nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Леанід Маракоў: “Зразумела, чаму гэтая ўлада рэабілітуе наркамаў НКВД”

Кастрычнік 29, 2007 | Няма каментараў

�а�ако�.JPG

26 кастрычніка ў Менску адбылася прэзентацыя чарговай кнігі Леаніда Маракова “Ахвяры і карнікі”. У ёй разам з тысячамі імёнаў бязьвінна закатаваных у гады сталінскага тэрору прыведзеныя і дзясяткі прозьвішчаў тых супрацоўнікаў НКВД, якія ўдзельнічалі ў допытах і катаваньнях арыштаваных. Пасьля прэзентацыі аўтар кнігі прыйшоў у “Вольную студыю”, дзе ў яго ўзяў інтэрвю Міхась Скобла (паводле svaboda.org/articlesfeatures/society/2007/10/6C1D11AB-C058-4B5C-AC53-30DF831F7706.html).

 

Міхась Скобла: “Леанід, упершыню прозьвішчы супрацоўнікаў НКВДарганізатараў і ўдзельнікаў масавых рэпрэсій у Беларусіпрывёў у сваёй кнізеЗа кіпучай чэкісцкай работайАляксандар Лукашук. Ён назваў 188 прозьвішчаў. Вы працягваеце дасьледаваць гэтую страшную тэму. У вашай кнізеАхвяры і карнікіпад адной вокладкай апублікаваныя імёны і расстраляных, і тых, хто расстрэльваў. Ці маральна гэта ў дачыненьні ахвяраў? Як на маю думку, каты заслугоўваюць нейкіх асобных сьпісаў”.

Леанід Маракоў: “Кніга Аляксандра Лукашука ўсё ж публіцыстычная. Там не заўсёды ёсьць спасылка на крыніцу, якая б пацьвярджала прыведзеную інфармацыю. “Ахвяры і карнікі” — выданьне навукова-дакумэнтальнае. У ім публікуюцца біяграфіі й біяграмы шасьці тысячаў закатаваных і расстраляных у 1937 годзе ў менскай унутранай турме НКВД, гэтак званай “амэрыканцы”. Прыводзяцца ў кнізе і зьвесткі пра 100 катаў, тых, хто зьдзейсьніў гэтае злачынства. Ёсьць у кнізе і ўспаміны вязьняў, якія цудам засталіся жывымі.
І яшчэ. Аляксандар Лукашук падае прозьвішчы ўсіх супрацоўнікаў НКВД, якіх яму ўдалося адшукаць. Сярод іх сакратаркі, машыністкі, кіроўцы, тэхнічныя работнікі, курсанты. У мяне ж апублікаваныя фатаздымкі, біяграфіі, біяграмы ці прозьвішчы выключна катаў. Паказана, хто зь іх і як катаваў Цішку Гартнага, Алеся Дудара, Тодара Кляшторнага, Міхася Зарэцкага, Уладзімера Хадыку, Барыса Мікуліча, Яна Скрыгана, Васіля Каваля, Алеся Звонака, Сымона Баранавых, Сяргея Дарожнага… Усіх пералічыць — ня хопіць перадачы”.

 

Скобла: “Вы ў сваіх публікацыях сьцьвярджаеце, што рэпрэсіі 1930-х гадоў у Беларусі насілі асаблівы характар. А менавіта — зьнішчалася (планамерна!) нацыянальная эліта. Вы бачылі нейкі спэцыяльны цыркуляр адносна таго, каго трэба было ліквідаваць у першую чаргу?”

Маракоў: “Цыркуляра — ня бачыў. Але бачыў іншае. У 1940 годзе ў адной з камэраў маскоўскай унутранай турмы НКВД Ляфортава апынуліся два не зусім звычайныя падсьледныя: былы наркам унутраных справаў БССР Аляксей Наседкін і савецкі выведнік Дзьмітры Быстралетаў-Талстой, лёс якога быў “круцейшы” за лёс Штырліца. Да прыкладу, менавіта ён, Быстралетаў, завербаваў знакамітага выведніка Філбі. Быстралетаў, дарэчы, скончыў Праскі й Цюрыхскі ўнівэрсытэты, ведаў каля двух дзясяткаў моваў.

І Быстралетаў, і Наседкін разумелі, што іх, хутчэй за ўсё, расстраляюць. Наседкіна — як выканаўцу загадаў Сталіна, а значыць, сьведку злачынстваў. Быстралетава — як сьведку вярбоўкі Філбі.

Абодвум губляць не было чаго, і падсьледныя разгаварыліся. Наседкін прызнаўся, што яго папярэднік на пасадзе наркама ўнутраных справаў БССР Барыс Берман толькі за 1937 год зьнішчыў у Мінску 80 тысячаў чалавек. І каго — цьвет нацыянальнай інтэлігенцыі. Ён вышукваў і арыштоўваў найлепшых паэтаў, навукоўцаў, настаўнікаў, інжынэраў, мэдыкаў, сьвятароў, нават студэнтаў і навучэнцаў тэхнікумаў. Вышукваў, як ён казаў, “людей мыслящих и только мыслящих” [што, “лепшага з гояў забі!”? – Рэд.]. Наседкіна неўзабаве расстралялі, а Быстралетаву пашанцавала — далі 25 гадоў канцлягераў.

Празь пяцьдзесят гадоў пасьля той сустрэчы адзін дасьледчык адшукаў успаміны Дзьмітрыя Быстралетава. Дарэчы будзе згадаць, што калі той выйшаў на волю, дык адмовіўся ад пэрсанальнай пэнсіі КДБ СССР”.

 

Скобла: “Выпадак сапраўды рэдкі… Вось я чытаю біяграфіі каманднага складу НКВД БССР: наркам Георгі Малчанаў — нарадзіўся ў Харкаве, яго намесьнік Васіль Каруцкі паходзіў з Томску. Наркам Барыс Берман прыехаў з Забайкальля, яго намесьнік Рыгор Хархорын — зь Ленінграду, яшчэ адзін намесьнік Іван Жабрэеў — з Валагодзкай губэрні. Наркам Аляксей Наседкін — зь Яраслаўскай губэрні… Атрымліваецца, што аддавалі загады на расстрэлы — чужакі, якія прыехалі ў Беларусь “на ловы шчасьця і чыноў”. А хто расстрэльваў, хто катаваў? Няўжо беларусы — беларусаў?”

Маракоў: “Кожны чэкіст прыязджаў не з пустымі рукамі. Прывозіў з сабою ня толькі іменны наган, але і паплечнікаў па цяжкой працы, падначаленых. Берман — адных, Наседкін — іншых. Адбывалася, так бы мовіць, зьмена каравулу. У Менску прыблізна са ста опэрупаўнаважаных і сьледчых УДБ НКВД БССР беларусы складалі адсоткаў дзесяць. Але сьведчаньняў ці дакумэнтаў, што хтосьці зь іх удзельнічаў у катаваньнях ці расстрэлах, я пакуль не знайшоў”.

 

Скобла: “Калі знаёмісься з апісаньнямі допытаў, міжволі думаецца, што ў НКВД набіралі выключна садыстаў. Адкуль у людзей у пагонах такая зьвярыная жорсткасьць, прычым у адносінах да гэткіх жа савецкіх людзей, як і яны самі? Чалавек хадзіў па вуліцах Менску, гуляў са сваімі дзецьмі, а потым прыходзіў на працу і ператвараўся ў зьвера. Чым гэта можна патлумачыць?”

Маракоў: “Пытаньне складанае, тут патрэбныя знаўцы псыхааналізу. Большасьць энкавэдыстаў, нават афіцэры, мелі пачатковую адукацыю. А вось большасьць тых, каго яны катавалі з асаблівай жорсткасьцю, — вышэйшую. Неадукаваныя забівалі адукаваных. Жывёлы забівалі людзей. Я не сумняваюся, Сталін меў на мэце ВЫНІШЧЭНЬНЕ ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАГА ПАТЭНЦЫЯЛУ ЎСЁЙ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ”.  [І гэты дасьледнік падкрэсьлівае тое самае – мэтанакіраваны генацыд нацыянальнай эліты! Відаць, cатана ведае, хто яму пагражае; засталося даведацца, хто стаіць у першым шэрагу да яго… – Рэд.]

 

Скобла: “Ад будынку ЦК КПБ да турмы НКВД — ня больш за адзін кілямэтар. Вы цытуеце лісты зьняволеных і катаваных на допытах на адрас Панцеляймона Панамарэнкі. Ці даходзілі гэтыя лісты да адрасата, і ці мела гэта нейкі вынік?”

Маракоў: “Панамарэнка, як і галоўныя чэкісты Берман, Наседкін, нічога не вырашаў. Лісты народ пісаў і клеіў на іх купленыя за апошнія грошы маркі з “трактарысткамі” і ў 1930-м, і ў 1931-м, і ў 1932-м гадах, але зьвяртаць на іх ўвагу пачалі толькі ў 1939 годзе, пасьля адмашкі Сталіна. Відаць, ён зразумеў, што неўзабаве пачнецца вайна, можна страціць бязьмежную ўладу, а тут ледзь ня чвэрць насельніцтва зьнішчана ці ў канцлягерах сядзіць”.

 

Скобла: “Расстрэльваючы, катуючы, зьбіваючы да сьмерці (як, напрыклад, у турме забілі Мікалая Галадзеда), — няўжо супрацоўнікі НКВД адчувалі сваю поўную беспакаранасьць? Няўжо і думкі не дапускалі, што і яны могуць апынуцца на месцы ахвяраў?”

Маракоў: “Старшыню Савету Народных Камісараў БССР Мікалая Галадзеда ніхто не забіваў. Быў такі сьледчы, Рулёў Аляксей Іванавіч (родам з Волгі), які так “шчыра” пагутарыў на допыце з чалавекам, чыім імем цяпер названы вуліцы, што той, як толькі надарыўся момант, скокнуў у акно з чацьвёртага ці пятага паверху. Разьбіўся насьмерць.

А сьледчага Рулёва за страту пільнасьці “вельмі сур’ёзна” пакаралі. Цэлы год адсядзеў! За дробнае хуліганства больш давалі. А потым яго цішком рэабілітавалі”.

 

Скобла: “Давайце пра рэабілітацыі і пагаворым далей. Двойчы Вярхоўны суд Беларусі адмовіў у рэабілітацыі Ларысы Геніюш. Нядаўна зробленая трэцяя спроба — адпаведны запыт пададзены на імя галоўнага пракурора Пятра Міклашэвіча. А вось некаторых з тых, хто страляў, а потым сам быў расстраляны, — рэабілітавалі. Апрача згаданага вамі сьледчага Рулёва, вам вядомыя падобныя выпадкі?”

Маракоў: “Мне вядомыя іншыя выпадкі. Калі тыя, хто страляў і катаваў, пазьней былі самі асуджаныя да расстрэлу, але расстраляныя не былі. Прысуд неўзабаве ціха замянілі на 5—10 гадоў зьняволеньня, якія потым ператварыліся ў адзін-тры. А потым хлопцы выходзілі “на свабоду з чыстым сумленьнем”.

Што да рэабілітацый, то тут можна згадаць выпадак з Георгіем Малчанавым. У 1936-37 гадах ён займаў пасаду наркама НКВД, праўда, нядоўга, усяго некалькі месяцаў. Адначасова ён быў начальнікам асобнага аддзелу Галоўнага ўпраўленьня дзяржбясьпекі НКВД па Беларускай ваеннай акрузе. Быў арыштаваны 3 лютага 1937 году. Абвінавачваўся ў тым, у чым сам абвінавачваў іншых: “удзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай трацкісцкай арганізацыі”. Асуджаны асобнай нарадай пры НКВД да найвышэйшай меры пакараньня. Расстраляны 9 кастрычніка 1937 году. І што вы думаеце, у 1996 годзе гэты наркам, адзін з пачынальнікаў масавых рэпрэсій, быў рэабілітаваны! Сёньняшняя ўлада рэабілітавала таго, хто аддаў сотні загадаў на арышты тысячаў бязьвінных ахвяраў. І ён, аказваецца, “невінаваты”! Мне здаецца, гэты факт паказальны. Зразумела, чаму гэтая ўлада пачала рэабілітоўваць наркамаў НКВД.

… Уся інфармацыя зьбіраецца па кропельцы — да гэтай пары справы супрацоўнікаў “органаў” строга засакрэчаныя. Але, паводле маіх падлікаў, опэрупаўнаважаных у Беларусі ў 1937 годзе было каля 300 чалавек. І я ўжо маю інфармацыю па 250-ці”.

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы