nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Вялікі крымінал

4 верасня, 2007 | Няма каментараў

Дадзены артукал Зянона Пазьняка быў надрукаваны амаль 12 гадоў таму ў гарадзенскай газеце “Пагоня” ў нумары за 23-29 лютага 1996 г. Мы выстаўляем яго, каб выканаць абяцаньне папярэдняга артыкула – паказаць прыклады запаўненьня “таемных кішэняў”. Колькі акцый, падобных раскрытай і апісанай, пра якія мы ня ведаем, адбыліся за гэтыя 12 гадоў? А, мо, калісьці і даведаемся…

Рэдакцыя.

Карупцыя – найбольш характэрная зьява для краін трэцяга сьвету – там, дзе існуе зьмешаная эканоміка і вельмі вялікая ўлада ў бюракратыі, якая непасрэдна ўплывае на эканоміку. Па такім шляху ідзе зараз Рэспубліка Беларусь (дакладней, па гэтым шляху яе вядуць). Таму карупцыя ёсьць сутнасная зьява ў цяпершняй Беларусі. Яна будзе большаць і паглыбляцца, закранаючы нацыянальныя інтарэсы – усе жыцьцёва важныя сьферы існаваньня краіны. Маштабы яе могуць стаць такімі грандыёзнымі, а вынікі такімі разбуральнымі, што пакараньне за яе страціць усялякі сэнс. Вось тады грамадству (нацыянальнаму грамадству) становіцца зразумелым, што змагацца супраць карупцыі трэба ўсімі метадамі, але найперш стварэньнем такога дзяржаўнага і эканамічнага парадку, які ў прынцыпе, у сутнасьці сваёй не спрыяе карупцыі.

Тое, што А.Лукашэнка насуперак нацыянальным інтарэсам Беларусі падпісаў вар’яцкія пагадненьні з Ельцыным і Чарнамырдзіным і здаў Расеі наш транзіт, мытную справу і нафтахімічны комплекс – не знаходзіць ніякага разумнага палітычнага, эканамічнага і ўвогуле лагічнага тлумачэньня. Беларусі нанесеныя каласальныя страты. Адзін транзіт каштаваў нам каля трох мільярдаў долараў страты за год (гэта гадавы бюджэт Беларусі). Я ўжо не кажу пра нафтахімічны комплекс, здача якога – гэта катастрофа для нашай краіны, рабаўніцтва маёмасьці дзяржавы сярод белага дня. Безумоўна, гэта крымінал. Але крымінал улады. Таму грамадства, прывучанае падпарадкоўвацца ўладзе і чакаць, што ўлада для яго ўсё зробіць – маўчыць.

Як часам дзейнічае выканаўчая ўлада, праілюструю на прыкладзе аднаго (аднаго з многіх) сакрэтнага распараджэньня прэзідэнта Рэспублікі Беларусь [так у аўтара. – Рэд.] А.Лукашэнкі №230-оп ад 22 лістапада 1995 г. “О налоговых льготах государственному торгово-экспозиционному предприятию «Торгэкспо» [у газетным артыкуле прыводзяцца копіі гэтага распараджэньня. – Рэд.]. Сутнасьць гэтага распараджэньня ў тым, што па волі А.Лукашэнкі з “Торгэкспо” здымаюцца ўсе мытныя пошліны, акцызы, падаткі на дабаўленую вартасьць на ўвозімыя тавары згодна кантрактаў “согласованных с Управлением делами Президента Республики Беларусь”. Сродкі, захаваныя такім чынам ад няўплаты падаткаў і невыплачаныя ў бюджэт, накіроўваліся ў “сьпецыяльны фонд” прэзідэнта А.Лукашэнкі.

Што гэта за фонд, па якому праву ён створаны, дзе зарэгістраваны, дзе яго рахункі, што за сродкі ідуць у гэты фонд, якім чынам і адкуль, на што выдаткуюцца гэтыя сродкі, хто акрамя А.Лукашэнкі імі карыстаецца і распараджаецца і г.д. – усё гэта пакрыта змрокам таямніцы. Пра гэты фонд амаль ніхто ня ведае і ніхто яго не кантралюе.  

Тым часам чытаем далей сакрэтныя дакументы “не для печати”. Вось кантракт №01-11/95 ад 23 лістапада 1995 г. (зьвярніце ўвагу на даты), заключаны прадпрыемствам “Торгэкспо” і нейкай фірмай “Union Distribution Limited”, разьмешчанай у Хельсінкі. Сутнасьць кантракту ў тым, што менскае “Тогэкспо” па даручэньні хельсінскага “Union Distribution Limited” і за яго кошт “заключает от своеги имени договоры купли- продажи товара в соответствии со спецификацией №1” (прыкладаецца). У сьпецыфікацыі пазначана 50 назваў тавараў “народнага спажываньня” (зь якіх 17 назваў, дарэчы, ня маюць дачыненьня да “тавараў народнага спажываньня”).

Агульная сума кантракту складае 500.000.000 (паў мільярда!) долараў ЗША.

Кантракт падпісаны двума бакамі. Ёсьць адрасы. Стаяць пячаткі. А з беларускага боку яшчэ і пячатка “Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

А цяпер нескладаныя разьлікі – колькі “хапнулі” ў дзяржавы [у беларускага народу. – Рэд.] па адным толькі гэтым кантракце. Мытная пошліна ад кошту закупленага тавару складае 75 млн. USD, падатак на дабаўленую вартасьць – 115 75 млн. USD, потым акцызы, транспартныя кошты і інш. – усяго разам арымліваецца 320 (трыста дваццаць) мільёнаў долараў ЗША.

Бюджэт Беларусі не далічыўся гэтых мільёнаў.

Шмат гэта ці ня шмат? Гэта вельмі шмат. Гэтая сума перавышае на 30% сродкі, выдаткаваныя ў дзяржаўным бюджэце 1995 г. на навуку, культуру, адукацыю і ахову здароўя разам. (Напрыклад, на адукацыю, культуру і ахову здароўя ў бюджэце выдзелена 148 мільёнаў долараў). Бедная культура, бедныя паліклінікі і шпіталі, куды савецкі пенсіянер ідзе са сваімі лекамі, зьвягаючы, што “не памагают прэзідзенту”, і бедная навука, ад якой крымінальная “імперыя Ціцянкова” (правая рука А.Лукашэнкі) скора адбярэ ўсе памяшканьні. (Дарэчы, што там Кебіч са сваімі трымя мільёнамі, выдадзенымі для жонкі. Такія маштабы яму, пэўна, і ня сьніліся).

Каментароў да ўсяго гэтага даваць ня буду. І так усё зразумела. А што не зразумела, трэба спадзявацца, некалі высьветліць пракуратура, суд, камісія Вярхоўнага Савету, Кантрольная палата і г.д. Усе яны ведаюць пра гэтыя дакументы і зьдзелкі.

Магчыма, нешта высьвятліць для сябе і нашае грамадства, хаця, калі шчыра, я ў гэтым сумняваюся. Яно па звычцы застанецца абыякавым да сябе. А шкада, бо толькі ад яго цяпер залежыць спыненьне крымінальнага стану ўлады ў нашай краіне.

Зянон Пазьняк.  

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы