nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ. Частка ІІІ. Беларуская гаспадарка

31 ліпеня, 2007 | Няма каментараў

Павал Севярынец

пÑ�Ð�Ð�Ð�5.GIF 

 

Нацыянальная ідэя ў гаспадарцы?

Для беларуса?

О, гэта нешта зь нечым!

Найперш, вядома, свая хата. Двухпавярховы дом у прыгарадзе, з садам і гародам вакол. Галоўнае, сядзіба непадалёк ад рэчкі, каб рыба была, і лес побач, каб грыбы-ягады ды гарэхі…

Канечне, з гаражом, дзе стаіць трактар “Беларус”, “Форд-эскорт” беларускай зборкі сярэдзіны 1990-х, пару ровараў-раскладушак, менскіх ад стырна да падшыпнікаў.

З хлявом, поўным быдла ды сьвіней, з куратнікам і будкай для вартавога сабакі.

Студня. Альтанка. Палісаднік з кветкамі.

Сама хата дыхтоўная й цёплая. Лепш з дрэва – нашага, роднага. З матар’ялаў ААТ “Забудова”. Зь вялікай печчу на першым паверсе й камінамі на другім. Ашаляваная знутры хваёвай дошчачкай “Гомельдрэву”. З падлогай, выкладзенай пінскім дубовым паркетам пад лідзкі лак (Гандлёвы дом “Дэкорум”).

Заходзьце, не саромцеся. Усё адно да беларуса ўвесь час уваходзілі, не пытаючыся – ён ужо звыкся. Цёплы, ёмісты дух беларускага жытла чуваць ужо на парозе. Бачыце, шэраг паліто, куртак і строяў гомельскага “Камінтэрну” й сталічных атэлье. Абутак: колькі параў віцебскіх “Белвесту” ды “Марка”. Заўважце, як акуратна. Такія мілыя ўзорыстыя палавічкі (Менскі камбінат народных рамёстваў), падставачкі з абутковым крэмам й лыжачкамі для пантофляў, што здаецца – беларус жыве ў гэтае вітальні. Зрэшты, суседзі з Захаду й Усходу заўжды лічылі Беларусь гэткім калідорам, дзе выціраюць ногі, пераабуваюцца ды, кашлянуўшы, ідуць па сваіх справах.

Здымайце боты – зойдзем у сярэдзіну.

Сьветла. Беларус любіць, каб сьветла. Гасьцінная гасьцёўня. Адразу кідаюцца ў вочы шыкоўныя берасьцейскія дываны (ААТ “Берасьцейскія дываны”). Мэбля – рэчыцкая, мазырская, маладэчанская. Сьценка, стэлажы кніжныя шафы, устаўленыя тамамі менскае паліграфіі (між іншым, на добрушскае паперы са сьветлагорскае цэлюлёзы). Глыбокія бабруйскія фатэлі, канапа “Купава”, мяккі куток з набору “Эўропа” зь вялікімі мяккімі цацкамі жлобінскага камбінату футравых вырабаў. Мякка й утульна, як у душы ў беларуса. На покуці – абразок у рушніках зь “Лянка”. Тэлевізар – “Гарызонт” апошняе мадэлі (84CTV-698T) з пляскатым экранам. Журнальны столік “Маладэчнамэблі”, абавязкова са сьвежымі нумарамі “Народнае волі” ды “Нашае Нівы”.

І ўрачысты акорд – фартэпіяна, зробленае на барысаўскай “Піянінцы”.

Цяпер – кабінэт, дзе беларус так любіць працаваць. Рабочы стол баранавіцкай фірмы “Тымбэр” з масыву альхі. Пэрсанальны кампутар зь інтэгралаўскімі мікрасхемамі, куплены ў “Дайнове”. Гарадзенскае скураное крэсла-круцёлка (клясычны нацыянальны трэнажэр). Бібліятэка, фанатэка, фільматэка (больш падрабязна гл. далей – разьдзел “Культура”). Што гэта на сьцяне? Карціны? О, не, мапы ВКЛ XV-XVI стагодзьдзяў, надрукаваныя на менскім паліграфічным камбінаце імя Я. Коласа: 1 мільён квадратных кілямэтраў ад мора да мора. І мапа сучаснае Рэспублікі Беларусь – на ўсю сьцяну, дзе пазначана ўсё да апошняй вёсачкі.

Лесьвіца ўгару – на другі паверх. Заля з камінам. Шыкоўны мэблявы гарнітур зь Пінску, плеценыя крэслы-гушкалкі на бальконе, сэрвізы бярозаўскага фаянсу і гарадзенскага хрусталю. Асабістыя пакоі. Каралеўскія ложакі ручное працы ад невялікіх мэблявых фірмаў Менску й Берасьця. Дзіцячая, абабітая віцебскімі дыванамі. Магілёўскія калыскі, менскія каляскі  і цэлы цацачны сьвет ад сталічных, жлобінскіх і наваполацкіх вытворцаў…

Вы ўжо прагаладаліся? На кухню!

Да вашых паслугаў пліта берасьцейскага “Газаапарату”, кухонны камбайн, мікрахвалеўка, міксэр, сокавыціскалка менскай “Алесі”. Сталовая нержавейка Магілёўскага ААТ “Чырвоны мэталіст”. Лядоўня, натуралёва, “Атлант”. З маразільняй, даверху забітай вясковай сьвежыной, вяндлінай, кумпячком, барысаўскай  кілбаскай ды магутным салам з праслоямі мяса (не сумнявайцеся, усё тутэйшае). З батарэяй бутэлек “Лідзкага”, “Аліварыі”, “Крыніцы”, бляшанкаю “Рэчыцкага” ды двухлітровікам “Менскай-4”. З упакоўкамі селядцоў ды ікры берасьцейскага “Санта-Брэмар” (50% сусьветнага рынку ікры мойвы), смачнюшчымі ёгуртамі “Савушкіна прадукта”, беларускімі чыпсамі, рагачоўскай згушчонкай, бярозаўскай тушанінай, 20%-най сьмятанай менскага гармалзаводу №2, сырам “Белая Русь” (Капыль), маслам ААТ “Беллакт”, маянэзам “Правансаль. Залатая кропля” (ААТ “Менскі маргарынавы завод”) пячоначным паштэтам, замарожанымі клёцкамі й галянікамі са Слуцку, слоічкам собскага хрэну, ды яшчэ нейкае смакаты, аж усяго ня ўгледзіш… Хлеб ад “Нарачанскага” да “Дзьвінскага”… Цукеркі менскае “Камунаркі” й гомельскага “Спартака”… Печыва “Слодыч”… Торт ад “Салодкага фальварку”…

Частуйцеся!

Калі ласка – бо кубачкі з сэрвізу добрушскага парцаляну, адмыслова для наскае лясное гарбаты – сунічнае, малінавае, журавінавае з шыпшынаю. Можна соку – яблычна-бярозавага,  вішнёвага ці таматнага (Глыбоцкі кансэрвавы завод) – з плястыкавай конаўкі наваполацкага “Паліміру”.  Усё свойскае. Усё, як у казачнага добрага гнома, што рупна, з жарсьцю сапраўднага калекцыянера, назапашвае скарбы для сябе й наступных пакаленьняў.

Адмысловы куток – леднік на засаўцы, з бульбай, буракамі ды морквай, цэбрам квашанай капусты, слоікамі закатак – салёных гуркоў, памідораў, кабачкоў, баклажанаў, грыбное салянкі, сочыва… Самыя глыбіні запасьлівае беларускай гаспадаркі!..

Што? Час зазірнуць у прыбіральню? Не турбуйцеся, прыбіральня цалкам айчынная ад чарупіны ўнітазу (ААТ “Керамін”) да туалетнае паперы (слонімскі “Альбярцін”). Заходзьце, як той казаў, сядайце.

Цяпер ванная. Бліскуча белая, выкладзеная знакамітай беларускай кафляй з керамінаўскай сантэхнікай, і люстрам бабруйскага “Люстэрка”, зубной пастай ЗАТ “Вітэкс”, парфумай “Беліты”, шампунямі “Белкасмэксу”, парашкамі унітарнага прадпрыемства “Бархім”, “Віксану”, віцебскімі махровымі ручнікамі… Ага, і яшчэ лямпачкамі берасьцейскага электралямпавага заводу. І сьвятлом вытворчасьці Бярозаўскай ДРЭС.

Нарэшце, спальня. Шафа запоўненая вопраткай ААТ “Сьвітанак”, КІМаўскім трыкатажам, бялізнаю “Мілавіцы”…

У гэты момант трэба адхінуць сталічнага вырабу шаўковыя фіранкі, кінуць задаволены погляд на ўласную гаспадарку (прычым зрабіць гэта праз шыбы касьцюкоўскае вытворчасьці), і завесьці буднік менскага гадзіньнікавага заводу.

Ну, цяпер можна шчоўкнуць сьвяцільнік “Івіца” менскай “МПВ-ОВТ”, расьцягнуцца на барысаўскім ложку зь лёгкім прыемным рыпеньнем, на прахалодных ад сьвежасьці льняных прасьцінах (made in Vorsha) і, соладка млеючы  пад гомельскай коўдрай, адчуць эўфарыю поўнага нацыянальнага камфорту: усё навокал на 100% – сваё!

Так, нацыянальная ідэя ў гаспадарцы – нешта важкае й ёмістае. Маеш рэч, што называецца. Раскручаныя фэномэны беларускай гаспадаркі часта даюць вобразы мэнталітэту, моцныя й цэласныя настолькі ж, як і нацыянальныя сымбалі.

Бульба. Просты й шчыры круглявы клубень, зарад чыстае, пажыўнае крухмалістае белі, так падобны да стоенага ў зямлі мужыка-беларуса!

“БелАЗ”. Узраве – аглухнеш. Машына магутнае працавітасьці й калясальнае грузападымнасьці, што цягае цяжары па ўсім сьвеце.

Трактар “Беларус”. Беларус! – бо шмат дзе беларуса атаясамляюць з тым трактарам.

Калійная соль. Крышталёвая энэргія з глыбіняў Беларусі, што жывіць краіны паловы плянэты.

Лён. Беларуская бель, біблійны сымбаль чысьціні, зь якое робяць нацыянальныя рушнікі, найтанчэйшыя францускія тканіны й нават купюры “эўра”.

Бялізна. “Мілавіца”, “Сэрж”, КіМ. Беларускую бялізну носяць і ў Расеі, і ў Эўропе: гэткая ж пяшчотная, белая, ласкавая й інтымная, як сам беларускі характар. Беларуская бялізна, якой іншыя прыкрываюць уласную галізну, і якой увесь час дастаецца чужы бруд.

Электроніка. Тэлевізары “Гарызонт” і “Віцязь”, мікрасхемы “Інтэгралу” й “Плянару”, гадзіньнікі й вымяральныя прылады, усе гэтыя непамысныя нанатэхналёгіі й супэркампутары, плён беларускай навукаёмістасьці й вынікі кемлівасьці, сумешчанай з руплівасьцю. Будучыня беларускага Сэрца, якое дакладна адлічвае час і стварае іншую рэальнасьць.

Беларуская гаспадарлівасьць яўна роднасная габрэйскай – адасобленай і рупнай да сквапнасьці. Калі такі гаспадарчы рэфлекс шторазу спрацоўвае ў згоршанага, зьняверанага, бесьсьвядомага беларускага народу – дык які ж будзе ў абуджанага! У веруючага! Які ў ідэале!..

Бог даў беларусам у валоданьне поўную чашу – усё сэрца Вялікай Эўропы. І, як аказалася, недарэмна: беларусы сталі цудоўнымі выканаўцамі Божага запавету: “Напаўняйце зямлю і валодайце ёю” (Быцьцё 1:28).

І вы пазнаеце беларуса па градах, дзе перацёрты ў пальцах кожны камячок зямлі – што ў Сібіры, што на скрайняе Поўначы, што ў Аргентыне.

І вы ўзгадаеце, як цёпла, па-сямейнаму прывязаны кожны беларус да кароўкі, авечак, курачак, усяе “худобы” сваёй.

І вы самі адчуеце пранізьлівую настальгію па цудоўным Эдэме – ў хвалюючым паху белае квецені, што ахінае беларускі сад-гарод.

Беларуская гаспадарка – сьведчаньне стоенай сілы, жывучасьці й неверагоднай самадастатковасьці беларуса. Акупанты шторазу выграбалі адсюль усё дабро – млека, яйка, курка, дрэва, музэйныя скарбы й геніяльныя мазгі – а мы нават у СССР здолелі тачыць сала з праслоем мяса ды зьбіраць палову савецкае тэхнікі. Прынамсі, украінскага галадамору ці расейскай чарназёмнай галечы ў нас не было. Беларусы ўсё роўна ўладкоўваліся –  на прахадным двары, на  міжморскім скрыжаваньні, у сэрцы Эўропы. Утульна й на вякі.

Беларуская гаспадарка найярчэй выяўляе мясцовыя асаблівасьці, мілыя лякальныя колеры, што мазаікай складаюцца ў  поўню ўтульнага й сакавітага жыцьця – усё гэтае гарадзенскае шкло, віцебскі абутак і трыкатаж, лідзкае піва, гомельскія цукеркі, старадароскі самагон, кобрыньскія сыры. Гаспадарчая спэцыфіка – сапраўдны скарб беларускай традыцыі й адмысловы шыфр беларускага краязнаўства.

Беларуская гаспадарка – глыбокае люстра гісторыі.

Тысячагодзьдзе таму Беларусь пачынала з гандлю. Полацк, брама з Балтыкі ў далячыні Ўсходу; Смаленск, перавалачная база на валоках з варагаў у грэкі; Менск, што пайшоў ад “мены”… Менавіта ў гэтых імёнах закладалася місія абмену культураў, сынтэзу цывілізацыяў ды міжканфэсійнай талеранцыі. Беларусь Полацкага княства хадзіла ў купецкім строі, дастаўляючы Захаду футра, пеньку, лес, а Ўсходу – тканіны, віны ды селядцы.

Вялікае княства Літоўскае, багацьце й слава беларускай гісторыі, умомант матар’ялізуецца перад намі ў збожжы, якое вывозілася ў Эўропу, кругах царкоўнага воску і бочках мёду, унікальных рамёствах, якімі захаплялася Маскоўшчына, у шляхецкіх кунтушах, магнацкіх пасах – і канвэртуецца ў срэбных талерах…  Бліскучая раскоша Старога Запавету!

XVII – XVIII стст., эпоха тленьня Рэчы Паспалітай… Спусташаюцца душы й бяднеюць сядзібы. Вакол сурдуты ваколічнае шляхты, мундзіры паўстанцаў і вясковыя сьвіткі. Гістарычны пераход зь мяса на бульбу, і з хлеба на квас. Але ў гэтай убогасьці нараджаецца простая й шчырая беларускасьць Новага Запавету. Сялянская нацыя XIX – XX стст. з новай сілай прыпадае да гэтае зямлі, каб зрабіць яе, зарослую лесам льняную правінцыю, краінай грандыёзнага зборачнага цэху, буйных птушкафабрыкаў, кісельных берагоў ды малочных рэкаў, што пацякуць у Маскву, Кіеў, Вільню ды Піцер.

І вось цяпер:

— Праект гіганцкага тэхнапарку, які заходнія фірмы плянавалі збудаваць у Менску, заблякаваны расейскімі спэцслужбамі напачатку 1990-х і рэанімаваны сёньня;

— Запушчаныя Лукашэнкам заводы;

— Экспартныя прадпрыемствы, на якія разяваюць рот маскоўскія алігархі;

— І – калясальны патэнцыял інтэлекту, працавітасьці й цярплівасьці для сучаснай інавацыйнай эканомікі.

“Новая зямля” беларусаў, новая краіна… Якой сілы й велічы вобразы разгортваюцца ва ўяўленьнях новага пакаленьня! Беларусь – інфармацыйны, тэхналягічны і фінансавы цэнтар сусьветнага ўзроўню – такі, як Бэнілюкс, Ганконг ці штат Каліфорнія.

Новая Беларусь ХХІ ст – гэта пляцдарм высокаякаснай зборкі й сэрвісу, краіна сучаснага інфармацыйнага, навуковага й культуровага прадукту, банкаў і гатэляў, спорту й турызму, файна арганізаванага адпачынку. Станавы хрыбет новае Беларусі – грандыёзны транзытны комплекс: аўтамабільныя й трубаправодныя прадпрыемствы, дарогі й камунікацыі, запраўкі й майстэрні, матэлі й сеткі рэстаранаў хуткага харчаваньня, гіпэрмаркеты й выстаўныя цэнтры, свабодныя эканамічныя зоны, “сіліконавыя даліны” хай-тэк і дэпо абслугоўваньня. Канцэпцыя Беларусі як гіганцкага стратэгічнага, эканамічнага й геапалітычнага мосту паміж Захадам і Расеяй, Эўропай і Азіяй, Балтыкай і Чарнамор’ем дае ўнікальныя магчымасьці для сапраўднай нэўтральнасьці, дружалюбнай адкрытасьці на Захад і Ўсход з фарміраваньнем восі ўласных фінансавых, тэхналягічных і гандлёвых інтарэсаў. Рэалізацыя надзвычай выгоднага эканоміка-геаграфічнага становішча, плюс кампактная канфігурацыя ўжо існуючай інфраструктуры, плюс распрацоўка ледзь кранутых прыродных рэсурсаў, памножаныя на вялізны навукова-тэхнічны досьвед кваліфікаванага насельніцтва, сумешчаныя з адвечнай беларускай працавітасьцю – і ўсё наша стоенае багацьце гатова выбухнуць сапраўдным беларускім эканамічным цудам!

Пачатковы інструмэнтарый такіх рэформаў агульнапрыняты: апэратыўная распрацоўка адпаведнае заканадаўчае базы; зьніжэньне падаткаў і абмежаваньне іх спэктру да ліку самых зьбіральных; перамовы аб прадастаўленьні заходніх інвэстыцыяў і крэдытаў на структурную перабудову прамысловасьці з матар’яла- й энэргаёмістае ў праца- й навукаёмістую; манэтарысцкая барацьба зь інфляцыяй, увядзеньне талеру, прывязка яго да эўра (ці даляру), празрыстая прыватызацыя ад дробнага да буйнога; перавод сельскае гаспадаркі на таварную спэцыялізацыю фэрмэрскага тыпу і, вядома ж, разгортваньне буйных мытных ды экспартных праектаў. Сёньняшняя скандальная вядомасьць Беларусі пры адпаведнай пастаноўцы пытаньня абернецца на карысьць. Інфармацыйная “раскручанасьць” краіны – патэнцыял, які вымяраецца сотнямі мільёнаў і нават мільярдамі даляраў. Дастаткова будзе, умоўна кажучы, памяняць “–” на “+”, каб атрымаць найвышэйшыя інвэстыцыйныя стаўкі й трапічны крэдытны клімат для былое “чорнае дзіркі Эўропы”.

Ёсьць толькі адно “але”. Усе гэтыя цудоўныя панарамы проста нішто, калі ў народа няма сапраўднай прагі аднаўленьня, калі забытыя падставовыя каштоўнасьці, калі людзі апатычныя й разбэшчаныя. Кожны прафэсійны спэц-рэфарматар у курсе, што для грамадзтва, як рухавіка палітычных і сацыяльных пераўтварэньняў, прыстойнае этычнае выхаваньне нашмат важнейшае за гарвардзкую адукацыю ці тэхналягічную дасканаласьць. Інакш нахабныя ньюмэны раскрадуць і прададуць краіну да апошніх запчастак, як Расею, а потым яшчэ й плюнуць людзям у вочы. Без глябальнага духовага апірышча са страшным трэскам правальваюцца любыя рэфарматарскія сыстэмы, бо унутраныя заганы й схаваныя грахі рана ці позна разьядаюць і завяршаюць крахам самыя зьнешне бліскучыя праекты. Яшчэ раз, гэта вельмі важна: посьпех поўнамаштабных эканамічных рэформаў у Беларусі будзе ў велізарнай ступені залежаць ад таго, наколькі маральныя спэцыялісты возьмуцца за іх правядзеньне, і наколькі падрыхтаванай да сапраўдных глыбінных зьменаў будзе духовая атмасфэра ў самім грамадзтве.

І вось яшчэ што: Новай Беларусі патрэбная новая псыхалёгія. Прыведзеная вышэй мадэль беларускага эканамічнага цуду як гаспадаркі гасьціннага сэрвісу, інавацыйных цэнтраў і інтэнсіўнага транзыту цалкам адпавядае сусьветнаму вобразу сучаснай, перадавой эканомікі – “эканомікі абслугоўваньня”. Вельмі важна зразумець, наколькі сур’ёзна залежыць такая будучыня ад стану грамадзкай сьвядомасьці. Гаспадарлівае, усьмешлівае, нават ласкавае эўрапейскае служэньне – паняцьце, супрацьлеглае саўковаму рабству, дзе за пахлёбку даводзіцца ўкалываць то на ВПК, то на фонд Лукашэнкі, то выяжджаць гастарбайтэрамі ў Нямеччыну, то будаваць сьвінакомплексы ды піраміды на патрэбу імпэрыі. Ключавое пытаньне ў справе фармаваньня “сэрвіснай эканомікі” – гэта пастаяннае, паўсюднае, на ўзроўні грамадзтва й кожнага індывіду, адчуваньне Місіі Служэньня. Адчуваньне да такой ступені моцнае, што яно робіцца сэнсам жыцьця.

Ты служыш людзям, краіне, нацыі. А асноватворны матыў мэнталітэту служэньня – ад зычлівае ўсьмешкі да чуйнага папярэджаньня жаданьняў, ад пунктуальнасьці да ўтульнае, амаль сямейнае атмасфэры – і ў Амэрыцы, і ў Эўрапе, і ў заўтрашняй Беларусі элемэнтарна просты, унівэрсальны і культываваны стагодзьдзямі – гэта любоў да бліжняга свайго.

Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам, ўсёй душой, усімі сіламі тваімі – і тады любоў да бліжняга стане сутнасьцю твайго існаваньня, кажа Біблія. Таму і стараюцца на Захадзе кожную справу, кожную драбніцу рабіць ідэальна, бо ведаюць: любая рэч і ўсякае імгненьне жыцьця нам Самім Богам дадзена. Ведаюць, што Бог дабраслаўляе стакроць за кожны момант веры й любові – і за школьнай партай, і за кампутарам, і за стойкай супэрмаркета, і ў сям’і. Мы вельмі часта ўпускаем гэтыя фундамэнтальныя прынцыпы, калі спрабуем разабрацца ў сакрэце заходняга ладу жыцьця. Вось у чым сэнс: людзі, якія ўвесь час адчуваюць прысутнасьць Найвышняга, ператвараюцца ў надзіва адказных, працавітых і шчырых.

Такім чынам, разьвітая, якасная, тэхналягічная, эўрапейскага ўзору “эканоміка служэньня” Беларусі, гасьцінная, з глыбокай культураю дачыненьняў, павінна мець масавае апірышча моцнае хрысьціянскае сьвядомасьці. Гэта найважнейшая патрэба для будучага пакаленьня ў справе стварэньня абсалютна новага, сапраўды эўрапейскага ладу. Лічыце гэта прароцтвам – але калі будзем штосьці рэфармаваць бяз Бога ў душы, калі ня прымем Хрыста як Збаўцу, калі асноўным законам жыцьця краіны ня зробім Біблію – усе цудоўныя мроі аб Беларусі пойдуць прахам.

БЕЛАЗ

БелАЗ – наш адказ стэрэатыпу “маленькай і ціхай рэспублікі”. Здымак БелАЗу надае пагрозьлівае важкасьці любому беларускаму даведніку, прэзэнтацыйнаму буклету ці рэклямнаму выданьню.

БелАЗ – цэлы замак на колах, шэдэўр прыгожае магутнасьці.

Памеры й моц уражваюць чалавека зь дзяцінства. Дзеля гэтага ходзяць глядзець на слана й задзіраюць голаў на хмарачосы. Грузападымнасьць у 80, 120, 200 і нават 220 тонаў, рухавік да 2200 конскіх сілаў, кола вышынёю з двухпавярховы дом – безумоўна, аргуманты ўнушальныя. Толькі ЗША, Нямеччына, Японія, Швэдзія й Беларусь могуць дазволіць сабе выпускаць машыны такіх габарытаў.

Выраб вялікагрузных кар’ерных самазвалаў пачаўся на заводзе ў Жодзіне ў 1958 г. Праз 30 гадоў вытворчасьць БелАЗаў перавысіла 10 тысячаў – і зараз дазваляе Беларусі кантраляваць 30% сусьветнага рынку ў гэтай галіне. Апроч гіганцкіх грузавікоў для горназдабываючае прамысловасьці БелАЗ пачаў выпускаць шлакавозы й аэрадромныя цягачы.

БелАЗ, як і беларуская цяжкая атлетыка, як і магутнасьць магнатаў ВКЛ – вобраз велічы й неверагоднае цягавітасьці беларуса. БелАЗ-беларус штогод перавозіць мільёны тонаў рудаў па ўсім сьвеце. БелАЗ працуе ў кар’ерах Сібіры, Далёкага Усходу, Афрыкі, Індыі. У краінах, якія жывуць за кошт тых кар’ераў. Там, дзе найцяжэй.

БелАЗ – гэта сапраўдны беларускі пад’ём цяжару. За сваю гісторыю Беларусь трывала такія непадымныя тоўшчы, столькі пакутаў, жаху й прыгнёту, вытрымлівала падаўляючыя акупацыі й войны – горы гора! На зямлі ёсьць такія грузы й маштабы, якія пад сілу толькі нашаму БелАЗу. Зь БелАЗам Беларусь, паводле біблейскага выразу, здольная і горы перасоўваць.

Калі вы сумняецеся, што Беларусь можа быць вялікай – паспрабуйце забрацца ў кабіну БелАЗу, ацаніць адтуль панараму і аберуч узяцца за руля. Дастаткова пачуць той мэгатонны роў і ўбачыць, як дрыжыць дарога перад захапляючым тытанічным хараством – пачынаеш верыць, што ў беларусаў стане сілаў і ўзьняць з балота сваю нацыю, і ўзяць на сябе палову Эўропы, і перамяніць Расею.

БЕЛАРУСЬКАЛІЙ

“Беларуськалій” – самае вялікае прадпрыемства Беларусі. “Беларуськалій” – здабываючы камбінат сусьветнага значэньня. “Беларуськалій” – бюджэтаўтваральная структура беларускай гаспадаркі.

“Беларуськалій” дае да 20% усіх даходаў Беларусі, прычым у цьвёрдай валюце. Беларускі калій – гэта заробак настаўнікам па ўсёй краіне, газ і цяпло ў кожным доме, імпартовая фармацэўтыка й варштаты друкарні, зь якой выйшла вось гэтая самая кніга.

“Беларуськалій” – гэта 100-тысячны Салігорск з шахцёрскім насельніцтвам, самымі высокімі заробкамі й самым масавым незалежным прафсаюзам у Беларусі.

ВА “Беларуськалій” распрацоўвае радовішчы калійнае солі на 4-х рудаўпраўленьнях. Белую пароду з чырвонымі праслоямі здабываюць у шахтах, падымаюць на паверхню, абагачаюць да стану дробназярністага й грануляванага KCl, і 3,5 млн.т. грузяць для адпраўкі ў 54 краіны сьвету – праз чыгунку й порты Балтыкі ды Чорнага мора.

Нароўні з Канадай, Расеяй і Ізраілем Беларусь зьяўляецца сусьветным лідэрам у вытворчасьці калійных угнаеньняў. Беларускім каліем жывяцца аграрныя комплексы самых густанаселеных краінаў плянэты – Кітаю, Індыі, Бразыліі, ЗША, Украіны – а толькі ў іх жыве каля 3 мільярдаў чалавек!

У чыстым выглядзе калій, ключавы пажыўны элемэнт для расьлінаў – мяккі серабрыста-белы шчолачны мэтал. Хімічна актыўны. У сплаве з натрыем – цепланосьбіт у ядравых рэакцыях. Калій каталізуе твае біяхімічныя абмены, адыгрывае ключавую ролю ў плазьме тваёй крыві, працуе ў цябе ў страўніку, нырках, мышцах і ў самым сэрцы.

Калійная соль – мінэральнае ўгнаеньне №1 для сельскай гаспадаркі. Падвышае ўраджайнасьць у некалькі разоў. Што цікава, найлепшы эфэкт калій дае менавіта на беларускіх дзярнова-падзолістых, пясчаных і тарфяных глебах: ён асабліва патрэбны нашай бульбе, лёну, цукровым буракам, бабовым і сланечніку.

Беларускі калій насычае галодныя краіны трэцяга сьвету, праблісквае ў электрычных імпульсах лепшых мазгоў Азіі й Амэрыкі, і падаецца на сэрвіраваных сталах знакамітых рэстаранаў Эўропы. Беларуская бел-чырвона-белая соль, расьсеяная па сьвеце, скрозь працінае часьцінкі глебы, сокі расьлінаў і мігціць, пераліваецца ў жылах мільярдаў людзей.

“Беларуськалій” – моцны й іскрысты брэнд з гарачай дзесяткі вобразаў нацыянальнай ідэі.

БЕЛАРУСКІ МЭТАЛЮРГІЧНЫ ЗАВОД

Бэ-эМ-Зэ – жалезны доказ беларускае магутнасьці.

БМЗ – найбуйнейшы ў Эўропе камбінат па вытворчасьці мэталякорду. Высокатэхналягічны гігант чорнае мэталюргіі, гонар сучаснае Беларусі, прадукцыю якога закупаюць вядучыя сусьветныя вытворцы.

У абрэвіятуры “БМЗ” зьмяшчаецца цэлы горад Жлобін, 15 тысячаў працуючых і 600 млн. даляраў экспарту. Замежныя зоркі сьмела прыяжджаюць сюды даваць канцэрты – беларускія мэталюргі могуць дазволіць сабе квіткі па сусьветных коштах. Статус падкрэсьліваецца нават у назве “БМЗ”: завод ня “Жлобінскі”, а Беларускі.

БМЗ выплаўляе для сёньняшняй Беларусі той самы мэтал, які даў пачатак капіталізму: менавіта кавальства калісьці падарвала натуральную гаспадарку, прывяло да тавараабмену, а чаканка манэты, выраб зброі й вытворчасьць машынаў забясьпечылі трыюмф бліскучай і цяжкай індустрыяльнай цывілізацыі.

Для краіны, якая вырабляе 200-тонныя грузавікі, трактары, аўтацягнікі, лесавозы, станкі ды кормаўборачныя камбайны, БМЗ – фундамэнтальная база. Больш таго, сталь у зьлітках, кручаны дрот і пруткі зь легіраванае й вугляродзістае сталі у БМЗ купляюць практычна ўсе сусьветныя эканамічныя лідэры: ЗША, Нямеччына, Вялікабрытанія, Францыя, Карэя, Італія, Тайвань, Нідэрлянды, Ізраіль, Швэдзія (чытай: “БМВ”, “Фальксваген”, “Крайсьлер”, “Вольва”…).

Беларускія сталёвыя нэрвы, вырабленыя на БМЗ, працінаюць нават канструкцыі амэрыканскіх спэйс-шатлаў і балідаў “Формулы-1”.

Увогуле, выплаўка сталі й пракату – справа цяжкая, дарагая й чорная. Але Беларусь можа справіцца і з чорнай мэталюргіяй. БМЗ працуе на мэталаломе з паловы былога СССР: так Беларусь пераплаўляе колішняе грандыёзнае мілітарысцкае жалезьзе Савецкага Саюзу ў звышсучасны мірны прадукт.

Беларускія кавалі яшчэ 1000 гадоў таму гартавалі мячы ды аралы для Полацку, рыцарскія збройнікі часоў Вітаўта выкоўвалі латы для пагоняў, людвісары ВКЛ выраблялі гарматы (гэта яны стварылі знакамітую Цар-пушку для Крамля), а канвісары адлівалі званы для беларускіх храмаў. Так што Беларусь гучыць натуралёва і з мэталям у голасе: запытайце ў нашых нефармалаў-мэталістаў, замерце колькасьць жалеза ў  беларускіх грунтовых водах або паглядзіце тэлефонны даведнік на прозьвішча “Кавалёў”!

Беларусь бліскучая, звонкая, сталёвая, аж да цяжкага набатнага гулу – вось што такое Беларускі Мэталюргічны Завод.

БУЛЬБА

Беларусы – бульбашы, бульбаеды, бульбарусы. Бо кожны ёсьць тым, што ён есьць.

Бульба ў Беларусі афіцыйна прыраўнаваная да хлеба. Беларус бяз бульбы нікуды. Саджаць або капаць бульбу – для беларуса пара году.

“Бульба ёсьць – не памрэм”. “Праца – як бульбу выбіраць”. А калі што – “Хавайся ў бульбу!”

Бульба, завезеная ў Эўропу з Новага Сьвету ў сярэдзіне XVI ст, ужо ў XVII ст пачала ўрабляцца ў Беларусі. Апошнія, самыя цяжкія стагодзьдзі, у часы бесперапынных войнаў і акупацыяў бульба выратоўвала ад голаду ўсю нацыю.

Ня так ужо шмат існуе сфэраў, дзе Беларусь – першая ў сьвеце. Дык вось, Беларусь – абсалютны лідэр па вытворчасьці бульбы на душу насельніцтва. Каля 1 тоны! Беларуская бульба – гэта 800 тысячаў гектараў ворыва і 5% сусьветнага збору. Мы маем лепшыя за ўсіх землі, клімат і, вядома ж, людзей для вырошчваньня бульбы. Калі ператварыць беларускія калгасы ў фэрмэрскія гаспадаркі й забясьпечыць ураджайнасьць на ўзроўні Нідэрляндаў, Беларусь стане галоўным экспарцёрам бульбы ды чыпсаў і  для Захаду, і для Усходу.

Беларуская бульба – белая. У краінах Заходняй Эўропы й Амэрыкі ядуць “жоўтую” бульбу зь мякацьцю, што зьмяшчае шмат каратыну, а ў Беларусі ды ў суседзяў – белую, багатую на крухмал.

Беларуская бульба – Адрэта, Аксаміт, Агеньчык, Дзецкасельская, Лошыцкая, Ласунак, Раньняя. Гатункі, вядомыя сэлекцыянэрам ды аграномам з усёй Эўропы. Лепшая беларуская бульба вырошчваецца на Наваградчыне, Случчыне, Стаўпеччыне – у легендарнае Літве, нашым залатым колцы зь Мірам, Нясьвіжам і Налібокамі.

Бульба дабрэнная – у беларуса ўвесь год ураджайны; бульба ня родзіць – усенароднае гора. Бульба – справа сямейная: яе выбіраюць такім жа сваяцкім парадкам, якім сядзяць у карчы самі клубні. Бульбіны выкопваюць, як самародкі. Улетку, калі Беларусь партызаніць на прысядзібных участках, лецішчах і “сотках”, галоўным ворагам нацыі робіцца каларадзкі жук.

Бульба? Ці булькае яна ў чыгунку, ці скварыцца на патэльні, ці томіцца ў духоўцы – беларус заўжды прадчувае маленькае сьвята.

Бульба, родная бульба!

— вараная, рассыпістая ад крухмалістае рахманасьці з солькаю ды сальцом – м-мм!…

— смажаная, у кіпеньні тлушчу, з расчырванелай ад жару хрусткай скарынкай, з гарачымі скваркамі!…

— залацістая, налітая алейным сокам, нарэзаная й спражаная “саломкай-фры”!

— пюрэ, або камяк, скажам, зь ялавічнай тушанінай, на малацэ ды яшчэ з масьліцам, так і тае, так і млее на мыску языка!…

— клёцкі, бабка, галянікі з халоднай сьмятанкай!…

— А дранікі! Сапраўдныя беларускія дранікі, сакаўныя, пякучыя, мядзяныя, з такіх пахам на ўсю хату, ад якога сам падрумяньваесься й наліваесься сокам!…

“Бульба” – найбольш папулярная мянушка беларуса сярод суседзяў. Чаму? Ды вы толькі вазьміце ў рукі бульбіну й прыгледзьцеся ўважліва. Пазнаеце? Гэта ж сам беларус і ёсьць! Просты, сьціплы, круглявы земляны клубень з прымружанымі вочкамі – але ж мацак, пругкі ад спажыўнага рэчыва, напяты, як бомба, канцэнтрацыяй белага-белага крухмалу. Наш зямляк!

Беларусь, быццам бульба, да пары глыбока стоеная. Але надыходзіць час, бульбу дастаюць – і яна займае на стале галоўнае месца.

Капаць, чысьціць і нават есьці бульбу – найпрасьцейшыя практыкаваньні нацыянальнай ідэі. З ўсёй яе руплівасьцю, цярплівасьцю й самазабыўнасьцю.

ДРЭВА

Беларусь жыве ў дрэве, як у целе.

Галоўныя плоскасьці беларускага існаваньня – драўляная падлога, кухонны й пісьмовы стол, аркушы паперы.

У беларускай гісторыі, гаспадарцы, культуры гадавыя колцы дрэва разыходзяцца, быццам колы ў вадзе. Беларускае дрэва – гэта знакамітая фігурная рэзь у Маскве, шэдэўры бондараў і скульптараў ВКЛ, драўляныя іканастасы й цэлыя храмы Беларусі.

Дрэвы займаюць трэць сёньняшняй Беларусі, даюць ёй цяпло і дыханьне, дрэвы пануюць у беларускіх садох і парках, дрэвы глядзяць у вокны раддомаў і вартуюць могілкі. Беларуская хвоя напойвае чыстым паветрам Эўропу, вялізныя яліны ставяцца на галоўных плошчах гарадоў у Новы год, а беларускія дубы, грабы, клёны твораць цуды беларускіх паркаў, пушчаў і запаведнікаў. Найбольш дрэва – у беларускім доме. Дрэва прымае гаспадара ў сьвет спакою й цішыні, захоўвае камфорт і шалясьціць у перагортваных старонках кнігаў.

Захопнікі заўжды вывозілі зь Беларусі дрэва.

Да ІІ Сусьветнай вайны, пакуль у Сібіры, Комі й Мардовіі на поўную сілу не разгарнуліся лесапавалы ГУЛАГу, Беларусь была галоўнай дрэваапрацоўчай базай Савецкага Саюзу. Запалкі, што павальна раскупалі ўвосені 1941-га, фанэра, якой загароджвалі вокны з выбітымі шыбамі падчас бамбёжак, шкіпінар, якім паўсюдна лекаваліся й распушчалі фарбу, былі зробленыя менавіта зь беларускага дрэва.

Беларускае дрэва – вобраз нацыянальнай ідэі з найглыбейшымі каранямі.

Ісус з Назарэта быў цесьляром. Наш Госпад пілаваў ствалы, габляваў дошкі, майстраваў утульнае жытло з грубага, цьвёрдага й абыякавага дрэва – і ператвараў дрэва гэтак жа, як і ўвесь род людзкі. Насьледуючы Хрысту, цясьлярствам спрадвеку займалася і Беларусь.

Пакуту і сьмерць за грахі таго ж чалавецтва Ісус Хрыстос прыняў ня на якім іншым – на драўляным крыжы. Дрэва крыжу Хрыстовага прыняло і жах болю Божага, і веліч Ягонае ахвяры, і трыюмф перамогі над д’яблам. Беларусь Новага Запавету гэтаксама цярпела, памірала за іншых і ўваскрасала – у сваіх драўляных хатах, партызанскіх лясох і на тронках са сьвятым бел-чырвона-белым сьцягам.

Дрэва палае зыркім полымем і згарае дарэшты. Гэтак жа адчайна, самааддана й па-хрысьціянску жыве Беларусь.

Беларускае дрэва, цярплівае, залацістае й напоенае ўнутраным сьвятлом – гэта нацыянальны стыль. Беларусы вельмі любяць працаваць з дрэвам. Можа быць, таму ў беларускай гаспадарцы так шмат драўлянага.

Беларусь мае больш мільярда кубамэтраў сьпелай драўніны на карані: шмат, як для астатняга сьвету. 88 лясгасаў нарыхоўваюць 10 мільёнаў кубамэтраў штогод. Беларусь – гэта “Гомельдрэў”, “Пінскдрэў” і “Барысаўдрэў”, цэлюлёзна-папяровыя камбінаты ў Сьветлагорску й Добрушы, мэблявыя фабрыкі ў Менску, Бабруйску, Віцебску. Беларусь экспартуе на 312 мільёнаў даляраў драўніны ды на 150 мільёнаў даляраў мэблі ў Расею, Нямеччыну, Францыю, Швэдзію, Данію і Нідэрлянды.

Беларуская хваёвая дошчачка, папера, лакі ды смолы, дубовы паркет, гарнітуры ручное працы й цэлыя домікі з дрэва маюць стаць беларускай візытнай карткай ува ўсёй Эўропе.

“Беларускае дрэва!” – са значэньнем скажа жыхар Лёндану, Нэапалю ці Афінаў, паказваючы сям’і набытую мэблю. Беларусам грэх вывозіць за мяжу сырую драўніну. Дзякуй Богу, з дрэва мы як ніхто ўмеем зрабіць утульную й цёплую ласку.

ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ

“… І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага й падабенства Нашага, і хай валадараць яны і над быдлам, і над усёй зямлёю”. (Быцьцё 1:26)

Беларусы – выдатныя выканаўцы 26-га вершу з 1 разьдзелу Кнігі Быцьця. Даіць увечары карову, выбіраць зраньня яйкі або цэлы дзень смаліць вепрука – гэта роднае, беларускае. У вясковай гаспадарцы абавязкова кароўка, а то й дзьве, а мо яшчэ й бычок, і вядома, парсючкі, ды й трусы, а ўжо птаства – куры, гусі, качкі, індыкі…

Вялікія статкі жывёлы ў герояў Бібліі заўжды азначалі Божае дабраславеньне. Беларусь мае 4 мільёны галоваў быдла, 3,5 мільёны сьвіней, 30 мільёнаў галоваў птушкі. Беларусь – краіна малочных рэкаў і мясных берагоў.

Нацыянальныя традыцыі жывёлагадоўлі настолькі ж магутныя, як і кавалак беларускага сала з праслоем мяса. Вось, напрыклад, што піша Беларуская Энцыкляпэдыя: “Беларускі мясны тып сьвіней – жывёлы буйной канстытуцыі з моцным, шырокім, глыбокім і падоўжаным тулавам, белае масьці; жывая маса дарослых кныроў 310 кг, сьвінаматак 270 кг; маладняк мае высокую энэргію росту”…

Беларускае малако ўспаіла шмат краінаў; Беларусь ірвалі зь мясам і Захад, і Усход. “Матка, млека, сала, курка, яйка!” – такую праграму разьвіцьця жывёлагадоўлі Беларусь чула ад кожнага захопніка. Можа, таму беларускія кумпячкі, вяндлінка, згушчанае малако й сьметанковае масла дагэтуль падабаецца і Расеі, і Украіне, і Польшчы. У савецкія часы Беларусь карміла і Маскву, і Піцер. Дагэтуль у народзе жывая легенда, згодна якой Пятро Машэраў у адказ на крамлёўскія патрабаваньні даваць у цэнтар болей мяса й малака заявіў: “Я спачатку Беларусь забясьпечу!…” Сёньня Беларусь вывозіць за мяжу ялавічыны, сьвініны, кураціны, малака, масла ды сыроў на колькісот мільёнаў даляраў штогод. Фірмовы беларускі экспарт – згушчанае малако, вяршкі, сьвіная й ялавічная тушаніна.

Беларуская сельская гаспадарка круціцца вакол жывёлы. Касьба й сенакос, сечка й буракі, сіласныя сумесі й бялкова-вітамінныя канцэнтраты – усё гэта каб скаціне было што есьці. Беларус сам часьцяком на дасьпіць, не даесьць – але жывёлу даглядзіць, каб была сытая й давольная. У вёсках кароваў ды сьвіней адкормліваюць хлебам. Ясь, які касіў канюшыну, 12 мільёнаў тон сена штогод плюс кожныя два зь пяці гектараў ворыва пад кармавымі культурамі, ды яшчэ з часоў СССР вялізная вытворчасьць кормаўборачных камбайнаў “Гомсельмаш” – гэта яна, беларуская жывёлагадоўля.

Беларусы любяць жывёлу – але вельмі ня любяць, калі іх саміх называюць быдлам.

Велізарныя савецкія сьвінакомплексы (такія, як Гомельскі, на 95 тысячаў асобінаў), птушкафабрыкі (накшталт Менскай ці Баранавіцкай, на некалькі мільёнаў галоваў кожная), малочныя гіганты й бяздушныя канвэеры, дзе тушы надзьмуваюць, быццам паветраныя шарыкі, былі створаныя, каб пракарміць гіганцкае войска імпэрыі, гатовае ўварвацца ў Эўропу. Заўтра яны саступяць месца прыватным фэрмам на хутарох, дзе кожная жывёла атрымае той догляд і пяшчоту, якія выяўляюць беларуса ва ўласнае гаспадарцы, – і тады Эўропа будзе заваяваная нашым харчам.

Бо беларуская жывёлагадоўля – гэта ох якое мясца, кілбаска, пальцам пханая, паштэты й рулеты зь яйкам ды пячонкаю, ды сырок, масьліца ды найсьвяжэйшы тваражок, так цудоўна расьпісаныя ў “Энэідзе навыварат”… Самае смакоцьце напоенай бялкамі, тлушчам ды пахамі Беларусі – такое, што часам проста кілбасіць!

“ЗБОРАЧНЫ ЦЭХ”

Беларусь называлі “зборачным цэхам СССР”.

Беларуская працавітасьць,  навукаёмістасьць, высокая кваліфікацыя, геастратэгічнае становішча й патрэба зрабіць для Савецкага Саюзу тэхнапарк у тыле ударнай Заходняй групы войскаў сапраўды сканструявалі ў сэрцы Эўропы агромністы зборачны цэх. Абсталяваньне для першых беларускіх зборачных гігантаў было вывезена яшчэ зь Нямеччыны ў якасьці рэпарацыяў.

Сёньня “зборачны цэх” – гэта МАЗ, БелАЗ, трактар “Беларус”, “Гомсельмаш”, колавыя бульдозэры й армейскія поўнапрывадныя шасі, тэлевізары “Гарызонт” і “Віцязь”, лядоўні “Атлянт” і магілёўскія ліфты, менскія ровары й матацыклы, станкі зь лічбавым праграмным кіраваньнем і электроніка. Поўны камплект гатовых машынаў тэхнагеннае эры! Мала таго, “зборачны цэх” – гэта менскія й гомельскія падшыпнікі, бабруйскія шыны й віцебскія прылады, сталічныя аўтаматычныя лініі й пінскія кавальска-прэсавыя машыны, усе гэтыя “гідрапрывады”, “маналіты”, “цэнтраліты”, “электрарухавікі” – гіганцкая сыстэма з соцень прадпрыемстваў, навукова-дасьледчых інстытутаў, транспартнае інфраструктуры й дылерскіх сетак па ўсім сьвеце. Нарэшце, “зборачны цэх” – гэта Беларуская Палітэхнічная Акадэмія зь 15 тысячамі навучэнцаў, Тэхналягічны Ўнівэрсітэт, БДЭУ, БДУІР, дзесяткі іншых ВНУ, каледжаў і ПТВ, якія даюць Беларусі цэлыя пакаленьні прыроджаных тэхнароў.

Таму беларускі пралетарыят савецкай эпохі сапраўды ўяўляў зь сябе кляс-гегемон. І калі ў 1991-м годзе 100 тысячаў рабочых пад бел-чырвона-белымі сьцягамі выйшлі на плошчу Незалежнасьці –  стала ясна, што камунізму на Беларусі гамон.

Увесь Савецкі Саюз вырабляў дэталі, абсталяваньне й сыравіну для беларускіх заводаў. У сваю чаргу, машыны, зробленыя ў Беларусі, забясьпечвалі й рэспублікі СССР, і сацыялістычныя краіны трэцяга сьвету, і СЭУ –  Саветызаваную Ўсходнюю Эўропу –  адкрываючы нам велізарныя рынкі.

“Зборачны цэх” сабраў у сабе, як галаваломку, найяскравейшы беларускі вобраз.

“Зборачны цэх” – гэта завяршэньне, самы адказны этап, вянец грандыёзнага канвэеру. “Зборачны цэх” – давядзеньне да цэласнасьці й дасканаласьці. Зборачны цэх – эпіцэнтар вытворчага працэсу, галоўная арэна й парадны ўваход. У эпоху зборачнага цэху Беларусь давяла, што з бляскам выконвае ролю тэхналягічнага сэрца.

Беларусь чарговы раз спрацавала як скрыжаваньне й цэнтар сусьветнага ўзроўню, як месца, якое напаўняе сьвет рухам, цяплом і энэргіяй. “Зборачны цэх” – адна з кульмінацыяў нацыянальнага цуду.

 “Зборачны цэх” – галоўнае, што засталося Беларусі ад савецкае сыстэмы. Сёньня ўся гэтая імпэрыя машынабудаваньня патрабуе рэструктурызацыі, буму высокіх тэхналёгіяў і інвэстыцыйнае рэвалюцыі. Таму што патэнцыял Беларусі як зборачнага цэху – фундамэнтальны прынцып нацыянальнай эканамічнай ідэі. Беларуская індустрыя будучыні – у эфэктыўнае зборцы кампутараў, робатаў, бытавое тэхнікі на ўзроўні эўрапейскіх лідэраў ці азіяцкіх “тыграў”. Краіна, у якой камплектуюць і даводзяць да лоску гіганцкі БелАЗ, камбайн “Гомсельмаш”, аўтапоезд “МАЗ”, вузлы касьмічнае сувязі, мае ўсе пэрспэктывы, каб стаць зборачным цэхам Эўропы.

Бо Беларусь – гэта насамрэч найлепшая зборка!

ЛЁН

Лён – наша культавая культура.

Лён – знак  сьветліні й сьвятасьці Беларусі.

Лён – біблійны сымбаль чысьціні ў эфодах лявітаў і вісоне праведнікаў.

Беларускі лён – гэта 300 тысячаў гектараў пасеваў, кожная дзесятая тона льновалакна і 16% рынку льняных тканінаў у сьвеце, экспарт у ЗША, Нямеччыну, Аўстрыю, Турцыю, Чэхію, Кітай. Лён – ладны пласт фальклёру: усім вядома, як сеяла Ульляніха лянок. Лён – клясыка нацыянальнага стылю.

Лён, на латыні, Linum – бялёны плён беларускіх палёў. Лён ў нас купляюць бэльгійцы, каб рабіць зь яго купюры “эўра”.

Лён – улюбёная вопратка Беларусі. Льняная палатніна льне да цела зь льсьнянай ласкай, зь ліючай і бліскучай любоўю.

Лён – гэта лёгка й натуралёва.

Лён – гэта ветразі: прасмоленай льняной тканінай лавілі вецер яшчэ гандлёвыя флятыліі на шляху “з варагаў у грэкі” ды караблі на гербе Полацку. Вялізнымі плоскасьцямі беларускага лёну Літва Залатога веку вымярала палову Балтыкі.

Лён – гэта імклівы ўзьлёт у неба. Лён выцягваецца ад зямлі да вышыняў сьвятла, лёгка й пранізьліва, быццам струна, быццам малітва – і глядзіць, глядзіць у нябёсы ясьненькімі блакітнымі вочкамі!

Лён – гэта беларускі сьцяг. Легендарная белая плашчаніца з крывёю Ісуса, бел-чырвона-белы сымбаль Адкупленьня й Уваскрасеньня – льняная. Белыя з чырвоным нацыянальныя строі, палосы на вопратцы мітрапалітаў, знакамітыя рушнікі – льняныя. Харугвы Вітаўта пад Грунвальдам, белыя з чырвоным штандары Астрожскага ў бітве пад Воршай і цяперашнія сьцягі на маніфэстацыях нацыянальнага руху – гэта ўсё льняное.

Лён – лінія беларускага лёсу.

Лён у Бібліі – адзеньне сьвятасьці. Лявіты служылі Богу толькі ў льняных эфодах; паводле Адкрыцьця, сьвятыя на нябёсах апрануцца ў вісон – найтанчэйшую палатніну зь ільну.

Бо напісана у законе для сьвятароў Ізраіля: “Сьвяшчэнны льняны хітон павінен апранаць ён… і льняны кідар надзявае; гэта сьвяшчэнная вопратка; і хай абмывае ён цела сваё вадою і надзявае яе”. (Лявіт 16:4)

ЛЯДОЎНІ

Бель, бляск, стэрыльная чысьціня й  халадок абсалюту – яшчэ адзін сьвежы, арыгінальны й паўсюдны вобраз Беларусі.

“Мінск” або “Атлянт”, цуда тэхнікі, якое ператварае электрычную энэргію ў холад – лепшая лядоўня на постсавецкай прасторы. Такая сабе маленькая Беларусь у кожным доме.

Сучасныя “Атлянты”, зробленыя пад “Philips” або  “Siemens”, але нашмат таньнейшыя, у краінах былога Савецкага Саюзу, а таксама Нямеччыне, Францыі, Велікабрытаніі, Аўстраліі ідуць “на ура”. Выраб – 800 тысячаў штук на год, экспарт – 650 тысячаў! Лядоўня, галоўны сэйф спажывецкае цывілізацыі, захоўвае харч ад псуцьця, зьмяшчае поўны набор агульначалавечых каштоўнасьцяў і сымбалізуе сабою дабрабыт, сацыяльны аптымізм ды надзею на будучыню.

Зь Беларусі, як зь лядоўні, СССР даставаў, калі трэба, мяса, каўбасы, масла й малако. У Беларусі, як у маразільні, складваліся доўгатэрміновыя запасы харчаваньня на выпадак наступальнае танкавае апэрацыі на Захад. У сьветлую й чысьценькую Беларусь, як у камэру моргу на захаваньне адпраўляліся схаладнелыя вайсковыя адстаўнікі, гэбісты пэнсійнага ўзросту й палітычныя трупы з усяго сацлягеру.

Белы, іскрысты й таемны куточак, які зьмяшчае найчысьцейшую беларускасьць і найсьвяжэйшую славяншчыну – такі прыемна мець у хаце любому расейцу, украінцу або баўгарыну.

Можа, таму менавіта ў Беларусі, у засьнежанае Белавескае пушчы, зімой 1991 г. быў пакладзены канец халоднай вайне? Можа быць, таму Беларусь цяпер так павольна  адтайвае? Можа, таму маладых патрыётаў, якія выходзяць на вуліцы пад бел-чырвона-белым сьцягам, тут прынята называць адмарозкамі?

Зямля, створаная ледавіком, край балотнае кансэрвацыі, азёрнае прахалоды й пякучых крыніцаў; губэрнатарства аўтара знакамітага “Ледзянога дому”, абшар лядовых палацаў у кожным абласным цэнтры, краіна студняў, склепаў і халадцу са сьвіных ножак – напэўна,  самае месца, каб рабіць найлепшыя ў Эўропе лядоўні.

  

МАЗ

Амэрыка – гэта натуралёва, “Форд”, Нямеччына – “Мэрсэдэс”, Японія – “Таёта”. А Беларусь – гэта “МАЗ”. “МАЗ” – нацыянальны ўзор машыны сусьветнае клясы. Не раскоша й нават ня сродак перасоўваньня – грузавік, які перавозіць будаўнічыя матар’ялы, кантэйнеры й фуры.

МАЗ – гэта цэлы горад у Менску. Заснаваны адразу пасьля вызваленьня 1944-га, МАЗ пачаў рабіць лепшыя грузавікі на прасторах былога СССР і Ўсходняе Эўропы. Сёньня “МАЗы” экспартуюцца ў 60 краінаў: зь імі Беларусь аб’езьдзіла ўвесь сьвет. Цяперашнія машыны “МАЗ-MAN” – адно з галоўных дасягненьняў беларускай індустрыі за ўсю яе гісторыю, шэдэўр “зборачнага цэху”.

“МАЗ” – пераможца дзесяткаў эўрапейскіх аўтамабільных конкурсаў, выставаў і ралі. На міжнародных прэзэнтацыях і ў экспацэнтарах “за Беларусь” выстаўляецца менавіта МАЗ.

“МАЗ” – нават гучыць магутна, з ровам матору. “МАЗ” – значыць, “max”.

МАЗ, як і ўсякі беларус, бярэ на сябе максымальны цяжар. На базе МАЗу быў пабудаваны БелАЗ, канвэер гіганцкіх кар’ерных самазвалаў, Магілёўскі аўтазавод, што робіць лесавозы-скрэпэры. Сам МАЗ ад бартавых транспартаў і прычэпаў разьвіўся да поўнапрывадных грузавікоў, аўтацягнікоў, колавых цягачоў і вялізных аўтамабіляў-шасі. Але сапраўдны патрыятычны ўгар апаноўвае тады, калі даведваесься: парады стратэгічных ракетаў зь ядравымі баегалоўкамі, ад якіх шок і трапятаньне ахоплівае ўвесь сьвет, робяцца на МАЗаўскіх цягачах.

МАЗ нездарма – галоўнае прадпрыемства канцэрну “Белаўтамаз”, якое ўключае магілёўскія, жодзінскія, барысаўскія прадпрыемствы й менскі Завод колавых цягачоў. Да МАЗу можна прылучаць прычэпам усё беларускае машынабудаваньне – выцягне.

“МАЗ” лёгка пазнаць на любое дарозе. У яго вельмі беларускае аблічча. Вялікагаловы, круталобы, з буйным маршчакаватым радыятарам, вялікімі, крыху прыхаванымі вачыма, такімі засяроджанымі й глыбокімі, і ёмістай прасторай кабіны за лабавым шклом – вось ён які, задуменны, шчыры працаўнік, добры сябра й сапраўдны бацька сямейства.

Большасьць “МАЗаў” возяць грузы за мяжой Беларусі, абслугоўваючы дзесяткі краінаў – зрэшты, як і большасьць беларусаў у нашае гісторыі. А значыць, “МАЗ” належыць да самых характэрных тыпажоў нацыянальнай ідэі.

МАЛАКО

Мы ўсмоктваем беларушчыну з малаком маці. Беларусь – тое ж малако: такая ж белая, такая ж родная, і гэтак жа жывіць ад нараджэньня.

Малако – квінтэсэнцыя нацыянальнага смаку. Яго густая саланавата-салодкая ласка адчуваецца ў паху самое зямлі, у каўтках вясковага паветра, у словах беларускае мовы. Нават калі выпадаюць малочныя зубы, калі абсыхае маміна малако, ува ўсёй Беларусі на вуснах застаецца гэты малочны прысмак, які лёгка ўзнаўляецца ў школе ды на мітынгу. Прысмак, як пацалунак найвышэйшае роднасьці: “… Палюбіце чыстае малако Слова, каб ад яго ўзрасталі вы дзеля выратаваньня.” (І Пятра 2:2)

Беларусь – краіна малочнае беласьці, малочнае сьветласьці й малочнага слодычу.

Беларусь – адзін з сусьветных лідэраў па вытворчасьці малака на душу насельніцтва: каля 700 кіляграмаў. Наперадзе нас хіба што малочныя каралеўствы Новая Зэляндыя, Данія й Нідэрлянды.

У малацэ зьмяшчаецца ўсё неабходнае для жыцьця: лёгказасваяльныя бялкі, казеін, малочны цукар, галоўныя мікраэлемэнты, большасьць вядомых вітамінаў, гармоны й імунаглябуліны. Каровіна малако – гэта 69 кілакалёрыяў на 100 г, 87% вады, 5% лактозы, 4% тлушчу й 3% бялкоў.

Малако – найважнейшы нацыянальны прадукт. Калі беларусы хочуць згатаваць палепей, патлусьцей, пасмачней кашу, клёцкі, печыва – робяць на малацэ. Рэдкі беларускі райцэнтр абыходзіцца без уласнага малаказавода. Тваражок, сьмятана, вяршкі, масьліца, кефір, сырочкі й ёгурты, марозіва ды згушчонка – першаклясныя беларускія ласункі й экспартныя тавары, што карыстаюцца нязьменным попытам.

Таму й беларусы – народ, што называецца, кроў з малаком. Румянец здаровага ўнутранага жару на шчаках – гэта генэтычна малочнае.

Беларусь ускарміла грудзьмі многія народы. Малаком ад яе сэрца жывіліся мільёны чужынцаў і тысячы геніяў. І Расея, і Польшча, і Украіна, і Прыбалтыка атрымлівалі сокі жыцьця – такія патрэбныя шчырасьць і рамантызм, мяккасьць і чысьціню, сілу веры й любові – зь беларускім малаком.

Нават начамі, калі беларус узіраецца ў зорныя прасторы Божага сусьвету, ён бачыць у нябёсах толькі адзін шлях – Млечны. Між іншым, гэта нашая галяктыка. На грэцкай мове, зь якой мы прымалі веру, “галяктыка” таксама азначае “малочная”.

НАВУКАЁМІСТАСЬЦЬ

Уводзіны.

Беларусь, пачатак каардынатаў рацыянальнай Эўропы, эпіцэнтар цывілізацыі ВКЛ, зборачны цэх СССР з капітальнай сыстэмай адукацыі, заўжды імкнулася да сумяшчэньня навукі й гаспадаркі. Адсюль – знакамітая беларуская кемлівасьць, пляяды геніяльных вынаходнікаў і высокатэхналягічныя галіны эканомікі. Інакш і быць не магло: эўрапейскае сэрца мусіць ведаць шмат.

Асноўныя тэзы.

Беларуская навукаёмістасьць – ад велізарнае прагі адкрыцьцяў. Беларусы – натхнёныя звыш першаадкрывальнікі.

Унікальны беларускі розум, адухоўлены хрысьціянствам, наймацней дзейнічаў у трох галоўных біблійных сфэрах:

1. Дасьледваньне зямлі.

2. Адкрыцьцё неба.

3. Перадача слова.

Доказ 1.

Беларускае паходжаньне маюць славутыя дасьледчыкі Цэнтральнай Азіі Мікалай Пржэвальскі, Пётра Казлоў і Рыгор Грум-Гржымайла; Сібіры й Далёкага Ўсходу – Бенядзікт Дыбоўскі; разьведчык мінэральных багацьцяў Усходняе Сібіры Ян Чэрскі й паўднёваамэрыканскіх медных рудаў ды салетры Ігнат Дамейка; вялікія падарожнікі Язэп Гашкевіч і Мікалай Судзілоўскі; заснавальнік глебазнаўства Васіль Дакучаеў; палеагеограф Гаўрыла Гарэцкі й ягоны сын, тэктонік Радзім Гарэцкі.

Доказ 2.

Яшчэ мацней беларусы імкнуліся да адкрыцьця неба. Ліцьвін Казімір Семяновіч яшчэ ў XVII ст., за 250 гадоў да Цыялкоўскага (зрэшты, і Цялкоўскі – надта характэрнае прозьвішча, ці ня так?) вынайшаў шматступеневую ракету, Павал Сухі зь Віцебшчыны стварыў лепшыя ў сьвеце звышгукавыя рэактыўныя самалёты. Іван Нагурскі стаў першым палярным лётчыкам у гісторыі савецкай авіяцыі. Якаў Зяльдовіч заснаваў школу рэлятывісцкай астрафізыкі, Барыс Кіт стаў адным зь вядучых канструктараў амэрыканскай астранаўтыкі, а Сямён Косбэрг распрацаваў ракетныя рухавікі для СССР. Апроч вядомых Пятра Клімука й Уладзіміра Кавалёнка, беларускія карані й у першае жанчыны-касманаўткі Валяньціны Церашковай.

Доказ 3.

Нарэшце, беларусы, нацыя Слова, былі нацэленыя на як мага больш эфэктыўную перадачу, апрацоўку й засваеньне інфармацыі. Дастаткова прыгадаць сузор’е друкароў Залатога веку (Скарына, Ліцьвін, Базылік, Цяпінскі, Будны, Мсьціславец, Фёдараў) ды вялізныя аб’ёмы сучаснае беларускае паліграфіі. Беларус Ільля Капіевіч стварыў унівэрсальны шрыфт, якім дыгэтуль карыстаюцца ўсе ўжывальнікі кірыліцы ў сьвеце, а таксама два дзесяткі навуковых падручнікаў для Расеі. Якуб Наркевіч-Ёдка яшчэ да Папова, у 1891-м, адкрыў бяздротавую перадачу электрычнага сыгналю й сканструяваў першы ў сьвеце правобраз радыё. Аляксандр Маліноўскі сваімі тэарэтычнымі працамі заклаў асновы сучаснае кібэрнэтыкі, а Норбэрт Вінэр (зь сям’і гарадзенскіх габрэяў) гэтую самую кібэрнэтыку сфармуляваў як навуку. Урэшце рэшт, Давід Сарноў з-пад Вузьлянаў, кіраўнік Радыёкарпарацыі ЗША і галоўны спонсар каляровае тэлевізіі, увогуле запачаткаваў сучасную мэдыя-індустрыю.

Дадатковыя факты.

Беларус Сяргей Юркоўскі вынайшаў імгненны затвор для фотаапарату, якім у 20-я гады ХХ ст. карыстаўся ўвесь сьвет. Зь Беларусі паходзяць ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі па хіміі – прэзыдэнт Бэльгійскай Каралеўскай Акадэміі Навук Ільля Прыгожын і зэльвенскі габрэй Аарон Клуг; па фізыцы – спэцыяліст у оптаэлектроніцы Жарэс Алфёраў; па эканоміцы – савецкі адмысловец Леанід Кантаровіч.

А калі дадаць яшчэ Віленскі Ўнівэрсытэт ды Полацкую Акадэмію, філяматаў і філярэтаў, піярскія й езуіцкія школы ды сучасных вундэркіндаў, што рэгулярна прывозяць на Радзіму залатыя мэдалі сусьветных конкурсаў і алімпіядаў – зробіцца ясна, чаму беларусы здолелі кшталтаваць навуковую гаспадарку па ўсёй плянэце.

Выснова.

Адкрыцьці Усходу й тэхналёгіі Захаду зь Сярэднявечча сыходзіліся на скрыжаваньні Беларусі. З гэтае прычыны беларусы стагодзьдзямі сынтэзавалі й пашыралі хай-тэк ва ўсім сьвеце. У Савецкім Саюзе “зборачны цэх” выкарыстаў беларускую фабрыку інтэлекту па поўнай праграме. Сотні НДІ й лябараторыяў на чале з Акадэміяй Навук абслугоўвалі грандыёзную імпэрыю, патэнцыялу якой хапіла б на Сіліконавую Даліну ў цэнтры Эўропы: менскія “Інтэграл”, “Плянар”, “Агат”, “Гранат”, “Гарызонт”, БелОМА, віцебскія “Маналіт” і “Віцязь”, барысаўскі “Экран”, варшанскія агрэгаты касьмічнае сувязі, гомельскае прыладабудаваньне… Больш за 100 прадпрыемстваў абаронкі! Па колькасьці навуковых супрацоўнікаў Беларусь у СССР саступала толькі Расеі й Украіне – і нават сёньня займае 3-е месца па навукаёмістасьці ВУП сярод усіх краінаў СНД. Прыблізнае ўяўленьне аб тым, колькі навукі можа зьмясьціцца ў беларускую гаспадарку, дае пералік нацыянальнае дасьледчае спэцыялізацыі: оптыка, квантавая электроніка, спэктраскапія, тэарэтычная фізыка, матэматыка, цеплафізыка й энэргетыка, генэтыка, геалёгія, цыталёгія, біяхімія, нанатэхналёгіі…

Summary.

Навукаёмістасьць – наканаваньне беларускае гаспадаркі. Гарантыя посьпеху эканамічных рэформаў і беларускай экспансіі ў сучасным сьвеце. Інфарматыка, тэлевізія, сувязь – галоўныя праекты будучае беларускае велічы. Зрабіць Менск інфармацыйнай ды інавацыйнай сталіцай сьвету – задача па сілах беларускаму розуму й духу.

НАФТАХІМІЯ

Нафтаперапрацоўчыя гіганты ў Беларусі будаваліся падчас халоднай вайны з разьліку на запраўку агромністых танкавых калёнаў – для пераможнага вайсковага маршу па ўсёй Эўропе аж да самае Атлянтыкі.

Наваполацкі “Нафтан” магутнасьцю 25 мільёнаў тон нафты ў год і Мазырскі НПЗ (16 млн.т.) узьніклі ў 60-х гадох ХХ ст. на галоўных экспартных нітках савецкіх нафтаправодаў, што ішлі да портаў Балтыкі й у Цэнтральную Эўропу. Глыбокая нафтаперапрацоўка пацягнула за сабою і вялікую хімію: у Наваполацку – “Палімір” з вырабам плястмасаў і завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў, у Магілёве – “Хімвалакно”, у Сьветлагорску – завод штучнага валакна з вытворчасьцю сынтэтычных валокнаў і нітак, а за імі й гарадзенскі “Азот” на газе, а там і берасьцейскую бытавую хімію…

Беларуская нафтахімія дае бэнзін, дызэльнае й авіяцыйнае паліва, мазут, хімічныя смолы й плястмасы, капрон, нітрон, лаўсан, аксалон, бітумы й змазачныя алеі, растваральнікі й нават супэрканцэнтраты пігментаў (во фарбуе, відаць!). Бесперапынны аўтамабільны рух, вал трыкатажу з сынтэтыкі, разнакаляровыя дзіцячыя цацкі, бытавая кляёнка й паўсюдныя плястыкавыя конаўкі нараджаюцца ў шматпавярховых калёнах нафтавае перагонкі й сьмярдзючых камбінатах канцэрну “Белнафтахім”.

Беларуская нафтахімія – гэта кожны пяты даляр у нашым экспарце, нафтапрадукты ў Прыбалтыку, Велікабрытанію, Нідэрлянды; львіная доля пластмасы Ўсходняй Эўропы ды ўнікальныя штучныя валокны, якім няма аналягаў у сьвеце.

Але галоўны сэнс “Белнафтахіму” заключаецца ў цудоўным альхімічным эфэкце. Беларуская нафтахімія ператварае Чорную Сілу Расеі ў празрытае пахкае паліва зь вясёлкавай плёнкай, эўрапейкае якасьці швэдры з шыкоўным шаўковым адлівам ды элемэнтарныя поліэтыленавыя пакеты, у якія авіяпасажыры паловы сьвету рыгаюць, калі ім робіцца блага.

Нафтахімія – атрута і пракляцьцё Беларусі. У Наваполацку, які ад нараджэньня Нафтаполацк, хіміяй тхне проста на вуліцах, а прарывы сінільнай кіслаты час ад часу глушаць рыбу па ўсёй Дзьвіне. У цэнтры Магілёва савецкі помнік жанчыне называюць не інакш як “Бягучая з “Лаўсану”. У Сьветлагорску ВА “Хімвалакно” пазбавіла імунітэту нашмат большую колькасьць людзей, чым сумнавядомая эпідэмія СНІДу.

Але Беларусь, чыстая, сьветлая й сьціплая, ужо перажыла дзесяткі акупацыяў, Івана Жахлівага, эпоху ваяўнічага атэізму, стагодзьдзі крыві й бруду. Перажыве і нафтахімію.

ПАЛЯВАНЬНЕ І РЫБАЛОЎСТВА

Асаблівасьці нацыянальнай псыхалёгіі – такія, як партызанскі характар, фэнамэнальная пільнасьць і ўменьне беларуса трапна пацэліць – паходзяць яшчэ з тых паляўнічых часоў, калі ўся краіна была як адна Белавеская пушча. Ды й нашая адвечная водная стыхія, у якой продкі адчувалі сябе вальней, чым на зямлі, сфармавала нацыю бязьмежнае цярплівасьці з вудай у руках і сузіраньнем уласнага адлюстраваньня. З гэтае прычыны крамы “Паляўнічы і рыбалоў” карыстаюцца ў Беларусі ня меншай папулярнасьцю, чым, напрыклад банк або паштамт, а чэмпіянат сьвету па біятлёне выклікае большую цікавасьць, чым трансьляцыі канцэртаў зорак эстрады.

У беларускіх лясох, паводле сьведчаньня сярэднявечнага гісторыка Мяхоўскага, дзікага зьверу вадзілася “болей, чым ва ўсім астатнім хрысьціянскім сьвеце”. Палявалі дзеля мяса – на зубра, аленя, лася, казулю, баравое й балотнае птаства, – і дзеля футра – на мядзьведзя, рысь, бабра, куніцу, собаля, гарнастая. У ВКЛ паляваньне было ладам жыцьця – пачытайце хаця б Адама Міцкевіча ці вялікалітоўскі Статут. Сяляне палявалі з пасткамі й самаловамі, лукам ды рагацінай, часта талакою. У магнатаў ды шляхты шматдзённае шоў – коннае, з асочнікамі, са сворамі барзых і агнястрэльнай зброяй – ператваралася ў дзікае паляваньне Караля Стаха.

Паляўнічыя засады доўжыліся днямі й кшталтавалі непамысную беларускую цярплівасьць. Лясное паляваньне зрабіла беларусаў ціхімі, асьцярожнымі й чуйнымі да апошняга шолаху. Нашу стоеную паляўнічую сілу, якая раптоўным залпам выстрэльвае з гушчару й паражае напавал, напоўніцу паспыталі татары, крыжакі, маскавіты ды нямецка-фашысцкія захопнікі.

Таму, калі прыходзіць вораг і беларусы бяруцца за зброю – яны не ваююць. Яны палююць.

Сёньньня беларусы вучаць паляваць турыстаў з усяго сьвету. Між іншым, някепскі бізнэс. Штогод у нашых лясох здабываюць 4540 дзікоў, 2900 ласёў, 1650 баброў, 1620 ваўкоў і ажно 66050 зайцоў.

А калі зірнуць яшчэ глыбей, у бяздонныя беларускія воды – пераканаемся, што нацыя чэрпала паляўнічую псыхалёгію поўнай мераю з кожнай рачулкі, сажалкі ці возера. Напоўненая вадою Беларусь кішыць рыбаю. Тут яе спрадвеку выграбалі зь Дняпра, Дзьвіны, Нёмана й Прыпяці – нератамі, браднікамі, таптухамі, крыгамі. Асятра на 6 пудоў, трохпудовых самоў, ласося на 15-20 кг. білі восьцю. Узімку глушылі кукай (вялікім драўляным молатам) – моцна дзяўблі па лёдзе ля берагоў, а потым выбіралі праз адтуліны. Бялугу, стронгу, харыўса, вугроў, лінёў, судака важылі на ўзор звычайнае платвы. У неўраджай рыба выратоўвала ад голаду – рыхтык як калісьці ў Палестыне. Рыбалоўныя арцелі дапамагалі ўсёй краіне ўтрымліваць пост і ператвараліся ў хрысьціянскія брацтвы.

Зараз у Беларусі час ад часу ловяць усе: рыбалка стала заняткам мільёнаў. І ловяць паўсюль – у старыцах, сажалках, ахаладжальніках цеплаэлектрастанцыяў і нават сталічнае Сьвіслачы.

У глыбіні душы, у самых генах, быццам кручок, сядзіць гэты рэфлекс: доўга трываеш з вудай на беразе, пакуль нарэшце клюне – оп! – колькі сэкундаў з заміраньнем чуеш біцьцё ўласнага сэрца да наступнае паклёўкі… – і вось яно!.. падсякаеш, цягнеш з вады жывое срэбра, сваё трапяткое шчасьце!…

І аднойчы, у адзін цудоўны дзень, Беларусь, нацыя рыбакоў, пачуе заклік Ісуса Хрыста: “Хадземце за Мною – і я зраблю вас лаўцамі чалавекаў”. (Мацьвея 4:19)

ПРАЦА

Праца ёсьць галоўным працэсам беларускага жыцьця. Працэс працы для нас часьцяком важнейшы за яе вынікі. Калі беларуса запытаць, як жыцьцё – ён распавядае пра працу.

Беларус ня проста працуе – ён робіць. Толькі беларускай працавітасьцю можна патлумачыць, як гэты народ ня вымер у пару жорсткіх акупацыяў, не паспытаў галадамору, кшталту ўкраінскага, падчас калектывізацыі, як карміў палову Савецкага Саюза – і, вядома, як дагэтуль, за сёньняшнім рэжымам, трымае на сабе плянавую эканоміку Лукашэнкі.

Беларусы – працаголікі. Вакол працы для беларуса круціцца ўвесь сьвет. Сапраўдная справа, трывалае сяброўства, рэальныя інтарэсы – гэта на працы. “Распрацоўваць”, “падпрацоўваць”, “супрацоўнічаць” – характэрныя беларускія дзеясловы. Дзе б ні быў беларус – дома, у турме, на эміграцыі – яго адрозьнівае сярод іншых мэханічнае імкненьне: працаваць, быццам завадны.

Уранку беларуская нацыя натоўпамі мігруе да заводаў, калгасаў ды ўстановаў; увечары гэтак жа дружна вяртаецца – а увесь дзень цэлая краіна дрыжыць і вібруе ад няспыннае працы. Адпачынак для беларуса настае, калі перад сном, на выходны або ў сьвята ён думае пра працу ды млее ў прадчуваньні новага працоўнага дня.

Праз прызму працы беларус ацэньвае любую рацыю, каштоўнасьць або асобу. Працуеш – ты чалавек. Беспрацоўе тоеснае сьмяротнаму грэху. Праца – сэнс жыцьця, выкананьне нейкае  звышмэты. Праца прысутнічае ў беларускім характары як безумоўны рэфлекс, як вартасьць першага парадку, як самы спосаб існаваньня. Таму Беларусь мучаецца са сваёй працавітасьцю, робіць і ніяк ня можа зрабіць або хаця б зарабіць.

Беларусы працуюць самазабыўна й самааддана. Нацыянальны інстынкт працы мацней за цягу працягу роду. Прынцып працы выяўляе ў беларусах нацыю з магутнай сьвядомасьцю служэньня ўсяму чалавецтву. Таго самага служэньня, дзе жніво вялікае, а працаўнікоў мала. (Мацьвея 9:37)

ПЧАЛЯРСТВА

“Працуе, як пчолка”, кажуць у Беларусі. Істота сямейная, пчала трымаецца свайго рою, адчайна бароніць вульлі свае, як піша Скарына, і руплівым апыленьнем дае да 40% прыбаўкі да ўраджаю. Маленькая пчолка – лятучы сымбаль нацыянальнае працавітасьці, клапатлівасьці й карыснасьці.

Пчалярства спрадвеку было адной з найважнейшых таварных галінаў нашае гаспадаркі. Мёд і воск, знакавыя рэчывы Бібліі – галоўныя экспартныя тавары беларускага сярэднявечча.

Пчалярства пачыналася са старадаўніх борцяў ды лясных калодаў, дзе жылі дзікія пчолы. Кожная борць мецілася знакам гаспадара. Гісторыкі лічаць, што ад такіх знакаў пайшлі родавыя гербы. Чалавецтва ўвогуле запазычыла шмат чаго пчалінага: і лайдакі ў нас – трутні, і месяц – мядовы, і сувязь сотавая.

Сп. Концкі, аўтар выдадзенае ў 1612 г кнігі “Навука аб пчолах” – першай у сьвеце навукова-мэтадычнай працы аб пчалярстве! – пісаў, што Беларусь славутая многімі багацьцямі, а асабліва “пчоламі, шчодрымі на мёд”. Калісьці з кожнае борці беларусы атрымлівалі каля пуда мёду, у добры год – і два. Цяпер, калі штучны вулей паўсюдна замяніў борць, мы маем да 1 тоны з пасекі, плюс пчаліны яд, малачко, праполіс, каштоўную сыравіну для фармацэўтыкі. Але ж сёньняшнія паўмільёны пчаліных сем’яў і 7 тысячаў тон мёду штогод – гэта далёка ня ўсё, на што здольнае колішняе Вялікае Княства Слодычу й Воску! Госьці ўсіх часоў і народаў частаваліся беларускім мёдам, а расейскі мядзьведзь панадзіўся ласавацца асабліва. Тысячагодзьдзі, што сьвет абыходзіўся бяз цукру, жыцьцё саладзілі мёдам – і ВКЛ, найпершы пастаўшчык для Эўропы, уяўлялася жыхарам Захаду легендарнай краінай, дзе цякуць малако і мёд. Менавіта Беларусь у сярэднявеччы забясьпечвала Парыж, Вэстмінстэр, Рэймс, Кёльн воскам для сьвечаў. Менавіта Беларусь трымала агеньчыкі й горача плакала падчас вялікіх малітваў у храмах Францыі, Нямеччыны, Швэдзіі, Польшчы. Агромністыя кругі воску й бочкі мёду сплывалі па ўсіх беларускіх рэках на Захад: вялікае сэрца таяла й плавілася, каб хрысьціянская Эўропа магла жыць соладка й пабожна.

…А пчолы ўсё гэтак жа зьбіраюць кветкавы нектар чароўных чабораў, чарэшняў, чаромхаў, усю духмянасьць зямлі, усе найвышэйшыя водары Божага тварэньня з паветра, зь нябачнага пылочку, з сонечнага сьвятла – зьбіраюць у гаючы эліксір з усімі мікраэлемэнтамі, фэрмэнтамі й вітамінамі беларускіх кветак ды траваў, у найлепшы лекавы сродак зь ясным прысмакам шчасьця.

Цудоўнае ўвасабленьне для духовай, натхнёнай, напоенай звыш Беларусі!

Таму славу й багацьце беларускага Залатога веку мы можам адчуць і сёньня – у слодычы мёду, золаце палаючых сьвечак да ў палёце пчолкі, якая ўсё сваё жыцьцё зьбірае рассеянае па нашае зямлі дабраславеньне Божае.

САД І ГАРОД

“І ўзяў Гасподзь Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў Садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго”. (Быцьцё 2:15)

Садаводства расквітнела ў Беларусі пад уплывам грэкаў – разам зь вераю.

Сад і гарод – беларускі сусьвет, сканцэнтраваны на прысядзібным участку.

Беларускую хату абавязкова атачаюць дрэвы сярод градаў. Нацыя літаральна карэніцца ў садзе ды гародзе: на выходныя едзе да лецішча, каб корпацца на ўласных сотках, або ў вёску да бабулінай бульбы. Менавіта ў яблынавай квецені, кустах парэчак і ценю памідораў хаваецца паняцьце “беларускі камфорт”. Гэта ў Прыбалтыцы пасьвяць, ва Украіне аруць палі да далягладу, ў Расеі запускаюць чарназёмы, каб буялі бур’янам – а Беларусь зарастае суцэльнымі садамі й гародамі.

Сад-гарод – ня проста аздабленьне сельскае мясцовасьці. Гэта пупавіна, празь якую беларус атрымлівае большасьць спажыўных рэчываў. Больш таго, сад-гарод – катэгорыя вялікае эканомікі: асабістыя гаспадаркі даюць Беларусі 80% бульбы і да 90% збору гародніны. Сад-гарод – наша галоўная прыватная ўласнасьць.

Садавіна й гародніна складаюць асноўны аб’ём ідэальнага рацыёну харчаваньня. Дзякуючы ім Беларусь мае збалянсаваную кухню. На зіму беларускі сад-гарод кансэрвуецца: уся Беларусь закатвае ў слоікі гуркі, памідоры, перац, кабачкі, яблычныя ды грушавыя кампоты.

Сад і гарод для беларуса – вобраз яшчэ таго Эдэму, дзе былі шчасьлівыя Адам і Ева. У мілай беларускай генэтыцы аднаўленьне пышнае, плоднае й ядомае расьліннасьці вакол сябе закладзенае тымі кодамі, якія паводле вобразу й падабенства Свайго ствараў яшчэ Сам Госпад Бог. Паўсюль, на якой бы зямлі не апынуўся беларус – у Сібіры, Канадзе, Карэліі, Аргентыне, ды хоць закінь яго на Месяц – ён моўчкі ўнураецца ў глебу, перацірае рукамі кожны камячок зямлі, пачынае разводзіць свае градачкі, ды ягаднае кустоўе, ды колькі дрэўцаў… Неўзабаве глядзіш – вось ён, квітнее, цудоўны беларускі раёк!

Гэтая першародная цяга, невынішчальная й нязбытная, вабіць і малых беларускіх дзетак, што выкладваюць пад шкельцамі свае дзівосы зь дзьмухаўцоў да рамонкаў у гарадзкіх дварох, і іхніх мамаў ды татаў, што расстаўляюць па пакоях кватэры, на вокнах ды бальконах разнастайную зеляніну ў гаршэчках, і бабуляк, гарадзкіх пэнсіянерак, якія штовесну высаджваюць ля пад’ездаў сваіх шматпавярховак палісаднікі ды клюмбы.

У садзе й гародзе беларус гаспадар. Тут у яго, вядома, ладны кавалак пад бульбай, тут ячмень на сечку скаціне, а там ужо пайшлі гурочкі ды памідорчыкі, бурачкі, ды морквачка, ды капустка, ды цыбулькі колькі градаў, упярэмешку зь пер’ямі кропу; клубніцаў дзяляначка дзеткам, ядравыя гарбузы, сьвіньням ды на белыя семкі, ля плоту; а ўжо колькі дабра, шчэпцю пасеянага – троху гароху, ды боб, ды маку куток, ды салодкі перчык, а там часнычку лапінка, сланечнік, а то вунь кусты парэчак, малінкі, агрэсту… і напрыканцы, як салют, пад вокнамі –абавязковая ўспышка кветак ва ўзорыстым палісадніку. І ўсё гэта сьпеліцца, блішчыць, налітае сокам зямлі й беларускім працоўным потам, іскрыцца расою ды срэбнай павуцінкай, усё жыве, сыходзіць пахамі й стракоча конікамі – і імкнецца, рвецца з каранёў угару, уздымаючы ў неба сядзібу… А дрэвы – яблыні, грушы, сьлівы, вішанькі – увогуле ператвараюць садова-гародную гаспадарку ў адну ажурную, паветраную аграмаду, дзе птушкі ціўкаюць, задыхаючыся ад шчасьця.

Ах, якое гэта відовішча ўвесну, калі садовая Беларусь квітнее й калышацца, уся ў белым – быццам аблокі зь нябёсаў сыходзяць на ўсю краіну!..

Але ў кожным беларускім садзе-гародзе, як напамін, прысутнічае сваё дрэва пазнаньня дабра і зла – якісьці дуб ці не паганскіх часоў, купальская вярба або старая ліпа, разьбітая перуном. Дрэва цёмнае, забытае й бясплоднае, згадка пра даўні грэх чалавецтва, што змрочна стаіць пасярод зялёнае раскошы…

Сад-гарод, маленькі беларускі Эдэм – адвечная беларуская спроба вярнуцца ў страчаны рай.

СКВАРКА

Скварка для беларуса – эталён сытасьці, нешта кшталту савецкае кілбасы, якому (ў камплекце з чаркай) ідэалісты часьцяком супрацьпастаўляюць мову. Скварка і сапраўды ключавы момант наедку, краевугольны камень калярыйнасьці нацыянальнай кухні, гарачы самародак, якога беларускі відэлец прагна й порстка шукае ў ежыве, каб затым, з хрумстам і ціхім стогнам задавальненьня адправіць у поўнае страўнікавага соку нутро гаспадара.

У краіне, дзе смаленьне вепрука прымяркоўваецца да вялікіх сьвятаў, а салам задобрываюць палову нацыянальных страваў, скварка – гэта нешта большае, чым проста кавалак засмажанага тлушчу з каліўцам мясца.

Скварка – увасабленьне самое беларускае гаспадарлівасьці, якая ня сквапная, але запасьлівая. Беларусы заўжды харчуюцца, каб было і смачна, і тлуста – а таму важкасьць смажанае ежы дасягаецца моцным сквараным зарадам. Беларусы робяць са скваркамі бульбу, мяса, бліны, дранікі, заскварваюць суп ды кашу – так што гарачае на беларускім стале мае гушчыню і сілу сьвіное тоўшчы.

Беларусы ядуць, быццам запраўляюцца. Засяроджана, шчыльна, з запасам – бо трэба ж жывіць сваю стоеную сілу, свой унутраны патэнцыял, рухавік аб’ёмам 4-5 літраў, каб паліва хапіла і на моцны рывок, і на рэактыўныя зьдзяйсьненьні. Скварцы, знаку насычэньня, ёсьць месца і ў страўніку новае, духоўнае Беларусі. Беларуская скварка – з таго ж біблейскага шэрагу, што й ахвяра Авэля, больш за Каінаву траву прыемная Богу, і целаспаленьне, дымленьні з тукам у Скініі Запавету, і тлустае цяля, засмажанае бацькам у гонар вяртаньня блуднага сына…

І ўсё ж наапошак беларуская мудрасьць вызначае месца сытасьці ў гіерархіі каштоўнасьцяў ляпідарным: “Памрэш – людзям чарка, а зямлі скварка”.

СЭРВІС

Сэрвіс – гэта тое, чым бясконца мусілі займацца беларусы пры чужой уладзе. Разам з тым якраз сэрвіс мае разьвіваць новая Беларусь, прымаючы гасьцей, турыстаў і прыежджых.

Высокаякасны сэрвіс, абслугоўваньне транзыту, індустрыя адпачынку й сотні тысячаў працоўных месцаў здольныя надаць эканоміцы Беларусі моцы для капітальнага пераўвасабленьня.

Беларусы вечна абслугоўвалі расейскую музыку й польскую літаратуру, летувіскую гісторыю й савецкі мілітарызм, і зразумела, што ніхто нават не сказаў ім за гэта дзякуй. Але, кажучы пра беларускую сэрвісную (не сэрвільную – сэрвісную!) псыхалёгію, трэба мець на ўвазе: хрысьціянства, рухавая сіла нацыянальнае ідэі, і ёсьць пастаянным ахвярным служэньнем – Богу і блізкаму. Эканамічны сэнс сэрвісу ў беларускай гаспадарцы ІІІ тысячагодзьдзя – стварэньне найбольш даходнае сфэры занятасьці, якая ў разьвітых краінах кшталту ЗША, Вялікабрытаніі або Тайваню ўжо ахоплівае палову працаздольнага насельніцтва.

І ня трэба палохацца эканомікі служэньня. Банкі – гэта таксама сэрвіс, толькі фінансавы.

Сэрвіс – беларускае наканаваньне. Беларусь, сэрца Эўропы, галоўнае скрыжаваньне паміж Скандынавіяй і Чарнамор’ем, Расеяй і Захадам, з усёй сваёй гасьціннасьцю ды працавітасьцю, далікатнасьцю й цярплівай засяроджанасьцю, зь мяккай і пяючай мовай, найчысьцюткай бельлю й глыбінёй любові, валодае невымерным патэнцыялам для стварэньня Сэрвісу зь вялікае літары.

Уяўляеце сабе, уся Беларусь – сусьветная сыстэма абслугоўваньня ў нацыянальным стылі! Белыя рушнікі з чырвоным арнамэнтам, сьвежая льняная бялізна; сытная, смачная кухня; гатэлі-палацы, супэрмаркеты й выстаўныя цэнтры вялікалітоўскае, Залатога веку, раскошы ды ўрачыстасьці; узьнёслыя й руплівыя мужыкі-беларусы – гіды, мэнэджэры й мэтрдатэлі; і найпрыгажэйшыя ў сьвеце беларусачкі – тэлевядучыя, бібліятэкаркі ды сьцюардэсы. Далікатнасьць і цярплівасьць, ласкавасьць і мяккасьць. Ніякіх табе “у нас самаабслугоўваньне” або “сышла на базу”: беларускі сэрвіс!

Беларусь – стратэгічны пляцдарм для агульнаэўрапейскага гандлёвага, аўтамабільнага, турыстычнага, інтэлектуальнага сэрвісу. Беларусь – пэрспэктыўны эпіцэнтар інфармацыйнага абслугоўваньня, міжнародных форумаў і міжканфэсійных сустрэчаў.

“Non servіum!” – “Ня буду служыць!” Гэта словы анёла Люцыфэра, за якія ён быў зрынуты зь нябёсаў.

Бо напісана: “Служыце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай мілаты Божай” (І Пятра 4:10) прычым “Служачы шчыра, як Госпаду, а не як людзям.” (Да Эфэсцаў 6:7)

ТАЛЕР

Ёхімсталь, родавае гняздо саксонскіх курфюрстаў, радзіма фрайбурскага срэбра, калісьці даў назву знакамітай манэце, ад якое бярэ пачатак цяперашняя аснова сусьветнае фінансавае сыстэмы. Ёхімсталер стаўся проста талерам, а талер у Паўночнай Амэрыцы (1786 г., рашэньне Кангрэса ЗША) ператварыўся ў даляр. Сёньня амэрыканскі талер абслугоўвае да 70% гандлёвых апэрацыяў па ўсёй плянэце.

“Буйная, срэбная, высокай пробы, манэта Эўропы ХVI – ХІХ ст., вагавая адзінка срэбра” – зараз вы можаце набыць такую ў нумізматаў за 15 – 20 даляраў.

З часоў Рэчы Паспалітай талер – галоўны намінал беларускае мары. Сёньня кожны шчыры беларус на пытаньне аб будучай валюце адкажа не задумваючыся: талер!

Насамрэч, беларускімі грашыма былі й арабскія дырхемы, і нямецкія пфэнігі, і залатыя зьліткі, і футра – ад куны да вавэрыцы. А яшчэ рымскія дынары – тыя самыя, што хадзілі й у Палестыне напачатку нашае эры. Можа быць, у Беларусі абарачаўся і той знакаміты, пра які Ісус сказаў: “Аддавайце кесару кесарава, а Богу Божае”. (Мацьвея 22:21) Або срэбранікі, за якія Юда прадаў Хрыста… Ня маючы ўласных радовішчаў каштоўных мэталяў, Беларусь перачаканьвала на манэтных дварох у Вільні ды Берасьці багацьце з усяго сьвету – тоны белага мэталю. У пару росквіту, Залатога веку, найбольш ужывальнай беларускай манэтай быў літоўскі грош з “Пагоняю” ды выявай вялікага князя – віленскае чаканкі.

Але ж так хочацца легенды!..

Тым больш, што банк “Залаты талер”, дзіцячая казка “Шчарбаты талер” і фольк-рокавы альбом “У краіне талераў” гучаць настолькі па-беларуску. Тым больш што ў белым беларускім талеры йграюць, звіняць і блішчуць іскрыстыя асацыяцыі – той жа даляр, талент, срэбная талерка з магнацкага сэрвізу й нават наша талеранцыя.

Самы шык талеру ў тым, што ён, важкі й дарагі, не разменьваўся на дробязі. Талер быў сьведкам найвялікшых гешэфтаў, дзяржаўных займаў, магнацкіх скарбаў, каралеўскае міласьціны ды царкоўных ахвяраваньняў. Беларускі талер забяспечаны ўсім срэбрам і золатам беларускіх скарбаў. У Беларусі зь яе буйнымі купцамі й магнатамі сярод няспынных войнаў грошы закопвалі паглыбей увесь час. Сьветлая, зіхоткая Беларусь дагэтуль зьяўляецца адной з самых срэбраносных краінаў Эўропы. Але нашым талеравым стандартам застаўся Залаты век, зямля на вагу золата й самі беларусы, – людзі, калі дакапацца, сапраўды залатыя.

Сёньня даляр і эўра паглынаюць нацыянальныя валюты й цэлыя эканомікі. Магчыма, і Беларусі час пераходзіць на кошык сусьветных грошай. І ўсё-такі, як жа хочацца: каб у кішэні каштоўна зьвінела, каб беларуская валюта пералівалася сонечнымі зайчыкамі, каб падкінуць на далоні жэрабям у паветра бліскучы беларускі талер, і ўгадаць, як абернецца – “Пагоняй” альбо Скарынам!

ТРАНЗЫТ

Беларусь – краіна-скрыжаваньне. Празь Беларусь яшчэ з часоў шляху “варагі – грэкі” ідуць вялізныя патокі транзыту ўва ўсіх геаграфічных кірунках. Беларускае сэрца – яно і ў гаспадарцы сэрца: перакачвае, пераганяе, перапампоўвае па аортах ды артэрыях нафту, газ, грузы, тавары, пасажыраў. Беларусь прапускае праз сваё сэрца Балтыку, Чорнае мора, Эўропу і Расею.

Скрозь Беларусь ідуць два магістральныя нафтаправоды й тры газаправоды (З Расеі ў Прыбалтыку, Польшу й далей на Захад), чыгункі з эўрапейскіх сталіцаў на Маскву, у Кіеў, Сібір і далей у Азію, кантынэнтальныя аўтадарогі Бэрлін – Масква й Піцер – Адэса. Беларускі транзыт – гэта 5,7 тысячаў кілямэтраў чыгуначных шляхоў, 11,2 тысячы кілямэтраў шашы й сотні пастаянных маршрутаў. Беларускі транзыт – гэта няспынны начны грукат таварнякоў на чыгунцы, гул аўтастрадаў, чэргі фураў, чутнае за кілямэтры сіпеньне кампрэсараў, ды буйнамаштабовыя транспартныя ляншафты, да якіх беларусы ўжо прызвычаіліся.

Транзытнае сэрца дазваляе Беларусі працаваць і аграмадным зборачным цэхам Усходняй Эўропы, і пляцдармам для асваеньня расейскага рынку, і вольнай эканамічнай зонай для тэхнапаркаў ды інфармацыйных тэміналаў. Паслугі беларускага транзыту толькі з Расеі ацэньваюцца сёньня ў 3 мільярды $ (і не аплочваюцца зь вядомых прычынаў). А калі дадаць іншых!.. А колькі мільярдаў дасьць разьвітая сыстэма абслугоўваньня… Такія лічбы павялічваюць дзяржаўны бюджэт у разы.

Транзытная будучыня беларускай гаспадаркі спалучаная з пэрспэктывай вялікага сэрвісу. Гатэлі, матэлі, атэлье, супэрмаркеты, выставы, сеткі хуткага харчаваньня, рамонтныя майстэрні, банкі, быццам мышцы на шкілеце скразных шляхоў, мусяць надаць Беларусі моц імклівага эканамічнага росту. А нацыянальная працавітасьць, сьціпласьць і ласка праездам між Эўропай і Азіяй у стане прывабіць самых сур’ёзных інвэстараў.

Ідэя беларускага транзыту вельмі простая: усё, што праходзіць празь Беларусь, павінна рабіцца хоць крыху лепшым. Каб штампік “празь Беларусь”, пастаўлены на разьвітаньне праезджым, азначаў – “зь любоўю”.

ТРАКТАР “БЕЛАРУС”

Менскі Трактарны Завод раней выпускаў трактар “Беларусь”. Цяпер яго называюць “Беларус”. Удакладненьне трапнае: трактар МТЗ – дасканалае ўвасабленьне беларуса. Просты, працавіты, цягавіты на 80-100 конскіх сілаў, надзейны ды непатрабавальны – адным словам, беларус.

Трактар “Беларус” – найбольш пасьпяховая тэхналягічная мадэль нацыянальнага характару, падобна швайцарскаму гадзіньніку, японскаму калькулятару або расейскаму аўтамату “Калашнікаў”. Жылісты, каржакаваты, але асаністы, нават шляхетны на выгляд, стрыманы й крыху бурклівы, як сапраўдны гаспадар.

Трактар “Беларус” – ці ня самы раскручаны за мяжой нацыянальны брэнд. “Паехаў на “Беларусе”, “Узараў “Беларусам”, “Беларус” пацягне” – устойлівыя выразы ў працоўным лексыконе ўсяе постсавецкае прасторы. Трактар “Беларус”, унівэрсальны, надзейны й эканамічны, робіць у 140 краінаў сьвету і кантралюе каля 10% сусьветнага рынку колавых трактароў, мае паўтары сотні дылерскіх цэнтраў толькі ў краінах былога СССР. Характэрны фотаздымак да артыкулу “ЗША” у “Беларускай энцыкляпэдыі”: “Мэханізаваная сяўба кукурузы ў штаце Айова пры дапамозе трактару “Беларус”. На палёх усяго сьвету працуе цэлая нацыя “палявых камандзіраў” – некалькі мільёнаў беларускіх трактароў.

Трактар “Беларус” – выдатная машына для апрацоўкі зямлі. Гэты трактар заслугоўвае, каб на ягонай кабіне было выгравіравана біблійнае: “Поле ёсьць сьвет…” са знакамітае прытчы Ісуса пра сейбіта (Мацьвея 13:38).

Для Беларусі гэты родны трактар – звыклая чатырохтонная хатняя жывёла, чыё засяроджанае й клапатлівае крактаньне лашчыць беларускае вуха гэткай жа гармоніяй, як і ранішняе птушынае ціўканьне або вечаровае мычаньне кароваў, што ідуць дахаты з поўным вымем.

Сёньня трактары “Беларус” – гэта вялізнае сямейства з больш чым 50-ці “беларусаў”, “беларусачак” і “беларусікаў”: МТЗ асвойвае выпуск лесагаспадарчых і тралёвачных трактараў, малагабарытнае тэхнікі, мінітрактараў, матаблёкаў, навесак ды агрэгатаў для 540 іншых машынаў магутнасьцю ад 11 да 30 конскіх сілаў.

Трактар дагэтуль застаецца галоўнай машынай для апрацоўкі зямлі, якой мы забясьпечваем паў-сьвету: беларуская руплівасьць, трывушчасьць і цягавітасьць на гэтай плянэце будуць запатрабаваныя заўжды.

ТЭЛЕВІЗАРЫ

Беларускія тэлевізары, “Гарызонт” і “Віцязь” – усё з таго ж савецкага набору “зборачнага цэху”, які забясьпечваў СССР машынамі і апаратурай. Менскі “Гарызонт” (чамусьці не “Далягляд”, хаця было б так прыгожа – а менавіта “Гарызонт”) выпускаў кожны пяты тэлепрыймач для 1/6 сушы. Віцебскі “Віцязь” з лэйбам “Пагоня” насамрэч быў прадпрыемствам абаронкі, дзе тэлевытворчасьць служыла прыкрыцьцём – і таму “Віцязі” хутка ламаліся й гарэлі. Праўда, зь перабудовай, рынкам ды канвэрсіяй абодва заводы пераарыентаваліся на эўрапейскія, карэйскія, японскія дэталі – і ўжо напрыканцы 90-х Беларусь адна вырабляла тэлевізараў больш, чым увесь былы Савецкі Саюз.

Сёньняшняя беларуская тэлевытворчасьць – гэта два тэлевізійныя заводы, шэраг прадпрыемстваў радыёэлектроннае прамысловасьці, былыя абаронныя “паштовыя скрыні”, што займаліся вырабам інфармацыйных сыстэмаў, сувязі й оптыкі, адзіны ў СНД Інстытут Лічбавае Тэлевізіі, а таксама супольная з Расеяй праграма “Саюзны тэлевізар”.

Тэлевізар – вочы сучаснай цывілізацыі, якую з поўным правам можна назваць тэлевізацыяй. У нашых кватэрах усё падначальваецца тэлевізару, глядзіць на яго, усё да яго зьвернутае: усе рэчы, ад канапаў і крэслаў да хатніх атопачкаў. Тэлевізар зьвязвае чалавека з астатнім сьветам – і таму цэлыя гады свайго жыцьця мы праводзім, утаропіўшы вочы ў напханую электронікай чорную скрынку.

Дзесяткі мільёнаў жыхароў Усходняе Эўропы й Расеі глядзяць на сьвет беларускімі вачыма – гарызонтам і віцязем. Пакуль гэта проста тэлевізійная мэтафара, але за ёй стаіць місія нацыянальнай ідэі. І вытворчасьць першаклясных тэлевізараў, і сусьветнага ўзроўню тэлевізія нам спатрэбіцца, каб явіць сьвету супэрзорку Беларусь, такую тэлегенічную, драматычную й прыгожую. Беларускі тэлевізар мусіць паказваць усяму сьвету, усім народам і кантынэнтам у жывым этэры захапляючыя й уражвальныя адкрыцьці Божае волі, веры й любові ў будучае Беларусі.

Бо так напісана ў Бібліі (Прытчы 4:25): “Вочы твае хай наперад глядзяць!”

ХЛЕБ

Водар хлеба, сьвежасьпечанага хлебушка… Цёплы, салодкі й сытны дух, які зыходзіць ад хлебазавода, крамы ці пякарні – найлепшы пах у гэтай краіне. Удыхаеш і таеш… Точыцца голаў, і так прыемна млее душа – аж сам адчуваеш сябе паркім мякішам духмянага гарачага хлеба.

Хлеб – адзін з нашых асноўных прадуктаў харчаваньня. Беларусы ядуць больш чорны хлеб – звычайны, фармаваны “цаглінамі” жытні, або смачнейшыя караваі “Нарачанскага”, “Дзьвінскага”, “Траецкага” з крамянай скарынкай, кменам, разынкамі, каляндрай. Добра ідуць пшанічныя батоны й булкі. Зрэшты, хлеб – ён заўжды хлеб. Наздраваты. Мяккі. Жывы. Кавалак хлеба родніць і рэстарацыю, і турму, і студэнцкую сталоўку, і дыпляматычныя прыёмы.

Збожжам у нас занята да 40% ворыва. Беларусь штогод зьбірае 5-7 млн. т. збожжа, забясьпечвае сябе жытам ды ячменем, і закупае хіба што цьвёрдую пшаніцу. Беларусы ўжываюць да 200 кг хлеба-булачных вырабаў на чалавека ў год – больш, чым хто-кольвечы з суседзяў.

Кажучы пра ежу, беларус згадвае, каб быў хлеб і да хлеба. Сымбалічна, што й галоўны герой беларускай гісторыі мае прозьвішча Скарына: хлеба без скарынкі, як і Беларусі бяз хлеба, уявіць сабе немагчыма.

Хлеб жуеш, як жыцьцё жывеш. Кожнаму даводзілася калісь, згаладаўшы, прагна есьці хлеб – і, пражоўваючы мякіш, адчуваць ягоны сапраўдны саланаваты й такі салодкі смак, у якім адчуваецца сэнс самога жыцьця.

Ісус, разломваючы хлеб, казаў: “Ешце, гэта ёсьць цела Маё…” У таемстве Эўхарыстыі асьвячоны Богам хлеб ператвараецца ў плоць Хрыстову. Беларусы незвычайна прагавітыя да неўсьвядомленага прычасьця: у беларускае сям’і штодня зьядаецца па бохане, а то й па два, хлеба.

Беларус ня можа бяз хлеба. З хлебам ядуць амаль усё, нават бульбу ды макароны – каб сытней. Беларусь нікому не адмовіць у хлебе – хлеб-соль і госьцю, і чужынцу яшчэ й загарнуць з сабой. У Беларусі з асаблівым значэньнем вымаўляюць словы спрадвечнае малітвы: “Хлеб наш надзённы дай нам сёньня…”

І ўсё-такі культу хлеба – такога, як, прыкладам, насаджалі ў Савецкім Саюзе – Беларусь ня мае. Тут жыве ня той народ, якому абы хлеб ды відовішчы. Бо беларус ведае: “Ня хлебам адзіным жывы чалавек – але ўсякім Словам, якое сыходзіць з вуснаў Божых”. (Мацьвея 4:4)

ЧАРКА

Чарка – другая частка знакамітага беларускага дуплету, які выражае немудрагелісты дабрабыт: у застольным камплекце яна фігуруе выключна са скваркай. Такім парадкам, піць беларусам рэкамендуецца толькі з добрай, смачнай, тлустай закусьсю. “Менш піць – больш закусваць” – гэта й ёсьць беларускай культурай піцьця.

Чарка – акультны рытуал беларускай гаспадаркі. Яна блішчыць упоцемку, таемная й глыбокая горыч у крышталёвай шкарлупіне шкла, быццам цёмнае вока, блішчыць незьмігутна й пільнуе гаспадара то з унутранае кішэні госьця, то з сэрванту, то з самага цэнтру стала. Вабіць. Заварожвае. Гіпнатызуе.

І мы п’ем. Гарэлку, радзей – віны ды каньякі, на лёгкія сьвяты – шампанскае; моладзь аддае перавагу піву. Беларускі алькаголь – “беленькая” “Крышталь”, “Два буслы”, берасьцейская гарэлка, менскае шампанскае, лідзкае ды рэчыцкае піва, “Аліварыя” й “Крыніца” – лічыцца высокаякасным. Каштоўныя вялікалітоўскія традыцыі сёньня амаль ужо забытыя – хаця, напэўна, было б цікава пакаштаваць за багатым сталом медавуху, зьбіцень, крамбамбулю. Але сёньня беларус п’е больш, а есьць менш – і пітво ўсё грубейшае ды страшнейшае. “Руская”, самагон або ўвогуле пладова-ягадныя чарнілы на сьпірце, у народзе ахрышчаныя “бырлам”.

Народ п’е нагбом. Жлукціць. Хлешча “пад занюх”.

Чарка атручвае жыцьцё Беларусі. Вось ужо некалькі стагодзьдзяў беларусы сьпіваюцца – Пі да дна! Норму татальнага бытавога п’янства тут увяла расейская акупацыя. Таннай гарэлкай народ паіў царскі ўрад, потым савецкая ўлада, а цяпер рэжым Лукашэнкі. На вёсцы самагон ці гарэлку ўжо не называюць, кажучы: “вунь камбайнёру трэба два літры”, “стаў бутэльку”, “узялі тры па 0,7”. Гэткае безназоўнае паліва, няцьвёрдая валюта, для якой маюць значэньне толькі адзінкі аб’ёму.

Алькаголь – бюджэтаўтваральны артыкул. Вытворчасьць гарэлкі каштуе капейкі, а п’юць мільёны. Прыбытак – дзяржаве на сацыяльную сфэру, адукцыю й мэдыцыну, якія пакліканыя пераадольваць наступствы нацыянальнага п’янства.

Чарка гробіць гаспадарку.

Чортава чарка! Як тут не ўзгадаць, што чара была эпіцэнтам паганскіх абрадаў. Адсюль чарадзейства: адурманеныя, абалваненыя людзі, якія п’юць па-чорнаму. У “Таямніцах полацкай гісторыі” Арлова прыводзяцца характэрныя назвы корчмаў: Зладзейка, Пагулянка, Апошні Грош… У даўніну сёмая чара лічылася богаўгнявіцельнай – на ёй спыняліся. Але зараз беларусы жлукцяць па 14 літраў на жывую душу ў год (гэта ўлучна зь немаўлятамі й глыбокімі дзядамі). Чаркі замяняюць бутэлькамі ды літрамі – налівай! – і маленькае сьвята перапаўняюць усе сем сьмяротных грахоў. Звыш 65% насельніцтва выпівае рэгулярна, да 1/3 – мае ўстойлівую алькагольную залежнасьць. Рытуалы з чаркай усё больш нагаваюць масавае пакланеньне ўбогім божышчам самападману, ляноты й ашклянелага атупеньня. Паціху, па 100, па 150, па 200 нацыя дэградуе, пачынаючы з калгасаў і завяршаючы геніямі. Яшчэ крыху, і Беларусь можа чокнуцца.

Пасьля гэтага ганарыцца “Усяславам Чарадзеем” або “Зуброўкай” на лясных зёлках робіцца проста брыдка.

Беларусам пара каяцца ў павальным чарадзействе. Бо насамрэч, каб прыстойна, па-беларуску, выпіць, дастаткова і аднае чаркі, ды з добрай закусьсю.

ЭЛЕКТРОНІКА

Электроніка – апошняе слова беларускай гаспадаркі.

Беларускае сэрца Эўропы й зборачны цэх СССР, спадчына абароннае эканомікі й будучыня інфармацыйнае індустрыі – краіна, нашпігаваная электронікай. Супэркампутары, станкі зь лічбава-праграмным кіраваньнем, прамысловыя робаты, агрэгаты касьмічнае сувязі, тэлевізары й разнастайнае начыньне вялікіх беларускіх машынаў – найбольш пэрспэктыўны, высокатэхналягічны сэктар нацыянальнай эканомікі, сапраўдная матрыца беларускай віртуальнае рэальнасьці.

Доля БССР у вытворчасьці інтэгральных схемаў спэцыяльнага прызначэньня складала 2/3, а ў вытворчасьці ЭВМ – больш 50% ад савецкае магутнасьці. ЕС-1840 і ЕС-1841, сабраныя на заводзе імя Арджанікідзэ ў Менску, былі амаль паўнавартаснымі аналягамі IBM. Ды й зараз Беларусь прысутнічае ў сусьветным сьпісе TOP 500 па электроніцы на 13-14 пазыцыях.

Самая простая беларуская электроніка – наручны гадзіньнік Менскага завода “Прамень”. Некаторыя рэчы чалавечай мовай апісаць немагчыма – скажам, “мультыплікатары оптыка-мэханічнага й кантрольнага абсталяваньня дзеля вытворчасьці звышвялікіх інтэгральных схемаў з тапалягічнымі элементамі 0,8-0,5 мкм” (канцэрн “Плянар”). Беларуская электроніка, канкурэнтная на сусьветным рынку – супэркампутары СКІФ (самыя магутныя ЭВМ ва Ўсходняй Эўропе), тэлевізары новага пакаленьня, супэрчыпы й мікрасхемы. Беларускія кампаніі EPAM Systems ды International Business Alliance, што займаюцца праграмаваньнем, уваходзяць у сьпіс сусьветных гігантаў інфармацыйных тэхналёгіяў.

Электроніку, нэрвовую сыстэму сучаснае цывілізацыі, могуць вырабляць толькі людзі вельмі цярплівыя, руплівыя, засяроджаныя й дакладныя. Такія, як японцы, немцы або беларусы. Сама беларуская мэнтальнасьць скрозь працятая праграмамі, кодамі, імпульсамі электроннае празрыстасьці й выкшталцонасьці.

Электроніка, сфэра навукаёмістая й працаёмістая – мацярынская плата для тэхналягічнага пераўзбраеньня савецкага “зборачнага цэху” й адбудовы высокаразьвітай эканомікі. Інфармацыйныя гіганты, тэхнапаркі, сэрвіс і стварэньне эўрапейскага цэнтру камунікацыяў патрабуюць грандыёзных праектаў беларускай электронікі.

Беларусь ужо сёньня – на скрыжаваньні інфармацыйных плыняў, электрычных сетак і оптавалаконных кабэляў, у міжмор’і электронных імпэрыяў і міжмоўі мэдыягігантаў. Беларусь уся аж калышацца ад тэле- й радыёхваляў. Беларусь дрыжыць у прадчуваньні свайго зорнага часу – фэерыі ідэальнага сьвятла, гуку, колеру ў маніторах, таблё, экранах, у самім паветры.

Электронная дасканаласьць, бясконцасьць, імгненнасьць, велічыні нябачныя, нематар’яльныя, але існыя – настолькі блізкія беларускім каштоўнасьцям духовага ўспрыняцьця! Краіна знакаў, сыгналяў ды імпульсаў – фантастычны вобраз для Беларусі трэцяга тысячагодзьдзя.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы