Пётр Хамякоў (паводле http://ariru.info/doc/?id=2920)
Бліжэйшыя два артыкулы мы друкуем для таго, каб параўнаць наша бачаньне (як беларускіх зьмястоўных дэмакратаў) стратэгіі вырашэньня прынцыповых эканамічных пытаньняў (гл. Д пр-пы 51 і 65) з бачаньнем тых, хто аб’яўляе сябе “рускімі нацыяналістамі”. Натуральна, калі будзе сэнс, ня грэх і тое-сёе пераняць.
Рэдакцыя.
Паважаныя паплечнікі і адзінадумцы!
Прабачце за сентыментальнасьць, але я быў вельмі расчулены чытаньнем Вашых цёплых слоў. Таму я вельмі прасіў кіраўніцтва сайту насуперак правілам жанру дазволіць мне яшчэ раз адказаць на шэраг самых важных Вашых пытаньняў. Таму што на такія пытаньні, зададзеныя шчырымі адзінадумцамі, адказваць трэба.
Хаця павінен папярэдзіць, у гэтый дыскусіі дадзены матэрыял будзе апошнім. Нельга ўсё ж так доўга мусоліць адну і тую ж тэму [аўтар памыляецца; ёсьць такія тэмы, якія варта “мусоліць” усё жыцьцё; эканоміка, уласнасьць, налогі, сацыяльная справядлівасьць, вытворчая і творчая самарэалізацыя чалавека, а таксама арганізацыя ўмоваў для іх зьдзяйсьненьня, кантроль выкананьня, іншае – да такіх тэмаў належаць. – Рэд.].
Такім чынам, самым важным пытаньнем, зададзеным у гэтай дыскусіі было пытаньне пра ўласнасьць. І яго трэба дакладна патлумачыць.
Пачну зноў з простага бытавога прыкладу. Калі я працаваў у нафтаразведцы старшы майстра брыгады казаў, падымаючы шклянку за чарговыя 3 альбо 5 кіламетраў праходкі: “Гэта не нафта, гэта наша кроў цячэ па нафтаправодах”.
І ён быў правы. Людзі гублялі здароўе катастрафічна. Сем, максімум дзевяць сезонаў і ўсё бруха ў праблемах ад печані да кішок.
Яшчэ больш паверыў я ў правату словаў старшага майства, калі ляжаў у інфекцыйным шпіталі Нукуса, а побач на суседнім ложку паміраў мой сябра Толік. Падцапілі мы такую злую заразу, што ў мяне печань амаль “згарэла”, а ён памёр.
Як Вы лічыце, як я магу ставіцца да той свалоты, якая жыруе на нафце, якую знайшлі тысячы маіх сяброў і калегаў, губляючы здароўе, а зрэдку і жыцьцё?
Так. Рэзка адмоўна. Скажу больш, я іх ненавіжу!
Гэта крывёй Толіка і тысячаў такіх жа працаўнікоў яны гандлююць. Крывёю, а ня нафтай.
Але ня толькі крывёй. Бо рэсурсы створаны Богам, альбо Прыродай, як каму хочацца, так і называйце. І воляю Лёсу дадзены нам [не, не вам, а тым народам, з этнічных тэрыторый якіх вы гэтую нафту забіраеце. – Рэд.]. Таму, гандлюючы рэсурсамі, нашы босы гандлююць яшчэ і міласьцю Лёсу. А яна ня любіць такога стаўленьня да сваіх дароў.
Таму маё цьвёрдае перакананьне: рэсурсы – уласнасьць грамадская. Усе здабываючыя прадпрыемствы павінны быць дзяржаўнымі. І даходы, а тым больш звышдаходы ад здабычы павінны выкарыстоўвацца ў інтарэсах усяго народу. Дзейнасьць гэтых прадпрыемстваў павінна быць празрыстай. І іх кіраваньне павінна знаходзіцца пад строгім грамадскім кантролем.
І тут я далучаюся да абсалютнай большасьці – прыватызацыя сыравіннага сектара незаконная. Прадпрыемствы нафтавай і газавай прамысловасьці, а таксама іншыя прадпрыемствы сыравіннага сектара павіны быць нацыяналізаванымі.
Гэта ня значыць, што потым яны так і застануцца дзяржаўнымі [ну, вось і адступаем… – Рэд.]. Бо часта казённыя прадпрыемствы кіруюцца даволі кепска. Але любая далейшая прыватызацыя павінна быць праведзеная па-чэснаму, за рэальную вартасьць. І, паўтаруся, сама гэта новая прыватызацыя і далейшая эксплуатацыя нетраў павінны адбывацца, акрамя ўсяго іншага, пад строгім грамадскім кантролем. Так, каб абсалютная доля звышпрыбыткаў пайшла б народу. Усяму народу.
Ня ведаю, якая мадэль будзе прызнана лепшай. Але мне па душы мадэль арабскіх эміратаў. Кожны рускі [як можна пры гэтым забыць пра якутаў, чукчаў, комі-пермякоў і г.д. – Рэд.] павінен мець свой “пай” у сыравінных звышпрыбытках. І атрымліваць яго проста па праву нараджэньня.
На самай справе, нетры ўласнасьць агульнанародная? Агульнанародная. Вось і дай прама і без пасярэднікаў кожнаму прадстаўніку народа яго долю ў гэтай уласнасьці. Паўтаруся. Прама. Без бюракратычных сацыялістычных выкрунтасаў [а на што вы – маскалі – будзеце бараніць тады межы сваёй паганай імперыі? – Рэд.].
Як гэтага дасягнуць? Пытаньне палітычнае і тэхнічнае. І адказ на яго, каб пазьбегчы прафанацыі, павінен быць разгорнутым. Тут месца для гэтага проста не хопіць.
Але ж калегі запыталіся ў мяне пра прынцыпопую пазіцыю, а не пра дэталі? Вось я і адказал прынцыпова.
Алігархічная ўласнасьць на нетры і прадпрыемствы нетракарыстаньня павінна быць ліквідаваная.
А што ўвогуле можа быць уласнасьцю – законнай і неаддзельнай? Тое, што створана сваёй працай.
Вось тут мая пазіцыя скрайне жорская. Ніхто ня мае права прэтэндаваць на тое, што запрацавана працай і накоплена. І чалавек мае права бараніць сваю працоўную ўласнасьць самым рашучым чынам. Бабуля неяк распавяла, што ў іх вёсцы зрабілі з пайманым цыганом-канакрадам. Ня буду ўдавацца ў падрабязнасьці. Але лічу, што менавіта такая абарона свайго кроўнага дабра неабходная.
Тут узьнікае адно пытаньне. Пытаньне пра роўнасьць. Зноў жа, не пабаюся падставіцца, скажу, што я супраць роўнасьць. Больш працуеш, разумней працуеш, больш крэатыўна, – атрымлівай больш.
Перад роўнасьцю я аддаю перавагу справядлівасьці.
Ёсьць у мяне ў горадзе знаёмыя. Выдатныя будаўнікі і аўтамеханікі. Класныя майстры. І што ж, яны павінны атрымліваць “як усе”? Не. Будуеш добра, хутка, кемна – атрымлівай адпаведна шмат. Рамантуеш машыну так, што яна потым бегае як мустанг, таксама атрымлівай шмат.
І няма чаго дзяржаве [уладам. – Рэд.] квапіцца на гэтыя, з дазволу сказаць, “звышдаходы”. Яна на іх ня мае ніякага права. Увогуле ніякага.
Вось за адсутнасьць гэтых прынцыпаў, за дэбільную ўраўнілаўку я не люблю савок, усіх левых і чырвоных увогуле. Усіх халяўшчыкаў. Пра што пісаў у папярэднім матэрыяле.
Тут ёсьць яшчэ адна праблема. У працы высокакваліфікаванай разрыў паміж вынікамі працы “майстра” і “сярэднечка” вельмі вялікі. Калі добры будаўнік можа працаваць у 2-3, да 4 разоў, больш внікова, чым яго няўдалы канкурэнт [па-нашаму, калега. – Рэд.], дык старшы геолаг экспедыцыі можа працаваць у 100 разоў выніковей свайго шэрага калегі.
Ня верыце? А дарэмна. Да 40% у сабекошце здабычы нафты займае кошт разведкі. І вось уявіце, тупы шэры кіраўнік бурыць кіламетры скважын, а яго таленавіты калега паглядзіць на аэраздымак, падумае і скажа: “нафта тут”. І яна сапраўды будзе там. Колькі ж сродкаў зэканоміў прафесіяналізм другога? Мільёны даляраў. І што ж, ён ня мае права на значную частку іх? Па справядлівасьці, мае.
Дарэчы, спадары апаненты, не лавіце мяне на дробязях. Я разумею, што прыведзены прыклад гіпатэтычны. У жыцьці ўсё складаней. Але ў гэтым умоўным прыкладзе я дэманструю агульную тэндэнцыю адзнак.
Геніяльны інжынер, геніяльны ўрач, геніяльны праграміст, геніяльны менэджэр, геніяльны геолаг і г.д. сапраўды толькі за кошт свайго таленту і прафесіяналізму могуць рэальна, сваёй працай запрацаваць у сотні разоў больш сваіх пасрэдных калегаў. Паўтараю, у сотні разоў [ну, напэўна, ня ў сотні, але ў 10-12 можа. – Рэд.]. І па справядлівасьці запрацаванае павінна належыць ім [тут аўтар бачыць толькі адну форму справядлівасьці; а якая ж, напрыклад, “справядлівасьць” у тым, што многім лёс ня даў такіх талентаў? ці ж яны ў гэтым вінаватыя? – Рэд.].
Аднак, і тут ня ўсё так проста. Трэба ведаць меру. Той жа Біл Гейтс (якога я не люблю, але ісьціна даражэй) нядаўна аб’явіў, што ўсе свае велізарныя капіталы завяшчае грамадскім фондам, а дзецям пакіне па мільёну ці па два долараў, плюс асабістую маёмасьць.
Так, два мільёны таксама сума вялікая з пункту гледжаньня шэраговага чалавека. Але 2 мільёна – гэта не 40 мільярдаў (ці колькі там у яго) [аўтар далёка ня ўсё ведае пра Біла Гейтса, далёка ня ўсе мільярды запрацаваны ім “выключна сваім талентам”; напэўна шмат у чым быў і зговар… – Рэд.].
Так што рэальна запрацаваць класны сьпецыяліст, калі пашанцуе, можа шмат. Але тут трэба проста мець пачуцьцё меры і такту [вось яна, “зарытая сьвіньня” аўтарскага ідэалізму; больш надзйным інструментам “пачуцьця меры” ёсьць прагрэсіўны налог на ўласнасьць і даход. – Рэд.].
Дарэчы, у многіх эканамічных праграмах рускіх фашыстаў 1930-х гадоў [вось ужо і на фашыстаў спасылаемся… – Рэд.] прысутнічаў прынцып абмежаваньня асабістага багацьця. Часьцей за ўсё фігуравала лічба ў 5 мільёнаў залатых рублёў.
Але тут таксама ня ўсё так адназначна. Асабіста я аддаў бы перавагу не заканадаўчым, а маральна-этычным прынцыпам рэалізацыі гэтага прынцыпу [зноў ідэалізм; маральна-этычнае ў эканаічнай сьферы лепш пераўтварыць у юрыдычнае, бо першае кіруе другім. – Рэд.].
Ну, на самай справе. Атрымаў ты нейкі звышдаход (ён можа быць ацэнены такім і чыста суб’ектыўна, хаця для іншага ён – капейкі). Ну, чаго ўкладываць яго ў мёртвае багацьце, калі на вуліцы ЗІЛы на восі сядаюць [таму, што ЗІЛ – гэта Завод імя Леніна. – Рэд.]. Трэба вуліцу падлатваць.
Вось мы з суседам Санькам ужо 5 гадоў і ўкладваем тое, што кожны з нас лічыць сваім “звышдаходам” ў нашую дарогу. І вельмі яе палепшылі. А быў бы гэты звышдаход большым? Напэўна б, увесь горад заасфальтавалі.
Хаця, паўтаруся, не ўсё так проста. Бо нават нашыя суседзі, якія езьдзяць па зробленай намі дарозе, лічаць нас прыдуркамі, якім рабіць няма чаго.
Так што, не бяруся фармуляваць аптымальнае і ўніверсальнае вырашэньне дадзенай праблемы. Але, як кажуць дыпламаты, “прызнаць праблему” гэта ўжо напалову яе вырашыць.
Вось такія агульныя накірункі маіх поглядаў на сацыяльную справядлівасьць. Паўтару іх па пунктах:
1) Нетры і ўсё, што створана Прыродай, ёсьць агульнанародная ўласнасьць [па-справядлівасьці, яшчэ і агульнапрародная; г.зн., што нельга забываць пра ландшафт, пра іншых жывых істот на Зямлі. – Рэд.] і выкарыстоўваецца ў інтарэсах усяго народу. З дапамогай такіх механізмаў, якія вызначыць сам народ [яго нацыяналная эліта! – Рэд.].
2) Агульнанароднымі павінны лічыцца і буйныя прадпрыемствы, і аб’екты інфраструктуры, якія былі створаны да 1991 года. Бо ўсё гэта створана далёка ня розумам, працай і талентам тых, хто гэтым цяпер валодае.
3) З гэтага вынікае неабходнасьць перагляду вынікаў алігархічнай прыватызацыі.
4) Сказанае не азначае татальнага адмаўленьня буйноў уласнасьці. Яна можа мець месца. Але павінна быць набытая за рэальны кошт. На сродкі, запрацаваныя асабіста нейкім чалавекам, альбо групай асобаў. І, акрамя таго, буйная ўласнасьць павінна кантралявацца грамадствам у той меры, у якой у рамках гэтай уласнасьці прысутнічае непасрэдная эксплуатацыя прыродных рэсурсаў [і, галоўнае, эксплуатацыя людзей… – Рэд.].
5) Уласнасьць на тое, што створана сваёй працай, зьўляецца сьвяшчэннай і недатыкальнай. Незалежна ад памераў створанага высокапрафесійным адмыслоўцам альбо пасьпяховым прадпрыймальнікам-вытворцам [а тое, што стварыў сьпекулянт? а прадстаўнік шоў-бізнэсу? – Рэд.].
6) Рускі дробны і сярэдні бізнэсы недатыкальныя [а што рабіць у Расеі з татарскім, чачэнскім, якуцкім і г.д. бізнэсамі? – Рэд.]. І павенен быць пазбаўлены ад рэкету чыноўнікаў, мянтоў і крымінальнікаў.
7) Разам з тым, у асяроддзі высокапрафесійных адмылоўцаў і прадпрыймальнікаў- вытворцаў неабходна стварыць такую карпаратыўную этыку, якая б прадугледжвала добраахвотную адмову ад асабістага звышбагацьця ў абмен на маральныя стымулы [такое яшчэ так-сяк магчыма ва ўмовах нацыянальнай дзяржавы; ва ўмовах імперыі – не. – Рэд.].
Што да апошняга пункту ў мяне ёсьць сумневы. Але Вы запыталіся пра маё асабістае меркаванне, і я яго фармулюю. Не баюся прызнавацца ў гэтых сумневах. Веру, што рашэньне будзе знойдзена. Бо розум – добра, а два – лепш. А яшэ больш розумаў, яшчэ лепш [так не заўсёды. – Рэд.].
А зараз, калегі, пытаньне нашмат больш складанае.
Як адабьецца на нашым палітычным змаганьні абвяшчэньне гэтых прынцыпаў? [вось ён, пераход, зь ідэалагічнага ўзроўню на ўзровень палітычны. – Рэд.]
Скажу адразу: адабьецца кепска. Бо мы, адмаўляючыся, як папракаюць нас шматлікія паплечнікі, ад “замоўчваньняў”, адразу наплодзім сабе дадатковых уплывовых ворагаў, якія да гэтай пары, можа быць, і сумняваліся што да нас.
Прашу ня блытаць гэтых “наноў набытых ворагаў” з патэнцыйнымі здраднікамі й дурнямі, зь якімі мы так рашуча разьмежаваліся раней. Гэтыя “новыя ворагі” не былі нам паплечнікамі. Таму не маглі быць здраднікамі. Яны проста прытрымліваліся неўтралітэту. А цяпер могуць стаць супернікамі.
З пункту гледжаньня палітычнай наша адкрытасьць ёсьць памылка. І, тым ня менш, з павагі да Вашых запытаў мы вырашалі рызыкнуць. Чаму гэта не глабальная памылка, а толькі рызыка?
Дый таму, што ў асяроддзі патэнцыйных ворагаў ёсьць шмат людзей, якія думаюць. І зь імі можна весьці гульню [“ворагі”, “гульня” – абсалютна неадэкватныя тэрміны для аналізу і апісаньня сітуацыі. – Рэд.]. Добраахвотная падтрымка нацыянальнай барацьбы рускага народу і згода ў далейшым з абмежаваньнем сваіх капіталаў павінна гарантаваць ім палітычную і часткова (толькі часткова!!!) эканамічную амністыю. Папросту, аддай цэлае – захаваеш частку [аўтар, відаць, меў на ўвазе: ададай частку – захаваеш большасць. – Рэд.]. Але аддай своечасова. Хто не пасьпеў, той спазьніўся.
Гэта не новае. Так паступалі нават чырвоныя пасьля 1945 года ў краінах Усходней Еўропы. Іншая справа, што чырвоныя потым часта “кідалі” сваіх партнэраў.
Але мы ж не чырвоныя. І як казалі раней “рускае купецкае слова непарушнае”. І яно такім было. У такой ступені непарушным павінна быць і наша слова. Бо мы будуем ня толькі новую палітыку, але і новую этыку.
Далей. Да пытаньня пра ўласнасьць ускосна прымыкае пытаньне пра кіраваньне. Што такое кіраваньне без правадыроў?
Гэта кіраваньне з дапамогай гнуткіх арганізацыйных структур. Гэта не ноўгародскае веча. Гэта цалкам дзеяздольныя кіраўнічыя прынцыпы, якія здавён пасьпяхова прымяняюцца ў шмат якіх сьферах дзейнасьці. Напрыклад, у артэлях, шмат у чым у казакоў да таго, як іх зрабілі дзяржаўнымі, у шукальнікаў золата Аўстраліі й Каліфорніі.
У ХХ стагоддзі гэтыя прынцыпы набылі друхое дыханьне са зьяўленьнем адпаведных тэорый. У прыватнасьці, дасьледваньні аперацыяў і сістэмнага аналізу.
Асобныя прынцыпы пабудовы гнуткіх сістэм кіраваньня выкарыстоўваліся нават у ваенным (!!!) кіраваньні ў час Другой сусьветнай вайны. І ў шматлікіх навукова-тэхнічных і ваенна-тэхнічных праектах. У прыватнасьці ў праекце “Апалон”. І, дарэчы, заўсёды зь назьменым посьпехам.
Распаўсюджаньне гнуткіх сістэм кіраваньня на палітычную, а тым больш муніцыпальную сьферу цалкам лагічнае і не супярэчыць ні тэорыі, ні практыцы. Проста ў такіх тэндэнцыях не зацікаўлена бюракратыя – ракавая пухліна сучаснай цывілізацыі [сябрам нашай рэдакцыі было надзвычай прыемна прачытаць гэтую думку. – Рэд.]. Ну, а тым, хто зноў будзе казаць, што гэтыя цьверджаньні галаслоўныя і не прафесійныя, скажу, што гэта яны самі не прафесіяналы.
Не ўстрымаюся ад самацытаваньня. Сябры зразумеюць, што гэтая мера вымушаная. Такім чынам, мой падручнік “Менеджмент. Экспресс-курс в 18 лекциях. М.: УРСС, 2005 г. – 147 с.”. Лекцыі 8 і 17.
Адчуваю Вашую падтрымку, за што вельмі ўдзячны.
Пётр Хамякоў
“Здабываючыя прадпрыемствы павінны быць дзяржаўнымі”, толькі дзеля таго, каб ушчэнт заваліць сыравінную прамысловасьць ды спрыяць хабарніцтву.
Урад мусіць ахоўваць уласнасьць, гэта значыць дабрабыт, грамадзянаў войскам ды выведкаю, мытняю ды мяжою, паліцыяй ды судом, для чаго трэба ўмець зьбіраць падаткі “ў інтарэсах усяго народу” ды “пад строгім грамадскім кантролем” у выглядзе наўпрост абранай грамадзянамі дзеля гэтага Рады, але не дамагацца нетраў прыватных кавалкаў зямлі сваіх грамадзянаў, бо тое ставіць пад пагрозу валоданьне імі глебай пад уласнымі нагамі, значыць і дабрабыт, што наўогул ператварае чалавека ва ўцекача без Радзімы.
“Павінна быць нацыяналізаванай” толькі тая ўласнасьць, без якой не магчыма выкананьне ўрадам сваіх абавязкаў перад грамадзянамі, а менавіта – шляхі зносінаў (“аб’екты інфраструктуры”), калі няма як абмежаваць “бюракратычныя сацыялістычныя выкрунтасы” набыцьцём права карыстаньня.