nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Метады кантролю грамадства антынароднымі ўладамі

15 верасня, 2007 | Каментары (1)

Насір Віхан аль-Лахбі  (Емен)

Любыя соцыяпаразітныя сілы могуць захоўваць уладу над грамадствам толькі, калі ўвесь час яго аслабляюць, дэзарганізоўваюць, “кантралююць”. У іншым выпадку грамадства здольна самаарганізавацца і пазбавіць сябе ад злодзеяў на дзяржаўных пасадах. Сярод дэструктыўных тэхналогій, скіраваных на такі “кантроль”, найбольш распаўсюджанымі ў цяперашні час мы лічым інфармацыйныя. Але нам цікава, як падобную праблему бачаць іншыя дасьледнікі. Зыходзячы з дадзенага пасылу, мы і выстаўляем скарочаную версію артыкула, дзе пералічваюцца асноўныя палітыка-інфармацыйныя тэхналогіі “кантролю” грамадства.  

Рэдакцыя.

 

Рэжымы, якія правяць у Ісламскім сьвеце, як правіла, імкнуцца ўмацаваць свае ўстоі, выкарыстоўваючы шэраг вытанчаных спосабаў, якія дазваляюць трымаць народ закладнікам дэспатыі ды прыніжэньня.

 

Гэтымі спосабамі зьяўляюцца:

1-ы: Палітыка абцяжарваньня людзей штодзённымі жыцьцёвымі праблемамі.

Дадзеная палітыка накіраваная на адцягваньне ўвагі людзей побытавымі праблемамі і клопатам пра жыцьцё, каб выкарыстаць іх час і завалодаць іх думкамі, тым самым пазбавіць людзей часу на роздум над іншымі рэчамі, акрамя сваіх прыватных праблем.

Гэтая палітыка праводзіцца ў многіх краінах, якія разьвіваюцца, у так званым “трэцім сьвеце” [у Белаурсі таксама. – Рэд.], а СМІ ўтойваюць сэнс гэтай палітыкі.

Улады імкнуцца давесьці грамадскую думку да сукупнасьці перакананьняў, якія не ўспрыняла б большасьць людзей, калі б не вытанчаны ціск, прымус і прыніжэньне. У гэтых умовах любое рашэньне ўладаў, якое менш прыніжальнае альбо менш шкоднае, аўтаматычна становіцца народным патрабаваньнем. Прыкладаў таму больш чым дастаткова. Варта паглядзець на людзей, якая стаяць у чэргах, каб атрымаць неабходныя для жыцьця сродкі [такое было ў СССР. – Рэд.].

 

2-і: Палітыка адцягваньня ўвагі на спорт і моладзевыя акцыі.

Прыкладам гэтаму зьяўляюцца перманентныя спаборніцтвы, скачкі, гонкі, адкрыцьцё ўсялякіх клубаў, інфармацыйныя рэпартажы ў прамым эфіры, якія прымушаюць падлеткаў і моладзь сачыць за вынікамі спаборніцтваў і абмяркоўваць прызначэньні старшыняў моладзевых і спартовых клубаў.

Сам па сабе спорт ня ёсьць забароненым заняткам. Аднак, выкарыстаньне яго для адцягваньня ўвагі ад многага, значна больш істотнага – гэта адна з трагедыяў.

Калі ўладар жадае затуманіць пэўную праблему альбо пагадненьне, дык прыбягае да выкарыстаньня гэтага дурману і далучае ўсе СМІ, каб акцэнтаваць увагу моладзі на самых розных спаборніцтвах. Таму ня варта зьдзіўляцца, што моладзь у наш час ведаюць на памяць назвы спартовых клубаў, сьцягаў, кінатэатраў, арэн, а таксама імёны гульцоў і актораў больш, чым імёны сапраўдных герояў.

Адцягваньне ўвагі народу праз футбольныя спаборніцтвы, барацьбу альбо эратычныя фільмы, тэлесерыялы з інтрыгамі ў амерыканскім стылі і г.д. не спараджае ў людзях нічога, акрамя невуцтва, злобы і дэградыцыі.

Акрамя таго, падзел краіны на каманды, якія супернічаюць, можа выклікаць нянавісьць, злосьць, этнічную і тэрытарыяльную фанатычнасьць, что можа паспрыяць распаду грамадства.

[З нашага досьведу да гэтага пункту варта дадаць яшчэ эстраду (выключна папсовую), для распаўсюду якой выкарыстоўваецца ТБ; зьвярніце ўвагу, усялякія пугачовы-кабзоны-петрасяны, як сядзелі ў тэлескрыні пры камуністах, яшчэ з 1970-х, так і не вылезьлі адтуль да сёньня; нагадаем таксама, першы серыял, дзе было некалькі дзясяткаў серый, быў “Рабыня Ізаўра”; яго пачалі паказваць (навязваць) нашаму грамадству таксама яшчэ ў камуністычныя, “перабудовачныя гады”. – Рэд.].

 

3-і: Палітыка адцягваньня ўвагі на гонку за маёмасьцю і прадметамі раскошы.

У багну ліхаманкавага калекцыянаваньня і скнарніцтва (каштоўнасьцяў і сучаснай тэхнікі) ідзе шмат часу. Пры гэтым губляецца вялізны патэнцыял моладзі, на якую ўскладзены абавязкі пераменаў. Той, хто ганяецца за падобным, ня знойдзе часу на роздум над праблемамі грамадства.

Капіталістычныя меркаваньні ў спалучэньні з індывідуальным самалюбствам і адданьнем перавагі асабістым інтарэсам сталі дамінаваць над лёсавызначальнымі праблемамі народу.

Кіроўныя рэжымы заахвочваюць да пагоні за матэрыяльнымі асалодамі й стымулююць ліхаманкавае суперніцтва за гэта. Яны адчыняюць шырокія прасторы для рэкламных агенцтваў, каб толькі апусьціць людзей на дно фальшывай раскошы, пыхлівых забаваў, азартных гульняў, празмернага выдаткаваньня грошай і куплі самых апошніх марак аўтамабіляў па завоблачных коштах. Так яны імкнуцца адцягнуць увагу людзей ад палітыкі і кіруючых фігур.

Так яны робяць у багатых краінах ці ў праслойках багатых людзей. Што да бедных краін, дык там яны часьцей кіруюцца прынцыпам “галодны пёс – паслухмяны пёс” і прымушаюць людзей жыць марамі, што “ў 2012 годзе зажывем у багацьці”, і што год, які заканчваецца, стане апошнім годам карупцыі і карупцыянераў.

Яны абнадзейваюць народ, што “хутка наша краіна расквітнее” і хутка будуць распачатыя шматлікія праекты па добраўпарадкаваньні жыцьця людзей. Паралельна падкупаюць бруднымі грошамі ўплывовыя грамадскія сілы, а таксама асьветнікаў, тых, хто мае сілу ці можа паўплываць на грамадскую думку.

 

4-і: Палітыка “затыканьня ратоў”.

Дадзеную палітыку праводзяць дэспатычныя і дыктатарскія рэжымы, якія абсалютна не лічацца зь людзьмі й іх правамі [як цяпер у Белаурсі. – Рэд.]. Яны ўзмацняюць ціск на людзей у адказ на абурэньне несправядлівасьцю. Гэтая палітыка спараджае ў сэрцах людзей прыгнечанасьць, страх і пакору перад рэчаіснасьцю насуперак сваім перакананьням што да неабходнасьці пераменаў.

У вуснах народу чутны ваказваньні, якія паўтараюцца ў многіх краінах: “сьцены таксама чуюць”, “нам, бедным, толькі б паесьці”, “пражыў дзень – і добра” і г.д.

Гэтае запалохваньне накіраванае супраць кожнага, чый унутраны голас прымушае да непадпарадкаваньня бруднаму ўладару альбо выразу свайго незадавальненьня што да яго кіраваньня, ня кажучы ўжо пра тых, хто хоча зьмяніць ці зрынуць яго.

Таму ўладары ды іхныя прысьпешнікі, напрыклад, увесь час паўтараюць назвы сваіх турмаў, каб народ завучыў іх і ўспрымаў, як крыніцу для жаху.

 

5-ы: Палітыка “прадушыны” для грамадскага меркаваньня.

Калі кіраўнік пачынае адчуваць абвастрэньне сітуацыі з-за палітыкі “затыканьня ратоў” і небясьпеку незадавальненьня з-за яе, дык імкнецца знайсьці прадушыну для іх, каб пазьбегчы сацыяльнага выбуху альбо рэвалюцыі.     

Ён дае распараджэньне СМІ падрыхтаваць невялікія праграмы, асьвятляючыя асобныя асьпекты жыцьця, на якія паступаюць скаргі ад людзей, і перадачы з крытыкай у адрас некаторых адказных асоб, якія займаюць сярэдняе месца ў чыноўніцкай пірамідзе. Пры гэтым усяляк пазьбягаецца крытыка галоўнай адказнай асобы – “правадыра” і найбольш набліжанай да яго часткі піраміды, каб намовіць людзям, што няўвага альбо правапарушэньні супраць народу адбыліся па віне ніжэйшых адказных чыноў, а ўладар не нясе адказнасьці за злачынствы іншых чыноўнікаў.

Зрэдку ўладар прыцягвае вядомых актораў, каб яны згулялі сцэну прадушыны. Пры гэтым такія ролі выконваюць толькі дазволеныя рэжымам фігуранты, якія ведаюць межы, за якія нельга пераступаць у працэсе “выпусканьня пары” грамадскага меркаваньня, каб раптам чары не павярнулася супраць галоўнага “чараўніка”. Гэта адзін зь відаў запраграмаванай сатыры, якую перадаюць выключна па афіцыйных дзяржаўных каналах.

 

6-ы: Палітыка знаходжаньня “ахвярнага казла”.

Часта уладар выбірае нейкага палкоўніка, міністра альбо, нават, прэм’ер-міністра ў якасьці ахвярнага казла, ўскладаючы на яго адказнасьць за грахі і беды свайго кіраваньня, каб адцягнуць увагу ад сябе.

Звычайна гэта адбываецца пасьля палітычнага выкрыцьця альбо дэстабілізацыі ў сьферы бясьпекі, эканомікі, сацыяльных адносінаў.

Так уладар памяншае негатыў гамадскай думкі, скіраваны на яго, накіроўваючы абвінавачваньні ў адрас іншага.

 

7-ы: Палітыка апераджальных удараў.

Некаторыя рэжымы праводзяць папярэднія інфармацыйныя кампаніі ў мэтах апярэджваньня ўнутраных палітычных зьмен, у асаблівасьці, калі адчуюць пах паўстаньня і незадавальненьня сярод людзей.

Яны робяць апераджальныя крокі – закрываюць газеты альбо арыштоўваюць нелаяльных журналістаў, мысьляроў на фоне інфармацыйнай атакі й разнастайных абвінавачваньняў. Абвінавачваньні могуць уключаць антыканстутыцыйную змову, падрыў бясьпекі краіны, абвінавачваньне ў шпіянажы (пры гэтым краіны, на якія працуе “шпіён”, як правіла, не ўпамінаюцца).

Гэтыя меры часта характарызуюцца сваёй нечаканасьцю, аператыўнасьцю і жорсткасьцю, а зрэдку адбываюцца ў поўнай сакрэтнасьці, каб не выклікаць розгалас у грамадскім меркаваньні і не прадэманстраваць прыкметы слабасьці рэжыму што да апазіцыянераў, якія працуюць над яго кардынальным зьмяненьнем.   

 

8-ы: Палітыка зьліцьця з хваляй.

Гэта найбольш практыкуемая палітыка, калі начальства выкарыстоўвае пэўныя абставіны альбо асаблівыя падзеі, каб зьліцца зь імі. У выніку, праз пэўны час зьнікаюць адрозьненьні паміж першапачатковым і новаўведзеным. У выніку шчырыя грамадскія памкненьні, узбуджаныя апазіцыяй, расьсейваюцца. Акцыя апазіцыі завяршаецца правалам, які даводзіць да адчаю тых, хто вёў працу з поўнай сур’ёзнасьцю і не запляміўся хітрыкамі сваіх новых саўдзельнікаў.

Усе мы неаднаразова былі сьведкамі, як хваля гневу супраць уладара, караля ці прэзідэнта хутка заціхала без усялякіх скрайніх мераў. Бясспрэчна, зьліцьцё з хваляй і прыняцьце народных патрабаваньняў (на словах) дапамагае зьнізіць ступень актыўнасьці, а часам вядзе народныя патрабаваньні да супрацьлеглага выніку.

Так, год таму ў Емене прайшла дэманстрацыя, якая патрабавала ад адказных асобаў спыніць эканамічны спад і спыніць гульні з выплатай заробкаў рабочым. Спачатку вылучаліся лозунгі з асуджэньнем прэзідэнта і ўсіх высокапастаўленых асобаў без выключэньня. Але, калі мітынгоўцы прайшлі палову краіны [беларусы, зьвярніце ўвагу: нават у Емене з лозунгамі супраць прэзідэнта можна прайсьці “пол краіны” з мітынгамі й шэсьцямі! – Рэд.], слоганы і заклікі зьмяніліся на “Народ адзіны і Бацькаўшчына адзіная”.

Афіцыйныя сілы лёгка ўваходзяць у шэрагі народу, калі яны жадаюць зьліцца з пэўнай хваляй. Яны не ідуць адразу супраць цячэньня, а рухаюцца разам з гэтай хваляй па паралельнай лініі, уздымаючы тыя ж лозунгі і заклікі. Затым яны імкнуцца скараціць адлегласьць паміж дзьвюма лініямі, каб наблізіцца да першапачатковай лініі ў спадзеве на подкуп некаторых асоб. Калі ж лініі зьліваюцца ў адну, хваля, якая раней са сваімі прыхільнікамі і лозунгамі першапачаткова варожа ставілася да рэжыму, пераўтвараецца ў бездапаможнае спараджэньне рэжыму. Тады ініцыятары «хвалі» раптам адкрываюць, што ўжо адхіліліся ад сваіх першапачатковых мэт на 180 градусаў, хаця і не адчулі прымусовага ўзьдзеньня ў час такой перамены, а проста падпарадкаваліся яму.

 

9-ы: Палітыка ігнараваньня хвалі.

Калі некаторыя лідары падпадаюць пад моцную віхуру крытыкі ды незадавальненьня адносна праводзімай імі палітыкі, яны, у супрацьлегласьць папярэдняму падыходу, могуць выкарыстаць тактыку ігнараваньня гэтай крытыкі. Яны могуць устрымлівацца ад усялякіх заяваў, каментароў, адзнак пакуль ня сьціхне віхура і не прасьвятліцца сітуацыя – г.зн. да той пары, пакуль грамадская думка не вернецца да сваёй папярэдняй пазіцыі і большасьць людзей не забудуць пра тое, што адбылося.

Тут трэба адзначыць, што ўладары і лідары робяць свае стаўкі на сьхільнасьць людзей да забываньня й грунтуюць на гэтым свае планы ды інфармацыйныя праекты. Таму прасочваецца паўтарэньне добра забытых планаў і падманаў, якія неаднаразова ўжо былі выкарыстаныя. Тым ня менш, выкарыстаньне натуральных схільнасьцяў народаў і выкрэсьліваньне фактаў зь іх памяці ахоўвае многіх краўнікоў ад выкрыцьця іх падманаў.

 

10-ы: Палітыка “акрываўленай кашулі Асмана”.

Па ўсім відаць, гэтая палітыка таксама адна з найбольш распаўсюджаных у наш час. Сёньня многія прафесійныя сьпецыялісты ахвотна ёй карыстаюцца.

Усім вядомая [на Блізкім Усходзе. – Рэд.] гісторыя вакол патрабаваньня адплаты за сьмерць Асмана Ібн Афана (трэцяга праведнага халіфа), якая ў далейшым стала прыкладам перайманьня для палітыкаў ды іх інфармацыйных агенцтваў.

Так, калі некаторыя хочуць накіраваць людзей у бок сваіх замыслаў, яны спачатку набліжаюцца да людзей і робяць выгляд, што яны праслаўляюць, а часам й асьвячаюць які-небудзь з паважаных народам сімвалаў.

У арабскім сьвеце найбольш выкарыстальнымі праблемамі ў якасьці “кашулі Асмана” выступаюць праблемы Палестыны, вызваленьня Ерусаліма, Аўганская вайна, пытаньне ісламскага адраджэньня.

Палітыка “акрываўленай кашулі Асмана” можа даць як станоўчыя, так і негатыўныя вынікі, у залежнасьці ад замыслаў чалавека, які выкарыстоўвае гэтую “рубаху”.

Напрыклад, многія “далучаюцца” да палестынскай праблемы кожны раз, калі хочуць затушаваць свае чорныя старонкі. Яны пачынаюць прыгожа “сьпяваць” пра заклапочанасьць гэтай праблемай і неабходнасьць барацьбы, падаючы сябе людзьмі, якія ўсё сваё жыцьцё безупынна імкнуцца вярнуць Палестыну яе законным гаспадарам. Гэта тое, што яны кажуць публічна. Аднак за кулісамі патаемна праводзяць рэгулярныя сустрэчы зь ізраільскімі лідарамі й заключаюць зь імі пагадненьні.

Што да іншай формы выкарыстаньня “кашулі Асмана”, дык гэта перакладваньне ўсіх сваіх парокаў на Ізраіль альбо прыпісваньне іх таму, каго ненавідзяць, кім пагарджаюць людзі – каланіялізму, сіянізму і г.д.

Так, паразу ў чэрвеньскай вайне 1967 года яны апраўдвалі тым, што ЗША ды Англія дапамагалі Ізраілю. Адносна вайны 1973 года аргументам стала тое, што Амерыка выкарыстоўвала паветраны мост для аказаньня дапамогі Ізраілю.

 

11-ы: Палітыка “пугі ды перніка”.

Гэтая палітыка прымяняецца звышдзяржавамі ў адносінах да лідараў трэцяга сьвету, уключаючы ісламскі сьвет, каб шляхам спакусы і застрашэньня прымусіць іх ісьці за загадамі, якія ідуць ад іх. Тым ня менш, лідары краін трэцяга сьвету перанялі гэтую палітыку ў імперыялістаў і прымяняюць у адносінах да свайго народу. Звычайна спачатку прапануецца “пернік” індывідумам і групам, і калі яны пагаджаюцца быць паслухмянымі слугамі, дык “пугу” хаваюць. У іншым выпадку хаваюць “пернік”, а лаяльная палітыка пераўтвараецца ў палітыку жандармерыі, турмаў, высочваньняў, захопаў, арыштаў і забойстваў.

 

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Цікава!
    Па Беларусі можна назваць канкрэтныя прыклады выкарыстання вышэйзгаданых хітрыкаў (ці падлянак).
    Напрыклад – лецішча, якія пачалі давfць амаль кожнаму жадаючаму з 1968 г., па 6 сотак далёка за горадам,
    і куды пайшлі высілкі многіх людзей. А сабе наменклатура давала пад “катэджы” па 20 сотак плюс халяўныя
    будматэрыялы ды дармавая рабсіла.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы