nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Безнадзейная Расея

9 лістапада, 2007 | Няма каментараў

Барыс Стамахін, палітвязень (паводле http://eldarova.livejournal.com/33908.html)

СÑ�амаÑ�Ñ�н 2.JPG 

Крамлёўскі лялячны тэатр адчыняе чарговы сезон і рыхтуецца да грандыёзнага спекталя. На сьнежань 2007 г. прызначаныя так званыя “выбары ў Дзяржаўную Думу Федэральнага Сходу Расейскай Федэрацыі”.

 

Ужо ў мінулых “выбарах” у сьнежні 2003 года немагчыма, немысьліма было ўдзельнічаць – ні галасаваць, ні балатавацца. Нерукапаціснута, як бывала казаў нябожчык Андрэй Чэркізаў. Ужо тыя “выбары” былі “выбарамі” на крыві – пасьля крывавых бамбёжак Чачні й яе масавых “зачыстак” расейскімі карнікамі. Ужо тыя “выбары” на фоне ямаў са скалечанымі, расстралянымі, зьвязанымі калючым дротам трупамі – былі фарсам, арганізаваным мясьнікамі ў штацкім – камандзірамі і натхняльнікамі мясьнікоў у пагонах, “героеў” Чарнакозава і Сернаводска…

Усё гэта нікуды не падзелася, – бо тэрміну даўніны ў такіх злачынстваў не існуе. Яны могуць “забыць”, як і іхны электарат, – але мы дык памятаем. Наступны фарс “выбараў у Дзяржаўную Думу” сьнежня 2007 года будзе гэткім “зьездам пераможцаў” на сталінска-пуцінскі лад – якраз у год юбілея лютаўска-сакавіцкага пленума 1937 года. Гэта ўжо “выбары” ня толькі на крыві народаў Каўказа, сотняў тысяч бязьвінна забітых жанчын і дзяцей. Гэта ўжо наступны этап: “выбары” на крыві расейскай апазіцыі, праваабаронцаў і журналістаў. Зрэшты, і ў 2003 годзе былі ўжо ў піцінскага рэжыма шкілеты ў шафе – трупы Галаўлёва, Юшэнкова і Шчэкаціхіна (а яшчэ трохі раней, калі ФСБ напоўніцу ірвалася да ўлады – і труп Старавойтавай). Сёньня да іх дадаліся цені Паліткоўскай і Літвіненкі.

У 2003 годзе не пайсьці ўдзельнічаць у гэтым чэкісцкім фарсе – значыла проста-напраста захаваць чыстымі рукі, не замараць іх той крывёю, якой былі густа заляпаны “выбарчыя бюлютэні”. Лозунг байкоту быў адзіным магчымым для кожага хаця б мала-мальскі паважаючага сябе чалавека ў гэтай краіне.

З таго часу сітуацыя зьмянілася да горшага – хаця ў 2003-ім і здавалася, што горш ўжо няма куды. З таго часу рэжым прадпрыняў шэраг простых, але выніковых хадоў: ўзьняў парог праходжаньня ў думу з 5% да 7%, адмяніў выбары па аднамандатных акругах, забараніў любыя выбарчыя аб’яднаньні, акрамя палітычных партый, пры гэтым жорстка заблакаваў стварэньне партый адпаведным законам, прыбраў зь бюлетэняў графу “супраць усіх” і – найбольш выніковы ход! – адмяніў увогуле парог яўкі на выбары, які раней складаў дзе 50%, дзе 25%. Лозунг байкота, г.зн. сьвядомага зрыву выбараў шляхам агітацыі за няяўку выбарцаў на ўчасткі, страціў сэнс. Цяпер, калі па ўсёй краіне прыйдзе на ўчасткі хаця б па 10 чалавек, “выбары” ўсё роўна будуць урачыста прызнаныя адбылымі.

Гэта ўжо нецікава. “Ну, я так не гуляю” – казаў у такіх выпадках Карлсан. Гэта – яшчэ больш па-савецку, чым знакамітыя савецкія “выбары” з адным кандыдатам у бюлетэні. Гэта – поўны фініш… Па цынізьме, як і па жорсткасьці, пуцінскі рэжым ужо пераплюнуў прыснапамятны брэжнеўскі.

 

Куды коціцца Расея?

Назад у сталінізм. Туды, адкуль яна і выйшла – гэтая “Расейская федэрацыя – дэмакратычная прававая дзяржава”.

 

«Родина! Еду я на родину!..» (Шэўчук).

Для любога чалавека, які хоць элементарна, хоць мала-мальскі, хоць на 1% паважае сябе, удзельнічаць любым чынам (хоць пасіўна, хоць актыўна) ў падобным фарсе непрыймальна. У гнюснай камедыі, якая разыгрываецца ваеннымі злачынцамі на костках іхных ахвяр, на руінах нашых спадзеваў, нашых ілюзій пачатку 1990-х – пра дэмакратыю, свабоду, пра ўваходжаньне ў цывілізаваны сьвет… [Стамахін не разумее, што адна з галоўных прычынаў правалу яго і нашых мараў у тым, што па-сапраўднаму цывілізаванага сьвету ўжо практычна і няма; а між тым, гэта наша галоўнае адкрыцьцё… – Рэд.]  Палітыкі ў гэтай краіне ўжо даўно няма – яна замененая гэтым затхлым, ватным, мёртвым фарсам. “Паміраньне з хусткай у роце” – так у пачатку ХІХ стагоддзя назваў гэтае пачуцьцё Герцэн. З таго часу на хустцы заўважальна дадалося крывавых пятнаў…

Што рабіць? Дзе нашыя акуляры? Гэта, як вядома, любімыя пытаньні рускай інтэлігенцыі. (Разам з пытаньнем “хто вінаваты?”) Але ружовыя акуляры якраз і прыйдзецца зьняць, каб адэкватна і цьвяроза адказаць на пытаньне: што рабіць?

Усё заціснута ў адзін жалезы кулак – усе ніткі ад усіх трох “незалежных галінаў улады”. Суды, пракуратура, міліцыя, армія, сьпецслужбы, выбаркамы, прэса, цэнзура, прапаганда, царква – усе дзяржаўныя і леганьна дзеючыя грамадскія структуры па-вайсковаму падпарадкоўваюцца адной асобе, адзінаму жорстка акрэсьленаму цэнтру, які не дапускае ні малейшага непадпарадкаваньня альбо пратэсту. Гэта і ёсьць таталітарызм. І мы ў ім жывем. Зноў. Вось ужо некалькі гадоў, з пачатку пуціншчыны.

А вы не заўважылі, так?..

 

Дык што усё ж рабіць?  

Адзіны яшчэ хоць неяк мысьлімы мірны метад супраціву быў апрабаваны Кансерватыўна-хрысьціянскай партыяй БНФ у 2006 годзе на выбарах прэзідэнта Беларусі. І не прайшоў, аказаўся нерэалізуемым нават там! [па-першае, мы ня згодныя са словам “нават” – у Беларусі рэжым пакуль больш жорсткі; па-другое, Пазьняком была зроблена чарговая тактычная памылка (у адказ на яго заклік забіраць бюлетэні з сабой лукашысты зрабілі іх каляровымі й паставілі людзей у штацкім паміж кабінкамі для галасаваньня і ўрнамі, чым цалкам неўтралізавалі яго прапаному); Пазьняку б паслухаць Гары Паганяйлу, але калі ён увогуле каго-небудзь слухаў; Стамахін тут і далей паказвае, што ён не разабраўся ў нюансах… – Рэд., Алесь Астроўскі].

Сам метад вельмі просты. Трэба толькі, пераадолеўшы натуральную агідлівасьць, прыйсьці ўсё-такі на ўчастак, узяць бюлетэнь і… занесьці яго дахаты. А потым – масава, прылюдна здаць гэтыя бюлетэні ў сьпецыяльна на тое створаны “параленьны выбаркам”, сабраць гэтыя сотні тонаў пуцінскай макулатуры ад Кенігзберга [будучая назва гораду – Каліноўск. – Рэд.] да Ўладывастоку. Каб на наступны дзень пасьля “інаўгурацыі”, урачыста прадставіўшы гэтыя мегатонны Захаду, спытаць у яго, гледзячы прама ў вочы: чыю легітымнасьць? – якой Дзярждумы, якога прэзідэна – ён прызнае? І на якой падставе? Які народ быццам бы іх выбраў, калі большасьць бюлетэняў – вось яны, перад вамі?! [Захад цяпер паўсюль прадстаўляюць людзі, для якіх цалкам падыходзіць прымаўка: ім хоць с*ы ў вочу, будуць казаць – боская раса. – Рэд.]

Але досьвед ужо ёсьць – і, на жаль, адмоўны. Мы ўжо падалі Захаду тонны доказаў генацыду ў Чачні, усе гэтыя сьведчаньні ацалелых у Чарнакозава (улучна з Андрэем Бабіцкім), усе гэтыя фотаздымкі чачэнскіх трупаў, прывязаных калючым дротам і цягнутых за расейскімі танкамі… Па суме ўсяго гэтага, усіх гэтых фактаў за дзьве вайны, з 1994 па 2007, Захад ужо даўно павінен быў бы бамбіць Маскву, як за значна меншыя злачынствы бамбіў у 1999 Белград… Але Захад застаўся глухі і сьляпы да чачэнскай трагедыі, да мораў крыві і гораў нябожчыкаў (прынамсі афіцыйны Захад, у асобах прэзідэнтаў і прэм’ераў тых краінаў, дзе грамадскасьць кожнае 23 лютага праводзіла і праводзіць дэманстрацыі салідарнасьці з Чачнёй). Што яму нейкія бюлетэні… Не лаяцца ж з-за іх з Пуціным, не рызыкаваць жа пастаўкамі газу і нафты… [менавіта так: хоць с*ы ў вочы… – Рэд.]

Да таго ж, каб арганізаваць альтэрнатыўны збор бюлетэняў з участкаў (хаця б у маштабах 10-мільённай Беларусі, не кажучы ўжо пра 140-мільённую Расею), трэба перад усім самае шырокае інфармаваньне насельніцтва аб тым, што неабходна выносіць бюлетэні з участкаў і аб тым, куды іх потым здаваць. Для гэтага ў апазіцыі ёсьць толькі інтэрнэт ды самвыдат – у параўнаньні з прапагандысцкімі магутнасьцямі пуцінскага ТБ гэта нішто. Нават ад інтэлігенцыі Масквы і Піцера ўдасца ахапіць гэтай інфармацыяй адсоткаў 10, ня больш; а ўжо з калгасьнікаў Навасібірскай глыбінькі – нікога… Акрамя гэтага, трэба шырока публікаваць імёны і кантакты зборшчыкаў бюлетэняў – і яны абавязкова будуць арыштаваныя, ці неяк яшчэ вышыблены з актыўнай працы, іх тэлефоны адключаны, іх камп’ютэры – канфіскаваныя… І, нарэшце – як гэта было ў Беларусі – улады могуць грубай сілай міліцыі перашкаджаць людзям выносіць бюлетэні – прасьцей кажучы, сачыць за табой і не выпускаць з участка, пакуль ты на іх вачах не апусьціш гэтую паперку ў скрыню… [таму і трэба было паўважлівей слухаць Г.Паганяйлу; эх, ня слухаюць у нас разумных людей… – Рэд.]

Што ж рабіць? Ніхто не ведае. Так сама, як ніхто не знайшоў ні вінаватых, ні акуляры – акрамя ружовых, ужо нягодныя да ўжытку…

Зрэшты, “нам не патрэбныя сюжэты ды інтрыгі”, як сьпяваў Высоцкі. Спадчына класікаў – увогуле невычарпальны скарб на выпадак розных цяжкасьцяў.

Я, напрімер, на свеце лучшей кнігой

Счітаю кодекс уголовный наш…

Сапраўды, у нашым УК, асабліва з усімі новаўводзінамі і папраўкамі апошніх гадоў, утрымліваецца ўжо маса фармулёвак таго, што на самой справе трэба рабіць з гэтым ганебным пуцінскім рэжымам у адказ на яго вышэйапісаныя дзеяньні. Праўда, там жа пададзены і непазбежны прэйскурант: ад 2 да 20 гадоў, а ў некаторых асабліва складаных выпадках – бестэрмінова, значыць пажыцьцёва…

Галоўнае, што абяцае нам пуцінская прэса на сьнежань 2007 года – гэта захапляльная інтрыга барацьбы паміж “Адзінай Расеяй” і “Справядлівай Расеяй” – г.зн. былой рагозінскай “Родінай” і іжэ зь ёй нацыстамі. Пуці сказаў нават, што на тле “Справядлівай Расеі” “Адзіная Расея” можа – падумаць толькі! – лічыцца больш правай і ліберальнай.

Што ж, на такое жахлівае бязрыб’е, якое склалася ў нас у 2007 годзе, і Грызлоў – ліберал… Але асноўным, нязьменным, усё заглушальным і зацямняльным фонам гэтай іх “барацьбы” будзе, вядома ж, “праблема сацыяльнай абароны насельніцтва”. Г.зн. усе “партыі” без выключэньня, дапушчаныя да ўдзелу ў сьпектакле, будуць спаборнічаць, хто зь іх больш запрапануе халяўнага харчаваньня, спакусіўшы мільёны халяўшчыкаў і гультаёў прагаласаваць за сябе. Але зваротным бокам халяўнага харчаваньня, якое накладвае руплівы гаспадар у міску, непазбежным дадаткам да стойла ды пойла зьяўляецца праца на гэтага гаспадара ў статусе яго працоўнага быдла, поўнае бяспраўе і губляньне ня толькі грамадзянскіх правоў, але і ўвогуле людскага аблічча…

На мінулых выбарах у 2003 годзе вышэйшай кропкай таннага нацыянал-сацыялістычнага папулізму аказаўся пасыл электарату ад ЛДПР: “Мы за бедных, мы за рускіх!” прама ў лоб, проста і немудрагеліста – каб і да самых прапітых мазгоў дайшло… Чым парадуе нас хор нацыстаў і халяўшчыкаў ад Пуціна да Зюганава на “выбарах” 2007 года? Пакуль яшчэ не ўсе іх перлы агучаныя, і людзей, якія разумеюць, дзе ім собіла нарадзіцца, да сьнежня 2007 года чакае яшчэ нямала імгненьняў сумнага гумару і сьмеху скрозь сьлёзы…

Калісьці, у пачатку 1990-х, у Расеі было некалькі камуністычных партыяў, некалькі сацыял-дэмакратычных, парачка нават ліберальных… хаця б па зьнешняў аблічнасьці, па назвах – гэта была барацьба ідэй, ідэалогіяў, мадэляў грамадскага ўладкаваньня, а ня проста розных кланаў адстаўных і дзейных чыноўнікаў. Але ўжо тады была і ЛДПР, і зьяўляліся дзень за днём усё новыя і новыя нацысцкія групоўкі. А сёньня ўсё зьвялося, як у “лепшыя” савецкія часы, да “канфлікту лепшага з харошым”: “Адзіная Расея”, “Справядлівая Расея”, “Іншая Расея”… “І гэта ўсё аб ім…” Усе кірункі палітычнай думкі – ад халяўнага хлеба і “вялікай дзяржавы” па-пуцінску да тых жа самых незьнішчальных у душы галасуючага забулдыгі каштоўнасьцяў па-лімонаўску, па-рагозінску і – хто б мог чакаць гадоў 15 назад! – нават па-каспараўску…

Ну, што ж, паспрабуем працягнуць гэты сэнсавы шэраг, толькі трохі бліжэй да рэчаіснасьці: “Утрыманская Расея”, “Пахмельная Расея”, “Крывавая Расея”, “Шавіністычная Расея”, “Папулісцкая Расея”, “Таталітарная Расея”, “Прагнілая Расея”, “Наканаваная Расея”, “Прапалая Расея”, “Непакаянная Расея”, “Загіблая Расея”…

Як бычым, партый дастаткова на любы густ.

Шчыра запрашаем на выбары!

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы