nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Апазіцыя зноў аб’ядноўваецца. Каб правесьці “Марш за свабоду” ці “Марш за грантамі”?

16 жніўня, 2007 | Каментары (1)

Завочна высьвятляюць Алег Грузьдзіловіч, Янка Базыль і наша рэдакцыя

�паз���� ма��.JPG

1.

Меркаваньне Алега Грузьдзіловіча: “Апазыцыя аб’ядноўваецца, каб правесьці “Эўрапейскі марш за свабоду” (гл. http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/8/99910A37-66D2-432F-B2F3-322895C74135.html)

14 жніўня ў Менскі гарвыканкам пададзеная заяўка на правядзеньне праз два месяцы ў Менску “Эўрапейскага маршу за свабоду”. Сярод заяўнікаў – палітыкі Аляксандар Мілінкевіч і Анатоль Лябедзька.

Паводле Віктара Івашкевіча, старшыні аргкамітэту “Эўрапейскага маршу за свабоду”, удзельнікі акцыі будуць патрабаваць ад уладаў выкананьня 12 прапановаў Эўразьвязу аб супрацоўніцтве зь Беларусьсю, якія прадугледжваюць дэмакратызацыю грамадзкага жыцьця ў дзяржаве [да гэтай пары ўдалося выявіць толькі 11 патрабаваньняў. – Рэд.].

Арганізатары маршу ўжо дэманструюць схільнасьць да кампрамісу з уладамі. Марш плянуецца правесьці з улікам інтарэсаў усіх гараджанаў – выключна па ходніках праспэкту Незалежнасьці ад Кастрычніцкай плошчы да Нацыянальнай бібліятэкі, дзе мае быць праведзены мітынг.

Былы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Саньнікаў перакананы, што мірнае правядзеньне “Эўрапейскага маршу за свабоду” выгоднае беларускім уладам, якія цьвердзяць пра захаваньне незалежнасьці краіны.

“Менавіта эўрапейскі кірунак можа выратаваць краіну. Можа вырашыць пытаньне пра энэргетычную бясьпеку і ўвогуле пра палітычную бясьпеку дзяржавы Беларусь. Таму мы й гэтым разам прапануем уладам дыялёг – менавіта ў гэтай, пэўнай, акцыі”.

Сярод заяўнікаў “Эўрапейскага маршу за свабоду” – апазыцыйныя палітыкі Анатоль Лябедзька і Аляксандар Мілінкевіч, між якімі апошнім часам назіраліся супярэчнасьці. Анатоль Лябедзька мяркуе, што гэта ня стане перашкодай у арганізацыі “Эўрапейскага Маршу”.

“Розныя суб’екты кааліцыі прагаласавалі за гэтую акцыю. Удзел структур можа быць розным, але вельмі важна, што існуе поўны кансэнсус”.

Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што акцыя прадэманструе выбар народу Беларусі – эўрапейскія каштоўнасьці. “Эўрапейскі марш”, паводле Аляксандра Мілінкевіча, адбудзецца ў вызначальны пэрыяд гісторыі краіны.

“Перад Беларусьсю цяпер паўстала пытаньне цывілізацыйнага выбару. Ці мы будзем удзельнічаць у будаўніцтве новай Бізантыйскай імпэрыі, ці будзем уключацца ў інтэграцыйныя працэсы Эўропы”.

Адносна зьвестак пра раскол аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч заявіў: “Чуткі, што аб’яднаная апазыцыя памерла, значна перабольшаныя. Бачыце – мы разам”.

Раней апазыцыйныя структуры плянавалі правесьці восеньню “Сацыяльны марш” – акцыю пратэсту супраць вырашэньня эканамічных праблемаў за кошт зьбяднелай часткі грамадзтва. Анатоль Лябедзька паведаміў: ад задумы “Сацыяльнага маршу” аргкамітэт не адмовіўся, але прапанавана перанесьці яе ажыцьцяўленьне на 11 лістапада.

Дарэчы, сярод лёзунгаў “Эўрапейскага маршу за свабоду” будуць і эканамічныя. Адзін зь іх – “Эўрапейскім коштам – эўрапейскія заробкі”.

2.

Меркаваньне рэдакцыі.

На некаторых з аб’яднанацаў ужо проста немагчыма глядзець. Адныя чванлівыя і вечна пахмурныя, другія – нахабныя і разбэшчаныя, але менавіта чамусьці праз іх “Захад” увесь час фінансуе “аб’яднаную апазіцыю” нягледзячы на тое, што яны крадуць грошы (і гэта “Захад” ведае). Трэція то з Лукашэнкам, то супраць яго, то за “Еўрапейскі вектар разьвіцьця Беларусі”, то вязуць у Маскву планы “новай, лепшай інтэграцыі Беларусі з Расеяй”, то зноў сярод актыўных удзельнікаў праеўрапейскага маршу… Карацей, поўная беспрынцыпная мярзота сабралася цяпер у гэтай “аб’яднанай апазіцыі” і ўжо ў дзясяты раз будзе праводзіць абсалютна бессэнсоўныя акцыі ды яшчэ ў спадзеве на “кампраміс ў уладамі”, якія на гэтым гнюсным фоне выглядаюць ці ня больш прыстойна…

Паберажэм нашыя нервы і дадзім лепш слова Янку Базылю. Вось што ён пісаў яшчэ два месяцы таму.

3.

Меркаваньне Янкі Базыля: “Спэцы па “маршам” за грантамі(гл. http://www.bielarus.net/archives/2007/06/22/1239)

19 чэрвеня у паштовыя скрынкі грамадзянаў сталіцы былі раскіданы газэткі-лісткі пад тытулам “За свабоду!” (надрукаваныя ў друкарні “Нева” у Пецярбурзе).

“Русскіе товарішчі” аказалі друкарскую дапамогу “вялікім менскім барацьбітам за дэмакратыю і хутчэйшую, чым з Лукашэнкам, інтэграцыю Беларусі ў Расею”. Мяркуючы па назову газэткі “вялікія барацьбіты” шыхтуюцца вакол Мілінкевіча. Але паводле іхных прозьвішчаў зразумела, што гэта ўсё тая ж грантаўская каманда з “Хартыі-97”. Цытуем з газэткі (на мове арыгіналу) “барацьбіта” Д.Бандарэнку. Ён папярэджвае пра непазьбежнасьць сацыяльна-эканамічнай катастрофы, а потым робіць выснову: “Из этого тупика нужно искать выход. Лучше, чтобы это был выход через диалог власти и оппозиции. Диалог о демократических и рыночных преобразованиях в стране. Под совместным давлением Европы и оппозиции власть постепенно идёт на попятную – уже освобождены несколько политических заключённых. Сегодня девизом возможного общенационального диалога могут стать слова – “За Свободу! За Беларусь!” Демократическим силам необходимо принять самое широкое участие в республиканской общественно-патриотической кампании “За независимую Беларусь!”, которая должна завершиться совместным празднованием в центре белорусской столицы”.

Вядомы правакатар Бандарэнка заклікае да дыялёгу і сумесных сьвяткаваньняў з антыбеларускім рэжымам, які, аказаваецца, “пошёл на попятную”. Мабыць гэтая “попятная” заключаецца ва ўзмацненьні паліцэйскага перасьледу змагарнай моладзі, у дзікай русіфікацыі і шалёнай ліквідацыі элемэнтарных ільготаў для старых, дзяцей і інвалідаў (сабе рэжым льготы, зразумела, пакінуў). Псэўдаапазыцыя ў чарговы раз заклікае беларусаў сьвяткаваць штучны савецкі “празднік” разам з антыбеларускім рэжымам, каб у сьведамасьці людзей усё размылася і зблыталася канчаткова.

У той самы час правакатары-блытальшчыкі шумна рыхтуюць свае “аўтаномныя” скокі. Цытуем з газэткі А. Саннікава: “Уже этой осенью демократические силы готовят проведение Европейского Марша – акции, которая продемонстрирует желание белорусов жить в единой Европе. И власти, которые в последнее время говорят о важности европейского выбора для белорусской экономики, могли бы поддержать проведение Марша”.

Грантасмокі напружана надзьмуваюць чарговую пустышку. Мы памятаем, чым скончыліся бессэнсоўныя і тупыя папярэднія “маршы” гэтай публікі на пачатку 2000-х гадоў. З кожным “маршам” людзі пераконваліся ў бессэнсоўнасьці хаджэньня па вуліцах за псэўдаапазыцыяй і гуканьня пра “лучшую жізнь” (лёзунгі барацьбы супраць расейскай агрэсіі псэўдаапазыцыя надзейна схавала пад спод). У выніку ўсё менш людзей прыходзілі на вулічныя акцыі, падстаўныя здолелі цалкам разбурыць гэтую форму барацьбы. Цяпер сасьпела новае пакаленьне беларускай патрыятычнай моладзі. Менавіта яе падстаўны Саннікаў і ягоныя сябрукі хочуць выкарыстаць у “европейском марше”, кінуць моладзь пад удар, зрабіць здымкі і атрымаць на Захадзе гранты “за геройства”. І зноў пілікае знаёмая шарманка пра тое, што трэба ісьці на “марш” у абдымках з антыбеларускім рэжымам.

У гэтыя ж дні актывізаваўся яшчэ адзін падстаўны “змагар”. У правінцыйнай баранавіцкай прэсе падаў голас вядомы М. Статкевіч. Ён запрапанаваў выкарыстоўваць у якасьці сьцяга барацьбы за Беларусь – сьцяг Эўразьвязу. Дарагія беларусы, маладыя патрыёты, не хадзіце на бессэнсоўныя маршы за правальнай гэбоўскай агентурай!

4.

Ад рэдакцыі:

Мы ад усёй душы таксама заклікаем нашу беларускую патрыятычную моладзь не хадзіць на гэтыя бессэнсоўныя, правакатыўныя, падстаўныя маршы, арганізаваныя не дэмакратычнай, не беларускай, не аб’яднанай, не апазіцыяй.

Апошні прасьцейшы аргумент. Калі б усе гэтыя саньнікавы, лябедзькі, івашкевічы і да т.п. былі хоць трохі тымі, за каго сябе выдаюць, яны хоць зрэдку запрашалі б выступіць на сваіх сходках прадстаўнікоў сапраўды дэмакратычных, патрыятычных структур (напрыклад, БПС, КХП БНФ, беларускай аўтакефаліі, сябраў нашай рэдакцыі). Дык не, не запрашаюць, і не запросяць. Бо не беларускія справы іх цікавяць, а толькі асабістыя грашовыя інтарэсы ды ўласныя амбіцыі.

Няўжо дзеля гэтага варта падстаўляцца?..

Каментары (1)

  1. Бенедзікт кажа:

    Добры і карысны аналіз сітуацыі. Канкрэтныя і абгрунтаваныя высновы. Рашуча адмяжавацца ад грантасмокаў і “лидеров оппозиции” – толькі так.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы