nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Колькі і як плаціць прэзідэнтам? (Д пр-п 70)

Верасень 3, 2007 | Каментары (1)

Рэдакцыя.

G8.JPG 

Сусьветны досьвед паказвае, што ўзровень зарплаты палітыкаў і чыноўнікаў – дзейсная зброя ў палітычнай барацьбе, бо пытаньне, колькі зарабляюць палітыкі, увесь час цікавіць людзей. Хаця тыя і ня любяць выварочваць кішэні перад простымі грамадзянамі, аднак напярэдадні выбарчых кампаній сітуацыя мяняецца кардынальна. Абавязкова знаходзяцца людзі, якія пачынаюць падымаць гэтае пытаньне.

 

У некаторых краінах адказ на яго знайсьці даволі проста – закон абавязвае першых асоб дзяржавы запаўняць налогавыя дэкларацыі (напрыклад, у ЗША).

У краінах СНД тэма заробкаў палітыкаў таксама папулярная. Ня так даўно ва Украіне тэму заробкаў палітыкаў узьнялі прадстаўнікі прапрэзідэнцкай фракцыі “Наша Украіна” і Блоку Юліі Цімашэнкі. У Расеі ў чэрвені дэпутаты “Справядлівай Расеі” запрапанавалі скараціць зарплаты парламентарам і сенатарам у 5 разоў. Гэтая ініцыятыва спарадзіла шумную дыскусію. Нехта прапанаваў заадно паменшыць зарплату міністрам і прэзідэнту, а нехта наадварот – падвысіць. У выніку папулісцкая прапанова эСэРаў не знайшла водгуку. Адмоўны адказ на прапанову даслаў урад. У ім сьцьвярджалася, што грашовая ўзнагарода дэпутатам “устанаўліваецца законам у памерах, устаноўленых для федэральных міністраў”.

 

1. Зьвесткі нямецкага выданьня Bild (гл. www.vz.ru/politics/2007/8/16/101489.html)

Нядаўна ў кашалькі вядучых палітыкаў сьвету зазірнула нямецкае выданьне Bild. Журналісты распавялі пра афіцыйныя зарплаты лідараў краін “Вялікай васьмёркі”.

Зь невялікім адрывам ад іншых першае месца заняў прэзідэнт ЗША Джордж Буш. Яго штомесячны аклад складае 33.000 $. Праўда, гэтая лічба не ідзе ні ў якае параўнаньне з той, што была абнародавана ў красавіку ў налогавай дэкларацыі пра сумесны прыбытак Дж.Буша і яго жонкі Лоры. Іх сукупны прыбытак за год склаў амаль 643.000 $. Дадатковыя грошы Бушы запрацавалі, дзякуючы ўдалым інвестыцыям у каштоўныя паперы амерыканскіх кампаній Walt Disney, Microsoft, Intel. Капіталізацыя гэтых «монстраў» стала расьце і, адпаведна, расьце дабрабыт сям’і Бушаў.

Другі радок у рэйтынгу заняў прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Гордан Браўн. Яго месячны аклад – 23.334 еўра. Калі гэтыя грошы перавесьці ў даляры, перавага на карысьць Буша складзе трохі больш за 1000 $.

Затым ідзе японскі прэм’ер-міністар Сіндза Абэ. Ён зарабляе каля 21.000 еўра. Праўда, калі гэты палітык толькі ўступіў на пасаду, ён сказаў, што скароціць сабе зарплату на 30%.

На чацьвертым месцы замацаваўся канцлер Германіі Ангела Меркель. Ад імя дзяржавы яна атрымлівае 20.427 еўра ў месяц.

На пятае месца нямецкія журналісты паставілі прэм’ер-міністра Італіі Рамана Продзі. Ён зарабляе 18.900 еўра. У Італіі ўжо адрэагавалі на гэтую публікацыю. З атачэньня Продзі заявілі, што Bild дэзінфармаваў чытачоў, бо пададзеная сума складаецца з двух зарплат – дэпутацкай і прэм’ер-міністэрскай.

На 6-м месцы рэйтынгу замацаваўся канадскі прэм’ер-міністар Стывен Харпер. Ён атрымлівае прыкладна 23.000 даляраў у месяц. Ён не дарма есць свой хлеб, бо ў барацьбе за тэрыторыі Арктыкі паказаў сябе сапраўдным байцом – Канада адной зь першых выступіла з жорсткай крытыкай расейскіх заяваў што да правоў на частку Арктыкі. Калі расейскія батыскафы апусьціліся на арктычнае дно і ўсталявалі там сьцяг РФ, Харпер заявіў, што Арктыка належыць яго краіне, якая ня мае намеру нікога туды пускаць.

Замыкаюць сьпіс французскі прэзідэнт Нікаля Сарказі, які атрымлівае толькі 6.600 еўра ў месяц, і прэзідэнт Расеі, чыя праца аплочваецца ў памеры 4.860 еўра. Для немцаў іх зарплаты сталі адкрыцьцём. Справа ў тым, што сярэдняя гадавая зарплата ў Германіі складае 40.000 еўра.

Але заходнія еўрапейцы, напэўна, таксама зьдзівіліся б, калі б даведаліся, што па дадзеных на гэты раз брытанцаў “прэзідэнт Беларусі” Аляксандр Лукашэнка афіцыйна зарабляе каля 2.300 $ у месяц. Гэта ў разы менш, чым сярэднестатыстычны немец (?!).      

 

2. Адкуль у Лукашэнкі мільярды?

Аднак, жыхары Еўразьвязу зьдзівіліся значна больш, калі б даведаліся, што ў Лукашэнкі акрамя афіцыйнага заробку ёсьць яшчэ гіганцкія фінанасавыя рэсурсы, якімі ён можа карыстацца выключна па сваім асабістым разуменьні. Абнародаваньню гэтага факта паспрыялі нядаўнія (гэтага лета) падзеі, зьвязаныя з выплатай “Газпрому” запазычанасьці за газ.

Еўрарадыё вырашыла даведацца: адкуль у беларускага ўраду ўзяліся грошы?

Здаецца, нічога складанага ў гэтым пытаньні няма. Сам Лукашэнка даў загад “узяць з рэзерваў гэтыя грошы і заплаціць ім гэтыя 460 мільёнаў даляраў”. Аднак, золатавалютны запас дзіўным чынам не агаліўся, дый ні Белтрансгаз, ні Нацбанк, ні Мінфін, ні Мінэнерга ня ведаюць, адкуль узяліся грошы, каб разьлічыцца з “Газпромам” (гл. www.pahonia.promedia.by/str/2007-08/129.htm).

Так, у Нацбанку Еўрарадыё адказалі, што грошы на выплату запазычанасьці за газ ня браліся з золатавалютнага запасу. Па словах Міхаіла Журавовіча, гэтымі пытаньнямі займалася Міністэрства фінансаў. У сваю чаргу там адказалі: “Прабачце, калі ласка, Мінфін не займаецца разьлікамі з “Газпромам”: у нас “Белтрансгаз” мае дамоўленасьць і кантракт з “Газпромам”. У Міністэрстве энергетыкі Еўрарадыё таксама сказалі, што пазыка была выплачана не з грошай міністэрства і параілі зьвярнуцца ў “Белтрансгаз”. А калі Еўрарадыё датэлефанавалася да прэс-сакратара “Белтрансгазу”, то на просьбу дапамагчы разабрацца ў пытаньні, хто ж усё-такі быў плацельшчыкам “Газпрому”, ён адказаў: “У гэтым я вам не дапамагу”.

Дзіўная сітуацыя. Краіна знайшла амаль паўмільярда даляраў, але адшукаць тых герояў, якія здолелі зрабіць гэта, немагчыма.

Хто ж аплаціў беларускую пазыку за газ, памерам амаль у паўмільярды даляраў? – застаецца таямніцай.

 

3. Вернемся ў 1996 год.

Калі ў некага зьяўляюцца грошы ніадкуль – гэта азначае толькі адно: што ў яго ёсьць таемная кішэня, сейф, фонд. Апошні і быў створаны Лукашэнкам яшчэ ў пачатку сваёй прэзідэнцкай кар’еры. Некаторыя эксьперты кажуць, што памер гэтага фонду супаставімы з памерам бюджэту ўсёй Беларусі (калі ёсьць магчымасьць выплочваць па паўмільярды $ – у гэта лёгка верыцца).

Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х дэпутаты Вярхоўнага Савета, апазіцыйныя Лукашэнку, спрабавалі альбо цалкам дэлегалізаваць гэты фонд, альбо прымусіць Лукашэнку зрабіць яго адкрытым. Так, яны выкарысталі сітуацыю г.зв. рэферэндуму 1996 года і ўпісалі ў бюлетэнь сваё пытаньне “Ці згодныя Вы, што фінансаваньне ўсіх галінаў улады павінна зьдзяйсьняцца галосна і толькі з дзяржаўнага бюджэту?” (гл. http://www.rec.gov.by/refer/refer1996.html). У кантэксьце пытаньня меўся на ўвазе менавіта таемны фонд Лукашэнкі. Аднак, псіхічны стан грамадства ў той час быў такі, што большасьць (у 2/3!) прагаласавала “супраць” – г.зн., што за тое, каб у Лукашэнкі быў персанальны таемны фонд (?!).

У свой час такі адказ на дадзенае пытаньне рэферэндуму будзе аргументам на карысьць адмены ўсіх гэтых псеўдарэферэдумаў “лукашэнкаўскай пары” – аргументам, які будзе сьведчыць, што Лукашэнкам і яго прапагадыскай машынай беларускае грамадства для атрыманьня неабходнага ім палітычнага выніку даводзіліся да… неадэкватнага стану. А гэта, ну, ніяк ня можа быць аргуметам на карысьць “свабоднага волевыяўленьня грамадзян”.

Але цяпер мы пра іншае. З тае пары Лукашэнка фармальна набыў нібы пэўнае права распараджацца часткай грошаў беларускага народу (невядома, якой часткай), як сваімі асабістымі (!). А гэта, у сваю чаргу, азначае, што ён “зарабляе” аніяк не 2.300 даляраў у месяц, а значна больш. 

У свой час мы нагадаем вядомыя факты, як напаўняюцца таемныя кішэні Лукашэнкі.

 

4. У будучай Беларусі.

У сувязі з узьнятай тэмай, становіцца зразумелым, што галоўнае пытаньне – гэта не “Колькі плаціць прэзідэнтам ды іншым палітыкам, чыноўнікам?”, а “Як ім плаціць?”.

Адказваючы на яго, заявім наступнае: у будучай беларускай дзяржаве ўсе дзяржаўныя фінансы будуць празрыстыя; будзе абсалютна выключана магчымасьць мець два бюджэты (адзін зь якіх таемны); усе даходы прэзідэнтаў, міністраў, дэпутатаў, іншых чыноўнікаў і палітыкаў будуць абсалютна адкрытыя (як цяпер у ЗША).

Няхай гэтае палажэньне будзе чарговым прынцыпам Беларускай дактрыны (Д пр-п 70).

 

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Тут дадзеныя размеркавання нацыянальнага прадукта паміж 10% найбяднейшых жыхароў краіны (1,7%) і 10% найбагацейшых жыхароў (38,7%). Астатнія 80% атрымліваюць 40,4% нацыянальнага прадукта – на прыкладзе Расеі. Калі падзяліць 38,7 на 1,7 то атрымліваем паказчык эканамічнай няроўнасці грамадзян краіны: 23 для Расеі 1998 г.

    Расея : 1998 г. = 23
    найбяднейшыя 10%: 1.7%
    найбагацейшыя 10%: 38.7%

    Злучаныя Штаты: 1997 г. = 17
    найбяднейшыя 10%: 1.8%
    найбагацейшыя 10%: 30.5%

    Польшча: 2002 г. = 9
    найбяднейшыя 10%: 3.1%
    найбагацейшы 10%: 26.7%

    Беларусь: 1998 г. = 4
    найбагацейшыя 10%: 5.1%
    найбяднейшыя 10%: 20%

    Узята з http://www.cia.gov/library/publications/the-world-factbook

    Крыніцы даходаў касы Лу:
    Кантроль таварных патокаў (мытня, манаполія на імпарт-экспарт)
    Кантроль фінансавых патокаў (банкі, крэдыты)
    Нерухомасць (нежыллёвы фонд належыць Упраўленню справамі. 10 эўра кв.м у месяц – базавая стаўка па Мінску)
    Падкантрольныя фірмы і гэтак далей.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы