Павал Севярынец
Калі ў Беларусі аднойчы паглядзець сабе пад ногі, можна назаўжды страціць патрыятызм. Калгасны бруд з ашмёткамі цывілізацыі, растрэсканы й запляваны асфальт, гнілая траўка й сьмярдзючыя лужыны на вуліцах выклікаюць гідлівасьць у тых, хто прыяжджае сюды з-за мяжы.
Як жа мы запаскудзілі зямлю, дадзеную нам Богам!..
Большасьць з нас і не падазрае, наколькі родная для нас тутэйшая глеба. Наш арганізм складаецца зь бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мікраэлемэнтаў якраз тае зямлі, зь якой мы ямо бульбу й мяса, п’ем ваду, і зь якой праз абмен рэчываў створаны ўвесь наш арганізм – ад формы й масыўнасьці костак шкілету да хуткасьці нэрвовых імпульсаў. Мы зробленыя зь беларускае гліны – вось што падсьвядома адчуваюць нацыяналісты, калі крычаць “Радзіма альбо сьмерць!” Так пачынаецца Біблія: “На пачатку стварыў Бог неба і зямлю”. (Быцьцё 1:1). Паняцьці “зямля” і “чалавек” у Бібліі – “adam”, “adamah” – таго ж кораню, што й імя першага чалавека, створанага Госпадам з праху зямнога. У Беларусі зь яе ўзгоркамі, лагчынамі й балотамі вельмі лёгка ўявіць, як Бог, быццам адамава цела, ляпіў з гэтай гліны цэлую краіну, каб удыхнуць у яе Дух.
Беларусь – фэномэн звышнатуральнага ўцелаўленьня. Менавіта ў такім мілым і сьціплым куточку Зямлі, сярод гэтае празрыстасьці, сьветлыні й пакуты – месца для прысутнасьці Божай. Краіна крыніцаў, краіна глінянае плоці й натхнёнага духу, краіна, “дзе вее ціхі вецер – і там Госпад!..”
Зямля, якую Бог абяцаў кожнай нацыі, – гэта аграмаднае народнае цела. Цеплыня й сіла, плоць і боль чалавецтва. Беларусь у сваёй новай гісторыі наноў спазнае гэтую першапачатковую роднасьць. Беларуская зямля – асноватворны падмурак, на якім будуецца нацыянальная ідэя, у якім ёсьць усё неабходнае і дзе кожнае рэчыва разьлічанае да міліграма.
Кажуць, Беларусь бедная на прыродныя рэсурсы. Лухта! Беларусь уваходзіць у першую дзесятку сярод больш чым 40 эўрапейскіх краінаў паводле забясьпечанасьці карыснымі выкапнямі.
Беларусь – гіганцкае ёмішча солі, аднаго з наймацнейшых біблійных сымбаляў: тут знаходзіцца трэцяе ў сьвеце па запасах радовішча калійных і каменных соляў. Здабыча ў 4-5 мільёнаў тон калійнае руды штогод дазваляе нам атрымліваць 20-25% усёй валюты ад экспарту, а беларускай спажывецкай сольлю (цыкляпічны слой магутнасьцю 1-3 км і плошчай да 30 тыс. кв.км) мы можам засыпаць усю Эўропу з галавою.
Беларусь – аграмадная стоеная будоўля: нашая база мергеляў і крэйды, шкляных, сылікатных і фармовачных пяскоў, глінаў, абліцовачнага каменю – адна зь лепшых на кантынэньце. Толькі будуй!
Беларусь – суцэльны рэзэрвуар пітное вады. У той час, калі ў прамысловых гарадох сьвету небясьпечна піць ваду з-пад крану, беларускія глыбіні напінаюцца ад чысьцюткіх артэзіянскіх водаў.
Беларускі Прыпяцкі прагін зьмяшчае ў сабе вялізныя запасы “вадкае руды”, расолаў, з прамысловым утрыманьнем ёду, брому, калію, цэзію, ліцію, рубідзію й іншых рэдкіх элемэнтаў, што выкарыстоўваюцца ў тэлекамунікацыях, кампутарах, магнітах, люмінафорах, лязэрах.
Беларускія Мікашэвічы – вытворца №1 будаўнічага каменю ва ўсёй Усходняй Эўропе, а Руба пад Віцебскам – адзін з найбуйнейшых у сьвеце камбінатаў па здабычы й перапрацоўцы даляміту (7-8 млн. т. у год).
Беларусь забясьпечвае 15% сваёй патрэбы ў нафце, мае пэрспэктыўныя радовішчы жалезнай руды, гаручых сланцаў, бурага вугалю, гіпсу, даўсаніту (прыроднай соды й алюміневай руды), цэалітаносных сіліцытаў (прыродных сарбэнтаў), фасфарытаў (сыравіны для вытворчасьці мінэральных угнаеньняў), сапрапелю (арганічнага ўгнаеньня), кааліну (зь яго робяць парцалян, ім адбельваюць паперу)…
А яшчэ у Беларусі здабываюць бурштын, разьведваюць россыпы тытану, цырконію, малібдэну, ужо знайшлі першыя алмазы… А яшчэ Беларусь займае адно зь першых месцаў у Эўропе па плошчы ворыва на душу насельніцтва. Жніво вялікае, работнікаў мала!
Дастаткова толькі ўявіць сабе ўсю гэтую шчодрую насычанасьць карысным рэчывам, усю калясальную архітэктуру нетраў, бляск каштоўных мэталаў і пульсацыю вадкасьцяў, каб зразумець, наколькі важкое беларускае пачуцьцё роднае зямлі. “Гасподняя зямля і поўня яе!” (Псальмы 23:1).
Але ж Беларусь – гэта ня столькі зямля, колькі вада. “Краіна водаў і туманаў” паводле Дарыя. Мора Герадота. Краіна крыніцаў, азёраў і балотаў, рэкаў, што выліваюцца на паў-Эўропы. Жывая празрыстасьць, напоеная пералівамі сьвежасьці, – яна прымушае згадаць, што і сам чалавек на 70% складаецца з вады. Беларусь, поўная чаша вады – ідэальная купель для ўсёй Эўропы. Ці не таму бальшавікі намагаліся правесьці тут татальную мэліярацыю?
Беларусь – абшар унікальнае прыроднае гармоніі. Ціхая, чыстая, прасьветленая. Сэрца Эўропы! У адрозьненьне ад украінскіх стэпаў, расейскіх палёў ды прыбалтыйскіх нізінаў, Беларусь разнастайная й пераменлівая, як само сэрца. Тут сыходзяцца галоўныя эўрапейскія прыродныя зоны, лесастэп і мяшаныя лясы з таёжнымі хвойнікамі, тут праходзіць водападзел Балтыкі й Чарнамор’я, тут можна ўбачыць і забалочаныя імшары Палесься, і швайцарскія краявіды Лагойска, Наваградка, Мазыра. Запаведныя мясьціны, сардэчныя таямніцы між лёгкіх Эўропы! Дзіўны краявід. Нібыта раўніна – але ўсё глыбамі, ярамі, рачнымі далінамі. Беларускія ледавіковыя ўзгор’і – рэльеф вялікае гісторыі. Беларуская містыка прасторы: быццам крушні замкаў і валы войнаў, горы трупаў, парослыя лесам, прывіды векавых правалаў і абрываў – зграмажджаныя стагодзьдзі векавечнай велічы й смутку. Паглядзіце, як уздымаецца й ападае зямля, калі едзеш па Беларусі: краіна дыхае!
“Вось, Гасподзь, Бог твой аддае табе зямлю гэтую, ідзі, вазьмі яе ў валоданьне, як казаў табе Гасподзь, Бог бацькаў тваіх, – ня бойся й не жахайся”. (Другазаконьне 1:21)
Для Беларусі невыносны савецкі бруд на вуліцах, іржавыя шкілеты даўгабудаў і пячоры хрушчоўскіх пад’ездаў. Беларусь ня можа жыць на памыйных задворках, сярод задымленых кацельняў і прапахлых гнільлю агароднінных базаў. Беларусь прагне смарагдавай траўкі й бруку на вуліцах, двухпавярховых катэджаў за горадам і паху жывых кветак пад вокнамі, вытанчанай барокавай скульптуры на фасадах і працоўных месцаў у празрыстым ад шкла, электронікі й плястыку офісе. І ўжо зьявіліся тыя, хто разумее, што такую цудоўную, бліскучую Беларусь на гэтай зямлі з усёй пяшчотаю й майстэрствам давядзецца ствараць сваімі рукамі. Гэтыя людзі выдатна ўсьведамляюць, што пачынаць шыкоўнае эўрапейскае жыцьцё трэба з саміх сябе. Яны разумеюць, што разруха не ў прыбіральнях і лужынах, а ў галовах і сэрцах. Яны разумеюць, што толькі ўнутрана чысты народ у стане ствараць чысьціню вакол сябе. Яны разумеюць, што толькі поўная любові душа можа абудзіць любоў іншых да роднай краіны, народу й прыроды. Яны спасьціглі найважнейшы закон пераменаў: калі мы хочам зьмяніць да лепшага штосьці навокал, мы мусім спачатку зьмяняцца й рабіцца лепшымі самі. А пакуль нам сорамна за тое, што творыцца ў Сэрцы.
Так, Беларусь – геаграфічны цэнтар Эўропы, пра які адзін з заснавальнікаў геапалітыкі Мак Кіндэр сказаў: “Хто валодае Усходняй Эўропай – той валодае Сэрцам Зямлі, хто валодае Сэрцам Зямлі, той кіруе Эўразіяй, хто кіруе Эўразіяй – той пануе ў сьвеце”.
За геапалітычны кантроль над Усходняй Эўропай зацята змагаліся імпэрыі й звышдзяржавы: мангола-татары й крыжакі, Бізантыя й Рым, туркі й Расея, Напалеон і Гітлер, ЗША і СССР. Беларусь – ядро Ўсходняе Эўропы – перажывала плянэтарныя сардэчныя прыступы й інфаркты цягам усёй сваёй гісторыі. За тысячу гадоў краіна Беларусь у выніку войнаў, пасіянарных выбухаў і акупацыяў то сьціскалася, то пашыралася – білася й пульсавала, як сапраўднае сэрца. Сёньняшнія абрысы дзяржаўнае мяжы даюць нам сьціснутае сэрца, зьедзенае ранамі ды шнарамі. Але мапы захоўваюць і вялікае этнічнае сэрца – ад Вільні й Беластоку да Бранску й Смаленску, большае ды скругленае. Вялікае сэрца зь сінімі жыламі рэкаў, з водападзелам паміж перадсердзямі Нёмана й Дняпра й жалудачкамі Прыпяці ды Дзьвіны, што напружваецца, штосэкунды выціскае зь сябе патокі крыві, і дае жыцьцё вялізнаму целу эўрапейскага чалавецтва.
Як жа патрэбна зараз Эўропе жывое сэрца! Вера, якая сьціскаецца ў кулак, і любоў, што хвалямі захлынае душу – гарачае, моцнае, адкрытае Богу Сэрца!.. Беларускае сэрца акумулявала й асымілявала, набірала й пераўтварала, усмоктвала й расьсейвала па сьвеце мільёны людзеў, тысячы гнаных праведнікаў ды герэтыкаў, сотні паэтаў ды музыкаў. Сардэчныя беларусы пераўтваралі дэспатычную Расейскую імпэрыю й ганарлівую Польскую карону ў Расею вялікай культуры й рамантычную Рэч Паспалітую.
Першае, што мусіць зрабіць сарцавіна Эўропы сёньня – зьяднаць нядаўна вызваленыя з-пад улады зла краіны Міжмор’я. Украіна, Польшча, Малдова, Літва, Латвія, Эстонія, якія фармуюць паміж Балтыкай і Чорным морам Новую Эўропу, маюць зь Беларусяй супольныя інтарэсы на Захадзе й аднолькавыя праблемы з Усходам. Менавіта гэтыя краіны з прабуджэньнем грамадзтва і эвангельскай рэвалюцыяй гарантуюць жыцьцядайны штуршок для Старога Сьвету.
Вобраз Нашай Эўропы – колішняе Вялікае Княства Літоўскае, галоўная ідэя беларускае геапалітыкі, эканомікі й культуры. Сумарны патэнцыял Супольнасьці Вялікага Княства здольны перавысіць і заходнеэўрапейскі, і расейскі. Варта толькі згадаць часы, калі ад Ноўгараду да Крыму й ад Карпатаў да Масквы жыла адным жыцьцём, гаварыла адной мовай, трымалася аднаго закону й дыхала адным духам аграмадная дзяржава. Трэба паставіць сваёй задачай, паралельна ўступленьню ў Эўразьвяз, сыстэмную інтэграцыю ад мора да мора, сваім найпершым прыярытэтам – гаспадарчыя, фінансавыя, інфармацыйныя й культуровыя праекты з суседзямі, сваёй місіяй – яднаньне ўсходнеэўрапейскай прасторы й забесьпячэньне стратэгічнага ўплыву як на Захад, так і на Ўсход.
Скажаце, занадта? Будзьма рэалістамі – падчас аднаго духовага абуджэньня паўтысячы гадоў таму Беларусь ужо зрабіла штосьці падобнае.
Тысячагодзьдзямі ў гэтым міжмор’і таіўся звышнатуральны, фантастычны эфэкт беларускае зямлі – адбельваньне. Мясцовае насельніцтва, якое жыло тут яшчэ да індаэўрапейскае хвалі – сьветлавалосае ды блакітнавокае – спачатку надало белі цёмным фіна-вуграм, а потым і цёмнавалосым, смуглым продкам балтаў. Калі ж на заселеныя флегматычнымі й ужо белымі балтамі прыйшлі поўныя бурлівай жыцьцёвай сілы славяне, слаўныя людзі моцных пачуцьцяў і неабмежаванае душы, чарнявыя, як і ўсе жыхары поўдня – паглядзіце, як адбяліла і гэтых! Сёньня натуралёвыя беларусы – гэта бялявыя дзеткі-сонейкі з вочкамі льняных кветачак. Калі ўлічыць, што чорныя валасы й вочы ва ўмовах геннае канфрантацыі – дамінанта, гэта якую ж сілу, якую ж магутнасьць мусіла мець асьвятляючая сіла Беларусі!
Беларусь азарала, успыхвала, рабіла празрыстым і ясным. Сьвятасьць эўрапейскага сэрца, асьветніцкая місія й мэнтальная бель Беларусі надаюць водсьвет найвышэйшага, незямнога зьзяньня ўсяму беларускаму.
“У беларускім краявідзе паўсюдна адчуваецца нейкая цёплая таемнасьць сьветлага Духа. Беларускі краявід мае нейкую Боскую пячатку, душэўную заспакоенасьць. Вось жа нездарма нарадзілася выслоўе: “На Беларусі Бог жыве” – піша Зянон Пазьняк. Такое ўражаньне, што Беларусь сама сьвеціцца знутры – так, як Сьвятая Зямля. Як і Палестына, стык Эўропы, Азіі й Афрыкі, Беларусь, гарлавіна Міжмор’я, знаходзіцца на геапалітычным крыжы.
Як і Палестына, Беларусь была глухім кутком, правінцыяй некалькіх імпэрыяў, але нараджала лідэраў сьвету.
Як і Палестына, Беларусь мае соль: і ў самым цэнтры Ізраілю, у Мёртвым моры, і ў тоўшчы Беларусі зьмяшчаюцца вялізныя саляныя радовішчы.
Як і Палестына, Беларусь – эпіцэнтар агромністай духовай прасторы на тысячы кілямэтраў вакол.
“О, зямля, зямля, зямля! Слухай слова Гасподняе”! – заклікае прарок Ерамія з Палестыны (22:29), і водгульле дагэтуль разыходзіцца ў Беларусі.
Беларусы вельмі прывязаныя да сваёй зямлі. Тут, у цэнтры Эўропы, на скрыжаваньні галоўных дарогаў, перанасычаным крывёю й жалезам, анамальна магнітная гравітацыя. І ў каржакаватых, прысадзістых беларускіх постацях – здаецца, яны каранямі ўрастаюць у гэтую глебу! – ты адчуваеш нязьмерную сілу прыцягненьня.
Таму сярод беларусаў так шмат вялікіх зямлянаў – падарожнікаў, першапраходцаў і геолягаў.
Таму беларусы настолькі фанатычна адданыя свайму гароду, палісадніку й усяму роднаму куту.
Таму беларусам так нялёгка пераадольваць сілу зямнога цяжару ў сваім імкненьні да неба.
У такім прыцягальным эфэкце полікультурнасьці, поліканфэсійнасьці, свабоды выбару на геапалітычным скрыжаваньні й заключаецца сакрэт Беларусі.
Скрозь Беларусь, празь Беларусь, зь пераламленьнем у Беларусі – як жа багата ў гісторыі, палітыцы, культуры, у духовасьці адбылося за эўрапейскае тысячагодзьдзе!
Менавіта беларускія землі адвеку змагаліся за лідэрства ў сумежжы Эўропы й Азіі, Прыбалтыкі й Чарнамор’я – з Кіевам, Кракавам, Варшавай, Масквой, Піцерам. Менавіта сюды імкнуліся вэктары экспансіі ардынцаў і крыжакоў, варагаў і грэкаў, швэдаў і немцаў, палякаў і расейцаў. Менавіта тут сышліся каталіцтва і праваслаўе, пратэстанцтва і юдаізм, тут нарадзілася вунія. Ключавыя моманты стварэньня й развалу Расейскае імпэрыі вырашаліся ў Беларусі – ад Кулікоўскай бітвы й суперніцтва Вільні з Масквой да стварэньня РСДРП у доміку па-над Сьвіслаччу, Берасьцейскага міру й зьнішчэньня СССР у Белавескай пушчы. Беларусь зьбірае, канцэнтруе, сьцінае – да болю, да самае сутнасьці, да моманту ісьціны. Сама геаграфія Беларусі – цудоўная інфраструктура фокусу з зоркападобнымі абрысамі, промнямі шляхоў і транзытных лініяў, сталіцай у цэнтры й брамамі на стратэгічных кірунках.
Казачны замак сярод лясоў і балотаў, Беларусь глядзіць гарадамі-вежамі ва ўсе бакі сьвету. Віцебск, горад Альгерда, са сьпічаком высокага духу, з агромністымі вітражамі Шагала й Малевіча, пільнуе краіну вікінгаў, туманы Піцера й Ноўгарада. Магілёў, крапасная брама Беларусі, у чыіх байніцах сьвецяцца чырвоныя зоркі Крамля, горад-ключ, нацэлены ў самую глыбіню Расеі, на Маскву. Гомель, пышная, квітнеючая спаруда, першым сустракае ўзыход сонца й вартуе азіяцкія далячыні – імглу Каўказа, чарнаморскія ветры, берагі Касьпія й Басфору. Берасьце, Вастрыё Напятага Луку, з укладзенымі стрэламі-магістралямі на Бэрлін, Парыж, Вену, Прагу, усё ў імкненьні да сталіцаў Эўропы. Горадня, прызма са шкла й хрусталю, празь якую мы пазіраем на Захад, у Прыбалтыку й Атлянтыку… Нарэшце, у цэнтры, на галоўным трохсотмэтровым узгор’і – Менск, быццам аграмадны палац, чысты, пусты й гулкі палац, што чакае гаспадара, у атачэньні брамаў і храмаў мінулых сталіцаў – Полацка, Наваградка, Вільні…
Гэта ў іх, у гарадох, складвалася й усё ніяк не магла скласьціся нацыянальная эліта. Гэта іх захапляла і польская мова, і расейскія жаўнеры, і габрэйскі гандаль, і савецкая індустрыя. Гэта сюды з навакольных вёсак сьцякалася беларуская нацыя, каб урэшце рэшт нарадзіліся мы.
Уся гэтая краіна можа раптам зазьзяць, зайграць сваёй празрыстасьцю й сьляпучымі люстранымі гранямі вялізнага дыямэнту – і паказаць такі фокус, што захопленыя суседзі й гледачы ўсяго сьвету разам устануць зь месцаў, каб пераканацца: здарылася!
“…І ўгледзеў я новае неба і новую зямлю.” (Адкрыцьцё 21:1)
Беларускія азёры адлюстроўваюць неба. З вышыні птушынага палёту пад белымі крыламі, зь ілюмінатараў самалёту над Беларусьсю цябе сустракае бліскучы і ясны позірк – ты толькі захоплена прымружваесься на сонцы перад адкрытым абліччам вечнага велічнага спакою.
У Беларусі больш за 10 тысячаў азёраў. На поўначы гэта буйныя і глыбокія вадаёмы, утвораныя у катлавінах пасьля таяньня ледавікоў, на Палесьсі – зарослыя старыцы рачных далінаў або разьлівы ў раўнінных западзінах. Азёры – глыбіня і празрыстасьць Беларусі. Уся пранізьлівасьць дажджоў, усё бруеньне крыніцаў, усе крышталёвыя мігценьні сьняжынак захоўваюцца ў гэтых вялізных чашах сьвежасьці і прахалоды, урачыста расстаўленых па запаветных месцах краіны.
Беларускія азёры – гэта і кроплі сьлёзаў, і чары легендаў.
Возера – абавязковы элемэнт нацыянальных глянцавых краявідаў. Гэтак жа, як вочкі ільну і сінь васількоў у полі, як мілы вясковы дзіцячы погляд, азёры робяць Беларусь сінявокай. Летні адпачынак на Нарачы, паэтычныя чытаньні на беразе Сьвіцязі, купаньне ў чысьцюткае Кромані, пленэры на Браслаўшчыне, або рыбалка ў незьлічоных прыпяцкіх старыцах – глыткі нацыяльнае ідэі асалоды незвычайнае. Унікальныя беларускія азёры – перлы нашае будучае турыстычнае індустрыі. Перасычаная й стомленая Эўропа зможа нарэшце адпачыць тут, у гатэлях і летніх кэмпінгах, сярод агромністых люстраў у аправе простае, ласкавае й жывое прыроды – і, гледзячы ў ясныя нябёсы, шчыра дзякаваць Богу.
Балота – гэта сон апоенай вадою беларускай зямлі.
У Беларусі знаходзіцца самае вялікае балота сьвету, сьцьвярджае Кніга рэкордаў Гінэса. Яшчэ Герадот апісваў гэтую ўскраіну айкумены як суцэльнае мора, а пэрсыдзкі цар Дарый І падчас свайго легендарнага паходу на скіфаў назваў Беларусь краінай вод і туманаў.
“Беларусь? А, гэта балота” – скажуць суседзі. Сапраўды, вы знойдзеце балота і ў нашай палітыцы, і ў культуры, і ў мэнтальнасьці. Беларусь, якая пагружаецца ў апатыю, ляноту й грэх, больш за ўсё нагадвае багну.
12% плошчы Беларусі – 7,5 мільёнаў гектараў – занята балотам. Найбуйнейшыя іх масівы – на Палесьсі й у паазёрскае нізіне. Беларускія балоты – гэта здабыча торфу і збор журавінаў на экспарт. Барбарская савецкая мэліярацыя, якая рабіла зь Беларусі пляцдарм для разгортваньня сухапутных сілаў, расчляняла і абязводжвала беларускія балоты, прывяла да катастрафічнага апустыньваньня і пясчаных бураў на былых тарфяніках – зараз іх адчайна забалочваюць наноў. Госпад увасобіў у балотах Беларусі нашу ўнутраную сілу й дрымотны патэнцыял. Летапісныя дрыгавічы, “Шляхціц Завальня” і коласаўскі партызан Дзед Талаш – нашыя архетыповыя тоўшчы. Балоты – гэта беларускі кансэрватызм як ён ёсьць. Балоты – наша багацьце і наша пракляцьце.
Беларускія балоты спынілі мангола-татараў і крыжакоў, у іх загрузьлі і Крэмль, і Трэці Рэйх. Дрыгва, дзе бяз доступу кіслароду перагнівае й назапашваецца ў мнагамэтровую тоўшчу ўсё колішняе адмерлае жыцьцё, якая зацягвае, засмоктвае і захоўвае – бяздонна глыбокае параўнаньне для сёньняшняга стану Беларусі. Людзі на балоце – гэта пра нас. Беларускае грамадзтва занадта часта стоенае і інэртнае. “Балота” – нацыянальная беларуская хвароба, на ўзор ангельскага “спліну” ці расейскае “тоскі”.
Увогуле, у беларускай душы заўжды знойдзецца куточак балота. І ўсё-такі беларускае балота – гэта першастварэньне тых часоў, калі воды яшчэ не былі аддзеленыя ад зямлі. Царства казачна рэдкіх расьлінаў і птушак. Лёгкія Эўропы, падваліны экалягічнае інфраструктуры Міжмор’я й недатыкальны запас чалавецтва.
Беларусам даручана берагчы ды ахоўваць запаветныя сны балотаў.
Белавеская пушча – запаведны каўчэг беларускай прыроды. Легенда Беларусі, геапалітычная тайна, вобраз дрымучае беларускае велічы. “Векавечны напеў, далячыняў смуга…”
Белавеская пушча – 120 тысячаў гектараў найстарэйшага ў Эўропе лесу, занесенага ЮНЭСКА ў сьпіс сусьветнае спадчыны. Дзьвюхсотгадовыя бары, дубы-глыбы ўзростам паўтысячы гадоў, карабельныя хвоі й таёжныя ельнікі, вядомыя зь дзяцінства па карцінах Шышкіна (ён зрабіў тут дзесяткі эцюдаў), на ўзвышшах, зь якіх скрозь непраходныя спляценьні вецьця ды карэньня сьцякаюць рэчкі й ручаі. Унікальнае хараство тварэньня: 44 віды расьлінаў і 146 – жывёлаў з Чырвонае кнігі, 60 відаў сысуноў і 226 – птушак, найбуйнейшы зьвер Эўропы – зубр. Дзікае паляваньне караля Ягайлы й вялікага князя Вітаўта. Месца, дзе расейскія імпэратары й савецкія генсекі асабіста бралі ў рукі зброю. Самыя глыбокія нетры Вялікага Беларускага Лесу.
“У чаканьні зары, што заблішча сьляпушча…”
У гэтых гушчарах, затканых імглою, яшчэ трапечацца ажурнае лісьце дрэваў, пасечаных стрэламі ў Сярэднявеччы, дагэтуль бруяць люстраныя ручаі, у якіх умываліся каралі Залатога веку, і стаіць, кружыць голаў той жа адпачатны пах смолаў, траваў і эфіраў, што натхняў Міколу Гусоўскага й Сцяпана Батуру – пах ляснога ладану, што суправаджаў пахаваньне Савецкага Саюзу й уваскрашэньне свабоды для паловы сьвету.
“Як свая мне твая векавая туга…”
Госпад Бог вякамі рыхтаваў гэтыя грандыёзныя палацы, асьветленыя сонечным золатам і месяцовым срэбрам, усю гэтую раскошу лясных аранжарэяў, поўных шыкоўнае куніцы й гарнастаю, усё багацьце шэптаў і шолахаў, гіганцкія шматпавярховыя залі з калёнамі векавых ствалоў, са скульптурамі зубраў і грацыёзных аленяў, у хорах птушынага шчабятаньня – для аднаго белага-белага дня ва ўбранай сьнегам беларускай пушчы.
9 сьнежня 1991 г. у белавескай рэзыдэнцыі “Віскулі” Станіслаў Шушкевіч, Леанід Краўчук і Барыс Ельцын падпісалі эпахальны маніфэст аб спыненьні існаваньня СССР. Крах самае страшнае ў чалавечае гісторыі таталітарнае сыстэмы зьдзейсьніўся менавіта тут, у глыбіні пакутнае Беларусі, тут, на стыку падзелу Рэчы Паспалітай, тут, дзе 200 гадоў таму ўватнулі штык Расея, Прусія й Аўстрыя, у расьсечаным у 1795-м сэрцы Эўропы – і ў гэтым была найвышэйшая Божая справядлівасьць.
У Белавескае пушчы, душы Беларусі, заміраеш ад адчуваньня незвычайнае Божае сілы. Тае сілы, якая без рэвалюцыяў і ахвяраў, адным росчыркам пяра, адным подыхам Духа разьвеяла звышдзяржаву сусьветнага страху і нянавісьці. Белавеская пушча, Белавеская пушча!..
Берасьце. Горад-брама. Горад-мяжа. Горад-вартавы.
Берасьце – знак, ад якога адлічвалі межы савецкай улады: “Ад Брэста да Курыл”, “Ад Масквы да Брэста нет такога места…” Дагэтуль Крамлю пагражае “натаўскі бот пад Брэстам”. Прапускны пункт СССР на Захад, крэпасьць-герой, цэнтар заключэньня вуніі паміж каталіцызмам і праваслаўем 1596 г. ды “Брэсцкага міру” 1918 г., гняздо беларускай Рэфармацыі – вось яно, вастрыё, якое нацэльвае Беларусь у Эўропу, аднолькава адлеглае ад Вільні й Менску, на той самай мяжы, за якой заходзіць сонца.
Берасьце – месца для беларускай зямлі, беларускай гісторыі й беларускай духовасьці скрайне важнае.
Берасьце нарадзілася з замку й дазорнай вежы на памежжы дрыгавічаў з палякамі й валынянамі, зь пільнаваньня ў сутоцы водных шляхоў з Чарнамор’я й Кіева да варагаў і немцаў, з мытні й гасьціннага двара для іншаземцаў. У напятай лукавіне Буга й Мухаўца, са стрэламі касьцёльных сьпічакоў і лязом мяжы – Берасьце заўжды было на вастрыі. Тут Вітаўт і Ягайла плянавалі паход на Грунвальд, тут праводзіліся вялікалітоўскія соймы й зьезды шляхты, сюды першымі даходзілі навіны з Захаду й апошнімі – захопнікі з Усходу. Што значыла Берасьце для ВКЛ, калі тут упершыню ў Беларусі зьявілася габрэйская грамада, калі менавіта яму наступнаму пасьля сталіцы ў 1390-м было даравана Магдэбурскае права, калі ў даходах дзяржаўнай казны ХVI ст. “Берасьцейская мытня” складала другі па значнасьці артыкул!
Колішні берасьцейскі герб, вежа ў сутоцы рэкаў, у эпоху Залатога веку трансфармаваўся ў срэбны лук са стралой, нацэленай у неба. Высокасьць мэтаў, напружаньне звыш сілаў, імкненьне да Царства Нябёснага – сутнасьць Берасьця. Вось сапраўдная мяжа, на якой стаяў, стаіць і будзе стаяць гэты горад!
Берасьце, быццам агромністы лук, удвох напялі знакаміты берасьцейскі стараста й канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны, пачынальнік Рэфармацыі ў Беларусі, і Астафі Валовіч, берасьцейскі ваявода, аўтар Статутаў. Адсюль рушыў той бурлівы духовы ўздым, што абудзіў усе канфэсіі, зь якім уся краіна каялася, ішла да Хрыста й рабілася нацыяй. У Берасьці ў 1553 г. адчыніўся першы кальвінскі збор – празь дзесяць гадоў па ўсёй Беларусі будуць збудаваныя сотні збораў. У Берасьці, нацэленым у неба, у 1588 г. нарадзілася беларускае нотадрукаваньне – канцыял “Песьні хвал Боскіх”, першы зборнік нашых духовых гімнаў. Зь берасьцейскае друкарні выйшлі дзесяткі хрысьціянскіх выданьняў на лаціне і шыкоўная польскамоўная “Берасьцейская Біблія” – 738 старонак гатычнага шрыфту, з прадметным указальнікам і камэнтарамі – неацэнны дар беларускага хрысьціянства Польшчы.
Берасьце, вострае й зараджанае Берасьце імкнулася зьмяніць усю Эўропу! Берасьцейская вунія 1596 г., адно з найцяжэйшых прымірэньняў у гісторыі чалавецтва, духова злучыла Ўсход і Захад, спарадзіла мільёны прыхільнікаў хрысьціянскага адзінства і давяла да мяжы зьнікненьня беларускае праваслаўе. Зь Берасьцейшчыны і ідэоляг вуніі, гарадзкі кашталян Іпацій Пацей, і яго зацяты супраціўнік, аўтар легендарнага “Дыярыюшу”, настаўнік Ілжэдзьмітрыя Афанасій Філіповіч, расстраляны падчас казацкага бунту й кананізаваны праваслаўнай царквой.
У Берасьці прарокі Расеі, Чаадаеў і Грыбаедаў, адчайна марылі пра збаўленьне сваёй краіны. У Берасьці нарадзіліся прэм’ер Ізраіля Менахем Бегін і прэм’ер БНР Аляксандр Цьвікевіч. Зь Берасьця і Мікалай Кузьміч – майстар, што аднавіў Крыж Эўфрасіньні Полацкай.
Наколькі ж ненавіснае было гэтае месца нябёснага імкненьня й сьвятое напругі, ключавое злучво Рэчы Паспалітай, імпэрыям і акупантам! Ахвяра Хаванскага ў 1660-м, кропка падзелу паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расеяй, узятая ў 1794-м Суворавым і ператвораная ў лягер вялізнага расейскага гарнізону. Царскія, каралеўскія, кайзэраўскія штыкі білі ў Берасьце з д’ябальскай апантанасьцю, быццам перуны: каб не напружвалася, ня цэліла, не страляла. У 1831-м захопнікі дарэшты спаляць увесь стары горад, спустошаць цэрквы і кляштары – каб цалкам пахаваць Берасьце пад калясальнай крэпасьцю. 500 казэматаў, двухкілямэтровая замкнёная казарма Цытадэлі на 12 тысячаў чалавек – з крывавае берасьцейскае цэглы, са стайнямі, складамі й штабамі, абсталяванымі ў храмах.
Новы, пусты горад, аднесены на некалькі кілямэтраў на ўсход, адгэтуль будзе здалёк назіраць за тым, як моцна б’ецца яго старажытнае сэрца. Бальшавікі выбралі Берасьцейскую крэпасьць, каб правакаваць сусьветную рэвалюцыю й расплочвацца за гэта Беларусьсю ды Украінай на перамовах зь Нямеччынай 1918 г. Але ўжо праз 20 гадоў у такт пакту Молатава-Рыбэнтропа й зьнішчэньня Польшчы Чырвоная Армія й вэрмахт будуць разам пячатаць крок на пляцы Цытадэлі падчас сумеснага параду. А яшчэ праз тры гады, 22 чэрвеня 1941-га, гэтыя сьцены скалане першы ўдар Гітлера. І Берасьцейская крэпасьць – такое месца, такія камяні, такія людзі! – будзе адстрэльвацца да апошняга, абараняць руіны, расьпісваючыся крывёю на сьценах. Паміраць, але не здавацца.
Бог зьбярог Берасьце.
Гэты горад выжыў. Убачыў і крах фашызму, і сотні тысячаў вэтэранаў у мэмарыяле, і канчатковае пахаваньне савецкае імпэрыі зла ў Белавескае пушчы – блізка, як на далоні.
Сёньня сэрца Берасьця – на вастрыі стралы, на самым памежным выступе крэпасьці, дзе сканцэнтраваная ўся беларуская гісторыя. Цэлае радовішча горычы, роспачы й велічы. Рэшткі аўгусьцінскага кляштару, фундаванага Вітаўтам, россыпы царквы, дзе абвяшчалі вунію, руіны крэпасьці й асколкі храмаў, раскіданыя выбухам – увесь гэты зьмяшаны ў крывавае крошыва найкаштоўнейшы прах, сьціснуты ў кулак, гарыць вечным вагнём і асьвячае бэтонныя манумэнты, вядомыя ўсяму сьвету. Вельмі, вельмі берасьцейскія. “Холмская брама”. “Смага”. “Мужнасьць.”
Берасьцейцы, сама энэргія й трапнасьць, засталіся прыроджанымі стралкамі з луку. Менавіта тут былі арганізаваныя ўсесаюзныя спаборніцтвы ў гэтае дысцыпліне на кубак яшчэ аднаго нараджэнца Берасьця, лётчыка-касманаўта (як вам стрэл у неба!) Пятра Клімука. Берасьцейскія стралкі сталі чэмпіёнамі сьвету й алімпійскімі прызёрамі.
Беларускі фарпост на Захадзе, 300-тысячны горад з паўмільярдным пасажыраабаротам, грузапатокам 150 мільёнаў тона-кілямэтраў, аэрапортам на 100 тысячаў пасажыраў у год, скрыжаваньне чыгунак, аўтамагістраляў і трубаправодаў, сталіца чаўночнага бізнэсу, застаўленая трэйлерамі й гуртовымі складамі, Берасьце – прыцэл Беларусі ў глыбіні Эўропы.
Берасьце зноў чакае тых, хто напружыць старажытны лук. Да мяжы сілаў і духу – дзеля найвышэйшае мэты!
Беларусь мае велізарныя запасы будаўнічае сыравіны. Уся краіна загружаная пакладамі глінаў і пяскоў, крэйды, мергелю, жвіру й каменю. Беларуская база будаўнічае сыравіны – адна з самых магутных у Эўропе.
Беларускія воды, ледавікі й вятры тысячагодзьдзямі кшталтавалі, сартавалі, адмервалі й назапашвалі тоўшчы рафінаванага пясочку й паклады хімічна чыстае крэйды. Вапну. Друз. Валуны. А багацьце глінаў! Плястычныя, вогнетрывалыя, бэнтанітавыя, парцалянавыя… Уся беларуская зямля нагадвае гіганцкую будаўнічую пляцоўку – не пакідае адчуваньне, што матар’ялаў тут нагрувашчана дзеля чагосьці эпахальнага.
Такое ўражаньне, што менавіта ў гэтых ледавіковых марэнах, з гэтае моцнае, пругкае, глянцавае земляное плоці Госпад Бог зьляпіў чалавека, каб удыхнуць у яго жыцьцё – і з таго часу беларусы, дзеці Божыя, ганчары й ганчарыкі, вырабляюць найвыдатнейшую цэглу, кафлю й кераміку.
У беларуса ёсьць усе шанцы прыпадобніцца да “мужа разумнага, які будуе свой дом на камені” (Мацьвея, 7:24).
Уявіце сабе: бярэш 2 мільёны кубаметраў гліны, фармуеш зь іх 1,5 мільярды штук цэглы, потым намешваеш чатыры мільёны тон цэментавае сыравіны, плавіш 300 тысячаў тон шкляных пяскоў… Потым грузіш побач 106 мільёнаў сылікатных блёкаў, ды 2 мільёны жалезабэтонных канструкцыяў, ды яшчэ 10 мільёнаў квадратных мэтраў керамічнае глязураванае пліткі – і можаш будаваць усе, што захочаш. А навокал яшчэ суцэльнае радовішча сылікатаў алюмінію ды вокіслаў крэмнію, плошчай 207,6 тысяч квадратных кілямэтраў. Поле цудаў для будаўніцтва будучыні – найсучаснае эканомікі, хмарачосаў, экспацэнтраў, аўтабанаў і новых храмаў абуджанае нацыі. Можа, таму беларусы такія будаўнікі. Увогуле, слова “будаваць” у беларускім лексыконе ўсё з таго ж фундамэнтальнага шэрагу, што й “працаваць”, “цярпець” або “любіць”. І хаця разбуральнікі прыходзілі на Беларусь часьцей, чым куды – беларусы самазабыўна адбудоўваліся, стваралі, пераймаючы Творцу, ды яшчэ муравалі крэпасьці, цэрквы й цэлыя сталіцы іншым народам. Палова беларускіх ПТВ рыхтуе будаўнікоў.
Вялізарныя крэйдавыя адорвені на Гарадзеншчыне; горы пяску, мірыяды празрыстых кварцавых часьцінак, адшліфаваных з асаблівай руплівасьцю; цыкляпічны Мікашэвіцкі катлаван, шэра-сіні друз зь якога усейвае скрозь усе дарогі й будоўлі Міжмор’я – усе гэтыя запасы будаўнічае сыравіны толькі чакаюць таго моманту, калі беларус нарэшце закасае рукавы ды пачне мясіць гліну, драбіць камень, выдзьмуваць шкло – і будаваць, будаваць, будаваць!
У Беларусі любы горад – вялікая вёска.
23,5 тысячы вёсачак, 3 мільёны жыхароў, фундамэнтальны стэрэатып беларускасьці. Ужо само па сабе гэта шмат. Але паходжаньне абсалютнай большасьці сёньняшніх беларусаў, татальная міграцыя гараджанаў на выходных на соткі й “да бабулі”, сялянскі эпас у літаратуры і незьнішчальная вясковасьць усяго нацыянальнага іміджу пераконваюць, што вёска для Беларусі – гэта больш, чым проста вёска. Паводле Бібліі, увесь лёс чалавецтва ад Быцьця да Адкрыцьця – гэта шлях ад вясковага раю у Эдэмскім садзе да раю гарадзкога ў Новым Ерусаліме. Урбанізація, адным словам. Вось і беларуская вёска спрадвеку аддавала ўсе сілы гораду, спрабуючы сфакусаваць у ім нацыю. З часоў першых славянскіх умацаваных паселішчаў беларуская вёска заставалася той тоўшчай глебы, на якой квітнелі замкі й палацы, зь якой набіраліся сілаў ды сокаў шляхта, магнаты й уладальнікі Магдэбурскага права, на якой узрасьлі і Полацкае княства, і ВКЛ, і Рэч Паспалітая.
З войнамі й акупацыямі беларускія гарады захапляла іншая гаворка й культура, іх займалі чужыя жаўнеры й сьвятары.
У гарадах Беларусь стагодзьдзямі прыніжалі, зьневажалі, вытоптвалі – але яна выруньвала з кожнай вясной зь вёскі. Захопнікі зьвярэлі – і затоптвалі ў пекла саму вёску.
Рабаваньні й выпальваньне войнаў, паланізацыя й русыфікацыя ў школах і храмах, царскі прыгон і рэкрутчына, бальшавіцкае раскулачваньне й калектывізацыя, савецкае адсяленьне ды спойваньне … Фашысты спалілі тысячы хатыняў, камуністы зьнішчылі яшчэ больш. Але вёска захоўвалася, перахоўваючы волю, мову і веру. Таму сапраўдная Беларусь – гэта простасьць, наіўнасьць і працавітасьць вёскі. Цягам стагодзьдзяў акупацыі й прыгнёту вёска заставалася мацерыковым генафондам, які аднаўляў нацыю й адраджаў краіну. Нават сёньня аснова этнічнага і моўнага беларускага маналіту – вясковая глыбінка: Глыбокае, Іўе, Капыль.
Нарэшце, у II палове ХХ стагодзьдзя, перад разбурэньнем СССР і зьяўленьнем незалежнасьці бурлівая урбанізацыя напоўніла гарады Беларусі агромністай хваляй вяскоўцаў. Калі па выніках перапісу 1959 году ў Беларусі на 2,5 мільёны гараджанаў прыпадала да 6 мільёнаў жыхароў вёскі, дык ўжо ў 1970-м зь міграцыяй на працу й вучобу гарадзкое насельніцтва вырасла да 4-х мільёнаў чалавек супраць 5 мільёнаў вясковага. Перапіс 1979 году зафіксаваў гараджанаў ўжо як большасьць: на 5263 тыс. гарадзкіх у нас заставалася 4297 тыс. вяскоўцаў. Да мяжы тысячагодзьдзя суадносіны дасягнулі 70% на 30%!
Такім чынам, на працягу 1960–80-х, са зьяўленьнем усяго аднаго пакаленьня, Беларусь стала гарадзкой. Адчайным, апошнім штурмам вёска здабыла практычна ўсе польскія, габрэйскія, расейскія крэпасьці – і дастала адзіны шанц нацыянальнага адраджэньня. Праз саўковаю сьвядомасьць, якая вызначала быцьцё, праз правінцыйны комплекс, праз трасянку, чарку, скварку й інстынкт корпаньня ў сябе пад нагамі – да пачэснага пасаду між народамі. Аграмадная, яшчэ сырая вясковая маса напампоўвала беларускія гарады, быццам перад вялікім выбухам, каб з новымі пакаленьнямі збудаваць свой новы Ерусалім.
Бліскучы, крышталёвы, грандыёзны – і беларускі.
А што ж сама вёска?
Вёска застаецца бабуляй Беларусі. Мілай, стомленай, зморшчанай бабуляй, якая працуе, колькі хапае сілаў; усё гэтак жа выбірае лепшае для сваіх гарадзкіх, і па вечарах з надзеяй глядзіць тэлевізар. Бо хоча хоць краёчкам вока пабачыць той гарадзкі рай, на які ахвяравалася й працавала ўсё жыцьцё, куды адпраўляла дзяцей і дзеля якога люляла ўнукаў. А мы, час ад часу, у сваёй мігатлівай сумятні, са шчымлівым сэрцам згадваем роднае бабуліна аблічча, сумуем па далёкім дзяцінстве на гародах, у лесе, на рэчцы, молімся на той цудоўны сад – з хатаю, парным малаком, яблынямі ля плоту, вадою са студні – і да сьлёзаў шкадуем, што ня можам вярнуцца назад назаўжды.
І тады клянемся сабе, чаго б гэта не каштавала: дасягнуць раю ў горадзе.
Віцебск! Імя бліскучае і пранізьлівае, як усплёск сьвятла на вастрыі ляза. Віцебск – адзін зь першых хрысьціянскіх цэнтраў Беларусі, старажытнае сьвяціла з сузор’я Полацка, Турава й Смаленска.
Віцебск – выйсьце адкрыцьцяў і вастрыня пачуцьцяў. Віцебск – гэта спасьціжэньне высокасьці, вылучэньне сэнсу, выцінаньне ісьціны. Віцебск сьціскае сьвятло да сьвятасьці!
У Віцебска сэрца Вэнэцыі, Піцера й Вільні.
Для ўсіх часоў і народаў Віцебск праслаўлены Маркам Шагалам, геніяльным авангардыстам, што склаў з асколкаў віцебскіх вулачак, вокнаў, скрыпак і нявестаў сусьветны калейдаскоп сымбаляў ды кабалічных знакаў. Віцебск – арэна ахвярнае сьмерці мітрапаліта Герасіма, зажыва спаленага Вялікім князем Сьвідрыгайлам, і вуніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча, забітага праваслаўнымі й кананізаванага Ватыканам. Віцебск – амфітэатар штогадовага “Славянскага базару”, мэгашоў масавае культуры, якое зьбірае сотні тысячаў гледачоў, сьпевакоў і папарацы з усяе славянскае Эўропы.
Віцебск – культуровая сталіца Беларусі. Тут праводзяцца аж 18 мастацкіх фэстаў за год – больш, чым у двухмільённым Менску. Міжнародны фэст сымфанічнае музыкі імя Салярцінскага, фэст сучаснае харэаграфіі, бальных і спартовых танцаў, конкурс гітарнае музыкі “Мэнэстрэль”, джазавы форум “Віцебская восень”, нацыянальны фэст мадэльераў-дызайнэраў “Белая амфара”, пленэр імя Хруцкага… У Віцебску знаходзіцца адзін з двух нацыянальных акадэмічных тэатраў – Коласаўскі, збудаваны на месцы колішняга княскага замку. Віцебск – радзіма вядомага кампазытара Барадзіна, аўтара “Старога Хатабыча” Лазара Лагіна, і горад дзяцінства Самуіла Маршака. Італьянскі гісторык Гваньніні ды расейскі пісьменьнік Лажэчнікаў увогуле былі віцебскімі губэрнатарамі.
Але найярчэйшая аўра Віцебску – знакамітая ўспышка мастацтва Шагала і Малевіча з супрэматычным размалёўваньнем гарадзкіх дамоў і неверагодным авангардам пачатку ХХ ст. у разгар войнаў і рэвалюцыяў. Вялікае супрацьстаяньне з рэалістычнай клясыкай – бо менавіта пад Віцебскам, у маёнтку Здраўнёва на беразе Дзьвіны, зьявіліся карціны Рэпіна залатое пары, спаміж якіх і нацыянальны вобраз “Беларус”.
Тыя, хто хацеў сьмерці Беларусі, ірваліся забіць Віцебск. Яго дзесяткі разоў асаджалі й штурмавалі маскоўскія войскі. Яго спаліў датла Пётр І. Ансамбль найпрыгажэйшых віцебскіх храмаў – Уваскрасенская царква, Успенскі сабор, касьцёл сьвятога Юзафа, кляштар сьвятога Антонія й яшчэ каля 20 цэркваў – быў ўзарваны бальшавікамі. А пасьля ІІ сусьветнай вайны у разбураным дарэшты горадзе заставалася ўсяго некалькі соцень жыхароў.
Бо хіба ж можна захопніку пакінуць жывым горад тысячагадовай хрысьціянскай гісторыі, праваслаўную цытадэль Альгерда з унікальнай Дабравешчанскай царквой ХІІ стагодзьдзя? Хіба ж можна зьмірыцца з самім фактам існаваньня месца, дзе яшчэ на досьвітку эўрапейскае Рэфармацыі, выклікаўшы небывалае ўзрушэньне народу, прапаведаваў Геранім Праскі, паплечнік Яна Гуса, той, якому і потым, на Канстанцкім Саборы перад спаленьнем зачыталі прысуд інквізыцыі, пачаты словамі “У Літве ёсьць шматлюдны й слаўны горад, названы Віцебскам…”. Хіба ж можна схавацца ад гэтых вежаў і сьценаў, сцэны Віцебскага паўстаньня, забойства Кунцэвіча й пакараньня месьцічаў, ад сьмерці за веру, міжканфэсійнае помсты і здыманьня ўсіх званоў!..
Віцебскі герб – галава Хрыста па-над скрываўленым мечам. “Ня мір, а меч!” – чаканіць Віцебск словы Ісуса. Можа быць, таму віцьбічы заўжды такія адстароненыя, апантаныя, крыху не ад сьвету гэтага. Віцебск ведае, што вера каштуе жыцьця – і што значыць сьмерць, вартая веры!
Віцебск – вострая брама Беларусі на стратэгічна балючым паўночна-ўсходнім кірунку. Алтар высокае, моцнае, бліскучае культуры. Відзёж празь люстра ляза. Вось чаму самыя бліскучыя й самыя вострыя беларускія пісьменьнікі сучаснасьці – Быкаў, Караткевіч, Бураўкін, Барадулін, Арлоў – зь Віцебшчыны. Віцебск жыве й будзе жыць у збройным баі ісьціны зь бязьвер’ем, нянавісьцю й хлусьнёй. Зь мячом перад абліччам Хрыстовым.
Глыбокі радок з трэцяга разьдзелу, дзевятнаццатага вершу Кнігі Быцьця, быццам ральля, узворвае любую беларускую душу:
“У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль не вернесься ў зямлю, зь якой ты ўзяты, бо пыл ты і ў пыл вернесься.”
Беларусь мае каля 7 мільёнаў гектараў ворнае зямлі, якая выкарыстоўваецца ў севазвароце. Паводле колькасьці ворыва на душу насельніцтва (да 0,7 гектараў на чалавека!) мы займаем адно зь першых месцаў у сьвеце – нароўні з Канадай, ЗША, Украінай. Японцы, ангельцы, ізраільцяне, якія ўпершыню прыяжджаюць у Беларусь, заўжды зьдзіўляюцца: “Ого, колькі зямлі!..”
Беларусам, вечным працаўнікам, дасталася вялікая зямля.
Ворыва – база нашага будучага дабрабыту. Патэнцыял гіганцкі: калі Беларусь, суцэльнае радовішча мінэральных угнаеньняў, радзіма трактара “Беларус” і камбайна “Гомсельмаш”, здолее дасягнуць ураджайнасьці на ўзроўні Францыі – яна ператворыцца ў аграрнага лідэра рэгіёну, здольнага накарміць і галодную Расею, і Польшчу, і Прыбалтыку. Вакол аграмадны рынак, а сярод суседзяў ніхто так добра не працуе на зямлі, як беларусы. Праўда, сьпярша давядзецца ўвесьці прыватную уласнасьць на зямлю, распусьціць гэтыя няшчасныя калгасы ды адрадзіць беларускае фэрмэрства ў выглядзе хутароў і фальваркаў.
Беларус, пан сахі і касы, як народ вырас з гэтае зямлі. Адсюль маўклівая ўнутраная сіла, бясконцая здольнасьць трымаць, нараджаць і цярпець. Адсюль і вытворны ад ворыва вобраз нашае нівы, які праступае праз друкаваныя радкі, быццам барозны.
Калі падымаць гэтую цаліну яшчэ глыбей, мы ўспорам і вясковыя карані нацыянальнага мэнталітэту, і беларускую мару – коласаўскую “Новую зямлю”, і нават тое, што заснавальнікам глебазнаўства быў беларус з паходжаньня Васіль Дакучаеў.
Беларускае ворыва – нашая зямля абяцаная. З часоў Божага запавету “… І напаўняйце зямлю, і валодайце ёю” (Быцьцё 1:28) беларусы спраўна выцярэблівалі лес, асвойвалі пусткі, пераціралі кожны камячок вось гэтымі самымі рукамі: зьвярніце ўвагу на ўласныя пальцы, якія прагна ўчапіліся ў палі! “А пасеенае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе словы і разумее, і плод прыносіць, і дае адзін сто, другі шесьцьдзесят, а той трыццаць” (Мацвея 13:23). Дасёньня беларус, які трапляе на чужыну – што ў Сібір, што ў Амэрыку, што ў Аўстралію – інстынктыўна згінаецца, унураецца ў зямным паклоне, і бач ты, ужо градкі з бульбаю ды гуркамі, ды яшчэ палісаднік з кветкамі.
Капаць зямлю – галоўнае беларускае хобі. Для нашага чалавека глеба заўжды была як кавалак хлеба: хоць бяры ды еш. “Зямля” – якое насычанае, смачнае жыцьцё!
Тлумачэньне ўсяму гэтаму простае: беларусы вельмі любяць зямлю. Той самы родны кут – як ты мне мілы! – зь якога сам беларус жыве, токі якога з сокамі, солямі й ёнамі пульсуюць у ім штосэкунды, абуджаюцца зь вясною і назапашваюць сілы ўвосені. Свая “малая зямля” зьяўляецца галоўнай крыніцай нашага прыватнага патрыятызму.
Беларус і яго зямля – гэта вечнае каханьне. Да самое труны.
Гомель? “Гомсельмаш”, сходу адкажа сярэдні беларус. Гомель робіць цукеркі й сьпінжакі. Зразумела, чарнобыльцы й усё такое. Гомель, Гомель, ведаю адтуль пару чалавек… А, яшчэ там палац на купюры ў 20 тысячаў.
Паспрабуем разабрацца, што значыць Гомель насамрэч. “Гомсельмаш”, галоўны гарадзкі завод, калісьці выпускаў 70% корма- й сіласаўборачных камбайнаў у СССР. Многія зь іх так і зьбіраюць травы й кармавыя сумесі на палёх паловы плянэты, у краінах былога сацлягеру й трэцяга сьвету – у поўнай адпаведнасьці з нацыянальным слоганам “Касіў Ясь канюшыну”. Сёньняшні “Гомсельмаш” ужо далёка ня той, але масавая сьвядомасьць дагэтуль машынальна камплектуе вобраз Гомеля як горада-камбайна, сымбалю мірнага жыцьця, прызначанага для працы на велізарных абшарах.
Гомель – абоз і шпіталь чарнобыльскае зоны, гэта праўда. Гомельшчына найбольш з усіх беларускіх рэгіёнаў паражаная радыяцыяй, русыфікацыяй, сьнідам, злачыннасьцю й наркаманіяй. І гэта здаўна: для захопнікаў і драпежнікаў любое масьці гомельская зямля была ўскраінай пад сьметнікі, лепразорыі й хімічна шкодныя вытворчасьці. Але адказам на прыніжэньні, эпідэміі й катастрофы стаў нечаканы рост Гомелю. Зараз гэта другі па велічыні горад Беларусі з паўмільёнам жыхароў. Гомель выжываў, памнажаўся, рос, бы на дражджах, і адольваў любыя няшчасьці наколькі беларускай, настолькі й хрысьціянскай зацятай цягаю да жыцьця.
Вітальная магутнасьць, жыцьцялюбства й плоднасьць скразяць у кожным куточку, у кожным кавалачку горада. Нацыянальная стоеная сіла прымушае ўсё гомельскае вобмірг пускаць карані, прабівацца праз асфальт да неба й квітнець. Нездарма сэрца Гомелю – раскошны палац з паркам Румянцавых-Паскевічаў – разьвінае цудоўны раёк “горада-сада”, які яшчэ ў пачатку XX ст. Адам Кіркор у “Жывапіснай Расеі” назваў “лепшым з уезных местаў Беларусі”.
Чытачам усіх часоў і народаў варта ведаць, што цэнтральная бібліятэка Расеі, адна з найбуйнейшых на плянэце, пачалася якраз у Гомелі: напрыканцы XVIII ст. заснавальнік палацу й уладальнік горада мэцэнат граф Румянцаў сабраў тут 6 тысячаў беларускіх манускрыптаў, друкаў і выданьняў, перавезеных затым у сталіцу імпэрыі й зробленых асновай Расійскай Дзяржаўнай Бібліятэкі (зараз больш 40 мільёнаў тамоў). Такім чынам, Гомель зачаў галоўны кнігазбор савецкага народу – між іншым, калісьці самага чытаючага ў сьвеце.
Найбольш знакаміты гомельскі – Андрэй Грамыка, у 1957-85г.(!) міністр замежных справаў СССР. Асоба-эпоха. Быць дыпляматам №1 часоў халоднае вайны, на піку магутнасьці Савецкага Саюзу, у эру Карыбскага крызысу, Праскае вясны, касьмічнае гонкі, Віетнама, Афганістана й барацьбы за мір ва ўсім сьвеце, перасядзець на гэтай пасадзе Хрушчова, Брэжнева, Андропава й дажыць да самога Гарбачова – што ні кажы, фэномэн, у якім адчуваецца незьнішчальная жывучасьць і глябальны патэнцыял Гомелю.
Калі патрэбна, Гомель умее ўвасобіць усю сваю сілу ў яркую, эфэктную ўспышку – быццам тая рысь, што замерла на ягоным гербе.
Гомель – беларуская брама, расчыненая для паўднёвых стэпаў Чарнамор`я, мусульманскае цывілізацыі ды ўсяе неахопнае Азіі. Гэтаксама, як Магілёў нацэльвае Беларусь на Ўсход, Віцебск – на Поўнач, Горадня й Берасьце – на Захад, Гомель “адказвае” за Поўдзень. Геапалітычнае значэньне Гомелю пераацаніць немагчыма. Якраз на гэтым кірунку ВКЛ пашыралася найбольш: глыбіня прарыву беларускай экспансіі перавышала 1000 км. Гомель трымае варту ля прывідаў Кіеўскае Русі ды затушанага рэактару Чарнобыльскае АЭС. Гомель пільнуе стык Беларусі, Украіны й Расеі – стратэгічную кропку ўзаемнага прыцягненьня й адштурхоўваньня, цэнтар цяжару славянскага сьвету, пункт, у які ўвесь час, быццам на ядзерную кнопку, тыцкаюць адэпты “рускага трыадзінства”. Разгортваньне беларускае місіі ў кірунку Кіева, Крыма й Каўказа, выхад да “цёплага мора” й ахоп арабскага сьвету – задача, вартая Гомелю зь ягоным неверагодным жыцьцялюбствам.
Горадня – горад-палац, ансамбль каралеўскага бляску, цэльны кавалак Захаду зь відам на эўрапейскую сучаснасьць і беларускую будучыню.
Горадня – горад Вітаўта Вялікага й Сьцяпана Батуры, Вольгі Корбут і Васiля Быкава. У Горадню трэба заходзіць, як у касьцёл, пачцiва схiляючы голаў. Перад намі – сталіца беларускага каталіцтва, хрусталёвы замак у вусьці Панямоньня, цуд люстранае агранкі накшталт фантастычнага паланьціру, у глыбіні якога можна ўгледзець тайныя ўявы й прарочыя адкрыцьці.
Напрыканцы XVIII ст. Антоній Тызэнгаўз, падскарбі літоўскі й гарадзенскі стараста, ператварыў старажытную Горадню ў горад мануфактураў, клясічны цэнтар эўрапейскае адукацыі, навукi ды культуры. Тут зьявілася знакамітая Мэдычная акадэмія, батанічны сад, тэатар і опэра. Тут пачаўся выраб тканінаў і дываноў паводле лепшых галяндзкіх узораў, пасаў кшталту слуцкіх, каштоўнае кафлі й мастацкага ліцьця. Тут выраблялі шэдэўры гарадзенскага шкла: келіхі, кубкі, кварты з шліфаванымі лінзамі, гравіраванымі кампазыцыямі, што фрызападобна апаясвалі посуд, шклянымі архітэктурнымі пэйзажамі, крышталёвымі надпісамі ды партрэтамі.
Горадня сама – бліскучы крышталь заходняе традыцыі Беларусі, у якім наймалейшы агеньчык дае фэерыю зьзяньня. Горадня – вялізная гранёная прызма, скрозь якую мы пазіраем у далячыні эўраатлянтычнае цывiлiзацыi, і празь якую можам кшталтаваць беларушчыну для Нямеччыны, Ангельшчыны, Італii.
Горадня – заходняя вітрына нацыянальнай iдэi. У гэтай сталіцы беларускай празрыстасьці, у гульні сьвятла й мiгценьнi гістарычных момантаў ісьціны адлюстроўваліся ясныя абліччы беларускай велічы. Тут выкоўваліся адточаныя фразы Каліноўскага й шліфавалася аптычная дасканаласьць прозы Быкава, тут зазьвінеў камэртон Літоўскае капэлы, славутага беларускага аркестру XVI ст., і ўспыхнула супэрзорка спартовае гімнастыкі Вольга Корбут.
У савецкі час Горадня – наш Захад! – выпускала радыёпрымачы “Акіян” і аўтамагнітолы, якія слухаў увесь Саюз. У Горадні здымаліся культавыя “Белыя росы” й найпапулярнейшы фільм эпохі Перабудовы “Маё імя Арлекіна”. На гарадзенскім “Азоце”, быццам у мітах альхімii, пачалі перапрацоўваць чыстае паветра ў мінэральныя ўгнаеньні, грануляваны карбамід, капралактам і салетру.
У Горадні захавалася найбольш храмаў сярод усіх беларускіх гарадоў, і невыпадкова – яна ўвесь час была цытадэльлю нацыянальнага духу. Ва ўнікальнае Каложскае царкве XII ст. са старажытнымі мазаiкамi й галасьнiкамi, у кляштарах дамiнiканцаў, францысканцаў, кармэлітаў, езуітаў, нават у ратушы, дзе – цудоўная гармонія! – пачаргова старшынявалі каталiцкi й праваслаўны бурмістры, Горадня ювэлірна апрацоўвала сьвятло Царства Нябёснага і дасягала эфэкту сапраўды містычнага.
Караткевіч увогуле сьцьвярджаў, што Хрыстос прызямліўся у Гародні.
Абаронцы празрыстасьці, гарадзенцы бліскуча біліся зь любым ворагам, адстойваючы сваё крышталёвае каралеўства. Давід Гарадзенскі, зяць Гедзіміна, дзесяткі разоў граміў тут крыжакоў; адсюль, ад Каложы, Вітаўт павёў войска на Грунвальд; тут застаўся жыць да самае сьмерці пераможца Івана Жахлівага Сьцяпан Батура. І гэта тут, пад стваламі расейскіх гарматаў у 1793 г. адбыўся апошні немы Сойм Рэчы Паспалітай: крохкую Карону грохнулі вобзем на асколкі. З Горадні кіраваў паўстаньнем на Беларусі Кастусь Каліноўскі, выдаючы ў суседніх лясох “Мужыцкую праўду”. У Горадні вастрылі стыль Ажэшка й нобэлеўскі ляўрэат Рэймант, крышталізаваў мову Браніслаў Тарашкевіч. У Горадні выходзіла “Пагоня”. Рыцары Горадні ведаюць, чаго гэта варта: захаваць люстраныя замкі, палацы шыкоўнага шкла й касьцёлы сьвятарнае чысьціні ў цэласьці на стыку нямецкае, расейскае й польскае экспансіі.
Таму Горадня – горад гонару. Арыстакратычны, элегантны й выкшталцоны, месцамі цырымонны – і будзьце ласкавыя з гэтым лічыцца. Па-шляхецку афіцыйны, па-каталіцку прыстойны, інтэлектуальны, з глянцавымі блікамі лаціннае польскасьці.
Высакародны, быццам той алень Сьвятога Губэрта з крыжам на гарадзкім гербе – у грацыёзным скачку цераз ажурную агароджу.
Дзьвіна пачынаецца на Валдайскім узвышшы – там жа, дзе Дняпро ды Волга, з крывіцкіх ключоў. Імклівая, поўная халоднай моцы, яна зьбірае воды ўсяго беларускага Паазер’я, струменіць скрозь узгор’і, кіпіць на парогах і ўзразае Рыжскае ўзмор’е з магутнасьцю 5.000 кубамэтраў у сэкунду.
Дзьвіна хлынула ў гісторыю Беларусі ў Х стагодзьдзі, з прыняцьцем хрысьціянства й уздымам Полацку. Дзьвінская плынь была галоўнай артэрыяй старабеларускае дзяржавы, і вызначала вэктар полацкае экспансіі. Зь ёю нас выносіла ў сьвет сярэднявечнай эўрапейскай цывілізацыі. Гэта па берагах Дзьвіны былі расстаўленыя легендарныя Барысавы камяні – хрысьціянскія помнікі з малітоўнымі надпісамі й крыжамі. Дзьвіна, сьцюдзёная й бурлівая, вяла рэй у Беларусі некалькі стагодзьдзяў запар.
“Берагі Дзьвіны срэбныя, а дно яе залатое!” Дзьвіна ў пару Залатога веку пастаўляла ў Вільню ды Рыгу столькі цудоўнае ласасіны, міногі, фарэлі, тайменю, судаку, вугроў, лінёў, уюноў, колькі ні адна мясцовасьць на ўсім узьбярэжжы Балтыкі. Праз Полацк, Дзьвінск, Віцебск з ганзейскае, галяндзкае, швэдзкае, польскае Балтыкі ва Ўсходнюю Эўропу йшоў найбагацейшы гандлёвы паток. Галоўны ўдар ўварваньня Івана Жахлівага ў Інфлянцкае вайне 1561–69 гг. быў накіраваны на ключавы Полацк: кантроль над Дзьвінай дазваляў Маскве схапіць ВКЛ за горла.
Падзьвіньне – край дзікі й таемны, узараны ледавіком і напоўнены талымі водамі, насычаны падысподняй марэнай, глыбокімі глінамі й гіганцкімі скандынаўскімі валунамі. Падзьвіньне, беларуская Поўнач з больш суворымі й сьнежнымі зімамі, з дыханьнем Арктыкі і зьверам у таёжных гушчарах, захоўвае адвечны холад нашага ледавіковага пэрыяду.
Дзьвінская вада ўспаіла Рагнеду, Альгерда, Усяслава Чарадзея. Дзьвіна цякла ў жылах вялікіх палачанаў – Эўфрасіньні, Сімяона й Францыска Скарыны. Дзьвінскія прытокі карэняцца ў жыцьці Ільва Сапегі й Васіля Быкава, Васіля Цяпінскага й Рыгора Барадуліна. Дзьвінскія беларусы моцныя, рашучыя й халаднакроўныя. З характарам.
Дзьвіна – ідэальнае люстра для Сафійскага сабору, віцебскай Дабравешчанскай царквы й наваполацкага “Паліміру”. Дзьвіна – выток нацыянальнай гісторыі, бліскучая цеціва, нацягнутая для стрэлу праз усе паўночныя моры. Дзьвіна – прарыў беларускай місіі ў велізарны й сьветлы эўрапейскі абшар, аб’яднаны Балтыкай: Швэдзію, Фінляндыю, Данію, Нарвэгію, Латвію, Эстонію, Нямеччыну. Дзьвіна, даўняе зьвяно вараскіх вандравальнікаў, зьвінае воды зьледзяненьня й зводзіць іх пад палярнай зоркай дамоў, да берагоў Гіпербарэі. Дзьвіна, быццам віно, сьцюдзёнае й гаручае, увесну ўскрывае лёд са звонам разьбітага шкла – і напаўняе ўсю велізарную чашу Паазер’я хмельным ды пранізьлівым халадком.
Дняпро, нашая найвялікшая рака, працякае праз сэрца этнічнае Беларусі. Так сьвятло праменіць з глыбіняў гэтай чыстай краіны. Так боль праходзіць празь беларускую гісторыю. Так скразіць у душы проза Караткевіча.
Дняпро працінае Беларусь, як бляск маланкі.
Дняпро, Днабрус, Барысфэн, вядомы яшчэ Цэзару й апосталу Паўлу, зьнітоўваў старажытную Русь ад самых варагаў да грэкаў. Дняпро хрыбтом трымаў ВКЛ у Сярэднявеччы. Нарэшце, Дняпро са сваімі прытокамі злучаў увадно разарваны народ часоў Рэчы Паспалітай і Расейскай Імпэрыі.
Каб уявіць сабе велізарную сілу беларускае вады, сакавітасьць нашае набрынялае зямлі, усю моц беларускай волі – трэба пераплысьці Дняпро. Напрыклад, там, дзе ў 1514 г. яго фарсіравала войска Астроскага – дзёрзка, бурліва, навідавоку 80-тысячнай арміі маскоўцаў, разгромленай сходу. Або там, дзе тапілі царскіх стральцоў падчас Магілёўскага паўстаньня 1661 г. Або пад Рэчыцай, у месцы крывавай пераправы савецкіх войскаў улетку 1944 г. з апэрацыяй “Багратыён”. Татары, казакі, немцы, масква, перасякаючы Дняпро, ускрывалі Беларусі вены. Ва ўсе гады Дняпро, гэтую грандыёзную рану, перапаўнялі кроў, пот і сьлёзы Ўсходняй Эўропы. У Дняпры не змаўкае пляск вёслаў князя Ўсяслава, паланёнага разам з сынамі на аршанскім беразе. Па Дняпры ніяк не сплывуць пачварныя завалы целаў забітых – з-за якіх жыхары “месяц вады не півалі й рыбы не ядалі дзеля вялікага гнюсу трупу маскоўскага”. Дагэтуль сочацца, сьцякаюць з крывёю ў Дняпро жыцьці кожнага другога беларуса, зьнішчаных падчас расейскага генацыду на Смаленшчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне ў страшнай Невядомай вайне 1654-67 гг. Віруюць у дняпроўскіх глыбінях холад і голад, усплывае беларускі боль апошніх стагодзьдзяў акупацыі. Плыве па Дняпры ладзьдзя роспачы.
Дняпро зьбіраў воды з усяе Беларусі для хрышчэньня Ўладзіміра: усходняе славянства амывалася дзеля збавеньня ў гэтай вадзе. Дняпро нёс Эвангельле зь Візантыі да Полацку й Ноўгараду, і з вараскага ды нямецкага каталіцтва – да праваслаўных грэкаў. Дняпро разбаўляў адрозьненьні й зьмешваў вартасьці хрысьціянскіх канфэсіяў, пераліваючы ў адно рэчышча жывую ваду па-беларуску… І вось праз 1000 гадоў яшчэ адзін Уладзімір, Караткевіч, у сваіх раманах ізноў павёў народ да Дняпра.
На мапе Беларусі Дняпро нагадвае велізарнае дрэва, у кроне якога шумяць беларускія лясы й точацца сокі крыніцаў. На гэтым дрэве высьпелі Смаленск, Ворша, Магілёў; на яго галінах наліліся Гомель, Пінск, Мазыр, Бабруйск з Барысавам і нават сам Менск.
Беларусь купаецца ў Дняпры. Рытуал, пачаты з Хрышчэньня, акунае нас у вялікую беларускую чысьціню і дазваляе нацыі змыць у вадзе страх мінулага, сумятню сучаснасьці, грахі вялікіх гарадоў, адкіды “ Хімвалакна ”, БМЗ, “Белшыны ” і сталічнае прамысловасьці.
Дняпро – бліскучы й іскрысты шлях да цёплага мора беларускай мары. Дняпроўская вада, раствор усяе солі й горычы Беларусі, паломнічае на поўдзень, да райскага сонца Крыму, запавольваецца, каб адстаяцца ў Чарнамор’і, плыве праз пратокі Канстаньцінопалю й гару Афон, паўз філіпійцаў, эфэсцаў і карыньцянаў – да берагоў сьвятое Палестыны. І там, на мяжы лязурнага далягляду Міжземнамор’я, ад Дняпра застаюцца адно люстраныя чысьціня й празрыстасьць, у якія так любяць глядзецца поўныя сьвятла й ласкі нябёсы.
Беларусь – краіна-крыніца.
Вобраз бліскучы, жывы й празрысты. Галоўныя рэкі Ўсходняй Эўропы выцякаюць са спрадвечных балотаў і водападелаў Міжмор’я, абжытых беларусамі. Беларускія крыніцы наталяюць вадою суседзяў: Дняпро з Прыпяцьцю – стэпавую Украіну, Нёман і Вялья – Літву, Дзьвіна – Латвію, Буг і Нарач – Польшчу. Нават расейская Волга пачынаецца на этнічна беларускім Валдайскім узвышшы, ключавой структуры ўсходне-эўрапейскае гідраграфіі. Адсюль, быццам з забытага, зарослага глухім лесам Эдэму, цякуць вялікія патокі ва ўсе чатыры стараны сьвету. Бо гэта “З Эдэму выплывала рака на арашэньне раю, і потым разьдзялялася на чатыры ракі…” (Быцьцё 2:10). Волга на Ўсход, Дняпро на Поўдзень, Дзьвіна на Захад, Ловаць з Волхавам да Ноўгарада, Ладагі, Нявы – на Поўнач.
Крыніца – ключавы сымбаль Беларусі.
Дажджы й росы, талыя воды й туманы перапаўняюць набрынялую вільгацьцю зямлю, сочацца скрозь глебу, фільтруюцца праз крышталёвыя пясочкі, намнажаюцца, а потым пад ціскам тоўшчаў мкнуць да сьвятла й паветра, і струменяць ключом чысьцюткае жывое вады. Гэтак, тыпова па-беларуску, нараджаецца цуд тварэньня Божага. Беларуская зямля крынічыць амаль паўсюль – у лесе, балотах, на дне азёраў ды схілах узгор’яў. Калі вада халодная й празрыстая – значыць, блізка крыніца. Ціхая, сьцюдзёная крынічка ў гушчары зь берасьцяным кубкам для піцьця на галінцы – такі ж фірмовы знак Беларусі, як “Песьняры”, гружаны БелАЗ або Крыж Эўфрасіньні Полацкай. “Крыніцай” называецца самае папулярнае беларускае піва, лепшыя рэстарацыі й санаторны комплекс пад Менскам. Беларуская паэзія бруіць крыніцамі скрозь, ад Багдановіча да Сокалава-Воюша.
Паняцьце крыніцы для беларускай нацыянальнай ідэі поўнае сэнсу: гістарычнага, геапалітычнага, культуровага, духовага. Беларусь – першапачатак і першапрычына сусьветнай значнасьці.
Мы глядзім тэлевізію, слухаем радыё, чытаем кнігі й газэты, на кожным кроку сустракаемся з загадкавай мэлядычнасьцю й веліччу Расеі, з рамантызмам і ўзьнёсласьцю Польшчы, манюшкамі й арэшкамі, ліцьвінамі й, вядома ж рабіновічамі, з фактамі беларускага паходжаньня тысячаў – так, тысячаў! – знакамітых паэтаў, прарокаў, правадыроў; ужо як належнае ўспрымаем родныя беларускія мясьціны галівудзкіх зорак, ізраільскіх дзеячоў, амэрыканскіх кангрэсмэнаў і эўрапейскіх славутасьцяў, знаёмае ў імёнах, фразах, асацыяцыях – і нават не даем сабе справаздачы, што так багата істотнага бярэ свой пачатак у Беларусі!
Азірніцеся вакол. Зацінае дых, аж хочацца плакаць ад жалю і шчасьця: адлюстраваньні самае сьветлае й ахвярнае ў Эўропе любові, пералівы найглыбейшае сьпеўнасьці й мяккасьці, пробліскі яснае й глыбокае, ціхае, цярплівае прыгажосьці – вось ад чаго на велізарным абшары млее Расея, вось чым пыша Польшча, вось чым зьзяе Ізраіль, вось што калыхаецца, кіпіць і сьвеціцца, прабіваючыся да сьвятла з-пад зямлі, ад Белага мора да Чорнага, ад Атлянтыкі да Ціхага акіяну!
І калі вы пачуеце ўлюбёнае поўнагалосае аканьне і сьціслае, быццам птушынае ціўканьне, дзеканьне й цеканьне, памяншальна-ласкальныя абароты праз слова, мілыя ноткі, знаёмыя зь дзяцінства, у пастаянных спасылках, канчаткі на “іч – ыч”, “онак –ёнак”, і “эня – еня”, кропелькі роднасьці ў тытрах ды цытатах, калі вы адчуеце гэтыя шчырыя й чыстыя токі, пранізлівы рытм вялікага Сэрца ў пульсах Кіева, Вільні, Варшавы, Масквы, Піцера й Ерусаліма – шукайце беларускіх крыніцаў.
Вы пачынаеце адчуваць, што перад вамі чыстая, як сьляза, беларускасьць. І што гэта? Вашыя вочы міжволі робяцца крыніцамі.
У невычэрпным альтруізме, якім, як крывёю, сплывае Беларусь, якім пяюць і пояць беларускія крыніцы, празрыста бруяць эвангельскія словы Хрыста: “Хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, той ня спрагнецца вавек; а вада, якую Я дам яму, зробіцца ў ім крыніцай вады, што пацячэ ў жыцьцё вечнае .” ( Яна 4:14 )
Беларускі лес – гэта лёс.
Народ, што адвеку сяліўся сярод лясоў, адваёўваў зямлю ў лесу, будаваў зь лесу хату і агароджваў яе лесам ад лесу, здабываў у лесе мяса, футра, грыбы, ягады да арэхі, і хаваўся там ад ворагаў – такі народ звыкся ўтульна жыць сярод шолахаў і шэптаў, у чуваньні, поўным значэньня й тайны, шукаць крыніцаў, паляваць, пільнаваць, і ціха казаць пра самае-самае важнае.
Сёньня лясы займаюць больш за 1/3 беларускае зямлі. Беларускі лес – гэта 50 тыс. т. ягадаў, 60 тыс. т. грыбоў і 500 тыс. т. бярозавага соку за сэзон; 206 млн. сеянцаў і саджанцаў, 31,5 тыс. га лесааднаўлення штогод. Белавеская і Налібоцкая пушчы – апошнія куткі калісьці бяскрайняга запаветнага беларускага лесу, якім ён быў тысячагодзьдзі таму.
Беларуская душа час ад часу сыходзіць у лес. Калі немагчыма трываць, калі становішча безвыходнае, калі набліжаюцца сусьветныя катастрофы – на беларуса нападае дрымучы настрой. У такую пару яго можна знайсьці толькі ў гушчарах, на беразе казачнае, соннае лясное рачулкі, у партызанскае зямлянцы ля сьціплага агеньчыку. Беларуская самота ў лесе пачуваецца найлепш.
“У хваёвым лесе маліцца, у бярозавым любіцца, у дубовым – волю каваць, а ў яловым душу прадаваць” – кажуць у народзе. Показка сымбалічная – асабліва калі ўлічыць, што хвоя складае больш 50% беларускіх лясоў, бяроза дае 21%, елка – 10%, вольха – 8%, дуб – 3,5%, асіна – 2%. Можаце самі вылічыць формулу зарослае, запушчанае беларускае душы, белавескае пушчы, прызначанай для малітвы й поўнай любові, дзе адна дзесятая – цёмны лес, і кожнае пяцідзесятае дрэва – юдава асіна.
Беларускі лес сымфанічны. Нацыянальны сакрэт яго ўнікальнае гармоніі, разнастайнага хараства – усё той жа, што й у фэномэнах беларускага міжмоўя, культуровага сынтэзу й сустрэчы канфэсіяў. Тут, на водападзелах Эўропы, у імшарах, чарнічніках і верасах сыходзяцца ўвадно і таёжныя хваёвыя лясы, і мяшаныя міжземнаморскія, і вербалозы рачных далінаў, і балотнае кустоўе. Беларуская хвоя на пясчаных і супясчаных грунтах, маючы досыць вільгаці й прахалоды, выцягваецца ў неба стромымі, звонкімі арганнымі трубамі – і стварае сьветлыя, чыстыя, духовыя гімны: Бараўляны, Баравуху, Гарачы Бор, Чырвоны Бор, Баркі і Барцы. Эпічныя падняпроўскія дубровы, ельнікі ў гарах Лагойшчыны, серабрыстыя асіньнікі над Нёманам і ўзорыстыя кляновыя гаі ў менскіх прыгарадах – вы толькі паглядзіце, Беларусь уся як велізарны аркестр, у чаканьні ўзмаху дырыжорскае палачкі!
У кожным беларусе адгукаецца гул лясное стоенае сілы, трапятаньне лісьця ад птушыных крылаў, аксамітная пяшчота імхоў, і прыглушаны хор з самых нетраў, тысячагалосы гоман стварэньня Божага… Як гэтага не хапае сёньняшняму Захаду! Беларусь яшчэ зробіць найкруцейшы бізнэс на лясным турызме й камэрцыйным паляваньні, на разьвядзеньні пушнога зьвера й экспарце дзікіх грыбоў ды ягадаў. Беларусь яшчэ раскрые ўсяму сьвету нетры свае душы, яшчэ навучыць малітоўнаму шэпту састарэлую Эўропу.
Але пакуль, цяпер беларускі лес дрэмле. Толькі ў верхавінах, на струнах ветру, на самым вастрыі хваёвых іголачак, дрыжыць невымоўны, найвышні згук… Вы чуеце? Гэта ня лес. Гэта лёс.
Магіла льва, сказаў Купала.
Горад зь гербам-брамай ды збройным рыцарам на маскоўскім кірунку, гандлёвая сталіца ВКЛ, расейская стаўка ў І сусьветнай вайне – беларускі ключ да Крамля. Магілёў, якім Беларусь нацэленая ў самую глыбіню Расеі, факусуе ў сабе ўвесь драматызм стасункаў і ўсю моц змаганьня Белае Русі зь Вялікай Імпэрыяй. Магілёў – геапалітычная кропка апоры на лініі рычага Менск-Масква, з дапамогай якога раз-пораз можна было перавярнуць паў-сьвету.
У назове “Магілёў” закладзеная і “магіла” – так, тут шмат што хавалі – і магутны корань “магчы”. Праз Магілёў Беларусь увесь час спрабавала адчыняць і перамагаць Расею. Магілёў, быццам моцны магніт, яе заўжды прыцягваў і адштурхоўваў. Велічная панарама гістарычнага цэнтру Магілёва лепш за ўсё сьведчыць пра гэтую супярэчнасьць незвычайнае сілы: разлом Дняпра, што расколвае далягляд, горы берагоў з прывідамі ўзарваных храмаў, дый сам горад, бачны вакол на многія кілямэтры – раскіданы, быццам ад аграмаднага выбуху.
Ці не таму магілёўскае паходжаньне – асаблівая прыкмета крутых хлопцаў, вядомых усяму сьвету: кіраўніка чалюскінцаў, палярніка Ота Шмідта, супэрзоркі Галівуда Кірка Дугласа, міжнароднага рэвалюцыянера Мікалая Судзілоўскага, ізраільскага прэм’ера Арыэля Шарона?
А ўсё пачыналася яшчэ зь вялікім дняпроўскім транзытам “варагі-грэкі”. У часы ВКЛ Магілёў, набіраючы сілу, апярэджваў Полацк і выконваў ролю гандлёвае брамы для Масквы: зь Бізантыі, Рыгі, Дынабурга, Гданьска й Каралеўца ўсходнія грузапатокі сьцякаліся менавіта сюды. У XVI ст. купцы складалі тут ад чвэрці да трэці ўсіх месьцічаў; паводле багацьця й ўплыву Магілёў пераўзыходзіў Вільню і лічыўся сапраўдным гаспадаром Эўразійскае эканамічнае прасторы.
Але ўжо быў абвешчаны “Трэці Рым”, ужо падымалася цемра на Ўсходзе. Масква цягам некалькіх стагодзьдзяў намагалася выкарыстаць Магілёў, апірышча беларускага праваслаўя, горад шматлюдных брацтваў і найпрыгажэйшых цэркваў, каб узламаць ВКЛ. Захоп Магілёва пад лёзунгам абароны адзінаверцаў біў Беларусь пад дых. У адказ магілёўцы высільваліся, імкнучыся зьмяніць Маскву: Пётр Мсьціславец разам зь Іванам Фёдаравым друкаваў для Расеі Біблію, магілёўскія ўмельцы несьлі ў Маскоўшчыну вытанчаныя рамёствы, а іканапісцы стваралі для яе манастыроў самыя сьветлыя абразы.
Тым часам маскоўскі націск узрастаў. З пачаткам страшнай вайны 1654-67 гг. магілёўцы наіўна адчынілі горад царскім стральцам, але потым, скаштаваўшы стралецкае ласкі, выразалі акупацыйны гарнізон пагалоўна. Пётр І адпомсьціў месцу, настолькі важнаму для Расеі, спаленьнем датла… Тая ж Кацярына Вялікая ведала, што рабіла, калі запрашала сюды ў 1780-м аўстрыйскага імпэратара Іосіфа ІІ на тайныя перамовы аб падзеле Рэчы Паспалітай: такія рэчы сапраўды вырашаюцца ў Магілёве.
Нарэшце, у ХХ стагодзьдзі роля Магілёва як беларускага ключа да Расеі дасягнула кульмінацыі. З абвяшчэньнем І сусьветнае вайны менавіта тут, на найбольш небясьпечным кірунку, разьмясьцілася Стаўка на чале зь Мікалаем ІІ. Напярэдадні рэвалюцыі Магілёў на некалькі гадоў стаў цэнтрам сілы 1/6 сушы. Адсюль апошні расейскі імпэратар тэрмінова выехаў у ахоплены лютаўскімі падзеямі Піцер, і ў дарозе выракся трону; тут у верасьнёўскую ноч 1917 г. аб’явіў сябе Дыктатарам Расеі генэрал Карнілаў (і празь некалькі дзён быў арыштаваны), а яшчэ празь месяц тут жа была прадпрынятая адчайная спроба стварыць агульнарасейскі ўрад на чале з эсэрам Чарновым. Паражаная рэвалюцыяй, Расея сутаргава намацвала ў Магілёве той самы рычаг, каб перавярнуць гісторыю.
У 1930-я гады Сталін вызначыў Магілёву ролю новае сталіцы Беларусі. Пасьпелі пабудаваць Дом Ураду, падобны да менскага, спраектаваць праспэкты й сталічныя ўстановы, сёньня для магілёўцаў прадмет асаблівага гонару. Але – вайна. Абарона Магілёва доўжылася некалькі месяцаў: немцы ўжо ўзялі Смаленск, а Магілёў яшчэ трымаўся: “За намі Масква!” Памятаеце “Жывыя і мёртвыя” Канстаньціна Сіманава? Гэта адсюль, і гэта ягоны прах разьвеяны на Буйніцкім полі пад Магілёвам. Менавіта ў Магілёве, ў 1941-м прапаў Крыж Эўфрасіньні Полацкай.
І дасёньня Магілёў, гняздо Лукашэнкі й чыноўніцкага кляну ва ўладзе, як усякі моцны магніт, нясе ў сабе той жа парадокс прарасейскасьці й антырасейскасьці. Місію крэпасьці на шляху ў Маскву, найбліжэйшага кірунку ўдару і фігурнага, беларускага ліцьця, ключа ад крамлёўскіх брамаў.
Вам цікава, што Беларусь магла б зрабіць Расеі? Спытайце ў таго, хто ўвесь час цярпеў ад Расеі, з Расеяй змагаўся й Расею ратаваў. Спытайцеся ў Магілёва!
Менск – геаграфічны фокус беларускай зямлі, крыжавіна магістральных шляхоў, пік водападзелу Міжмор’я.
Менск – сапраўднае сэрца сучаснае Беларусі.
Усё так і пачыналася, з раптоўнага ўдару ў самае сэрца. Гістарычна Менск упершыню ўзьнікае ў “Слове аб палку Ігаравым”, ужо дарэшты зьнішчаны Яраславічамі. Гэта за яго, няіснага, Усяслаў Чарадзей насьмерць рубіўся на рацэ Нямізе-крывавыя-берагі. Ужо ў разгар хрысьціянскага абуджэньня ХІІ ст у Менску мігціць будучая вялікая сталіца: менскі князь Глеб, супраціўнік Манамаха, спрабуе зьяднаць у адну краіну Полацк Эўфрасіньні, Тураў Кірылы, Смаленск Кліма й Аўрамія. Менск, старажытнае злучво паміж крывічамі й дрыгавічамі, мяжа Літвы й Русі, Усходняе й Заходняе Беларусі, Балтыкі й Чарнамор’я, Менск-Мінск, перайменаваны зь беларускай на польскую, з габрэйскай на расейскую, зь нямецкай на савецкую мову – менавіта Менск зьбірае, зьмінае і мяняе сёньня ўсю краіну. Менск – Месца Сустрэчы й эпіцэнтар нацыянальнага сінтэзу. Менск – першачарговая мішэнь геапалітыкі паміж Эўропай і Азіяй. Тут, у доміку па-над Сьвіслаччу ў 1898 г. адбыўся падпольны І зьезд РСДРП, які даў пачатак таталітарнай савецкай сыстэме. Тут праз стагодзьдзе давядзецца зьбірацца Шушкевічу, Краўчуку й Ельцыну, каб забіваць асінавы кол у труну СССР: сустрэўшыся ў менскім аэрапорце, яны адсюль адправяцца ў Белавежу. За той жа Менск, быццам за сэрца, схопіцца ў сутаргах СНД – і ў тым жа Менску ў сярэдзіне 1990-х распачнуцца адчайныя спробы рэанімацыі імпэрыі.
Калі Полацк быў сталіцай беларускае старажытнасьці, Вільня – Залатога веку, дык Менск зрабіўся сталіцай нашае будучыні.
Краіна з новым імем Беларусь сталася рэальнасьцю менавіта ў Менску. У 1918 г. тут была створаная БНР, у 1919-м разьмясьціўся ўрад БССР, а ў 1990-м – абвешчаная незалежнасьць. Сёньня ў Менску засталіся хіба толькі сымбалічныя знакі даўніны – Няміга, барока Верхняга горада, Траецкае – колішнія пункціры й контуры ў праекце будучае велічы. Але і гэтыя намёкі паглынае незвычайнае, усеахопнае адчуваньне прасторы й чысьціні.
Менск перапоўнены прасторай. Калі архітэктара, што праектаваў цэнтар пасьляваеннага Менска, спыталіся, што будзе бачыць тут, праяжджаючы, чалавек, ён адказаў коратка: “Неба.” У параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі сталіцамі зь іх вузкімі вулачкамі, аўтамабільнымі коркамі, згрувашчанай забудовай і цеснай утульнасьцю Менск настолькі ўражвае закладзенымі ў праспэкты, плошчы, кварталы й паркі аб’емамі волі, што здаецца папросту пустым.
Менск – мэгаполіс ІІІ тысячагодзьдзя, у якім пакуль няма анічога, апроч велізарнае масы людзей, паветра й калясальнага адчуваньня чысьціні й пэрспэктывы.
У Менск уваходзіш, быццам у новую кватэру. Пачынаючы з агромністага вакзалу, і да самае Серабранкі зь Зялёным Лугам пераконваесься, што месца тут хопіць абсалютна на ўсё. Адбудаваны практычна наноў пасьля вайны, Менск вырас у дзесяткі разоў і набраў у свой велізарны рэзэрвуар, быццам паветра ў грудзі, амаль два мільёны жыхароў. Канструктывізм Дома Ураду, Опэрнага, Акадэміі Навук, сталінскі ампір праспэкту Скарыны і нават элемэнтарны савок клясычнае чорна-белае гамы, уся гэтая немая ніякавасьць фармулююць прастору ў чаканьні як ідэю Менску.
Чаго чакае Менск?
Яшчэ чатырыста гадоў таму, у эпоху Залатога веку, Менск атрымаў той цудоўны герб, што тлумачыць нам і чысьціню, і прастору, і неба: “Узьнясеньне Маці Божае.” Менавіта менскі вобраз Панны Марыі, увасобленае цноты й сьвятасьці – найясьнейшы знак Божага нараджэньня ў спустошанай душы Беларусі. Маці Ісуса Хрыста, стоячы сярод анёлаў, абяцае тым, хто пакутваў, маліўся і верыў, Новы Ерусалім.
Менск, сэрца нацыі, укрыжаванае між Курапатамі, Трасьцянцом, Нямігаю й Хатыньню, канцэнтруе ў сабе духовыя сілы Беларусі – каб нарэшце стаць гарачай, адкрытай Богу сталіцай веры, надзеі й любові для ўсёй Эўропы.
Міжмор’е – адвечны стан Беларусі. Наш лёс назаўжды паміж балтыйскімі дажджамі, туманамі й прахалодай ды чарнаморскімі сонцам, ліўнямі й сьпёкай. Паміж поўначчу й поўднем, варагамі й грэкамі, халодным і цёплым, чорным і белым, пеклам і раем. Генэральны водападзел Эўропы дыяганальна раскрэсьлівае Беларусь амаль напалову. А беларусы так мараць пра мора!
Беларускія рэкі цякуць у Балтыку й Чарнамор’е. Гэты басэйн Міжмор’я – Украіна, Прыбалтыка, Малдова й прылеглыя да ўзьбярэжжаў вобласьці Польшчы й Расеі – і ёсьць натуральным абсягам непасрэднага ўплыву Беларусі, яе роднасным асяродкам і зонай яе найпершых інтарэсаў.
Вялікая беларуская вада, што напойвае ўвесь гэты рэгіён – празрысты вобраз нацыянальнай місіі ў гарлавіне Міжмор’я. Балта-Чарнаморскае Міжмор’е – месца сутокі эўрапейскае й азіяцкае цывілізацыяў, заходняе культуры, дэмакратыі й тэхналёгіі з усходняй містыкай, дэспатыяй і барбарствам.
Беларусы сфарміраваліся як нацыя ў гарманічнае раўнавазе паміж паўночна-эўрапейскай флегматычнасьцю, грунтоўнасьцю, важкасьцю й паўднёва-эўрапейскай тэмпэрамэнтнасьцю, лёгкасьцю, рухавасьцю; паміж бізантыйскім праваслаўем і рымскім каталіцызмам. У беларускае крыві Чарнамор’я й Балтыкі 50/50.
Гэта Міжмор’е зрабіла Беларусь культуровым міжмоўем і геапалітычным скрыжаваньнем.
Зрэшты, Беларусь як зямля геалягічна ўзьнялася з марскога дна: сучасная асадкавая тоўшча і ёсьць грандыёзным усходне-эўрапейскім мезазойскім міжмор’ем.
Паміж салёным морам падземных водаў і атмасфэрным абшарам нябёснае вільгаці Беларусь, краіна рэкаў, азёраў і балотаў – сама ёсьць вялізным Міжмор’ем.
У Беларусі дзявочыя вочы Нарачы.
Нарач – найбольшае возера Беларусі і найвялікшае люстра беларускіх нябёсаў, асьвечанае прысутнасьцю 500-гадовага Будслава.
Нарач на мапе падобна на сэрца – зрэшты, як і ўсё важнае ў Беларусі. Сардэчка адпачынку, поўная чаша спакою й асалоды, нарачоная беларускае харашыні, Нарач зь дзіцячым лягерам “Зубраня” й санаторнай зонай, дзе любілі спыняцца Касыгін і супэрзоркі савецкай эстрады, дзе зараз адпачываюць 100 тысяч чалавек штогод – наш Артэк, наша Сочы, наша Майамі. Увогуле, Нарач – беларускае мора, а гэта нешта ды значыць.
Возера плошчай 80 кілямэтраў квадратных, у катлавіне глыбінёй да 25 мэтраў, падпружанае ледавіковай марэнай у адгор’ях Сьвяньцянскіх градаў, сярод пэрлаў іншых вазёраў, на рачных пратоках незвычайнае чысьціні. Вада з Нарачы цячэ ў Вільню – і Вільня жменяй чэрпае Нарач.
Нарач – цуд Беларусі. Вада амаль паўсюль празрыстая да дна, рэліктавыя расьліны, рыба быццам у велізарным акварыюме, эўрапейскі вугар і амурскі сазан. Хараство, пяшчота й ласка ціхай, мілай беларускай прыроды. “Нарач” – хоць да раны прыкладай!
Нарач – наша маленькая мара. Гэткая раскоша па-беларуску, быццам “Нарачанскі хлеб” у краме. “Паехалі на Нарач!” – гэта для сярэднестатыстычнага беларуса нумар з разраду “люкс”. “На Нарач” – значыць, шыкуем.
А ночы на Нарачы!… У часы застою заслужаныя трэнэры БССР прывозілі сваіх выхаванцаў нанач на нарачанскую турбазу, і на досьвітку вялі да возера. Шыхтавалі на ўзыходзе сонца перад Нараччу, напоўненай сьляпушчым сьвятлом, насустрач зары па-над цэлай краінай. “Вось яна, дзеткі, вашая Радзіма. Вось за гэта вы церпіце, жылы рвеце. За гэта будзьце гатовыя й жыцьцё аддаць.” Нарач – любы пацалунак любому беларусу.
О Нёман, “і песьня, і слава!..”
Нёман – немы раман нацыянальнае ідэі. Выцякаючы з самых глыбіняў беларускае душы, Нёман зьбірае ўвадно ўсю празрыстасьць, усю чысьціню Заходняй Беларусі, скрозь прасякнутай тонкімі капілярамі рэчак і ручаёў.
Натхнёнае Панямоньне, цудоўны й таямнічы край, падсьвядома знаёмае любому беларусу: калыска Вялікае Літвы люляе генэтычную памяць кожнага тутэйшага. На мапе дастаткова ўватнуць іголку цыркуля ў Вільню, і радыюсам прыкладна да Менску адкроіць усю Паўночна-Заходнюю Беларусь: захад Віцебшчыны па самае Глыбокае, нарачана-вілейскія ваколіцы Меншчыны ўлучна з Налібоцкай пушчай, паўночную грыву Берасьцейшчыны – так, каб уся Гарадзеншчына апынулася ў зачараваным паўколе. Вось яна, перад вамі, небясьпечная зона, якую баяцца крануць нават маштабна-штабныя расейскія геапалітыкі. Фундамэнтальная Беларусь, у якой так і скразіць мэнтальнасьць. Капітальнейшая анамалія, страшна магнітная, прыцягальная, як прадоньне, з полюсам у мястэчку Суботнікі, Івейскі раён, дзе нарадзіўся геній чыстага беларускага нацыяналізму Зянон Пазьняк. Менавіта Нёман – улюбёны напой невычэрпнае беларускае рамантычнасьці. Творцы ў захапленьні ад Нёмана. Нёман – плынь сьвядомасьці лепшае беларускае паэзіі: Міцкевіч, Колас, Купала, Геніюш чарнільнымі струменьчыкамі працягвалі нёманскія прытокі ў вечнасьць. Ня трэба мець абсалютнага слыху, каб пазнаць мэлёдыку Нёмана і ў гімнах Агінскага, і ў опэрах Манюшкі, і ў фальклёрных зборніках Чачота. Затуманены Нёман ператварае беларушчыну са сну ў рэальнасьць, з рэальнасьці ў казку, а зь зямнога ў нешта паветранае й нябёснае. Напэўна, таму гарадзенская тытунёвая фабрыка, шклозавод і саўгас у Шчучынскім раёне – далёка ня самае лепшае ў Беларусі, што можа іменавацца “Нёманам”. Нёман бруіць вадзіцай з усіх крыніцаў усіх сталіцаў ВКЛ і задзіночвае Наваградак зь Вільняй, Крэва з Трокамі, Горадню зь Нясьвіжам. Нёман – ярдан беларускага габрэйства. Валожын, Мір, Івянец, Слонім – асабліва важныя месцы для юдэяў усяго сьвету: тут працавалі найзнакамітшыя іешывы й нараджаліся бацькі дзяржавы Ізраіль. Басэйн Нёмана – агромністы амфітэатар, што ўздымаецца да галоўных водападзелаў Міжмор’я – Менскага, Лагойскага, Вілейскага ўзвышшаў, Копыльскае ды Сьвяньцянскае градаў. Авансцэна Залатога веку беларускай гісторыі, што адкрывае Беларусь Захаду. Эталён беларускага нацыянальнага краявіду: узьнёслага, узгорыстага, вытанчанага да найвышэйшае ноткі, напоенага чыстым паветрам, празрыстай вадою й болем любові. Хвалюючага, быццам плынь самога Нёмана. “Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман” – назваў свой захапляючы нарыс пра Беларусь Юрка Віцьбіч. Невыпадкова так. Бо Нёман – галоўная пульсуючая жыла беларускага хрысьціянства. На мапе канфэсіяў басэйн Нёмана ўтварае навукова зарэгістраваны німб: менавіта тут канцэнтруецца большасьць каталіцкіх парафіяў ды праваслаўных прыходаў Беларусі й амаль палова пратэстанцкіх грамадаў. Панямоньне, дзе цэрквы, касьцёлы й малітоўныя дамы па-сямейнаму глядзяць у вокны адно аднаму на цэнтральных плошчах, і ёсьць тым самым месцам сустрэчы, якое нельга зьмяніць. Панямоньне напоўненае жывой вераю. Тут сапраўды штодня моляцца Богу. Тут людзі не саромеюцца стаць на калені ў храме ды славіць Ісуса Хрыста на ўвесь голас. Тут нават мары дыхаюць Духам Сьвятым. Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман…
Сярод беларускіх азёраў, рэкаў і крыніцаў ніяк ня можаш пазбавіцца адчуваньня, што ты ўжо чытаў пра гэта ў самай важнай кнізе. Ну, вядома ж! “І ты будзеш як напоены вадою сад, і як крыніца, воды якой ніколі не перасыхаюць” (Ісайя 58:11). Беларусь перапоўненая вадою з самых нетраў. 43,5 трыльёнаў кубамэтраў, зь якіх 50 мільёнаў зямля гатовая даваць у суткі – вось адзін з галоўных нацыянальных рэсурсаў, наш стратэгічны запас і наша невычэрпнае багацьце. У нас пад нагамі азёры, рэкі й балоты куды большыя, чым на паверхні. Беларусь належыць да самых багатых на чыстыя падземныя воды краінаў Эўропы – праблемы недахопу вады, у адрозьненьні ад многіх рэгіёнаў і буйных гарадоў сьвету, для нас папросту не існуе. Геалягічна Беларусь уяўляе зь сябе гіганцкі купал фундамэнту, што ўзвышаецца над ускраіннымі западзінамі – купал Беларускай антэклізы, зь якога крынічыць намножаная й адфільтраваная падземная вада. Беларусь поіць нас сваім празрыстым сокам праз студні, калёнкі й артэзіянскія сьвідравіны. Глыбей падземныя воды мінэралізуюцца, набываюць у тоўшчах смак солі, ледзяную сьвежасьць і гаючыя ўласьцівасьці. Беларусь мае дзесяткі мінэральных крыніцаў – пад Менскам, у Берасьці, Рагачове, Барысаве – і раскручаныя маркі беларускага нарзану: “Дарыда”, “Менская – 4”, “Бярэзіна”. Між іншым, мы прадаем мінэралку суседзям і экспартуем яе за нафтадаляры ў краіны Пэрсідзкае затокі! Калі пагружацца яшчэ глыбей, у разагрэтых нетрах на глыбіні больш 1,5 км воды ператвараюцца ў тэрмальныя расолы – унікальную гарачую вадкасьць, насычаную хімічнымі элемэнтамі паловы табліцы Мендзялеева. Ужо ў бліжэйшы час Беларусь зможа здабываць бром, ёд, бор і рэдкія мэталы з такіх канцэнтраваных расолаў: іх запасы велізарныя, мінэралізацыя дасягае 500 грамаў рэчыва на 1 літр вады, а дэбіт сьвідравінаў – да 70 мэтраў кубічных штогадзіны. Цэлае салёнае мора пад беларускай зямлёй – быццам Мёртвае ў глыбі Ізраілю. Падземныя воды – поўня цуду Божага для Беларусі. Вось яно, сэрца Эўропы, напятае мільярдамі тонаў сьвежай салёнай крыві!
“Спакойна і павольна, як у зачараваным сьне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну” – у беларускіх школах гэтыя радкі з “Дрыгвы” Якуба Коласа, быццам закляцьце, вучаць на памяць.
З касьмічных вышыняў Палесьсе нагадвае велізарны ліст папараці, жылы якога сьцякаюцца ў Прыпяць. Агульная даўжыня прыпяцкіх прытокаў перавышае працягласьць зямнога экватару: 50 тысячаў кілямэтраў! Палескія балоты, гушчары й тысячы зарослых старыцаў – жывая казка для паляўнічага й рыбалова.
Прыпяць пранікае каранямі ў тайны старажытнае беларускае гісторыі – Тураў, Пінск, Слуцк, Давыд-гарадок. Калі папрасіць, Прыпяць прыпомніць і хрышчэньне Тураўскага княства, і пераправы татарскіх загонаў, і казацкія ўварваньні, і кроў ды трупы ворагаў, што сплывалі па рацэ пасьля літоўскіх пагоняў. Прыпяць – люстра нацыянальнага характару, партызанскай псыхалёгіі й стоенай сілы беларусаў. Сьціплая й глыбокая, яна ўвесь час выгінаецца, зьвіваецца, але пры гэтым няўхільна трымае адзін кірунак. Спакваля, ды ўладна яна прыцягвае да сябе воды ўсяго аграмаднага, набрынялага рэкамі, крынічкамі й балотамі Палесься ад заходніх да ўсходніх межаў Беларусі – і вы толькі паглядзіце, як выбухае ўвесну ды ўвосені!
Паводка на Прыпяці – найвялікшае відовішча ў Беларусі. З таяньнем сьнегу або дажджамі вада пачынае прыбываць штогадзіны. Берагі ўмомант захлынаюцца, дрэвы тонуць да верхавінаў, палі, лясы й дарогі залівае дакуль хапае вачэй – да 30 кілямэтраў! – і ўвесь гіганцкі патоп, віруючы ў ямах, нясе на ўсход паў-Беларусі. І жудасна, і велічна сярод гэтае неагляднае плыні горбам ўздымаецца вадзяны хрыбет – там, дзе зь імклівым напорам бурліць і струменіць рэчышча.
Прыпяцкія разьлівы й балоты Палесься былі смутна знаёмыя нават бацьку антычнае геаграфіі Герадоту як мора. Насамрэч, Палескае мора – гэта ня міт. Сотні мільёнаў гадоў тут панавала сапраўднае салёнае мора, якое намнажала кілямэтры асадкаў. Пад іх цяжарам зямная кара апускалася на глыбіню, утвараючы галоўную скарбніцу беларускай зямлі – Прыпяцкі прагін. Сучасны басэйн Прыпяці зьмяшчае ў сваіх нетрах найбуйнейшыя ў Эўропе радовішчы калійных і каменных соляў, тоўшчы бурага вугалю й сланцаў, нафты і алюміневых рудаў, пяскоў і торфу, запасы падземных водаў і рэдкамэталёвых расолаў.
Прыпяцкая вада цёмная ад тарфянікаў, паводак і глыбіні. Калі ўглядаесься ў гэтую цемру, не забывайся – на цябе глядзіць бездань Чарнобылю. “Прыпяць” – так называўся горад у сутоцы зь Дняпром, дзе жылі рабочыя ЧАЭС. У Прыпяцкім радыяцыйным запаведніку зямля дагэтуль родзіць пачварныя дрэвы й грыбы, жывёлаў-мутантаў й страшныя жоўта-чорныя знакі паабапал закінутых дарогаў.
Прыпяць – ва ўздутых жылах натруджаных рук кожнага палешука, пінскага шляхціча ці столінскага баптыста. Вы можаце прасачыць, як яна прабіраецца ад пальцаў да перадплечча – і, будзьце пэўныя, упадае ў самае сэрца.
Беларусь – цуд некранутай прыроды. Так кажа застаўка на Першым нацыянальным канале, і гэтым разам ня хлусіць.
Беларуская прырода – значыць, Белавеская пушча, Бярэзінскі запаведнік, Блакітныя азёры й Нарач, журавінавыя заказьнікі й масівы ўнікальнага лесу, 1650 відаў расьлінаў, больш 1000 – грыбоў, 284 – птушак, 37 – зьвярэй і аж 30 тысячаў відаў насякомых. Беларуская прырода – гэта сотні рэдкіх цудаў тварэньня Божага, адныя назвы якіх гучаць як музыка: астранцыя вялікая, тафіэльдыя чашачкавая, кадзіла сармацкае, кохія шарсьцістакветная. Гэта дзівосы кшталту лімнакалянуса, кугакаўкі барадатай, або шчырыцы жміндападобнай. Беларуская прырода – гэта 12% тэрыторыі Беларусі, занятыя балотамі, 16% пад лугавой расьліннасьцю й 7 мільёнаў гектараў, укрытыя лесам. Сёньня для эўрапейскага кантынэнту Беларусь – проста прастора зь невысокай шчыльнасьцю насельніцтва, поўная сьвежай зеляніны, жывой вады й чыстага паветра.
Дыхайце глыбей! Беларусь, што знаходзіцца ў зоне папераменнага ўплыву марскіх ветраў з Балтыкі й Чарнамор’я, на стыку глябальных ляндшафтаў, на ўзгорыстых вадападзелах Міжмор’я зь ледавіковым рэльефам і багацьцем водаў, выгодна адрозьніваецца разнаякасьцю ад аднастайных суседзкіх земляў – украінскага стэпу, прыбалтыйскіх нізінаў, расейскага поля ды тайгі: Госпад Бог даў нам усю поўню адметнасьці й харашыні.
Ва ўсіх асаблівасьцях прыроды Беларусі – яе простасьці й сьціпласьці, прыхаванай сіле й мілай прыгажосьці, натхнёнасьці, мяккасьці, ласкавай пяшчотнасьці – мы лёгка пазнаем беларускі нацыянальны характар. Варта толькі зьміргнуць вейкамі іскры інею, што пабліскваюць на лапінках зімовага лесу, або акунуцца ў калыханьне сьвятла пад аграмадамі летняга лісьця, або прыслухацца да ўрачыстага сьцішанага канцэрту восеньскага дажджу, каб пачуць усе шэпты, рухі й гукі беларускае душы. Сярод нашае прыроды хутка змаўкаеш і заміраеш. Уся істота пачынае дыхаць невымоўным захапленьнем перад Божай веліччу і любоўю, спалучанымі ўвадно з найвышэйшай гармоніяй – у краіне такой сьветлай і такой ціхай!..
Дотык лісьця. Цяпло ад зямлі, як ад цела. Вада чыстае сьлязы. Вочы сінія-сінія. І дыханьне каханьня. Беларусь. Ужо сёньня палову Беларусі можна аб’яўляць нацыянальным паркам сусьветнага значэньня. Разнастайныя краявіды, санаторныя зоны, заказьнікі й пушчы па меры ўкладаньня інвэстыцыяў і арганізацыі дагляду здольныя зрабіцца ўлюбёным месцам паломніцтва эўрапейскіх турыстаў.
Чарнобыль? Чарнобыль зробіць частку Беларусі толькі яшчэ больш запаветнай. Так, і ў экалёгіі Беларусь нясе свой крыж: беларуская зямля паражаная радыяцыяй, беларуская вада паглынае ўсе сьцёкі Міжмор’я, беларускае паветра – кантынэнтальная атмасфэрная ростань. 80-85% забруджваньня тэрыторыі Беларусі злучэньнямі серы і азоту даюць замежныя краіны. Зноў белая, чыстая Беларусь прымае на сябе бруд паловы Эўропы!
Але і тады, калі гарадзкія мэгаполісы пашырацца да памераў цэлых краінаў, Беларусь застанецца суцэльным гіганцкім паркам дзеля адпачынку й духовага сузіраньня мільярдаў.
Беларуская прырода – лёгкія Эўропы. Эўропа дыхае Беларусьсю. Ты проста ўцягваеш у сябе водары чабору й язьміну, прахалоду ветру й гарачы пах садовае квецені, туманную пару рачных далінаў і глыбокія лясныя эфіры, усю духмянасьць беларускае прыроды да нясьцерпнае асалоды – і пачынаеш верыць, што нашая зямля створаная адмыслова для Духа.
Беларусь мае ў сабе соль.
Соль, смак жыцьця, найважнейшая прыправа чалавечае ежы – сымбаль сэнсу, ісьціны, праведнасьці. Соль выступае на старонках Бібліі празрыстымі крышталікамі – як знак запавету са сьвятарамі, як сродак прадухіленьня ад разлажэньня, псуцьця, гніеньня сьвету. Дабраславёны той, у каго ёсьць соль!
Соль – беларускі карысны выкапень №1 і наш галоўны экспартны тавар. Ад 20% да 25% нацыянальнага бюджэту фармуюць “салёныя” грошы. Паводле запасаў і здабычы калійных соляў Беларусь – адзін з сусьветных лідэраў, а кухоннай, харчовай солі ў нас столькі, што можна засыпаць усю Эўропу з галавою – двухмэтровым слоем.
Адкрытыя ў 40-я гады мінулага стагодзьдзя радовішчы беларускага Палесься ўяўляюць сабою падземныя тоўшчы марское солі аб’ёмам у дзесяткі тысячаў кубічных кілямэтраў, намножаныя ў эпоху грандыёзнае трапічнае лягуны на месцы цяперашняга Прыпяцкага прагіну. Калійныя солі, што перапрацоўваюцца на мінэральныя ўгнаеньні – гэта камбінат-імпэрыя “Беларуськалій”, шахты глыбінёй да 400 м, 100-тысячны горад Салігорск й заробкі ў некалькі разоў вышэй, чым па астатняй краіне. Сталіца харчовае солі – Мазыр: тут у нетры на глыбіні 1200 м закачваюць ваду, і з паднятага на паверхню раствору выпарваюць хімічна чыстую, у дробныя зернейкі, бялюткую соль “Экстра”. На сёньняшні момант мазырская кухонная соль зь ёдам і фторам у экспартных сальнічках – адзін з найбольш канкурэнтаздольных беларускіх тавараў, што вывозіцца ў 14 краінаў сьвету.
На самым знакамітым радовішчы беларускае солі – Старобінскім – ярка-чырвоная калійная соль залягае паміж праслояў белай каменнай, утвараючы да 60 гарызонтаў. Галоўнае багацьце Беларусі ў пластах гіганцкіх бел-чырвона-белых сьцягоў – гэта ўсё-такі фундамэнтальны прадмет нацыянальнага гонару.
Беларусь, эўрапейскі цэнтар, зьмяшчае ў сабе соль – і гэта факт вялікага сымбалічнага значэньня. “Вы – соль зямлі” – гаворыць Хрыстос сваім вучням у Нагорнае пропаведзі (Мацьвея 5:13) “…Кожная ахвяра сольлю асоліцца. Соль добрая, але калі соль не салёная будзе, чым вы яе паправіце?” “Майце ў сабе соль і мір майце між сабою” (Марка 9:49-50)
Беларусы сустракаюць хлебам-сольлю, хутка зьядаюць пуд солі за сталом, абавязкова соляць сала і робяць цудоўныя салёныя гуркі. Солі? Калі ласка!
Беларусь – соль эўрапейскае зямлі, вобраз ясны й моцны. Як смак самое солі – дастаткова шчэпці, каб адчуць сапраўдны смак жыцьця.
“Слова вашае хай будзе заўжды зь мілатой, прыпраўлена сольлю, каб вы ведалі, як адказваць кожнаму”, – вось у чым, паводле апостала Паўла, соль. (Да Каласянаў, 4:6)
А Беларусь можа прыправіць сольлю паўсьвета!
“Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё, бо ў ім – крыніца жыцьця” (Кніга выслоўяў Саламонавых, 4:23)
Вы цудоўна ведаеце, дзе ў вас сэрца, калі вы ўсхваляваныя, хворыя ці закаханыя. Эўрапейская гісторыя апошняга тысячагодзьдзя таксама беспамылкова пакажа вам, дзе білася й балела наймацней. Дрогкае спляценьне артэрыяў і венаў, рэкаў і крыніцаў, нафта-і газапровадаў, скрыжаваньне стратэгічных вайсковых шляхоў, чыгунак і аўтамагістраляў, водападзелаў і цывілізацыяў, сумежжа культураў і канфэсіяў, ёмішча духовае сілы – крыніца жыцьця у нетрах пушчаў і старажытных гарадоў, паміж лёгкімі Эўропы.
Беларусь – геаграфічны цэнтар Вялікае Эўропы ад Атлянтыкі да Ўралу. Калі вызначыць скрайнія кропкі эўрапейскага кантыненту й злучыць іх лініямі – скрыжаваньне трапіць у самую Беларусь, недзе пад Глыбокае. Калі Эўропа глядзіць на вас з мапы – яе беларускае сэрца якраз там, дзе трэба, крыху зьлева, як і належыць цэнтральнаму воргану крывяноснае сыстэмы.
“І абрэжа Гасподзь, Бог твой, сэрца тваё й сэрца нашчадкаў тваіх, каб ты любіў Госпада Бога твайго, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, каб жыць табе.” (Другазаконьне, 30:6)
Сэрца – гэта месца, куды сьцякаецца й адкуль пад ціскам па ўсім целе разыходзіцца кроў. Столькі рэчак і крыніцаў віруе ў Беларусі! Столькі крыві перапампавала гэтая зямля!.. Сэрца – гэта бясконцыя рытмы перажываньняў, правалы бяды й усплёскі шчасьця: Боль, жарсьці, найвышэйшыя падзеі адбываліся й адбіваюцца ў трапяткой Беларусі. Сэрца – гэта дух, які натхняе й ажыўляе ўсю істоту; гэтак жа, напоўненая пакутай, малітвай і любоўю, аддавала сябе, памірала за ўсіх блізкіх і асьвячала Эўропу хрысьціянская Беларусь.
Транспарт, сувязь, інфармацыя, тэлекамунікацыя – уся кроў сучаснае цывілізацыі спрацуе ў беларускім сэрцы, калі Беларусь абудзіцца й задыхае на поўныя грудзі. Сэрца – гэта галоўнае скрыжаваньне. Таму наш галоўны нацыянальны рэсурс – гэта ня проста “геаграфічнае становішча”, а кардынальнае. Сардэчнасьць – ва ўсіх сэнсах.
Сэрца – сымбаль любові. Краіна, якая ўвесь час ахвяравалася за блізкіх, шчырая й пакорлівая, як ягня; краіна, што прытуліла Ізраіля, краіна, дзе нават мова, сьпевы й імёны створаныя дзеля любові (бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны!), дзе ласка й пяшчота складаюць сутнасьць любое часьцінкі, любога імгненьня – гэта тое сэрца, што разрываецца ад любові нават да ворагаў. Ці не таму сярод прычынаў сьмерці ў беларусаў на першым месцы (да 50%) – хваробы сэрца?
“Дабраславёныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць!” (Мацьвея 5:8)
Кожны беларус мае ў грудзях Сэрца Эўропы. Маленькая Беларусь б’ецца ў цябе.
Ты чуеш?..
Так, даволі цікава. Змог дачытаць да балотаў, але чагосьці новага ні знайшоў.
Хто хоць трошкі ў школі вучыўся пра ўсе гэта ведае, а калі ні меў ахвоты да вучобы,
дык бачыў на ўласныя вочы. Але дзе нацыянальная ідэя? Няўжо ў беларускіх рэках і
азерахх, ці багаццях прыродных выкапняў?
Хіба што беларуская ідэя ў амаль што вынішчанай да шчэнту праз кацапска-маскальскую
палітыку вялікадзяржаўнага шавінізму мелагучная багатая для адлюстравання розных
адценняў у вобразах і справах беларуская мова. Я ні ведаю тарашкевіцы, таму што з ею
ні сустракаўся пад час вучобы, таму карыстаюся капалаўскай, па магчымасьці, мовай.
Трэба глядзець трошкі глыбей у корань гэтай ні праблемы, а бяды, таму што прыспешнікі
ды халуі маскалеў да канца выанаюць план шавіністычныя планы адвечных і самых жорсткіх
ворагаў нашага народу. Чаму ніхто нічога ні гаворыць пра тыя нечалавечыя здзекі над нашымі
людзьмі пад час хаця б адной з войнаў са “старшым братам” у 1654-1667 гадах, калі загінуў
кожны другі чалавек Вялікага Князтва Літоўскага. А ці кожны ведае чаму віцебшчына найменш
заселеная да цяперашняга часу? А менавіта таму, што пасля захопу Полацку ў 1563 годзе і ўсей
усходняй часткі краіны, той самы “старшы брат”, як любяць называць нікаторыя беларускія
вылюдкі суседзяў з усходу, цалкам знішчыў усе насельніцтва таго краю, каго ні забілі, дык
вывезлю ў рабства ў Расею, а на іх месца засялілі кацапаў з-за Масквы. Каін проста забіў свайго
брата, а гэты дзікі расіянін у дадатак яшчэ здзекваўся над безабароннымі дзяцьмі ды жанчынамі.
Як можа павярнуцца язык, каб вырадкаў называць братамі?
А што рабілася і робіцца з беларускай культурай і гістарычнай спадчынай? Хаця б астатніх дзен
прыклад з разбурзннем гістарычнага цэнтру ў Гародні. Для каго рыхтуюцца пляцоўкі, каб потым
ціхенька за дармаўшчыну прадаць іх? Шаноўныя, уважліва аглядзіцеся наўкол і высветліце хто з’яўляецца ўласнікамі
шматлікіх пабудоваў і вялікіх і ні вельмі прадпрыемстваў. Чый там капітал? Хто амаль што ўжо
праглынуў тую, так прыгожа апісаную вышэй, краіну і чыіімі рукамі ўсе гэта робіцца?
Пакуль ні пачнем заўважаць што робіцца нібы нізнарок з нашымі дзецьмі, базбаўляючы іх роднае м
мовы, нацыянальнае культуры і ўсяо што з ею звязана, да той пары будуць дыктаваць сваю
волю розныя вылюдкі.
Ачніцеся і адумайцеся што робіце!