nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ. Частка ІІ. Беларуская гісторыя

30 ліпеня, 2007 | Няма каментараў

Павал Севярынец 

пÑ�Ð�Ð�Ð�4.GIF 

 

Тысячу гадоў таму хтосьці ўпершыню укленчыў на гэтае зямлі, каб памаліцца Ісусу Хрысту.

Так пачалася гісторыя Беларусі.

Тое, што адбывалася ў геаграфічным цэнтры Эўропы дагэтуль, было перадгісторыяй.

І толькі тады, калі тут зьявілася Слова, пісьменнасьць і ясная духовая сьвядомасьць – немая дагэтуль зямля атрымала імя, набыла сэнс і сталася Беларусьсю.

Гісторыя чалавечага сэрца ў ягоных узаемадачыненьнях з Хрыстом зрабілася гісторыяй Сэрца Эўропы.

Гісторыя – найбольш магутны пласт нацыянальнай ідэі.

Гісторыя – казырны аргумант у спрэчках.

Гісторыя – самае відавочнае пацьверджаньне Боскага пакліканьня для Беларусі.

Чым глыбей вывучаеш беларускую гісторыю, тым больш пераконваесься: Бог рыхтаваў гэтую зямлю й гэты народ у сэрцы Эўропы да чагосьці вялікага й цудоўнага.

Няма патрэбы падрабязна спыняцца на агульнавядомых у гістарыяграфіі тэорыях найчысьцейшага славянскага народу, балцкага субстрату, хаўрусу крывічаў, дрыгавічаў і радзімічаў, або канцэпцыях беларускае дзяржаўнасьці ад Полацкага княства да Рэспублікі Беларусь. Такая гісторыя апісвае адно формы. А вось зьмест тысячагадовага разьвіцьця беларусаў як нацыі, сутнасьць нацыятворчага фэномэну, сама ідэя дагэтуль у падобных тэорыях адсутнічалі. Адказы на пытаньні: Адкуль? Чаму? Дзеля чаго? – апускаліся ў поўнай адпаведнасьці з традыцыяй легендарных радаводаў Рурыка або Палямона.

Такім чынам, адкуль?

Як гісторыя Ізраілю пачалася са Слова Божага да Абрагама, так і беларуская гісторыя пачалася з прыняцьця хрысьціянства.

З тае пары, як сюды прыйшло хрысьціянства, яно зрабілася для Беларусі ўсім. Абуджэньні хрысьціянскай духовасьці спараджалі дзяржаўныя й нацыянальныя ўздымы. Канфэсіі выконвалі ролю палітычных партыяў, а герархі царквы – грамадзкіх лідэраў. Рэлігія фармавала адукацыю, культуру, мясцовае самакіраваньне, ды, у рэшце рэшт, саму нацыю. І сіла, і слабасьць Беларусі заключаліся ў хрысьціянстве. Гістарычныя працэсы кіраваліся звышнатуральнымі адкрыцьцямі й уявамі, праваламі грэху, помсты й нянавісьці, парывамі сумленьня й веры,  усім глыбінным магматызмам духу.

Першаштуршкамі, першапрычынамі беларускай гісторыі былі духовыя абуджэньні, якія прыводзілі да грамадзкіх, эканамічных, палітычных, культуровых уздымаў.

Канец Х ст. Прыняцьцё хрысьціянства. Першавобраз дзяржавы, зародак нацыі. Полацк зьбірае пад сваёй уладай ядро беларускіх земляў і адстойвае іх незалежнасьць ад суседзяў і качэўнікаў. Вынік – росквіт Полацкага Княства ХІ ст.

Сярэдзіна ХІІ ст. Хрысьціянскае абуджэньне Полацка, Турава, Смаленска. Духовае ўзрушэньне ў сэрцы Эўропы ў эпоху фэадальнай раздробленасьці рыхтуе агульны абшар для пасіянарнага выбуху ВКЛ. Вынік – утварэньне  найбуйнейшай эўрапейскай дзяржавы Сярэднявечча ад Балтыкі да Чарнамор’я.

Сярэдзіна XVI ст. Хрысьціянскае  абуджэньне Залатога веку. Распаўсюд Рэфармацыі, каталізацыя каталіцызму, праслаўленьне праваслаўя. Вынік – стварэньне беларускае нацыі, здольнай перанесьці выпрабаваньні Новага Запавету наступных трох стагодзьдзяў і распаўсюдзіць беларускі ўплыў на Рэч Паспалітую й Расейскую імпэрыю.

ХХ ст. Нацыянальны й рэлігійны рэнэсанс пачатку й канца стагодзьдзя. Вынік: адраджэньне беларускае дзяржаўнасьці пасьля прыгнёту й акупацыяў – у сэрцы Эўропы, напярэдадні яе аб’яднаньня.

Чым больш разьбіраесься ў гісторыі Беларусі, тым больш яна нагадвае Біблію. Прычым настолькі ўражліва й пранізьліва, што момантамі здаецца: вобразы й падзеі Сьвятога Пісьма наноў ажываюць і паўтараюцца ў нашай краіне, а тысячагадовая Беларусь паўстае як жывая ілюстрацыя да Кнігі Кнігаў – разгорнутая пасярод Эўропы, на скрыжаваньні, каб было відаць усім.

Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя невялікага, гнанага, паняволенага народу, які тысячагодзьдзямі шукаў сваёй Радзімы й сваёй тоеснасьці; гісторыя, якая захавалася не ў вялікіх сьценах, рыцарскіх латах і адчаканеных манетах, а ў кніжным слове боганатхнёных пісьменьнікаў, паэтаў-прарокаў і першадрукароў, якіх упару называць першасьвятарамі.

Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта не паданьне пра ідэальных каралёў і іхнія каралеўствы, ня эпас заваёвы неахопных тэрыторый і не легенда пра зьнішчэньне ворагаў дазваньня – а гісторыя пакорлівасьці, міласэрнасьці й служэньня блізкаму.

Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя звышнатуральных тайнаў, цудаў і перамогаў меншымі сіламі: ня зброяй, а духам.

Нарэшце, як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя чалавечай слабасьці й Божае велічы, гісторыя пыхі, страху й грэху, пераадоленых верай, праўдай і любоўю.

Старым Запаветам гісторыі Беларусі былі стагодзьдзі Полацку й Вялікага Княства Літоўскага. Час патрыярхаў. Эпоха выхаду з чужога рабства, блуканьня ў Міжмор’і й здабыцьця зямлі абяцанае. Эра мудрых, эра праведных войнаў, герояў, судзьдзяў і волатаў, раскошных палацаў, яна дайшла да нас у велізарных пыльных кнігах, якія яшчэ чытаць і перачытваць.

Краіна, якая потым стане Беларусьсю, нараджалася на стратэгічным сутыку цывілізацыяў, земляробчай Эўропы й качавое Азіі. Гэткім жа чынам сышоўся ў трох кантынэнтах Блізкі Ўсход – калыска Ізраілю. Важнейшае геапалітычнае скрыжаваньне – гістарычны крыж Беларусі яшчэ з часоў Усяслава Чарадзея. Увесь час мы аказваліся то між варагаў і грэкаў, то між Кіевам і Ноўгарадам, то між Расеяй і Эўропай.

Менавіта тут, у Эўрапейскай Сарматыі, канцэнтравалася супрацьстаяньне імпэрыяў. На сэрца Эўропы прэтэндавалі і свой Эгіпет, і Рым, і Асірыя, і Бабілён.

Што дзіўна: тут ува ўсе часы шукалі, намацвалі тую самую мяжу Эўропы з Азіяй: ці то па Дняпры, ці па Бугу, па Вялікім водападзеле, па Менскім мэрыдыяне… Але важна зразумець: граніцы няма й ня можа быць у прынцыпе. У дрымучай Беларусі зьнікаюць межы. Усё расплываецца ў прывідным сутоньні, перад якім з сумневам спыняюцца ўсе заваёўнікі. Краіна духу… Такой была і Юдэя.

Вялікае Княства Статуту, тэрыторыя парадку – сярод маскоўскае апрычніны, запароскае казаччыны, каталіцкае інквізіцыі й тэўтонскага вераломства. І, што самае дзіўнае, на раздарожжы рэлігіяў, сярод бяздоннага іх памяшаньня, у эру варфаламеяўскіх начэй – Княства верацярпімасьці. Ува ўсёй Эўропе катавалі, палілі, вешалі зусім па-жыцейску, а на гэтай зямлі цэлыя стагодзьдзі падобнае было выключэньнем. Сюды натоўпамі сьцягваліся іншаверцы, навукоўцы й гнаныя праведнікі.

Але Беларусь занепадала духова – і была караная.

Вельмі паказальна, што разваліла ВКЛ менавіта бязьвер’е. Калі сілу духу канчаткова спараліжавалі царкоўна-касьцёльныя разборкі, калі велічная раскоша пачала па-фарысэйску папахваць разбэшчанасьцю, гэтая краіна ўжо выканала сваю задачу.

Эпоха Старога Запавету канула ў Лету. З Рагвалодам і Рагнедаю, зь легендаю пра Палямона і мудрым Саламонам, гарадзенскім Давыдам, новым палонам і прарокамі, са спрадвечнай славай і дабралдавеньнямі, якіх больш ніколі ня будзе. Час прыціх.

Сапраўды, геаграфічныя імпэрыі развальваюцца. І шкадаваць ВКЛ ня мае сэнсу. Таму што гісторыя Беларусі пачынаецца зноў – з Новага Запавету.

Дакладная пераломная дата беларускага тысячагодзьдзя, ключавы пункт, які дыямэтральна разьвярнуў усю нашу гісторыю ад старадаўняга Закону да Эвангельля новае эры – гэта 1563 год.

У 1563 годзе Іван Жахлівы штурмам бярэ Полацк – старажытную хрысьціянскую сталіцу Беларусі: удар у самае сэрца Старога Запавету скаланае ўсю краіну.

У 1563 годзе Жыгімонт Аўгуст выдае знакаміты Віленскі прывілей, які ўраўноўваў у правох каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў – дэклярацыю талеранцыі Залатога веку, уключаную ў якасьці прэамбулы ў Статут ВКЛ 1566 г.

У 1563 годзе завяршаецца Трыдэнцкі сабор, які пракляў пратэстантызм, арганізаваў Контаррэфармацыю і даў штуршок 200-гадовай экспансіі каталіцызму ў Беларусі.

У 1563 годзе ВКЛ пачынае афіцыйныя перамовы з Польшчай аб дзяржаўнай вуніі, якія ўрэшце рэшт прывядуць да абвяшчэньня Рэчы Паспалітай і палону паланізацыі.

У 1563 годзе Сымон Будны выракаецца Хрыста як Бога; адначасова са стварэньнем руху антытрынітарыяў афармляецца раскол беларускае Рэфармацыі і пачатак згасаньня Залатога веку.

У 1563 годзе ў Нясьвіж да Мікалая Радзівіла Чорнага прывозяць на выхаваньне юнага Льва Сапегу: сымбалічны акт пераемнасьці двох найвялікшых канцлераў-эпохаў!

У 1563 годзе беларусы Іван Федаровіч і Пётр Мсьціславец закладваюць у Маскве друкарню й пачынаюць выдаваць Біблію для Расеі.

У тым жа 1563 годзе ў Берасьці вялізным накладам друкуецца шыкоўная “Радзівілаўская Біблія” для Польшчы.

У адным кульмінацыйным годзе, як у фокусе, сышліся веліч ды правалы Старога Запавету, трагізм і высокасьць Новае эры Беларусі. Рэфармацыя, уздым каталіцтва й праваслаўя ХVІ ст. стварылі ў Беларусі ўнікальную сытуацыю нацыятворчага абуджэньня. Увесь народ адчуў Божую прысутнасьць – і ўсьвядоміў сваю еднасьць, асобнасьць і сваё прызначэньне.

Стары й Новы Запавет беларускай гісторыі, як і ў Бібліі, падзяліла прышэсьце Хрыста. Як зь геніяльнай інтуіцыяй напісаў Уладзімер Караткевіч рыхтык пра гэты самы час, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

Гісторыя зьмянялася абсалютна непазнавальна. Для Беларусі настала Новая эра. Прабіў час прымружвацца й падстаўляць для ўдару шчокі. Час палюбіць бліжняга свайго ўсім сэрцам, як самога сябе. Час аддаваць.

Мы аддавалі ўсё. Да астатняга таленту. Да апошняга слова. Так, што нам самім анічога не заставалася на расплод. Аддалі нават Вільню – уласны Ерусалім… Польская асыміляцыя ў Рэчы Паспалітай справакавала цэлы фэервэрк фэномэнаў беларускага паходжаньня. Мы далі Польшчы найвышэйшыя, найсьвяцейшыя імёны – Касьцюшку, Агінскага, Міцкевіча, Манюшку, Сянкевіча… Захоп вялікалітоўскіх земляў і хваля перасяленцаў на Ўсход выбухнулі неймаверным узьлётам расейскай літаратуры й музыкі XIX-XX стагодзьдзяў, а гэта, паміж іншага, адна з першарадных зьяваў у культуровай гісторыі чалавецтва. Беларусы для Расеі зьдзейсьнілі пераварот у сьветаўспрыманьні: Глінка, Шастаковіч, Стравінскі, Дастаеўскі, Твардоўскі, Алеша, Грын, Еўтушэнка, Высоцкі, Растраповіч. Прарокі, апосталы, як на падбор. Уявіце сабе, якая павінна быць духовая сіла, каб узьняць Польскую Карону да Польшчы, а Расейскую імпэрыю да Расеі!  І ўсё гэта хворая, нямоглая, абрабаваная Беларусь. Так-так, тая самая, з каўтуном у валасох. Падумаць, дык яна зрабіла нашмат болей, чым здолела Вялікае Княства. Быццам велізарная ўспышка сьвятла, дух зьніклага ВКЛ, хрысьціянскі дух талерантнасьці й цярплівасьці, свабоды й веры, любові й асьветы ахапіў куды большыя прасторы, чым усе вайсковыя кампаніі ў пару росквіту ВКЛ. Беларусь не падначальвала, не насаджала – яна прапаведвала й ачышчала. Яна сваім целам, сваёй крывёю пераўтварала самыя пачварныя дэспатыі.

Беларусь судзілі, рвалі на часткі, дзялілі, як вопратку Ісуса, і раскрыжоўвалі межамі. Нашым друкарам ламалі косьці на дыбе; нашы паэты харкалі крывёю на чужыне; нашыя лепшыя галовы лопаліся ад рэвальвэрнага стрэлу ў патыліцу. Пётр І рэзаў, Карл ХІІ паліў, Мураўёў вешаў, Сувораў пароў штыхамі, а Напалеон навальваў груды гарматнага мяса; Сталін расстрэльваў, Гітлер труціў газамі. Білі наводмаш, прыпадкамі, шалеючы, па-садысцку ўпадаючы ў раж ад яе пакорлівасьці. А Беларусь усё падстаўляла твар, і скрозь сьлёзы ўсьміхалася ім. Яна малілася за іх вуснамі сваіх геніяў. Што яна дазваляла з сабой рабіць! – і любіла… Колькі кахалася тут расейцаў, немцаў, французаў, палякаў – многа, ох як многа. Здавалася б гэтую краіну, яе назву, мову, ды й саму памяць аб ёй выгвалцілі й растапталі насьмерць.

Таму неверагоднае ўваскрашэньне ў пачатку ХХ стагодзьдзя ўсіх проста агаломшыла. Той нацыянальны рух чысьцейшай вады, які ўзьнік надзіва імкліва, чарговы раз прымушае нас паверыць у цуды.

І прыслухацца, як прароча, пачынаючы яшчэ з Багушэвіча, гучаць прозьвішчы. Багдановіч. Адамовічы. Геніюш.

Многія прызвычаіліся глядзець на такую гісторыю даволі сумна, паныла й без асаблівай цікавасьці. Маўляў, ну, былі паняволеным народам… Але момант ісьціны заключаецца ў найвышэйшым, біблейскім сэньсе гэтых драматычных падзеяў. Беларускі арэол сьвятла й духовасьці пасьля падзеньня ВКЛ азарыў Расею й паў-Эўропы. Беларусь – вельмі рэдкі выпадак у сусьветнай гісторыі – дамаглася адраджэньня дзяржаўнасьці ня зброяй, не паўстаньнем, крывавым тэрорам ці рэвалюцыяй гвалту, а любоўю, цярпеньнем і ўнутранай сілаю духу. Менавіта так 2000 гадоў таму перамог на крыжы Хрыстос, вызваляючы й ратуючы сьвет Сабою. Амаль усім падчас укрыжаваньня здавалася, што Яго жыцьцё скончылася правалам, і гэта было страшнае расчараваньне. Але далейшае ўваскрасеньне й фэнамэнальны распаўсюд хрысьціянства па ўсёй зямлі давялі, што перамога была абсалютная.

Зараз беларускі Новы Запавет перажывае эпоху Эвангельляў. Зноў і зноў – як у Бібліі, якая паўтарае гісторыю сьмерці й уваскрасеньня Ісуса чатыры разы. Зноў і зноў апошнія чатыры стагодзьдзі Беларусь увасабляла гэтую гісторыю, штораз паміраючы й уваскрасаючы.

Але цяпер, пасьля апошняга ўкрыжаваньня, калі мы (ужо ў які раз!) замест мёртвага цела ўбачылі ў пустой магіле бел-чырвона-белы сьцяг, калі апошні фама няверуючы ўжо ўсклікнуў: “Госпадзе мой і Божа мой!” – за Эвангельлямі надыходзіць пара Дзеяў Сьвятых Апосталаў. Потым – Апостальскіх Пасланьняў. І затым – апошняга Адкрыцьця, поўнага зьзяньня нябёснае славы.

А значыць, наперадзе Беларусь чакае яшчэ больш вялікая гісторыя. Гісторыя падарожжаў, пакутаў і павучаньняў, празь якія народы пойдуць да спазнаньня Бога. Гісторыя місіі й пропаведзі ашаламляльных маштабаў – па ўсім зямным шары.

Гісторыя, што захапляе дух і ясна адказвае, Чаму.

Гэта ня містыка. Гэта рэальная гісторыя датаў, зьяваў, падзеяў, асобаў, зафіксаваная у беларускіх кроніках.

Апошнія некалькі стагодзьдзяў гісторыю Беларусі пісалі суседзі. Расейская, польская, летувіская, савецкая акупацыйныя канцэпцыі разрывалі Беларусь, выхопліваючы яе з рук адзін у аднаго, на Северо-Западный Край, Крэсы Ўсходнія ці літоўскія правінцыі. Толькі ў ХХ стагодзьдзі, намаганьнямі Доўнар-Запольскага, Ластоўскага, Ермаловіча, Грыцкевіча ды Арлова на абломках савецкае імпэрыі паўстаў цэласны й самастойны нацыянальны пагляд, і Беларусь заняла свой пачэсны пасад між народамі.

Але цяпер, напачатку ІІІ тысячагодзьдзя ад нараджэньня Хрыстова, час узьнімацца яшчэ на прыступку вышэй. Да гісторыі першапрычынаў, гісторыі значэньня, гісторыі сэнсу. Бо гісторыя Беларусі – гэта Хатынь, Курапаты, Няміга, Берасьцейская Крэпасьць, Чарнобыль. Такіх знакаў бяды хапіла б цэламу кантынэнту – а выпала на адну тысячную тэрыторыі зямнога шару. Гіганцкія могілкі пад адкрытым небам – крыжы, абэліскі, помнікі. Магільнікі найвялікшых чалавечых грахоў і ідэалёгіяў, пыхі й нянавісьці, камунізму ды гуманізму. Поле аграмаднага болю, які вымагае пакаяньне ўсяго сьвету. Каб усё чалавецтва памятала пра вечнае.

І вы яшчэ пытаецеся, ДЗЕЛЯ ЧАГО?

Калі мы кажам пра Беларусь, пытаньні аб нарманскае ці славянскае тэорыі ў параўнаньні з духовымі прычынамі фэномэну Беларусі выглядаюць другаснымі. Падобныя гіпотэзы хутчэй належаць да сфэры надзённае палітыкі, той ці іншай вэрсіі нацыянальнага міту. Нам жа патрэбны ня міт, а праўда: толькі праўда, уся праўда, і нічога апроч праўды. Так, кожнае з дыскусійных дапушчэньняў па-свойму праўдзівае – бо і варагі тут ваявалі, і славяне, факт, асымілявалі балтаў, і кіеўскія князі ўсталёўвалі свае парадкі, і тутэйшыя валадары баранілі сваю незалежнасьць. Але ж сутнасьць ня ў гэтым. Беларусь распушчае да воблачнае смугі ўсе фармальныя й дробязныя адрозьненьні, усе спрэчкі аб шляхах і мэтадах – і пакідае толькі Мэту. У таемнае смузе, у насычаным растворы Духа сынтэзуецца найкаштоўнейшы, бліскучы беларускі крышталь. Галоўны сэнс беларускага этнагенэзу выражаны літаральна ў двух словах. Не ад варагаў ці грэкаў, не ад балтаў ці славянаў пайшлі беларусы. АД БОГА.

Вось адкуль наш род.

Праўда тое, што беларусы былі слабымі й траплялі ў рабства, калі забываліся на Хрыста. Праўда тое, што беларуская кроў, беларускі бруд і беларускі грэх у чысьцюткай, такой белай і асьветленай Беларусі асабліва заўважныя. Праўда тое, што беларуская гісторыя – гэта не адно гісторыя велічы, веры й самаахвярнасьці, але й гісторыя богаадступніцтва, сораму й ганьбы.

Чытайце Біблію – там усё гэта напісана.

Праўдзівая беларуская гісторыя з камэнтарамі Бібліі – поўны й разгорнуты адказ на тое немае пытаньне, што застыла ў вачох сёньняшняга разгубленага пакаленьня беларусаў.

Што ж будзе з радзімаю і з намі?..

“Гэта кажа Госпад: спыніцеся на шляхах вашых і разгледзьцеся, і запытайцеся пра шляхі старадаўнія, дзе шлях добры, і ідзіце па яму, і знойдзеце супакой душам вашым”. (Ярэмія 6:16)

АДРАДЖЭНЬНЕ

Адраджэньне – вечны вобраз гісторыі Беларусі.

Адраджэньне – самая яркая ўспышка беларускага нацыянальнага руху.

Адраджэньне – імкненьне народа да аднаўленьня ідэалу, да першастворанага, закладзенага ў нацыю Богам: мэнтальнасьці, культуры, духовасьці. Гэты вобраз заўжды перад унутраным зрокам сьвядомага беларуса, вядзе яго наперад й ўваскрашае – праз усю гісторыю прыніжэньняў, акупацыяў і ахвяраў.

У Адраджэньні блішча й грае гранямі мэта, дзеля якой нацыя зьявілася на сьвет.

Дзеячаў нацыянальнага руху, пачынаючы з ХХ ст., у нас завуць адраджэнцамі; Беларускі Народны Фронт дадаў да сваёй назвы “Адраджэньне” як абавязковы брэнд, а маладафронтаўцы на парозе новага тысячагодзьдзя ўвогуле зрабілі стаўку на “Ды-джэяў Адраджэньня”.

Адраджэньне – не абстрактае паняцьце й не рамантычная мара. Адраджэньне – настолькі моцнае імкненьне да неба, пабуджанае воляй Божай, такі ўздым ад самае зямлі, які віруе, бурліць ва ўсім грамадзтве, культуры, эканоміцы, палітыцы, кіпіць у захапленьні – жыць! жыць!! – што падымае са сну, з балота, ды нават з труны цэлую краіну.

Беларускае Адраджэньне заўжды перамагала бяз зброі й гвалту: яго рухавымі сіламі былі выключна дух і слова, мэтадамі – мараль і культура, сутнасьцю – вера і любоў.

Адраджэньне ёсьць заканамернасьцю Уваскрасеньня. Беларусь столькі разоў памірала й была пахаваная, што Адраджэньне стала абавязковай нацыянальнай традыцыяй. Звышнатуральны знак – бел-чырвона-белы сьцяг, палатніна з крывёю ўкрыжаванага Ісуса Хрыста – родніць беларускае Адраджэньне з Уваскрасеньнем Божым.

Адраджэньне – гэта калі тутэйшыя, прыніжаныя й зьнясіленыя, узгадваюць, што яны беларусы; што Беларусь, у якой яны жывуць, прызначаная для чагосьці найвышняга; пачынаюць маліцца да Бога й вучыць дзетак на роднай мове; падымаюць позірк ад зямлі, дзе ўвесь час корпаліся, дыхаюць небам, шукаючы Божага, а не чалавечага – і здабываюць жыцьцё вечнае.

Беларускае Адраджэньне – гэта кроніка нараджэньня звыш. Як і сюжэт Бібліі, гісторыя Беларусі – гэта гісторыя адраджэньняў.

Х стагодзьдзе. У Сэрцы Эўропы, у змроку славянскага паганства раптоўна ўзыходзіць зорка Полацку: пропаведзь Эвангельля і з Усходу, і з Захаду адраджае даўняе чалавечае імкненьне да адзінага Бога, Творцы і Збаўцы. Мы бачым першае Адраджэньне – Полацкае княства. Мы пазнаем Рагнеду, Ізяслава, Барыса – першых хрысьціянаў і першых беларусаў.

ХІІ стагодзьдзе. У правале фэадальных міжсобіцаў Полацк, Тураў і Смаленск, разьяднаныя па цьмяных кутках, азарае адначасовае хрысьціянскае Адраджэньне – эпоха Эўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Кліма Смаляціча й Аўрамія Смаленскага. Абшары, ахопленыя духовым зіхаценьнем, уваччу робяцца Белай Русьсю, і ў сполахах сьвятла ясна відаць абрысы новае зямлі – Вялікага княства.

XVI стагодзьдзе. Сярод унутраных смутаў і зьнешніх пагрозаў у сярэднявечным ВКЛ, на ўскраіне цывілізацыі, ад мора да мора выбухае Адраджэньне Залатога веку. Разгортваецца Рэфармацыя, прачынаецца праваслаўе, каталізуецца каталіцызм. Прапаведуюць апосталы нацыі – Скарына, Гусоўскі, Волян, Цяпінскі, Мікалай Радзівіл, Леў Сапега. Фантануе культура: беларуская рэзь, кафля, шкло, музыка, жывапіс, іканапіс, архітэктура, літаратура… Эпоха гэтага Адраджэньня моцна адрозьнівае Беларусь і ад Расеі (дзе нічога падобнага не было), і ад Рэнэсансу Паўднёвай Эўропы зь яго сьвецкасьцю й імкненьнем да бязбожнага гуманізму: беларускае Адраджэньне, нароўні з ангельскім, нямецкім ці галяндзкім мае выразны хрысьціянскі зьмест і проста дыхае адухоўленасьцю. Масква і Польшча, Украіна й Прыбалтыка адчуваюць біцьцё вялікага Беларускага Сэрца.

ХІХ стагодзьдзе. У акупаванай Беларусі, разарванай паланізацыяй і русыфікацыяй, забароненая мова, закон і вера, табу нават назва, эліта бяжыць на Захад або на Усход, а ў паўстаньнях вынішчаюцца тыя нямногія, хто застаўся… Але ж – адкуль толькі сілы бяруцца! – з фальклёру, зь вёскі, з самых каранёў падымаецца новае Адраджэньне… Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі, “Наша Ніва”, Грамада – і вось успыхвае БНР, і 10 гадоў інэрцыя беларусізацыі захлынае нават падсавецкую Беларусь.

Нарэшце, напрыканцы ХХ ст. Беларусь, пахаваная ў сусьветнай вайне й Імпэрыі зла, з калектывізацыяй, індустрыялізацыяй, генацыдам Хатыні, Трасьцянца, Курапатаў, зноў уваскрасае. Зянон Пазьняк заклікае: “Не кілбасы мусім шукаць, а Бога!” – і паўстае Беларускі Народны Фронт, абвяшчаецца незалежнасьць, і па-над краінай зноў уздымаецца бел-чырвона-белы сьцяг.

Сёньня нам зноў моцна баліць. Дзяржава на мяжы зьнікненьня. Але мільёны тутэйшых ужо ўзгадваюць, што яны беларусы; што Беларусь, у якой яны жывуць, прызначаная для чагосьці найвышняга; пачынаюць маліцца да Бога й вучыць дзетак на роднай мове; падымаюць позірк ад зямлі, дзе ўвесьчас корпаліся, дыхаюць небам, шукаючы Божага, а не чалавечага – і здабываюць жыцьцё вечнае.

Таму словы з кнігі прарока Ісайі, 58 разьдзел, 12 верш – гэта няспынны зварот да сучасьніка:

“Ты адродзіш асновы многіх пакаленьняў, і назавуць цябе адраджэнцам руінаў, адраджэнцам шляхоў насельніцтву.”

Бо, уласна кажучы, ідэя Адраджэньня і ёсьць нацыянальнай ідэяй.

БЕЛАРУСЬ

Біблія сьведчыць пра сьветласьць на самым пачатку. Сьведчыць так:

“І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло. І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры”. (Быцьце.1:3-4)

Беларусь – найсьвятлейшае й сапраўднае імя гэтае краіны. Самае частае слова ў нашае кнізе, самая чыстая любоў для чытача й самы чуйны элемэнт нацыянальнае ідэі.

Беларусь – гучыць, як праменіць. Белая – значыць, чыстая, найвышняя, нават сьвятая. Белград, Белы дом, Беларусь – з аднаго сэнсавага шэрагу.

Узьнікненьне Беларусі – найбялейшая пляма беларускае гісторыі.

Назва БЕЛАРУСЬ – няўлоўная, эфэмэрная. Беларусь калышацца ў сэрцы Эўропы, зьяўляецца й прападае, быццам аграмадны водсьвет, факусуецца то ля Ўладзімера й Суздаля ў XII ст., то вакол Полацка ў XIII ст., то ў Падняпроўі ў XIV ст., а то займае сабой паў-ВКЛ улучна са Смаленшчынай і Браншчынай у XVI ст. Такое ўражаньне, што ў гэтым змроку Сярэднявечча яна разьвідняла зь нябеснага сьвятла: дзе ясна, сонечна й чыста – там была Беларусь; як толькі пахмурна й цень – яна зьнікала. Самае цікавае, што такім жа чынам паводзіў сябе і сымбаль беларускасьці – бел-чырвона-белы сьцяг, і срэбны з барваю герб “Пагоня”, і нават сама беларуская дзяржаўнасьць. Быццам з паветра, быццам звыш – матар’ялізуецца з туманнае смугі з эфэктам цуду.

Беларусь заўжды была ідэалам, імкненьнем, імгненьнем больш, чым зьдзейсьненым фактам. Беларусь успыхвала толькі ў моманты выключнае гістарычнае значнасьці – дзеля таго, каб потым цэлыя пакаленьні жылі ў азарэньнях адраджэньня яе незалежнасьці.

Беларусь мае духовую прыроду – вось у чым сэнс.

Корань – “Русь”.

Найменьне “русь” усходнім славянам тысячагодзьдзе таму надалі варагі ці нарманы. Тыя самыя, што ў VIII – IX стст. абаснаваліся ў Ангельшчыне, Францыі й Ірляндыі, раней за Калюмба, ужо ў X ст. адкрылі Амэрыку, і зьядналі калянізацыяй і гандлем усю Паўночную Эўропу. Такім чынам, на стратэгічным стыку Захаду й Вялікага стэпу Русь зьявілася з тае рашучае, прадпрымальнае нарманскае пратаплязмы, якая надала свае абрысы ўсёй сёньняшняй эўраатлянтычнай цывілізацыі.

Русьсю назавуць першае аб’яднаньне ўсходне-славянскіх плямёнаў вакол Кіева; “русьсю” яшчэ доўга будуць іменаваць насельнікаў міжморскіх княстваў; з Русі ў пэрыяд мангола-татарскага нашэсьця вылучыцца вольная Беларусь – і ў рэшце рэшт, легендарную “Русь” як Расею прыўласьціць дэспатычная Масква – каб затым насьмерць змагацца зь Русьсю Белай. Лёсы Ўсходняе Эўропы, а потым і паловы сьвету, будуць вырашацца тут, у Белай Русі. Беларусь, Боле-русь, будзе нязьменна адыгрываць ключавую ролю скрыжаваньня, храма й пагоста.

Русь – міфічная тысячагадовая спадчына, грандыёзнае поле гісторыі й генэтыкі. Вось за што змагаюцца Расейская імпэрыя – зброяй, гвалтам і тыраніяй; і Беларусь – словам, ахвярай і любоўю.

У Белай Русі вэер вэрсіяў: белыя валасы й вопратка, сьветлыя вочы жыхароў, свабода ад ардынскага іга; цэнтар усходнеславянскіх земляў; “усход” у старажытнае колералёгіі; абшар духовасьці, хрысьціянства – у супрацьлегласьць “чорнай” тэрыторыі паганства… Але паўсюль у значэньнях скразіць сьвятло і дыхае Дух.

Напэўна, Беларусь так назвалі таму, што было відавочна: іншай яна быць проста ня можа.

Беларусь, сэрца Эўропы, спрадвеку была вобласьцю невытлумачальнага адбельваньня. Так, як яна асьвятляла вочы ды валасы вугра-фінаў, балтаў, славянаў – гэтак жа ачышчала й асьвячала душы цэлых краінаў.

Беларусь – вобраз ціхага сьвятла й Божае сьвятасьці, глыбокі, празрысты й узьнёслы, у якім зіхаціць хрысьціянская яснасьць.

Беларусь сьвеціцца, быццам Ісус у момант сваёй славы на гары Ператварэньня:

“І калі маліўся, выгляд аблічча ў Яго зьмяніўся, і вопратка ў Яго зрабілася белая, бліскучая…” (Лукі 9:29)

Чым бліжэй да Новага Запавету, тым больш сьвятла, тым больш белі ў Бібліі. І, нарэшце, быццам адна суцэльная ўспышка – апошняя кніга, Адкрыцьцё Яна Багаслова:

“Галава ў яго і валасы белыя, як белая воўна, як сьнег, і вочы ў Яго – як полымя вогненнае.” (Адкрыцьцё 20:14)

“І ўгледзеў я вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякала неба й зямля…” (Адкрыцьцё 20: 11)

“Пераможца апранецца ў белае адзеньне, і ня выкрасьлю імя Ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя Ягонае прад Айцом Маім і прад анёламі Ягонымі.” (Адкрыцьцё 3:5)

Беларусь – белая краіна Адкрыцьця Божага.

Ранейшыя ўвасабленьні Беларусі – Полацк, Смаленск, Тураў, Вялікая Літва, Рэч Паспалітая – ужо валодалі той сьветлай духовай сутнасьцю, ужо зьмяшчалі ў сабе пачаткі празрыстай крыніцы й фокусу сьвятасьці, чыстага й ахвярнага сэрца. Але поўная сіла, цэласнасьць і яснасьць беларускага фэномэну ўспыхнулі толькі з гэтым імем.

Зьявай масавай сьвядомасьці Беларусь стала напачатку XVII ст. – адразу з нараджэньнем нацыі ў гарніле Залатога Веку.

Так новае імя даецца нам пры хрышчэньні.

Той, хто прымае Хрыста, набывае новую сутнасьць. Пасьля Старога Запавету Полацку, Наваградку, Вільні мы бачым Новы Запавет у Беларусі.

Беларусь, белая – белая й русая, рудая, чырвоная – элемэнтарная формула бел-чырвона-белага сьцягу. Белая краіна з крывавай паласой наскрозь – што можа быць больш красамоўным!

Зрэшты, Беларусь для беларуса ня мае патрэбы ў тлумачэньні. Гэта адчуваеш адразу, інтуітыўна, на ўзроўні веры й адкрыцьця. Мая Беларусь. Люблю Беларусь! Беларусь – гэта сьвятое…

Калі сумняесься, ці існуе яна насамрэч, гэтая сьветлая краіна-мара, агукні на мітынгу:

— Жыве Беларусь!

І табе адкажуць моцна й гучна, аж скаланецца душа:

— Жыве!!!

БЕРАСЬЦЕЙСКАЯ КРЭПАСЬЦЬ

Берасьцейская крэпасьць – герой.

Штогадовы пералік дванаццаці савецкіх гарадоў-герояў са сьвяточным салютам на Дзень Перамогі раскацістым выбухам завяршала “Брэсцкая крэпасьць-герой”. У савецкім эпасе аб Вялікай Айчыннай вайне Берасьцейская крэпасьць сапраўды мела статус легендарнае асобы, гэткага ваяра грэцкай міталёгіі. Кожны школьнік СССР мусіў ведаць: нашым адказам на вераломны напад фашысцкае Германіі й катастрофу 1941 г. была Абарона Брэсцкае Крэпасьці.

Берасьцейская крэпасьць – помнік подзьвігу: вось што можа мужнасьць, асуджаная на сьмерць. Абаронцы Берасьцейскай крэпасьці, нароўні з 28 панфілаўцамі й маладагвардзейцамі Алега Кашавога, былі вызначаныя на перадавыя пазыцыі ў эшэлянаванай гіерархіі гераізму.

Але ўсё пачалося значна раней.

Берасьцейская крэпасьць – рана Хрыстова на целе ўкрыжаванае Беларусі. Балюча-барвовая цэгла старажытнага Берасьця крывіць, не зажывае з тых самых часоў, калі Расейская імпэрыя пачала забіваць тут свой страшны цьвік на стыку з Захадам. У 30-х гадох XIX ст. расейскае войска зруйнавала ўвесь стары горад: замак, які прастаяў паўтысячы гадоў, фарны касьцёл, сем каталіцкіх кляштараў, тры вуніяцкія царквы, эвангельскі збор і праваслаўны манастыр разбурылі й ператварылі ў бастыёны, казармы, стайні й склады.

Расея адчувала тут моцны беларускі пульс – і дзяўбла, гваздала крывавы ўдар за ўдарам, каб забіць. Забіць Рэфармацыю XVI ст., Берасьцейскую вунію 1596 г., паўстаньні Касьцюшкі й Каліноўскага – Суворавым, Брэсцкім мірам, жалезабэтонам. У верасьні 1939 г., са зьнішчэньнем Польшчы, гэтае месца прыпячаталі ўрачыстым страявым крокам войскі Сталіна й Гітлера на сумесным парадзе…

Гэтак жа, як Берасьцейскую крэпасьць, імпэрыя перарабляла ва ўмацаваны фарпост супраць Захаду ўсю Беларусь.

У чэрвені – ліпені 1941 г. байцы гарнізону, для якіх вайна выбухнула зь першымі ж бомбамі, стаялі насьмерць адно за кавалак зямлі. Яны ня ведалі, што ўжо мільёны савецкіх жаўнераў забітыя або захопленыя ў палон, што баі ўжо ідуць на Дняпры – яны проста паміралі, але не здаваліся. Гітлераўцы сьцягнулі да крэпасьці цэлую дывізію. Люфтвафэ скідвала на Берасьцейскія сьцены звышцяжкія бомбы вагой да 1800 кг. Арганізаваная абарона працягвалася восем дзён, яшчэ некалькі тыдняў доўжыўся разрозны супраціў і перастрэлка сярод крушняў каменю й завалаў трупаў.

Памятаеце? – “Цытадэль”, “Тэрэспальская брама”, “Холмская брама”. Бастыёны й казэматы. Пройма-зорка, як вырванае сэрца. “Смага”. “Мужнасьць” – агромністыя каменныя глыбы. Пасьляваенная афіцыйная прапаганда адбудоўвала Берасьцейскую крэпасьць у мазгох усяго савецкага народа – разам з жалезабэтонным мурам на заходніх межах.

Гераічная абарона Крэпасьці – адвечная бітва беларускае гісторыі. Менск 1085 г. Гародня 1311 г. Смаленск 1351 г. Полацк 1563 г. Віцебск 1568 г. Слуцк 1655 г… Сотні аблогаў, тысячы штурмаў. Мэмарыял Берасьцейскай крэпасьці – гэта сымбаль усіх беларускіх руінаў, якія страляюць ва ўпор.

Сёньня паціху трэскаюцца й рассыпаюцца ў пыл гіганцкія глыбы мэмарыялу. Імпэрыя развальваецца – у блізкае Белавескае Пушчы, па расьселых межах, па-над Бугам і Мухаўцам, у цяперашнім Берасьці.

Але рана баліць па-ранейшаму. Гіганцкі ржавы цьвік усё яшчэ працінае цела краіны.

Берасьцейская крэпасьць застаецца месцам, дзе пабываць трэба абавязкова. Бо й аднае шчэпці зямлі адсюль, аднаго праху, што пабываў, і замкам, і храмам, і крэпасьцю, і чалавекам, і помнікам дастаткова, каб зразумець, зь якога крывавага попелу паўстае будучая Беларусь.

БЕЛАРУСКАЯ НАРОДНАЯ РЭСПУБЛІКА

Беларуская Народная Рэспубліка – цудоўнае ўваскрасеньне Беларусі пад бел-чырвона-белым сьцягам у час вялікіх рэвалюцыяў пачатку XX ст.

БНР была абвешчаная незалежнай дзяржавай у III Статутнай Грамаце, прынятай 25 сакавіка 1918 г. Дзень быў такі – каталіцкае Дабравесьце й адначасова сьвята Уваскрасеньня Божага.

Паміж кашмараў I сусьветнай вайны й расейскай рэвалюцыі, у эпіцэнтры збройных сутыкненьняў савецкага бальшавізму з кайзэраўскай Нямеччынай ды польскім нацыяналізмам, сярод суцэльнага гвалту й мільёнаў сьмерцяў БНР была створаная без адзінага стрэлу.

БНР, аднаўленьне беларускай дзяржавы, сталася заканамерным вынікам усяго Новага Запавету беларускае гісторыі. Паўстанцы й фальклярысты XIX ст., Багушэвіч і Дунін-Марцінкевіч, Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада і “Наша Ніва”, ўсе адраджэнцы працавалі, ахвяраваліся й аддавалі жыцьцё для таго, каб у адзін цудоўны дзень прадстаўнікі беларускага народа абвясьцілі абсалют уласнае незалежнасьці.

Палітычнай базай для дзяржаўнага адраджэньня стаў Усебеларускі Зьезд 1917 г. Сярод шэрагу падобных асамблеяў, што прагрымелі па ўсіх нацыянальных ускраінах былой Расейскай імпэрыі, Зьезд быў небывала прадстаўнічым: 5 сьнежня 1917 г. у будынку, дзе сёньня разьмяшчаецца Тэатар Янкі Купалы, з усёй краіны сабралася 1872 чалавекі – 1176 з правам вырашальнага голасу і 706 – з дарадчым, у асноўным беларускія сяляне й вайскоўцы. 17 сьнежня Зьезд разагналі бальшавікі. Але ён пасьпеў стварыць беларускі парлямэнт – Раду БНР, і беларускі Урад – Народны Сакратарыят. БНР стала адзінай легітымнай беларускай уладай таго часу.

Праект “БНР” раскруціла каманда інтэлектуалаў, якія мелі бліскучую адукацыю, валодалі замежнымі мовамі і зрабіліся першакляснымі палітыкамі, эканамістамі й дыпляматамі. БНР абвесьціла дзяржаўную незалежнасьць, без выкупу перадала зямлю тым, хто на ёй працуе, нацыяналізавала нетры, лясы й багацьці, дэкляравала правы, свабоды, недатыкальнасьць асобы й 8-гадзінны працоўны дзень.

Менавіта БНР адчыніла ў ваенным міжчасьсі 200 беларускіх школаў, пераняла ў немцаў гандаль, прамысловасьць і сацыяльную сфэру, дамаглася ўвядзеньня дзьвюхмоўных пашпартоў і пачала фармаваньне беларускага войска. За 9 месяцаў ва ўмовах нямецкае акупацыі БНР пасьпела толькі пачаць поўнамаштабовае дзяржаўнае будаўніцтва – а яе ўжо прызналі 11 дзяржаваў сьвету: Турэччына, Аўстрыя, Польшча, Чэхаславаччына, Фінляндыя, Латвія, Літва, Эстонія, Украіна, Арменія, Грузія. Больш таго – факт малавядомы, але знакавы! – БНР дабраславіў Патрыярх Маскоўскі й Усяе Русі Ціхан.

Але ж ані немцы, ані бальшавікі з БНР папросту не лічыліся. Напрыканцы 1919 г Рада БНР мусіла выехаць у эміграцыю.

Лідэры БНР, людзі веруючыя й патрыёты, узначалілі беларускую дыяспару на Захадзе, і перахоўвалі непарыўнасьць хрусталёвае ніці незалежнасьці аж да краху СССР. БНР стала ўвасабленьнем нацыянальнай волі й завочнай апазыцыяй для савецкага рэжыму. Нездарма камуністы БССР ўсё XX ст намагаліся дамовіцца з Радай аб перадачы ім паўнамоцтваў. Рада БНР дагэтуль – найвялікшы аўтарытэт для беларускага нацыянальнага руху.

Лёгкая, прывідная, паветраная, быццам дух, БНР аказалася надзвычай моцным гістарычным аргумантам. Менавіта БНР сьцьвердзіла імя “Беларусь”, Менск як сталіцу, “Пагоню” й бел-чырвона-белы сьцяг як нацыянальную сымболіку, і сама зрабілася сьветлым сьцягам Адраджэньня. Менавіта БНР вымусіла бальшавікоў пайсьці на стварэньне БССР, дала зарад 10-гадовай беларусізацыі й, у рэшце рэшт, сфармулявала вобраз цяперашняй Рэспублікі Беларусь.

У параўнаньні зь 70-гадовай і 10-мільённай БССР летуценная й бясплотная Беларуская Народная Рэспубліка адыграла ў беларускай гісторыі значна большую ролю. Настолькі большую, што 25 сакавіка, дата пачатку рэальнае вясны ў Беларусі – з таяньнем сьнегу, імклівым пацяпленьнем і крыгаломам – дагэтуль зьбірае шматтысячныя шэсьці нацыянальнага руху як галоўны беларускі Дзень Незалежнасьці.

Дзень Дабравесьця, у які Марыя пачула, што ў яе народзіцца Ісус. Той дзень у календары, які пачынае пераважаць ноч. Дзень Уваскрасеньня. Дзень Волі. Дзень БНР.

БССР

БССР, чырвона-зялёная бледнаруская аўтаномія з арнамэнтам – эпоха самай жорсткай акупацыі й самых цяжкіх выпрабаваньняў у гісторыі Беларусі Новага Запавету.

БССР – гэта разгар бязбожжа й русыфікацыі, пабудова плянавае гаспадаркі й ваенна-прамысловага комплексу, вал урбанізацыі – і, нарэшце, спазмы камунізму.

БССР – гэта БелАЗ, трактар “Беларусь”, партызанка і прарокі, што супрацьстаялі сыстэме.

1.1.1919 у Смаленску БССР была абвешчаная.

19.9.1991 у Менску, з нараджэньнем незалежнай Беларусі, яна зьнікла, як дым.

Спачатку, па інэрцыі БНР, калі Часовы рабоча-сялянскі Ўрад на чале зь беларускім чырвоным паэтам Зьмітрам Жылуновічам атрымаў ад Леніна 6 паветаў, а затым беларускі чырвоны палітык Аляксандр Чарвякоў за Сталіным ажыцьцявіў два ўзбуйненьні рэспублікі, калі за чатырма дзяржаўнымі мовамі доля беларускіх школаў дасягнула 80%, здавалася, што Савецкая Беларусь – гэта хаця б беларусізацыя.

Але ўжо празь 10 гадоў савецкасьць нарэшце адчула сваю поўную несумяшчальнасьць зь беларускасьцю. Замест Беларусі паўстала пачвара зь невымоўнага спалучэньня чатырох літараў: адной штатнай, дзьвюх сьвісьцячых і апошняй зацьвярдзелай. БССР.

БССР, буфэрная рэспубліка й палігон камунізму на заходніх межах, паводле Сталіна, павінна была першай убачыць “сьветлую будучыню” (наколькі беларускае абяцаньне!). Таму, калі Прыбалтыка выконвала ролю вітрыны савецкага сацыялізму, Беларусь уяўляла сабой танк за гэтай вітрынай.

За 70 гадоў СССР адгрохаў у мірнае, ласкавае, сьветлае Беларусі ўдарны корпус савецкага мілітарызму – сталёвы заходні пляцдарм для штурму Эўропы. Найвялікшая ў сьвеце колькасьць танкаў на душу насельніцтва, дзесяткі ракетных шахтаў і ядравых боегаловак, нацэленых на сталіцы сьвету, стратэгічныя станцыі лякацыі ды радыёперахвату – аж да магістраляў, разьлічаных на разгон бранявых калёнаў, аж да грандыёзных сьвінакомплексаў для забесьпячэньня мясам мільённых войскаў. Зборачны цэх, заводы абаронкі й рамонту тэхнікі, электронікі й сыстэмаў сувязі, нафтахімія й вытворчасьць бэнзыну, гіганты машынабудаўніцтва, беспрэцэдэнтная канцэнтрацыя вайсковых кадраў – усё гэта Імпэрыя зла забівала ў беларускае скрыжаваньне, як цьвікі, каб падначаліць краіну духу сакрэтным мэтам халоднае вайны й сусьветнай рэвалюцыі. Станкабудаўнічыя монстры, МАЗ, “Нафтан” і Мазырскі НПЗ, заводы шарыкападшыпнікаў і аўтаматычных лініяў, “Інтэграл”, “Палімір”, “Гранат” – вайскова-індустрыяльная інфраструктура тае ж сэрыі, што й аўтамат Калашнікава ці зэнітна-ракетны комплекс залпавага агню “Град”, прызначаныя для разгортваньня савецкае армады на стратэгічным кірунку ўдару. У XX ст. беларусы больш, чым любая іншая эўрапейская нацыя, былі падаўленыя цяжарам мілітарызму. Зь Беларусі, сэрца Эўропы, рабілі небывалую ў чалавечае гісторыі базу для збройнай агрэсіі.  І, урэшце рэшт, менавіта ў Беларусі гэтая махіна рухнула пад уласным цяжарам.

Прапаганда ператварыла БССР у перадавую вайсковага міту. Берасьцейская крэпасьць, Хатынь, Партызанка, Марат Казей, Пеця Клыпа, Курган Славы, манумэнты Перамогі, стэлы ды абэліскі – яшчэ адна партыя сталёвых цьвікоў, якімі акупанты на вачох ва ўсіх укрыжоўвалі Беларусь і забівалі галовы паловы сусьвету. Вэтэранамі, адстаўнікамі й выгнанымі з былога сацлягеру савецкімі афіцэрамі ў беларускіх гарадох засяляліся цэлыя кварталы. І вянком – не пераможным, а пахавальным – выглядаў бэсэсэраўскі герб: каласкі, лён з канюшынай, струменьні крывавага кумачу й жалезная свастыка зь сэрпу й молату на тле зямнога шару.

Камуністычная д’ябальшчына зьнішчала Беларусь – бо адчувала, што якраз гэтая незагоеная рана, гэтая ўвасобленая Божая ласка, гэтая Хрыстовая ахвярнасьць ёсьць ключавой перашкодай на заходнім кірунку, на галоўным шляху да сусьветнага панаваньня. Бальшавікі асушалі нашы балоты й вырубалі нашыя лясы, нявечылі да страты прытомнасьці гэтую зямлю й труцілі беларускія воды хіміяй. Бальшавікі ўзрывалі тут храмы, вырывалі з каранём родную мову й паражалі лепшыя галовы нацыі стрэламі ў патыліцу.

Але паўжывая Беларусь дыхала сілаю Духа Сьвятога – і разбурала маналіт імпэрыі ў пыл.

“Імпэрыя наносіць галоўны  удар” – вось што значыць “БССР”.

Але ж як Беларусь адказвала!..

На дыктат ВПК і мілітарысцкую прапаганду – энцыкляпэдыяй праўды Васіля Быкава.

На культ нянавісьці й бальшавісцкую агрэсію – любоўю і болем Алеся Адамовіча.  

На катастрофы Афганістану й Чарнобылю – кнігамі Сьвятланы Алексіевіч.

На зьнішчэньне нацыянальнай адметнасьці, забыцьцё гісторыі й “зьліцьцё моваў”, на казармавае асавечваньне – захапляючымі адкрыцьцямі Ўладзімера Караткевіча.

На выкараненьне пачуцьця гаспадара зь беларускай зямлі, пагалоўную калектывізацыю й мэліярацыю – рэкорднай вытворчасьцю мяса, малака, бульбы, якімі кармілі Маскву й Піцер.

На зьдзек зь сялянства й разбурэньне вёскі – імклівай пасьляваеннай урбанізацыяй і ператварэньнем у гарадзкую нацыю.

На прымітыў калгаснага фальклёру з лапцямі й дудачкамі – пранізьлівымі “Песьнярамі”.

І калі Зянон Пазьняк дакапаўся да Курапатаў, а Станіслаў Шушкевіч адным росчыркам пяра вынес прысуд СССР – стала зразумела, што Беларусь, пакутная й прароцкая, аказалася мацней за ўсе ўзброеныя сілы Імпэрыі зла.

ВІЛЬНЯ

Вільня – сталіца Старога Запавету беларускай гісторыі.

Вільня – сэрца Залатога веку, ансамбаль цудоўных храмаў, палацаў і знакамітага ўнівэрсытэту, горад вялікіх князёў, вялікіх прапаведнікаў і вялікіх адраджэнцаў.

Вільня – грандыёзны скарб, раздадзены бедным.

Вільня была заснаваная Гедзімінам у 1323 годзе – і адразу як сталіца. “Каб табе хадзіць у Вільню горы капаць!” – беларуская прымаўка тае пары. Фарпост славянізацыі сярод балцкіх земляў, Вільня выяўляла стратэгію ВКЛ да поўнага панаваньня ў Міжмор’і. Сталіцу наперад! – моцны ход вялікае дзяржавы, ферзевы гамбіт на ўзор швэдзкага Стакгольму, турэцкае Анкары ці расейскага Піцеру.

Вільня – галоўны горад Альгерда й Вітаўта. Вялікакняскі двор, палацы магнатэрыі, катэдральныя храмы. Цэнтар, дзе прымаюцца рашэньні, абавязковыя для выкананьня ад Балтыкі да Чарнамор’я.

Спадарства! Пра Вільню можна расказваць бясконца – а ў нас з вамі ўсяго некалькі хвілінаў. Вось тут друкаваў Скарына, вось тут Барбара Радзівіл таемна сустракалася з Жыгімонтам Аўгустам, адсюль кіраваў дзяржавай Леў Сапега… Залацісты пылок на віленскіх сьценах і пазалота начной ілюмінацыі сучаснай Вільні яшчэ захоўваюць водсьветы таго вялікага Веку.

Зьвярніце ўвагу, Віленскі ўнівэрсытэт. Аўдыторыі, якім 400 гадоў. Тут вучылася эліта ўсяе Ўсходняе Эўропы. Тут пачыналі Міцкевіч, Дамейка, Гарэцкі. Віленскае барока. Ідэал беларускай прыгажосьці – касьцёлы Пятра й Паўла, Казіміра, Сьвятое Ганны, Траецкая царква…

Калі ласка, не губляйцеся. Па гэтых вузкіх і вабных віленскіх вулічках, дзе сёньня лявіруюць эўрапейскія аўтамабілі, блукаеш, быццам у зьвілінах: так шмат думаецца аб тым, што тут адбывалася!

Вільня – горад, дзе паміраў Каліноўскі й ажываў нацыянальны рух. Вільня выхадзіла Багушэвіча й вынасіла “Нашу Ніву”.

Старая Вільня прачытваецца, як Стары Запавет. Боганатхнёны закон, поўны прадбачаньняў і прароцтваў, з глыбокім патасам і суворай мудрасьцю. Збор запаветаў, радаводаў і вобразаў для ўсяе Беларусі.

Вільня – гэта Вострая Брама ў беларускую мінуўшчыну. Эўрапейскі горад-музэй, дзе ўрачыста й цырымонна расстаўлены ўнікальны антыкварыят залатога Сярэднявечча. Назвы вуліцаў з шыльдачкамі антычнага шрыфту. Нават сама Вільня сёньня клясыфікаваная афіцыйнай лацінай як Вільнюс.

Зь Вільні Беларусь чэрпае волю, веру і сілу. Беларускія інтэлектуалы гняздуюць у Вільні – віленская веліч усяму надае асаблівае значнасьці ды вагі.

Вільня – гэта вельмі, вельмі й вельмі.

У кожным доме ёсьць гэткае месца, дзе захоўваецца самае каштоўнае – сэрвізы, дакумэнты, упрыгожваньні, падарункі… У нас гэта Вільня. “Дзядзька ў Вільні” – сёньня гэта значыць зайсьці туды, дзе жыў калісьці доўга ды шчасьліва.

І ўсё-такі Беларусь аддала Вільню. Па-хрысьціянску пакорліва аддала самае дарагое.

Аддала – бо як жа цяжка багатаму ўвайсьці ў Царства Божае!

Аддала – каб захаваць векавыя скарбы сярод войнаў, рэвалюцыяў ды акупацыяў.

Аддала, бо ўтульная ды абцяжараная спадчынай Вільня зацесная для беларускага Новага Запавету. Гэтак юдэйскія гарадкі ўрэшце рэшт аказаліся замалыя для размаху Эвангельля. Тут патрэбная прастора, маштабы, паветра й неба. Тое, што чакае нас сёньня ў велізарным і пустым Менску.

Старую Вільню ўжо далёка абступіла сталіца Летувы. Сэйм, знакамітая тэлевежа, мікрараёны. Але Вільня, выгляд збоку беларусу ўсё роўна трапляе ў самае сэрца.

ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ

ВКЛ – асноўная тоўшча беларускай гістарыяграфіі.

У сярэдзіне злавеснага трынаццатага стагодзьдзя орды мангола-татараў з глыбіняў Азіі рушылі на Захад, спусташаючы Бухару, Закаўказьзе, Паволжа й Уладзімера-Суздальскую Русь, і ў 1237-39 гг. падышлі да Дняпра. Амаль адначасна крыжацкія ордэны, укамплектаваныя рыцарствам з усяе Эўропы, рынуліся на Ўсход, скараючы вагнём і мечам Балканы, Польшчу, Прусію й Прыбалтыку, ды ў 1240-41 гг. зьявіліся на ўсходнеславянскім узьмежжы. Якраз у гэты момант у Міжмор’і, дзе ў страшным сутыкненьні павінныя былі сысьціся й захлынуцца крывёю дзьве супрацьлеглыя й такія сугучныя сілы Сярэднявечча, раптоўна ўзьнікае нябачная дагэтуль дзяржава. Перад ёй сьцішваецца Арда, спыняецца Ордэн, ёй прысягаюць навакольныя князі…

Так эфэктна й уладарна пачалася больш чым 500-гадовая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага.

У 1240-х гадох летапісную Літву – асыміляваныя славянамі балцкія землі вакол Наваградка – зьяднаў Міндоўг. Гедзімін у 1323 г перанёс сталіцу ў Вільню і далучыў да ВКЛ сёньняшнюю Летуву (Жамойць), Полацк, Менск, Тураў. Альгерд пашырыў абсяг Княства ўдвая, вызваліўшы ад татараў Украіну, прыяднаўшы Смаленск, Бранск, Чарнігаў і прымусіўшы Маскву плаціць даніну. Нарэшце, за Вітаўтам Вялікім ВКЛ – ужо найбуйнейшая краіна Эўропы ад Балтыкі да Чорнага мора, пад чыім пратэктаратам знаходзяцца Ноўгарад ды Цьвер, якому падпарадкоўваюцца і крыжакі, і Арда. ВКЛ – гегемон Усходняй Эўропы й фарпост цывілізацыі на азіяцкім даляглядзе.

Пасіянарны выбух – вось як гэта называецца. Перамогі на Сініх Водах у 1362-м  й пад Грунвальдам у 1410-м, альгердава дзіда ля брамы Крамля, Мажайск як мяжа – за 130 км ад Масквы! – і паўвыспа Літоўская ў Крыме – усе гэтыя нацыянальныя рэкорды датуюцца якраз часамі ВКЛ.

Ядро Вялікае Літвы склалі этнічныя беларускія землі. Беларусы занялі пануючае становішча ў канглямэраце ліцьвінскага насельніцтва. Беларуская мова зрабілася дзяржаўнаю й загучала скрозь ад Прыбалтыкі да Малдовы. Беларушчына напоўніла сабою ўсю Літву. Беларусь стала асновай ВКЛ – і гэта прадвызначыла сутнасьць вялікалітоўскага фэномэну ў сусьветнае гісторыі.

Нават для эпохі рэлігійнага Сярэднявечча ВКЛ – краіна ўнікальна хрысьціянская паводле свайго характару. Факты будуюць зь Вялікай Літвы XIV-XVI стст. храм унушальнае велічы:

— Большасьць земляў была далучаная да ВКЛ мірам – і гэта ў эпоху, што жыла войнамі;

— У дзяржаве кіраваў закон, шэдэўр юрыспрудэнцыі таго часу, правобраз эўрапейскіх канстытуцыяў – Статут ВКЛ;

— Грамадзтва адрозьнівала талеранцыя ў сутоцы канфэсіяў. Тым часам як кантынэнт скаланалі рэлігійныя войны, інквізыцыя й варфаламееўскія ночы, ВКЛ абавязвала да верацярпімасьці нават караля Францыі;

— Поўнае спрыяньне аказвалася габрэям, практычна ўраўнаваным у правох са шляхтай – уявіце сабе, сярод пандэміі антысэмітызму тых стагодзьдзяў!

— ВКЛ згенэравала вунію паміж праваслаўнымі й каталікамі; пазьбегла як рэлігійнага фанатызму, так і акультызму, атэізму, разбэшчанасьці;

— Палітычны лад ВКЛ набліжаўся да шляхецкай хрысьціянскай дэмакратыі– параўнайце з тагачаснымі эўрапейскімі манархіямі ці маскоўскай дэспатыяй!

— Сплаў Рэфармацыі й Рэнэсансу спарадзіў фаервэрк рамантычнага і духовага мастацтва, музыкі, літаратуры – культуры Залатога веку;

— ВКЛ сталася галоўнай друкарняй Сьвятога Пісьма й эпіцэнтрам эвангельскай місіі ва Ўсходняй Эўропе: Скарына пераклаў Біблію на беларускую, Фёдараў і Мсьціславец выканалі апостальскую ролю ў Расеі й на Ўкраіне, Радзівіл і Будны друкавалі дзесяткі выданьняў на лаціне й польскай для Захаду;

Шматвекавы храм беларускага Сярэднявечча стаіць упоравень з эўрапейскімі нацыянальнымі ідэямі першае велічыні – Нямеччыны, Ангельшчыны, Чэхіі, Швэдзіі – і адкрывае нам падмурак, якога не было ані ў Расеі, ані ў Амэрыкі. Замкі й палацы, магутнасьць і бляск магнатаў, вольная й шматлікая шляхта, магдэбурскае права ў гарадох, культурныя шэдэўры й высокамастацкае рамесьніцтва, тытаны веры й адухоўлены народ… ВКЛ, бясспрэчна, была адным з найбольшых посьпехаў хрысьціянскае Эўропы – мадэлью для цэлай  цывілізацыі.

ВКЛ – абрэвіятура, якая адпавядае савецкаму клішэ-скароту “уключана”. Тэксты пра ВКЛ сапраўды чытаюцца са шчоўканьнем уключальнікаў: ВКЛ! – і з адной толькі ўспышкай памяці азараецца ўся панарама сярэдневечнае беларускае гісторыі.

ВКЛ – матрыца беларускай пэрспэктывы. Вобраз максымальнага росквіту фармуе для наступных пакаленьняў ідэалы зьнешнепалітычнага, эканамічнага й культуровага разьвіцьця. Пункты, што пералічваюць вялікалітоўскія дасягненьні ў часе й прасторы, аўтаматычна робяцца кропкамі апоры для Беларусі ў будучыні.

Настальгічныя згадкі пра “Літву”, усе гэтыя “О, Літва, айчына!” – “Нарадзіўся я ліцьвінам”, – “Літва харобрая” – генетычна ўсё яшчэ джаляць беларусаў жалем. Бо Літва – летуценьне нашае велічы. Літва – наша малітва ўдзячнасьці Госпаду Богу за мінулыя дабраслаўленьні. Але ня варта шкадаваць пра тое, што ВКЛ засталося адно пластом гісторыі.

Бо нас чакае Беларусь. Новая зямля. Сьвежая, сьветлая й чыстая, як аркуш белай паперы.

ВОЙНЫ

Для любога беларуса вайна – глябальная катастрофа й наймацнейшая канцэнтрацыя зла.

Геапалітычнае скрыжаваньне Беларусі ператваралася ў крыж штораз, як на шляхох зьяўляўся захопнік.

Вайна разбурала, рабавала, калечыла й забівала; сьледам прыходзілі эпідэміі й голад. Заставаліся адно попел спаленых хатаў й агромністыя могільнікі. Беларусь у сьвеце дагэтуль пазнаюць па трупах Хатыні, Трасьцянца, Берасьцейскай крэпасьці, па абэлісках Перамогі, партызанах і падпольшчыках – а ўсё гэта толькі апошняя вайна!

Беларусь спрабавалі зьнішчыць драпежнікі з усяго сьвету – татары, тэўтоны, Маскоўскае княства, Расейская Імпэрыя, фашысцкая Нямеччына, СССР. Беларускім адказам спачатку было паспалітае рушаньне, панцырнае баярства, крылатая коньніца, потым – лес, партызанка, падпольле, і нарэшце – малітва, цярплівасьць і адраджэньне.

Сучасная гісторыя ведае няшмат нацыяў, якія б некалькі стагодзьдзяў запар у выніку войнаў ставіліся на мяжу фізычнага выміраньня. Але Беларусь трывала, праходзіла празь сьмерць, празь пекла – і ажывала. Увесь боль беларускай вайны зьмяшчаецца ў адным вершы біблійнае кнігі Ёва: “Вось, Ён забівае мяне, але я буду спадзявацца”! (Ёва, 13:15). Толькі такая Беларусь, магла нарадзіць сусьветных прарокаў міру: Алеся Адамовіча, Васіля Быкава і нават Максіма Танка.

Нашыя самыя страшныя войны – Інфлянцкая, 1558–1583 гг, калі Масква захапіла Полацк і выпаліла ўсё Падзьвіньне; Невядомая, 1654–67 гг, якую доўга хавала расейская гістарыяграфія – а ў тае пагалоўнае разьні загінуў кожны другі беларус; Паўночная 1700–1721 гг.; Нашэсьце 1812 г.; I й II Сусьветныя, калі імпэрыі сутыкаліся ў сэрцы Эўропы за панаваньне над усёй плянэтай… Вялікіх вайскаводцаў і выбітных дзяржаўных дзеячоў Уладзімера Манамаха, Івана Грознага, Карла XII, Пятра I, Напалеона, Суворава, Гітлера, Сталіна Беларусь ведае выключна як агрэсараў, акупантаў і забойцаў.

Ужо пасьля таго, як 1,5 мільёны беларусаў згінулі ў 260 лягерох сьмерці, а яшчэ больш мільёна – на фронтах ІІ Сусьветнай, Савецкі Саюз распачаў у Беларусі будаўніцтва вялізнай вайсковай базы. Уся БССР уяўляла сабой ударны кулак савецкага мілітарызму й адначасова – стратэгічны пляцдарм вайсковага міту.

Трыюмф зброі ў Беларусі праваліўся.

Чаму ж беларусы не прымаюць вайны? Таму што сама сутнасьць Беларусі – далікатная, узвышаная, ласкавая – не для войнаў, а для міру Божага. Таму што перамогі Беларусі заўжды былі духовымі – і збаўлялі душы, а не забівалі іх. Беларус не бярэцца за зброю, унікае войска, й скрайнім выпадку йдзе ў партызаны, каб не згубіць сябе ў буры страху, гвалту й нянавісьці. Але ж калі беларуса дастаць да самае глыбіні душы, загнаць у кут ды там яшчэ й таптаць – спрацоўвае спружына стоенае сілы, і беларуская вайна разгортваецца з навальнічнай хуткасьцю.

Беларус са зброяй – гэта відовішча апакаліптычнае, кшталту Пагоні, перад якой не ўстаяць ані татары, ані крыжакі, ані браты-славяне; кшталту Магілёўскага паўстаньня 1661г., калі трупамі маскаля запруджвалі Дняпро;  кшталту сутыкненьняў на вулічных маніфэстацыях, калі і радыкальныя дэманстранты, і вясковыя хлопцы-амапаўцы малоцяць адзін аднаго да страты прытомнасьці тронкамі ад сьцягоў ды плякатамі.

Калі няма выйсьця, калі вайна ўломваецца ў хату, калі меч ёсьць адзіным адказам – тады беларусаў не разьбіць, не спыніць, не стрымаць. У адкрытым баі беларусы практычна заўжды апыналіся ў меншасьці – але атакавалі й грамілі ворага. Стратэгія Давіда ў бітве з Галіяфам заўжды давала Беларусі бліскучыя перамогі над шматкроць большымі сіламі татараў, маскавітаў, швэдаў ды немцаў.

Беларусы ўмеюць ваяваць, ды яшчэ як! Толькі лепш іх да гэтага не даводзіць. Беларус Сяргей Грыцавец, двойчы герой Савецкага Саюза, у адным баі зьбіў 7 вырожых самалётаў. Ягоны зямляк Аляксандр Гаравец – 9 самалётаў, і ў той жа дзень загінуў. Беларуска Зінаіда Тусналобава-Марчанка выцягнула з поля бою сотні параненых – сама засталася бяз рук і ног. Беларус Міхась Ягораў падымаў Сьцяг Перамогі над рэйхстагам. Нарэшце, беларус Трыфан Лук’яновіч на вуліцы Бэрліну ў 1945-м уратаваў нямецкую дзяўчынку – і быў увекавечаны ў помніку Вучэціча ў Трэптаў-парку.

Захопнікі выдатна ведалі, што беларуса адольваюць адно незьлічоная колькасьць, вынішчэньне веры й татальны генацыд. І каго як не цярплівых, маўклівых мацакоў-беларусаў рэкрутавалі потым на свае войны акупанты! Беларусы заваёўвалі для Расеі Сібір, Каўказ і Сярэднюю Азію, біліся й паміралі за польскую незалежнасьць; абаранялі Берасьцейскую крэпасьць, Маскву ды Сталінград. Нават у Афганістан першай уваходзіла Віцебская дэсантная дывізія. Дагэтуль ва ўсім былым Саюзе браткоў-беларусаў вайсковыя спэцы ведаюць як адмысловых байцоў.

Таму беларусы шчасьлівыя, калі не ваююць. АБЫ НЕ БЫЛО ВАЙНЫ – гэта таксама нацыянальная ідэя. Алесь Адамовіч змагаўся супраць гонкі ядравых узбраеньняў. Станіслаў Шушкевіч – беспрэцэдэнтны выпадак! – бязвыплатна адмовіўся ад савецкіх ракетаў на карысьць поўнага нэўтралітэту. Зянон Пазьняк дамогся, каб беларусы не служылі ў гарачых кропках.

Беларусы не пацыфісты. Проста Беларусь – гэта ўсё, што засталося тут пасьля тысячагодзьдзя войнаў.

ГАБРЭЙСТВА

…Беларусь? І пасьля гэтага вы будзеце гаварыць мне, што ў вас няма сваякоў у Ізраілі?…

Зь Беларусі паходзяць лідэры сіянісцкага руху і большасьць кіраўнікоў адноўленае дзяржавы Ізраіль – два прэзыдэнты й шэсьць прэм’ер-міністраў. Габрэйская дыяспара Беларусі адрадзіла старажытны іўрыт, зрабіла дзяржаўнай моваю ідыш і прыдумала эспэранта, заснавала “Масад” і найславуцейшыя габрэйскія школы – іешывы – а таксама дала сьвету дзесяткі знакамітасьцяў, дзеячоў і геніяў плянэтарнага маштабу.

Габрэі (“жыды”, “жыдове”) зьявіліся ў Беларусі яшчэ ў Сярэднявеччы – іх добра арганізаваныя й уплывовыя кагалы з XIV ст., паводле вялікакняскіх прывілеяў, займаліся камэрцыяй ды рамесьніцтвам.

“А сыны Ізраілевыя пладзіліся вельмі, і размножыліся, і зрабіліся яны дужа моцныя, і напоўнілася тая зямля імі.” (Выхад 1:7)

Эўрапейскае скрыжаваньне. Небывалая талеранцыя. Натуралёвая духовасьць. Багаты й утульны край. Беларусь? Ды проста зямля абяцаная!

Па меры таго, як у тагачаснай Эўропе ў выніку крыжовых паходаў, эпідэміі чумы й разгулу цемрашальства габрэі пачалі падвяргацца ўсё больш моцнаму ўціску, цэнтар цяжару габрэйскага расьсяленьня паволі перамяшчаўся зь Нямеччыны на ўсход, праз Польшчу да ВКЛ – дабраславёнага Ханаану, дзе цякуць малако і мёд. У XV – XVI стст. міграцыя прыняла масавы характар: на беларускіх землях аселі дзесяткі тысячаў габрэяў.

Беларусь Залатога веку чула на ўласныя вушы й бачыла на ўласныя вочы, як выконвалася Божае абяцаньне габрэям:

“Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе…” (Быцьцё 12:3)

Беларусь атрымала дар велізарнага гістарычнага значэньня. На працягу апошніх стагодзьдзяў, да аднаўленьня габрэйскае дзяржаўнасьці, якраз тут, у Сэрцы Эўропы, і быў Ізраіль! Мільёны габрэяў век за векам канцэнтраваліся на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства.

… І што, цяпер вы таксама будзеце пытацца ў мяне, чаму беларуская гісторыя так нагадвае Біблію?..

У XIX – пачатку ХХ стст. абмежаваныя імпэрскай рысай аселасьці габрэі складалі асноўнае насельніцтва беларускіх гарадоў. Менск, Магілёў, Берасьце, Віцебск, Гомель, Пінск, Мазыр былі габрэйскімі на 50-80%! У Валожыне, Міры, Слоніме, Слуцку дзейнічалі самыя вядомыя ў сьвеце іешывы – юдаісцкія ўнівэрсытэты. Сюды, да знакамітых равінаў і тлумачальнікаў Талмуду таго часу зьяжджаліся вучыцца габрэі з ЗША, Нямеччыны, Ангельшчыны. Беларусь выконвала ролю агромністага рэзэрвуару, дзе намнажаліся сілы для адраджэньня народа, абранага Богам. Беларусь – другая радзіма габрэйства, ня больш, ня менш.

Фэномэн габрэйскага расьсеяньня, які спрабуюць сарамліва не заўважаць дагэтуль, насамрэч іскрыць і зьзяе ў беларускай нацыянальнай ідэі на поўную сілу. Бліскучыя імёны, пляяды талентаў, паўсюдныя прозьвішчы зь беларускай сэмантыкай на Захадзе і Усходзе – ад клясычных Рабіновіча й Кагановіча да Гомельскага, Сланімскага, Слуцкай, Шклоўскага ці Магілевера, па якіх можна вывучаць геаграфію Беларусі – скрышталізоўваліся тут, у краіне ціхай, сьветлай і празрыстай, у вобласьці высокае духовае канцэнтрацыі.

Зорны час беларускага габрэйства, пік ягонае трагедыі й нацыянальны трыюмф – ХХ стагодзьдзе. Беларусь літаральна выбухнула габрэйскай пасіянарнасьцю. З плоднасьцю біблійных патрыярхаў яна нараджала:

— Мастакоў з сусьветным імем: Марка Шагала, Хаіма Суціна, Саламона Юдовіна, Льва Бакста;

— Клясыкаў габрэйскай літаратуры: Мендэля Мойхер-Сфорыма, Ізі Харыка, Майсея Кульбака;

— Фантаста Айзэка Азімава, філёзафа Саламона Маймана, скульптара Заіра Азгура, пісьменьніка Зьмітрака Бядулю;

— Егуду Бэн-Эліезэра, што стварыў наноў іўрыт, і Людвіка Замэнгафа, што вынайшаў эспэранта;

— Лідэра рэлігійнага сіянізму Меіра Бар-Ілана з Валожына; заснавальніка Сусьветнага Сіянісцкага Кангрэсу Навума Гольдмана зь Вішнева, стваральніка габрэйскага руху Расеі, Шмуэля Магілевера, старшыню Габрэйскае Агенцыі й Сусьветнай Сіянісцкай Арганізацыі Ар’е Дульчына зь Менску;

— Ісэра Харэла (Ізю Гальперына), бацьку “Масаду”, які здолеў здабыць і перадаць у ЦРУ даклад Хрушчова аб разьвенчваньні культу Сталіна яшчэ да яго выступу на ХХ зьезьдзе КПСС;

— Міхала Грузэнбэрга, у 1941-49 гг. галоўнага рэдактара Саўінфармбюро, і Сямёна Косбэрга, асноўнага канструктара савецкіх касьмічных рухавікоў…

… І што, вы скажаце мне, што гэта ня нашыя людзі?!.

Беларускія габрэі – гэта супэрзоркі заходняе цывілізацыі. Норбэрт Вінэр, заснавальнік кібэрнэтыкі – зь сям’і беларускіх эмігрантаў. Давід Сарноў, кіраўнік Радыёкарпарацыі ЗША, дарадца Эйзэнхаўэра і патрыярх сучаснае мэдыя-індустрыі – зь Меншчыны. Ізя Бейлін, ён жа Ірвінг Берлін, аўтар “God Bless to America”, музыкі для 19 мюзіклаў, 18 кінафільмаў і 282-х найпапулярнейшых гітоў ЗША – з Магілёва. Ляўрэат нобэлеўскае прэміі Аарон Клуг – зэльвенскі. Давід Мэр-Сухаўлянскі – заснавальнік Лас-Вегасу, “самая загадкавая постаць амэрыканскае мафіі”, што ніводнага разу не трапляўся ў турму і стаў прататыпам для Майкла Карлеонэ з “Хроснага бацькі” Марыё К’еза – гарадзенскі. Легенды Галівуду Кірк Дуглас з сынам Майклам Дугласам – магілёўскія!

Беларускае габрэйства спарадзіла бомбаў сусьветнае рэвалюцыі – Паўла Аксельрода са Шклова, рэдактара “Іскры” й старшыню партыі меншавікоў; Рыгора Гершуні зь Менску, стваральніка баявой арганізацыі эсэраў; Аляксандра Парвуса зь Бярэзіна, галоўнага фінансіста й выдаўца партыі бальшавікоў, а ў дадатак і Фані Каплан з Рэчыцы, якая старшыню гэтае партыі ледзь не адправіла на той сьвет стрэламі з рэвальвэру, а яшчэ пяцёх зь дзевяці заснавальнікаў РСДРП…

… Ну вось, як заўжды: габрэі зноў ва ўсім вінаватыя!…

Беларусь дала пачатак цэлым габрэйскім партыям – Бунду (Вільня, 1897) і “Паалей-Цыёну” (“Рабочыя Сыёну” – Менск, 1901)

Гітлераўскі нацызм спрабаваў зьнішчыць беларускі Ізраіль. Попел Трасьцянца, Менскага гета й дзесяткаў фашыстоўскіх канцлягераў дагэтуль грукае ў Сэрца Эўропы.

І ўсе-такі – старонка гісторыі чалавецтва, вартая Новага Запавету! – менавіта Беларусь выканала ключавую ролю ў цудоўным уваскрасеньні Ізраілю, прадказаным Бібліяй. Пасьля амаль дзьвюхтысячагадовага блуканьня па сьвеце, прыцясьненьняў на чужыне, вякоў антысэмітызму й кашмару нацысцкага генацыду богаабраны народ вярнуўся на Сьвятую Зямлю. Першы прэзыдэнт Ізраілю, Хаім Вейцман, з Моталю і трэці, Залман Шазар, зь Міру; прэм’ер-міністры Іцхак Шамір, Арыэль Шарон, Голда Мэір, Мэнахем Бегін, Шымон Перас, Іцхак Рабін (апошнія трое – яшчэ й ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру) –  родам зь Беларусі!

Іх пачынаеш пазнаваць паводле няўлоўнага генэтычнага коду: большасьць “літоўскіх”, “рускіх”, “польскіх” ды “савецкіх” габрэяў – носьбіты ўзьнёслае, сьветлае, адухоўленае беларускае мэнтальнасьці.

Калі чытаеш Біблію, напоўненую дабраславеньнямі й пракляцьцямі ізраільскаму народу, перабіраеш неверагодную й драматычную гісторыю беларускага габрэйства – кожнае імя, кожны вобраз, кожнае прароцтва адкрывае перад табою Беларусь. Гэта кранае асабіста. Гэта прымушае трымцець. Гэта працінае да пачуцьця яўнае роднасьці.

Зрэшты, мы даўно пра гэта здагадваліся. Такі праўда, кожны з нас хоць крыху габрэй!

ГРУНВАЛЬДЗКАЯ БІТВА

Грунвальд – галоўная бітва Сярэднявечча.

Грунвальд – генэральная перамога Сэрца Эўропы над крыжацтвам.

Усе грані брані, грозны грукат брані, роў крыкаў і рокат крыві, грымоты збройных армадаў, скрышальны разгром ворага ў адным слове – гэта Грунвальд.

Грунвальд – “Зялёны лес” па-нямецку, “Жальгірыс” па-летувіску, “Дуброўна” па-наску. У палякаў, прыбалтаў, украінцаў, чэхаў, што прымалі ўдзел у бітве, перамога над крыжакамі – жалезны элемэнт нацыянальнага эпасу. Летувісы, забіраючы сабе вялікакняскую гісторыю, раскруцілі з “Жальгірысу” супэрбрэнд, і з тае пары рэгулярна ладзяць “грунвальды” супернікам у баскетболе, футболе й гандболе: хто зь мячом да нас прыйдзе…

Беларусаў доўга пераконвалі, што яны ўвесь час прайгравалі. Але Грунвальд – гэта аргумант.

Сучасьнікі называлі тую вайну Вялікай. І насамрэч – гэта было вялікае супрацьстаяньне. Вырашаўся лёс Усходняй Эўропы. З аднаго боку – крыжакі зь нямецкіх і прускіх земляў, заходняе рыцарства, што захапіла й калянізавала берагі Балтыкі і ўсталявала рэжым тэрору на польскім, беларускім, наўгародзкім узьмежжы. Зь іншага – саюз Польшчы, ВКЛ ды паняволеных тэўтонамі народаў.

Што вяло крыжакоў? Прагавітасьць да чужое зямлі. Бессаромная ўпэўненасьць у сваёй сіле. Гнеў за тое, што Летува й Польшча яшчэ не скарыліся зброі. Галоўныя грахі перад Богам, за якія, кожны рыцар ведаў на памяць з катэхізму, пакараньне – сьмерць.

Што вяло нашых продкаў?

Рука Божая.

Яны сышліся 15 ліпеня 1410 году ля мястэчка Грунвальд – цяпер гэта ў Польшчы. Крыжацкае войска, цяжкае сталёвае рыцарства з артылерыяй, самая страшная разбуральная машына Сярэднявечча – мела, паводле розных зьвестак, ад 24 да 100 тысячаў ваяроў. Лягчэй узброенае, але больш рухомае беларуска-польскае – ад 30 да 150 тысячаў, сярод якіх – каля 40 харугваў з гарадоў ВКЛ.

Пачатак бітвы затрымліваўся: войска саюзьнікаў усю раніцу малілася й сьпявала хрысьціянскія гімны. Нецярплівы магістр Тэўтонскага Ордэну Ульрык фон Юнінген паслаў у стан Ягайлы й Вітаўта мячы: біцца, і хутчэй!

Сьмяротны грэх пыхі, які Беларусь нікому не даруе.

Коньніца Вітаўта атакавала баявыя парадкі крыжакоў, каб зьнішчыць выстаўленыя наперад бамбарды. Рыцары рынуліся насустрач. Беларусы распачалі ўяўнае адступленьне, каб імклівым рухам расстроіць ордэнскія харугвы: перабіць грувасткіх рыцараў было куды прасьцей у беларускай стыхіі, сярод лесу. Тым часам у бой уступілі палякі Ягайлы і выстаўленыя Вітаўтам у самы цэнтар тры беларускія харугвы – аршанская, мсьціслаўская й смаленская. Яны амаль цалкам загінулі ў жорсткай сечы, некалькі гадзінаў стрымліваючы напор крыжакоў – гэта быў адзін з найвялікшых подзьвігаў беларускай мужнасьці й самаахвярнасьці за ўсю нашую гісторыю… Нарэшце, манэўр Вітаўта завершыўся агульным наступам правага крыла й атачэньнем ворага з тылу. Крыжакоў дабівалі ў двух велізарных “катлах”, рэшткі нішчылі да глыбокае ночы. Вялікі магістр і большасьць крыжацкіх палявых камандзіраў загінулі. Саюзьнікам дасталіся амаль усе харугвы й абоз. Перамога была поўнай. Тэўтонскі Ордэн быў разгромлены дазваньня.

Што гэта азначала?

Гранёная фраза гістарыяграфіі: пасьля Грунвальду 500 гадоў нага ўзброенага немца не ступала на беларускую зямлю.

Сярэднявечная гісторыя ведае шмат бліскучых беларускіх перамогаў. Бітва на Сініх Водах 1362 г., дзе Альгерд расьсеяў адразу тры татарскія арды; бітва пад Воршай 1514 г., дзе 35 тысячаў ваяроў Канстаньціна Астрожскага высеклі ў пень 80 тысячаў маскавітаў; вікторыя пад Кірхгольмам 1605 г., дзе чатырохтысячны корпус Яна Караля Хадкевіча разьбіў 14.000 швэдаў, страціўшы толькі блізу 100 чалавек. Беларусы перамагалі ў меншасьці, бо былі духова мацней, мелі чыстае сэрца й цьвёрдую веру – і ў гэтым увесь сакрэт нацыянальнай вайсковае стратэгіі.

Крыжацтва, ганьба хрысьціянскага Сярэднявечча нароўні зь інквізыцыяй і продажам індульгенцыяў, пацярпела гістарычную паразу пад Грунвальдам у поўнай адпаведнасьці са словамі Хрыста: “Усе, што возьмуць меч, ад меча й загінуць”. ( Мацьвея 26:52)

Грунвальд – з тых бітваў Старога Запавету, у якіх Госпад даваў перамогу праведным і скрышальным ударам вынішчаў цэлыя царствы грэху. На Грунвальдскім полі Бог быў не з рабаўнікамі й драпежнікамі пад чорнымі крыжовымі знакамі – а з абаронцамі свае зямлі, зь іх малітвай і бел-чывона-белымі сьцягамі Ісуса, хрысьціянскімі Беларусьсю і Польшчай.

І калі сёньня цябе чакае вырашальная бітва, калі ворагі перадаюць мячы – біцца, і хутчэй! – проста памаліся. Зьбяры ў сэрцы ўсю сваю рашучасьць. І ўзгадай пра Грунвальд.

ЗАЛАТЫ ВЕК – XVI СТ.

Эра найвялікшага росквіту Беларусі, час галоўных герояў гісторыі й самага моцнага духовага абуджэньня – XVI стагодзьдзе.

Кожная нацыя ўздыхае аб сваім Залатым веку. У Беларусі сапраўднае фамільнае золата мае пробу XVI. Для гісторыкаў гэта пасіянарны выбух ВКЛ, для культуролягаў – фэномэн Рэнэсансу, для вернікаў – эпоха хрысьціянскае велічы. Наймагутнейшая дзяржава, найслаўнейшыя асобы, найвышэйшы дух – карацей, золата ва ўсіх намінацыях.

Мы мусім быць выключна ўважлівыя да Залатога веку. Менавіта празь ягоныя каштоўнасьці й зьдзяйсьненьні можна зь ювэлірнай дакладнасьцю вылічыць залатое сячэньне нацыянальнай ідэі.

У гарніле стагодзьдзя, пачатага Бібліяй Скарыны й завершанага Берасьцейскай вуніяй, утварыўся залаты хрысьціянскі сплаў: каталіцызм, праваслаўе й пратэстантызм, абуджаныя Рэфармацыяй, ачышчаныя талеранцыяй – у адзіным агмяні эвангелізацыі. У кнігах, пропаведзях, малітвах беларусы масава адкрывалі для сябе Бога. Сотні тысячаў людзей каяліся й нараджаліся звыш у Ісусе Хрысьце. Залатыя словы рабіліся целам!

Нешта падобнае перажылі ў XVI ст. немцы, ангельцы, швэды, галяндцы.

Беларусь XVI ст. напоўніцу адчула сваю місію сярод іншых народаў. Суседзі спазналі ўплыў галоўнага беларускага абуджэньня ў культуры, гаспадарцы, палітыцы, рэлігіі. Беларусь канчаткова сфармавалася як сэрца Эўропы – сэрца любові, болю й веры.

XVI ст. – кульмінацыя гісторыі Беларусі. Менавіта ў глыбінях XVI ст. трэба шукаць “нулявы пункт”, зь якім заканчваецца Стары Запавет Беларусі й пачынаецца наша Новая эра (паводле разьлікаў аўтара, гэта 1563 г.). Якраз пра гэты момант можна сказаць: у беларускі сьвет прыйшоў Хрыстос. Эфэкт Божае прысутнасьці адчуваўся паўсюль – і гэта, быццам філязофскі камень, альхімічна ператварала ў золата цэлую краіну.

XVI ст. – гэта дзеі апосталаў нацыі. Францыск Скарына й Леў Сапега, Мікалай Радзівіл і Астафі Валовіч, Мікола Гусоўскі й Андрэй Волян, Сымон Будны й Іпаці Пацей, Кастусь Астроскі й Пётра Скарга, Іван Федаровіч ды Пётр Мсьціславец. Імёны, напісаныя ў нашай гісторыі самі ведаеце якімі літарамі.

XVI ст. – наша Aurea Mediocritas, залатая сярэдзіна ў гісторыі, дзяржаўнасьці, законнасьці, палітыцы. Тры капітальныя Статуты за 60 гадоў! Літоўская Мэтрыка! Якія лідэры – Жыгімонт Аўгуст, Сцяпан Батура, Радзівілы й Сапегі! Залаты балянс паміж прадстаўнічай манархіяй, моцнай канстытуцыяй і шляхецкай дэмакратыяй. Росквіт мясцовага самакіраваньня. Дзесяткі гарадоў, што атрымалі магдэбурскае права й уласныя гербы.

XVI ст. – фаервэрк кнігадрукаваньня й культуры. Дзесяткі выданьняў Сьвятога Пісьма, катэхізмаў, тэалягічнае публіцыстыкі й навучальнае літаратуры. “Песьня пра зубра”, “Пруская вайна”, знакамітыя летапісы. Сармацкі партрэт, Мірскі замак, першае ва Ўсходняй Эўропе барока ў Нясвіскім касьцёле Божага Цела, якое ў наступных стагодзьдзях дасьць цэлы выбух шэдэўраў. Мураванка, Сынкавічы, збор у Заслаўі, Фара ў Горадні. Сотні адчыненых школаў – кальвінскія, езуіцкія, брацкія. Віленская Акадэмія… Перабіраеш, зачэрпваеш жменямі, не раўнуючы як залатыя скарбы ў куфры – з агністым бляскам, звонам і немым захапленьнем!

XVI ст. – бурнае разьвіцьцё рынкавае гаспадаркі: цяпер гэта называецца “эканамічны бум”. За некалькі дзесяцігодзьдзяў нацыянальны даход ВКЛ павялічваецца ў 4 разы й азалачае казну. Уніфікаваны грашовы абарот: дагэтуль Падзьвіньне лічыла рыскія шылінгі, Панямоньне – чэскія грошы, Палесьсе – ардынскія дырхемы; цяпер паўсюль грош літоўскі, віленскае чаканкі. Аграрная рэформа паводле лепшых эўрастандартаў, “Устава на валокі”, пасьля якой Беларусь пачала экспартаваць збожжа. Створаная таварная сельская гаспадарка: вёскі ў адну вуліцу й фальваркі робяцца галоўным беларускім ляндшафтам на бліжэйшыя 400 гадоў. Напачатку XX стагодзьдзя. Сталыпін возьме гэтую сыстэму за ўзор, каб распачаць сваю знакамітую рэформу па ўсёй Расеі. XVI – наш “залаты стандарт”!

XVI ст. – нябачны дагэтуль рывок урбанізацыі. За стагодзьдзе ўтвараецца каля 300 новых гарадоў і мястэчак, дзе крышталізуецца маса мяшчанаў, расьсяляецца габрэйства, запачаткоўваюцца рамесныя цэхі, гуртуюцца брацтвы. XVI ст. – пачатак дакладнае генэалёгіі большасьці шляхецкіх родаў. 80% гараджанаў – беларусы: рэкорд, не перасягнуты дагэтуль. Залатыя часы: у гарадох нарэшце фармуецца нацыя!

XVI ст. – залатая эпоха, калі на беларускай мове ліставаліся дыпляматы Польшчы, Маскоўшчыны, Валахіі, Малдовы, калі знакамітыя Генрыкаўскія артыкулы прымусілі Францыю спыніць перасьлед гугенотаў пасьля кашмару Варфаламееўскае начы.

Нарэшце, XVI ст. – гэта век геапалітычнага супрацьстаяньня з Масквой, змаганьня з агрэсіўнай Турэччынай, Люблінскай вуніі з Польшчай; век перамогаў пад Клецкам, Воршай ды Улай. Беларусь – у эпіцэнтры жыцьця кантынэнту; Беларусь паўсюль – на вагу золата.

XVI ст. – сапраўднае золата нацыі. Галоўны капітал гісторыі, які ляжыць зьліткамі ў архівах ды сэйфах лепшых музэяў сьвету. Фундамэнтальны залаты запас, зроблены на чорны дзень.

Таму наша XVI ст. можа з поўным правам паўтарыць да Бога сьледам за ўлюбёным беларускім Ёвам:

“Але Ён ведае шлях мой,

няхай выпрабуе мяне, –

выйду, як золата!” (Кніга Ёва 23:10)

КУРАПАТЫ

Курапаты – звычайны хвойнік. Такія ў нас паўсюль.

Ва ўзгорыстым бары на ўскраіне Менску больш за 500 правалаў. У кожным правале – косьці дзесяткаў і соцень забітых за часы сталінскага генацыду. Калі людзей расстрэльвалі й закопвалі поўную яму на 2-3 м глыбінёй – трупы тлелі, плоць разлагалася й зямля прасядала. 250 тысячаў забітых.

Блукаеш сярод крыжоў і дрэваў, прыслухоўваесься да шолаху хвояў, удыхаеш на поўныя грудзі і, дрыжучы, з жахам адчуваеш, што гэта – самае страшнае месца ў сэрцы Эўропы.

Людзей забіралі зь перапоўненых падвалаў Менскага КДБ, адкуль зімой праз аддушыны на вуліцу валіла пара. Бліжэй да ночы везьлі за горад, у агароджанае плотам урочышча. Падводзілі шэрагам да ямы і проста гваздалі ў патыліцу.

Курапаты – гэта яшчэ адно месца, у якое імпэрыя зла забівала цьвік, укрыжоўваючы Беларусь.

Бах! – і са стрэлам у патыліцу чалавек валіўся ў яму.

Бах! – і мэталёвае вастрыё зноў працінала беларускую плоць наскрозь.

Бах! – чулі жыхары навакольных вёсак і міжволі жагналіся.

Бах! – і вось, на крыжы, скрываўленая, расьцятая, падымалася па-над зямлёй уся краіна.

Лес у Курапатах таго ж узросту, што й пахаваньні: магілы засаджвалі хвойнікам. Вы бачылі гэтыя страшныя дрэвы, гэтыя сталёвыя ствалы аграмадных цьвікоў, якія прабіваюцца зь зямлі, рвуцца з самых крывавых каранёў, і ашчаперваюць тысячы й тысячы іглаў у неба?..

Курапаты адкапаў Зянон Пазьняк. Ён не пабаяўся той нячыстай сілы, што глядзела з пустых вачніцаў чарапоў, таемна выграбала й вывозіла косьці на сьметнік у чатырох кілямэтрах адсюль, якая за 70 гадоў ператварыла беларускую зямлю ў адзіны суцэльны магільнік… “Была на мне рука Госпада, і Гасподзь вывеў мяне духам і паставіў мяне пасярод поля, і яно было поўнае касьцей…” – так кніга прарока Езэкііля ( 37:1 ) пачынае аповед пра паўстаньне народу зь мёртвых.

Так, менавіта з Курапатаў вымкнуў масавы нацыянальны рух. 30 кастрычніка 1988 г. на Дзяды, калі тут на шматтысячным мітынгу быў упершыню за дзесяцігодзьдзі ўзьняты бела-чырвона-белы сьцяг – улада разагнала людзей дубінкамі й газам.

У адказ Беларусь выбухнула – мітынгі пачаліся па ўсёй краіне. Паўстаў Беларускі Народны Фронт. У Курапатах зьявіўся стыхійны мэмарыял – сотні крыжоў. Памятны знак паставіў тут падчас свайго візыту ў Беларусь прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

І калі ўвосень 2001 г., пасьля чарговых перавыбараў Лукашэнкі, праз Курапаты пачалі будаваць Менскую кальцавую, разьбіраючы крыжы й памятныя знакі – на кругласуткавую бестэрміновую абарону Курапатаў стала ўжо беларуская моладзь.

Курапаты – гіганцкі ахвярнік. Таму сюды, быццам да алтару, прыходзяць маліцца тыя, хто любіць Беларусь. Тыя, хто ня верыць у Бога, баяцца гэтага месца. Бо сіла беларускай свядомасьці крынічыць у гэтым месцы моцна, як нідзе.

Іншыя народы шануюць палі бітваў, дзе продкі пралівалі кроў, сваю й варожую. Але ў беларусаў іншае поле памяці – набрынялае крывёй бязьвінных.

Наш нацыянальны нэкропаль не нагадвае ані Арлінгтон, ані Новадзявочыя могілкі, ані эгіпецкія піраміды. Беларускі нацыянальны нэкропаль – гэта безыменныя Курапаты.

Пахаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў зафіксаваныя ў 48 гарадах і мястэчках Беларусі. У адным толькі Менску іх 11 – дачы АГПУ ў Драздах, Камароўка, Лошыца, Парк Чалюскінцаў, Трасьцянец …

Сёньня ў Курапатах – 5-мэтровы Крыж Пакуты, Крыжовая алея, крыжы па пэрымэтры ўрочышча.

Курапацкі Крыж зноў і зноў робіцца нашай сыстэмай каардынатаў. Крыж вяртае нацыю да пачаткаў, да першасных пытаньняў быцьця : жыцьця і сьмерці, ахвяры й памяці, веры ў Ісуса Хрыста – і, нарэшце, пераможнага ўваскрасеньня.

ЛІТОЎСКАЯ МЭТРЫКА

Літоўская Мэтрыка – дзяржаўны архіў канцылярыі ВКЛ XIV – XVIII стагодзьдзяў.

У Літоўскай Мэтрыцы зь беларускай руплівасьцю й цярплівасьцю задакумэнтавана справаводзтва вялікіх князёў, соймаў, судоў, дыпляматычнае ліставаньне, кнігі перапісаў і попісаў войска, гандлёвыя й арэндныя дамовы. Агромністы масіў жывое гісторыі, палітыкі й юрыспрудэнцыі.

Сучаснае вывучэньне Літоўскай Мэтрыкі, якое вядуць сотні дасьледчыкаў зь Беларусі, Украіны, Летувы, Польшчы, Расеі, вымагае стварэньня цэлага міжнароднага інстытута, і працы на дзесяцігодзьдзі. Ніводная суседняя краіна ня можа пахваліцца архівам гэткага аб’ёму, дакладнасьці й кшталтаванасьці. Таму ўсе хваляцца нашай Мэтрыкай.

Вывезеная ў 1794 г. расейцамі, зараз Мэтрыка захоўваецца ў Маскве й часткова Варшаве. У пачатку XX ст. свае прэтэнзіі на архіў заявіла Летува – і Вацлаў Ластоўскі, тадышні старшыня Ўраду БНР, нават згадзіўся перадаць ёй усе дакумэнты, напісаныя па-жамойцку. Урачыста падпісалі дамову – але летувісам не дасталося ані аркушу: абсалютная большасьць папераў тут па-беларуску.

Так, Літоўская Мэтрыка – велізарны пласт беларускай мовы: да сярэдзіны XVII ст. ўсе дакуманты афармляліся на-беларускай, і толькі ў апошняе стагодзьдзе адбыўся пераход на польскую й лаціну. У нас не распрацаванае беларускамоўнае справаводзтва? Няма юрыдычнае тэрміналёгіі? Мала сувязяў з эўрапейскім заканадаўствам? Чытайце Мэтрыку, спадарове!

Літоўская Мэтрыка – вось Вялікая Беларуская Энцыкляпэдыя!

Літоўская Мэтрыка – гэта ўсё зьніклае Вялікае княства: можна пачытаць, памацаць, уявіць да драбнюткіх дэталяў. Беларусь, якая страціла амаль усе свае матар’яльныя каштоўнасьці, у якой адабралі й вывезьлі ўсе скарбы, разбурылі храмы й прысабечылі геніяў – захавалася цэлай у слове. Сымбалічна: краіна духовасьці, прывідная й бязважкая, пакінула нам некранутай усю тоўшчу гісторыі ў кнігах.

Напісанае – застаецца.

Літоўская Мэтрыка – поўны збор твораў Залатога веку. Гісторыя, што ўваскрашае Беларусь, ажыўляе беларусаў, збаўляе іх ад забыцьця ў вобразах, так неабходных нам сёньня:

“І ўратуюцца ў гэты час з народу твайго ўсе, якія знойдзены будуць запісанымі ў кнізе.” (Данііла, 12:1)

Калі гісторыя Беларусі прыпадобненая да Бібліі, дык Літоўская Мэтрыка – гэта рыхтык разьдзел “Лікі”, поўны сьвятарных лічбаў, правілаў і сьпісаў.

Літоўская Мэтрыка – мэтрычная сыстэма эпохі ВКЛ. Матрыца, якую нам неабходна пералічыць наноў. Матэрыя, зь якой мы мусім аднавіць цывілізацыю Залатога веку. Мацярык, што зноў уздымаецца з глыбіняў гісторыі як Вялікае Княства Літоўскае.

МАГНАТЫ

Магнаты? Спадарове, ВКЛ выкладвае тузы.

Беларускі магнат – гэта амэрыканскі мультымільянэр, арабскі нафтавы шэйх і ангельскі лорд у адной асобе. Магнаты, быццам магніты, былі пунктамі прыцягненьня й цэнтрамі сілы ў палітычнай, гаспадарчай ды грамадзкай сфэрах Вялікага Княства Літоўскага.

Магнаты – глыбокая, спадчынная, дынастычная эліта. Магнацкія роды разьмяркоўвалі галоўныя пасады ў дзяржаве й валодалі большасьцю земляў, складаючы наш нацыянальны вобраз арыстакратыі. Высокародны й уплывовы фэадал – абавязковая постаць будучых беларускіх кінаэпапеяў і гістарычных раманаў.

Магнатэрыя, моцная стоеная сіла зь вялізным дыяпазонам узьдзеяньня, аказалася фэномэнам надзіва беларускім. Нават тады, калі вялікія князі й каралі мелі балцкае, швэдзкае ці вугорскае паходжаньне ды цягнулі за сабой сюды сьвіту сваякоў ды суайчыньнікаў, рэальную уладу ў ВКЛ захоўвала ядро з найбуйнейшых беларускіх родаў. Радзівілы, Сапегі, Астроскія, Пацы, Кішкі, Ільлінічы, Глябовічы, Агінскія, Хадкевічы, Алелькавічы, Гальшанскія, Гарнастаі, між іншага Абрамовічы… Канцэнтруючы ў сваіх руках найбольшыя багацьці й займаючы ключавыя дзяржаўныя пасады канцлераў, гетманаў, падскарбіяў, маршалаў, ваяводаў і кашталянаў, магнаты фармавалі вырашальны балянс паміж выканаўчай улады манархіі й заканадаўчай шляхецкай дэмакратыяй – і рабілі ўсё па-свойму. Менавіта магнаты некалькі стагодзьдзяў былі галоўнымі беларускімі патрыётамі й пасьлядоўна адстойвалі нацыянальныя інтарэсы ў вуніях з Польшчай, вайсковых блёках і эўрапейскіх дыпляматычных гульнях.

Магнаты – магутныя рухавікі беларускай гісторыі. Мікалай Радзівіл Чорны за 12 гадоў літаральна перавярнуў ВКЛ Рэфармацыяй; Леў Сапега збудаваў на груньце Статуту дзяржаву закону; Міхал Клеафас Агінскі ў XIX ст. адзінаасобна спрабаваў вярнуць ВКЛ на арэну геапалітыкі. Апошнім з магутных магнатаў быў спонсар нацыянальнага руху пачатку XX ст. Рыгор Скірмунт.

Магнат – самая ўдалая рыфма да слова “мэцэнат”. Беларускія магнаты фундавалі кнігадрукаваньне, музыку, жывапіс, тэатар, навуку. Адныя Радзівілы былі вартыя цэлага міністэрства культуры. Яўхім Храптовіч заснаваў Адукацыйную камісію РП і сабраў у Шчорсах знакамітую бібліятэку, Тышкевічы ахвяравалі большасьць сваіх багацьцяў на ўнікальны музэйны збор, Агінскія спансавалі тэатар і опэру… І ўсё гэта праз акупантаў дасталося лепшым скарбніцам сьвету ў Маскве, Бэрліне, Піцеры, Варшаве, Нью-Ёрку.

Магнаты былі фактычнымі лідэрамі канфэсійных партыяў. Мікалай Радзівіл Чорны застаўся ў нашай гісторыі ў першую чаргу як правадыр кальвінскага руху, Канстаньцін Астроскі – як галоўны апякун і абаронца праваслаўя, фундатар цэркваў і брацтваў, Хадкевічы – як заснавальнікі дзесяткаў касьцёлаў і кляштараў.

Магнаты – сіла й слабасьць гісторыі ВКЛ. Нямногім магнатам Госпад Бог даў многае, і многа зь іх спытаў. Магнацкая пыха, самадурства й разбэшчанасьць, выкарыстаныя захопнікамі, урэшце рэшт і давялі Беларусь да міжсобных войнаў ды здачы. Большасьць магнацкіх родаў разарыліся, здрабнелі, вырадзіліся.

Але беларускія магнаты залатога веку і пасёньня – шыкоўны ідэал для нацыянальнага бізнэсу. “Магнат” па-беларуску значыць ня “мафія”, не “наменклатура” й не “алігарх”. Магнат для беларускага пэрсаналісцкага мэнталітэту – гэта нешта сярэдняе паміж патрыярхам і супэрмэнам.

І калі чуеш чарговы раз па тэлевізіі пра Абрамовіча – ну, таго самага Абрамовіча, 25-га ў сьпісе найбагацейшых людзей сьвету, які нядаўна набыў футбольны клуб “Чэлсі” – узгадваеш, што ў Варнянах, Астравецкі раён, ад сядзібы магнатаў Абрамовічаў застаўся адно вялізны, зь лёнданскі стадыён памерам, выпусташаны парк; падлічваеш, што адзіны мільярдэр беларускага паходжаньня ў стане зафундаваць аднаўленьне чыста ўсіх родавых гнёздаў вялікалітоўскае магнатэрыі – і міжволі адчуваеш гонар за Радзіму.

Трэба жыць у Беларусі XXI стагодзьдзя, каб зразумець, як нам не стае сёньня Радзівілаў, Сапегаў і Хадкевічаў. Уплывовых гаспадароў. Прыроджаных лідэраў. Проста буйных асобаў.

Усё шасьцёркі ды валеты?.. Туз, панове! Беларусы, нацыя кнігадрукаваньня й міжмоўя, слова й вобразу, яшчэ ўразяць сьвет топ-пэрсонамі са сьпісу часопісу “Форбс” – сузор’ем бліскучых мэдыя-магнатаў.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ

“НЕ – ЗА – ЛЕЖ – НАСЬЦЬ!” – скандавалі беларускія маніфэстацыі эпохі развалу Савецкага Саюза.

Незалежнасьць! – гэта крык душы белай Беларусі, якой неабходна застацца чыстай сярод бруду, крыві й гвалту.

Незалежнасьць! – тое, што жыло ў напружаных жылах жаўнераў Слуцкага чыну, што вышыбалі зь беларускіх галоваў стрэламі ў патыліцу, што вырывалі, быццам прызнаньні на допытах, цэлымі старонкамі зь беларускай паэзіі й прозы.

Незалежнасьць! – так гучыць у беларускім вымярэньні Божы цуд вольнае волі, свабоды выбару й асабістае адказнасьці.

Імкненьне да дзяржаўнай незалежнасьці – імпэратыў беларускай гісторыі. Самастойнасьць, саматоеснасьць, самасьвядомасьць былі абавязковай умовай рэалізацыі нацыянальнай ідэі. У розных іпастасях незалежнасьці – Полацкім княстве, Залатым веку ВКЛ, БНР, Рэспубліцы Беларусь – мы дасягалі вяршыняў. Вуніі й саюзы, аслабляючы незалежнасьць, у выніку разбуралі цэласнасьць нацыі. Наяўнасьць незалежнай, сьвядомай, духовай Беларусі ў геапалітычным цэнтры Эўропы заўжды ўспрымалася імпэрыямі як яўная пагроза. Самыя вядомыя героі беларускай гісторыі – змагары за незалежнасьць. Усяслаў Чарадзей адстойваў незалежнасьць ад Кіева й Ноўгарада, Вітаўт – ад крыжакоў і татараў, Леў Сапега – ад Польшчы й Масквы.

 Беларусы зь іх генэтычна закладзенай вострай недастатковасьцю незалежнасьці, рабіліся галоўнымі героямі паняволеных народаў. Тадэвуш Касьцюшка ваяваў за незалежнасьць ЗША ад Ангельшчыны, а Рэчы Паспалітай ад Расеі; Юзаф Пілсудзкі вёў да свабоды Польшчу; Зыгмунт Мінейка біўся супраць турэцкае акупацыі Грэцыі.

Каліноўскі, Купала, Пазьняк – ідэолягі беларускай незалежнасьці.

Прынцып адасобленасьці, аддзяленьня сябе ад іншых, усьведамленьня сваёй адметнасьці ёсьць асновай паняцьця “нацыя”. Богаабраны Ізраіль – найстражытнейшая нацыя, прыналежнасьць да якой патрабавала выкананьня 10 запаветаў – ахоўваў сваю асобнасьць нават у дробных дэталях быту. Гэта дазволіла габрэям захавацца ў двухтысячагадовым расьсеяньні й застацца найбольш упловым народам у сьвеце. Для нацыяў духовага гатунку – а да такіх, безумоўна, належаць беларусы – паняцьце незалежнасьць набывае зьмест, параўнальны зь біблейскай сьвятасьцю.

Адасабленьне, чысьціня дзеля выкананьня свайго пасьвячэньня!

У 90-х гг XX ст. незалежнасьць Беларусі дасталася літаральна цудам. Сучасьнікі так і казалі: “звалілася зь неба”. Але ў гэтым і ёсьць сэнс беларускай незалежнасьці – яна нам дадзеная звыш.

“Незалежнасьць!” – гэтага беларускага слова панічна баяцца ў Крамлі й расейскім Генштабе. Незалежнасьць – гэта пляцдарм. Каб зьмяніць Эўропу і збавіць Расею, Беларусь мусіць быць незалежнай.

Сучасны выклік, кінуты нацыянальнай ідэі глябалізацыяй, робіць незалежнасьць толькі яшчэ больш каштоўнай, больш надзённай, больш жаданай. Імпэрыі й гіганцкія карпарацыі кідаюць гэты выклік проста нам у твар. Таму наш адказ – усе разам, і яшчэ раз:

— НЕ – ЗА – ЛЕЖ – НАСЦЬ!         

НЯМІГА

Няміга – месца нараджэньня Менска.

Немая рака Няміга-крывавыя-берагі. Вобраз са “Слова аб палку Ігаравым” прадбачыць увесь боль беларускага сэрца.

Няміга – адно з самых глыбокіх месцаў у Беларусі.

Няміга – старажытная рэчка, на якой для страшнае бітвы сустрэліся Чарадзей і Яраславічы, рэчка, сёньня схаваная ў трубах пад цэнтрам Менску.

Няміга – гэта першая менская вуліца, на якой месьціўся Ніжні рынак, і якую штовесну, зьбіраючы ўсе нечыстоты, увесь бруд, затапляла бурлівая паводка.

Няміга – гэта страшная катастрофа 30 траўня 1999 г., калі ў ціскатні падземнага пераходу станцыі мэтро загінула 53 чалавекі – у асноўным дзяўчаты 15-19 гадоў.

Няміга – аголеная нэрва Менску.

Няміга, незьмігутная Няміга, найвышэйшыя беларускія храмы глядзяць – не наглядзяцца ў тваю страшную яму. Сьвята-духаў сабор, праваслаўны прастол краіны, зьвернуты да цябе фасадам, залатымі крыжамі й бліскучымі вокнамі; вежы каталіцкае Катэдры ўздымаюцца па-над Верхнім Горадам, каб адтуль, са званіцаў, пільнаваць твой чорны правал; пазірае з-за мосту Петрапаўлаўская царква 1612 году пабудовы, а з выспы на Сьвіслачы – капліца ў памяць тых, хто загінуў за межамі Беларусі.

Каб збудаваць станцыю мэтро “Няміга”, Саветы разбурылі ўвесь гістарычны цэнтар Менску. Яшчэ Панамарэнка праз пасьляваенныя руіны выбухамі праклаў праспэкт на Маскву, разьвярнуўшы ўсю сталіцу да Ўсходу; потым, у 70-ыя, Паркавая магістраль, цяпер Машэрава, адгроханая праездам да візыту прэзыдэнта ЗША Рычарда Ніксана, адным махам перакрэсьліла забудову Верхняга гораду й пласты старажытнага Менскага замчышча. Катакомбы мэтро правальным рэхам паўтарылі гэты аграмадны крыж, пратараніўшы падзем’і старога гораду, і зьдзейсьнілі самае жахлівае, што толькі можна прыдумаць у Менску – пагружэньне ў Нямігу.

Рэчышча Нямігі-крывавыя-берагі, было пахаванае ў велізарных бэтонных трубах – на ўзьбярэжжы Сьвіслачы з боку Траецкага й сёньня можна ўбачыць іхнія жэрлы. Расправа з замчышчам працягвалася, калі, пашыраючы воднае люстра Сьвіслачы, у раку абрынулі цэлую ўскраіну недасьледаванага дзядзінца. У 80-ыя забой мэтро прайшоў пад Катэдральным саборам. Падчас будаўніцтва ў раскоп зь нейкае тайнае галерэі асыпаліся кнігі XVII ст. Іх разграбалі шуфлямі й выгружалі ў хлам. Вайна пад зямлёй разгортвалася. Прарваўшыся з глыбіняў, грунтовыя воды падмывалі падваліны храмаў да страшных прасадак і расколінаў, разьядалі бэтон і ржавілі канструкцыі мэтрабуду. Ішло няспыннае падтапленьне тунэляў, і абліцаваныя пад дрэва сьцены Нямігі скрозь пацямнелі, пайшлі ці то слязьмі, ці то крывавымі падцёкамі. У каменяломнях станцыі былі разгромленыя падмуркі кляштару баніфратаў, што стаяў на сярэднявечнай Рынкавай плошчы, знакамітая Менская брама, ня раз штурмаваная ворагамі, рэшткі драўлянай царквы Ўсьпеньня. Шматвекавыя кладкі цэглы, падарваныя дынамітам, задубелае за паўтысячагодзьдзя бярвеньне й насычаныя чалавечымі касьцямі, золатам і ўнікальнымі археалягічным начыньнем пласты выграбаліся экскаватарнымі каўшамі з самага болю гораду, вывозіліся й звальваліся на ўскраінных сьметніках. Гэтак раскопвалі катлаван, брацкую магілу для 40 юных дзяўчатак, адзінаццаці хлапцоў і двух міліцыянтаў.

Гэта тады, пры канцы 80-х, у беларускіх інтэлігентаў, што пікетавалі мэтро, з крывёю рвалі з рук плякаты. “Наплачацеся яшчэ з гэтай станцыяй мэтро! ” – крычаў тады будаўнікам Зянон Пазьняк.

30 траўня 1999 г. людзі правальваліся ў стагодзьдзі Нямігі. У яму, вырытую бульдазэрыстамі разам з раскрышанымі касьцямі. Глыбей, да ўдушша і пачарненьня, у таўкатню Ніжняга рынку, дзе буяніць зборышча п’яні, а паводка віруе прорвамі нечыстотаў. Яшчэ глыбей, пад нагрувашчаньнем целаў, у крывавы мясьніцкі рад, дзе, раздушаныя праз рот да вантробаў, пагружаліся ў грукат сякераў скрозь шаламы, шчыты й кальчугі палачанаў ды яраславічаў, у малатарню калёнай зброі, даверху накормленай чалавечынай, у чавільню віна лютасьці й гневу – раку Нямігу, якой няма. Для ўсяе Беларусі менавіта адсюль, зь гістарычнага правалу Нямігі, падымаецца шлях да Сабору й Катэдры.

Паспрабуйце прайсьці прахон угару. Скрозь натоўп, праз вал чалавечых целаў, надыханага перагару й дурнога напору, пастарайцеся ўзьняцца, як бы вам ні было гэта цяжка, крычаць, хоць вас і ня чуюць, стрымліваць і выцягваць з правалу тых, хто падае, тых, хто зьбівае вас з ног – і на бліскучых верхніх прыступках, закіданых кветкамі, з сонечным асьляпленьнем уваччу вам стане ясна, што гэта такое, лесьвіца ў неба.

“Няміга” – пароль для Менску. Шлях праз увесь грэх, боль і бруд чалавечы, праз косьці й руіны. Праз усю гісторыю – да неба, да Бога.

Таму будзьце ўважлівыя, калі пачуеце: “Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца. Наступная станцыя – “Няміга”.

ПАРТЫЗАНКА

“Беларусь – партызанскі край,” – скажуць жа, як адрэжуць!

Беларуская партызанка, 374 тысячы байцоў плюс паўмільёны сувязных, разьведчыкаў, памочнікаў, сапраўды ўяўляла сабой найбольш масавы рух супраціву гітлераўскай акупацыі на тэрыторыі СССР у гады II Сусьветнай вайны.

Уласна кажучы, беларусы партызанілі ўсю сваю гісторыю. Няўлоўнае лясное войска наводзіла жах на любога ворага: ад крыжакоў і татараў да Масквы і Гітлера.

Упершыню шырокі партызанскі рух узьнік у Беларусі падчас Невядомай вайны 1654-67 гг., калі супраць татальнай маскоўскай агрэсіі й рабаваньняў мірнага насельніцтва паўсталі сялянскія атрады “шышоў”. З тае пары ўсялякі акупант – расейскі, францускі, швэдзкі, нямецкі – сутыкаўся зь дзіўнай зьявай. Беларусы моўчкі сыходзілі ў лес. Потым пачыналі зьнікаць коні, стрэльбы, жаўнеры. А потым адкрываліся й баявыя дзеяньні – праз платы, з-за дрэваў, на дарогах.

Беларуская партызанка – гэта цэлая армія “Зялёнага дубу” часоў грамадзянскае вайны, што дзеіла паміж белымі й чырвонымі – з атаманамі Кудзяярам, Карчом, Дзергачом, 48-мю буйнымі й 25-цю дробнымі атрадамі, сотнямі баявых акцыяў і цэлымі раёнамі, дзе да сярэдзіны 20-х гадоў паўстанцы трымалі ўладу.

Беларуская партызанка – гэта “Чорны кот” генэрала Вітушкі са штабам у Налібоках, які на адну ноч у сакавіку 1948 г. з 500 байцамі заняў Наваградак.

Беларуская партызанка – гэта і рэфлекс паводзінаў у стрэсе, і абарона ад псыхалягічнай агрэсіі, і фэномэн усенароднай вызвольнай барацьбы. Партызанка супрацоўвае як гадзіньнікавы мэханізм і разгортваецца адразу.

Ужо на пяты дзень вайны пад Пінскам утварыўся першы партызанскі атрад. На працягу аднаго месяца вайны на тэрыторыі Беларусі сфармавалася ўжо больш за 100 атрадаў і групаў агульнай колькасьцю больш за 2,5 тысячаў чалавек. Увосень 1943 г. партызаны кантралявалі 60% тэрыторыі акупаванай Беларусі.

Нацыянальны супраціў тоіцца ў глыбіні душы, сярод гушчараў і балотаў, у самых нетрах – і таму ён практычна непераможны. Партызанка ёсьць станам беларуса, якога дасталі.

Калі беларусы пачынаюць партызаніць – хавайся ў бульбу. За тры гады вайны беларускія партызаны падарвалі й пусьцілі пад адхон 11 128 эшалонаў, разграмілі 948 штабоў і гарнізонаў, зьнішчылі 18,7 аўтамабіляў, 1355 танкаў ды БТРаў. За адну толькі ноч з 2 на 3 жніўня 1943 г. узарвалі 42 тысячы рэек. У партызанскай вайне ў Беларусі Гітлер страціў больш за 500 тысячаў чалавек забітымі й параненымі.

“Партызаны, партызаны, беларускія сыны, – напісаў тады Янка Купала – рэжце гітлерцаў паганых, каб ня ўскрэсьлі век яны!”

У “Энцыкляпедыі Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне” пералік адных толькі партызанскіх злучэньняў займае 89 старонак, набраных дробным шрыфтам. І, між іншым, паведамляецца, што большасьць партызанаў складала моладзь 18 -25 гадоў.

Беларускія палявыя камандзіры зрабіліся галоўнымі героямі вайны. Леў  Даватар праводзіў са сваім атрадам фантастычныя апэрацыі ў тыле ворага. Пятро Машэраў, настаўнік з Расонаў, пайшоў у партызаны з усёй сваёй 10-й клясай – і завершыў вайну камандзірам брыгады. Мінай Шмыроў, легендарны “Бацька Мінай” з-пад Віцебска, калі гітлераўцы узялі ў закладнікі ягоных жонку й дзяцей, і запатрабавалі здацца – ахвяраваў сям’ёй, каб граміць ворага.

Лідэры партызанкі – Сурганаў, Казлоў, Машэраў – у пасьляваенны час сталі кіраўнікамі рэспублікі.

Вэрмахт панічна баяўся беларускіх партызанаў, гэта факт. Толькі ў зімку 1943-44 гг. супраць іх было кінута 10 вайсковых дывізіяў. Але ўсюдыіснасьць, імклівая манэўравасьць, валоданьне ініцыятывай, раптоўныя паражаючыя ўдары – тактыка сучасных баявых апэрацыяў – паралізавалі нямецкую машыну ў вырашальныя этапы вайны. Змрочны германскі геній распрацаваў дзясяткі карных апэрацыяў – “Балотная ліхаманка”, “Сонцастаяньне”, “Чароўная флейта”, “Такавішча цецерукоў” – але яму так і не ўдалося зьнішчыць ніводнага атраду, ніводнае брыгады.

Бо беларусы не ваююць – яны партызаняць.

Беларусы не адступаюць – яны сыходзяць у лес.

Беларусы не адпраўляюць акупанта з чамаданам на вакзал – яны адразу ўзрываюць рэйкі.

Таму шалёная папулярнасьць сярод беларускай моладзі хіта NRM “Партызанская” на мяжы ІІІ тысячагодзьдзя – гэта ніякі ня шоў-бізнэс, а ясны сыгналь. Для любога акупанта.

ПЕРШЫ ЗЬЕЗД РСДРП

Вось ужо сто гадоў камуністычныя лідэры, заходнія палітолягі, студэнты-гісторыкі й аналітыкі ЦРУ, спрабуючы асэнсаваць сусьветны выбух савецкага камунізму, штораз вяртаюцца да яго пачатковага пункту. Увесь сьвет са зьдзіўленьнем ды жахам разглядае непрыкметны драўляны дамок у Менску па-над Сьвіслаччу, дзе 1 – 2 сакавіка 1898 года сабраўся падпольны I Зьезд Расейскай Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыі.

Ва ўмовах царскага палітычнага сыску разрозныя групы сацыял-дэмакратаў з усёй Расеі даслалі сюды сваіх прадстаўнікоў для ўтварэньня агульнай партыі й прыняцьця маніфэсту. Менск выбралі і як скрыжаваньне паміж галоўнымі рэвалюцыйнымі цэнтрамі – Масквой, Вільняй, Кіевам, Піцерам, Варшавай – і як самы зацішны заходні горад імпэрыі. Іх было дзевяцёра: кіеўляне Барыс Эйдэльман, Натан Відгорчык і Павал Тучапскі, Сьцяпан Радчанка зь Пецярбургу, масквіч Аляксандр Ванноўскі, екацярынаславец Казімір Петрусевіч, а таксама бундаўцы Аляксандр Крэмэр, Шмуел Кац і Абрам Мутнік. Маніфэст расейскай сацыял-дэмакратыі, напісаны піцерскім марксістам Пятром Струвэ, быў падпольна аддрукаваны ў Бабруйску.

Тым, хто вывучаў “Кароткі курс гісторыі КПСС”, і тым, хто прывёў эўрапейскую сацыял-дэмакратыю да трыюмфу канца XX ст., і тым, хто вывучаў Імпэрыю зла як ворага, было б цікава даведацца, што зь дзевяцёх заснавальнікаў РСДРП пяцёра мелі беларускае паходжаньне. Ніводзін з удзельнікаў I Зьезду так і ня стаў нават сярэдняй рукі кіраўніком рэвалюцыйнага руху. Ніводзін зь іх ня мае ў сваёй далейшай біяграфіі якіх-небудзь гістарычна значных падзеяў. Большасьць расчаравалася ў рэвалюцыі й стала звычайнымі абывацелямі. Але велізарная сіла, спароджаная імі, ужо разгортвалася, мяняючыся, набываючы жахлівыя абрысы й небывалую разбуральнасьць, ахоплівала мільёны ва ўсім сьвеце. Дзеля таго, каб амаль праз стагодзьдзе пацярпець гістарычны крах – на тым жа месцы, дзе й нарадзілася.

Інтэлігенты, вальнадумцы, змагары за правы чалавека (якія сьветлыя, чыстыя намеры!) ўпершыню сабраліся разам дзеля вызваленьня рабочага клясу. Чым гэта скончылася – добра вядома. І паказальна, што скончылася менавіта ў Беларусі. Іхні першы зьезд дзеля кансьпірацыі зьбіраўся пад выглядам застольля: на стале – гарэлка, пад сталом – “Капітал” Маркса. Праз 70 гадоў у парткамах усё будзе наадварот: на стале Маркс, а пад сталом гарэлка.

Сюды, у цэнтар Менску, да калыскі савецкае сыстэмы, у домік сярод чарэшняў і клёнаў, у часы росквіту камуністычнае імпэрыі абавязкова прыяжджалі галоўныя таварышы з усёй плянэты: францускі генсэк Морыс Торэз, кіраўнік ГДР Ульбрыхт, кубінскі лідэр Фідэль Кастра. Гэтаму доміку пакланяліся як храму паў-сьвету. І паў-сьвету яго праклінала.

Госпад Бог прыводзіць чалавецтва ў гэтую краіну вельмі часта. З асаблівай настойлівасьцю й значэньнем. І з кожным наведваньнем мы асэнсоўваем усё больш балюча й ясна, наколькі важна тое, што мы тут.

Сёньня маленькі домік па-над Сьвіслаччу атачаюць спаруды камуністычнай эпохі. Будынак Штабу Беларускай Вайсковай Акругі, у якой Саветы рыхтавалі армаду для ўварваньня на Захад. Гіганцкая тэлевежа, што паўстагодзьдзя тлуміла беларускія галовы бальшавіцкай прапагандай. Радыёвышка, якая колісь глушыла “Свабоду”, а цяпер абслугоўвае пэйджары. Знакавы абэліск Перамогі з чырвонай зоркай, пастаўлены тут, быццам мат менскай гісторыі, афіцыйным сымбалем гораду. Вуліцы, помнікі, будынкі скрозь па ўсёй Беларусі захоўваюць амаль некранутую краіну разьвітога сацыялізму – такую ж цьмяную, правінцыйную й забытую, як і драўляны шэра-зялёны, у стылі хакі, домік-музэй I Зьезду РСДРП.

ПОЛАЦК

Полацк – пачатак Беларусі.

Першая беларуская сталіца, гістарычны цэнтар хрысьціянства, горад сьвятых і сьвятыняў.

Месца таго самага адкрыцьця Божага, якое працяло Сэрца Эўропы тысячагодзьдзе таму, якое дагэтуль крывіць і крынічыць, наталяючы ўсю нацыю.

Тут у Х ст. упершыню прапаведваў Ісуса Торвальд Вандроўнік, і тут жа ў 992 г. узьнікла першая праваслаўная епархія. Тут быў заснаваны наш галоўны храм – Сафійскі Сабор – і зроблены наш галоўны Крыж. Эўфрасіньня, духовая апякунка Беларусі – Полацкая. Сімяон, адзін з галоўных асьветнікаў Расеі – Полацкі. Францыск, першадрукар і апостал нацыі – таксама полацкі. Полацкая крыніца дзесяць вякоў надавала празрыстасьці й натхнёнасьці беларускаму хрысьціянству.

Бацька гарадоў беларускіх, ключавы пункт транзыту з варагаў у грэкі, вечавы Полацк на правох першынца зрабіўся зародкам нашае дзяржаўнасьці й падмуркам гістарычнага дэмакратызму, а Полацкае Княства – першавобразам сувэрэннае Беларусі. Першы ўладар-хрысьціянін у Беларусі – полацкі князь Ізяслаў. Патрыярх беларускай незалежнасьці – полацкі Усяслаў Чарадзей. Ды й самы яркі беларускі гісторык сучаснасьці – безумоўна, палачанін Уладзімір Арлоў.

У хрысьціянскім Полацку скрышталізаваліся ўсе тыя бліскучыя грані й ясныя рысы, што будуць потым скразіць з глыбіняў Сярэднявечча, праменіць праз усю беларускую гісторыю сьвятлом веры й любові, і дасёньня адлюстроўвацца ў кожным значным моманьце нацыянальнай ідэі. Храм. Крыж. Кніга. Апостальскае падзьвіжніцтва. Імкненьне да сьвятасьці. Вечавы закон. Эвангельскае місіянерства.

Полацк, быццам пячатка, прастаўлены і ў “Слове аб паходзе Ігаравым”, і ў перакладах Сьвятога Пісьма, зробленых Францыскам Скарынам “са слаўнага места Полацка”, і ў маскоўскіх выданьнях лідэра партыі заходнікаў, што ператвараў дэспатычную Маскву ў культуровую імпэрыю – Сімяона Полацкага.

У Полацку, як у велізарным Саборы, істотна й сымбалічна літаральна ўсё.

Вось ён, на гербе Залатога Веку, беларускі Пачатак: карабель з трыма мачтамі-крыжамі ў блакітным полі на срэбнай вадзе, пад разгорнутымі ветразямі, белымі-белымі…

Полацк – беларуская Палестына, наша сьвятая Зямля. І гэта ў Полацку вось ужо тысячу галоў паўтараюцца словы Божыя, 9-10 вершы 18-га разьдзелу Дзеяў Апостальскіх:

“…Ня бойся, а прамаўляй і не змаўкай, бо Я з табою, і ніхто ня зробіць табе ліха; бо ў Мяне многа людзей у гэтым горадзе.”

У Полацку, магічным крышталі нацыянальнай ідэі, канцэнтраваўся і ўвесь драматызм беларускай гісторыі. Яе кульмінацыйным момантам, пунктам пералому нацыянальнага лёсу, пахаваньнем Старога Запавету й прадвесьцем Новага, сталі штурм і разбурэньне Полацку ў 1563 годзе. Іван Жахлівы вывеў у маскоўскі палон 50 тысячаў палачанаў, выразаў усіх габрэяў і спустошыў знакамітую Полацкую бібліятэку. Беларусь была ўкрыжаваная й паражаная ў самае сэрца. Але адначасова ахвярная сьмерць Пачатку нарадзіла й новую эру – эру пакуты й болю ў імя Уваскрасеньня.

Таму і ў наступныя стагодзьдзі полацкія падзеі, быццам электрычныя разрады, будуць скаланаць усю краіну.

Таму ў супрацьстаяньні, якое падарве і падзеліць ВКЛ, – зноў у Полацку! – сыдуцца духовыя гіерархі, вуніят Язафат Кунцэвіч і праваслаўны Мялет Сматрыцкі, абодва прызначаныя на пасаду полацкага біскупа. Бітва скончыцца плахай для аднаго, вырачэньнем для другога і крахам для краіны.

Таму ў Полацку раптоўна ашалее перад абразамі Сьвятое Сафіі, і ўчыніць крывавую разьню Пётр І. Разам зь Меншыкавым ён заб’е пяцёх сьвятароў, а сам храм ператворыць у парахавы склад, што выбухне з адыходам расейскіх войскаў.

Таму напрыканцы ХVIII ст. правінцыйны Полацк нечакана зробіцца сусьветнай сталіцаю езуітаў. З 1773 г. да 1820 г., забароненыя папскай бульлёй, сьвятары Таварыства Езуса з усіх краінаў будуць зьяжджацца ў Полацк, дзе Кацярына ІІ дазволіць дзейнасьць Ордэну. На базе першага ў ВКЛ калегіюму тут адчыніцца славутая Полацкая акадэмія, найбуйнейшы міжнародны цэнтар хрысьціянскай адукацыі – і яе выкладчыкаў ды выпускнікоў будзе ведаць уся Эўропа й Амэрыка. Беларускі Полацк стане рэзыдэнцыяй генэралаў Ордэна, самых уплывовых каталікоў пасьля Папы Рымскага.

Таму ў Полацку акупацыйныя расейскія ўлады ў 1839 г. прымусяць пастыраў вуніі падпісаць акт аб пераводзе вуніятаў у праваслаўе – ужо не ў беларускую, а ў маскоўскую артадаксальную царкву.

Таму ў 50-х гг. ХХ ст. камуністы, зьнішчаючы Беларусь, збудуюць тут свой Новы Полацк, горад гігантаў нафтахіміі й атручанага паветра. Але менавіта тут напрыканцы 80-х адначасова зь Менскам успыхнуць мітынгі нацыянальнага Адраджэньня!

Толькі мэтафізычнай сілаю гэтага месца можна патлумачыць такі моцны полацкі інстынкт беларускасьці.

…Сёньня камусьці можа падацца, што Полацк ужо састарэў. Згорбіўся, зьніякавеў, задрамаў. Толькі белая-белая Сафія засталася шчылінкай сьвятла ў прычыненых дзьвярох. Але дастаткова ўвайсьці ў гэты горад, прыслухацца да яго, ціхага й містычнага, каб зразумець: гэта не маўчаньне. Гэта чаканьне, якое бывае ў царкве ці касьцёле перад набажэнствам.

Для Новае Беларусі Полацк ня проста “старажытны”, “гістарычны”, “легендарны”. Полацк застаецца вялікім Пачаткам, Горадам-храмам, у які нацыі наканавана вяртацца зноў і зноў.

РАСЕЙСКАЯ ІМПЭРЫЯ

Расея стала Расейскай Імпэрыяй толькі тады, калі ўзламала Беларусь. Расея стала імпэрыяй культуры толькі тады, калі прыўласьціла Беларусь. Расея перастала быць сусьветнай імпэрыяй толькі пасьля таго, як гэта вырашылі ў Беларусі.

Стагодзьдзі войнаў ды акупацыяў прызвычаілі нас глядзець на Расею або па-рабску, або варожа, спадылба, і бясьсіла ўглядацца вакол: скрозь мат, расейшчына й улада Крамля. Але Госпад Бог невыпадкова даў нам супэрсуседа – самую буйную краіну ў сьвеце. Дзяржава, якая жыве паводле прынцыпу Кацярыны: “Людзі народзяцца, а землі – не”, адкрывае для беларускай місіі велізарныя прасторы Азіі. Беларусь адзіная, хто можа перамагчы ў Расеі імпэрыю.

Супрацьстаяньне Расеі й Беларусі – з разраду эпічных бітваў чалавечае гісторыі. Так змагаліся Ірляндыя з Ангельшчынай, Сэрбія з асманамі або Ізраіль з Рымам. З XV ст. Масква, якой не давала спакою найменьне галоўнай, незалежнай, сьвятой Белай Русі, спрабавала праглынуць і ператравіць Беларусь, а Беларусь у адказ спрабавала ператварыць Расею хрысьціянскім уплывам, культурай і, урэшце рэшт, самаахвярнасьцю.

Вялікае Княства Маскоўскае мангола-татарскае іга выхавала як дэспатыю ардынскага кшталту. Ужо ў XV ст. Масква ўзяла шлюб са сьмяротна хворай Бізантыяй, абвесьціла сябе Трэцім Рымам і распачала агрэсіўныя войны, а ў часы Івана Жахлівага набыла пазнавальныя абрысы: “Чудище обло, озорно, стозевно и лайяй!..”

Іван сапраўды аказаўся жахлівы. Геапалітычнае сутыкненьне з ВКЛ і суперніцтва за славянскае лідэрства раз і назаўжды зрабілі Беларусь галоўнай праблемай Расейскай імпэрыі на шляху экспансіі ў Эўропу, галаўным болем крамлёўскае ваеншчыны й насычэньнем галоднае Расеі працоўнай сілай, гарматным мясам ды вялікімі талентамі.

Ужо тады Беларусь, адчайна абараняючы ўсходнія межы, намагалася перамагчы імпэрыю эвангелізацыяй. Скарына павёз у Маскву Бібліі – спалілі. Федаровіч і Мсьціславец усё-ж такі распачалі тут друк Сьвятога Пісьма – выгналі. У гэты ж момант цар нанёс удар у сэрца Полацку. Іскры беларускай Рэфармацыі запальвалі сярод расейскіх мяшчанаў агмяні, гатовыя выклікаць выбух – але апрычніна й артадоксы тут жа гасілі іх на калох і дыбах.

Імпэрыя ўжо ацаніла сілу супраціўніка. Адгэтуль яе глябальнай мэтай стала поўнае й безагаворачнае зьнішчэньне Беларусі. У страшнай вайне 1654 – 67 гг. загінуў кожны другі беларус. Паўночная вайна забрала яшчэ 800 тысячаў жыцьцяў. Нарэшце, напрыканцы XVII ст. зьнясіленую да страты прытомнасьці краіну Расея акупавала цалкам.

Беларусь усё яшчэ была жывая – і ўсё з той жа непамыснай любоўю да ворагаў прасьвятляла, дабраслаўляла й ратавала Расею. Сімяон Полацкі стварае ў Маскве першую партыю “заходнікаў” і спрабуе выхаваць эўрапейцам малога Пятра I. Мялет Сматрыцкі навучае Ўсход пісьмовасьці, Ільля Капіевіч распрацоўвае для расейцаў шрыфты й падручнікі. Палонныя беларускія рамесьнікі ствараюць шэдэўры духовага мастацтва, ад іканастасаў да саміх абразоў, у маскоўскіх храмах і манастырах…

Гэта паражае да глыбіні душы. Нават у апагеі магутнасьці, зь межамі ад Ціхага да Атлянтычнага акіяну, Расейская імпэрыя настолькі баялася маленькай, ледзь дыхаючай Беларусі, што выкараняла і яе мову, і веру, і забараняла нават імя. Скасаваньне Статуту ВКЛ, ліквідацыя вуніі й перайменаваньне ў “Северо-Западный Край” праводзіліся гэнэралам-губэрнатарам Мураўёвым ужо як пахаваньне. Тое, што не дарабіў расейскі штык, мусіла дабіць расейская царква і расейская школа.

Але неверагодны Контарнаступ цэлай дыяспары геніяў, якім Беларусь адказала на гэта Расеі ў XIX ст, належыць да найвялікшых цудаў нашай гісторыі. Міхаіл Глінка, аўтар расейскага гімну й заснавальнік расейскае музычнае клясыкі, Хведар Дастаеўскі, самы хрысьціянскі пісьменьнік Расеі, яе прарок, Неміровіч -Данчанка, Стравінскі й Барадзін, Грыбаедаў, Рымскі-Корсакаў, Пісараў, Бунін выклікалі сьветапоглядную рэвалюцыю знутры імпэрыі й літаральна пераплавілі расейскае грамадзтва высокай, натхнёнай, духовай культурай.

Параза імпэрыі была прадвырашаная.

XX стагодзьдзе вялізнымі крыжамі перакрэсьліла Расею як імпэрыю – менавіта ў Беларусі.

У 1898 г. у Менску зьбіраецца I зьезд РСДРП – партыі, якая разбурыць старую Расею да асноваў.

У 1915-17 гг. у Магілёве, у стаўцы I Сусьветнай вайны, расейскі цар Мікалай II дачакаецца развалу гіганцкае дзяржавы і вырачацца прастолу, так і не даехаўшы да Піцеру.

Потым – Берасьце: заключаецца вядомы “Берасьцейскі мір” бальшавікоў зь немцамі, праз 20 гадоў пасьля якога, з пактам Молатава-Рыбэнтропа вэрмахт і Чырвоная армія наладзяць сумесны парад – і вось, праз 2 гады гітлераўцы возьмуць штурмам Берасьцейскую крэпасьць і накіруюць галоўны ўдар супраць Расеі празь Беларусь.

Белавеская пушча 1991 г. падвядзе рысу пад 70-гадовым існаваньнем СССР. Звыш-Расея, што дасягнула кульмінацыі ў самай страшнай за ўсю гісторыю чалавецтва таталітарнай, агрэсіўнай і бездуховай Імпэрыі зла – рухнула на самай мяжы захопленае Беларусі.

Прызначэньне Менску сталіцай СНД разбурае астатнюю спробу аднаўленьня Расейскай Імпэрыі.

Бо Беларусь любіць Расею той невытлумачальнай, найвышэйшай любоўю, якая сьцьвярджае: “Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітаў вашых, рабіце дабро ненавісьнікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых”. (Мацьвея, 5:44) Калі ў Расею можна толькі верыць – Беларусь можа толькі любіць.

Закон гісторыі: Расеі як імпэрыі наканавана пацярпець крах менавіта праз хрысьціянскую Беларусь. І, адпаведна, празь любоў, малітву й слова Беларусі – ад імпэрскасьці збавіцца.

РЭФАРМАЦЫЯ

Адпаведнік абнаўленьня, абуджэньня, адраджэньня, хрысьціянская Рэфармацыя XVI стагодзьдзя – адна з ключавых зьяваў у гісторыі Беларусі.

Рэфармацыя ўзьнялася зь нетраў сярэднявечнай Эўропы, каб вярнуць першапачатковую чысьціню асноўнаму закону жыцьця – хрысьціянству. Рэфармацыя зрабіла пратэстанцкай усю Паўночную Эўропу, дала пачатак дэмакратычным рэвалюцыям, фэномэну Злучаных Штатаў Амэрыкі і, апроч таго, прывяла да найвялікшага беларускага абуджэньня.

Сярод эпідэміяў і войнаў Сярэднявечча, на тле разлажэньня папства, гандлю індульгенцыямі, памнажэньня ерасяў і акультызму, з узяцьцем туркамі Другога Рыму, Канстаньцінопалю, і адкрыцьцём Калюмбам Новага Сьвету Рэфармацыя выбухнула масавым пакаяньнем, вяртаньнем да веры й духовым перараджэньнем цэлых народаў.

У сучасных энцыкляпэдыях чытаем: “Рэфармацыя – рух сялянства й маладой буржуазіі супраць фэадальнага ладу з мэтай сэкулярызацыі царкоўнага й манастырскага землеўладаньня…” Толькі ня гэта.

У Рэфармацыі было толькі чатыры мэты. Толькі чатыры “толькі”.

Sola gratia: толькі ласка Божая!

Мы маем жыцьцё й збавеньне ня дзякуючы якомусьці выпадку ці ўласным добрым справам, а выключна зь літасьці Боскай. Sola gratia! – Беларусь, краіна Ласкі Божай, схілялася перад Госпадам, вызнаючы Ягоную волю.

Sola fides: толькі вера!

Толькі асабістай вераю ў Хрыста можна дасягнуць Царства Нябёснага. Толькі вера ёсьць сілаю, якая ператварае народ у нацыю.

Sola scriptura: толькі Сьвятое Пісьмо!

Рэфармацыя ўзьняла на сьцяг абсалют Слова Божага. Біблія ставілася ў цэнтр грамадзкага й палітычнага жыцьця, і гэта давала моцны штуршок кнігадрукаваньню, законатворчасьці, асьвеце, адукацыі.

Нарэшце, Solо Cristo: Толькі Хрыстос!

Рэфармацыя вяртала чалавецтва да Ахвяры Ісуса, ставіла ў прыклад жывую духовасьць раньняга хрысьціянства й заклікала да асабістых стасункаў з Хрыстом – без пасярэднікаў, без абразоў, без сумневаў.

Гэтыя Sola – сапраўднае сола ў гімне беларускага Залатога веку й праўдзівая соль беларускай гісторыі.

Эра новага эўрапейскага сьвітанку, Рэфармацыя ўспыхнула ў Беларусі адной зь першых. Ужо ў 1413 г. (праз тры гады пасьля Грунвальдскае перамогі над крыжакамі) знакаміты чэх Еранім Праскі, паплечнік Яна Гуса, прапаведваў у Вільні й Віцебску, прычым у прысутнасьці самога Вітаўта. Потым Ераніму гэта прыгадаюць на Канстанцкім саборы: ён будзе спалены, і духовы пажар палыхне разам з вогнішчам.

6 жніўня 1517 г. доктар Францыск Скарына пачаў друкаваць Біблію на беларускай мове. Пераклад і камэнтары сталі выклікам тагачаснаму дагматычнаму фарысейству – і яўным пачаткам нацыянальнай Рэфармацыі.

31 кастрычніка таго ж рэвалюцыйнага 1517 г. Марцін Лютэр абвесьціў свае знакамітыя 95 тэзаў супраць індульгенцыяў. Рэфармацыя скаланула Германію, затым Швайцарыю, Ангельшчыну, Галяндыю, Францыю, Швэдзію… Уся Эўропа, абуджаная імкненьнем да Бога, у шматгалосьсі малілася Хрысту, каялася й шукала ісьціну. Кірмашы ператвараліся ў багаслоўскія дыспуты, а унівэрсітэты – у храмы.

Сапраўдным правадыром Рэфармацыі ў Беларусі стаў Мікалай Радзівіл Чорны. Вясной 1553 г., пасьля пасольства ў ахопленую рэфармацыйным рухам Нямеччыну, віленскі ваявода й найбольш уплывовы магнат ВКЛ, некаранаваны кароль Літвы на ўсю краіну абвесціў, што ён вызнае эвангельскую веру й пераходзіць у кальвінізм.

На працягу года Рэфармацыю прынялі Хадкевічы, Сапегі, Кішкі, Агінскія, Пацы, Глябовічы, Вішнявецкія. За некалькі наступных гадоў у Беларусі паўстала больш 300 эвангельскіх збораў. 6 чэрвеня 1563 г. кароль Жыгімонт Аўгуст падпісаў прывілей, які ўраўноўваў усіх хрысьціянаў – і каталікоў, і праваслаўных, і пратэстантаў – у праве займаць дзяржаўныя пасады.

Некалькі паказальных фактаў рэфармуюць усю нашу гістарычную сьвядомасць:

— у 1523-46 гг. лекцыі Лютэра ў Вітэнбэргу праслухалі 20 студэнтаў-арыстакратаў з ВКЛ; сталае лютэранскае навучаньне дзесяткі шляхцічаў атрымалі ў блізкім унівэрсытэце Каралеўца.

— За 1553-63 гг. у Беларусі паўстала больш 200 пратэстанцкіх парафіяў.

— У 1576 г. ва ўсёй Жмудзі (каталіцкі рэгіён!) засталося ўсяго 6 каталіцкіх сьвятароў, а ў Наваградзкім ваяводзтве (апірышча праваслаўя) з 600 сем’яў праваслаўнае шляхты толькі 16 не прынялі кальвінізму.

— З 28 паноў-рады Сойму ВКЛ 17 былі пратэстанты, 9 праваслаўныя й толькі 2 каталікі: нават каталіцкі біскуп кіеўскі Пац перакінуўся ў эвангелікі.

У сярэдзіне 60-х гг XVI стагодзьдзя ўжо ўся краіна дыхала Рэфармацыяй.

Выбух Рэфармацыі выклікаў эфэкт дэтанацыі ў куды большых маштабах. Канкурэнцыя хрысьціянскіх канфэсіяў ператварылася ва ўзрушанае спаборніцтва дзеля высьвятленьня ісьціны, і спарадзіла моцную рэўнасьць – біблейскі боль любові. Узрушэньне нагадвала Палестыну І веку. Прысутнасьць Божая ў Беларусі тых часоў яўна адчуваецца нават у дакумантах і кнігах. Беларуская Рэфармацыя была наколькі моцнай, настолькі й кароткачасовай – быццам разрад бліскавіцы. І момант ісьціны беларускае гісторыі, кропка падзелу Старога й Новага Запаветаў, час прышэсьця Хрыста ў Беларусь аказаўся якраз тым месцам, куды цэліла Рэфармацыя.

Бо гэта Рэфармацыя выклікала бурлівую рэакцыю этнагенэзу і запусьціла шэраг нацыятворчых працэсаў:

— рэзкі рост самасьвядомасьці

— кшталтаваньне эліты

— урбанізацыю

— культуровы росквіт

— гаспадарчы рывок

— уключэньне ў грамадзка-палітычны кантэкст усеэўрапейскае Перабудовы.

Беларусы сталі нацыяй Рэфармацыі.

Кальвінісцкая эвангелізацыя пасьпела ахапіць толькі вярхі грамадзтва – магнатаў ды шляхту, адно ўсхвалявала мяшчанства й ледзь кранула сялянства. Польшчы й езуітам хапіла некалькі дзесяцігодзьдзяў Контаррэфармацыі й Люблінскай вуніі, каб навярнуць ВКЛ пад эгіду каталіцтва. Апроч таго, жарсьць Рэфармацыі ўскаламуціла твань сэктанцтва, кшталту арыянства ці сацыніянства, адмовы ад Хрыста як Бога – а гэта дыскрэдытавала ўвесь рух.

І ўсё-такі менавіта Рэфармацыя разьдзьмула той небывалы ўздым, калі пра Хрыстова вучэньне “ўсюды спрачаюцца”. (Дзеі Апосталаў, 28:22) Беларуская Рэфармацыя прымусіла і каталіцтва, і праваслаўе з жахам прызнаць уласныя правалы, і з жарам узяцца за абнаўленьне, адстойваючы веру. Зарыва беларускай Рэфармацыі асьвяціла ўсю Ўсходнюю Эўропу й актывізавала беларускае місіянерства. Менавіта пасьля XVI стагодзьдзя беларусы вызначальным чынам паўплывалі на духовасьць і культуру Польшчы, Украіны й Маскоўшчыны: Беларусь перадавала “зарад нацыятворчасьці” суседзям.

Сёньня, праз 450 гадоў, мы ўсёй сваёй нацыянальнай істотай зноў адчуваем прагу сьветапоглядных пераменаў. Нам патрэбны ўнутраны духовы штуршок, здольны ўскалыхнуць краіну да падвалінаў сьвядомасьці, да ўсенароднага пакаяньня, да нараджэньня звыш у Ісусе Хрысьце. Патрэбны пераварот у душах. Патрэбна абнаўленьне, абуджэньне, адраджэньне – і канфэсіям, і грамадзтву, і дзяржаве.

Нацыі патрэбная Рэфармацыя.

РЭЧ ПАСПАЛІТАЯ

Рэч Паспалітая – літаральны пераклад з лаціны Res publica. Рэспубліка. Гаспадарства. Справа народу. З такім дэманстратыўным дэмакратызмам называлі сваю дзяржаву і сярэднявечнае ВКЛ, і Карона Польская. Нарэшце, абедзьве краіны злучыліся ў адзіную Рэч Паспалітую – паміж Расеяй і Нямеччынай, колішнім Трэцім Рымам і будучым Трэцім Рэйхам. Вайскова-палітычны хаўрус дзеля таго, каб захаваць сэрца Эўропы пад ударамі з Усходу й Захаду – гэта сапраўды была Рэч!

Гісторыя беларускай вуніі з Польшчай пачалася яшчэ ў 1385 г.

Вялікі князь Ягайла браў шлюб з польскай каралеўнай Ядзьвігай, рабіўся каралём і дзеля таго аб’ядноўваў ВКЛ з Польшчай. Нявесту, і паўцарства ў прыдачу – аказваецца гэта была ня казка. Палюбоўны хаўрус палякі спрабавалі абярнуць у далучэньне “крэсаў усходніх”, але беларускія магнаты захоўвалі беларускую незалежнасьць і пасьля Люблінскай вуніі 1569 г.

Усё Сярэднявечча ВКЛ і Карона Польская стаялі сьпіна да сьпіны ў атачэньні ворагаў. Беларусы й палякі разам рубіліся пад Грунвальдам, разам адбівалі Полацк у Івана Жахлівага, тройчы хадзілі на Маскву ў пачатку XVII ст., разам давалі адпор казацкім наездам і поплеч змагаліся супраць страшнага маскоўскага Патопу 1654 – 67 гг.

Беларусь, яднаючыся ў вунію, спрабавала абараніцца ад Масквы – а ў выніку апынулася ў палоне паланізацыі.

Час Рэчы Паспалітай – пэрыяд дэградацыі Беларусі як краіны й беларусаў як нацыі. Рэч у тым, што беларускія магнаты й гаспадары, паступова прымаючы польскую мову, веру й культуру, проста рабіліся панамі, і разам зь беларускасьцю страчвалі народ – вуніяцкі, сялянскі, занядбаны. Эліта нацыі губляла паспалітасьць. Рэч была й у тым, што жывую, гарачую веру ўсё больш замянялі халодныя, урачыстыя абрады. Літара бязьлітасна душыла дух, і хрысьціянскае сумоўе ператваралася ў міжканфэсійнае раздарожжа. А насамрэч – рэч была у тым, што ў XVII – XVIII стст. адыходзіла Вялікая Літва і нараджалася Вялікая Беларусь.

Што дала Рэч Паспалітая Беларусі? Паланізацыю, Контаррэфармацыю, акаталічваньне шляхты, страту нацыянальнай сьвядомасьці. Вялікую авантуру 1604 – 1621 гг. зь Ілжэдзьмітрыямі й Марынай Мнішак, забарону мовы ў 1696 г. і ўвесьчаснае прыніжэньне праваслаўя, пратэстанцтва ды вуніі.

Што атрымала ў Рэчы Паспалітай Польшча? Міцкевіча, Касьцюшку, Манюшку, Сянкевіча й нават маршала Пілсудзкага. Зарад духу й любові, вырваны з самага сэрца. Зарад, які перарабіў Польшчу цалкам. Гэта ж колькі ласкі й натхненьня трэба было, каб пераплавіць ганарыстую й жорсткую Карону ў краіну рамантычных паўстанцаў, Канстытуцыі 3 траўня, раману “Quo Vadis”, у Польшчу “Салідарнасьці” й радзіму Папы Рымскага, Яна Паўла II! За гэтыя 200 гадоў Беларусь аддала Польшчы сябе ўсю. Юльян Нямцэвіч, Адам Нарушэвіч, Франьцішак Князькін, Уладзіслаў Сыракомля, Эліза Ажэшка – колькі талентаў, колькі веры, колькі ахвяраў! Самазабыўная, закаханая адданасьць без надзеі на ўзаемнасьць – вось чым была Рэч Паспалітая для Беларусі.

Хочацца плакаць наўсхліп, калі ўяўляеш сабе, наколькі адчайна білася беларускае сэрца за сваю любую Польшчу. Здольнасьць беларускасьці любіць, ацаляць праз уласныя раны, паглынаючы боль, і паміраць за блізкіх – звышнатуральная. Як гэта нагадвае Ісуса!..

Рэч Паспалітая загінула ў той самы час, калі сьвет скаланалі француская рэвалюцыя, расейскі імпэрыялізм, прускі мілітарызм й амэрыканская вайна за незалежнасьць. Разадраная й падзеленая чужымі жаўнерамі, быццам Хрыстова вопратка ля Крыжа.

Пазалочаны каралеўскі трон Рэчы Паспалітай перавезьлі ў Піцер і ператварылі ў “стульчак” для прыбіральні Кацярыны II. Менавіта на гэтым “стульчаку” менш чым праз год імпэратрыцу насьмерць разьбіў паралюш.

Апошні сейм Польскае Беларусі прайшоў у Гародні ў 1794 годзе, пад стваламі гарматаў. Прайшоў нема. Маўчаньне было вычарпальным. Беларусь зрабіла для Рэчы Паспалітай усё, што магла.

СЛАВЯНСТВА

“Славяне” – у гэтым імені  гучыць і  “слава”, і  “слова”.

Славяне – найбуйнейшая ў Эўропе група народаў: 300 мільёнаў чалавек!

Славяне, што ў VI – VII стагодзьдзях нашай эры занялі ўвесь цэнтар і ўсход Эўропы, а затым расьсяліліся да Паўночнага Ледавітага й Ціхага акіянаў, сапраўды заслужылі ў сусьветнае гісторыі даволі высокіх словаў, выявілі і сілу, і слабасьць і далі цывілізацыі колькі слаўных старонак. Славяне заснавалі ў Беларусі першыя гарады й адыгралі вызначальную ролю ў фармаваньні беларускай нацыі.

У сярэдзіне І тысячагодзьдзя нашае эры славяне жылі ў Беларусі толькі на правабярэжжы Прыпяці. З гэтага пляцдарму шматвекавы напор асыміляцыі рушыў на перапоўненыя вадою балцкія землі. Дрыгавічы занялі палескія балоты; крывічы аселі на ўзгор’ях, у вярхоўях рэкаў і на вадападзелах Цэнтральнае Беларусі й Валдаю; радзімічы абжылі палі між Дняпром і Дзясной – і на гэтых трох кітах паўстаў беларускі этнагенэз.

Славяне асымілявалі балтаў і сталі беларусамі. Гэты відавочны факт нашае гісторыі ёсьць яўным доказам беларускасьці ВКЛ. І ў першым, і ў другім выпадку мы маем дзьве фазы аднаго й таго ж працэсу. Больш моцны, разьвіты, энэргічны этнас асвойваў балцкую прастору й надаваў ёй уласную сутнасьць.

Царызм, бальшавіцкая прапаганда й постсавецкі афіцыёз, якім трэба было апраўдваць імпэрскую русыфікацыю, ва ўсе часы рабілі з славянства гэткі расавы культ з квасным душком і чарнасоценнай адрыжкай. “Дык мы ж славяне!” – кажуць у нас з сумесьсю сораму й гонару, апраўдваючы характэрныя разьлівы пачуцьцяў, бытавое п’янства, антызаходніцтва й антысэмітызм, а таксама стварэньне сабе праблемаў, а потым змаганьне зь імі не на жыцьцё, а на сьмерць.

Што ж насамрэч значыць для беларусаў славянства? Імёны Станіслаў, Вячаслаў, Любоў ды Людзьміла. Румяная сіла, слаўная дабрыня, буйныя й грубавата-скругленыя рысы твару. Душа наросхрыст, шырынёю ад Падунаўя да Вісла-Одэрскага міжрэчча.

Беларусь, разьмешчаная ў самае глыбіні славянскага сьвету, зь Сярэднявечча яднала ўсходнеславянскія землі й прапаведвала сярод суседзяў Слова Божае. Таму славянскае паходжаньне не дае нам ніякае расавае перавагі – але абавязвае несьці Слова бліжняму й славіць Бога на гэтай зямлі.

“А мы ўсе, як у люстры, гледзячы на славу Гасподнюю, зьмяняемся ў той самы вобраз – са славы ў славу, як з Гасподняга Духа.” (ІІ Да Карыньцянаў 3:18)

СТАТУТ ВКЛ

Зыходзячы з таго, што:

– Біблейскі Стары Запавет трымаўся на Законе, а Новы Запавет сьцьвярджаў: не скасаваць, а выпаўніць Закон прыйшоў Хрыстос (Мацьвея, 5:17);

– У эпоху стварэньня Трох Статутаў ВКЛ перажывала Залаты век;

– Духовае абуджэньне Беларусі ХVI стагодзьдзя было нацыятворчым пэрыядам,

Мы лічым Статут ВКЛ сапраўдным законам беларускае гісторыі.

Напачатку Статуту было Слова.

“Глядзіце, што павінны рабіць, бо не тварыце суда чалавечага, але суд Божы, і Ён з вамі ў справе суду. Няхай будзе ў вас страх Гасподні заўсёды: зьдзяйсьняйце ўсё чыстасардэчна, бо няма ў Госпада Бога нашага няпраўды, ані ўвагі на асобы, ані пажаданьня дароў”. (Другая кніга Летапісаў, 19:6-7); “Правам судзіце, сыны чалавечыя”. (Псалмы, 57:2) – гэта цытаты з тытульнага аркуша Статуту.

Высокі суд гісторыі! Як вынікае з гэтага дэвізу, вялікія беларусы таго часу трымаліся Закону Божага.

Артыкул 1. Статут ВКЛ –сымбаль дзяржаўнае справядлівасьці й прадмет нацыянальнага гонару.

1.1 Статут ВКЛ утрымліваў падставовыя прынцыпы сучаснага права: роўнасьць кожнага перад законам, прэзумпцыю невінаватасьці, правы й абавязкі асобы.

1.2. Статут ВКЛ быў поўным зборам неабходных кодэксаў. Статут 1588 г., паводле якога Беларусь жыла 250 наступных гадоў, меў 14 разьдзелаў і 488 артыкулаў, прычым у 1-4 разьдзелах зьмяшчаліся нормы дзяржаўнага права й судовага ладу, 5-10 – шлюбна-сямейнага, зямельнага й цывільнага, у 11-14 – крымінальнага й крымінальна-працэсуальнага права.

1.3. Статут ВКЛ увеў уласную сыстэму кадыфікацыі на аснове тутэйшага звычаёвага права і быў сапраўды Беларускім Законам.

Заўвага. У адрозьненьні ад Заходняй Эўропы, дзе карысталіся рымскім правам, выкладзеным на лаціне, тэкст Статуту ВКЛ у Беларусі разумеў кожны, бо законы былі напісаныя па-беларуску.

Артыкул 2. Статут ВКЛ – закон нашае незалежнасьці.

2.1. Статут ВКЛ абвяшчаў безумоўны дзяржаўны сувэрэнітэт і сьцьвярджаў прыярытэт нацыянальных інтарэсаў.

2.2 Статут ВКЛ забараняў чужаземцам займаць дзяржаўныя пасады.

2.3 Статут ВКЛ дазволіў Беларусі захаваць самастойнасьць і ў саюзе з Польшчай, і самабытнасьць пад акупацыяй Расеі.

2.4. Статут ВКЛ – сьведчаньне велічы й магутнасьці Сярэднявечнай беларускай дзяржавы.

Артыкул 3. Статут ВКЛ – гэта закон дэмакратыі.

3.1. У адпаведнасьці з галоўным дэмакратычным прынцыпам Статут ВКЛ усталёўваў падзел уладаў на:

а) заканадаўчую – Сойм

б) выканаўчую – вялікага князя й яго адміністрацыю

в) судовую – трыбунал ВКЛ, земскія й падкаморскія суды, выбарныя й незалежныя ад уладаў.

3.2. Статут ВКЛ вызначаў вядучую ролю самакіраваньня ў вырашэньні мясцовых праблемаў.

3.3. Канстытуцыйная манархія Статуту ВКЛ мела хрысьціянска-дэмакратычны характар – ідэальны лад для Беларусі.

Артыкул 4. Статут ВКЛ – гэта закон талеранцыі.

4.1. Правы вернікаў усіх канфэсіяў ураўноўваліся адмысловым артыкулам.

4.2. Увесь Статут літаральна дыхаў хрысьціянскай узаемапавагай.

4.3. У часы інквізіцыі на Захадзе й страшных караў для іншаверцаў у Маскве Беларусь, дабраславёная тэрыторыя Статуту, стала прыстанкам для прапаведнікаў з усяе Эўропы.

Артыкул 5. Усе тры Статуты ВКЛ былі створаны духовымі й палітычнымі лідэрамі тагачаснае Беларусі.

5.1. Першы Статут 1529 г. рэдагаваў вялікі канцлер Альбрэхт Гаштольд – найбольш верагодна, пры ўдзеле Франьцішка Скарыны.

5.2. Другі, 1566 г, складалі канцлер Мікалай Радзівіл Чорны, лідэр беларускае Рэфармацыі, і маршалак дворны Астафі Валовіч.

5.3. Трэці, 1588 г. – Валовіч, які ўжо стаў канцлерам, і падканцлер Леў Сапега, будучы валадар ВКЛ.

Артыкул 6. Статут ВКЛ стаў найлепшым законам  тагачаснай Эўропы.

6.1. Яшчэ некалькі стагодзьдзяў уся Усходняя Эўропа карысталася нормамі Статуту – або непасрэдна, або ў якасьці прыкладу для ўласнай юрыспрудэнцыі.

6.2. Статут, як узорны Асноўны Закон, быў перакладзены на польскую, лацінскую, нямецкую, францускую, расейскую, украінскую мовы.

6.3. Статут ВКЛ стаў правобразам першых дэмакратычных канстытуцыяў Эўропы.

Артыкул 7. Статут ВКЛ – фундамэнтальная гістарычная база нацыянальнага права.

7.1. Прынцыпы Статуту ВКЛ мусяць стаць асновай для артыкулаў і параграфаў нашага будучага заканадаўства – сутнасна беларускага, дэмакратычнага, эўрапейскага.

7.2. Глыбокі хрысьціянскі характар Статуту ВКЛ – падставовая традыцыя для закону Новае Беларусі.

7.3. Статут ВКЛ уступіў у сілу на самым піку беларускае гісторыі – і таму для нацыянальнай ідэі яго заканамернасьці маюць неабмежаваны тэрмін дзеяньня.

“Бо закон духу і  жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закону грэху й сьмерці.” (Да Рымлянаў 8:2)

ТРАСЬЦЯНЕЦ

Трасьцянец пад Менскам – месца найбольш масавага зьнішчэньня людзей на тэрыторыі былога СССР. Адзін з самых вялікіх у сьвеце нацысцкіх лягераў сьмерці. Чацьвёрты па колькасьці забітых, пасьля Асьвенцыму, Майданэку й Трэблінкі. Кожны чацьвёрты – столькі беларусаў загінула ў той вайне.

Страшнае месца. Гітлераўскі канцлягер разьмясьцілі ў тым жа ўрочышчы, дзе перад вайной ліквідавала “ворагаў народа” НКВД. Трасьцянец – гэта Курапаты й Хатынь, разам узятыя. Але гэта яшчэ ня ўсё. У 70-я тут зрабілі сталічны сьметнік.

З 1941г. па 1944 г. ля вёскі Малы Трасьцянец ва ўрочышчах Благаўшчына й Шашкова нямецкія нацысты забілі, паводле афіцыйных зьвестак, 206 тысячаў чалавек, паводле неафіцыйных – звыш 300 тысячаў: габрэяў, беларусаў, вязьняў канцлягераў, прывезеных сюды з Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Францыі, Чэхаславаччыны. Тут зьнішчалі габрэяў Менскага гета. Тут расстралялі ксяндза Гадлеўскага й ягоных паплечнікаў. Попелам з крэмацыйнае печы ўгнойвалі палі бліжэйшае гаспадаркі СД.

Але Трасьцянец ня стаў мэмарыяльным комплексам. На адным з найстрашнейшых палёў сьмерці ў сьвеце стаіць толькі невялічкі памятны знак. І гіганцкія ямы, поўныя людзкога попелу і касьцей, зямля, дзе Беларусь забівалі Захад і Ўсход, глеба, зь якой расьце горыч зьнішчанага чалавецтва, зараз заваленая сьмецьцем і адкідамі. Бо ўрочышча Благаўшчына, дзе расстрэльвала НКВД, было благім падмуркам для савецкага мэмарыялу.

Трасьцянец – апафэоз трагізму беларускай гісторыі. На адным месцы беларусаў забівалі камуністы й нацысты, затым Трасьцянец паўстагодзьдзя забывалі й урэшце зрабілі выграбной ямай гіганцкага мэгаполісу. На палёх Трасьцянца робіцца гранічна ясна, што чырвонае й карычневае проста зьмешваюцца ў бруд.

Прах Трасьцянца – гэта крах усіх бязбожных ідэалёгіяў і прапагандовых мітаў ХХ стагодзьдзя.

Трасьцянец – гэта сапраўдная Благаўшчына. Гэта д’ябальшчына, зь якой камісарская чорная скура часоў эсэсэсэр пераліваецца эсэсаўскімі бліскавіцамі, серп і молат перакручваецца ў свастыку, а брэх расейскага мату рэхам паўтараецца ў нямецкіх камандах.

Ніхто не забыты? Вы забыліся пра Забыцьцё Трасьцянца!

ХАТЫНЬ

22 сакавіка 1943 г., у дзень вясновага раўнадзенства і ў самы разгар вайны, нацысцкія карнікі цалкам спалілі вёску Хатынь на Лагойшчыне – 26 двароў. 149 чалавек, зь якіх 75 дзяцей, згарэлі зажыва.

Хатынь – сымбаль беларускага пекла. Усю вёску заганяюць у калгасную адрыну. Зачыняюць. Абліваюць бэнзінам. Падпальваюць. А тых, хто здолеў вырвацца – расстрэльваюць з расстаўленых абапал кулямётаў.

У 1969 годзе, з пабудовай на 25-годзьдзе вызваленьня Беларусі мэмарыяльнага комплексу Хатынь у вачох усяго СССР увасобіла трагедыю мірнага насельніцтва ў ІІ Сусьветнай вайне. Хаты Хатыні зрабіліся ўсесаюзнай Мэкай прапагандовага турызму. Тых, хто ехаў празь Менск на Захад і тых, хто прыяжджаў сюды з брацкіх краінаў сацлягеру, везьлі ў Хатынь на паломніцтва цэлымі аўтобуснымі караванамі. Тут пабывала больш 35 мільёнаў чалавек са 100 краінаў сьвету.

Хатынь – помнік страшнай ахвяры беларускага народа. На 50 гектарах спаленае зямлі – вурны з глебаю са 185 зьнішчаных і адроджаных беларускіх вёсак; могілкі 433-х, разбураных назаўжды; пліты са зьвесткамі аб 66-ці лягерох сьмерці ў Беларусі. Хатынь – гэта абвугленыя коміны са званамі, якія б’юць штохвіліны круглыя суткі, вялікі чорны помнік старому, які трымае на рукох цела забітага хлопчыка, і вечны вагонь. Хатынь, як полымя, ахапіла ахвяраў усяе вайны: беларусы, нароўні з габрэямі й палякамі, найбольш пацярпелі ў пажары ІІ Сусьветнай.

Хатынь удвая страшней з тае прычыны, што злачынства пад камандаваньнем СС рабілі свае – паліцэйскае падразьдзяленьне на чале з Рыгорам Васюрам. Некаторыя з забойцаў мірна дажылі ў Савецкім Саюзе аж да 80-х і былі выкрытыя ды асуджаныя ўжо ў глыбокае старасьці.

Нарэшце, Хатынь жахлівая яшчэ і тым, што яе назва, выбраная савецкім кіраўніцтвам з соцень падобных вёсачак, мусіла схаваць у сугуччы Катынь – адкрытае ў 1941 г. немцамі пад Смаленскам шматтысячнае пахаваньне польскіх жаўнераў з Заходняе Беларусі, расстраляных НКВД напярэдадні вайны.

Сёньня ў Хатынь прыяжджаюць нямецкія бізнэсоўцы, якія працуюць у Менску. Ціха плачуць, каюцца й моляцца. Так, Эўропа мусіць плакаць і каяцца ў Хатыні.

Попел Хатыні б’ецца ў нашыя сэрцы. Жалезабэтонны саўковы агітпроп у Хатыні – фальш. Трагедыя значна глыбей. Бязбожная чалавечая нянавісьць у самых пачварных абліччах – вось зь якой апраметнай вырываецца вечны вагонь. Знак пекла гарыць тут для ўсяго сьвету, і ня гасьне.

ЧАРНОБЫЛЬ

Чарнобыль – чорны боль Беларусі.

Чарнобыль нават гучыць як удар звону. Як наканаваньне для Беларусі.

Чарнобыль і Беларусь, як нэгатыў і здымак, як чорна-белыя кадры дакумэнтальнае кронікі, для ўсяго чалавецтва сумешчаныя ўвадно назаўжды.

26 красавіка 1986 года ў гадзіну ночы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі выбухнуў рэактар 4-га энэргаблёку. Гэта стала найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофай у сусьветнай гісторыі.

“Трэці анёл затрубіў, і ўпала зь неба вялікая зорка, палаючы, нібы сьветач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў. Імя гэтай зорцы палын ; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі” (Адкрыцьцё 8: 10-11).

Чарнобыльскі выбух, быццам апошняе рэха залпу “Аўроры”, стаў прадвесьцем развалу СССР. Чарнобыль, як і Курапаты, напрыканцы ХХ стагодзьдзя зьяднаў беларускую нацыю. Чарнобыльскі Шлях 26 красавіка – самая масавая штогадовая маніфэстацыя ў Беларусі.

З Чарнобылю, разьмешчанага на стыку Беларусі, Расеі й Украіны, аграмаднае воблака зь ветрамі пайшло на Маскву. У небе разгортваліся прывіды Хірасімы, хмары клубіліся тысячамі ядравых грыбоў і ракавых пухлінаў, страшны дым заражэньня пакрываў Гомельшчыну, Магілёўшчыну, Браншчыну, Чарнігаўшчыну… І тады савецкае кіраўніцтва, падняўшы ў паветра вайсковую авіяцыю, расстраляла аблокі й з дажджамі асадзіла радыяцыю ў Беларусі.

Беларусь зноў ахвяравалася, ратуючы Расею.

70% радыёнуклідаў выпала на БССР. Астатняе накрыла сумежныя вобласьці Украіны й Расеі, таксама этнічна беларускія. Больш 2 мільёнаў 200 тысячаў беларусаў сталі суцэльнай жывой зонай радыяцыйнага паражэньня.

Сёньня Чарнобыльская зона – гэта 41 горад і 3329 вёсак. Гэта 2 мільёны гектараў лесу, дзе забаронены збор ягад і грыбоў. Гэта 235 мільярдаў даляраў урону – 30 гадавых бюджэтаў Беларусі. Гэта закінутыя дамы, глуш, дзе плодзяцца адно дзікія зьвяры, бамжы з усяго былога Саюзу й крымінальныя банды. Чарнобыльская зона – гэта збор мэталалому, каб пракарміцца, чарнобыльскія мутанты – пачварныя дрэвы, грыбы, жывёлы – рак шчытападобнае залозы й лейкемія. З 1986 г. першасная інваліднасьць у немаўлятаў павялічылася на 50%, колькасьць генэтычных адхіленьняў – у 8 разоў, захворваньні ракам сярод дзяцей – у 130 разоў!

Чарнобыль – пранізьлівае зло сучаснасьці. Чарнобыль пранікае да атамаў і генаў. Чарнобыль расшчапляе жыцьцё на элемэнтарныя часьціцы: страх, боль, час. Бязьвідная, жахлівая сьмерць Чарнобылю паражае да касьцёвага мозгу, да таемных залозаў, да нашчадкаў у дзесятым калене. Дасканалы вобраз зла.

Беларусы ясьней за іншых уяўляюць сабе існаваньне грэху, пекла і д’ябла – бо беларусы ведаюць, наколькі рэальны нябачны Чарнобыль.

Беларусь вядомая паводле  Чарнобылю. Мільёны чарнобыльскіх дзяцей ужо пабывалі ў Эўропе, дзе адно толькі ўзгадваньне Чарнобылю выклікае сьлёзы. “Чарнобыльская малітва” Сьвятланы Алексіевіч й “Сэрца Чарнобылю”, што атрымала Оскара-2004 за лепшы дакумэнтальны фільм, чарнобыльскія ахвяры, чарнобыльскія фобіі расьсеяліся па сьвеце, каб усе народы адчулі фізычную прысутнасьць зла, спароджанага самім чалавецтвам.

Духовы Чарнобыль вакол нас, папярэджвае Беларусь. Сьвет заражаны. Але Госпад Бог дапускае вялікія выпрабаваньні для тых, для каго мае вялікае прызначэньне. Д’ябальская агрэсія Чарнобылю, накіраваная на зьнішчэньне Беларусі, яшчэ раз правяла нацыю праз крыжовы шлях Ісуса Хрыста.

Усю сілу пракляцьця, якое прыняла на сябе нашая зямля, увесь боль ахвяры дзеля чалавецтва Госпад Бог абавязкова пераможа ўваскрасеньнем. Але, каб гэта адбылося, мала заставацца Чарнобыльскай зонай. Трэба стаць Беларусьсю.

Счарнелую, збалелую, спакутаваную тэрыторыю адсяленьня дзяржава павінная не пакідаць зачумленым гушчарам, а ператварыць у запаведнік радыяцыйнага пільнаваньня ды маніторынгу для ўсяе плянэты.

У гісторыі ўсяго чалавецтва Чарнобыль мусіць застацца глябальным папярэджаньнем у Сэрцы Эўропы. Чорным нэгатывам для сусьветнага прасьвятленьня.

ЭМІГРАЦЫЯ

Беларусь аддае сябе – такі сэнс Новага Запавету нашае гісторыі. Так фармулюецца і прычына масавае эміграцыі беларусаў у апошнія стагодзьдзі.

Звыш 4 мільёнаў беларусаў – трэць усяго этнасу! – расьсеяныя сёньня на аграмадных прасторах Эўропы, Амэрыкі й былога Савецкага Саюза. Найбольшыя арэалы беларускага расьсяленьня – Расея (1,2 мільёны чалавек), ЗША (500 тысячаў), Украіна (440 тысячаў), Польшча (350 тысячаў), Аўстралія (320 тысячаў), Ізраіль (140 тысячаў).

Эміграцыя – сусьветнае рэха беларускай гісторыі.

Хвалі эміграцыі, быццам порцыі крыві з рэзкімі скарачэньнямі сэрца, Беларусь выштурхоўвала з кожнай вайной, кожнай акупацыяй, кожным паўстаньнем. У XVII стагодзьдзі беларусаў палонам выводзілі ў Маскву, у XVIII ст яны самі імкнуліся ў багацейшую Эўропу, у ХІХ ст. пачалі выяжджаць у Амэрыку, у ХХ ст. дабраліся да Аргентыны, Канады й Аўстраліі.

Напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ ст. зь Беларусі эмігравала каля 1,5 мільёнаў чалавек. Толькі ў Сібір перасялілася звыш 700 тысячаў чалавек, сотні тысячаў выбраліся на Захад. “У пошуках лепшае долі” – напішуць пра гэта нашаніўцы.

У гады І Сусьветнай, рэвалюцыі й грамадзянскай вайны сотні тысячаў беларусаў бежанцамі трапілі ў Эўропу ды Амэрыку. У міжваенны час з аднае толькі Заходняе Беларусі туды выехалі 180-250 тысячаў чалавек. Тымчасам Саветы з плянавым наборам рабочае сілы, дэпартацыяй, раскулачваньнем і палітычнымі рэпрэсіямі вывезьлі ў іншыя рэгіёны СССР больш за 600 тысячаў беларусаў. Беларусы падымалі цаліну, будавалі БАМ і гінулі на Беламорканале.

З 2-х мільёнаў, вырваных зь зямлі ІІ Сусьветнай, у БССР вярнуўся толькі кожны трэці. Чвэрць мільёна засталіся ў Нямеччыне, многія зноў эмігравалі на Захад.

І ўсё-такі не навечна. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў пачатку 90-х ХХ стагодзьдзя больш за 150 тысячаў беларусаў вярнуліся на Радзіму.

Сучасная беларуская эміграцыя – гэта Сяржук Сокалаў-Воюш, Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, удзельнікі нацыянальнага руху, прадпрымальнікі і студэнты.

Беларускі эмігрант – асобная адзінка нацыянальнай ідэі, сутнасна хрысьціянскай і ўнутрана моцнай. Адзіны беларус у сьвеце можа стаць і кропкай апоры, і цэнтрам крышталізацыі фэномэну, і пунктам адліку эпохі.

Беларуская эміграцыя дала чалавецтву асобаў сусьветнае велічыні: прэзыдэнта Бэльгійскай Акадэміі Навук, нобэлеўскага ляўрэата па хіміі, Ільлю Прыгожына; пісьменьніка, нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры, Чэслава Мілаша; авіяканструктара, стваральніка самалётаў “Су”, Паўла Сухога; матэматыка, першую ў сьвеце жанчыну-прафэсара, Соф’ю Кавалеўскую; тэарэтыка тэрмаядзернага сынтэзу, Льва Арцімовіча й заснавальніка геліябіялёгіі Аляксандра Чыжэўскага, бацьку кібэрнэтыкі Норбэрта Вінэра і патрыярха сучаснай мэдыя-індустрыі Давіда Сарнова; падарожнікаў Мікалая Пржэвальскага й Яна Чэрскага; вялікага сьпевака Міхася Забэйду-Суміцкага і акадэміка Сусьветнае Акадэміі Астранаўтыкі, Барыса Кіта; прэзыдэнта Сэната Гавайскіх выспаў Мікалая Судзілоўскага, вядучага мастака Дыснэйлэнду Алію Клеч (Пашкевіч) і супэрзорку Нацыянальнае Хакейнае Лігі Уэйна Грэцкі.

Беларускі эмігрант на 100% аддае сябе новай зямлі. Ён часьцей распушчаецца ў ёй бяз знаку, або (радзей) ператвараецца ў больш беларускага беларуса, чым тыя, хто ў Беларусі застаўся.

Эміграцыя – гэта дыстыляцыя беларускасьці да чысьціні сьлязінкі. У чужым асяродзьдзі, без апірышча роднае зямлі, без матэрыяльных дамешкаў ідэал далёкае Беларусі робіцца выключна ўзьнёслым, сьветлым, і, у рэшце рэшт, духовым.

Характэрна, што нацыянальна сьвядомыя эмігранты на Захадзе, аб’яднаныя пад эгідай Рады БНР, традыцыйна ўтвараюць моцныя хрысьціянскія асяродкі. Так, як напісана: “І расьсялю іх паміж народаў, і ў далёкіх краінах яны будуць успамінаць пра Мяне…” (Захарыя 10:9)

2000 гадоў таму  інфраструктура Рымскае Імпэрыі й габрэйскае дыяспары дазволілі хрысьціянству за некалькі дзесяцігодзьдзяў ахапіць паўсьвету. Пры сёньнішняй ступені глябалізацыі й разьвіцьці інфармацыйных тэхналёгіяў эміграцыйныя асяродкі даюць бяспрыкладныя магчымасьці для прарыву культуры, палітыкі й духовасьці ў любых каардынатах на ўсім зямным шары. Дастаткова прыгадаць узоры паўсюдных расьсяленьняў армянаў, ірляндцаў ці тых жа габрэяў. Тым больш, што ўзоры ўласных шыкоўных замежных перамогаў у нас у наяўнасьці. Бліскучыя сусьветныя рэйды Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касьцюшкі, Ігната Дамейкі даводзяць, што беларусы ўмеюць падымаць краіны нават адзінаасобна.

Беларусам патрэбная моцная, эфэктыўная й усеахопная дыяспара ўплыву, здольная зьдзейсьніць Адкрыцьцё Беларусі для ўсяго сьвету. Транснацыянальныя мэдыякарпарацыі, індустрыя экспарту беларушчыны й хрысьціянскае місіянерства ў кожным кутку плянэты – мэта Вялікай Беларусі, пашыранай да памераў плянэты.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы