nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Рэпрэсіі ў Беларусі. Ці толькі гісторыя?

29 кастрычніка, 2007 | Няма каментараў

���ж пак��а�.JPG

Сёньня 29 кастрычніка. А таму мы часова перапыняем выстаўленьне кнігі Алеся Астроўскага “Адэкватная сьхема нашай рэчаіснасьці”, каб адзначыць 70-ю гадавіну піка рэпрэсій у Беларусі і на ўсёй тэрыторыі былога СССРа, якія былі арганізаваныя ўсё яшчэ з невядома якімі мэтамі (гэта думка аўтара пададзенага ніжэй матэрыялу). 1937 г. лічыцца найбольш крывавым за ўсю гісторыю савецкіх рэпрэсій. Чаму камуністычная ўлада ўзяла на ўзбраеньне масавыя расстрэлы і высылкі? Якім быў агульны маштаб рэпрэсій? У якім ракурсе гісторыя сямідзесяцігадовай даўніны ўспрымаецца ў сённяшняй Беларусі? На гэтыя й іншыя пытаньні Алеся Кудрыцкага – прадстаўніка “Офісу за дэмакратычную Беларусь”, адказвае Ігар Кузняцоў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, каардынатар беларускага аддзяленьня Міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мэмарыял”, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. На фота ўверсе – Крыж пакутаў у Курапатах, адрэстаўраваны сябрамі й прыхільнікмі КХП БНФ.

Словы “сталінскія рэпрэсіі” ўжо даўно зрабіліся трывалым словазлучэньнем. Але ці слушна абмяжоўваць рэпрэсіі рамкамі перыяду кіраваньня Іосіфа Сталіна?

Актыўныя рэпрэсіі [у сучасным успрыняцьці трэба пісаць – самы сапраўдны крывавы масавы тэрор. – Рэд] пачаліся нашмат раней, а менавіта – адразу пасьля кастрычніцкага перавароту. У сьнежні 1917 г. была створана спецслужба ВЧК на чале з Дзяржынскім, якая ўпершыню выпрабавала на практыцы пазасудовыя расправы. Зь яе дапамогай без усялякай бачнасьці судоў ці трыбуналаў зьнішчаліся палітычныя ворагі.

Каго ў той час залічалі да ворагаў?

Найперш усіх тых, хто належаў паводле свайго класавага становішча да так званых “былых” – былых паноў, капіталістаў, чыноўнікаў, афіцэраў, сьвятароў і г.д. Усе яны аднасіліся да варожых класаў не таму, што варожа ставіліся да савецкай улады, а таму што яны па сваёй прыродзе павінны былі варожа да яе ставіцца. Была дадзеная ўстаноўка знішчыць іх яшчэ да таго, як яны могуць пачаць супраціўляцца новаму палітычнаму ладу.

Ці можна казаць пра нейкую перыядызацыю савецкіх рэпрэсій?

У гісторыі разглядаецца перыяд актыўных рэпрэсій 1917 – 1953 г., то бок ад Кастрычніцкага перавароту да сьмерці Сталіна. Пасьля гэтага рэпрэсіі пераходзяць у больш плаўны варыянт – гэта ўжо так званая эпоха Хрушчова-Брэжнева. Рэпрэсіі сьціхаюць у перабудовачны перыяд і фактычна заканчваюцца з распадам СССР у 1991 г. Праўда, у Беларусі, у адрозненьне ад іншых краін, рэпрэсіі працягваюцца і сёньня, нават больш за тое – ідуць па нарастаючай.

Ці можна ацаніць колькасьць ахвяраў рэпрэсій у СССР?

Яшчэ ў савецкі час, у 1991 г., зьявілася афіцыйная інфармацыя, што было рэпрэсавана каля 3 млн. чалавек за ўсе гады савецкай улады, зь іх прыкладна каля 600 тыс. чалавек расстраляна. Аднак гэтая лічба была заніжаная ў шмат разоў. Насамрэч было зьнішчана ня менш за 20 млн. чалавек, а паводле шэрагу іншых крыніцаў – да 60 млн. (такой думкі, напрыклад, прытрымліваецца Салжаніцын). Дыяпазон колькасьці ахвяр вельмі вялікі, але ў любым выпадку лік ідзе на ДЗЕСЯТКІ МІЛЬЁНАЎ.

Колькі чалавек было рэпрэсавана ў Беларусі?

Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі было рэпрэсавана да 600 тыс. чалавек. Паводле незалежных даследаваньняў, ахвярамі рэпрэсій у нашай краіне зрабіліся НЯ МЕНШ за 1,5 млн. чалавек. І гэта, заўважце, не ўлічваючы такіх рэпрэсій, як напрыклад, звальненьне з працы ці адмова ў прыёме на працу па палітычных матывах, цкаваньне дзяцей і жонак “ворагаў народу”, якія не маглі ні працаўладкавацца, ні атрымаць хаця б нейкую грашовую дапамогу, і мусілі весьці вартае жалю існаваньне. Нават калі мы пакідаем у баку псіхалагічныя рэпрэсіі і ўлічваем толькі юрыдычны бок справы [а гэтага якраз катэгарычна нельга рабіць; псіхічныя рэпрэсіі часта ня менш пакутлівыя, чым фізічныя. – Рэд.], і тое лік ідзе на мільёны жыцьцяў.

У чым быў сэнс рэпрэсій, якую мэту ставіла перад сабой кіраўніцтва СССР?

Нашто ўсё гэта было? На гэтае пытаньне дагэтуль ніхто не адказаў і, напэўна, не адкажа. У СССР чалавек яшчэ нічога крамольнага не думаў, а яго ўжо лічылі ворагам [хто лічыў? як яго імя? Эх, а яшчэ «Мемарыял»…. – Рэд.]. Цяжка нават уявіць сабе, наколькі масавы характар прыняў гэты працэс. Даследуючы справы таго перыяду, заўважаеш – калі ў сярэдзіне 1930-х гадоў сярод рэпрэсаваных была найперш інтэлігенцыя, то ў 1937-м “выкошвалі” ўсіх запар – і калгаснікаў, і беспрацоўных, і хатніх гаспадынь. І – самае неверагоднае – 2/3 зь іх былі абсалютна адданыя савецкай уладзе. Знічтажалі тых, у каго нават у думках не было, што можна нешта супраць улады зрабіць. Напэўна, была пастаўлена задача насадзіць пачуццё страху ў краіне [усё гэта разам якраз і завецца ТЭРОРАМ. – Рэд.]. Кожны павінен быў баяцца. І баяцца павінны былі, як ні дзіўна, тыя людзі, якія былі шчыра адданыя савецкай уладзе. І яны, у асноўным, пацярпелі ад яе. Абсурдная сітуацыя – пакутавалі людзі, якія гэтую ўладу падтрымлівалі, і ўсё роўна працягвалі ў яе верыць.

Існуе меркаваньне, што Сталін быў недатычны да рэпрэсіяў. Маўляў, ён ні пра што не ведаў, а расстрэламі кіравала яго атачэньне. Ці праўда гэта?

Ёсць такая версія, якая зводзіцца да таго, што нібыта Сталін ні пры чым, што ён даверыўся органам бяспекі, яны выйшлі з-пад кантролю і пачалі ўсіх запар расстрэльваць. Гэтае меркаваньне цалкам абвяргаецца і архіўнымі, і навуковымі даследаваньнямі. Рэпрэсіўны працэс быў дакладна рэгуляваны, усе разнарадкі даваліся Цэнтральным камітэтам кампартыі, які складаўся са Сталіна і з палітбюро. Увесь працэс быў пад кантролем. Быў такі знакаміты загад 00447, падпісаны Наркамам НКУС Яжовым, які ўпершыню ўводзіў тэрмін “генацыдныя разнарадкі[а гэта вельмі цікава: расейская імперыякратыя камуна-бальшавіцкай афарбоўкі генацыд ставіла ў якасьці адкрытай мэты. – Рэд.]. Паводле яго загадзя вызначалася, колькі людзей трэба арыштаваць у кожнай канкрэтнай вобласьці кожнай рэспублікі, колькі зь іх расстраляць і колькі пасадзіць на 10 і больш год. Мала таго, яшчэ вызначаўся і сацыяльны склад будучых ахвяр. У разнарадках вызначалася, колькі трэба было арыштаваць сьвятароў, колькі інжынераў, колькі інтэлігентаў, рабочых, сялян, і г.д. Даходзіла да абсурду: у некаторых абласцях ужо не было каго арыштоўваць, а разнарадкі ішлі й ішлі. Калі не хапала, напрыклад, сьвятароў для расстрэлу, то іх бралі з іншых раёнаў. Галоўнае было не проста выканаць, а перавыканаць загад [у «камуністычныя» часы гэта звалася «сацыялістычным спаборніцтвам». – Рэд.]. А за недавыкананьне можна было самому апынуцца ў гэтай самай яміне, быць расстраляным.

Чаму пік рэпрэсій выпаў менавіта на 1937-38 гг.?

Падчас выступленьня на сакавіцкім пленуме 1937 г. Сталін абвесціў тэзіс пра тое, што па меры поспехаў сацыялізму супраціў ворагаў будзе ўзмацняцца. Вынікам гэтага і стаўся “загад 00447” – словы “правадыра” пачалі праводзіць у жыцьцё. Пачалася масавая зачыстка літаральна па ўсіх кірунках, якая прывяла да найцяжэйшых наступстваў. У 1937 г. было знішчана ад 7 да 15% насельніцтва СССР [хто не зьвярнуў увагу, раім прачытаць яшчэ раз… – Рэд.].

Ці здаралася так, што ахвярамі рэпрэсій рабіліся тыя, хто іх здзяйсьняў?

Што да людзей, якія ўваходзілі ў склад так званых “троек”, “двоек”, надзвычайных нарадаў, расстрэльных каманд, – гэта вельмі складанае пытаньне. Іх называюць кáтамі, але я дадам – яны ж таксама былі і ахвярамі рэжыму. Іх прымушалі гэта рабіць. Адныя гэта рабілі з пачуцьця веры ў савецкую ўладу [вось яны – наступствы няправеднай веры. – Рэд.], лічылі, што расстрэльваюць сапраўдных ворагаў, іншыя рабілі гэта таму, што самі хацелі выжыць, думалі, што так яны ўратуюць і сябе, і сваіх родных. Але – у 1938 г. узяліся ўжо за тых, хто непасрэдна здзяйсьняў гэтыя злачынствы. Тыя, хто найбольш апантана праводзілі гэтую палітыку ў жыцьцё, самі апынуліся пад сьледствам і самі патрапілі ў тыя расстрэльныя ямы. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі больш за 20.000 чэкістаў былі зьнішчаныя гэтым самым рэжымам. Рэжым прыбіраў сьведак, каб потым ніхто не даведаўся, што менавіта адбывалася ў 1937 г.

У чым былі адметнасьці рэпрэсій ў Беларусі?

У Беларусі маштабнасьць рэпрэсій была бóльшай [!!! – Рэд.], найперш таму, што рэспубліка была памежнай – лічылася, што тут найбольш небясьпечная сітуацыя. Гэтак, колькасьць сялян, выселеных з Беларусі ў перыяд масавай калектывізацыі ў 1929-33 гг., перавышае cярэдні паказьнік высяленьняў, якія праводзіліся ў цэнтральных раёнах Расеі, ва Украіне. Шырока практыкавалася высяленьне з памежнай паласы. Высылалі ў аддаленыя месцы – Сібір, Казахстан. Туды адсялялі жыхароў заходніх раёнаў Беларусі, якія мала былі адаптаваныя да жыцьця ў такіх кліматычных умовах. Гэта таксама была форма генацыду, зьнішчэньня людзей без усялякіх абвінавачаньняў і прысудаў. Асаблівасьцю было яшчэ і тое, што ў пачатку 1930 г. у Беларусі была практычна зьнішчана нацыянальная інтэлігенцыя. Спачатку былі створаныя “ліпавыя” арганізацыі – «Саюз вызваленьня Беларусі», «Беларускі нацыянальны цэнтр», пад справы якіх падводзіліся канкрэтныя людзі. Але тады прысуды яшчэ былі мяккія, асуджаных больш высылалі, расстрэльвалі мала. Але калі тэрмін іх зьняволеньня ці высылкі падыходзіў да сканчэньня, то практычна ўсіх заспеў 1937 год, і іх ужо там, у высылцы, зьнішчылі. У Беларусі было расстраляна 90% пісьменнікаў [!!! – Рэд.]. У Расеі гэты паказьнік складае ня больш за 20%. Фактычна, была зьніштожаная ўся нацыянальная інтэлігенцыя [раім прачытаць яшчэ раз, затым яшчэ і яшчэ… – Рэд.]. Акурат сёлета будзе адзначацца трагічнае сямідзесяцігоддзе – 29 кастрычніка 1937 г. ва ўнутранай турме НКУС у Мінску (так званай “Амерыканцы”) расстралялі больш за 100 выбітных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

Як бачна, расстрэлы былі пашыраным, але далёка не адзіным відам рэпрэсій. Якія яшчэ метады выкарыстоўвала савецкая ўлада для барацьбы з “ворагамі народу”?

Самыя мяккія рэпрэсіі, вядома ж, былі так званыя “філасофскія параходы” ў часы Леніна, калі высылалі на Захад, іх не расстралялі, і тым самым падсілкавалі філасофскую і навуковую думку ў многіх краінах Еўропы і Амерыкі, яны нам за гэта да гэтага часу ўдзячныя. Такі падыход быў, аднак, не правілам, а выключэньнем. Самыя масавыя рэпрэсіі зьдзяйсьняліся з дапамогай так званых пазасудовых органаў. На іх сумленьні – жыцьці і скалечаныя лёсы прыблізна 2/3 ўсіх рэпрэсаваных. Найбольш пашыранымі зь іх былі “тройкі”, якія засядалі ў кожнай вобласьці. “Тройкі” складаліся зь першага сакратара партыйнага камітэта, пракурора і начальніка абласнога камітэта НКУС. Гэтыя тры чалавекі завочна вырашалі лёс любога – без усялякіх выклікаў і разгляду справы – правялі пасяджэньне і пастанавілі – расстраляць. Другі від рэпрэсій – высылка ў адміністратыўным парадку. Гэта было найбольш характэрна для 1929-32 гг., калі ў аддаленыя раёны СССР высяляліся цэлыя населеныя пункты [!!! – Рэд.]. Гэта перыяд масавай калектывізацыі. Акрамя гэтага – высяленьне з памежных раёнаў. Яшчэ – зьнішчэньне хутарскіх гаспадарак, якіх, дарэчы, шмат было і ў Беларусі. Яны фактычна зьнішчаліся, маёмасьць канфіскавалася, а сем’і высылаліся. Судовыя працэсы праходзілі рэдка і насілі фармальны характар. Шырока практыкаваліся расстрэлы па сьпісах. У нас ёсць дадзеныя, што многіх арыштоўвалі, расстрэльвалі і нават увогуле не фіксавалі гэты факт [!!! – Рэд.]. У выніку чалавек зьнікаў бяссьледна, і нават цяпер, праз 70 год, яго родныя ня ведаюць, дзе і калі ён быў расстраляны і пахаваны.

Наколькі грунтоўна савецкія рэпрэсіі адлюстроўваюцца ў архівах, і наколькі лёгка атрымаць да іх доступ?

Па-першае, звычайна [!!! – Рэд.] ўсе гэтыя акцыі праводзіліся патаемна, і таму вельмі многія дакументы ўвогуле не афармлялі. Па-другое, многія з тых дакументаў, якія былі аформленыя, напрыклад, акты прывядзеньня прысудаў да выкананьня, ці карты з нанесенымі на іх месцамі расстрэлаў, былі зьнішчаны ў наступныя гады пасьля сьмерці Сталіна ў сувязі з тым, што ва ўладзе заставаліся людзі, зьвязаныя з рэпрэсіямі, якія хацелі замесьці сьляды [!!! – Рэд.]. Па-трэцяе, у Беларусі дагэтуль цалкам зачынены для дасьледаваньняў архіў КДБ, ёсць шмат перашкодаў для доступу ў архіў МУС, і многія матэрыялы нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь знаходзяцца на асаблівым рэжыме захоўваньня, які не дазваляе зь імі азнаёміцца. Максімум, што можна зрабіць – гэта даслаць запыт у КДБ пра канкрэтнага чалавека, а адтуль дашлюць адказ – ёсць у іх зьвесткі пра яго, ці не, не больш за тое. Такая вось гульня. Я ня маю магчымасьці прыйсьці туды, каб знайсьці патрэбную мне справу. І нават калі людзі, чые родныя былі расстраляны ў 1937 г., атрымліваюць дазвол азнаёміцца са справай, то на асобныя яе старонкі апранаюць капэрты, каб іх немагчыма было прачытаць. І гэта ўлічваючы той факт, што практычна ўсе тыя справы, якія ёсць у КДБ – цалкам сфальсіфікаваныя. Паказаньні выбіваліся праз катаваньні, псіхалагічны ціск. У многіх выпадках пратаколы нават не падпісаныя, хоць сьледчы пазначае, што «арыштаваны згодны з абвінавачаньнямі». Мы ня ведаем у Беларусі большасьці месцаў, дзе пахаваны расстраляныя [!!! – Рэд.]. Мы ня ведаем, хто прыводзіў прысуды ў дзеяньне. Уся інфармацыя цалкам зачыненая [!!! зьвярніце ўвагу, прайшто 70 гадоў! – Рэд.].

У якім кантэксце падаюцца рэпрэсіі ў сёньняшняй Беларусі?

Спачатку пра тое, як улада ставіцца да гэтай праблемы. Я б адказаў – ніяк. Робяць выгляд, што гэтай праблемы няма. Сёлета, у год сямідзесяцігоддзя масавых расстрэлаў, Аргкамітэт па ўшанаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсій зьвярнуўся ў Савет міністраў, да прэзідэнта, каб абвясціць гэты год годам памяці, а 29 кастрычніка – Днём памяці ахвяраў рэпрэсій. Адказу ніякага. Улада маўклівай адмовай сьведчыць, што ня мае жаданьня мець нейкага дачыненьня да гэтай праблемы.

Цяпер крыху пра навуковую сьферу. Калі пачаўся перыяд перабудовы, распаду СССР, у Інстытуце гісторыі АН Беларусі была створана адмысловая працоўная група па даследаваньні рэпрэсій. Як толькі адбыліся прэзідэнцкія выбары ў 1994 г., яна была расфарміраваная [!!! Што гэта значыць? Рыхтуюцца зноў паўтарыць?! – Рэд.]. З 1995 г. аніводная навуковая ўстанова ў Беларусі, ні адзін навуковец афіцыйна не займаецца даследаваньнямі рэпрэсій. Яшчэ адзін паказьнік – за гэты час у Беларусі не абаронена аніводнай кандыдацкай ці доктарскай дысертацыі па праблеме рэпрэсій. Не таму што даследчыкі не жадаюць займацца гэтай тэмай, а таму што створаныя ўмовы, каб гэта было немагчыма зрабіць. Навукоўцы падзеленыя на два кірункі. Прадстаўнікі афіцыйнага кірунку сьцьвярджаюць, што рэпрэсіі мелі цалкам заканамерны характар, што аніводная дзяржава не можа існаваць без рэпрэсій [!!! мы гэта запомнім для іх саміх. – Рэд.], прыводзяць у якасьці аналага Вялікую французскую рэвалюцыю. Іншыя гісторыкі, якія аперуюць аб’ектыўнай інфармацыяй, даюць іншую карціну, паказваюць, што па крывавасьці савецкі рэжым ад нацысцкага мала чым адрозьніваецца. Хіба што колькасьць зьнішчаных іншая. Але калі ўлічыць, што нацысты зьнішчалі ў асноўным насельніцтва іншых краінаў, і гэта было ва ўмовах вайны, то пры савецкай уладзе людзі зьнішчаліся ў мірных умовах, прытым тыя, хто быў адданы гэтай уладзе. Такой абсурднай сітуацыі ні ў якай краіне ў дваццатым стагоддзі не было. Рэпрэсіі, нацысцкія і сталінскія, маюць вельмі шмат агульнага – па формах зьдзяйснення, па мэтах, якія яны ставілі. Я нават скажу, што формы і метады, якія прымяняла НКУС, больш жорсткія за тыя, якія прымяняла Гестапа і СД [!!! – Рэд.] на акупаваных тэрыторыях усходнееўрапейскіх краін і Савецкага Саюзу ў прыватнасьці.

Як паўплывалі рэпрэсіі на народ, які след яны пакінулі ў псіхіцы людзей?

Пачынаючы з 1996-97 гг. афіцыйны беларускі друк пра факты рэпрэсіяў фактычна нічога не пісаў. Калі што і з’яўлялася, дык толькі ў станоўчым кантэксьце [!!! – Рэд.]. Фактычна, за гэтыя дзесяць гадоў вырасла цэлае пакаленьне людзей, якія ня ведаюць праўды пра рэпрэсіі. Старэйшае пакаленьне ня ведала праўды яшчэ тады, і не ўспрыняло яе ў перыяд перабудовы, лічыла, што гэта брахня, прыдумкі дэмакратаў. Маладое пакаленьне цяпер проста ня ведае гэтую праблему. У падручніках для школаў і ВНУ пра рэпрэсіі напісана толькі паўтары старонкі – у савецкім кантэксьце: рэвалюцыя перамагла, ворагі заміналі савецкай уладзе, савецкая ўлада іх зьнішчала, і мела на тое права. Нярэдка выказваецца нават думка, што калі б усіх ворагаў зьнішчылі ў трыццатыя, то не было б у нас цяпер гэтай апазіцыі, і мы жылі б яшчэ больш шчасьліва [!!! – Рэд.]. Ні асэнсаваньня ўрокаў гісторыі, ні ўшанаваньня загінулых, ні раскрыцьця імёнаў катаў, ні пакаяньня [!!! – Рэд.] – нічога гэтага не адбылося і ў бліжэйшы час не адбудзецца. Народ, які ня ведае трагічных старонак сваёй гісторыі, ня здольны пабудаваць нармальную цывілізаваную дзяржаву. Мне, як гісторыку, чалавеку, які дзесяцігоддзямі займаецца гэтай праблемай, гідка чуць з вуснаў журналістаў, у тым ліку недзяржаўных [!!! – Рэд.], што мода на гэтую праблему прайшла. Гэта не гарнітур, які можа быць модным ці нямодным. Гэта трагедыя народу, памяць пра якую павінна перадавацца з пакаленьня ў пакаленьне. Тэма рэпрэсій застаецца актуальнай яшчэ і таму, што пачуцьцё страха не сышло, яно жыве ў нашых генах. Страх цісьне на наш народ. Нашы людзі дагэтуль пакутуюць на сіндром 37-га году. Мы ня можам сказаць, што рэпрэсіі ў Беларусі – гісторыя. У нас гэта і гісторыя, і сучаснасьць. Але я спадзяюся, што гэты перыяд неўзабаве пачне падыходзіць да заканчэньня.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы