nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Украіна. Вынікі датэрміновых выбараў у Вярхоўную Раду

4 кастрычніка, 2007 | Каментары (1)

Рэдакцыя.

Ук�а�на, в�ба��.JPG

Нарэшце ёсьць афіцыйныя дадзеныя ЦВК Украіны па больш чым 99,9% падлічаных бюлетэняў (гл. http://www.zavtra.com.ua/election2007). Можна пачынаць аналізаваць.

Нагадаем, выбары ва Украіне 30 верасьня г.г. адбываліся па прапарцыйнай сістэме (г.зн. па партыйных сьпісах). Іх вынікі прызналі ўсе міжнародныя назіральнікі.

У Вярхоўную Раду, якой пад ціскам з Масквы ў 2005 годзе былі перададзеныя істотныя ўладныя паўнамоцтвы ад прэзідэнта, пераадолеўшы 3%-ы бар’ер, папалі 5 партыяў (гл. малюнак уверсе, дзе паказаныя вынікі галасаваньня па 10 украінскіх партыях, якія набралі найбольшую колькасьць галасоў; тыя, хто набраў менш 0,3%, не паказаны). Украінскія сацыялісты (СПУ) і партыя Вятрэнкі (ПСПУ) – агрэсіўнай бабы, якая яшчэ нядаўна не вылазіла з беларускіх тэлевізараў і кляйміла адтуль Захад, беларускую апазіцыю і ўсіх, хто “супраць Лукашэнкі й інтэграцыі з Расеяй” – не папалі ва украінскі Парламент, паколькі не пераадолелі азначаны бар’ер.

Фармальным пераможцам, бо заняла 1-е месца, з 34,35% галасоў выбаршчыкаў стала Партыя Рэгіёнаў (ПР) на чале з прамаскоўскім прэм’ерам Януковічам. Аднак разам са сваімі добра праплочанымі саюзьнікамі (украінскімі камуністамі, КПУ, і Блокам Літвіна) яна набрала 43,69% галасоў. Тым часам як былыя саюзьнікі па Памаранчавай рэвалюцыі 2004-05 гг, блок Юліі Цімашэнкі (БЮТ) і юшчанаўскае аб’яднаньне (НУ-НС), якія занялі 2-е і 3-е месцы, разам сабралі на 1,5% больш галасоў – 45,33%. Гэта большасьць (! хаця і на валасок; а ўявіце, што было б, калі СПУ дабрала 0,14%, каб прайсьці 3%-ы бар’ер; тады сітуацыя была б цалкам іншай!), а гэта значыць, што дзьве апошнія партыі (былыя ж рэвалюцыйныя саюзьнікі) могуць стварыць і ў Вярхоўнай Радзе большасьць і сфармаваць урад Украіны… без Януковіча (між тым апошні раней лічыў гэтыя выбары простай фармальнасьцю, якая пацьвердзіць яго прэм’ерскія, а, можа, і прэзідэнцкія паўнамоцтвы).

Гэты сцэнар (назавем яго першым), выглядае найбольш верагодным.

Але ва ўкраінскай палітыцы ўсё ня так проста, пра што мы неаднаразова пісалі. Тут ідзе такая барацьба, укідаюцца такія грошы, што варта быць падрыхтаваным да самых розных падзей.

Так, Масква вельмі разьлічвае, што юшчанаўская партыя НУ-НС “дзеля сварэньня стабільнай большасьці ва ўраінскім парламенце і ўстолівага ўраду” пагодзіцца далучыцца да януковічаўскай каманды (сцэнар №2). Уяўляеце, якія цяпер з Масквы ідуць прапановы кіраўніцтву юшчанаўскай НУ-НС? А пра тое, што Масква пачала шантажаваць украінцаў будучым ростам коштаў на газ (калі яны зробяць прэм’ерам Цімашэнку), і здагадвацца ня трэба. Пра гэта адкрыта заявіў пасол Расеі ва Украіне В.Чарнамырдзін: “цены на газ для Украины будут зависеть от того, какое правительство будет сформировано в Киеве. Спадзевам Масквы спрыяюць надзвычай высокія амбіцыі сп-ні Юліі, а таксама тое, што аднойчы Юшчанка ўжо пазбаўляў яе прэм’ерскай пасады – ніхто не жадае бачыць дэ жа вю, а тым больш украінскі прэзідэнт. Аднак, магчымасьці далучэньня НУ-НС да Януковіча вельмі ўжо не спрыяе тое, што калі Юшчанка пагодзіцца на такі крок, дык тады на яго зь Літвіна і Мароза пяройдзе вобраз галоўнага здрадніка памаранчавых ідэалаў.

З другога боку, можна дапусьціць, што могуць быць прапановы і “блуднаму сыну” Памаранчавай рэвалюцыі – Літвіну, змыць зь сябе пляму ганьбы і вярнуцца ў былы памаранчавы блок (сцэнар №3). Цяпер Літвін заяўляе, што не зьбіраецца далучацца ні да Януковіча, ні да памаранчоўцаў.

У цэлым, цяжка ўяўвіць, што яшчэ можа адбыцца, але, паўтарымся, варта быць падрыхтаваным да чаго заўгодна.

Так, у гэтых абставінах ужо некалькі дзіўнымі выглядаюць паводзіны Юшчанкі. Ён публічна запрапанаваў кіраўніцтву трох партый, якія набралі найбольшую колькасьць галасоў, правесьці кансультацыі аб разьмеркаваньні функцый і пасад у новай украінскай Радзе. Некаторыя палітолагі вылучылі гіпотэзу, што Юшчанка хоча стварыць сітуацыю, калі партыі не дамовяцца, і гэта дазволіць яму паставіць пытаньне аб вяртаньні тых паўнамоцтваў (а, можа, і большых), якія былі ў яго папярэдніка – Кучмы. Цяпер Юшчанка паехаў у Заходнюю Еўропу, амаль напэўна, за кансультацыямі…

Для нас важным зьяўляецца тое, што Аб’яднаньне Свабода, на якое нам раіў зьвярнуць увагу лідар Беларускай Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі, пакуль заняла 8-е месца, саступіўшы Вятрэнцы.

І апошняе. Галоўнай пераможцай адбылых выбараў стала “памаранчавая ледзі” сп-ня Юлія Цімашэнка (гл. фота ўверсе). Большасьць палітолагаў перад выбарамі прадказвалі яе партыі вынік каля 20% галасоў, можа, трохі большы. І тое, што ёй удалося перацягнуць на сябе прыхільнасьць ледзь ня трэці украінскіх выбарацаў – яе асабістая вялікая перамога. Яна сапраўды дазваляе Цімашэнцы “на законных падставах” ставіць пытаньне пра прэм’ерства. Кепска ўсё гэта ці добра, мы пакуль ня ведаем (сваю прэм’ерскую праграму Цімашэнка яшчэ толькі абяцае абнародаваць – ?!). Але з пары Цімашэнка-Януковіч на пасадзе прэм’ера Украіны, мы, канешне ж, аддаем перавагу памаранчавай ледзі.

З нагоды выкажам і свае праўкраінскія мары. Мы спадзяемся, што Цімашэнка ў адрозьненьне ад Януковіча (прамаскоўскі кадр) і Юшчанкі (празаходні), сапраўды настроена весьці ўкраінскую нацыю па самастойным дэмакратычным шляху (так, як мы рыхтуемся весьці нашу беларускую). Калі б гэта было так, гэта аб’ектыўна было б найлепей для ўкраінскага народу, таму і нас, беларусаў, як людзей вельмі блізкіх украінцам, задаволіла б у найбольшай ступені. Будучая самастойная дэмакратычная Беларусь разам з такімі ж Украінай, Прыбалтыкай і, магчыма, Польшчай, Чэхіяй, Славакіяй, Баўгарыяй, некаторымі іншымі краінамі маглі б стварыць самастойную садружнасьць краін у Цэнтральнай Еўропе, здольную абараніць сваю свабоду і незалежнасьць як ад усходніх, так і заходніх геапалітычных вывертаў…

Але яшчэ раз падрэсьлім, пакуль гэта ўсяго нашыя мары. Бо штосьці цяжка верыцца алігархам, нават такім прывабным, як Цімашэнка.

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    У Вярхоўнай Радзе 450 паслоў. Партыя Рэгіёнаў атрымлівае 175, Блок Юлі – 156, НУ-РС – 72, Камун – 27, Блок Ліцвіна -20
    месцаў. Блок Юлі і НУ-НС разам маюць 228, што дазваляе ім сфармаваць урад пад кіраўніцтвам Юлі. А калі да іх далучыцца
    Ліцвін… Украінцы ў змаганні за свае інтарэсы далёка нас апярэдзілі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы