хто яшчэ не дайшоў да Беларусі ды вызначыць свой асабісты шлях.

Доўга, доўга атрымліваецца. Але іншага шляху ў нас, як і ў гэбраяў часоў Майсея, няма. У Беларусі, паводле сьведчаньня Быкава, доўгая дарога дадому. Доўгая – бо, як і біблійных сьвятых, Бог вядзе беларусаў, праз пакаяньні, выпрабаваньні. І адкрыць Сэрца Эўропы можна з той цярплівасьцю й настойлівасьцю, якой пад сілу дасягнуць Валадарства Нябеснага.

Крыжовы Беларускі Шлях

Калі-б беларускі шлях быў проста працяглым па часе – за цярплівых беларусаў можна было-б не хвалявацца.

Але ва ўсе часы беларускі шлях азначаў пераадоленьне найцяжэйшых пакутаў, болю і зьдзекаў. Наша Адраджэньне ўвесь час, сплываючы крывёю, зьняможана брыло праз здраду і акупацыю, Курапаты й Трасьцянец, Хатынь і Берасьцейскую крэпасьць, Чарнобыль і Нямігу.

Вось і падчас сёлетняе кампаніі беларусам давялося адужваць ня столькі адлегласьць, чалавека-гадзіны й стэрэатыпы (што складае зьмест нармалёвых выбараў), колькі страх, гвалт і ўціск. Кампанія-2006 ішла праз рэпрэсіі небывалага раней размаху; цяжкі крыж непрыняцьця, абыякавасьці й працы “за сябе й за тых хлопцаў” ціснуў на плечы, а вакол – сьвіст і аплёўваньне гэткай разьюшанай, нават ашалелай прапаганды па ўсіх афіцыйных каналах, якой не было нават за савецкім часам: “Алькаголікі!.. Наркаманы!.. Вычварэнцы!.. Псыхі!.. Фашысты!.. Тэрарысты!..”. Беларусаў зноў білі, прыніжалі, ганьбілі, як асуджанага на ўкрыжаваньне Збаўцу. Бэсьцілі мову, зьдзекліва перакрыўляючы ў агітках, пляжылі культуру, пачынаючы з ахайваньня маладзёвае “Рок-каранацыі” й завяршаючы разбурэньнем Саюзу Пісьменьнікаў, гвалцілі гісторыю, ствараючы міты пра расейскае братэрства, сатанінскі Захад ды “лініі Сталіна”… Наймацней білі па моладзі – каб з новым пакаленьнем Беларусь не паднялася з каленяў. 23-х гадовага Зьміцера Касьпяровіча, што сарваў чырвона-зялёны сьцяг з будынку Менскага гарвыканкаму, асудзілі на 5 месяцаў за кратамі. Насту Азарку, настаўніцу малодшых клясаў зь Нясвіжу, паэтку й арганізатарку Шоў Беларушчыны, абвінавацілі ў “стварэньні незарэгістраванай арганізацыі” (а гэта зараз 2 гады турмы). 21-гадоваму Артуру Фінькевічу, маладафронтаўцу зь Менску, які ўсяго толькі напісаў на плоце “Мы хочам новага!”, сьледства прыпісала ўсе графіці ў Першамайскім раёне, налічыла 35 мільёнаў рублёў урону і цяпер паграджае запраторыць у “зону” на 10 гадоў. Спартоўца Сяргея Ляшкевіча са Шчучына, які распаўсюджваў буклеты й каляндарыкі Мілінкевіча, трымаюць у ізалятары як “баевіка, што рыхтаваў тэракты ў Менску”. Маладафронтаўца Паўла Красоўскага з Жодзіна міліцыя расшуквае аж па чатырох артыкулах крымінальнага кодэксу за … карыкатуры на мясцовых чыноўнікаў, надрукаваныя ў самвыдатаўскім бюлетэні. Нарэшце, спалохаўшыся дзясяткаў тысячаў маладых, што выйшлі на вуліцы 19-25 сакавіка, КДБ распачаў крымінальную справу супраць цэлага руху, яшчэ маштабнейшую за справу Саюзу Беларускіх Патрыётаў: у 12 гарадох Беларусі прайшлі ператрусы й допыты больш як 50-ці сябраў Маладога Фронту, якіх зьвінавацілі ў “выступе ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, і кожнаму зь якіх цяпер пагражае па некалькі гадоў турмы.

Жорсткі разбор намётаў на Кастрычніцкай плошчы; зьбіцьцё непаўнагадовых за бел-чырвона-белыя сьцягі; зьдзек над людзьмі на Акрэсьціна; падкідваньне наркотыкаў ды бутэлек пасьля разгрому гарадка перад камэрамі БТ; імітацыя расстрэлу й шпіталь для Вячаслава Сіўчыка як арганізатара бестэрміновае варты на плошчы; ганебныя “суткі” для рэжысэра Валерыя Мазынскага, рэдактара Андрэя Дынька, палітыка Вінцука Вячоркі й соцень прыстойных, інтэлігентных людзей; ілжывыя абвінавачваньні ў хуліганстве й брыдкаслоўі для шчырых вернікаў – кожны факт як ляск біча па целе Хрыстовым!..

Бадай, самы цяжкі крыж узваліў на плечы беларускага народу, як гэта ні прыкра, патрыярх Маскоўскі Алексій II [дзіўна, што Севярынец, яшчэ гэтаму дзівіцца; дарэчы, яскравы прыклад таго, што характарыстыка “вернік” і, нават “патрыярх”, далёка ня абавязкова ўключае ў сябе рысу “проста сумленны чалавек”; што больш важкае? – пакідаем пошук адказу ў якасьці хатняга заданьня. – Рэд.]: ня гледзячы на заявы назіральнікаў з усяго сьвету пра фальсыфікацыі, нават не чакаючы абвяшчэньня афіцыйных дадзеных ЦВК, ён павіншаваў галоўнага праваслаўнага атэіста зь перамогаю.

Але беларусы крыж сакавіка-2006 усё-такі вынесьлі. Дзясяткі тысячаў людзей, нягледзячы на страх, нянавісьць і хлусьню на тыдзень асьвяцілі сэрца сталіцы сотнямі бел-чырвона-белых сьцягоў. І не прапаганда, ня гвалт, а менавіта гэтыя сьцягі, як пуцяводныя агні, як сымбалі Божага ўкрыжаваньня і ўваскрасеньня застануцца ў масавай сьвядомасьці й нацыянальнай гісторыі вобразам Вясны 2006 году.

Гарачыя падзеі тых дзён пацьвердзілі галоўнае хрысьціянскае правіла: вызваленьне адбываецца толькі праз пакуту [вызваленьне здабываецца ў змаганьні. – Рэд.], шчасьце здабываецца праз боль [шчасьце здабываецца ў працы. – Рэд.], а адраджэньню, уваскрашэньню, абуджэньню заўжды папярэднічае крыж [а адраджэньне ідзе за перамогай нацыянальнага паўстаньня пад кіраўніцтвам сапраўднай нацыянальнай эліты. – Рэд.]. Мы павінны ўзгадаць найважнейшую гістарычную заканамернасьць ужо неаднойчы праяўленую ў стагодзьдзях: палітычны, эканамічны й культурны росквіт генэруецца пакаяньнем ды ахвяраю народа – і духовымі пераўтварэньнямі. Што далёка хадзіць: курапацкі крыж і аднаўленьне храмаў напрыканцы 1980-х, сьцяг Хрыста і заклік “шукаць не каўбасы, а Бога” ўздымалі Беларусь на нашай памяці.

Менавіта таму беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Крыжа. Вялікага геапалітычнага скрыжаваньня, на якім між варагаў і грэкаў, Захаду і Ўсходу, Эўропы і Расеі, укрыжаваная наша краіна. “І вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною…” (Марка 8:34). Беларусь насьледуе Хрысту, аддаючы сябе. Наш бел-чырвона-белы сьцяг з крывёю Ісуса – знак таго вялікага Адкупленьня, якое збавіла ўсё чалавецтва. Бо ад пачатку Новае эры пакута й ахвяра – заклад будучае перамогі.

Беларуская ахвярнасьць – гэта ня прыкрая гістарычная наканаванасьць, што выклікае шкадобу і дэпрэсію. Гэта – лёс і сэнс Беларусі як вялікага алтара. Краіна, на долю якой за тысячу гадоў выпалі такія страшныя выпрабаваньні, для якой Эвангельле болю і зьдзеку стала штодзённым жыцьцём, для якой нацыянальным сымбалем ёсьць чыстая палатніна з крывёю ўкрыжаванага Збаўцы [у рэдакцыі мы ня згодныя з такой інтэрпрэтацыяй нашага нацыянальнага сьцягу. – Рэд.], мусіць усьведамляць: крыж – дакладная сыстэма каардынатаў для пошуку найвялікшых дабраславеньняў Божых [“сістэме каардынат для пошуку…” мы плануем у свой час надаць адмысловае значэньне. – Рэд.].

Вялікі Беларускі Шлях

У апошнія паўтары гады стала высьвятляцца цікавая геапалітычная акалічнасьць: краіна апошняй дыктатуры ў Эўропе робіцца эпіцэнтрам навінаў у цэлым рэгіёне. Польшча, Украіна, Балтыйскія дзяржавы яднаюцца, каб дапамагчы Беларусі стаць Беларусьсю [з гэтай тэзай мы таксама катэгарычна ня згодныя; наш досьвед паказвае, што занадта ўжо працяглы час існаваньня “апошняй дыктатуры Еўропы” абумолены ў значнай ступені менавіта тым, што заходнія і суседнія краіны якраз не ждаюць, каб “Беларусь пасьля вызваленьня стала сапраўды Беларусьсю”! – Рэд.]. Беларусы [беларусы? – Рэд.] штомесяц апынаюцца на трыбунах галоўных эўрапейскіх арганізацыяў. Беларуская тэма ажыўлена дыскутуецца ня толькі ў Крамлі, але і ў Брусэлі, і ў Жэневе, і ў Вашынгтоне. Belarus незаўважна разрастаецца да памераў куды большых, чым звычайная сярэднеэўрапейская краіна плошчай у 200 тыс. кв.км зь 10 мільёнамі жыхароў. Беларусь сапраўды робіцца сэрцам Эўропы – трапяткім, гарачым, поўным драматызму ды болю. Сьвет зноў адчувае тут дрогкае спляценьне артэрыяў і венаў, шляхоў і інтарэсаў, сумежжа моваў і канфэсіяў – крыніцу жыцьця ў нетрах пушчаў і гарадоў, у глыбіні страху і граху, у адчайным біцьці пульсу апошняга эўрапейскага адраджэньня. Нешта падобнае адбывалася ў XVI стагодзьдзі, у Залаты век ВКЛ. Такое ўражаньне, што Беларусь рыхтуецца выбухнуць і зьбірае ў кулак усе сілы, каб зьнішчыць астатняе кубло зла на кантынэнце, каб экспансія беларускасьці ўскалыхнула ўсю Эўропу і сталася ўдарам пахавальнага звону для імпэрскай Масквы.

0,15% тэрыторыі й 0,17% насельніцтва – вось што такое Беларусь на глёбусе. Кропачка. Але-ж колькі падзеяў, ідэяў, надзеяў і людзей сусветнага маштабу сышлося ў гэтае кропачцы! Проста веліч Беларусі разьлічваецца не праз квадратныя кілямэтры ці адсоткі ВУП. У вышэйшай матэматыцы Духа велічыні вымяраюцца інтэграламі куды большага парадку. Невялічкая, сьціплая Беларусь баіцца прызнацца нават самой сабе, што мае Вялікую Нацыянальную Ідэю. Што нічога “нармалёвага” няма ў тых страшных пакутах і ахвярах, якія выпалі на яе долю. Што нічога выпадковага не было ані ў Чарнобылі, ані ў Белавескай пушчы, ані ў Лукашэнку. Што краіна найвялікшае цярплівасьці й найвышэйшае любові ў самым сэрцы Эўропы – гэта пакліканьне. І гэта навечна.

Адсюль, ад нясьмеласьці думкі – і відавочная слабасьць большасьці сучасных “нацыянальных праектаў”. Адсюль – кволасьць сёньняшняга дэмакратычнага руху. Усе замяняльнікі нацыянальнай ідэі – і дзяржаўная “ідэялёгія”, і побытавы гонар “хвалі сваё”, і нават прасунуты апазыцыйны нацыяналізм ёсьць усяго толькі бледнымі водблескамі сапраўднай нацыянальнай ідэі. Той адзінай гістарычна й сьветапоглядна апраўданай ідэі, у якой звышмэтай зьяўляецца Сам Ісус Хрыстос.

“Ісус сказаў яму: Я і Шлях, і Праўда, і Жыцьцё” (Яна 14:6). Вялікі Беларускі Шлях – шлях Божае праўды й Божае ахвяры, шлях з Крыжам Хрыста й пад сьцягам Хрыста – да Самога Хрыста, Ягонае сьвятасьці, дасканаласьці й велічы. Беларусь у Эўрапейскім Сэрцы пакліканая да чысьціні й сьветлыні бел-чырвона-белага, да імклівасьці й нястрымнасьці Пагоні, да веры й волі, што напаўняюць гімн “Магутны Божа”.

Таму Вялікі Беларускі Шлях – гэта яднаньне і праваслаўных, і каталікоў, і пратэстантаў дзеля супольнае малітвы, духовага ўзаемаабагачэньня і, урэшце рэшт, выяўленьня адзінае нацыі ў Божых вачох. Беларусь – агульначалавечы форум хрысьціянства. Арэна. Асамблея. Сумежжа й сумоўе. Зваротны эфэкт гэтага глябальнага фэнамэну ў тым, што праз канфэсійны сынтэз Беларусі адкрываецца ўвесь сьвет: каталіцкі Захад, праваслаўны Ўсход, архіпэлягі пратэстанцкіх Штатаў, Паўночнае Эўропы й Азіі. Беларусь – натуральны фокус хрысьціянскае айкумэны: так Палестына, крыніца трох вялікіх рэлігіяў, сталася цэнтрам увагі для ўсяго чалавецтва. Выкшталцоная лёгіка й рацыя каталіцтва, містыка й узвышанасьць праваслаўя, пратэстанцкая простасьць і прага абнаўленьня – у сапраўдным беларускім хрысьціянстве сышлася ўся поўня вучэньня Ісуса Хрыста, расьсеяная за дзьве тысячы гадоў па ўсім сьвеце. І Беларусь, сьледам за сьвятым Аўгусьцінам, паўтарае вернікам розных канфэсіяў: “У галоўным – адзінства, у спрэчным – свабода, а ва ўсім – любоў!

Вялікі Беларускі Шлях – гэта кансалідацыя ўсіх нацыянальных сілаў, што грунтуюцца на хрысьціянскіх прынцыпах ды эўрапейскай традыцыі: руху Мілінкевіча й партыі Пазьняка, Маладога Фронту й рэгіянальных структураў супраціву, прадпрымальнікаў ды хрысьціянскіх грамадаў. Пераадоленьне другасных і міжасобасных супярэчнасьцяў апошняга дзесяцігодзьдзя – сапраўды працяглы, але абсалютова непазьбежны этап беларускага шляху да перамогі. Пакуль беларускае Адраджэньне ня будзе выяўлена ў салідарнай сіле – лёс Беларусі будзе важыцца зьнешнімі сіламі з дапамогаю маніпуляцыяў, гвалту ды здрады паводле найгоршых сцэнароў Рэчы Паспалітай XVIII стагодзьдзя. Магчыма, цэнтрам такога яднаньня выступіць Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя, што ствараецца зараз беларускімі патрыётамі й вернікамі розных канфэсіяў. З аднаго боку, БХД у палітычным спэктры займае месца паміж БНФ Вячоркі й КХП Пазьняка, зь іншага – увасабляе ў сабе маладое, новае пакаленьне нацыянальнага руху, і, нарэшце, спалучае хрысьціянскія грамады на патрыятычным падмурку, фармуючы жывое ядро беларускае ідэі.

Вялікі Беларускі Шлях – гэта ператварэньне беларускай дыяспары (унікальнага апірышча беларускасьці!) са структуры захаваньня ў структуру ўплыву. Нажаль, ня ў прыклад традыцыйнае мадэлі дапамогі эміграцыі з боку мэтраполіі, пакуль беларуская апазыцыя або ігнаруе дыяспару, або проста нешта просіць па дробязях. Беларускаму дэмакратычнаму руху сёньня вельмі бракуе моцных сувязяў – палітычных, культурных, урэшце, асабістых – з нацыянальнай эміграцыяй. А пры наяўнасьці волі ды каардынуючага цэнтру ў самой Беларусі беларускае замежжа можа аказаць Адраджэньню сапраўды магутную падтрымку. Падтрымку досьведам – бо многія эмігранты прайшлі вялікі беларускі шлях адзінаасобна. Падтрымку духам – бо эмігранцкія асяродкі куды больш веруючыя, як ні парадаксальна, куды больш нацыянальна сьведамыя, і, як сьледзтва, больш моцныя, чым многія партыі й арганізацыі ў самой Беларусі. Падтрымку палітычную, арганізацыйную, дыпляматычную – бо ўзаемадачыненьні з урадамі Захаду ў справе змаганьня за Беларусь патрабуюць надзейнага пасярэдніцтва на месцы. Пад кіраўніцтвам Рады БНР раскіданыя па ўсім сьвеце беларускія арганізацыі могуць мабілізавацца ў сапраўдны геапалітычны фронт, каб даць бой пракрамлёўскаму й лукашэнкаўскаму лёбі ў Брусэлі, Маскве, Бэрліне й Лёндане, Кіеве ды Вашынгтоне – і распачаць поўнамаштабны наступ беларускага руху па ўсіх кірунках.

Вялікі Беларускі Шлях, які разгортваецца зараз перад нацыянальнымі сіламі – гэта найшырэйшыя кампаніі беларускага асьветніцтва й эвангелізаціі, стварэньне тысячаў хатніх гурткоў і правядзеньне дзясяткаў тысячаў віктарынаў, конкурсаў, інтэрнэт-канфэрэнцыяў, спартовых спаборніцтваў для тых, хто “ня ў курсе”, “не задумваўся”, “ня чуў і ня бачыў” – каб штогод сотні тысячаў нашых грамадзянаў выбіралі для сябе Беларусь. Некалькі гадоў ахвярнае, маторнае, увесьчаснае працы – такой, ад якой-бы заварушылася, ускалыхнулася ўся краіна! “Ісьці ў народ” – накірунак шляху даўно знаёмы – нацыянальны рух абіраў і ў пачатку XX ст., і ў канцы 1980-х – пачатку 90-х. Першы этап гэтага Вялікага Беларускага Шляху прывёў нас да абвяшчэньня БНР і стварэньня падсавецкае БССР. Другі – да краху савецкай сыстэмы й незалежнасьці РБ. Цяперашняя эпоха інтэрнэту й флэш-мобаў, сатэлітнага тэлебачаньня й кампутаровых мультыклюбаў, электронных рассылак і ўсеагульнай мабільнай сувязі дае бяспрыкладныя магчымасьці для трэцяга, апошняга, вырашальнага этапу.

Вялікі Беларускі Шлях ідзе праз Брамы Магутных Цэркваў і Дамы Моцных Сем’яў, праз Самакіроўныя Вёскі й Магдэбурскія Гарады, па Раўніне Закону й Узгор’ях Нацыянальнага Адраджэньня. Гэты Шлях цячэ ў жылах кожнага беларуса – і вядзе да самага сэрца.

Беларусь уратавалася ў страшных войнах, акупацыях і цудам атрымала незалежнасьць не для таго, каб назапашваць тлушч, енчаць перад суседзямі й хавацца ў бульбу ад чарговых пагрозаў. Досыць! Па-над намі – ня сала з праслойкай мяса, а бел-чырвона-белы Сьцяг Хрыста. Нам патрэбная моцная й дзейная Беларусь – гарачае Сэрца Эўропы. Мы мусім паставіць сабе задачу перасягнуць вершыні залатога XVI стагодзьдзя – аддаць усе сілы справе Скарыны, Радзівілаў, Сапегі. Узьняць краіны Вялікага Княства. Абудзіць Эўропу. Збавіць Расею.

Так, мы самыя па сабе занадта слабыя й грэшныя для гэтага. Але тыя, хто ідзе з Богам і любіць Беларусь, ведаюць, наколькі гэта рэальна: “Чалавеку гэта немагчыма; Богу-ж усё магчыма” (Мацьвея 19:26).

Беларусаў кліча Вялікі Шлях.

6 каментарыяў

  1. Siarhiej кажа:

    У Паўла разумны падыход да праблем. Вера дае моцнае апірышча для сумлення і альтруізма. Той,
    хто трымаецца Боскага закону і баіцца Бога, не можа быць нягоднікам. Але ж як “дастаць” саўка з ягонымі
    абмежаваным попытам на культуру? Толькі праз няпоўную чарку і маленькую шкварку?

  2. Siarhiej кажа:

    Наконт Маскоўскай патрыярхіі: гэта проста кантора, якая робіць бізнес на Хрысце.

  3. Siarhiej кажа:

    Даю каментар па ходу чытання. Згодзен з ред. – Вызваленне дасягаецца праз змаганне… Трэба Паўлу больш
    аптымізму. Зло, якое супрацьстаіць людзям, не вельмі моцнае таму што дурное.

  4. Siarhiej кажа:

    Стаўлюся скептычна да “замежжа нам дапаможа!”. Тут таксама згодзен з рэд. Шэраговы паляк напэўна думае:
    “А чаму гэта беларусы дазваляюць Луке рабіць з іх лохаў?”.

  5. Монро кажа:

    Евангелие от Северинца

    А хто там ідзе, хто там ідзе
    У агромністай такой грамадзе?..

    Все подружки по парам
    Уж давно разошлись по домам…

    1. Спадар Северинец уподобился мелкому жулику. События весны 2006 он сравнивает с событиями 2001, 2004. Почему? Почему бы не сравнить эти события с весной 1996-го? С событиями 1992-93-го как наиболее массовых социальных протестов минчан?

    2. Что двигало минчанами в их протестах весной 2006? Вполне соглашусь с Северинцем- стремление к ПРАВДЕ и СВОБОДЕ. Что двигало этих же минчан в 1989-ом? Стремление к доступной колбасе и потерянной социальной защищенности трудящихся и пенсионеров. Разницу очучаете? Северинец даже если и ощущает, то все равно уподобляется жулику-манипулятору.

    3. Любопытный вывод делает Северинец из всего этого.

    «…У Беларусі ёсьць годная будучыня. Кампанія вылучыла лідэраў, здольных зьяднаць людзей і ўвасобіць альтэрнатыву рэжыму”.

    Мы стоим на пороге очередного “судьбоносного” националистического прозападного марша в Минске белорусских националистов-прозападников в октябре. Они вновь нас уверяют, что уж на этот раз все белорусы “шчыльными рядами” встанут друг к дружке и ведомые своими вождями поведут нас к светлому будущему. Не знаю кто из вас, уважаемое спадарство, а я просто ржу над всем этим.

    1. “Сьвядомасьць вызначае быцьцё!”

    Применительно к белорусам это не так. У белорусов желудок определяет бытие. Иными словами, желудок, набитый таннай килбасой, шкваркой и запитой гарэлкай определяет сознание современного бульбаша. То есть белорусы наперекор сьвядомым в очередной раз классически подтверждают основную философскую мысль Карло Марло: бытие определяет сознание.

    2. “Таму асноўныя задачы сучаснай нацыянальнай ідэі – хрысьціянізацыя беларусаў і беларусізацыя хрысьціянаў”.

    Так и знайте, язычники и огнепоклонники Войты, что Вас в случае победы национализма от Северинца ожидает насильственное крещение, кто не охрищен из нечистей, изучение канона христианской веры с обязательной слачей зачета и экзамен по сдаче правильной белмовы. А уж затем “синклит правильно верных” определит достоин ли кто из Вас в христианской Беларуси работать курьером.

    3. Весьма любопытно, что при этом нас, вновь охрищенных белорусов, наши сьвядомые поведут в ту Европу 21-го века, которая нынче продает свои христианские храмы направо-налево по причине катастрофического сокращения европейских христиан. Как грицца “приплыли”. А в качестве кого мы там будем обретаться? В качестве миссионеров-христиан с задачей поголовной, тотальной насильственной христианизации Европы? Гы.:))

    4. “Так было ва ўсім сьвеце. Так будзе і ў Беларусі. Шчасьлівыя сем’і, здаровыя дзеці, непітушчыя працаўнікі, якія не крадуць і ня хлусяць, адказныя і прыстойныя людзі – гэта веруючыя І найпершая патрэба сёньняшняга часу – надаць такім беларускім хрысьціянам нацыянальнага самаадчуваньня, а ўсяму патрыятычнаму руху, у сваю чаргу, хрысьціянскае сутнасьці”.

    Заранее трепещите атеисты и прочие язычники! На смену “краткому курсу ВКП(Б)”, программы строителя коммунизьма с зачетами и отрядами ДНД на вечерних минских улицах идут программы и зачеты на звание христианина, соответствующего критериям его нового белорусского “папы” в лице спадара Северинца. Гы.:)) А кто не соответствует, приготовьтесь к исправлениям в правильного белоруса.

    5.” Духовае абуджэньне адначасова з творчай, захапляючай беларусізацыяй здольнае вызваліць у дзесяцімільённым народзе аграмадныя сілы для вырашальнага рыўка”.

    Рывка куда? А не твое собачье дело!! Небось забыл “партия – наш рулевой”? Вот и получите нового вождя с партией в придачу!!! :)))

    6.” Галоўная патрэба гэтага пераходу на доўгім беларускім шляху… – колькі яшчэ беларусаў за дзень, месяц, год пачалі размаўляць па-беларуску, удзельнічаць у асьветніцкіх кампаніях, наведваць царкву (касьцёл, малітоўны дом), выпісваць незалежную прэсу.

    Ты, сука!!!, записался в наш молельный дом? Подписался на “христианскую зорьку”? Нет? В костер, на плаху!!!

    7. “Вясна-2006 дала надзею на зьмену становішча. Малітва на шматтысячнай плошчы, “Магутны Божа”, як пачатак кожнага дня для палаткавага гарадка…”

    Так и вижу эту фантастическую сцену. На пачатку каждого рабочего дня миллионы белорусов в определенное высоким новым белорусским руководством время высыпают на площади и улицы белорусских городов и молятся Богу, даже скрытые атеисты и язычники, блин!!! Они возносят хвалу Господу и его Верховному толкователю Северинцу. А то, что мы по Конституции светское государство не беда! Перепишем и будем …клерикальная дерьмократическая Республика!!! И не сомневайтесь, этот новый белорусский режим будет тоталитарным. “Дайсьці да Беларусі – значыць, дайсьці да сэрца кожнага зь 10 мільёнаў беларусаў”. Так что белорусу на огуречно-картофельных грядках не светит спрятаться в зарослях гуркоу и лопухов.

    Страшное дело пещерный национализм без мозгов!

  6. Рэдакцыя кажа:

    Зварот да аўтара папярэдняга каментару пад нікам Манро.
    1) Мы ў рэдакцыі таксама не падзяляем богашукальніцтва Паўла Севярынца, што бачна па нашых каментарах яго тэксту (яшчэ лепш будзе бачна па нашых артыкулах, якія мы адмыслова зьбіраемся напісаць пазьней). Тым больш, што ў яго дастаткова залётаў, абумоўленых збыткавай эмацыйнасьцю… Але мы катэгарычна супраць і перадзёргіваньняў, якія дапускае нік Манро што да асобы Паўла. Сп-р Севярынец несумніўна ў цэлым чысты і патрыятычна настроены чалавек. Проста ў яго не хапае жыцьцёвага досьведу, ён яшчэ шукае свой шлях…
    2) Мы таксама ня згодныя са сьцьвярджэньнем аўтара пад нікам Манро, што “мы стоим на пороге очередного “судьбоносного” националистического прозападного марша в Минске белорусских националистов-прозападников в октябре”. Справа ў тым, што ў будучым маршы ня могуць прымаць удзел “нацыяналісты-празаходнікі”, бо такіх цяпер проста няма. Празаходнікамі цяпер у Беларусі зьяўляюцца толькі тыя, хто жадае (больш ці менш усьвядомлена) служыць заходняй фінанасавай алігархіі на грунце ідэалогіі псеўда-лібералізму. Усе найбольш прыстойныя беларускія зьмястоўныя дэмакраты (у лаянкавай тэрміналогіі левых і правых ворагаў сапраўднай дэмакратыі – “нацыяналісты”) даўно адсунутыя ад магчымасьці праводзіць актыўныя палітычныя акцыі ў Беларусі. Цяпер тут у нас актыўна могуць дзейнічаць толькі ворагі беларускага народу з Усходу і Захаду.
    3) Што да вызначэньня ўзаемаадносінаў паміж сьвядомасьцю і быцьцём раім ніку Манро пачытаць прынцыпы нашай Сьветагляднай дактрыны. Іх пакуль толькі два. Бо яго цьверджаньні ў гэтым асьпекце выглядаюць ня менш недасканалымі, чым у Севярнца.
    4) Просім ніка Марно ў далейшым пісаць свае каентары на нармальнай мове і, ў цэлым, падабраць значна больш добразычлівы тон. Бо нахабная маскальшчына выклікае непрыйманьне як у сябраў рэдакцыі, так, несумніўна, і ў чытачоў…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы