(паводле http://allmedia.ru/headlineitem.asp?id=402255)
4 кастрычніка г.г. у Незалежным прэс-цэнтры ў Маскве на прэсавай канферэнцыі на тэму “Па падзеях бягучага моманту” выступіў прэзідэнт Інстытута эканамічнага аналізу, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута Катона (Вашынгтон) Андрэй Іларыёнаў (гл. фота). Ён заявіў, што ў апошнія 15-16 гадоў у Расеі ідзе працэс згортваньня дэмакратыі, новы этап нагадвае перыяд Залатой арды, калі ідзе “раздача ярлыкоў на княжаньне ў асобных рэгіёнах”. У першую чаргу гэта закранула нацыянальныя рэспублікі, але працэс распаўсюджваецца на ўсе рэгіёны.
Між тым, умацаваньне абсалютнай улады заўсёды спалучаецца з катастрофай інстытуцыйнай. У тым ліку з разбурэньнем грамадзянскіх інстытутаў, скажаецца паняцьце прыватнай уласнасьці. А.Іларыёнаў прызнаўся, што прэтэкстам для прэс-канферэнцыі паслужыў пачатак новага этапу ў РФ, зьвязанага са зьменамі ў складзе ўраду і рашэньнем прэзідэнта РФ узначаліць сьпіс партыі “Адзіная Расея”. “Фактычна пералом наступіў. У цяперашні час пачаўся працэс юрыдычнага афармленьня гэтага пералому. Ён пачаўся ў верасьні і працягнецца да канца першых месяцаў 2008 года”, – лічыць эксьперт.
Іларыёнаў робіць шэраг высноваў.
Выснова першая: трэцяга прэзідэнцкага тэрміну ня будзе, як і ня будзе прэзідэнцкіх выбараў са зьмястоўнага пункту гледжаньня і рэальнай канкурэнцыі паміж кандыдатамі. У выбараў фактычна адзін выбаршчык – Ул.Пуцін. Таму лёс улады ў Расеі будзе вырашацца ў сьнежні на выбарах ў Дзярждуму. “Гэта галоўныя выбары ў краіне, і ўсе ключавыя падзеі адбудуцца не ў сакавіку, а ў сьнежні”, – перакананы прэзідэнт Інстытута эканамічнага аналізу. Іларыёнаў адзначыў, што крытэры вызначэньня кандыдатаў у прэзідэнты неаднаразова паўтараюцца ў выступах Пуціна. Гэта значыць, што ён вызначыўся з кандыдатам. Пры гэтым вырашальная падзея “з пункту гледжаньня юрыдычнага афармленьня пералому”, па яго меркаваньні, адбудзецца 2 сьнежня 2007 года. Менавіта пасьля выбараў у Думу варта чакаць радыкальных зьменаў і ўдакладненьня кірунку разьвіцьця краіны. Аднак лічЫць, што Расея пераўтворыцца ў парламенцкую рэспубліку, няма падстаў. “2 сьнежня 2007 году адбудзецца ўсенародны плебесцыт па пытаньні даверу аднаму чалавеку ў краіне. Зыход прадказальны: яго вынік стане завяршэньнем юрыдычнага афармленьня новага палітычнага рэжыму, асноўным зьместам якога стане канцэнтрацыя ў руках аднаго чалавека абсалютнай улады. Адбудзецца юрыдычнае афармленьне адсутнасьці хоць якога кантракту для чалавека, які атрымаў абсалютную ўладу, у адносінах да каго б там ні было: ні ў адносінах да партыі, сьпіс якой ён узначаліў, ні ў адносінах да Дзярждумы і Савета Федэрацыі, ні ў адносінах да выбаршчыкаў, ураду і бюракратычнаму апарату. Гэта і ёсьць пералом. Прычым, пералом адкрыты”, – перакананы эксьперт.
Другая праблема датычыць эканамічнага разьвіцьця. На думку эксьперта, яна заключаецца ў тым, што Расея за апошнія 7 гадоў па тэмпах прыросту ВУП на душу насельніцтва заняла 12-е месца сярод 15 краін – былых рэспублік СССР. Пры гэтым у 1999-2000 гг. яна займала 3-цю пазіцыю ў гэтым сьпісе. “Іншымі словамі, па-за ўсялякімі сумневамі ёсьць палепшаньне эканомікі, але ў дынамічнай сістэме каардынат адносна іншых постсавецкіх краін Расея аказалася ў адным шэрагу з Узбекістанам, Малдовай і Кіргізстанам”, – адзначыў Іларыёнаў.
Трэці вынік, дасягнуты за апошнія 8 гадоў, – гэта “пахаваньне аднаўленьня СССР у якой заўгодна форме. Як вынік гэтага, завершаны другі этап распаду расейскай імперыі. На парадку дня трэці этап распаду, і на гэтай ніве таксама дасягнутыя вялікія посьпехі”, – заявіў эксьперт.
Па яго словах, за прайшоўныя 7 гадоў адбылася дыферэнцыяцыя палітычных рэжымаў “з трэндам этнізацыі цэлага шэрагу рэгіёнаў Расеі”. Ключавым параметрам зьяўляецца фактычнае спыненьне ўмяшальніцтва з боку Крамля па кадравых пытаньнях і пры пераразьмеркаваньні ўладных паўнамоцтваў у ключавых нацыянальных рэгіёнах РФ. Прычым, неўмяшальніцтва распаўсюджваецца без сувязі з кансерватыўнасьцю ці ліберальнасьцю нацыянальных лідараў [тэрміналогія з арсеналу ліберальнай PR-тэхналогіі, а таму прыныпова няверная, хаця і вельмі распаўсюджаная. – Рэд.]”. Гэта чацьверты вынік васьмігадовай эвалюцыі.
Пяты вынік – разбурэньне ўсіх інстытутаў сучаснай дзяржавы [г.зн., дзяржавы дэмакратынай. – Рэд.] і грамадства: рэгіянальных выбараў, палітычных партыяў, незалежных СМІ, самастойнай прадстаўнічай і выканаўчай улады. Адначасова з гэтым хутка ідзе працэс разлажэньня сілавых органаў дзяржавы, улучна з атрадамі ФСБ, пракуратуры, АМАПам. У выніку фактычнае зьністажэньне інстытутаў, якое адбывалася нібыта для бясьпекі ўлады, прыводзіць да таго, што бясьпека зьніжаецца, бо падвышаецца рызыка “палацавых пераваротаў” [цэнтралізацыя ўлады, якая заканамерна вядзе да зьнішчэньня дэмакратычных інстытутаў, можа абгрунтоўвацца як заўгодна, але на справе ў “Расеі” цэнтралізацыя рабілася для захаваньня “тэрытарыяльнай цэласьці Расеі” – бо ў гэтым стратэгічны інтарэс расейскай імперыякратыі; для таго, каб крамлёўскай уладзе не пагражалі “палацавыя перавароты”, яна будзе далей максімальна цэнтралізавацца; таму ў будучыні ёй больш будуць пагражаць не перавароты, а тое, што краіна будзе пры такой штучна-некрафільскай уладзе заканамерна дэградаваць ва ўсіх сэнсах, пакуль ня дойдзе да чарговага сістэмна-татальнага крызісу, выйсьце зь якога будзе знаходзіцца толькі на шляху рэвалюцыйнай ломкі… – Рэд.]
Шосты вынік – фактычная ліквідацыя палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў. Прычым, ліквідацыя такіх важнейшых грамадзянскіх свабодаў, як недатыкальнасьць маёмасьці, жытла, асобы. “Ліквідацыя грамадзянскіх свабодаў датычыць ня толькі палітычных апазіцыянераў, але і самых лаяльных грамадзян”, – сказаў ён.
Сёмая выснова – разбурэньне інстытутаў не азначае іх ліквідацыю, а толькі ліквідацыю іх, як сучасных. “На зьмену сучасным прыватна-кантрактным інстытутам ўлады прыходзяць інстытуты абсалютнай улады. Пры гэтым ідзе працэс эвалюцыі стаўленьня да ўласнасьці – ад амаль безумоўнай прыватнай уласнасьці да ўмоўнай, абмежаванай выкананьнем уласьнікам службовых абавязкаў і віннасьцяў [пра гэта мы зусім нядаўна ўжо інфармавалі чытачоў сайта на падставе дзіўных заяваў крамлёўскага палітолага Г.Паўлоўскага. – Рэд.]. Гаворка ідзе пра такія “віннасьці”, як набыцьцё СМІ, газет, тэлеканалаў, выкананьне функцый губернатараў альбо менэджэраў дзяржкампаніяў, рэалізацыя прэстыжных праектаў рэканструкцыі палацаў і алімпійскіх аб’ектаў у г. Сочы. Набор такіх віннасьцяў багаты, але яго наяўнасьць сама па сабе азначае адыход ад безумоўнай прыватнай уласнасьці”, – лічыць эксьперт. Ён адзначае, што ў любым выпадку пры невыкананьні “служывых віннасьцяў” і тым больш пры “адкрытым бунце” ўласнасьць будзе забірацца. А спроба сысьці са службы атрымлівацца ня будзе. Прынамсі, Абрамовічу не ўдалося сысьці з пасады губернатара Чукоткі. “Ад службы так проста не адмаўляюцца, бо рашэньне служыць альбо не служыць прыймае адзін чалавек. У назначэнца няма права разарваць кантракт, бо ніякага кантракту няма. Уласнасьць у сучаснай Расеі ўмоўная, па-за залежнасьцю ад памераў і крыніц паходжаньня. Адзінай умовай яе захаваньня зьяўляецца добрая служба на дзяржаву [на крамлёўскіх уладароў! – Рэд.]. Гэта самы важны вынік той эвалюцыі ў Расеі, якая адбылася за апошнія 8 гадоў”, – заявіў Іларыёнаў.
Ён таксама агучыў восьмы вынік такой эвалюцыі – паралюш эфектыўнасьці дзяржаўнай улады і хаатызацыя грамадскіх працэсаў [цэнтралізаваная ўлада ў гіганцкай імперыі па вызначэньні ня можа быць выніковай; дый яе задача не ў выніковасьці, а ў “захаваньні межаў імперыі”. – Рэд.].
Па яго словах, вынікам номер дзевяць зьяўляецца зьмена характару працэсу гістарычнага разьвіцьця інстытутаў дзяржавы на прама супрацьлеглы цывілізаванаму: “у Расеі дэградацыя дзяржавы праз стадыю стацыянарнага бандыта рухаецца ў бок качавога. У сілу гэтага паўстае галоўнае пытаньне: якую задачу ставіць новы рэжым, спрабуючы аформіць яе на працягу бліжэйшых месяцаў? Гаворка ідзе не пра нацыяналізацыю, а пра суверэнізацыю ня толькі актываў, але і людзей, з пераходам ад прыватнай уласнасьці да ўмоўнай з выкананьнем абавязкаў “па служывых віннасьцях”. Рашэньне гэтай задачы вельмі верагоднае пры ўмове абсалютнай улады”, – заключыў А.Іларыёнаў.
Ад рэдакцыі:
Андрэй Іларыёнаў, напэўна, ёсьць эксьпертам высокага ўзроўню па цяперашняй Расеі. Праўда, трэба ўлічваць, што ён прыхільнік ліберальных поглядаў (а г.зн., што мае некалькі скажоны сьветагляд адносна самой рэчаіснасьці), ня ўсё кажа, што ведае, а з таго, што ведае, ня ўсё выкладае сістэматычна і даходліва. Трэба таксама ўлічваць, што ў яго бываюць супярэчнасьці самому сабе. Так, у адным месцы (нават у толькі што пададзеным тэксьце) ён кажа, што “ў апошнія гады ў Расеі ідзе працэс, які нагадвае перыяд Залатой арды, калі ідзе раздача ярлыкоў на княжаньне ў асобных рэгіёнах. У першую чаргу гэта датычыць нацыянальных рэспублік”, а ў іншым – што “за прайшоўныя гады адбылася дыферэнцыяцыя палітычных рэжымаў з трэндам этнізацыі цэлага шэрагу рэгіёнаў Расеі. Ключавым параметрам зьяўляецца фактычнае спыненьне ўмяшальніцтва з боку Крамля ў кадравыя пытаньні й пры пераразьмеркаваньні ўладных паўнамоцтваў у ключавых нацыянальных рэгіёнах РФ”.
А што ў сапраўднасьці? Усе мы ведаем, што пры Пуціне былі знішчаныя многія нацыянальныя аўтаномныя рэгіёны, наяўнасьць якіх на мапе “Расеі” хаця б фармальна прызнавала адпаведныя народы іх гаспадарамі. Цяпер і гэтага няма ў чукчаў, каракаў, ненцаў, буратаў, магчыма, іншых. Іх пазбавілі ўласнай зямлі! Гэта найвялікшая трагедыя для гэтых народаў (і для ўсяго чалавецтва ў цэлым!). Народы пратэставалі (магчыма, мы пра гэта паінфармуем нашых чытачоў). Але “цывілізаваны сьвет” ня вытрымаў выпрабаваньне на цывілізаванасьць. Ён прамаўчаў…
Вядома ж, мы не разьлічвалі пачуць пратэсты супраць імперскіх генацыдчыкаў і ад прыхільніка лібералізму – сп-ра Іларыёнава. Але навошта заблытваць сутнасьць пытаньня? Сітуацыя ж простая. Расейская імперыякратыя спачатку зьнішчае малыя народы, а потым, калі яна набярэцца моцы, яна возьмецца за народы большага памеру – татараў, башкіраў, якутаў, якія з тактычных меркаваньняў пакуль пакінула ў спакоі…
Але ў цэлым выступ сп-ра Іларыёна мае вялікую вартасьць. Ён дапамагае зразумець, што расейская імперыя, шукаючы новую форму сваёй імперскай рэінкарнацыі, паціху пераўтвараецца ў краіну-хімеру. Вельмі верагодна, што з аднаго боку яна будзе нагадваць ранейшую крэпасную Расею, дзе ролю феадалаў (і адначасова рабоў вышэйшай імперскай абсалютнай улады) будзе выконваць імперская бюракратыя разам зь фінансавай алігархіяй, а ролю рабоў гэтых рабоў – усе іншыя грамадзяне. З іншага боку, гэта будзе краіна накшталт СССР, дзе роля ЦК КПСС і ўсёй КПСС будзе заменена ФСБ і “Адзінай Расеяй”, а камуністычная ідэалогія (цэнтральнай мэтай якой, нагадаем, зьяўлялася “пабудова камунізму ва ўсім сьвеце”) – больш сьціплай прапагандэмай: уяўнай “велічы Расеі”.
1. Я думаю правільна пісаць “выбарцы”, а не “выбаршчыкі”.
2. У Расеі адбываецца не толькі этнацыд нацменшасцяў, але і “ахаменне” (ад слова хам), страта пабытовай культуры,
што бачна па ўзроўню тэлепрадукцыі. Ахаменне ахоплівае ўсе слаі грамадства і ўсе нацыянальнасці і праз “інфармацыйны”
ўплыў чапляе і нас.
3. Вынікам такога развіцця будзе форма кіравання: “улада Хама над быдлом” ці “кантроль бандытамі базара”.
4. Цікава што Іларыёнаў ускосна узгадаў часы Чынгіз-хана.