nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Маскаль наведаў Якуцію (частка 1)

11 кастрычніка, 2007 | Няма каментараў

Як��к.JPG

Увага! Маскалямі ў адпаведнсьці з традыцыяй нашых продкаў і нацыянальных герояў (Кастусь Каліноўскі) мы завем прадстаўнікоў уладнай піраміды расейскай імперыі – імперыякратаў – непасрэдных атрымальнікаў усялякіх каштоўнасьцяў ад свайго ўладна-паразітнага стану (адносна падпарадкаванага грамадства), а таксама іх прыхлябаяў, якія, у разьліку на костку “з барскага стала”, таксама карыстаюцца імперскім сьветаглядам, падтрымліваюць і прапагандуюць яго. У цяперашняй РФіі да апошніх належаць многія акторы, прапагандысты, журналісты… Адзін з такіх журналістаў Дзьмітры Сьцешын улетку г.г. наведаў Якуцію і напісаў вялікі артыкул у прыўладнай газетцы “Камсамольская праўда” (КП). Паколькі толькі што мы пазнаёміліся з поглядам на праблемы якуцкага народу некаторых яго перадавых прадстаўнікоў, будзе цікавым паглядзець на тое ж з ракурсу прапагандыста расейска-рускай імперска-шавіністычнай ідэалогіі. Кожны чытач сам можа заняць бок тых, хто яму бліжэй. Мы ж па нашай завядзёнцы не заўсёды стрымліваліся, калі ўзьнікала жаданьне тыя ці іншыя думкі аўтара пракаментаваць [як заўсёды, у квадратных дужках]. Матэрыял узяты з сайта www.dpni.org. На фота ўверсе Якуцк летам і зімой. 

Рэдакцыя

 

ЧАМУ РУСКІЯ Ў РАСЕІ СТАНОВЯЦЦА “ПАНАЕХАЛЫМІ”. 1-я частка.

Дзьмітры Сьцешын (2007-08-10; www.dpni.org/articles/polemika/4020)

З пачатку 1990-х гадоў 400 тысяч рускіх, якія жывуць у рэспубліцы з назвай Рэспубліка Саха-Якуція [мы думаем, многія ўжо адчулі кантэкст. – Рэд.], лічацца грамадзянамі другога гатунку. Месца першага гатунку займаюць грамадзяне якуцкай нацыянальнасьці. Іх таксама 400 тысяч.

У тыя цьмяныя часы штучныя тэрытарыяльныя ўтварэньні за адну гадзіну, не пытаючыся дазволаў, бралі сабе статус рэспублік [зноў кантэкст; дарэчы, калі ўжо на тое пайшло, найбольш штучным тэрытарыяльным утварэньнем на сьвеце зьяўляецца тое, што завецца “Расея”. – Рэд.]. Да гэтага статусу дадаваліся і свой прэзідэнт, і свой парламент, а там-сям у местачковыя Канстытуцыі [і зноў кантэкст. – Рэд.] спрабавалі дадаць адмысловыя артыкулы, у якіх тлумачылася, хто на дадзенай тэрыторыі РФ [! – Рэд.] зьяўляецца тытульнай нацыяй, а хто “панаехаў” з Масковіі. Намёк быў празрыстым, і “панаехалыя” – нашчадкі рускіх першапраходцаў [а мясцовых жыхароў там не было; тэра інкогніта. – Рэд.] і камсамольцаў [зразумела, газета ж “Камсамольская праўда”. – Рэд.] зь вялікіх будоўляў эпохі – пачалі вязаць катомкі. Пік ад’ездаў рускіх і рускамоўных з далёкай Рэспублікі Саха-Якуція прыпаў на канец 1990-х гадоў – пачатак ХХІ стагоддзя. З 1989 па 2002 год рускіх у рэспубліцы стала менш на 170 тысяч чалавек – 29% ад мільённага насельніцтва [нешта тут ня тое з матэматыкай, але так у аўтара. – Рэд.]. Карэспандэнт “КП” выехаў у Рэспубліку Саха-Якуція паглядзець сваімі вачыма, хто адкуль “панаехаў” і каго і як уціскаюць.

 

Якуцк – горад-штамп

Горад, які вырас на вечнай мерзлаце, – сапраўдны падарунак для журналіста-міжнародніка брэжнеўскіх часоў. Дзьвюхсоттысячны Якуцк – гатовая ілюстрацыя для рэпартажа пра капіталізм. На адзінай паўнавартаснай вуліцы, прасьпекце Леніна, – амаль паўсотні крамаў, якія гандлююць алмазамі і золатам. У прамежкі паміж крамамі ўбудаваныя шыкоўныя гатэлі ды офісы здабываючых карпарацый. Не вуліцы – вітрына. Вось толькі зазіраць за яе не рэкамендуецца. За фасадамі – аблупленыя пяціпавярховікі-хрушчобы, якія стаяць на сваях. Паміж імі дажываюць свой век пачарнелыя хібары, якія памятаюць ссыльных бальшавікоў і эсэраў.

Паўсюль, дзе толькі можна, у горадзе паўтыканыя драўляныя татэмныя слупы – сэргэ. Не адразу, але даходзіць, што ўсе гэтыя шаманскія інсталяцыі – нешта большае, чым дэкарацыі для турыстаў. І ўсё на самай справе вельмі-вельмі сур’ёзна. На кожным рагу агітацыйныя плакаты на якуцкай мове настойліва заклікаюць паважаць, памятаць і вучыць старажытны эпас народу саха – Аланхэ. Пакуль у Расеі акадэмікі спрачаюцца, ці трэба выкладаць “асновы праваслаўнай культуры” ці гэта цемрашальства, якуцкія школьнікі розных нацыянальнасьцяў дакладна ведаюць, што ў іх 9 багоў і ёсьць “верхні” і “ніжні” сьвет. Такая вось местачковая эклектыка – ад “Кодэкса будаўніка камунізму” – наперад, без перасадак, у мінулае – у каменны век сядых і суворых багоў [падобныя пасажы з галавой выдаюць карэспандэнта “Камсамольскай праўды” і як прыхільніка камуністычнай ідэалогіі (агітацыі за “Кодэкс будаўніка камунізму” ў Якуцку не было), і як прыхільніка старой імперскай формулы: “самадзяржаўе, праваслаўе, народнасьць”. – Рэд.].    

У сувенірнай лаўцы я, помнячы пра амаль пагалоўнае праваслаўе якутаў, запытаўся, ці няма ў іх у продажы касьцяных чотак. Прадаўніца-якутка разглядала мяне доўга, а потым зь непаўторнай агідай сказала:

 Чотак не прадаем. Увогуле. Вунь, конскі хвост шаманскі купіце…

 

ЯкутЫ ціснуць…

– Калі чалавеку ня хочацца хадзіць з конскім хвастом, ён бярэ і зьязджае куды вочы глядзяць?

– Не! Дакуль грошаў хопіць! – хахоча Сяргей Нікіфараў, ужо былы якуцянін. І тлумачыць мне: – Камусьці да Хабараўска хапае, а мне дык вось да Разані хапіла. Сем тысяч рублёў сплавіць кантэйнер па рэчцы да чыгункі і 28 тысяч – да станцыі Разань-Таварная. Як там Расея-Матушка [вось, вернае ўяўленьне пра Расею; яна з боку Якуціі бачыцца, як мінімум, за Волгай. – Рэд.], раскажы, я ж у Разані не быў ніколі! [нічога; прыедзеш і, несумніўна, пашкадуеш… – Рэд.]

Я знайшоў сьвежасьпечанага мігранта ў Рачным порце, дзе ён афармляў апошнія дакументы на грузавы кантэйнер. Баяўся, ці будзе са мной размаўляць, а аказалася роўна наадварот. Суразмоўца мной – тыповы жыхар поўначы. Працаваў на прыісках, падарваў здароўе. Пакуль папраўляўся – працаваў у зоне, вольнанаёмным. Клаў плітку і цэглу, працаваў на грузавіку і бульдозеры – 12 прафесій і асьляпляльная жалезная ўсьмешка. Ня пье. У цэлым, мара любога кадравіка. Пад Разаньню Сяргей ужо кіпіў дом за 60 тысяч рублёў. Адправіў туды жонку, а сам, дзейная натура, пакуль афармляў сабе пенсію і займаўся продажам кватэры, узяў на месяц у арэнду таксаматор.

– Чаму ад’язджаеце? – запытаўся я Сярея ў лоб. – Не падобна, каб ты тут жабрачыў…

А чо тут рабіць? Усе апошнія 10 гадоў – пайдзі-прынясі- прывары- адрэмантуй. Нават у брыгадзіры не прабіўся, хаця ў мяне глотка – ого! ЯкутЫ ціснуць, – даверліва паведаміў мне Сяргей. Сказаў па мясцоваму, з націскам на апошнюю галосную.

– Як?

Не прабіцца. Знізу да верху. Вось толькі ў рачны флот іх [якутаў! – Рэд.] імкнуцца не пускаць [!!! а ў нас у Беларусі беларусаў імкнуцца не пускаць нідзе! – Рэд.]. Цябе куды адвезьці? Інстытут праблем малых народаў Поўначы? Вось у натуры, каго якутЫ запрэсавалі наглуха! Нас, рускіх, тут усё ж 400 тысяч – палова насельніцтва. А іх – паўтара грузавіка. І безадказныя яны, як дзеці. Паехалі, трушчобы нашы паглядзіш. Не, такіх трушчобаў ты яшчэ ня бачыў…

 

Ансамблі ёсьць – а жыцьця няма

У адпведнасьці з апошнім перапісам, эвенаў, эвенкаў, юкаганаў засталося ўсяго 2,3% ад мільёна. Як і рускія, яны лічацца не тытульнымі, а карэннымі [рускія ў Якуціі нават не “карэныя”, а імперскія захопнікі-каланізатары. – Рэд.].  

Вячаслаў Шадрын, навуковы супрацоўнік і старшыня Рады старэйшын юкагіраў, размаўляў са мной у аблупленым кабінеце. Думкі выкладаў вельмі асьцярожна, але ветліва. Адчувалася, што прэса ўвагай ні малыя народы, ні Інстытут ня песьціць. З абцякальных фразаў вымалёўвалася арыфметыка выміраньня:

– Пасля развала СССР малыя народы Поўначы, у адрозьненьне ад тытульнага народу, апынуліся ў горшай сітуацыі. Ніша функцыянаваньня моваў і культуры засталася ў традыцыйным промысьле – паляваньне, рыбалоўства, аленегадоўля [дакладна, як у беларусаў у сельскай мясцовасьці Беларусі; дажыліся… – Рэд.]. А промыслаў гэтых больш няма…

– Як няма?

Вячаслаў Іванавіч, сам у мінулым галава паляўнічай грамады, усё мне патлумачыў папулярна. Цяперашнія ўлады спынілі даціраваць традыцыйныя промыслы ў 1990-х гадах. Раней сьнегаход “Буран” можна было памяняць на 20 скурак собаля, цяпер на 80-100. Зьездзіць у Якуцк – 50 тысяч рублёў пры сярэднім штомесячным заробку ў 3.500. Пры такім кошце авіяперавозак ні аленіна, ні рыба нікому не патрэбныя. Прасьцей закупіць у Нарвегіі. На Поўнач Якуціі зноў вярнулася натуральная гаспадарка.

– Ансамблі фальклёрныя ёсьць, абрады гасьцям могуць паказаць, а вось жыцьця ў народзе ўжо няма… – з горыччу кажа субяседнік і расказвае дзікунскія гісторыі, якія не ўкладаюцца ў галаве. Як для выкліку санітарнага верталёта патрабуецца адправіць са стойбішча факс з пацьверджаньнем аплаты памылковага выкліку. Пра тое, як зімой везьлі ў шпіталь паралізаванага паляўнічага, прывязалі яго рамнём да сьнегаходу. Прывезьлі замарожаны труп, таму што ўлады вырашылі, што поўны пралюш – гэта яшчэ ня прэтэкст, каб жэгчы гаручку верталётам.

Цікаўлюся на разьвітаньне: 

– Няўжо рэспубліканскія ўлады клапоцяцца толькі пра якутаў?

Вячаслаў Іванавіч адказвае ўхіліста, гледзячы ў насьценны каляндар:

– Ёсьць розныя праграмы… Яны не падраздзяляюцца па нацыянальнай прыкмеце.

Але якія гэта праграмы і ў якім выглядзе дабро ад іх праліваецца на малыя народы, Вячаслаў Шадрын распавесьці ня здолеў [агульнавядома, што найбольш хутка малыя народы Поўначы выміралі пры самай што ні на ёсьць рускай савецкай уладзе; тады былі закладзены такія прынцыпы і механізмы нацыянальнай “палітыкі” (найперш, алкагалізацыя), якія вялі да іх татальнага вынішчэньня; цяпер маскаль у гэтым вінаваціць якутоў, якія самі ледзь выратаваліся. – Рэд.].

 

“Фашыст зь мяне нікудышны…”

З парогу заявіў лідар рускай грамады Сяргей Юркоў.

– Не атрымаецца зь мяне фашыста. У мяне жонка якутка! А вось тое, што адбываецца з рускімі ў рэспубліцы, будзіць ўва мне злобу [гэта першы крок да фашызму, бо ва ўсіх нармальных людзей працэс, які вядзе да таго, што карэнны народ становіцца гаспадаром свайго лёсу, выклікае толькі радасьць. –Рэд.]. Пры гэтым мы не патрабуем для рускіх выключных правоў. Нам патрэбныя роўныя правы! [класіка; куды б маскаль не прыехаў, ён тут жа патрабуе “роўныя правы”! – Рэд.].

Па словах Сяргея Юркова, у былым СССР менавіта ў Якуціі быў самы вялікі працэнт міжнацыянальных бракаў. Узьнікла нават новая народнасьць – сахаляры, людзі, у якіх адзін з бацькоў рускі. Праблемы пачаліся ў 1990-х са зьяўленьнем перашага ў сьвеце прэзідэнта зь ветэрынарнай адукацыяй [у вас у Расеі міністры абароны –  хто з гуманітанай, хто з дрэваапрацоўчай адукацыяй…; а Рональд Рэйган – разбуральнік імперыі зла – быў акторам. – Рэд.]. Тады мы даведаліся, што ёсьць нацыі тытульныя… і ня вельмі. Ня тытульных, г.зн. рускіх, была роўна палова. Мнагавата. Наступны крок быў зроблены 22 красавіка 1993 года. Прынятая кацэпцыя дзяржаўнай кадравай палітыкі Рэспублікі Саха абвяшчала: “Стратэгічнай задачай павінна стаць фармаваньне якасна новага складу нацыянальных кадраў”. Сказана – зроблена. Па дадзеных Роскамстата, у 2001 годзе урад рэспулікі ўжо на 80% складаўся зь якутаў, яны ж узначальвалі 90% гарадскіх і ўлусных адміністрацый [малойцы! У нас у Беларусі калісьці будзе дакладна так! больш за тое, з гэтага толькі і можа пачацца сапраўдная дэмакратыя; пакуль у нас усё наадварот, нават у параўнаньні зь якутамі… – Рэд.]. І рускія пабеглі з рэспублікі – ня бачачы персьпектыў ні для сябе, ні для дзяцей [а персьпектыву рускі бачыць толькі ў тым, каб залезьці на карак карэннаму жыхару – гаспадару зямлі – і кіраваць сабе на прыемнасьць?! Вось гэта прызнаньне, дык прызнаньне. Адкрытым тэкстам раскрыта сутнасьць імперскага менталітэту! Вось дык знаходка!! – Рэд.]. Для большай хуткасьці былі задзейнічаныя эканамічныя механізмы.

– У 1990-х пачалі зачыняцца прадпрыемствы [у Расеі ў тыя часы паўсюль было так… – Рэд.], – расказвае Сяргей Юркоў.

– Яны, як правіла, горадаўтваральныя. Сталі выміраць паселішчы, асабліва на Поўначы. Прэзідэнт Мікалаеў публічна заявіў, што Якуціі для пракорму хопіць адных алмазаў. “Алданзолата” пайшло пад банкруцтва, “Якутвугаль” – закрываўся. Русакі пабеглі. А куды ім падзецца? Сядзець у тундры, у паселішчах без сьвятла, цяпла і працы? [так, рускія так “сядзець” ня могуць; так могуць “сядзець” якуты ды іншыя карэння народы; зьвярніце ўвагу, тыповы шавіністычны сьветагляд – пра людзей іншых нацыянальнасьцяў, у тым ліку карэнных – малых народах Поўначы, ніякага клопату, ні слова; а між тым іншыя людзі пакутавалі ад расейскага бязладдзя 1990-х у такой жа ступені…; гэтым абзацам аўтар пярэчыць сам сабе (гл. кантэкст папярэдняга раздзелу). – Рэд.].

Сяргей Юркоў загінае пальцы, пералічаючы крыўды рускай грамады [іх будзе ўсяго тры. – Рэд.]. Рускіх не прымаюць у Якуцкі ўніверсітэт. Толькі на платнае аддзяленьне. На думку майго субяседніка, гэта “сьвядомае абыдлячваньне рускіх”. І рускім, і якутам не падабаецца насаджэньне нэашаманізма ў праваслаўнай рэспубліцы – па дзіцячых садках ужо шаманы ходзяць. Злуе хамскі помнік [у аўтара дакладна так. – Рэд.], які будуецца каля праваслаўнага храма [якая непавага да культуры іншага народу, сярод якога жывеш, ды яшчэ без усялякіх намёкаў – адкрытым тэкстам!  – Рэд.]. З фасада Акадэмічнага тэатра зьнікла слова “рускі”. Гэта не дадало любові да ўладаў…

 

У пошуках слова, якое прапала

Сяргей Юркоў быў правы – вулічнага, нутрана-жывёльнага нацыяналізму ў Якуціі няма [важная заўвага; не ўдалося замоўчыць; затое ва ўсіх рускіх гадарах “нутрана-жывёльны нацыяналізм” ужо ёсьць! Хутка 4 лістапада, тады яго можна будзе ўбачыць ва ўсёй “прыгажосьці”. – Рэд.]. Выразна цягне варожасьцю зьверху, прычым лукава, не адкрыта [гэта дакладна тое, што робіць аўтар артыкула. – Рэд.]

Раніцай я быў у прыёмнай дырэктара тэатра. З кароткай экскурсіі па фае я даведаўся, што “Рускі тэатр” зьявіўся ў 1920 годзе. Стварылі яго былыя ссыльныя [хто ж яшчэ. – Рэд.], і сваю назву ён не мяняў нават у лепшыя гады савецкай улады [гэта нас не зьдзіўляе, бо ў “лепшыя гады савецкай улады” рускія тэатры былі ва ўсіх нацыянальных рэспубліках; затое ў тыя ж гады, напрыклад, у Беларусі не было ніводнай ВНУ на беларускай мове (няма іх і цяпер); такой была “нацыянальная палітыка” “ў лепшыя гады савецкай улады”; паглядзіце, як сістэматычна пападаецца рускі шавінюга на наш беларускі досьвед, але ён гэтага не разумее; ён думае, што бароніць справядлівасьць… – Рэд.].

Дырэктар тэатру, 80-гадовы Іван Іванавіч Падайніцын, зрабіў моцнае ўражаньне на заезжага журналіста сваёй экспрэсіяй і артыстызмам, флоцкім цельнікам пад крахмальнай кашуляй, залатымі запінкамі ў спалучэньні зь велічэзнай парахавой татуіроўкай і… упартым нежаданьнем размаўляць пра слова, якое зьнікла. Замест гэтага Іван Іванавіч каротка, усяго за гадзіну, перасказаў мне сваю працоўную біяграфію: ад працы з 13 гадоў на конегандлёвай ферме да служэньня музам. Калі батарэйкі ў дыктафоне амаль селі, я рызыкнуў перапыніць плаўную гаворку суразмоўцы:

– Іван Іванавіч, а куды слова “рускі” з фасада зьнікла? Не я адзін цікаўлюся, усім цікава… [няпраўда, цікава далёка ня ўсім. – Рэд.]

– Гэта ж сьмешна! – выгукнуў Іван Іванавіч і тэатральна махнуў рукамі. – Навошта мне гэтае слова? Мяне Іван завуць, што мне гэтае слова – “рускі” – яшчэ і на лобе напісаць?

– Але ўсё ж такі, – не здаваўся настырны карспандэнт [сапраўды, так аўтар піша пра сябе. – Рэд.]

– Было слова. Але яно няўклюдна там глядзелася, таму і прыбралі [вось малойца! На гэтым прыкладзе бачна: рускі імперскі шавінізм ідзе з цэнтру; крэмлядзі ж разумеюць, што расейскі імперыялізм можа трымацца толькі на рускім шавінізме; простым рускім людзям ён непатрэбны! – Рэд.].

Я працягваў упірацца [ну, сам прызнаецца. – Рэд.]:

– Пры якіх абставінаў прыбралі слова?

Але тут у нашу размову рэзка ўступіла намесьнік дырэктара і даклала Івану Іванычу:

– Адновім слова “рускі”. Ужо фірму знайшлі, якая зробіць…

Ня ведаю, наколькі сказанае будзе выканана, але, цалкам задаволены, я адкланяўся.

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы