nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

АДЭКВАТНАЯ СЬХЕМА НАШАЙ РЭЧАІСНАСЬЦІ (частка 1)

22 кастрычніка, 2007 | 2 каментарыя

С�мвал, б��ел.JPG

Кніга Алеся Астроўскага, якая пачынае выстаўляцца на нашым сайце, была напісана ўлетку 2002 году і прызначалася ў якасьці дапаможніка для актывістаў беларускіх дэмакратычных арганізацый на выбарчую кампанію ў мясцовыя рады 2003 г. Нягледзячы на пяць гадоў, якія прайшлі з часу яе напісаньня і распаўсюджаньня, гэтая кніга ўяўляе ня толькі гістарычны інтарэс. Хутчэй наадварот. Таму мы вырашылі зрабіць яе другое выданьне ў інтэрнэт-версіі.

Рэдакцыя.


Прадмова аўтара

Сёньняшняя агульналюдская цывілізацыя ўсё яшчэ знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні гуманістычнага разьвіцьця. Яна па-ранейшаму перапоўнена няпраўдай, несправядлівасьцю, гвалтам…

Усё яшчэ вельмі малая доля людзей, якім пашчасьціла апынуцца ў такіх грамадскіх умовах, якія ў значнай ступені дазваляюць ім рэалізоўваць свой сапраўды людскі, а ня толькі біялагічны патэнцыял. А такіх грамадстваў, дзе б былі дастаткова добрыя ўмовы для раскрыцьця кожным прыстойным чалавекам свайго жыцьцёвага прызначэньня (і дзе кіраўніцтва было б такім, што жадала падтрымліваць і разьвіваць такія грамадскія ўмовы), яшчэ проста няма…

Барацьба за цывілізаванае, людскае жыцьцё ўсяго чалавецтва далёка не завершана як у цэлым, так і асабліва ў некаторых рэгіёнах, адкінутых у гэтым сэнсе далёка назад. Можа, мы – беларусы – яшчэ ня так пакутуем ад хваробаў сучаснай грамадскай рэчаіснасьці, як, напрыклад, чачэнцы, курды, палестынцы, кашмірцы ці хто-небудзь яшчэ ў Азіі, Афрыцы ці Лацінскай Амерыцы. Але, па-першае, як па мне, дык і тых пакутаў, якія прымушаны перажываць мой народ, цалкам дастаткова. Па-другое, ва ўсёй Еўропе ўжо няма ніводнай краіны з такой недарэчнай сітуацыяй, як у нашай роднай Беларусі (сапраўды, у якой яшчэ еўрапейскай краіне ўлада дасягнула такой ступені дэгенерацыі, каб ісьці на пазбаўленьне свайго народу яго галоўнай каштоўнасьці – уласнай дзяржавы?!). А, па-трэцяе, ніхто ня ведае, што нас чакае далей пры разьвіцьці падзей так, як яны ідуць цяпер. Можа стацца, што мы яшчэ пазайздросьцім шмат каму, каго лічым сёньня большымі пакутнікамі за нас, калі зараз добра не паклапоцімся пра сваю будучыню…

Даўно час выбірацца з сёньняшняй ганебнай сітуацыі. Прычым, самім. Трэба пакінуць залежыць ад вонкавых абставін і ўзяць свой лёс у свае рукі (бо такія сёньня абставіны ў сьвеце, што стратэгічна ўсё залежыць у першую чаргу ад нас саміх)…

Трэба згуртавацца, арганізавацца, авалодаць неабходнымі ведамі й навыкамі.

Скажу яшчэ канкрэтней. Наша самастойная перамога ў змаганьні за нашу беларускую дзяржаву можа атрымацца толькі тады, калі яна будзе пачынацца з сістэматызаваных ВЕДАЎ і будзе ўвесь час асьвечана ІМІ. Трэба мець максімальна аб’ектыўныя, поўныя і сістэмныя ВЕДЫ па ідэалагічных, соцыя-кібернетычных, палітычных, эканамічных, праграмных, соцыя-псіхалагічных, іміджавых, менеджавых і іншых кірунках, трэба мець веды пра максімальную колькасьць метадаў і прыёмчыкаў, якія выкарыстоўваюць супраць нас драпежніцка-паразітычныя сілы блага. У час выбараў трэба мець дадатковыя ВЕДЫ па арганізацыйных пытаньях, падрыхтаваць шэраг прэзентацыйных тэкстаў (для вуснага і пісьмовага выкарыстаньня), навучыцца правільна адказваць на пытаньні, у тым ліку правакатыўныя.

У сувязі з цэнтральным значэньнем менавіта ВЕДАЎ для нашай будучай перамогі варта адмыслова падкрэсьліць адрозьненьні паміж ВЕДАМІ й інфармацыяй. Калі інфармацыя – гэта адлюстраваньне фактаў і падзей рэчаіснасьці, у працэсе якога даюцца адказы на пытаньні: «ШТО і ЯК?» (гл. малюнак 1.1), дык ВЕДЫ – гэта веданьне заканамернасьцяў існаваньня рэчаіснасьці. Веды даюць магчымасьць адказваць на пытаньні «ЧАМУ менавіта ТАК адбываецца, а не як-небудзь інакш?». Пры гэтым найвышэйшую каштоўнасьць маюць СІСТЭМНЫЯ ВЕДЫ, без якіх нават валоданьне праўдзівай інфармацыяй нічога ня дасьць для кіраваньня сваім лёсам…

�ал. 1.1.GIF

Мал. 1.1. Адрозьненьне паміж ВЕДАМІ і ІНФАРМАЦЫЯЙ. У сьферы інфармацыі можна толькі ставіць пытаньне: ці праўда тое, што аб’яўляецца фактам (фрагментам формы рэчаіснасьці). Веды, адказваючы на пытаньне «Чаму?», даюць магчымасьць бачыць заканамернасьці (зьмест падзеяў рэчаіснасьці), а сістэмныя веды – нават прадказваць будучыню. Чым больш высокі ўзровень разуменьня рэчаіснасьці, тым глыбей і далей яна праглядаецца і тым эфектыўней можна ўплываць на яе (кіраваць ёю).

Аднак, з 1995 году ня толькі інфармацыя, але і ВЕДЫ аб’яўлены стратэгічным рэсурсам (Toffler A. and H.). Гэта значыць, што цяпер ня толькі ад нас, нашага ды іншых грамадстваў будуць хаваць праўдзівую інфармацыю, дэфармаваць яе, падсоўваць непраўдзівую ці абмежаваную інфармацыю (нібы ўсё гэта рэцэпты вырабу ядзернай зброі для тэрарыстаў), але і тое самае будуць рабіць з ВЕДАМІ. Так ужо было, напрыклад, у камуністычныя часы, калі ад грамадства хаваліся сапраўдныя веды па генетыцы, кібернетыцы, псіхалогіі, сацыялогіі…

Так. Прывыкайце да таго, што ад нас будуць хаваць ня толькі, напрыклад, інфармацыю пра тое, хто на самай справе арганізаваў падрывы жылых дамоў у Маскве й іншых гарадах Расеі ў 1999 годзе (што паслужыла прэтэкстам для пачатку другой чачэнскай вайны), але будуць хаваць і ВЕДЫ, напрыклад, пра структурна-функцыянальную арганізацыю здаровага грамадства і чалавецтва, пра арганізацыю псіхікі чалавека і грамадскай масы, пра сапраўдныя прычыны «грамадскіх хваробаў» і г.д.

У гэтых абставінах нельга разьлічваць, што нехта будзе імкнуцца даваць нам сапраўдныя ВЕДЫ па тых пытаньнях, без якіх нам лепшай будучыні ня бачыць. Нам самім прыйдзецца займацца іх здабываньнем, накопліваньнем, сістэматызацыяй і распаўсюдам. Але бяз гэтага не абысьціся. Бо, як паказвае практыка, шлях, які вядзе праз здабыцьцё ВЕДАЎ, іх сістэматызацыю, авалоданьне імі (навучаньне), распаўсюд і рэалізацыю – гэта адзіны шлях да лепшага жыцьця ў Беларусі.

Канешне, хутка прайсьці па дадзеным шляху не атрымаецца. Таму усім нам проста варта настроіць сябе на максімальна ўстойлівае крочаньне па ім. У сваю чаргу тым, хто мае намер пералічаныя ВЕДЫ зьбіраць і даваць, знаходзячыся ў курсе канкрэтнага стану рэчаў на Беларусі, можна рызыкнуць абмежаваць іх аб’ём пэўнай неабходнай часткай…

Гэтая кніжка пад такую задачу і рабілася. У ёй сканцэнтраваныя самыя неабходныя (на погляд аўтара) веды пад бліжэйшую выбарчую сітуацыю і рэкамендацыі, што рабіць. Матэрыял у цэлым прадстаўлены ў пасьлядоўнасьці ад больш высокага ўзроўню асэнсаваньня рэчаіснасьці да больш базавага: ідэалагічныя веды палітычныя веды накід праекта праграмы сацыяльна-эканамічных пераўтварэньняў арганізацыя псіхікі грамадскай масы аналіз дэструктыўнага ўплыву на нашу рэчаіснасьць з боку расейскай імперскай бюракратыі стратэгія перамогі ў змаганьні за Беларусь выкарыстаньне выбарчай сітуацыі. Папераджае асноўны матэрыял стратэгічны аналіз палітычнай сітуацыі на Беларусі.

Аўтар усьведамляў пэўную рызыку, зьвязаную са зьяўленьнем дадзенай кніжкі. Але ж нешта трэба рабіць…

Вось і наступіла абяцанае стагоддзе

інфармацыі й псіхалогіі

1. Уводзіны. СЬПЕЦЫФІКА НАШАЙ СІТУАЦЫІ

1.1. Пра некаторыя сацыяльна-псіхалагічныя ўмовы, у якіх знаходзіцца беларускае грамадства

Калі ў большасьці цывілізаваных краін Захаду пачынаецца выбарчая кампанія, палітычна актыўным грамадзянам заранёў вядомыя адказы на шэраг пытаньняў, якія часта маюць прынцыповае значэньне для нас. Напрыклад, на пытаньні: удзельнічаць у выбарах ці байкатаваць іх? што зьяўляецца галоўнай мэтай кампаніі? якую тактыку абраць? – адказы ў большасьці выпадкаў гучаць адпаведна так: удзельнічаць; галоўнай мэтай кампаніі зьяўляецца праходжаньне максімальнай колькасьці прадстаўнікоў партыі ва ўладныя структуры; тактыка заключаецца ў тым, каб кандыдат стаў найбольш пазнавальным, папулярным і пакінуў як мага лепшае ўражаньне ў выбаршчыкаў.

Сярод істотных тактычных крокаў выбарчай кампаніі ў дэмакратычных краінах распаўсюджаны і такі. Папярэдне вызначаюцца тыя сацыяльныя групы, прадстаўнікі якіх будуць галасаваць у асноўным за вашага кандыдата (напрыклад, трэць выбаршчыкаў), і тыя, прадстаўнікі якіх з найбольшай верагоднасьцю будуць галасаваць супраць вас (напрыклад, таксама каля трэці выбаршчыкаў). Затым, калі пачынаецца ўласна агітацыйны перыяд, указаным групам надаецца меньшая ўвага, а найбольшая – той трэці выбаршчыкаў, рашэньні якіх неўстолівыя, таму на іх найбольш варта ўплываць.

Гэтыя прынцыпы цалкам адпавядаюць агульнай сацыяльна-псіхалагічнай атмасьферы ў грамадстве, якое выразна структураванае і жыве ў стабільных, хаця б фармальна дэмакратычных умовах. Там грамадзяніну, як правіла, заранёў вядома, што ад вынікаў выбараў нічога істотнага ў яго жыцьці не залежыць. На яго не цісьне страх голаду, холаду, вайны… Яго не штурхае на выбары жаданьне адпомсьціць начальству, якое праз інфляцыю скрала ўсе грошы, накопленыя за жыцьцё… Дый пра адрозьненьні ў праграмах «левых і правых», “лібералаў і кансерватараў” нешта выразнае часта могуць сказаць толькі палітолагі. На той факт, што інфармацыйная прастора ў дэмакратычных краінах належыць нацыянальна-палітычнай эліце гэтых краін, ніхто нават увагі не зьвяртае. У адпаведнасьці з прынцыповым значэньнем суверэнітэта для любой дзяржавы-нацыі такі стан рэчаў выглядае настолькі натуральным, што нават не заўважаецца. Тым больш, што суверэнітэт заходніх дэмакратычных краін ужо шмат часу не паддаецца сумневу. Адносна яго назіраецца той жа эфект, што ў адносінах да, скажам, гравітацыі, якую чалавецтва доўга не заўважала якраз з прычыны яе натуральнай усюдыіснасьці. На Захадзе ўжо даўно выбіраюць таго чалавека, які больш вядомы, меньш мае чорных плям у біяграфіі ці які проста больш падабаецца. І адбываецца гэта ў значна меньш напружаных абставінах [цяпер сітуацыя ў “заходняй цывілізацыйнай прасторы” пачала істотна мяняцца на горшае ў параўнаньні з тым, што пададзена ў гэтым абзацы; цяпер многае выглядае ня так, але тады, у 2002-м годзе, гэтага яшчэ не было бачна. – Рэд.].

Дык вось, асноўнае, чаго аніяк не могуць зразумець нашы добразычліўцы, якія маюць вялікі досьвед выбарчых кампаній у дэмакратычных краінах: нашае грамадства адрозьніваецца ад іхніх па шэрагу прынцыповых сацыяльна-псіхалагічных і палітычных чыньнікаў.

Беларуская сацыяльна-псіхалагічная і палітычная рэчаіснасьць зьяўляецца ня толькі шмат у чым больш складанай, заблытанай, трагічнай, а й проста кардынальна іншай у параўнаньні з дэмакратычнымі краінамі.

Так, наша грамадства існуе ва ўмовах амаль поўнага захопу нашай інфармацыйнай прасторы СМІ іншай дзяржавы (Расейскай Федэрацыі). Нагадаю толькі адзін факт: з 5 галоўных «беларускіх» тэлеканалаў (іншыя каналы інфармацыі маюць вельмі малое значэньне), аж 4 зьяўляюцца расейскімі – ОРТ, РТР, НТВ, «Культура». Пры гэтым «беларускае» БТ глядзяць меньш, чым ОРТ ці РТР. Толькі тыя, хто ўшчыльную займаецца праблемай PR-кантролю грамадскіх настрояў (PR – першыя літары ад англійскага выразу public relations, што перакладаецца, як узаемасувязі з грамадствам, а па зьмесьце азначае дэструктыўна-прапагандысцкі ўплыў пэўнай групы на грамадства) з выкарыстаньнем электронных СМІ, могуць ацаніць значэньне дадзенага факта… Для ўсіх іншых заяўляю: значэньне гэтага факта велізарнейшае!

Вынікам такога стану рэчаў, сярод іншага, стаў і такі факт. Падтрымка, якую аказаў Пуцін Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах 2001-га году, вельмі лёгка стала вядомай беларускаму электарату (яе паказалі асноўныя тэлеканалы). Тады як «адзінаму кандыдату ад аб’яднаных дэмсілаў» расейскімі СМІ не было дадзена а ні слова…

Наша грамадства зьяўляецца нашмат больш амасаўлёным, хаатызаваным, меньш дыферэнцаваным. Прадстаўнікі розных сацыяльных груп пастаянна сутыкаюцца ў грамадскім транспарце й крамах (дзе ўтвараюць мяшаныя скапленьні й чэргі), больш інтэнсіўна сутыкаюцца па-суседску, маюць зносіны на тэрыторыях лецішчаў і гаражоў (дзе лекар, рабочы, настаўнік, дробны прадпрыймальнік, адстаўны вайсковец, пенсіянер і г.д. даволі інтэнсіўна кантактуюць паміж сабой). У людзей у гэтых абставінах актывуецца імкненьне зьліцца з калектывам. Яны становяцца больш роўнымі, аднолькавымі. Узьдзеяньне, якое на людзей можа быць аказана ў гэтых абставінах, звычайна выклікае і больш аднастайную рэакцыю (у масе чалавек звычайна сінхранізуе свае погляды адносна іншых).

Яскравым прыкладам выкарыстаньня гэтай сітуацыі для аказаньня істотнага ўплыву на людзей зьяўляецца адзін са спосабаў агітацыі за Лукашэнку ў 1994 годзе. Тады ў грамадскім транспарце і ў чэргах можна было шматкроць пачуць завучаную фразу: «Лукашэнку нужно выбирать. Он наведёт порядок!». Звычайна выкрыкваў яе нейкі мужчына (часта без сувязі з кантэкстам рэальных падзей), як толькі ў скапленьні людзей узьнікала хоць якое ўзбуджэньне…

Наша грамадства жыве ў значна больш эмацыйна насычаных, стрэсавых абставінах. Пачуцьці вострай нянавісьці, злосьці, нясьцерпнае жаданьне адпомсьціць, пачуцьці ганебнай прыніжанасьці, падманутасьці, страхі голаду, холаду, хвароб і сьмерці (сваёй і блізкіх) – усё гэта ўзьнікае, як толькі людзі пачынаюць гаварыць «пра палітыку». Таму ўсе спрэчкі на палітычныя тэмы, як правіла, адбываюцца на вельмі падвышаных танах. Прычына ў тым, што нашы людзі на ўласным досьведзе ведаюць: любы палітычны зрух можа істотна падарваць «важнейшую каштоўнасьць» іхнага жыцьця – стабільнасьць. А паколькі ў кожнай палітычнай спрэчцы апанент накіраваны на тое, каб зьмяніць «палітычныя погляды» чалавека, то ён адразу падсьвядомасна ўспрымаецца, як істотная пагроза галоўнай каштоўнасьці грамадства – грамадска-палітычнай стабільнасьці.

У дадатак да ўсяго ў нас існуе такая палітычная культура, якую нават бескультур’ем назваць недастаткова. Тое, што дазваляюць сабе рабіць розныя псіхатэхнолагі й PR-шчыкі – сьпэцы па “вешаньні лапшы на вушы” і “пусканьні пылу ў вочы”, выконваючы заказы расейскай імпэрскай бюракратыі – мала назваць палітычна-псіхалагічным хамствам ды разбоем. Гэта – садызм! На псіхіку нашых грамадзян узьдзейнічаюць метадамі самых жорсткіх псіхатэхналёгій (пра гэта пазьней). Беларускі народ ніхто не шкадуе. Быццам бы гэта ня людзі, а нейкія… каларадскія жукі.

У выніку такога ўзьдзеяньня, нягледячы на фармальнае амасаўленьне, абумоўленае сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі асаблівасьцямі жыцьця, псіхалягічна наша грамадства сёньня:

падзеленае на шматлікія групы, якія варожа настроеныя адна да адной, часьцей па штучных, надуманых, другасных грамадска-палітычных пытаньнях; групы гэтыя нярэдка вядуць паміж сабой своеасаблівую нябачную грамадзянскую вайну;

гвалтоўна апушчана на больш нізкі ўзровень агульнай культуры;

у масавую сьвядомасьць нашага грамадства ўведзены штучны сацыяльна-псіхалягічны кантэкст (у параўнаньні з тым, якім ён быў раней, у пачатку 1990-х, ці якім бы ён быў у натуральных, дэмакратычных умовах свабоднай Беларусі). Галовы нашых людзей запоўненыя непраўдзівымі сьхемамі й мадэлямі рэчаіснасьці, карыснымі ў першую чаргу расейскім імперскім сілам.

Адсюль высновы:

– Калі мы жадаем пачаць перамагаць не праз 15-20 гадоў, а праз 3-5, нам трэба адмовіцца ад фармальнага капіраваньня выбарчых тэхналогій, прызначаных для прынцыпова іншых умоў.

– Перад тым, як вырашыць, што нам канкрэтна трэба рабіць, неабходна зьмястоўна прааналізаваць палітычную і сацыяльна-псіхалагічную сітуацыю, якая склалася (а дакладней, «якую склалі») у нашай роднай Беларусі.

– Па выніках дадзенага аналізу, нам трэба распрацаваць уласныя праграму і тэхналогію вырашэньня нашых праблем.


1.2. Аб асноўнай палітычнай асаблівасьці нашай сітуацыі

Ёсьць адна прынцыповая асаблівасьць беларускай палітычнай сітуацыі, якую аніяк ня могуць засвоіць ні нашы заходнія добразычліўцы [вось як раней ставіўся аўтар да прадстаўнікоў Захаду; як усё памянялася за нейкія 5 гадоў. – Рэд.], ні шмат хто з беларускай апазіцыі.

Справа ў тым, што ва ўсіх еўрапейскіх краінах са стабільнымі дэмакратыямі, разьмешчанымі на захад, а цяпер і на поўнач ад Беларусі, асноўны палітычны канфлікт (асноўная вось напружаньня) праходзіць выключна ўнутры грамадства, у яго сацыяльнай сьферы – паміж «правымі і левымі» (варыянты: лібераламі й сацыялістамі, кансэрватарамі й лейбарыстамі, рэспубліканцамі й дэмакратамі…). Гэта абумоўлена простай акалічнасьцю. Ва ўсіх дадзеных краінах ужо даўно (дзе 10, дзе 60, а дзе і сотні гадоў) вырашана палітычная праблема больш высокага ўзроўню. Маецца на ўвазе, што ўвесь гэты час грамадству і эліце гэтых краін ня трэба змагацца за захаваньне сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці й цэласьці ці за захаваньне той тэрыторыі, на якой кожнае з дадзеных грамадстваў пачувае сябе натуральным гаспадаром [і гэта істотна памянялася за 5 гадоў. – Рэд.].

Таму, калі мы сёньня спрабуем прадстаўнікам заходніх краін падаць нашу сітуацыю, напрыклад, так: «Вам, датчанам, не пагражае быць захопленымі немцамі і стаць імі, а вам, немцы, не пагражае быць захопленымі французамі й зьнікнуць з гісторыі», – яны думаюць, што мы гаворым пра выключна надуманыя, абстрактныя праблемы, якіх няма і ня можа быць!

Між тым, для ўсіх нас – прадстаўнікоў беларускага народу, здольных на цьвярозы аналіз – бачна, што галоўнай небясьпекай, якая пагражае зараз беларускаму грамадству, ёсьць небясьпека аказацца захопленымі расейскай імперыяй (інфармацыйна-псіхалагічна, эканамічна, а затым і тэрытарыяльна) і падвергнуцца поўнаму вынішчэньню праз разбурэньне натуральнай беларускай ідэнтычнасьці, праз асіміляцыю і этнацыд. І калі заходнія палітыкі разглядаюць сілы, якія дзейнічаюць на Беларусі, з другасных для нашай сітуацыі пазіцый – «правыя і левыя» – яны робяць вельмі кепскую паслугу і сабе, і будучай беларускай дэмакратыі.

Паліталагічна правільна было б сітуацыю на Беларусі аналізаваць у першую чаргу так: хто (якія сілы) за будучую Беларусі, як самастойную, дэмакратычную, еўрапейскую, культурна адметную краіну, а хто (якія сілы) за тое, каб Беларусь зьнікла з мапы Еўропы, падпаўшы пад аншлюс расейскай імперыі, з поўным вынішчэньнем беларускага народу?

На гэтым фоне нават той факт, што наша грамадства знаходзіцца на больш прымітыўным узроўні грамадска-палітычнай арганізацыі (замест сістэмы разьвітай дэмакратыі практычна існуе дыктатура – усё вырашае Масква праз свае СМІ і Лукашэнку), зьяўляецца меньш істотным, хаця, без сумневу, зьвязаным з вышэй азначаным.

1.2.1. Альтэрнатыўныя палітычныя сілы – удзельнікі галоўнага палітычнага канфлікту.

У другой палове 1980-х гадоў на тэрыторыі Беларусі перайшоў у адкрытую форму канфлікт, які да таго быў схаваным. Гэта канфлікт паміж дзьвума элітамі:

з аднаго боку – гэта перадавая частка беларускага гамадства, якая выразна ўсьведамляе, што яе персьпектыва, як і станоўчая персьпектыва ўсяго беларускага грамадства, зьвязаная толькі зь незалежным і дэмакратычным кірункам разьвіцьця Беларусі (тое, што аб’ектыўныя інтарэсы беларускага грамадства і яго перадавой часткі, беларускай нацыянальнай эліты, супадаюць, мае прынцыповае стваральнае значэньне).

з іншага боку – гэта расейская імпэрская бюракратыя. На нашай зямлі яна бароніць свае паразітычныя інтарэсы, якія зьвязаныя з працягам эксплуатацыі беларускага народу, а таксама выкарыстаньнем нашай тэрыторыі й прыродных багацьцяў.

Канфлікт паміж беларускай нацыянальнай элітай і расейскай імперскай бюракратыяй, якая адкрыта абявіла тэрыторыю Беларусі «зоной своих интересов», перажывае сёньня трэцюю фазу свайго разьвіцьця (калі лічыць з 1985 года):

з 1985 па 1991 гг. канфлікт выяўляўся ў форме барацьбы паміж беларускай нацыянальнай элітай і старой кампартыйнай бюракратыяй таталітарнага СССР;

з 1991 па 1994 гг. – у форме барацьбы паміж нацыянальнай элітай і псеўдадэмакратычнай бюракратыяй, у якую перафарбавалася старая кампартыйная бюракратыя;

з 1994 па нашы дні канфлікт праяўляе сябе як барацьба паміж беларускай нацыянальнай элітай і практычна спецслужбамі расейскай імперыі, якія апасяродкавана кіруюць палітычнымі працэсамі на Беларусі праз свае (расейскія) СМІ і праз усе групы мясцовай бюракратыі, пачынаючы з прэзідэнцкага ўзроўню. Спецслужбы РФ праз сьпецслужбы РБ, якія практычна поўнасьцю ім падпарадкаваныя, аказваюць таксама татальны разбуральны ціск на недзяржаўныя беларускія СМІ, палітычныя партыі, НДА, прафсаюзы.

1.2.2. Аб расейскай імперскай бюракратыі.

У яе склад уваходзяць усе крамлёўскія начальнікі й іх прызначэнцы на месцах, абсалютная большасьць рэгіянальных чыноўнікаў-бюракратаў усіх губернскіх каланіяльных тэрыторый Расейскай Федэрацыі, а таксама вайсковыя і міліцэйскія начальнікі, кіраўнікі ЧК-ГПУ-НКВД-КГБ-ФСБ. Важнай часткай гэтага бюракратычнага монстра зьяўляецца таксама праваслаўны клер, які з часоў Пятра І падпарадкаваны ня столькі Богу, колькі любому кіраўніку расейскай імперыі (прынцып цэзара-папізма).

Галоўнай жыцьцёвай мэтай расейскай імпэрскай бюракратыі зьяўляецца ўласнае самазабесьпячэньне. Пры гэтым усе людзі, якія жывуць на тэрыторыі РФ, традыцыйна ўспрымаюцца расейскай бюракратыяй інструментальна, на ўзроўні звычайнага прыроднага рэсурсу (не як мэта, а як сродак: камні, дрэвы, людзі, дровы – у адным радзе), роля якога, як і іншых прыродных рэсурсаў Расеі, узбагачаць і задавальняць яе.

Для таго, каб паразітаваць на рускім і нярускіх народах расейскай імперыі, бюракратыя выкарыстоўвае тэхналогію псіхічнага маніпуляваньня. Стратэгічнай асновай гэтай тэхналогіі зьяўляецца міф пра «величие России». Гэты міф і яго лозунгавыя версіі («Великая Россия», «матушка-Русь», «Россия-кормилица», «Наш дом – Россия!», «Россия – щедрая душа!», «Наш дом на карте мира») расейская бюракратыя ўкараняе ў грамадства, намаўляе яму, а затым, калі што-небудзь цяжкае ці рызыкоўнае, крывавае ці ганебнае трэба зрабіць дзеля яе (бюракратыі) ўласных інтарэсаў, расейская бюракратыя прымушае грамадзян Расеі рабіць гэта ў імя «величия госсударства российского». Больш таго, у мірны час грамадзянам РФ таксама прапануецца ацэньваць сваё жыцьце не па тым, на якім эканамічным і культурным узроўні яны знаходзяцца, а па велькасьці й вялікасьці ўсё той жа «России»

Здавалася б, абсалютна анамальная сітуацыя. Але на практыцы на ўзроўні псеўдарацыянальнага масавага псіхічнага яна спрацоўвае надзвычай эфектыўна.

Дадатковае значэньне, вядома ж, мае і тое, што ў падсьвядомасьці большасьці, хто лічыць сябе рускім (а такіх на тэрыторыі РФ таксама большасьць), сідзіць перакананьне: «говорим Россия, имеем в виду Руссия».

Калі б кіруючая бюракратыя Расеі не была эксплуататарскай, паразітычнай, грамадзянам у РФ (зь яе прыроднымі багацьцямі) жылося б у дзесяткі разоў лепш! Хаця б, як у Еўропе… «Калі Расея такая «Велькая», чаму большасьць грамадзян РФ жыве так бедна?» – вось ключавое пытаньне да расейцаў, якое павінна стымуляваць іх крытычны погляд на сябе.

Шкада падманутых грамадзян Расеі. У іх незайздросны выбар: альбо развал Расеі з утварэньнем некалькіх самастойных нацыянальных дзяржаваў, альбо ганебнае існаваньне (матэрыяльнае і маральнае, уключаючы нянавісьць суседніх народаў і нярускіх народаў Расеі) у вечным комплексе псіхічнай непаўнавартасьці, кампенсаванае тым, што «я же русский и живу в Великой России!». Праўда ў апошнім варыянце «Матушка-Расея» будзе зьядаць уласны рускі народ…

Але пры ўсім тым мы павінны у першую чаргу шкадаваць і ратаваць свой народ. Бо соцыяпаразітны інтарэс бюракратычных элітаў (расейскай імперскай і мясцовай кампрадорскай) зьяўляецца асноўнай прычынай усіх праяў несвабоды, несправядлівасьці, няпраўды, застою, дэградацыі – усяго таго благога, што перажывае сёньня нашае беларускае грамадства, як сацыяльная сістэма, і ад чаго яно пакутуе.

Расейская імперская бюракратыя на тэрыторыі Беларусі сёньня мае ў сваім поўным распараджэньні ўсю прэзідэнцкую ўладу (а праз яе і ўсю рэальную палітычную ўладу ў Беларусі). Яна захапіла і эксплуатуе ў сваіх інтарэсах усю беларускую інфармацыйную прастору (а праз яе кантралюе сьветагляд беларускага грамадства). Зараз расейская імпербюракратыя намерваецца паціху захапіць нашу маёмасьць…

Але нават калі яна здолее і гэта зрабіць, гэта ня будзе азначаць канец змаганьня. Проста наступіць чарговы (чацьверты) этап канфлікту паміж расейскай бюракратыяй і беларускай нацыянальнай элітай. Барацьба набудзе іншыя кірункі, задачы й формы…

Ніхто ў ХХІ стагодзьдзі ня будзе спакойна цярпець несвабоду і несправядлівасьць.

Атрымліваецца, што словы славутага сына беларускага народу – Кастуся Каліноўскага – зь яго «Лістоў з-пад шыбеніцы» і сёньня захоўваюць сваю поўную актуальнасьць: «Толькі тады, братка-беларус, зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ня будзе!» (як тады, так і зараз пад «маскалямі» маюцца на ўвазе ня столькі людзі рускай нацыянальнасьці, колькі расейскія чыноўнікі-бюракраты, а таксама носьбіты расейска-рускага імперска-шавіністычнага сьветагляду…).

Мы жывем у Беларусі й кожны пражыты дзень пацьвярджае нам правільнасьць гэтых слоў, хаця прайшло амаль паўтара стагоддзя


1.2.2.1. Страхі расейскай імпербюракратыі.

Пасьля распаду Савецкага Саюзу ў расейскай імперскай бюракратыі адносна былых савецкіх рэспублік узьнікла два страхі.

Першы зь іх – гэта ўсьвядомлены, рацыянальны страх, што былыя савецкія калоніі пасьля пераўтварэньня ў сапраўды самастойныя дзяржавы прадэманструюць той жа феномен, што і, напрыклад, Фінляндыя, якую Ленін «за ненадобностью» адпусьціў на волю ў 1920 годзе. Фінляндыя, палова тэрыторыі якой знаходзіцца за Палярным кругам, праз адносна кароткі час самастойнага жыцьця так разьвілася, што ўжо ў 1940-м годзе, калі Сталін вырашыў вярнуць яе сабе, у яго нічога не атрымалася. Былая расейская калонія яскрава прадэманстравала вядомую заканамерасьць – як толькі народ вырываецца з-пад удаўкі расейскай імперскай бюракратыі, ён адразу расквітае. Уяўляеце сабе страх расейскай імпербюракратыі, якая раптам усьвядоміла, што большасьць былых савецкіх рэспублік вось-вось паўторыць гэтую ж заканамернасьць… Што тады чакае саму РФ, большасьць тэрыторыі якой якраз складаецца з калоній?!

Акрамя таго, расейская імпербюракратыя адчувала, што калі Расея зь імперыі пераўтворыцца ў нацыянальную дзяржаву, ёй таксама прыйдзецца пераўтварыцца з паразітычнай бюракратыі ў нацыянальную, а гэта значыць перайсьці з экстэнсіўнай формы дзяржаўнага разьвіцьця да інтэнсіўнай – пачаць ПРАЦАВАЦЬ над забесьпячэньнем дабрабыту грамадзян, а аб выкарыстаньні людскіх рэсурсаў і прыродных багацьцяў тэрыторыі імперыі, аб поўнасьцю свабодным панаваньні-ўладараньні ў імя сваіх эгаістычна-групавых інтарэсаў – забыць. Такая персьпектыва падсвядомасна дадаткова выклікае ў іх пачуцьццё страху…

Толькі палітыка, скіраваная на аслабленьне былых «советских республик» і іх вяртаньне ў склад расейскай імперыі, магла паменьшыць гэтыя страхі расейскай бюракратыі. І хаця такая палітыка ня мае пад сабой ніякай гістарычнай персьпектывы (нават пасьля распаду Савецкага Саюзу так званая РФ застаецца занадта вялікай, практычна некіруемай тэрытарыяй), і хаця з рацыянальных пазіцый у яе падмурку недальнабачнасьць, тупасьць, эгаізм, цынізм, хцівасьць… – але такая палітыка ўпарта праводзіцца расейскім кіраўніцтвам насуперак здароваму сэнсу. Бо так дыктуюць імперскі інстынкт і апісаныя вышэй страхі.

У выніку, сёньня ў ваколіцах РФ назіраюцца дзьве супрацьлеглыя палітычныя тэндэнцыі. Адна – натуральна-прагрэсіўная. Яна адбываецца ў рэчышчы працэсу гістарычнага разьвіцьця і вядзе да ўтварэньня самастойных дэмакратычных дзяржаў-нацыяў. Другая – штучная, скіраваная ў супрацьлеглым кірунку.

1.2.2.2. А.Г.Лукашэнка – галоўная прылада расейскай імпэрскай паліттэхналёгіі ў адносінах да Беларусі.

У сваёй палітыцы вяртаньня былых савецкіх рэспублік у склад расейскай імперыі расейская паразітычная бюракратыя разьлічвае на сістэму паліттэхналягічных штучак, якія, як яна, відаць, верыць, павінны памяняць кірунак натуральнага разьвіцьця гісторыі зь яе аб’ектыўнымі законамі ў выгаднае для імперцаў рэчышча.

Колькі жыцьцяў ужо змарнавала і колькі яшчэ змарнуе гэтая “наіўная” “вера”?..

Але імперцы з агульнагістарычных, гуманістычных пазіцый не разважаюць. Яны дзейнічаюць… натуральна, у сваіх інтарэсах.

Першае, што зрабіла расейская імперыякратыя, як толькі здолела ўмяшацца ў палітычныя падзеі на Беларусі – навязала нашаму грамадству Лукашенку ў якасьці прэзідэнта. Галоўная прычына, праз якую імперцы спынілі свой выбар менавіта на гэтай асобе (а яны, як цяпер высьвятляецца, доўга абіралі сярод розных дэпутатаў ВС РБ 12-га скліканьня), – дэструктыўны характар гэтага чалавека. Пры ўсіх яго хворых амбіцыях і маніях (велькасьці і перасьледу – як у кожнага параноіка) Лукашэнка паталагічна няздольны нічога арганізоўваць, ствараць, будаваць. Ён тыповы лятун (пачытайце біяграфію). Любая справа, у якую Лукашэнка ўмешваецца, занепадае й распадаецца. Гэта неад’емная рыса яго характару. Выключэньне складаюць толькі такія «справы», як умацаваньне асабістай улады і забесьпячэньне ўласнай аховы (дый і то, калі гэтыя справы ацэньваць з фармальных пазіцый). Таму менавіта такі чалавек найлепей падыходзіў для рэалізацыі планаў расейскай імперскай бюракратыі па аншлюсу Беларусі.

Для таго, каб лепш асэнсаваць ролю Лукашэнкі, якую яму адвяла расейская імперыякратыя, апішу трук з двума экзаменатарамі, які ў свой час практыкавала бюракратыя савецкіх ВНУ. Ведаючы характары сваіх выкладчыкаў, рэктар ВНУ прызначаў прымаць уступныя экзамены двух экзаменатараў з прынцыпова рознымі харакратамі. Узначальваць камісіі ставіў: аднаго мягкага, добразычлівага, які, шкадуючы маладых людзей, міжволі імкнуўся ставіць ім адзнакі ад 3 да 5, а другога вельмі прынцыповага, злоснага, які лічыў, што сам не ведае прадмет на 5, а таму ставіў абітурыентам ад 2 да 4. У час прыёму дакументаў абітурыентаў запісвалі ў групы не пасьлядоўна ці выпадкова, а ў два асобныя сьпісы. Потым групу «звычайных» абітурыентаў накіроўвалі на экзамен да злоснага выкладчыка, а ў «блатных» экзамены прыймаў добры. Толькі за кошт гэтай маніпуляцыі дасягалася завышэньне ведаў «блатных» абітурыентаў адносна звычайных у сярэднім на 1 бал за адзін экзамен. Пры гэтым кожны з экзаменатараў пра сябе лічыў, што ён усё робіць сумленна, бо дыферэнцавана ацэньвае веды абітурыентаў унутры кожнай з атрыманых груп (адных – больш высока, другіх – больш нізка). Так бы яно і было, калі б адзін экзаменатар прыймаў экзамены ва ўсіх. Але працуючы разам, у адзінай сістэме, абодва выкладчыкі несьвядома станавіліся аб’ектамі ганебнай карупцыйнай маніпуляцыі якой верхаводам быў рэктар). У такой і падобнай «гульнях» за гады існаваньня СССР былі зламаныя лёсы тысячаў і тысячаў маладых людзей.

Так і Лукашэнка – аб’ект яшчэ больш ганебнай гульні. Ён, магчыма, таксама несьвядома (але нам ад гэтага не лягчэй) выконвае ролю злога выкладчыка – разбуральніка дзяржавы беларускага народу, які толькі што аднавіў сваю самастойнасьць. Паставіўшы Лукашэнку на вышэйшую дзяржаўную пасаду (1994 год), падтрымаўшы яго ў імкненьні зьдзейсьніць этнацыд (рэферэндум 1995 года) і захапіць неабмежаваную ўладу над беларускім грамадствам (рэферэндум 1996 года), расейская імперская бюракратыя зрабіла практычна ўсё неабходнае для таго, каб беларускі народ ня змог набраць «прахаднога бала» ў цывілізаванае жыцьцё… У сябе ж, у РФ, палітынае кіраўніцтва ўвесь час імкнецца знайсьці «добрых выкладчыкаў» – найбольш прафесійных, стваральных сьпецыялістаў-дзяржаўнікаў і, вядома ж, не зьбіраецца замяняць рускую мову на англійскую ці кітайскую...

Прааналізаваўшы ўсё, што адбылося на Беларусі за апошнія 8 гадоў, можна з вялікай верагоднасьцю аднавіць дэталі тэхналогіі, якую выкарыстоўвала расейская імпербюракратыя ў адносінах да Беларусі для дасягненьня сваіх разбуральных мэт, вызначыць тое месца, якое яна адводзіла ў гэтым Лукашэнку.

Спачатку В. Кебічу і ўсёй зьвязанай зь ім мясцовай безнацыянальнай бюракратыі намовілі, што для вышарэньня ўсіх іхных праблем трэба ўвесьці пасаду прэзідэнта Беларусі, і што яе, «без сумневу, зойме тов.Кебіч». Пасьля таго, як працэс усталяваньня дадзенай пасады стаў незваротным, лейтэнанту пагранвойскаў (падпарадкаваных КГБ) тов.Лукашэнку пэўныя людзі сказалі, што яго даўно заўважылі (Памятаеце? Ён і Гарбачову нешта раіў, і праграму Яўлінскага «500 дзён» карэктаваў), і далі зразумець, што яго зробяць першым прэзідэнтам Беларусі, калі ён будзе праводзіць палітыку тых сілаў, якія яго гэтым прэзідэнтам зробяць.

Кожны, хто ведае характар Лукашэнкі (а такіх цяпер шмат), можа ўявіць, зь якой радасьцю Лукашэнка пагадзіўся на гэтую прапанову. Для яго (на той час дырэктара слабенькага саўгасу, а да таго камсамольскага работніка, лектара таварыства «Веды», палітработніка ў пагранвойсках і г.д.) пасада прэзідэнта Беларусі бачылась, як усё, а кошты здрады беларускім нацыянальным інтарэсам – як нішто.

Хутчэй за ўсё гэтая дамова (як і любая «дамова з д’яблам») была аформлена пісьмова, падпісана “крывёю” і недзе акуратна захоўваецца…

І вось хутка з Рыгорычам пачынаюць рабіцца неверагодныя рэчы:

раптам нейкая невядомая сіла робіць яго кіраўніком «антыкарупцыйнай камісіі» у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь;

– затым гэтая ж сіла ўсё ў тым жа першым беларускім парламенце сьпецыяльна для Лукашэнкі зьніжае ўзроставы цэнз для кандыдатаў у прэзідэнты з 40 да 35 гадоў;

– затым нейкая сіла рыхтуе яму «антыкарупцыйны даклад» у поўнай адпаведнасьці з тымі прынцыпамі, якія мы сёньня завем PR-аўскімі (а тады пра гэтыя прынцыпы маглі ведаць толькі паінфармаваныя), і так рыхтуе беларускае грамадства да ўспрыняцьця гэтага даклада, што яно практычна ўсё і з заміраньнем сэрца слухае гэты «разоблачительный» опус;

– шэрагу маладых і амбітных грамадска-палітычных дзеячаў (Булахаў, Ганчар, Захаранка, Кучынскі, Лябедзька, Фядута, іншыя) нехта ўводзіць у вушы, што калі Лукашэнку абяруць прэзідэнтам, на самой справе гэта яны будуць кіраваць Беларусьсю, бо “Лукашэнка дурны” і ўвесь час будзе залежаць ад іх. У выніку вакол Лукашэнкі ствараецца сякая-такая каманда;

– невядомая сіла яшчэ да выбараў двойчы дае Лукашэнцы трыбуну расейскай дзяржаўнай Думы для выступаў (нікому іншаму не дае, а яму – калі ласка);

– тая ж сіла за вельмі кароткі тэрмін стварае для яго грамадскую падтрымку ў выглядзе арганізацыі «Очищение» (якая, дарэчы, пасьля выбараў хутка зьнікае);

– тая ж сіла вучыць яго, як выступаць і што гаварыць перад людзьмі ў час выбарчай кампаніі (больш падрабязна пра PR-аўскія асаблівасьці кампаніі на карысьць Лукашэнкі ў час прэзідэнцкіх «выбараў» 1994-га году будзе далей);

– нейкая сіла так кіруе ўсёй прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй, што галоўная яе праблема – за ўмацаваньне самастойнасьці Беларусі (як асноўнай умовы росту дабрабыту яе грамадзян) ці, наадварот, за захаваньне яе залежнасьць ад расейскай імперыі (й ад яе паразітычнай бюракратыі) – замяняецца штучнай інтрыгай – «за Кебіча ці за Лукашенку».

Можна было б узгадаць й іншыя, больш дробныя моманты (тыпу гуталінавых плям ад міліцэйскага боту на штанах Лукашенкі ці пра дзірку ад кулі ў мерседэсе пад Ліёзна), але і пералічаных фактаў дастаткова, каб кожны прыстойны палітычны аналітык мог зрабіць цьвёрдыя высновы ня толькі аб падтрымцы Лукашэнкі нейкай сілай, але і пра тое, што гэта за сіла…

Далей, пасьля абраньня ПП РБ, адбываюцца ня меньш цікавыя рэчы.

Памятаеце? Лукашэнка, стаўшы прэзідэнтам Беларусі, з першых 100 дзён свайго прэзідэнцтва аж 80 (!) праводзіць у расейскіх санаторыях. Афіцыйна, лечыць радыкуліт. Па-першае, як быццам бы ў Беларусі гэтую хваробу няму каму лячыць… (як урач, сьцьвярджаю: ёсьць!). А па-другое, зьвярніце ўвагу, што ні да таго, ні пасьля (аж да 2002 году, Аўстрыя), у Лукашенкі радыкуліту не было…

Зноў жа, зь вялікай доляй імавернасьці можна сьцьвярджаць: «лячэньне радыкуліту» заключалася ў атрыманьні чарговай порцыі інструкцый усё ад тых жа сіл (маўляў, мы свае абяцаньні выканалі, час выконваць табе твае…) па прынцыповых кадравых і палітычных пытаньнях. Можна не сумнявацца, там (у санаторыях) і пасьля (у шматлікіх паездках у Маскву) былі ўзгодненыя ідэі абодвух рэферэндумаў, планы так званай «интеграции Белоруссии и России», і шмат што іншае. А для таго, каб Лукашенка ўсё дамоўленае рабіў “з аганьком”, яму была намоўлена чарговая звышкаштоўная (для яго, як псіхапата) «ідэя фікс» пра «шапку Манамаха». Маўляў, калі ты будзеш рабіць тое, што мы скажам, ты далей станеш кіраўніком «невиданного в мире государства». Намаўлялася ўсё, што апісана ў казцы пра Ямелю-дурачка. Памятаеце? На пячы ды ў царскія палаты…

Пра тое, што такое намаўленьне сапраўды мела месца, публічна прагаварыўся Б.Ельцын у час свайго прыезду ў Беларусь у чэрвені 2002 году.

Вельмі важным феноменам зьяўляецца запаўненьне Саўміна Беларусі й адміністрацыі Лукашэнкі вялікай колькасьцю выхадцаў з Расеі, некаторыя зь якіх ня мелі нават беларускага грамадзянства (канкрэтна гэта рабіў ніхто іншы, як сам Лукашэнка). Гэтыя людзі пазаймалі важнейшыя (пасьля самога Лукашенкі) дзяржаўныя пасады (Заметалин, Посохов, Сиваков, Латыпов, Ярмошин і шмат іншых).

Такім чынам, уся сукупнасьць фактаў неабвержна сьведчыць: феномен Лукашэнкі ў Беларусі – гэта створ расейскай імперыякратыі. Гэта іх прылада для дасягненьня іх жа брудных, паразітных мэт.

Для таго, каб узмацніць дэструктыўнасьць кіраваньня, Лукашэнцы былі створаныя ўсе ўмовы для «стварэньня» уласнага грандыёзнага капіталу за кошт маёмасьці й працы беларускага грамадства. Памятаеце? У адпаведнасьці з афіцыйнымі дадзенымі, на «рэферэндуме» 1996 года народ нібы «дазволіў» Лукашэнцы мець уласны й нікім не кантралюемы бюджэт. Па шматлікіх выказваньнях адмыслоўцаў памеры гэтага бюджэту, які пасутнасьці зьяўляецца прыватным капіталам Лукашэнкі, параўнальныя з дзяржаўным.

Таму на сёньня ў Лукашэнкі, у адрозьненьні ад 1994 году, ужо ёсьць шэраг прычын баяцца будучыні:

адказнасьць за разбурэньне Беларускай Дзяржавы – галоўнай каштоўнасьці беларускага народу;

зьніклыя (ці забітыя?);

незаконны (накрадзены) капітал.

Можна не сумнявацца, што ў яго ўжо зарадзілася і перыядычна нарастае жаданьне «зьліняць» з Беларусі, каб пазьбегчы адказнасьці за ўсё «содеянное». Адзін са спосабаў – збыць з рук галоўную каштоўнасьць нашага народу – нашу дзяржаву. Нават па самым танным кошце. Толькі б «зьліняць»… Але адначасова ў Лукашэнкі ў глыбіні душы цьвіком сядзіць манія велькасьці, прысутнічае нясьцерпнае жаданьне мець уладу, хаця б на Беларусі. Дзьве названыя тэндэнцыі – «зьліняць» і захаваць уладу – у Лукашэнкі пастаянна змагаюцца…

Некалькі слоў пра аратарскія здольнасьці Лукашэнкі.

Лукашенка, як псіхапат, здольны намовіць сам сабе, а затым і масе, самыя розныя меркаваньні й пачуцьці, якія могуць супярэчыць самі сабе. Тэхналёгія простая: уваходзіш ў вобраз плюс эмацыйна накручваеш сябе і затым выходзіш на трыбуну… Ёсьць людзі, якія завуць такую анамальную рысу харызмай (?!).

Пры гэтым культура, сапраўдныя веды ня маюць практычна ніякага значэньня (Памятаеце? У Лукашэнкі «Васіль Быкаў – знакаміты паэт», «Леў Сапега – няхай пачакае»… у прыёмнай [пазьней дадаліся “Скарынаўскія мясьціны ў Санкт-Пецярбурзе”. – Рэд.]. А яшчэ «дзьве вышэйшыя адукацыі»…). Логіка і сувязь з рэчаіснасьцю таксама значэньня ня маюць. Супярэчнасьці ў поглядах і выступах Лукашэнкі сустракаюцца ня толькі паміж тым, што ён гаварыў учора і гаворыць сёньня, але часта і ў тым, што ён гаварыць у адным і тым жа выступе. Таму Лукашэнка інтуітыўна, як агню, баіцца адкрытай дыскусіі ў тэлестудыі з чалавекам, які мае сістэмны погляд на рэчаіснасьць, адэкватны ёй. Бачна, як ён пазьбягае ўсялякіх дыскусій (нават хаваючыся ад іх) і выступае толькі адзін… вось ужо 9-ы год! [цяпер ужо 14-ы. – Рэд.]

Выступаючы перад масавай аўдыторыяй, уплывае на яе безапеляцыйнасьцю заяў (накідвае на сябе вобраз шукальніка праўды і справядлівасьці, правадыра, народнага мсьціўцы), а таксама з дапамогай прасьцейшага PR-аўскага прыёму – падае свае асабістыя меркаваньні, як інтарэсы народу (накідвае на сябе вобраз слугі народу).

З-за некаторых сваіх выказваньняў Лукашэнка несумніўна ўвойдзе ў гісторыю, толькі не як “создатель невиданнага в мире государства”, а як прэзідэнт-паяц. Дарэчы, шэраг яго “пракольных” выказваньняў, тыпу: «Я на коленях готов ползти в Россию…», «Белорусский народ будет жить плохо, но недолго…», «Я Беларусь за цивилизованным миром не поведу…», «Беларусь для меня пройденный этап…», «Что я должен сказать о Западе: зверинец…» (пасьля таго, як яго адзін раз, недзе ў 1997 годзе, пусьцілі ў Еўропу), “Оппозиция – это отморозки” і г.д. – складаецца ў сістэмны сьверагляд, які адлюстроўвае інтарэсы ўсё той жа расейскай імпэрскай бюракратыі і сьхематычна прадстаўлены далей на малюнку 6.1.

У завяршэньне тэмы адзначу, што ў адпаведнасьці з логікай той ролі, выконваць якую ён пастаўлены (найміт расейскай імпэрскай бюракратыі), Лукашэнка будзе прыбраны з палітычнай сцэны (фізічна ці інфармацыйна), як толькі ён вычэрпае сябе ў выкананьні гэтай ролі. “Забойства” хутчэй за ўсё сьпішуць на так званых “беларускіх нацыяналістаў” (Дарэчы, сёньня, 14 жніўня 2002, В.Пуцін пасьля сустрэчы з Лукашэнкам толькі што абвясьціў аб плане стварэньня «Единого государства» праз аншлюс Беларусі Расейскай імперыяй. Той, хто заяўляе, што Лукашэнка – галоўная праблема Беларусі, можа лічыць яе вырашанай. Паглядзім, што гэта дасьць нам і… Беларусі. У любым выпадку яму накрадзеных грошаў ня бачыць. Праўда, гэта нас мала хвалюе. Нас цікавіць лёс нашай галоўнай каштоўнасьці – нашай дзяржавы, нашай Бацькаўшчыны…)

1.2.2.3. Стратэгія расейскай імпeрбюракратыі ў Беларусі.

Але усё пералічане – у значнай меры PR-аўскія фармальнасьці. Сапраўдная, сістэмная стратэгія аншлюса Беларусі расейскай імперыяй (зьмест якой – падпарадкаваньне беларускага грамадства інтарэсам расейскай імпэрскай бюракратыі) накіравана на дасягненьне наступных этапных мэт:

1. Уцягваньне беларускага грамадства ў псіхічную залежнасьць ад расейскай імперыі праз пазбаўленьне беларускага народу пачуцьця адзінага адказнага гаспадара на ўласнай зямлі, праз вынішчэньне з дапамогай PR-інфармацыйных тэхналогій фактараў фармаваньня нацыянальнай сьвядомасьці й іншых рысаў здаровай масавай псіхікі (суб’ектнасьць, альтруістычнасьць, натуральнасьць, цэласнасьць). Усё гэта завецца ёмкім словам этнацыд.

2. Уцягваньне Беларусі ў поўную эканамічную залежнасьць ад расейскай імперыі.

3. Палітычны аншлюс Беларусі.

Натуральна, апошні этап выкраданьня Беларускай Дзяржавы ў беларускага народу можа быць дасягнуты пасьля амаль поўнай рэалізацыі першых двух.

На дасягненьне першай этнацыднай мэты было і застаецца накіравана:

практычна поўнае паглынаньне беларускай інфармацыйнай прасторы расейскімі СМІ, суправаджаемае разбурэньнем нацыянальных СМІ;

забарона нацыянальнай сімволікі;

скажэньні беларускай гісторыі (уключаючы новыя школьныя падручнікі);

палітыка выцісканьня беларускай мовы са ўсіх сьфераў грамадскага жыцьця (у першую чаргу, са сьферы адукацыі), недапушчэньне беларускай мовы ў ВНУ і замена яе рускай мовай;

выцісканьне з грамадскага жыцьця беларускіх культуры, традыцый, фальклёра;

і шмат што іншае.

На дасягненьне другой мэты (эканамічнае закабаленьне) было і застаеца накіравана:

замарожваньне ўсіх праграм прыватызацыі на тэрыторыі Беларусі, у выніку чаго вялікая колькасьць прадстаўнікоў беларусаў так і не сталі ўласьнікамі;

вынішчэньне беларускага дробнага прадпрыймальніцтва і сярэдняга бізнесу;

разрыў натуральных эканамічных сувязяў (якія ўжо пачыналі было ўсталёўвацца) з разьвітымі заходнімі краінамі й штучная прывязка беларускай эканомікі да расейскай;

разбурэньне беларускіх прамысловасьці і сельскай гаспадаркі (паглядзіце хаця б дадзеныя аб зношанасьці асноўных фондаў прадпрыемстваў у 1994 і ў 2002 гг. ці дадзеныя пра стан калгаснай сістэмы тады і цяпер);

прыхватызацыя ўласнасьці беларускага грамадства прадстаўнікамі расейскага крымінальнага капіталу, якая плануецца і якая ўжо адбылася ці адбываецца;

персьпектыва пераходу на расейскі рубель у якасьці галоўнага плацёжнага сродку на тэрыторыі Беларусі;

іншае.

На дасягненьне трэцяй мэты накіравана:

аб’яднаньне ўзброеных сілаў і мытнай прасторы;

нешта, зьвязанае з «адзіным грамадзянствам»;

укараненьне ў беларускі Саўмін і адміністрацыю прэзідэнта максімальнай колькасьці выхадцаў з Расеі;

зьбліжэньне заканадаўства Беларусі і Расеі;

новая PRаўская інтрыга вакол праблемы «союзного государства», якая пачалася зь вядомага чэрвеньскага выступу Пуціна;

іншае.

Выразна бачна, што расейская імпэрская бюракратыя вырашыла «прыхватызаваць» Беларусь па той жа сьхеме, па якой яна прыхватызоўвала расейскія некалі «дзяржаўныя» прадпрыемствы. Там заводы спачатку адмыслова даводзілі да банкруцтва (праз сьпецыяльнае разбуральнае «кіраваньне»), а затым скупалі за бясцэн. А тут цэлую краіну – нашу Беларусь – даводзяць да банкруцтва (з дапамогай Лукашенкі), каб потым за бясцэн «прыхватызаваць». Розьніца толькі ў маштабах «аперацыі». Разбуральнік-Лукашэнка як найлепей падыходзіць на ролю галоўнага «памочніка» ў ае рэалізацыі!


1.2.2.4. Расейская анэксійная тэхналёгія сёньня.

Сёньня на вачах усяго сьвету разыгрываецца чарговая серыя “мыльнай паліт-PR-оперы” пад назвай “інтэграцыя Беларусі і Расеі”. Калі глядзець на падзеі павярхоўна, у кадры дзьве марыянэткі й адначасова агенты аднаго і таго ж гаспадара – расейскай імпэрскай бюракратыі – Пуцін і Лукашэнка гуляюць сцэнку, дзе нібы-та сварацца. Прадмет спрэчкі – спосабы аншлюса самастойнай дзяржавы, якую беларускі народ выпакутаваў стагодзьдзямі змаганьня.

У гэты час за кадрам нябачныя сцэнарысты і рэжысёры навязваюць нам класічны паліттэхналягічны трук, які завецца “выбар без выбару”. Беларускаму грамадству, якое мае блізкую персьпектыву нарэшце пачаць жыць самастойна і прыстойна, прапануецца зрабіць выбар паміж варыянтамі сьмерці. У нас нават не пытаюцца, як мы хацелі жыць (дарэчы, нават і гэта было б непрыстойным), у нас цынічна пытаюцца: “Вы жадаеце, каб вас расстралялі ці павесілі, а, можа, вы хацелі б утапіцца ці зрабіць сабе хары-кіры?”

У той час, калі мы можам вось-вось пачаць жыць у свабоднай, дэмакратычнай, квітнеючай Беларусі, беларускай апазіцыі навязваецца “выбар”: “Вы хацелі б жыць у Беларусі з Лукашэнкам, ці вам больш даспадобы “дэмакратыя” без Беларусі?”.

А між тым сапраўдны выбар знаходзіцца за межамі прапануемага: мы хочам жыць самастойна, як нейтральная Швейцарыя, ці арыентавацца на ўступленьне ў Еўрапейскі Саюз…

Увесь гэты гнюсны, танны трук раскрывае перад усім сьветам цынічную сутнасьць гэтак званай «расейскай дэмакратыі» (дарэчы, сьвет яшчэ слаба разумее, што дэмакратыя і Расейская імперыя – рэчы несумяшчальныя)…

У гэтых абставінах нам варта памятаць, што вышэйшай каштоўнасьцю беларускага грамадства зьяўляецца самастойная, эфектыўная, беларуская дзяржава, а галоўным яго ворагам – расейская імперыякратыя, і што для абароны незалежнасьці Беларусі ў адпаведнасьці з сумленьнем і міжнародным правам (у тым ліку абавязацельствамі, узятымі на сябе ў 1994 годзе ЗША, Вялікабрытаніяй і Расеяй) мы маем права на выкарыстаньне любых (!) сродкаў.

Для пачатку ж варта заклікаць беларускае грамадства:

на рыхтуемым рэферэндуме не галасаваць ні за водны з пуцінскіх варыянтаў “інтэграцыі”;

запрапанаваць уладам Расейскай Федэрацыі забраць свайго агента Лукашэнку да сябе і зрабіць яго сваім прэзідэнтам;

заклікаць міжнародную супольнасьць убачыць у так званым “будаўніцтве адзінай саюзнай дзяржавы” звычайны аншлюс, падобны на той, патураньне якому ў свой час справакавала нацыстскую Германію на ІІ Сусьветную вайну…


1.2.3. Мясцовая бюракратыя.

А што наша ўласная бюракратыя? Чаму яна так слаба бароніць інтарэсы беларускага грамадства?

Наша мясцовая бюракратыя знаходзіцца сёньня пад узьдзеяньнем шэрагу чыньнікаў, якія аслабляюць яе да такой ступені, што не дазваляюць лічыць самастойным суб’ектам палітычных працэсаў у Беларусі, здольным ня толькі што арганізоўваць змаганьне за свае інтарэсы, а і нават пасьлядоўна, цьвяроза фармуляваць іх. Пасьля 9.09.2001 году гэта можна лічыць аксіёмай. Таму тым больш немагчыма разьлічваць, што цяперашняя мясцовая бюракратыя будзе бараніць інтарэсы ўсяго беларускага грамадства.

Галоўным фактарам ціску на беларускае чынавенства зьяўляюцца сьпецслужбы Расеі. Апошнія разам з аналагічнымі «беларускімі», ужо даўно ўяўляюць адзіную структуру – КГБ-ФСБ, стала і пільна кантралююць настроі мясцовага начальства і перыядычна дэманструюць яму свой кантроль (з мэтай запужваньня). Так, перад апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі кіраўнікам калгасаў і прадпрыемстваў у рэгіёнах Беларусі давялося прайсьці праз зьневажальныя «бяседы» з прадстаўнікамі сьпецслужбаў. Апошнія тлумачылі, якія паводзіны будуць лічыцца «правільнымі», а якія «няправільнымі», і падкрэсьлівалі, што ад правільнасьці паводзін кіраўнікоў залежыць іх далейшы лёс. Калі ж чалавек аказваецца больш-меньш прыстойным, яму рана ці позна даводзіцца пакідаць шэрагі мясцовай бюракратыі (Домаш, Чыгір, Казлоўскі, Марыніч, іншыя).

У асяроддзі беларускага чыноўніцтва штучна падтрымліваецца міф, быццам бы яно самастойна ня зможа кіраваць беларускай дзяржавай, што яму для гэта патрэбна патэрналісцкая апека і падтрымка з боку «большага брата». Туды ж уводзяцца: «мода» на бездухоўнасьць, ацэнка пасьпяховасьці жыцьця толькі па ўласным матэрыяльным дабрабыце; такое ўспрыняцьце кіруемага грамадства, якое прыніжае яго значнасьць; перабольшваньне ролі жорсткага адміністраваньня ў рэалізацыі сваёй кіруючай функцыі; успрыняцьце дзяржаўнай пасады, як «прыватнай лавачкі», прадстаўленай ў асабістае часовае карыстаньне; пачуцьцё кароткачасовасьці заняцьця выгаднай пасады («хоць бы годзік яшчэ пратрымацца», «пасьля мяне, хоць патоп»); іншыя дэграданцкія фонавыя кантэксты.

Адным са спосабаў намоўнага самападману мясцовай бюракратыі зьяўляецца мода ацэньваць уласную матэрыяльную пасьпяховасьць адносна ўзроўню жыцьця сваіх жа грамадзян, а не адносна матэрыяльнага дастатку, у якім жывуць аналагічныя чыноўнікі ў Германіі, Францыі, Швецыі й г.д. Бо калі б нашы начальнікі добра ўсьведамлялі, што звычайны лекар ці інжынер у дэмакратычных краінах часта жыве лепш, чым нават наш старшыня аблвыканкаму, магчыма яны больш актыўна змагаліся за незалежную і дэмакратычную будучыню Беларусі… Ды й хоць бы за незалежнасьць для сябе…

Пакуль жа даводзіцца канстатаваць: наша чыноўніцкая брація на сёньняшні дзень характарызуецца ідэйнай блізарукасьцю, палітычнай пасіўнасьцю, неарганізаванасьцю, несамастойнасьцю, прадажнасьцю, трусасьцю і халуйствам… Зьяўляючыся ахвярай расейскай імперскай бюракратыі, мясцовае чыноўніцтва паступова ўсё больш само набывае сацыяпаразітычныя рысы.

Дваістасьць адносін («сваё, але такое г…») – характэрная рыса нашага стаўленьня да мясцовай бюракратыі сёньня.

1.2.4. Беларуская нацыянальная эліта.

Беларуская нацыянальная эліта – гэта тыя беларусы, у якіх аб’ектыўныя каштоўнасьці беларускага народу займаюць дастаткова вялікае месца ў сістэме асабістых каштоўнасьцяў. Прадстаўнікі нацыянальнай эліты звычайна маюць больш высокія інтэлект (у параўнаньні з сярэднім), больш высокія ўзроўні сьветагляднасьці й грамадскай актыўнасьці, а таксама істотна меньшую намаўляемасьць – ня так лёгка мяняюць свае погляды пад узьдзеяньнем разбуральных прапагандысцкіх псіхатэхналёгій розных сацыяпаразітных груп (прычына гэтага ўсё тая ж – высокае мейсца агульнанацыянальных каштоўнасьцяў у сістэме асабістых каштоўнасьцяў). Прадстаўнікі нацыянальнай эліты ёсьць ва ўсіх сацыяльных групах беларускага грамадства, але найбольш – у асяродзьдзі інтэлігенцыі.

Аб’ектыўныя інтарэсы беларускага грамадства і народу, а таксама яго нацыянальнай эліты супадаюць. Розьніца толькі ў тым, што эліта здольна суб’ектыўна ўсьведамляць і фармуляваць гэтыя аб’ектыўныя інтарэсы, а пазбаўленае сваёй эліты грамадства рабіць гэта ня здольна.

Нацыянальная эліта зьяўляецца галоўным «галаўным болем» расейскай імпэрскай бюракратыі, паколькі на беларускім палітычным полі зьяўляецца яе поўнай ідэялягічнай і палітычнай альтэрнатывай. Таму расейскія імперцы не шкадуюць ні высілкаў, ні часу, ні грошай для правядзеньня дэструктыўных дзеяньняў як у шэрагах усёй апазіцыі рэжыму Лукашэнкі, так і асабліва ў яе нацыянальна сьведамай частцы (тэхналёгія такога ўзьдзеяньня будзе разгледжана пазьней).

Трэба адзначыць, што высілкі расейскай імпербюракратыі (і яе сьпецслужбаў) у значнай ступені не застаюцца дарэмнымі. У выніку тое, што цяпер бачна на паверхні грамадска-палітычнага жыцьця Беларусі й завецца аб’яднанай апазіцыяй, у сваёй большасьці нацыянальнай элітай не зьяўляецца. Сёньняшняя апазіцыя і беларуская нацыянальная эліта – гэта прынцыпова розныя рэчы.

Толькі напрацягу апошняга году гэтак званая «аб’яднаная апазіцыя» ўмудрылася:

уласнаручна праваліць прэзідэнцкія выбары 2001-га году;

паспрабавала навязаць духоўны гімн «Магутны божа» у якасьці нацыянальнага беларускага гімна (што мела толькі правакатыўнае, раскольніцкае значэньне);

праваліць магчымасьці PR-аўскі эфектыўна задаць пытаньні Лукашенку ў прамым эфіры НТВ;

праявіць сябе з самага ганебнага боку ў курапацкай справе 2001-2002 гадоў, якую ўдалося «выцягнуць» толькі дзякуючы высілкам Беларускай Партыі Свабоды і Маладога Фронта;

стварыць перадумовы для таго, каб праваліць магчымасьці выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы 2003 года.

1.2.4.1. Некалькі слоў аб тэхналёгіі правалу прэзідэнцкіх выбараў 2001 году, як адным з якравых прыкладаў, які характарызуе стан сёньняшняй апазіцыі.

Прэзідэнцкая выбарчая кампанія 2001 года зьяўляецца хрэстаматыйным прыкладам таго, як слабасьці апазіцыі могуць быць выкарыстаны для дэзарганізацыі важнейшай грамадскай акцыі. Каротка падзеі разгортваліся наступным чынам.

У канцы лета 2000 году была выпрацавана агульная стратэгія беларускіх апазіцыйных сілаў на будучыя прэзідэнцкія выбары.

Яна складалася з некалькіх крокаў:

КРДС (Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў Беларусі – галоўны каардынуючы орган усёй беларускай апазіцыі) рыхтуе 2-3 прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ад апазіцыі на Дэмакратычны кангрэс;

увосень-узімку 2000 года праводзіцца Дэмкангрэс, дзе з 2-3 кандыдатур абіраецца адзіны кандыдат ад апазіцыйных сіл;

з пачатку 2001 года адзіны кандыдат ад апазіцыі арганізоўвае сваю каманду, штабы па ўсёй краіне, праводзіць навучаньне і г.д. – карацей, сам і разам са сваім штабам арганізуе падрыхтоўку да правядзеньня выбарчай кампаніі й бярэ адказнасьць за яе вынікі. Партыі, грамадскія арганізацыі, дэмакратычныя прафсаюзы яму ў гэтым дапамагаюць.

Як быў правалены гэты план.

Спачатку КРДС сапраўды падрыхтавала 3 кандыдатуры – Домаш, Чыгір, Ганчарык. Праведзенае ў канцы 2000 года рэйтынгавае галасаваньне паказала, што колькасьць галасоў за дадзеных кандыдатаў сярод сябраў КРДС разьмеркавалася наступным чынам: за Домаша – 12, за Ганчарыка 2,5, за Чыгіра – 0,5. Здавалася б, перавага сп. Домаша больш чым відавочная. Прызначайце Дэмкангрэс і ўсё. Але КРДС праводзіць Дэмкангрэс аніяк не жадала. Відавочнай прычынай было нежаданьне разьвітвацца са сваёй уладай над «аб’яднанай апазіцыяй», магчымасьць прадстаўляць яе і зьвязаныя з гэтым выгоды.

У выніку вядучыя сябры КРДС пачалі інтрыгі, зьмест якіх быў накіраваны на замену эфектыўнай, папярэдне ўзгодненай выбарчай стратэгіі новай, маніпулятыўнай (што, як вядома з усіх падручнікаў паліталёгіі, вельмі непажадана).

Было аб’яўлена, што 12 супраць 3 – гэта недастатковая перавага; што галоўнае – гэта захаваць адзінства апазіцыі як «вышэйшай каштоўнасьці»; што Дэмкангрэс – гэта «калена», праз якое такое адзінства нібыта можа паламацца; што захаваць адзінства апазіцыйных сіл і хутка (вось-вось) вылучыць адзінага кандыдата можа КРДС у выніку далейшых кансультацый…

Аднак, як і трэба было чакаць, у выніку замены ўзгодненай стратэгіі новай, зацягваньня перамоўнага працэсу, неправядзеньня Дэмкангрэсу пад «благовидным предлогом» калена (ні ў восень 2000 года, ні ў зіму 2000-01 гадоў, ні ў вясну 2001 года) і ў цэлым невыкананьня сваёй грамадскай функцыі, КРДС абсалютна бяздарна і нават ганебна «праваліў» сваю ролю, зьнішчыў сам сябе і зьнік з палітычнай арэны Беларусі. Патануў…

Было страчана больш за паўгады часу. Трэба было пачынаць усё з нуля і ў значна горшых умовах. Такім чынам, калі шукаць галоўных вінаватых у правале выбараў 2001 года, яны відавочныя – гэта тыя сябры КРДС, якія перашкодзілі рэалізацыі сваёй часткі выбарчай стратэгіі аб’яднаных апазіцыйных сілаў Беларусі. Толькі дзіву даешся, што ўсе гэтыя асобы працягваюць сваё «кіраўнічае» палітычнае жыцьцё і ў 2002 годзе [яны ўсе і ў 2007-м годзе працягваюць плаваць як г* у прорубі; аказваецца, г* – самае непатапляльнае рэчыва… – Рэд.].

Тройка прэтэндэнтаў, пароджаных КРДСам (Домаш, Чыгір, Ганчарык) пачалі самастойнае існаваньне, якое пазьней прывяло да пераўтварэньня «тройкі» ў «пяцёрку» (пад ціскам Ганчарыка і Чыгіра ў «тройку» увайшлі Казлоўскі і Калякін). Але ўнутры «пяцёркі» вызначыць, хто будзе «адзіным», натуральна, было яшчэ складаней. У выніку ўсе сябры «пяцёркі» пачалі зьбіраць подпісы за вылучэньне… кожны за сябе. Праўда, папярэдне было дамоўлена, што той, хто акажацца па выніках збора подпісаў (і па шэрагу іншых вызначаных паказьнікаў) лепшым, той стане адзіным. Гэта дамоўленасьць пасутнасьці стала другой стратэгіяй выбарчай кампаніі апазіцыі.

21 ліпеня 2001 г. на паседжаньні «пяцёркі» выразна лепшым, па выніках збора подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзідэнты, зноў аказаўся Домаш. І тут адбыўся чарговы злом дамоўленай стратэгіі. У «пяцёрцы» пад ціскам 4 яе сяброў (усіх, акрамя Домаша) былі адменены папярэднія дамоўленасьці… Дадаткова была ўведзена ілжывая інфармацыя (маўляў, «усе мы сабралі больш за 100.000 подпісаў»)… І ў выніку «адзіным» быў аб’яўлены Ганчарык. Як высьветлілася літаральна праз пару гадзінаў, трое чалавек з пяцёркі – Чыгір, Казлоўскі, Калякін – неабходных 100.000 подпісаў у Цэнтарвыбаркам падаць ня здолелі, аб’ектыўна сябрамі «пяцёркі» ўжо не былі, хаця ўвесь час, ведаючы пра гэта, заяўлялі адваротнае…

Затым 2-3 тыдні часу пайшло на тое, каб прымусіць Ганчарыка падпісаць дамову з партыямі. У гэты ж час паступала інфармацыя, што Ганчарыка не зарэгіструюць, бо ў яго «чыстых» 100.000 подпісаў таксама няма. У гэтых абставінах Домашу нельга было здымаць сваю кандыдатуру… Але пазьней, калі былі зьнятыя і гэтыя пытаньні, Домаш, нягледзячы на тое, што быў двойчы падмануты і што быў аб’ектыўна лепшым кандыдатам, выканаў свае абяцаньні й зьняў сваю кандыдатуру. Прычым, у найбольш эфектыўным для агульнай справы стылі – публічна, па тэлебачаньні – і папрасіў сваіх прыхільнікаў падтрымаць сп. Ганчарыка. Гродна паказала Менску ўзор сумленнай палітыкі…

Але ў цэлым уся кампанія ўжо была праіграная. Нават сур’ёзнай барацьбы, як усім вядома, не атрымалася…

Фармальная прычына такога выніку ў двух стратэгічных «памылках»:

быў вылучан не мацнейшы кандыдат з магчымых, які б мог стаць сапраўднай альтэрнатывай Лукашенку, а слабейшы, які такой альтэрнатывай не выглядаў;

адзіны кандыдат ад апазіцыі быў вылучаны занадта позна (не за паўгады-год да выбараў, а фактычна за пару тыдняў да іх).

Зьмястоўная прычына правалу кампаніі заключаецца ў тым, што двойчы была зламаная выбарчая стратэгія. Галоўнай прычынай гэтага ў сваю чаргу зьяўляецца тое, што далёка ня лепшыя людзі ў нас зьяўляюцца лідарамі апазіцыі (гэта зразумела, бо не яны зьяўляюцца прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай эліты).

У выніку, у цэлым можна цьвёрда заявіць: правал прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі ў 2001 годзе – цалкам рукатворны акт, зьдзейсьнены кіраўніцтвам аб’яднанай апазіцыі, якую на той час прадстаўляў КРДС.

Адзінымі суб’ектамі выбарчай кампаніі, якія прадэманстравалі людскі, годны твар, былі сп. Домаш і прадстаўнікі яго штаба…

Гэты й іншыя прыклады паказваюць, што зараз нарастаньне моцы нацыянальнай эліты істотна замаруджана.

Але можна сьмела сьцьцярджаць, што ніякімі сродкамі гэты рост поўнасьцю спыніць немагчыма. І раней ці пазьней аб’яднаная і арганізаваная беларуская нацынальная эліта ўзначаліць апазіцыю і прадэманструе сябе нашаму грамадству як сапраўдная альтэрнатыва сучаснаму прамаскоўскаму антыдэмакратычнаму рэжыму Лукашенкі.

1.3. У Беларусі вайна…

1.3.1. Канфлікт малой інтэнсіўнасьці альбо інфармацыйна-псіхалагічная вайна.

Пасутнасьці, на Беларусі апошнія 16 гадоў з пераменным посьпехам ідзе вайна. Праўда, гэтая вайна не суправаджаецца адкрытымі баявымі дзеяньнямі. У адпаведнасьці з тэорыяй канфліктаў такая вайна завецца канфліктам малой інтэнсіўнасьці.

Галоўная асаблівасьць узгаданага канфлікта ў параўнаньні з адкрытай узброенай барацьбой ня толькі ў тым, што людзей гіне, зьнікае, калечыцца, трапляе ў палон і турмы не так шмат. Галоўнае адрозьненьне ў тым, што ў канфліктах малой інтэнсіўнасьці найбольш важным полем бітвы, дзе адбываюцца «баявыя дзеяньні», зьяўляецца інфармацыйная прастора (а не тэрыторыя). Калі казаць яшчэ прасьцей і дакладней – гэта галовы людзей.

Натуральна, што асноўная зброя ў канфліктах малай інтэнсіўнасьці таксама не гарматы, бомбы, танкі, кулямёты, а інфармацыйна-псіхалагічныя падзеі…

Інфармацыйна-псіхалагічная вайна – ёсьць зьместам канфлікта малой інтэнсіўнасьці.

Вынік такой вайны залежыць не ад колькасьці выведзеных са строю «салдат суперніка», не ад таго, хто чыю тэрыторыю зойме, а ад таго, на чыю карысьць будзе сьхіляцца «меркаваньне» грамадскай масы (у нашым выпадку – на карысьць нацыянальнай эліты ці расейскай імперскай паразітычнай бюракратыі).


1.3.2. Наша грамадства знаходзіцца пад ўплывам маніпуляцый.

Хачу зьвярнуць увагу, што тэхналагічнымі механізмамі й вынікам інфармацыйна-псіхалагічнай вайны зьяўляецца ня столькі тое, што грамадства аказваецца татальна падманутым, колькі тое, што яно зьяўляецца татальна праманіпуляваным.

На першы погляд гэтае адрозьненьне здаецца неістотным. Бо, калі людзі падмануты ці праманіпуляваны, у абодвух выпадках яны прымаюць рашэньні, якія шкодзяць іх аб’ектыўным інтарэсам. Здаецца, «хоць у лоб, хоць па лбу…»

На самай справе, усё на шмат сур’ёзьней.

Справа ў тым, што пасьля раскрыцьця падману людзі ўсьведамляюць, хто іх падмануў, і тады ўсю злосьць скіроўваюць на махляра. Іншая сітуацыя, калі чалавек ці маса прымалі рашэньні ў праманіпуляваным стане. Пасьля таго, як высьветліцца, што яны прынялі шкодныя для сябе рашэньні, людзі лічаць, што яны «самастойна прымалі гэтыя рашэньні» й што яны «самі адказныя за іх наступствы», «самі ва ўсім вінаватыя». У гэтым выпадку людзі ўсю сваю горыч і злосьць накіроўваць на сябе ж.

Абсалютная большасьць людзей проста ня здольная заўважаць ніякіх маніпуляцый, якія зь імі могуць рабіць. У гэтым сэнсе большасьць людзей зьяўляюцца безабароннымі, нібы дзеці. Калі ім гаворыш: вас падманулі, вамі маніпуляюць, – яны рашуча адмаўляюць гэта, гаворачы: нас ніхто не падмануў, ніхто намі не маніпулюе, усе рашэньні мы прымалі (прымаем) самі…

Акрамя таго, у большасьці людзей не хапае таксама волі, каб прызнаць шкоднасьць для сябе саміх «прынятых імі ж рашэньняў». У гэтых абставінах людзі інстынктыўна пачынаюць шукаць вінаватага (па навуковай тэрміналёгіі – «імкнуцца скінуць сваю цень» на іншага). Улады зноў карыстаюцца такой сітуацыяй для таго, каб накіраваць людскую агрэсію на сваіх апанентаў, а самім выйсьці з-пад удару…

Група добрых прафесіяналаў, якая валодае сёньняшнім узроўнем ведаў пра псіхіку грамадскай масы і мае манапольны доступ да СМІ, за адносна невялікія грошы можа ўсё вышэй пералічанае рабіць элементарна… Вось чаму маніпуляваньне масавай сьвядомасьцю на шмат больш небясьпечнае, чым звычайны падман.

Разбуральныя тэхналёгіі ўздзеяньня на псіхіку беларускага грамадства будуць падвергнуты адмысловаму аналізу далей.



1.4. Кароткія выніковыя канстатацыі

Абагульняючы кароткі аналіз сучаснага стану нашага грамадства, варта зрабіць шэраг прынцыповых палітычных высноў, датычных стратэгічнай для ўмоў Беларусі сістэмы: беларускае грамадства – нацыянальная эліта – расейская імпэрская бюракратыя.

1. Сёньня беларускае грамадства знаходзіца ў такім стане, які аніяк не адпавядае сучасным цывілізаваным дэмакратычным нормам. Галоўнай варожай сілай, якая перашкаджае нашаму грамадству свабодна жыць і прагрэсіўна разьвівацца, па-ранейшаму застаецца расейская імперская бюракратыя.

2. Сёньня ў Беларусі ўлада ня ёсьць абранай народам. Знаходжаньне і падтрыманьне ва ўладзе на працягу апошніх 8 гадоў пэўнай групы асоб зьяўляецца наступствам выкарыстаньня сучасных маніпулятыўных псіхатэхналёгій, а не вынікам самастойнага палітычнага выбару, зробленага беларускім грамадствам. Гэтыя асобы пастаўлены і падтрымліваюцца ў Беларусі расейскай імпербюракратыяй з адной стратэгічнай мэтай – максімальнага замаруджваньня разьвіцьця, а, калі ўдасца, і разбурэньня беларускага грамадства і дзяржавы. Пануючы ў Беларусі рэжым ня толькі інструментальна ставіцца да беларускага грамадства ў імя эгаістычных сваіх і чужых інтарэсаў. Ён адабраў у беларускага грамадства механізмы для зьдзяйсьненьня ім сваіх аб’ектыўных мэт, свайго жыцьцёвага і гістарычнага прызначэньня. Усё гэта разам азначае, што супраць беларускага грамадства апошнія гады (як і на працягу шэрагу папярэдніх стагодзьдзяў) працягвае зьдзяйсьняцца злачынства!

3. Дакараць «наш народ» за тое, што ён знаходзіцца ў вышэй апісаным стане ці што ён паддаецца маніпулятыўна-прапагандысцкім уплывам з боку прарасейскага рэжыму, няправільна. Віна не ў народе. Ён біялягічна ня меньш паўнавартасны за іншыя народы. Калі хто і вінаваты ў сёньняшнім стане беларускага гарамадства (натуральна, акрамя прадстаўнікоў рэжыма Лукашенкі й расейскай імперыякратыі, віна якіх відавочная), дык гэта тыя, хто ўзяў на сябе адказнасьць «лідараў апазіцыі». Яны да гэтай пары не змаглі ні разабрацца ў сітуацыі, ні наладзіць эфектыўных супрацьдзеяньняў. Большасьць з таго, што цяпер робіцца апазіцыяй пад лёзунгам «барацьбы з рэжымам», ёсьць, як мінімум, імітацыя змаганьня і бессэнсоўшчына. Калі ні нешта горшае

1.5. Нашы праблемы вырашаць нам…

Што б там ні было, а персьпектыва вырашэньня нашых праблем, як ужо адзначалася, залежыць у першую чаргу ад нас саміх. Таму давайце разьлічваць у першую чаргу на сябе, на свае магчымасьці, рэсурсы, высілкі, веды, уменьні, кемлівасьць…

Нашыя магчымасьці рэзка ўзрастаюць у час выбараў. І яны надыходзяць…

Паколькі, як ужо агаворана ў прадмове, першы і апошні крок у нашым шляху да перамогі шчыльна зьвязаны зь ВЕДАМІ, давайце іх набываць.

Давайце пачнем з нашай ідэялёгіі, узброенасьць якой дае перакананьне, якое мае прынцыповае значэнне для кожнага сапраўднага грамадска-палітычнага дзеяча, што ў сваёй дзейнасьці (у нашым выпадку, у змаганьні за Беларусь, за аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу) мы стаім на цьвёрдым падмурку Справядлівасьці, Праўды, Дабра…

2 каментарыя

  1. frants кажа:

    Шаноўны спадар Алесь!

    Усе аб чым ТЫ пішаш вельмі-вельмі правільна, толькі ВЕДЫ патрэбны ЭЛТЦЕ, каб яна магла выпрацаваць
    правільны шлях вырашэння праблем, распрацаваць план дзеянняў, самае галоўнае,арганізаваць адпаведную
    інфармацыйную работу для скіравання падзей у патрэбным напрамку.
    Нашу сітуацыю ў скажоным выглядзе атрымлівае Захад ад нашых псеўдадэмакратаў. Каб паправіць сітуацыю
    з дэзінфармацыяй асноўныя матэрыялы павінны быць на сайце на ангкльскай мове, тады хоць частка яе будзе
    дасягацт патрэбнага спажыўца яею

    Уснх даброт Табе.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы