nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ. Частка VІ. Беларускія асобы

1 жніўня, 2007 | Няма каментараў

Павал Севярынец

���1.GIF

Ты, ведаеш, Беларусь – гэта штосьці вельмі асабістае. Ня проста асаблівае – асабістае. Бо Беларусь –  краіна асобаў.

І ты сам, і твая нацыя, і ўсё чалавецтва – перадусім асобы. Незвычайныя, унікальныя й пры гэтым падобныя. Бо, як кожная асоба, ты – вобраз і падабенства Божае. Як і кожная асоба, ты носьбіт унікальнай місіі ў гэтым сьвеце. Як і кожная асоба, ты – і клетачка сваёй нацыі, і мікракосм усяго чалавецтва.

Як там кажуць у галівудзкіх фільмах? “Нічога асабістага”?

Але ў Беларусі  ўсё асабіста!

“Гэта асабістае” – скажуць табе беларусы і пра мову, і пра любоў да Радзімы, і пра веру ў Бога.

Асабістае – бо кожны з нас сустрэўся зь Беларусьсю празь нейкую асобу –  гістарычную ці сучасную, незнаёмую ці родную, паэтычную ці палітычную.

Асабістае – бо ў Беларусі нацыянальная ідэя дагэтуль ня сталася масавай. Нацыянальная эліта і дацяпер хутчэй не адзіны арганізм, а броўнаўскі рух атамізаваных асобаў.

Асабістае – бо ў адрозьненьні ад індывідуалістычнага Захаду й калектывісцкага Ўсходу Беларусь спрадвеку ўвасабляла гарманічную раўнавагу паміж адзінкай ды супольнасьцю, залатую, сутнасна хрысьціянскую раўнавагу ПЭРСАНАЛІЗМУ.

Адсюль і сіла, і слабасьць Беларусі. І сотні геніяў, і “мая хата з краю”. I самавітыя людзі, і невыразны народ. I моцная сямейнасьць, і кволая нацыянальная салідарнасьць.

Пэрсаналізм – ня менш беларуская якасьць, чым цярплівасьць, гасьціннасьць альбо, напрыклад, стоеная сіла. У сваю чаргу беларускасьць – гарантыя цэласнасьці й каштоўнасьці асобы.

Нарэшце, беларускасьць выключна асабовая, бо адпачатку духовая: асоба – гэта катэгорыя духу.

Беларусы, дзесьці сьвядома, але ў большай ступені інстынктыўна, адчуваюць у сабе вобраз і падабенства Божае Асобы. Асобы Хрыста, ад якога бярэ пачатак уся сутнасьць беларускасьці. Першаасоба ў беларуса настолькі моцная, што ўпару казаць пра фэномэн на ўзор габрэйскага – нацыю асобаў. Нацыю геніяў, нацыю апосталаў. Нацыю прарокаў, кніжнікаў і скончаных эгаістаў.

Настолькі ж асабістая Біблія: напісаная пра Асобу і асобаў, праз асобаў і для асобаў, яна найпаўней з усіх кнігаў адкрывае чалавеку ўвесь непаўторны сьвет асобаснага.

Асабістае – таемнае, вельмі свойскае, нават інтымнае. І як любоў не абстрактная, а асабістая, так і беларушчына арыентаваная на канкрэтнага ўнікальнага чалавека.

Асоба як элемэнтарная адзінка роду чалавечага, можа дасягнуць унівэрсальнага ўзроўню толькі ў нацыянальным абліччы.

У нетрах асабістага ўзьнікаюць магнацкія дынастыі й гіганцкія транснацыянальныя карпарацыі, народныя эпасы і плеяды патомных геніяў; праз асобу, і ніяк інакш, разбудоўваліся ўся аграмада Старога Запавету й падваліны цывілізацыяў Усходу ды Захаду. Кожная асоба мусіць ведаць свайго родапачынальніка; мець поўную скарбаў, зьдзяйсьненьняў і тытуляванае геральдыкі Кнігу Быцьця; памятаць трагедыю, што разыгралася ў сховах даўняга часу; і, канечне, падпарадкоўваецца свайму наканаванаму року, цi гэта сорак гадоў блуканьня, ці стогадовая адзінота, ці тысячагодзьдзе змаганьня за волю.

Самае крышталёвае й сьвятое з усіх пачуцьцяў, што здольная даць асобе нацыя – гэта адчуваньне сябе на вяршыні чалавечае гісторыі, грандыёзнай піраміды продкаў, збудаванай ў імя цябе. У тваёй гісторыі скрозь тысячагодзьдзі сьцінаюцца лініі лёсаў, памкненьні кожнае роднаснае душы, адказнасьць перад ўсімі сваімі, хто быў, і за ўсіх, хто будзе, абуджаюцца нечуваныя сілы, магутнасьці краіны й народу скрыжоўваюцца стакроць, і ўзносяць цябе думкамі й дзеямі ў вышыню – да Госпада Бога.

Беларусь – 10 мільёнаў такіх асобаў. Таму менавіта праз асобу выяўляюцца й галоўныя заканамернасьці нацыянальнае ідэі.

Тыя, хто чакае цябе за дзьвярыма некалькіх наступных старонак – найславуцейшыя і найвядомейшыя нацыянальныя героi. Большасьць  зь іх, уяўляеш, большасьць! – духовыя правадыры й лідэры слова. Апосталы, паэты, прапаведнікі. 12 – сьвятары й місіянеры. 10 – паэты й пісьменьнікі. 8 – кіраўнікі дзяржавы. 6 – палітычныя лідэры, прычым у асноўным таксама духовага пляну. І ўсяго чатырох можна акрэсьліць як вайскаводцаў.

Кожныя два з трох – людзі , якія верылі ў Хрыста і аддалі ўсё сваё жыцьцё духовае місіі.

Гэта не пантэон куміраў і ня збор сьвятых. Гэта выбраныя вобразы нацыі. Галерэя фамільных партрэтаў. Нашая радаслоўная. Так, гэта людзі – а значыць, слабыя й грэшныя. Сёньняшняя Беларусь – гэта ня толькі вынік іх велічы, але й іх слабасьці.

Ты пачынаеш пазнаваць Беларусь у гэтых абліччах. Твары добрыя й цярплівыя. Мяккасьць і скругленасьць рысаў. Ажур зморшчынак. Пакутлівыя складачкі ля вачэй. Падцятыя вусны. Жылка на скроні. Позірк хутчэй сумны, але спакойны, адначасова пранізьлівы і балючы. Усё аблічча адухоўленае, запамінальнае, і быццам прасьветленае знутры. Глыбокая стоеная сіла.

Ты пазнаеш беларускасьць як ціхую, чыстую, зачараваную прыгажосьць. Аблічча, сама адпаведнае сьвятасьці.

Углядаесься ў гэтую чалавечую прыгажосьць, прымружваючы вочы, з затоеным дыханьнем – і раптам плоскасьць партрэту акунаецца ў глыбіню. І ты бачыш самога сябе – як у люстры.

Бо гэта ты сам, беларус.

Табе так шмат гаворыць гэтая манэра прамаўляць, гэты сьпеўны голас са схаванаю пяшчотаю, гэтая ласка крадком, цішком, гэтыя скулы й бровы…

І гэтыя вочы, беларускія вочы!

Пакутлівыя, пакаянныя або апантаныя.

Вочы дзіцёнка Божага. Вочы сьвятара. Вочы грэшніка.

Такая яна, тыповая беларуская асоба – штосьці пасярэдняе паміж Пазьняком, Шушкевічам і Лукашэнкам.

І ў той момант, калі ты чытаеш гэтыя радкі, ты сам робісься ключавою асобаю нацыянальнае ідэі. Твой выбар, тваё рашэньне вызначаюць: быць ці ня быць Беларусі. Бо цяпер я кажу табе асабіста: Беларусь – гэта тваё.

І гэтая кніга, і гэтая ідэя, і гэтая краіна – менавіта для цябе, ты чуеш!

Чытай. Абдумвай. Вырашай.

Бо Беларусь – гэта тваё пакліканьне. Твой лёс. Твая місія. Унікальны сэнс твайго жыцьця.          

Твая асабістая ідэя.

Разумееш, чалавек быў створаны Богам ідэальнай асобай. Цэласнай, геніяльнай, шчасьлівай. Паводле вобразу й падабенства Свайго. Але, маючы поўную свабоду, чалавецтва пакінула Бога і выбрала грэх. Тое, што мы бачым сёньня навокал – гэта шматаблічныя вынікі грэхападзеньня. І для таго, каб зьмяніць сьвет, патрэбнае адраджэньне асобы. Бо не ў брудных вуліцах наша праблема, а ў брудных сэрцах. Перамяніць чалавека! – вось лёзунг дзейснай нацыянальнай ідэі.

Ведаеш, я ішоў да гэтага сам. Пытаў дарогі ў людзей, спрабаваў знайсьці шлях у падручніках, хадзіў туды, куды вочы глядзяць.

Мне самому даводзілася ня раз корпацца ў генах і пералічваць сузор’і радзімак, шукаючы прарочых кодаў ува ўласнай радні – і, між іншым, там выяўляліся многія не пазбаўленыя значэньня абставіны. Чыста беларускі фокус па матчынай лініі, калі з аднаго боку палякі з-пад Кракаву, зь іншага – расейскія чыгуначнікі, а між імі засьцянковая пінская шляхта нашаніўскіх часоў, чыё прозвішча дзіўным чынам можна стрэць праз стагодзьдзе ў гісторыка Сагановіча; глыбокая сямейная легенда, бясцэнная кропелька крыві з Палестыны – хрышчаны жыд Янкель, ад якога, гавораць, прабабка Наста захавала фэнамэнальныя матэматычныя здольнасьці, а яе ўнучка, настаўніца Тацьцяна, – цені сумненьня ў сваёй канчатковай славянскасьці; па бацьку – адборныя пакаленьні тутэйшых спадчыных бандароў; прадзед Пётар, які з маўзэрам у руках усталёўваў савецкую ўладу ў вёсцы, ад чаго ягоных дзяцей і ўнукаў закляймілі “дэкрэтамі”; ён, які пры канцы жыцьця залёг на печы, як за кулямётам, і, ашалелы крычаў свайму сыну, майму дзеду: “Пашка! Падай патронаў, белыя пруць!…” – якраз таму дзеду Паўлу, што вывучаў у 30-я ў школцы беларускія вершыкі й сёньня, паралізаваны, у восемдзесят зь нечым без запінкі расьпявае іх на памяць, аднаногі з фронту, тлумачыць унукам, што ўсякая вайна ёсьць проста забойствам, а разумнікі, кшталту вунь сына Косьці, павыдумлялі абы-чаго; вось, нарэшце, бацька Кастусь, зь юначых часоў філфаку знаёмы ці не з паловаю Саюзу пісьменьнікаў, пішучы журналіст і паэт, і пасьля ўсяго гэтага, уявіце сабе, – сын у Маладым Фроньце.     

Мой асабісты шлях заключаўся ў тым, каб ісьці проста – і да канца. Уяўляеш, я заходзіў усё далей – і ня бачыў сэнсу ані ў мінулым, ані ў будучыні. Заглыбляючыся ў сябе, я ўвесь час трапляў у тупік жахлівай выпадковасьці жыцьця і страху немінучай сьмерці. У тупіку апынаўся мой лёс, у безнадзейным тупіку стаяла мая радзіма, і, як агромністы тупік, паўставаў перада мной увесь сьвет. Але ў гэтым лябірынце я ўсёй душой адчуваў прысутнасьць Кагосьці, Хто ведае выйсьце. Я ішоў на сьвятло – і нарэшце сустрэў Яго. Ён Сам, разумееш, Сам і ёсьць Выйсьцем. Сэнсам. Ісьцінай.

Шукаючы сэнс жыцьця, я знайшоў Бога.

Сустрэўшыся з Богам, я знайшоў Беларусь.

Гэта проста.

Ты гэта таксама зможаш.

Ведаю, табе ня проста ўявіць Бога як Асобу. Не безаблічную сілу, не разьліты ў прыродзе розум, не далёкую абстракцыю, а Жывую Асобу. Айца. Сына. Духа Сьвятога. Згодны, прыняць абсалют Асобы – цяжка праблема для чалавечага мысьленьня, асабліва ў эпоху тэорыі адноснасьці. Але толькі пасьля размовы з Богам ты здолееш спазнаць Беларусь напоўніцу.

Ён – гэта адзіны Ідэал беларуса.

Мы – гэта Ягоны вобраз і падабенства.

Гэта Яго прысутнасьць у Х, ХІІ, ХVI, XX стагодзьдзях стварала нацыю.

Гэта Яму маліліся, адкрываліся, каяліся, у Яго верылі – і, як браты Ягоныя, нараджаліся звыш сьледам за Ім.

Да Яго хадзілі ў храм, зь Iм размаўлялі ўва ўсякай патрэбе.

Ён выхоўваў, Ён ахвяраваўся – і гэта празь Яго ўваскрасала ўся краіна.

Гэта Ягоная любоў, праўда й вера, шчырасьць і ласка сьвецяцца ў Беларусі.

Усё, што ёсьць добрага ў Беларусі – гэта ад Яго, Ісуса Хрыста.

Таму пошук Беларусі – у першую чаргу пошук Хрыста.

Сустрэча зь Беларусьсю – гэта найперш сустрэча зь Ісусам.

Любоў да Беларусі – гэта перадусім любоў да Хрыста.

Таму табе абавязкова трэба пазнаёміцца зь Ісусам Хрыстом. Бо Беларусь – гэта Ягонае.

…Табе здаецца, што я замнога кажу пра Бога? Ведаеш, нашы продкі Залатога веку былі яшчэ больш пабожнымі.

Закон жыцьця: ўсё трымаецца на асабістых стасунках. І асабістыя стасункі з Богам – галоўнае пытаньне для кожнага беларуса.

Таму, калі беларус губляе Бога – ён губляе і нацыянальную адметнасьць, і сваю асаблівасьць, і ўвогуле ўласную асобу, ды пераўтвараецца ў каліўца безаблічнае шэрае масы.

Цяпер ты адчуваеш, дзе намацваецца кропка апірышча для паваротнага рычага нацыянальнага руху? Вось яна, фундамэнтальная база разьвіцьця беларускага грамадзтва на груньце сям’і й царквы: “Бо, дзе двое ці трое зьбяруцца ў імя Маё, там і Я сярод іх” – кажа Ісус. (Мацьвея 18:20)

Хрысьціянскі пэрсаналізм – ключавое вымярэньне нацыянальнае ідэі. Нароўні з элемэнтарным узроўнем моцнае асобы, беларускі пэрсаналізм фармулюецца ў выглядзе невялікае групы, гэткае “малое супольнасьці” зь цеснымі пэрсанальнымі стасункамі. Малая супольнасьць памерам з добрую сям’ю, але замалая для кляну. Гэткая свойская сябрына. “Кола бліжніх” – асабліва блізкіх сваякоў, сяброў і знаёмых. Малекула, якая надае нацыянальнай матэрыі надзвычайнай трываласьці ў прыватных, лякальных выпадках – але не гарантуе моцных сувязяў на масавым, глябальным узроўні.

Сацыялягічныя апытаньні ў Беларусі выяўляюць адну да болю знаёмую акалічнасьць: большасьць беларусаў гатовыя жыць і нават паміраць толькі дзеля сваіх блізкіх. “Палюбі бліжняга твайго” – для беларуса гэта азначае “палюбі блізкага”.

Беларускі пэрсаналізм – глыбінны падмурак для народнай хрысьціянскай дэмакратыі, грунтаванай на правох асобы й вядомай па амэрыканскім рэспубліканскім электараце (“вялікай маўклівай большасьці”) і выбаршчыках народных партыяў Эўропы. Розьніца адна: заходняя хрысьціянская дэмакратыя, ужо на закаце, беларуская – яшчэ на ўзыходзе.

Бо Беларусь увесьчас нараджала асобаў, здольных перавярнуць цэлыя краіны й кантынэнты.

Асобаў-зорак. Асобаў-лідэраў.

Разьмешчаная на скрыжаваньні галоўных эўрапейскіх шляхоў, дзе сышліся Ўсход і Захад, каталіцтва й праваслаўе, ёмішча вялізнае духовае сілы й талеранцыі, гэтая вялікая маленькая Беларусь сталася калыскай для гадаваньня і расейскае, і польскае і габрэйскае эліты! Галоўным радовішчам асобаў ува Ўсходняй Эўропе.

Беларускія асобы выхоўваліся ў гарніле войнаў і пакутаў, граніліся ў акупацыях і эміграцыях, набывалі захапляючы бляск і ўсясьветную вядомасьць – але заўжды захоўвалі тую празрыстасьць і духовую глыбіню, у якой беспамылкова пазнаеш крыніцу. Яркасьць сьвятла. Шчырасьць сэрца. Сутнасьць солі. Сілу слова. Чыстую беларускасьць!

Бо гэта Беларусь нараджала людзей эвангельскага духу, геніяльнае мэлядычнасьці, вялікіх вынаходнікаў ды палітыкаў, правадыроў слова і справы.

Менавіта Беларусь дала Эўропе хрысьціянскіх асьветнікаў – такіх як Эўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клім Смаляціч, Францыск Скарына, Мялет Сматрыцкі, Язэп Руцкі, Сільвэстар Косаў, першадрукар Ангельшчыны Ян Ліцьвін, мітрапаліт Мэльхісэдэк і біскуп Богуш-Сестранцэвіч.

Беларускія геніі засноўвалі літаратуры цэлых народаў, як Сімяон Полацкі, Адам Міцкевіч, Хвёдар Дастаеўскі, Чэслаў Мілаш. Сьцьвярджалі эпохі музычнае клясыкі – як Глінка, Шастаковіч, Стравінскі, Рымскі-Корсакаў, Манюшка. Беларускія палітыкі будавалі вялікія дзяржавы, як Альгерд і Вітаўт, Касьцюшка і Пілсудзкі, Станкевіч ды Шушкевіч, Старавойтава ды Чубайс, Шазар і Пэрас, Мэір і Рабін. Беларускія грамадзкія лідэры адстойвалі свабоду іншых народаў, як Агінскі, Мінейка, Адамовіч, Навадворская, Кавалёў.

Героі, народжаныя Беларусьсю, далі чалавецтву касьмічныя караблі, як Казімір Семяновіч, Сямён Косбэрг, Барыс Кіт; кібэрнэтыку, як Аляксандар Маліноўскі й Нойбэрт Вінэр; рэактыўныя самалёты, як Павал Сухі; бяздротавую сувязь, як Якуб Наркевіч-Ёдка; сучасную мэдыя-індустрыю, як кiраўнiк Радыёкарпарацыі ЗША і спонсар каляровай тэлевізіі Давід Сарноў; імгненны затвор фотаапарату, як Сяргей Юркоўскі, геліябіялёгію й знакамітую Люстру Чыжэўскага, як Аляксандар Чыжэўскі; адрадзілі іўрыт, як Егуда Бэн-Эліезэр і вынайшлі эспэранта, як Людвік Замэнгаф.

Беларусь – радзіма геніяў мастацтва, якія глядзелі на сьвет духовымі вачыма: Марк Шагал, Казімір Малевіч, Васіль Каньдзінскі, Хаім Суцін, Алія Пашкевіч, Фэрдынанд Рушчыц, Уладзіслаў Стрэмінскі, Вітаўт Бялыніцкі-Біруля, Напалеон Орда, Іван Хруцкі.

Менавіта ўраджэнцы Беларусі зь іх місіянерскім запалам адкрывалі сьвету Цэнтральную Азію, як Пржэвальскі й Грум-Гржымайла, Японію, як Язэп Гашкевіч, Арктыку, як Отта Шмідт, Анды, як Ігнат Дамейка, Сібір і Далёкі Усход, як Тамаш Зан і Ян Чэрскі; усю плянэту, як нязьменны вядучы “Клюба кінападарожнікаў” Юры Сянкевіч; ды нават космас, як Пятро Клімук, Уладзімір Кавалёнак і першая жанчына-касманаўт Валяньціна Церашкова.

Менавіта зь Беларусі паходзілі францускі паэт Гіём Апалінэр і польскі бэлетрыст Франьцішак Багамолец, амэрыканскія акторы Кірк і Майкл Дугласы, супэрзорка НХЛ Уэйн Грэцкі й першая ў сьвеце жанчына-прафэсар Соф’я Кавалеўская.

Ты не падлiчваў, колькi ўраджэнцаў Беларусі атрымалі нобэлеўскія прэміі?

1. Генрык Сянкевіч, літаратура – Польшча, 1905 г.

2. Уладзіслаў Рэймант, літаратура – Польшча, 1924 г.

3. Лявон Кантаровіч, эканомiка – СССР, 1975 г.

4. Ільля Прыгожын, хімія – Бэльгія, 1977 г.

5. Менахем Бегін, прэмія міру – Ізраіль, 1978 г.

6. Чэслаў Мілаш, літаратура – Польшча-ЗША, 1980 г.

7. Аарон Рабін Клуг, хімія – ЗША, 1982 г.

8. Іцках Рабін, прэмія міру – Ізраіль, 1994 г.

9. Шымон Перас, прэмія міру – Ізраіль, 1994 г.

10. Жарэс Алфёраў, фізыка – Расея, 2000 г.

Вось яно, агромністае радовішча асобаў. Раскопваеш іхняе паходжаньне, і бачыш, наколькі яны беларусы!

Гэтая невынішчальная беларускасьць скразіць у сьпевах Уладзіміра Высоцкага й аповедах Эдварда Радзінскага, у вершах Уладзіслава Сыракомлі, у вакале Міхала Забэйды-Суміцкага, у культавай “Матрыцы” братоў Вачоўскіх, у вачох знакамітага акуліста Сьвятаслава Фёдарава, у геніяльных тыпажах Інакенція Смактуноўскага, у бліскучай сатыры Віктара Шэндэровіча, у антыўтопіях Уладзіміра Вайновіча, балядах Андрэя Макарэвіча й канцэртах Мсьціслава Растраповіча…

Менавіта Беларусь разгарнула на поўную сілу таленты францускага пісьменьніка Рамэна Гары й расейскага музыкі Ўладзімера Мулявіна, паэткі з роду Лермантавых Натальлі Арсеньневай, і найуплывовейшага езуіта ХІХ стагодзьдзя Габрыэля Грубэра, прарока каталіцтва й ідэоляга вуніі, Пятра Скаргі й яго візаві, вялікага праваслаўнага мітрапаліта ХVII стагодзьдзя Пятра Магілы…

Сёньня мы сабралі лепшых зь іх разам. Упершыню. Для цябе. Ты чуў пра іх, ты іх ведаеш. Але табе абавязкова трэба пазнаёміцца зь імі асабіста.

Калі цябе цікавіць нацыянальная ідэя ўласнай пэрсонай – адчыняй старонку.

Цябе чакае сама Беларусь у чалавечым абліччы.

 

МІХАЛ КЛЕАФАС АГІНСКІ

Гэта ён, той самы Агінскі.

Памятаеце, ля-мінор: мі – рэ – мі – фа – мі – до – до – сі – ля…

Міхал Клеафас Агінскі з магнацкага роду Агінскіх, што займалі найважнейшыя дзяржаўныя пасады ў ВКЛ і збудавалі знакаміты канал. Геніяльны кампазытар, дыплямат, змагар за незалежнасьць. Аўтар Праекту “ВКЛ- 1811″, музыкі польскага гімну й сусьветна вядомага палянэзу “Разьвітаньне з Радзімай”.

Музыка, у якую Агінскі ўклаў усю душу – ягоны ўласны вобраз. Прывід эпохі. Палянэз ля мінор: само “Разьвітаньне з Радзімай ” у чалавечым абліччы.

Палянэз, бо гэта быў век паланізацыі. Большасьць беларускай шляхты й магнатэрыі пачуваліся правінцыяламі Рэчы Паспалітай. Панавалі каталіцызм, лаціна ды польская мова. Палянэз “Разьвітаньне з Радзімай” – так для ВКЛ называецца ўсё XVIII стагодзьдзе. Змагаючыся за Вялікую Літву, Агінскі змагаўся і за Вялікую Польшчу. Падскарбі вялікі літоўскі, ён падтрымаў Канстытуцыю 3 траўня і стаў адным з правадыроў паўстаньня Касьцюшкі. Ахвяраваў на барацьбу з захопнікамі 190 тысячаў злотых асабістых грошай. Сам, цывільны, на чале атраду стральцоў у 480 чалавек рабіў рэйды супраць расейскага войска. Тут, у паходах, і нарадзіліся ягоныя знакамітыя гімнавыя маршы: “Марш паўстанцаў”, “Марш-марш Дамброўскі”, “Яшчэ Польска не згінэла”.

Палянэз ля-мінор. Мэлёдыя вялікае трагедыі. Агінскі быў Асобай самых страшных часоў новазапаветнай гісторыі Беларусі – мяжы XVIII і XIX стагодзьдзяў. Рэч Паспалітая дэградавала. Яе, бездапаможную, рвалі на часткі тры імпэрыі. Нацыя гінула. Вы толькі паслухайце, як было балюча Агінскаму !.. Але мэлёдыя жалю й суму гучала высакародна, моцна, адухоўлена.

Гэта было разьвітаньне з Радзімай.

Чуеце Агінскага – як гэта : пражыць усё жыцьцё, разьвітваючыся з Радзімай … Надзвычайны амбасадар у Галяндыі, дзяржаўны дзеяч, айчыну якога дзялілі акупанты, сэнатар у чужое Расеі і, нарэшце, эмігрант з эўрапейскай вядомасьцю ў Італіі. Толькі сярод паўстанцаў у беларускіх лясах ды родавым Залесьсі ля Смаргоняў, цудоўным спадчынным маёнтку, ён быў дома – у чаканьні чарговага расстаньня. Адлучанасьць, адчуджанасьць – скрыпічная, адчайная і настолькі настальгічная!

Разьвітаньне з Радзімай…

Агінскі, адзін з апошніх лідэраў Вялікае Літвы, спрабаваў адзінаасобна адрадзіць дзяржаву. У 1811 г ён падае Аляксандру I праект: 8 губерніяў і дзьве акругі аб’ядноўваюцца ў Вялікае Герцагства Літоўскае з цэнтрам у Вільні. Вось ён, астатні акорд сярэднявечнай велічы! Імпэрыя была ў шоку ад гэтае дзёрзкасьці: з ВКЛ ужо разьвіталіся. Але радзіма Агінскага ўсё-такі ўваскрэсла – як Беларусь.

“Разьвітаньне з Радзімай” – сусьветны шэдэўр настальгіі й адна з самых пранізьлівых нотаў беларускай нацыянальнай ідэі.

Сёньня, калі палова беларусаў хоча выехаць з гэтае краіны куды падалей, калі эмігранты ўжо не спадзяюцца вярнуцца, калі нацыянальная сьвядомасьць, беларуская мова і незалежнасьць трымаюцца адно Божай воляю – “Палянэз Агінскага” месяцамі займае першае месца ў хіт-парадах FM. Мы вельмі баімся страціць Беларусь. А значыць, Беларусь жыве.

Вечны палянэз, дух Агінскага, шчыміць сэрцы й рвецца да далёкае Радзімы.

“Кліча да сябе, бо немагчыма з гэтым краем разьвітацца!”

 

АЛЕСЬ АДАМОВІЧ

Алесь Адамовіч – клясык беларускай ваеннай прозы і літаратурнай крытыкі, буйны грамадзкі дзеяч і бліскучы публіцыст. Адзін зь нямногіх, хто супрацьстаяў імпэрыі зла знутры і набліжаў яе да краху.

“Вайна пад стрэхамі”, “Сыны ідуць у бой”, “Хатынская аповесьць”, раман “Карнікі” і, сумесна з Брылём ды Калеснікам, “Я з вогненнай вёскі” – гэта Адамовіч.

Сьветлае беларускае аблічча. Шасьцідзесятнік у акулярах. Інтэлігент зь вінаватым, нават сарамлівым выразам твару. Характэрны для беларуса высокі й ціхі голас. Сьціплы, але настойлівы. І прымружаныя вочы. Прачула, пакутліва, як ад болю. Ён глядзіць з фатаздымкаў далёка-далёка, быццам бачыць тое, што адбываецца ў Беларусі зараз.

Падлетак-партызан, ён стаў навукоўцам і літаратарам, доктарам філялягічных навук, прафэсарам.. Напісаў фундамэнтальныя для кнігацэнтрычнае Беларусі манаграфіі “Маштабнасьць прозы” і “Беларускі раман”. Узначаліў НДІ кінамастацтва.

Адамовіч – прарок, выгнаны з айчыны. Зацкаваны мясцовымі камуністамі, ён жыў у Маскве. Ягоным крыжам стала справа Скарыны, Фёдарава, Полацкага, Дастаеўскага, вечная беларуская місія – збаўляць Расею. Выступаў у друку супраць партыйнага дыктату, шавінізму і ваеншчыны, падпісваў пэтыцыі, хадзіў па цэкоўскіх кабінэтах…

Савецкія генэралы дагэтуль памятаюць, як ён адным пытаньнем ускрываў сэрца. “Вы кіруеце ядравымі аб’ектамі. Уявіце сабе, што Амэрыка напала, нанесла ўдар першай: загінула палова чалавецтва. Вы аддасьцё загад нанесьці ўдар у адказ? Зьнішчыце тых людзей, што засталіся?.. Заб’еце чалавецтва?..”

Гэта вышэй “вока за вока”. Гэта ўжо Нагорная пропаведзь.

У Адамовіча моцна адчуваецца біблейскі корань прозьвішча. “Адам”, першаадкрывальнік трагедыі чалавецтва. Адамовіч – першы з нашых сучасьнікаў, праз каго прайшлі пакуты, ахвяры, гора эпохі.

Адамовіч быў першым, хто пачаў біць ва ўсе званы пасьля Чарнобылю. Гэта дзякуючы яму на 1/6 сушы даведаліся пра ядравы распад СССР.

Адамовіч быў настаўнікам жанчыны, якая адкрыла беларускі боль усяму сьвету – Сьвятланы Алексіевіч. Гэта ягоная фраза “У вайны аблічча не жаночае” – дала пачатак і назву яе першай кнізе, стала адамам усёй яе прозы.

У Адамовічы, як у адным вузьле нэрваў, сышоўся боль гарачае II Сусьветнае вайны й вайны халоднай, беларускі боль ад камунізму ды Чарнобылю.

Алесь Адамовіч – постаць сусьветнага маштабу. Сумленьне эпохі. Наш Сахараў.

З той толькі розьніцай, што ён не вынаходзіў вадароднай бомбы, а напісаў “Хатынскую аповесьць”.

 

АЛЬГЕРД

Ягонае імя нездарма  стаіць ў самым пачатку нацыянальнага альфабэту. Ён валадарыў у Беларусі 32 гады, зьбіраючы землі й мацуючы дзяржаву. Вызваліў Украіну ад ардынскага іга. Удвая павялічыў тэрыторыю ВКЛ. Утаймаваў і крыжакоў, і Маскву…

Шаноўнае спадарства! Просім усіх устаць.

Легендарны герой беларускага Старога Запавету, сын Гедзіміна й бацька Ягайлы, Вялікі князь Літоўскі, Жамойцкі й усяе Русі – Альгерд.

У гіерархіі герояў нацыянальнай ідэі Альгерд – перадусім дзяржаўны муж. Мудры, моцны, справядлівы. Нарошчваньне магутнасьці ВКЛ, спалучэньне дыпляматыі з эканамічным ціскам, часьцей дэманстрацыя сілы, чым яе ужываньне, і аб’яднаньне усходніх славянаў у найбуйнейшую дзяржаву сярэднявечнае Эўропы – такое было пад сілу толькі вялікаму палітыку.

Сваім паходам 1362 г. Альгерд ачысьціў ад качэўнікаў і далучыў да ВКЛ Украіну. Агромністае беларускае войска ў бітве на Сініх Водах разграміла аб’яднаныя сілы трох ордаў і трыюмфальна ўвайшло ў Кіеў. На дзьвесьце гадоў чарназёмны стэп стаў нашай галоўнай жытніцай.

Альгерд пэрсаніфікаваў у сабе беларускі геапалітычны цэнтар сілы паміж Усходам і Захадам. Крыжакі шэрагам ягоных удараў і манэўраў былі выціснутыя з Жмудзі на самыя берагі Балтыкі. Масква, што разгортвала экспансію з прыцэлам у сэрца Эўропы, у выніку альгердавых паходаў 1368, 1370 і 1372 гг. мусіла адступіць аж да Мажайску ды Каломны. Менавіта Альгерд усталяваў у Міжмор’і поўны беларускі кантроль, на які потым будзе абапірацца Вітаўт, і які стане базаю для шырокамаштабовай беларускай місіі ва Ўсходняй Эўропе. Траціну стагодзьдзя вось Усход-Захад, як раўнавагу на шалях, трымала сваім вастрыём альгердава дзіда.

Альгерд, у хрышчэньні Аляксандр, пашыральнік і апякун беларускага праваслаўя, стаў патрыярхам палітыкі біблейскага кшталту. Ягоная спакойная, пабожная, але ўладарная сіла выклікала захапленьне ўласнага народа, зайздрасьць суседзяў, і павагу супернікаў. Альгердава талеранцыя, унутраны мір, посьпех у кіраваньні, грунтаваны на дзяржаўніцкай мудрасьці й справядлівасьці, сфармавалі стандарт нашага палітычнага ладу – беларускага і хрысьціянскага.

Нарэшце, незвычайнае для тых часоў доўгажыхарства Альгерда – прамое сьведчаньне дабраславеньня Божага, дараванага і Ною, і Абрагаму, і Майсею. “… Памёр у старасьці добрай, вельмі стары й насычаны, і прылучаны да люду свайго.”  (Быцьцё 25:8)

Альгерд – з тых вялікіх валадароў, чые выявы чаканяць на манэтах і друкуюць на купюрах. Рысы гравіраванае рашучасьці, ясны позірк і сіла духу ва ўсім абліччы. У вольнае Беларусі Ордэн Альгерда стане мараю дзяржаўных чыноўнікаў, сталічная Акадэмія Кіраваньня будзе насіць ягонае імя, а нацыянальная паліталёгія адвядзе цэлы разьдзел эпосе Альгерда.

“…Ня піў не віна, ня піва, меў вялікі розум, і ваяваў ня лікам, а ўменьнем” – менавіта словы аб Альгердзе зь сярэднявечных рускіх летапісаў выбраў сваім дэвізам Аляксандр Сувораў – каб падпарадкаваць дзяржаву, калісьці Альгердам створаную.

 

КАНСТАНЬЦІН АСТРОСКІ

Калі з глыбіняў беларускай гісторыі падымаецца рэха збройнай сечы, тупат капытоў і баявыя воклічы – раптам разьбіраеш: гэта гулка выгаворваецца імя й прозьвішча. Канстаньцін Астроскі.

Гетман найвышэйшы ВКЛ. Трыюмфатар бітвы пад Воршай. Пераможца ў 63-х баталіях.

У асобе Канстаньціна Астрожскага Беларусь атрымала нацыянальны манумэнт мужнасьці й ваярскага духу. Канстаньцін, як і першы імпэратар-хрысьціянін Бізантыі, як Каліноўскі й Езавітаў – па-грэцку “цьвёрды”, “непарушны”, – Астроскі быў канстантай беларускай гісторыі Старога Запавету.

Канстаньцін Астроскі – найбуйнейшы талент нацыянальнай стратэгіі: імклівай, грознай і вынаходлівай. Мабілізацыя духу й волі. Стоенасьць і манэўравасьць. Канцэнтрацыя колькасьці на другасных участках, а якасьці – на галоўным кірунку ўдару. Раптоўная атака меншымі сіламі – і перамога!

Усё жыцьцё Астроскі граміў значна большыя й па-драпежніцку агрэсіўныя татарскія загоны ды маскоўскія полчышчы. Але галоўны ягоны бой адбыўся 8 верасьня 1514 г. Пад Воршай, на беразе Дняпра, дзе сышліся 80-тысячная акупацыйная маскоўская армада і 35-тысячнае войска ВКЛ.

Навідавоку ў непрыяцеля Астроскі загадвае войску перапраўляцца празь Дняпро. Адразае шлях да адступленьня сабе й адначасова наносіць псыхалягічны ўдар супраціўніку. Сходу расстаўляе харугвы парадкам вялізнага арбалета з нацягнутай стралой, каб схаваць у самае вастрыні сабраную ўвадно артылерыю. Распачынае бітву флянгавай атакай, і ўяўным адыходам выводзіць маскоўскі наступ на гарматы.

Шквальныя залпы артылерыі праламілі цэнтар маскоўскага фронту й агаломшылі ваяводаў Чалядніна й Галавіна. Не даючы ворагам ачомацца, Літва зь пераможнымі воклічамі расьсекла расейскія баявыя парадкі. Маскавіты кінуліся наўцёкі. Пагоня зьнішчыла й узяла ў палон дзесяткі тысячаў.

Розгалас аршанскае перамогі пракаціўся па ўсёй Эўропе. Астроскага віншавалі з бліскучай вікторыяй кіраўнікі вядучых дзяржаваў і сам Папа Рымскі.

Канстаньцін Астроскі – беларускі ваяр: увесь стрыманая сіла й сьцятая ў кулак воля. Барадаты, каржакаваты, ён пільна пазірае з-паб дрымучых броваў, як Белавеская Пушча ці партызанскі лес глядзіць з глыбіняў кожнай беларускай душы.

“На д’ябла – крыж, на ворага – меч!” – такі быў дэвіз Астроскага. Ідэал патрыятычнага хрысьціянства, якое ўхваляе вызвольную вайну. Нацыянальны вобраз вайскаводца, што ў гонар перамогаў уласным коштам будаваў капліцы й цэрквы. Ён з тых жаўнераў, якія прыходзілі да Яна Хрысьціцеля, пытаючы: “А нам што рабіць?..”

Астроскі пакінуў Беларусі ня толькі перамогі й храмы. Яшчэ сына. Канстаньціна Канстаньцінавіча. Абаронцу кальвінізму й палітычнага лідэра праваслаўя, мэцэната, заснавальніка Акадэміі пры сваім двары, які ў 1581 г. выдаў першую ва Ўсходняй Эўропе поўную царкоўна-славянскую Біблію – Астроскую.

Так гісторыя яшчэ раз паўтарыла для Беларусі ягонае імя.

Бо гэта ягонага вобразу не стае сучаснаму беларускаму войску. Гэта ягоных бюстаў няма ані ў Генштабе, ані ў Міністэрстве абароны, ані на стале ў галоўнакамандуючага. Гэта ягонае прозьвішча павінныя былі б набыць вуліцы суворавых ды кутузавых, жукавых ды ракасоўскіх.

Канстаньцін Астроскі, ваяр-хрысьціянін, найвышэйшы гетман ВКЛ.

 

МАКСІМ БАГДАНОВІЧ

Максім Багдановіч. Якое імя – максымум беларускай паэтычнасьці! Якое прозьвішча – геній, Богам дадзены!

“Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну радзімую жах…”

 Малады, навечна 25-гадовы, рамантычны ўлюбёнец нацыянальнага руху, Багдановіч і на радзіме й быў усяго некалькі месяцаў. Беларускую мову вывучыў у бібліятэцы. Дасканала. Пісаў вершы, практычна наноў ствараючы беларускую літаратуру. Памёр на чужыне ад сухотаў, маючы ўсяго адзін выдадзены зборнік. Але сышоў як Байран, Лермантаў ці Рэмбо – ужо зоркай сусьветнай паэзіі.

“Вось сымбаль твой, забыты краю родны!”

Народжаны ў Траецкім прадмесьці Менску, Максім амаль усё жыцьцё пражыў у Ніжнім Ноўгарадзе й Яраслаўлі, з бацькам, беларускім этнографам. Вырас сярод кнігаў, у глыбі Расеі, зачараваны Беларусьсю. Кнігацэнтрычная беларуская культура паставіла ў Багдановічы экспэрымэнт крышталёвае чысьціні. Гарадзкі хлопчык, які ў тае Расеі ня чуў жывое мовы і падпісваўся псэўданімам “Кніжнік”, выявіў фэнамэнальнае чуцьцё беларускасьці. Усіх пераліваў і адценьняў, усёй раскошы, мяккасьці, сьпеўнасьці, гучнасьці.

“У бубны дахаў вецер б’е

Грыміць па іх, зьвініць, пяе…”

Максіма Багдановіча ў Беларусі ня проста памятаюць, чытаюць або цытуюць. Яго любяць. Яго проста кахаюць. Па мілым Максіме сохнуць летуценныя школьніцы й студэнткі беларускамоўнае філялёгіі. Усё беларускае літаратуразнаўства дагэтуль томіцца, ці публікаваць ягоны інтымны дзёньнік.

“Зорка Вэнэра ўзышла над зямлёю,

Сьветлыя згадкі з сабой прывяла… “

Максім Багдановіч – юнацкае каханьне Беларусі.

Геніяльная лірыка! Багдановіч здолеў сэрцам пераплавіць у беларускасьць цэлыя культуры. Юны Максім адзінаасобна ажыцьцявіў неймаверны нацыянальны паэтычны рывок, узбагаціўшы беларускую літаратуру самымі бліскучымі й вытанчанымі формамі вершу.

“Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асьляпіла вочы.

Ды што мне цемень вечнай ночы,

Калісь глядзеў на сонца я.”

Санэты. Трыялеты. Рандо. Актавы. Тэрцыны. Шэдэўры эўрапейскае клясыкі. А цудоўныя пераклады Гарацыя, Авідзія, Шылера, Пушкіна, Вэрлена на беларускую! А ягоныя Шаўчэнка, Франко, Купала, перакладзеныя для Расеі!..

Вершы Багдановіча немагчыма проста прабегчы вачыма. Імі дыхаеш. Ад іх трапечаш. Настолькі яны празрыстыя, пяшчотныя, ажурныя. Іх трэба сьпяваць – так, як гэта зрабілі “Песьняры”:

“Навакол усё паветра

Ў струнах сонца залатых.

Ён дрыжачымі крыламі

Звоніць ледзьве чутна ў іх.”

Так, ён сам быў матыльком. Раптоўным і захапляючым цудам беларускага вершаваньня, за крыляньнем якога, стаіўшы дыханьне, сачыла ўся нацыянальная эліта. Які самаахвярна ўспыхнуў і згарэў, каб Беларусь стала яшчэ крыху сьвятлейшай.

І – унікум беларускасьці! – у такіх лёгкіх і ласкавых вершах Максіма мкне небывалая сіла. Максымальная моц любові. Мкне, фантануе, быццам з самай душы Беларусі:

“Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!”

 

ФРАНЬЦІШАК БАГУШЭВІЧ

Франьцішак Багушэвіч – хросны бацька беларускага Адраджэньня.

Менавіта Багушэвіч на поўны голас агучыў новае імя краіны, што ўваскрэсла з пахаваньнем Вялікае Літвы. “Беларусь”, “беларуская мова” – напісаў Багушэвіч, і з тых пор мы беларусы.

Добры хросны зь вялізнымі вусамі, Францішак Багушэвіч вынес з народа ўсю беларускую нацыянальную ідэю. Проста ўзяў на рукі, як ахрышчанае немаўля, і панёс. А за ім пайшлі ўсе фальклярысты, народнікі, паэты й палітыкі.

Сам Багушэвіч паходзіў з сэрца Вялікага княства Літоўскага, зь Віленшчыны. Скончыў Віленскую гімназію, і пасьля Пецярбурскага Ўнівэрсытэту вярнуўся настаўнічаць пад Воранава. Удзельнічаў у паўстаньні Каліноўскага. Паранены, хаваўся на Ўкраіне. Нарэшце, зноў вярнуўся да Вільні, дзе стаў адвакатам судовае палаты.

“Мужыцкі адвакат” – такім яго й будзе ведаць уся ваколіца. Гэта яму, “Мацею Бурачку”, па сьмерці простыя сяляне паставяць на магіле помнік. “Мужыцкі адвакат” – такім ён і застанецца ў беларускай гісторыі. Абаронца ўбогіх, галодных, бяспраўных. Прарок Беларусі, які самотна блукаў і голасна клікаў сярод нэндзы, пакутаў і гора цэлае нацыі.

Сваімі хрысьціянскімі вершамі наш хросны Багушэвіч, народная глыба, нагадвае яшчэ аднаго вялікага беларускага Франьцішка – Скарыну. Таксама кнігі. Таксама боль і любоў. Таксама народу. І, як найвялікшы з Францыскаў – Францыск Асізскі – ён з гэткім жа жалем ды замілаваньнем ставіўся да “простага люду”. Багушэвіч, Скарына, Асізскі – жабрацкія браты-франьцішканцы.

У гэтай простай, шчырай і паэтычнай міласэрнасьці – Сам Ісус Хрыстос: “Дух Гасподні на Мне, бо Ён памазаў Мяне зьвеставаць убогім і паслаў Мяне ацаляць зламаных Сэрцам, прапаведваць палонным вызваленьне, сьляпым празрэньне, адпусьціць спакутваных на свабоду.” ( Лукі 4:18 )

Багушэвіч, спадкаемца скарынаўскае традыцыі адухаўленьня народа, даў пачатак вершам Купалы, Коласа, ды ўсёй ” Нашай Ніве “. Стаў беларускім кабзаром – нашым Шаўчэнкам .

Багушэвіч адчуваў, наколькі мэлядычная беларушчына. “Дудка беларуская” (Кракаў, 1891), “Смык беларускі” (Познань, 1894), “Скрыпка беларуская” (дагэтуль ня знойдзеная). Цэлы аркестар паэтычнае сьпеўнасьці. Сымфонія Багушэвіча… Ён не пасьпеў скласьці яе поўнасьцю, але Беларусь загучала.

Прадмова ягонае першае кнігі – эпіграф да беларускага Адраджэньня XX стагодзьдзя.

“Браткі-беларусы, дзеткі маці-зямлі маёй…”

Вы чуеце?..

“Чытаў я ці ня мала старых папераў, па дзьвесьце, па трыста гадоў напісаных у нашай зямлі, і пісаны вялікімі панамі, а нашай мовай чысьцюсенькай, як бы вось цяпер пісалася…”

Якая ласка, якая любоў!

“Нашая мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога дадзеная.”

Нацыянальная ідэя Божага Слова – у двух радках !

“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі.”

Франьцішак Багушэвіч памёр увесну 1900 г. На парозе XX стагодзьдзя – веку, які пачаўся й скончыўся беларускім Адраджэньнем.

 

СЫМОН БУДНЫ

Сымон Будны – наколькі маштабовая, настолькі й супярэчлівая асоба беларускай гісторыі. Адзін з апосталаў беларускага Абуджэньня, які выракся Хрыста. Пераклаў Новы Запавет для Польшчы – але з крытычнымі камэнтарамі. Друкаваў скарынаўскімі шрыфтамі – і пры гэтым абвяргаў Біблію.

А як цудоўна пачынаў Сымон Будны! Выкладчык-катэхізіст кальвінскага збору Вільні. Эвангельскі хрысьціянін, да цалі рацыянальны, зь веданьнем лаціны, грэцкае, польскае, царкоўнаславянскае й габрэйскае. Як бліскучы прапаведнік і тэоляг, запрошаны лідэрам Рэфармацыі Мікалаем Радзівілам Чорным ў сваю вотчыну – Клецак, а затым і ў Нясьвіж.

Друкарня Буднага мела стаць пляцдармам нацыянальнай эвангелізацыі. Зь Вільні адмысловым загадам Астафія Валовіча ў Нясьвіж былі перавезеныя шрыфты Скарыны. Ужо ў чэрвені 1562 г. Будны выдаў тут знакаміты “Катэхізм”, а ў кастрычніку – “Апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам”. Пачаў перапіску з эўрапейскімі дзеячамі Рэфармацыі й расейскімі багасловамі. Сустракаўся зь Іванам Федаровічам і Пятром Мсьціслаўцам.

Будны вырастаў у апостальскую постаць.

Хто ж ведаў, што адбудзецца з Будным… Што ў пакліканым будзіць народ, будаваць духовую будучыню Будным збудзецца пракляцьце аднаго з дванаццаці! Што ён забудзе Хрыста, пазбудзецца веры, будзе блудным сынам і ня вернецца…

У асобе Сымона Буднага, як калісьці ў народзе юдэйскім, спрацуе той жа крытычны пункт, які падзеліць Стары й Новы Запаветы беларускае гісторыі.

18 красавіка 1563 г., у вырашальны для Беларусі год – год прывілею талеранцыі, выданага Жыгімонтам Аўгустам, год страты нашае хрысьціянскае калыскі, Полацка, калі Федаровіч і Мсьціславец ужо заснавалі ў Маскве першую друкарню й пачалі выдаваць Біблію для Расеі, Будны ў сваім лісьце ў Цюрых знакамітаму прапаведніку Генрыху Булінгеру піша, што ён не прымае Ісуса Хрыста як Бога.

Будны надламіўся гэтак жа, як і ўся нацыя. Людзі, слабыя й грэшныя, ня вытрымалі выпрабаваньня Божае прысутнасьці ў самым Сэрцы Эўропы.

У разгар Абуджэньня XVI-XVII стст., у час прышэсьця Хрыстовага Беларусь перажыла ўкрыжаваньне: міжканфэсійныя сваркі, здачу незалежнасьці і, урэшце рэшт, адмаўленьне ад Бога. Усё тое, што падарвала духовасьць, разваліла ВКЛ, скончылася паланізацыяй, а затым расейскай акупацыяй. Усё тое, што вылілася ў кроў, пакуты й ахвяры Новага Запавету.

Будны стаў ідэолягам антытрынітарыяў, “літоўскіх братоў”, якія адвяргалі Тройцу й раскалолі Рэфармацыю. Перабраўшыся да Яна Кішкі ў Лоск, у 1574 г. Будны друкуе там пераклад на польскую Новага Запавету з пазыцыяў, як адзначаецца ў энцыкляпэдыях, “рацыяналістычнае крытыкі”. Затым выдае “Кароткі доказ, што Хрыстос не зьяўляецца такім жа Богам, як і Айцец”. Затым едзе ў Полацк – на дыспут зь езуітамі, адстойваць тэзу аб тым, што душа памірае зь целам, і што няма ані пекла, ані раю.

Напрыканцы жыцьця Будны пасварыўся і з арыянамі: ягоныя ідэі ўжо набліжаліся да атэізму. Бадзяўся па выпадковых прыстанках. Выракаўся сваіх поглядаў і зноў вяртаўся да іх.

Паміраў Будны страшна: сьведкі пішуць, што некалькі дзён з двара, дзе ён канаў, чуліся енкі й нечалавечы роў.

Такім быў Сымон Будны, галоўны герэтык Беларусі.

Нам вядомая толькі адна ягоная тагачасная выява – партрэт Буднага ў пекле, зроблены езуітамі. Лысаваты чалавечак з вострым позіркам, па горла ў кіпячай смале.

Буднага як ключавую асобу эпохі заўжды раскручвалі супраціўнікі хрысьціянства, разнастайныя гуманісты ды камуністы. Насамрэч імя Буднага – знак для Беларусі хутчэй трагічны, чым гераічны. Усё ягонае жыцьцё – адлюстраваньне вялікае драмы беларускай гісторыі. Сымптом блізкага краху ВКЛ. Абраз людзкое нішчымнасьці бяз Бога.

Ня будзь Будным! – папярэджвае беларуса гісторыя.

 

ВАСІЛЬ БЫКАЎ

Той, хто калісьці пабачыў вочы ворага, хто хоць гадзіну жыў на мяжы сьмерці, хто ўжо аднойчы перамагаў інстынкт самазахаваньня – будзе чытаць прозу Быкава запоем, як уласны дзёньнік.

Клясык сусьветнае літаратуры. Франтавік і фронтавец. Чалавек, які напісаў усё пра вайну.

Малады Быкаў вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. На скульптара – ляпіць людзей. І вось вайна, дзе людзей забіваюць.

18-гадовым трапіў на фронт. Камандзір стралковага ўзвода і батарэі легендарных “саракапятак”, быў паранены й нават пахаваны. Бацькам прыйшла пахаронка, а пад Кіраваградам дагэтуль імя на надмагільлі. Але ён выжыў, каб мы ведалі, як гэта – паміраць.

Разам з вайною Быкаў абышоў паў-Эўропы: Украіну, Румынію, Вугоршчыну, Аўстрыю. Гэта потым, у палітычнай эміграцыі, ён атрымае прытулак у Фінляндыі, Чэхіі й той самай Нямеччыне. Падарожжы апостальскага размаху. А ягоныя кнігі абыдуць увесь сьвет: больш за 3 мільёны асобнікаў на 72-х мовах.

Быкаў, які пісаў пра Беларусь і беларусаў, дазволіў чалавецтву ўбачыць вайну беларускімі вачыма.

Ваенная проза Быкава простая й стэнаграфічна дакладная. Да апошняе думкі, да імпульсу, да нэрвовага рэфлексу. Ува ўсіх перакладах. Проза, што жыве ў рытме рэальнага часу і б’ецца ў скронях, як пульс. Псыхалягічны злом вайны поўнасьцю выварочвае нутро, раскрывае чалавечую асобу да астатняе клетачкі.

Адкрыцьцё чалавека з усім яго грэхам і страхам, з воляю і вераю, з усім што ў ім. Рэдка каму даецца такі дар. Гэта ад Бога.

У Быкава ўражвае гранічная яснасьць чалавечага выбару. Момант ісьціны, да якога ідзеш сьлед у сьлед за ягонымі героямі. Момант як стрэл. Як выбух. Быкаўскую прозу складаюць не сюжэт, не мастацкія вобразы, а жыцьцё душы як яно ёсьць. Абсалютна Усё Важна. “Так” у Быкава значыць так, “не” – не, бо ягоны стыль – гэта праўда.

Усё жыцьцё самога Быкава – вайна за праўду.

Калі ў 1959 г. у “Маладосьці” выйшаў “Жураўліны крык” – яго, сярод грукату, раскатаў і фанфараў афіцыёзнае паваеннае літаратуры, пачулі ўсе. Пранізьлівы жураўліны крык, быццам зь неба. Потым былі “Трэцяя ракета”, “Круглянскі мост”, “Альпійская баляда”, “Праклятая вышыня”, “Яго батальён”…  Быкава чакалі, друкавалі й чыталі згаладалыя па праўдзе франтавікі. А калі быкаўскія аповесьці пачалі выходзіць у “Новом мире” яшчэ аднаго беларуса Аляксандра Твардоўскага – імі зачытваўся ўвесь Савецкі Саюз.

Камуністычная прапаганда заўжды была варожай да Быкава. Пасьля найвастрэйшага “Мёртвым не баліць” Быкаў жыў у стане вайны з сыстэмай. “Правда” публікавала разгромныя артыкулы, ідэолягі-камуністы кляймілі з трыбунаў, у доме ў Горадні білі шкло. Быкаў змагаўся да апошняга: “Сотнікаў”, “Знак бяды”, “У тумане”, “Аблава”, “Сьцяна”, “Доўгая дарога дадому”. І перамог.

Кнігі Быкава падрывалі галоўныя падмуркі імпэрыі зла – камуністычную ідэалёгію, сыстэму хлусьні аб чалавеку, вялікі міф аб вайне. Быкаў дажыў да таго часу, калі праўду назвалі праўдай.

І таму на гістарычным Аргкамітэце Беларускага Народнага Фронту 19 кастрычніка 1989 г. менавіта выступ Быкава забясьпечыў БНФ прарыў у вялікую палітыку. Намэнклятура панічна адступала. Быкаў зрабіўся сьцягам нацыянальнага руху.

Ён ваяваў за праўду і тады, калі рэжым Лукашэнкі здаваў здабытую незалежнасьць, і тады, калі яго афіцыйна замоўчвалі, і тады, калі вымусілі зьехаць зь Беларусі.

Ён і загінуў, як жаўнер. За некалькі дзён да сьмерці вярнуўся на Радзіму, як на баявы пост. Дачакаўся даты пачатку вайны. І памёр, папрасіўшы пахаваць яго пад бел-чырвона-белым сьцягам. Шматтысячнае шэсьце на праспэкце Скарыны зь ягонай труной на руках ператварылася ў нацыянальную маніфэстацыю.

Бітву працягваюць кнігі Быкава.

Бо Васіль Быкаў, геній нацыі, якой адно б не было вайны, пісаў праўду пра вайну вечную. Вайну ўнутры кожнага з нас. Вайну супраць страху, хлусьні і сьмерці.

 

АСТАФІ ВАЛОВІЧ

Астафі Валовіч – канцлер ВКЛ, бацька ІІ Статуту, адзін зь лідэраў хрысьціянскае Рэфармацыі й адданы незалежнік XVI ст.

Цягавіты вол беларускай гісторыі. Ды што там вол – Волат.

Паплечнік Мікалая Радзівіла Чорнага, папярэднік Льва Сапегі й дарадца Сьцяпана Батуры, Валовіч займаў галоўныя ўрадавыя пасады: найвышэйшага пісара, маршалка дворнага, земскага падскарбія, падканцлера, канцлера, троцкага й віленскага кашталянаў, нарэшце, віленскага ваяводы – і зрабіў для Беларусі чатыры найважнейшыя справы:

— Падрыхтаваў і адрэдагаваў Статут ВКЛ 1566 г., прыняўшы эстафэту ад І Статуту Альбрэхта Гаштольда, і перадаўшы яе ІІІ Статуту Сапегі.

— Ажыцьцявіў кардынальную аграрную рэформу – “Валочную памеру”, якую з поўным правам можна назваць валовічавай.

— Зацяты незалежнік, ён дамогся, каб ВКЛ захавала свой сувэрэнітэт у Рэчы Паспалітай нават пасьля Люблінскай вуніі 1569 г.

— Нарэшце, як адзін зь лідэраў Рэфармацыі, разам зь Мікалаем Радзівілам сьцьвердзіў хрысьціянства як прынцып беларускай дзяржаўнай палітыкі й аснову нацыянальнай ідэі.

Астафі Валовіч застаўся ў гісторыі дзякуючы не вайсковым перамогам, не багацьцю, не драматызму лёсу. Шчыры вернік, сумленны палітык, моцны гаспадар – на такіх, як канцлер Валовіч, у пару свайго росквіту трымалася аграмада ВКЛ. На такіх зямля стаіць.

Вобраз глыбока беларускі: трываць на плячох цэлую краіну, пакуль не пачнуць трашчаць косьці, займацца і законамі, і фінансамі, і дыпляматыяй, працаваць запар круглыя суткі – і час ад часу зьдзіўляць гісторыю цудамі сваёй працы. Колькі ж трэба сілаў, каб на вяршыні палітыкі ўтрымацца ад спакусаў славы, няправеднага суду, хлусьні ды гвалту! Аказваецца, усё проста: трэба шчыра верыць у Ісуса Хрыста, пачынаць працоўны дзень зь Бібліі і завяршаць яго малітвай, а зь іншымі абыходзіцца так, як хацеў бы, каб абыходзіліся з табою.

Прымружаныя вочы з жывым позіркам, беларускія пухнатыя вусы, высокія надброўныя дугі, найвышэйшы лоб, нос крэйсэрскі і барада выбітная, як таран… Стрыманая сіла, жылістая й цягавітая, у кожнай зморшчыне аблічча.

Вы не зьвярнулі на яго ўвагі ў падручніках ці зборніку “150 пытаньняў і адказаў зь гісторыі Беларусі”? Цяпер знаёмцеся – праведнік, апірышча нацыі, Астафі Валовіч.

Ён адышоў з гэтага сьвету на закаце Залатога веку. Адышоў, пакінуўшы тэстамэнт, у якім абвяшчаў вольнымі ў сваіх уладаньнях усіх нявольнікаў, усталёўваў фундаваньне сіротаў і прытулак для жабракоў.

 

ВІТАЎТ ВЯЛІКІ

Імя гэтага Вялікага князя ўпісанае ў гісторыю Беларусі вялікімі літарамі: ВІТАЎТ.

Вітаўт вялікі, як Княства Літоўскае XV ст. За часы Вітаўта ВКЛ стала цэнтралізаванай дзяржавай, самай вялікай краінай тагачаснае Эўропы й адным з самых уплывовых гаспадарстваў сьвету.

Вітаўт вялікі, бо яму як валадару падначальваліся і Арда, і Масква, і Ноўгарад, і Цьвер; намесьнікі Вітаўта кіравалі Чэхіяй і Малдовай. Імпэрыя Беларусь задзіночвала ўсю Ўсходнюю Эўропу пад уладай Вільні.

 Вітаўт вялікі, бо сам, пабываўшы і праваслаўным, і каталіком, па-хрысьціянску талерантна ставіўся і да каталікоў, і да праваслаўных, і да мусульманаў, і да габрэяў, яднаючы народ ня сілаю, а ідэяй моцнае дзяржаўнасьці.

Вітаўт вялікі, бо толькі вялікім належыць такі драматычны й бліскучы лёс, поўны выпрабаваньняў, зьдзяйсьненьняў і цудаў – як у Якава, Майсея або Давіда.

Для беларусаў Вітаўт такі ж вялікі, як і Пётр I для расейцаў, імпэратар Карл для французаў ці Аляксандр Македонскі для антычнага сьвету.

Эпоха Вітаўта высіцца ў беларускай гісторыі аграмаднай гарой, на якой паўсталі замкі, палацы й храмы Залатога веку. Гэта Вітаўт адваяваў для Беларусі геапалітычны абшар плошчаю больш мільёна квадратных кілямэтраў і заклаў капітальны падмурак для ўтварэньня й разгортваньня нацыі. Гэта Вітаўт выявіў маштаб беларускай магутнасьці й адкрыў велічыню нашага патэнцыялу.

Вітаўт Вялікі – увасобленыя воля й сіла, стоеныя ў беларусах. Воля, якая змагалася й перамагала, мяняла сьвет і вырашала гістарычныя лёсы. Сіла, якая часам магла быць і зьменлівай, і жорсткай – але заўжды зыходзіла зь інтарэсаў Радзімы.

Напэўна, гэта маюць на ўвазе тыя бацькі, што сёньня называюць сваіх Віталікаў Вітаўтамі.

“Вітаўт Вялікі” – супэрфільм галівудзкага кшталту, які зробіцца адным з хітоў нацыянальнага эпасу.

Уяўляеце, зь цемры Сярэднявечча паўстаюць руіны замкаў, і гучыць глыбокі голас за кадрам: ” Малады Вітаўт, пляменьнік Вялікага князя Альгерда, уступае ў змаганьне за Сэрца Эўропы пасьля таго, як законны нашчадак Ягайла забівае ягонага бацьку. Схоплены й пасаджаны ў Крэўскую вежу Ягайлам, Вітаўт бяжыць адтуль, пераапрануты ў адзежу служанкі. Супрацьстаяньне, у якім барацьба за ўладу ідзе побач з помстай, разгараецца зноў. Валодаць Сэрцам Эўропы будзе мацнейшы – бо прыняць выклік эры Грунвальда, Косава й Кулікова поля здолее толькі Вялікі князь!..”

Вітаўт – гэта й жахлівая параза ад татараў на Ворскле 12 жніўня 1399 г., пасьля якой краіна вісела на валаску, і грандыёзная перамога над Тэўтонскім Ордэнам у Прускай вайне 1410 г. і Гарадзельская вунія 1413 г., замацаваньне хаўрусу з Польшчай, і ўпакорваньне Арды, якое на стагодзьдзе пазбавіла Беларусь усходняе пагрозы.

На карціне Матэйкі, конна, пасярод грунвальдзкае сечы, з растрапаным валосьсем і занесеным мячом, з успышкай грознае жарсьці ў абліччы – гэта й ёсьць сапраўдны вобраз Вітаўта Вялікага. Вобраз-выбух. Вобраз-пагоня. Вобраз-эпоха.

Перад сьмерцю, сабраўшы ў кулак у Вільні каралёў і князёў Эўропы, Вітаўт чакаў кароны ад Папы Рымскага. Не дачакаўся.

Бо Вялікаму Княству Госпад Бог прадвызначыў лёс не каралеўскае, а духовае ўлады. Больш велічнай, чым улада Вітаўта Вялікага.

 

ВІНЦЭНТ ГАДЛЕЎСКІ

Гадлеўскі Вінцэнт (Вікеньцій Іванавіч). Ксёндз. 1888 года нараджэньня (мястэчка Поразава, Гарадзеншчына). Рост сярэдні, твар авальны з вострымі рысамі, кароткая стрыжка, акуляры. Ідэоляг беларускага нацыянальнага руху 20-х – пачатку 40-х гг. ХХ стагодзьдзя. Удзельнік Усебеларускага зьезду 1917 г. Сябра Рады БНР. Старшыня падпольнай Беларускай Нацыянальнай Партыі. Аўтар праграмных тэкстаў “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі”. Падчас нямецкай акупацыі – галоўны школьны інспэктар пры генэральным камісарыяце Беларусі. Адкрыты супраціўнік савецкай ўлады. Тайны вораг гітлераўскай адміністрацыі. Выдатны кансьпіратар.

Яшчэ маладым Вінцук Гадлеўскі стаў нефармальным лідэрам Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, нацыянальнага руху каталіцкіх сьвятароў. Яшчэ тады, напачатку страшнага веку гвалту й крыві, ён выбраў найцяжэйшы крыж – праводзіць у Беларусі палітыку Ісуса Хрыста.

“…Напамінаць грэшнаму, навучыць ненавучанага, даваць добрыя парады, пацешыць самотнага, цярпліва зносіць прыкрасьць, шчыра дараваць крыўды, маліцца за жывых і памерлых…”

Вінцэнт Гадлеўскі ведаў, з чаго пачаць. Гэта ён пераклаў для Касьцёлу Новы Запавет на беларускую мову і пачаў служыць імшу ў Менску па-беларуску.

“… Падзякуем Пану Езусу за тое, што вучыў нас, як мы павінны жыць па-Божаму, па-хрысьціянску…”

Вінцэнт Гадлеўскі быў апосталам нацыянальнай ідэі тады, калі Беларусь руйнавалі дзьве сусьветныя вайны, рвалі рэвалюцыі, тапталі таталітарныя рэжымы. Ва ўмовах акупацыі й няспыннага генацыду, на мяжы жыцьця й сьмерці здрадзе, хлусьні й нянавісьці маглі супрацьстаяць толькі воля і вера, падуладныя Богу.

“…Успамінаючы, Божа, збаўленную муку Сына Твайго і Яго цудоўнае ўваскрасеньне і ўшэсьце ў неба, а таксама чакаючы паўторнага Ягонага прыйсьця, з удзячнасьцю складаем Табе гэтую жывую й сьвятую ахвяру…”

Таемна, быццам і ўзапраўды на Эўхарыстыі, у распаласаванай фронтам ІІ Сусьветнай вайны Беларусі Гадлеўскі заснаваў газэту “Беларускі фронт” і камітэт “Беларускі Народны Фронт”. Так Вінцэнт Гадлеўскі стаў хросным бацькам БНФ – аб’яднаньня нацыянальных сілаў пад акупацыяй.

“…Калі пайду я далінай сьмяротнага ценю, не ўбаюся ліха, бо Ты са мною, Тваё жазло і Твой посах – яны супакойваюць мяне…”.

За ім палявалі НКВД, дэфэнзіва і гестапа. Ён арганізаваў беларускае падпольле й халаднакроўна вёў замежныя перамовы з заходнімі саюзьнікамі тады, калі паўсьвету правальвалася ў апраметную. Заўжды ў сэрцы падзеяў, ксёндз Гадлеўскі быў першым, хто маліўся й змагаўся за Беларусь.

“…Гэта чаша крыві Маёй новага й вечнага запавету, якая праліваецца за вас і за многіх для адпушчэньня грахоў…”

Толькі Богу ведама, як неймаверна цяжка гэта было. У той самы час, калі нямецкія пастары падтрымлівалі Гітлера, а расейскія папы здавалі прыхаджанаў чэкістам, простаму беларускаму пробашчу пасярод бітвы супрацьстаяць і фашызму, і камунізму.

“Ойча, калі хочаш, адхілі ад мяне гэтую чашу. Аднак, ня мая воля, а Твая няхай станецца…”

Айца Вінцэнта Гадлеўскага арыштавалі гестапаўцы. У ноч перад Раством – 24 сьнежня 1942 г. Пасьля імшы, ад самага касьцёла, яго завезьлі ў Трасьцянец і расстралялі.

Вінцэнт Гадлеўскі – сьвятар, які стаяў за Беларусь перад брамаю пекла. Імша Гадлеўскага значыць для Беларусі ня менш, чым Крыж Эўфрасіньні й Біблія Скарыны.

 

ГАРЭЦКІЯ

Горная парода магутнага роду, дынастычная глыба беларускасьці паміж разломаў ды землятрусаў ХХ ст. – трое Гарэцкіх. Карыфей прозы нашаніўскае пары, Максім Гарэцкі, ягоны брат, патрыярх беларускай геалёгіі, Гаўрыла Гарэцкі, і сын Гаўрылы, навуковы й грамадзкі лідэр эпохі незалежнасьці, Радзім Гарэцкі.

Максім, востры публіцыст і моцны патрыёт, якога арыштоўвалі і палякі ў Заходняе Беларусі, і бальшавікі ў БССР – вяршыня беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. Зь вясковае глебы “Нашае Нівы” проза Максіма ўздымала цэласную аграмаду нацыянальнага характару. “Рунь”, “Дзьве душы”, “Камароўская хроніка”, “Віленскія камунары” і, нарэшце, “Ціхая плынь” дагэтуль застаюцца капітальнымі падручнікамі беларускай псыхалёгіі й энцыкляпэдыяй нашай інтэлігенцкай рэфлексіі.

Максіма забілі ў ГУЛАГу ў 1938-м.

Гаўрыла сьледам за братавым словам, быццам казачны асілак, падняў усю беларускую зямлю. Дасьледчык нашага ўнікальнага антрапагену (паверхневых адкладаў, намножаных пры жыцьці чалавецтва – у нас адзін з самых багатых комплексаў у Эўропе!), ён стаў бацькам палеапатамалёгіі, навукі пра старажытныя рэкі. Геалёгію пры будаўніцтве Беламорканалу, Волга-Дону, дняпроўскіх ГЭС распрацоўваў Гаўрыла Гарэцкі.

Гаўрылу рэпрэсавалі ў 20-х – 30-х – і аднавілі ў званьні акадэміка Акадэміі Навук Беларусі толькі ў 60-х.

Радзім, ягоны сын, заснаваў беларускую школу тэктонікі й вывучаў такія глыбіні Беларусі, да якіх не пранікаў яшчэ ніхто. Віцэ-прэзыдэнт Акадэміі Навук, у 90-х, падчас крушэньня Савецкага Саюза, менавіта ён быў абраны кіраўніком Згуртаваньня Беларусаў Сьвету і сустаршынём Усебеларускагаг Зьезду за Незалежнасьць.

Гарэцкія, даўні шляхецкі род, сталі па-магнацку магутным апірышчам Беларусі ў ХХ ст. Цэлыя пляяды геолягаў і пісьменьнікаў, НДІ й галіны літаратуразнаўства трымаюцца на гарэцкіх стаўпах.

Гарэцкія – фундамэнтальныя дасьледчыкі ёмішчаў і нетраў нацыянальнай ідэі: зямлі, душы, слова. Яны дасканала вывучылі тое, з чаго Бог стварыў беларусаў і Беларусь. Гарэцкіх як дынастыю яднае глыбінная любоў да зямлі. Любоў, якая дае грунт нацыянальнай ідэі й нясе на сябе краіну, якая прасякае Богам дадзенае мацерыковае сэрца. Любоў да праху чалавечага. Да зямлі абяцанай.

У Максіма – у палёх, шляхох і глебе. У Гаўрылы глыбей, у пясках ды палеарэках. У Радзіма – яшчэ глыбей, у разломах, крышталёвым фундаманьце й тэктоніцы плітаў.

Ды й самі яны гэткія – мацакі, маналітныя, зямное прыцягальнасьці й цьвёрдае пароды.

Род Гарэцкіх – горны хрыбет беларускай гісторыі. Гарэцкія маюць роўнае права выводзіць сваё прозьвішча і ад гары, і ад “араць”, і ад ” гарэць”.

Таму, калі дзе-небудзь у Беларусі вы сустрэнеце Гарэцкага, можаце не сумнявацца – перад вамі моцны гарэшак.

 

ГЕДЗІМІН

Вялікі князь Гедзімін, чый род летапісцы вядуць ад полацкіх князёў – тройчы герой беларускай гісторыі. Па-першае, як будаўнік дзяржавы. Па-другое, як аўтар праекту “Вільня”. Па-трэцяе, як заснавальнік дынастыі Гедзімінавічаў.

Падчас валадараньня Гедзіміна, у 1316-41 гг., у склад Вялікага княства Літоўскага ўвайшлі Менск, Віцебск, Тураў, Пінск. ВКЛ Гедзіміна зьяднала землі да межаў сёньняшняе Беларусі й займела ўласную, незалежную ад Масквы, праваслаўную мітраполію. Дзяржава расла й сталела зь мірным далучэньнем земляў пад знакамітым гедзімінаўскім дэвізам “старыны ня рушым, навіны ня ўводзім”.

У 1323 г. Гедзімін засноўвае новую сталіцу ВКЛ – Вільню. Ход Вільняй – адзін з наймацнейшых крокаў усяе беларускае гісторыі Старога Запавету. Шах крыжакам, схоў ад Усходу, і, нарэшце, пераможная пячатка славянскага наступу, што цэлае Сярэднявечча асіміляваў балтаў аж да самае Балтыкі. Уся сутнасьць Гедзіміна – у гэтым бліскучым горадзе, які наступныя паўтысячы гадоў будзе душою Беларусі.

Гедзімін спарадзіў разлогае дрэва валадароў і сваёй дзяржавы, і Польшчы, і Маскоўшчыны. Альгердавічы, Ягелоны, Трубяцкія, Бельскія, Сангушкі, Алелькавічы, Мсьціслаўскія… Каралі, князі, магнаты… і так ажно да нобэлеўскага ляўрэату па літаратуры, найпершага арыстакрата расейскае прозы, Івана Буніна – Гедзімінавічы.

Вось ён, на гравюры залатога XVI стагодзьдзя, легендарны ваяр і стратэг, гаспадар і бацька, закаваны ў рыцарскія латы. Позірк з-падылба каранаванага шалома, рука – на мячы, і тырчма, быццам вялізныя іклы, вусны важара.

На Замкавай гары пасярод Вільні, наверсе знакамітае вежы Гедзіміна, адкуль відаць усе горы й храмы старазапаветнае беларускае гісторыі, адчуваеш веліч ягонае постаці – сэрцам, якое замірае ад вышыні.

 

МІКОЛА ГУСОЎСКІ

У бліскучым каралеўстве эўрапейскае культуры эпохі Адраджэньня ён, аўтар “Песьні пра зубра”, сакратар Эразма Вітэліюса, дыплямат і паэт Мікола Гусоўскі – надзвычайны й паўнамоцны амбасадар Беларусі.

“Неяк у Рыме пры сьціжме людзей незьлічонай

сьведкам відовішча быў я – бою быкоў на арэне.”

У 1522 г. у Рыме, сталіцы сьвету, у размове з папам Ільвом Х, апантаным паляўнічым, падчас бою быкоў Гусоўскі распавядае аб беларускім зубры – і атрымлівае найвышэйшую замову: напісаць пра гэта паэму. Так нараджаецца знакамітая “Песьня пра выгляд, лютасьць зубра й паляваньне на яго”.

“Хай ён рыкне, і прарвецца ў радкі мае рэхам

Тое рыканьне – набудзе гармонію песьня.”

Гусоўскі, сучасьнік Скарыны, піша духоваму валадару каталіцкае Эўропы, urbi et orbi, пра аграмадную краіну, яе сілу й славу – якраз напярэдадні вялікага хрысьціянскага абуджэньня Беларусі. У вобразах Зубра, Вялікага Княства, Вітаўта варочаецца гіганцкая магутнасьць беларускага характару, якая ўжо рыхтуецца да пасіянарнага выбуху.

“Пара клубіцца з-пад чэрава, з ноздраў, а грыва

Нават бязь ветру ўзьлятае. І зьвер гэты ў бегу –

Быццам сама ўтрапёнасьць, імклівасьці сімвал

Кожная жылка ў парыве, і ў позірку – іскры.”

Гусоўскі піша шэдэўр на выкшталцонай лаціне, што іскрыць беларускасьцю. Антычны верш, велічны й урачысты, падпарадкоўвае сабе дыханьне, ток крыві, розум. Так у вялікіх творах вялікія пішуць пра вялікае.

“Мы на пярэднім краі Хрысьціянства заставай

Орды варожыя грудзі на грудзі прымаем.”

Адной толькі песьняй Гусоўскі зьдзейсьніў у Эўропе нацыянальную місію. Культуровае азарэньне. Адкрыцьцё Беларусі. Заклік да яднаньня хрысьціянскай Эўропы.

“Зубр на паляне стаіць нерухомы, як быццам

Роздуму поўны над сьветам і зьменлівым лёсам…”

500-годзьдзе Гусоўскага пад эгідай ЮНЭСКА адзначалі ў дзесятках краінаў сьвету.

 

ІГНАТ ДАМЕЙКА

Ігнат Дамейка – сусьветная зорка беларускае місіі, самая яркая ў галяктыцы нашых вялікіх вандроўнікаў: Пржэвальскага, Чэрскага, Русецкай, Казлова, Грум-Гржымайлы, Гашкевіча, Мінейкі, Судзілоўскага…

Усё сваё жыцьцё Ігнат Дамейка ахвяраваў беднай і занядбанай індзейскай дзяржаве Чылі, каб зрабіць яе багатай і разьвітай. Працаўнік па-беларуску магутны, ён адзіны ўзьняў на плячох навуку, адукацыю й гаспадарку на вялізнай тэрыторыі ад антарктычных ільдоў Вогненнае Зямлі да пэруанскіх тропікаў.

Сваёй фэнамэнальнай чылійскай адысэяй Дамейка выявіў ня толькі багацьце цэлае краіны, але й патэнцыял беларускае асобы. Уся ягоная эпічная біяграфія – суцэльная апостальская дзея.

Нарадзіўшыся ў сэрцы Вялікае Літвы, на Наваградчыне, Дамейка пачынае свой шлях з моцнай хрысьціянскай адукацыі ў піярскім калегіюме Шчучына, і паступае на фізмат Віленскага Ўнівэрсытэту. Разам зь Міцкевічам, Занам, Чачотам удзельнічае ў таварыстве філаматаў (потым у “Дзядах” Міцкевіч выявіць яго як добрага гаспадара Жэготу), а затым у паўстаньні 1830-31гг.

Але расейская акупацыя не пакідала ў Беларусі месца такім як Дамейка.

Ён эмігруе ў Эўропу, дзе заканчвае парыскую Горную школу, рыхтуе й выдае лепшы на той час геаграфічны атляс Рэчы Паспалітай. Ужо як вядомаму навукоўцу Дамейку прапануе кантракт чылійскі ўрад – і так пачынаецца ягонае падарожжа працягласьцю на ўсё астатняе жыцьцё.

Дамейка за пару месяцаў вывучае гішпанскую мову, і адразу наладжвае шэраг геалягічных экспэдыцыяў, падчас якіх адкрывае вялізныя паклады салетры й меднае руды – тыя самыя, па якіх Чылі дагэтуль займае першае месца ў сьвеце. Арганізоўвае ў Сант’яга вадаправод, мэтэаралёгію, лябараторыі й музэі. Праводзіць этнаграфічныя дасьледваньні. Уводзіць у Чылі сыстэму мераў і вагі. Ягоную “Мінэралёгію” на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў чытае ўся Лацінская Амерыка. “Дон Ігнацыё” чатыры разы выбіраўся рэктарам Унівэрсытэту Сант’яга й заслужыў імя “Вялікага асьветніка”.

Гэта было сапраўднае адкрыцьцё Чылі – зь нетраў да самых вяршыняў.

“Дамейка.” Мінэрал, выкапнёвы сьлімак, фіялка, горад і порт, горны хрыбет, вяршыня ў Андах усяго каля сотні найменьняў… Дамейка стаў ня проста народным героям Чылі – ён зрабіўся нацыянальным брэндам.

Нават адкапаны ў тых краёх нядаўна – ужо ў ІІІ тысячагодзьдзі! – новы від дыназаўра ўдзячнае чалавецтва назвала “дамейязаўрам”.

Напрыканцы жыцьця Дамейка пакінуў Чылі, калісьці самую адсталую краіну рэгіёну, адной зь перадавых дзяржаваў Паўднёвае Амэрыкі – каб, як патрыёт, наведаць радзіму, і, як шчыры вернік, Сьвятую Зямлю…

Львіная доля сусьветнага меднага рынку, знакаміты чырвоны перац і соўс “Chili”, Сальвадор Альендэ й Аўгуста Піначэт, эканамічны цуд ХХ стагодзьдзя й бліскучы футбол – усё гэта дала сьвету краіна, адкрытая беларусам Дамейкам.

 

ЖЫГІМОНТ АЎГУСТ

Жыгімонт Аўгуст – валадар Залатога веку Беларусі.

Жыгімонт Аўгуст – VIP-пэрсона талеранцыі ў сярэднявечнай Эўропе.

Жыгімонт Аўгуст – успышка каханьня, вясельля, каранаваньня й трагічнае сьмерці Барбары Радзівіл, такая ж яркая, як драма зорнае пары Жаклін Радзівіл і Джона Кэнэдзі праз чатырыста гадоў.

Беларускія гісторыкі звычайна абмінаюць асобу Жыгімонта Аўгуста, занятыя Скарынам, Будным або Сапегам. Але сярод усіх лідэраў Беларусі апошняга паўтысячагодзьдзя менавіта ён, кіраўнік дзяржавы, прэтэндуе на прыз глядацкіх сымпатыяў. Чым больш мы ўзіраемся ў глыбіні легендарнага XVI стагодзьдзя, тым больш зачароўвае нас гэтае спагадлівае, мяккае й удумлівае аблічча.

Жыгімонт Аўгуст, Вялікі князь літоўскі й кароль польскі – ціхі геній Залатога веку.

Маладога Жыгімонта Аўгуста, сына Жыгімонта Старога й італьянкі Боны Сфорцы, лепшага сябра дому Радзівілаў, у вялікія князі вылучылі беларускія магнаты. Таемна абвянчаны з прыгажуняй-беларусачкай Барбарай Радзівіл, Аўгуст стаў каралём – і страціў жонку: атручаная зламысьнікамі, яна згарэла за 6 месяцаў. Перадаў усе справы Вялікага княства ў рукі канцлера Мікалая Радзівіла Чорнага – і гэтым даў волю Рэфармацыі ды захаваў беларускую незалежнасьць.

Шчасьлівы Жыгімонт Аўгуст, бо пад ягонай уладай ВКЛ дасягнула найвышэйшага духовага ўздыму!.. І гора яму, бо ў ягоны час створаная хрысьціянскім абуджэньнем нацыя адчула ўвесь боль ахвяры Новага Запавету. Сам Жыгімонт стаў выразным увасабленьнем натхнёнае духовасьці, што пакутвала ад слабасьці чалавечае.

І як сымбалічна: у валадараньне Кесара Аўгуста на зямлю прыйшоў Хрыстос – і ў час Жыгімонта Аўгуста Божае зьяўленьне перажывала Беларусь!

Для ўсёй Эўропы, што скаланалася ад рэлігійных войнаў паміж каталікамі, пратэстантамі й праваслаўнымі, Жыгімонт Аўгуст быў ідэалам верацярпімасьці. Гэта яму, каралю талеранцыі (каталіку!) прысьвяціў свой знакаміты пераклад Бібліі Марцін Лютар. Гэта яму ахвяраваў тлумачэньні да Пасланьняў апосталаў Жан Кальвін. Гэта да яго пісалі Папа Рымскі, Гескер, Булінгер, найвядомейшыя тэолягі ды прапаведнікі з усяго Старога сьвету.

“Не магу прымушаць да веры – казаў Жыгімонт ІІ, – гэта робіцца наіцьцем Сьвятога Духа”.

Вось вам манарх мяккі, як мяккі знак беларускасьці.

Аграрная рэформа й эканамічны рост у некалькі разоў, бурлівая ўрбанізацыя, росквіт культуры, Статут 1566 г. – справаздача дзяржаўнага кіраваньня Жыгімонта Аўгуста.

Але Інфлянцкая вайна, страта Полацку й Люблінская вунія – гэта таксама Жыгімонт ІІ.

Шукайце, і знойдзеце ўсе ключы да тайнаў XVI стагодзьдзя ў самім жыцьці Жыгімонта Аўгуста – апошняга зь Ягайлавічаў. Караля Залатога веку, які не пакінуў па сабе нашчадкаў.

 

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ

У кожнай нацыі абавязкова ёсьць такі легендарны паўстанец. Малады. Ідэаліст. Змагар супраць акупацыі, які церпіць паразу, але не скараецца – і перад сьмерцю пакідае за сабой апошняе, крылатае слова.

Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва…

У савецкія часы Каліноўскага раскручвалі як рэвалюцыянэра – і на гэтых словах з-пад шыбеніцы цэнзура ставіла шматкроп’е.

Пра Каліноўскага дарэчна сказаць: годны сын беларускага народа. У 24 гады ён узначаліў паўстаньне, ужо ў 26 загінуў.

Шляхціч з Заходняе Беларусі. Студэнт Піцерскага юрфаку. Лідэр моладзі. Незалежнік. “Яська – гаспадар з-пад Вільні”. Абаронца вуніі… Каліноўскі кінуў выклік усёй імпэрыі й яе генэрал-губэрнатару Мураўёву-вешальніку. Расейскаму штыку, расейскай школе й расейскай царкве.

“Бог стварыў чалавека, каб ён карыстаў з  вольнасьці справядлівай” – пісаў Каліноўскі ў “Мужыцкай праўдзе”.

Каліноўскі больш года кіраваў паўстаньнем 1863-64 гг. у Беларусі й наладжваў падпольны супраціў пасьля разгрому ўзброеных атрадаў. Арыштаванага на кансьпірацыйнай кватэры ў Сьвятаянскіх мурох Вільні, яго прысудзілі да пятлі.

Рэдактар нелегальнае “Мужыцкае праўды” быў сапраўдны мужык. Рашучы, цьвёрды, жалезнае вытрымкі й ваярскага духу. Хлопчыкаў-“сувораўцаў” належыць пераймяноўваць якраз у “каліноўцаў”.

Кастусь Каліноўскі – прозьвішча чаканае й навостранае, быццам клінок. Каліноўскі – заклік калёнае сталі. “Каліноўскі” – і колькі пакаленьняў устае з каленяў!

Каліноўскі быў чырвоны. Радыкальны колер каліны. Насуперак белым кансэрватарам, ён ставіў на рэвалюцыю: “далоў самадзяржаўе”, “зямлю – сялянам”, “у нас няма дваранаў – усе роўныя”. Але вясковай Беларусі, пазбаўленай мовы, гісторыі й гораду, былі патрэбныя яшчэ й сьляпушчы выбух сьвядомасьці, і чыстая эліта, і сьветлае духовае адраджэньне. Беларусь чакала бел–чырвона–белага!

Кастусь Каліноўскі – галоўны герой нацыянальнага адчаю. Паўстаньне адпачатку было асуджанае на правал: самі сяляне потым лавілі й здавалі мяцежнікаў. Параза была непазьбежнай ня толькі таму, што Расейская імпэрыя валодала несувымерна большай сілай. Проста Беларусь заўжды перамагала ня гвалтам, ня зброяй, а духам і словам.

І ўсё-такі мужнасьць ёсьць мужнасьць, і воля ёсьць воля. Таму ў моманты адчаю Беларусь першым узгадвае яго. Кастуся Каліноўскага.

 

УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ

Уладзімір Караткевіч быў, ёсьць і будзе галоўным рамантыкам беларускай нацыянальнай ідэі.

Цягам усяго кароткага жыцьця кнігу за кнігай Караткевіч ствараў той нацыянальны міф, які іншыя народы пісалі стагодзьдзямі – раманы, поўныя рамантыкі.

Пасьля вайны, калі стаханаўцамі, будатрадамі й героямі пяцігодак адбудоўвалася савецкая імпэрыя – ён падымаў зь векавых руінаў Беларусь.

Гістарычны эпас, вершы, п’есы й кінасцэнары аднаўлялі ў масавай сьвядомасьці ўсю аграмаду Беларусі часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Уладзімір Караткевіч стаў нашым Вальтэрам Скотам, Аляксандрам Дзюма й Шарлем дэ Кастэрам у адной асобе.

Караткевіч пісаў ужо для мільёнаў пакаленьня ўрбанізацыі, што ў 60-х – 80-х зрабілі Беларусь гарадзкой – і расказваў менавіта пра гарадзкую Беларусь Сярэднявечча. Беларускія палацы, замкі, храмы! – для сырое вясковае нацыі, якая перабіралася ў хрушчоўкі й панэльныя шматпавярхоўкі, гэткае адкрыцьцё было грымотамі сярод яснага неба.

Караткевіч – гэта бліскучы, пранізьлівы й навостраны стыль. Такое ўражаньне, што Караткевіч змагаецца за чытача кожнай фразай.

Прозу, п’есу, публіцыстыку Караткевіч па-беларуску геніяльна й проста ператвараў у паэзію, а саму паэзію рабіў эпічнай. Вялікія вобразы Караткевіча – хіты нацыянальнае ідэі. “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Сівая легенда”, “Чорны замак Альшанскі”, “Дзікае паляваньне караля Стаха”, і, нарэшце, “Зямля пад белымі крыламі”.

Караткевіч тонка адчуваў, наколькі чалавек слабы і грэшны.

У Караткевічы гучыць стогн душы, якую разрывае трагедыя роднае зямлі ў бязбожны час. Надрыўныя сказы – ранамі. Словы вострыя, бліскучыя, як клінкі Сярэднявечча – ягоная ўлюбёная зброя. Сваімі кароткімі, рэзкімі, моцнымі сказамі, пранікальнымі й паражаючымі, Караткевіч б’е ў самае сэрца – так, што хочацца крычаць ад жаху ці плакаць ад шчасьця. Месцамі заміраеш – чытаць проста балюча.

Караткевіч стварыў масавую нацыянальную сьвядомасьць, масавы попыт на беларускую літаратуру, першы фэномэн нацыянальнае масавае культуры – і гэта пры тым, што ягоная клясыка была ў прынцыпе элітарнай. Дзясяткі тысячаў сьвядомых беларусаў дагэтуль зачытваюцца менавіта Караткевічам.

У Караткевічы да самага далягляду раскінулася прастора вольнага Падняпроўя, поўнага крыві, сьлёзаў і сьвятое вады… Вялікі пясьняр нацыі, ён апеў беларускую веліч на найвялікшым абшары краіны.

Так, Караткевіч піў – тады творцы пілі, быццам сыходзілі ў партызаны. Караткевіч гуляў – так, як можа гуляць адчайны жыцьцялюб у задухе застою. Караткевіч верыў і выракаўся, каяўся – і выступаў як багаборца, хаця для тагачаснага ваяўнічага атэізму само прызнаньне Бога лічылася грэхам. Але – сярэднявечны вальнадумец! – ён здолеў данесьці да чытача адкрыцьці Беларусі, даступныя толькі праведнікам, прарокам і вялікім пісьменьнікам.

Ён не памёр – як і большасьць ягоных герояў, ён загінуў. Згарэў дарэшты, выканаўшы сваю місію. І пакінуў гэты сьвет рыхтык напярэдадні перабудовы й Адраджэньня – у 1984-м.

Але дагэтуль бачыцца: у белай, адпрасаванай кашулі, як ён пісаў заўжды, сьпяшаючыся й баючыся не пасьпець – адрывіста, востра, аўтаручкай, быццам пяром, Караткевіч расстаўляе кропкі над “і” й зьнічкі “у” кароткага.

 

ТАДЭВУШ КАСЬЦЮШКА

Тадэвуш Касьцюшка – генэрал паняволенай Беларусі, які адстойваў свабоду для ўсяго сьвету.

У век францускай рэвалюцыі, вайны за незалежнасьць ЗША, росквіту каляніяльных імпэрыяў і нараджэньня нацыянальна-вызвольных рухаў Тадэвуш Касьцюшка стаў ідэалам вольналюбівай эпохі. Нацыянальны герой ЗША й Польшчы, ганаровы грамадзянін Францыі, папулярны ад Расеі да Амэрыкі й ад Эўропы да Аўстраліі, Касьцюшка заўжды заставаўся ліцьвінам з тутэйшага вуніяцкагаг роду, жывым сымбалем і гонарам Беларусі.

Тадэвуш Касьцюшка – пэрсаніфікацыя беларускае цьвёрдасьці. Касьцяк беларускасьці. Наша косьць. Цікава, як у самых цьвёрдых ваярах нацыі адгукаюцца гэтыя косьці. Канстаньцін Астроскі. Кастусь Каліноўскі. Касьцюшка.

Яшчэ падчас навучаньня ў піярскай школе Тадэвуш узяў на ўзбраеньне словы зь Бібліі: “Такім чынам, стойце ў свабодзе, якую даў вам Хрыстос, і не схіляйцеся зноў пад ярмо рабства” (Да Галятаў 5:1).

Ваяваць за свабоду стала ягоным пакліканьнем.

Варшаўскі кадэцкі корпус і Парыская акадэмія далі Тадэвушу Касьцюшку грунтоўную вайсковую адукацыю. У 1776 г. на заклік Ураду ЗША ён адправіўся ў Амэрыку змагацца за незалежнасьць навастворанае дзяржавы ад Ангельшчыны.

Сем гадоў генэрал Касьцюшка адстойвае вольнасьць тае краіны, якая ў ХХ ст. зробіцца апірышчам міжнароднае дэмакратыі й лідэрам свабоднага сьвету. Касьцюшка абсталяваў абарончую фартыфікацыю тагачаснае сталіцы Штатаў, Філядэльфіі, кіраваў будаўніцтвам умацаваньняў у знакамітай бітве пад Саратогай, і стварыў цытадэль Уэст-Пойнт, сёньня галоўную вайсковую акадэмію ЗША – месца, дзе наступныя 200 гадоў будуць вучыць стаяць за свабоду ва ўсім сьвеце.

Касьцюшка зрабіўся асабістым сябрам бацькоў-заснавальнікаў ЗША, першага прэзыдэнта Джорджа Вашынгтона й аўтара “Дэклярацыі незалежнасьці” Томаса Джэфэрсана, і атрымаў ад іх найвышэйшую вайсковую ўзнагароду – Ордэн Цынцыната (яго Касьцюшка потым перадасьць у дар вуніяцкай царкве).

У 1784 г. Касьцюшка вярнуўся на Радзіму. Менавіта ў гэтым месцы, у гэты час для яго свабодалюбства й цьвёрдасьці прабіў момант ісьціны. 3 траўня 1791 г. у Варшаве абвяшчаецца першая ў Эўропе дэмакратычная Канстытуцыя. Напалоханыя рухам за волю ў Сэрцы Эўропы, Расейская, Пруская й Аўстра-Вугорская імпэрыі пачынаюць разбор Рэчы Паспалітай. Касьцюшка ўзначальвае паўстаньне.

Касьцюшка аказаўся тым увасабленьнем рашучае беларускае волі, якая здолела сьцяць у кулак дэмаралізаваную, разбэшчаную анархіяй Рэч Паспалітую. Паўстаньне ахапіла большую частку беларускіх і польскіх земляў.

Касьцюшка выдаў знакамітыя унівэрсалы – выклікі акупацыі й маніфэсты свабоды для народу.

Касьцюшка адчайна біўся на тры фронты, зьдзіўляючы ворагаў сваёй самаадданасьцю.

Нават паранены й паланёны пад Мацяёвіцамі, Касьцюшка, вязень Кацярыны ў Петрапаўлаўскай крэпасьці, застаўся сьцягам вызвольнае барацьбы: уся Эўропа са спачуваньнем і захапленьнем сачыла за ягоным лёсам.

Потым будзе вызваленьне, зноў Амэрыка, Францыя, Швайцарыя, сустрэчы з Напалеонам, Талейранам, Аляксандрам І… І – беларускі лёс! – сьмерць у эміграцыі.

Вечны змагар за нашу і вашу свабоду, Касьцюшка нават у тэстамэньце завяшчаў Томасу Джэфэрсану выкарыстаць усю сваю маёмасьць у ЗША на выкуп неграў з рабства.

“Тадэвуш Касьцюшка карыстаўся вялікай пашанай усёй Эўропы, быў гразой для ворагаў і боствам для народа, узвышаны да рангу Начальніка, ня ведаў іншага гонару як служыць Айчыне і змагацца за яе, заўсёды сьціпла сябе паводзіў. Не насіў ніякіх знакаў вышэйшае ўлады, хадзіў у сурдуце з простага шэрага сукна й сталаваўся так, як звычайны афіцэр” – пісаў аб ім Міхал Клеафас Агінскі.

Касьцюшка, шляхетны, інтэлігентны, высакародны – узор афіцэрскага гонару для сучаснага бларускага войска й квінтэсэнцыя самой беларускасьці. Чалавек, у прозьвішчы якога спалучылася косьць і ласкавасьць, быў якраз з такога нацыянальнага сплаву цьвёрдасьці й далікатнасьці.

У Тадэвушы Касьцюшку вялікая беларуская місія Новага часу – Вольнасьць! Ідэалізм! Дэмакратыя! – дасягнула піку. Трыюмф Амэрыкі, імкненьне да вызваленьня Польшчы й найвышэйшая кропка Аўстраліі – вяршыні Касьцюшкі.

Постаць Касьцюшкі ўзвышаецца і пасярод беларускае гісторыі, быццам грандыёзная статуя Свабоды, бачная ўсім народам:

“Стойце ў свабодзе!…”

 

ЯКУБ КОЛАС

Якуб Колас, нароўні зь Янкам Купалам – заснавальнік сучаснай беларускай літаратуры. Яны абодва, нават народжаныя ў адным 1882 годзе, як Кірыла й Мяфодзій, заўжды стаяць поплеч: парай у альфабэце, побач у хрэстаматыях, дублем у сьвядомасьці. А сапраўднае прозьвішча Коласа – Міцкевіч – і эпічная веліч родняць яго зь яшчэ адным беларускім калосам – тым самым Міцкевічам.

У беларускай нацыянальнай ідэі Якуб Колас займае такое ж месца, як і ягоны вялізны чыгунны помнік у Менску. Якуб Каласальны ў кампазыцыі з партызанам Дзедам Талашом і юным геніем Сымонам-музыкам высіцца гарой на п’едэстале аднайменнае плошчы ў цэнтры сталіцы. Перад ім – галоўны ў Беларусі праспэкт Скарыны, насупраць – Дзяржаўная Філярмонія, леваруч – Нацыянальны Алімпійскі Камітэт, праваруч – знакаміты паліграфічны камбінат, таксама імя Якуба Коласа, дзе друкуюць ягоныя кнігі, і выставачная заля сучаснага мастацтва “На ростанях”, а за плячыма – цэнтральны харчовы кірмаш краіны, Камароўка. Словам, уся энцыкляпэдыя народнага жыцьця.

Якуб Колас – найвялікшы працаўнік нашае літаратуры. Коласаўская проза й паэзія, манумэнтальныя і паводле зьместу, і паводле аб’ёмаў, вырабленыя з руплівасьцю клясычнага беларускага кшталту.

Колас ствараў адну зь першых падпольных беларускіх школак. Настаўнічаў. Пісаў у “Нашу Ніву”. Сядзеў у “Валадарцы”.

Колас – знакавая зьява таго беларускага пісьменьніцтва, што вырасла з каранёў сялянскае нацыі, нашай нівы пачатку ХХ стагодзьдзя. Ягоныя буйныя й цэласныя творы, быццам кутнія камяні, складаюць падмурак вялікага вясковага эпасу Беларусі.

І кожны зь іх – фундамэнтальны архетып нацыянальнай ідэі.

“Казкі жыцьця”, сьведчаньне нязбытнага ідэалізму беларускага сьветапогляду.

“Новая Зямля” (1911-1923 гг.), вершаваны шэдэўр з эвангельскай назвай, пра такія простыя, такія важныя й такія беларускія рэчы: сям’я, зямля, дзяцінства, праца, Радзіма. “Мой родны кут, як ты мне мілы!…”

“Сымон-музыка” (1911-1928 гг.), сымфонія сьпеўнае паэтычнасьці, поўная лірызму, жалю й любові – ключавых пачуцьцяў нашае мэнтальнасьці.

“Дрыгва”, партызанская сага, прароча напісаная ў страшным 1933-м, у год пачатку масавых чыстак у СССР і прыходу да ўлады Гітлера – беларускі адказ усім акупантам.

Нарэшце, “На ростанях” (1923-1954 гг.), раман пра нацыянальны крыж скрыжаваньня паміж Захадам і Усходам, пакуты беларускай інтэлігентнасьці ў пошуках ідэнтычнасьці.

Якуб Колас, быццам біблійны Якуб-Ізраіль, бацька 12 каленаў, спарадзіў цэлую дынастыю твораў, заклаў падмуркі народу – і павёў яго да Новае Зямлі.

Да тае самае новае зямлі, дзе зерне Слова стала коласам “і ўрадзіла плод: адно ў 100 разоў, а тое ў шэсьцьдзесят, а тое ў трыццаць”. (Мацьвея 13:8)

 

ЯНКА КУПАЛА

Янка Купала – наш Пясьняр. Пачынальнік стагодзьдзя вялікай беларускай паэзіі.

“Спачатку яно шалясьцела

Вельмі нясьмела,

А потым лізнула аконца

Ціха, як сонца.”

Галоўны Тэатар краіны – Купалаўскі. Цэнтральная станцыя сталічнага мэтро – Купалаўская. Тыя, хто хочуць людзьмі звацца, запоем чытаюць і цытуюць Янку Купалу.

“Назаўтра ўзьняло галасочак,

Нібы званочак

Ды ў час празьвінела так далей

Збуджанай хваляй.”

Купала – тыпова беларускі фэномэн: паэт-лідэр. У духовай, сьпеўнай, узвышанай Беларусі валадары слова фармулявалі ў вершах і грамадзкі заклік, і палітычную праграму, і саму нацыянальную ідэю. Сімяон Полацкі, Адам Міцкевіч, Франьцішак Багушэвіч, Якуб Колас, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін – публічныя постаці вялізнага грамадзкага ўплыву на сучасьнікаў. Але найвялікшым паэтам-трыбунам у беларускай гісторыі трэба прызнаць Янку Купалу.

“На трэці дзень чуцен быў гоман

Хоць і надломан.

Але ўжо больш вольны, дасьціпны

К сэрцу прыліпны…”

Ужо ў пачатку ХХ стагодзьдзя ў нашаніўскіх вершах і першых кніжках беларускага Адраджэньня Купала загучаў голасам шматмільённай беларускай вёскі – простым, але небывала розгаласным і магутным.”Я мужык-беларус…”. Трубная моц пачуцьця й буйныя ўдарныя рытмы расьпіралі рыфму, выкоўвалі мову й уладна вялі за сабою рэй нацыянальнага руху. Стоеная сіла вершаў-лёзунгаў, вершаў-воклічаў, вершаў-прамоваў зрабіла Купалу бясспрэчным правадыром Беларусі ў эпоху сусьветных войнаў і рэвалюцыяў.

“Па пушчах пайшло бураломам –

Дома, за домам

Бунтарскае грымнула слова –

Аж да аковаў.”

Вершы Купалы настолькі ж глыбокія й плыткія, як і паўнагалосьсе ягонага імя. “Курган”, “Магіла льва”, найлепшыя нізкі, вязынкі й ляўкі ягонае паэзіі спалучылі сымбалічныя беларускія фэномэны: сьпеўнасьць голасу, цякучасьць вады, чуйнасьць сэрца.

Янка Купала купаў беларускую душу, як праўдзівы Ян Прадвесьнік, каб ачысьціць для новага жыцьця тых, хто там ідзе. Сялянская Беларусь у агромністай такой грамадзе прайшла праз купель Купалы, быццам воднае хрышчэньне, пад гімн “Малітвы”:

“Малюся я небу, зямлі і прастору,

Магутнаму Богу Ўсясьвету малюсь

Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору

За родны народ Беларусі!..”

Купалу ламалі.

Камуністы адчулі ў ім голас народа. Сьпярша пад яго падкопваліся. Цкавалі паклёпамі, душылі падспудна, баючыся крануць адкрыта. Але напрыканцы 20-х сыстэма навалілася ўсёй сваёй бальшавіцкай масай. Страшная купалаўская драма – невыносна моўчкі назіраць, як нішчаць Бацькаўшчыну! – так і замерла ў 30-х немым крыкам. Вось адкуль надрыў “Тутэйшых”, вось адкуль штучнасьць савецкіх вершаў, вось адкуль геніяльная купалаўская драматургія.

Вось адкуль упаў Купала ў лесьвічны прахон гатэлю “Масква” 28 чэрвеня 1942 года.

Янка Купала – нацыянальны партрэт з галерэі вялікіх эталёнаў. Мяккае, адухоўленае й трагічнае аблічча, такое мілае й такое наша… Вось ён, твар Беларусі ХХ стагодзьдзя! У фотаздымках Купалы розных гадоў, як у таемным люстры, можна ўгледзець лёс краіны. Такі малады, сьветлы, сьвежы яшчэ ў 27-м, у 1933-м ужо надламаны, надтрэснуты зморшчынамі, а ў 1937-м – страшэнна стары й перадсьмяротна цёмны.

Мне сьняцца сны аб Беларусі…

 

БРАТЫ ЛУЦКЕВІЧЫ

Брацтва Луцкевічаў дала нам Беларускую Сацыялістычную Грамаду, “Нашу Ніву” й незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Браты Луцкевічы – лідэры галоўных праектаў беларускага Адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя, падвойны матор нацыянальнага руху.

Браты Іван і Антон, як Майсей і Аарон, як апосталы Пётр і Андрэй, рабілі гісторыю ўдваёх. Старэйшы, Іван, археоляг, падымаў Беларусь зь зямлі. Малодшы, Антон, літаратуразнаўца – з кнігаў. Іван зрабіў калекцыю беларускай старыны (на 13 тысяч прадметаў), што стала асноваю Віленскага Музэю. Антон перакладаў на беларускую Біблію, складаў падручнікі, пісаў артыкулы. Іван арганізоўваў славутую Віленскую гімназію. Антон – узначальваў Беларускае выдавецкае таварыства.

Іван і Антон Луцкевічы былі ініцыятарамі стварэньня ў 1903 годзе Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады, якая ў 1903 годзе ператварылася ў БСГ, у 1906-м заснавалі газэту “Наша Доля”, а затым і “Нашу Ніву”. Два браты зьяўляліся там, дзе вырашаўся лёс Беларусі, дружна браліся за справу, і нацыянальны рух адразу пачынаў віраваць.

Трыюмфам братоў Луцкевічаў стала абвяшчэньне БНР. 25 сакавіка 1918 г. яны, лідэры віленскае дэлегацыі, зрабілі ідэю беларускай незалежнасьці рэальнасьцю. Гэта была кульмінацыя ў жыцьці Луцкевічаў – і вялікі дзень у гісторыі Беларусі.

Лёс разарваў братэрства Луцкевічаў, як і саму Беларусь, войнамі й рэвалюцыямі. Старэйшы, Іван, памёр ад сухотаў у Польшчы ў 1919-м. Малодшы, Антон, яшчэ пасьпеў правесьці паспяховую кампанію выбараў у Польскі Сейм і стварыць Пасольскі клюб, каб абараніць правы беларусаў пад акупацыяй… Але ў 1939-м трапіў у бальшавіцкія засьценкі – і загінуў там у страшны для Беларусі 1942-гі, год сьмерці Купалы й Гадлеўскага.

Іван і Антон Луцкевічы – вось хто злучыў Беларусь з роднай Вільняй, перадаўшы нам у спадчыну скарбы й дух Вялікага Княства.

Усім нам, беларусам – братам Луцкевічаў.

 

ПЯТРО МАГІЛА

Мітрапаліт, сын малдоўскага гаспадара Сімяона й беларускі сьвятар, асоба духова магутная, уладная й харызматычная, Пятро Магіла – сапраўдны правадыр сусьветнага праваслаўя XVII стагодзьдзя.

Размаўляючы й пішучы па-старабеларуску, Магіла аказваў аграмадны ўплыў:

— на Украіну, бо кіраваў адноўленай Кіеўскай мітраполіяй;

— на Польшчу, бо ўзначальваў праваслаўную царкву ўсяе Рэчы Паспалітай;

— на Расею, бо адпраўляў туды місіі й прымаў адтуль манахаў на вучобу;

— на Малдову, бо заставаўся галавой гаспадарскае сям’і;

— ды й на ўвесь тагачасны праваслаўны сьвет: узровень духовае адукацыі й арганізацыі беларускага праваслаўя быў узьняты ягонымі высілкамі да эўрапейскіх стандартаў, а ў заснаваны ім Кіева-Магілянскі калегіюм ( будучую акадэмію) пачалі зьяжджацца студэнты з усяе айкумены грэцкае веры.

 Вянцом жыцьця Пятра Магілы стала напісанае ім у 1640 годзе “Праваслаўнае спавяданьне веры” – у 1672 -м на Сінодзе ў Ерусаліме яно было зацьверджана як афіцыйная дактрына ўсіх праваслаўных цэркваў.

Супраціўнік фармальнага й прымусовага аб’яднаньня з каталіцтвам, Магіла ажыцьцявіў унутраную рэформу праваслаўя, паводле маштабаў і зьместу параўнальную з вуніяй. Стварэньне эўрапеізаванае сыстэмы праваслаўнай адукацыі – ад пачатковае да вышэйшае – навучаньне для лепшых у заходніх унівэрсытэтах, упарадкаваньне богаслужбовай літаратуры й кананічных тэкстаў, пераклад і тлумачэньне Сьвятога Пісьма, увядзеньне роднай мовы ў казанях, стварэньне элітарных асьветніцкіх гурткоў – своеасаблівых праваслаўных ордэнаў – усе гэтыя дасягненьні Пятра Магілы сабралі ўвадно агромністую 700-гадовую спадчыну беларускага праваслаўя, склалі сілу й славу нацыянальнага хрысьціянства й ператварылі Беларусь у цэнтар праваслаўнага Адраджэньня XVII стагодзьдзя.

Геніяльны настаўнік і прапаведнік, Пятро Магіла напісаў “Эвангельле вучыцельнае” (1616), “Анфалагіён” (1636), “Катэхізіс” (1640), “Ліфас, або Камень” (1642), “Эўхалагіён, ці Трэбнік” (1646) – кнігі, якія выкарыстоўваліся як падручнікі ў духовых навучальных установах славянскага сьвету амаль 400 гадоў – да пачатку XX ст.! – і застаюцца клясыкай дагэтуль.

Гэта Магіла, апостал паводле натуры, накіраваў у расколатую Расею два перакладчыцкія пасольствы – каманду Епіфанія Славінецкага, што ўзначаліў грэка-каталіцкую школу ў Чудавым манастыры, і групу Сімяона Полацкага, які вырас да патрыярха расейскае літаратуры.

Муж тытанічнае беларускае працавітасьці, Магіла ўзьняў праваслаўе ў Вільні, Віцебску, Слуцаку, Воршы, у час вуніяцкага наступу аднавіў Магілёўскую праваслаўную епархію, даў Беларусі шэраг знакамітых манастыроў, школаў і друкарняў.

Для Беларусі тае эпохі Пятро Магіла застаўся вялікім лідэрам Усходу – так, як ягоны цёзка Пятро Скарга зрабіўся апалягетам Захаду. Гэтая эпоха вялікага супрацьстаяньня, час Сапегі, Сматрыцкага, Кунцэвіча, Руцкага, завяршыла Залаты век, бліснуўшы грандыёзнымі азарэньнямі – і абрынулася ў міжканфэсійную барацьбу й Невядомую вайну 1654-67 гг., каб скончыцца крахам цывілізацыі ВКЛ. Эпоха вялікае тэалягічнае палемікі, імклівай паланізацыі шляхты й русыфікацыі простага люду, эпоха росквіту рэлігіі й заняпаду веры, эпоха Магілы – ключ для разгадкі Новага Запавету беларускай гісторыі.

Магутнае беларускае праваслаўе сышло ў магілу разам зь Пятром Магілам. Ён памёр у 1647-м, а ўжо ў 1648-м, быццам гром, грымнула жорсткая грамадзянская вайна. Казаччына, Пераяслаўская рада, патоп, Маскоўская акупацыя… Але як Ісус, забіты й пахаваны, уваскрос зь мёртвых – так і Беларусі, і беларускай духовасьці, і беларускаму праваслаўю наканавана паўстаць з Магілы.

 

ПЯТРО МАШЭРАЎ

Калі вам яшчэ пашчасьціць засьпець мітынг жывых беларускіх камуністаў, сярод рытуальных кумачовых палотнаў, зморшчаных абліччаў і абразоў Леніна-Сталіна вы абавязкова заўважыце партрэт пільнага, падцятага, строгага мужчыны зь незапамінальнымі рысамі й тварам школьнага дырэктара. Гэта Пятро Міронавіч Машэраў, першы сакратар Цэнтральнага Камітэту Камуністычнай Партыі Беларусі 70-х гадоў XX ст. – культавая асоба беларускай савецкай гісторыі.

Самы папулярны кіраўнік БССР, Машэраў “дбаў пра народ”, вітаўся з усімі за руку й час ад часу хадзіў на працу пешшу ды без аховы. Кананічны ўзор правільнага начальніка з савецкіх кніжак, архетып “бацькі” й генэтычны ўспамін пра вялікага князя – усе нацыянальныя мары сышліся ў гэтым моцным лідэры й тыповым камуністычным чыноўніку.

Машэраў, чый бацька загінуў у сталінскіх лягерох і чыю маці расстралялі гестапаўцы, меў легендарную біяграфію. Камсамолец з глыбінкі, настаўнік у Расонскім раёне з пачаткам вайны стварыў падпольле й сышоў у партызаны разам са сваім выпускным клясам. Стаў камбрыгам, праводзіў пасьпяховыя баявыя апэрацыі – і пасьля вайны разам з “партызанскім клянам” увайшоў у вышэйшае партыйнае кіраўніцтва.

Насамрэч у Пятры Машэраве не было нічога асабліва харызматычнага. Гэта быў проста моцны беларус, пакінуты на гаспадарцы пры крамлёўскае акупацыі, увесь сакрэт народнай папулярнасьці якога заключаўся якраз у невынішчальнае беларускасьці. Машэраў увасобіў у сабе і бум “зборачнага цэху”, і цуд урбанізацыі Беларусі, і “чарку ды скварку” агульнасаўковага застою. За Машэравым шмат будавалі, перавыконвалі саюзныя пляны, і тэмпы росту ВУП па рэспубліцы дасягалі 15% штогод. Гэта ў часы Машэрава беларусы адчулі ціхі нацыянальны гонар за “БелАЗы”, спорт ды “Песьняры”.

Кім быў Пятро Машэраў? Прыхільнікам творчасьці Караткевіча ды Быкава й кіраўніком, за часы якога ў Менску не засталося аніводнай беларускай школы. Па-беларуску працавітым, руплівым і далікатным дзядзькам, і адначасова па-савецку абмежаваным ды дагматычным таварышам. Можа быць таму ў народнае памяці Машэраў паўстае ў  гэткім залацістым арэоле бэсэсэраўскага герба.

Дагэтуль існуюць вусныя сагі аб тым, як Машэраў спачатку забяспечваў мясам і бульбай Беларусь, а ўжо потым незадаволены “цэнтар”. Як, зьбіраючыся пракласьці ў Менску мэтро, ён за пару гадоў давёў колькасьць сталічнага насельніцтва зь 700 тысячаў да патрэбнага мільёну – і дамогся крамлёўскага дазволу. Урэшце рэшт, як кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС Машэраў умяшаўся ў клянавую барацьбу за пасаду генеральнага сакратара – і ў выніку за два тыдні да зацьвярджэньня Старшынём Савету міністраў СССР быў забіты.

Факт неаспрэчны: сьціплы, сучасны й энэргічны беларускі першы сакратар глядзеўся побач з дарагім Леанідам Ільічом Брэжневым яўна выйгрышна. Але адкуль насамрэч выехаў напярэймы машэраўскай “чайцы” той фатальны гружаны бульбай КамАЗ на маскоўскай трасе 4 кастрычніка 1980 г. – усё-такі тайна.

Пятро Машэраў належаў да выкапнёвага пакаленьня савецкіх нацыянал-камуністаў паваеннае эпохі, якое пасьля развалу СССР здолела захаваць уладу ў колішніх рэспубліках і ператварыцца ў дзяржаўнікаў. Калі б не раптоўная сьмерць, Машэраў мог бы стаць для Беларусі такім жа пераходным лідэрам, як Назарбаеў для Казахстану, Аліеў для Азэрбайджану, Шэварнадзэ для Грузіі ці Бразаўскас для Летувы.

Сучасны праспэкт Машэрава ў Менску – гэта шлях з сэрца сталіцы, Нямігі, да ўрадавага гарадку Дразды. На Машэрава – нацыянальны выстаўны цэнтар “Белэкспа”, Палац Спорту й тры найлепшых у Беларусі гатэлі.

Дакуль картэж беларускага прэзыдэнта будзе ехаць з дому на працу па Машэрава – Пятро Машэраў застанецца галоўным нашым мітам савецкага часу.

 

МІНДОЎГ

Міндоўг – заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага, першы й апошні кароль ВКЛ.

Менавіта празь Міндоўга сьвятая Белая Русь апаноўвала паганскую Літву – але адначасова прымала яе імя.

Як заснавальнік Вялікае Літвы, Міндоўг асоба выключна цікавая. У ім, як у зародку, сфакусаваліся й сіла ВКЛ, што разгорнецца ў наступныя паўтысячы гадоў, і слабасьці, што ўрэшце рэшт прывядуць краіну да краху.

Міндоўг, адзін з вайскаводцаў балцкага сумежжа Беларусі, у 1246 г. хрысьціўся ў праваслаўе й быў запрошаны навагародзкай знацьцю на княскі пасад. У 1252 г., заваяваўшы для Беларусі ўсю Літву, Міндоўг абвясьціў Вялікае Княства.

Тутэйшы люд паўтараў сьледам за біблійным Ізраілем:

“…Хай цар будзе над намі, і мы будзем як іншыя народы: будзе судзіць нас цар наш, і хадзіць перад намі, і весьці войны нашыя”. (1 Царстваў 8:19-20)

Дзяржава Міндоўга ў сярэдзіне XIII ст. раптоўна паўстала паміж мангола-татарскай Ардой і крыжацкім Ордэнам. Тады, калі пад ударамі Батыя адно за адным падалі гарады й царствы Усходу, а Эўропа трушчылася пад нагамі жалезных рыцараў, стварэньне ВКЛ на стыку цывілізацыяў было проста цудам Божым.

У 1253 г. Міндоўг зьвярнуўся да Папы Рымскага Інакеньція IV, публічна ахрысьціўся ў каталіцтва разам з 600 найзнатнейшымі баярамі, каб стаць каралём. Карона Міндоўга, што дагэтуль блішчыць дыямэнтамі зь Сярэднявечча, так і засталася для нас абяцаньнем каралеўскае велічы.

Міндоўг – увасобленая мадэль нашага балцкага субстрату. Вось ён, спадар славянізаваны балт уласнай пэрсонай. Гэтак жа, як і славяне ў I тысячагодзьдзі асымілявалі, а затым хрысьціянізавалі балтаў – так і беларуская гісторыя, быццам з сырое гліны, ляпіла зь Міндоўга першую асобу дзяржавы, у якой нарэшце скрышталізуецца нацыя. Воля, энэргія, мужнасьць зьмяшаныя ў ім зь цьмяным паганствам – і, быццам біблійны Адам, Міндоўг уводзіць гэты першародны грэх ва ўсю дынастыю вялікіх літоўскіх князёў. Міндоўг выбірае эўрапейскі шлях, калі прымае хрост і карануецца – але адначасова працягвае прыносіць чалавечыя ахвярапрынашэньні. Прымае форму – але пазбаўляе яе зьместу.

Хрысьціянства Міндоўга было толькі палітыкай. Паганская душа караля Вялікае Літвы, што так і ня вызнаў Хрыста, таіла ў сабе вечную небясьпеку, якую любы чалавек носіць у цёмным куточку свайго сэрца.

У час найвялікшых духовых выпрабаваньняў XVII ст. ВКЛ падарвалася на міне Міндоўга.

Празь 10 гадоў пасьля каранацыі ўначы, у выніку змовы, Міндоўг быў забіты разам з абодвума сваімі сынамі.

Так пачалася гісторыя вялікае дзяржавы. Дзяржавы, якая ўмясьціла Беларусь, але ня вытрымала цяжару яе духовае місіі. І развалілася, даючы жыцьцё новай краіне.

Беларусь яшчэ доўга будзе згадваць Міндоўга. Да тых пор, пакуль ідалапаклонства, жорсткасьць і разбэшчанасьць будуць нормай жыцьця. Пакуль нацыя ня прыме Ісуса Хрыста ўсёй душою, усім сэрцам, усімі сіламі сваімі.

 

АДАМ МІЦКЕВІЧ

Адам Міцкевіч. Сапраўдны Адам польскае паэзіі, клясык польскае мовы й бацька польскае ідэі. Чалавек, які зрабіў Польшчу Польшчай.

Ліцьвінскага паходжаньня, польскае мовы, эўрапейскае культуры, Міцкевіч быў беларусам у поўным сэнсе гэтага слова.

Адам Міцкевіч паходзіў з самага сэрца Беларусі. Наваградчына, чароўная чаша Наднямоньня, дзе нарадзілася Вялікая Літва, узгадавала яго й жывіла геніяльную паэзію, і невычэрпны рамантызм, чысьціню й сілу пачуцьцяў. “Міленькі Адам” усё сваё жыцьцё піў з гэтае беларускае чашы любові й пяшчоты. Уся віртуозная творчасьць, усе трапяткія й хрусталёвыя вершы Міцкевіча скразяць, пераліваюцца празрыстасьцю, сьветласьцю й ласкаю чыстага беларускага ідэалізму.

Міцкевіч, які размаўляў па-польску, па-француску, па-італійску, па-нямецку, па-ангельску, па-лацінску, па-грэцку, на сваіх знакамітых лекцыях у Парыскім Калегіюме казаў пра родную мову як самую гарманічную, і з усіх славянскіх моваў найменш зьмененую: “На беларускай мове, якую называюць русінскай або літоўска-русінскай, гаворыць блізу дзесяці мільёнаў чалавек; гэта найбагацейшая й найчысьцейшая гаворка, якая ўзьнікла даўно й цудоўна распрацаваная”.

Яшчэ ў маладосьці місія Міцкевіча цягнула яго да справаў вялікіх і таемных. Разам зь землякамі-наваградцамі Ігнатам Дамейкам і Янам Чачотам Міцкевіч арганізаваў у Віленскім Унівэрсытэце кансьпірацыйныя таварыствы філаматаў ды філарэтаў. Быў суд, сьледзтва – і царскія ўлады раскідалі студэнтаў-патрыётаў па абшарах аграмаднае імпэрыі. Ссыльны ўжо ў 26, Міцкевіч больш ніколі не пабачыць Радзімы, і ў наступныя тры дзесяцігодзьдзі аб’езьдзіць паўсьвету як вялікі Эмігрант.

У Рэчы Паспалітай, падзеленай паміж імпэрыямі, беларускі паэт Міцкевіч сьледам за беларускім ваяром Касьцюшкам разгарнуў бела-чырвоны сьцяг, бачны ўсёй Эўропе – і прыняў на сябе цяжар польскай нацыянальнай ідэі. Гэта ён, галоўны клясык Польшчы, стварыў у парыскае эміграцыі знакамітыя “Кнігі польскага народа й польскае пілігрымства” – прароцтвы аб вызваленьні народа на ўзор біблійных.

Польшча сто лят жыла, спадзявалася й верыла дзякуючы Міцкевічу. У сьвеце ягоных твораў, мрояў, паэзіі існавала і шляхта, і вольнасьць, і гонар Кароны. У Польшчы Міцкевіча нарадзіліся і Пілсудзкі, і “Салідарнасьць”, і Караль Вайтыла. Але найвялікшыя ягоныя творы – “Дзяды” й “Пан Тадэвуш” – назаўжды захаваюць нам эпічныя вобразы тае Вялікае Літвы, тае Беларусі…

Адам Міцкевіч надаў максымум беларускай узьнёсласьці, паэтычнасьці, глыбіні й пачуцьця слова па-заходняму рацыянальнай, кшталтаванай каталіцкай польскасьці. Выгнаньнік і місіянер, Міцкевіч стаў самым вялікім беларускім ахвяраваньнем Польшчы.

У сярэдзіне XIX стагодзьдзя менавіта Міцкевіч зрабіўся духоўным лідэрам эўрапейскае дэмакратыі. Сябра дзекабрыстаў, Гётэ, Шапэна, Пушкіна, герой літаратурных салёнаў і эмігранцкіх сходаў Парыжа, Рыма, Дрэздэна, Жэнэвы, ён абуджаў усю Эўропу. Выдаваў легендарную “Трыбуну народаў”, дзе заклікаў да свабоды ўсе паняволеныя нацыі. Вэрбаваў і натхняў змагароў у Францыі, Італіі, Турэччыне для змаганьня “за нашу і вашу свабоду” супраць імпэрыяў.

Эўропа, ускалыхнутая вясной народаў, была ў захапленьні ад Міцкевіча – а ён, нястомны, асаністы прыгажун з пакутлівым абліччам, стомленым позіркам і пышнай сівізной, лётаў як дух, пісаў, заклікаў…

Міцкевіч змагаўся й адчайваўся, грашыў і каяўся. Але да скону жыцьця наймацней за ўсё ён любіў Радзіму й верыў у Бога. І гэта надае ўсяму ягонаму ахвярнаму эмігранцкаму жыцьцю надзвычай сьветлы, прамяністы, адухоўлены арэол:

Я і Радзіма – адно… за людзей мільёны

Цярпець катаваньні мушу.

Гляджу я на край свой змучаны,

Як сын…

 

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК

Зянон Пазьняк – палітычны абсалют нацыянальнай ідэі. Хрысьціянін. Паэт. Эмігрант. Самотны лідэр апошняга беларускага Адраджэньня.

Пазьняк адкрыў усяму сьвету Курапаты. Заснаваў Беларускі Народны Фронт. Узначаліў апазыцыю ў Вярхоўным Савеце на хвалі развалу СССР. Дамогся незалежнасьці.

У Беларусі імя Пазьняка стала сынонімам палітыкі нацыянальных інтарэсаў.

Пазьняк – вылітая воля й вера Беларусі. Пазьняк, які адкопвае чарапы ў курапацкіх ямах, ідзе ў першых шэрагах на Чарнобыльскім шляху, прамаўляе з трыбуны – найярчэйшыя кадры кронікі беларускага руху. У Пазьняку пэрсаніфікаваная ўся ўнутраная сіла, адпорнасьць і ідэалістычная прынцыповасьць, глыбока схаваныя ў кожным беларусе. Уся ахвярнасьць і пакута, узьнёсласьць і боль беларускай гісторыі выявіліся ў гэтай высокай, хударлявай і годнай постаці, у аграмадным бліскучым лобе, моцным падцятым падбародзьдзі, у глыбокіх чорных вачох.

Вось чаму так панічна баяліся Пазьняка камуністы, кадэбэшнікі й Крэмль.

Пазьняк стоік, як і заснавальнік стаіцызму – Зянон. Аскет. Па-манаску стрыманы й па-пурытанску строгі. Арыстакрат духу, як і ўсякі нацыянальны герой, Пазьняк – вяршыня цэлае дынастыі. Дзед, Ян Пазьняк, дзеяч БНР, засноўваў Беларускую Хрысьціянскую Дэмакратыю і быў расстраляны бальшавікамі. Бацька, Станіслаў, ваяваў з фашыстамі й загінуў на фроньце ў 1944-м.

Кажуць, што Зянон спазьніўся на пару стагодзьдзяў. Нам бы, маўляў, такога правадыра ня ў 1994-м, а ў 1794-м! Насамрэч ён зьявіўся вельмі своечасова. Тады, калі атупелыя, абалваненыя, зьнявераныя беларусы забыліся, кім яны ёсьць увогуле. Нацыя была фактычна ў стане клінічнае сьмерці. Пазьняк яе рэанімаваў.

Археоляг і фатограф Зянон Пазьняк у 1987 г., з пачаткам Перабудовы, апублікаваў жахлівыя матар’ялы раскопак у Курапатах, якія сам таемна вёў доўгія гады – і ўмомант стаў жывым сьцягам антыкамуністычнага руху. Ужо 19 кастрычніка 1988 г. ён стварае Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту, а праз два тыдні ачольвае першае масавае шэсьце “Дзяды”, жорстка разагнанае міліцыяй.

Пазьняк на чале парлямэнцкай апазыцыі – усяго 30 дэпутатаў! – здолеў пераламіць сытуацыю ў пракамуністычным Вярхоўным Савеце пачатку 90-х гг. Трыста саўковых нардэпаў пад няўмольным позіркам Пазьняка прымалі “Дэклярацыю незалежнасьці”, бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоню”, стваралі ўласнае войска, мытню, бюджэт… Стваралі дзяржаву.

“Не кілбасы мусім шукаць, а Бога!” – казаў тады Пазьняк.

І гэта быў сапраўды цуд Божы: перамога над Імпэрыяй зла.

Геній нацыяналізму, полюс непадкупнасьці, чалавек сталёвых нэрваў, Пазьняк адначасова заставаўся мастацтвазнаўцам, лірычным паэтам, поўным пяшчоты да свайго краю й любові да Бога. “Ave Maria” на ягоныя словы стала “Песьняй года -1994”. Пасьля ягоных белых вершаў хочацца плакаць і цалаваць беларускую зямлю.

Але няма прарока ў сваёй айчыне. Пасьля шматтысячных маніфэстацыяў Вясны-96 пад пагрозай расправы Пазьняк мусіў зьехаць за мяжу й папрасіць палітычнага прытулку ў Амэрыцы.

Пазьняк – харызматычны лідэр і палітык крышталёвае чысьціні, а гэта тая яшчэ рэдкасьць. Яго аблівалі брудам, яму здраджвалі паплечнікі, яго замоўчвалі – але ён ані на цалю не зьмяніў сваіх прынцыпаў. Яго папракалі ў бескампраміснасьці й катэгарычнасьці – але ці можа крышталь ня быць цьвёрдым!

Так, цяпер Пазьняку прынята прыгадваць палітычныя памылкі. Але ж сярод сучасьнікаў, менавіта Пазьняк, найбольш ясна сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю ў сваіх кнігах “Сапраўднае аблічча”, “Gloria Patria” і “Новае стагодзьдзе”.

Пазьняк, як моцны магніт, прыцягвае й адштурхоўвае, абуджае веру сябраў і выклікае шал ненавісьнікаў. Але нават ворагі трапечуць у ягонае прысутнасьці. Калі Пазьняк глядзіць табе ў вочы – мурашкі ідуць па скуры, а жар зьмяняецца холадам.

Бо Пазьняк ня проста кажа. Ён прарочыць. Ягоныя выразы кшталтаваныя й адточаныя, ягоны голас гучыць уладна й велічна – і ягоныя словы збываюцца. “Усё так, як казаў Пазьняк!” – у Беларусі ўжо даўно расхожая фраза.

Фэномэн Пазьняка тлумачыцца проста. Зянон Пазьняк – беларускі хрысьціянін на ўсе 100%. У ім гэта ад Ісуса Хрыста – выкрываць і заклікаць. Пазьняк робіць гэта па-каталіцку гранёна й бліскуча – так, што працінае да самага сэрца.

Постаці такога маштабу можна разгледзець толькі здалёк. Іх ацэньвае гісторыя. І Беларусь урэшце рэшт ацэніць.

Таму што рана ці позна будзе так, як казаў Пазьняк.

 

РАГНЕДА

Рагнеда – першая легенда Беларусі.

Рагнеда – першая беларуская хрысьціянка.

Полацкая князёўна, жонка Ўладзімера Хрысьціцеля й маці Яраслава Мудрага.

Зорка Рагнеды выбліснула ў самы раньні час Беларусі: на сьвітаньні Полацкага княства, з прыняцьцем Хрыста ўсходнімі славянамі. Такім чынам, X стагодзьдзе, момант X: у Полацку валадарыць Рагвалод, які мае прыгожую дачку на выданьне…

12-гадовая нявеста, юная й чыстая, чакае вырашэньня свайго лёсу – вы толькі паглядзіце, гэта ж сама Беларусь! Драму Рагнеды звычайна трактуюць як цікавы эпізод старажытнасьці, выбух жаночага гонару, максімум – вобраз барацьбы за незалежнасьць. Насамрэч усё глыбей: Рагнеда-легенда стаіць першай знакавай асобай у шэрагу вялікіх духовых постацяў нацыянальнае гісторыі, стаіць у поўны рост.

Тут сымбалічна ўсё да цалі.

Да Рагнеды сваталіся наўгародзкі Ўладзімер і кіеўскі Яраполк. Уладзімеру Рагнеда адмовіла. У адказ у 978 г. той захапіў і спаліў Полацк, забіў Рагвалода, ягоную жонку й сыноў, а Рагнеду сілаю ўзяў сабе пад імем Гарыслава. Так, з разбурэньнем Полацка, распачынаецца знакамітая летапісная трагедыя беларускай гісторыі Старога Запавету. Праз паўтысячагодзьдзя ўдар у Полацк, быццам у звон, паўторыць Іван Жахлівы – і гэта азначыць пачатак Запавету Новага…

Уладзімер робіцца кіеўскім князем; жанчынаў у яго, паводле паганскага звычаю, цэлы гарэм; Гарыслава з сынамі жыве наводшыбе. Але аднойчы, калі Ўладзімер прыяжджае адведаць жонку, уначы – Рагнеда вырашае адпомсьціць. І – выключны выпадак для тых часоў! – робіць замах: кінжалам у сэрца.

Уладзімер нечакана прачнуўся.

Абуджэньне выратавала яго ад сьмерці. Уявіце сабе – за некалькі месяцаў да хрышчэньня Русі, перад кульмінацыйнай падзеяй усходнеславянскай гісторыі, Уладзімер быў як ніколі блізкі да сьмерці. Усё зло, якое ён напладзіў у паганстве, увесь гвалт, страх, нянавісьць ягонага жыцьця, крыважэрнасьць і блуд – сышлося на вастрыі, у адной сьмяротнай кропцы. Жыцьцё і сьмерць, падзеленыя лязом, як мяжой! Але Бог спыніў адплату. Сэрца, празь якое наканавана абвесьціць Хрыста ўсходняму славянству, было ўратаванае.

Жаль? Промах? Містыка? Рагнеда не забіла.

Кінжал Рагнеды – папярэджаньне звыш. Збаўленьне цудам. Так б’е бліскавіца – з успышкай адкрыцьця. Пасьля такіх адкрыцьцяў чалавек і прыходзіць да Бога.

…Уладзімер загадаў жонцы ўрачыста апрануцца й чакаць сьмерці. Зноў беларускі архетып: Рагнеда ў белым – перад забойцам. І – вось яшчэ адзін знак: сямігадовы сын, Ізяслаў, становіцца зь мечам на абарону маці. Уражаны Уладзімер дараваў Рагнедзе жыцьцё – і выслаў абодвух у Заслаўе. Другі сын, Яраслаў, будучы Мудры, у выніку перажытага шоку ацаліўся ад прыроджанага паралюшу й стаў на ногі.

Гісторыя здаецца неверагоднай – але гэта зафіксаваная летапісамі праўда. На вастрыі ляза сышліся жарсьці тысячагодзьдзя. Замах Рагнеды стаў драматычным прадвесьцем хрысьціянства. Вось яно, вастрыё волі Божае!

Зброя на момант стала Боскай – так, як нож Абрагама, занесены над Ісакам. Уладзімер быў узварушаны да глыбіні душы. А празь некалькі месяцаў адбыўся знакаміты Хрост: зьвяржэньне ў Дняпро ідалаў, прыняцьцё Хрыста – і пачатак абуджэньня ва ўсім славянскім сьвеце.

Рагнеда першай узяла ў рукі беларускую зброю – зброю папярэджаньня. І кінжал Рагнеды, і меч Ізяслава, і Альгердава дзіда – сымбалі адплаты й справядлівасьці – як сродак забойства не ўжываліся. Беларусь перамагала духова, сілай Божай, ахвярай і пакутай. Менавіта Рагнеда – наша першая хрысьціянка, яе сын Ізяслаў – князь-хрысьціянін, кніжнік, а прапраўнучка Эўфрасіньня – сьвятая заступніца Беларусі!

Рагнеда спарадзіла цэлы фаервэрк князёў і каралеўнаў, чыя ўлада ахапіла тагачасную айкумэну да самых даляглядаў. Яе сыны – Полацкая дынастыя й Яраславічы. Рагнеда будзе сьвякроўю чэскага князя Баляслава III Рудага й вугорскага прынца Ласла Сара Лысага. Рагнедзіны ўнучкі зробяцца жонкамі эўрапейскіх манархаў: Настасься – вугорскага караля Андрыя I, Лізавета – караля нарвэскага Гаральда III, а пасьля караля дацкага Свэна II, Ганна – Генрыка I Капета…

Рагнеда прыняла Хрыста й стала манашкай пад імем Настасьсі. Настасься – з грэцкай “Уваскрослая”. Усё астатняе сваё жыцьцё ўваскрослая Рагнеда правяла ў малітве пад Менскам – на тым месцы, дзе ў XVI ст., напачатку Новага Запавету беларускае гісторыі паўстане знакаміты кальвінскі збор, сымбаль духовае Рэфармацыі. Там, адкуль у Сьвіслач цякуць рэчкі, Чарніца й Княгінька – і ўспойваюць будучую сталіцу.

 Памёрла Рагнеда ў 1000-м годзе нашае эры. Праз тысячу гадоў пасьля зьяўленьня на зямлі Ісуса Хрыста. За тысячу гадоў да нашага нараджэньня.

Белая нявеста, узятая гвалтам на полацкім пажарышчы, сярод крыві й сьмерці. Пакінутая жонка, чыё пачуцьцё, быццам іскра, выбухнула гіганцкімі духовымі ўзрушэньнямі. Чорная манашка, самотная маці, чые нашчадкі будуць валодаць паловай Эўропы.

Уся Беларусь застанецца для нас у гэтым першым моцным, прыгожым, хвалюючым, быццам бліскавіца, азарэньні гісторыі.

Рагнеда-легенда. Гарыслава-Беларусь. Уваскрослая Настасься.

 

МІКАЛАЙ РАДЗІВІЛ ЧОРНЫ

Кожная вялікая краіна мае свайго вялікага рэфарматара.

У Амэрыцы гэта Абрагам Лінкальн, змагар з рабствам. У Расеі Пётр I, стваральнік імпэрыі. У Турцыі – “заходнік” Атацюрк.

Для Беларусі зь яе духовай гісторыяй правадыром эпахальных пераменаў стаў лідэр Рэфармацыі Мікалай Радзівіл Чорны. Ключавая асоба духовага абуджэньня XVI ст., Мікалай Радзівіл стаіць у шэрагу найвялікшых постацяў Сярэднявечча поплеч з Франьцішкам Скарынам, Вітаўтам Вялікім і Львом Сапегам.

Мікалай зьявіўся на сьвет у 1515 г., у Нясьвіжы, родавай калысцы Радзівілаў. Дзяцінства правёў у Кракаве, пры каралеўскім двары – разам з будучым каралём Рэчы Паспалітай Жыгімонтам Аўгустам.

Ужо ў маладосьці дзейсны й харызматычны Мікалай Радзівіл стаў нефармальным лідэрам беларускай магнатэрыі. Гэта ён у 1544 г. прапанаваў абраць Жыгімонта II Вялікім князем Літоўскім, што адначасова ўзмацняла беларускую незалежнасьць і пазыцыі самога Радзівіла. Ваявода берасьцейскі й троцкі, вялікі маршалак, Мікалай Радзівіл Чорны ўжо ва ўзросьце Хрыста стаў фактычным кіраўніком ВКЛ. Калі ж улічыць яшчэ й пасаду канцлера, атрыманую ў 1551-м, стрыечнага брата Мікалая Радзівіла Рудага, прызначанага вялікім гетманам літоўскім, сястру Барбару, што зрабілася жонкай Жыгімонта, а затым і каралевай польскай, княскі тытул, уручаны Папам Рымскім, ды яшчэ права захоўваць у сябе ў Нясьвіжы дзяржаўны Архіў ВКЛ – стане зразумела, што ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя Мікалай Радзівіл Чорны сканцэнтраваў у сваіх руках аграмадную ўладу й зрабіўся адным з самых уплывовых валадароў Эўропы.

І менавіта яму, наймагутнейшаму з Радзівілаў, Госпад Бог даручыў ролю лідэра Рэфармацыі ў Беларусі.

Вясною 1553 года, вярнуўшыся ў Вільню з Эўропы, узбуджанай Лютэрам, Цьвінглі й Кальвінам, Мікалай Радзівіл Чорны абвясьціў, што прымае эвангельскую веру – і заклікаў да хрысьціянскага абуджэньня. Калі Скарына быў прадвесьнікам Рэфармацыі, Мікалай Радзівіл стаў яе непасрэдным правадыром.

Тое, што “дзеля вяртаньня сапраўднай веры Хрыстовай” удалося зрабіць Чорнаму за наступныя 12 гадоў, называецца духовай рэвалюцыяй. Дзесяткі магнацкіх і тысячы шляхецкіх сем’яў сьледам за Мікалаем Радзівілам каяліся ў грахах, ахвяравалі сваё жыцьцё Богу й пераходзілі ў эвангелікі – так, як лютэране ў Нямеччыне, гугеноты ўва Францыі ды пурытане ў Ангельшчыне. Па ўсёй краіне на сродкі Радзівіла й яго прыхільнікаў былі адчыненыя сотні пратэстанцкіх збораў, выдадзены дзесяткі тысячаў асобнікаў хрысьціянскае літаратуры. 10 запаведзяў, казаньні й малітвы рабіліся рэальным эпіцэнтрам жыцьця беларускай эліты. Трыюмф рэфармацкага хрысьціянства выклікаў сустрэчны ўздым і каталіцтва, і праваслаўя: краіна пераўвасаблялася літаральна на вачох. У агмяні духовага жару стваралася нацыя.

За 12 зорных гадоў Мікалаем Радзівілам Чорным была праведзеная “Устава на валокі”, падрыхтаваны II Статут ВКЛ, выданы Віленскі прывілей 1563 г. аб роўнасьці ўсіх хрысьціянскіх канфэсіяў і ўніфікаваны грашовы абарот – адбыліся найбуйнейшыя гаспадарчыя, палітычныя й грамадзянскія рэформы. У часы Радзівіла Рэфарматара пачалася бурлівая ўрбанізацыя й адукацыйны бум, а валавы ўнутраны прадукт павялічыўся ўтрая.

Душа беларускае Рэфармацыі й шчыры вернік, Мікалай Радзівіл Чорны быў настолькі ж гарачым абаронцам незалежнасьці. Супернік Івана Жахлівага ў справе яднаньня ўсходняга славянства, ён адначасова зрабіўся й галоўным супраціўнікам вуніі з Польшчай. Пашыраючы кальвінізм, ён марыў пра нацыянальную веру, якая кансалідуе вялізную дзяржаву й зробіць Беларусь сапраўдным сэрцам Эўропы.

Адной з галоўных справаў жыцьця Мікалая Радзівіла Чорнага стала выданьне кальвінскай Бібліі па-польску. Друкуючы яе вялізным накладам – на гадавы даход ад усіх уладаньняў, 10 тысячаў дукатаў! – Радзівіл такім чынам разьлічваў узьняць рэфармацыйную хвалю ў каталіцкае Польшчы. Найбуйнейшы геапалітычны праект беларускай эвангелізацыі павінны быў пераўвасобіць Польшчу й спыніць яе экспансію ў ВКЛ.

Мікалай Радзівіл рэфармаваў усё Вялікае Княства.

Але Контаррэфармацыя аказалася мацней.

Паміраючы, Мікалай Радзівіл Чорны пакінуў пераемніка, брата й цёзку Рудога, што зрабіўся апекуном Рэфармацыі, і нашчадка – сына Мікалая, які неўзабаве вернецца ў каталіцтва й пачне вынішчаць спадчыну бацькі.

Жыцьцё й сьмерць біблійнага драматызму!

Мікалай Радзівіл, празваны Чорным дзеля колеру сваёй барады, на партрэтах таго часу апрануты ў чорнае, з абліччам строгім і адухоўленым, быццам на абразах, паўстае ў пераломны момант беларускае гісторыі ў вобразе простага сьвятара.

Пастыр усяе Беларусі.

Дзяржаўнік і хрысьціянін, адзін з патрыярхаў і духовых лідэраў тысячагадовае нацыі – наш Рэфарматар Мікалай Радзівіл Чорны.

 

РАДЗІВІЛЫ

Радзівілы. Род і Радзіма. Гэта яны нарадзілі дзіва Літвы!

Наймагутнейшы магнацкі род у гісторыі Беларусі, сіла й слабасьць, слава й ганьба ВКЛ. Некаранаваныя каралі Рэчы Паспалітай, што не саступалі вялікім манархам, чыёй кульмінацыяй стала XVI стагодзьдзе – Залаты век Беларусі. Дзяржаўныя дзеячы, духовыя лідэры, вайскаводцы, найбагацейшыя магнаты – Радзівілы сусьветна роўныя дынастыям Кенэдзі, Ротшыльдаў, Мальбара.

Называныя то “польскімі магнатамі”, то “літоўскімі фэадаламі”, Радзівілы насамрэч былі родам глыбока беларускім. Радзівілы будавалі, абаранялі й узбагачалі для нашчадкаў беларускую дзяржаву, мову ды веру.

Нясьвіж, Мір, Біржы, Вільня – родавыя гарады Радзівіліяды.

Радзівілы спарадзілі аграмадную калекцыю нацыянальных легендаў, сымбаляў і цудаў. Шыкоўная Радзівілаўская, або Берасьцейская Біблія, апостальскае выданьне для Польшчы. Радзівілаўскі летапіс, прызнаны шэдэўрам беларускага Сярэднявечча. Радзівілаўская бібліятэка, самая вялікая ў ВКЛ. Радзівілаўскі скарб з 12 апосталамі ў чалавечы рост з пазалочанага срэбра, якіх стагодзьдзямі шукалі пад Нясьвіжам захопнікі з усяго сьвету.

Гэта была грандыёзная сям’я са сваімі традыцыямі й трагедыямі, трыюмфамі й заняпадамі, фамільнымі партрэтамі, непамыснымі тытуламі й родавымі рысамі, што перадаюцца ў спадчыну. Вялікая Сям’я. Супэрсям’я.

У гэтае Сям’і быў і міфічны Хросны, вяльможа са сьвіты Гедзіміна, які радзіў, дзе пабудаваць Вільню.

Быў Дзед – бліскучы вайскаводзец, празваны сучасьнікамі Літоўскім Геркулесам, Юры Радзівіл (1480 – 1541), пераемнік Канстаньціна Астроскага на пасадзе вялікага гетмана, пераможца ў 30 бітвах з татарамі, крыжакамі й маскавітамі, заснавальнік біржанскае галіны роду.

Быў і Бацька, сапраўдны галава Сям’і, канцлер ВКЛ, князь Мікалай Радзівіл Чорны (1515 – 1565), патрыярх беларускае Рэфармацыі, дзяржаўны дзеяч маштабу Вітаўта, гарачы хрысьціянін і абаронца незалежнасьці.

Быў і ягоны Сын, Мікалай Сіротка (1549-1616), што выракся бацькі, скупаў і паліў выдадзеныя ім кнігі, стаў асноўным фундатарам Контаррэфармацыі й заснаваў мураваны Нясьвіскі палац ды фарны касьцёл.

І яшчэ адзін Сын – Мікалая Рудага – Крыштап Радзівіл Пярун (1547 – 1603), пры двары якога працавалі Рымша, Волан, Рысінскі, Пельгрымоўскі, і які ўсё жыцьцё канструяваў геапалітычную канфэдэрацыю Рэчы Паспалітай, ВКЛ і Маскоўскае дзяржавы на чале зь Вільняй.

І Сястра, прыгажуня Залатога веку, Барбара (1520 – 1551), дачка Юрая Радзівіла, якая таемна стала жонкай Жыгімонта Аўгуста й прабыла каралеваю ўсяго тры гады да сваёй загадкавай сьмерці.

І малады гетман Януш Радзівіл (1612 – 1655), найадукаванейшы вайскаводзец свайго часу, што ўзначальваў абарону краіны ў страшную пару патопу – швэдзкага прыходу, казацкіх паўстаньняў і Невядомае вайны з Масквою.

Унукі, заснавальнік знакамітых мануфактураў. Мікалай Радзівіл Рыбанька (1702 – 1762), і яго жонка, пісьменьніца, Уршуля Радзівіл (1705 -1753), стваральніца Нясьвіскага Тэатару, аўтарка 16 драматычных твораў, і Генрык Антоній Радзівіл, кампазытар, якому прысьвячалі свае творы Бэтховэн, Мэндэльсон і Шапэн, адзіны ў Эўропе аўтар опэрнае музыкі, лібрэта да якой напісаў сам Гётэ (знакаміты “Фаўст”!)…

Вядома ж, у добрым родзе удасца і шэльма, і злодзей – бачыце, псыхічна хворы самадур Геранім Радзівіл, які вешаў сваіх падданых, што недарэчы трапляліся на вочы.

Ага, яшчэ быў Дзядзька, Караль Станіслаў Радзівіл, Пане Каханку (1734 – 1790), легкадумны аўтар неверагодных баек пра сябе, любімага, і гаспадар цыкляпічных баляў, які ладзіў прагулкі на санях, запрэжаных мядзьведзямі, па саляных дарогах, і глядыятарскія баі на азёрных караблях.

І Праўнучка, Магдалена Радзівіл, што матэрыяльна падтрымлівала нацыянальны рух нашаніўскае пары, друкаваньне багдановічава “Вянка” і спансавала Раду БНР…

Радзівілы – узор тых магутных родаў, якія выйшлі проста з Кнігі Быцьця і на якіх трымаюцца цэлыя краіны. Такія сем’і – фундамэнтальнае апірышча любое дзяржавы й нацыі. У хрысьціянскае Беларусі менавіта такая біблейская дынастыя магла выхаваць асобаў, здольных павярнуць хаду гісторыі.

Стаць Радзівіламі. У нацыянальнай ідэі гэта мара беларускае сям’і.

 

ЯЗЭП РУЦКІ

Мітрапаліт Кіеўскі й усяе Русі, арганізатар Ордэну базыльянаў, стваральнік беларускае народнае веры XVII-XIX стст., Язэп Руцкі быў чалавекам, якому ўдалося аб’яднаць сусьветнае хрысьціянства ў маштабах цэлае краіны. Больш таго, у самым сэрцы Эўропы.

Руцкі паходзіў з-пад Наваградку. З тых мясьцінаў, якія нарадзілі і ВКЛ, і першую незалежную ад Масквы праваслаўную мітраполію Рыгора Цамблака, і дынастыю Ягайлавічаў, і патрыярха польскае нацыянальнае ідэі Адама Міцкевіча. Са шляхецкае кальвінскае сям’і, ён быў хрышчаны паводле праваслаўнага абраду, і падчас вучобы ў Грэцкім калегіюме ў Рыме прыняў вунію.

З пратэстанцкае сям’і, праваслаўны ў юнацтве, які са сталасьцю прыйшоў да вуніі – вось яно, беларускае трыадзінства, фэномэн Скарыны, Іпація Пацея  або Льва Сапегі. Вернік трох абрадаў, Руцкі спрабаваў рэалізаваць найвялікшы праект нацыянальнай ідэі – спалучыць усе канфэсіі на беларускай глебе й збудаваць хрысьціянскую нацыю. Пачаўшы зь сябе – і да маштабаў цэлае вуніяцкае краіны.

30-гадовым Язэп Руцкі пачаў сваё служэньне ў Беларусі – узначаліў Віленскую вуніяцкую сэмінарыю. Праз 3 гады – роўна ва ўзросьце Хрыста – выправіўся ў Маскоўшчыну як місіянер. Масква ў прадчуваньні катастрофы Смутнага часу (1605-1606!), народ зьнявераны й прыгнечаны – а Язэп Руцкі прапаведуе веру, любоў і братнюю еднасьць…

Гэтае знакавае падарожжа, як адкрыцьцё, адчыняе перад Руцкім браму ягонага пакліканьня: падначаленае царам ўсходняе хрысьціянства, захраслае ў цемрашальстве ды ксэнафобіі. І, вяртаючыся ў Беларусь, Руцкі робіць мэтай свайго жыцьця стварэньне вуніяцкага Ордэну, брацтва, пляцдарму для яднаньня хрысьціянскіх цэркваў. Цягам наступных двох стагодзьдзяў Ордэн Базыля Вялікага быў галоўнай надзеяй каталіцызму на Усходзе, першай пагрозай праваслаўю з Захаду, і асноўным апірышчам хрысьціянскае беларускасьці паміж паланізацыяй Касьцёлу ды русыфікацыяй маскоўскае артадоксіі.

Самотны фанат-вуніят Язэп Руцкі, быццам біблійны Язэп у атачэньні братоў-ненавісьнікаў, мусіў абараняцца і ад праваслаўных Сматрыцкага, Зізанія, Філіповіча, і ад кальвіністаў Волана ды Рымшы, і ад каталіка Скаргі кнігамі “Двайная віна” й “Экзамэн абароны” (1621), адстойваючы ідэю Ўсяленскае Божае царквы. Але ў выніку, як і належыць паводле Быцьця, якраз міралюбны Язэп дасягнуў посьпеху.

Беларушчына ў прамовах, казаньнях, кнігах, унікальны іканапіс і скульптура, нарэшце, масавая сялянская духовасьць, з глыбіняў якой у ХІХ стагодзьдзі падымецца Адраджэньне – вось што даў Беларусі Руцкі.

Нягледзячы на супраціў праваслаўя й прэтэнзіі каталіцтва, Руцкі вывеў вунію сапраўды на народны ўзровень. Спакойна, лагодна, працаю – так грунтоўна й так па-беларуску.

І заслужыў права называцца адным з 12-ці апосталаў нацыянальнай ідэі.

 

ЛЕЎ САПЕГА

О, гэта быў сапраўдны Леў!

Леў Сапега – найвялікшы канцлер Вялікае Літвы за ўсю яе гісторыю. Дзяржаўнік. Дыплямат. Палітык. Вайскаводзец. Увасабленьне беларускае сілы: спакойнай, мудрай, стрыманай, але па-львінаму ўладарнай.

Леў Сапега нарадзіўся ў родавым маёнтку Астроўна, і шасьцігадовым ільвянём быў аддадзены на выхаваньне Мікалаю Радзівілу Чорнаму ў Нясьвіж. Пераемнасьць цароў Залатога веку сымбалічная тым больш, што адбылося гэта ў кульмінацыйным для Беларусі 1563-цім – год падзелу Старога і Новага Запаветаў беларускае гісторыі.

Малады Сапега атрымаў бліскучую адукацыю ў Нясьвіскай кальвінскай школе й Ляйпцыгскім унівэрсытэце: ужо ў студэнцкім узросьце свабодна валодаў пяцьцю мовамі. Праявіў сябе і як сьмелы вайскаводзец пад кіраўніцтвам Сьцяпана Батуры ў 1579-82 гг., і як агрэсіўны дыплямат, кіраўнік пасьпяховага пасольства ў Маскве ў 1584 г., і як кваліфікаваны законатворца ў вялікакняскае канцылярыі. У выніку 32-х гадовы Леў Сапега дасягае вяршыні беларускае ўлады – робіцца Канцлерам ВКЛ.

Леў Сапега – бацька ІІІ Статуту Вялікага Княства, самага поўнага й дасканалага збору законаў ва ўсёй тагачаснай Эўропе. Канстытуцыйная манархія, шляхецкая дэмакратыя й дзяржаўная незалежнасьць Вялікага Княства шмат у чым былі ягонай заслугай. І беларускую сілу – сілу біблійных асноваў права, сілу цярплівае талеранцыі, сілу богабаязнае пакорлівасьці перад законам і хрысьціянскага пачуцьця справядлівасьці – здолеў сфармуляваць у знакамітых артыкулах Статута менавіта ён.

У гэтай ўражвальнай сіле права (а не ў праве сілы, як было тады навокал) заключалася і эфэктыўнасьць ягонае палітыкі, і моц дзяржавы ў часы ягонага кіраваньня. Львіная доля нацыянальнага посьпеху напрыканцы XVI – напачатку XVII стагодзьдзяў належыць асабіста Сапегу.

Леў Сапега быў і праўда леў. Постаць аграмаднае сілы й мужнасьці, ён унушаў страх і павагу. І, як Ісус, “Леў з калена Юдавага, корань Давідаў”, ён заўжды застанецца для Беларусі нацыянальным вобразам пераможнае магутнасьці.

Грозную ільвіную драпежнасьць Сапегі напоўніцу вычула Масква ў 1604-12 гг. Гэта Сапега стаяў за імклівай і дзёрзкай інвазіяй, авантурай Ілжэдзьмітрыяў Смутнага часу. Гэта Сапегу ўдалося тое, чаго не маглі зрабіць ані Альгерд, ані Вітаўт, ані Астроскі – захапіць Маскву й паразіць усходнюю імпэрыю ў самым яе логве. І хаця ў выніку львіных нападаў, раптоўных і жорсткіх, ВКЛ вярнула сабе Смаленск, Старадуб, Невель, Себеж ды Ноўгарад-Северскі, зброя не прынесла нам вырашальнае перамогі.

Ня ў гэтым была беларуская сіла. І Сапега тое адчуваў найвастрэй.

Зь юнацтва кальвініст, у маладосьці праваслаўны, са сталасьцю каталік, Сапега-хрысьціянін па-беларуску спалучаў у сабе вартасьці ўсіх трох канфэсіяў, сэрцам намацваючы залатую сярэдзіну. Больш таго: Сапега-канцлер такім чынам яднаў сабою ўсю рэлігійна разнародную дзяржаву. Яскравы ўзор “Крэда Скарыны”, ён стрымліваў ад фанатычнага фарысейства краіну – пачытайце хаця б ягоны вядомы ліст да Язэфата Кунцэвіча.

Адданы вернік і дзяржаўнік, ужо стары Сапега ахвяраваў амаль усю сваю маёмасьць на ўтрыманьне войскаў падчас вайны са Швэдзіяй у 1625-29 гг.

Як праведнік, ён дажыў да глыбокае старасьці. Царская грыва Залатога веку яшчэ палала з закатнай ярасьцю – а ён, нястомны, парадкаваў Літоўскую Мэтрыку ў сьвятле гэтага жаркага вогнішча.

Леў Сапега, наш Канцлер Львінае Сэрца.

 

СІМЯОН ПОЛАЦКІ

Сімяон Полацкі – бліскучае беларускае ўварваньне ў дэспатыю Маскоўскай імпэрыі. Успышка сьвятла ў самым яе сэрцы. Пачынальнікам вялікае расейскае паэзіі, настаўнікам Пятра I і Ламаносава, патрыярхам заходніцтва ў Расеі быў ня хтосьці маскоўскі або піцерскі – Полацкі.

Супэрзорка асьветы, што азарыла радзіму Івана Жахлівага й Малюты Скуратава ад беспрабуднае цемры, магла ўзысьці толькі па-над даляглядам Белае Русі, у сьвятое сталіцы празрыстасьці. Сімяон Полацкі! – такі, быццам бліскавіца, быў наш адказ Расеі на захоп і спаленьне Полацка стагодзьдзе таму.

У 1656-м, сустракаючы цара Аляксея Міхайлавіча з войскам у родным горадзе, выкладчык брацкае школы манах Сімяон адсалютаваў яму хвалебнымі вершамі. Ода захопніку ў самы разгар Невядомае вайны дагэтуль лічыцца самым чорным грэхам Полацкага – але менавіта такі эфэкт дазволіў Сімяону зьдзейсьніць сваю місію, маштаб якой уражвае і цяпер.

Для кожнага, хто хоць крыху знаёмы зь іскрыстай іроніяй Полацкага, што ўзнікала ад кароткага замыканьня патэтычнага з паэтычным, гэткая хвала – яскравы прыём на мяжы блюзьнерства. Просты, як голуб і мудры, як зьмяя, Полацкі элемэнтарным павелічальным шклом падпаліў царскую пыху – і, трапіўшы ў Крэмль, сьвятое сьвятых Імпэрыі, раздзьмуў грандыёзны пажар сярод цемрашальства, невуцтва ды артадаксальнага шавінізму, глыбінных прычынаў расейскае агрэсіі.

Ці не гэткім жа аптычным фокусам карысталіся і біблійныя патрыярхі?

Сьветазарная барокавая паэзія Полацкага, у якой зіхацяць, мігцяць і пераліваюцца вершы любое, самае вытанчанае й непамыснае формы, высьвяціла цьмянае нутро Маскоўшчыны да апошніх куткоў, і зрабілася маяком для яе прасьветленых розумаў. Полацкі стаў галоўным паэтам дзяржавы, з паходняй у руцэ прайшоў усю Маскву другой паловы ХVII стагодзьдзя і забясьпечыў ілюмінацыю па-над цэлай імпэрыяй. Прыдворныя панегірыкі былі для яго толькі забаўнымі хлапушкамі і фаервэркамі: Сімяон зрабіўся распарадчыкам адной з двух маскоўскіх друкарняў і выхавацелем царскіх дзяцей.

Выдаў зборнікі паэзіі “Вертаград шматкаляровы”, “Псалтыр Рыфматворны”, вершаваныя біблійныя псальмы, якія Міхайла Ламаносаў назваў “брамаю свае вучонасці”. Рэдагаваў расейскі пераклад Бібліі. Змагаўся з царкоўным расколам, склаў праект першае вышэйшае школы ў Расеі.

Лідэр партыі «лаціньнікаў», што супрацьстаяла падаўляючай рэакцыйнай сіле расейскіх артадоксаў, вучыў быць эўрапейцам Пятра і кансалідаваў каманду ягоных рэфарматараў.

Ягоныя кнігі хрысьціянскіх пропаведзяў і настаўленьняў «Абед душэўны» і «Вячэра душэўная» зрабіліся падручнікамі для некалькіх наступных пакаленьняў расейскае эліты.

Полацкі пакінуў па сабе больш 50 тысячаў вершаваных радкоў – велізарную па тых часах спадчыну, – і  стаў першым клясыкам расейскае паэзіі. Папярэднікам такіх сьвяцілаў, як Ламаносаў, Дзяржавін, Пушкін.

Сьледам за Скарынам, Фёдаравым ды Мсьціслаўцам Сімяон Полацкі ўвайшоў у сузор’е вялікіх беларускіх місіянераў, якія ператваралі Расею асьветай і духовасьцю.

Сіла ягоных сілабічных вершаў, барокавая раскоша формаў, інтэлектуальны напор і моц хрысьціянскага запалу выклікалі вялікі расейскі культуровы ўздым ХVІІІ-ХІХ стагодзьдзяў.

Ягоны агністы шлях з сэрца Беларусі, Полацку, да сэрца Расеі Масквы дагэтуль застаецца найярчэйшым сымбалем нацыянальнага апостальства.

Наколькі місія Сімяона Полацкага была распаленая патрыятызмам і верай у Ісуса Хрыста, можна зразумець зь ягоных палымяных вершаў. Паэтычныя пакаяньні, малітвы, гімны, у адрозненьні ад афіцыйных і рытуальных рыфмаў, дыхаюць пякучым чыста беларускім пачуццём болю і любові. Толькі беларусу Сімяону Полацкаму – у той час, у Маскве, у Крамлі! – удалося застацца іераманахам Ордэна Сьвятога Базыля Вялікага. Вуніятам!

Полацкі проста ўключыў у Расеі сьвятло. Агромністая дзяржава,. што дагэтуль жыла ўпоцемку, у вечным чаканьні сонца з Усходу, раптам прымружылася ад яркага зьзяньня з Захаду.

Дасьціпны і вытанчаны, самаіранічны і спачувальны, але ўнутрана поўны пранізьлівага сьвятла – гэта жывы Сімяон Полацкі. Геній. Паэт. Хрысьціянін.

Не люби тела, и будет цела

Душа, конечно, поживет вечно.

При жизни, хлебе.

Со Христом в небе»

Так ён жыў. Так ён сьвяціў. Так і згарэў.

Апошнія жарынкі ягонага вогнішча – маёмасьць, грошы, друкі – паводле тэстамэнту іскрамі рассыпаліся па Беларусі і трапілі ў праваслаўныя манастыры Полацка, Віцебска, Воршы, Менска, Вільні. Але на чужыне, у Маскве, ён пакінуў па сябе столькі сьветлых галоваў і гарачых сэрцаў, столькі ярчэзных кнігаў, што паліць іх, як Біблію Скарыны, было ўжо проста бессэнсоўна.

 

ПЁТР СКАРГА

Пётр Скарга – чалавек, які перавярнуў духовую гісторыю Беларусі.

Лідэр езуітаў Вялікага Княства, правадыр Контаррэфармацыі, заснавальнік і рэктар Віленскага Ўнівэрсытэту й Полацкага калегіюму, – гэта ён спыніў магутную пратэстанцкую хвалю XVI стагодзьдзя, вынайшаў вунію й дамогся трыюмфу каталіцызму ў XVII стагодзьдзі.

Нароўні зь Мялетам Сматрыцкім, Іпаціем Пацеем, Язэпам Руцкім, Язафатам Кунцэвічам, Афанасіем Філіповічам, Сьцяпанам Зізаніем Пётр Скарга – адзін з духовых лідэраў эпохі беларускай велічы. Ці ня самы адораны палеміст свайго часу, геній дыспутаў, які перамагаў выключна ўсіх сваіх апанэнтаў. Але разам з эўрапейскасьцю, адукаванасьцю, з цудамі навостранага розуму Скарга, быццам альхімік, прынёс у беларускасьць тую бліскучую, але халодную й мёртвую літару, якая будзе забіваць дух, рэзаць, пластаць беларускую талеранцыю, нішчыць міжканфэсійны мір, і, урэшце рэшт, падзеліць саму Беларусь.

Гэта Скарга стаў ініцыятарам Берасьцейскае вуніі, адной з самых вялікіх і спрэчных дзеяў беларускай гісторыі.

Гэта Скарга, народжаны ў Польшчы, стаў для Беларусі глашатаем вялікае каталіцкае апэрацыі, што ўспарола Беларусь з Захаду на зыходзе Залатога веку – апошняга рыўка эўрапейскага Сярэднявечча на Ўсход! – і выклікала казацкую вайну, паўстаньне праваслаўя й самую страшную агрэсію Маскоўшчыны за ўсю гісторыю – патоп 1654-67 гг.

Гэта Скарга навярнуў у каталіцтва Мікалая Радзівіла Сіротку, сына Радзівіла Чорнага, і многіх, многіх магнатаў-кальвіністаў, чым нанёс вырашальную паразу Рэфармацыі.

Пётр Скарга – гэта сапраўдны Пётр (камень). “Ты Пётр, і на камені гэтым я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не адолеюць яе.” (Мацьвея 16:18) – здаецца, гэта асабіста яму сказаў Ісус. Такога адданага, нават апантанага прамоўцы, прапаведніка, харызматычнага лідэра Каталіцкі Касьцёл у Беларусі ня меў ані да таго, ані пасьля. Аскет, увасоблены прынцып, ваяр маралі, цьвёрды, часам нават залішне; пранізьлівы позірк, чаканныя словы… У ім угадваецца Зянон Пазьняк.

Пётр Скарга – гэта скарга: гэта ён гнеўна крытыкаваў свавольства магнатаў, анархію й разбэшчанасьць шляхты, панскі эгаізм і прыгнёт сялянства. Скарга – голас справядлівасьці, што абскарджваў карысьлівыя пастановы соймаў і гучна скардзіўся каралю. Скарга – голас Касьцёлу, страшны супраціўнік праваслаўных і кальвіністаў. Уся рэўнасьць каталіцтва, параненага Рэфармацыяй, квінтэсэнцыя Трыдэнцкага сабору, уся абуджаная магутнасьць 1000-гадовай хрысьціянскай Эўропы!..

Пётр Скарга – гэта прарок: ён прадбачыў заняпад Рэчы Паспалітай у міжсобных разборках, заклікаў да пакаяньня і стаў празорцам для XVIII – XIX стагодзьдзяў. Скарга папярэджваў!.. – згадвалі шляхцічы-патрыёты наступныя тры стагодзьдзі.

Скарга быў з тых беларускіх ваяроў, што змагаліся словам. “Пра еднасьць Касьцёла Божага” (1577), “Брэсцкі сінод” (1577), “Сеймавыя казаньні” (1600), “Жаўнерскія набажэнствы” (1606), “На трэны й лямант Тэафіла Артоляга” (1610) – залаты фонд хрысьціянскай літаратуры.

Скарга – чалавек-сымбаль. Ён нарадзіўся адначасова зь езуіцкім рухам, быў прыняты ў Ордэн у год Люблінскае вуніі… А памёр у 1612-м, у знакавы год, калі каталіцкі наступ на Ўсход разам з войскам Рэчы Паспалітай працяў Расею, дастаў да Масквы, да самага Крамля, усадзіў на трон каралевіча Уладзіслава – і, атрымаўшы паразу, навекі застаўся скрайняй кропкай Апошняга Крыжовага Паходу.

 

ФРАНЬЦІШАК СКАРЫНА

Вялікі гуманіст?… Скарына, найвялікшы хрысьціянін, усё свае жыцьцё даваў адпор якраз усякім “гуманістам”, што стагодзьдзямі высіляліся, каб чалавецтва забыла Бога.

Вялікі асьветнік?… Скарына, найвялікшы вернік, перакладчык, тлумачальнік і першадрукар Бібліі, нёс свайму часу не бязбожнае сьвецкае “асьветніцтва” – а сьвятасьць Боскага сьвятла.

Вялікі друкар?… Скарына, найвялікшы эвангеліст, у першую чаргу быў не тэхнаром, прадпрымальнікам ці выдаўцом – ён быў геніяльным місіянерам, які даў Усходняй Эўропе Кнігу Кнігаў, а беларускаму народу – Сьвятое Пісьмо на роднае мове, і тым узвысіў народ да нацыі!

Франьцішак Скарына – бясспрэчны лідэр беларускае гісторыі. Ключавая асоба нацыянальнай ідэі, адзін з правадыроў агульнаэўрапейскага хрысьціянскага Абуджэньня XV-XVI стст – як Мікелянджэла, Калюмб або Лютэр. Перакладнік, пісьменьнік, філёзаф, лекар – першы сярод усходніх славянаў доктар мэдычных навук, – мастак і батанік, місіянер і патрыёт, урэшце рэшт, палымяны нашчадак Ісуса Хрыста. Усясьветна прызнаны (1990 г. ЮНЭСКА абвясьціла годам Скарыны), шанаваны ўсімі канфэсіямі…

Словам, Скарына – гэта наша ўсё.

І рэфарматарства Мікалая Радзівіла Чорнага, і шчырасьць нашаніўцаў, і прынцыповасьць Пазьняка – усё гэта вы знойдзеце ў Скарыне. Чытайце – і ўбачыце.

Як палачанін, сын нашай першай хрысьціянскай сталіцы, праўнук Сафіі й Эўфрасіньні, Скарына сканцэнтраваў у сабе ўсю крынічную чысьціню й глыбокасьць беларускай духовай традыцыі.

Як Франьцішак, спадкаемца сьвятога Францыска Асізскага, што адрадзіў для сярэднявечнае простанароднае Эўропы ідэалы й дух часоў апостальскіх, Скарына таксама вяртаў паспалітаму люду Вялікага Княства Бога Жывога.

Як Скарына, ён зрабіўся нашай абавязковай скарынкай – і пачаткам, і верхам, і смакоцьцем у кожным кавалку хлеба.

Нарэшце, як Майстар, ён уласнаручна кшталтаваў да дасканаласьці і пераклад, і літары друку, і гравюры сваіх кнігаў, ствараючы, нацыянальныя скрыжалі, жывую клясыку– і нават ажаніўся з Маргарытай.

Сваім выданьнем “Бібліі Рускай” Скарына скарыў усю старазапаветную Літву перад Беларусьсю Новага Запавету – новай хрысьціянскай краінай. Гэтая “Біблія” на паўстагодзьдзі апярэдзіць і польскую, і расейскую.

Менавіта Скарына насьцеж распахнуў для Беларусі эпоху Залатога веку. Ягонае выданьне ў незьлічоных дзьвярох бачынак адкрывала Бога ўсёй краіне – а значыць, надавала беларусам самасьвядомасьці.

Скарына не стамляецца казаць нам каторы ўжо раз: “Понеже от прироження звери, ходящие по воздуху, ведають гнёзды своя, рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя, пчёлы и тым подобныя боронять ульев своих – тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають”.

Першадрукі выданьняў Скарыны – з прадмовамі й тлумачэньнямі да Слова Божага, з выкшталцонымі шрыфтамі, высокамастацкімі застаўкамі, узорыстымі ініцыяламі й цудоўнымі гравюрамі, дзе кожная кніга была скарбам – адразу ўсталявалі для Беларусі самы высокі эўрапейскі стандарт кнігі й культуры слова наогул.

Усе канфэсіі Беларусі дагэтуль спрачаюцца за Скарыну. Пытаньне №1 нашае рэлігійнае гісторыі! Праваслаўныя дзеля царкоўнаславянскае асновы перакладу й полацкае традыцыі лічаць яго праваслаўным; каталікі, згадваючы лацінскае імя й сакратарства ў біскупа віленскага – каталіком, а пратэстанты, цытуючы Курбскага (“Біблія Скарыны ва ўсім згодная зь Бібліяй Лютэра”), архімандрыта Сяляву (“Ваш Скарына – гусіт!”), прад’яўляючы шляхецтва, нададзенае герцагам-лютаранінам Альбрэхтам у Кенігсбэргу ды ўласна сам прынцып масавага друку на роднай мове – увогуле пратэстантам. У гэтым – увесь Скарына. Якраз у ягонае асобе максымальна выявілася ўнікальная беларуская Тройца, “сустрэча канфэсіяў”, той цуд эвангельскае веры й любові, што імкне да вышыняў Божых і вядзе да хрысьціянскага адзінства. У геніі Скарыны Беларусь дасягнула трыюмфу міжканфэсійнага, нават надканфэсыйнага сынтэзу, і найярчэйшай ўспышкі нацыянальнае місіі.

Гэта – крэда Скарыны.

Гэта – сутнасьць Беларусі.

Скарына дагэтуль поўны таямніцаў, як і ўсякая глыба падобнага маштабу. Яшчэ не ўстаноўленыя даты яго нараджэньня і сьмерці. Яшчэ не расшыфраваныя ягоныя манаграмы. Пэўна невядома, пра што ён гутарыў зь Лютэрам, Альбрэхтам ды Парацэльсам. Схаваная і ягоная місіянерская выправа ў Маскву, дзе былі спаленыя ягоныя кнігі, і яго ўдзел у рэдагаваньні І Статуту ВКЛ, і праца каралеўскім садоўнікам у праскіх Градчанах на сконе дзён. Ён прыйшоў і сышоў незаўважна, ён рабіў і тварыў непрыкметна – каб, паводле Эвангельля, Адзінаму Богу дасталася ўся слава.

Кракаў, Падуя, Прага, Познань, Вільня, Кенігсбэрг, Масква… Геаграфія Скарыны пашырае межы Беларусі XVI ст. да памераў паловы Эўропы.

І быццам Праспэкт Скарыны, што йдзе скрозь усю сталіцу, праз цэнтральныя плошчы ды галоўныя скрыжаваньні, сам Франьцішак Скарына працінае гісторыю Беларусі хрыбетным, восевым шляхам. Праспэктам нацыянальнай ідэі, на якім стаяць помнікі й друкуюцца кнігі. Праспэктам, які злучае Дом Ураду з Акадэміяй Навук, які перакрэсьлівае Леніна й налыгвае колца Перамогі. Праспэктам, які зыходзіць з Плошчы Незалежнасьці – і цэліць проста ў Маскву.

 

КЛІМ СМАЛЯЦІЧ

Клім Смаляціч – мітрапаліт Кіеўскі, духовы лідэр Смаленскага княства ў эпоху яго росквіту, і нароўні з Эўфрасіньняй Полацкай ды Кірылам Тураўскім, адзін з трох вялікіх лідэраў хрысьціянскага абуджэньня ў Беларусі XII стагодзьдзя.

Летапіс піша: “Кніжнік і філёзаф, якіх не было дагэтуль на рускай зямлі. Вельмі начытаны, меў дар вучыцельства й выдатныя веды і, склаўшы шмат твораў, запісаў іх”. Глыбокі знаўца багаслоўя, грэцкай і рымскай літаратуры, Плятона, Арыстоцеля й айцоў царквы, Клім прапаведваў Слова Божае ў моцных, вытанчаных, бліскучых прамовах.

“Бо глаголеть Соломон: “Премудрость созда себе храм”. Премудрость есть Божество, а храм – человечьство, аки во храм бо вселися въ плоть, юже прият от Пречистыя Владычица нашея Богородица истинный наш Христос Бог.” Гэта з шэдэўра старажытнага беларускага пісьменства “Пасланьня прасьвітару Хаме”, адзінага твору Смаляціча, які захаваўся да нашых дзён.

У сярэдзіне XII стагодзьдзя Клім Смаляціч выкладаў у знакамітай Смаленскай славяна-грэка-лацінскай Акадэміі, першай на усходне-славянскіх землях вышэйшай школе ўнівэрсытэцкага кшталту. Стаў мітрапалітам Кіеўскім – і, як тэоляг, пісьменьнік, прапаведнік пакінуў па сабе цэлае пакаленьне вучняў. Найвядомейшым зь іх быў Аўрамій Смаленскі, яскравы прамоўца, выбітны беларускі хрысьціянскі лідэр канца XII – пачатку XIII стст.

Клім Смаляціч быў адным з правадыроў праваслаўнае “рускае партыі” – таго раньняга, шчырага праваслаўя, што супрацьстаяла бізантыйскім уплывам, і падчас вялікага беларускага абуджэньня XII стагодзьдзя стварала ў сэрцы Эўропы новую хрысьціянскую прастору – Сьвятую, Белую Русь.

Менавіта ў часы Кліма Смаляціча Смаленск паўстаў як усходні фарпост беларускага хрысьціянскага абшару – духовага эпіцэнтру славянскага Сярэднявечча. Старажытны вечавы горад сіламі сьвятара Кліма й князя Расьціслава, празванага Пабожным, на два стагодзьдзі зрабіўся духовай і палітычнай сталіцай яшчэ адной самастойнай беларускай дзяржавы – Вялікага Княства Смаленскага, што праіснавала аж да XV ст., і было далучана да ВКЛ толькі пад пагрозай маскоўскай акупацыі.

Клім Смаляціч – адзін з прабацькоў беларускай нацыі. Моцная ўспышка ягонага жыцьця азарыла ўсходнія межы Беларусі, ахопленай абуджэньнем XII ст., і ўлучыла Смаленшчыну ў вялікі хрысьціянскі абсяг Сярэднявечча. Нават цяпер, калі Смаленск паглынуты Расеяй, Клім Смаляціч застаецца адным з тых ключоў, якім адмыкаюцца тысячагадовыя тайны нараджэньня Беларусі, нацыянальнага праваслаўя – і збавеньня Расеі.

 

МЯЛЕТ СМАТРЫЦКІ

Мялет Сматрыцкі – Прамоўца ХVII стагодзьдзя, таямнічы Тэафіл Артоляг, аўтар Граматыкі Усіх Славянаў, галоўны супраціўнік вуніі, які ўрэшце рэшт зрабіўся яе апалягетам.

Як і належыць беларускаму генію, Сматрыцкі, быў чалавекам Слова. Ягонае жыцьцё, прысьвечанае вывучэньню й выкладаньню філялёгіі, публіцыстыцы й хрысьціянскаму служэньню, пакінула Беларусі матрыцу мовазнаўства, кнігі і прамовы стагодзьдзя.

Так, Мялет Сматрыцкі пачынаў як прамоўца. Яшчэ жывучы ў Менску ён, манах і кніжнік, стаў лідэрам праваслаўнае большасьці: ягоныя казаньні ператвараліся ў мітынгі, і хутка ўжо ўся краіна бачыла ў народным трыбуне абаронцу спрадвечнае веры. Ягоныя прамовы захаплялі ўсіх: ён пераконваў апанэнтаў на дыспутах па-лацінску, вёў перамовы з афіцыйнай уладай па-польску, адпраўляў набажэнствы на царкоўнаславянскай, цытаваў патрыярхаў па-грэцку й гутарыў зь людам па-беларуску. І менавіта пра мову была ягоная “Граматыкі славянскай правільная сінтагма”, што на 200 гадоў зрабілася галоўным моўным падручнікам ва Ўсходняй Эўропе: у XVIII – XIX стагодзьдзях на яе аснове збудавалі свае граматыкі расейцы, украінцы, румыны, сэрбы, харваты, баўгары…

Сматрыцкі, апостал міжмоўя, даў слова ўсім славянам.

Зрэшты, беларускай духовай гісторыі Мялет Сматрыцкі больш вядомы як Тэафіл Артоляг. Пад такім псэўданімам выйшаў у 1620-м ягоны “Трэнас, або Плач Усходняй Царквы” – цэнтральны твор міжканфэсійнае палемікі ў справе вуніі. Рэлігійныя войны, што спусташалі ўсю Эўропу, у Беларусі нават на сваім піку вяліся на словах. Зброяй былі кнігі. І Мялет Сматрыцкі стварыў ня проста прапагандовы зарад аграмаднае магутнасьці, але і галоўны беларускі літаратурны шэдэўр XVII стагодзьдзя. Вобраз Маці-Царквы з “Трэнасу” Сматрыцкага, надзвычай ясны сымбаль духовае сутнасьці Беларусі, займае месца ў шэрагу асноватворных нацыянальных архетыпаў.

“Жаль жа мне беднай, жаль жа, няшчаснай!.. Рукі ў кайданах, ярмо на шыі, путы на нагах, ланцуг на клубах, меч над галавою двухвостры, вада пад нагамі глыбокая, агонь па баках непагасны, адсюль крыкі, паўсюдна страх, паўсюль перасьледы. Дзень – у болях і ранах, ноч – у стогне і ўздыханьні… Раней ладная й багатая, цяпер я – агідная ды ўбогая…”

Гучыць,быццам крык жывой душы зь сёньнішняй праваслаўнай царквы – глыбокі, як з падзем’я, трэнас сапраўднага беларускага праваслаўя!

 Калі чытаеш поўныя немага запыту – “чаму??!” – радкі Сматрыцкага, здаецца, быццам гэта яму адказвае эвангеліст Лука: “Надумаўся і я, рупліва дасьледваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Тэафіле…” (Лукі 1:3)

Дасьледуйце душу Тэафіла Артоляга – і вам адкрыюцца многія прычыны велічы й трагедыі новазапаветнае Беларусі. Менавіта Сматрыцкі стаў ключавой асобай у вялікім супрацьстаяньні праваслаўя і каталіцтва. Прызначэньне Мялета Сматрыцкага архіепіскапам у Полацку, зробленае Канстаньцінопальскім патрыярхам насуперак пастановам вуніі, сутыкнула яго вочы ў вочы з вуніяцкім полацкім арцыбіскупам Язафатам Кунцэвічам. Бітва духовых тытанаў, за адным зь якіх стаяла гіганцкая дзяржаўная ўлада, а за іншым – абураная стыхія цэлае краіны, завяршылася ў Віцебску 12 лістапада 1623 года. Узрушаны натоўп забіў Кунцэвіча бердышамі й кінуў у Дзьвіну.

Агаломшаны Сматрыцкі, ратуючыся ад падозраньняў і перасьледу, бяжыць у Канстаньцінопаль.

І праз 4 гады вяртаецца – каб урачыста абвясьціць аб сваёй падтрымцы вуніі. Мільёны праваслаўных былі ў шоку; каталікі не давалі веры свайму шчасьцю.

Сматрыцкі стаў на месца забітага Кунцэвіча.

Постаць Сматрыцкага ўвасобіла ў сабе лёс усяго беларускага праваслаўя XVII стагодзьдзя. Пасіянарны, шчыры й зацяты, Сматрыцкі гуртаваў адзінаверцаў палкімі казанямі й самаадданай жарсьцю, але ўрэшце мусіў скарыцца вуніяцкай рацыі. Гэтак жа і ўскалыхнутая Рэфармацыяй, натхнёная народная грэцкая вера, пачуцьцёвая й містычная, пала перад заходняй лёгікай і парадкам.

Чаму Сматрыцкі прыняў вунію? – гэтая тайна ўваходзіць у гарачую дзесятку галоўных пытаньняў беларускай гісторыі.

Можа быць, падобна апосталу Паўлу, перажыў сьляпушчае духовае перараджэньне?

Можа быць, узрушаны сьмерцю ворага, пакаяўся, і, як хрысьціянін, вырашыў аддаць сваё жыцьцё за Кунцэвіча?

Можа, яму адкрылася аблічча будучае Расейскае Праваслаўнае Царквы, якая праз два стагодзьдзі прыўласьціць у Беларусі само паняцьце “праваслаўе”?

А можа, нарэшце, з жахам зразумеў: міжканфэсійная варожасьць разбурае асновы вялікае дзяржавы, якой наканавана трымацца на любові й талеранцыі.

 

СТАНКЕВІЧЫ

Беларускае прозьвішча, у якім так выразна гучыць “стан”, “станавіць”, “стацца”, стаіць упоравень з Луцкевічамі й Гарэцкімі. Род Станкевічаў для гісторыі Беларусі мае ня меншае значэньне, чым колішнія магнацкія дынастыі. Станавы хрыбет беларушчыны скрозь усё XX стагодзьдзе – гэта Станкевічы.

Сёньня па радыё й тэлевізіі вы можаце пачуць пра Вацлава Станкевіча, беларускага дэпутата Літоўскага  Сейму, што ўзначальвае парляманцкую групу “Літва-NATO” і зьяўляецца дакладчыкам па Беларусі ў Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы.

Гадоў пятнаццаць таму вы былі перакананыя, што Станкевіч – гэта Сяргей, рэфарматар “першае хвалі”, адзін зь лідэраў Міжрэгіянальнае Дэпутацкае Групы, намесьнік мэра Масквы, які, як і ўсякі беларус, спрабаваў будаваць у Расеі дэмакратыю – а замест мусіў эміграваць у Польшчу, ратуючыся ад расейскага КДБ.

Яшчэ раней, у 60-я, ў КДБ высьветлілі сапраўднае імя Станкевіча. Звалі яго Вячаслаў, быў ён эмігрантам, рэдактарам беларускай службы “Радыё Свабода”, і арганізоўваў падрыўное беларускамоўнае вяшчаньне на самым стратэгічным кірунку, у заходняе браме СССР.

Ці ня той гэта Станкевіч, які ўсё жыцьцё зьбеларушваў нашу пісьмовую мову, унікаючы якіх-кольвечы запазычаньняў – і ў выніку стварыў цалкавітую, у дзесяткі тысячаў словаў, самаістую вэрсію? Найчысьцейшай беларускай, са знакамітым “Расейска-беларускім слоўнікам” і адмысловым перакладам Бібліі? Можа, і той – ды толькі ягонае імя было Ян.

Колькі ж імёнаў у гэтага прозьвішча!

Але ж першага, найстарэйшага Станкевіча звалі, як і належыць, Адамам. Навучэнец віленскае сэмінарыі й Піцерскае рыма-каталіцкае духовае Акадэміі, ксёндз, ён разам з Абрантовічам ды Гадлеўскім ствараў “Хрысьціянска-Дэмакратычную Злучнасьць” і арганізоўваў зьезд беларускага каталіцкага  духавенства ў траўні 1917 г., рэдагаваў каталіцкую “Крыніцу” і “Хрысьціянскую Думку”. Гэта ён, Адам, змагаўся за правы беларусаў на чале цэлае фракцыі ў Польскім Сейме ў 20-х гг.; гэта ён, Адам, узначальваў ТБШ ва ўмовах акупацыі Заходняе Беларусі;  гэта ён, Адам, выкладаў Закон Божы Натальлі Арсеньневай ды Максіму Гарэцкаму у знакамітай Віленскай гімназіі. Адама Станкевіча перасьледвалі і польская дэфэнзіва, і нямецкае гестапа, і бальшавіцкае НКВД – але ён адстойваў Беларусь у час трох акупацыяў, пад ударамі рэжымаў і імпэрыяў і прапаведваў Слова Божае на беларускай зямлі па-беларуску, да самай сваёй сьмерці ў халодным савецкім Азярлагу.

І сёньня ты разумееш – усё гэта быў ён. Той самы Станкевіч, што, як і сама Беларусь, паўставаў зноў і зноў.

 

КІРЫЛА ТУРАЎСКІ

Кірыла Тураўскі – “Златоуст, паче всех воссиявший на Руси”, сапраўдны стоўп беларускага хрысьціянства, наш Уладар Слова.

“На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было – Бог” ( Яна 1:1-2 ). Гэта Кірыла Тураўскі прамовіў у XII стагодзьдзі на ўсё славянскае Міжмоўе. Празь яго Слова рабілася целам, ўваходзіла ў жыцьцё дагэтуль немае Беларусі – і аб’ядноўвала раздробленыя княствы ў царкоўнаславянскую айкумену сэрца Эўропы.

Кірыла Тураўскі ставіў апорныя калёны будучае нацыі: ствараў хрысьціянскія каляндары, сядзьміцы, казані, малітоўнікі, што ўнармоўвалі жыцьцё вернікаў, быт і грамадзкія стасункі. Сапраўднымі шэдэўрамі духу й пісьменства сталі ягоныя знакамітыя “Словы”, напісаныя ўрачыстай, паўнагучнай і захапляючай царкоўнаславянскай мовай: “Слова на Нядзелю Кветную”, “Слова на Ушэсьце”, “Слова, каб не забывалі настаўнікаў сваіх”. Расейскія і беларускія дасьледнікі усё больш аргумантавана сьцьвярджаюць, што толькі ён мог быць аўтарам яшчэ аднаго “Слова” – “Слова пра паход Ігаравы”.

Кірыла Тураўскі – увасабленьне магутнасьці тагачаснага Тураўскага княства, паўднёвага кутняга каменю беларускай дзяржаўнасьці. Старажытнага Турава, пад уладай якога былі запачаткаваныя Берасьце, Слуцк, Пінск, Мазыр; які разам з Полацкім княствам адстойваў сваю незалежнасьць ад Кіева і дзе ўжо ў 1010 г. існавала хрысьціянская катэдра заходняга абраду.

У духовай моцы, паэтычнасьці й зацятым кніжніцтве Кірылы Тураўскага ўжо выразна скразілі фундамэнтальныя рысы нацыянальнай ідэі.

Кірыла Тураўскі быў першым сярод усходніх славянаў, хто зьдзейсьніў подзьвіг стоўпніцтва – загадаў замураваць сябе ў манастырскае вежы, куды праз вакенца перадавалі крыху ежы, і некалькі гадоў прысьвяціў духоваму ўдасканаленьню й пісьменству: “Во столп вшед затворися, и ту с постом и молитвою паче себя тружаяся, и много божественная писания изложи.”

Постаць Кірылы Тураўскага, быццам цьвярдыня веры, узвышаецца ў сутоньні Сярэднявечча, і асьвятляе цэлыя стагодзьдзі. Вартавая, абарончая вежа па-над смугою лясоў і балотаў Палесься, – як маяк і для Кіева, і для толькі што збудаванай Масквы, і для Канстаньцінопалю, дагэтуль пазначаецца зоркай у нябёснай кнізе беларускай гісторыі. Вежа аднае сыгнальнае сыстэмы абуджэньня XII стагодзьдзя: разам з полацкімі храмамі Эўфрасіньні, смаленскім замкам Расьціслава, гарадзенскай Каложай і віцебскай Дабравешчанскай царквой яна засьвяціла, каб цьмяная Беларусь прасьвятлела.

Так, Кірыла Тураўскі – вежа. Тура, накшталт шахматнай, у гіерархіі нацыянальнай ідэі. Або тур. Бык, у сэньсе каменная апора. “Імя Госпада – моцная вежа, убягае ў яе праведнік, і ў бясьпецы”. ( Выслоўі, 18:10 )

Сёньня вядома больш за 70 твораў тураўскага Златавуста – фантастычная колькасьць для аўтара тых часоў ! Найбагацейшая спадчына сьведчыць пра тое, наколькі шанаваным і ўплывовым ва ўсёй Усходняй Эўропе прапаведнікам быў Кірыла Тураўскі : ягоныя кнігі й малітвы перапісвалі й друкавалі ў Беларусі, Украіне, Расеі, Малдавіі на працягу некалькіх стагодзьдзяў .

Кірыла Тураўскі – наш Айцец Царквы, нароўні са славутымі грэкамі. “Ныне ратаи слова словесныя уньца к духовному ярму приводяще, и крестное рало в мысьленых браздах погружающе, и бразду покаяния прочертающе, семя духовное всыпающе, надеждами будущих благ веселяться” (“Слова на Антыпасху”).

Таму ў слове “кірыліца” чуецца і ягоны пачатак: праваслаўная аснова мае столькі словаў Кірылы Тураўскага!

 

ЯН КАРАЛЬ ХАДКЕВІЧ

Ян Караль Хадкевіч – вялікі беларускі вайсковец, якога дагэтуль з трапятаньнем узгадваюць Расея, Швэдзія й Турэччына. Ён здабываў Прыбалтыку для Рэчы Паспалітай, стаяў вайсковым лягерам пад сьценамі Масквы й абараняў Эўропу ад асманскага нашэсьця.

Ян Караль Хадкевіч зараз адваёўвае Беларусь у ганебных стэрэатыпаў “падбітасьці”, “млявасьці”, “памяркоўнасьці”. Грозны, моцны, ён урываецца ў расейскія, польскія й эўрапейскія гістарычныя канцэпцыі, як у варожы табар – і, быццам ураган, руйнуе й разьмятае ў трэскі стратэгічныя крэпасьці імпэрыяў.

Хадкевіч – адзін з тых вайсковых геніяў, што зьяўляюцца раз на сто гадоў, каб стаць зброяй сусьветных зрухаў у руках Божых.

Ян Караль нарадзіўся ў 1560-м, на пачатку Інфлянцкае вайны, калі Іван Жахлівы ўжо абрынуўся на Лівонію й рыхтаваўся захапіць Полацк. Гэты стан вайны, гэтае пачуцьцё сьмяротнае небясьпекі зробяцца плоцьцю й крывёю Яна Караля Хадкевіча – і дадуць яму сэрца караля ваяроў.

Менавіта ён, вайсковец-малатабойца, у трох вялікіх войнах XVII стагодзьдзя скрышыў магутнасьць Швэдзіі, Маскоўшчыны й Асманскай Імпэрыі.

Прызначаны падчас вайны са швэдамі за панаваньне на Балтыцы намесьнікам вялікага гетмана, Хадкевіч уласным коштам узброіў беларускае войска і ўвёў у ім жалезную дысцыпліну. Спачатку прымусіў капітуляваць непрыяцельскі гарнізон у Дэрпце (Тарту), потым разьбіў швэдаў пад Какенгаўзэнам у 1601-м, затым пад Белым Каменем у 1604-м, нанёс паразу славутаму швэдзкаму флоту пад Салісам у 1609-м – а таксама здабыў бліскучую перамогу пад Кірхгольмам (цяпер Саласьпілс каля Рыгі): 4 тысячы жаўнераў ВКЛ, страціўшы толькі 89 чалавек забітымі, дазваньня разграмілі войска Карла ІХ колькасьцю, паводле розных зьвестак, ад 7,5 да 14 тысячаў (зь іх каля 6000 загінулі).

За прыбалтыйскую кампанію Хадкевіч атрымаў гетманскую булаву – і адным яе ўзмахам зьнішчыў пагрозу для Беларусі з поўначы.

Пасьля гэтага хто, як ня гетман Хадкевіч, мусіў узначальваць войскі Рэчы Паспалітае ў інвазіі 1611-1612 і 1617-1618 гг. на Маскву. “Хадкевіч!” – ў вялікім 500-гадовым супрацьстаяньні Беларусі й Расеі гэта гучыць як удар таранам у самыя брамы Крамля.

Нарэшце, у 1621-м 70-тысячнае войска беларусаў, палякаў і запарожцаў на чале з Хадкевічам на Днястры пад Хацінам устала перад 150-тысячнай армадай султана Асмана на абарону хрысьціянскае Эўропы. Некалькі месяцаў увесь узбураны ісламскі сьвет ня мог адолець лінію беларуса Хадкевіча. Ужо безнадзейна хворы, паміраючы, на сваёй апошняй вайсковай нарадзе гетман патрабаваў: не адступаць. Абаронцы выстаялі. У той дзень, калі Турэччына й Рэч Паспалітая ўрэшце падпісалі замірэньне, у лягеры Хадкевіча заставалася апошняя бочка пораху.

Прыроджаны ваяр, Ян Караль Хадкевіч увасобіў у сабе усю моц паўсталай у XVI стагодзьдзі нацыі: і ў ягоным абліччы, і ў характары беларускія байцоўскія якасьці дасягнулі максымуму. Арліны нос, высокі лоб, моцнае падбародзьдзе з бастыёнам масыўнае барады… “Вылучаўся вялікай адпорнасьцю на цяжкасьці, на сьпёку, холад і голад, такой спраўнасьцю й хуткасьцю ў шыхаваньні баявых парадкаў, што параўнаўся ў гэтым з найвялікшымі старажытнымі й сучаснымі ваяводамі” – пісаў тады біёграф.

Гэта быў проста выбух зь нетраў беларускае душы. Так і стаіць перад вачыма гвардыя Хадкевіча, беларускія лятучыя гусары – конныя рыцары зь вялізнымі крыламі зь пер’ем, у баі падобныя да гіганцкіх птахаў. Імклівыя, як Пагоня, прыгожыя й страшныя, як анёлы, зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі на дзідах – гэтае крылатае нябёснае войска наносіла ворагу вырашальны ўдар.

Вобраз бліскучы, як шабля, раптоўна выхапленая з похваў!

Такім жа лятучым гусарам, вайскаводцам ад Бога, быў і Ян Караль Хадкевіч. Ён прагрукатаў па нашай гісторыі грамавым крылатым вершнікам, каб іншыя пабачылі: беларуская нацыянальная ідэя здольная на штурм.

 

УСЯСЛАЎ ЧАРАДЗЕЙ

Усяслаў Чарадзей. У гэтых двух словах – уся слава Полацкага Княства й уся чароўнасьць старазапаветнай беларускай гісторыі.

Сафійскі сабор, “Слова аб палку Ігаравым”, Няміга, барацьба за незалежнасьць – паўсюль мы згадваем пра  Усяслава Брачыслававіча. “Усяслаў Чарадзей” – сцэнар для кінаэпапэі ў жанры “фэнтэзі”, накшталт “Уладара Колцаў”. “Усяславам Чарадзеем” называецца лепшая беларуская гарэлка клясу “Люкс”, якую прэзэнтуюць замежнікам. Часы Чарадзея, што тая чарка – напамін аб настоенай, хмельнай і пякучай даўніне. Легенда на экспарт!

Усяслаў Чарадзей – містычная душа эпохі. Душа Старога Запавету, для якой закон усё яшчэ “вока за вока”, і справядлівасьць зь мечам у руцэ, цьмяная душа, у якой дужаюцца ідалапаклонства продкаў і вера ў Ісуса. Чарадзей рабуе Ноўгарад, здымае званы з храмаў – і будуе Полацкую Сафію. Трапляе ў палон, паверыўшы крыжацалаваньню ворагаў – і Божым цудам вызваляецца са шматмесяцовага ўвязьненьня ў порубе. Жыве сярод волхваўскіх абрадаў, але выхоўвае сыноў хрысьціянамі й жорстка падаўляе бунт мясцовых паганцаў.

Усяслаў Чарадзей – галоўная таямніца Полацкае гісторыі. Чаму яго называюць Чарадзеем? Што за нябёснае зьзяньне, занатаванае ў летапісе, салютавала ягонаму нараджэньню? Якое такое “язьвена” насіў ён, нялітасьцівы на кровапраліцьцё, на галаве да сьмерці? Зь якой прычыны зьбег зь Кіеўскага пасаду й вярнуўся ў Полацк?…

Яго трэба ўбачыць. З гэтым вобразам, раптоўна скаланаецца генэтычная памяць: страшны момант 1067 г., калі ў летапісах упершыню ўзьнікае Менск – узьнікае, дарэшты спалены Яраславічамі. Усяслаў вяртаецца пасьля захопу Наваградку, будучае сталіцы ВКЛ, і дастае супраціўніка на Нямізе, у самым сэрцы будучае сталіцы Беларусі. І “бысть сеча зла”: Няміга, бел-чырвона-белая Няміга, сплывае дымнай крывёю сярод сьнягоў – як гістарычная крыніца й прарочае наканаваньне ўсяго беларускага болю!..

Усяслаў Чарадзей – патрыярх беларускае незалежнасьці.

Князь-гаспадар, вайскаводец, будаўнік, Усяслаў фактычна заклаў падмурак беларускай дзяржавы й усё сваё жыцьцё бараніў яе незалежнасьць. Гэта ён біўся зь Яраславічамі, Ноўгарадам, Псковам, полаўцамі, Манамахам, адстойваючы ядро будучае Беларусі. Гэта ён у Кіеве чуў “званы Сафіі Полацкай”, і гэта яго, нават старога, так баяліся ворагі, што за апошнія 20 гадоў ягонага княжаньня не рызыкавалі нават пераступіць межы Полацкага княства.

Доўгае – 73 гады! – і поўнае выпрабаваньняў жыцьцё даў Госпад гэтаму герою беларускага Старога Запавету. Пасад, бітвы, здрада, поруб, уцёкі – і зноў бітвы, і зноў пасад. Можна ўявіць сабе, як уладна Бог выкоўваў з Чарадзея хрысьціяніна. Вобраз паганца ляпілі зь яго кіяне, зацятыя ворагі полацкае незалежнасьці – але нават падчас кіеўскага княжаньня ён быў пастаянным субяседнікам манахаў Кіева-Пячэрскае Лаўры. Вера ў Хрыста ў душы Усяслава нарэшце перамагла. Бо казалі полацкія вешчуны: “Усяслаў маладзён неразумны, і праклён багоў нашых на ім назаўсёды, бо верыць у Таго, Раскрыжаванага”. Пабожны старэйшы сын Барыс паставіць на межах княства, як дазорныя вежы, агромістыя камяні з надпісам: “Госпадзе, памажы рабу Свайму, Барысу”. Унучка Эўфрасіньня зробіцца галоўнай беларускай сьвятой.

А сам Усяслаў назаўжды застанецца прадзедам Беларусі – дрымучым і барадатым полацкім князем з глыбокім таемным позіркам і сьветлай душою.

 

СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ

– Станіслаў Станіслававіч! Нарэшце! Тут такая цудоўная кампанія, а я думаю – дзе ж Шушкевіч!…

Вы канечне, знаёмыя. Станіслаў Шушкевіч – старшыня Вярхоўнага Савета ХІІ скліканьня. Беларус, навуковец, прафэсар, інтэлігент… Адзін з тых трох, што пахавалі Савецкі Саюз. Карацей, жывая гісторыя ХХ стагодзьдзя.

Для ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва Станіслаў Шушкевіч – гаспадар эпахальнае сустрэчы ў Белавескае Пушчы 8-10 сьнежня 1991г., на якой было абвешчана, што “СССР як геапалітычная рэальнасьць спыняе сваё існаваньне”. Той Шушкевіч, які вучыў рускай мове Лі Харві Освальда ў Менску. Той самы Шушкевіч, які адразу заявіў аб нэўтралітэце незалежнае Беларусі й першым у гісторыі чалавецтва дабраахвотна адмовіўся ад ядзернае зброі, загадаўшы выводзіць нацэленыя на Захад савецкія ракеты ўдарнае групоўкі назад, у Расею.

Станіслаў Шушкевіч – ня толькі сьведка, але й паўнамоцная дзеючая асоба найноўшае гісторыі.

Зьнішчэньне СССР было праведзена Шушкевічам чыста па-беларуску – мякка, спакойненька, далікатна. Так ціха, з такой таемнай партызанскай ласкай, што гэта выклікала аслупянелы шок на 1/6 частцы сушы й эўфарыю ва ўсім астатнім сьвеце. Незадаволеных гарбачоўскімі спробамі захаваць камуністычную сыстэму Ельцына й Краўчука Шушкевіч запрасіў да сябе: пагаворым тут утрох, абмяркуем, можа, штосьці й вырашым… Глядзіш на Станіслава Станіслававіча – і верыш, што гэта было магчыма толькі так: разбурыць найстрашнейшую ў сьвеце Імпэрыю зла ў глушы Белавежскае пушчы, за бяседным сталом, у маленькім зімовым доміку пад бел-чырвона-белым сьцягам!

Госпад Бог выбраў яго – беларуса да мозгу касьцей, доктара навук, фізыка – каб расьпісаць, як матэматычную формулу, зьнікненьне Савецкага Саюза з аблічча зямлі, і па-доктарску паставіць у страшнай гісторыі камуністычнае хваробы, бязбожнай і таталітарнай, кропку.

Уся памяркоўнасьць, ахвярнасьць і цярплівасьць Беларусі ў асобе Шушкевіча паглынулі касьмічны эфэкт развалу – ён аказаўся фактычна бяскроўным. Для замежнікаў Шушкевіч зрабіўся культавай асобай, нароўні з Салжаніцыным, Гарбачовым ды Ельцынам.

Станіслаў Шушкевіч ведаў, на што ішоў, абсалютна ясна разумеў, што робіць і ганарыўся сваёй місіяй. Сьціплы беларус, варты сусьветнае славы!

Шушкевіч упершыню зьявіўся на тэлеэкранах у разгар Перабудовы, і ўвасобіў у сабе ўвесь гэты шчыры, летуценны парыў, усю сьветлую мрою аб дэмакратыі, усю шчырасьць беларускасьці… Нацыя пазнавала сябе: у верасьні 1991 г. Шушкевіч меў рэйтынг 52%! Сын беларускага паэта, што прайшоў праз ГУЛАГ, Станіслаў Шушкевіч у вырашальны час узышоў на вяршыню дзяржаўнае ўлады як сымбаль гістарычнае справядлівасьці.

Шушкевіч стаў сьпікерам Вярхоўнага Савета, першай асобай незалежнае Беларусі, у 1991-м. І хаця рэальна краінай кіраваў прэм’ер Кебіч, заканадаўчая ўлада й прадстаўнічыя функцыі былі за Шушкевічам. Часы Шушкевіча дагэтуль называюць адлігай. Так, адліга! Росквіт беларушчыны, па-дзіцячы наіўная дэмакратыя, разгул бізнэсу, рамантычная пара свабоды й мараў юнае дзяржавы; афіцыйны статус беларускай мовы, бел-чырвона-белы сьцяг, герб “Пагоня”, стварэньне ўласных войскаў, грошай, Міністэрства замежных справаў…

Лідэр-інтэлігент – быў, быў і ў Беларусі гэты фэномэн, сувымерны з асобай прэзыдэнта Гавэла. Фірмовы тыпаж беларускай нацыянальнай ідэі. Высакалобы інтэлектуал, прыстойны, выхаваны й гаваркі, Шушкевіч узначаліў краіну ў самы цяжкі пэрыяд эканамічнага крызысу, ідэйнага вакуўму, палітычнага хаосу. Два гады інтэлігента Шушкевіча аказаліся зорным часам беларускага Адраджэньня.

Гэтая ж самая інтэлігентнасьць не дазволіла Шушкевічу застацца ля ўлады. Адхіліўшы прынцыповую ідэю БНФ аб перавыбарах пракамуністычнага Вярхоўнага Савета, ён атрымаў просты, як лом, удар “змагара з карупцыяй” Аляксандра Лукашэнкі – і той забіў у труну беларускай дэмакратыі цэлую скрыню цьвікоў.

“Памяркоўны”, “кемлівы”, “руплівы” – усё гэта пра Шушкевіча. Беларускага інтэлігента, вялікага чалавека й проста нацыянальнага героя.

Хто сказаў, што беларусу ня дадзена вяршыць сусьветнай гісторыі? Калі вы раптам вырашылі перавярнуць лёс усяе плянэты – знайдзіце кропку апоры, і спытайце ў фізыка Шушкевіча, як!..

 

ЭЎФРАСІНЬНЯ ПОЛАЦКАЯ

Эўфрасіньня Полацкая – увасабленьне самой Беларусі. Зыркая ўспышка Полацка ў абуджэньні ХІІ ст, уява духовага ідэалу й будучыні нацыі. Жанчына-краіна!

Ужо ў 12-гадовым узросьце Эўфрасіньня, спадкаемца Рагнеды, унучка Усяслава, адмовілася ад радасьцяў сьвету, ад багацьця й шлюбу, каб прысьвяціць сябе Богу. Гэтак і Беларусь, будучы яшчэ дзяўчынкай, абрала сабе духовы лёс. Калі ўсё навокал ваявала, кахалася й ненавідзела – Эўфрасіньня пасьціла, каялася й вымольвала ў Госпада прабачэньне для ўсяго народа. Гэтак і Беларусь, сярод сумятні ды жарсьцяў Сярэднявечча цярпела, пакутвала й ахвяравалася за ўсіх і за ўсё, што правальвалася ў пекла. Эўфрасіньня цэлае жыцьцё перапісвала Біблію, перакладала кнігі зь іншых моваў, адчыняла скрыпторыі, вучэльні, багадзельні, храмы… Ці трэба нагадваць, што тое ж самае 1000 гадоў рабіла і Беларусь!…

Эўфрасіньня Полацкая, ігуменьня, міравая судзьдзя ў гарадзкіх справах з найбольшым аўтарытэтам – правобраз суда Божага, які будзе паражаць зло тут, у Беларусі.

Перапісаныя дзякуючы Эўфрасіньні кнігі выхоўвалі дзесяткі пакаленьняў палачанаў. Фундаваная ёю Царква Спаса – шэдэўр беларускага дойлідзтва. Крыж Эўфрасіньні, зроблены Лазарам Богшам, дагэтуль лічыцца галоўнай нацыянальнай рэліквіяй.

Самаадданая, працавітая, моцная Эўфрасіньня Полацкая дала нам Кнігу, збудавала Храм, стварыла Крыж. Бібліятэкі, майстэрні, унікальны цыкль царкоўных сьпеваў ХІІ ст., шанаваньне як сярод праваслаўных, так і ў каталікоў (а такіх пасьля падзелу было няшмат), знакамітае “Жыціе Эўфрасіньні Полацкай” і яшчэ больш 300 кнігаў пра яе, прылічэньне да Сабору сьвятых – вось ён, пасаг Эўфрасіньні, нявесты Хрыстовай!

Само яе жыцьцё сталася нацыянальным канонам праведнасьці.

Нават сышла з гэтага сьвету Эўфрасіньня Полацкая паломніцай. Яе выправа ў Сьвятую Зямлю напрыканцы жыцьця больш за ўсё нагадвае ўзыходжаньне на неба.

Эўфрасіньня Полацкая, самая адукаваная жанчына ў тагачаснай Эўропе, хросная маці цэлага народу, нябёсная заступніца… Усё дзявочае хараство й мацярынская сіла, уся вера й любоў, цяпло і пяшчота, дадзеныя Богам жанчыне, крынічаць у гэтым нястомным клопаце, у гэтым руплівым духовым уладкаваньні Беларусі. Гэта яна, цнатлівая Эўфрасіньня, несла ў сабе хрысьціянскі зародак першае беларускае сталіцы, ужо цяжарнай Франьцішкам Скарынам і Сімяонам Полацкім.

Таму паняцьці “Беларусь”, “духовасьць”, “нацыянальная ідэя” у нашай мове ня проста жаночага роду. Яны роду Эўфрасіньні Полацкай.

 

ЯГАЙЛА

Беларуская гістарыяграфія ставіцца да Вялікага князя Ягайлы пагардліва. “Нас на бабу прамяняў!…” – абураюцца зацятыя патрыёты, маючы на ўвазе Крэўскую вунію 1385 г., і шлюб зь юнай Ядзьвігай 1386-га, зь якога пачынаецца шматсотгадовы хаўрус з Польшчай. Ягайлу ніяк ня могуць дараваць забойства дзядзькі Кейстута, суперніцтва зь Вітаўтам, галоўным героем беларускага Сярэднявечча, і нават няўдзел у Кулікоўскім пабаявішчы на баку Мамая.

 І ўсё-такі Ягайла – асоба настолькі значная, што бяз гэтага беларускага вобразу нацыянальная ідэя будзе няпоўнай.

Ягайла ахрысьціў паганскую Літву й Жмудзь у каталіцтва.

Ягайла кіраваў аб’яднаным усходне-эўрапейскім войскам пад Грунвальдам.

Нарэшце, Ягайла, ажаніўшыся пасьля сьмерці Ядзьвігі з Зосяй Гальшанскай, заснаваў эўрапейскую каралеўскую дынастыю  Ягайлавічаў – беларускі род будучых гаспадароў ВКЛ, Польшчы, Чэхіі, Вугоршчыны.

Пачынаў Ягайла як тыповы валадар таго часу: спадкаемца Альгерда, у барацьбе за ўладу забіў свайго дзядзьку Кейстута, і ў альянсе то з крыжакамі, то з палякамі, то з маскалямі змагаўся супраць стрыечнага брата Вітаўта. Зброя, змова, здрада.

Але потым у жыцьці Ягайлы адбыўся абсалютна выразны пералом. Храністы хорам сьцьвярджаюць, што з прыняцьцём каталіцтва Ягайла-Уладзіслаў пакаяўся ў мінулых грахах і стаў надзвычай пабожным. Кароль Ягайла, у адрозьненьне ад князя – ужо зусім іншы чалавек.

Ён, нарэшце, заключае мір зь Вітаўтам і прызнае таго Вялікім князем Літоўскім.

Ён паўдні моліцца пад Грунвальдам і сьпявае псальмы разам з польскім войскам, разьюшыўшы нецярплівых крыжакоў – а потым уступае ў бітву, б’ецца да апошняга й перамагае.

Пад ціскам польскага магнацтва ён узначальвае паход на землі ВКЛ на Падольлі – але таемна папярэджвае ліцьвінаў пра рух войска і зрывае акупацыю.

Усёй другой паловай жыцьця Ягайла выратоўвае сваю паганскую, бурлівую, поўную нянавісьці маладосьць. Сталы, сьціплы, ціхі кароль Ягайла цяпер бярэ духовай лагодай і разважнасьцю.

Ягайла, першы Кароль Польскі зь Вялікае Літвы – заснавальнік беларускае місіі на Захадзе. Сьпеўная беларуская мова й культура, што перакачавалі ў Кракаў разам зь вялікакняскім дваром, традыцыя ўзьнёслае веры й трапяткога ідэалізму, пачатыя Ягайлам і так ярка разьвітыя Касьцюшкам, Міцкевічам, Сянкевічам, натхнялі Польшчу ва ўсе дабраславёныя часы Ягайлавічаў.

Менавіта апошні зь Ягелонаў, Жыгімонт Аўгуст, заключыць Люблінскую вунію й ператворыць абедзьве дзяржавы ў Рэч Паспалітую. І менавіта ён, кесар Залатога веку, застанецца ў гісторыі каралём-хрысьціянінам – як  і ягоны прапрадзед Ягайла.

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы