nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Кажуць, у Менску быў нейкі “марш”?

17 кастрычніка, 2007 | Няма каментараў

�а�� аб�днана�а�.JPG

У адпаведнасьці з нашым месцам у беларускай ідэалагічнай прасторы мы павінны былі б ацаніць падзею, якая адбылася ў Менску 14 кастрычніка г.г. па ініцыятыве “аб’яднанай апазіцыі”. Мы азнаёміліся з фактычным бокам справы (гл., напрыклад, тут http://svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/10/E85C0EF8-CE2A-453CA634-F8E870A7FC96.html; http://svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/10/E68F83C6-D1ED-48BC-968A-7F9972D7E8FD.html; http://svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/10/916CD8FB-7187-42FCAFB2-C4F84D10A56A.html; http://svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/10/03E3AB2B-327D-4631-825B-91FE724D571F.html), з аналізамі сп-роў Карбалевіча, Старыкевіча, Быкоўскага (гл. тут http://svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/10/B0536DCD-5587-4A51-88EAABDB4183AD7F.html; http://svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/10/45A5FAE6-0C77-4483-B806-C40093636EAD.html), праглядзелі ўсе 7 фотарэпартажаў, выстаўленых на сайце радыё “Свабода” і ўжо сабраліся выкладаць наша бачаньне падзеі. Але гэта суправаджалася такімі непрыемнымі пачуцьцямі, што ўрэшце мы палічылі за лепшае зафіксаваць толькі тры феномены – значнае адступленьне аб’яднанцаў ад беларускай мовы і нацыянальнай сімволікі (гл. падборку фотадакументаў – нягледзячы на вельмі ўдалы дзень, усё было затоплена чорна-сінімі колерамі й сапсавана гнілым патураньнем моўнаму этнацыду; гэта першы феномен); раздзельнае шыхтаваньне сілаў Мілінкевічам і другой часткі “аб’яднанай апазіцыі” (высьвятлялі, хто галоўны) ва ўмовах стараннага піараньня менавіта першага фотакарэспандэнтамі (другі феномен); ўзаемнае завочнае імкненьне дагадзіць: аб’яднанцы – цяперцам, цяперцы – аб’яднанцам (напрыклад, што значыць “Беларусь ў Еўропу”, а Лукашэнку куды падзенем?; раней ведалі куды; гэта трэцяе). Паколькі нашыя погляды на тое, хто ёсьць аб’яднанцы, у значнай ступені супадаюць з поглядамі Зянона Пазьняка, мы вырашылі замест нашага аналізу падаць яго артыкул, які зьявіўся ў сеціве напярэдадні падзеі (нашае ж стаўленьне да планаванага “маршу” мы выказалі яшчэ ўлетку – гл. тут: nashaziamlia.org/2007/08/16/854). Тых, хто хацеў бы пабачыць менавіта наш аналіз адбылага, заклікаем не засмучацца – матэрыялы, прысьвечаныя “маршу”, мы яшчэ выкарыстаем для больш глыбокага аналізу стану г.зв. “аб’яднанай апазіцыі” (пра свае абавязкі што да Д-прынцыпа 66 мы памятаем).

Рэдакцыя.

МАРШ ПРАВАКАТАРАЎ, ШТО ЗЬНЕВАЖАЮЦЬ НАРОД

(паводле http://zianonpazniak.de/publications/articles/provocateurs.htm)

Беларусы ў Беларусі ўжо даўно дастаткова добра ведаюць цану падстаўной апазыцыі, яе дэмагогію, няздольнасьць і словаблудзтва. Ведаюць пра рэгулярныя паездкі ў Маскву гэтых Лебедько-Калякіных і іхныя прапановы маскоўцам наладзіць “інтэграцыю” Беларусі з Расеяй лепш за Лукашэнку.

Ведаюць пра іхныя гранты, пустапарожнія ваяжы ў Брусэль і ўсю іхнюю правальную імітацыю дзеяньняў і палітыкі. Гэтая публіка навучылася прафэсійна паразітаваць на антыбеларускім рэжыме, рабіць “палітбізнэс” на народнай бядзе, добра засвоіла тактыку палітычнай правакацыі і вобраз вечнага паражэнца. Усё гэта істотна паралізавала сапраўднае змаганьне і рэальную актыўнасьць людзей, выклікала ў беларусаў расчараваньне і нявер’е ў свае сілы, адмаўленьне ад барацьбы.

На 14 кастрычніка гэтая правальная катэгорыя з падачы брусэльскіх бюракратаў зьбіраецца арганізаваць чарговы правакацыйны “эўрапейскі марш” у нікуды. Прытым не пад Беларускім Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, а пад чужым, сінім сьцягам Эўразьвязу. І адразу відаць, што гэта за публічка кіруе мерапрыемствам. Агентура спрабавала ўжо раней замяніць Пагоню бусьлікам, Бел-Чырвона-Белы Сьцяг – джынсавай парцянкай. Але не ўдалося. Цяпер ухапіліся за сіні сьцяг з Брусэлю.

Дэмагогія, якой карыстаюцца пры гэтым імітатары “эўра-маршу”, прымітыўна-фальшывая і, дарэчы, характэрна-тыпалягічная. Яе варта працытаваць: “Колькі выйдзе людзей? Столькі, колькі людзей у Менску лічаць сябе эўрапейцамі. Цяпер ад кожнага грамадзяніна залежыць — пойдзе Беларусь эўрапейскім шляхам, ці мы будзем заставацца людзьмі на балоце. Выйдзе 100 тысяч — жалезна Беларусь пойдзе тым кірункам. Выйдзе адна тысяча — толькі адзін працэнт ёсьць таго, што Беларусь пойдзе эўрапейскім шляхам. Так, кожны чалавек – гэта тая доля працэнту, якая будзе ўплываць на сытуацыю. Няма чаго апраўдваць сваю ляноту і безыніцыятыўнасьць тым, што апазыцыя не такая, лёзунгі ня тыя, маршрут не такі… Ты —эўрапеец?! Выйдзі, прадэманструй сваю пазыцыю. А будзеш сядзець у хаце, значыць — раб”.

І далей: “На Эўрапейскі марш прыйдуць тыя людзі, якія лічаць сябе эўрапейцамі. А тыя, хто ня прыйдзе на марш, мусяць усьведамляць, што яны — недаразьвітыя…”

Выходзь, значыцца, “за Эўропу” ты, лянівы беларус, пад сіні сьцяг, ты, раб балотны, недаразьвіты! – Заклікаюць гэтыя оруэлаўскія клікуны. Інакш, маўляў, плакалі нашыя гранцікі. Такія ёсьць гэтыя людзі. Так яны думаюць і такая ў іх лексіка.

У Беларусі антыбеларускі рэжым спарадзіў ня толькі этнацыд, мафію і карумпаваную ўладу, але і новы фэномэн – падстаўную карумпаваную апазыцыю. Ну, выйшаў беларус (у якога адабралі ўжо ўсё беларускае) на вуліцу “за Эўропу”. І што далей? А далей – ён пойдзе бязмэтна пад наглядам “амону” ўсьлед за правакатарамі на ўскрай Менска ці на балота Бангалёр “шукаць паразуменьня з рэжымам”, паслухае знаёмыя і бесталковыя прамовы штатных “апазыцыянераў” і “гуд бай” – “мы пабедзілі”. За гэты час гэбэ сфільмуе абліччы маладых беларусаў і адразу пачне біць і хапаць, каго трэба. Каго не пасьпеюць адразу, возьмуць заўтра, пасьлязаўтра, праз месяц.

Прагматычны сэнс правакацыі добра вядомы – атрымаць гранты і грошы пад мерапрыемства. Палітычны, рэальны сэнс – даць магчымасьць рэжыму выявіць і зафіксаваць новых маладых беларускіх змагароў, што падрасьлі за апошні час, каб потым стлуміць іх, запалохаць, выгнаць з вучэльняў, запіхнуць у турму, выжыць зь Беларусі.

Здаецца, шмат хто ў Беларусі ўжо пачынае разумець шкоднасьць псэўдаапазыцыйных бязмэтавых “маршаў” і дэманстрацыяў, запраграмаваных на паражэньне, і шмат хто не зьбіраецца ўдзельнічаць у гэтай новай гапонаўшчыне. Антыбеларускі акупацыйны рэжым і дыктатура, поўная беспакаранасьць і расперазанасьць міліцыі і спэцслужбаў вымагаюць іншых мэтадаў і формаў змаганьня. Гэта зразумела. Але галоўнае – зьмест змаганьня павінен быць адраджэнскі, за вольную Беларусь (пад Беларускім Бел-Чырвона-Белым Сьцягам), за адраджэньне нацыянальнай культуры, супраць унутранай акупацыі, русіфікацыі і сацыяльнага рабаўніцтва беларускага народа, а не за “Яўропу”, “Расею”, “інтэграцыю” ды прафанацыю.

І калі ў Беларусі сам досьвед жыцьця падводзіць маладых беларусаў да разуменьня падзеяў, то за мяжой, у эміграцыі, справа выглядае горш, асабліва ў тых, што выехалі зь Беларусі даўней. Ім цяжэй разабрацца ў падзеях, якія прымітыўна прэпаруюць ім розныя СМІ. Але і тут шмат хто ўжо пераканаўся, што ня можа быць ніякай падтрымкі бязмэтнаму правакацыйнаму “маршу” пад чужымі сьцягамі.

Сапраўдная беларуская барацьба адраджэнцаў мацнее і паглыбляецца, знаходзіць новыя формы і мэтады змаганьня, вызначае прыярытэты. І ёсьць вынікі. Пакуль нібы нябачныя. Але нездарма так шалее прамаскоўскі рэжым, перасьледуе беларусаў і добрую моладзь. Трывога перапоўніла яго рэжымнае, беларусафобскае сэрца. Не дарэмная трывога, скажу. Ня выратуюць ад яе ўжо ніякія правакацыйныя “маршы”, ніякая дэмагогія пра “дэмакратыю” і “правы” абстрактнага чалавека (у той час, калі канкрэтна нішчаць усё беларускае).

Гартуюцца новыя сілы. Жыве Беларусь і будзе жыць!

Зянон Пазьняк

Ад рэдакцыі:

У прынцыпе, сітуацыя выглядае даволі простай. Праўда, каб яе больш-менш прасьвятліць для сябе, сябрам нашай рэдакцыі спатрэбіліся гады і гады практычнай грамадска-палітычнай дзейнасьці й інтэлектуальна-ідэалагічнай працы (у дадатак да асноўнай працы). Большасьць такога не вытрымлівае, праз некалькі гадоў многія кідаюць змаганьне, кідаюць разьбіральніцтвы і адыходзяць. Часта назаўсёды.

Мы ж не здаліся, а выпрацавалі пэўны алгарытм, калі жадаеце – свой метад палітычнага аналізу. Вось яго фрагмент.

На ідэалагічным узроўні (а гэта ўзровень фармуляваньня і абгрунтаваньня грамадскі значных мэт) мы дакладна сфармулявалі наступнае: у адносінах да беларускай грамадска-палітычнай прасторы ў цяперашнім яе стане галоўная Мэта – гэта АБ’ЕКТЫЎНЫЯ ІНТАРЭСЫ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ (у сёньняшніх умовах, менавіта інтарэсы нашага народу, а не проста грамадства). У межах беларускай этнічнай тэрыторыі й беларускай дзяржавы гэта і ёсьць найбольш важная, найбольш прагрэсіўная Мэта, а па-сутнасьці, адзіная Мэта, за якую варта змагацца сумленным людзям. Яе ўласьцівасьці робяць змаганьне за яе ня толькі легальным, грамадскі сэнсоўным, а і, калі жадаеце, сьвятым абавязкам кожнага чалавека. Ня ўсе гэты абавязак здольныя прыняць на сябе. Але гэта іншая тэма…

Пасьля фармуляваньня нашай Мэты мы ўваходзім у грамадска-палітычную сьферу і пачынаем дзейнічаць там. Калі пры ўсіх абставінах мы і тут застаемся стала накіраванымі на аб’ектыўныя інтарэсы нашага народу, тады ў сьферы грамадска-палітычнай дзенасьці выступаем як зьмястоўныя дэмакраты (сінонімы: сапраўдныя дэмакраты, нацыянал-дэмакраты, універсальныя нацыяналісты).

Звчайна праз пэўны час мы раптам пачынаем усьведамляць, што ў многіх, хто таксама прысутнічае на беларускім грамадска-палітычным полі і змагаецца за нейкія інтарэсы, мэты іхнай дзейнасьці зусім іншыя. Больш за тое, калі б яны гэтыя свае мэты адкрылі, усе б убачылі, што яны патрэбныя ня проста пэўным вузкім сацыяльным групам, а і ўвогуле зьяўляюцца паразітнымі ў адносінах да беларускага грамадства, а таму – нелегальнымі… Па гэтай прычыне многія суб’екты беларускай грамадска-палітычнай рэчаіснасьці свае сапраўдныя мэты старанна хаваюць, камуфлююць, загаворваюць, фармулююць невыразна і недакладана (далёка ня так, як гэта робім мы; чаго нам хаваць – наша Мэта і легальная, і сьвятая). Але ж яны хацелі б выкарыстаць нашыя сілы – нашыя волю, час, высілкі, працу, інтэлект. Натуральна, уцёмную… Сэнс такой “дзейнасьці” зразумець элементарна – пераключыць нашыя рэсурсы на дасягненьне сваіх паразітных мэт. Дасягаецца такое пераключэньне (на фоне хаваньня ўласных мэт) у асноўным імітацыяй таго, што “ў іх”, маўляў, “такія ж задачы, інтарэсы, сьветагляд”, што і ў нас.

Усё азначанае датычыць і “апазіцыі”. Больш за тое, у найбольшай ступені датычыць “апазіцыі”! (бо зь цяперцам ўсім і так усё зразумела)

Значыць, асновай выніковай дзейнасьці беларускага зьмястоўнага дэмакрата ў грамадска-палітычнай сьферы зьяўляецца выяўленьне сапраўдных мэтаў дзейнасьці найперш тых, хто знаходзіцца ў “аб’яднанай апазіцыяй”, кіруе ёй.

Аднак яны свае мэты хаваюць! Што рабіць?

Неадпаведнасьць чужых мэтаў аб’ектыўным інтарэсам беларускага народу пры пэўным досьведзе можна распазнаць. У прыватнасьці, па метадах дзейнасьці людей, па іх сістэмах каштоўнасьцяў і сімвалах, якімі яны карыстаюцца, па кадравым складзе апазіцыйных дзеячаў, іх маральным вобліку ды іншых крытэрах.

Таму, зьвяртаючыся да ўсіх чытачоў нашага сайта, асабліва да моладзі, мы – сябры рэдакцыі – заклікаем: не зьвязвайцеся вы з гэтай цяперашняй “аб’яднанай апазіцыяй”. Нічога там нашага няма. А калі зьвязаліся (не паверылі нам на слова), сачыце за ўсімі. Запамінайце выказваньні, абяцаньні, аргументы, паводзіны, прагаворы. Аналізуйце. Хутка і вы ўбачыце, што ў Мэтах дзейнасьці “аб’яднанцаў”, у тым, на што яны накіраваныя, сапраўды НЯМА НІ ВАШАГА АСАБІСТАГА ІНТАРЭСУ, НІ ІНТАРЭСУ НАШАГА БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ (ну, вазьміце для прыкладу хаця б г.зв. “Малую канстытуцыю” і паспрабуйце знайсьці там хаця б словы “беларускі народ”…).

Гэта будзе першае ваша прынцыповае адкрыцьцё.

Калі вы капнеце глыбей, вы таксама ўбачыце, што “аб’яднаная апазіцыя” ў яе цяперашнім выглядзе існуе ў тым ліку і таму, каб ня даць арганізавацца сапраднай нацыянальна-дэмакратычнай альтэрнатыве беларусафоскага рэжыма – г.зн. такой апазіцыі, якая магла б узначаліць сапраўды нацыянальна-вызвольны рух беларускага народу. Паколькі аб’яднанцы занятыя толькі імітацыяй палітычнага змаганьня (падумайце, чаму год за годам – адныя паразы, а зьмястоўнага аналізу і высноваў ніякіх ня робіцца? прынцыпова ня робіцца!), паколькі яны не даюць арганізавацца сапраўднай альтэрнатыве рэжыма (маючы заходнія грошы, актыўна канкуруюць з зародкамі такой апазіцыі, выціскаюць яе прадстаўнікоў з палітычнага поля), аб’яднанцы зьяўляюцца патрэбнымі рэжыму. Самі ж яны ні на што вартаснае ня здатныя, рэжыму пагражаць ня могуць, затое заняць апазіцыйную пляцоўку і нікога туды не пушчаць – гэта для іх у самы раз. У выніку вы можаце ўбачыць, што цяперская ўлада фактычна лялее “аб’яднаную апазіцыю”, паціху падтрымлівае яе. Па-сутнасьці, сёньняшнія аб’яднанацы сталі інструмантам цяперцаў, накіраваным  супраць будучай сапраўднай беларускай дэмакратыі…

Калі ж вы капнеце яшчэ глыбей, дык убачыце, што гэтая ж роля патрэбная і заходнім гаспадарам сёньняшніх аб’яднанцаў… Тым таксама трэба, каб беларускае грамадства і далей выглядала рыхлай, бязвольнай, неарганізаванай біямасай – выдатным асяроддзем для іншага варыянту (заходняга) сацыяльнага паразітызму… А тое, што беларускае грамадства могуць узначаліць сапраўдныя нацыянальныя лідары і падубаваць сапраўды дэмакратычную Беларускую дзяржаву, асноўныя паразітныя сілы на Захадзе абсалютна не задавальняе.

Маладыя Беларусы, Беларусы патрыятычныя, дэмакратычныя, шчырыя, сумленныя, разумныя!

Адкажыце: ну, і дзе тут наш беларускі інтарэс?!..

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы