Віктар Шэндэровіч (паводле http://www.newtimes.ru/magazine/issue_33/article_4.htm)
Асабіста я не маю сумневаў у невінаватасьці Лугавога. Пасьля таго, як ён запрасіў з газеты “КамерсантЪ” 20 мільёнаў за свой зьняважаны гонар, дурак бы я быў, калі б назваў Лугавога забойцам. Хаця, вядома ж, зьвесткі такія ёсьць. Аднак, гэтая зацемка не пра Лугавога. Яна – пра Расею і расейцаў.
Расейцы, калі выйшлі з будоўляў камунізму ў стане моцнай інтаксікацыі, доўгі час не маглі зразумець, хто яны цяпер і навошта. І моцна з-за гэтага пакутавалі. З бадуну іх хістала з боку ў бок і біла аб розныя прадметы – то аб праваслаўе башкой шыбане, то бокам аб заходнія каштоўнасьці… І вось, каб расейцы маглі хутчэй усьвядоміць сябе, неба паслала нам Жырыноўскага.
Сам па сабе Жырыноўскі чалавек, я думаю, ціхі й інтэлігентны, але сваю гістарычную місію адчуў безпамылкова! Ён – лакмусавая паперка бессаромнасьці, 15 гадоў запар акуратна паказвае нам зьмены грамадскіх настрояў…
У першыя гады ён толькі размаўляў. Пашлякоў у расейскай палітыцы хапала і да Жырыноўскага, але ўсе хоць трохі, ды саромеліся. А тут высьветлілася, што якраз дарма! Высьветлілася: менавіта высокая канцэнтрацыя пошасьці і ёсьць умова посьпеху.
“Расея, ты здурнела!” – у адчаі выкрыкнуў з тэлевізара стары інтэлігент Каракін, калі ЛДПР упершыню ўвайшла ў парламент. Дый не здурнела яна, Юры Фёдаравіч! Гэта значыць, ня раптам здурнела, а проста разам паўстала перад нашымі вачыма такой, якая ёсьць.
Каб мы з вамі гэта разглядзелі, патрэбны быў Жырыноўскі – скажам яму дзякуй. Зрэшты, разглядзелі мы не адразу. Увесь свой талент “асьветніка” Ўладзімір Вольфавіч паклаў на тое, каб да нас нарэшце дайшло.
І паступова да нас дайшло. Што ў Расеі можна цягаць за валася жанчын на паседжаньні Дзярждумы; можна запіхваць у сваю машыну журналістку на вачах ў мянтоў; можна напіцца ў хлам і пасылаць на х… прэзідэнта ЗША – усё гэта, зразумела, пад тэлекамеры і з рэйтынгам, які толькі расьце!
Паступова, са смакам Уладзімір Вольфавіч адкрываў нам далягляды нашай расейскай загадкавай духоўнасьці. Жлобскія і проста крымінальныя тыпажы ў яго партыйных сьпісах перасталі зьдзіўляць ужо ў сярэдзіне 1990-х, перастаў зьдзіўляць і нязьменны посьпех яго няхітрых люмпенскіх слоганаў. Мы ўжо разумелі: такая краіна…
І зноў памыляліся, мяркуючы, што намацалі дно, бо, як даўно заўважыў Ежы Лец, “калі ён дасягнуў дна, зьнізу пастукалі”… Мы моршчыліся ад Мітрафанава, нам было моташна ад Абельцэва, але нас чакаў… Лугавы.
Мудрыя эксьперты адзначаюць, што гэта падвышае шанцы партыі на пераадоленьне бар’ера, – яшчэ б! Менавіта рэпутацыя чалавека (тая самая рэпутацыя, з-за якой яго так настойліва патрабуе да сябе брытанскае правасуддзе) і была прычынай для ўключэньня ў сьпіс ЛДПР – у супрацьлеглым выпадку выходзіла б, што Жырыноўскі зрабіў другім нумарам сваёй партыі банальнага афіцэра-перараджэнца, які закалачваў бабкі на службе ў Беразоўскага… Ці можна з такой фігурай ісьці ў Думу? Дык ні ў якім выпадку.
А вось з Лугавым – сьпецагентам – лёгка! Кабінкі для галасаваньня будуць стаяць ня ў лонданскім судзе. Мільёны расейцаў выдатна разумеюць, што афіцэр КГБ можа замачыць перабежчыка, і не бачаць у гэтым нічога жахлівага. Некаторыя што да такіх выпадкаў нават ганарацца. Такой рэпупацыяй расейцаў напужаеш не мацней, чым вожыка голым задам. Галоўнае – свой, класава блізкі!
І то сказаць – пабіліся з бадуну аб правы чалавека, дый дастаткова…
Нядаўна я сутыкнуўся з Лугавым на дні нараджэньня радыё “Эха Масквы”. Ён блукаў сярод выключнага бамонду са сваім Коўтунам – і не магу сказаць, каб вакол іх утварылася пустэча. Наадварот, некаторыя расейскія дэмакраты з задавальненьнем фатаграфаваліся зь імі ў абдымку.
… Радок, які вынесены ў загаловак, – зь песьні Галіча пра гаўнамер.
Дзякуй вам, Уладзімір Вальфавіч, за тое, што дапамагаеце нам выразьней бачыць узровень.
Жыр рэпрэзентуе пэўную частку электарата. У Думе ёсць кагэбэ, камунякі і жырыкі. Хоць нейкая разнастайнасць!
У Палатках ёсць толькі тыя хто “хрукае каля карыта”. Адсюль, здаецца, можна зрабіць выснову: Расея больш
дэмакратычная краіна, чым Беларусь. Але Расея сёння гэта 4-я Імпэрыя. 1-я была імпэрыя Чынгіз-Хана, потым
Рассейская імпэрыя, потым СССР. Падыходзіць да яе з Эўрапейскім правіламі, як гэта робіць Шэндэровіч, ня слушна.