nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Д’ЯБЛЫ

Лістапад 7, 2007 | Няма каментараў

�ен�н-��га.jpg

Сёньня з нагоды “дзяржаўнага сьвята 7 лістапада” – даты бальшавіцка-сіянісцкага перавароту ў Расейскай імперыі ў 1917 годзе, якая сёньня на ўсёй прасторы былога СССРа на дзяржаўным узроўні адзначаецца толькі ў нашай шматпакутнай Беларусі – выстаўляем артыкул Зянона Пазьняка “Д’яблы”. Гэты артыкул быў надрукаваны ў газеце “Зьвязда” 12 траўня 1993 г. і ішоў у працяг артыкула “Пакараньне”, надрукаванага ў газеце раней. Можна спрачацца, наколькі палітычна сэнсоўным было друкаваньне пададзенага ніжэй артыкула ў час перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, але тое, што ў ідэалагічным сэнсе ў ім з пазіцый Праўды ўсё пададзена верна, гэта факт. Сёньня, у час “змаганьня зь міжнародным тэрарызмам”, помнікі ў кожным нашым горадзе аднаму з самых вялікіх тэрарыстаў за ўсю гісторыю чалавецтва, сапраўды, выглядаюць, як мінімум, недарэчна, а па-сапраўднаму – блюзьнерствам. Друкуецца паводле http://zianonpazniak.de/publications/articles/devils.htm.

Рэдакцыя.

Вам, паважаныя чытачы, прапануецца цяжкі артыкул, хоць я і ашчадна пішу пра падзеі. Мы павінны ведаць праўду, якой бы змрочнай яна ні была. Бо нельга жыць у хлусьні.

Не магу ня выказаць падзяку “Звяздзе” за добрую прыпіску да майго артыкула “Пакараньне” (11.02.1993), асабліва што датычыць ацэнкі артыкула як ілюстрацыі да маіх “поглядаў, перакананьняў і падыходаў”. Гэта сапраўды так і ёсьць. Але самае важнае тое, што прыпіска, тонка апэлюючы да людзей пэўнай катэгорыі, дала выдатны вынік – дзьве газэтныя паласы водгукаў, дзе, асабліва ў нумары ад 24 лютага, сабралася (амаль выключна) адна масьць, адна ўзроставая катэгорыя людзей, выяўленыя ўсе распаўсюджаныя стэрэатыпы думаньня постбальшавіцкіх рэспандэнтаў – ад “Ленін – бог, якому мы маліліся ўсё жыцьцё” да “… стварыў магутную дзяржаву, няхай сабе і праз расстрэлы”. Гэтае характэрнае сацыялягічнае сьведчаньне і паводзіны, думаю, цікавыя для сучасьнікаў і дасьледчыкаў.

У пачатку сакавіка я атрымаў ліст з Пінска ад вядомага лекара-псіхіятра Льва Пятровіча Наваковіча. Ён паведамляе:

”Спэцыяльна для “Зьвязды” напісаў і сёньня высылаю белетрызаваны акт пасьмяротнай псіхіятрычнай экспэртызы хваробы Леніна, дзе прыводзіцца разгорнуты дыягназ і яго абгрунтаваньне. У “Медицинской газете” 18.09.1992 г. надрукаваны мой артыкул “Болезнь Ленина: диагноз психиатра”, дзе прыведзенае абгрунтаваньне ленінскага прагрэсіўнага паралічу. Артыкул абмяркоўваўся на катэдры псіхіятрыі Беларускага Інстытуту Ўдасканаленьня Лекараў трыццацьцю псіхіятрамі. Дыягназ прызнаны правільным.

Пры здаровым меркаваньні камунізм-ленінізм – не настолькі ўтопія, — заўважае Л.Наваковіч, — колькі трызьненьне. Сусьветная рэвалюцыя, зьнішчэньне капіталізму, прыватнай уласнасьці і г.д. у сусьветным маштабе – гэта мегагаманічнае трызьненьне, якраз і характэрнае пры прагрэсіўным паралічы. “Шматмудрасьць”, шматслоўе, мноства пісьмовай прадукцыі, ідэй (паталягічных), “агромністая” воля-гіпербумія, цяга да разбурэньня, пастаянны (да 1921 г.) ленінскі неадэкватны сьмех – усё гэта сімптомы маніякальнага стану, ажыятацыі, у якіх “самы чалавечны чалавек” знаходзіўся. Жорсткасьць яго паталягічная, уласьцівая пры арганічным паражэньні мазгоў”, — піша лекар.

Дарэчы, пра неадэкватны “ленінскі сьмех”. Лекары адзначалі, што ў першыя гады пасьля перавароту настрой у Леніна быў пастаянна “павышаны”. Ён шмат рагатаў. Пра гэта з замілаваньнем піша А. Стасава: “Часта на паседжаньнях ЦК можна было чуць выбухі гучнага рогату”.

Бэртран Расел таксама зьвярнуў на гэта ўвагу, але па-іншаму: “Ён шмат рагоча, спачатку яго сьмех здаецца дружалюбным і вясёлым, але паступова мне стала неяк не па сабе”.

Л. Наваковіч, зыходзячы з дыягназу хваробы Леніна, выказаў меркаваньне ў “Медицинской газете”, што неадэкватны сьмех і настрой “правадыра” меў хутчэй за ўсё нематываваны эйфарычны характар. Але з 1921 года, з паглыбленьнем хваробы, весялосьць пачала пакідаць Леніна.

На жаль, “Звязда” не надрукавала рукапіс Л. Наваковіча “Сакрэтны дыягназ”. Ня буду яе ў гэтым асуджаць. Аднак некаторыя месцы з дыягназу спэцыяліста варта ўсё ж працытаваць:

“У часопісе “Огонек” №4 1990, нарэшце, быў надрукаваны артыкул псіхіятра-прафэсара В. Осіпава, які лячыў сьмяртэльна хворага Леніна, і апісаў клінічную карціну і характэрнае разьвіцьцё яго хваробы…

Дадзеныя паталагаанатамічнага ўскрыцьця цела Леніна, надрукаваныя акадэмікам Б.Пятроўскім… Былі выяўленыя масіўныя атрафіі мазгоў і сасудаў… (Дарэчы, па дадзеных Н. Сямашкі, які прысутнічаў пры ўскрыцьці, “склероз сасудаў мазгоў Уладзімера Ільіча быў настолькі моцны, што сасуды гэтыя звапнаваліся: пры ўскрыцьці па іх стукалі мэталічным пінцэтам, як па камяні”.)

“Апісаныя зьмяненьні мазгоў, — піша Л. Наваковіч, — не бываюць пры раненьнях, атручваньнях, ператамленьнях і неўласьцівыя спадчыннаму захворваньню. Акадэмік Б. Пятроўскі справядліва адзначыў, што ня 5 і ня 10 гадоў хварэў гэтым захворваньнем Ленін, яно пачалося задоўга да 1917 г. Псіхіятар праф. В. Осіпаў у “Красной Летописи“(1927 г.) апісаў лячэньне хворага правадыра: яго лячылі прэпаратамі ёду, ртуці, мыш’яку і прышчэпкамі ліхаманкі (малярыі), г. зн. было праведзена актыўнае антысіфілітычнае лячэньне. Прышчэпкамі малярыі тады лячылі прагрэсіўны параліч…

Характэрная сімптаматыка, разьвіцьцё хваробы, яе стадыйнасьць, завяршэньне і праведзенае антысіфілітычнае лячэньне – усё гэта дазваляе цалкам абгрунтавана і неабвержна сцьвярджаць, што У. І. Ленін звыш 10 гадоў хварэў хранічным спэцыфічным менінгаэнцэфалітам – позьнім нейрасіфілісам у выглядзе прагрэсіўнага паралічу з распаўсюджаным атэрасклерозам сасудаў мазгоў.”

“Афіцыйны дыягназ – “распаўсюджаны атэрасклероз сасудаў на глебе заўчаснага іх зношваньня” – не адлюстроўвае сутнасьці захворваньня…

“Геній” быў нэрвова-псіхічна хворым, і пара сказаць народу праўду, дзеля яго ж прасьвятленьня і выратаваньня”, — піша Л. Наваковіч.

Хвароба ня можа кампрамэтаваць чалавека, нават калі яна зьвязана з псіхікай і галавой. Аднак на справе атрымліваецца: тое, што дазволена Мапасану, не ўспрымаецца ў дачыненьні да Леніна. Бо Ленін не Мапасан. Справа нават ня ў тым, што ён асабіста стаў прычынай неверагоднага генацыду, голаду, людаедства, вынішчэньня мільёнаў нявінных людзей. Такіх сярод герояў і галаварэзаў у гісторыі хапае (хоць Ленін і вылучаецца). Справа ў тым, што хвораму Леніну, які ідэалягічна акамуліраваў і палітычна ўвасабляў вар’яцкія ідэі, створаны камуністычнай сістэмай ілжывы міф генія, заснавальніка “перадавога” вучэньня, вялікага тэарэтыка і “самага чалавечнага чалавека”. Гэтым міфам апраўдваюцца ня толькі забойствы, агрэсія, разбурэньні, насільле, абалваньваньне людзей, палітычны і духоўны прыгнёт, хлусьня. Апраўдваецца “вучэньне” аб гэтай хлусьні. Маўляў, вучэньне правільнае, ды вось “сказілі”, камунізм будзе “жыць вечна”. Трэба толькі трымаць “чысьціню” ленінскіх ідэй. А “ідэі” ж — псіхапатычныя.

Міф пра Леніна вынікаў з патрэбнасьці самазахаваньня савецкай таталітарнай сістэмы. Усе камуністычныя правадыры ўмацоўвалі гэты міфічны культ і хавалі яго таямніцы. Гэтак жа, як некалі культ Сталіна, Ленінскі міф ператварыўся ў тыповы для камуністычных краінаў сурагат рэлігіі – сацыяльнае ідалапаклонства.

Могуць запярэчыць: але ж тое, што казаў і рабіў Ленін, тое самае гаварылі і ажыцьцяўлялі іншыя бальшавікі. Ня ўсе ж яны былі хворымі маньякамі? Так, у клінічным сэнсе ня ўсе. Бальшавіцкае вар’яцтва асобай уласьцівасьці. Гэта псіхічная хвароба сэрвільнага грамадзтва, сацыяльная шызафрэнія калектывісцкай ідэалёгіі. Клінічныя маньякі ў такім асяроддзі нічым не вылучаліся, хіба што, часьцей былі завадатарамі. У тым і справа, што калі б у бальшавіцкай сістэме на пасадзе Леніна апынуўся любы зь яго “соратников” (падкрэсьліваю, любы), яму стварылі б аналягічны цёмны культ. Ведаючы бальшавізм, хіба цяжка ўявіць на месцы генсека Леніна, скажам, Льва Троцкага, Сьвярдлова ці Дзяржынскага, Зіноўева ці Кірава, Лацыса, Радэка, Склянскага, Менжынскага, Кагановіча ці Бухарына? Ня цяжка. А генсекам стаў, між іншым, шэранькі малаадукаваны Коба (Сталін), у мінулым крымінальнік. І што атрымалася?! — Геній усіх часоў і народаў.

Трэба сказаць, што “соратнікі” – вартыя свайго правадыра. За міфы пра іх камуністы прадаўжаюць трымацца, як п’яніца за слуп. Ім хочацца знайсьці сярод бальшавікоў хоць адну нармальную асобу ў чорным пантэоне. Чаго вартыя апошнія спробы абяліць такога агіднага індывідуума, як Бухарын. Гэты “выдающийся теоретик”, “любимец партии”, “прекраснодушный интеллигент” пісаў у сваёй працы “Экономика переходного периода” (1920 г.): “Расстрелы являются одной из форм становления коммунистического общества“. Альбо: “Без массовых репрессий и расстрелов нам коммунизм не построить“. Ці яшчэ: “Пролетарское принуждение во всех своих формах, начиная от расстрелов… является методом выработки коммунистического человека из человеческого материала капиталистической эпохи“.

Мэтад “выработки коммунистического человека“ ў дачыненьні да Бухарына прымяніў Сталін. Пры гэтым “теоретик” быў моцна напалоханы, плакаў і не хацеў ператварацца ў “коммунистического человека“.

Пабудову камунізму па бальшавіцкай мэтодыцы Ленін і “соратники“ пачалі адразу пасьля кастрычніцкага перавароту. Былі ліквідаваныя ўсе судовыя ўстановы. 10 лістапада 1917 г. спэкулянты аб’яўляюцца “ворагамі народа” і “расстрэльваюцца на месцы”. У іншым ленінскім дэкрэце “ворагамі народа” аб’яўлены сяляне, што маюць “лішкі хлеба”. (Из истории ВЧК, — М., 1958) У лістападзе 1917 г. утварылі Рэвалюцыйныя Трыбуналы, якія кіраваліся ”велением революционной совести” і складаліся спачатку з сямі чалавек, а з 17 лютага 1919 г. – з трох (“ревтройки”). Ідэя Леніна. Нагадаю, напрыклад, яго тэлеграму ў Ніжагародзкі Саўдэп 9.08.1918 г.: “… составить тройку диктаторов, навести тотчас массовый террор, расстрелять и вывезти…” і г.д.

5 верасьня 1918 года быў прыняты дэкрэт Савета Народных Камісараў аб стварэньні канцлягераў. Бралі закладнікаў. Забойствы без суда і масавыя расстрэлы сталі звычайнай зьявай.

Цікава заўважыць, што Сталін не прыдумаў літаральна нічога новага, чаго б не было ў Леніна. Нават ідэі “СМЕРШа” і “заградотрядов” нарадзіліся ў галаве Ільіча. Праўда, ня ўсё, што напісана Леніным, можна прачытаць. Поўны збор твораў яго – гэта, у значнай ступені, фальсіфікацыя. Там шмат купюраў, ніяк не адзначаных у тэксьце. Вось, напрыклад, абзац ліста Троцкаму. Купюра, вырваная ў ПСС, т.51, с.68, намі падкрэсьленая: “Если наступление начато, нельзя ли мобилизовать еще тысяч 20 питерских рабочих плюс тысяч 10 буржуев, поставить позади их пулеметы, расстрелять несколько сот и добиться настоящего массового напора на Юденича?”

Неабмежаваныя паўнамоцтвы атрымала ЧК – яшчэ адно ўвасабленьне антычалавечых фантазіяў бальшавіцкага правадыра. Пачаўся такі гвалт, у такіх маштабах, якіх дагэтуль яшчэ ня бачыў сьвет. Забівалі ўсіх: старых і малых, мужчын і цяжарных жанчын. Забойствы сталі бытавой зьявай, вар’яцкай нормай жахлівай рэчаіснасьці.

З 1918 да 1924 гг. насельніцтва былой Расейскай імпэрыі паменшылася на 15,1 мільёнаў чалавек. Зь іх 2 мільёны прыпадае на эміграцыю і 800 тысяч на грамадзянскую вайну. Астатнія перабітыя, перадушаныя, закатаваныя, замораныя голадам бальшавікамі-ленінцамі. Да 1953 года ахвяраў камунізму лічылі ўжо на дзясяткі мільёнаў душ.

“Для нас нет и не может быть старых устоев морали и ”гуманности”, выдуманных буржуазией для угнетения и эксплуатации низших классов, — пісалася ў 1919 г. у чэкісцкім штотыднёвіку ”Красный меч”. – Наша мораль новая, наша гуманность абсолютная, ибо она покоится на светлом идеале уничтожения всякого гнета и насилия. Нам все разрешено.”

“Ленін стварыў магутную дзяржаву, няхай сабе і праз расстрэлы”, — пішуць цяпер. (“Звязда”, 1993 г., 24.02.)

Увогуле, фразы, накшталт вышэйпададзенай, і лічбы, якімі б вялікімі, страшнымі яны ні былі, часам дрэнна асэнсоўваюцца на слых. Для некаторых гэта абстракцыі, за якімі не ўяўляецца нічога канкрэтнага (нават для тых, хто ўхваляе забойствы. Успомнім Бухарына.). Што ж, давайце зазірнём, што стаіць за дзеяньнямі людзей, якім было “ўсё дазволена”.

Сьведчаньняў, дакумантаў, матэрыялаў, артыкулаў, кніг на гэтую тэму надрукавана больш чым дастаткова. Я асабліва адзначыў бы працы С.Мельгунова “Красный террор в России. 1918-1923”, Ніластонскага, Авербуха, Мергуліеса, а таксама матэрыялы “Асобай Камісіі па рассьледваньні злачынстваў бальшавікоў”, створанай генэралам А.Дзянікіным. Дакуманты з парыжскага архіва Камісіі часткова надрукаваныя ў Расеі (часопіс “Родина”, 1990, №10 і інш.).

У сакавіку 1919 г. у Астрахані адбываецца забастоўка рабочых. “Дзесяцітысячны мітынг рабочых, якія мірна абмяркоўвалі сваё цяжкае матэрыяльнае становішча, быў ачэплены кулямётчыкамі, матросамі гранатчыкамі. Пасьля адмовы рабочых разысьціся быў дадзены залп зь вінтовак. Потым затрашчалі кулямёты, накіраваныя ў шчыльную масу ўдзельнікаў мітынгу, і з аглушальным трэскам пачалі разрывацца ручныя гранаты… Ня менш дзьвюх тысячаў ахвяр было выхаплена з рабочых радоў.” (Мельгуноў.)

Потым пачаліся арышты рабочых. “У падвалах “чрезвычаек”, камендатур і проста ў дварах расстрэльвалі. З параходаў і баржаў кідалі проста ў Волгу. Некаторым няшчасным прывязвалі камяні на шыю… 13-14 сакавіка расстрэльвалі зноў толькі адных рабочых… потым… рашылі браць першых трапіўшых пад руку “буржуяў”… Да 15 сакавіка наўрад ці можна было знайцьсі хоць адзін дом, дзе б не аплаквалі бацьку, брата, мужа… Да пачатку красавіка расстралялі чатыры тысячы ахвяраў. А рэпрэсіі ўсё не сьціхалі… Жудасную карціну ўяўляла Астрахань у гэты час. На вуліцах – поўнае бязьлюддзе. У дамах ручаі сьлёз.”

(Успомніце хрушчоўскі расстрэл рабочых у Новачаркаску ў 1962 г. Бальшавізм “един”.)

У студзені 1919 года было хваляваньне рускага насельніцтва ў Туркестане, нездаволенага бальшавікамі. “У ноч з 20 студзеня былі масавыя расстрэлы. Груды целаў былі навалены на чыгуначнае палатно. У гэтую страшную ноч было перабіта звыш 2500 чалавек.” (Мельгуноў.)

1920 г. Казань. Бальшавікі расстралялі 60 рабочых за патрабаваньне васьмігадзіннага рабочага дня.

1920 г. Бальшавікі ў Адэсе. “Кожны дзень расстрэльваюць… Колькасьць расстраляных па афіцыйных дадзеных даходзіць да 7000.” Загадалі эвакуіраваць з Адэсы ўсіх галічан. “Але калі яны сабраліся на таварную станцыю з жонкамі, дзецьмі і багажом, іх сталі расстрэльваць з кулямётаў.”

Бальшавікі ў Екацярынадары. Турмы перапоўненыя. “Са жніўня 1920 па люты 1921 толькі ў адной турме расстралялі каля 3000 чалавек.”

Стаўрапальская губернія. “Расстрэльваюць жонак за тое, што не данесьлі пра ўцёкшага мужа, забіваюць 15-16-гадовых дзяцей і 60-гадовых старых… Расстрэльваюць з кулямётаў, часам сякуць шаблямі.”

Менск. 1922 г. На сценах сьпіскі расстраляных. “Расстрэльваюць кожны дзень па некалькі дзясяткаў чалавек.

Крымская разьня 1920-1921 гг. Колькасьць расстраляных называюць ад 50.000 да 150.000 чалавек. “У Сімферопалі можна было бачыць расстраляных жанчын з груднымі немаўлятамі.”

У маленькай Еўпаторыі за 3-4 дні арыштавалі 300 чалавек, перавезьлі на караблі і забівалі на палубах. “Ахвяру акружалі з усіх бакоў узброеныя матросы, здымалі зь яе верхнюю адзежу, зьвязвалі вяроўкамі рукі і ногі… адразалі вушы, нос, губы, палавы орган, а часам і рукі, і ў такім выглядзе кідалі ў ваду…” (Справа №56 Асобай Камісіі…)

“На металургічным заводзе кінулі ў доменную печ 50 чалавек.”

У Харкаве, Палтаве і іншых украінскіх гарадах Асобая Камісія выявіла шмат забітых бальшавікамі ў агульных магілах. Трупы з адрэзанымі рукамі, языкамі, насамі, выкалатымі вачамі, сплюшчанымі галовамі і т.п. Сярод іх 18 сямідзесяцігадовых манахаў. З 75-гадовага архіепіскапа Радзівона зьнялі скальп. “У ліку ахвяр – маладыя дзяўчаты, старыя бабулькі і цяжарныя жанчыны.”

“Дваццаць пяць сьвятароў расстралялі ў Пярмі, а епіскапа Андроніка жывога закапалі.”

“Забітых пакідалі доўга валяцца на месцы расстрэлу і не дазвалялі родзічам забіраць целы, пакідаючы іх на зьядзеньне сабакам і сьвіньням, якія цягалі іх.” (Мельгуноў.)

“Ворагаў народа”, сялян, рабочых, буржуяў, “гнілую інтэлігенцыю” і г.д. чэкісты шмат дзе вешалі і расстрэльвалі днём, проста ў горадзе ў прысутнасьці разьзявак, родзічаў і дзяцей. У маскоўскай ЧК у 1923 годзе ўсю зіму расстрэльвалі проста ў двары. Сьнег быў буры. Калі ён пачаў раставаць, на вуліцу з-пад варот хлынула рэчка крыві. Чэкісты выскачылі і адчынілі на вуліцы нейкі люк, спускаючы туды крывавую плынь.

У Саратаве бальшавікі расстрэльвалі каля горада ў вялікім глыбокім яры. Трупы не засыпалі. За год іх накапілася тысячы. Як магнітам туды цягнула людзей. Стаялі на перакідным мастку, узіраліся ў чалавечае месіва, дзе жыравалі каты, вароны, сабакі, спадзяваліся ўбачыць сваіх родзічаў. Цікаўных тут жа арыштоўвалі чэкісты. А людзі, як у самнамбулічным стане, ішлі і ішлі.

Хворых і раненых зьнішчалі “беспощадно”. Вось прыехала група бальшавікоў у шпіталь пасьля адыходу Дзянікіна. “Пагаварыўшы трошкі з раненымі, пачалі затым расстрэльваць і секчы ўсіх падрад… прычым адзін зь іх дастаў сякеру і сек ёю… Праз нейкі час… усе вымазаныя крывёй абмывалі сябе і сваю зброю, сякеры і рыдлёўкі на двары ў карытах, а потым зноў вярнуліся прадаўжаць… (Справа №2.)

Над людзьмі і трупамі абавязкова глуміліся. У прысутнасьці жонкі бальшавік ударыў яе мужа шабляй па галаве.”Мазгі выпалі і разьбіліся на кускі па тратуары; удава кінулася падбіраць іх, каб ня даць схапіць сабакам. Адагнаўшы ўдаву, чырвоны кат закрычаў; “Ня руш. Хай сабакі зжаруць.” (Справа 43-44)

“Расстрэльвалі дзяцей у прысутнасьці бацькоў і бацькоў у прысутнасьці дзяцей… Асабліва лютаваў Асобы аддзел ВЧК. Ён прысылаў з “франтоў” у Бутыркі (Масква – З.П.) цэлымі пачкамі малалетніх “шпіёнаў” ад 8 да 14 гадоў.” (Мельгуноў)

Надзвычай жорстка зьнішчалі сялян.

1921 г. “Амаль уся Ляскавіцкая воласьць Бабруйскага павету спаленая бальшавікамі дарэшты, — паведамляецца ў Мельгунова. – Арыштаваных адсылаюць у Валагодзкую губ. Ці ў галодныя месцы. Маёмасьць іх канфіскуецца. Бяруцца дзясяткамі закладнікі.”

Загад №69 па Кіеўскай акрузе прадпісваў “ужываньне масавага тэрору супраць заможных сялян, аж да вынішчэньня іх “поголовно”.

У Кастрамской губ. начальства, прыехаўшы ў вёску, “ставіла ўвесь сход на калені, каб сяляне адчулі павагу да савецкай улады…”

У Арлоўскай губ. пры зысканьні надзвычайнага падатку шырока практыкаваліся ператварэньні сялян у “ледзяныя слупы” (аблівалі вадой прывязанага на марозе).

У Тамбоўскай губ. чэкісты “арыштавалі” ікону Багародзіцы і глуміліся над ёй (плявалі і т.п.) Сяляне пайшлі “сьцяной вызваляць Багародзіцу. Ішлі бабы, дзяды, дзеці. Па іх ЧК адкрыла агонь з кулямётаў. Кулямёт косіць па радах, а яны йдуць па трупах, па раненых, лезуць напралом, вочы страшныя, маткі дзяцей наперад, крычаць: “Матухна Заступніца, уратуй, памілуй, усе за Цябе ляжам…” (Мельгуноў.) І ляглі.

Страшным, пакутным было становішча жанчын. Дзікае, подлае глумленьне. Вясной 1918 г. у Екацярынадары камуністы выдалі дэкрэт, надрукавалі яго ў “Известиях Совета” аб “сацыялізацыі” дзяўчат ва ўзросьце ад 16 да 25 гадоў. Жадаючыя зьвярталіся ў “надлежащие революционные учреждения”. Вось дакумэнтальны ўзор такога мандата: “Мандат. Предъявителю сего товарищу Карасёву предоставляется право социализировать в городе Екатеринодаре 10 душ девиц возрастом от 16 до 20 лет, на кого укажет товарищ Карасёв. Подпись: Главком Иващев. Место печати.” (Справа №18)

На падставе такіх мандатаў было схоплена 60 дзяўчат. Усе яны былі згвалтаваныя. Некаторыя пасьля жорсткіх катаваньняў былі забітыя і выкінутыя ў раку. “Так, напр., вучаніца 5-га кляса гімназіі была гвалтаваная на працягу 12 сутак цэлай групай… Затым бальшавікі прывязалі яе да дрэва і палілі агнём і, нарэшце, расстралялі.” (Справа №18)

Сьведчаньні аб засьценках, катаваньнях і дзейнасьці ЧК – жахлівыя. Гэта пекла. Адзін з кіраўнікоў ВЧК Лацыс пісаў у “Чырвоным тэроры”: “Першае пытаньне, якое вы павінны прапанаваць абвінавачанаму – якога ён паходжаньня, выхаваньня, адукацыі ці прафэсіі. Гэтыя пытаньні і павінны вызначыць лёс абвінавачанага. Мы зьнішчаем буржуазію як кляс”.

Допыт сьледчага ЧК у Стаўрапальскай губ. зводзіўся да адной фразы: “Пакажы руку! Разьдзець”. Зь вязьня зрывалі адзежу і штурхалі да выхаду. Там яго падымалі на штыкі і кідалі цела ў яму.

Яшчэ прасьцей вялі сьледзтва ў Броньніцах пад Масквой. “Там камісарамі расстрэльваліся ўсе, чые фізіяноміі ім не падабаліся.” (Мельгуноў.)

У Яраслаўлі закладнікаў расстрэльвалі з прэвентыўнай мэтай. У іншых месцах, як сьведчыў Лацыс, “на всякий случай”. Людзей афіцыйна забівалі, часам ня ведаючы іхных прозьвішчаў, каго і за што забілі.

Мэтады забойстваў ЧК (а гэта ўсё стаяла “на канвееры”) былі самыя разнастайныя, — ад грубага біцьця па патыліцы перад ямай, напоўненай мазгамі, да “артыстычнага паляваньня”. Арыштаваных жанчын (ці мужчын) месячнай ноччу голымі выпускалі ў абгароджаны глухім плотам сад і наладжвалі на іх паляваньне з рэвальверамі.

Забівалі дубінай павольна на працягу гадзіны, каб назіраць пакуты ахвяры. У Харкаве (кіраўнік ЧК Саенка) здымалі скальпы, у тым ліку з рукі (рабілі пальчаткі з чалавечай скуры). Памочнік Саенкі матрос “Эдуард” умеў пры забойстве па-сяброўску размаўляць з вязьнем і тут жа “артыстычна” выстраліць яму ў патыліцу, заліваючыся бесклапотным сьмехам. У Царыцыне і Камышыне пілавалі косьці. У Палтаве і Крамянчугу сьвятароў і сялян саджалі на кол. Сялян яшчэ і спальвалі на калах, а кіраўнік ЧК (“Грышка-прастытутка”) сядзеў на крэсьле і пацяшаўся пры гэтым. У Екацярынаславе ўкрыжоўвалі, павольна смажылі ў печах, разрывалі папалам лябёдкамі, апускалі ў кіпень. У Варонежы качалі ў бочках, прабітых цьвікамі. У Кіеве ЧК прыдумала прыстасаваньне з трубой, калі ахвяру наскрозь праядаў пацук. У Адэсе… Страшна было ў Адэсе.

Асабліва зьвярэлі каты-жанчыны. Нейкая дзяўчына Вера Грабеннюкава літаральна крамсала свае ахвяры. За два с паловай месяцы службы ў Адэскай ЧК забіла 700 чалавек. У Валагодзкай і Архангельскай губ. забівала нейкая Рэвека Майзель. Езьдзіла нават у страшны Халмагорскі канцлягер, каб суняць сваю страсьць. Там утапіла 500 чалавек. У Пензе зьвярэла нейкая Бош, у Маскве – дама з папяроскай, у Адэсе – садыстка па клічцы “Мопс”, у Баку – “товарищ Люба”, у Рыбінску – “Зіна”. Усюды былі свае “зьвяры”.

Ніхто ня мог, аднак, зраўняцца з чэкісцкім катам Магам з Масквы. Гэты адзін забіў 11 тысяч людзей. У час “апэрацыі” Мага прыходзіў у экстаз. Аднойчы пасьля расстрэлу 20 чалавек ён згубіў кантроль над сабой, накінуўся на камэнданта турмы Асобага адделу ВЧК, які прысутнічаў пры расстрэле так сабе, “из любви к искусству”. “Распранайся!” – закрычаў Мага, увесь апырсканы крывёй і мазгамі. Ледзь скруцілі энтузіяста.

У Растове-на-Доне ЧК узначальваў Петэрс. У час расстрэлаў за ім бегаў хлопчык гадоў 8-9 і пастаянна прыставаў да яго: “Тата, дай я…”

Пра катаваньні, што прыдумвалі чэкісты, немагчыма ні слухаць, ні пісаць. Скажу толькі, што фантазія тут была нечалавечая – сатанінская. Людзкі розум да такога не дадумваецца. Самае простае катаваньне – гэта калі жывога чалавека клалі ў труну з гніючым трупам, зачынялі вечка і закопвалі ў магілу на 30 хвілін. Затым адкопвалі і прадаўжалі допыт, пакуль ня скажа, што трэба, альбо не звар’яцее. Потым забівалі.

“Чрезвычайная Комиссия – краса и гордость Коммунистической партии”—казаў Зіноўеў. “Отныне мы все должны стать агентамі Чека”, — Бухарын. “Чрезвычайка – это лучшее, что наши советские органы могут дать”, — Лацыс. І гэта сапраўды так. У ЧК і потым у НКВД і КГБ – квінтэсэнцыя бальшавізму.

Ня буду пісаць таксама пра катаваньні, крывавыя оргіі ў турмах і глумленьне чэкістаў над жанчынамі. Тут, здаецца, сама прырода змаўкае ў жаху, увесь Сусьвет. Лічу, што нельга гэта апісваць, бо ўжо само апісаньне ёсьць зьнявага Той, на якой трымаецца жыцьцё.

Сьведчаньняў пра зьвярынае аблічча ленінскага бальшавізму тысячы. Я пераказаў тут некалькі агульнавядомых у некамуністычных краінах фактаў, каб тыя, хто чытае подлыя сцьвярджэньні, накшталт “няхай сабе і праз расстрэлы”, ведалі, што рэальна за гэтым стаіць і як адбіваецца на чалавечых лёсах.

Бальшавізм ёсьць ідэалягічнае выяўленьне крымінальнай ахлакратыі. Ідэалёгія, выведзеная з псіхалёгіі ўзбуджанага натоўпу, дзе чалавек траціць якасьці асобы і ператвараецца ў псіхапатычную частку біялагічнай чарады, дзе рэзка абніжаецца набыты ўзровень культуры, дзе пануюць дзікія інстынкты. Вось яна, тая антыхрысьціянская “бэстыя”, пра якую марыў і пісаў Ніцшэ (яшчэ адзін цёмны “геній”), той “дыянізаўскі дух”, вызвалены ад культуры. Ён ажыцьцявіўся гістарычна ў бальшавіках.

Сэрвілізм, не абмежаваны ніякой сістэмай, — ідэальнае сацыяльнае асяроддзе для бальшавікоў. Натоўп падтрымліваў, абагаўляў сваіх мучыцеляў, нават прайшоўшы праз ЧК і ГУЛАГ. У справе №25 Асобай камісіі гаворыцца пра забойства ў Растове-на-Доне прафэсара Колі. Бальшавікі вывелі яго з дому на вуліцу і пачалі “разьбірацца”. Сабраўся выпадковы натоўп і крычаў яму “генэрал”, “мільянер”, патрабаваў забіць, “як і ўсіх багатых людзей”. Бальшавікі расстралялі прафэсара і труп выцягнулі на сярэдзіну вуліцы. Натоўп пачаў глуміцца над трупам. “Жанчыны тапталі нагамі, некаторыя плявалі.., патрабавалі сьмерці для яго ўдавы і дзяцей”. Трыццатыя гады потым далі неверагодныя прыклады рабалепства.

У чым жа прычына бальшавізму? Максім Горкі, знаўца Расеі, тлумачыў яе “исключительной жестокостью русского народа” (“О русском крестьянстве”), калі “нядаўні раб” стаў уладаром бліжняга свайго”.

Горкі крышку памыліўся. Гэта не прычына, а, хутчэй, вынік. Адказнасьць за вар’яцкія ідэі павінен несьці не народ, а пачка рэвалюцыянераў на чале зь Леніным.

Заўважце, як суадносіцца ўся гісторыя камунізму ў СССР, увесь ланцуг злачынстваў з выказваньнямі і нават з тэрміналёгіяй Леніна і яго акружэньня. Зло сталі называць дабром, а дабро злом. Адбывалася перакульваньне, падмена фундамэнтальных паняцьцяў жыцьця. Нормай рабіўся грэх, ненармальнае – нармальным. У 1920-х гадах у Тыфлісе быў надрукаваны зборнік чэкісцкай паэзіі “Улыбка Чека”. Бальшавіцкі садыст, што катаваў і забіваў, нейкі Эйдук, пісаў:

Нет большей радости,

нет лучших музык,

Как хруст ломаемых

жизней и костей.

Вот отчего, когда томятся

наши взоры

И начинает буйно страсть

в груди вскипать,

Черкнуть мне хочется

на вашем приговоре

Одно бестрепетное:

“К стенке! Расстрелять!”

Гэты збочаны падонак ня трапіў у бальшавіцкія хрэстаматыі. Большасьць камуністаў, відаць, задавальнялі свой юр звычайным спосабам.

Ко мне –
Кто всадил спокойно нож
И пошел от вражьего тела с песнею!

— писаў Маякоўскі (успомнім матроса “Эдуарда”). Гэта названа ім новай “нагорнай пропаведдзю”.

Это я попал пальцем в небо,
Показал: он – вор!

Пасьля кастрычніцкага перавароту богазмагарская тэма ў Маякоўскага і апяваньне Антыхрыста зьмяняюцца. Месца Антыхрыста займае Ленін – канкрэтны чалавек. Экзальтаванае апісаньне яго асобы Маякоўскім – гэта прыняцьце акту прышэсьця Антыхрыста ў форме багахульнага літаратурнага юродзтва. Уся гэтая кніжная мярзота была ўведзена ў савецкія школы, убівалася ў галовы асьлепленых, невідушчых з дзяцінства людзей.

Камуністы-ленінцы паставілі сябе і сваю партыю па-над маральлю. “Маральна толькі тое, што карысна для рэвалюцыі”, — казаў Ленін. Тэрарыстамі былі раней народнікі, эсэры, іншыя рэвалюцыянеры-бязбожнікі. Стаўшы на шлях забойства і адкінуўшы хрысьціянскую этыку, яны не пазбавіліся, аднак, хрысьціянскай псіхалёгіі. Адсюль раскаяньне некаторых, мукі сумленьня, адчуваньне цяжару граху ці адкладаньне замаху, каб не пацярпелі жанчыны і дзеці і г.д. Рэвалюцыянеры-ленінцы зьнялі гэтую супярэчнасьць паміж псіхалёгіяй і этыкай, адмовіўшыся ад хрысьціянскай маралі. Дакладней, прыняўшы сатанінскую антымараль. Аказваецца, можна было масава зьнішчаць людзей і бесклапотна сьмяяцца, любавацца пейзажамі, мастацтвам, займацца палітыкай, літаратурай, фліртам і спакойна спаць. Асабліва гэта стала проста, калі па тваіх загадах забівалі іншыя.

Не богазмаганьне, не цынічнае багахульства, а менавіта пазбаўленьне ад маралі і ад культуры сьведчыць пра сатанізм бальшавікоў. Усёпаглынаючым сурагатам маралі стала ў бальшавікоў хлусьня, грандыёзная і шматаблічная, страшная, нябачная дасюль, незразумелая. Яны перасталі быць людзьмі ў хрысьціянскім сэнсе слова; гэта сапраўды рэвалюцыя ў сьвядомасьці, крок назад, але нават не ў дзікунства, не ў арду, а ў асэнсаванае зло, у зло як сьветапогляд, як феномэн сусьвету.

За ленінізмам і ідэямі бальшавізму няма нічога гістарычна-сэнсоўнага, што б было хоць як абгрунтавана жыцьцём і патрэбамі разьвіцьця, акрамя волі да ўлады любымі спосабамі. Карэньні іх ідэй і паводзінаў я знаходжу ў масоншчыне, у розных сатанінскіх вучэньнях, ерасях і арганізацыях. За бальшавікамі стаяла апраметная, і пекла ішло за імі.

Бальшавізм ня ў стане зьмяніцца, бо ня можа пакаяцца. Для пакаяньня патрэбная вера ў Бога, сумленьне і хрысьціянская мараль. У бальшавізме, відаць, зафіксаваны пераход (этап) да д’ябальшчыны на Зямлі. Гэта значыць да такой эманацыі духу, што па прыродзе сваёй ня ў стане тварыць дабро і нічога, акрамя зла.

Бальшавізм склаўся як нерэфармуемая, нязьменная ідэйна-псіхалягічная сістэма разбурэньня і зла. Зь ёй нельга супрацоўнічаць. Ёй нельга дараваць. Яе трэба ізаляваць, як ізалюе арганізм балячку на целе.

Формула вышэйшага хрысьціянскага дараваньня тут не падыходзіць. Езус дараваў бандыту на крыжы. Але, па-першае, бандыт перад сьмерцю пакаяўся. Па-другое, гэта быў проста чалавек, і грахі яго былі чалавечыя. Найвышэйшая Божая справядлівасьць у тым, што д’ябал (Шатан) будзе пакараны, і слугі яго. Д’яблам дадзена свабодная воля тварыць зло, але дараваньня ім няма. Езус ніколі, нідзе і ні ў чым не дараваў цёмнай сіле.

Прыйдзе час, і расейскі камунізм будзе пакараны. Прырода патрабуе раўнавагі. (У тым ліку і грамадзтва – сацыяльна-культурная прырода.) І там, дзе яна парушана, абавязкова адбываецца рух, імкненьне да ўстойлівасьці. Гэта плянэтарны працэс. Вось толькі як, за які час, якім коштам – шмат залежыць ад людзей, ад таго, як здолеюць людзі разабрацца, выцерпець тое, што наканавана, і зрабіць тое, што трэба. Такое пытаньне цяпер стаіць перад нашай нацыяй і кожным чалавекам.

Зянон Пазьняк,
Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі Навук, Народны дэпутат Беларусі

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы