Павал Севярынец
“Духовасьць” – завяршальны разьдзел гэтае кнігі.
Духовасьць – найвышэйшае паняцьце нацыянальнае ідэі, што перасягае межы часу й прасторы.
Духовасьць – самая важная сфэра беларускае сьвядомасьці: менавіта ў духу заключаецца сутнасьць фэномэну Беларусі.
Бо “Бог ёсьць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе” (Яна 4:24).
Беларусь для чалавечае гісторыі апошняга тысячагодзьдзя ёсьць месцам таемным, нават містычным. Як і да чалавека Божае адкрыцьцё прыходзіць нечакана, сярод абставінаў звыклых, дробязных і на першы пагляд непрыкметных, як малітва творыцца ў тайне, як веяньне Сьвятога Духу нараджаецца зь лёгкім, ледзь чутным пакаянным уздыхам – так і лёсы сусьвету рахуюцца ў гэтым ціхім, схаваным сярод лясоў і балотаў, укрыжаваным паміж Захадам і Ўсходам куточку плянэты. Глыбокім куточку – самым сэрцы Вялікай Эўропы.
Глухім і маленькім, як Палестына на ўскраіне Рымскай імпэрыі.
Бо “Дух дыхае, дзе хоча, і голас ягоны чуеш, а ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды сыходзіць: так бывае з кожным, народжаным ад Духа” (Яна 3:8)
Па меры таго, як набліжаесься да сэнсу Божае прысутнасьці ў Беларусі, як прыглядаесься да знакаў і сымбаляў, расстаўленых на гэтым скрыжаваньні, як спасьцігаеш значэньне невымоўнага цуду Гасподняга, дадзенага нам, 10 мільёнам беларусаў – цябе ахінае сьвятарнае, багавейнае пачуцьцё. “Здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая!” (Выхад 3:5)
Бо духовая Беларусь для цэнтару Эўропы – відавочная геапалітычная неабходнасьць. Гэтак неабходнае сэрца ў грудзях. Гэтак натуральная душа ў целе.
Беларусь існуе як духовая рэальнасьць. Што гэта значыць?
Гэта значыць, што нават пры адсутнасьці ўласнай дзяржавы, адзінай царквы й масавай нацыянальнай сьвядомасьці Беларусь на працягу цэлых 1000 гадоў гісторыі была вобласьцю магутнага дзеяньня Сьвятога Духа.
Гэта значыць, што і на піку славы ў эпоху Вітаўта, калі Беларусь магла зьяднаць вакол сябе ўсю Усходнюю Эўропу, і ў кульмінацыйны момант 1563 г., калі агромністая дзяржава надтрэснула пад ціскам унутраных супярэчнасьцяў, і ў адчайных сутаргах паўстаньняў ХІХ ст., і ў апошнім беларускім адраджэньні, што ня здолела дасягнуць поўнай нацыянальнай перамогі, і ва ўсіх астатніх без выключэньня крытычных выпадках гісторыі беларусам проста не хапіла духу – у літаральным сэнсе слова.
Гэта значыць, што галоўныя беларускія нацыянальныя каштоўнасьці належаць не да абшару матар’яльнае культуры, эканомікі або цывілізацыі ўвогуле – а да сфэры веры й любові, свабоды й праўды.
Бо напісана: “Бачнае – часовае, а нябачнае – вечнае”. (ІІ Да Карыньцянаў 4:18)
У сэрцы хрысьціянскай Эўропы менавіта Беларусь фармулявала й фармулюе кардынальныя духовыя прынцыпы:
— Прынцып любові: хто яшчэ так моцна любіць блізкага свайго й ворага свайго, як ласкавая, талерантная й самаадданая Беларусь! Бо “Няма любові большае, як калі хто пакладзе душу сваю за сябраў сваіх”. (Яна 15:13).
— Прынцып прымірэньня: тут сабраныя ўвадно дзеля злагоды й міжканфэсійнага сынтэзу каталіцтва, праваслаўе, пратэстанцтва, вунія: “Майце адны думкі, майце тую ж любоў, будзьце аднадушныя і аднамысныя.” (Да Піліпянаў 2:2).
— Прынцып трыадзінства: беларускія нацыянальныя сымбалі, гімн “Магутны Божа”, бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста й герб “Пагоня” адпавядаюць трыядзе Айца, Сына і Сьвятога Духа, а тры галоўныя хрысьціянскія канфэсіі, як іпастасі аднае ісьціны, у моманты найвышэйшага абуджэньня гарманічна ўтвараюць адзінасутную Тройцу. “Бо тры сьведчаць на небе: Айцец, Слова і Сьвяты Дух; і гэтыя Тры – адно.” (І Яна 5:7) .
— Прынцып слова, бо ў краіне першадрукароў, паэтаў ды праведнікаў, краіне Міжмоўя, якая дае слова, трымае слова й жыве Словам, слова значыць больш чым проста “слова”. “Ня хлебам адзіным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое сыходзіць з вуснаў Божых” (Мацвея 4:4).
— Прынцып місіянерства, бо Беларусь сталася апостальскім эпіцэнтарам для Ўсходняй Эўропы, і крыніцай шырокай місіянерскай эміграцыі, што ахапіла ўсе кантынэнты: “Дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына, і Сьвятога Духа” (Мацьвея 28:19).
— Прынцып закону, бо беларусы спарадзілі тры ўнікальныя Статуты, заснаваныя на Бібліі, славутыя Генрыкаўскія артыкулы аб верацярпімасьці й другую ў сьвеце Канстытуцыю: “Дзеі закону напісаныя ў іх сэрцах” (Да Рымлянаў 2:15).
— Прынцып ахвяры, бо Беларусь стагодзьдзямі сваёй пакуты выратоўвала і Расею, і Эўропу: “У Ісусе Хрысьце, Якога Бог прынёс у ахвяру ўмілажальваньня ў Крыві Ягонай празь веру, для паказу справядлівасьці Ягонай у дараваньні грахоў” (Да Рымлянаў 3:24-25).
— Нарэшце, прынцып уваскрасеньня – Беларусь штораз падымалася з магілы пасьля пахаваньня празь веру ў Ісуса Хрыста! “Бо калі мы паяднаныя зь Ім падабенствам сьмерці Ягонай – дык павінныя быць паяднаныя й падабенствам уваскрасеньня” (Да Рымлянаў 6:5).
Сучасная ўбогасьць беларускага духу, нацыянальнай і грамадзкай сьвядомасьці, у якую грэбліва тыцкаюць пальцам маскоўскія інтэлектуалы, заходнія лібэралы ды тутэйшыя правінцыялы, у справе хрысьціянскага абуджэньня паводле эвангельскае лёгікі дае Беларусі капітальную перавагу над астатнімі.
“Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябёснае!” (Мацьвея 5:3)
Што маецца на ўвазе? Адсутнасьць нацыянальнае пыхі, чалавечае ганарыстасьці, здаволенае самаўпэўненасьці – абавязковая перадумова беларускага Адраджэньня.
Вер у Бога. Любі Беларусь. Астатняе, як той казаў – марнасьць сумятні й тамленьне духу.
Духовасьць – самае важнае вымярэньне Беларусі. Бо сапраўдныя падзеі творацца ў душах і нябёсах – на зямлі яны толькі разгортваюцца й прыводзяць да заканамерных вынікаў. Новае неба, неаглядная чысьціня і бясконцая веліч па-над Беларусьсю – гэта ня сфэра прагнозу надвор’я, а адкрытыя вышыні духу. Якім чынам ажыцьцяўляюцца аксамітныя рэвалюцыі – і ў чалавеку, і ў масавай сьвядомасьці ўсяе нацыі? Што мусіць перажыць грамадзтва, калі яго чакае духовае абуджэньне? Што адчуеш ты сам? Адказы ясныя й глыбокія, як самі нябёсы.
У чалавеку абуджаным пачынаюцца незваротныя працэсы ўдасканальваньня. Ён літаральна ў некалькіх азарэньнях спазнае ўсю чысьціню, усю сьвятасьць Боскага, і новае жыцьцё мяняе ўсю яго сутнасьць. Думкі, словы й справы пачынаюць набываць сэнс, мудрасьць і гармонію куды вышэйшага, звышнатуральнага парадку. Вера зьдзяйсьняе ў душы пераварот – магу засьведчыць на шматлікіх прыкладах сяброў і сваім уласным. Зь вераю таюць комплексы й стэрэатыпы. Зь верай зьнікаюць раздражнёнасьць і псыхі, нэрвовыя стрэсы й невыносныя страхі. Зь верай выветрываецца зьнясіленая сумятня, і зьяўляецца новая, поўная волі й любові, спакойная сіла. Гэта фантастычна, але ў веры ты атрымліваеш сканцэнтраваны, як электрычны зарад, досьвед будучага жыцьця! Ты сам пачынаеш глядзець на гэтае жыцьцё нібыта зь нябёснае вышыні.
Цяпер зразумела, чаму з такімі пераменамі ў нас зьяўляецца шанец атрымаць грамадзтва, грунтаванае не на фізыялягічных рэфлексах ці псыхалягічных маніпуляцыях, а жывой, поўнай і паўсюднай адданасьці дабру, справядлівасьці, салідарнасьці. Такое грамадзтва здольнае і да сацыяльнага спачуваньня, і да падпарадкаванасьці закону. Грамадзтва, якое глыбока засвоіла стагодзьдзямі адшліфаваныя каштоўнасьці хрысьціянскае этыкі й маралі, дае найбольш спрыяльны клімат для культываваньня рэальнае дэмакратыі, разьвіцьця пасьпяховае эканомікі, разбудоўваньня эфэктыўнае дзяржавы.
Людзі няверуючыя, людзі, якія не адчуваюць па-над сабою Творцы й Судзьдзі, для якіх нябёсы пустыя, схільныя корпацца ў зямлі, заўсёды глядзець пад ногі і ня зважаць на патрэбы ды інтарэсы іншых. Тым часам для чалавека, які верыць у нябачнага Бога, які прымае жывога Хрыста, які аперуе духовымі катэгорыямі і ідэаламі, які поўніцца нябёснай дасканаласьцю – абстрактныя “дэмакратыя”, “права”, “адказнасьць”, “сумленнасьць”, “міласэрнасьць”, усе асноватворныя імпэратывы, на якіх трымаюцца цывілізацыя й культура, куды больш лягічныя й зразумелыя. Больш таго, для хрысьціян яны проста арганічныя. Натуральныя.
У нацыі, якая перажывае крах дзяржаўнасьці, востры крызіс эліты й абвальны ўпадак маралі, застаюцца толькі два варыянты – “быць” альбо “ня быць”. Менавіта ў такіх экстрэмальных сытуацыях праяўляецца характар нацыі, і ў яе мэнтальнасьці зьдзяйсьняюцца сапраўдныя перамены. І калі мы выбіраем “быць” – для нас настае час пакаяньня, эпоха посту й малітвы. Усеагульнае спавяданьне, ад асабістага голасу да хору храмаў і плошчаў, дасьць нам у поўнай меры асэнсаваць, скалануцца, прачуць увесь жах такога жыцьця й увесь боль адзінай надзеі. Супольная малітва – гэта душа нацыі. Так было ў Польшчы часоў “Салідарнасьці”, так было ў прыбалтыйскіх краінах падчас разбурэньня СССР, так было ва Ўкраіне, ахопленай “аранжавай рэвалюцыяй”. Менавіта з адначасовага малітоўнага хору ў цэрквах і касьцёлах нараджаюцца трохсоттысячныя сьпевы на маніфэстацыях. Усё самае сьвятое, самае ўзвышанае й істотнае вырашаецца паміж Богам і народам у супольнай малітве: воля Божая й людзкія імкненьні пачынаюць зьлівацца, гучаць на ўвесь голас суладнай магутнай сымфоніяй – і прачынаецца ўвесь народ, абуджаецца любоў і зьяўляецца вера. Дзе яшчэ, як не ў малітвах, яднаецца й гуртуецца нацыя!
Пад новым небам у Беларусі выяўляюцца нечаканыя рэчы. Беларуская гісторыя набывае глыбокі, фэнамэнальна хрысьціянскі падтэкст, у якім угадваюцца ясныя асацыяцыі зь Бібліяй і празрыстыя эвангельскія вобразы. Узьнікаюць свой Стары й Новы Запаветы. Нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг паўстае як сьцяг Хрыста, а духовы гімн “Магутны Божа” – як сьпеўная малітва. Нацыянальныя асаблівасьці здаюцца проста прарочымі наканаваньнямі.
Усё робіцца настолькі відавочным, настолькі рэальным, што перад унутраным зрокам скрозь праясьняецца, расхінаецца новая краіна – і раптам, у пранізьлівых дэталях і намёках ты пачынаеш пазнаваць Новую Беларусь: цудоўную, духовую, эўрапейскую. Тую самую, якую мы так хочам убачыць.
Поўнасьцю сьвет відаць толькі зь нябёсаў. Усю Беларусь, усю бездань багацьця й хараство асаблівасьці, да сьцяблінкі, да кропелькі роднасьці, да апошняй жывой душы, да астатняга атама сэнсу, можна спасьцігнуць толькі праз Госпада Бога. Мне ўспамінаюцца бел-чырвона-белыя налепкі, якія распаўсюджвала адна зь менскіх эвангельскіх абшчынаў, з дэвізам, што максымальна ёміста выражае нацыянальнае духовае азарэньне: “Беларусь для Хрыста!”.
У гэтым месцы будзе самы час расставіць усе кропкі над “і” ў балючым фармальным пытаньні. Абмежаванаму чалавечаму розуму ўвесь час уласьціва зводзіць хрысьціянскае абуджэньне да дамінанты якой-небудзь канфэсіі – пры гэтым маецца на ўвазе яе выбар згодна з сымпатыямі аўтара. Небясьпечная памылка. Якраз-такі гэты комплекс непаўнавартасьці аказаўся фатальным для Вялікага Княства Літоўскага, калі міжканфэсійнае супрацьстаяньне падарвала асновы дзяржавы. Якраз ён самым сур’ёзным чынам тармозіць сёньняшняе абуджэньне. Гістарычна склалася, што Беларусь зьяўляецца сусьветнай сутокай буйнейшых хрысьціянскіх плыняў, унікальнай арэнай сустрэчы каталіцтва, праваслаўя й пратэстанцтва, месцам нараджэньня вуніяцтва. І дзякуй Богу! Жывое хрысьціянскае жыцьцё – гэта перадусім увесьчасны выбар, і проста здорава, калі ты можаш выбраць адпаведную духовым запытам сыстэму традыцыяў, мэтодыку вывучэньня й рытуал. Агульнавядома, што ў Заходняе Беларусі, дзе канфэсіі сустракаюцца, а розныя храмы літаральна глядзяць адзін аднаму ў вокны, віруе духовая актыўнасьць, і сацыёлягі ды статыстыкі атрымліваюць анамальна высокія паказьнікі ў культуры, шкале каштоўнасьцяў і гаспадарцы.
Вось чаму ў Беларусі скрышталізаваліся ўнікальныя зьявы міжканфэсійнага сынтэзу: сустрэча цэркваў, талеранцыя, беларускі іканапіс, Берасьцейская вунія. Вось адкуль ключавы рысы нацыянальнага мэнталітэту: ахвярнасьць, гасьціннасьць, засяроджанасьць, ласкавая мяккасьць, міралюбнасьць, натхнёнасьць і узьнёсласьць, памяркоўнасьць, пакора, пакутніцтва, простасьць, руплівасьць, сьціпласьць, стрыманасьць, стоеная сіла, цярпімасьць і цярплівасьць.
Беларуская духовасьць – гэта сьвятыя месцы, на якіх трымаецца беларуская зямля.
Заслаўскі кальвінскі збор, збудаваны ў XVI ст. на замчышчы Х ст., дзе жыла першая хрысьціянка Беларусі – Рагнеда. Спаса-Эўфрасінеўскі манастыр ХІІ ст. у Полацку, для якога быў створаны легендарны крыж, і дзе захоўваюцца мошчы найпадобнае Эўфрасіньні. Супрасьльскі Дабравешчанскі манастыр XV ст., са знакамітай царквой-крэпасьцю, друкарняй і бібліятэкай, другі ў тадышнім славянскім сьвеце пасьля Кіеўскай Лаўры цэнтар праваслаўя. Нясвіскі касьцёл Божага цела XVI ст., другі ў сьвеце пасьля Іль-Джэзу помнік барока, у якім знаходзіцца ўсыпальніца роду Радзівілаў. Жыровіцкая абіцель XVI ст., спачатку праваслаўная, затым вуніяцкая, і потым зноў праваслаўная, першым ігуменам якой быў Язафат Кунцэвіч, дзе адбываліся кангрэгацыі Ордэну базыльянаў і якая – адзіная! – працягвала дзейнічаць нават у савецкі час.
Беларуская духовасьць – гэта сьвятыні. Такія, як Крыж Эўфрасіньні й Сафійскі Сабор у Полацку, як цэрквы-крэпасьці, як абраз Маці Божай Вастрабрамскай, аднолькава шанаваны каталікамі, вуніятамі й праваслаўнымі, зь німбам вострых прамянёў – наша Статуя Свабоды! – абразы Ісуса Пантакратара й Тройцы… Унікальныя люстры жывога хрысьціянства, сплаўленыя з канонаў Усходу й Захаду.
Такія месцы тояцца ў душы ў беларуса. Такімі кодамі насычаны беларускі генатып. На гэтыя сыгналы рэагуе глыбінная беларуская сьвядомасьць – іх лёгкім дотыкам абуджае Божае адкрыцьцё й робіць рухавікамі вера. “Пакуль ня выльецца на нас Дух з высяў, і пустыня ня зробіцца садам”! (Ісайя 32:15)
Беларуская духовасьць – гэта гісторыя невядомых дагэтуль нацыянальных герояў.
Хто ведае, якія людзі – героі веры, праведнікі, сьвятыя – вымольвалі ў Бога гэты няшчасны народ у вялікіх Х, ХІІ, XVI, ХХ стагодзьдзях?.. Хто стаяў у праломе й каяўся за бязьвер’е мільёнаў у страшным 1563-м, 1654-м, 1795-м, 1840-м, 1917-м? Хто выпрасіў уваскрашэньне дзяржавы, подзьвігам свайго жыцьця здабыў Божую літасьць для нас, забыўлівых, жорсткіх сэрцам, жахліва няўдзячных, гніючых ва ўласным грэху сёньня!..
Хто ведае?
Адзін Бог.
Можа быць, мы сустрэнем іх там, вышэй за тыя сфэры, дзе нараджаецца сьнег і вечна чарнее ноч, там, дзе ніколі ня гасьне сьвятло, каля крыніцы Сусьвету, ад якой праменіць сьвятасьць. Там, дзе Беларусь бялейшая за белае.
У таго, хто прывык мысьліць катэгорыямі спажывецкае палітыкі, такая нацыянальная дактрына проста выкліча шок. “Ды ня трэба нам тых місіяў, абуджэньняў і грандыёзных плянаў! – дасадліва выбухне дзеяч апазыцыі, – пакіньце ў спакоі гэтую краіну, дайце ёй нармалёвае дэмакратыі, рынак ды пропуск у Эўразьвяз, і ўсё! Адкуль возьмуцца ўсе гэтыя самаахвярныя хрысьціяне, сілы й рэсурсы на лідэрства?!”
Што ж, гэта заўжды было: хочацца жыць як набяжыць і ціха сабе памерці. Тады ня маюць сэнсу ані велічная, трагічная, высокая гісторыя Беларусі, ані тысячы геніяў і мільёны ахвяраў, ані, у рэшце рэшт, само жыцьцё на гэтае зямлі. Лічыць, што беларусы больш 1000 гадоў змагаліся й гінулі за сыты страўнік для сябе й нашчадкаў – значыць, прыніжаць усю краіну, нацыю і яе Творцу.
“Душэўны ж чалавек не прымае, што ад Духа Божага, бо гэта вар’яцтва яму, і ня можа ўцяміць, бо аб гэтым трэба разважаць духоўна.” (І Да Карыньцянаў, 2:14)
Беларусь уратавалася ў страшных войнах, акупацыях і цудам атрымала незалежнасьць не для таго, каб назапашваць тлушч, енчыць перад суседзямі й хавацца ў бульбу ад чарговых пагрозаў. Досыць! Па-над намі – ня сала з праслойкай мяса, а бел-чырвона-белы Сьцяг Хрыста. Нам патрэбная моцная й дзейсная Беларусь – гарачае Сэрца Эўропы. Мы мусім паставіць сабе задачу перасягнуць вяршыні XVI стагодзьдзя – і аддаць усе сілы справе Скарыны, Радзівіла, Сапегі. Узьняць краіны Вялікага Княства. Абудзіць Эўропу. Перамагчы Расею.
Так, мы самі па сабе занадта слабыя для гэтага. Але тыя, хто ідзе з Богам і любяць Беларусь, ведаюць, наколькі гэта рэальна: “Чалавеку гэта немагчыма; Богу ж усё магчыма.”(Мацьвея 19:26)
Хопіць слабых ідэяў і ўпадніцкіх настрояў. Далоў герояў-снайпэраў і мары пра нацыянальны тэрарызм! Наш лідэр – Ісус Хрыстос, жывая Вера й Любоў, Уладар і Пераможца.
Ня трэба баяцца нябёсных вышыняў. “Бо даў нам Бог духа ня страху, але сілы, любові і мудрасьці.” (ІІ Да Цімафея 1:7)
Абуджэньне як прынцып заўжды прысутнічала ў беларускай нацыянальнай ідэі. Вісела ў паветры, скразіла ў паэтычных радках, таілася ў чаканьні. Калі ж народ, што сьпіць, нібы зерне ў ральлі, нарэшце прачнецца, ачомаецца ад забыцьця?!.
Дрымотны, такі дрымучы й дрыготкі стоены стан нацыі, такая характэрная для беларусаў традыцыйная “cьпячка” – вось яно, нашае пракляцьце. “А я лягу-прылягу…” Беларускі сон нараджае пачвараў, якія зьнікаюць толькі з абуджэньнем.
“Абудзіўшыся, буду насычацца вобразам Тваім.” (Псальмы, 16:15)
Абуджэньне – характэрная хрысьціянская мэтафара. Абуджэньнем называецца ўсенароднае духовае узрушэньне, адкрыцьцё Бога цэлымі краінамі, нараджэньне звыш грамадзтваў і пакаленьняў.
Абуджэньне – гэта духовая фэерыя. Пасьля безнадзейнае комы народ падымаецца, ідзе да Хрыста, узгадвае словы зь Бібліі, каецца ў грахах, пачынае маліцца ня толькі раз на год і ня толькі ў царкве – дзесяткі разоў на дзень, і паўсюль, натхнёна славіць Творцу! Уся нацыя раптам напаўняецца звышнатуральнай сьвядомасьцю веры й любові, расплюшчвае вочы для нябёснага сьвятла, ацаляецца, і пачынае дыхаць Духам Сьвятым.
Абуджэньне – гэта ўваскрашэньне душаў у масавых маштабах.
Хрысьціянскія абуджэньні сфармавалі беларусаў як нацыю і Беларусь як краіну. Духовае абуджэньне, гістарычна імгненнае, было першаштуршком для кожнага нацыянальнага Адраджэньня, і мабілізоўвала сілу беларуса на інэрцыю ў дзесяцігодзьдзі. Хрысьціянскі выбух знутры выклікаў пасіянарны ўздым народу, імклівае культуровае, гаспадарчае, палітычнае разьвіцьцё й місіянерскую экспансію.
Беларусь абуджалася на сьвітаньні новых эпохаў гэтак жа, як кожны з нас прачынаецца штораніцы. Сьвятло. Удых, паветра, думкі. Успомніць усё. І вось, з глыбіняў забыцьця імкліва расьце, напаўняе душу асэнсаваньне шляху, ісьціны й жыцьця.
Так Беларусь прымала хрысьціянства напрыканцы Х стагодзьдзя – амаль адначасова з Усходу й Захаду. Калі ў сьвеце каталіцтва й праваслаўе разьдзяляліся – у Беларусі ў той жа час яны сышліся дзеля прапаведваньня Адзінага Ісуса Хрыста. Спарадзілі першае абуджэньне, а зь ім – пачатак гісторыі, правобраз дзяржавы ў Полацкім княстве, беларускі храм і беларускую кнігу на бліжэйшыя 200 гадоў.
Так Беларусь натхняла і прасьвятляла ўсходніх славянаў з другім абуджэньнем – у сярэдзіне ХІІ ст. Эўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клім Смаляціч з адасобленых куткоў Беларусі суладна заклікалі народы да пакаяньня й выпаўненьня волі Божае. Абуджаная Белая Русь ХІІ ст. стала асноваю для яднаньня цягам трох наступных стагодзьдзяў.
Так Беларусь рабілася гарачым, адкрытым Богу сэрцам Эўропы ў XVI стагодзьдзі, з Рэфармацыяй, вялікім перасяленьнем сюды габрэйскае дыяспары й разгарам Залатога веку. Узрушаны пропаведзьдзю, натхнёны малітвай і ўмацаваны Законам Божым народ ператвараўся ў нацыю талеранцыі, нацыю Скарыны, нацыю Статуту. Хрысьціянская Беларусь XVI ст. рабілася гістарычным эпіцэнтрам духовай, культуровай, адукацыйнай місіі для Расеі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі й Ізраіля на цэлых 400 гадоў наперад.
І напачатку, і напрыканцы ХХ ст. Беларусь спрабавала прачнуцца: быў і рух беларускіх ксяндзоў ды шчырых вернікаў нашаніўскага часу, і рэлігійны рэнэсанс пасьля развалу 70-гадовае бязбожнае імпэрыі СССР, і легендарны дэвіз Пазьняка: “Не кілбасы мусім шукаць, а Бога!…”
…Сучасны стан нацыі – гэта той дзіўны раньні час, калі сон, нядаўна яшчэ глухі й глыбокі, ужо робіцца паверхневым, чуйным, трывожным… Калі так хочацца праваліцца назад, у цёплую цемру, нягледзячы на буднік, сьвітанак і шум новага дня… І цела змагаецца з позвамі абуджэньня, і душа пакутуе, але дух ужо рвецца да сьвятла, да яснасьці, да дзеяньня.
Сёньня, праз 1000 гадоў пасьля першага абуджэньня, за мяжою 2000-га году ад нараджэньня Ісуса Хрыста на нашых вачох беларуская нацыя абуджаецца для новае эпохі – эры інфармацыйнае прасторы, глябалізацыі й духовых узрушэньняў у маштабе ўсяго чалавецтва.
Пара ўставаць, ты чуеш.
Час Абуджэньня!
Беларусь – гэта ня толькі бель, але і боль.
Беларусы – нацыя-ахвяра, укрыжаваная на галоўным геапалітычным скрыжаваньні Эўразійскага мацерыка.
Беларусь як ахвяра – кардынальнае паняцьце беларускае гісторыі: гэтак Ахвяра Ісуса Хрыста стаіць у цэнтры гісторыі чалавецтва.
Увесь Новы Запавет нашае гісторыі, усе апошнія чатыры стагодзьдзі пакуты кшталтавалі ў беларусах характар цярплівага, пакорлівага духу. Унутранае беларускае пачуцьцё ахвярнасьці, роўнага якому мы ня знойдзем сярод іншых народаў, стала адным зь безумоўных нацыянальных рэфлексаў.
Дзе б ні кранулі Беларусь, паўсюль у адказ чуйна кальне боль. Усё, што пра нас ведаюць у сьвеце – рэзаныя, рваныя, разможжаныя раны: Хатынь, Трасьцянец, Курапаты, Берасьцейская крэпасьць, Няміга, Чарнобыль. Кожны эўрапеец інстынктыўна, амаль фізычна адчувае гэтую вобласьць ныючае памяці, для яго гэта “дзесьці там” – і ён трапна пацэліць пальцам на мапе, дзе гістарычна баліць.
Вечная мэта вайсковых ды культуровых гвалтаў, усходніх прарываў “Go west!” і заходніх “Drang nacht Osten!”, Беларусь нароўні з палякамі ды габрэйствам належыць да найвялікшых ахвяраў чалавецтва. Сусьветныя войны й катастрофы, імпэрыі й таталітарныя рэжымы, акупацыі й генацыд канцэнтравалі на 1/1000 сушы зьдзек, кроў і сьлёзы ўсяго тысячагодзьдзя.
Беларусь, ахвярная Беларусь – прытулішча гнанага адусюль габрэйства. А там, дзе атаборваецца абраны Богам народ, там, дзе адвечны жыд знаходзіць абжытую абяцаную зямлю – чакай вялікае таямніцы. І болю.
Ува ўсёй Эўропе няма Адраджэньня больш трагічнага, чым беларускае. У прыбалтаў, палякаў, чэхаў увесь нацыянальны арганізм, будзь здароў, працаваў на Resistance ды Renaissanse, і крызіс хваробы вырашаўся напружаньнем у лічаныя дні. Для беларусаў гэтая насалода болю цягнецца дзесяцігодзьдзямі. Нашае Адраджэньне ажыцьцяўляецца такім выключным мізэрам сілаў, на такім фальцэце, такімі непадымнымі й адчайнымі вымогамі, на такой нясьцерпна тонкай і высокай ноце, што хочацца плакаць.
Паглядзіце ў вочы любому беларусу. Такое ўражаньне, што ён пастаянна трывае пакуту.
Беларусі, укрыжаванай між Эўропай і Расеяй, ня суджана стаць дамашняй, добрапрыстойнай сярэднеэўрапейскай краінай. Нельга паверыць у тое, што ўсё надрыўнае беларускае змаганьне йшло за сытае пахлопваньне па бруху й падстрыжаны газон пад вокнамі. Падобна, што гісторыя толькі пільнуе часу, каб ізноў разрадзіцца ў нашай няшчаснай Беларусі.
Беларусь ные й сёньня. Чаму? Паглядзіце на сьвет вакол: што творыцца! Беларусь баліць, і ня можа інакш, бо гэта сэрца.
Вось ужо тысячу гадоў Беларусь пакутуе, церпіць і ахвяруецца за ўсіх.
Несправядліва?
Але ёсьць і найвышэйшая справядлівасьць – Боская.
Ісус Хрыстос узяў на сябе грахі сьвету й стаўся ахвярай за ўсё чалавецтва. “Бо няма любові большае, чым калі хто душу сваю аддасьць за блізкіх сваіх.” (Яна 15:13)
Беларусь насьледуе Хрысту, аддаючы сябе. Наш бел-чырвона-белы сьцяг з крывёю Ісуса – знак таго вялікага Адкупленьня. Бо з пачатку Новае эры ахвяра й пакута – заклад будучага ўваскрасеньня й перамогі.
Беларуская ахвярнасьць – гэта ня прыкрая гістарычная заканамернасьць, што выклікае шкадобу. Гэта – лёс і сэнс Беларусі як вялікага алтара.
Беларуская ахвярнасьць – тая вострая, як расьсячэньне, рыса мэнтальнасьці: яна раніць нашых суседзяў і ўвесь сьвет да самага сэрца.
Беларуская ахвярнасьць – гэта вечная беларуская самаадданасьць, аж да самазабыўнасьці: мы гатовыя аддаваць так, што не застаецца самім нічога. Нават памяці.
Скажаце, гэта кепска?
Гэта проста ў нас у крыві.
Тае самае крыві, што пралілася чырваньню на белае 2000 гадоў таму. “Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу Жывому й Сапраўднаму.” (Да Габрэяў, 9:14)
Таму:
“Ахвяруем табе мы сабою
Кожны дзень, кожны час, Беларусь!”
(Ларыса Геніюш)
Калі бачыш бел-чырвона-белае, вочы міжволі прымружваюцца, як ад сьвятла. Сэрца пачынае біцца буйней, а ўсхваляваная душа ўскалыхвае ўсё цела.
Бел-чырвона-бела сьцяг – найвялікшы беларускі сымбаль, наймацнейшая канцэнтрацыя сэнсу нацыянальнае ідэі, зашыфраванае імя Беларусі.
Бо вось ужо дзьве тысячы гадоў гэта – сьцяг Ісуса Хрыста.
Усё проста: белая палатніна, у якую, згодна з габрэйскім звычаем, на пахаваньні загарнулі скрываўленае цела ўкрыжаванага Ісуса, засталася людзям як знак перамогі над злом, нянавісьцю й сьмерцю, калі Хрыстос уваскрос.
Бел-чырвона-белая Турынская плашчаніца прызнаецца навукова пацьверджаным цудам і адной з галоўных рэліквіяў хрысьціянства. Гэты знак, белую палатніну з чырвоным крыжам, пачалі шырока выкарыстоўваць як сымбаль усяго хрысьціянства ў сярэднявечнай Эўропе. Сьцяг Хрыста зьяўляўся на абразах, вайсковых харугвах, мачтах караблёў – і зь цягам часу, у розных варыяцыях, увайшоў у велізарную колькасьць гербаў, вымпелаў і нацыянальных сьцягоў на ўсёй эўраатлянтычнай прасторы ў Старым і Новым Сьвеце. Дастаткова згадаць, што Ангельшчына дагэтуль мае сьцяг белы з чырвоным крыжам (і гэта яго спалучэньне зь сінім, таксама крыжовым, шатляндзкім штандарам, стварае знакаміты брытанскі “Юніён Джэк”), а сьцягі Швэдзіі, Нарвэгіі, Фінляндыі, Грузіі, Даніі, Швайцарыі й Ісляндыі ўтвораныя паводле розных колеравых камбінацыяў асноўнага Сьцягу Хрыста. Калі ёсьць штосьці, што лучыць на элемэнтарным, кодавым узроўні ня толькі Эўропу, але і ўсю заходнюю цывілізацыю – дык гэта, бясспрэчна, ён, адзін з самых старажытных і ключавых хрысьціянскіх знакаў.
Многія беларускія геральдысты, што вывучалі крыніцы зьяўленьня бел-чырвона-белага сьцягу, пісалі пра “Крыж сьвятога Юр’я”, індаэўрапейскія архетыпы, сялянскія рушнікі, польскія прапары й яшчэ немаведама што – але чамусьці не заўважалі тае жывое сілы, тае імклівасьці й настойлівасьці, зь якімі ўсе 10 вякоў беларускае гісторыі скрозь працінае Сьцяг Хрыста. Прыняцьцё хрысьціянства і самой назвы Белая Русь; Сафія зь бел-чырвона-белае муроўкі; бел-чырвона-белая “Пагоня” у ВКЛ; Грунвальд – белыя харугвы з чырвоным крыжам; бітва пад Воршай – бел-чырвона-белыя сьцягі Хрыста на піках у вершнікаў… На каталіцкіх ды вуніяцкіх сьвятынях – паўсюдна Сьцяг Уваскрасеньня. Праваслаўныя патрыярхі (прыгледзьцеся, нават сёньня) – з абавязковай бел-чырвона-белаю паласою ў рызах. У беларускага гусарскага палка, створанага за Аляксандрам I – бел-чырвона-белыя сьцягі й какарды; і ў тых, хто ваяваў на баку Напалеона – таксама. І Касьцюшка, і Каліноўскі – пад сьцягамі зь белі й чырвані… І вось, у 1918-м (як пішуць некаторыя дасьледчыкі, “абсалютна нечакана”) зьяўляецца той самы бел-чырвона-белы сьцяг БНР. Праз расстрэлы й пахаваньні ў Курапатах канца 30-х, праз вайну й партызанку, разруху й застой – да Курапатаў 1988-га, дзе ўпершыню пасьля дзесяцігодзьдзяў цемры ўспыхвае зноў.
Вось ён, сымбаль Беларусі. Ня “сала з праслоем мяса” й не скрываўлены бінт міфічнага князя-ваяра, пра які так любяць пісаць змагары-рамантыкі. Сьцяг Уладара й Пераможцы. Госпада, Збаўцы чалавецтва! Бліскучая бел-чырвона-белая ўсьмешка й захапляючы сьвітанак на Раство. Візуальнае ўражаньне яркага сьвятла.
Ён лунае ў паветры, нібы анёлавы крылы. “Зямля пад белымі крыламі” – ці не пра гэты сьцяг пісаў Караткевіч! У самыя трагічныя, моцныя моманты беларускае гісторыі скразіць, нечакана выблісквае, асьвятляе далягляды, як азарэньне, бел-чырвона-белы сьцяг – і зноў нагадвае нам пра тое, што адбылося 2000 гадоў таму.
Пагадзіцеся: дзе-дзе, а ў сымбалях выпадковасьцяў не бывае. Бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста – наш найгалоўнейшы сымбаль, які ў адзінай трыядзе – герб, сьцяг, гімн – займае цэнтральнае месца. Сьвяты вобраз нашай гісторыі й нашага Адраджэньня. Няма нічога, што можа яшчэ мацней выразіць зьмест мінуўшчыны, унікальнасьць сёньняшняга часу й веру ў будучыню Беларусі.
Бел-чырвона-белы сьцяг, гарачая чырвань на белым у гарманічнай прапорцыі 2:1, кадыфікуе формулу беларускае духовасьці. Чысьціню й ісьціну. Сьвятасьць і сілу. Боль і любоў. Ахвяру – і ўваскрасеньне дзеля збавеньня іншых. Бель і кроў, зь якімі дасталася нам незалежнасьць. Бель, якую так лёгка запляміць, і кроў, якую так цяжка аддаваць.
Для тых, хто носіць бел-чырвона-белы сьцяг на грудзях, гэта – асабістая рана, што баліць увесь час.
Гэта трэба бачыць. Чырвонае, пунсовае, барвовае, пурпуровае на белым проста сьвеціцца. Сыходзіць унутраным сьвятлом і праменіць сэнсам.
Учытайцеся – бо гэта імя. Беларусь.
Быцьцё, Лікі, Кнігі Царстваў і Судзьдзяў, Прарокі, Эвангельлі, Дзеі, Пасланьні апосталаў і, нарэшце, Адкрыцьцё – для Беларусі гэта ня проста разьдзелы Бібліі. Гэта эпохі гісторыі. Прадбачаньні нацыянальнага лёсу. Главы беларускай ідэі.
“У сей кнізе ўсяе прырожанае мудрасьці зачала і канець, Бог Уседзяржыцель пазнаван бываець. У сей кнізе ўсі законы і права, імі людзі на зямлі справаваціся маюць, папісаны суць. У сей кнізе ўсі лякарства душэўныя й цялесныя зуполне знойдзеце. Ту навучэньне філязофіі дабранраўнае, як любіці Бога для самога сябе і бліжняга дзеля Бога” – напісаў у прадмове да “Бібліі” Скарына.
“На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам”. (Яна 1:1-2)
Біблія – Божае адкрыцьцё для чалавецтва, Кніга Кнігаў і Асноўны Закон усіх часоў і народаў. Біблія – духовая плятформа, што нясе на сабе Беларусь, і адначасова поўная энцыкляпедыя нацыянальнай ідэі.
Слова Бібліі ўгрунтоўвала падмурак беларускай старажытнасьці, Сярэднявечча, адраджэньняў, захоўвала падваліны беларускага духу пад акупацыяй. Біблія спрадвеку была галоўным падручнікам у беларускіх школах, калегіюмах, Віленскім Унівэрсытэце й Полацкай Акадэміі. На Бібліі стаіць Статут ВКЛ. 1000 гадоў беларускай гісторыі можна з поўным правам назваць тысячагодзьдзем Бібліі.
Ключавыя фэномэны беларускасьці – мэнтальныя, грамадзкія, культуровыя – зыходзяць менавіта са Сьвятога Пісьма. Духовасьць. Ахвярнасьць. Вера й любоў. Талеранцыя й цярплівасьць. Кнігацэнтрызм. Паэтычнасьць. Культ Слова. Закон. Храм. Крыж… Найвышэйшыя нацыянальныя героі Беларусі былі людзьмі Бібліі.
“Слова Божае жывое й дзейснае, і вастрэйшае за любы меч двусечны, яно пранікае да разьдзяленьня душы й духа, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы й намеры сардэчныя” (Да Габрэяў 4:12)
Зь перакладам, перапісам або друкам Бібліі распачыналіся ўсе абуджэньні Беларусі.
На манускрыптах Сьвятога Пісьма, зробленых за Ізяславам, Усяславам Чарадзеем ды Эўфрасіньяй, як на агульнахрысьціянскай Канстытуцыі, грунтавалася грамадзтва Полацкага княства. Лаўрышаўскае, Аршанскае, Друцкае Эвангельлі, “Дзесятаглаў” і “Смаленскі Псалтыр” фармавалі адзіную духовую прастору Вялікага Княства Літоўскага. Друк “Бібліі” Скарыны паклаў пачатак Залатому веку, які, у сваю чаргу, набіраўся моцы ў “Катэхізісе” Буднага, Астроскай ды Берасьцейскай Бібліях, “Эвангельлі Вучыцельным” з заблудаўскай друкарні й “Эвангельлі Напрастольным” друкарні Мамонічаў. З канца XVIII ст. да пачатку ХХ ст. у Беларусі не было надрукавана ніводнае кнігі Бібліі – і паглядзіце, гэта былі самыя страшныя часы нашае гісторыі. Але затым пераклады й выданьні Дзёкуць-Малея, Луцкевіча й ксяндза Гадлеўскага далі штуршок да беларусізацыі ўсіх канфэсіяў напачатку ХХ ст., Татарыновіча, Пятроўскага й Станкевіча – паваеннае ды эмігранцкае Беларусі, Чарняўскага й Сёмухі – найноўшага Адраджэньня.
Бо напісана: “Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, а ўсякім Словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых”. (Мацьвея 4:4)
Менавіта Біблія старонку за старонкай расхінала перад беларускай місіяй усю Ўсходнюю Эўропу. Выданьне Скарыны адкрывала Бога Вялікай Літве, “Апостал” Фёдарава й Мсьціслаўца ды “Псалтыр рыфматворны” Полацкага ператваралі Расею, львоўскія й Астроскія выданьні беларускіх друкароў – будавалі Украіну, Радзівілаўская Біблія й “Новы Запавет” Буднага фармавалі Польшчу.
Як у агромністым тыглі, у сярэднявечнай Беларусі пераплаўляліся пераклады й друкі праваслаўнага й каталіцкага канонаў, пратэстанцкае й юдэйскае традыцыі – каб даць сьвету вялікія асобнікі Бібліі. Скарынаўскую “Біблію Руску” чацьвёртую ў сьвеце (пасьля нямецкай, італійскай і чэскай) друкаваную на жывой мове народу, з бліскучымі прадмовамі й унікальнымі гравюрамі. “Берасьцейскую” або “Радзівілаўскую”, 1563 г., з найвялікшай руплівасьцю перакладзеную й шыкоўна аздобленую. “Астроскую” 1581 г., першую поўную сярод славянскіх народаў.
“Уважае Гасподзь і чуе гэта, і перад абліччам Яго пішацца памятная кніга пра тых, што баяцца Госпада й шануюць імя Яго.” (Малахіі 3:16)
Беларусь, якая глядзіць у Біблію, пазнае сябе. Беларуская гісторыя зь яе Старым і Новым Запаветамі насьледуе Бібліі як напісанаму сцэнару. Беларуская літаратура карэніцца ў мацерыку біблійнага тэксту, і дагэтуль, да Купалы й Барадуліна, скразіць матывамі, цытатамі й паралелямі ад Быцьця да Адкрыцьця. Беларусь сама – жывая ілюстрацыя да Бібліі.
Біблія выпаўнялася ў Сэрцы Эўропы, бо Беларусь здаўна была каўчэгам для Слова Божага.
Біблійнасьць беларусаў часам дасягае вяршыняў богаабранасьці. Ды й ці можа быць інакш – калі Беларусь пакутвала й ахвяравалася за ўсіх суседзяў, калі апошнія стагодзьдзі тут жыў Ізраіль!…
У Эўропе знойдзецца няшмат такіх народаў, для якіх прыярытэт Сьвятога Пісьма як галоўнага Слова быў бы настолькі відавочным.
Таму сучасны супэрпраект для Беларусі – гэта нават не пабудова Нацыянальнай Бібліятэкі за 10 мільёнаў даляраў, а выданьне 10-мільённым накладам Нацыянальнае Бібліі. Бібліі, якая зьбярэ, як Расейскі Сінадальны, ці Жэнеўская Біблія ўвадно, зь беларускіх выданьняў Сьвятога Пісьма боганатхнёнае Слова, да апошняе літаркі.
… Бо ўсё, што вы чытаеце ў гэтай кнізе – толькі камэнтары да Бібліі.
Бог Сьвяты, Бог Усемагутны, Бог Прадвечны, Творца, Наш Госпад, Пан і Спадар – Тая найвышэйшая, трансцэндэнтальная Асоба, з багавейнага й сьвятарнага заміраньня перад Якой пачынаецца і сапраўднае адкрыцьцё Беларусі.
“Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Госпад Бог Усеўладны, Які быў, ёсьць і будзе!” – напісана ў Бібліі (Адкрыцьцё 4:8).
“Над Богам няма нікога”, спрадвеку кажуць у нас.
Беларуская нацыянальная ідэя ўсёй сваёй сутнасьцю зьвернутая да Бога як звышмэты. Да Таго Госпада Бога, Які стварыў гэтую зямлю, Які ўдыхнуў у нас жыцьцё, Які палюбіў сьвет настолькі, што аддаў Сына Свайго адзінароднага Ісуса Хрыста, у ахвяру за нашыя грахі. Сама Беларусь – вечнае імкненьне да Царства Божага.
Тыя, хто жыў на гэтай зямлі, тысячагодзьдзямі пакланяліся нейкім прыдуманым боствам. Але толькі пасьля таго, як тутэйшыя вызналі Бога Адзінага, на белым сьвеце зьявілася Беларусь – і беларусы.
Беларускі народ ня столькі рэлігійны, колькі Божы. Беларуская ідэя – гэта ня “З намі Бог!” і не “Беларусь па-над усім”. Беларуская ідэя – гэта “Бог па-над усім”, а “Беларусь – з Богам.” Вера ў Бога й любоў да Бога, зь якімі беларус здольны палюбіць і бліжняга свайго, як самога сябе. “Бяз Бога людзі не памога”, “Бог ведае, хто як абедае”, “Як трывога, то да Бога”, “Едзеш у дарогу – памаліся Богу”, “Ня думаў, не гадаў – а так Бог даў”…Усе гэтыя прымаўкі толькі паўтор напісанага: “За Госпадам, Богам вашым, сьледуйце і Яго бойцеся, запаведзі Ягоныя выконвайце, голасу Ягонага слухайцеся, і Яму служыце, і да Яго прыхінайцеся”. (Другазаконьне 13:4)
Беларусам мацней, чым многім іншым народам, дадзена адчуць, што яны ёсьць вобразам і падабенствам Божым. Таму ў парадыгме нацыянальнае ідэі богаадступніцтва азначае і вырачэньне Беларусі, а найцяжэйшая праблема нацыянальнай самасьвядомасьці вынікае з таго, што мы чакаем Бога – але не шукаем Яго.
“На Беларусі Бог жыве…”
Так, Бог часта зьяўляўся ў Беларусі – адсюль і наша нацыянальная пакорлівасьць, і ахвярнасьць, і натхнёная духовасьць. Напрыканцы Х ст., у абуджэньні ХІІ ст., у Залатым веку, у найноўшых адраджэньнях душы Беларусі трапяталі, дыханьні заміралі й сэрцы здрыгаліся перад расхінутымі нябёсамі. Асабістая прысутнасьць Божая стварала Беларусь як краіну, як дзяржаву, як нацыю.
Бо гімн Беларусі – “Магутны Божа”, што праслаўляе Бога-Айца.
Бо сьцяг Беларусі – бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста, Бога-Сына.
Бо герб Беларусі – “Пагоня”, увасабленьне Духа Божага.
Таму толькі той, хто напоўніцу ўсьвядоміў сябе беларусам, хто сапраўды спазнаў гэтую краіну, у бязьмежнай удзячнасьці, у захапленьні адкрыцьця, скрозь сьлёзы шчасьця зьвяртаецца да Яго:
Ойча Наш, існы ў нябёсах!
Сьвяціся імя Тваё.
Прыдзі Валадарства Тваё,
Будзь воля Твая,
Як на небе, так і на зямлі;
Хлеб наш надзённы дай нам сёньня,
І даруй нам грахі нашыя,
Так, як даруем мы вінаватым прад намі,
І не дапусьці да спакусы,
Але збаў нас ад злога
Бо твае і Валадарства, і сіла, і слава
На векі вякоў. Амін. (Мацьвея 6:9-13)
Бог нездарма стварыў Беларусь тут, у сэрцы Эўропы. Бог грозны й строгі, Бог зорных галяктыкаў і палаючых сонцаў, Бог волі і ісьціны, такі ласкавы й міласэрны, поўны невымернае магутнасьці й непамыснае літасьці, менавіта тут уражвае Сваёй нясьцерпнай сьвятасьцю й пранізьлівым сьвятлом. Настолькі, што ўсёй істотай адчуваецца роднасьць Боскага й беларускага. Тут Бог наймацней змагаецца з д’яблам. І табе выбіраць, на чыім ты баку – бо наша сэрца ёсьць галоўнай арэнай бітвы.
Бо натхненьне звыш, асабістае перажываньне Бога, размова з Богам сам-насам і выпаўненьне волі Божае – гэта тое, дзеля чаго жыве Беларусь.
Беларус заўжды зьвяртаўся да бліжняга: “братка”. Таму і брацтва ў Беларусі зрабілася зьявай усенароднай.
Брацтвы – гарадзкія хрысьціянскія грамады, што гуртаваліся пры цэрквах і касьцёлах і мелі на мэце “працаваньне супольнае брацкае дзеля душы збавеньня”. Найбольш інтэграваныя ў грамадзтва, брацтвы выконвалі ролю рук і ног вялізнага арганізму сярэднявечнае царквы. Фэномэн яднаньня верай, характэрны для Беларусі й Украіны XVI-XVII стст.!
Ахапляючы пабожных рамесьнікаў, купецтва й сьвятароў, брацтвы займаліся рэлігійным асьветніцтвам, адукацыяй, дабрачыннасьцю. Будавалі школы, друкарні, багадзельні й шпіталі, “калечыя куты” (прытулкі). Праводзілі супольныя адзначэньні сьвятаў – братчыны. Дапамагалі маламаёмасным братам, ладзілі талокі, пачосткі й пілігрымкі. Мелі вялізны ўплыў на магістраты й ажыцяўлялі мясцовае самакіраваньне.
Брацтвы сталіся самай эфэктыўнай формай нацыянальнае еднасьці за ўсю гісторыю Беларусі.
Прынцып духовага задзіночаньня, чуцьцё роднасьці, такое цёплае й моцнае – вось што фармавала беларускую нацыю ў часы Залатога веку. Ва ўмовах імклівай урбанізацыі менавіта брацтвы закладалі аснову гарадзкое культуры й стваралі кшталт “новага чалавека”: зычлівага, выхаванага й адказнага патрыёта-месьціча. Такога, пра якога напісана ў ІІ Пасланьні Пятра 1:7: “У пабожнасьці браталюбнасьць, у браталюбнасьці любоў”.
Каталіцкія брацтвы пачалі ўзьнікаць яшчэ ў XV ст., вуніяцкія – напрыканцы XVI ст. Але найбольшае магутнасьці ў XVI-XVII стст. дасягнулі праваслаўныя брацтвы. Яны сталі адказам на экспансію каталіцызму й паланізацыю XVII ст., прычынай глыбокае народнасьці беларускага праваслаўя й ключавым адрозьненьнем ад маскоўскае артадоксіі. Лідэры праваслаўнага брацкага руху – апосталы эпохі: Лаўрэн і Сьцяпан Зізаніі, Мялет Сматрыцкі, Пятро Магіла.
Невыпадкова галоўны герой знакавага караткевіцкага бэстсэлера “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” – Юрась Братчык.
Такое братэрства мела велізарнае нацыятворчае значэньне для хрысьціянскае Беларусі. Але з аслабленьнем духу й узмацненьнем міжканфэсійнае барацьбы брацтвы рабіліся цяжкімі рэлігійнымі таранамі. Унутраны падзел паводле формы веры развальваў ВКЛ і дзяліў братоў-беларусаў на “палякаў” ды “рускіх”.
Як нам не хапіла тады па-эвангельску супольнага хрысьціянскага брацтва!
Брацтвы, галоўны генатып беларускае салідарнасьці, ўзор для ордэну вернікаў і адраджэнцаў – цудоўны шлях грамадзкага ды нацыянальнага разгортваньня сучасных хрысьціянскіх цэркваў. Мацнейшыя за італійскія прафсаюзы ды японскія карпарацыі, беларускія брацтвы зноў павінныя браць на сябе цэлыя гарады.
Бо рэальная еднасьць і сумесная дабрачыннасьць, утульны парадак і пачуцьцё локця, сяброўская любоў і ўсеагульная справядлівасьць па-беларуску называюцца брацтвам.
“Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?
Брацьця! Ці хваце нам сілы?!…”
(Максім Багдановіч, “Краю мой родны…”)
Ты верыш напісанаму ў Бібліі?
“Кожны народжаны ад Бога перамагае сьвет, і гэтая перамога, якая перамагла сьвет – вера нашая”. (І Яна 5:4)
Тым, для каго вера ёсьць адно “самавызначэньнем адносна інфармацыі”, ніколі не зразумець тае ўтрапенасьці, тых ўдыхаў духу, тае нябачнае велічы, якая прымушае Беларусь біцца, як сэрца.
Бо Беларусь жыве верай.
Бывае, тут пытаюцца: “Ты якой веры?” Але будзь пэўны, за любы адказ цябе ніхто не абразіць, на пасьмяецца й не кране. Бо беларусы разумеюць, наколькі гэта сур’ёзна й недатыкальна.
Досыць часта – часьцей, чым хацелася б – ты пачуеш у нас: “Ня веру!” Але калі табе так кажа беларус – ня вер. Бо беларусы – народ, створаны хрысьціянствам, і ў глыбіні душы яны ўсе гэта памятаюць.
І калі ты жывеш на гэтае зямлі пад гэтым небам – май на ўвазе: аднойчы ты абавязкова адчуеш вялікі, невытлумачальны страх, набліжэньне сьляпушчае сьветласьці, і ўся твая істота затрымціць у прысутнасьці Кагосьці Невядомага. Тады ты ўзгадаеш, што гэта асаблівая краіна, і што прыйшоў твой час вызначацца – ці верыш.
“Адкрываецца праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: “Праведны вераю жыць будзе.” (Да Рымлянаў, 1:17)
Беларусь сама – катэгорыя веры. Вера – вось беларускія гісторыя. Верылі – былі моцнымі. Ня верылі – слабымі. Бо “па веры вашай будзе вам!” (Мацьвея 9:29)
Вера – гэта вобраз самое Беларусі, мройнай ды паэтычнай, у існаваньні якой многія сумняюцца і дагэтуль. Няўлоўная й бязважная, але такая рэальная, вера рабіла герояў героямі, нацыю нацыяй, а ідэю – дзеяю. “Sola fides” – толькі вера!
Галоўнае, што ёсьць у Беларусі, пазбаўленай нацыянальнага гонару, маёмасьці, амбіцыяў ды пыхі – вера.
Вера, якая дзейнічае любоўю – дзьверы ісьціны, свабоды й дабраславеньня. “Праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне й скажаце гары гэтай: “перайдзі адсюль туды”, яна пяройдзе, і нічога ня будзе немагчыма вам.” (Мацьвея 17:20)
У адрозьненьне ад Расеі, Беларусь можна спасьцігнуць розумам. Але толькі таму, што сьледам за сьвятым Аўгусьцінам Беларусь верыць, каб разумець.
Беларуская вера не фанатычная, не выбуховая й не навостраная да бляску – але шчырая й па-дзіцячы наіўная, сьціплая й сьветлая, узьнёслая, і ў той жа час поўная ціхае багавейнае містыкі.
Я веру ў тое, што сьвежы сьвітанак з чырвоным даляглядам пад белымі нябёсамі, і іскрысты сьнег, які нерухома трымаюць дрэвы на найтанчэйшых галінках, і чыстая-чыстая, да дна душы, глыбіня ў позірку каханай – дадзеныя Богам, каб адчуць Ягоную веліч, Ягоную прыгажосьць і Ягоную любоў. І веру, што адным такім сьвітанкам уся краіна адкрыецца перада мной з вышыні лёгкага, бязважкага палёту – і я ўбачу сярод аблокаў тую белую-белую Радзіму, аб якой так марыў на зямлі, і яе Уладара, Якому маліўся й Якога ня мог бачыць тут.
Бо Ісус казаў: “Няхай не сумняваецца сэрца вашае – веруйце”! (Яна 14:1) А гэта значыць, што апроч гімна, герба й сьцяга, у Беларусі ёсьць яшчэ адзін паўнавартасны нацыянальны сымбаль. Сымбаль веры:
“Верую ў Бога Айца Усемагутнага, Стваральніка неба й зямлі, і ў Ісуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Госпада нашага, які пачаўся з Духу Сьвятога, нарадзіўся зь Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і пахаваны, зышоў да адхлані, на трэці дзень паўстаў зь мёртвых, узышоў у неба, сядзіць праваруч Бога Айца Усемагутнага, адкуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Сьвятога, і ў адзіную сьвятую, саборную й апостальскую Царкву, грахоў адпушчэньне, уваскрашэньне цела, жыцьцё вечнае. Амін.”
Беларусь… Гэта вялікая таямніца веры.
“Воля Божая ёсьць асьвячэньне ваша.” (I да Фэсалонікійцаў 4:3)
Воля, паняцьце рашучасьці ў дзеяньні, у беларускай мове азначае таксама й свабоду. Каму, як не беларусам, хрысьціянскаму народу, ведаць, што моцная воля ўласьцівая толькі свабодным!
Наша жахлівая нацыянальная бязвольнасьць нараджаецца тады, калі беларусы адварочваюцца ад Бога й пазбаўляюцца волі Божай. Брыдкае й жаласнае відовішча: Рэч Паспалітая канца XVII-пачатку ХVIII стагодзьдзяў, застойная БССР або краіна, якая павальна галасуе за крыклівага дырэктара саўгаса.
І наадварот: беларуская воля, натхнёная Духам Сьвятым, сплаўляецца ў кулак, пераадольвае чалавечае, падначальвае сабе душу, розум, сэрца – і пераварочвае цэлыя эпохі й краіны. Подзьвігі Скарыны, Мікалая Радзівіла Чорнага, Льва Сапегі або Пазьняка – вось сапраўднае нацыянальнае волевыяўленьне.
Вялікая беларуская воля, здольная да пакутніцтва, самаадданасьці, самаахвярнасьці – падабенства тае Волі, якая вяла Хрыста на Галгофу. Беларуская воля заўжды была воляй слабейшага целам, але мацнейшага духам.
Вайскаводцы ВКЛ амаль заўжды перамагалі меншымі сіламі, і галоўнай прычынай іх перамогаў была воля. Нашыя эмігранты адкрывалі й дасьледвалі самыя цяжкадаступныя й суворыя рэгіёны плянэты – Сібір, Далёкі Усход, Анды, Арктыку, Цэнтральную Азію – і гэта стала магчымым толькі дзякуючы беларускай волі. Духовыя лідэры Сэрца Эўропы аддавалі сябе на адкупленьне за ўсе бліжнія народы – бо мелі волю.
Яна, народная воля, закладзеная ў нас глыбока. Стоеная, стрыманая, агромністая: якія ж цярпеньні, пакуты, які ж цяжар давялося вытрымаць гэтае нацыі! Беларус стрывае амаль усё, але калі дойдзе да краю… Ціхая ў сваю пару, але ўпартая воля выпростваецца зь сілаю сьцятае спружыны.
А пакуль што галоўны від беларускае волі – воля да жыцьця. Каб пераканацца, пачытайце Быкава, пагутарце зь беларускімі інвалідамі або проста азірніцеся навокал. І паспрабуйце адчуць сапраўдную волю. Не такую, калі напятыя мышцы й набычаны голаў, ды грудзі расьпірае ад пыхі – а калі сэрца, адкрытае Богу, робіць цябе волатам.
Вольная воля, выбар чалавечы, найвялікшае дабраславеньне Божае й найбольшае пракляцьце, дала Беларусі і веліч духовае місіі Сярэднявечча, і анархію liberum veto ў XVII-XVIII стст.
Вольная – адно з тлумачэньняў імя Белай Русі.
Прыгонныя сяляне й стараверы сотнямі тысячаў беглі сюды з Расеі. Перасьледаваныя на радзіме ардынскія татары й эўрапейскія пратэстанты асядалі тут назаўжды, гнаныя адусюль габрэі хаваліся ў нас ад уціску й пагромаў. Бо тут была воля. Рэлігійная талеранцыя, дэмакратычны лад, улада закону – вытворныя волі сталі родавай прыкметай беларускае гісторыі. Гэта ў ВКЛ нарадзілася знакамітая Запароская вольніца, а месьцічам звычаёвым ды магдэбурскім правам была дадзеная поўная воля ў самакіраваньні. Са старадаўняга Полацкага веча, праз Паны-раду, Соймы й соймікі Вялікага Княства, да Усебеларускага Зьезду й шматтысячных мітынгаў канца XX ст. – так сьцьвярджала сябе беларуская воля.
Таму й беларускі нацыянальны рух – вызвольны.
Таму так любяць беларусы называць дачок Волямі.
Таму й Дзень Волі – беларускае нацыянальнае сьвята №1. 25 сакавіка, у гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР, Беларусь адзначае і каталіцкае Зьвеставаньне, адкрыцьцё волі Божае аб нараджэньні Хрыста. Дзень Волі з маніфэстацыяй пад бел-чырвона-беламі сьцягамі – яскравая ілюстрацыя сугучча волі-рашучасьці й волі-свабоды.
Толькі міжволі ўзгадваюцца словы ідэоляга Залатога веку (апагей беларускае волі!), вядучага публіцыста Рэфармацыі Андрэя Воляна (амаль што Воліна):
“Дай жа, Божа, каб воля вас упадабала
Ды сваволя над ёю ўжо не панавала…”
(“Да палякаў і ліцьвінаў”)
Беларусы часьцяком забываюцца, што воля – гэта катэгорыя дзеяньня. Пакаяньне, вера, любоў ёсьць актамі выбару, зробленага асабістай воляй, і вымагаюць прыняцьця волі Божай.
Беларуская воля не працуе бяз Бога.
“А хто ня любіць волі – ня нашага роду,” – казаў Янка Купала.
У 1596 годзе ў Берасьці адбылася самая супярэчлівая падзея беларускай духовай гісторыі.
Беларуская вунія – найбольш пасьпяховая спроба яднаньня заходняй і ўсходняй цэркваў за ўсю тысячагадовую гісторыю падзелу, якая, тым ня менш, так і засталася спробай. Ужо ў XVIII ст. вунія ахапляла ¾ беларускага насельніцтва і дэ-факта зьяўлялася нацыянальнай царквой – але, заснаваная мэханічным злучэньнем каталіцкае дактрыны з праваслаўнай літургіяй, была зьліквідаваная 12 лютага 1839 г. адным рашэньнем гіерархаў пад расейскай акупацыяй.
Вунія прызнала асноўныя рыма-каталіцкія догматы й вяршэнства Папы, захаваўшы ўсходнюю абрадавасьць, і тым самым скасавала магутную духовую прастору беларускага праваслаўя. Але ў страшныя для Беларусі 200 гадоў – зь сярэдзіны XVII ст. да I паловы XIX ст. – якраз вуніяцкая царква сфармавала шматмільённае ядро сялянскай беларускай нацыі. Якраз у глыбінях жывой вяскова-мяшчанскае вуніі захаваліся і беларуская мова, і адмысловая культура, і патэнцыял народу, што разгарнуўся з Адраджэньнем напрыканцы XIX – пачатку XX ст. Пагарджаная Польшчай і перасьледаваная Расеяй, вунія стала апошнім сховішчам для Беларусі Новага Запавету, укрыжаванай паміж Захадам і Усходам.
Сусьветныя вуніі каталіцызму й праваслаўя абвяшчаліся ў Ліёне 1274-га, у Флярэнцыі 1439-га, мясцовыя заключаліся ў Вугоршчыне, Румыніі, Турцыі, Іраку, Эгіпце, Ліване. Але самай вядомай, маштабовай і эфэктыўнай аказалася Берасьцейская вунія, заключаная паміж Рыма-Каталіцкім Касьцёлам і Праваслаўнай Царквою Рэчы Паспалітай у самым цэнтры Эўропы ў 1596 г. Вуніяты берасьцейскага паходжаньня дагэтуль складаюць звыш 13% насельніцтва ва Ўкраіне, 16% – у Канадзе, ладную долю вернікаў у беларускай ды ўкраінскай дыяспарах на пяці кантынэнтах.
Вунія – гэта калі ты жагнаесься трыма пярстамі, але прызнаеш, што Дух Сьвяты зыходзіць ня толькі ад Бога Айца, але й ад Сына, калі на тваім расьпяцьці Хрыстос укрыжаваны не чатырма “праваслаўнымі”, а трыма “каталіцкімі” цьвікамі, калі Папа – Рымскі, а мова – беларуская.
Ва ўмовах агульнадзяржаўнага каталіцкага наступу 33 берасьцейскія артыкулы, маніфэст вуніі, былі падтрыманыя большасьцю праваслаўных епіскапаў – але адразу сустрэлі супраціў месьцічаў і простага духавенства. Залатое стагодзьдзе заканчвалася, вера саступала рэлігіі, царква – канфэсіі, а шчырае імкненьне да яднаньня ўсё больш зьмянялася ўціскам ды прымусам. У той жа час створаная хрысьціянскім абуджэньнем XVI стагодзьдзя нацыя вымагала духовае салідарнасьці й незалежнасьці ад суседзяў. Такім чынам, у вунію яшчэ на этапе яе драматычнага станаўленьня была закладзеная практычна невырашальная супярэчнасьць.
Вунія – поўны антыпод Рэфармацыі. Ініцыяваная Контаррэфармацыяй як адказ на магутную хвалю кальвінізму й абуджэньне праваслаўя, яна так і засталася гістарычным антонімам эвангельскае рэвалюцыі. Рэфармацыя ставіла на абнаўленьне, вунія – на захаваньне традыцый; Рэфармацыя спрашчала духовае жыцьцё – вунія, наадварот, ускладняла, спалучаючы ўвадно комплексы канонаў і абрадаў; нарэшце, Рэфармацыя была элітарнай, нават арыстакратычнай – вунія ж сталася масавай, сялянскай, народнай.
На працягу ўсяго XVII й XVIII стст. ператварэньне вуніі з палітычнага праекту ў народную царкву пераплаўляла ВКЛ у Беларусь. Задуманая езуітамі як кампанія касьцёльнае вэстэрнізацыі, высілкамі беларусаў Пацея, Руцкага й базыльянаў вунія зрабілася фундамэнтальным апірышчам беларускасьці. Беларускія казані ў храмах, шырокая сялянская асьвета й унікальны іканапіс, што сінтэзаваў заходні рацыяналізм з усходняй містыкай – бліскучыя аргуманты нацыянальнага характару вуніі.
Вуніятамі былі й легендарны полацкі біскуп, забіты праваслаўнымі паўстанцамі, Язафат Кунцэвіч, і вялікі беларускі місіянер Сімяон Полацкі, і выбітны пісьменьнік Леў Крэўза, і мітрапаліты Іпат Пацей ды Язэп Руцкі; напрыканцы жыцьця вызнаў вунію і яе зацяты супраціўнік, праваслаўны япіскап Мялет Сматрыцкі. Вуніяцкую веру як нацыянальную адстойвалі і Каліноўскі, і Багушэвіч, і нашаніўскае Адраджэньне, і БНФ канца XX ст.
Ліквідацыя вуніі ў 1839 г., гвалтоўная й крывавая, вярнула большасьць беларусаў ужо ня ў праваслаўе Эўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага й Сьцяпана Зізанія – а ў правінцыю артадаксальнай Маскоўскае патрыярхіі, падначаленай расейскаму імпэратару. Каля мільёна вуніятаў перайшло ў каталіцтва, паклаўшы пачатак беларускай плыні ў гэтай канфэсіі.
Вунія ня вырашыла праблемы яднаньня й засталася гісторыяй. Але посьпехі аднае толькі спробы ўражваюць. Вунія стала капітальным геапалітычным праектам кансалідацыі беларускае дзяржавы, самастойным злучвом паміж каталіцкім Захадам і праваслаўным Усходам, самай завершанай мадэльлю міжканфэсійнага сынтэзу ў сьвеце.
Разам з тым гісторыя вуніі яшчэ раз давяла: хрысьціянскае адзінства дасягаецца не фармальным, а сутнасным чынам. Узаемнай любоўю. Менавіта аб гэтым горача маліўся Ісус у апошнюю ноч перад укрыжаваньнем. Палічыце самі, колькі разоў тут сказана пра еднасьць: “Хай будзе ўсё адзінае: як Ты, Войча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна – каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіныя, як Мы адзіныя. Я ў іх, і Ты ўва Мне; хай будуць паяднаныя ў адно”. (Яна 17:21-23)
Беларускі фэномэн сустрэчы канфэсіяў, пра які вы прачытаеце далей, дае нам найлепшыя ўзоры такое рэальнае хрысьціянскае вуніі.
— Хрыстос уваскрос!
— Сапраўды ўваскрос!
Вялікдзень. Найсьвяцейшы дзень у беларускім календары. Сьвята ўваскрасеньня Ісуса Хрыста, угодкі кульмінацыйнае падзеі ў гісторыі чалавецтва.
“Хрыстос уваскрос!.. Усюды радасьць,
Усё глядзіць сьмялей, сьвятлей;
Вялікі Мучальнік, здаецца,
Абняў усіх ласкаю Сваей.”
Вялікдзень – самы моцны вобраз беларускага Адраджэньня. Велікоднае палатно, белае з крывёю ўваскрослага Хрыста, увасобленае ў бел-чывона-белым сьцягу, лунае на самае вяршыні нацыянальнай гіерархіі каштоўнасьцяў.
Сьветлае ўваскрасеньне настолькі важнае для Беларусі, што яна адзначае Вялікдзень двойчы: паводле каталіцкага і праваслаўнага календароў.
“Хрыстос уваскрос!.. неўгамонна
Плыве па нівах, пушчах клік,
Плыве адна сьвятая думка
З канца ў канец, як сьвет вялік.”
На Вялікдзень увесь беларускі народ раптам уздрыгвае сваім шматмільеным целам, збіраецца ў царкву або касьцел, чытае малітву, чакае дабраславеньня ад сьвятара, – і з аблегчаным сэрцам, прасвятлены, вяртаецца дахаты, каб адзначыць тое забытае і стоенае, але прысутнае ва ўсей істоце, вялікае і вечнае імкненьне да ўваскрасеньня.
“Хрыстос уваскрос! – пяе сялянін
З сваёй убогаю раднёй,
Забыўшы песьні аб прадвесьні,
Забыўшы ўсё усёй душой.”
Адраджэньне зь пекла, са страшэннае сьмерці, на крыжы, зь бездані чалавечага грэху, Божы трыюмф і апафеоз Адкупленьня – гэта ня што іншае, як нацыянальная мара Беларусі.
Абуджэньне, Адраджэньне, Уваскрасеньне… У беларускага Вялікадня імены галоўных эпохаў нацыянальнай гісторыі.
“Хрыстос уваскрос! – пяе сіротка,
Слуга, таптаная людзьмі;
Пяе ў чужыне падарожны,
Забыты бліжнімі сваймі.”
Усю крывавую і пакутную эру Новага Запавету, праз усе войны й акупацыі апошніх стагодзьдзяў Беларусь жыла толькі надзеяй на гэты Вялікдзень. Таму дзень абвяшчэньня – БНР 25 сакавіка 1918 года – прыпаў на сьвята Уваскрасеньня. Таму і зараз на пасхальныя дні трапляе то дзень Волі, то Чарнобыльскі шлях.
Вялікдзень – гэта мілыя пухнатыя коцікі на вербах, што стаяць у хаце зь мінулай нядзелі, і сьветласьць чыстага чацьвярга, цярпеньне Страстнае пятніцы і чаканьне Вялікай суботы, апошняга дня Вялікага посту… І грандыёзнае пасхальнае набажэнства, калі – хоць раз на год – народ ідзе пакланіцца Богу.
Беларускі Вялікдзень – гэта пафарбаваныя чырвоныя яйкі і велікодная пасха, як хлеб жыцьця вечнага.
Вялікдзень, разгар веснавога абуджэньня, пік сілаў усяго стварэньня, каляндарная перамога сьвятла над цемраю, цяпла над холадам і жыцьця над сьмерцю…
“Хрыстос уваскрос! – пяюць і тыя,
Хрыста згубіўшыя сыны,
Што ўціхамолку куюць путы
Для нашай беднай стараны.”
Сьцьвярджэньне Вялікадня на месцы колішняя паганскага Ярылава дня – адзін з галоўных архетыпаў беларускай душы.
Вялікдзень – той момант ісьціны, калі чалавек, забіты ўсьведамленьнем грэху, пахаваны бясьсіласьцю і аплаканы пакаяньнем, раптам атрымлівае дараваньне ад Бога. Нараджэньне звыш.
Уваскрасае хрысьціянін – каб ісьці за Ісусам да самага Царства Нябеснага.
“Хрыстос уваскрос!.. К Табе, о Божа,
І я ў дзень гэты просьбу шлю:
Хай Беларусь, мая старонка,
Уваскрасеньне к вольнаму жыцьцю.”
(Янка Купала)
Вялікдзень – гэта галоўнае сьвята Беларусі. Гэта слава Ісусу Хрысту на ўвесь голас. Абяцаньне адраджэньня, збавеньня і вечнае Божае любові. Асабіста для цябе, тваіх суайчыньнікаў, і ўсей тваёй краіны.
Проста прыслухайся.
“Дух Божы стварыў мяне, і дыханьне Ўсеўладнага дало мне жыцьцё…”
Гэта з кнігі Ёва – самай глыбокай, самай пакутнай, самай беларускай кнігі Бібліі. Разьдзел 33, верш 4.
Дух – найлепшы субстанцыянальны адпаведнік паветранае, сьветлае, натхнёнае Беларусі. Дух Сьвяты – пачатак і першавобраз беларускай нацыянальнай ідэі, яе жыватворчая Сутнасьць і вечная Сіла. Уся гэтая краіна лёгкага ветрыку, затуманеная сьвежым жалем і ахінутая смугою чароўных пахаў, то сьцірае сусьветныя межы й разломы, то паглынае зло, каб разьвеяць яго ў пушчах, то раптам, са сьвітаньнем сьвятасьці, ясьнее, абуджаецца да поўнае празрыстасьці й проста сьвеціцца чысьцінёю.
Ад тае самае пары, калі Госпад Бог зьляпіў беларуса зь беларускае зямлі й удыхнуў у яго жыцьцё духовае, і да часоў нашых найноўшых абуджэньняў уся гісторыя Беларусі паўстае перад намі як гісторыя дзеяньня Духа Сьвятога.
У Духу Сьвятым чалавеку адкрываецца ўся веліч і поўня нацыянальнага ідэалу. З Духам Сьвятым прыходзіць цуд збавеньня, сэнс уласнага жыцьця й прызначэньня ў гэтае краіне. Дух Сьвяты, здольны імгненна ператварыць пакаяннага грэшніка ў харызматычнага героя веры, а краіну, што стаіць на каленях, у аднаго з пасіянарных лідэраў сьвету, – увасабленьне самое адухоўленае беларускасьці!
Асабліва пераканаўча гавораць пра гэта дары Духа, пералічаныя ў Бібліі (Пасланьні апостала Паўла: І да Карыньцянаў, Эфэсцаў, Рымлянаў). З 23-х дароў Сьвятога Духа, паводле “Тэматычнае Бібліі з камэнтарамі”, выдадзенай у Беларусі у 1997 г. “Біблейскай Лігай”, сама менш 20 яскрава выяўленыя ў нацыянальнай мэнтальнасьці й беларускіх дасягненьнях.
Мяркуйце самі:
— Слова веданьня
— Слова мудрасьці
— Вера
— Прароцтва
— Валоданьне рознымі мовамі
— Тлумачэньне моваў
— Апостальскі дар
— Настаўніцкі дар
— Дар перамогі
— Дар ацаленьня
— Лідэрства
— Эвангелізацыя
— Раздаяньне
— Дабрачыннасьць да іншых
— Суцяшэньне
— Служэньне
— Уменьне й веданьне рамёстваў
— Цудадзейныя сілы
— Пастырства
— Кіраваньне
— Бясшлюбнасьць
— Распазнаваньне духаў
— Тлумачэньне Слова Божага
Апостальства беларускай місіі ад Эўфрасіньні й Радзівіла да Богуш-Сестранцэвіча й Станкевічаў, беларускае міжмоўе зь геніяльнымі паліглётамі кшталту Полацкага, Сматрыцкага, Міцкевіча або Замэнгафа, тлумачэньне Слова Божага як у Тураўскага ці Скарыны, прароцтва ад Скаргі да Пазьняка, беларускае настаўніцтва зь дзесяткамі імёнаў сусьветнага значэньня, эвангелізацыя Ўсходняй Эўропы й лідэрства сярод усходніх славянаў, раздаваньне іншым усяго, што маем, і пастырства, і Слова, і служэньне, і суцяшэньне, і цудадзейная сіла, і веды, і вера – усе гэтыя дары Сьвятога Духа, усе скарбы Божыя шчодра ўкладзеныя ў Беларусь, у Сэрца Эўропы.
Таму фэнамэналёгія Беларусі – гэта фэнамэналёгія Духа.
Уся моц Беларусі – ад Духа Сьвятога.
Уся слабасьць – ад духу чалавечага.
І сам тэрмін “духовасьць”, так часта ўжываны ў гэтае кнізе, датычна беларусаў мае толькі адзін сэнс – прыналежнасьць да Духа Сьвятога. У іншым выпадку гэта бездуховасьць. А беларушчына бяз Духу пустая.
Дух Сьвяты традыцыйна найбольш шанаваны сярод пратэстантаў (так, як Маці Божая ў каталікоў або сьвятыя ў праваслаўных) – і ня дзіва: менавіта падчас Рэфармацыі XVI ст. Беларусь перажыла найвышэйшы ўздым духовасьці за ўсю сваю гісторыю. Зайдзіце калі-небудзь на пяцідзесятніцкае ці поўнаэвангельскае служэньне – і вы ўбачыце, як выглядае беларускі народ, напоўнены Духам.
У Бібліі ёсьць агаломшвальныя радкі, прысьвечаныя Духу: “Вялікая й моцная бура, якая разьдзірае горы й крышыць скалы прад Госпадам, але ня ў буры Гасподзь; пасьля буры землятрус, але ня ў землятрусе Гасподзь; пасьля зямлятрусу вагонь, але не ў агні Гасподзь; пасьля агню веяньне ціхага ветру – і там Гасподзь.”(ІІІ Царстваў 19:12)
Веяньне ціхага ветру – вы чуеце?.. Менавіта так – ціха, вольна, ласкава, але ўладна – дыхае ў Беларусі Дух Сьвяты.
“Таварыства Езуса” – бліскучая акцыя беларускай гісторыі, безь якой немагчыма зразумець ані трыюмфу каталіцызму XVII-XVIII стст., ані посьпеху вуніі, ані грымотаў і маланак усяе эпохі нашага Новага Запавету.
Беларусь паўстагодзьдзя была сусьветным цэнтрам езуіцкага руху пасьля забароны ордэну напрыканцы XVIII ст., а Полацк – езуіцкай сталіцай. Сярод беларускіх езуітаў – першы рэктар Віленскага Ўніверсітэту, хросны бацька вуніі, Пётар Скарга; навуковец, асьветнік ды палітык, шэры кардынал пры двары імпэратара Паўла I, Габрыэль Грубэр; заснавальнік адукацыйнае сістэмы ЗША (дыплём адной зь яго каталіцкіх школаў мае Біл Клінтан) Фэлікс Дзеружынскі.
“Мэта апраўдвае сродкі”? Але ў беларускай памяці езуіты засталіся шчырымі, палкімі, самаахвярнымі героямі свайго часу.
Яны зьявіліся ў ВКЛ, ахопленым Рэфармацыяй, у год Люблінскай вуніі (невыпадковае супадзеньне, калі мець на ўвазе паланізацыю). Дзейнічалі энэргічна, зь незвычайнай імклівасьцю і запалам, і, як напішуць пазней, зрабілі найбольш уражвальны пераварот у духоўнай гісторыі Беларусі.
Першае, за што прадбачліва ўзяліся езуіты – апанавалі адукацыю: у 1570 г. імі быў закладзены Віленскі калегіюм, што даў пачатак знакамітаму ўнівэрсытэту, у 1581-м – калегіюм у Полацку, у 1584-м – у Нясьвіжы; затым пайшлі школы, гімназіі, акадэміі па ўсёй краіне. Але шырокую народную падтрымку езуіты атрымалі пасьля таго, як у 1588 г., ратуючы чумных хворых у шпіталях Вільні, некалькі манахаў загінулі самі. Намаганьнямі езуітаў найбольш уплывовыя магнацкія сем’і ВКЛ былі навернутыя у каталіцтва – і разам з ордэнам склалі палітычную партыю, якая на працягу 200 бліжэйшых гадоў фактычна кіравала краінай.
Зорны час ордэну ў Беларусі надышоў у 1773 г. Забароненыя булай Папы Клімэнта IV ва ўсім сьвеце, але дазволеныя загадам Кацярыны ІІ на тэрыторыі Расейскае імпэрыі, езуіты сканцэнтравалі ўсю эліту магутнага ордэну зь дзесяткаў краінаў у Полацку вакол знакамітае Акадэміі, і ператварылі Беларусь у сусьветную цытадэль Таварыства Езуса. Іх палітычны й духовы ўплыў у Пецярбургу гэтае эпохі параўнальны зь лепшымі маніфэстацыямі беларускага апостальства ХVI ст. Эўрапейская асьвета, навука й каталіцызм замацаваліся ў імпэрыі XVIII-XIX стст. ў асноўным дзякуючы езуіцкім місіянерам зь Беларусі.
Езуіты эўрапеізавалі і саму Беларусь. Ніхто ня можа параўнацца зь імі ў маштабе ўнёску, які яны зрабілі для беларускай адукацыі, мэдыцыны, культуры. Езуіты далі нам барока й арган, лёгіку й астраномію, сьвяточныя ілюмінацыі й рэцэпт чакаляду. Езуіты сталі найбольш моцнымі каталізатарамі заходняга сьветаўспрыманьня ў Беларусі. Але такі экспансіўны наступ на Ўсход прывёў ВКЛ да краю бездані: замена беларускай мовы ў вышэйшых клясах лацінай, уціск праваслаўя й пратэстанцтва і сьцьверджаньне прымату літары над духам агукнуліся стратай нацыянальнай сьвядомасьці, разбурэньнем міжканфэсійнага міру й казаччынай.
Так, езуіты ахвяравалі сабою – але душылі Рэфармацыю; горача адстойвалі хрысьціянскія прынцыпы ў дыспутах – але публічна палілі кнігі эвангелікаў; адукавалі моладзь эўрапейскім кшталтам – але рабілі гэта найболей па-польску й латыні. Урэшце рэшт, езуіты перамаглі абсалютна ўсіх сваіх супернікаў, а разам зь імі – і талерантнае, жыватворнае, натхнёнае сумоўе Беларусі.
І веліч, і трагедыя беларускіх езуітаў балянсавалі на адной вострай грані, якая аддзяляе зацятую веру ад нецярпімасьці, а выключны розум – ад разуменьня ўласнае выключнасьці.
У бліскучых беларускіх езуітах з усёй яркасьцю й моцай выявіліся і нацыянальная воля, і наша ўпартасьць, і праніклівая беларуская кемлівасьць, і партызынская тактыка ў змаганьні меншымі сіламі. Дасёньня мы пазнаем гэтыя рысы ў Вінцэнту Гадлеўскім, і ў Адаме Станкевічы, і ва Уладзіславе Завальнюку, і ў Зяноне Пазьняку.
Беларускія езуіты даюць нам узоры нацыянальнай арганізацыі й эфэктыўнае дзейнасьці ў палітыцы, грамадзтве, асьвеце, непераўзыдзеныя дагэтуль. І цяпер адчуваеш: часам нам так не стае грознага, моцнага, выкшталцона-інтэлігенцкага хрысьціянскага Ордэну!..
“Хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні.” (Якава 1:25)
Закон – найважнейшае паняцьце духовасьці й адзін з ключавых тэрмінаў Бібліі. Закон Божы стагодзьдзямі быў абавязковым і фундамэнтальным прадметам адукацыі ў беларускіх школах, калегіюмах і акдэміях. Закон – непарушная крэпасьць беларускае гісторыі, падмурак мэнтальнасьці й цытадэль самой нацыянальнай ідэі.
Беларускі Закон даў сьвету шэдэўры правасьвядомасьці. Статут ВКЛ, лепшы звод законаў Эўропы эпохі Рэфармацыі, якім захапляліся Марцін Лютэр і Гуга Калянтай, быў кадыфікаваны тройчы за адно XVI стагодзьдзе – і заўважце, будаваўся на біблійных падставах. Знакамітыя Генрыкаўскія артыкулы аб рэлігійнае талеранцыі, складзеныя беларусамі, абавязвалі караля Францыі да верацярпімасьці – і гэта ў эпоху Варфаламееўскае начы! Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 г. сталася другой у сьвеце пасьля амэрыканскай і першай у Эўропе. Нарэшце, галоўны сусьветны раман пра злачынства й пакараньне – зноў-такі з хрысьціянскіх пазыцыяў – напісаў беларус Хведар Дастаеўскі: цяпер студэнты ва ўнівэрсытэтах паловы плянэты вывучаюць псыхалёгію грэху й сумленьня паводле клясычных беларускіх уяўленьняў.
Ажно сам зьдзіўляесься – настолькі вострым і пранізьлівым аказваецца адчуваньне законнасьці для беларускага мэнталітэту.
Але насамрэч усё проста. Цэлае тысячагодзьдзе беларусаў як нацыю фармавала хрысьціянства – наймагутнейшы маральны Закон за ўсю гісторыю чалавецтва. Дзесяць запаведзяў. Другазаконьне. Нагорная пропаведзь, у рэшце рэшт.
І таму ў глыбі Сярэднявечча – і ў глыбіні душы сучасных беларусаў – жыве, жыве той крышталёва чысты дыямант Закону, што здольны зьдзівіць увесь сьвет сваім бляскам і празрыстасьцю. Гэта ў ім тоіцца сакрэт захапляючага асьвечанага дэмакратызму нашае гісторыі. Гэта ён – прычына незвычайнае беларускае выканальнасьці й нястрымнага жаданьня падпарадкоўвацца ўладзе, велічных руінаў законапаслухмянасьці. Гэта ў ім скрозь смутныя часы люструюць і пераліваюцца талеранцыя, цярплівасьць і прыстойнасьць – бліскучыя грані першапачатковае, Богам закладзенае ў Беларусь ідэальнае заканамернасьці.
Таго Закону, для якога свабода – катэгорыя адказнасьці.
Таго Закону, выпрабаваньня якім ня вытрымала яшчэ ніводная эпоха ці цывілізацыя.
Таго Закону, вышэй за які толькі міласэрнасьць.
Закон – гэта напісанае. Такая моцная павага да дакумантаў, да друкаванага слова, кнігацэнтрызм і інтэлігентнасьць культываваліся ў беларусах усе 10 вякоў. Вам ужо зразумела, адкуль у беларусаў такая прыніжальная пакорлівасьць перад чужымі парадкамі? Так нацыя Закону Божага расплочваецца за тое, што не хацела падпарадкоўвацца Найвышэйшаму Парадку.
Сувора? Але справядліва.
Закон ёсьць закон.
“Ісус прыйшоў не скасаваць закон, а выпаўніць.” (Мацьвея, 5:17) Гэтак жа і ў хрысьціянскай Беларусі выпаўняліся сусьветныя законы Божыя. Беларусь, сэрца Эўропы, была Заляю суда й Лобным месцам адначасова. Тут, як на арэне, зладзейнічалі, асуджалі, абвяшчалі прысуды й каралі. Будзьце пэўныя, на Страшным Судзе імя “Беларусь” будзе гучаць часьцей за многія іншыя. “Бо праўду кажу вам: пакуль мінецца неба й зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная не мінецца з закону, пакуль ня збудзецца ўсё”. (Мацьвея 5:18)
Калі Беларусь вернецца да Бога – яна мае ўсе шанцы зрабіцца духовым заканадаўцам. Каб тое, што кажа сэрца, было для Эўропы законам.
“Ізраіль” перакладаецца “Няхай пануе Бог!”
“Я дабраслаўляю тых, што дабраслаўляюць цябе, і тых, што ліхасловяць цябе, пракляну, і дабраславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя” – такія Божыя словы з кнігі Быцьця, 12:3 адрасаваныя народу ізраільскаму.
Ізраіль – першая ў сьвеце нацыя, створаная Богам. Больш таго – гэта народ, празь які ў сьвет прыйшло і Сьвятое Пісьмо, і Хрыстова збавеньне. Як і Ізраіль, Беларусь ёсьць фэномэнам Божае волі. Як і габрэі, беларусы – духовая нацыя. І, падобна габрэйскай, беларуская ідэя – гэта ідэя Бога.
Факт аграмаднага духовага значэньня: менавіта ў Беларусі расьсеяны па сьвеце Ізраіль набраўся сілаў для адраджэньня.
У Новым Запавеце беларускае гісторыі Ізраіль быў тут. Інквізыцыя з Захаду й дэспатыя з Усходу гналі вечных вандроўнікаў у Беларусь – ціхую, талерантную, Боскую. “Бо Я ўвяду іх у зямлю добрую, дзе цячэ малако і мёд…” (Другазаконьне 31:20). У выніку зь XVII да ХХ стагодзьдзя найбольшая габрэйская дыяспара ў сьвеце – некалькі мільёнаў! – пражывала на тэрыторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, паміж заходнім антысэмітызмам і імпэрскай рысай аселасьці.
Беларускія ешывы, у якія прыяжджалі юдэі з усяго сьвету, былі найзнакамітшымі цэнтрамі габрэйскае рэлігіі. Беларускія гарады насамрэч былі габрэйскімі. Беларускія габрэі, якіх называлі і “літоўскімі”, і “польскімі”, і “рускімі”, і “савецкімі”, аднавілі дзяржаву Ізраіль: 2 прэзыдэнты й аж 6 прэм’ер-міністраў – і гэта за паўстагодзьдзя! – паходзяць зь Беларусі. Іўрыт, “Масад”, Шагал, клясыка сучаснае габрэйскае літаратуры й філязофіі маюць беларускія карані. Беларускае сэрца, якое набрыньвала крывёю тры стагодзьдзі Новага Запавету, жывіла богаабраны народ ва ўсіх войнах і рэвалюцыях ХХ веку.
Так багата Беларусі ўкладзена ў сучасны Ізраіль! Зямлю абяцаную, зямлю сьвятую дагэтуль саграюць беларускае цяпло, сьвятло і любоў.
Роднасьць Беларусі й Ізраілю дасягае біблійнага ўзроўню. Абодва фэномэны ўражвальна трагічныя. Пакутныя. Ахвярныя. Адухоўленыя. Беларуская гісторыя, як і ізраільская, адбывалася паводле Бібліі. Беларускае расьсеяньне, як і ізраільскае, жывіла паў-Эўропы працаўнікамі ды геніямі. Беларусаў, як і ізгояў-габрэяў зьнішчалі вялікія дзяржавы й таталітарныя імпэрыі. Уздымы Беларусі, як і Ізраілю, прыходзілі з духовымі абуджэньнямі, а заняпады – усьлед за слабасьцю духу. Беларуская місія веры, праўды й свабоды гэтак жа сустракалася неразуменьнем ды нянавісьцю.
Вера ў Бога 4 тысячы гадоў была сэнсам існаваньня габрэйскага народу, і захавала нацыю нават ва ўсясьветным расьсеяньні. Тысячагадовая гісторыя Беларусі ўся была вытворнай ад ступені духовасьці й вызначыла беларускую нацыянальную ідэю як сутнасна хрысьціянскую. Беларускі белы сьцяг з Крывёю Хрыста мае сваім папярэднікам ізраільскі сьцяг зь нябёснага колеру зоркай Давіда.
Адрозьненьне, па вялікім рахунку, адно: габрэі ўжо здолелі аднавіць і мову, і нацыю, і дзяржаву (усяго за некалькі дзесяцігодзьдзяў ХХ ст.), а ў беларусаў гэтыя зьдзяйсьненьні яшчэ наперадзе.
Ізраіль – нацыянальны вобраз для Беларусі. Мы пазнаем сябе ў Бібліі як народ вернікаў, прарокаў і апосталаў – і адначасова народ грэху ды страху; мы бачым нацыянальны трыюмф у абуджэньні веры, і галоўны правал – у вырачэньні Бога. Ізраіль, які стагодзьдзямі жыў у адным целе зь Беларусьсю, зараз жыве ў адным з намі часавым поясе.
“І ўведаюць, што Я – Гасподзь Бог іхні, калі, расьсеяўшы іх сярод народаў, зноў зьбяру іх у зямлю іхнюю…” (Езэкііль 39:23).
Беларускае пакліканьне – быць хрысьціянскім Ізраілем у Сэрцы Эўропы.
“Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым жыве Бог, і ён у Богу.” (І Яна 4:15)
Беларусь стала Беларусьсю, калі прыняла Ісуса Хрыста.
Беларусь перажывала максымальныя ўздымы сваёй гісторыі, калі верыла ў Ісуса Хрыста.
Беларусь ахвяравалася, цярпела й прапаведвала, аддавала сябе ўсю, памірала й уваскрасала, як Сам Ісус Хрыстос.
Ісус Хрыстос, Сын Божы й Сын Чалавечы, Бог на 100% і Чалавек на 100%, Які прыйшоў у гэты сьвет, каб вярнуць чалавека да Бога, ахвяра за людзкія грахі, наш Госпад і Збаўца – увасоблены сэнс жыцьця Беларусі. Быць у Хрысьце, ісьці за Хрыстом, славіць Хрыста ёсьць найвышэйшай і сапраўднай мэтай нацыянальнае ідэі.
Наколькі блізкай да Хрыста была Беларусь, настолькі яна й была рэальнай. Місія Хрыста – узяць на сябе грэх сьвету, ахвяравацца, паміраючы ў страшных пакутах, каб уваскрэснуць і даць людзям дарогу, праўду і жыцьцё – стала і місіяй Беларусі. Боль і любоў Ісуса Хрыста ў Сэрцы Эўропы дасягнула такой крытычнай канцэнтрацыі, такой вастрыні, што ўся беларуская нацыянальная ідэя ператварылася ў адзіны звышнатуральны эфэкт Ягонае прысутнасьці.
Празрыстая, поўная сьвятла Нагорная пропаведзь, простасьць, узьнёсласьць і напеўнасьць навучаньня, паэтыка прытчаў, цуды й вяршыні духу сярод няшчасьцяў і пакутаў – вы пазнаеце? Вось яна, краіна Ісуса Хрыста. Белая, чыстая, сьветлая.
Беларусь прапаведвала, вандравала й навучала, аддавала сябе цалкам, сьцякала крывёю, прададзеная юдамі, асуджаная, памірала за іншых – і ўваскрасала пад бел-чырвона-белым сьцягам Ісуса Хрыста.
“Дзякаваць Богу, Які даў нам перамогу Госпадам нашым Ісусам Хрыстом!” (І Да Карыньцянаў 15:57)
Беларусь – такое ж цудоўнае ўцелаўленьне Хрыста, як і ягонае нараджэньне ад найчыстае Дзевы Марыі 2000 гадоў таму “Слова сталася целам” – фэномэн Божае волі, які лёгка ўгадваецца ў Беларусі. Таму гэта да Беларусаў піша апостал Павал: “Апранецеся ў Госпада нашага Ісуса Хрыста”! (Рым. 13:14)
Прыняць і палюбіць Хрыста – значыць, зразумець Беларусь. Усё чалавечае й усё нацыянальнае тут правяраецца й вымяраецца Хрыстом. Насьледуй Яму. Шукай сустрэчы зь Ім. Запытвайся ў Яго. Прасі Яго. Увесьчас. І тады табе стане ясна, што значыць: быць хрысьціянінам і быць беларусам.
Беларусь – вобраз і падабенства Хрыста. Вось чаму так хочацца стаць на калені пасярод беларускае зямлі, вось чаму так баліць і крывавіць, вось чаму так моцна Беларусь натхняе адчайных! Ягоная кроў на нашым сьцягу. Ягоная кніга – наш галоўны закон і падручнік.
Сярод гаротных і ўбогіх, пазбаўленых уласнага дома беларусаў нашае новазапаветнай гісторыі ласкавы й уладны Ісус. У жахлівых ранах і бясконцых трываньнях Беларусі бязьвінны Ісус. На беларускім крыжы, на цяжкім скрыжаваньні, празь якое праходзілі сусьветныя войны й рэвалюцыі, распяты Ісус. І ў сьпеўнай беларускай малітве, і ў высокай, тонкай веры, і ў вялікай шчымлівай любові ўсім сэрцам, усёй душой, усімі сіламі, у абуджэньнях і перамогах духу гэтай маленькай, трапяткой краіны Ісус!
Той, хто любіць Беларусь больш самога жыцьця, хто шукае крыніцаў і тайнаў беларускасьці, хто ўзіраецца ў глыбіні беларускае гісторыі й далячыні беларускае будучыні – урэшце рэшт, пачынае пазнаваць сьветлае аблічча Ісуса. Беларускае сьвятло ператвараецца ў азарэньне, асьвятляе ўсю дрыжучую й захопленую душу і патрабавальна вядзе за сабою да Валадарства Нябёснага.
Што можна дадаць?… Толькі паўтарыць сьледам за апосталам Паўлам: “Бо я пастанавіў сабе нічога іншага між вамі ня ведаць, апроч Ісуса Хрыста, і пры тым укрыжаванага”. (І Да Карыньцянаў 2:2)
Адно з самых моцных уражаньняў у Беларусі – зайсьці ў каталіцкі касьцёл. Дзьвюхтысячагадовы цуд. Царква, якую не адолеюць брамы пекла. Галоўная крэпасьць хрысьціянства.
Веліч. Ціша. Сьвятло. Незямное адчуваньне прысутнасьці Божай. Беларускае імгненьне ісьціны. Імша па-беларуску…
І гучыць:
— Хто творыць Касьцёл Сьвяты?
— Касьцёл Сьвяты твораць: Папа, біскупы, сьвятары й вернікі. Усе людзі, адкупленыя Хрыстусам, твораць Люд Божы.
— А якія галоўныя абавязкі католіка?
— Галоўныя абавязкі католіка:
Першая. Вернасьць усяму, што Пан Бог аб’явіў, а Касьцёл навучае.
Другое. Выконваць загады Божыя й касьцёльныя.
Трэцяе. Прымаць сьвятыя Сакраманты.
Чацьвёртае. Маліцца й рабіць добрыя ўчынкі.
Каталіцтва – гэта катэхізіс для Беларусі: вечныя пытаньні й ясныя адказы.
Што даў каталіцкі касьцёл Беларусі?
Каталіцызм афіцыйна прадстаўляе ў Беларусі Заходнюю Эўропу. Індывідуалізм. Рацыю. Лёгіку. Трыюмф розуму. Парадак і прагматызм. Бліскучую сыстэму адукацыі. Найважнейшы элемэнт нацыянальнага духовага сплаву, які ў спалучэньні з праваслаўем і пратэстанцтвам дае Беларусь.
Касьцёл – для чалавека. Званочкі, як сыгналі. Статуі Хрыста й Сьвятое Сям’і. Шэраг лаваў, як парты. Лепш думаць пра Бога седзячы, чым пра ногі стоячы.
Урачыстая бель, гармонія хараства, найвышэйшае рэха. Абавязкова арган, што ўзвышае пачуцьці і валодае максымальным дыяпазонам гучаньня сярод усіх музычных інструмантаў, як і касьцёл – поўняй вучэньня… Ідэальны храм, як цела для душы – бліскучы й прахалодны. Увайсьці, крануць сьвятую ваду, схіліцца на калена, і перажагнацца зьлева направа:
Няхай будзе пахвалёны
Найсьвяцейшы Сакрамант
Праўдзівае цела і Кроў
Госпада нашага, Езуса Хрыста.
Каталіцызм – цудоўны празрысты дыямант, празь які нам адкрываецца ўся Эўропа Пятра, і яшчэ паў-сьвету. Заходняя Беларусь, касьцёлы ў Горадні, Нясьвіжы, Будславе, Пінску, Менску, Віцебску, Магілёве – узорыстыя вітражныя вокны лацінскае цывілізацыі, з дапамогай якіх сынтэзуецца ўнікальнае беларускае сьвятло.
А што дала Беларусь каталіцкаму Касьцёлу?
Скаргу. Руцкага. Богуш-Сестранцэвіча. Станкевіча. Гадлеўскага. Сваяка. Астрамовіча. Сьвёнтка. 2,5 стагодзьдзі самай пасьпяховай вуніі з праваслаўем. Пляцдарм місіянерскіх ордэнаў на Ўсходзе. Сусьветны цэнтар езуіцкага руху ў Полацку. Фэномэн віленскага барока… З Польшчы, якой Беларусь аддала паўжыцьця, паходзіць найвялікшы папа сучаснасьці Ян Павел II, Караль Вайтыла. Беларусь нарадзіла большасьць каталіцкіх ксяндзоў, што ахвярна працавалі ў Расеі ўсе апошнія стагодзьдзі: нават сёньня галоўны расейскі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Самая заходняя й самая беларускамоўная канфэсія, зараз каталіцкі касьцёл – бясспрэчны флагман нацыянальнага адраджэньня. Большасьць беларускай эліты – каталікі, або, на скрайні выпадак, вуніяты. Таму недавер да касьцёлу культывуецца Масквой і падтрымліваецца дзяржавай: “палякі”
Так, шасьцьсот гадоў, з Крэўскай вуніі Ягайлы касьцёл быў галоўнай структурай паланізацыі. Як і Контаррэфармацыя, рэлігійная нецярпімасьць і фарысэйства спольшчанай шляхты XVII-XІХ стст., гэта зьяўляецца неаспрэчным фактам. Але таксама факт і тое, што ксяндзы XVIII ст рыхтавалі зброю для паўстанцаў Касьцюшкі, XIX ст. – перахоўвалі людзей Каліноўскага, а XX ст. – агітавалі за Пазьняка. Самыя цьвёрдыя, адукаваныя й эўрапейскія сьвятары найноўшага адраджэньня паходзяць з царквы апостала Пятра, цэлібату й філіёквэ.
Поўны ансамбаль 2000-гадовай дактрыны, сынтэз розуму й веры, цэнтар нацыянальнай крышталізацыі любога беларускага гораду й найсьвятлейшая іпастась беларускае хрысьціянскае Тройцы, беларускі касьцёл робіцца ўсё больш і больш падобным на тую царкву, пра якую напісана:
“На камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не адолеюць яе.” (Мацьвея, 16:18)
“…Тады Ісус сказаў вучням сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною.” (Мацьвея, 16:24).
Беларусь узяла свой Крыж Эўфрасіньні Полацкай і пайшла.
Крыж Эўфрасіньні – найдаражэйшая рэлігійная сьвятыня Беларусі. Каўчэг беларускі, які вандраваў праз усю нашу гісторыю. Вялікі сымбаль, што ў знакавыя моманты асьвячаў рухі беларускай душы. Залаты ключык, якім адчыняюцца шматлікія таямніцы беларускай нацыянальнай ідэі.
Шэдэўр старажытнага беларускага мастацтва, створаны ў 1161 г. на замову Эўфрасіньні Полацкай ювэлірам Лазарам Богшам, гэты ўзьвіжальны крыж зрабіўся сымбалем хрысьціянскага абуджэньня ХІІ ст. гэтак жа, як і Біблія Скарыны – сымбалем залатога XVI веку, а бел-чырвона-белы сьцяг – адраджэньняў ХХ ст. Каўчэжац для захаваньня хрысьціянскіх рэліквіяў: кавалачкаў крыжу Гасподняга, сьвяшчэнных кропляў крыві ды мошчаў. Аснова кіпарысавага дрэва (менавіта на такім быў укрыжаваны Ісус) была абкладзеная залатымі пласьцінкамі, аздобленая каштоўнымі камянямі, пэрламі ды ўнікальнымі абразкамі-эмалямі з подпісамі славянскімі й грэцкімі літарамі. Шасьціканцовая форма, што стала затым традыцыйнай для Беларусі, сымбалізавала стварэньне Богам сьвету за 6 дзён.
Крыжовы шлях гэтага сымбалю – з тых сагаў, якія нацыі належыць перадаваць вусна з пакаленьня ў пакаленьне.
Крыж-каўчэжац падарожнічаў у беларускай гісторыі як праўдзівы каўчэг: зьяўляўся, прабліскваў у знакавых месцах, у ключавыя моманты. Кожная прыгода ў адысэі крыжу бачыцца напоўненай містычным сэнсам.
Зь беларускага пачатку, старажытнага Полацка, напрыканцы ХІІ ст. крыж Эўфрасіньні выправіўся ў Смаленск. Больш 300 гадоў крыж у Княстве Смаленскім пільнаваў стратэгічны для Беларусі кірунак – Усход. У пачатку XVI ст., на сьвітанку найвялікшага беларускага абуджэньня крыж, як прадвесьце Скарыны, Фёдарава й Полацкага, зьявіўся ў Маскве – у 1514 г. Васіль ІІІ, захапіўшы Смаленск, перавёз сьвятыню з сабой у Крэмль.
Але ўжо у 1563 г. – у той самы вялікі й трагічны год, што падзяляе Стары й Новы Запавет гісторыі Беларусі! – крыж вяртаецца ў Беларусь. Іван Жахлівы, каб замаліць грахі, прывозіць і кладзе яго туды, дзе ўсё пачыналася, у Спаса-Эўфрасінеўскі сабор Полацка.
Крыж Эўфрасіньні Полацкай зьзяў у бляску Залатога веку, на хросных ходах, бачыў вялікае міжканфэсійнае супрацьстаяньне XVII ст. паміж двума полацкімі біскупамі, вуніятам Кунцэвічам і праваслаўным Сматрыцкім, быў выкрадзены езуітамі ў Сьвятое Сафіі й вернуты вернікам; у 1812-м ледзь унікнуў вывазу ўва Францыю, нема назіраў за апошнім саборам Вуніі… Паўсюль быў зь Беларусьсю.
У 1841 г., з забаронай беларускай мовы й самое назвы “Беларусь”, зь вялікай беларускай культурнай і духовай хваляй у Расеі крыж вывозіцца ў імпэрскія музэі Піцера, а затым і Масквы.
Ужо можна было прадбачыць, што Крыж Эўфрасіньні вернецца ў Беларусь з новым нацыянальным адраджэньнем. Так і здарылася – у 1910 г., з нашаніўскім уздымам, крыж зноў апынуўся ў Полацку.
Беларусь быццам жагналася гэтым крыжам.
У 1921 г. крыж быў рэквізаваны ОГПУ – гэтак жа, як тады канфіскоўваліся храмы, землі, душы. Але – вярнуўся, дзякуючы беларусізацыі, у 1929-м, у Магілёў, які тады плянавалі зрабіць сталіцай.
Апошні раз Крыж Эўфрасіньні бачылі ў 1941-м, у часе эвакуацыі Саветаў перад нямецкім наступам. Беларусь, прымусова пазбаўленая веры, пазбаўлялася й крыжу. З вайной, Хатыньню й Трасьцянцом, бязбожным атэізмам і Чарнобылем Беларусь, як Ісус на крыжы, магла толькі маліць: “Божа! Божа! Чаму Ты Мяне пакінуў?..”.
Сёньня Беларусь зноў шукае крыж. Шукае ў Расеі, Польшчы, Нямеччыне, Амэрыцы, празь Інтэрпол і прыватныя калекцыі. Шукае, прыгаворваючы: “Не хачу хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, якім для мяне сьвет укрыжаваны, а я для сьвету”. (Да Галятаў, 6:14) Шукае так, як зьнявераны намацвае свой колішні нацельны крыжык. Са смутным адчуваньнем, што знойдзецца крыж – вернецца і нешта асабліва важнае для кожнага зь 10 мільёнаў.
Бо Беларусь шукае Бога.
Люблю Беларусь…
Прамаўляецца як пацалунак.
Беларусь, сэрца Эўропы, створаная зь любві.
Беларусы – трапяткая, далікатная й самаадданая нацыя, якая любіць і якую любяць. Любоў – гэта наш спосаб існаваньня.
Усё, што даў Беларусі Бог – шчырасьць і ціхую пяшчоту, шчымлівую мяккасьць і ласкавую сьціпласьць, ясныя вочы й натхнёныя душы – усё гэта ад моцнай любові, зь невымоўнай любові й дзеля поўнай любові. “Бог ёсьць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.” (І Яна 4:16)
І пакуты, і ахвяры, і паміраньне за іншых, і Курапаты, і Хатынь, і Чарнобыль – усё гэта было ў імя вялікае любові. “Любоў Божая да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у сьвет Адзінароднага Сына Свайго, каб мы атрымалі жыцьцё празь Яго”. (І Яна 4:9)
І беларуская зямелька, сьветлая да драбнюткага чысьценькага пясочку, і трымценьне лісьцікаў, і мігценьне сьняжынак, і сьпеўныя слоўцы, і стрыманая сіла, і саступлівая цярплівасьць, і памяншальна-ласкальная форма імёнаў, і раскоша нашых улюбёных суфіксаў, ад якіх чыста ўся мова празрыстая – гэта характар вялікае любові. “Любасныя! Будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога й ведае Бога”. (І Яна 4:7)
Беларусь, гэтая ласачка, любушка, зоранька, каханачка – вось ужо тысячу гадоў сэрца Эўропы. Пульсуючае сэрцайка, поўнае любові да Бога й бліжняга!
Беларусь – найлепшы сродак супраць нянавісьці. “Беларусь” – хоць да раны прыкладай. “Бо няма любові большае, як калі хто пакладзе душу сваю за сябраў сваіх.” (Яна 15:13) І суседзяў, і прыхадняў, і нават ворагаў Беларусь любіла той невымоўнай, найвышэйшай любоўю, якая вымагае: “любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і ганіцеляў вашых”. (Мацьвея 5:44)
Табе балюча, родненькая? Пацярпі крышачку. Ты ж у мяне самая сьветлая, самая мілая, самая каханая… Любая… Адзіная…
Любоў – місія Беларусі.
Вось чаму беларусаў любяць.
Братка-беларус, “сябры”, “Белоруссия родная” – ва ўсіх нашых суседзяў “беларус” – вобраз выключна мілы.
Беларусы й беларусачкі – людзі любові. Верныя й узьнёслыя, як Эўфрасіньня й Скарына. Адданыя й палкія, як Караткевіч ды Багдановіч. Натхнёныя й моцныя, як Каліноўскі ды Пазьняк. Хто яшчэ так любіў Польшчу, як Міцкевіч? Расею, як Дастаеўскі? Ізраіль, як Мэір, Перас, Рабін?…
Беларуская нацыя спалучае ў сабе ўсё багацьце пачуцьцяў – але, безумоўна, любоў зь іх найбольшая.
Беларусь – краіна, дзе “быць” і “любіць” – гэта адное й тое ж, дзе “любоў” і “кроў” рыфмуюцца зусім натуралёва, а любоў тоесная болю, ня трэба нават літараў перастаўляць.
У Беларусі адразу ўзгадваеш, што Бог ёсьць любоў. “Любоў, якая акупае ўсе грахі” (Выслоўі Саламонавы, 10:12). Тая звышнатуральная любоў, якая “церпіць доўга, умілажальваецца, не зайздросьціць, не праслаўляе сябе, не ганарыцца, не бушуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе ліха, ня радуецца зь няпраўды, а разам цешыцца зь ісьціны; усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць!…” (І Да Карыньцянаў 13:4-7)
Ты любіш Беларусь?…
Пачуцьцё любові, як жывая вада, перапаўняе Беларусь – яе цудоўную мэлядычную мову любові, яе ўзвышаную любоўную паэтычнасьць, нашую ўлюбёную ветлівасьць і гасьціннасьць. Любоў найвышэйшае канцэнтрацыі! У гэтым – стоеная сіла й ціхая магутнасьць Беларусі.
Бо запавет Госпада й заснавальніка Беларусі – гэта запавет любові. “Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім – і палюбі блізкага твайго, як самога сябе”. (Лукі 10:27)
Бо толькі такая любоў можа пераплавіць увадно каталіцтва, праваслаўе й пратэстанцтва. Толькі такая любоў здольная раздаць усю сябе па кавалачках суседзям. Толькі такой любові пад сілу пераадолець жах нашых войнаў і нянавісьць іхніх імпэрыяў.
“Люблю Беларусь” – гэта элемэнтарная формула патрыятызму, спрошчаная ад крэда Беларусі: “Люблю, Беларусь”.
Любі Беларусь.
Бо ў любові да Бога, любові да бліжняга, любові да краіны – у гэтых трох іпастасях ЛЮБОВІ й заключаецца ўвесь сэнс беларускай нацыянальнай ідэі.
“Узьнясіся, Госпадзе, у сіле Тваёй:
Мы будзем апяваць і славіць
Тваю магутнасьць”! (Псальмы, 20:14)
Беларусы стварылі польскі гімн “Марш-марш Дамброўскі” й расейскі “Слаўся!”. Беларусь сама – гімн хвалы Богу. Таму й нацыянальны беларускі гімн, духовы сьпеў на вершы Натальлі Арсеньневай і музыку Міколы Равенскага – гэта “Магутны Божа”.
Сярод усіх урачыстых, народных, ударных хітоў, што маглі б стаць гімнам – “Ваярскі марш”, “Пагоня”, “Мы, беларусы”, “Квітней, Беларусь!”, “палянэз Агінскага або “Радзіма мая дарагая” – “Магутны Божа”, як выдых, як сьпеў, як малітва з глыбіняў нацыянальнага духу гучыць наймацней.
Магутны Божа, Уладар сусьветаў
Вялікіх сонцаў і сэрц малых,
Над Беларусяй, ціхай і ветлай
Рассып праменьні свае хвалы!
“Магутны Божа” ўжо дзесяткі гадоў быў гімнам беларускай эміграцыі. У 1993 г., на хвалі адраджэньня незалежнасьці, менавіта яго прапанавала як дзяржаўны адмыслова створаная камісія Вярхоўнага Савета. А ў 2002 годзе ўрачысты грамадзкі сход у Менскім Палацы Мастацтваў абраў “Магутны Божа” гімнам усяго беларускага нацыянальнага руху.
Дай спору ў працы штодзённай, шэрай
На хлеб надзённы, на родны край
Павагу, сілу і веліч веры
У нашу праўду, у прышласьць – дай!
Ані слова пра славу народа, сілу ваяроў ці веліч дзяржавы. Сьціплая, шчырая, самаадданая малітва да Бога, спадзяваньне толькі на Найвышняга!.. У гэтым уся Беларусь.
Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,
Учынкам нашым пашлі ўмалот,
Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай
Краіну нашу і наш народ!
Гэта вам не рэвалюцыйная Марсэльеза, ня “Боже, царя храни!” і нават ня “God Save The Queen”. Гэта малітва краіны, якая шмат разоў гінула за бліжніх, якая дала сьвету вялікіх апосталаў, місіянераў і геніяў, якая ня бачыць сэнсу ў выхваляньні, бо ведае, што яе сіла толькі ў Госпадзе.
“Магутны Божа” – гэта “Ойча Наш” па-беларуску.
“Бог”, “вера”, “праўда”, “свабода”, “сэрца”, “праца”, “жытнёвыя нівы”, “родны край”, “ціхай і ветлай”… Ключавыя словы нацыянальнай ідэі!
“Магутны Божа” – трэцяя частка беларускай сымбалічнай трыяды: сьцягу, гербу й гімну. “Магутны Божа” у гэтае тройцы – як іпастась Бога-Айца.
“Магутны Божа”, хор малітвы, якую сьпявае народ на плошчах, стадыёнах, у залях і храмах, хор, у якім яднаецца й адкрываецца Свайму Творцу ўся нацыя, хор велічны й багавейны…
Не баявы? Затое які магутны!
Місія – гэта калі ты бярэш посах і йдзеш за сваім пакліканьнем. Ідзеш, ня ведаючы куды, бо цябе вядуць любоў і боль.
Місія – гэта нацыянальная ідэя, зьвернутая ў сьвет.
Быць сэрцам Эўропы й успышкай сьвятла для Расеі, пакутваць й ахвяравацца за іншых, натхняць і навучаць, несьці веру на аграмадныя прасторы Захаду й Усходу – вось місія, сьцьверджаная тысячагодзьдзем беларускай гісторыі.
Беларусь, краіна вялікае мэты, у Сярэднявеччы была цэнтральным агмянём праваслаўя, галоўнай базай каталіцкіх ордэнаў ва Ўсходняй Эўропе й фарпостам кальвінізму на азіяцкім кірунку. Беларусь прымала на сябе ўдары сусьветных войнаў, таталітарных рэжымаў і катастрофаў чалавецтва, падрывала партызанкай Трэці рэйх і разбурала ў Белавескай пушчы СССР.
У найвялікшых зьдзяйсьненьнях расейскай культуры, польскага грамадзтва й габрэйскае дзяржаўнасьці, сьветліня й празрыстасьць беларускай місіі крынічаць адразу. Там, дзе скразіць талеранцыя, ідэалізм і чысьціня, насычаныя аканьнем, дзэканьнем, цэканьнем, у-кароткім і звонкімі зычнымі, пазначаныя характэрнымі канчаткамі на “іч” – “ыч”, “онак” – “ёнак” і “эня” – “еня”, асьвечаныя яснай мяккасьцю ды сьпеўнасьцю – можаце не сумнявацца: тут была беларуская місія.
І міжмоўе, і месца сустрэчы хрысьціянскіх канфэсіяў, і геапалітычны беларускі крыж, і раствораная беларускай любоўю мяжа паміж Захадам і Ўсходам – усе гэтыя фэномэны сынтэзу Сьвятога Духа зрабілі зь Беларусі ўнікальны пляцдарм хрысьціянскага місіянерства.
Місія Беларусі ў Расеі – перамагчы імпэрыю, дэспатызм і азіятчыну высокай культурай і духовасьцю.
Місія Беларусі ў Польшчы – скрышталізаваць праз каталіцкую лаціну рамантызм, цярпімасьць, натхненьне жывога духу – і пашыраць іх на рацыяналістычным, тэхналягічным Захадзе.
Місія Беларусі ў Ізраілі – аднавіць і ўмацаваць на Сьвятой Зямлі дзяржаву народу Божага, выконваючы біблейскія прароцтвы.
Вось чаму беларусы – першаклясныя апосталы. Эўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клім Смаляціч былі галоўнымі місіянерамі сярод усходняга славянства. Францыск Скарына друкаваў Слова Божае для ўсяго ВКЛ. Мікола Гусоўскі падараваў расьпешчанаму Захаду “Песьню пра зубра”. Фёдараў, Мсьціславец, Сімяон Полацкі й Ільля Капіевіч паклалі ўсё жыцьцё на асьвету цемрашальнае Расеі. Мялет Сматрыцкі склаў знакамітую “Граматыку”, падручнік для беларусаў, украінцаў, расейцаў, малдаванаў, балгараў, румынаў, а Пётра Магіла сфармуляваў дактрыну, прынятую ўсімі праваслаўнымі цэрквамі сьвету. Адам Міцкевіч з “Панам Тадэвушам”, Тадэвуш Касьцюшка з паўстанцамі, Генрык Сянкевіч з “Quo Vadis” і “Крыжакамі” – вялікія беларускія місіянеры на Захадзе. Беларускія місіі – адысэі філямата Ігната Дамейкі ў Чылі, першага амбасадара-эўрапейца Восіпа Гашкевіча ў Японіі, Мікалая Пржэвальскага ў Цэнтральнай Азіі, а Валянціны Церашковай – у космасе.
Беларускія місіянеры сучаснасьці – Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Сьвятлана Алексіевіч, Зянон Пазьняк.
Яна, гэта эвангельская місія, быццам зарад, стоеная ў кожным беларусе. Яна толькі чакае свайго часу, каб разгарнуцца – ў тэлевізіі, радыё, інтэрнэце: “Дык ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа…” (Мацьвея, 28:19)
Гвардыя царквы. Брацтва пасьвечаных. Цэлыя акадэміі навук. Правобразы партыяў і транснацыянальных карпарацыяў… Хрысьціянскія ордэны канцэнтравалі духовую й палітычную эліту Сярэднявечча.
Беларусь перамагла ордэны ваярскія – і дала прытулак ордэнам манаскім. Менавіта пасьля разгрому крыжакоў-тэўтонаў у XV стагодзьдзі Вялікае Княства Літоўскае стала апірышчам каталіцкае экспансіі на Ўсход. “Вагнём і мечам”?..- перапытвала Беларусь. “Ня войскам, ня сілаю, а Духам Маім, кажа Гасподзь”! (Захарыя, 4:6) – адказвала яна крыжакам, як рэха.
Манаскія ордэны, аднакарэнныя з ордэр – парадак – далі бліскучыя ўзоры арганізацыі беларускай духовасьці.
Такія ордэны ў Беларусі – бэнэдыктынцы, аўгусьцінцы, бэрнардзінцы, дамініканцы, кармэліты, францысканцы, езуіты, піяры, назарэцянкі, базыльяне… Практычна ўвесь спэктар манастырскіх статутаў сьвету. У XV-XIX стагодзьдзях Беларусь стала базаю хрысьціянскага місіянерства ва Ўсходней Эўропе, падобна Гішпаніі для Новага сьвету, Італіі для Міжземнамор’я ды Блізкага Ўсходу, або Францыі для Заходняй Афрыкі.
У XVI ст. каталіцкія ордэны, нароўні з пратэстанцкімі партыямі ўлады й праваслаўнымі брацтвамі стварылі трыяду магутнасьці, велічы й багацьця беларускага Залатога веку. Але з заняпадам XVII-XVIII стст нясучыя канфэсійныя канструкцыі ператварыліся ў застываючыя рэлігійныя формы, бастыёны дагматызму, у тыя літары, што забіваюць дух.
Ордэнскае манаства цалкам аддавала сябе Богу й людзям. Бясшлюбнасьць. Устрыманьне. Фізычная праца. Ахвярнае служэньне. Францысканцы й аўгусьцінцы, бразыльяне й езуіты – таемныя, але ўплывовыя таварыствы як найлепш адпавядалі нацыянальнаму характару “стоенай сілы”. Ордэны кшталтавалі беларускі мэнталітэт, выкоўваючы золата й шліфуючы дыяманты для сапраўдных узнагародаў гісторыі. Язэп Руцкі, Петра Скарга, Іпаці Пацей у першую чаргу былі гіерархамі ордэнаў.
Строгія, правільныя рысы ордэнаў, што выконвалі ролю матрыцы заходняй, эўрапейскай тэхналягічнай й рацыянальнай цывілізацыі ў Беларусі, дагэтуль скразяць у беларускай гісторыі й сучаснасьці.
У век хай-тэк, суцэльнай інфармацыйнай прасторы й інтэрнэту, у смутныя часы глябалізацыі якраз ордэн – самы эфэктыўны мэханізм кадравага, інтэлектуальнага й грамадзянскага ўплыву хрысьціянства на свет. Галоўная беларуская спэцслужба, арыстакратыя беларускай эліты, братэрства абуджэньня – вось ён, ордэн, які Беларусь заслужыла.
От, паганства!…
Паганства, у адрозьненьне ад сьвятасьці – стан, у якім жылі людзі да таго, як прынялі Хрыста. Такім чынам, спачатку на нашых землях панавала паганства, а потым узьнікла Беларусь.
Беларусь як нацыю сфармавала хрысьціянства. Паганскі сьветапогляд і лад жыцьця ўвесьчас разбуралі асновы нацыянальнае духовасьці, вярталі Беларусь да пячорнага, рабскага стану, дзе валадараць страх і грэх, ідалы й куміры. Паганства пэцкала й паскудзіла паўсюль, дзе зьяўлялася. Паганства некалькі тысячагодзьдзяў спавядала культы дзікія й жорсткія, з пакланеньнем вагню, сонцу, дрэву й розным шклоўскім ідалам, мнагажонствам, кроўнай помстай і пачварнымі чалавечымі ахвярапрынашэньнямі.
Усяслаў Чарадзей напрыканцы ХІ ст. задушыў у Полацку паганскую рэакцыю – і канчаткова сьцьвердзіў Полацкае Княства як хрысьціянскую дзяржаву.
Міндоўг, заснавальнік ВКЛ ХІІІ ст., заставаўся паганцам усё сваё жыцьцё, прымаючы то праваслаўе, то каталіцтва як палітычныя праекты – і празь 500 гадоў Вялікая Літва пацярпела паразу праз палітызацыю рэлігіі й страту хрысьціянскага духу.
Камуністы Расейскай імпэрыі, сабраўшыся ў Беларусі перад пачаткам ХХ ст. для ўтварэньня антыхрысьціянскай партыі, у 1917 г. абвясьцілі на 1\6 часцы сушы атэістычную імпэрыю, якая за некалькі дзесяцігодзьдзяў ператварылася ў глябальны паганскі культ Маркса – Леніна – Сталіна, пашыраны на паў-сьвету, – для таго, каб тут жа, у Беларусі, з крахам СССР чырвоныя ідалы самае крывавае за ўсю гісторыю чалавецтва рэлігіі былі скрышаныя.
Як і Ізраіль, спакушаны пакланеньнем Малоху й Ваалу, Беларусь увесьчас дужалася зь перажыткамі культу Рода й Перуна ў розных абліччах, ад прымхаў і забабонаў да фанатычнага рэлігійнага абрадавер’я. Беларусь змагалася з формай, якая пагражала паглынуць зьмест – і зноў, зноў ясьнела падчас духовых абуджэньняў.
Першае паўтысячагодзьдзе хрысьціянскія агмяні ўспыхвалі ў беларускіх гарадох, толькі водсьветамі азараючы паганскую сьвядомасьць вёскі, дзе яшчэ доўга закладвалі ў падмурак дома жывое немаўля. Па-над Беларусьсю разьвідняла павольна. Але залатое XVI стагодзьдзе з Рэфармацыяй, уздымам і каталіцтва, і праваслаўя, з утварэньнем вуніі, нарэшце расьсеяла цемру на ўсім беларускім абшары. Інтуітыўнае імкненьне да Бога, неўсьвядомленая прага звышнатуральнага, у прымітыўных першабытных грамадзтвах зьведзеныя да прыдумваньня сабе бостваў й пакланеньня зьявам прыроды, саступілі яснаму адчуваньню Бога па-над сабой і веры ў Ісуса Хрыста.
Ва ўсёй сусьветнай гісторыі Беларусь застанецца найлепшым узорам мірнага, амаль бяскроўнага “асваеньня” паганскага субстрату хрысьціянствам. Ісус Хрыстос увайшоў у душы беларусаў, і гэтак жа ў даты й абрады сьвятаў увайшоў хрысьціянскі сэнс: “Палонім усякую задуму ў паслушнасьць Хрысту”. (ІІ Да Карыньцянаў 10:5) Дзяды, Каляды, Радуніца й нават Вялікдзень, колішнія паганскія гульбішчы, ператварыліся ў нацыянальна афарбаваныя хрысьціянскія абрады.
На жаль, спаганіць гэтае вялікае дасягненьне вельмі лёгка: варта толькі аддацца зьнешнім эфэктам.
Што ж насамрэч засталося ад старажытнага паганства ў Беларусі? Купальле з паленьнем вогнішчаў і вірам юру, грамнічныя знакі – колы на дахах, дзе ладзяць гнёзды буслы, рытуальныя шэпты й шаманскія танцы ў глухіх палескіх вёсачках – ды жаданьне сяго-таго зь сёньняшніх дзеячаў нацыянальнага руху зграмазьдзіць зь міфічных ярылаў, сварогаў, вялесаў, цёцяў, лёляў, лесуноў, дамавікоў ды іншых перуноў пантэон духовага Адраджэньня.
Як старажытныя паганцы верылі ў ідалішчаў, так і сёньня народы пакланяюцца грошам, догмам і тэлезоркам. Разбэшчанасьць, спажывецкая псыхалёгія, эгаізм – паганства сёньнішняга дня.
ХХ стагодзьдзе дало пачатак плянэтарным нэапаганскім ідэалёгіям, ад бальшавізму й фашызму да “Аум Сінрыкё” і “Нью Эйдж”. Для ўсіх іх хрысьціянская Беларусь, пераможца паганства, была выклікам.
Паганства прагне рэваншу, і прагне менавіта тут, у Сэрцы Эўропы. Але язычніцкія элемэнты ў сучасным беларускім руху, усе гэтыя акультныя традыцыі, “абярогі” й арнамэнтальныя свастыкі насамрэч знакуюць зьнішчэньне беларускасьці. Яшчэ больш сур’ёзнай небясьпекай для нацыянальнага адраджэньня зьяўляюцца схаваная ў тоўшчах масавае сьвядомасьці квазірэлігійнасьць: уся гэтая астралёгія з гараскопамі, разгул постмадэрнавага цынізму, таталітарныя сэкты, і, у рэшце рэшт, пакланеньне чалавеку, урачыста задрапіраванае пад гуманізм.
Паганства – гэтым словам усё сказана.
“Бо досыць, што вы ў мінулым часе жыцьця чынілі волю паганскую, аддаючыся нечысьці, пажадзе, п’янству, лішніцы ў ежы й пітве, і недарэчнаму ідаласлужэньню”! (І Пятра 4:3)
Так і хочацца падхапіць легендарны хіт зь “Няўлоўных мсьціўцаў”:
Пагоня, пагоня, пагоня, пагоня
Ў гарачай крыві!
Бо ў беларусаў Пагоня сапраўды ў крыві.
“Пагоня” – адзін з галоўных беларускіх сымбаляў. Вершнік зь мячом ляціць наўздагон захопнікам. Герб “Пагоня” – трэцяя іпастась беларускай Тройцы. Рух, імкненьне, ідэал волі й рашучасьці, вобраз духовага пачатку. Сымбаль Духа!
“Пагоня” раскрэсьлівае гісторыю Беларусі, быццам гербавы шчыт, на стагодзьдзі дзяржаўнасьці. У 1293 г. яна зацьвярджаецца як герб ВКЛ: паводле Густынскага летапісу, князь Віцень “нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему княжеству печать: рыцер збройны на коне с мечем, еже ныне наречут Погоня”. 500 гадоў “Пагоня” была дзяржаўным гербам Вялікага Княства, і толькі ў 1795 г., з апошнім разборам Рэчы Паспалітай, была зьмененая двухгаловым расейскім арлом. Празь 200 гадоў, напрыканцы 1991-га, з абвешчаньнем Рэспублікі Беларусь, “Пагоня” зноў займае варту ля ўваходаў ува ўсе афіцыйныя ўстановы – але ў 1995-м адмяняецца Лукашэнкам і застаецца значкамі адно на грудзях у адраджэнцаў.
“Пагоня” абавязкова вернецца – бо ў гэтым яе сэнс.
Усе сем стагодзьдзяў “Пагоня” была эквівалентам вяртаньня, аднаўленьня, адраджэньня, справядлівасьці й свабоды. “Рыцар збройны на кані”. Шчыт з крыжам. Моцная й прыгожая сіла ў змаганьні са злом. Пагоня як вагонь – палае, гоніць, даганяе, дасягае, перамагае!
Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах –
Успомню Вострую Браму сьвятую
І ваякаў на грозных канях…
“Пагоня”, народнае рушаньне, адпор татарам, крыжакам, маскалям зьявілася ў гісторыі разам зь Беларусьсю. “Пагоня” была гербам Полацка й Новагародка; яна ж, як пячатка, зацьвердзіла беларускасьць ВКЛ. Велікакняскія прывілеі – “Пагоня”. Дакумэнты Літоўскае мэтрыкі – “Пагоня”. Усе тры Статуты – “Пагоня”!
“Пагоня” – беларускі адказ на акупацыі. Ваяры Вітаўта пад Грунвальдам, лятучыя гусары Хадкевіча, коньніца паўстанцаў Касьцюшкі й Каліноўскага – усё гэта была пагоня. Нашаніўцы, беларуская нацыянальная партызанка й Народны Фронт канца XX ст зьбіраліся як пагоня й падымалі “Пагоню” на харугвы.
У “Пагоні” зашыфраваны і бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста. У сярэднявечнай Эўропе штандары рабілі зь гербаў: колер выявы – верхняй паласой, колер тла – сярэдняй, шчыта – ніжняй.
“Пагоня” – наш сымбаль перамогі: беларус на кані!
“Пагоня” – знак беларускай місіі: рушаньне супраць цемры, прыгнёту, нянавісьці й рабства.
ПАГОНЯ, быццам пераможны крык, які таіўся вякамі, вырываецца з грудзей беларуса з кожным абуджэньнем. І тады імклівы вершнік “Пагоні” зь біблійнага Адкрыцьця ўстае на дыбкі! “Я зірнуў, і вось конь белы, і на ім вершнік, які меў лук, дадзены яму быў вянок, і выйшаў ён як пераможны й каб перамагчы” (Адкрыцьцё 6:2).
У гэтым месцы ўжо чуецца, чуецца грукат капытоў:
У белай пене праносяцца коні
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць,
Не спыніць,
Не стрымаць!
Белая бажніца на беразе Дзьвіны. Дзьве ажурныя вежы, ансамбль ветразяў, што вядуць скрозь гісторыю цэлы горад-карабель. Узмах белых крылаў, які злучае зямлю зь нябёсамі… Полацкай Сафіі няма роўных сярод усіх пазнавальных і ёмістых відарысаў Беларусі.
Полацкая Сафія – галоўны храм Беларусі.
Пабудаваная ў сярэдзіне ХІ ст. як сэрца нашай першай сталіцы, яна на ўсё наступнае тысячагодзьдзе стала сымбалем беларускай незалежнасьці й духовай велічы. Уласьцівыя усім фэномэнам, сабраным пад гэтай вокладкай, сьветлыя й пранізьлівыя рысы, быццам у яркай успышцы, сфакусаваныя ў цудзе Сьвятое Сафіі. Велічны храм, Сафійскі сабор паставіў Полацк у адзіны шэраг з галоўнымі хрысьціянскімі цэнтрамі таго часу. Больш таго – ён зрабіўся цэнтрам нацыянальнай крышталізацыі. Катэдра полацкай праваслаўнай епархіі XI-XVI стст. й вуніяцкая сьвятыня XVII-XIX стст. сымбалічна сплавіла ўвадно Ўсход і Захад сусьветнага хрысьціянства. Узьведзеная ў 1044-1066 гг., Сафія сталася беларускім адказам на раскол усяленскай царквы ў 1054 г. Адгэтуль яна будзе яднаць у пабожным шанаваньні і праваслаўных, і каталікоў – і на 200 гадоў зробіцца цэнтральным храмам грэка-каталіцкай вуніі.
У Полацкім саборы адбываліся галоўныя урачыстыя цырымоніі. Ля сабора зьбіралася веча. Тут утрымлівалася бібліятэка. Храм быў сарцавінай і духоўнага, і грамадзкага, і палітычнага жыцьця, і асьветы, і культуры цягам стагодзьдзяў.
Храм-крэпасьць у Старым Запавеце гісторыі, пасьля перабудовы ў 1738-50 гг. намаганьнямі геніяльнага Глаўбіца яна стала храмам-постацьцю, увасабленьнем сьветліні й узьнёсласьці Новага Запавету. Грандыёзнае ператварылася ў грацыёзнае.
Полацкая Сафія, полацкая Мудрасьць! Тут маліліся Ўсяслаў Чарадзей і Эўфрасіньня, Францыск Скарына й Леў Сапега, тут вырашаліся лёсы Полацкага княства й вуніяцкай царквы… Дзесьці тут, у багавейным маўчаньні, у таемных шэптах рэха, у гуках аргану можна прачуць усю глыбіню містычных акордаў беларускай гісторыі.
Лёс Полацкай Сафіі канцэнтруе ў сабе і драму самой Беларусі. Духовы подзьвіг. Аблогі. Разбурэньні. Перабудовы. Перадача ад праваслаўных да вуніятаў і наадварот. Разьня Пятра І перад алтаром. Выбух парахавых складаў, зробленых у храме расейскім войскам. Захоўваньне крыжу Эўфрасіньні Полацкай. Музэй і канцэртная заля ў савецкія часы…
Калі глядзіш на гэтае бліскучае віленскае барока, збудаванае на падмурках яшчэ таго храму ХІ ст., на гэты паветраны й сьветлы шэдэўр – ты бачыш само беларускае ўваскрасеньне. Чысты, ясны, захапляючы вобраз. Да Сафіі падыходзіш, як да праведніка ў белым, як да старца-мудраца, як да апостала.
Храм-анёл удзень, храм-сьвяча ўначы, Сафія – ясны нацыянальны арыентыр, пастаўлены ў полацкім пачатку каардынатаў.
Праваслаўе – адзін з трох асноўных элемэнтаў беларускага хрысьціянства. “Правільна славіць Бога”, “праўда” і “слава”, права і слова, перададзеныя праз славянства – вось як расшыфроўваецца зь беларускай праваслаўе.
“Бо слова Гасподняе – правае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя”. (Псальмы 32:4)
І як у чалавечым мозгу правае паўшар’е адказвае за пачуцьці, вобразнае мысьленьне, інтуіцыю, архетыпы – так і праваслаўе (усход на мапах справа) увасобіла ў фэнамэнальным беларускім сынтэзе пачуцьцёвую духовасьць, узвышаную вобразнасьць, сымбаль, канон і традыцыю.
Агаворымся адразу: гэта беларускае праваслаўе. Просьба ня блытаць з РПЦ.
Беларускае праваслаўе – зьява гістарычна, рэлігійна і сьветапоглядна іншая, чым маскоўская артадаксія. Сутнасна іншая! Беларускае праваслаўе дэмакратычнае, жывое, талерантнае, заўжды адрозьнівалася ад маскоўскага цемрашальства, дэспатызму й догмы, выпаленай калёным жалезьзем. Натхнёная беларускай ласкавасьцю й цярплівасьцю, каталіцкай лёгікай і гармоніяй, гарачынёй і прагматычнасьцю пратэстанства, наша праваслаўная царква, называная ў Расеі “літоўскай схізмай”, была тым хрысьціянствам на ўзыходзе сонца, якога нам сёньня так не стае ў шматлікіх беларускіх прыходах Маскоўскага патрыярхату.
Пачынаючы з адраджэньня XII стагодзьдзя, з эпохі Эўрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага й Кліма Смаляціча, Беларусь была жыцьцёва важным цэнтрам сусьветнага праваслаўя ва Ўсходняй Эўропе. Ад мангола-татарскага нашэсьця й заняпаду Кіева да краху Канстаньцінопаля менавіта незалежная, чыстая Белая Русь непарыўна захоўвала й разьвівала сакральнае сьвятло праваслаўнай традыцыі. Не падступнасьць і фарысейства, перанятае ад Бізантыі Маскоўшчынай, а духмяную раскошу рытуалу й патрыстыкі, мастацкую глыбіню й пышнасьць патасу, насычаную пернай усходняй спэцыфікай. І менавіта беларускаму праваслаўю давялося адстойваць гэтыя багацьці перад драпежным цэзарысцкім “Трэцім Рымам”.
Беларускае праваслаўе, тэктанічная аснова канфэсоніму “Беларусь” у складзе ВКЛ – айчына князя Альгерда й Андрэя Полацкага, Канстаньціна Астроскага й Мялета Сматрыцкага, Афанасія Філіповіча й Пятра Магілы, сярэднявечных гарадскіх брацтваў, цудоўных храмаў полацкай Сафіі, гарадзенскай Каложы, віцебскага Дабравешчаньня й магілёўскай Мікалаеўскай царквы, унікальнага іканапісу й бліскучай тэалягічнай літаратуры на беларускай, царкоўна-славянскай, польскай, расейскай, грэцкай і лаціне. Беларускае праваслаўе абараняла нацыянальную і духовую ідэнтычнасьць і ад заходніх, і ад усходніх пагрозаў самастойнымі мітраполіямі, царкоўнымі рэформамі й магутным грамадзкім рухам месьцічаў. Але вунія, казацкія бунты й падпарадкаванне ўсіх усходнеславянскіх цэркваў напрыканцы XVII ст. Маскве прадвызначылі крывавы закат нашай 700-гадовая правае славы й на стагодзьдзі пагрузілі наш Усход у рабства імпэрыі.
З тае пары ў Беларусі час ад часу плачуць абразы.
Праваслаўе нельга абвінавачваць у здрадзе Беларусі. Бо гэта праваслаўе напоўніла Беларусь эвангельскім Словам з грэцкіх першакрыніцаў. Гэта праваслаўе надало беларускай узьнёсласьці важкай формы, вытанчанасьці, урачыстага аб’ёму. Гэта праваслаўе на паўтысячагодзьдзя зрабіла нашу краіну эпіцэнтрам усяе царкоўнаславянскае цывілізацыі. Кірылічнае пісьмо, прызнаньне БНР патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Ціханам у 1918 г., 1200 прыходаў зь мільёнамі вернікамі – вось толькі некалькі фундамэнтальных сьведчаньняў выключнай важнасьці праваслаўнага пытаньня для Беларусі.
А Беларусь для праваслаўя – гэта нешта і яшчэ большае.
Беларусь зьявіла сьвету народнае, талерантнае, адкрытае праваслаўе XII-XVI стст. – ідэал сёньняшніх дзён.
Беларусь 1000 гадоў зьмякчала сабой строгі ўсходні абрад і штораз асьвяжала адчуваньне сястрынскае блізіні з заходнім хрысьціянствам.
Беларусь падаравала Царкве Эўфрасіньню Полацкую, Кірылу Тураўскага, мітрапаліта й багаслова Сільвестра Косава, які рэфармаваў праваслаўе ВКЛ і Польшчы, Пятра Магілу, чыё “Праваслаўнае спавяданьне веры” было прынятае як афіцыйная дактрына сусьветнага праваслаўя, мітрапаліта Мельхісэдэка, што супрацьстаяў бальшавізму ў 20-х гг. XX ст…
Нарэшце, менавіта праз праваслаўе Беларусь ажыцьцяўляла сваю апостальскую місію на Ўсходзе – друкавала кнігі й пераклады, пашырала асьвету, навуку, адукацыю. Расейскія гістарыёграфы прызнаюць, што, напрыклад, у XVII ст. беларускі ўплыў ахапляў практычна ўсю сфэру духовага жыцьця Расеі: багаслоўе, карэкцыю Сьвятога Пісьма й службовага тэксту, казаньні, царкоўнае й хатняе пяяньне, ноты, правапіс, утрыманьне бібліятэкаў і нават кшталт вопраткі. Гіляры Рагалеўскі зь Меншчыны – архімандрыт у Маскве тых часоў, у Данскім Манастыры, а затым казанскі япіскап; Амброжы Юшкевіч зь Віленшчыны – япіскап Валагодзкі; Гедэон Вішнеўскі з Ашмяншчыны – рэктар Маскоўскай акадэміі й япіскап Смаленскі; Платон Петрушкевіч зь Віцебшчыны – япіскап Уладзімірскі… Дагэтуль, самай сьветлай плямай духовай гісторыі Расеі застаецца яна, праваслаўная Беларусь. Дагэтуль расейцы адчуваюць да гэтага месца інтуітыўную роднасьць. Вось адкуль карані праславутага братэрства!
Беларускае праваслаўе – гэта салідарнасьць веры й тысячагадовая сіла духу. Беларускае праваслаўе – гэта простасьць і шчырасьць правільных словаў. Беларускае праваслаўе – гэта сьветлыя храмы з паўсфэрычнымі купаламі, вострымі сьпічакамі й эўфрасіньнеўскім крыжам, а не запазычаньні з маскоўскімі “цыбулінамі” – горкімі пладамі акупацыі. Беларускае праваслаўе – гэта змаганьне за сваю беларускасьць.
Такое рэдкае зараз – але яшчэ не страчанае цалкам!
Цяпер, пасьля 300 гадоў правінцыйнае цемрадзі, у век праваслаўнага атэізму, сучасная Беларусь адчайна вымагае сьвятасьці, моцы й падзьвіжніцства Полацка ХІІ ст., Віцебска XIV ст., Магілёва XVІІ ст. Бо толькі адраджэньне сапраўднага беларускага праваслаўя – вольнага й слаўнага, што гучыць на роднай мове – здольнае ажывіць усю поўню веры, надзеі й любові ў хрысьціянскім сэрцы Эўропы.
“Праведны вераю жыць будзе!” (Да Рымлянаў 1:17) – з гэтым пратэстным лёзунгам Марціна Лютэра супраць папскіх індульгенцыяў у кастрычніку 1517 г. пачалася сусьветная пратэстанцкая рэвалюцыя. У гэтым жа 1517-м, у сталіцы гусіцкае Рэфармацыі Празе вялікі Францыск Скарына надрукаваў першыя кнігі Бібліі на беларускай мове – і стаў прадвесьнікам пратэстантызму для Беларусі.
Пратэстанцтва – пратэст супраць скажэньня Божай ісьціны, ускладненьня эвангельскай простасьці, засільля рэлігійнага фармалізму; пратэст, што вяртае чалавеку абсалют асабістай веры.
Пратэстанцтва – гэта пратэст супраць вечнага фарысейства й маральнага застою; той праведны ўнутраны пратэст, які рвецца з сэрца сярод усеагульнай абыякавасьці й кідае выклік самай прыгожай, велічнай і захапляючай бездуховасьці.
Пратэстанцтва аўтаматычна азначае прадпрымальнасьць, дух капіталізму й этыку посьпеху, на якіх трымаецца ўся эўраатлянтычная цывілізацыя. Пратэстанцтва – гэта 720 мільёнаў вернікаў ва ўсім сьвеце: ЗША, Нямеччыне, Ангельшчыне, Скандынавіі, Афрыцы, Паўднёвай Карэі…
Пратэстанцтва (ад лацінскага “protestans” – які публічна даказвае) цягам усяго Новага Запавету гісторыі Беларусі выконвала ролю сьвечкі запальваньня ў рухавіку нацыянальнага хрысьціянства. Кальвіністы XVI ст., баптысты й пяцідзесятнікі пачатку ХХ ст., эвангелісты на мяжы ІІ і ІІІ тысячагодзьдзяў у маладых і актыўных гарадзкіх асяродках ініцыявалі тыя ўспышкі, якія затым зараджалі энэргіяй, пераўтварэньняў і каталіцызм, і праваслаўе, і няверуючых у маштабах усяе краіны, і рабіліся сыгналем абуджэньня.
Менавіта пратэстанцкая Рэфармацыя XVI ст. сталася пачаткам новай эры ў гісторыі Беларусі. Пратэст веры супраць рэлігіі, зьместу супраць формы, жыватворнага Духа супраць зьмярцьвелае літары – прышэсьце Хрыста! – ствараў нацыю й потым штораз уваскрашаў яе пасьля пакутаў, ахвяраў і пахаваньняў. Новы Запавет, эпоха Эвангельля, прымушае нас ўважліва прааналізаваць беларускае пратэстанцтва як наймацнейшы хімічны элемэнт у рэакцыі нацыянальнага сынтэзу.
Адзін з прабацькоў эўрапейскага пратэстанцтва, паплечнік Яна Гуса Геранім Праскі, прапаведваў у ВКЛ яшчэ з дазволу й у прысутнасьці Вітаўта ў 1413 г. Роўна праз 150 гадоў, у 1553-м, з заявай Мікалая Радзівіла Чорнага ў Беларусі выбухнула кальвінская Рэфармацыя, што ахапіла магнацкую эліту, частку шляхты й мяшчанства. Сіла гэтага выбуху ўзбурыла і каталіцтва, і праваслаўе духовай рэвалюцыяй Залатога веку. На працягу XVIII-XIX стст., у эпоху вялікага ўпадку Беларусі, пратэстантамі заставаліся хіба нямецкія гандляры, швэдзкія жаўнеры й жменька шляхты. Але ўжо ў пачатку ХХ ст. на Берасьцейшчыне й у буйных гарадох Беларусі – у зоне колішняй кальвінскай Рэфармацыі! – лічы, зьніадкуль узьніклі сотні грамадаў баптыстаў і пяцідзесятнікаў. Гэтак жа й беларускае адраджэньне пасьля развалу СССР суправаджалася бурлівым аднаўленьнем эвангельскіх цэркваў: па колькасьці прыходаў (больш за 1000 зарэгістраваных) пратэстанты ўжо сёньня ўдвая апераджаюць каталіцкі касьцёл і канкуруюць з праваслаўем.
Беларускае пратэстанцтва дала сьвету элітарную ўспышку Рэфармацыі ў XVI ст. (самы глыбокі кальвінісцкі прарыў на Ўсход), “Берасьцейскую Біблію” Мікалая Радзівіла, бліскучую публіцыстыку Андрэя Воляна, паэзію Андрэя Рымшы й Саламона Рысінскага, Слуцкую гімназію, адну зь лепшых у тагачаснай Эўропе эвангельскіх школаў, уплыў рэфарматаў на праваслаўную царкву цягам XVI-XVII стст., найбуйнейшую ва Ўсходняй Эўропе царкву Лукаша Дзёкуць-Малея ў Берасьці на пачатку ХХ ст., гераічных “баптыстаў-антысаветчыкаў” пасьляваеннае Беларусі, знакамітую “Біблію” Яна Станкевіча, і факт рэкорднага росту хрысьціянскіх суполак падчас рэлігійнага рэнэсансу з крахам СССР. Беларусь гістарычна заняла нішу пратэстанцкага агменю Ўсходняй Эўропы – місіянерскага цэнтру, што рассыпаў снапы іскраў у Расеі, Украіне, Польшчы. Друк Скарыны, радзівілаўская Біблія, “Катэхізм” Буднага прызначаліся для ўсяго агромністага рэгіёну. Беларускае пратэстанцтва ажыўляла закамянелую ўсходнюю традыцыю й расплаўляла нясучыя канструкцыі заходняга прагматызму палкай і дзейснай верай.
Эвангельская вера вызваліла ў сэрцы Эўропы найчысьцейшай вады простасьць і шчырасьць, рэлігійнае натхненьне, сьціпласьць у зьнешніх праявах і ўнутраную моц духу. Таму беларускія пратэстанты – зьява наколькі яркая, настолькі й натуральная.
І хаця зараз атэістаў, агностыкаў ды й вернікаў іншых канфесіяў палохае ў эвангеліках моцная пасыянарнасьць і пурытанскі максымалізм, пратэстанцтва – веравызнаньне для Беларусі такое ж традыцыйнае, як праваслаўе, каталіцызм або вунія.
Пратэстанцтва дагэтуль – самая актыўная й дынамічная частка ў тройцы беларускага хрысьціянства. Зараз моладзь, інтэлігенцыя, прадпрымальнікі выбіраюць пратэстанцтва як найбольш сучасную й эфэктыўную форму веры – тэхналягічную, ініцыятыўную й тым жа часам простую ва ўмовах супярэчлівай і сумятлівай постмадэрнісцкай цывілізацыі. Таму беларусізацыя пратэстанцтва – найважнейшая задача нацыянальнай ідэі сёньня. Як і ў XVI ст., глыбокі духовы сон Беларусі патрабуе новага хрысьціянскага паўстаньня. Рэвалюцыі ў эпоху разлажэньня спажывецкага грамадзтва, панаваньня інтэрнэту й глябалізацыі. Сапраўднага, сьвятога пратэсту, які мкнецца з глыбіні абуджанай душы: “Усупраціўцеся д’яблу, і ўцячэ ад вас”! (Якава, 4:7)
“У цішы над Зямлёй
У эфіры начным
Голас чысты гучыць
Так пяе херувім:
Авэ, Марыя, грацыя плена…
Авэ, Марыя, грацыя плена!…”
“І Слова стала целам, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды.” ( Яна, 1:14)
Нараджэньне Ісуса Хрыста – пачатак, ад якога адлічваецца Наша эра. Мы жывем ужо ў 2005 годзе ад нараджэньня Хрыстова. Днём Яго народзінаў задаецца ўся сыстэма каардынатаў сусьветнай гісторыі. З нараджэньнем Хрыста павялічваецца дзень і пачынаецца новы каляндарны год. Сярод цемрадзі й холаду, у самае глыбіні начы, у сьнягох, пад зоркамі нараджаецца сьвятло Ісьціны й Любові. Збаўца Сьвету, наш Госпад – нараджаецца маленькім мілым дзіцём, у бедных ясельках, такім пяшчотным і безабаронным, як трапяткі агеньчык сьвечкі…
“Народ, што сядзеў у цемры, убачыў Сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне цені й сьмерці, зазьзяла сьвятло.” (Мацьвея, 4:16)
Сама Беларусь – гэта зыркая бэтлеемская зорачка на небасхіле сьвету.
Беларусь – унікальнае месца, дзе за два тыдні ўсенародна адзначаецца Раство сусьветнае, надыход Новага года і Раство праваслаўнае – як адзінае, непарыўнае, грандыёзнае Сьвята. Беларусь зноў яднае ўсе канфэсіі, традыцыі й сучаснасьць – так, як усе народы на ўсе часы аб’яднала само нараджэньне Ісуса Хрыста.
Хрыстос нарадзіўся!
Як казаў Аўгусьцін, “Бог учалавечыўся, каб мы абажаствіліся”.
Ва ўцелаўленьні Ісуса Хрыста, вялікай таямніцы Божай, тоіцца вялікае адкрыцьцё беларускай нацыянальнай ідэі. Нараджэньне Хрыста ў людзкіх душах цягам тысячагодзьдзя нашае гісторыіі фармавала гэтую краіну й гэты народ. Нараджэньне Хрыста сярод цемры й галечы, на заезным двары сусьвету дае нам адчуць увесь боль, усе цярпеньні й родавыя пакуты Беларусі, маленькага Бэтлеему нашае плянэты.
“Там, дзе сосны шумяць,
Там, дзе хмары бягуць,
Хай гучыць над зямлёй
Над Радзімай маёй:
Авэ, Марыя, грацыя плена…
Авэ, Марыя, грацыя плена!..”
(Зянон Пазьняк)
Быццам Марыя, Маці Божая, беззаганная Дзева – якое кранальнае, прыгожае, якое натхнёнае яе аблічча ў касьцёлах! – Беларусь, чыстая й сьветлая, нараджала Хрыста ў сэрцы Эўропы.
Ave Maria! Ave Belarus!
Вось дзе яно тоіцца першаснае й сапраўднае пачуцьцё Беларусі. Сьвяты вечар, завяршэньне посту адвэнту, агеньчыкі ў цемры, іскры сьняжынак у шэпце мігценьня, зьзяньне ціхае радасьці… Быццам камэртон, калядныя бомікі бяруць у душы ноткі найвышэйшага шчасьця. Падрахоўваеш вынікі году, сустракаеш будучыню, молісься й чакаеш. Чакаеш нараджэньня Бога.
Гэта вельмі беларускі настрой. Гэта нацыянальны цуд. Цуд на Каляды.
З Раства Хрыстова ў Беларусі пачынаецца Новы год і новае жыцьцё.
Таму Беларусь штораз замірае ад ціхага шчасьця, калі чуе:
“Хрыстос нарадзіўся!”.
Беларусь – месца сустрэчы хрысьціянскіх канфэсіяў.
Разыходзіліся, расколваліся, разьдзяляліся паўсюль – у Рыме, Канстаньцінопалі, Маскве, Вітэнбэргу, Трыдэнцы. Але сустракацца прыйшлі ў Беларусь.
Гэта тое, што называецца месца сустрэчы нельга зьмяніць.
Беларусь так і пачыналася – з сустрэчы заходняга й усходняга абрадаў хрысьціянства ў X стагодзьдзі. Торвальд Вандроўнік і біскуп Рэйнбэрн, Рагнеда й Ізяслаў, нямецкія місіянеры й бізантыйскія манахі праз 1000 гадоў ад нараджэньня Хрыста й за 1000 гадоў да нашага нараджэньня прапаведвалі менавіта тут, у сэрцы Эўропы. ВКЛ з моманту стварэньня яднала памежжа каталіцызму й праваслаўя, а з прыходам Рэфармацыі канчаткова сфармавала месца сустрэчы. Нацыю сустрэчы. Залаты век сустрэчы.
“Бо дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там і Я сярод іх”, – кажа Ісус (Мацьвея 18:20). Вось ён, найвышэйшы сэнс беларускага сынтэзу! Тады, калі ў Беларусі сустракаліся са шчыраю вераю дзьве ці тры канфэсіі – тады зьяўляўся Бог.
Афіцыйная сустрэча перарастала ў сяброўскую бяседу, рабілася сходам братоў, домам малітвы, месцам дыспуту і круглым сталом для супэрнікаў. Але ўсе яны прыходзілі ў Беларусь як дахаты. Ёсьць у сьвеце такія месцы.
Пагадзіцеся: большасьць праблемаў у нас зьяўляецца ад таго, што не сустрэліся, не паглядзелі адзін аднаму ў вочы, і тады з куткоў, з падвалінаў завочнага зла распаўзаецца д’ябальскае адчуджэньне, нецярпімасьць, нянавісьць.
Беларусь: трэба часьцей сустракацца!
На цэнтральнай плошчы ў беларускім мястэчку праваслаўная царква, каталіцкі касьцёл і эвангельскі збор прыязна глядзяць у вокны адзін аднаму: нарэшце сустрэліся! Бывае, што на такой сустрэчы ў якасьці назіральнікаў прысутнічаюць і сынагога, і мячэт, і нават помнік Леніну.
Беларускае праваслаўе, куды больш сьветлае й жывое за маскоўскае, наша каталіцтва (не каталіцызм!) не па-заходняму цёплае й цярпімае, ды й пратэстанцтва тут не такое ўжо катэгарычна пратэстнае. Беларуская талеранцыя, мяккасьць, натхнёная ўзвышанасьць, цяга да слова як сродку размовы й паразуменьня, самаадданасьць і міжмоўе здольныя прымірыць, паглынуць і распусьціць у наскім растворы любові нават сусьветную міжканфэсійную нецярпімасьць.
Беларусь – агульначалавечы форум хрысьціянства. Арэна. Асамблея. Сумежжа. Сумоўе. Зваротны эфэкт гэтага глябальнага фэномэну ў тым, што праз канфэсійны сынтэз Беларусі адкрываецца ўвесь сьвет: каталіцкі Захад, праваслаўны Ўсход, архіпэлягі пратэстанцкіх Штатаў, паўночнае Эўропы, Азіі. Беларусь – натуральны фокус хрысьціянскае айкумены. Так Палестына, радзіма трох рэлігіяў, сталася цэнтрам цяжару для ўсяго чалавецтва.
Талеранцыя. Вунія. Унікальны іканапіс. Барока… Беларускія цуды сустрэчы канфэсіяў! Эўфрасіньня Полацкая – сьвятая, агульная і для праваслаўных, і для каталікоў. Жыровічы ды Полацкая Сафія ў роўнай ступені належаць Усходу і Захаду. Ікона Маці Божай Вастрабрамскай шанаваная і ў каталікоў, і ў вуніятаў, і ў праваслаўных. Нарэшце, Скарына аднолькава належыць і беларускаму праваслаўю, і касьцёлу, і Рэфармацыі.
Сустрэчы канфэсіяў, беларускай любові і еднасьці – гэта крэда Скарыны. Кім быў паводле канфэсійнай прыналежнасьці найвялікшы беларус? – сотні дасьледчыкаў ня могуць даць рады. Усё проста: Францыск Скарына – хрысьціянін у першазначэньні. Леў Сапега, кальвініст зь дзяцінства, праваслаўны ў маладосьці, стаў каталіком у старасьці. Язэп Руцкі, з рэфармацкага роду – праваслаўны, а потым – вуніят. Непрымірымы лідэр праваслаўя Мялет Сматрыцкі ўрэшце рэшт прыняў вунію, а вуніяцкі манах-базыльянін Сімяон Полацкі стаў галоўным асьветнікам маскоўскага праваслаўя.
“Беларусь – краіна найперш хрысьціянская, а потым ужо праваслаўная, каталіцкая, вуніяцкая… Нас аб’ядноўвае крыж.” – піша знакаміты дасьледчык беларускага сынтэзу Адам Мальдзіс.
Божай ласкай беларусы, мудрыя, спакойныя, лагодныя, маюць сілу спалучыць, прымірыць, зьвесьці да сумоўя й адзінства хрысьціянаў усёй Эўропы – так, як запаведваў у малітве Ісус Хрыстос : “Хай будзе ўсё адзінае: як Ты, Войча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіныя – каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне, і славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіныя. Я ў іх, і Ты ўва Мне; хай будуць паяднаныя ў адно, і хай уведае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне”. (Яна 17:21 – 23)
Беларусь як сэрца зьмяшчае ў сабе ўсю поўню хрысьціянства. Беларусь як крыніца распушчае ўсе супярэчнасьці, асьвяжае й наталяе ўсе канфэсіі. Беларусь як сьвятло надае яркасьці й бляску духовым скарбам чалавецтва.
Выкшталцоная лёгіка й рацыя каталіцтва, містыка й узвышанасьць праваслаўя, пратэстанцкая простасьць і прага абнаўленьня – у сапраўдным беларускім хрысьціянстве сышлася ўся поўня вучэньня Ісуса Хрыста, расьсеяная за 2000 гадоў па ўсім сьвеце. Поўня дактрыны. Поўня Духу. Поўня Шляху, Ісьціны й Жыцьця.
Бо Беларусь, сьледам за сьвятым Аўгусьцінам, паўтарае сьвету:
У галоўным – адзінства,
У спрэчным – свабода,
А ва ўсім – любоў!
— Мы, беларусы, мірныя людзі…
Мы, беларусы, сапраўды вельмі талерантныя. Гэта факт. Беларус пазьбегне канфлікту, сьцерпіць, прабачыцца ў 99 % выпадкаў.
Беларусы ўнікаюць любое рэзкасьці, катэгарычнасьці, радыкалізму. Беларус-расіст, беларус-нацыяналіст, беларус-фанатык – гэта проста нонсэнс. Талеранцыя, асноватворная якасьць беларускага нацыянальнага характару, спароджаная сумежжам, міжмоўем і хрысьціянствам, адпачатку была пакліканая прымірыць Захад з Усходам, праваслаўе з каталіцтвам, Эўропу з Расеяй. Як талер – адзінка вымярэньня багацьця беларускай гісторыі, так і талеранцыя – базавая нацыянальная каштоўнасьць. Сама прычына талерантнасьці вырастае з глыбіняў беларускага мэнталітэту: першапачаткова, у перакладзе з лаціны, талеранцыя значыць “цярпеньне”.
Увесь тэмпэрамэнт Беларусі – умераны клімат, мяккі рэльеф, поўня водаў, якая распушчае любую ёдкасьць ды горыч, цішыня лясоў і сьціплая, сьветлая, ласкавая прырода – сьведчаньне арганічнасьці беларускай талеранцыі.
У Беларусі, у адрозьненьне ад заходняй інквізыцыі й маскоўскіх ведаўскіх справаў, практычна адсутнічалі праявы рэлігійнай нецярпімасьці. Беларусы не рабілі габрэйскіх пагромаў. Татары, стараверы, караімы, пратэстанты, гнаныя ў сваіх краінах, заўжды знаходзілі ў Беларусі прытулак. Нават у суворым Сярэднявеччы беларускі закон Статуту гарантаваў іншаверцам, прыхадням і палітэмігрантам стаўленьне самае паважнае й лагоднае.
У XVI ст. Беларусь робіцца галоўным эўрапейскім экспарцёрам талеранцыі. Прапісаная ў трох Статутах, беларуская талеранцыя мяняе Расею, Украіну, Польшчу, Прыбалтыку, Вугоршчыну, Малдову… Нават караля Францыі Генрыка Валуа ў 1574-75 гг. (эпоха Варфаламееўскае ночы!) эліта ВКЛ вымусіла падпісаць славутыя “Генрыкаўскія артыкулы” аб верацярпімасьці, чым выратавала жыцьці многіх іншаверцаў на Захадзе.
Першасная, глыбінная й галоўная прычына беларускай талеранцыі – любоў. “Палюбі Госпада Бога твайго ўсёй душою, усім сэрцам, усімі сіламі тваімі, а блізкага твайго – як самога сябе (Мацьвея 22:37). Запавет Хрыста, дадзены беларусам звыш – аснова любові і да суседзяў, і да няпрошаных гасьцей, і да ворагаў. Тае любові, якая не памятае зла й аддае сябе бяз рэшты.
Ступень беларускага альтруізму дагэтуль можа выклікаць шок.
Беларус мае вінаваты выраз твару й паўсюль гатовы прабачыцца – бо заўжды ж нешта ня так, то даруйце… Беларус паводзіць сябе пры сустрэчы, у спрэчках, у хаце, прымаючы гасьцей, выключна мякка, ухіліста й міралюбна. Стараецца згладзіць найдрабнейшыя шурпатасьці й акругліць наймалейшыя пралікі. Стварае цёплы, утульны мікраклімат згоды. Часам нават здаецца, што беларуская ўнікальнасьць – гэта ад слова ўнікаць.
Ласка. Міласэрнасьць. Самаахвярнасьць. Цярпімасьць. Стрыманасьць. Пакора перад Богам. Такой была беларуская талеранцыя ў ідэале.
Нажаль, у сучасным правале духовасьці на беларускай традыцыі талеранцыі паразытуюць і рабская псыхалёгія, і падбітасьць, і абыякавасьць. Толькі хрысьціянскае абуджэньне здольнае зноў прымусіць беларускую талеранцыю зайграць яскравым бляскам – такім, як у часы Залатога веку.
Бо на працягу стагодзьдзяў місія ў Расеі, Польшчы,Украіне або Ізраілі давалася беларусам мякка й натуралёва ў першую чаргу дзякуючы нацыянальнай здольнасьці прымаць людзей такімі, якія яны ёсьць, а затым – любові, якая робіць людзей лепш, чым яны ёсьць. Менавіта таму маскоўскую дэспатыю, польскую пыху, габрэйскую зацятасьць найбольш эфэктыўна ператварала знутры якраз беларуская талеранцыя.
Беларускія нацыянальныя героі – гэта героі беларускага сэрца. Гедзімін, які праславіўся сваёй цярпімасьцю й шанаваньнем традыцыі: “Старыны ня рухаем, навіны ня ўводзім”; Альгерд, што пашырыў дзяржаву дыпляматыяй, дынастычнымі шлюбамі й стратэгіяй пратэктаратаў; Вітаўт, які прыняў у ВКЛ, як родных, і габрэяў, і татараў, і гусітаў; Скарына, што пераклаў Біблію адразу для трох канфэсіяў; Жыгімонт Аўгуст зь ягоным віленскім прывілеем 1563 г. аб роўнасьці каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў у разгар рэлігійных войнаў у Эўропе; Леў Сапега са Статутам 1588 г. і знакамітым лістом Кунцэвічу – усё гэта вобразы вялікай беларускай талеранцыі.
Беларуская рахманасьць, памяркоўнасьць, ветлівасьць, інтэлігентнасьць, зычлівае стаўленьне да незнаёмцаў ды іншаземцаў – вытворныя вялікае беларускае талеранцыі. Сустрэчы канфэсіяў, культуровы сынтэз, мяккая й сьпеўная мова – адна зона вялікае й ўладарнае беларускае талеранцыі.
Талеранцыя скругляе беларуса, як талер. “Можа, яно і так…” – кажа беларус, ухіляючыся ад прамога сутыкненьня. Але ўсё-такі гне сваё, спалучае ласку з унутранай моцай і ў рэшце рэшт дамагаецца мінімум кампрамісу, а максымум – перамогі. Спосаб эфэктыўны: даўно вядома, што з усіх праяваў сілы людзі найбольш паважаюць стрыманасьць.
“Дэмакратыя”, “плюралізм”, “паліткарэктнасьць” – каштоўнасьці, сэнс і вага якіх да сучаснага сьвету даходзяць толькі зараз. У Беларусі ўсё гэта існавала ўжо тысячу гадоў, і называлася адным словам – талеранцыя.
Храм – ідэальная мадэль беларуса.
Храм – велічны вобраз Беларусі.
Храм – месца нараджэньня й адраджэньня беларускасьці.
Храм – гэта месца, дзе народ каецца, спавядаецца, хрысьціцца, прычашчаецца – і робіцца нацыяй. Багавейнае адчуваньне велічы Госпада ў цішы аграмадных заляў, дзе агеньчыкі сьвечак зьліваюцца з золатам абразоў, раптоўна, з хорам малітвы і гулам аргану, уздымае цябе па-над зямлёй, і дае пачуцьцё прысутнасьці Божае.
Храм – душа любога гораду.
Храм – тое, што найперш разбуралі заваёўнікі, спусташалі акупанты ўсіх масьцей і ўзрывалі бязбожнікі, каб зьнішчыць саму Беларусь. У Беларусі менавіта храму прызначаецца роля рэальнага эпіцэнтру жыцьця.
І праваслаўныя, алтаром на Ўсход, і каталіцкія – на Захад, і вуніяцкія – на Поўнач, і пратэстанцкія, як хоч – у Беларусі сыходзяцца разам, на адной плошчы, як у фокусе.
У самой Беларусі лёгка пазнаць найвялікшы сымбалізм, ціхую веліч і натхнёную сьветлыню, уласьцівыя храму.
У Беларусі кожны храм – гэта асоба. І, як чалавечае цела ёсьць храмам духу, так і сам храм выяўляе форму існаваньня нацыі: “Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?” (І Да Карыньцянаў 3:16). Стоячы перад беларускім храмам, ты глядзіш у твар самой Беларусі.
Калі вы ўваходзіце ў храм – вы ўваходзіце ў беларускую душу. Вялізную прастору з таемным водгульлем, прызначаную для шэптаў малітвы, хрысьціянскіх гімнаў і дзеяньня Духу Сьвятога.
Унікальныя беларускія храмы-крэпасьці ў Сынкавічах, Мураванцы, Супрасьлі, Камаях даюць нам поўнае ўяўленьне пра характар нацыянальнай духовасьці. Засяроджаны, моцны, з чатырма вежамі на ўсе бакі сьвету, са сьценамі скрозь у белых вокнах, што надаюць лёгкасьці й празрыстасьці ўсёй аграмадзе, са сьпічакамі й крыжамі, нацэленымі ў неба!
Храмы, найвышэйшыя постаці беларускае гісторыі, увасабляюць сабою эпохі нацыянальнага будаўніцтва. Полацкая Сафія, гарадзенская Каложа, віцебская Дабравешчанская царква, смаленскі Петрапаўлаўскі Сабор XII ст. – гістарычныя падмуркі Беларусі. Знакамітыя цэрквы-крэпасьці, Касьцёл Божага цела ў Нясьвіжы або Кальвінскі Збор у Заслаўі – ансамбаль Залатога веку. Віленскае барока, Сьвята-Духаў Сабор у Менску, Магілёўская Мікалаеўская царква, Чырвоны Касьцёл – манумэнты Новага Запавету Беларусі. Царква ў гонар абраза маці Божай “Усіх смуткуючых радасьць”, Лагойскі касьцёл, мадэрновыя пратэстанцкія дамы малітвы – дойлідзтва сучаснае беларускае дзяржаўнасьці.
Бел-чырвона-белая плінфа мураваных полацкіх цэркваў XII ст, немыя белыя вокны на тле чырвоных сьценаў, бялюткія з рудай дахоўкай эвангельскія зборы XVI ст, белыя й чырвоныя касьцёлы XX ст. – вось ён, нацыянальны архітэктурны стыль.
Як сам беларус, беларускі храм – узьнёслы, сьціплы й сьветлы. Мяккія, скругленыя, гарманічныя формы – і нястрымнае імкненьне да неба, увенчанае вастрыямі крыжоў. Стройныя, ладныя сылюэты зь вялікімі вокнамі-вачыма, быццам у малітве або на пропаведзі. Цярплівыя, сьветлыя й ветлыя, гасьцінныя, інтэлігентныя беларускія храмы – гэта проста сьпеў, гэта паэзія!
Беларусь – тысячагадовы Храм у сэрцы Эўропы.
Храм Божы, да якога прыходзілі спавядацца й каяцца ўсе канфэсіі. Храм, дзе сустрэліся Захад і Усход. Храм, у які зьбіраўся расьсеяны Ізраіль з выгнаньня. Храм, дзе ратаваліся й шукалі прытулку, які рабавалі й апаганьвалі. Храм, дзе штодня прыносілі ахвяры й дзе адбываліся таемствы Божыя. Храм, у цэнтры якога знаходзілася Кніга. Храм, што будуецца як крыж або як каўчэг, ёмішча асьветы, пісьменнасьці, выхаваньня й культуры са старажытнасьці. Храм, у якім жыло Слова Божае й асьвятляла душу да Боскае белі – і адкуль выходзілі людзі, поўныя веры й любові.
Храм для ўбогіх духам і для тых, што плачуць, для лагодных і міласэрных, для тых, хто прагне праўды й хто гнаны за яе, ганьбаваных і чыстых сэрцам.
“Гасподзь – у сьвятым Храме Сваім. Хай маўчыць уся зямля перад абліччам Яго!” (Аббакум 2:20).
Хрысьціянства – нацыятворчая сіла беларускай гісторыі й аснова беларускай нацыянальнай ідэі. Без Бібліі, веры ў Бога, без царквы немагчыма ані ўявіць сабе Беларусі, ані зразумець яе. Вось што маюць на ўвазе, калі кажуць: “Беларусь – хрысьціянская краіна”.
Беларуская гісторыя сутнасна хрысьціянская. Беларуская місія ў сьвеце – насьледваньне Хрысту й апосталам. Беларуская культура напоеная эвангельскім сьвятлом. Беларуская эўрапейскасьць зыходзіць з тысячагадовай рэлігійнай традыцыі. Большасьць беларускіх нацыянальных герояў – вернікі Ісуса Хрыста. Нарэшце, усю нацыянальную ідэю можна выразіць адной формулай: беларуская форма – хрысьціянскі зьмест.
Беларусь як духовы фэномэн сваім існаваньнем абавязана асабіста Ісусу Хрысту. Беларусь беларуская – гэта Беларусь хрысьціянская.
Беларусь стала вынікам пасьлядоўнае перамогі хрысьціянства над паганствам, фарысэйствам і атэізмам. Грунтаваная на вучэньні Хрыста сьвядомасьць спачатку змагалася тут зь першабытным ідалапаклонствам, потым з ваяўнічай жорсткасьцю Сярэднявечча, затым з аблудай гуманізму і, нарэшце, з таталітарнай ідэалёгіяй фашызму й камунізму. І менавіта моманты хрысьціянскага трыюмфу – Х і XII стагодзьдзі, XVI стагодзьдзе, пачатак і канец XX стагодзьдзя – зрабіліся пікамі найвышэйшага ўздыму Беларусі.
Беларускі мэнталітэт, працоўная этыка, сямейны лад, правасьвядомасьць былі сфармаваныя хрысьціянскім сумежжам: праваслаўем, каталіцтвам і пратэстанцтвам ва ўзаемным уплыве, канкурэнцыі й кампрамісах. Унікальнасьць беларускай сытуацыі, нашая моц і нашая слабасьць тлумачацца якраз звышскладанымі формуламі геапалітычнага хрысьціянскага сынтэзу ў самым сэрцы эўрапейскага кантынэнту.
Хрысьціянства і беларускасьць сумяшчальныя на ўсе 100%. Вера. Ахвярнасьць. Самаадданасьць. Пакорлівасьць. Міласэрнасьць. Служэньне. Праслаўленьне Бога й падстаўленьне шчакі. Усё гэта – тое, што ўвесь шалёны сёньняшні сьвет лічыць нерацыянальным, убогім і дзівацкім – пра Беларусь і для беларусаў. Малітоўна складзеныя далоні. Апушчаныя долу вочы. Жагнаньне. Адчайны шэпт. Сьлёзы пакаяньня. Натхненьне духу. Хор на высокіх нотах. Усё гэта – беларускае жыцьцё і беларускі крыж.
Пра значэньне хрысьціянства ў беларускай ідэі лепш за ўсё сьведчаць нацыянальныя сымбалі. Бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста. Гімн “Магутны Божа”. Вершнік “Пагоні” з крыжам на шчыце. Друк Сьвятога Пісьма. Статуты зь біблійнымі эпіграфамі. Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Сафійскі Сабор. Усяму сьветламу, сьвятому й высокаму на гэтай зямлі беларусы абавязаны хрысьціянству.
Ідэал напоўненай сьвятлом Беларусі апісаны ў Эвангельлі паводле Мацьвея (5:14-16), у словах, сказаных Ісусам першым хрысьціянам:
“Вы – сьвятло сьвету… Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі й ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах”.
Толькі абуджэньне хрысьціянства можа стаць дзеючай сілай сучаснага нацыянальнага адраджэньня. Толькі моцныя царкоўныя супольнасьці здольныя даць нам здаровае грамадзтва. Толькі Закон Божы гарантуе сумленную палітыку й суд. Толькі вера й любоў здольныя натхніць сёньняшні расчараваны, абыякавы, прыніжаны народ і зноў узьняць яго да сьвядомасьці нацыі.
Шматтысячныя эвангелізацыі на стадыёнах, паўсюдныя дамы малітвы, моцныя царкоўныя брацтвы, вывучэньне Бібліі з пачатковых клясаў школы – вось што такое беларускае хрысьціянства ІІІ тысячагодзьдзя.
Што для гэтага трэба рабіць?
Ісьці за Хрыстом. Верыць. Любіць.
У гэтым – зьмест хрысьціянства і сэнс Беларусі.
Беларусы ўсё жыцьцё цярпелі.
Цярплівасьць – адна з самых характэрных і самых лепшых беларускіх якасьцяў. Цярплівасьць, пакорлівасьць, трываласьць – велізарны патэнцыял нацыянальнай стоенай сілы й яе глыбокай, хрысьціянскай у сваёй аснове, духовасьці.
Беларусь на сваім геапалітычным крыжы цярпела пад страшнымі ўдарамі войнаў – з поўдня, поўначы, захаду, усходу. Скрываўленая, асуджаная на сьмерць, сьцярпела 200 гадоў паланізацыі й столькі ж – русыфікацыі. Ужо пахаваная, прайшла празь пекла – выцярпела бальшавізм, фашызм, Чарнобыль. Выцярпела, каб уваскрэснуць.
Беларусь цярпела як Хрыстос – на вачох ва ўсіх, пад зьдзекамі й кпінамі, моўчкі. Толькі зрэдчас малілася Богу, каб дараваў ворагам, бо ня ведаюць, што твораць.
Цярпеньне – функцыя нашай унутранай моцы. Паводле гэтага паказьніку беларусы прэтэндуюць на сусьветны рэкорд. Але гэта – усяго толькі цень ідэальнае пакоры перад Богам, закладзенае ў беларуса.
Беларуская цярплівасьць на роўных змагаецца з часам, кідае выклік вечнасьці. Беларуская цярплівасьць ціхая. Як боль, як і вера, як і любоў. Штодня сьцінаесься – толькі б вытрываць! – і так ад нараджэньня да сьмерці.
Таму беларус ня проста жыве – ён церпіць.
Моцная канцэнтрацыя зморшчынаў, балесна прымружаныя вочы, падцятыя да складак у куточках вусны – тыповыя рысы беларускай цярплівасьці. Цярплівасьць, да бляску адшліфаваная ў кожнай беларускай клетачцы стагодзьдзямі прыгнёту, прыніжэньня й нэндзы, ужо даўно стала нашым безумоўным рэфлексам. Мы стрываем і зьдзек, і ганьбу, і цьвік тырчма ў лаве, і нават заявы пра тое, што ня ўсё так кепска было ў Гітлера.
Ня трэба зьдзіўляцца.
Бо беларуская доўгацярплівасьць – агромністае дабраслаўленьне для будучай дэмакратычнай улады. Уявіце сабе, колькі давядзецца вытрымаць людзям: напругу поўнамаштабовых рэформаў, эканомію расейскага газу, адсутнасьць тэлеканалу РТР, поўны перавод адукацыі ды справаводзтва на беларускую мову, нарэшце!.. Наступнае кіраўніцтва краіны яшчэ будзе дзякаваць Богу за тое, што народ такі – адно сьцінаецца, зацягвае паясы й маўчыць.
На галоўнае пытаньне чалавечае гісторыі – Чаму? Чаму мы пакутуем? Чаму Бог дапускае існаваньне зла? Чаму ў сьвеце валадарыць д’ябал? – беларусам адказаць прасьцей, чым некаму іншаму. Бог ужо перамог, але нам трэба чакаць і цярпець: “ Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя” (Лукі 21:19). Беларусы ведаюць, што Госпад ніколі не дае выпрабаваньняў звыш сілаў. І беларусы церпяць.
Але цярплівая беларуская духовасьць ясна вызначае для нацыі й рэчы нясьцерпныя. Пыха. Нянавісьць. Здрада. Хлусьня. Публічны грэх. Цынізм.
Нястрыманасьці, легкаважнасьці, нахабства беларусы гідзяцца.
Цярплівы, хто прачытаў усю гэтую кнігу да канца, зразумее, што трэба яшчэ шмат выцярпець, каб гэтая ідэя стала рэальнасьцю. Цярплівасьць дазволіла нацыі выжыць – і яна абяцае нам абавязковае адраджэньне.
Толькі цярпеньне.
Хрыстос трываў і нам сказаў. Мяжа беларускай цярплівасьці – тэма фундамэнтальных дасьледваньняў. Міты й анэкдоты на гэты конт заўжды сканчваюцца адным – беларус прыцярпеўся. Суседзі сьмяюцца й паказваюць пальцам.
Цярпі.
“Калі ўжо народ паўстане!.. Хопіць трываць!.. Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!” – гукаюць да беларуса рэвалюцыянэры.
А ты цярпі.
Цябе лічаць то “апушчаным”, то “халуём”, прылюдна плююць у твар, крычаць: “Гэй, богаабраны! Збаў сябе сам! Што ж ты… Ну, здымі сябе з крыжа!..”
Пацярпі яшчэ крыху.
“Бо цярплівасьць павінная мець завершанае дзеяньне, каб вам быць дасканалымі ва ўсёй паўнаце, без аніякай пахібы” (Якуба 1:4).