Цімур Юсупаў (паводле www.islam.ru; артыкул скарочаны. Рэдакцыя)
Вайна і метады яе вядзеньня зьмяняюцца настолькі ж імкліва, як і гэты сьвет. Вялікія краіны, якія чульліва сочаць за ўсімі зьменамі ў сьвеце, раней за ўсіх пачалі рыхтавацца да асваеньня новых тэхналогіяў у вядзеньні баявых дзеяньняў, якія спакваля высьпявалі некалькі дзесяцігоддзяў і вырваліся вонкі ў апошнія гады…
Ваенныя сеткі супраць рэгулярных армій
Велічэзная армія Садама Хусэйна, якая бразгала лёгкімі й цяжкімі ўзбраеньнямі, сшыхтаваная ў палкі й дывізіі, якая чаканіла крок на ваенных парадах на багдадскіх плошчах і абяцала зьнішчальную паразу ўсёй армадзе ЗША, была разьбітая і раскіданая па пустыні за лічаныя тыдні. Але армія ЗША, якая разьбіла яе, праз некалькі гадоў сама гатовая зьбегчы зь Ірака. Яе ўварваньне туды абярнулася для яе ганебнай паразай у бясконцай вайне з супернікам, якога яна нават у твар ня можа ўбачыць…
Альбо больш раньні прыклад. На працягу ўсёй другой паловы ХХ стагоддзя армія маленькага Ізраіля граміла ўшчэнт рэгулярныя войскі арабскіх краін ды іх кааліцыі. Так, напрыклад, у вайне 1967 года ізраільская авіяцыя ў першыя ж хвіліны вайны разбамбіла 400 арабскіх самалётаў, практычна цалкам зьнішчыла егіпецкую армію, захапіла Ерусалім, Сінайскі паўвостраў і Галанскія вышыні. Але летась, здавалася б, непераможная ізраільская армія атрымлівае сакрушальную паразу ад… напаў-партызанскага руху Хізбала.
У чым сакрэт такой немачы сучасных армій, нашпігаваных усімі відамі ўзбраеньняў, перад тварам разрозьненых паўстанцкіх атрадаў, накшталт ірацкіх груповак, альбо напаўлегальных рухаў супраціву накшталт Хізбала ды ХАМАС?
Адказ вельмі просты і ў той жа час нечаканы для непаінфармаваных – сеткі…
Сеткі – гэта спосаб арганізацыі й каардынацыі дзейнасьці баявых атрадаў і злучэньняў, у якіх няма адзінага камандаваньня і гіерархічнай структуры, няма афіцыйнага статута, няма бюракратыі. Прыняцьце аператыўных рашэньняў і тактыкі дзеяньня залежыць у кожным атрадзе ад ініцыятывы камандзіра і аператыўнай сітуацыі.
Сеткавыя войны і сеткавыя супольнасьці – новыя тэрміны і новыя тэмы, якія сталі папулярныя дзякуючы працам інтэлектуалаў з карпарацыі «RAND» Дэвіда Ронфельда і Джона Аркілы. Іх даклад «Networks and Netwars: The Future of Terror, Crime and Militancy» [“Сеткі і сеткавыя войны: будучыня тэрору, злачыннасьці й вайсковай справы”. – Рэд.] зрабіў моцнае ўражаньне на ваенных экспертаў, публіцыстаў і проста мысьляроў усяго сьвету.
Сеткавыя структуры ня ёсьць чыімсьці вынаходніцтвам. На самой справе людскае грамадства здаўна было арганізаванае па сеткавым, негіерархічным прынцыпе [гэта ня так; у чалавецтва назіраюцца разнастайныя камбінацыі сеткавай структуры зь гіерархізаванай. – Рэд.]. Яркімі прыкладамі тут могуць быць сеткавыя суполкі першых пасьлядоўнікаў прарокаў Ісуса і Мухамада (мір ім абодвум), наўгародскае веча, казацкія кругі ды вольныя грамадствы Каўказу.
Аднак незвычайны росквіт сацыяльных сетак ва ўсіх сьферах людскага жыцьця – сацыяльнай, палітычнай, ваеннай, эканамічнай – прыпадае менавіта на наш з вамі час. І ўсё дзякуючы інфармацыйнай рэвалюцыі, якая ахапіла за апошнія паўстагоддзі ўсю планету.
У чым моц сетак, якія імкліва ўрываюцца ва ўсе сьферы людскай жыцьцядзейнасьці? У тым, што іх нельга зьнішчыць.
Гіерархічныя ваенныя, палітычныя ды іншыя структуры вельмі лёгка разбурыць. Асабліва чульлівымі там зьяўляюцца каналы перадачы інфармацыі. Пры пашкоджаньні аднаго са зьвёнаў гіерархічнай структуры зь вялікай верагоднасьцю перапыняецца сувязь з падпарадкаванымі яму галінамі. На гэтым будуецца самая распаўсюджаная методыка барацьбы зь гіерархічнымі структурамі – выбіваецца цэнтар, пасьля чаго сістэма, якая засталася, альбо распадаецца, альбо чакае новага “гаспадара”. Гэты метад шырока прымяняецца ў традыцыйных войнах – выбіваньне цэнтраў баявога кіраваньня вядзе да паралюшу войскаў супраціўніка. Менавіта гэты прыём і быў выкарыстаны “Ізраілем” у вайне супраць арабскіх армій у 1967 годзе і ЗША ў вайне супраць арміі Садама Хусэйна.
Сеткавую структуру так проста ня зьнішчыць. У сеткавай супольнасьці няма яўнага кіроўнага цэнтра. У ідэальным выпадку яго ролю выконвае нейкая звышідэя [правільней, ідэалогія. – Рэд.]. Напрыклад, у мусульманскіх рухаў супраціву – гэта неабходнасьць супрацьстаяць агрэсару, вызваленьне ісламскіх земляў, усталяваньне справядлівасьці і трыюмф Ісламу.
Дэвід Ронфельд і Джон Аркіла пішуць: “Галоўным рэсурсам сеткавай вайны зьяўляецца сама сеткавая структура. Сетка пляцецца з мноства вузлоў, кожны зь якіх выконвае сваю, часта вузкасьпецыялізаваную задачу”. Тэарэтыкі сеткавай вайны апісваюць яе тактыку праз тэрмін “рой”, які ўзяты з заалогіі дробных насякомых і які апісвае метад скапленьня мноства дробных баявых груп, якія ўтвараюць адзіную сетку для сумеснага дзеяньня.
Далей Ронфельд і Аркіла заяўляюць у сваёй працы: “Раеньне – зрокава аморфны, але метанакіравана структураваны, скаардынаваны стратэгічны спосаб ударыць з усіх бакоў у пэўную кропку з дапамогай жыцьцястойкай пульсуючай сілы. Тактыка раеньня найбольш выніковая, калі яна грунтуецца на разгортваньні надзвычай шматлікіх, маленькіх, расцярушаных сеткавых адзінак, сілы якіх сыходзяцца на мэце са шматлікіх кірункаў. Асноўная задача: элементы сеткі “рою” павінны быць у стане хутка і незаўважальна злучыцца вакол цэлі, а затым раз’яднацца і паўторна расцярушыцца, захоўваючы гатовасьць паўторна аб’яднацца для новага ўдару”.
Гэты метад зьяўляецца найбольш моцным сродкам як нападу, так і абароны. У нападзе сеткавыя арганізацыі, як правіла, вельмі гібкія, лёгка адаптуюцца да розных умоў, універсальныя і ствараюць шматлікія магчымасьці для ўзаемадзеяньня.
Сеткавы паход ЗША
Відавочна, што тэхналогію сеткавай вайны супраць моцнага і вялікага суперніка прыдумалі не ЗША, а партызанцкія і паўстанцкія рухі, якія на працягу ўсяго ХХ стагоддзя супраціўляліся двум звышдзяржавам – савецкай ды амерыканскай (у Аўганістане, Самалі, Судане, Іраку), а таксама “Ізраілю” ў Палестыне. Але ЗША вельмі хутка зрабілі высновы з паразы СССР у Аўганістане, свайго – у Самалі, “ізраільскага” – у Паўднёвым Лібане, а таксама сёньняшняга краху ваеннай авантуры ў Іраку.
Лепшыя розумы Пентагону, ЦРУ, ФБР ды іншых ваенна-палітычных цэнтраў ды ведамстваў ЗША на працягу апошніх гадоў працавалі над тым, каб распрацаваць сучасную дактрыну вядзеньня сеткавых войнаў і супрацьстаяньня сеткавым групоўкам аўганскіх ды ірацкіх маджахедаў. І яны яе распрацавалі ўжо на больш высокім тэхналагічным ды глабальным узроўні, чым методыка сеткавага ўзаемадзеяньня ісламскіх груповак на полі бою.
Сеткавая вайна ў разуменьні ваеннага кіраўніцтва ЗША – новая канцэпцыя вядзеньня войнаў, распрацаваная начальнікам Упраўленьня рэфармаваньня ўзброеных сілаў ЗША пад кіраўніцтвам віцэ-адмірала Артура Себроўскі. Яна актыўна ўкараняецца сёньня ў практыку вядзеньня баявых дзеяньняў ЗША ў Іраку і Аўганістане, тэстуецца на вучэньнях і на сімулятарах. Распрацоўшчыкі гэтай тэорыі перакананыя, што ў бліжэйшай будучыні яна “калі не заменіць сабой традыцыйную тэорыю вядзеньня вайны, дык якасна зьменіць яе”.
Як піша расейскі аналітык Дугін, “сэнс ваеннай рэформы ў рамках “новай тэорыі вайны” інфармацыйнай эпохі складаецца ў стварэньні моцнай і ўсеахопнай сеткі, якая канцэптуальна замяняе раней існыя мадэлі ды канцэпцыі ваеннай стратэгіі, інтэгруе іх у адзіную сістэму. Рэгулярнае войска, усе віды выведак, тэхнічныя адкрыцьці і высокія тэхналогіі, журналістыка і дыпламатыя, эканамічныя працэсы і сацыяльныя трансфармацыі, грамадзянскае насельніцтва і кадравыя вайскоўцы, рэгулярныя часткі й асобныя слаба аформленныя групы – усё гэта інтэгруецца ў адзіную сетку, па якой цыркулюе інфармацыя. Стварэньне такой сеткі складае сутнасьць ваеннай рэформы ўзброеных сілаў ЗША”.
Зь верасьня па кастрычнік 2001 г. тэматыка сеткавай вайны так ці інакш абмяркоўвалася практычна на ўсіх канферэнцыях ды семінарах, якія адбываліся з прыцягненьнем сьпецыялістаў Пентагона. Разам з тым, толькі за некалькі апошніх гадоў аналізу розных асьпектаў дадзенай аператыўнай канцэпцыі быў прысьвечаны цэлы шэраг дасьледваньняў вядучых аналітычных цэнтраў Міністэрства абароны ЗША.
Як адзначала «Независимое военное обозрение», за апошнія гады рэзка ўзрасла цікавасьць да рэалізацыі праектаў стварэньня глабальнай інфармацыйнай сеткі Мінабароны ЗША, вядомага як праект «Defense Information Grid», які каардынуецца Агенцтвам інфармацыйных сістэм (DISA) Пентагона. Менавіта гэты праект зьяўляецца асновай вядзеньня сеткавай вайны. Дадзены кірунак у разьвіцьці аператыўнага мастацтва быў пакладзены і ў аснову канцэпцыі будовы амерыканскіх узброеных сіл “Адзіная персьпектыва “2010” («Joint Vision 2010»).
Як піша Леанід Томін, “у прымяненьні да ваеннай сьферы былі зробленыя і першыя азначэньні новай зьявы. Амерыканцы азначаюць сеткавую вайну як аператыўную канцэпцыю, якая грунтуецца на інфармацыйнай перавазе і дазваляе дасягнуць павелічэньня баявой моцы войскаў шляхам арыентацыі на сетку датчыкаў, штабоў і выкарыстоўваемых падраздзяленьняў. Гэта дае магчымасьць дасягнуць шырокую паінфармаванасьць, павялічыць хуткасьць давядзеньня загадаў, дасягнуць больш высокі тэмп правядзеньня аперацыі, большае паражальнае ўзьдзеяньне, большую жывучасьць і ступень самасінхранізацыі”.
Ісламскі сьвет у павуціньні сетак
У таго ж Томіна далей чытаем: “Пры гэтым упор робіцца ня толькі на непасрэдна ваенную складовую. Напрыклад, з пачаткам аперацыі ў Аўганістане і стварэньнем амерыканскіх базаў у цэнтральна-азіяцкіх рэспубліках рэзка ўзрасло інфармацыйнае ўзьдзеяньне на іх насельніцтва. Так, са сьнежня 2001 г. “Радыё Свабода” павялічыла аб’ём вяшчаньня на азербаджанскай ды рутэцкай мовах, а таксама на фарсі. На працягу студзеня-лютага 2002 г. быў павялічаны час радыёперадачаў на азербаджанскай, казахскай, кіргізскай, таджыцкай, туркменскай і ўзьбецкай мовах, на фарсі разам яшчэ на 20 гадзінаў, узрос аб’ём вяшчаньня на арабскай мове праз радыё “Свабодны Ірак”.
Дададзім ад сябе, што тая ж радыястанцыя ўжо некалькі гадоў вядзе вяшчаньне на Каўказ на трох мовах – аварскай, чачэнскай і чэркескай.
Сёньня відавочнае пашырэньне паняцьця сеткавых войнаў да маштабаў глабальнай інфармацыйнай агрэсіі, дзе ісламскі сьвет становіцца палігонам для абкаткі новых ваенна-палітычных тэхналогій ЗША. У жорны гэтай вайны ўжо ўцягнутыя Палестына, Ліван, Самалі, Ірак, Аўганістан. На чарзе – Іран ды Сірыя. Акрамя таго, відавочным ёсьць і той факт, што нягледзячы на посьпехі мусульманскіх баявых сетак на палях баёў супраць армій ЗША ды Ізраіля, гэтыя краіны маюць неверагодна разьвіты тэхналагічны патэнцыял.
Гэта дазваляе ім накінуць практычна на ўвесь ісламскі сьвет выведчую ды прапагандысцкую сетку; аблытаць яго сеткамі “незалежных грамадскіх арганізацый”, якія прасоўваюць ідэі “дэмакратыі ды правоў чалавека”; атачыць шчыльным колам ваенных баз, радыялакацыйных станцый, касьмічных спадарожнікаў і падобнага “жалеза”, якое ў сітуацыі прамога ваеннага ўварваньня будзе забясьпечваць камунікацыю і жыцьцяздольнасьць баявых сетак акупацыйных армій.
Пры гэтым, “цэнтральнай задачай вядзеньня ўсіх сеткавых войнаў – піша Дугін – ёсьць сукупнасьць дзеяньняў, накіраваных на фармаваньне паводзінаў сяброў, неўтральных сілаў і ворагаў у сітуацыі міру, крызісу ды вайны”. Гэта азначае заранёўнае ўсталяваньне поўнага і абсалютнага кантролю над усімі ўдзельнікамі актуальных ці магчымых баявых дзеяньняў і татальнае маніпуляваньне імі ва ўсіх сітуацыях – і тады, калі вайна вядзецца, і тады, калі яна насьпявае, і тады, калі пануе мір. …