nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ. Фэнамэналёгія Беларусі.

29 ліпеня, 2007 | Няма каментараў

Павал Севярынец (паводле www.sieviarynets.net)

�авал. ��.JPG

 

“Пасьля “Зямлі пад белымі крыламі” Ўладзімера Караткевіча я ня ведаю іншай кнігі пра Беларусь, якая  была б напісаная з такой любоўю, пранікнёнасьцю і верай, як кніга Паўла Севярынца.”

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік

“Гэтая арыгінальная аўтарская энцыкляпэдыя глыбока ўразіла мяне тым, як горача любіць яе стваральнік нашу мілую Бацькаўшчыну і як шмат ужо ведае пра яе. І я быў бы шчасьлівы, каб шчырую малітву Паўла Севярынца за Беларусь пачуў і паўтарыў кожны мой зямляк, асабліва малады.”

Генадзь Бураўкін, паэт

“У сваёй чарговай кнізе аўтар прадстаўляе сваё бачаньне нацыянальнай ідэі, якую ён праводзіць праз розныя праявы беларускай адметнасьці, праз асноўныя складальнікі нашай гісторыі і сучаснасьці, дае ацэнку гістарычным асобам і палітычным дзеячам. Кніга насычана аптымізмам і вераю ў лепшую будучыню нашай краіны.”

Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук, прафэсар

“З кнігі Паўла Севярынца “Нацыянальная ідэя” выразна бачна глыбокае веданьне гісторыі Беларусі, Слова Божага і аналітычнае  спалучэньне гэтых ведаў у думцы-ідэі… Такая кніга вельмі патрэбная беларускаму народу, загнанаму ў стан здраднікаў і адшчапенцаў. Таму – слава Богу і жыве Беларусь!”

Эрнэст Сабіла, пастар Беларускай Эвангельскай Царквы

.

 

Уводзіны. БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ

Гэта трэба адчуць. Чым больш я ўслухоўваюся ў тры мэлядычныя склады яе імя, чым глыбей рассмакоўваю гэтыя сем гукаў, спрабуючы напрыканцы ўлавіць няісны, апошні, самы пранізьлівы, а ён усё прападае з празрыстай літарай; чым даўжэй любуюся гэтым хвалюючым, белым-белым з гарачай чырваньню сьцягам – тым больш веру. У мяне пачынае буйней біцца сэрца й кружыцца галава. Хочацца ціха заплюшчыць вочы й малітоўна, урачыста шаптаць пра сябе: Магутны Божа! Бязьмежная мудрасьць Твая! Невымерная ласка Твая! ДЗЯКУЮ Табе за тое, што я нарадзіўся менавіта ў ГЭТАЙ КРАІНЕ!..

У краіне ахвяраў, войнаў і катастрофаў, сярод народу геніяў і сьвятых. Сярод найвялікшых могільнікаў чалавечай гісторыі. У Сэрцы Эўропы, найважнейшым духовым цэнтры між Захадам і Усходам. Бо я веру, што Беларусь – гэта нешта намнога больш значнае, чым прынята думаць.

Раз-пораз здаецца, што яшчэ сэкунда, і мы вось-вось спасьцігнем, скрышталізуем для сябе гэты момант ісьціны: настолькі празрыстая яго сутнасьць, настолькі ясна пабліскваюць, граюць грані чагосьці ідэальна цэласнага, так працінае – да іскрыстых сьлёзаў, да галюцынацыяў. І я ўвесь час паўтараю сам сабе: Беларусь, у якой мы маем гонар жыць, чакае вялікая будучыня.

– Бо Беларусь – гэта пакутная, самаахвярная, самаадданая краіна, краіна, якой пастаянна балюча й якая, хутчэй за ўсё, ніколі ня стане шчасьлівай.

– Бо Беларусь – гэта краіна Новага Запавету: веры, надзеі, любові. Не ўзбуджэньне гневу, не нацыянальная пыха мусіць быць нашым дэвізам. Беларусы – носьбіты ўнікальнага, хрысьціянскага ў сваім прынцыпе духовага імпэратыву. Як гэта ня цяжка, нам трэба ўспрыняць, што краіна, як і чалавек, не павінна жыць для сябе. Яе задача – даць сябе іншым, і праз гэта сьцьвярджаць сваю  веліч. Прасьвятляць і настаўляць аграмадную Расею, уздымаць Усходнюю Эўропу, надаваць талеранцыі й натхненьня Захаду – на нашым сумленьні. Так павялося спрадвеку, так будзе й далей.

– Урэшце, Беларусь паклiканая лучыць і вучыць увесь кантынэнт, у болях спараджаючы ўсё новыя й новыя хвалі духовага ўплыву. Гэта краіна геніяльнага Міжмоўя, дзе чыста беларускі элемэнт выконвае ролю магічнага крышталю, люстранага пачатку каардынатаў. У яго фокусе сыходзяцца элітарныя культуры й масавыя псыхозы паловы Эўропы. Тэлевізія, інфармацыйныя тэхналёгіі й выбух камунікацыяў III тысячагодзьдзя здольныя даць нам сынтэз Новага Эўрапейскага Абуджэньня – той звышэфэкт, дзеля якога робіцца цяперашняя карпатлівая праца.

Беларускую нацыянальную ідэю як ідэалёгію спрабавалі выразіць і народнікі ХІХ ст., і нашаніўцы пачатку ХХ ст., і адраджэнцы найноўшага часу. Але большасьць спробаў  у сілу акупацыі, нізкае самасьвядомасьці насельніцтва й слабасьці нацыянальнага руху ставіла за мэту давесьці самім беларусам і астатняму сьвету, што мы ёсьць. Што мы народ, ня горшы за іншых. Што гэта наша краіна – а ня ваша ўскраіна. Што мы маем права на ўласную дзяржаву. Зьмест гэткае ідэі ў сьціслым лёзунгу Купалы – “Людзьмі звацца”.

Пытаньні “А што мы за людзі?”, “Навошта мы тут?”, “Адкуль мы?”, “Куды ідзем?” і, урэшце рэшт, “У чым сэнс?” – пытаньні, на якія любая нацыя адказвае найперш, заставаліся на другім пляне. У выніку замест таго, каб сьцьвердзіць нацыянальную мэту, мы ўзводзілі на вяршыню гіерархіі першую ж нацыянальную задачу. Замест стратэгіі загрузалі ў тактыцы.

Мы дагэтуль перабіраем розныя імёны – Крывія, Вялікалітва, Белая Русь… Мы зацыкліваемся на Расеі-Маці, або Расеі-Ворагу. Замест беларускіх духовых імпэратываў мы шукаем пацьверджаньняў беларускае ваяўнічасьці, беларускай уладнай магутнасьці, беларускаму багацьцю й матар’яльнай велічы, – і, у канчатковым выніку, сваёй падобнасьці да іншых нацыяў. Між тым, нацыянальная ідэя – гэта адметнасьць.

Комплекс нацыянальнае непаўнавартасьці, вось як гэта называецца.

Адсюль і сучасныя ідэалы: “нармалёвая эўрапейская дзяржава”, “маленькая, але ўтульная (мірная, мілая, – патрэбнае падкрэсьліць) рэспубліка”, “Краіна ня горш за Чэхію” і да т.п. Сярэдненькія такія арыентыры. А калі арыентыр сярэдненькі – гэта ўжо не ідэал.

Адсюль і відавочная слабасьць большасьці існых ідэяў. Адсюль – кволасьць і бясплоднасьць сёньнішняга нацыянальнага руху. Усе сучасныя замяняльнікі нацыянальнай ідэі – і дзяржаўная ідэалёгія, і побытавы гонар “хвалі сваё”, і нават прасунуты апазыцыйны “нацыяналізм” ёсьць усяго толькі бледным водбліскам сапраўднай нацыянальнай ідэі. Той адзінай  гістарычна і сьветапоглядна апраўданай ідэі, у якой звышмэтай зьяўляецца Сам Ісус Хрыстос.

Невялічкая, сьціплая Беларусь баіцца прызнацца самой сабе, што мае Вялікую Нацыянальную Ідэю. Што нічога “нармалёвага” няма ў тых страшных пакутах і ахвярах, якія выпалі на яе долю. Што нічога выпадковага не было ані ў Чарнобылі, ані ў Белавескай Пушчы, ані ў Лукашэнку. Што Міцкевіч, Дастаеўскі, Рабін – гэта таксама Беларусь. Што Полацкае княства, фэномэн ВКЛ і ўваскрашэньне беларускай незалежнасьці – гэта сапраўдныя цуды Божыя. Што стратэгічнае скрыжаваньне між Захадам і Ўсходам, Балтыкай і Чарнамор’ем – гэта нацыянальны крыж. Што краіна найвялікшае цярплівасьці й найвышэйшае любові ў самым сэрцы Эўропы – гэта пакліканьне. І гэта навечна.

Такі эфэкт заўжды спрацоўваў і ў самым паказальным моманьце беларускае гістарыяграфіі – расейскім.

Мы ўвесь час ацэньвалі дачыненьні з Масквой то ў праекцыі адвечнае вайны, то ў плоскасьці штучнае роднасьці, не спрабуючы сыстэмна й глыбока адказаць на пытаньне: якую ролю адыгрывае Беларусь у Расеі? Але нават кароткі агляд і супастаўленьне фактаў расхінае перад намі велізарнае сілы й дынамізму місію.

Расея – найбольш важнае пытаньне беларускае геапалітыкі. Вырашальнае.

Стагодзьдзі войнаў і акупацыяў прызвычаілі нас глядзець на яе па-рабску, спадылба, сьціскаць кулакі й бясьсіла аглядацца вакол: скрозь расейшчына, хамства, мат і падсьвядомая ўлада імпэрыі. Але невыпадкова Госпад Бог даў нам супэрсуседа – самую вялікую краіну ў сьвеце. Нашае заплечча – Эўропа? Тады трэба адважыцца стаць адкрытым тварам да Крамля. Калі добра падумаць і перабраць гісторыю, Беларусь – адзіная, хто можа кінуць Расеі выклік.

Беларусь – найлепшы кірунак удару. Сходу – і пад дых. Ува ўмовах інфармацыйнае цывілізацыі мы маем доступ да ўсіх сакрэтаў расейскае прасторы: выдатна ведаем іх мову, культуру, глядзім іх тэлевізію й слухаем іхнія сьпевы. Мы вялі змаганьне 600 гадоў, а гэта гіганцкі досьвед. Мы маем мільённую дыяспару – у Маскве, на Смаленшчыне, у Піцеры, Карэліі й Сібіры… І галоўнае, Беларусы ў Расеі – браты. Эвангельскі падтэкст яўны: нас чакаюць са Сьвятым Пісьмом, малітвай і пропаведзьдзю. Збавіць Расею! – лёзунг, варты моцнае беларускае стратэгіі. Бо менавіта ідэя адкрытае Хрысту, пакаяннай, духовай Расеі, якая добраахвотна адмаўляецца ад прыгнёту – фантастычнае відовішча! – натхняла дзесяткі пакаленьняў беларусаў ад Рэфармацыі і дасёньня. Пераўтварэньне РПЦ, падрыхтоўка місіянераў, беларускія хрысьціянскія праекты і пастаянная малітва за няшчасных людзей, што там прападаюць – так выглядае  сёньня справа, на якую Беларусь ахвяравалася стагодзьдзямі.

Я веру ў тое, што масавая эвангелізацыя й Слова Божае могуць перамагчы самую змрочную й барбарскую імпэрскую дэспатыю. Я ведаю, што гэта мацней за генштаб, ФСБ, ядзерную зброю і ўсю тамтэйшую д’ябальшчыну. І я бачу, што менавіта мы можам быць зброяй Божай у апошнім паходзе на Маскву.

Менавіта ў гэтай кропцы Расейская й Савецкая імпэрыі фатальным чынам атрымалі сьмяротныя прабоіны. Сто гадоў таму тут упершыню сабралася партыя расейскіх рэвалюцыянераў, якая потым з уражвальнай хуткасьцю стварыла на 1/6 сушы найвялікшую за ўсе часы чалавецтва таталітарную сыстэму. У лютым 1917-га адсюль, са стаўкі ў Магілеве, тэрмінова выехаў у Петраград цар Мікалай ІІ, і дарогаю ў чыгуначным вагоне выракся прастолу. Назаўтра Расея выбухнула ў трэскі. Потым быў правальны Берасьцейскі мір. Потым пакт Молатава-Рыбэнтропа. Нарэшце, у канцы 1991 г. рухнуў СССР, і здарылася гэта ў Белавескай пушчы. Заўважце, парэшткі Саюзу незалежныя дзяржавы цырымонна пахавалі ў тым жа Менску. Але на гэтым гісторыя ня скончылася: тут жа з магілы на поўны рост падняўся прывід Імпэрыі зла. Усё з такой убойнай пасьлядоўнасьцю клінам сыходзіцца на Беларусі, што міжволі, як дрыжыкі, прабірае падазрэньне: праўда. Чаму так баяліся Беларусі і крыжакі, і Залатая Арда, і Трэці Рэйх, і Расея? Таму што хрысьціянская  нацыянальная ідэя ў прынцыпе (і беларуская ідэя ў прыватнасьці) – галоўная небясьпека для імпэрыяў. Сэнсам нацыі ёсьць адасабленьне дзеля кшталтаваньня чалавека і шанаваньня Бога, а сэнсам імпэрыі – зьмяшаньне і зьнішчэньне нацыяў дзеля падпарадкаваньня асобы і замяшчэньня Бога ідалам. Менавіта праз нацыю Ізраіля прыйшоў у сьвет і Закон, і Збаўца Ісус Хрыстос, і менавіта імпэрыі былі вечным ворагам народу Божага. Больш таго – вынікам усталяваньня ўлады Антыхрыста, паводле Бібліі, будзе не што іншае як сусьветная імпэрыя.

Дзякуй Богу, усе імпэрыі рана ці позна развальваюцца.

У свой час паў і Рым, грандыёзная праэўрапейская мэтраполія. Не засталося й сьледу ад граніцаў, крэпасьцяў, жалезных легіёнаў. Але з разбурэньнем фізычнага цела імпэрыі хрысьціянства вызваліла аграмадную духовую энэргію. І вось ужо самі пераможцы, гаспадары Сярэднявечча, пераймаюць інфраструктуру рымскай цывілізацыі. Антычная культура й каталіцызм, лаціна й рымскае права, сыстэмнасьць і камунікацыі ахапляюць палову зямнога шара. Цэзару й ня мроіліся такія заваёвы. Пакуль мы яшчэ ня здольныя ў поўнай меры асэнсаваць спадчыну Савецкага Саюзу, але ўжо зараз ясна: наколькі бездухоўным і платаядным быў сам СССР, настолькі ўбогім будзе ягоны ўнёсак у чалавечую гісторыю. А вось Ірляндыя ніколі нікога не акупавала, не спусташала й не абвяшчала тысячагадовых рэйхаў. Маленькая зялёненькая выспа ў Атлянтыцы, зь якой жыхары ратаваліся куды далей. Сёньня Стары й Новы сьвет моляцца на яе. Скрозь ірляндзкія тэмы ў кіно, ірляндзкі стыль у кнігах, ірляндзкі рок у навушніках. Найвялікшы раман усіх часоў і народаў родам з Дубліну. Вось так, уявіце сабе: не з Парыжу, Лёндану ці Нью-Ёрку – з Дубліну. Шэсьць нобэлеўскіх літаратараў. Знакамітае О з апострафам у прозьвішчах, быццам бы з коскай перад нулямі гіганцкае лічбы, знакуе сусьветнае захапленьне: О!.. Ірляндыя сталася краінай духу. А гэта навечна.

Зьместам духовай краіны ёсьць ня культ мяжы, не ксэнафобія, не фізыялягічнае паглынаньне народаў ды тэрыторыяў – а наадварот, бязьмежнасьць у суіснаваньні, у імкненьні зрабіць сьвет больш дасканалым. Гэта не элемэнтарная функцыя захопленых квадратных кілямэтраў, а інтэграл куды вышэйшага парадку.

Яшчэ адна краіна духу ў нас пад нагамі. І мы, няўдзячныя, топчам яе штодня, дасадліва азіраючы далягляды ў пошуках свае ўласнае Ідэі.

* * *

Беларуская нацыянальная ідэя – сфэра выключнае духовасьці. І Беларусі, пагарджанай, уцісканай, гнанай за праўду, ня трэба апраўдвацца, камусьці штосьці даводзіць і шукаць пасьведчаньне асобы. Варта проста ўчытацца ў Нагорную пропаведзь Ісуса Хрыста:

“Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябёснае.

Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.

Дабрашчасныя пакорлівыя, бо яны ўспадкуюць зямлю.

Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.

Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.

Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.

Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябёснае.

Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне.

Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.

Вы – соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям.

Вы – сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары.

І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме.

ТАК НЯХАЙ СЬВЕЦІЦЬ СЬВЯТЛО ВАША ПЕРАД ЛЮДЗЬМІ, КАБ ЯНЫ БАЧЫЛІ ВАШЫЯ ДОБРЫЯ ЎЧЫНКІ І ЎСЛАЎЛЯЛІ АЙЦА ВАШАГА, ЯКІ ЁСЬЦЬ У НЯБЁСАХ.” (Мацьвея 5:3-16).

…І зразумець, што гэта Слова для нас, беларусаў.

Па ўсім былым Саюзе да беларускага й Беларусі пачуцьццё асаблівае, дзіўнае і шчымлівае. Знакаміты працаўнічок трактар, родныя “Песьняры”, вайна па-быкаўску – гэта сьвятое, вам скажа кожны савецкі чалавек. Вельмі характэрна ў расейцаў: ім так няёмка, што часам яны стараюцца заглушыць сваю віну перад беларусамі грубым, армейскага кшталту, пакрыкваньнем. Але нават горкая маскоўская інтэлігенцыя раз-пораз, пасьля трэцяе-чацьвертае чаркі, уроніць сьлязу за Беларусь, самую чыстую, самую славянскую краіну крыніцаў з самай празрыстай у сьвеце мовай.

Гэта вельмі нагадвае мне адзін жыцьцёвы вобраз. Мой сябра, ціхенькі аднакурсьнік, са сьціжмай такіх жа бяскрыўдных, як першыя хрысьціяне, братоў, прапаведваў Біблію ў мэтро й пераходах. Зь яго бязьлітасна кпілі, грэбавалі амаль усе – і трэба было бачыць прыніжэньне гэтых людзей, калі ён шчыра й пакорліва дапамагаў ім у бядзе! Ува ўсіх справах, якія патрабавалі справядлівасьці й сумленьня, аўтарытэтам заўсёды аказваўся ён, самы траваядны, пастаянна крыўджаны.

Штосьці найвышняе ёсьць у гэтай пяшчотнай беларускай цярплівасьці, у гэтай вечна вінаватай усьмешцы. Пасьля ўсіх зьдзекаў, катастрофаў і кашмарнага генацыду гэта ўражвае, аж да дрыжыкаў. Гэта ня проста забітасьць, і не забытасьць. Гэта нашмат глыбей. Беларус, братка. Братні народ. Не такія ўжо пустыя словы, як здаецца – ці ня праўда?

“На Беларусі Бог жыве” – казаў Караткевіч, вялікі прарок. Ягоныя вершы й проза гучаць так узвышана й на першы погляд наіўна, але ў караткевіцкай простай мудрасьці прадоньне сэнсу. І нават болей: у ім вера. Бель Белай Русі змушае ўспомніць анёлавы крылы.

Гэта праўда: усе канфэсіі, якія прыходзілі ў Беларусь, раптоўна гублялі свой агрэсіўны зарад, і запавольваліся, і нямелі перад гэтай сапраўднай незямной сілай. Для фармальнае рэлігіі ўраз губляліся ўсе арыентыры, і непарушныя догмы дымам распушчаліся ў паветры. Гэта тут юдэі мірна суседзілі з мусульманамі, тут сьсякла магутная плынь кальвінізму, тут загрузла падбрушша праваслаўя, і энэргічныя айцы-езуіты няўцямна блукалі ля тлеючых паганскіх вогнішчаў, спрабуючы ўразумець, у чым жа рэч.

Самая вялікая цяжкасьць для ўсіх дасьледнікаў беларушчыны заўжды была ў тым, што беларуская нацыянальная ідэя – фэномэн у значна большай ступені духовы, чым этнічны або тэрытарыяльны. Няўлоўны. Бясплотны. Камусьці здаецца, прывідны. Можна зразумець іх адчай: з усіх матар’яльных каштоўнасьцяў за 1000-гадовую гісторыю Беларусі ацалеў хіба 1%. Астатняя прапала, вывезена, зьнішчана. Але духовасьць, Слова, самая сутнасьць Беларусі захоўваецца! Ідэя, ідэал, які разьмяшчаецца не ў музэі, ня ў сэйфе, а ў сэрцы – вось ён!

Беларусь застаецца краінай велізарнага патэнцыялу. Куды больш краінай магчымасьці, чым краінай рэальнасьці. Таму кожны беларус – гэта ўвасабленьне стоенай сілы. Спакойнай, моцнай, унутранай, засяроджанай магутнасьці. Яна выяўляецца толькі тады, калі беларуса дастаюць да глыбіні душы, і вызваляецца як тэрмаядзерная энэргія пры расшчапленьні атама ў рэактары.

Вызначальнай рысай беларускай гісторыі й сутнасьцю ўсёй беларускасьці было й ёсьць імкненьне да найвышняга, Божага, хрысьціянскага – а гэта родавая прыкмета эўрапейскасьці. Беларусь (“белая” – чыстая, вольная, сьветлая) зьявілася на гістарычнай арэне з прыняцьцем хрысьціянства ў Х стагодзьдзі. Полацк, Смаленск, Тураў ХІІ ст., выхапленыя зь цемры вераю, далі Ўсходняй Эўропе вялікіх эвангельскіх падзьвіжнікаў: Эўфрасіньню, Клімэнта й Кірыла. Галоўным чыньнікам цэласнасьці дзяржаўнасьці ў нас заўжды быў лад паміж канфэсіямі, сам “выбар веры” меў геапалітычнае значэньне, а законы нашага “Залатога веку” – ХVІ стагодзьдзя – сталіся непасрэдным наступствам духовага ўздыму: масавага друку Сьвятога Пісьма, эвангелізацыі й прабуджэньня народу, які шукаў Бога ў плынях праваслаўя, каталіцтва й Рэфармацыі. І ў стагодзьдзях акупацыяў, і ў гадох Адраджэньня вядучую ролю адыгрывалі ня зброя й ня грошы, а Слова і Дух. Беларусы перамагалі выключна па-хрысьціянску – увесь час аддаючы й ахвяруючы, шляхам пакутаў і любові. Беларусь памірала й уваскрасала пад бел-чырвона-белым сьцягам Хрыста.

Ці багата народаў, што маюць столькі ж духовых герояў? Народаў, у якіх перакладнік і першадрукар Бібліі – бясспрэчны лідэр гісторыі? На тле францускіх рэвалюцыянэраў і італьянскіх мастакоў, ангельскіх манархаў і нямецкіх філёзафаў, расейскіх вайскаводцаў і ўкраінскіх казакаў нашыя Эўфрасіньня й Скарына, Радзівіл Чорны й Гусоўскі, Скарга й Сматрыцкі, Купала й Багушэвіч – правадыры асобнага кшталту, народжаныя для ўлады Слова – пропаведзі й малітвы.

Стоеная й падаўленая мэнтальнасьць беларусаў, калі прыглядзецца, адлюстроўвае ўсё, калісьці дадзенае нацыі Богам, а потым вычваранае рабствам, грэхам і ўласнай слабасьцю: талерантнасьць, якая сталася падбітасьцю, пакора Найвышняму, што вырадзілася ў халуйства перад акупантамі, гасьціннасьць, абернутая ў прыслужлівасьць, і імкненьне да духовага, ператворанае ў павальную паэзію. Але ў генах кожнага пакаленьня штораз ажывае адпачатны, Богам закладзены, ідэал – і менавіта яго лёгкім удыхам абуджае вера.

Магутны Божа даў нам нарадзіцца на гэтай зямлі нездарма. Кожны з нас, хто адчувае сябе беларусам, калісьці задумваецца пра сваё ўласнае прызначэньне, асабістую місію, наканаваную Богам, менавіта ў Беларусі. Ня можа быць сапраўднага хрысьціяніна безь любові да свае Бацькаўшчыны, – тым болей, ня мысьліцца сапраўдны беларус бязь веры, надзеі й любові Божае.

Пранізьлівая лучнасьць Бога й Беларусі – у сьвятых сымбалях Адраджэньня, у саміх генах нашай нацыі. Наш бел-чырвона-белы сьцяг – сьцяг Хрыста, палотнішча з крывёю ўкрыжаванага Ісуса. Наш гімн – “Магутны Божа”. Беларуская цярплівасьць, ласкавасьць, талерантнасьць – найлепшыя, найхарактэрнейшыя нашыя якасьці.

Грандыёзная, хаця й павярхоўна дасьледаваная, гісторыя беларускага духу – час нашага Старога Запавету, росквіт ВКЛ, у магутных рэлігійных дыспутах і глябальных царкоўных рэформах. А шлях нацыі апошніх некалькіх соцень гадоў – жывы вобраз Новага Запавету, са страшнымі пакутамі й людзкім неразуменьнем, з крывёю й хлебам, з разьдзяленьнем беларускага генію паміж суседзямі, каб хапіла на ўсіх, з усёдаравальнай любоўю і цудоўным уваскрасеньнем дзяржаўнасьці.

Уся заходняя цывілізацыя апошніх дзьвюх тысячаў гадоў – гэта панарама разьвіцьця, пераламленьня і ўдасканаленьня асноватворнага хрысьціянскага сэнсу ў розных нацыянальных, палітычных, эканамічных і сацыяльных формах. Мы зьдзіўляемся, адкуль усё так чыста й хораша ў Амэрыцы й Брытаніі, у Швэцыі й Чэхіі, у Эстоніі ды Польшчы. Агульная культура Захаду – грамадзкая, сэрвісная, нават побытавая – гэта прамы вынік цярплівага засваеньня прынцыпу “палюбі бліжняга свайго як самога сябе”, непасрэдны вынік веры ў Бога і культываваньня гэтае веры ў самім грамадзтве. Нашыя спробы пабудаваць “па-заходняму” дэмакратыю, рынак, адкрытае грамадзтва й нацыянальную дзяржаву бяз Бога, без сыстэмы каардынатаў сьветабудовы, асуджаныя на крах. Рэформы ў Расеі, ва Ўкраіне й мностве постсавецкіх краінаў будаваліся на духовым пяску – таму іх правал абсалютна заканамерны. Рэформы ў Прыбалтыцы й Польшчы абапіраліся і ў нацыі, і ў кожным чалавеку на глыбінны духовы, сутнасна хрысьціянскі падмурак – і адсюль іхны посьпех.

У Беларусі бяз Бога няма пэрспэктывы.

Так будзе дарэчы разьвязаць і вострае канфэсійнае пытанне. У сёньняшняй Беларусі ня мае сэнсу вылучаць якуюсьці “адзіна правільную” хрысьціянскую канфэсію: шчырых вернікаў багата ў розных цэрквах. Нацыянальнай ідэі на гэтым этапе хутчэй адпавядае поліканфэсійнасьць як прынцып. Гістарычныя спробы падпарадкаваць беларусаў адной манапольнай царкоўнай традыцыі ня мелі посьпеху – больш за тое, самае актыўнае духовае жыцьцё увесь час выяўлялася ў  месцах сустрэчы, узаемапранікненьня, дыялёгу, калі заўгодна, канкурэнцыі каталіцтва, праваслаўя, пратэстанцтва й уніі, а ў апошні час – эвангелізму. Можа быць, менавіта поліканфэсійнасьць – вырашальны унікум Беларусі. Розныя формы й характары адзінае ўсеабдымнае, унівэрсальнае ідэі – гэта якраз той выбар між добрым і яшчэ лепшым, неабходны й сучаснаму чалавеку, і цяперашняму грамадзтву. Хрысьціянства не падзеленае, наадварот: хрысьціянаў усяго сьвету лучыць любоў між сабою. А любоў між сабою – гэта аб’яднаньне нацыі. Толькі агульнай, адзінай хрысьціянскай ісьціне ў суіснаваньні ды ўзаемадапаўненьні розных канфэсіяў, толькі любові адно да аднаго пад сілу аб’яднаць беларусаў у нацыю, вартую моцнай і незалежнай дзяржавы.

Нацыянальная ідэя, якая ня дзеліць грамадзтва на ўсходнікаў і заходнікаў, на сьвядомых і несьвядомых, на лукашыстаў і апазыцыю; ідэя, якая бачыць у кожным з нас чалавека, здольная аб’яднаць усе 10 мільёнаў беларусаў – гэта ідэя, якую найпрасьцей выразіць словамі “БЕЛАРУСКАЯ ФОРМА – ХРЫСЬЦІЯНСКІ ЗЬМЕСТ”.

Ці, іншымі словамі: найлепшая беларуская мова, культура, традыцыя, дзяржава, беларускія тэмы й вобразы, беларуская прастора й беларускі час – для найвышэйшага, Божага сэнсу, які іх напаўняе. Уся дзейнасьць нацыянальнага руху мусіць мець імпэратывам гэтую простую формулу: беларуская форма – хрысьціянскі зьмест.

Таму асноўныя задачы нацыянальнай ідэі – хрысьціянізацыя беларусаў і беларусізацыя хрысьціянаў.

Хрысьціянства – і як сыстэма каштоўнасьцяў, і як аснова здаровага нацыянальнага сьветапогляду, і ўвогуле як вобраз найэфэктыўнейшага жыцьця – павінная стаць альтэрнатывай бездуховаму саўковаму рэжыму й грамадзкаму упадку. Так было ва ўсім сьвеце. Так будзе й у Беларусі. Шчасьлівыя сем’і, здаровыя дзеці, непітушчыя працаўнікі, якія ня крадуць і ня хлусяць, адказныя й прыстойныя людзі – гэта веруючыя. І найпершая патрэба сёньняшняга часу – надаць такім беларускім хрысьціянам нацыянальны характар, а ўсяму патрыятычнаму руху, у сваю чаргу, хрысьціянскую сутнасьць. Нацыянальная ідэя, якая сёньня можа падняць усё грамадзтва, вызваліць грандыёзныя сілы дзесяцімільённага народу, заключаецца ў духовым абуджэньні адначасова зь беларусізацыяй. Найлепшая, самая сучасная палітыка, эканоміка, культура будзе вынікаць толькі з душы, з усьвядомленага хрысьціянскага сэнсу існаваньня – і тады нас чакае вялікая будучыня, закладзеная Творцам у нашую краіну.

З пачаткам ІІІ тысячагодзьдзя ад нараджэньня Хрыста беларусам сапраўды патрэбна пачынаць усё сьпярша. Такім чынам, спачатку было Слова… і Слова было ў Бога, і Слова было Бог (Яна, 1:1-4). Новыя словы нацыянальнай ідэі, якія робяцца ключавымі ў новым тысячагодзьдзі – “вера”, “воля”, “любоў”, “дух”. Яны насамрэч значаць куды болей, чым “прагматызм”, “імідж”, “эканоміка”, альбо “грошы”. Мы мусім вывучыць пачатковыя, падставовыя паняцьці дэмакратыі, грамадзянскае супольнасьці й усяе заходняе цывілізацыі, збудаваныя выключна на хрысьціянстве. Нам варта абмяркоўваць ня тое, што там заявілі Лукашэнка ці Пуцін, а нарэшце абдумаць словы Ісуса Хрыста ці сьвятога Аўгустына. Новыя палітычныя тэхналёгіі – пакаяньне й малітва, масавыя служэньні й нацыянальная эвангелізацыя.

Сапраўды Новае Слова для Беларусі, якое мяняе абсалютна ўсё й адразу, Новае Слова, якога большасьць нацыі пакуль ня чуе – Новы Запавет Бібліі. Толькі Слова Божае здольнае стаць асноўным законам пераўтварэньняў, унівэрсальным падручнікам і найлепшай агітацыйнай літаратурай. Гэта сьцьвярджалі лідэры самай магутнай дзяржавы ў  гісторыі чалавецтва: “Немагчыма правільна кіраваць сьветам бяз Бога й Бібліі.” (Джордж Вашынгтон),  “Толькі тыя нацыі дабраславенныя, што маюць Бога па-над сабой.” (Абрагам Лінкальн), “Бяз Бога няма годнасьці, таму, што бяз Бога няма сьвядомасьці. Бяз Бога ня можа існаваць дэмакратыі. Калі мы забудзем, што мы – адна нацыя пад Богам, то тады нацыі ня стане.” (Рональд Рэйган). Мы павінны ўзгадаць гэтую найважнейшую гістарычную заканамернасьць, ужо неаднойчы праяўленую у Х, ХІІ, XVI, ХХ стагодзьдзях: палітычны, эканамічны й культуровы росквіт генэруецца духовымі пераўтварэньнямі. Полацкае княства з Сафіяй і Эўфрасіньняй, Рэфармацыя са Скарынам, масавым друкам Сьвятога Пісьма й біблійнымі перакладамі для суседніх народаў… Ды што там далёка хадзіць: курапацкі крыж і аднаўленьне храмаў напрыканцы 1990-х, сьцяг Хрыста і заклік “шукаць не кілбасы, а Бога” абуджалі Беларусь на нашае памяці. У Польшчы й Прыбалтыцы, у Чэхіі й Украіне нацыі пачыналі свой дзень з малітваў і гімнаў – і гэтага духу ўжо не маглі зламіць ані камуністычная ідэалёгія, ані паліцыя, ані войскі.

Проста там, дзе вераць у Госпада Бога, прэзідэнты служаць нацыі. Там, дзе вераць у куміраў – увесь народ мусіць стаяць на каленях перад прэзідэнтам. У гэтым розьніца паміж заходняй, сутнасна хрысьціянскай цывілізацыяй і бязбожнай дэспатыяй, кшталту савецкай імпэрыі ці сёньняшняй дыктатуры.

Чым ёсьць зараз Беларусь для сьвету? Чорная дзірка паміж Польшчай і Расеяй, якая даводзіць, што яна не Вайс Русланд, а Belarus’.

А калі сказаць, што гэта радзіма Хведара Дастаеўскага й Марка Шагала, Чэслава Мілаша й Кірка Дугласа, Уэйна Грэцкі ды Соф’і Кавалеўскай, Голды Мэір і Шымона Пераса, Валяньціны Церашковай і Вольгі Корбут?..

А калі растлумачыць, што гэта гістарычны пляцдарм для аднаўленьня Ізраілю? Месца нараджэньня расейскай кампартыі й магіла імпэрыі СССР? Краіна найлепшага ў сьвеце закону XVI стагодзьдзя, другой паводле сьпеўнасьці й мяккасьці мовы ў Эўропе, чацьвёртай у сьвеце друкаванай Бібліі на жывой мове народа, і самай пасьпяховай хрысьціянскай вуніі за 1000 гадоў расколу?..

У часы самых жорсткіх крызісаў заходняй цывілізацыі менавіта хрысьціянская Беларусь рабілася душою кантынэнту. На мяжы І і ІІ тысячагодзьдзяў, як адказ на царкоўны раскол, стварэньне Сьвяшчэннай Рымскай Імпэрыі й крыжовыя паходы адбываецца хрост Усходняй Эўропы й мірнае навяртаньне Полацка. У ХІІ ст., адначасова з заснаваньнем інквізыцыі, стратай Ерусаліму ды Палестыны, фармаваньнем вайсковых ордэнаў тампліераў, гасьпітальераў і тэўтонцаў на Захадзе, усходнюю палову Эўропы азарае беларускае абуджэньне Полацка, Турава й Смаленска. У ХІІІ ст. менавіта тут спыняецца мангольскі наступ Азіі. У XVI cт., калі духовы правал Захаду спарадзіў крывавыя рэлігійныя войны й варфаламееўскія ночы – дзе, як не ў Беларусі, узыходзіла сонца Залатога веку хрысьціянства! Нават пасьля таго, як страшнае ХХ стагодзьдзе зь яго камунізмам, фашызмам і дзьвюма сусьветнымі войнамі разьдзірала, ірвала на шматкі эўрапейскае сэрца – менавіта яно дала заснавальнікаў дзяржавы Ізраіль, Васіля Быкава і Белавескую Пушчу.

0,15% тэрыторыі й 0,17% насельніцтва – вось што такое Беларусь на глёбусе. Кропачка. Але ж колькі падзеяў, ідэяў, надзеяў і людзей сусьветнага маштабу сышлося ў гэтае кропачцы! Тут выключна важны пункт зямное гісторыі. Фокус. Болевы пункт. Бо гэта Сэрца Эўропы.

Стратэгі, якія вылічваюць геапалітычны эпіцэнтар Эўропы, адчуваюць, што недзе тут і пульсуе сапраўднае сэрца. Дрогкае спляценьне артэрыяў і венаў, рэкаў і крыніцаў, сумежжа моваў і канфэсіяў – крыніца жыцьця ў нэтрах пушчаў і гарадоў, паміж лёгкімі Эўропы. Сэрца адчайнае й поўнае крыві, зношанае ўсімі войнамі, страхам і грэхам эўрапейскіх стагодзьдзяў. Сэрца, у якім абвостраны ўвесь боль катастрофаў – ад Нямігі да Хатыні, ад Курапатаў да Чарнобылю.

* * *

Беларуская нацыянальная ідэя ёсьць. Яна існуе адпачатку. Яе ня трэба выдумваць. Яе трэба адчуць, і сфармуляваць у словах.

Крыляньне бел-чырвона-белага сьцягу ў нябёсах; зык прыдарожнае сьцяблінкі; роў стадыёну, калі нашыя перамагаюць; грамавое “Жыве!” на мітынгу; шэпт каханай на вушка; гарачае прыдыханьне малітвы – так гучыць беларуская нацыянальная ідэя.

Нацыянальная ідэя ў насычанай крывёю й прахам продкаў, цёплай і плоднай беларускай зямлі, у празрыстай, чысьцюткай, пякучай беларускай вадзе, у малочна-цёплым маміным пацалунку. У гісторыі, поўнай нечалавечых пакутаў і Божых цудаў. У сучаснасьці равучых машынаў, мікраскапічных тэхналёгіяў і сусьветных спартовых рэкордаў. У асобах геніяў. У самім паветры, напоеным малітоўным шэптам і містыкай Духа.

Гэтая кніга не высноўвае з паветра абстрактную тэорыю, а толькі фіксуе ўсё тое, што мы ведаем і адчуваем. “Нацыянальная ідэя” – гэта не навуковая дысэртацыя, не філязофія й не бэлетрыстыка. Гэта канстатацыя факту.

Ідэя гэтай “Ідэі” ў тым, каб праз сымбалічныя, знакавыя зьявы прачытаць сутнасьць нацыянальнага пакліканьня. Знайсьці заканамернасьці ды растлумачыць іх. Расшыфраваць краіну-карціну, якая ўвесь час у нас перад вачыма. Задача гэтай “Ідэі” – не асьвяціць і праславіць краіну й яе народ у сёньняшнім стане (гэта, скажам шчыра, сумнеўны ўзор для праслаўленьня і апяваньня) – а выявіць Божы ідэал беларускай нацыі, ідэал самой Беларусі, дадзены звыш. Агеньчык Царства Нябёснага – наша сьвятло ў канцы тунэлю.

Калі я малюся, калі перажываю прысутнасьць Божую, калі дзіўлюся велічы й невымоўнаму хараству Ягонага тварэньня – я ясна бачу Беларусь-ідэю, краіну вялікую й цудоўную, якую мы забыліся й захламілі грэхам, абыякавасьцю ды бязьвер’ем. Тую будучыню, тое абяцаньне Божае, тую ідэальную Айчыну, дзеля якой, я веру, мы з вамі й нарадзіліся.

Гэтая кніга – вынік пошуку Бога ў Беларусі. У беларускіх вобразах, зьявах, рэчах. Пошуку таго, што Бог уклаў у душу гэтае краіны. Яго сьлядоў, Яго дыханьня, Яго прысутнасьці.

Толькі пачынаеш прыглядацца – і так уладна, так магнітна выяўляецца Божае наканаваньне, Хрыстовы сэнс, духовая місія Беларусі, што застаецца адно невымернае зьдзіўленьне й захапленьне адкрыцьця.

Толькі тады пачынаеш любіць Беларусь усёй душою, усім сэрцам, усім разуменьнем тваім. Любіць сапраўднай любоўю – той, што ведае і гонар, і сорам. Той, якая здольная каяцца і дараваць, прызнаваць грэх і пераадольваць страх. Той, якой баліць недасканаласьць. Нажаль, Беларусь сёньня – краіна, загрузлая ў апатыі, бязьвер’і, забыцьці. “Люблю Беларусь!” – вось элемэнтарная формула нацыянальнай ідэі.

Мы любім Беларусь такую, якая яна ёсьць – але любім настолькі моцна, што ня можам пакінуць такой, якая яна ёсьць.

Цяпер, праз тысячу гадоў існаваньня, у самым пачатку ІІІ тысячагодзьдзя ад нараджэньня Хрыста, у дрогкім, няпэўным стане паўсьвядомасьці ды пэрманэнтнай незалежнасьці, у адкрытым акіяне глябалізацыі Беларусь апынаецца перад выбарам – быць можа, самым важным за ўсю сваю гісторыю. Пытаньне стаіць ужо ня проста пра лёс дзяржавы, мовы – пытаньне глыбей. Калі Беларусь адмовіцца ад Бога – яна зьнікне. Калі пакаецца й прыме Ісуса Хрыста зноў – будзе жыць.

Беларусы фармулявалі хрысьціянскі погляд на нацыянальную ідэю ўсё апошняе стагодзьдзе: у пачатку ХХ ст. – Адам Станкевіч і Вінцэнт Гадлеўскі, напрыканцы – Уладзімер Конан, Мікалай Крукоўскі, Зянон Пазьняк.

“Хрысьціянства вытварала ў народзе супольную веру, погляды, традыцыю, культуру, народную душу. Нацыянальнай ідэяй была ідэя рэлігійная” (Адам Станкевіч).

“Кожны этнас, які выявіў свае творчыя магчымасьці й сфармаваўся ў нацыю, увасабляе сабой пэўную ідэю, альбо, кажучы моваю тэалёгіі, пэўную задуму Тварца, рэалізаваную ў гістарычных дзеях і самабытнай культуры” (Уладзімер Конан).

“Хрысьціяне, якіх у Позьнім Рыме было ўсяго некалькі дзесяткаў, выстаялі й перамянілі сьвет ня сілаю зброі, а сілаю духа. Між іншым, Позьні Рым быў вельмі падобны да сёньняшняй Беларусі… Выратаваць Беларусь можа толькі рэлігійная вера” (Мікалай Крукоўскі).

“Беларусь павінна вярнуцца да Хрысьціянства. Беларусь у ХХІ стагодзьдзі мусіць адрадзіцца як Хрысьціянская краіна. Беларуская ідэя, абапертая на традыцыі беларускага Хрысьціянства – гэта шлях для нас найбольш унівэрсальны й правільны” (Зянон Пазьняк).

Варта згадаць і іншых сучасных прадстаўнікоў “хрысьціянскай плыні”: Любоў Уладыкоўскую-Канаплянік, Анатоля Астапенку, Адама Мальдзіса, Васіля Сёмуху, Юрыя Хадыку, Янку Трацяка, Уладзімера Мароза. Але кожны з гэтых аўтараў распрацоўваў нацыянальную дактрыну альбо з культуралягічнага, альбо з паліталягічнага, альбо з канфэсійнага гледзішча. Сабраць увадно панарамную карціну нацыянальнай ідэі на хрысьціянскіх прынцыпах праз аналіз фэномэнаў беларускасьці – вось якой бачыў сваю задачу аўтар гэтай кнігі.

Нацыянальная ідэя фармулюецца тут ня проста ў традыцыйным выглядзе дактрыны. Асноўную частку гэтай кнігі займае энцыкляпэдыя 200 найбольш характэрных і найбольш вядомых беларускіх зьяваў – такіх, як бел-чырвона-белы сьцяг і крыж Эўфрасіньні Полацкай, БелАЗ і трактар “Беларус”, ахвярнасьць і талерантнасьць, Статут ВКЛ і партызанка, знакамітыя асобы й галоўныя беларускія гарады. “Нацыянальная ідэя” – кніга з’яваў. Такім чынам, гэта фэнамэналёгія нацыянальнае ідэі.

Па-першае, такая энцыкляпэдыя – найлепшы спосаб абгрунтаваць тэорыю канкрэтнымі фактамі. Вы ня верыце, што беларуская ідэя сутнасна хрысьціянская? Пералічыце, колькі з найвялікшых дзеячоў Беларусі верылі ў Ісуса Хрыста.

Па-другое, для сучаснай масавай сьвядомасьці – “рэклямнай”, “кліпавай”, “маркетынгавай” – ролю вырашальнай аргумэнтацыі адыгрываюць агульнавядомыя, раскручаныя брэнды. Вам не зразумела, у чым сэнс беларускага мэнталітэту? А “Песьняроў” чулі? МАЗ бачылі? У Полацкай Сафіі былі?..

Па-трэцяе, кожны з такіх фэномэнаў канцэнтруе ў сабе асобную яскравую рысу, якасьць, грань нацыянальнае ідэі. А ўсё разам, быццам мазаіка, складваецца ў поўную карціну. Што такое Беларусь? Чым беларусы могуць ганарыцца перад усім сьветам? Якой беларуская нацыя мусіць быць у ідэале?

Дзьвесьце адказаў!

200 фэномэнаў, прыведзеных у гэтае кнізе, ёсьць топ-рэйтынгам самых пасьпяховых спробаў рэалізацыі нацыянальнай ідэі. Хіт-парадам беларушчыны на парозе ІІІ тысячагодзьдзя. У кожным з гэтых двухсот, як у люстры, мы бачым і сябе, і ўсю Беларусь.

Кожная зьява, кожны фэномэн нацыянальнае ідэі – адказ комплексам. Разгром стэрэатыпаў. Наша фішка ў інтэлектуальнай гульні пад назовам “Давядзі, што мне гэта ня мроіцца!”.

Гэтая кніга будуе гіерархію нацыянальнае ідэі. Ад зямлі, на якой грунтуецца Беларусь, ад гісторыі, што фармуе нацыянальны падмурак беларускасьці, празь зьдзяйсьненьні нацыі ў гаспадарцы, культуры й спорце – да постацяў нацыянальных герояў, асобаў і найвышэйшай сфэры сымбалічнага, рэлігійнага, звышнатуральнага – духовасьці.

“Нацыянальная ідэя” – 200 фэномэнаў сусьветнага значэньня. 24 – зямлі ад “азёраў” да “сэрца Эўропы”, 28 – гісторыі ад “адражэньня” да “эміграцыі”, 26 – гаспадаркі ад “БелАЗу” да “электронікі”, 32 – культуры ад “бардаў” да “чорнага квадрату”, 14 – спорту ад “адзінаборстваў” да “цяжкай атлетыкі”, 44 – асобаў ад Агінскага да Ягайлы, 32 – духовых ад “абуджэньня” да “цярплівасьці”.

Сем блёкаў, сем паверхаў, сем прыступак нацыянальнай ідэі – да самага сёмага неба.

У кожнай такой глаўцы-эсэі пераліваецца, блішчыць гранямі сама Ідэя. Так, паводле вечнага закону сьветабудовы, растуць крышталі аднаго й таго ж рэчыва. Кавалачкі Беларусі – хоць ён адзін, хоць тысяча, хоць мільён – будуць крышталізавацца ва ўнікальным беларускім ідэале, прадвызначаным звыш.

Гэтая кніга – пэрыядычная табліца вядомых фактаў, сканструяваных у мадэль ідэалу. Паглядзіце самі: ўсё сыходзіцца, быццам у сабраным кубіку-рубіку. З асколкаў сьвету, разьбітага на бліскучыя прыватнасьці постмадэрнам ХХ стагодзьдзя хрысьціянская нацыянальная ідэя зьбірае цэласную, празрыстую, хрусталёвую сьвядомасьць.

Гэтая кніга – выклік пашыранаму меркаваньню, што насамрэч Беларусі няма, што яна не адбылася як дзяржава, што беларусы “не дарасьлі” ці “збанкрутавалі як нацыя”. Беларусь ёсьць рэчаіснасьцю!

Гэтая кніга – выклік ужо існуючым канцэпцыям беларускай нацыянальнай ідэі. “Савецкай”, “ваярскай”, “літоўскай”, “крыўскай”, “славянскай”, “паганскай”… А значыць – запрашэньне на дыспут у маштабах усяе Беларусі.

Гэтая кніга – выклік “дзяржаўнай ідэалёгіі”, спробам прыўласьціць краіну, зрабіць яе аб’ектам гандлю, і тым больш усім вымогам сфармуляваць Беларусь не па-беларуску.

Калі “Нацыянальная ідэя” падасца вам занадта ўзьнёслай – майце на ўвазе, гэта ад спрадвечнай беларускай паэтычнасьці. Калі палічыце лішне ідэалістычнай – памятайце: гаворка ідзе аб ідэі. Нарэшце, калі я што забыўся ці памыліўся ў дэталях – даруйце: буду рады паправіцца.

 

Урэшце рэшт, нацыянальную ідэю можа атрымаць кожны. Элемэнтарна. І ў палявых, і ў хатніх, што называецца, умовах. Што для гэтага трэба? У якім месцы Беларусі вы б не былі – вазьміце ў рукі Біблію на роднай мове і адшукайце гэтае месца ў Сьвятым Пісьме. Гэта настолькі ж ясна, наколькі й проста, і настолькі ж проста, паколькі праўда.

Бо нацыянальная ідэя – гэта калі Беларусь сустракаецца з Богам.

Маліцеся. Адзіны шлях да нацыянальнай ідэі – наўпрост зьвярнуцца да Таго, Хто стварыў гэтую зямлю, даў цела і дух гэтаму народу, Хто падараваў Беларусі такую мову і такі сьцяг.

Не чакайце Бога. Шукайце Яго. І калі хтосьці шукае з вамі разам – сябры, бацькі, каханыя або вашыя дзеці – абавязкова надыдзе момант ісьціны. “Бо там, дзе двое ці трое зьбяруцца ў імя Маё – кажа Ісус – там і Я сярод іх.” (Мацьвея 18:20)

Расьцерушыце ў пальцах камячок беларускае зямлі. Краніце пылок са сьценаў храму. Удыхніце гэтага паветра. Адчуйце цуд Божае прысутнасьці. Чуеце, як зь ціхім удыхам, уздымам лёгкіх, са сьвежай сілай у жылах кожная крывінка сэрца, пульсуючы, штослова радасна пацьвярджае Боскую роднасьць беларускасьці: так! Так! Так! Так!..

Бо беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Сэрца. Сэрца Эўропы, што церпіць, баліць і любіць за ўсіх. Сэрца, празь якое праходзяць усе шляхі і якое абліваецца крывёю з кожным нашым уздыхам: ”Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа!” (Псальмы 50:12)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Сьвятла. Белі, чысьціні, сьвятасьці, якой Беларусь літаральна зіхаціць зьсярэдзіны. “І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло” (Быцьцё 1:3).

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Імя. Імя сьветлага, што імкнецца да сьвятасьці; імя, поўнага прамяністае белі, у якой скразяць родныя рудыя, русыя рысы; імя, якое тоіць сэнс і найясьнейшае чысьціні, і прасторы празрыстасьці, і яркай успышкі. “Беларусь” азначае: “Да сьвяціцца імя Тваё”! (Мацьвея 6:9).

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Тройцы. Тры іпастасі Бога як трыяда галоўных сымбаляў, як тры канфэсіі, як тры склады імя Бе-ла-русі… У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Солі. Краіна, нетры якой складзеныя з солі, выступае як эвангельскі эквівалент сэнсу, зьместу, сутнасьці – і шчэпцю асаляе сьвет, захоўваючы ад псуцьця, надаючы смаку. “Гэта запавет солі вечны перад Госпадам, дадзены табе й нашчадкам тваім з табою.” (Лікі 18:19)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Слова. Краіна кнігадрукаваньня, Статуту й Мэтрыкі, паэзіі й прозы, краіна, ад якой засталіся адно словы, якая жыве ў слове й абуджаецца Словам – самае месца, каб сказаць: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам.” (Яна 1:1)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Міжмоўя. Месца сумоўя царкоўнаславянскае й лаціны, грэцкае й нямецкае, польскае й расейскае, калыска эспэранта ды іўрыту – як у дзень Пяцідзесятніцы: “Зышоў на іх Дух Сьвяты, і яны пачалі гаварыць іншымі мовамі.” (Дзеі 19:6)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Крыніцы. Крыніцы водаў Міжмоўя, крыніцы глыбокае чысьціні, крыніцы многіх падзеяў: “І  ты будзеш як напоены вадою сад, і як крыніца, воды якое ніколі не перасыхаюць.” (Ісайя 58:11).

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Закону. Закону Статута, Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, Закону Божага: “Я хачу спраўдзіць волю Тваю, Божа мой, і закон Твой у сэрцы ў мяне.” (Псальмы 39:9)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Храма. “На Беларусі Бог жыве”. Храма вялікага, ціхага, урачыстага, дзе маліліся ўсе канфэсіі: “Я асьвяціў гэты храм, які ты збудаваў, каб быць Імю Майму там вечна, і будуць вочы Мае і сэрца Маё там ва ўсе дні.” (ІІІ Царстваў 9:3)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Крыжа. Вялікага геапалітычнага скрыжаваньня, на якім, між варагаў і грэкаў, Захаду і Усходу, Эўропы і Расеі, укрыжаваная Беларусь. “І вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною…” (Марка  8:34).Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Ахвяры.  Ахвяры, празь якую даецца ўваскрасеньне. “Ахвяра Богу – дух упакораны.” (Псальмы 50:19) Беларускі дух!

Цяпер ясна, што беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Хрыста: Ісус стварыў Беларусь, і Яму, Мэсіі, насьледуюць і гісторыя, і культура, і асобы. Пад Ягоным сьцягам і да Яго ідзе Беларусь! “Бо мы не сябе прапаведуем, а Хрыста  Ісуса, Госпада.” (ІІ Да Карыньцянаў 4:5)

А інакш – навошта ў сэрцы Эўропы гэтая вялікая маленькая краіна, бел-чырвона-белы Божы цуд, сьветлы, пранізьлівы, натхнёны? Хваляваньне ў душы? Боль Эўропы? Сумленьне сьвету?..

Гэта ідэя!  

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы