nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

АДЭКВАТНАЯ СЬХЕМА НАШАЙ РЭЧАІСНАСЬЦІ (частка 9)

31 кастрычніка, 2007 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

 

Псіхіка чалавека і грамадства – гэта таксама

складаныя шматузроўневыя сістэмы

5.   ПСІХІКА  ГРАМАДСКАЙ  МАСЫ  і  ЯЕ РОЛЯ Ў АРГАНІЗАЦЫІ ГРАМАДСТВА ды ГРАМАДСКІХ ПЕРАЎТВАРЭНЬНЯХ

Усё ў грамадскай сьферы – вынік дзейнасьці людзей, а сам народ (грамадства, маса) – гэта галоўная сіла, якая здольная рэальна зьдзяйсьняць любыя пераўтварэньні (у т.л. і палітычныя).

Грамадская дзейнасьць людзей, зьвязана з асаблівасьцямі іх псіхікі, а дзейнасьць вялікіх маштабаў – з асаблівасьцямі масавай псіхікі. Адсюль псіхіка масы зьяўляецца галоўным інструмантам кіраваньня. Ведаючы гэта, розныя сілы імкнуцца дасягаць сваіх мэтаў праз выкарыстаньне тых ці іншых уласьцівасьцяў масавай псіхікі.

Інтарэсы гэтых сіл далёка не заўсёды супадаюць з аб’ектыўнымі інтарэсамі людзей і ўсяго грамадства ў цэлым, з тым, што ім сапраўды трэба для іх шчасьця і паўнавартаснага жыцьця. Больш за тое, мы бачым, што людзі і людзкія масы вельмі часта выкарыстоўваецца маніпулятыўна, становяцца прыладай у дасягненьні самых брудных мэт.

Адсюль атрымліваецца, што якой бы правільнай ні была абраная ідэялёгія, якой бы ўдалай у адносінах да персьпектыў разьвіцьця дзяржавы ні была распрацаваная праграма сацыяльна-эканамічных рэформаў, якімі б шчырымі, сумленнымі, ахвярнымі ні былі людзі, гатовыя гэтую праграму рэалізоўваць, усё роўна ім давядзецца вырашаць дзьве задачы на фоне аб’ектыўных асаблівасьцяў псіхікі грамадскай масы: практычна перамагаць канкурэнтаў, якія ірвуцца да ўлады з далёка нядобрымі мэтамі (задача першая), у час распараджэньня ўладай весьці грамадства-народ «у сьветлую будучыню», нібы дзіця ў першы клас – за ручку (другая)…

Нічога не зробіш. Такія сёньняшнія ўмовы грамадска-палітычнай дзейнасьці.

Аблегчыць працэс «угавораў» грамадства пайсьці наперад у патрэбным для яго кірунку можа ня столькі рацыянальная інфармацыя пра аб’ектыўныя грамадскія інтарэсы, колькі ўзброенасьць ВЕДАМІ пра іншая асаблівасьці псіхічнай арганізацыі грамадства. Больш за тое, без дадзеных ведаў усе іншыя высілкі як правіла пойдуць ў пясок

Усё гэта прымушае пільней прыглядзецца да асаблівасьцяў арганізацыі грамадскай «псіхікі» з паліталагічных пазіцый.

Першыя класічныя працы, у якіх дэманструюцца псіхічныя ўласьцівасьці людскай масы, належаць такім дасьледчыкам, як Ле Бон, Артэга-і-Гасет, Канэцьці, Масковічы, Хофер…

Аднак сёньня больш прынцыповае значэньне набываюць аналітычныя працы, якія  дазваляюць ня толькі разумець асаблівасьці масавых паводзін, але і кіраваць імі. Таму цяпер, у падставе ВЕДАЎ пра псіхіку грамадскай масы, прычым тых, што найбольш карысныя для палітычнай практыкі, зьяўляюцца веды пра структуру псіхікі людзей.

Паколькі гэтыя веды маюць прынцыповае палітычнае значэньне, можна не сумнявацца, што яшчэ ня скора наступіць той час, калі сапраўдныя веды на дадзеную тэму стануць свабодна даступнымі.

Адсюль, ужо знаёмая пазіцыя: нічога страшнага, будзем зьбіраць, структураваць і фармуляваць неабходныя веды самастойна…


5.1. Вядомыя падыходы да характарыстыкі псіхікі грамадскай масы

Сёньня шмат хто лічыць, што паводзіны людзей (у тым ліку грамадска-палітычныя) можна патлумачыць з пазіцый тых матывацый (патрэбнасьцяў), якія могуць штурхаць іх да грамадска-палітычнай актыўнасьці (маўляў, тут сувязь паміж псіхікай грамадскай масы і палітыкай). Найбольш папулярную сёньня сьхему патрэбнасьцяў (матывацый) чалавека, якую можна знайсьці ў адкрытым друку,  у свой час запрапанаваў А.Маслоў.

У адпаведнасьці зь ёй усе патрэбнасьці чалавека можна разьмясьціць нібы на 5 ўзроўнях. Калі пачынаць з базавых узроўняў і падымацца ўверх да ўсё больш высокіх, дадзеная класіфікацыя будзе мець наступны выгляд:

Першы ўзровень у ёй займаюць гэтак званыя фізіялягічныя патрэбнасьці (у ежы, пітве, паветры, вопратцы, жытле і г.д.);

Другі ўзровень – гэта ўзровень патрэбнасьцяў у бясьпецы (у доўгатэрміновым выжываньні, стабільнасьці);

Трэці ўзровень характарызуе патрэбнасьці ў прыналежнасьці да каго-небудзь, патрэбнасьць быць разам з кімсьці;

Чацьверты – патрэбнасьць у самапавазе, у адчуваньні сваёй значнасьці, кампетэнтнасьці;

Пяты  – вышэйшы ўзровень – адлюстроўвае патрэбнасьць у самаактуалізацыі, у  рэалізацыі свайго жыцьцёвага патэнцыялу.

Аднак дадзеная клясіфікацыя тлумачыць толькі разнастайнасьць і рознаўзроўневасьць матывацый на тое, каб прыняць удзел у палітычным працэсе (тлумачыць толькі прычыну, чаму чалавек імкнецца нешта рабіць), але дадзены падыход ніяк не тлумачыць, чаму чалавек робіць менавіта той ці іншы выбар. Напрыклад, не тлумачыць, чаму ў выбарчым бюлютэні выкрэсьлівае адныя прозьвішчы, а іншыя пакідае…



5.2.  Іншыя варыянты падыходаў да аналізу ўзроўню псіхікі людзей

Можна запрапанаваць класіфікацыю псіхічных асаблівасьцяў чалавека, у якой дэмаструецца залежнасьць ад таго, зь кім ён сябе зьвязвае, часткай чаго сябе ўспрымае (гл. малюнак 5.1).

 Ð�ал. 5.1.JPG

Мал. 5.1. Ступень сьветагляднасьці чалавека вызначаецца тым, часткай якой супольнасьці (долі рэчаіснасьці) ён сябе ўспрымае. У сувязі з гэтым чалавек можа быць эгаістам, сем’янінам, калектывістам, грамадзянінам, чалавекам сьветаглядным.

 

У адпаведнасьці з дадзеным падыходам чалавек можа лічыць сябе, напрыклад, часткай сваёй сямьі, ці часткай свайго народу, ці часткай чалавецтва, ці, наадварот, быць поўным эгаістам,  і г.д., і ў залежнасьці ад гэтага падымацца на той ці іншы ўзровень гуманістычнай сьветагляднасьці.

Дадзеная сістэма дазваляе зразумець некаторыя паводзіны людзей і прычыны іх таго ці іншага выбару, як вытворнае ад таго, інтарэсы якой сацыяльнай групы чалавек прадстаўляе, ад імя каго выступае, часткай чаго сябе ўспрымае. Дадзены падыход дазваляе ўбачыць сацыяльную пазіцыю, зь якой чалавек глядзіць на сьвет, ці, наадварот, тую «столь», якой абмежаваны яго сьветагляд, а значыць і яго выбар.

Такі падыход мае свае перавагі, бо палітыка, як вядома, грамадская справа. Разам з класіфікацыяй Маслоў дадзеная клясіфікацыя можа стаць дадатковай прыладай да аналізу псіхічнага стану грамадства.

Але зноў атрымліваецца сітуацыя, што на падставе дадзенага падыходу можна патлумачыць, у імя чыіх інтарэсаў дзейнічае чалавек, на колькі ён высакародна ці, наадварот, эгаістычна арыентаваны, але патлумачыць, чаму ён робіць менавіта той ці іншы выбар у канкрэтнай сітуацыі – не.

 

5.3.  Класіфікацыя псіхічных арыентацый людзей у час выбару

Для таго, каб зразумець, чаму людзі ў пэўных абставінах паводзяць сябе тым ці іншым чынам (у тым ліку, напрыклад, галасуюць так ці інакш), для таго, каб асэнсаваць, на падставе якіх псіхічных працэсаў яны прымаюць тыя ці іншыя рашэньні, нам проста неабходна мець хаця б самыя прынцыповыя веды пра сістэму галоўных «дарадцаў» для людзей пад час прыняцьця рашэньняў, ведаць, каго яны «паслухаюць», у рашаючы момант перад тым ці іншым дзеяньнем.

Класіфікацыя такіх «дарадцаў» у сістэматызаваным выглядзе пададзена на малюнку 5.2 і вобразна на малюнку 5.4.

�ал. 5.2.GIF

Мал. 5.2. Узроўні й асноўныя блокі псіхічнага ў прадстаўнікоў грамадства, якія маюць  прынцыповае палітычнае значэньне, шкала для іх псіхалягічнай характарыстыкі й зьмест паняцьця «іррацыянальнасьць».

Пазначана: 1а – «цені» індывідуальных інстынктаў; 1б – «цень» архетыповага, іерархічнага інстынкта; 2а – артыкуляцыя індывідуальных пачуцьцяў («я хачу…»); 2б – пошук «грамадскіх нормаў», каб падпарадкавацца ім – аснова масавай сьведамасьці («людзі кажуць, што…»); 3а – блок індывідуальнага (эгаістычнага) рацыяльнага; 3б – блок калектыўнага (узгодненага зь іншымі, справядлівага) рацыянальнага; 4а – блок пасіўнага сьветагляднага (пасіўнай духоўнасьці); 4б – блок актыўнага сьветагляднага.

 

Псіхіка заснавана на дзейнасьці нярвовай сістэмы. Функцыя апошняй заснавана на перадачы нярвовых імпульсаў ад адной нярвовай клеткі (нейрона) да іншай. Такія перадачы складаюцца ў прыроджаныя ланцужкі безумоўных рэфлексаў, і ўмоўных рэфлексаў, якія фарміруюцца ўжо ў выніку адаптацыі да канкрэтных умоў жыцьця. Уся рэфлекторная дзейнасьць нярвовай сістэмы зьяўляецца функцыянальнай асновай, грунтам для псіхічнай дзейнасьці чалавека, але істотнага значэньня для тлумачэньня асаблівасьцяў псіхікі ня мае (малюнак 5.2).

Фактычна пра псіхіку можна казаць, пачынаючы толькі з праяў самага глыбіннага слоя псіхічнага, дзе ў чалавека знаходзяцца генетычна запраграмаваныя «цені» індывідуальных і сацыяльных інстынктаў, і які (слой) завецца падсьведамасьцю. Гэты ўзровень псіхічнага іначай можна назваць архетыповай «сьведамасьцю» ці  дасьведамасьцю.

Таму першую групу праяў масавага псіхічнага складаюць «рашэньні», якія прыняты на падставе «падказак» гэтага самага глыбіннага і найбольш архаічнага слоя псіхікі, які выяўляе сваю прысутнасьць у форме «інстынктаў».

«Інстынкты», якія знаходзяцца на дадзеным (найбольш нізкім, базавым) узроўні псіхічнага, адрозьніваюцца ад безумоўных рэфлексаў папярэдняга ўзроўню праяў нярвовага тым, што:

па-першае, уяўляюць сабой ланцугі пасьлядоўна зьвязаных безумоўных рэфлексаў, накіраваных на дасягненьне пэўных важных для забесьпячэньня жыцьця мэтаў;

па-другое, у адрозьненьні ад рэфлексаў, псіхічная энергія для рэалізацыі інстынктаў ужо адразу далучана да іх (рэфлекс заўсёды праяўляе сябе, як рэакцыя на вонкавае раздражненьне – актыўны чыньнік знаходзіцца вонкі, арганізм рэагуе на яго ў адказ; інстынкт, наадварот, пераўтварае арганізм у актыўны чыньнік, накіраваны на вонкавае асяродзьдзе, узьдзейнічаючы на якое інстынкт можа рэалізаваць сябе; дзякуючы інстынктам арганізм становіцца субьектам, асяроддзе – абьектам).

Вельмі істотнай рысай праяў прысутнасьці «інстынктаў» у чалавека (якія, нагадаем, перадаюцца ў спадчыну праз генетычныя механізмы) зьяўляецца тое, што іх рэалізацыя, у адрозьненьні ад жывёл, адбываецца ва ўмовах існаваньня пэўных культурных нормаў, якім чалавек як працыпова сацыяльная, культуная істота, жорстка падпарадкаваны. З-за гэтага атрымліваецца такая сітуацыя, што, калі ў чалавека падзеі складаюцца ў адпаведнасьці з інстынктыўнай праграмай, у яго ўзьнікае прыемнае пачуцьцё, а калі «інстынкт» ня можа быць рэалізаваны (таму што ў грамадскім асяроддзі стаяць непераадольныя для чалавека перашкоды) – узьнікае непрыемнае, адмоўнае пачуцьцё (у псіхалогіі завецца фрустрацыяй). Страх фрустрацыі – галоўны страх на гэтым узроўні.

Такім чынам, «цені былых інстынктаў», якія знаходзяцца ў падсьвядомасным слаі псіхічнага, праяўляюць сваю прысутнасьць у псіхіцы чалавека праз станоўчыя ці адмоўныя эмоцыі,  якія штурхаюць чалавека на тыя ці іншыя дзеяньні.

У выніку ў чалавек з-за функцыянаваньня дадзенага слоя псіхікі пастаянна  ўзьнікаюць пачуцьці: што ён галодны ці што яму трэба папіць вады (хочацца есьці, піць), што яму хочацца спаць, што яму хочацца пагуляць і г.д. (на малюнку 5.2. дадзены блок псіхікі пазначаны, як ).

Але найбольшае значэньне для грамадска-палітычных падзей сярод «інстынктаў» дадзенага слоя псіхікі мае іерархічны інстынкт – першы інстынкт, які ўдзельнічае ў арганізацыі соцыюма, хай сабе і самай прымітыўнай формы яго (на малюнку 5.2. пазначаны, як ). Зьмест дадзенага інстынкта выяўляецца ў яго носьбітаў у форме жаданьня быць часткай іерархічнай піраміды, пабудаванай  са зьвёнаў актыўнага падпарадкаваньня/пасіўнай падпарадкуемасьці. Пры гэтым абсалютная бальшыня людзей, паводзінамі якіх кіруе іерархічны інстынкт, жадаюць знайсьці для сябе якога-небудзь дамінанта-ідала (сінонімы: лідара, правадыра, пахана, кіраўніка іерархічнай групы) і поўнасьцю ў сваім «выбары» даверыцца, «аддацца», падпарадкавацца яму.

Калі ў сучаснага чалавека раптам стане дастаткова моцнай дамінанта пошуку такога ідала, у яго фарміруецца сьветагляд, у якім ідал-дамінант мае такое мейсца, зь якога што б ён не сказаў, усё аўтаматычна прымаецца чалавекам на веру ці як загад да адпаведнага дзеяньня (прычым, пажаданы загад). Чалавек пры гэтым атрымлівае пачуцьцё мазахісцкага задавальненьня і супакаеньня.

Каб захаваць гэтыя каштоўныя для сябе пачуцьці, такі чалавек можа бараніць ідала (а праз яго, падсьвядомасна і свой спакой, сваё задавальненьне) усімі магчымымі сродкамі. Часта гэта адбываецца вельмі актыўна. Прычына вядомая – закранутай зьяўляецца пачуцьцёвая сьфера. У адказ на пытаньне пра прычыны падобных паводзін такі чалавек можа прыводзіць больш ці меньш рацыяналізаваныя «довады» (адбываецца рацыяналізацыя іррацыянальных пачуцьцяў, учынкаў). Калі ж гэтыя довады псіхааналітычна прааналізаваць, высьвятляецца сапраўдная прычына падтрымкі чалавекам абранай ім фігуры – «ён мне проста падабаецца, мне проста хочацца яму падпарадкоўвацца…».

Прычына існаваньня іерархічнага інстынкта ў падсьвядомасьці чалавека абумоўлена тым, што яго далёкія продкі (у тым ліму і адносна зусім ня даўна – на стадыі аўстралапітэкаў ды архантропаў) мільёны гадоў у час эвалюцыі чалавецтва жылі адносна малымі групамі (10-20 чалавек) у асноўным на небясьпечных прасторах афрыканскіх саван. Выжыць ім можна было толькі разам. А група магла быць разам толькі пры дзьвух умовах: кіраўніком яе павнен быць толькі адзін дамінант і ўсе яму павінны былі бездакорна падпарадковаўцца. Каб такое рабілася эфектыўней, прырода «прыдумала» мазахісцкае пачуцьцё прыемнага задавальненьня ад падпарадкаваньня дамінанту-ідалу ў малой грамадскай групе.

Сацыяльная група і сёньня можа скласьціся на аснове іерархічнага інстынкта. Часьцей гэта бывае ва ўмовах, калі людзі аказваюцца ў анамальных, дастаткова жорскіх  умовах: турма, казарма (зьява завецца «дзедаўшчынай»), зграя вулічных падлеткаў, бандыцкая банда і г.д.

Жаданьне падпарадкавацца дамінанту, знайсьці апору ў ім і для «палёгкі жыцьця», і для наданьня «сэнсу» ўласнаму існаваньню, пазьней было «выкарыстана» у час фармаваньня язычніцкіх рэлігій, калі «дамінантамі» абіраліся сімвалы зьяваў рэчаіснасьці ў вобразе тых ці іншых людскіх постацяў, і пазьней у так званых «монатэістычных рэлігіях», калі ў якасьці галоўнага жыцьцёвага дамінанта абіраўся сімвал усіх зьяваў Сьвету – усемагутны, добры, строгі, наймудры й справядлівы стары – Бог… (адсюль, дарэчы, зразумела, чаму Яго вонкавы выгляд таксама адпавядае людскаму).

Патрэбнасьць у «ідалы» не залежыць ад узроўню адукацыі, культурнай арыентацыі ці ўзросту людзей. Гэта – агульная ўласьцівасьць масавай псіхікі. Вось прыклад таго, што «ідалы» могуць быць ня толькі ўладныя, ня толькі ў беднай ці нізкаадукаванай часткі грамадства, ня толькі ў моладзі, якая любіць футбол ці рок-музыку…

Інфармацыя радыё «Свабода» ад 17.05.2002 з Рыму.

Славуты італьянскі тэнар Лючыяна Павароці, які на мінулым тыдні адмяніў з прычыны прастуды свой выступ у опэры “Тоска” ў нью-ёркскім тэатры “Мэтраполітэн”, гэтымі днямі даў зразумець, што можа зусім пакінуць сцэну, калі надалей будзе мець праблемы са здароўем [у гэтым 2007 годзе сп-р Павароці памёр. – Рэд.]. У інтэрвю газэце “Corriera della Sera” 66-гадовы сьпявак сказаў, што гэта было б самым цяжкім рашэньнем у ягоным жыцьці. На сцэне “Мэтраполітэну” замест Лючыяна Павароці выступіў іншы італьянскі тэнар – 33-гадовы Сальваторэ Лічытра. Ягоны выступ зала вітала стоячы авацыяй…”

Карацей, выраз: «Кароль памёр, няхай жыве кароль! – мае ня толькі паліталагічнае тлумачэньне, а і псіхалагічнае…

Наяўнасьць падсьвядомаснага слоя псіхікі ў чалавека мела б для сёньняшняй палітычнай практыкі малаістотнае значэньне (ну, падумаеш, нейкі «аўтарытэт» сваім уплывам ахапіў 10-15 чалавек і загадаў ім галасаваць адпаведным чынам…), калі б ня пэўныя абставіны. Гэтымі абставінамі зьяўляюцца сучасныя (у першую чаргу электронныя) СМІ.  Праз іх эмісія чалавекам «ідальскіх» якасьцяў у гамадскае асяроддзе можа быць узмоцнена на шмат парадкаў (парадак, адзін парадак – г.зн. больш у 10 разоў. «На два парадкі» – гэта больш у 100 разоў. «На тры парадкі» – гэта больш у 1000 разоў. І г.д.). І тады аўдыторыя, якую ён можа падпарадкаваць свайму ўплыву, можа аказацца небясьпечна вялікай (гл. малюнак 5.3).

Ð�ал. 5.3.GIF 

Мал. 5.3. Узьдзеяньне чалавека з псіхапатычнымі ўласьцівасьцямі «ідала-дамінанта» раней (1) і сёньня (2). Здольнасьці «ідалаў» не павялічыліся, але магчымасьці іх рэальнага уплыву ўзраслі на шмат парадкаў дзякуючы шматразоваму ўзмацненьню (рэтрансляцыі) іх «ідальскіх якасьцяў» сучаснымі электроннымі СМІ.

 

З-за гэтага падсьвядомасна-іерархічны слой псіхічнага зноў стаў адным з ключавых фактараў грамадска-палітычнага жыцьця.  

У свой час, яшчэ савецкія ўлады, усьвядоміўшы небясьпеку падобнай зьявы, прыбралі з тэлеэкранаў Кашпіроўскага і Чумака. Дый са сьмерцямі У.Высоцкага і В.Цоя, можа стацца, ня ўсё так, як афіцыйна прынята лічыць…

На гора сёньняшняй Беларусі Лукашэнка, як паранаяльны псіхапат (дарэчы, Гітлер быў гістэрычным псіхапатам), зьяўляецца выдатным іміттарам рысаў ідала-дамінанта для «падсьвядомасна пабудаваных» людзей. Зафіксаваны выпадкі, калі некаторыя зь іх у 1994 годзе, успрымаючы падзею абраньня Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі, як прыход Месіі (праз 2000 пасьля Хрыста), вешалі партрэты Лукашэнкі побач з абразамі…  А на прэзідэнцкіх «выбарах» 2001 года даволі частымі былі факты, калі такія люді, уваходзячы на выбарчыя ўчасткі й бачачы партрэт Лукашэнкі, хрысціліся на яго…

Прадстаўнікі падсьвядомасна арыентаванай часткі нашага грамадства, якія падтрымліваюць Лукашэнку на прычыне таго, што яны ўспрымаюць яго сваім ідалам – гэта ў сёньняшняй беларускай палітычнай рэчаіснасьці ня самая вялікая, але дастаткова велькая (арыетыровачна, недзе каля 25%), вельмі  актыўная і затоена-злосная («Месія» не спраўджваецца, а быць асьмяянымі вельмі ж ня хочацца …) частка беларускага грамадства.

Другі ўзровень масавага псіхічнага – гэта дарацыянальная сьведамасьць (іначай, масавая псеўда-рацыянальная сьведамасьць).

Яна пачынае праяўляць сябе з таго моманту, калі чалавек пачынае ўмець артыкуляваць (вымаўляць, прагаворваць) свае пачуцьці (на малюнку 5.2 блок 2а).

Калі дзіцё пачынае казаць «хачу…», «дай…» – гэта значыць, што яно дарасло да гэтага ўзроўню (узрост 1 год і больш). Адначасова лічыцца, што гэта азначае, што дзяцё ўсьведамляе, чаго яно хоча. Да гэтага дзіцё магло нешта рабіць, на што яго штурхала падсьвядомасьць, але гэтага не ўсьведамляла, а цяпер усьведамляе.

Праблема ўзьнікае тады, калі чалавек толькі на дадзеным узроўні (2а) на ўсё жыцьцё і застаецца. Няма на Зямлі нічога больш агіднага, чым чалавекападобная, нават, гаворачая істота, якая жыве так: «хочу есть, (вы)пить, спать, с…, с…, (по)драться и е…». Здаецца, усё пералічыў…

Але большасьць людзей усё ж усьведамляюць, што грамадства – гэта ня толькі асяроддзе іхнага жыцьця. Разумеюць, што жыць у грамадстве, карыстацца яго магчымасьцямі й весь час заставацца незалежным ад яго нельга. Больш таго, для таго, каб «нармальна» жыць у грамадстве, трэба прыслухоўвацца да яго патрабаваньняў, да яго нормаў і ўсё рабіць так, каб гэтым нормам адпавядаць… Чалавека, які дарос да такога ўзроўня псіхікі (на малюнку 5.2 блок 2б, гл. таксама малюнак 5.4), можна назваць «чалавекам масы» з «масавай сьведамасьцю».

Грамадская маса і нормы жыцьця грамадскай масы – вось асноўныя аўтарытэты для чалавека з такой сьведамасьцю. Асноўны страх – страх астракізму (падвергнуцца выгнаньню са сваёй грамадскай групы) у выніку парушэньня тых ці іншых «табу».

Перавагі псіхікі дадзенага ўзроўню (у параўнаньні з падсьвядомаснай псіхікай) ў тым, што яна дазваляла нашым продкам і дазваляе нам зараз гарманізаваць адносіны ў грамадскіх групах значна большых памераў, чым 20-30 чалавек. Пасутнасьці, гэты ўзровень псіхічнага ствараў у старажытнасьці плямёны і народы. Адзінства ўспрыняцьця рэчаіснасьці праз агульныя мову, фальклёр, культурныя нормы і традыцыі, агульную інтэрпрэтацыю гістарычных падзей, традыцыйную рэлігію і г.д. – усё гэта было і застаецца тым, што фармуе нармальную, натуральную, і, у пэўным сэнсе, здаровую псіхіку людзей (у тым ліку нас і нашых продкаў). Пералічанае адзінства і ў нас саміх (калі б яно штучна не разбуралася, не выкарыстоўвалася) і далей давала б нам магчымасьць цьвяроза глядзець на сьвет са сваіх, па свойму, праўдзівых, пазіцый, давала б нам пачуцьці задавальненьня і сэнсу жыцьця…

Недахопам дадзенага ўзроўню разьвіцьця псіхікі зьяўляецца тое, што ў чалавека на дадзеным масавым узроўні сьветагляднага можа існаваць толькі субектыўная, «свая праўда» (“праўда” сваёй групы), а абектыўная, «навуковая» праўда яму не патрэбная. Вывучаць і аналізаваць пытаньні самастойна, з рацыянальных, навуковых пазіцый – г.зн. з пазіцый, калі Факт абьектыўнай рэчаіснасьці падымаецца на ўзровень Бога (дарэчы, рацыянальна не зразумела, як нават з рэлігійных пазіцый можа быць наадварот – Бог жа стварыў сьвет і законы яго існаваньня такімі, якімі яны ёсьць) – такі чалавек ня хоча і ня лічыць неабходным. Маса, большасьць – гэта галоўныя і дастатковыя для яго крытэры «праўды». «Мне ваша правда не нужна» – словы, якія даводзілася неаднаразова чуць ад «саўкоў» – класічных прадстаўнікоў масы нашых часоў.

Ð�ал. 5.4.GIF 

Мал. 5.4. Класіфікацыя людзей (й іх прыблізная адносная колькасьць) на падставе таго, хто (ці што) для іх зьяўляецца асновай (аўтарытэтым) для прыняцьця рашэньня адносна  таго ці іншага дзеяньня. Чырвоным пазначаны адзін чалавек – прадстаўнік дадзенай групы.

 

На ўзроўні калектыўнай сьведамасьці ідзе простае паўтарэньне таго, што прынята ў асяродзьдзі масы. У гэтым сэнсе асуджэньне Салажыніцына, «якога я не чытаў», ці Лё Пэна, «якога я не чуў» зьяўляюцца абсалютна аднолькавымі – «саўковымі». Пры гэтым ня важна, што пра аднаго гаворыць класічны «савецкі чалавек», а пра другога – нібы сучасны француз.

І вось гэтая слабасьць людзей з дамінуючым узроўнем масавага псеўда-рацыянальнага ў псіхіцы адсутнасьць сувязі масавай сьведамасьці з абектыўнай праўдай – выкарыстоўваецца соцыяпаразітычнымі групамі для перапраграмаваньня натуральных нормаў грамадскай масы на сваю карысьць (тэхналёгія такога «перапраграмаваньня» трохі разглядалася ў раздзеле 1, больш падрабязна будзе разгледжана пазьней). Як ужо апісана раней, гэта заканамерна вядзе грамадскую масу да таго, што яна пачынае дэградаваць і хварэць…

Натуральна, што прадстаўнікі дадзенай групы грамадства (псіхіка блока 2б) ў большасьці канфармісты. Ды й уся грамадская маса ў сваёй большасьці канформна. Людзі, якія прадстаўляюць дадзены псіхічны ўзровень, імкнуцца рабіць, гаварыць і нават думаць, «як усе». Маса, большасьць – іх галоўны аўтарытэт пры прыняцьці тых ці іншых рашэньняў. Увесь час трымаць «нос па ветру» і «рабіць так, як усе» – гэта іх жыцьцёвыя крэда. У любых умовах – здаровых і хворых. Калі ў час апошніх выбараў у такіх людзей пыталіся, напрыклад: «Чаму вы галасавалі за/супраць Лукашэнкі?», – тыповыя адказы маглі быць такімі: «А ў нас усе ў калгасе за Лукашэнку…», «А ў нас весь цэх супраць яго…».

Усё агаворанае азначае, што як толькі грамадская большасьць памяняе сваё рашэньне адносна таго ці іншага палітычнага дзеяча, усе прадстаўнікі дадзенай групы таксама памяняюць.

І яшчэ адна пынцыповая рэч. У сучасных умовах СМІ, асабліва электронныя (тэлевізар ёсьць сёньня ўнутры, бадай што, кожнай сямьі), зьяўляюцца для прадстаўніка масы практычна поўным аналагам, ЗАМЯНЯЛЬНІКАМ САМОЙ МАСЫ. Адсюль вынікае, хто кіруе электроннай інфармацыйнай прасторай, той кіруе масай. У падставе таго “кіраваньня”, якое назіраецца сёньня ў шмат якіх выпадках, знаходзіцца ўнясеньне ў масу адмоўных (проэнтрапійных) сігналаў, якія разбураюць натуральныя ўнутрыграмадскія сувязі (паказаны, напрыклад, на мал. 2.13). Задача – пераўтварыць адносна структураваны соцыюм у аморфную масу (натоўп), каб затым маніпулятыўна кіраваць ёю ў імя абмежаваных, эгаістычна-паразітных інтарэсаў пэўных “кіраўнікоў” – сьведкамі вось якога злачынства мы зьяўляемся сёньня.

З усяго агаворанага для нас важнейшымі зьяўляюцца тры факты, якія маюць прынцыповае палітычнае значэньне:

1. На сёньня людзі, якія «карыстаюцца» для «вырашэньня» важнейшых палітычных праблем узроўнем псіхікі, які можна назваць масавым псеўда-рацыяналным сьведамым (малюнак 5.2 блок 2б), складаюць найбольшую частку беларускага (малюнак 5.4), як, дарэчы, і любога іншага грамадства (арыентыровачна, каля 65%).

2. Ведаючы гэта, усе PR-шчыкі, якія служаць расейскай імперскай бюракратыі й тыя, хто PR-рыць на карысьць Лукашэнкі, накіроўваюць абсалютную большасьць высілкаў на ўплыў менавіта на дадзеную і “падсьвядомасную” псіхалагічныя групы грамадства (разам гэта групы з дамінаваньнем ніжэйшых узроўняў псіхічнага складаюць каля 80-90% ў любым грамадстве). Менавіта дзеля іх з дапамогай СМІ робяцца ўсе інфармацыйна-псіхалягічныя баявыя аперацыі, якія адбываюцца ў расейскай і падпарадкаванай ёй беларускай інфармацыйнай прасторы. Усе іншыя групы ігнаруюцца з-за іх адноснай малалікасьці. Маніпуляваньне ж масай стварае выдатныя магчымасьці для поўнага “дэмакратычнага” кантролю грамадства цяперашняй паразітнай уладай.

3. Выкарыстоўваючы легальныя метады палітычнай барацьбы беларуская нацыянальная эліта можа перамагчы толькі тады, калі будзе ўплываць на дадзены грамадскі слой больш вынікова, чым тыя “сьпецы”, якія абслугоўваюць інтарэсы соцыяпаразітычных сіл.

Трэці па вышыні ўзровень грамадскай псіхікі характэрны для людзей, для якіх галоўны аўтарытэт мае аб’ектыўная праўда.

Гэта рацыяналісты. Найбольшы страх для іх – «аказацца ў дурнях». Яны досыць крытычна глядзяць на паводзіны масы, могуць карыстацца яе «асаблівасьцямі» і ня любяць ёй падпарадкоўвацца. У большасьці – гэта рацыянальна мысьлячыя, памяркоўныя індывідуалісты. У сёньняшнім беларускім грамадстве яны могуць быць як супраць рэжыма Лукашэнкі (прапрыймальнікі, інтэлігенцыя, адукаваная моладзь), так і за яго (чыноўнікі й зьвязаныя зь імі асобы).

Але галоўная адзнака, з-за якой дадзеную групу варта падзяляць на дзьве падгрупы, высьвятляецца праз наступнае пытаньне: Ці людзі дадзенага ўзроўню імкнуцца атрымаць карысьць ад веданьня абьектыўнай праўды толькі для сябе (блок 3а на малюнку 5.2), ці, усьведамляючы, што яны «не адзіныя на гэтым сьвеце», разумеюць неабходнасьць «дзяліцца з блізкімі», клапаціцца пра іх (блок 3б)?

Адсюль рацыяналісты нібы прыцягваюцца да двух супрацьлеглых палюсоў трэцяга ўзроўню псіхікі – эгаістычнага і справядлівага. У нашым сёньняшнім грамадстве ўсе «справядлівыя» рацыяналісты супраць Лукашэнкі, а «эгаістычныя» могуць быць як «супраць», так і «за». Аднак трэба ўлічваць, што доля людзей са здаровым рацыянальным мысьленьнем у нас сёньня (як і ў іншых грамадствах) адносна нявелькая (каля 10%).

Чацьверты, вышэйшы ўзровень масава псіхічнага маюць толькі ўнікальныя людзі, бо доля іх сярод агульнай колькасьці насельніцтва ні ў якіх грамадствах сёньня не перавышае 1% (звычайна істотна > 1%).

Псіхічныя асаблівасьці гэтых людзей могуць быць ахарактарызаваны як пострацыянальная, сьветаглядная сьведамасьць. Гэтыя людзі вельмі высока цэняць абьектыўная грамадскія каштоўнасьці (найперш, абектыўную праўду, справядлівасьць і зьвязаную зь імі сумленнасьць) – настолькі высока, што гатовыя ахвяраваць часткай сваіх асабістых каштоўнасьцяў дзеля зьдзяйсьненьня першых. Вышэйшая каштоўнасьць для іх і арыентыр для дзеяньня – справядлівасьць (субектыўная і абектыўная).

Але гэтыя людзі таксама дзеляцца на дзьве групы: пасіўную (на малюнку 5.2 пазначана 4а) і актыўную (4б). Прадстаўнікі групы 4а, імкнучыся да пасіўнай духоўнасьці, адыходзяць у манастыры рэальна ці віртуальна, у сябе (чым, дарэчы, таксама ахвяруюць сабой), а прадстаўнікі групы 4б гатовыя актыўна змагацца за справядлівасьць і ахвяраваць сабой у рэальным жыцьці.

Нягледзячы на тое, што апошняя група людзей у сёньняшнім беларускім грамадстве складае зьнікомую частку, грамадская персьпектыва зьвязана ў першую чаргу зь імі.

Скрайнімі, узорнымі прыкладамі прадстаўнікоў дадзенай групы зьяўляецца, напрыклад, Іісус Хрыстос, які, ведаючы, што ідзе на сьмерць, 2000 гадоў таму, прадстаўляючыся сынам Бога, нес у грамадства пазнаныя і асвоеныя ім буддысцкія прынцыпы ўладкаваньня грамадскага жыцьця (найбольш перадавыя на той час). Гэтыя нормы (цяпер вядомыя, як хрысьціянскія) выратавалі мільёны людскіх жыцьцяў, а жыцьці яшчэ большай колькасьці людзей напоўнілі сэнсам (няхай сабе і ўяўным). Варта таксама ўзгадаць Джардана Бруна, які сьвядома пайшоў на касьцёр хрысьціянскай інквізыцыі (бачыце, што з хрысьцянствам за некалькі сотняў гадоў зрабіў зьбюракратызаваны клер?), ведаючы, што Зямля круціцца вакол Сонца, а не наадварот. Ён узорны прыклад чалавека, які цаніў абектыўную праўду вышэй свайго жыцьця. У гэтым жа шэрагу варта ўзгадаць нашага Кастуся Каліноўскага, які таксама ведаючы, што ідзе на сьмерць, сьвядома абраў шлях насустрач ёй толькі дзеля таго, каб калі-небудзь абектыўная праўда і справядлівасьць перамаглі. Памятаеце? «Толькі тады мой народзе зажывеш шчасліва, калі над табой маскаля ня будзе»… Тут жа можна ўзгадаць і Джахара Дудаева, і шмат іншых асоб – у тым ліку тых, хто нам не вядомы й ніколі вядомым ня будзе…

Але пералічаныя вышэй прыклады – гэта ўсё роўна скрайнія выпадкі прадстаўнікоў групы асобы з актыўнай сьветагляднай сьведамасьцю. Яны знаходзяцца нібы на самай верхавіне і псіхічнай, і ўвогуле людскай піраміды. Найбольш жа тыповымі прадстаўнікамі дадзенай групы людзей, напрыклад, у сёньняшнім беларускім грамадстве зьяўляюцца тыя актывісты, якія ня столькі за грошы, колькі па «закліку сэрца» сумленна ўдзельнічалі ў арганізацыі й правядзеньні хаця б апошняй прэзідэнцкай кампаніі. Натуральна, на баку… апазіцыі.

У працэсе разьвіцьця псіхічнага яно ня проста пераскоквае з аднаго ўзроўню на іншы, яно паступова разьвіваецца ўнутры адпаведнага ўзроўню, а затым паступова пераходзіць на іншы, больш высокі ўзровень. Дадзены працэс можна апісаць  наступным чынам:

на ўзроўні падсьвядомасьці – разьвіцьцё псіхікі адбываецца ад жаданьня (і спробаў) эгаістычна навязаць толькі сваю праграму дзеяньняў грамадскай групе да пачуцьця-жаданьня «толькі ў групе, разам з групай і яе дамінантам»;

на ўзроўні масавай дарацыянальнай сьвядомасьці – ад сьцьверджаньня «У нас усё павінна быць гэтак і толькі гэтак!…» да пытаньня: «Ці гэтак павінна быць?…»;

на ўзроўні рацыянальнай сьведамасьці – ад эгаістычнага веданьня праўды («праўда толькі для мяне») да ўсьведамленьня таго, што «праўда адна для ўсіх»;

на ўзроўні сьветагляднай сьведамасьці – ад адмаўленьня нязначнай часткі сваіх інтарэсаў «дзеля інтарэсаў іншых», ад пасіўнага ўхіленьня ад «парочнай рэчаіснасьці» да ўсё больш актыўнага адмаўленьня ад усё большай часткі сябе «ў імя агульных справядлівасьці, праўды, дабра».

 

5.3.1. Заключэньне.

Неарганізаваная грамадсткая маса – гэта штосьці набліжанае да звычайнай адносна прымітыўнай біямасы. Да гэтага трэба прывыкнуць, як да аксіёмы. У нас ужо быў прыклад са 100 мудрацамі, у якіх у выніку амасаўленьня мудрасьць зьнікала, і яны пераўтвараліся ў звычайны натоўп.

«Рыбка думала, што гэта чаравячок, а гэта былі чарвячок і кручок…». Неарганізаваная грамадская маса – гэта і ёсьць тая рыбка, якая можа лёгка папасьціся на кручок, думаючы, што хапае чарвячка!..

Таму выразы, што «народ мудрэй за любога з нас», «народ заўсёды робіць правільны выбар», «праўда заўсёды на баку народа» і т.п. – нішто іншае, як PR-аўскія штучкі, якія камусьці ў дадзены момант аказаліся патрэбнымі для прасоўваньня сваіх прыватных, эгаістычных інтарэсаў (“народ” у дадзены момант думае на яго карысьць). Магчымасьці людскай масы рэзка ўзрастаюць па меры яе сістэмнай арганізацыі ва ўсё больш дасканалае грамадства-народ. Адсюль, правільна лічыць, як ужо неаднаразова паказана раней, што «народ у такой ступені разумны, у якой ён адукаваны, арганізаваны, паінфармаваны, культурны»…

Адна з важнейшых функцый людскай псіхікі – забясьпечваць чалавеку як грамадскай, калектыўнай істоце магчымасьць удзельнічаць у арганізацыі сацыяльнай прасторы, якая яго акаляе. Гэта яго ўласьцівасьць дае яму істотную перавагу перад меньш грамадскімі істотамі. Яна весь час дасканалілася і давала магчымасьць чалавеку жыць ва ўсё больш уладкаваным грамадстве, здольным усё лепш задавальняць яго патрэбы.

Недахопам падвышэньня ўзроўню дасканаласьці людскага грамадства зьяўляецца толькі тое, што яно адначасова ўсё больш ускладняецца. Гэта вядзе да таго, што нейкая частка грамадства заўсёды аказваецца адсталай ад таго ўзроўню арганізацыі, на які грамадства ў цэлым ужо паднялося…

Псіхіка чалавека іерархічна. Яе кампаненты ўваходзяць у склад больш базавых ці больш высокіх яе узроўняў арганізацыі. Таму галоўным крытэрам, на падставе якога трэба структураваць псіхіку людзей, зьяўляецца такое паняцьце, як узровень, на якім праяўляюцца псіхічныя працэсы.

На сёньняшні дзень для аналізу грамадска-палітычнай рэчаіснасьці мэтазгодна выдзеляць 4 такіх псіхічных узроўня: дасьведамасьць, дарацыянальная, рацыянальная і пострацыянальная сьведамасьці.

На ўсіх структурных узроўнях псіхікі грамадскай масы найбольшае практычна-палітычнае значэньне маюць толькі тыя блокі, якія зьвязаны з соцыяарганізуючай функцыяй псіхікі (на малюнку 5.2 пазначаны, як 1б, 2б, 3б, 4б). Прычына ў тым, што палітычная дзейнасьць ёсьць формай масава-грамадскай дзейнасьці. Таму ў асноўным тыя часткі псіхікі, якія зьвязаны з рознымі праявамі сацыяльнага, набываюць прынцыповае значэньне.

Галоўнымі «псіхічнымі апорамі», на падставе якіх той ці іншы прадстаўнік грамадства прымае тыя ці іншыя рашэньні ў крытычныя моманты грамадсткага жыцьця, зьяўляюцца: архетыповы «ідал», людская маса, абьектыўная Праўда, сацыяльная Справядлівасьць.

Рацыянальнымі можна лічыць толькі такія паводзіны людзей, якія заснаваны на рацыянальным і пострацыянальным узроўнях сьведамага. Асаблівасьць жа арганізацыі псіхікі абсалютнай большасьці сучасных людзей заключаецца ў тым, што такія яе слаі, як падсьведамасьць і дарацыянальная сьведамасьць, знаходзяцца ў іх у такім стане, што могуць быць эфектыўна выкарыстаны для палітычнага маніпуляваньня прадстаўнікамі віда Чалавек разумны.

 

 

5.4. Асновы  соцыяпсіхалогіі.

5.4.1. Мяжа «мы-яны».

Як было паказана вышэй, абсалютнай большасьці людзей надзвычай важна ў сваіх уяўленьнях аб рэчаіснасьці абапірацца на «думку» грамадскай масы.

Гэта робіць неабходным прааналізаваць праявы масавага псіхічнага на аснове яшчэ аднаго падыходу – сегрэгацыі чалавекам сацыяльнай прасторы вакол яго. І гэты падыход таксама мае прынцыповае значэньне для палітычнай практыкі.

Галоўнымі памочнікамі ў тым, каб зразумець, як чалавек сегрэгуе прастору вакол сябе, выступаюць займеньнікі (гл. малюнак 5.5).

Ð�ал. 5.5.JPG 

Мал.5.5.  Аўтасегрэгацыя ваколлюдскай прасторы з дапамогай займеньнікаў. Склад яе кампанентаў.

 

З дадзенай сьхемы бачна, што першае “кола” сацыяльнай прасторы вакол чалавека – гэта тое, каго ён можа назваць “мы” (сінонімы: нашы, свае). У залежнасьці ад узроўню сацыяльнасьці чалавека, а таксама ад кантэкстных абставін, гэта могуць быць члены яго сямьі, прадстаўнікі яго працоўнага калектыву, прадстаўнікі яго ж народу (грамадства). На фоне сьвета жывёл і расьлін, а таксама прадстаўнікоў іншых цывілізацый (у будучыні), “мы” – гэта могуць быць “усе людзі на планеце Зямля”.

За псіха-сацыяльным пластом “мы” ідзе слой “яны”. Тое, што пад гэтым можа разумецца таксама залежыць ад узроўню сьветагляднасьці чалавека і ад кантэкстных абставін. Так, калі для яго “мы” – гэта, напрыклад, прадстаўнікі “яго беларускага народу”, тады “яны” – гэта ўсе іншыя народы і іх прадстаўнікі. Калі для яго “мы” – гэта толькі яго дзеці, жонка, бацькі, тады “яны” – гэта іншыя прадстаўнікі грамадства.

На малюнку 5.5 бачна, што ёсьць яшчэ дзьве мяжы: паміж “яны” і “яно”, а таксама паміж усьведамляльным псіхічным, што чалавек харакратызуе як “я”, і яго неўсьведамляльнай падсьвядомасьцю, якую ён жа ўспрымае, як “я – ня я”. Напрыклад, раніцай, працьверазіўшысь, чалавек можа казаць: “Няўжо я гэта ўчора гаварыў (рабіў)? Не, гэта быў ня я…”.

Можна заўважыць, што з чатырох узгаданых межаў, дзьве зьяўляюцца вельмі акрэсьленымі (паміж “я” і “мы”, а таксама паміж “яны” і “яно”), а дзьве – досыць неакрэсьленымі (паміж “я” і “я – ня я”, а таксама паміж “мы” і “яны”). Калі першая мяжа, можа вагацца ў залежнасьці ад глыбіні пазнаньня чалавекам, напрыклад, праз псіхааналіз, свайго “я” (у выніку чаго частка падсьвядомага можа пераходзіць у сьвядомае, а абьём “я – ня я” памяньшацца), дык ваганьне другой мяжы “мы-яны” залежыць ад таго, каго чалавек вызначае, як “мы”, а каго, як “яны”. 

Дык вось, праблема заключаецца ў тым, што штучнае PR-аўскае ўзьдзеяньне можа вельмі істотна паўплываць (і, канешне ж, штучна, негатыўна) на працэс натуральнага фарміраваньня мяжы “мы-яны”.

Для палітычнай практыкі надзвычай важна, каб усе грамадзяне краіны, а тым больш прадстаўнікі народу, які жыве ў сваёй дзяржаве, каб яны ўсе разам добра ўсьведамлялі, што ў час істотных палітычных падзей усе яны разам – гэта «мы, свае, нашы»!  Натуральна, што паразітныя, варожыя дадзенаму народу-грамадству сілы жадаюць супрацьлеглага – каб прадстаўнікі народу, які яны абралі сваёй ахвярай, ці хаця б грамадзяне, не былі так адназначна аб’яднаныя разуменьнем свайго адзінства!

Менавіта таму вакол праблемы мяжы «мы-яны» ідзе такая заўзятая барацьба. Вынік яе, напрыклад, для Беларусі мае прынцыповае значэньне (пра канкрэтныя асаблівасьці дадзенага змаганьня на тэрыторыі Беларусі пазьней).

Такім чынам, аналізуючы арганізацыю псіхікі грамадскай масы з пазіцый соцыяпсіхалогіі атрымліваецца, што для людзей прынцыповае значэньне мае тое, зь якой грамадскай групай яны сябе атаесамляюць. Адносна каго яны гаворыць “мы”, а адносна каго – “яны”. У якасьці “мы” можа выступаць сямья, сябры, супрацоўнікі-калегі, прадстаўнікі той жа сацыльнай групы (“мы – рабочыя”, “мы – прадпрыймальнікі” і г.д.). Вышэйшым узроўнем “мы” (да той пары, пакуль у чалавецтва ня будзе кантактаў з цывілізацыямі іншых жывых істот) зьяўляецца атаесамленьне “мы – грамадзяне, мы – народ”. Дадзенае атаемасленьне найбольш важкае з пазіцый палітычнай соцыя-псіхалёгіі. Для нашых умоў яго нармальная, натуральная форма гучыць так: “Мы – грамадзяне Беларусі, мы – беларускі народ!”, а “яны” – “гэта палякі, рускія, украінцы, летувісы, латышы – грамадзяне сваіх краін” і г.д.

 

5.4.2. Соцыяпсіхалягічны аналіз паняцьця «яны».

Вельмі істотным таксама зьяўляецца соцыяпсіхалягічны аналіз паняцьця «яны». Справа ў тым, што ў гэтым паняцьці можа хавацца прынцыпова розны зьмест. За займеньнікам «яны» могуць быць схаваныя «яны – такія ж, як мы», а могуць хавацца і «яны – ворагі» (гл. малюнак 5.6). Канктэрны зьмест напаўненьня паняцьцяў “мы”, “яны – такія ж, як мы” і “яны – ворагі” у залежнасьці ад узроўня сьветагляднасьці чалавека прадстаўлены ў табліцы 5.1.

Ð�ал. 5.6.JPG 

Мал. 5.6.  Натуральная соцыяпсіхалягічная сегрэгацыя грамадскай прасторы вакол чалавека і розныя формы яго ўзаемадзеяньня зь яе кампанентамі.

 

Табл. 5.1.GIF

З малюнку 5.6 вынікае, што з тымі людзьмі, якія ўваходзяць у паняцьце «мы», чалавек гатовы ўзаемадзейнічаць у значнай ступені на альтруістычных пачатках. З тымі, хто ўваходзіць у паняцьце «яны – такія ж, як мы», гатовы ўзаемадзейнічаць на прынцыпах раўнапраўнага ўзаемакарыснага супрацоўніцтва, а з тымі, хто ўяўляе з сябе антыгуманныя, соцыяпаразітычныя сілы, – гатовы «узаемадзейнічаць» толькі ў форме змаганьня і барацьбы зь імі

Між тым, варожыя сілы, ведаючы дадзеныя заканамернасьці натуральнага масава-псіхічнага, імкнуцца і тут штучна сказіць сітуацыю. Мэта ўсё тая ж – каб забясьпечыць сабе магчымасьць працягваць паразітаваць на грамадстве.

Тэхналёгія наступная: «яны – ворагі» імкнуцца зьліцца з «яны – такія ж, як мы», стаць неаддзельнымі зь імі. Так, калі мы гаворым пра імперскія сілы Расеі, яны заяўляюць, што мы абвінавачваем усю Расею і ўвесь рускі народ у імпэрыялізме; калі мы гаворым «маскалі», яны заўляюць, што мы абражаем рускіх (а не расейскую імперскую бюракратыю і агрэсіўных расейскіх імперыялістаў ды рускіх шавіністаў – г.зн. таго, хто маскалямі ёсьць) і г.д.

Як бачыце, у тэхналёгіі падмены паняцьцяў, якая выкарыстоўваецца паразітычнымі імперскімі сіламі Расеі як для свайго адбельваньня, так і для хаваньня сваёй агрэсіўнай дзейнасьці, знаходзіцца імкненьне «зьліць» ворагаў нашага і расейскага грамадстваў з нармальным расейскім грамадствам.

У сваю чаргу наша стратэгія тлумачэньне беларускаму грамадству аксіём палітычнай рэчаіснасьці павінна абавязкова і заўсёды выразна падкрэсьлівасьць розніцу двух відаў паняцьця «яны», якое мы выкарыстоўвае адносна нашых усходніх суседзяў.

Мы павінны ўвесь час падкрэсьліваць, што мы ня толькі гатовыя, але і ня мысьлім сваёй будучыні без нармальнага раўнапраўнага ўзаемакарыстанага супрацоўніцтва з блізкім нам рускім народам, з усім здаровым расейскім грамадствам, але не зьбіраемся мець нічога агульнага з галоўнай паразітычнай сілай Расеі – расейскай імпербюракратыяй. Больш таго, любое «супрацоўніцтва» з прадстаўнікамі Расеі, у якім бачны інтарэс дадзенай соцыяпаразітычнай групы, павінна быць адрынута, як бесперсьпектыўнае (гл. малюнак 5.7).

Ð�ал. 5.7.GIF 

Мал. 5.7. Персьпектыўная і бесперсьпектыўная формы супрацоўніцтва беларускага грамадства-народу з расейскім грамадствам. Персьпектыўным зьяўляецца толькі такое супрацоўніцтва, якое адбываецца без удзелу асноўнай паразітычнай групы Расеі – расейскай імперскай бюракратыі.

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы