nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ізраільскае лобі й вонкавая палітыка ЗША (частка 1)

19 лістапада, 2007 | Каментары (1)

Сьцівен Уолт, Джон Міршаймер (паводле http://meast.ru/?p=310)

С��-лоб� �Ш�.JPG

Пасьля Расеі й Беларусі час зірнуць на Захад… Аўтары артыкула, які пададзены ніжэй, зьяўляюцца вядомымі й паважанымі амерыканскімі сьпецыялістамі. Сьцівен Уолт – прафесар міжнародных зносінаў Гарвардскага ўніверсітэта, Джон Міршаймер – палітолаг, прафесар Чыкагскага ўніверсітэта. Паўтара гады таму (у сакавіку 2006 г.) імі быў апублікаваны дадзены вялікі артыкул «The Israel Lobby and U.S. Foreign Policy» ў брытанскім часопісе «London Review of Books». Аўтары выдатна ведалі, які кошт ім давядзецца заплаціць…, хаця ў артыкулы адлюстраваныя факты з разнастайных амерыканскіх й ізраільскіх адкрытых і агульнадаступных крыніц.

Рэдакцыя.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў, асабліва пасьля 6-дзённай вайны 1967 г., сістэмаўтваральным элементам амерыканскай палітыкі на Блізкім Усходзе былі адносіны зь Ізраілем.

Безумоўная падтрымка Ізраіля ў спалучэньні з рэгулярнымі спробамі “праштурхоўваньня дэмакратыі” ў рэгіёне скрайне негатыўна адбілася на грамадскім меркаваньні ў ісламскім сьвеце ў цэлым і арабскіх краінах, у прыватнасьці. Такая палітыка ставіць пад удар ня толькі амерыканскую нацыянальную бясьпеку, але і агульнасусьветную стабільнасьць. У амерыканскай палітычнай гісторыі падобнае становішча ня мае прэцэдэнтаў.

Які сэнс у тым, што ЗША грэбуюць уласнай бясьпекай і бясьпекай многіх сваіх саюзьнікаў дзеля забесьпячэньня інтарэсаў трэцяй краіны? Тэарэтычна можна было б меркаваць, што стасункі паміж дзьвюма краінамі грунтуюцца на ўзаемных стратэгічных інтарэсах альбо абсалютных маральных імператывах. Але такое тлумачэньне не дае адказу на пытаньне пра прычыны такой масіўнай матэрыяльнай і дыпламатычнай падтрымкі з боку ЗША.

Вектар амерыканскай палітыкі ў рэгіёне практычна цалкам вызначаецца ўнутранай каньюнктурай. Гаворка ідзе найперш пра актыўнасьць “ізраільскага лобі”.

У іншых лабісцкіх структур таксама атрымлівалася аказваць уплыў на вонкавую палітыку, але ні адна зь іх ня мела і ня мае магчымасьці накіроўваць яе ў настолькі далёкае ад нацыянальных прыярытэтаў рэчышча і адначасова намаўляць амерыканцам ідэю, што інтарэсы ЗША абсалютна ідэнтычныя інтарэсам іншай дзяржавы – у дадзеным выпадку Ізраіля.

З часоў заканчэньня вайны Суднага дню ў кастрычніку 1973 г. Вашынгтон аказваў падтрымку Ізраілю ў аб’ёмах, якія несупаставімыя з аналагічнымі паказьнікамі ў іншых краінах. З 1976 г. Ізраіль стаў буйнейшым атрымальнікам прамой штогадовай эканамічнай і ваеннай падтрымкі. Пасьля Другой сусьветнай вайны Тэль-Авів атрымаў больш 140 млрд. $ (па курсе 2004 г.), што таксама зьяўляецца абсалютным рэкордам. На ізраільскія рахункі кожны год паступае каля 3 млрд. $ толькі прамой дапамогі, што складае прыкладна пятую частку ўсіх сродкаў, прадугледжаных у бюджэце на спрыяньне замежным дзяржавам. На кожнага грамадзяніна Ізраіля, такі чынам, прыпадае каля 500 $ у год. Такія вялікія сумы выклікаюць яшчэ больш пытаньняў, калі прыняць да ўвагі той факт, што сучасны Ізраіль ёсьць дастаткова багатай індустрыйнай краінай з такім жа ўзроўнем прыбытку на душу насельніцтва, як у Паўднёвай Карэі альбо Гішпаніі.

Усім дзяржавам сьвету фінансавая дапамога выдзяляецца ў выглядзе штоквартальных выплатаў, што не перашкадае Ізраілю атрымліваць увесь аб’ём асігнаваньняў у пачатку чарговага фінансавага году разам з магчымасьцямі дадаткова зарабіць на працэнтах з гэтай сумы. У той час, калі большасьць краін абавязаныя расходаваць атрыманыя субсідыі на ваенныя патрэбы ў Злучаных Штатах, Ізраілю дазволена пераводзіць 25% адпаведных асігнаваньняў на разьвіцьцё ўласнай абароннай індустрыі. І толькі Ізраілю дазволена не даваць справаздачу, на якія мэты ідзе амерыканская дапамога. Гэта робіць практычна немагчымым перашкодзіць выкарыстаньню грошаў на мэты, якія супярэчаць інтарэсам ЗША, – напрыклад, на будаўніцтва паселішчаў на Заходнім беразе. Больш за тое, ЗША выдзелілі Ізраілю каля трох мільярдаў даляраў на мадэрнізацыю ўзбраеньняў і пастаўляюць яму такія першакласныя ўзоры тэхнікі, як верталёты «Blackhawk» і рэактыўныя самалёты F-16. Нарэшце, ЗША забясьпечваюць Ізраілю доступ да выведданых, якія не раскрываюцца нават саюзьнікам па НАТА, і глядзяць скрозь пальцы на наяўнасьць у Тэль-Авіва ядзернага патэнцыялу.

Вашынгтон аказвае цьвёрдую дыпламатычную падтрымку Ізраілю. З 1982 г. ЗША наклалі вета на 32 рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, якія ўтрымлівалі яго крытыку; гэта перавышае агульную колькасьць выпадкаў прымяненьня вета іншымі членамі РБ ААН, разам узятымі. Злучаныя Штаты блакуюць усе высілкі арабскіх краін паставіць ізраільскі ядзерны арсенал пад кантроль МАГАТЭ, аказваюць дапамогу ў час вайны і займаюць бок Ізраіля ў ходзе мірных перамоваў.

Адміністрацыя Ніксана бараніла яго ад пагрозы савецкага ўмяшальніцтва і рабіла дадатковыя ваенныя пастаўкі ў час канфлікта 1973 г. Пасьля яго завяршэньня Вашынгтон прыймаў актыўны ўдзел у мірных перамовах і наступым доўгатэрміновым “пакрокавым” мірным працэсе; ён меў ключавую ролю ў падрыхтоўцы і падпісаньні пагадненьняў у Осла.

Ва ўсіх памянёных выпадках паміж прадстаўнікамі ЗША і Ізраіля ўзьнікамі перыядычныя трэньні, але ў цэлым амерыканцы цьвёрда адстойвалі інтарэсы свайго блізкаўсходнега партнэра. Адзін з удзельнікаў перамоваў у Кэмп-Дэвідзе ў 2000 г. пазьней успамінаў: “Занадта часта мы выступалі… у якасьці адваката Ізраіля”.

Варта дадаць, што імкненьне адміністрацыі Буша зьмяніць сітуацыю на Блізкім Усходзе, прынамсі часткова, накіравана на палепшаньне стратэгічнага становішча Ізраіля.

Такую неверагодную шчодрасьць можна было б зразумець, калі б Ізраіль меў жыцьцёва важнае стратэгічнае значэньне для Амерыкі альбо падтрымка ЗША была б зьвязаная з сур’ёзнымі маральнымі абавязальніцтвамі. Але ні адно з такіх тлумачэньняў не ўяўляецца перакаўчым. Нехта можа заўважыць, што значэньне Ізраіля было вельмі істотным у дні халоднай вайны. Гэты саюзьнік ЗША з 1967 г. аказваў дапамогу ў стрымліваньні савецкай экспансіі ў рэгіёне, ён жа нанес прыніжальную паразу сатэлітам СССР – Егіпту і Сірыі. Часам Ізраіль аказваў спрыяньне іншым амерыканскім саюзьнікам (напрыклад, ярданскаму каралю Хусэйну), а яго ваенныя посьпехі вымушалі Маскву губляць вялікія грошы на патрэбы ўласных сяброў. Ён таксама даваў важныя зьвесткі пра савецкі вайсковы патэнцыял.

Аднак пры гэтым падтрымка Ізраіля абыходзілася нятанна і, звыш таго, ускладняла Амерыцы зносіны з арабскім сьветам. Напрыклад, рашэньне аб аказаньні тэрміновай ваеннай дапамогі памерам у 2,2 млрд. $ у разгар канфлікту 1973 г. прывяло да таго, што АПЭК увяло нафтавае эмбарга, якое нанесла сур’ёзныя страты эканоміцы заходніх краін.

Між тым, Ізраільскія ўзброеныя сілы самі па сабе былі няздольныя абараніць інтарэсы ЗША ў рэгіёне. Так, ЗША не маглі пакласьціся на Ізраіль, калі Іранская рэвалюцыя 1979 г. паставіла пытаньне пра бясьпеку здабычы і транспартыроўкі нафты, і таму прыступілі да стварэньня ўласных сіл хуткага рэагаваньня.

Першая вайна ў Персідскай затоцы паказала, наколькі відавочна Ізраіль пачаў пераўтварацца ў стратэгічны цяжар. ЗША не маглі выкарыстаць ізраільскія вайсковыя базы, бо раскалолі б антыірацкую кааліцыю… Гісторыя паўтарылася ў 2003 г.: хаця Ізраіль вельмі прагнуў пачатку атакі на Ірак, Буш ня мог зьвярнуцца да яго за спрыяньнем, бо апошняе выклікала б моцнае незадавальненьне ў арабаў. Такім чынам, Ізраіль зноўку застаўся ня ў справе.

Пачынаючы з 1990-х амерыканская падтрымка матывавалася тым, што абедзьве дзяржавы знаходзяца пад пагрозай з боку тэрарыстычных груповак, якія існуюць у арабскім ды мусульмаскім сьвеце, і з боку “краін-ізгоеў”, якія аказваюць падтрымку гэтым групоўкам й імкнуцца атрымаць зброю масавага зьнішчэньня. Гэтая матывіроўка стала дэкляравацца зь яшчэ большай інтэнсіўнасьцю пасьля 11 верасьня 2001 г. Падобны пасыл азначае, што Вашынгтон павінен ня толькі заплюшчыць вочы на дзеяньні Ізраіля ў Палестыне і не рабіць ціск на Тэль-Авів да той пары, пакуль ўсе палестынскія тэрарысты ня будуць схопленыя альбо забітыя. Ён утрымлівае й іншы сэнс: ЗША варта ўступіць у канфрантацыю з такімі краінамі, як Іран і Сірыя.

Такім чынам, Ізраіль разглядаецца як “ключавы саюзьнік у барацьбе з тэрарызмам, бо ворагі Ізраіля – сутнасьць ворагі Амерыкі”.

Аднак на самай справе, Ізраіль ёсьць абузай у барацьбе з тэрарызмам і толькі перашкаджае дыялогу з краінамі-ізгоямі.

“Тэрарызм” – гэта ня толькі вораг, але і цэлая тактыка, выкарыстоўваемая шырокім сьпектрам палітычных сіл. Тэрарыстычныя арганізацыі, якія нясуць пагрозу Ізраілю, не ўяўяляюць небясьпекі для ЗША, калі толькі апошнія не ўступаюць зь імі ў непасрэднае сутыкненьне (як было ў Ліване ў 1982 г.). Больш за тое, палестынскі тэрарызм – гэта не агалцелая агрэсія, скіраваная супраць Ізраіля альбо “Захаду”. У значнай ступені – гэта адказ на дзесяцігоддзі габрэйскай каланізацыі Заходняга берага і сектара Газа.

Важна адзначыць яшчэ адзін момант. Калі мы кажам, што Ізраіль і ЗША аднолькава падпадаюць пад тэрарыстычную пагрозу, дык гэтае цьверджаньне мае зваротную прычынна-выніковую сувязь, бо Злучаныя Штаты маюць праблемы з тэрарызмам менавіта з-за наяўнасьці блізкіх саюзьніцкіх стасункаў з Ізраілем, а не наадварот. Праізраільскі курс – не адзіны, але надзвычай істотны стымул для антыамерыканскага тэрарызму. І ён зьніжае выніковасьць антытэрарыстычных мерапрыемстваў. Не выклікае сумневу, што ізраільская прысутнасьць у Ерусаліме і цяжкае становішча палестынцаў аказваюць на многіх лідэраў Аль-Кайды, уключна з самім Асамам бен Ладэнам, далёка не супакойваючае ўзьдзеяньне. Безумоўная падтрымка Ізраіля палягчае экстрэмістам задачу мабілізацыі масаў і вербоўку баевікоў.

Што да так званых “краін-ізгояў” на Блізкім Усходзе, дык яны не ўяўляюць вялікай небясьпекі для жыцьцёвых інтарэсаў ЗША і нават самой дзяржаве Ізраіль. Калі ў іх атрымаецца завалодаць ядзернай зброяй, магчымасьцяў для шантажу Амерыкі альбо Ізраіля ў ніх не дадасца: прывядзеньне пагрозы ў выкананьне выкліча несаразмерны па сіле ўдар у адказ. Настолькі ж нязначнай уяўляецца небясьпека перадачы ядзернай зброі тэрарыстам, паколькі краіна-ізгой ня можа быць упэўнена ў тым, што такое дзеяньне застанецца незаўважаным і за ім не наступяць санкцыі да адплата.

Затое асаблівы статус адносінаў зь Ізраілем перашкаджае дыялогу ЗША з такімі дзяржавамі. Наяўнасьць у Ізраіля ядзернага арсенала служыць для яго суседзяў важкім стымулам да набыцьця ўласнай ядзернай зброі, а спробы зрабіць зьмену рэжымаў – толькі ўзмацняюць падобныя жаданьні.

Нарэшце, ёсьць яшчэ адна прычына, якая ставіць падс умніў стратэгічнае значэньне Ізраіля. Справа ў тым, што гэтая краіна далёка не вядзе сябе як адданы саюзьнік. Ізраільскія высокапастаўленыя чыноўнікі часта ігнаруюць патрабаваньні ЗША, адмаўляюцца ад раней дадзеных абяцаньняў (улучна з абавязацельствамі не будаваць паселішчаў і ўстрымацца ад “мэтавага зьнішчэньня” палестынскіх лідэраў). Ізраіль перадаваў сакрэтныя ваенныя тэхналогіі патэнцыйным супернікам ЗША, напрыклад Кітаю. Інспектар Дзярждэпа заявіў у сувязі з гэтым пра “сістэматычную, больш частую практыку незаконай перадачы інфармацыі”. Па дадзеным Галоўнага бюджэтна-кантрольнага ўпраўленьня ЗША, Ізраіль “праводзіць найбольш агрэсіўныя шпіёнскія аперцыі супаць ЗША ў параўнаньні з усімі іншымі сваімі саюзьнікамі”. Пасьля справы Джонатана Поларда, які перадаваў Ізраілю велізарныя аб’ёмы сакрэтнай інфармацыі ў пачатку 1980-х (у адпаведнасьці з шэрагам крыніц, яна потым была перададзена СССР у абмен на павелічэньне квоты на рэпатрыяцыю савецкіх габрэяў), у 2004 г. узьнік новы канфлікт. Тады было выяўлена, што высокапастаўлены чыноўнік Пентагона Лары Франклін перадаў закрытую інфармацыю ізраільскаму дыпламату.

Ізраіль наўрад ці ёсьць адзінай краінай, якая вядзе шпіёнскую дзейнасьць супраць Амерыкі, але гатовасьць займацца шпіянажам на шкоду ключавому саюзьніку ставіць пад сумнеў яго ўлясную стратэгічную каштоўнасьць.

[Заўвага перакладчыка на рускую мову: Аўтары артыкула па невядомых прычынах абайшлі ўвагай выпадкі прамога тэрарызму Ізраіля супраць ЗША. У 1954 г. разразілася “справа Лавона”. Пінхас Лавон займаў пасаду міністра абароны Ізраіля і вымушаны быў пайсьці ў адстаўку пасьля таго, як агенты МАСАДа зьдзейсьнілі шэраг тэрарыстычных атак на амерыканскія ўстановы ў Егіпце, але перад правядзеньнем больш буйных падрыўных акцый былі схоплены. Мэтай падрываў было сутыкненьне Егіпта і ЗША. У 1967 г., за некалькі дзён да пачатку 6-дзённай вайны, самалёты ізраільскіх ВПС і тарпедныя кацеры атакавалі амерыканскі выведчы карабельLiberty”, які курсаваў у неўтральных водах. У выніку нанесенага ўдара загінулі 34 і былі паранены 171 марак. Дзяржсакратар Дзін Раск і Старшыня камітэту начальнікаў штабоў адмірал Томас Мукер назвалі інцыдэнт наўмысным нападам на карабель ВМС ЗША].

Сумніўная статэгічная каштоўнасьць Ізраіля – не адзіная праблема. Адвакаты Ізраіля сьцьвярджаюць, што ён мае права атрымліваць дапамогу ў неабмежаваных маштабах таму, што ён слабы і аточаны з усіх бакоў ворагамі, таму што гэта дэмакратыя, таму што габрэйскі народ моцна пакутаваў у мінулым і заслугоўвае абаслівага стаўленьня. Указваюць таксама і на тое, што Ізраіль адрозьніваецца нашмат больш годнымі паводзінамі, чым яго супернікі. Аднак пад больш пільным поглядам такія аргументы губляюць перакаўчасьць. Існуе цьвёрды маральны грунт для падтрымкі самога існаваньня Ізраіля, але яму нельга дапамагаць на шкоду ўласным інтарэсам. Калі глядзець аб’ектыўна, дык яго дзеяньні ў імнулым і ў сучаснасьці не даюць падстаў для прывілеяванага стаўленьня.

Ізраіль часта падаюць у вобразе Давіда, які змагаецца з Галіяфам. Аднак супрацьлеглае параўнаньне будзе бліжэй да сапраўднасьці. Насуперак шырока распаўсюджанаму стэрэятыпу, сіяністы мелі перавагу ў жывой сіле, ваеннай тэхніцы і эфектыўнасьці кіраваньня войскамі ў час Вайны за незалежнасьць (1947-49 гг.). Армія Абароны Ізраіля без асаблівых высілкаў разграміла Егіпет у 1956 г., а кааліцыю ў складзе Егіпта, Ярданіі і Сірыі – у 1967 г. І гэта ўсё да таго, як у краіну ракой пацякла амерыканская дапамога.

Сёньня Ізраіль ёсьць буйнейшай ваеннай дзяржавай на Блізкім Усходзе. Яго звычайныя ўзброеныя сілы нашмат мацней, чым у суседніх краін; толькі ён на ўсім Блізім Усходзе мае ядзерную зброю. Ізраіль падпісаў мірную дамову з Егіптам і Ярданіяй; зрабіць тое ж парпануе і Савудаўская Аравія. У Сірыі больш няма заступніка ў выглядзе Савецкага Саюза, Ірак ляжыць у руінах пасьля трох разбуральных войнаў, а да мяжы зь Іранам сотні кіламетраў. У палестынцаў няма нават дзеяздольных паліцэйскіх фармаваньняў, ня кажучы ўжо пра армію, якая б уяўляла хоць нейкую рэальную сілу.

У адпаведнасьці з ацэнкамі Цэнтра стратэгічных дасьледваньняў Тэль-Авіўскага ўніверсітэта (2005 г.), “стратэгічны баланс цяпер яўна на карысьць Ізраіля, які працягвае павялічваць якасны адрыў ад сваіх суседзяў у галіне ваеннага патэнцыялу і сродкаў стрымліваньня”. Калі б падтрымка слабых была б сапраўдным стымулам для аказаньня дапамогі, Злучаным Штатам варта было б падтрымаць супернікаў Ізраіля.

Часта ўказваюць на тое, што Ізраіль – гэта сяброўскі дэмкратычны рэжым, які аточаны з усіх бакоў варожымі дыктатурамі. Аднак такое тлумачэньне не дапамагае зразумець неабходнасьць захаваньня цяперашняга аб’ёму дапамогі: ва ўсім сьвеце ёсьць мноста краін з дэмакратычнай формай кіраваньня, аднак ні водная зь іх не карыстаецца настолькі ж моцнай падтрымкай.

У мінулым ЗША зьвяргалі дэмакратычныя рэжымы і супрацоўнічалі з дыктатарамі, калі гэта лічылася карысным для забесьпячэньня нацыянальных інтарэсаў. Дый сёньня Злучаныя Штаты падтрымліваюць добрыя стасункі з цэлым шэрагам дыктатураў.

Некаторыя асьпекты ізраільскай дэмакратыі супярэчаць фундаментальным амерыканскім каштоўнасьцям. У ЗША лічыцца, што людзі маюць роўныя правы незалежна ад расы, рэлігіі альбо нацыянальнасьці. Ізраіль, наадварот, з самага пачатку быў заснаваны як габрэйская дзяржава, а магчымасьць атрыманьня грамадзянства наўпрасткі зьвязаная з наяўнасьцю ў чалавека пэўных крэўна-роднасных сувязяў [з пазіцый рэдакцыі якраз тут нічога кепскага няма – проста ўсе дзяржавы павінны быць дзяржавамі-нацыямі. – Рэд.]. ня дзіва, што 1 млн. 300 тысяч арабаў знаходзяцца там у становішчы грамадзянаў другога гатунку [а арабы павінны мець сваю дзяржаву! – Рэд.]. Вынікі дасьледваньня, якое нядаўна правяла ізраільская ўрадавая камісія, кажуць пра “пагардлівае, дыскрымінацыйнае стаўленьне” дзяржаўных уладаў да дадзенай групы насельніцтва. Адмова ад прадастаўленьня палестынцам магчымасьці стварыць уласную дзяржаву і нежаданьне надаць ім поўныя палітычныя правы ставіць пад сумніў дэмакратычны [ліберальны. – Рэд.] характар рэжыма.

У якасьці трэцяга апраўдаўчага доваду прыводзяцца пакуты габрэяў на хрысьціяскім Захадзе, асабліва ў перыяд халакосту. Зыходзячы з таго, што габрэі падвергліся перасьледу напрацягу стагоддзяў, і адчуваць сябе ў бясьпецы яны могуць толькі ва ўласнай дзяржаве, многія людзі мяркуюць, што Ізраіль мае права на асаблівыя адносіны са Злучанымі Штатамі.

Несумніўна, зьяўленьне на палітычнай мапе ў 1947 г. новай краіны стала адэкватным адказам на доўгую гісторыю злачынстваў супраць габрэяў. Але гэтая ж падзея адчыніла цэлую серыю злачынстваў супраць невінаватага трэцяга боку – палестынцаў.

Гэта добра разумелі заснавальнікі Ізраіля. Давід Бен Гурыён неяк сказаў Навуму Гольдману, прэзідэнту Сусьветнага габрэйскага кангрэсу: “Калі б я быў арабскім лідэрам, я б не шукаў кампрамісаў зь Ізраілем. Нічога дзіўнага: мы аднялі ў іх краіну… Так, мы ўзьніклі зь Ізраіля, але з таго часу прайшло дзьве тысячы гадоў – якая ім да таго справа? Мы пабачылі антысемітызм, нацыятаў, Гітлера, Асьвенцым, але ў чым была іхняя віна? Яны бачаць толькі адно: прыйшлі мы і скралі іхную зямлю. Зь якой такой нагоды яны павінны мірыцца з гэтым?”

З таго часу ізраільскія лідэры неаднаразова спрабавалі ігнараваць чаканьні палестынцаў. Голда Мэір, калі была прэм’ер-міністрам, зрабіла сваю знакамітую заўвагу: “Ніякіх палестынцаў не існуе”. Пад уплывам гвалту, які правакавалі экстрэмісты, і росту колькасьці палестынскага насельніцтва ізраільскі ўрад вымушаны быў вывесьці паселішчы зь сектара Газа і прыступіць да абмеркаваньня іншых тэрытарыяльных суступак. Але нават Іцхак Рабін ня быў гатовы пайсьці на стварэньне паўнавартаснай Палестынскай дзяржавы. “Выгадная” прапанова, якую зрабіў Эхуд Барак у Кэмп-Дэвідзе, зводзілася толькі да стварэньня пэўнай колькасьці дэмілітарызаваных бантустанаў пад фактычным кантролем Ізраіля. Трагічная гісторыя габрэйскага народу [ня больш трагічная, чым у многіх іншых! – Рэд.] не абавязвае Злучаныя Штаты дапамагаць Ізраілю незалежна ад дзеяньняў апошняга.

Адвакаты Ізраіля прапагандуюць вобраз краіны, якая нязьменна імкнецца да міру і праяўляе вялікую вытрымку нават у выпадку правакацый. Арабаў – наадварот, малююць злобнымі агрэсарамі. Тым ня менш, пры больш дакладным аналізе мы ўбачым, што рэпутацыя Ізраіля ня лепш, чым у яго супернікаў. Бен-Гурыён прызнаваў, што першыя сіяністы, мякка кажучы, недобразычліва ставіліся да палестынцаў, якія аказвалі супраціў атакам, скіраваным супраць іх (няма чаму зьдзіўляцца, бо габрэі імкнуліся стварыць уласную дзяржаву на арабскіх землях).

Утварэньне Ізраіля ў 1947-48 гг. суправаджалася этнічнымі чысткамі, казьнямі, разьнёй і згвалтаваньнямі, якія рабілі габрэі. Дзеньні Ізраіля ў далейшым таксама часта адрозьніваліся жорсткасьцю, якая адрынае ўсялякія прэтэнзіі на маральную перавагу. Напрыклад, з 1949 па 1956 гг. ізраільскія сілы бясьпекі зьнішчылі ад 2700 да 5000 арабаў, парушыўшых мяжу. Абсалютная большасьць зь іх не былі ўзброены. Армія абароны Ізраіля вінаватая ў забойстве сотняў егіпецкіх ваеннапалонных у войнах 1956 і 1967 гг. Пасьля Шасьцідзённай вайны ад 100 да 260 тысячаў палестынцаў былі вымушаныя зьбегчы з тэрыторыі толькі што акупаванага Заходняга берагу, а 80 тысячаў сірыйцаў былі выгнаныя з Галанскіх вышыняў.

У час першай інціфады ваеннаслужачым ЦАХАЛ выдаваліся дубінкі, якімі тыя ламалі косткі палестынскім удзельнікам акцый пратэсту. Па даных шведскага філіала арганізацыі “Уратуйце дзяцей”, “за перыяд інціфады 23.000-30.000 дзяцей патрабавалася медыцынская дапамога з-за траўмаў – наступстваў зьбіцьцяў”. Трэцяя частка зь іх была ва ўзросьце 10 гадоў і менш.

Рэакцыя на другую інціфаду была яшчэ больш жорсткай; як адзначае газета Га-Арэц, “ЦАХАЛ… пераўтвараецца ў прыладу забойства, якая прыводзіць у жах і стан шоку”. Ваенаслужачыя ЦАХАЛ выпусьцілі мільён куляў у першыя дні паўстаньня. З таго часу на кожага забітага ізраілца прыпадае 3,4 загінулых палестынца, большасьць зь якіх былі проста пабочнымі назіральнікамі; суадносіны забітых габрэйскіх і палестынскіх дзяцей яшчэ больш уражваюць – 1:5,7.

Ня варта таксама забываць, што сіяністы з дапамагаю бомбаў у свой час імкнуліся выгнаць брытанцаў з Палестыны, а Іцхак Шамір – тэрарыст, які пазьней стаў прэм’ер-міністрам – заявіў, што “ні габрэйская этыка, ні габрэйская традыцыя не асуджаюць тэрарызм як адзін са сродкаў вядзеньня бою”.

Выкарыстаньне палестынцамі тэрарыстычных метадаў ёсьць памылка, якая, тым ня менш, лёгка паддаецца тлумачэньню. Палестынцы проста ня бачаць іншых спосабаў дамагчыся саступак ад Ізраіля. Як аднойчы прызнаўся Эхуд Барак, калі б ён нарадзіўся палестынцам, дык “стаў бы сябрам тэрарыстычнай групоўкі”.

Такім чынам, ні довады стратэгіі, ні маральныя довады не тлумачаць прычынаў амерыканскай падтрымкі Ізраіля. Тады якое ж тлумачэньне можам даць мы?

Каментары (1)

  1. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Хоць дадзены артыкул упершыню з’явіўся пад назовам “Ізраільскае лобі” (па-анг http://www.lrb.co.uk/v28/n06/mear01_.html або http://www.lrb.co.uk/v28/n06/print/mear01_.html) на месьціве “Лонданскага кніжнага агляда” 10 сакавіка 2006 года, у якім выйшаў 23 сакавіка, яго арыгінал пад першапачатковым назовам ёсьць у вольным доступе на адным з месьціваў Школы ўрадаваньня Гарвардскага ўніверсітэта (па-анг. http://ksgnotes1.harvard.edu/Research/wpaper.nsf/rwp/RWP06-011/$File/rwp_06_011_walt.pdf) з 13 сакавіка 2006 года ды займае 83 старонкі або 1,2 мегабайты.
    Перадача “Народаўладзьдзе зараз!” прысьвяціла дадзенаму артыкулу (па-анг. http://www.youtube.com/watch?v=uNQv5YSg_YA), які пасьля дапрацоўкі выйшаў у друк 27 жніўня 2007 года ўжо ў выглядзе кнігі, 10 хвілінаў свайго агляду.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы