nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ. Частка V. Беларускі спорт

жнівень 1, 2007 | Каментары (1)

Павал Севярынец

���.GIF

Прывітаньне, шаноўнае спадарства – чытачы, слухачы, гледачы першага нацыянальнага!

Толькі сёньня разам з намі вы маеце магчымасьць назіраць за трансьляцыяй відовішча, якога ўся Беларусь чакала ні больш, ні менш – усю сваю 1000-гадовую гісторыю.

Алімпіяда нацыянальнае ідэі ў спорце.

Такім чынам, увага!

Запрашаем вас у Менск, Беларусь. У самы цэнтар Эўропы, на скрыжаваньне шляхоў, на галоўную арэну кантынэнту. Вы чуеце гэты гул, агромністы гул, з-за якога я сам ледзь чую рэжысэра рэпартажу… Гул 10 мільёнаў заўзятараў! Так, 10 мільёнаў – бо ўсе, ад малых дзяцей да глыбокіх старых, хоць раз у жыцьці хварэлі за нашых. Таму сёньня ўсе яны тут, уся нацыя – у жывым эфіры, на арэне спаборніцтва, у рэжыме рэальнага часу – перад намі.

Гэтая краіна бачыла за свае тысячу гадоў і турніры, і сярэднявечную барацьбу, дужаньне “да крыжу” й “на крыжы”, і дзікае паляваньне, і ловы, увекавечаныя ў “Песьні пра зубра” ды раманах Караткевіча, і рыцарскія двубоі, і страляніну з лукаў ды арбалетаў, і чэмпіянаты Эўропы ды сьвету, і залатыя мэдалі “Дынама-82”, і перамогу футбольнай зборнай Беларусі над Галяндыяй у 1995-м, і трыюмф беларускіх тэнісістаў у матчах з Расеяй ды Аргентынай у Кубку Дэвіса ў 2004-м… Але сёньня – асаблівы дзень. Сёньня ўпершыню ў гісторыі ўсе гэтыя спаборніцтвы сыходзяцца ў адной вялікай Алімпіядзе.

Уладкоўвайцеся зручней, бо наперадзе нас з вамі чакае нешта фэерычнае. Грандыёзнае відовішча Адкрыцьця, прадстаўленьне поўнае нацыянальнае dream-team, сотні лепшых спартоўцаў Беларусі, а затым – 14 відаў спорту ў абавязковай праграме. Дзесяткі тысячаў запрошаных, гасьцей і журналістаў. Вы бачыце на свае ўласныя вочы: перад вамі, з вышыні птушынага палёту, стадыён “Дынама”, поўная чаша ў самым цэнтры Менску, лядовыя палацы ў абласных цэнтрах ды сталіцы, вось супэрсучасны футбольны манеж у Вясьнянцы, Менскі Палац Спорту, адна зь лепшых у Эўропе спартовая база “Стайкі”, вось іпадром “Ратамка”; гэта – вы, вядома, пазналі, – комплекс “Раўбічы”, знакамітыя трампліны, побач – гарналыжны курорт пад Лагойскам, беларуская Швайцарыя, і ўсе нашыя 225 стадыёнаў, 222 плавальных басэйны, 5 тысячаў спартовых заляў і 14 тысячаў спартовых пляцовак, адначасова адчыненых сёньня дзеля таго, каб прыняць Алімпіяду Нацыянальнай Ідэі.

Абсалютна дарэчы будзе зараз згадаць адзін гістарычны факт. Мы з вамі можам ганарыцца перад усім сьветам тым, што менавіта беларус стаяў ля вытокаў адраджэньня Алімпійскіх гульняў. У Афінах 1896 г., дзе адбывалася першая сучасная Алімпіяда, гарадзкой гаспадаркай кіраваў наш выбітны зямляк, герой Грэцыі Зыгмут Мінейка. І менавіта ён рыхтаваў тую самую першую Алімпіяду.

Перад абліччам бліскучага беларускага алімпійскага ансамблю, напярэдадні шыкоўнага шоў, што чакае нас у бліжэйшыя гадзіны, варта паўтарыць: такі ажыятаж, такая ўсенародная цікавасьць, такі агульнанацыянальны аншляг тут адзначаецца, безумоўна, упершыню.

Калі раней, на працягу 70 гадоў у сусьветных турнірах беларусы фігуравалі ў складзе “зборнай СССР” і ўсе называлі іх “рускімі” – нам заставалася хіба што ціха хварэць за землякоў. Але ўжо ў 1990-х гадох мінулага стагодзьдзя заўзятары з усяе плянэты пачалі сустракаць імя “Belarus’” на чэмпіянатах сьвету й алімпійскіх гульнях, у спаборніцтвах па гімнастыцы, барацьбе, гандболе, біятлёне, хакеі, веславаньні, настольным і вялікім тэнісе, фрыстайле, лёгкай атлетыцы… Беларускія трыюмфы пад бел-чырвона-белым сьцягам на Алімпіядзе ў Барсэлёне 1992 г. – 17 залатых мэдалёў! – на лёгкаатлетычных чэмпіянатах сьвету ў Гётэборгу (1995 г. –12 мэдалёў, 2-е агульнакаманднае месца пасьля ЗША) ды Парыжы (2003 г. – 8 мэдалёў, 3-е месца), біятлённыя перамогі ўсяго апошняга дзесяцігодзьдзя – прымусілі гаварыць пра Беларусь ва ўсім сьвеце з захапленьнем. Якраз спорт зрабіў Беларусь і беларусаў вядомымі сярод мільярдаў зямлянаў, і якраз-такі спорт узьняў мільёны нашых суайчыньнікаў да нацыянальнае сьвядомасьці – хай сабе пакуль эмацыйнае, але масавае. “Золата” ў чэмпіянаце сьвету па спартовае гімнастыцы 2002 г., месцы на п’едэстале ў мастацкіх гімнастак, сэнсацыйная перамога ў хакейным чвэрцьфінале зімовай алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці над фаварытамі – зборнай Швэдзіі 4:3, сусьветнае чэмпіёнства настольнага тэнісіста Уладзімера Самсонава – і вось ужо ў спорце, спадарства, адзначаецца даўно, ня бачаны гісторыяй, палітыкай, эканомікай, культурай эфэкт: зь Беларусьсю пачынаюць лічыцца.

Бо спорт, шаноўныя гледачы, для многіх мільёнаў людзей ёсьць найпрасьцейшае й найясьнейшае выяўленьне гонару за сваю краіну. Спорт дае ўнікальную магчымасьць кожнае нацыі, на вачох усяго чалавецтва давесьці, чым яна ёсьць і чаго вартая. Ды ўрэшце рэшт – скажыце, хіба я ня маю рацыі! – само жыцьцё ёсьць спортам: шматгадовай чарадой трэніровак, адборачных цыкляў, спаборніцтваў, паразаў і трыюмфаў у імкненьні атрымаць узнагароду, і аднойчы, на вяршыні п’едэсталу пад успышкі тэлекамэраў, разам са шматтысячным хорам тарсіды прасьпяваць легендарны хіт усіх часоў і народаў: “We Аre The Champions!..”

Спорт, спаборніцтва, спосаб пераадолець самога сябе – мэханізм, закладзены ў чалавечую натуру Самім Госпадам Богам. Той самы мэханізм, які дазваляе слабому й грэшнаму чалавеку змагацца зь бязьвер’ем, лянотай і страхам, падымацца пасьля падзеньня, высільвацца, выжыльвацца празь “не магу”, спорт – бліскучае сьведчаньне моцы, характару, духу асобы й нацыі. Бо спорт – і я мяркую, вы пагадзіцеся са мною, дарагія заўзятары – гэта ня толькі й ня столькі фізычная культура. Гэта культываваньне волі й веры – якраз таго, што вызначае сілу духу. Так што знакамітыя “маральна-волевыя”, на якія так упіраюць трэнэры, выхоўваючы вялікіх спартоўцаў ды вялікія каманды, і гульцы, выйграючы вялікія матчы, і ёсьць сапраўдным зьместам няхітрых, здавалася б, гульняў у рознакаляровых майках з нумарамі на грудзях, сьвістком судзьдзі й мільёнамі апантаных фанаў.

Спорт, які замяняе народам войны! Спорт, увасобленая сіла! Спорт, імкненьне да дасканаласьці й перамогі, сумленны, шчыры спорт, што вызваляе патэнцыял народу – цэнтральная арэна розыгрышу нацыянальнага гонару й галоўнае відовішча сучаснасьці!

Выдатны трамплін для разгону беларускае сьвядомасьці да стану лунаючае духовасьці.

Бо, як піша апостал Павал у І Пасланьні да Карыньцянаў, “Хіба ня ведаеце вы, што тыя, хто бяжыць на стадыёне, бягуць усе, але толькі адзін здабывае ўзнагароду? Дык бяжэце так, каб здабыць”! (І да Карыньцянаў 9:24).

Спадзяюся, шаноўныя гледачы, вы даруеце мне гэты патас, гэтую апалёгію спорту – даруеце, бо самі разумееце: сёньняшняе відовішча сапраўды вартае самых высокіх словаў.

Такім чынам, дарагія сябры – вашай увазе прапануецца Нацыянальная ідэя ў спорце. Нацыянальная ідэя ўласнай пэрсонай, у фармаце сусьветных правілаў гульні й унівэрсальных стандартаў, у спаборніцтве зь іншымі. У самых эфэктных вобразах, у дасягненьнях, бясспрэчных для любога жыхара плянэты Зямля.

Вы, вядома, памятаеце: нам доўга даводзілі, што няма такой краіны, няма такой дзяржавы, няма такога народу. Але беларускі спорт абвясьціў на весь сьвет – ёсьць!

Нам даводзілі, што мы ўмеем адно падначальвацца, цярпець паразы й выціраць подыюмы для іншых. Але беларускі спорт усіх пераканаў – мы народжаныя ня поўзаць там дзесьці, і не пралятаць над Парыжам, а быць лідэрамі й пераможцамі!

Дайшло да таго, што большасьць беларусаў займелі мускульную атрафію, ёмістае брушка, устойлівае бязьвер’е ды абыякавасьць да ўласнага лёсу. Але беларускі спорт сьцьвердзіў: трэба толькі паверыць, сьціснуць у кулак волю, адважыцца – і ўвесь сьвет убачыць тую Беларусь, якую задумваў Усемагутны Госпад Бог. Арэна кантынэнту – так! Сэрца Эўропы – так! Мышца №1 у грудзях – так! Сардэчная мышца, здольная быць вялікім рухавіком, біцца ў сусьветным напружаньні волі Божай й ставіць абсалютныя рэкорды!

“Бо ня мечам сваім яны зямлю набылі, і ня іхняя мышца іх выратавала, а Твая правіца і мышца Твая і сьвятло аблічча Твайго” – абвяшчае Псальм 43, верш 4 Бібліі.

Для тых, хто жыве й дыхае спортам, хто хоць аднойчы на стадыёне зароў на ўсю глотку, калі нашы забілі гол, зразумеў слодыч здабытае перамогі й адчуў угар заўзятарскага патрыятызму, хто купляе “Прэсбол” замест “Аргумэнтаў і фактаў”, хто тыднямі жыве ў чаканьні сьвята, і нарэшце замірае перад экранам тэлевізіі, дзе трансьліруюць Лігу Чэмпіёнаў, толькі таму, што ў нямецкім “Штутгарце” гуляе беларускі легіянэр Аляксандр Глеб, а лёнданскім “Чэлсі” валодае нашчадак беларускіх магнатаў Абрамовічаў – ня трэба тлумачыць, дзе мы знаходзімся й што чакае нас сёньня. Аматары й фанаты, канечне ж, трымаюць у галаве ўсе імёны, усе ключавыя турнірныя табліцы й паказьнікі беларускага спорту. Але зараз сярод нашае аўдыторыі як ніколі багата тых, каму невядомая балельшчыцкая эўфарыя, хто лічыць захапленьне спортам марнаваньнем часу, для каго Валяньцін Бялькевіч – гэта муж рыжанькай зь “Віагры”, а Нэлі Кім – мадэльер віцебскага трыкатажу, дык вось для іх, наіўных навічкоў, шчасьлівых першаадкрывальнікаў, нэафітаў беларускага спорту, для іх (і для пратаколу, вядома) – склад нашае алімпійскае каманды.

Увага! Зорная беларуская зборная – сто найлепшых спартоўцаў Беларусі за ўсю яе гісторыю! Не пабаюся гэтых словаў, нацыянальныя героі нашага часу, зьяўляюцца на дарожках менскага стадыёна “Дынама”, як на парадзе. Мы выйдзем, як той казаў, шчыльнымі радамі!

Мы бачылі іх паасобку на розных спаборніцтвах, у чырвонай, зялёнай ды немаведама якой яшчэ форме… За подпісам “СССР”, “Белоруссия”, „Weis Russland“ або пад умоўнай маркай “савецкая школа”… Але ж сёньня нашае сьвята. Сёньня мы з вамі, усе 10 мільёнаў беларусаў, з гонарам гаворым усяму сьвету: “Гэта мы – Беларусь!” Нацыянальная зборная Беларусі ўсіх відаў спорту. Найлепшыя. The Best. Каманда-мара! Сёньня мы з вамі можам усё. І таму зараз нашыя – у бел-чырвона-белай форме, пад вялізным нацыянальным сьцягам, з гербам “Пагоня” на грудзях, і таму сёньня на ўрачыстае цырымоніі будзе гучаць наш вялікі гімн – “Магутны Божа”.

Ну вы толькі паглядзіце!

Бел-чырвона-белыя камбінэзоны са срэбрам! Якая прыгажосьць! Як хвалююча, як сьвежа і сьветла! Ці паверыце, шаноўныя чытачы, у нас тут у камэнтатарскай першага нацыянальнага, я так паглядваю на калегаў-асыстэнтаў, проста сьлёзы ўваччу ад радасьці. Проста захлынаецца сэрца… Гэта цуд. Гэта наша Радзіма. Гэта Беларусь.

Вы ведаеце, хай мяне папракнуць, як бы сказалі раней, за палітыку – але не магу не адзначыць: ох, як шмат залежыць ад таго, пад якім сьцягам выступае краіна! Вы памятаеце, наколькі ўбога глядзеўся той чырвона-зялёны савецкі штандар: яго было лёгка пераблытаць з арабскімі, зь нейкімі афрыканскімі, ці, як яго там, з мадагаскарскім… І наколькі адметна й прыгожа зараз, сярод шматколерных сьцягоў сьвету, выглядае наш бел-чырвона-белы! Адзіны й непаўторны. Проста зьзяе. Проста сьвеціцца.

Беларускі бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста – сьцяг перамогі!

Той, хто падымае на сьцяг кроў Ісуса Хрыста – той ня можа прайграць. Ня мае такога права. Той абавязаны трываць боль, трымаць удар, верыць – бо ўся ягоная радзіма сканцэнтраваная зараз тут, на невялікай пляцоўцы, у гэтым моманьце часу. Той, хто ідзе пад Боскім сьцягам, урэшце рэшт пераадолее ўсе цяжкасьці дзеля славы пакутнай і вялікай Бе-ла-ру-сі!

Спадзяюся, вы ацэніце гэты высокі лад і даруеце наша трапятаньне ў голасе, бо, упэўнены, падзяляеце пачуцьці, якія ў гэтую хвіліну перапаўняюць любога беларуса. І спадзяюся – дазволіце мне, нарэшце, прадставіць іх, галоўных герояў Алімпіяды Нацыянальнае Ідэі.

Такім чынам, эксклюзіў у нашым эфіры! Сотня лепшых спартоўцаў Беларусі за ўсе часы! 100 асобаў –100 адсоткаў!

Прэм’ера нацыянальнага рэйтынгу топ-сто!

Першымі – з поўным правам – у шэрагах нацыянальнае зборнай і ў пачатку сьпісу ідуць беларускія гімнасты, гонар і слава Беларусі.

Нумар адзін! Безумоўны лідэр беларускае зборнай, найлепшы спартовец плянэты 1993-га, герой Барсэлёнскае алімпіяды, 6-разовы алімпійскі чэмпіён, 13-разовы чэмпіён сьвету й 10-разовы Эўропы, гімнаст-супэрмээ-эн… імёны такіх людзей раскручваюць голасам, перакрываючы роў трыбунаў, цэлай опэрнай арыяй:

— Віітаааль ШЧЭРБАА-А-А!!!

Вы, канечне ж, памятаеце яго, гэткага шыкоўнага беларускага хлопца, бялявага й блакітнавокага, і памятаеце ягоныя фантастычныя выступленьні якраз у пару аднаўленьня нашае незалежнасьці – 92-гі, 93-ці, 94-ты.

Побач зь ім – цудоўная пара, пагадзіцеся! – нумар два, яшчэ адна легендарная беларуская гімнастка, якая заслужыла тытул першай спартоўкі зямнога шару ў далёкім 1972-м, якая ўпакорыла і Эўропу, і Амэрыку беларускай грацыяй, гнуткасьцю й сілай… Трохкратная алімпійская чэмпіёнка Мюнхена-72, алімпійская чэмпіёнка Манрэаля-76, чэмпіёнка сьвету й Эўропы, ды яшчэ ў дадатак жонка саліста “Песьняроў” Лявона Барткевіча – Вольгааа Корбуу-ут!!! Вось, вось яна з ласкавай усьмешкай!

Пад нумарам трэцім у нацыянальнай алімпійскай камандзе – Іван Іванкоў, пераемнік Шчэрбы, двойчы абсалютны чэмпіён сьвету, шматразовы чэмпіён Эўропы, супэрзорка канца 90-х. У пары зь ім – глядзіце, нават за ручку! – гэткая ж бліскучая нашая гімнастка Сьвятлана Багінская: двукратная алімпійская чэмпіёнка Сэула-88, чэмпіёнка Алімпіяды-92 у Барсэлёне, шматкратная чэмпіёнка Эўропы й сьвету…

Нумары 5,6,7,8,9 – яшчэ пяцёрка бліскучых беларускіх спартовых гімнастак: Нэлі Кім, 5-кратная алімпійская чэмпіёнка (Манрэаль’76, Масква’80), абсалютная чэмпіёнка сьвету 1976 г.; Ларыса Петрык, двухразовая алімпійская чэмпіёнка 1968 г.; Алена Ваўчэцкая, пераможца Алімпіяды-64 у Токіё; Алена Піскун, чэмпіёнка сьвету 1995-96 гг., уладальніца Кубку Эўропы’97; Тамара Лазаковіч, пераможца сусьветнага першынства 1971 г. й алімпійская чэмпіёнка 1972 г.

А сьледам за імі – пад нумарамі 10, 11, 12, 13 – зоркі мастацкае гімнастыкі: Марына Лобач, алімпійская чэмпіёнка Сэулу-88, чэмпіёнка сьвету; Марыя Лазук, срэбра Алімпіяды’2000 у Сіднэі; срэбная прызёрка чэмпіянату сьвету-97 у складзе зборнай Беларусі, Яўгенія Паўліна, абсалютная чэмпіёнка Рэспублікі Беларусь, Юля Раскіна, і чэмпіёнка сьвету 1994 г. сярод клюбаў, Вольга Перапяліца.

14-ты, 15-ты й 16-ты нумары ў нацыянальным хіт-парадзе беларускага спорту – тройца асілкаў, наймацнейшыя цяжкаатлеты плянэты. Давід Эхт, што ўстанавіў 19 усесаюзных і 3 сусьветныя рэкорды. Лявон Тараненка, алімпійскі чэмпіён Масквы-80, чэмпіён сьвету 1980 і 1991 гг., чэмпіён Эўропы 1980, 88, 91, 92 гг., уладальнік двух дзесяткаў сусьветных рэкордаў. Аляксандр Курловіч, алімпійскі чэмпіён 1988 й 92 гг., чэмпіён сьвету 1987, 89, 90 гг., чэмпіён Эўропы 1987 й 90 гг.! Быццам калёны, міфічныя атлянты, якія трымаюць на плячох нябёсную сфэру, каржакаватыя, як трактар “Беларус” або “БелАЗ” – эпічныя героі беларускае нацыі!

І, канечне, тут жа, у шыхце сусьветна вядомых беларусаў – тытаны лёгкай атлетыкі, каралі й каралевы спорту! Гвардыя беларускіх штурхальнікаў ядра, шпурляльнікаў дыску й кідальнікаў молату: №17 – легендарны Рамуальд Клім, малатабойца, алімпійскі чэмпіён 1964 г., рэкардсмэн сьвету й Эўропы; №18 – ягоны калега, Міхал Крываносаў, срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў 1956 г. у Мэльбурне, 6-разовы рэкардсмэн сьвету й чэмпіён Эўропы; №19 – Іван Ціхан, золата чэмпіянату сьвету 2003 г. у Парыжы, алімпійскае срэбра Афінаў-2004; №20 – Эліна Зьверава, дыск, алімпійская чэмпіёнка 2000 г., чэмпіёнка сьвету, лепшая лёгкаатлетка Рэспублікі Беларусь 1971г; №21 – Ігар Астапковіч, молат, “вечна срэбны”, другі на чэмпіянатах сьвету 1991, 93 й 95 гг., срэбра Алімпіяды ў Барсэлёне 1992 г., срэбра Кубку Эўропы ’95 і чэмпіянату Эўропы 1990 г.; №22 – Уладзімер Дуброўшчык – уладальнік Кубку сьвету, срэбны прызёр Атлянты’96 і чэмпіён сьвету; №23 – Яніна Карольчык, алімпійская чэмпіёнка Сіднэя-2000; №24 – Ірына Ятчанка; №25 – Васіль Капцюх й №26, Андрэй Міхневіч, усе –чэмпіёны сьвету… Якая сіла, якая моц – проста нашчадкі Давіда!..

Маладзейшыя заўзятары, магчыма, не пазнаюць герояў наступнага шэрагу, а вось балельшчыкі старэйшага веку, вядома ж ведаюць вялікую пляяду беларускіх фэхтавальнікаў 60-70 гг. ХХ ст.: тры мушкецёры й дзьве бліскучыя д’артаньянкі!

№27 – Віктар Сідзяк, пераможца Алімпійскіх гульняў 1972 г. у Мюнхене, 1976 г. у Манрэалі й 1980 г. у Маскве, 6-разовы чэмпіён сьвету.

№28 – Аляксандр Раманькоў, 5-кратны чэмпіён сьвету, алімпійскі чэмпіён Сэулу-88, прызёр Манрэальскай і Маскоўскай алімпіядаў.

№29 – Сяргей Прыходзька, чэмпіён сьвету 1970 й 75 гг.!

№30 – Тацьцяна Самусенка, легендарная алімпійская чэмпіёнка 1960 г. (Рым), 1968 г. (Мэхіка), 1972 г. (Мюнхен), срэбная прызёрка Токіё 1964 г.!

№31 – Алена Бялова, двойчы алімпійская чэмпіёнка 1968 г., алімпійская чэмпіёнка 1972 г. у Мюнхене й 1976 г. у Манрэалі, шматразовая пераможца першынстваў сьвету й Эўропы!

За вэтэранамі фэхтаваньня – нашы знакамітыя біятляністы. Лепшыя партызаны на плянэце, што наводзяць жах на немцаў ды рускіх падчас этапаў Кубку сьвету, у эстафэтах і гонках патрулёў на чэмпіянатах сьвету й алімпійскіх гульнях:

№32 – Аляксандр Папоў, чэмпіён сьвету 1989, 96-97 гг., срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў 1990 г. у Альбэрвілі.

№33 – Сьвятлана Парамыгіна, пераможца Кубку Сьвету 1994 г., чэмпіёнка сьвету 1990-91 гг. й 1994 г., срэбная прызёрка Алімпійскіх гульняў 1994 г. у Лілехамэры.

№34 – Юрась Кашкароў, чэмпіён Алімпіяды 1984 г. у Сараева.

№35 – Вадзім Сашурын, 3-хразовы чэмпіён сьвету й Эўропы, пераможца многіх этапаў Кубку Сьвету.

№36 – Алег Рыжанкоў, чэмпіён сьвету 1996-97 гг.

№37 – Пятро Івашка, чэмпіён сьвету 1996-97 гг.

Наступная намінацыя – веласпорт!

№ 38, алімпійскі чэмпіён 1976 г. Уладзімер Камінскі.

№39, пяціразовая чэмпіёнка сьвету Натальля Цылінская.

Далей? Далей – чацьвёрка вялікіх беларускіх веславальнікаў (байдаркі ды каноэ):

№40 – трохразовы алімпійскі чэмпіён Масквы-80, Уладзімер Парфяновіч;

Чэмпіёны Алімпійскіх гульняў 1960 г. №41 – Сяргей Макаранка й №42 – Лявон Гейшар.

№43 – алімпійская чэмпіёнка 1996 г. у Атлянце й 2000 г. у Сіднэі, 3-хкратная абсалютная чэмпіёнка этапаў Кубку сьвету 1997 г., Кацярына Хадатовіч.

А вось і магутная кампанія беларускіх барцоў! На чале, пад №44, безумоўна, Аляксандр Мядзьведзь, чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1964 г. у Токіё, 1968 г. у Мехіка, 1972 г. у Мюнхене, 7-разовы чэмпіён сьвету й 3-разовы чэмпіён Эўропы ў вольнай барацьбе!

№45 – Натальля Масквіна, чэмпіёнка сьвету 1992 й 97 гг., чэмпіёнка Эўропы’95 па дзюдо.

№46 – Камандар Маджыдаў, чэмпіён Алімпіяды’88 у Сэуле, чэмпіён сьвету 1986-89 гг., Эўропы 1984-85 гг.

№47 – Алег Караваеў, пераможца Алімпіяды 1960 г. у Рыме (клясычная барацьба).

№48 – Сяргей Ліштван, срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў 1996 г. і чэмпіён Эўропы 1996 г. у грэка-рымскае барацьбе.

№49 – Уладзімер Япрынцаў, чатырохразовы чэмпіён сьвету, 3-хразовы чэмпіён Эўропы, уладальнік Кубку Сьвету’87 па самба.

№50 – Ігар Макараў, алімпійскі чэмпіён Афінаў-2004 г. па дзюдо.

№51 – Лявон Лібэрман, чэмпіён сьвету 1973 г. і чэмпіён Эўропы’72 у клясычнай барацьбе.

А побач – нашыя фэнамэнальныя зборныя па тайскім боксе й кікбоксінгу, што прымусілі казаць пра Беларусь як другую пасьля Тайлянду радзіму гэтых адзінаборстваў:

№52 – Уладзімер Задзіран, чэмпіён сьвету 1993 г. сярод прафэсіяналаў кікбоксінгу.

№53 – Сяргей Івановіч, чэмпіён сьвету 1994 г., уладальнік Кубку лепшага байца, віцэ-чэмпіён сьвету 1997 г., пераможца Кубку Прынца’95 у Тайляндзе.

№54 – Аляксей Пякарчык, пераможца Кубку Эўропы’96 (2 золата), чэмпіён сьвету 1996 г., чэмпіён Эўразіі 1996 г. (2 золата й срэбра).

№55 – Даша Машара, чэмпіёнка сьвету 1996 г. і Эўропы таго ж году па кікбоксінгу.

№56 – Аляксандр Злыгосьцеў, віцэ-чэмпіён сьвету 1993 г. па кікбоксінгу, бронзавы прызёр чэмпіяната сьвету 1993 г. па тайскім боксе.

А вось і клясычны баксёр, №57 нашага рэйтынгу, Вячаслаў Яноўскі – пераможца Кубка Сьвету й Алімпіяды 1988 г. у Сэуле, пераможца чэмпіянату Германіі сярод прафэсіяналаў, 6-кратны чэмпіён Японіі!

А вось і каратыст, №58, Аляксей Тэн, уладальнік Кубка СНД 1992 г.

Як вам байцы?

Ну, а цяпер капелюшы далоў!

Супэрзорка настольнага тэнісу! Пад 59-м нумарам у зборнай Беларусі – нумар першы ў сьвеце Уладзімер Самсонаў, шматразовы чэмпіён Эўропы й сьвету па пінг-понгу! Побач – 60-ты, Яўген Шчацінін, чэмпіён Эўропы-2003 г.

І – беларускі тэніс робіцца вялікім! Што я маю на ўвазе? Глядзіце: вось яны, нашыя сьвежыя героі, пераможцы зборных Аргентыны (4-я ў сусьветным рэйтынгу) і Расеі (3-я) у розыгрышы Кубка Дэвіса 2004 г. ужо па вялікім тэнісе: Макс Мірны (19 перамогаў у сусьветных турнірах у пары – №61), Уладзімер (Уладзіятар!) Ваўчкоў (№62)!.. А поплеч зь імі – чысты геній жаночага парнага разраду, Натальля Зьверава (№63), шматразовая пераможца Уімблдону, чэмпіянатаў Аўстраліі, Францыі, ЗША, лепшая тэнісістка 1997 г. у пары.

Мы бачым сярод зорак і нашых вялікіх шахматыстаў – Барыса Гельфанда (№64 – у 90-х гг стабільна ўваходзіў у дзесятку наймацнейшых грасмайстраў сьвету, цяпер зборная Ізраіля) і Віктара Купрэйчыка (№65 – дзесяткі ягоных партыяў уваходзяць у залаты фонд сусьветных шахматаў… між іншым, гэта ён, адзіны зь нямногіх не збаяўся выступіць супраць Лукашэнкі на выбарах старшыні Нацыянальнага алімпійскага камітэту). А вось і неаднаразовы чэмпіён сьвету па шашках – Анатоль Гантварг (№66).

Вочы разьбягаюцца – каго ж мы бачым! Якія людзі! Якія ўспаміны! – пад 67-м нумарам наш выбітны канькабежац, шасьціразовы чэмпіён сьвету, прызёр Алімпійскіх гульняў Ігар Жалязоўскі; пад 68-м – берасьцейскі стралок з луку, алімпійскі чэмпіён 1980 г., двухразовы рэкардсмэн сьвету й чэмпіён Эўропы Барыс Ісачэнка; пад 69-м – шасьціразовы пераможца першынства сьвету, шматкратны рэкардсмэн сьвету й Эўропы ў кулявой стральбе Ігар Басінскі; пад 70-м – чэмпіёнка й рэкардсмэнка Сэульскае алімпіяды ў той жа дысцыпліне Ірына Шылава; пад 71-м – уладальніца Кубку Сьвету 2002 г. па фрыстайле Ала Цупэр; пад 72-м – яе калега, чэмпіён сьвету Зьміцер Дашчынскі; пад 73-м – звышзорка гіравога спорту, уладальнік 54 нацыянальных рэкордаў па пад’ёму цяжараў, 10 зь якіх ня маюць аналягаў у сьвеце, Вячаслаў Харанека; пад 74-м – алімпійскае золата’88 у эстафэце 4 х 400 і срэбра таго ж Сэула на дыстанцыі 400 м з бар’ерамі – Тацьцяна Лядоўская; пад 75-м – срэбны прызёр Атлянты-96 і бронзавы – Сіднэя-2000, сяміборка Натальля Сазановіч…

У-ух, сіла!!! Заўважце, гэта ўсё парад індывідуальных відаў спорту! Вось ён, цуд беларускага пэрсаналізму! Вось яны, беларусы, інтравэрты, гатовыя і сьвет перавярнуць адзінаасобна!..

Так, беларусы надзвычай моцныя паасобку, гэта факт. Што ж у нас з каманднымі відамі спорту?

Беларуская каманда – невялікая, але згуртаваная. Такая, як у біятлённай эстафэце, хакейным зьвяне або, максымум, гандбольнай дружыне. 3-4, самабольш 7 чалавек. Беларускі спорт стрыманы, сьцяты ў кулак, на ўзор усёй стоенай нацыянальнай сілы. Беларусы дамаседы – і таму беларусы наймацнейшыя, калі пачуваюцца як дома. На невялікай пляцоўцы. На памосьце. На гімнастычным снарадзе. За сталом пінг-понгу. За шахматнай дошкай.

Але, калі надыходзіць пара, беларус разгортваецца, быццам спружына. Так што з масавым спартовым уздымам, з абуджэньнем усяе нацыі, мы зможам усё. Будуць і футбольныя стадыёны, поўныя, як “Дынама” у 1963-м ці 1982-м. Будзе Ліга Чэмпіёнаў і свой Кубак Незалежнасьці. Будуць грандыёзныя алімпіяды – і летнія, і зімовыя! Паверце – усё гэта ў беларусаў яшчэ наперадзе!..

А пакуль у сотні лепшых – зорныя каманды гандбалістаў, хакеістаў і футбалістаў.

Лепшая гандбольная зборная Беларусі за ўсю яе гісторыю – безумоўна, залаты склад СКА (Менск), супэрчэмпіёна канца 80-х – пачатку 90-х: сямёра беларусаў – лічы, палова зборнай сьвету!

№76 – наш капітан, чэмпіён сьвету, уладальнік Кубку чэмпіёнаў і Кубку Кубкаў, алімпійскі чэмпіён –92‘ з наймагутнейшым кідком – Міхась Якімовіч.

№77 – двухмэтровы асілак таго ж чэмпіёнскага складу: ўбойна шпурляў мяч з апорнага становішча – Алесь Тучкін.

№78 – бліскучы абаронца, пераможца Сэульскае алімпіяды, Рыгор Сьвірыдзенка.

№79 – чэмпіён сьвету Алесь Маліноўскі.

№80 – левы форвард, майстар кручаных мячоў, срэбны прызёр Маскоўскай алімпіяды 1980 г. і чэмпіён Сэулу-88, Алесь Каршакевіч.

№81 – правы нападаючы, Кастусь Шаравараў.

№82 – галкіпэр з фантастычнай рэакцыяй і расьцяжкай, Андрэй Мінеўскі (Кубак чэмпіёнаў 1989 –90 гг., Кубак Кубкаў 1990-91 гг., алімпійскі чэмпіён Алімпіяды 1992 г. у Барсэлёне).

Запытайцеся ў любога гандбольнага адмыслоўца на пяці кантынэнтах: “СКА” (Менск) – адна зь лепшых, калі ня лепшая ўвогуле, каманда за ўсю гісторыю сусьветнага ручнога мяча!

Наступная каманда – пяцёрка беларускіх хакеістаў разам са сваім брамнікам. Аляксандра Лукашэнкі, тут, вядома, няма – затое ёсьць сапраўдныя лядовыя рыцары:

№83 – Сяргей Фёдараў – чэмпіён сьвету 1989-90 гг., у 1994 г. – самы каштоўны гулец НХЛ, уладальнік Кубка Стэнлі й Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў.

№84 – Руслан Салей, НХЛ, “Магутныя Качкі”, герой фіналу Кубка Стэнлі 2003 г.

№85 – Андрэй Скабелка.

№86 – Андрэй Кавалёў.

№87 – Аляксандр Цыплакоў.

№88 – натуралёва, Аляксандр Шумідуб.

Нарэшце, найвялікшая дэлегацыя ў складзе сотні нацыянальных герояў беларускага спорту – футбольная каманда. 11 лепшых за ўсю гісторыю – і, зьвярніце ўвагу, адна зь лепшых на кантынэньце паўабаронаў!

№89 – Сяргей Алейнікаў, паўабаронца “Дынама-82”, “Ювэнтусу”, удзельнік чэмпіянатаў сьвету 1986 й 1990 гг. у складзе зборнай СССР, гулец зборнай сьвету 1990 г.

№90 – Сяргей Гоцманаў, паўабаронца “Дынама-82” й савецкай зборнай.

№91 – Міхал Мустыгін, бронзавы прызёр першынства СССР 1963 г., нападаючы, лідэр знакамітага “Дынама-63”.

№92 – Эдуард Малафееў, форвард, напарнік Мустыгіна ў бронзавай камандзе 1963 г.

№93 – Аляксандр Пракапенка, паўабаронца, чэмпіён СССР 1982 г., бронзавы прызёр 1983 г., таксама бронза Алімпіяды 1980 г.

№94 – Андрэй Зыгмантовіч, паўабаронца “Дынама-82” й зборнай СССР.

№95 – Сяргей Герасімец, “Зэніт” (Санкт-Пецярбург), паўабаронца, капітан зборнай Беларусі сярэдзіны 90-х гг. ХХ ст., аўтар адзінага й пераможнага голу ў браму Галяндыі ў 1995 г.

№96 – Аляксандр Глеб (“Штутгарт”, Германія), паўабаронца, у 20 гадоў – ужо ў тройцы лепшых футбалістаў Бундэслігі, лідэр зборнай Беларусі пачатку ХХІ ст.

№97 – Валяньцін Бялькевіч (“Дынама”, Кіеў), паўабаронца, лепшы футбаліст чэміянату Украіны, унікальны дыспэтчар зборнай Беларусі апошніх гадоў.

№98 – Эрык Яхімовіч, абаронца “Дынама” (Масква).

№99 – Альбэрт Дзенісенка – галкіпэр “Дынама” (Менск) і зборнай Беларусі сярэдзіны ХХ ст.

Нарэшце, 100-е месца – быццам клічнік напрыканцы сказу! – трыюмфальны акорд беларускага спорту: 2004 год, Афіны, мільярды гледачоў, бег на 100 м у жанчын, найпрэстыжнейшая алімпійская дысцыпліна!.. Канешне, гэта яна, беларуская сэнсацыя, залатая Юлія Несьцярэнка! 100%-вы вобраз перамогі Беларусі!

…Яны ідуць, быццам калышацца адзін велізарны бел-чырвона-белы сьцяг. І ў кожным іх руху спрацоўвае зарад стоенай сілы, важкасьці і гармоніі, падуладных беларусам. З кожным іх крокам – ці ня так, шаноўныя чытачы! – гэтая сіла зараджае нас.

Што ж, мы працягваем трансьляцыю Алімпіяды Нацыянальнай Ідэі. Чаканьне, здаецца, зьвініць, напружаньне расьце, гул трыбунаў закладае вушы… Ня ведаю, ці чуеце вы мяне, шаноўныя слухачы, але ж, пэўна, бачыце ўсё, што творыцца тут, на алімпійскае арэне! Мы на першым турніры, які адкрывае праграму гульняў: “Змаганьне са слабасьцю!”

“Беларусь слабенькая” – так кажуць суседзі, супернікі, ды й часта падхопліваюць самі беларусы. Народзец, маўляў, кволы, дохленькі, хліпкі – выцягнуць сябе самога з балота сілёнак няма!..

Але на памост выходзяць Аляксандр Курловіч і Лявон Тараненка. Маўклівыя волаты. Стаўпы! Курловіч падыходзіць да штангі… Узяўся… З крэхтам – у-ух!.. Трымаць! І – ёсьць! Сусьветны рэкорд! Побач – Тараненка. Уявіце сабе, удвая больш уласнае вагі – узьняць і ўтрымаць па-над сабою на выцягнутых руках!

А вось і дыскаболы з малатабойцам ды штурхальнікі ядра: Клім, Міхневіч, Зьверава… Кідок! Штуршок! Шпурляньне!..

Вы бачылі, у чым сіла?! Засяроджаная, стрыманая. Без бравады. Без шумлівае рэклямы. Без пантоў, прабачце ўжо гэтае слова. Беларуская сіла – гэта сіла духу, здольная моўчкі, на жылах, на цярпеньні, на бясконцых трэніроўках, у вырашальнае імгненьне адужаць не абы што – прыцягненьне плянэты Зямля!

Скажаце, хай сабе сіла – чым яна ёсьць бяз волі? Слушна – бо наступнае шоў адкрыцьця Нацыянальнае Алімпіяды – “Адольваньне бязвольнасьці”.

Паралюш нацыянальнае волі – гэта сур’ёзна. Гэта праблема нашай роднай бездуховасьці, несвабоды, закамплексаванасьці. Так, апошнім часам у беларусаў часта апускаліся рукі. Агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця, ці ня так гэта называецца ў нас, шаноўныя гледачы?..

Што ж скажа беларускі спорт?

А вось што! Да снарадаў выходзіць беларуская зборная па спартовай гімнастыцы. Прыгажуны й прыгажуні, га?!. Віталь Шчэрба, Воля Корбут, Сьвета Багінская, Іван Іванкоў… Пачынаюць практыкаваньні адначасова, разам! Вы толькі паглядзіце на гэтыя зараджаныя позіркі, на гэтую фантастычную акрабатыку, на сьцятыя ў кулак чалавечыя целы! Вось яна, Воля Корбут – увасобленая беларуская воля!.. Саскокі, прызямленьні – практычна сынхронна: ай-яй-яй, якія малайцы! Вылітыя – на пастамэнт! Помнікі волевым беларусам… Так, і паказаць: зафіксавалі, раскінуўшы рукі… Супэр! Авацыя! Уся заля ўстае! Будзь тут судзьдзі, усе б далі па 10 балаў!..

Але ж беларусы здольныя і на нешта большае! Нам паказваюць удзельнікаў Паралімпійскіх гульняў. Вы ўсе бачыце самі. Людзі бяз ног, бяз рук, на інвалідных калясках… Зборная Беларусі – сярод лідэраў! У 1996-м на Паралімпійскіх гульнях у Атлянце Беларусь заваявала 17 мэдалёў, а ў 2000-м, у Сіднэі – 23, а ў 2004-м 30 удзельнікаў-інвалідаў здабылі 29 алімпійскіх узнагародаў!

Уладзімер Ваўчкоў, які выходзіць на корт пасьля кастылёў, з жахлівай траўмай – і выйграе ў расейца Міхала Южнага вырашальны матч Кубку Дэвіса! Аляксандр Мядзьведзь, які на вачох у свайго суперніка, на арэне, сам сабе ўпраўляе выбіты палец – і перамагае!

Вось што значыць Народная Воля.

Воля, заснаваная на веры. Воля, якая пераадольвае фізычныя законы, бо ведае закон вышэйшы – закон духу. Воля нацыі, якая адчувае толькі родную зямлю пад нагамі й Госпада Бога па-над сабой!

Што ж дарагія сябры, яшчэ ня сьціхлі пераможныя воклічы й шматтысячнае рэха воплескаў, а мы пераходзім да аднаго з эпіцэнтраў сёньняшняга відовішча – адкрытай арэны адзінаборстваў. “Страх супраць адвагі”. Вы чуеце, трыбуны сьвісьцяць і галёкаюць. Вы бачыце, на чыім баку натоўп. Плякаты: “Хавайся ў бульбу!”, «Белорус – не боец» , «Распни его!», “Трус, трус – белорус!”

Але на рынгу – Вячаслаў Яноўскі. Што гэта, бой зь ценем? Не, гэта бой супраць улюбёнца натоўпу – Страху!

Вячаслаў атакуе сходу. Хук зьлева, апэркот – і найстрашнейшы ўдар правай у лоб! Гатоў! Страх павержаны на першых жа сэкундах. Можна нават не лічыць да дзесяці – ён проста адключыўся. Ну-у, спадарства, беларускае кайло! “Молат на крушэньне камянёў схізмы”, здаецца, так казалі ў Сярэднявеччы? Тут бы і звышцяж Жах скапыціўся.

А на азораны вагнямі рынг ужо выходзіць зборная Беларусі па грэка-рымскай барацьбе, дзюдаісты, самбісты… А вось і каманда-ураган, непераможная зборная па кікбоксінгу! І наапошак – сам Аляксандр Мядзьведзь!.. Зьвярніце ўвагу на трыбуны – куды дзеліся ўсе плякацікі?.. Не – замест іх ужо бел-чырвона-белыя сьцяжкі са знакам “віктары”!

Той, хто раз за разам кідае выклік беларусу, не пакідаючы варыянтаў апроч схваткі сам-насам, каму ўдаецца выцягнуць беларуса на арэну – той трапляе адзіны раз у жыцьці, і больш так ня робіць. Што такое двубой зь беларусам – лепш за ўсё ведаюць скалечаныя, зламаныя й зьбітыя на горкі яблык!

Так, страх беларуса глыбокі. Але пад гэтым слоем, яшчэ глыбей, захавалася тое, што даў нам Бог. Найвышэйшая адвага і львінае сэрца. Каму, як ні нам з вамі ведаць, дарагія гледачы, што беларус ніколі не нападае першым. Ніколі! Беларус унікае, дакуль гэта магчыма. Беларус церпіць, стрымліваецца, трывае. Беларус нават ахвотна падстаўляе абедзьве шчакі, калі ўсё абыдзецца поўхамі… Але калі б’юць далей, заганяюць у самы родны кут, а там таўкуць і топчуць нагамі – сьледуе ціхі, ледзь чутны шчаўчок. Беларус пераключаецца ў рэжым “Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!” – і тады агрэсару дазваляецца толькі адно: даць лататы.

…Сьледам за ўявай бліскучых баёў рэжысэры Адкрыцьця прапануюць Беларусь у вобліку маленькага чалавека. Невялікае рэспублікі. Што мы такога, маўляў, можам у нашае беленькае русі, ды хто мы такія супраць моцных сьвету гэтага?

“Маленькія супраць вялікіх.”

І паверце мне, зараз будзе беларускі адказ!

Вось на вашых экранах Вольга Корбут і Віталь Шчэрба – найлепшыя спартоўцы сьвету 1972 г. і 1993 г.!.. Лязэрныя праекцыі на ўвесь стадыён! Што творыцца на трыбунах!..

Паглядзіце, а на агромністым экране ўжо неверагодны гол Герасімца ў браму футбольнага гранда, зборнай Галяндыі на “Дынама” 7 чэрвеня 1995 г. – і перамога 1:0 у Менску!

Вы бачылі – знакаміты кідок Копаця ў хакейным чвэрцьфінале Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці 2002 г. Шайба! І выйгрыш 4:3 – павержаныя швэды!

А гэта ўжо біятлённая траса, дзе і Нямеччына, і Францыя, і Італія, і Нарвэгія саступаюць месца на п’едэстале беларускім партызанам – хуткім белым снайпэрам!

Беларусы здольныя біцца на роўных з найвялікшымі дзяржавамі як ня шмат якія з краінаў гэтага сьвету. Такіх супернікаў яшчэ называюць “моцнымі гарэшкамі”. Трэба толькі верыць – і, бачыце, можам, калі захочам!

А цяпер мы з вамі наведаем той цэнтральны алімпійскі подыюм, дзе вырашаецца лёс іміджу беларускай нацыі. Наш супернік – магутны стэрэатып. “Беларусь? – нешта невыразнае”, кажуць нам. Някідкая. Непрыгожая. Ніякая, адным словам. Мы чуем гэта на кожным кроку. Рэжысэры даюць нам карцінку. М-да… Бывае, даем падставы… Але ж у выніку мы нешта бледнае альбо ўсё-такі Беларусь?!

Пачынае гучаць музыка… Пазнаеце – наш вялікі Шастаковіч! І вось на арэне беларускія прыгажуні – квартэт мастацкіх гімнастак, цудоўная “срэбная” зборная Беларусі 2002 года. Маленькія грацыі ў паветраным танцы матылькоў. Лепшы рэклямны кліп, лепшая прэзэнтацыя беларускай прыгажосьці – пагадзіцеся, шаноўныя сябры! Эталён, эфэкт беларускай прыгажосьці – ціхі, бліскучы, мілы. Чароўная ўспышка, ахінутая мяккім, зьзяючым, амаль казачным сьвятлом!..

І вельмі, вельмі дарэчы будзе зараз прамое ўключэньне з Раўбічаў. Шоў фрыстайлу. Ала Цупэр, Аляксей Грышын, Зьміцер Дашчынскі: якія кульбіты ды піруэты! Якая бліскучая сьнежная акрабатыка!..

Беларускія спартоўцы сваім іміджам цягнуць за сабою цэлыя палітычныя й гандлёвыя брэнды. Яніна Карольчык – «Беларусь Сегодня». Жэня Паўліна – АНТ. Максім Мірны – “АнтыСНІД”. Уладзімер Парфяновіч – “Беларускі парлямант”.

Адкрыцьцё нацыянальнай Алімпіяды завяршаецца. Наперадзе вас чакаюць спаборніцтвы ў 14-ці відах праграмы. Жывыя трансьляцыі. Толькі фіналы.

Але напрыканцы, наапошак, хочацца сказаць колькі словаў.

Калі ўзгадваеш гэтыя захапляючыя, фантастычныя беларускія матчы, – спадарства, не пакідае ўражаньне цуду. Скажыце самі – праўда ж, нешта найвышэйшае. Проста містычнае!

Бо перамога – і спартоўцы цудоўна гэта ведаюць – дасягаецца толькі тады, калі воля адольвае стому, высільваецца са слабасьці цела, і выбух духу мабілізуе ўсю істоту, для таго, каб пераадолець мяжу магчымага. Чалавечых сілаў для такога замала. Перамога – гэта сапраўды штосьці звышнатуральнае.

Перамога – ад Бога.

І зараз, спадарства, зараз, тут і цяпер, якраз у Беларусі, у якой жывеце вы, момант такое кульмінацыі. Момант ісьціны. Кожны з нас бачыць нашу нацыянальную слабасьць, нашу немач… Некаманднасьць, неспартовасьць, бязвольнасьць, якія спазмамі й сутаргамі паралізуюць усё цела… Нас цягне да зямлі – толькі б упасьці!..

Але мы адчуваем і яшчэ нешта мацнейшае. Пульс нацыянальнае годнасьці – з самага сэрца Эўропы. Позву духу – звыш. Подых волі Божае, якая можа ўсё.

Вы сёньня самі бачылі на ўласныя вочы: беларусы могуць перамагчы сябе. А значыць – і ўсіх астатніх.

Кульмінацыя Адкрыцьця – у Беларусі запальваецца алімпійскі вагонь.

І вы чуеце, чуеце! – пацьверджаньне маіх словаў! – скандаваньне на трыбунах… Увесь народ, паглядзіце, устае са сваіх месцаў для дружнага:

УСЁ ПАД СІЛУ!

УСЁ ТЫ МОЖАШ!

БЕЛАРУСЬ – ТЫ ПЕРАМОЖАШ!!!

АДЗІНАБОРСТВЫ

Той, хто сутыкаецца зь беларусам у асабістым супрацьстаяньні, дарма разьлічвае на мірны нацыянальны характар або комплекс слабейшага. Адзінаборства – гэта спаборніцтва духу. Таму Беларусь мае алімпійскіх чэмпіёнаў і чэмпіёнаў сьвету ў грэка-рымскай і вольнай барацьбе, боксе, дзюдо – і наймацнейшыя на кантынэньце каманды па тайскім боксе, кік-боксінгу й таэквандо.

Увогуле, беларусы ня любяць гвалту. Але калі ўжо сышліся твар у твар, калі пытаньне “альбо ты – альбо цябе” – моцная ўнутраная цярплівасьць і стоеная воля ваяра гатовыя даць адпор каму заўгодна.

Беларусі хопіць адно плечавога поясу, як клясычным дужбітам Алегу Караваеву, алімпійскаму чэмпіёну 1960 г., Лявону Лібэрману, пераможцу першынства сьвету 1973 г. ці Сяргею Ліштвану, чэмпіёну Эўропы 1996 г. і срэбнаму прызёру Алімпійскіх гульняў 1996 г. у Атлянце, каб заламаць любога супраціўніка. Беларусь адолее і Амэрыку, і Расею, і Японію, падобна алімпійскаму чэмпіёну Афінаў-2004 дзюдаісту Ігару Макараву. Беларусь можа схапіць на вагу й грохнуць вобзем, як наймацнейшы ў сьвеце вольнік Аляксандр Мядзьведзь – трохразовы алімпійскі чэмпіён (Токіё 1964 г., Мэхіка 1968 г., Мюнхэна 1972 г.). А калі даць волю рэзкім ударам з акрабатычнай расьцяжкай, дык адным прыёмам кік-боксінгу або таэквандо адправім у накаўт кожнага, хто лічыць беларуса няздольным да бою: Уладзімер Задзіран – чэмпіён сьвету 1993 г. сярод прафэсіяналаў па кік-боксінгу, Аляксандр Злыгосьцеў – віцэ-чэмпіён таго ж году; Аляксей Пякарчык – пераможца Кубку Эўропы, чэмпіён сьвету й Эўразіі 1996г., а таэквандыстка Алеся Чарнецкая – уладальніца 22 мэдалёў чэмпіянатаў сьвету й Эўропы!

Беларусы здольныя перамагаць сябе – а значыць, і ўсіх астатніх.

Цьвёрдыя гарэшкі, беларусы з часоў Полацкага княства практыкаваліся ў дужаньні: асабліва была папулярная “барацьба да крыжа”, калі хлопцы намагаліся распластаць адзін аднаго на зямлі з раскінутымі рукамі.

У вялікіх бітвах Сярэднявечча беларусы заўжды перамагалі меншымі сіламі – бо былі мацней духам, выкарыстоўвалі тактыку раптоўнага ўдару, і біліся да апошняга.

Беларусы цудоўна засвоілі галоўнае правіла адзінаборстваў: выкарыстоўваць напор супраціўніка, каб яго перамагчы. Чуйная й лёгкая разьведка, амаль пяшчотная асьцярожнасьць і партызанская пільнасьць у першых дотыках, прыземістая й ёмістая стойка, сыход ад удараў, лясныя ўлоўкі, хованкі, адступленьне ў самы кут… І раптам – эфэкт грознага разгортваньня сьцятай да болю спружыны. Выбух сілы, настолькі ж разбуральны, як падрыў мосту пад цягніком!.. Гэта – беларускі стыль.

У большасьці выпадкаў беларус выходзіць змагацца супраць байцоў вялікіх краінаў. Супраціўнікі яўна пераважаюць у сіле й агрэсіўнасьці. Таму беларускае адзінаборства – гэта стратэгія Давіда ў баі з Галіяфам. Беларус – менавіта адзінаборца. Не ў натоўпе, не кагалам – ён сам за сябе і адзін на ўсіх.

Тады, калі ўласнае цяжкае дыханьне надрыўна раве ўвушшу, адрэналін шыпіць у мышцах, сэрца, здаецца, вось-вось лопне ад напругі, а падаўленае чужой магутнасьцю цела здраджвае – у сапраўдным беларусе прабуджаецца дух. Ён сьціскае волю ў кулак, раптам разгортвае стагодзьдзямі хаваную моц, разрывае жалезныя захваты, і наносіць удар за ўдарам, і мільгае паніка ў вачох насупраць, і вось яна, перамога!

Станьце ў шэраг, тварам да сьцягу. Прыкладзіце далонь да сэрца. Быццам гімн на ўзнагароджаньні, гучыць:

— Імя і сілу беларуса

Няхай пачуе й бачыць той,

Хто сьмее нам нясьці прымусы

І першым выкліча на бой!

БІЯТЛЁН

Прыцэлься… страляй! – і бяжы, хутчэй бяжы, каб праз колькі хвіляў задыхана бухнуцца ў сьнег, замерці, выцэльваючы чарговую злую чорную пляму на паражэньне.

Так беларусы жылі стагодзьдзямі. Спачатку на паляваньні, потым у партызанцы падчас войнаў, а цяпер вось – у біятлёне.

Біятлён – гэта нешта вельмі беларускае. Нашыя палясоўшчыкі лётаюць на лыжах па засьнежаным лесе й страляюць па мішэнях лепш за ўсіх.

Беларусы ўваходзяць у эліту сусьветнага біятлёну й выбіваюць залатыя алімпійскія мэдалі ў індывідуальных гонках, эстафэтах, гонках патрулёў з часоў СССР. За незалежнасьцю беларускі біятлён дасягнуў піку. Зараз беларусы ўваходзяць у лік фаварытаў у большасьці біятлённых дысцыплінаў.

Юрась Кашкароў – алімпійскі чэмпіён 1984 г. у Сараева, чэмпіён сьвету 1985, 86, 89 гг.; Аляксандр Папоў – чэмпіён сьвету 1989, 1996, 97 гг., срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў 1990 г. у Альбэрвілі; Алег Рыжанкоў – чэмпіён сьвету 1996 – 97 гг.; Вадзім Сашурын – трохразовы чэмпіён сьвету й чэмпіён Эўропы; Сьвятлана Парамыгіна – пераможца Кубку Сьвету 1994 г., чэмпіёнка сьвету 1990, 91, 94 гг., срэбра Алімпійскіх гульняў 1994 г. у Лілехамэры; Алена Зубрылава й Уладзімер Драчоў – чэмпіёны сьвету й неаднаразовыя пераможцы этапаў Кубку Сьвету. Зборная Беларусі некалькі разоў выйгравала сусьветныя эстафэты.

Біятлён – вяршыня беларускага партызанскага іміджу. Лясныя байцы, хуткія, моцныя й па-снайпэрску дакладныя, ўвесьчас даваліся ў знакі акупантам. Біятлён – сучасная партызанка, толькі бяскроўная, захапляючая й відовішчная.

Калі бачыш, як беларусы й беларускі лятуць па дыстанцыі каньковай хадой, абыходзяць машынаў-немцаў зь іх скрышальнай мэханічнасьцю, або рускіх жанчынаў, здольных спыніць на скаку каня й увайсьці ў палаючую хату, калі пакідаюць за сабою нарвэжцаў, фінаў, італьянак ды францужанак – пачынаеш разумець, што ў кожным з нас жыве біятляніст.

Беларусы трываюць на грані змогі, апантана сапуць, працуючы на дыстанцыі, стойваючы дыханьне заміраюць перад агнявой мяжой – і шчоўк паражанае мішэні ды харавы гул трыбунаў з кожным трапным стрэлам чарговы раз даводзіць: Беларусь зноў першая!

Усё сучаснае жыцьцё падначалена пачарговаму бегу навыперадкі й таму, як зрабіць паменей промахаў. І беларускі біятлён сьведчыць: беларусы гатовыя стаць у спаборніцтве зь іншымі народамі лідэрамі.

ГАНДБОЛ

Гандбол – прарыў Беларусі ў гульнявых, камандных відах спорту.

Раскручаны народнай папулярнасьцю 70-х, беларускі гандбол ужо ў 1981-м трыюмфуе на першынстве Савецкага Саюза, а праз год урываецца на цэнтральныя арэны сьвету. Беларусы здабывалі чэмпіёнствы й кубкі скрышальнымі кідкамі, нягледзячы ні на якія аўтарытэты, блёкі й лініі абароны, усе 80-я й 90-я.

Менскі “СКА” тых часоў – шматразовы чэмпіён СССР (1981, 84-86, 88-89 гг.), уладальнік Кубку Эўрапейскіх Чэмпіёнаў 1987, 1989, 1990, Кубку Кубкаў 1983 г. й 1988 г., а таксама Супэркубку 1989 г. Беларусы – алімпійскія чэмпіёны Сэўлу (1988 г.) ды Барсэлёны (1992 г.), дзе яны складалі аснову камандаў СССР ды СНГ.

Так і стаіць перад вачыма тая зорная дружына Спартака Мірановіча – бялявыя й вусатыя прыгажуны-беларусы, што грамілі і Маскву, і немцаў, і швэдаў. Як жа забойна шпурляў мяч Якімовіч, як бамбіў здаля вялізны Тучкін, як падкручваў у палёце з нулявога кута Каршакевіч! А Барбашынскі, Шаравараў, Сьвірыдзенка, Мінеўскі, Галуза!..

Гэта тыпова наша: трымаць абарону ля брамы, на лініі, за якую адступаць нельга, з узьнятымі рукамі, блёк усім целам, прымаючы на сябе гарматныя ўдары – каб потым, пад воклічы з рэхам адправіць мяч цераз усю пляцоўку, атрымаць пас і, абыграўшы суперніка адным няўлоўным рухам, зь віскам паркету ўзьляцець, залунаць па-над зонай, і закруціць галкіперу-акрабату такі кідок, ад якога ён страціць раўнавагу ды заваліцца ў сетку разам з голам… І тады трыбуны ўзравуць, падымаючы дружным уставаньнем на ногі і цябе самога, са зьбітымі аб падлогу лакцямі ды каленямі.

Беларус, гуляючы ў гандбол, адчувае сябе як дома.

Гандбольная пляцоўка ня надта вялікая, беларускага стандарту. Брама на размах рук, мяч адно як узяцца, гульцоў на сямёх, быццам сям’я ў хаце – усё тут беларусу ладна ды ёміста. Ды й сам гандбол, вынайдзены ў такой падобнай да Беларусі Даніі, – гульня на спрыт, раптоўнасьць ды трапны ўдар, а гэта ўжо зусім па-наску, па-партызанску. Для нас “гандбол” ня проста “ручны”, а зручны мяч.

Гандбол пакліканы стаць масавым нацыянальным відам спорту. Танны, ён не патрабуе стадыёнаў, палацаў, каткоў ды даражэннага рыштунку, і ўмяшчаецца ў звычайнай школьнай спортзалі. Даступны практычна кожнаму, здольны захапіць дзяцей, падлеткаў, моладзь так, як калісьці ў 70-я-80-я – павальна. Гандбол – цэлая праграма разнабаковага фізічнага разьвіцьця, выдатная трэніроўка рук, ног і корпусу, сумяшчэньне атлетыкі зь гімнастыкай. Гандбол разам дае навыкі вялікае трыяды – футболу, валейболу і баскетболу.

Гуляй, Беларусь!

ДЫНАМА

“Дынама” – вядучае беларускае спартовае таварыства. “Дынама” – футбольны клюб зь Менску, які ў 1982 годзе стаў чэмпіёнам СССР. “Дынама” – галоўная арэна Беларусі, стадыён з катлавінаю на 45 тысячаў, наш Калізэй.

Таварыства “Дынама” (з грэцкай – “моц”), заснаванае ў 1923 г. як фізкультурнае аб’яднаньне міліцыянтаў і пажарных, за некалькі дзесяцігодзьдзяў дынамічнага разьвіцьця зрабілася сілай і славаю беларускага спорту. Зараз “Дынама” – гэта інфраструктура клюбаў па ўсёй краіне, 20 алімпійскіх відаў спорту, дзесяткі мэдалёў чэмпіянатаў сьвету, Эўропы й алімпіядаў, стадыёны й спарткомплексы ў Стайках і Раўбічах. Легендарныя фэхтавальшчыкі Самусенка, Бялова, Раманькоў, весьляры Макаранка і Парфяновіч, баксёр Яноўскі, біятляніст Папоў, стралкі Шылава й Лукашык – “дынамаўцы”.

Для Беларусі “Дынама” – правобраз магутнага спартовага брацтва нацыянальнай гвардыі, паліцыі, войска, выратавальнікаў, спэцназу. Брацтва, якое б выхоўвала сапраўдных патрыётаў і абаронцаў, мужыкоў-беларусаў, гатовых адстойваць гонар Айчыны перад ўсім сьветам.

“Дынама”, Менск – легенда беларускага футболу. “Бела-сінія” – у колерах Беларусі й неба.

За “Дынама” гулялі беларускія знакамітасьці ХХ ст. – Мустыгін, Малафееў, Зарэмба, Савосьцікаў. 19 лістапада 1982 г., выйграўшы ў апошнім туры саюзнага першынства ў маскоўскага “Спартака” й пакінуўшы ззаду дынамаўцаў Кіева, “Дынама” Менск стала чэмпіёнам СССР.

“Дынама-82” – наша залатая футбольная мара, гістарычныя перамогі ў эўракубках і найярчэйшыя імёны: Пракапенка, Пудышаў, Гоцманаў, Алейнікаў, Зыгмантовіч, Бароўскі, Гурыновіч, Курненін… Каманда зорак, якія гулялі за зборную Савецкага Саюза, лепшыя клюбы Эўропы й нават зборную сьвету. Сёньня “Дынама” Менск – адзін з лідэраў футбольнага чэмпіянату незалежнае Беларусі, самы папулярны сталічны клюб, культ для выбуховых голагаловых фанатаў – “дынамітаў”.

Нарэшце, “Дынама” – гэта стадыён у самым цэнтры беларускае сталіцы, збудаваны яшчэ ў 1934 годзе, адноўлены пасьля вайны й рэканструяваны да Алімпіяды 1980 г. Найбуйнейшы рэчавы кірмаш у Беларусі, дзе атаварваецца паўкраіны – і эпіцэнтар галоўных відовішчаў. “Дынама” бачыла і канцэрты сусьветных зорак, і перадвыбарчы мітынг БНФ пры поўных трыбунах, і эвангелізацыю на 50 тысячаў чалавек.

“Дынама” – гэта ўся моц ста тысячаў вачэй. Непаўторнае пачуцьцё арэны, дзе можна разглядзець у твар амаль кожнага. Усе ўскрыкваюць, ускокваюць і нават уздыхаюць разам! Калі на “Дынама” штосьці адбываецца – увесь цэнтар горада ракоча раскатамі й скаланаецца ад выбухаў голасу народа. Ад рову і рэха, якім вялізарны дынамаўскі рупар надае розгалас грымотаў, дробна дрыжыць шкло і ў Доме Ураду, і ў будынку КДБ, і ў прэзыдэнцкае Адміністрацыі.

Калі Беларусь жыве гэтым матчам, гэтым выступам, гэтым шоў, калі ўся астатняя нацыя ля тэлевізараў – сэрца краіны замірае й шалёна калоціцца там, у гіганцкім дынаміку “Дынама”.

“Дынама” – генэратар велізарнае энэргіі, зарад магутнасьці, што дрыжыць ўнутры гэтага народу. Тае самае стоенае сілы, што гатова падняць усю Беларусь – грандыёзнай стадыённай хваляй.

ЛЁГКАЯ АТЛЕТЫКА

Лёгкая атлетыка – каралева спорту. Чэмпіянат сьвету па лёгкай атлетыцы уваходзіць ў першую тройку папулярнасьці разам з Алімпіядай і футбольным першынствам плянэты.

Беларусы – атлетычная нацыя, што бярэ каралеўскія вяршыні на сусьветных спаборніцтвах. Нароўні зь гімнастыкай ці біятлёнам лёгкая атлетыка – залатаносная жыла беларускага спорту: мы ходзім, бегаем, скокаем, шпурляем дзіды й молаты ня горш за легендарных герояў Элады.

Беларуская лёгкая атлетыка, запачаткаваная на спаборніцтвах у жыцьцялюбе-Гомелі яшчэ ў 1913 г., зь незалежнасьцю дасягнула трыюмфу: у Барсэлёне 1992 у нашых лёгкаатлетаў было 8 мэдалёў, у 1995 г. на чэмпіянаце сьвету ў Гётэборгу нацыянальная зборная Беларусі заняла другое (!) агульнакаманднае месца ўсьлед за зборнай ЗША, на першынстве ў Парыжа 2003 г. мы былі трэцімі.

Вышэй! Хутчэй! Мацней! – беларусы робяць гэта па-майстэрску і прыгожа.

У беларусах лёгка пазнаць нашчадкаў караля Давіда: шпуляць дыскі, штурхаць ядры, кідаць дзіды й молаты – наш каронны нумар. Міхаіл Крываносаў, кідальнік молату – 6-разовы рэкардсмэн сьвету й срэбны прызёр Алімпіяды ў Мельбурне 1956 г., Рамуальд Клім – алімпійскі чэмпіён у Токіё 1964, Эліна Зьверава, дыск, – чэмпіёнка сьвету 1995 г. і алімпійская чэмпіёнка 2000 г., Яніна Карольчык, ядро, – алімпійская чэмпіёнка Сэула-2000 г. пераможца першынства сьвету 2002, Натальля Шыкаленка – срэбра Барсэлёны-92 і чэмпіёнства ў Гетэборгу-95, Ігар Астапковіч, молат, – 2-гі на чэмпіянатах сьвету 1991, 93, 95 гг., срэбны прызёр Алімпіядаў і Кубку Эўропы. Іван Ціхан, кідальнік молату, Ірына Ятчанка, дыскаболка, Андрэй Міхневіч, штурхальнік ядра – залатыя пераможцы Парыжу 2003.

Лёгкая атлетыка – аснова фізкультуры й спорту ў нацыянальным маштабе. Лёгкія, атлетычныя, ладныя мужчыны й жанчыны – такімі Бог ствараў беларусаў. Менавіта лёгкая атлетыка павінна павесьці за сабою масавы рух здаровага ладу жыцьця й выявіць моцную й квітнеючую Беларусь. Краіну, якая перасільвае ўласныя слабасьці дзеля дасягненьня мэты. Краіну, здольную на волю й веру ў спаборніцтве з мацнейшымі. Краіну, гатовую ў адзін цудоўны момант набраць паветра ў лёгкія, пераадолець сябе ды ўвесь астатні сьвет – і быць каранаванай як пераможца. Так, як зрабіла гэта наша алімпійская чэмпіёнка Юля Несьцярэнка ў Афінах-2004.

Бо, як пісаў апостал Павал, “Тыя, якія бягуць навыперадкі, бягуць усе – але толькі адзін здабывае ўзнагароду.” (І Да Карыньцянаў 9:24)

МАСТАЦКАЯ ГІМНАСТЫКА

Мастацкая гімнастыка – цудоўны гімн Беларусі.

Хто бачыў нашых дзяўчынак-матылькоў у акрабатычным танцы – таму ня трэба тлумачыць, наколькі беларускасьць вытанчаная, плястычная, грацыёзная. Беларусы заваёўвалі мэдалі любых вартасьцяў у індывідуальным і камандным разрадах чэмпіянатаў сьвету і алімпіядаў. Алімпійская чэмпіёнка Марына Лобач, пераможца першынства сьвету Вольга Рабіновіч, уладальніца золата на чэмпіянаце сьвету сярод клюбаў Вольга Перапяліца, абсалютная чэмпіёнка Беларусі Юлія Раскіна, срэбныя прызёркі сусьветнага першынства Валерыя Ваткіна й Яўгенія Паўліна – бліскучая каманда!

Сама Беларусь, маленькая, стройная, мілая, выходзіць на арэну з гэтымі дзюймовачкамі – і пачынае паказваць цуды, спадарства, сапраўдныя цуды! Усплёскі музычных акордаў пераліваюцца ў танцы, дзяўчаты перабягаюць, быццам бруяць крынічкі. Плястыка ня целаў – рачное плыні! – і хвалі захапленьня коламі захлынаюць залю! Пяшчотны дотык пальчыкаў, – так вецер кранае лісьце, дружна ўзлятаюць стужкі – так салютуюць у паветра птушкі, у мяккіх тактах калышацца поле, развінаецца шлях, уся нашая краіна зачараванае гармоніі ў мэлёдыі любові… Так выгінаюцца беларускія узгоркі й лагчыны, так, у шпагаце, расьцягваецца смуга па даляглядзе, так, з сальтам гімнасткі, пругка выпростваецца маладое дрэўца, і дырыжыруюць у рытме вальсу пчолкі ля меданосных кветак, і расхінаюцца ў небе крыламі белыя аблокі, і кружыцца галава, як увесь зямны шар.

Усе хараство Беларусі, увесь цуд тварэньня Божага ў вобразе й падабенстве Ягоным!

І ў момант поўнае фінальнае цішыні, калі змаўкае музыка, калі бліскучыя дзяўчаты разам заміраюць, задыханыя, радасныя, і сардэчкі калоцяцца, пульс шалее, і толькі шчасьлівае зьзяньне ўваччу – гледачы, журы, журналісты выбухаюць грамавымі воплескамі! І тады ў іх, якія аддалі ўсё, што маглі, да ўздыху, да кропелькі змогі, у якіх і сілаў засталося адно каб стаяць балюча, але стаяць! – буйным плянам тэлевізіі перад усім сьветам, у дрыжачых, трапяткіх, крылатых – адкрываецца табе Беларусь, самаадданая, юная, каханая.

ПРЭЗЫДЭНТ-АЛІМПІЕЦ

Пасьля Лукашэнкі ва ўсім сьвеце Belarus – гэта ўжо ня трактар, а прэзыдэнт з хакейнай клюшкай.

Ледзь апынуўшыся на палітычным Алімпе, Аляксандр Лукашэнка вырашыў сыграць ва ўласную гульню: сур’ёзна заняўся спортам.

Прэзыдэнт, які ўзяўся кіраваць Нацыянальным Алімпійскім Камітэтам (супраць выказаліся адзінкі, кшталту гросмайстра Купрэйчыка) – гэта, канешне, скандал. Прэзыдэнт прылюдна, з нагоды й безь яе, у ахвотку лупіць па шайбе, арганізоўвае лыжаролерны прабег на сьвята й сам прыходзіць першым, або ганяе ў бронекамізэльцы ў футбол на “Дынама”. Цырк? Але, наперакор шоку ў Эўропе ды раздражненьню эліты, – народу падабаецца.

Спартовы, моцны – нават магутны – “бацька”, які ня паліць і ня п’е, спавядае дэманстрацыйна здаровы лад жыцьця й асабіста “ўстаўляе” за паразу зборнай – вобраз яўна выйгрышны. Хоч ня хоч, першабытны архетып асілка, ад якога млеюць жанчыны.

Што застанецца Беларусі ад прэзыдэнта-алімпійца? Лядовыя палацы ў кожным абласным цэнтры, гіганцкі сталічны футбольны манэж, гарналыжная траса пад Лагойскам ды перакупленыя ў Расеі й Украіны спартоўцы.

Што яшчэ? Эпоха хакею. Беларуская зборная ў васьмёрцы мацнейшых, перамога над Расеяй на Чэмпіянаце сьвету ў Піцеры-2000, сэнсацыйны выйгрыш над швэдамі 4:3 на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці… “У Крамлі спадару прэзыдэнту раяць паменей махаць клюшкай, асабліва ў бок Вашынгтону” – расейская дыпляматыя тае пары.

Прэзыдэнт-алімпіец узяў ды раздаў нацыянальныя спартовыя фэдэрацыі ў нагрузку высокапастаўленым дзяржаўным чыноўнікам. Хакей – міністру ўнутраных справаў (такія ў нас справы), футбол – старшыні Савету Бясьпекі (а то як жа – самы масавы спорт!), гімнастыку, што характэрна – гнуткаму кіраўніку сваёй адміністрацыі. У адказ чамусьці пасьледавалі правалы на Алімпіядах: калі ў 1992 г. у Барсэлёне Беларусь заваявала 17 залатых мэдалёў, у Атланце 1996 г. толькі 1, у Сіднэі-2000 – тры, у Афінах-2004 – дзьве.

Нацыянальнага спартовага буму не атрымалася – хутчэй, асабісты піяр. Усе ачкі, галы й сэкунды, якіх не далічылася Беларусь, запісаў на свой уласны рахунак прэзыдэнт-алімпіец. Нягледзячы на забароненыя прыёмы й паўтузін чырвоных картак ад міжнародных фэдэрацыяў, Аляксандра Рыгоравіча ніхто ня змог выдаліць з поля. Старшыня Нацыянальнага Алімпійскага Камітэту ўсё-такі.

Любая гульня калі-небудзь заканчваецца.

Але аднойчы, за тэхналягічным і высакалобым кіраўніком-дэмакратам, гледзячы па тэлевізіі трансьляцыю чарговага чэмпіянату, беларускі народ уздыхне з настальгіяй: “Вось жа, быў у нас калісь прэзыдэнт. Алімпіец!”

РАЎБІЧЫ

Раўбічы – нацыянальная база зімовых відаў спорту.

У 70-х Раўбічы пабудаваў Машэраў. Сыстэма лыжных трасаў, тры трампліны, ролікадром, стрэльбішчы, гатэлі. Шыкоўны хрусталёвы сэрвіз для краіны, якая траціну года жыве ў сьнягох і захапляецца біятлёнам, лыжамі, фрыстайлам ды рознымі іншымі цудамі з ільдом.

У 1974 г. Раўбічы 100-тысячнымі трыбунамі прымалі чэмпіянат сьвету па біятлоне, летась, праз 30 гадоў, эўрапейскае першынство. У Раўбічах пастаянна трэніруюцца нацыянальныя зборныя па зімовых відах спорту, сьнежныя каралі і каралевы беларускага спорту.

Раўбічы разьмяшчаюцца на поўнач ад Менску, у беларускай Швайцарыі. Найвышэйшыя у Беларусі ўзгор’і, нагрувашчаныя ледавіком, стомэтровыя схілы, парослыя хваёвым лесам, чыстае паветра й далёкія горныя панарамы, не раўнуючы альпійскія або скандынаўскія.

У Раўбічах знаходзіцца адно з прэзыдэнцкіх лецішчаў, рэзыдэнцыя амэрыканскага амбасадара й цэлае мястэчка элітных катэджаў.

Раўбічы – беларуская зімовая казка. Заінелыя хвоі, мароз і сонца, усё іскрыцца. Людзі, як гномікі ў вязаных шапачках, румяныя і пухнатыя, зухавата зьяжджаюць на лыжах з гары. А па-над усім гіганцкія трампліны, бачныя з ускраіны Менску й зь 5-тысячнай купюры беларускіх рублёў.

Чым ёсьць Раўбічы для нацыянальнай ідэі?

Крышталік белае-белае беларускае зімовае мары. Сьняжынка. Унікальны іскрысты цуд празрыстага бляску, які ў марозны і ясны дзень растае пякучым пацалункам на шчаце, каб зноў жыць у небе – на вышыні птушынага палёту, раскінуўшы ўзоры-крылцы, быццам лыжнік, што выляцеў з трампліну.

Раўбічы – наш трамплін у Алімпійскія гульні. Чаму б не? Зімовая Алімпіяда пад Менскам – гэта ня холадна, гэта бліскуча.

СПАРТОВАЯ ГІМНАСТЫКА

Магутнасьць, красу, грацыю і плястыку, заключаныя ў чалавечым целе, здольнасьць трымацца на адбітках пальцаў, завязваць сябе вузлом і нават лётаць спалучае ў вадно нешта фантастычнае – беларуская спартовая гімнастыка.

Беларусы выдатна ведаюць, што такое дасканаласьць цела. Паводле Бібліі, цела – храм духу, і хрысьціянства адрозьнівае паважнае стаўленьне да таго, у чым Госпад Бог памясьціў нашую істоту: “Ці ня ведаеце, што целы вашыя – храмы Сьвятога Духа, Які ў вас жыве?” (І Да Карыньцянаў 6:19)

Можа быць, таму спартовая гімнастыка – адна з самых прэстыжных у сьвеце дысцыплінаў. Вялікія дзяржавы змагаюцца за першынства на брусах, колцах, перакладзіне зь геапалітычнай прагаю. Беларусь умешваецца ў гэтыя бітвы тытанаў, выходзіць на памост, творыць цуды – і перамагае.

Беларуская зямля, зь якой зьлепленыя гэтыя цудоўныя біцепсы, зьвязкі ды пальцы, зямля з самага сэрца Эўропы, сьцінаецца й перасільвае ўсе неабсяжныя прасторы Расеі, даліны й горы Кітаю, аж да самага Тыбету, і разьлеглую між трох акіянаў Амэрыку. Пругкасьць, мяккасьць, гнуткасьць, стоеныя ў Беларусі, аказваюцца наймацнейшымі на плянэце.

Беларусь дала сьвету супэрзорак спартовае гімнастыкі – 6-разовага алімпійскага чэмпіёна і 13-разовага чэмпіёна сьвету Віталя Шчэрбу, 5-разовую алімпійскую чэмпіёнку Нэлі Кім, Вольгу Корбут, уладальніцу чатырох залатых алімпійскіх мэдалёў, двухразовую пераможцу Алімпіяды Ларысу Петрык, Сьвятлану Багінскую (3 алімпійскіх золата, срэбра і бронза, чэмпіёнства Эўропы і сьвету), двухразовага абсалютнага чэмпіёна сьвету Івана Іванкова… У 1994 г. мужчынская зборная Беларусі стала першай у Эўропе, а ў 2001-м – у сьвеце. Беларускія гімнасты Вольга Корбут у 1972-м і Віталь Шчэрба ў 1993-м былі прызнаныя лепшымі спартоўцамі году на ўсім зямным шары!

Беларусь – гэта сіла. На кані, на бервяне, у апорным скачку, на перакладзіне. На колцах, на брусах, у вольных выступах. Сальта, махі, сілавыя элемэнты, пералёты ды саскокі – ідэальныя. Калі нашыя гімнасты робяць практыкаваньні – у цішы, толькі пошум выдыхаў, стогн снарадаў і хрумст суставаў, калі трымцяць бліскучыя мышцы, налітыя, напятыя, напружаныя да звышсілы, – замысел Божы разгортваецца з грандыёзнай прыгажосьцю. Ты бачыш у гэтых постацях і чалавека, і нацыю, і краіну.

Паглядзіш беларускую спартовыю гімнастыку – і пачынаеш разумець, чаму Творца ўваскрашае людзей для Царства Нябёснага ў целе.

ТЭНІС

Беларусь – краіна дваровага пінг-понгу, радзіма абсалютнага чэмпіёна па настольным тэнісе Ўладзіміра Самсонава й найлепшых гульцоў парнага разраду ў вялікім тэнісе – Максіма Мірнага й Натальлі Зьверавай.

Сталы для маленькага тэнісу расстаўленыя ў нас паўсюль: ля пад’ездаў, у школьных спортзалях, інтэрнацкіх пакоях. Беларускі фармат – разьмінаеш усе мышцы да ўзмакрэлае распаранасьці, не адыходзячы ад стала, са спартовым снарадам вагою зь яечную шкарлупінку. Можна рэзацца гадзінамі сам-насам, навылет або камандамі. Ідэальны пакаёвы спорт для гарадзкое цывілізацыі!

Толькі найноўшая Беларусь магла вырасьціць на такіх сталох сусьветныя цуды. Наш Уладзімір Самсонаў – чэмпіён сьвету, супэрзорка настольнага тэнісу. Перамагчы ўсю Эўропу й нават фэнамэнальных кітайцаў – тут сапраўды трэба быць беларусам. Уладзімір Самсонаў, быццам біблійны Самсон, расправіўся з тысячай супраціўнікаў маленькай, памерам з далонь, штуковінай: “Знайшоў ён сьвежую асьліную сківіцу, і, працягнуўшы руку сваю, узяў яе і забіў ёю тысячу чалавек.” (Судзьдзяў 15:16)

Увесну 2003 г. мужчынская зборная Беларусі на чале з Самсонавым выйграла залатыя мэдалі каманднага чэмпіянату Эўропы.

Настольны тэніс патрабуе імгненнае рэакцыі – такой валодаюць паляўнічыя, пілёты-асы або людзі з лёсам мішэняў. Амаль бязважкі шарык страляе ў цябе разам з імпэтным шчоўкам аб стол – адбівай!

Шарык-плянэта круціцца, як электрон, зьвініць – і ягоная траекторыя падуладная толькі твайму натхненьню. У настольным тэнісе ва удар адначасова ўкладваеш і моц – з размаху, усім целам – і пяшчоту лёгкага дотыку. Долі сэкунды, момант падкруткі, ты інтуітыўна адчуваеш, як ставіць далонь з ракеткай, як пацэліць, а перад табой ужо наступны ўдар.

Б’е, ляціць хутчэй за думку – працуюць адныя імпульсы – а ты будзь пільным!

Такое тэніснае спалучэньне моцы й ласкі, стрыманасьці і сілы, чуйнасьці й трапнасьці, уласьцівай і партызанскаму біятлёну, і спартовай гімнастыцы, і найэфэктнейшым прыёмам адзінаборстваў, і выяўляе беларуса.

Ці не адсюль наш апошні спурт у вялікім тэнісе й фантастычны сэзон 2004 году:

Кубак Дэвіса, 1/8, супэрматч Максіма Мірнага й подзьвіг Уладзіміра Валчкова: 3:2 – б’ем другую ў сьвеце зборную Расеі! 1/4, Беларусь – Аргентына, 5:0!

Паўфінал – і зборная Беларусі ўваходзіць у дзесятку мацнейшых!

Такі тэніс – быццам зацятая спрэчка. Абмен зьлёту бліскучымі словамі. Двубой думак. Так усе імгненна, твар у твар, тэт-а-тэт… У гэткіх жа бязважкіх, імклівых, трапных словах, думках, ідэях беларусы – чэмпіёны.

Увогуле, за сталом – бяседным, пісьмовым ці тэнісным – мы сярод лідэраў на плянэце.

Пінг-понг, тып-топ, цік-так – мозг зь ледзь заўважным мільгаючым рытмам рэгіструе факты й абароты, толькі што прачытаныя ў кнізе.

Прымай падачу!

ФУТБОЛ

Спорт №1, відовішча мільярдаў, 22 гульцы на вялізным полі, сусьветная індустрыя, дзе мяч круціцца, як цэлая плянэта – што ён можа дадаць да беларускай нацыянальнай ідэі?

Можа, тое, што амаль усе беларускія хлопчыкі, пачынаючы з двароў і школьных стадыёнаў, днямі апантана носяцца зь мячом, спрабуючы спрытна абвесьці, адпасаваць пяткай, прабіць церазь сябе й закалаціць у самую “дзевятку”?

Можа, тое, што падчас вялікіх матчаў, чэмпіянатаў сьвету, Лігі Чэмпіёнаў і гульняў зборнае Беларусі ва ўсёй краіне спыняюцца тэлесэрыялы, музыка і навіны – і мільёны захопленых беларусаў зь вячэрай, півам, дзецьмі гняздуюць каля тэлевізараў у прадчуваньні сьвята, хвалюючага й відовішчнага?..

Можа, тое, што ў 1982-м менскае “Дынама” выйграла чэмпіянат СССР і бліскуча выступіла ў Эўракубках – і гэта выклікала выбух нацыянальнай сьвядомасьці сярод балельшчыкаў?.. Моладзь з чырвона-зялёнымі бэсэсэраўскімі сьцягамі, якія адбіралі міліцыя, валіла на стадыёны і, называючы фанатаў маскоўскіх клюбаў “маскалямі”, раўла “Жыве Беларусь!”

Можа быць, перамогу над грандам сусьветнага футболу, зборнай Галяндыі ў чэрвені 1995, пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму па зьмене дзяржаўнае сымболікі – калі тысячы бел-чырвона-белых сьцягоў, ужо забароненых, калыхаліся морам на “Дынама”, і 50 тысячаў балельшчыкаў на заканчэньні матча апанавалі цэнтар сталіцы? Найбуйнейшая маніфэстацыя 95-га – нацыянальнае шчасьце пад бел-чырвона-белымі сьцягамі!

Можа, Сяргея Алейнікава ў “Ювентусе”, Сяргея Гурэнку ў “Роме”, Валянціна Бялькевіча й Александра Хацкевіча, аснову кіеўскага “Дынама”, Аляксандра Глеба, які сёньня ўваходзіць у тройку вядучых гульцоў Бундэсьлігі, Віталя Кутузава, запрошанага выступаць за “Мілан” – нашых зорак-беларусаў у супэрклюбах?..

А можа, рэгіянальных пераможцаў незалежных чэмпіянатаў Беларусі – мазырскую “Славію”, барысаўскі “БАТЭ”, бабруйскую “Белшыну”, “Гомель, салігорскі “Шахцёр”, гарадзенскі “Нёман” – якія ўздымалі шматтысячныя нацыянальныя хвалі ў сваіх гарадох і натхнялі цэлыя краі масавай нацыянальнай сьвядомасьцю.

Але, як хорам пяюць футбольныя заўзятары – але, але, але, але…

Няхай пакуль Беларусь у дзевятым дзесятку сусьветнага рэйтынгу FIFA, няхай прайграем усім суседзям і на мундыялях хварэем хіба што за прыгожую гульню – жаданьне перамагчы Бразылію ды Італію ўсё роўна мацней. Мы марым пра беларускіх супэрфорвардаў, зорныя клюбы і поўныя бел-чырвона-белых сьцягоў трыбуны.

А значыць, Беларусь будзе гуляць ў футбол, дакуль ня стане чэмпіёнам сьвету.

ФЭХТАВАНЬНЕ

Беларусь ХХ ст. спарадзіла грандаў пякучай халоднай зброі.

– Віктар Сідзяк з бляскам працяў усе 70-я маланкавай сэрыяй перамогаў. Быццам сыгнальныя ўспышкі ад трапных уколаў – 4 залатыя алімпійскія мэдалі 1972, 1976, 1980 гг.!

– Алена Бялова налыгала на сваю рапіру 8 званьняў чэмпіёнкі сьвету і вытанчана, на вастрыі, здабыла чатыры алімпійскіх золата: 1968, 1972, 1976 гадоў!

– Тацьцяна Самусенка выканала захапляючую камбінацыю на трох Алімпіядах: золата 1960, 1968, 1972 гг.!

– Аляксандр Раманькоў правёў усё жыцьцё ў дзёрзкай атацы з жарсьцю д’Артаньяна: 5-разовы чэмпіён сьвету, чэмпіён алімпійскага Сэула 1988 г., прызёр алімпіядаў 1976 і 1980 г.!

– А яшчэ чэмпіёны сьвету й Эўропы Прыходзька, Ніканчыкава, Паўлоўскі, Алёхін, Карэцкі, Расолька!…

Бліскучае, зіхоткае, з россыпам медалёў беларускае фэхтаваньне – звонкія згукі тых часоў, калі ўся наша шляхта насіла зброю й білася на дуэлях ня горш за мушкецёраў Дзюма.

У XVII – XVIII стст. беларускія шляхцічы выцягвалі шаблі з похваў штораз, як ішлося пра гонар. На павятовых сойміках супраціўнікі рубіліся проста ў залі паседжаньняў. Фэхтаваньне было цэлай навукай, якую вывучай зь дзяцінства разам з лацінай і матэматыкай. Спорт насамрэч высакародны. Вытанчаны, арыстакратычны, нават далікатны. Калісьці ў двубоях на шпагах раны хутчэй нагадвалі расьсячэньне скальпэлем, а шнары насілі годна, як родавую геральдыку. Цяпер уся соль выключна ў дотыку.

Фэхтаваньне вымагае імгненнай рэакцыі, чуйнасьці, і нэрваў – сталёвых і вострых, як лязо. Усяго таго, чаму навучылі беларуса лясныя гушчары й грозная гісторыя. Цікуеш за супраціўнікам, асочваеш драбнюткія рухі вачэй ды мышцаў, ловіш выпад, каб адвесьці яго адным блікам сваёй рапіры, і тут жа высьлізгваеш з-пад ягонай рукі, і джаліш раскрытага – так, як іголкай прыколваюць матылька.

Жыцьцё на вастрыі – гэта настолькі па-беларуску!…

Сучаснае фэхтаваньне, якім, паводле афіцыйнай спартовай статыстыкі, у Беларусі зараз займаецца 1615 энтузіястаў, глядзіцца як дзіўнае прытанцоўваньне з рэзкімі выпадамі, дзе ўсё вырашаюць цалі сэкунды, а ўкол працінае, быццам маланка. Век электронікі – суцэльная хуткасьць і сканцэнтраванасьць.

Беларусь зь юнацкіх гадоў бліскуча валодае гэтым сьмяротным майстэрствам. Пільнасьцю. Вострай імклівасьцю. Раптоўным ударам, які працінае наскрозь.

Дай жа, Божа, каб фэхтаваньне заставалася для беларусаў толькі спортам!

ХАКЕЙ

У хакей гуляюць сапраўдныя мужчыны. Беларус гуляе ў хакей!

Ды й яшчэ як гуляе: Беларусь – радзіма Лукашэнкі, прэзыдэнта з клюшкай, будаўніка лядовых палацаў; Васіля Копаця, што шакіраваў швэдаў страшнай шайбай на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці і вышыб іх з паўфіналу; і, вядома ж, хакеіста № 1 у сьвеце, супэрзоркі Нацыянальнай хакейнай Лігі Уэйна Грэцкі.

Мала таго, Беларусь уваходзіць у дзесятку наймацнейшых зборных сусьветнага хакею.

Беларускі хакей – гэта выйгрыш у Піцеры 2000 г. у зборнай Расеі, гаспадароў чэмпіянату сьвету, і гістарычная перамога 4:3 на Алімпіядзе 2002 г над фаварытам – зборнай Швэцыі.

Беларускі хакей – гэта турнір цяжкаўзброеных рыцараў. Ёсьць нешта сярэднявечнае ўва ўсіх гэтых дасьпехах, шлемах, шчытках, бліскучай і вострай сталі, лётаньні па лязу з росчыркамі й іскрыстымі пырскамі. У імклівых сутыкненьнях з трэскам клюшак, як мячоў і дзідаў, у кідках пад удар, магутных штуршках на борт – такіх, што здрыгаюцца ўсе трыбуны, масках галкіпэраў, расьсечаных жорсткім позіркам, крыках, калі рубяцца зьлёту, і крыві на лёдзе.

Рыхтык рыцарскі бой – хіба што канькі замест коней.

І калі беларуская дружына ў бела-чырвоных колерах рушыць у атаку – верыцца, што гэта нашчадкі тых, хто ўдзельнічаў у Лядовым пабоішчы, хто граміў тэўтонцаў пад Грунвальдам, хто дазваньня разьбіў маскоўскіх захопнікаў пад Воршай. У хакейным грукаце й бляску сёньняшніх дзён чуецца вокліч ліцьвінскага рыцарства й ярасны гул бітваў на гарачым лёдзе.

Беларусь можа лічыцца вялікай хакейнай дзяржавай хаця б таму, што галоўная легенда хакею – кароль Артур НХЛ Уэйн Грэцкі – паходзіць зь сям’і беларускіх эмігрантаў. Вандроўны лядовы рыцар зь Беларусі заваяваў мільёны халодных сэрцаў па ўсім сьвеце і стаў прыкладам волі, веры й мужнасьці для падлеткаў.

Спадары рыцары, да бою!

Беларус Руслан Салей – абаронца сэнсацыйных “Магутных Качак” з Анахайма 2003 г., што закінуў рашаючую шайбу ў адным з матчаў фінальнай сэрыі Кубка Стэнлі “Д’яблам” з Нью-Джэрсі .

Беларус Андрэй Кавалёў – чэмпіён СССР апошніх гадоў яго існаваньня, чыя зорка зазьзяла на поўную моц у НХЛ .

Беларус Сяргей Фёдараў, чэмпіён сьвету 1989-90 гг., – самы каштоўны ігрок НХЛ, уладальнік Кубку Стэнлі й кубку Эўрапейскіх Чэмпіёнаў. Ды й знакаміты Павал Бурэ, якога ў НХЛ называюць “рускай ракетай” – родам зь Менску.

Беларускі хакей – гэта не Лукашэнка. Наш хакей – гэта грозны беларус у рыцарскае брані.

Найлепшы нацыянальны вобраз для раскруткі баявога духу!

ЦЯЖКАЯ АТЛЕТЫКА

Так, гэта нялёгкая атлетыка.

Цяжкаатлет, які б’е сусьветны рэкорд, умомант робіцца легендай: а як жа – самы моцны чалавек на зямлі! Для дзяцей, якія мараць вырасьці й стаць дужымі, ягонае імя набывае магічнае значэньне. Быць як Курловіч. Гнуць манэты, перакручваць падковы й завязваць вузлом цьвікі, як Тараненка. За 1 гадзіну падымаць адной рукой без адпачынку, не апускаючы на зямлю, 32-кіляграмовую гіру – 1032 разы! – як Харанека.

Беларусы ў асобах цяжкаатлетаў перамагалі і Расею, і Амэрыку, і ўсю Эўропу. Аляксандр Курловіч – алімпійскі чэмпіён Сэула-88 і Барсэлёны-92, чэмпіён сьвету 1987, 1989, 1990 гг., чэмпіён Эўропы 1987, 1990 гг. Лявон Тараненка – пераможца Алімпіяды 1980 г. і чэмпіянатаў сьвету 1980 й 1991 гг., уладальнік 19 рэкордаў сьвету. Ганна Бацюшка – срэбная прызёрка апошняй Алімпіяды з сусьветным рэкордам у рыўку. Вячаслаў Харанека – супэрчэмпіён у гіравым спорце, уладальнік 54 нацыянальных рэкордаў па пад’ёме цяжараў, зь якіх 10 ня маюць аналягаў у сьвеце й зафіксаваныя ў Кнізе рэкордаў Гінэса. Вось яна, клясычная беларуская праца – пад’ём цяжараў бяз стомы!

Ані Рэмба, ані Шварцнэгер так ня здолеюць.

Беларусы падымалі краіну з руінаў пасьля кожнае вайны. Трывалі страшны гнёт акупацыяў і рэжымаў. Здужалі ўсё, выціснулі на руках – і кінулі гэтую вагу, пераможаную, на памост гісторыі.

Беларуская цяжкая атлетыка – фэномэн з таго ж шэрагу, што і БелАЗ, трактар “Беларус” або колавыя цягачы менскага аўтазавода. Гэтая здольнасьць нацыянальнае ідэі называецца пад’ём цяжару.

У Беларусі быў цяжкі лёс?

Вытрымала.

Ато дзіва – найзнакамітшымі спартоўцамі даваеннае Беларусі былі таксама цяжкаатлеты Александровіч й Сакалдзінскі.

Гэтак растуць на беларускае зямлі дрэвы-волаты. Корч курганам, ствол у тры абхваты, раскідвае крону на паўнеба.

Гэтак нясуць беларусы свой крыж – аграмадны, з таго самага дрэва.

І калі Беларусі надыдзе час падымаць Эўропу ды браць на сябе Расею – будзе так. Мужык-беларус – гара, што перасоўваецца! – выйдзе на арэну перад усім сьветам. Успыхне белы пылок тальку, якім аціраюць далоні. Возьмецца, каб ямчэй, за самую вось Усход-Захад. Зьбярэцца. Паднатужыцца. Крэхне – і йрване на сябе з жыламі цяжэнны й бліскучы груз, пераадольваючы ўсю сілу зямнога прыцягненьня. Пакладзе на грудзі. Выпраміць ногі, стане, каб аддыхацца… Усе змоўклі, адно беларус сапе, бы той колавы цягач. І нарэшце штурхне ўгару непамысную вагу, аж затрашчыць усё навокал!…

Выцягне на руках яе, узьнятую – і пад захоплены роў трыбунаў паставіць у чалавечае гісторыі новы сусьветны рэкорд.

Каментары (1)

  1. Усе гэта правільна. Добра для здароўя быць спартоўцам. Выдатна мець перамогі ў
    спартовых спаборніцтвах і мець дзесьці схаванае пачуцце перавагі над іншымі, але гэта
    ўсе асабістае і ні абавязкова звязанае з пачуццем нацыянаьнае годнасці, а толькі ўласнае
    эгаістычнае пачуцце сваей асабістай велічнасьці, як лепшага сярод лепшых.
    Пры ўсей сваей павазе да Паўла як да асобы, як заўзятага , перакананага абаронцы сва
    ўласнае краіны, якая мае велічную назву БЕЛАРУСЬ, не магу пагадзіцца з яго занадта
    разгорнутым увасабленнем і пералікам усяга што есьць і робіцца ў Беларусі – гэта азначае
    беларускую нацыянальнуюідэю. Так, нацыянальная ідэя, як і ўсякая іншая, ахоплівае вельмі
    шырокае коля паняццяў і накірункаў, але сыходзіць да даволі вузкіх паняццяў, як, самая
    галоўная, мова, культура і літаратура, а ўсе астатняе з імі звязана ў той ці іншай ўласціывасці.
    Бог ні мае ніякага дачынення да нацыянальных каштоўнасьцяў і зносін і ні трэба яго усякай
    патрэбы ўмешваць у нашы надзенныя ўласныя справы. Бог – гэта такая асоба, з якой трэба
    размаўляць без сведкаў. адзін на адзін з развагаю і спадзяваннямі на ЯГОНУЮ велічнасьць.
    Таксама ні магу пагадзіцца і з тым, што нас 70 гадоў пераконвалі ў антыбеларускасьці. Вядома,
    беларуская мова ні ў пашане даўно, але ей можна было карыстацца, і хто хацеў, той і рабіў
    гэта без ўсякага страху. Адчувальная ганьба беларускасьці прыйшла да нас з прыходам, навязанага
    праз расейцаў кіраўніцтва і спрадвечнай знявагай беларусаў праз Расею і яе вялікадзяржаўны
    шавнізм, а найбольш яўна высьветлілася імкненне інкарпарацыі Беларусі з прыходам да ўлады
    Пуціна і яго гэбісцкага атачэння.
    Добра перамагаць у спартовых спаборніцтвах, добра мець, тут будзе да рэчы, Богам дадзеныя
    багацці і многа чаго іншага, але ніколі не ператварацца ў “Іванов не помняшіх своего родства” –
    гэта найцяжэйшы грзх, які ні зможа дараваць ніхто. Усім даўно вядома, што без мовы і культуры –
    няма нацыі, а калі няма нацыі – няма нічога. Застаецца толькі асабістая ўласнасьць.
    Меркаваў, што НАШАЗЯМЛЯ стане тым асяродкам, вакол якога пачне гуртавацца сапраўдная
    нацыянальная інтэлегенцыя і так павінна быць. Тут павінны друкавацца праграмныя дакументы
    іх дзейнасьці і ні мае вялікага значэння каго ВЫ прымеце ў гэтае не відочнае і нідзе ні вызначанае,
    нікім не рэгістраванае ЗГУРТАВАННЕ.
    Поспехаў ВАМ усім.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы