nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ізраільскае лобі й вонкавая палітыка ЗША (частка 3)

22 лістапада, 2007 | Няма каментараў

Джон Міршаймер, Сьцівен Уолт (паводле http://meast.ru/?p=326#more-326)

С��-лоб� 2.JPG

 

У адрозьненьне ад палітычных інстытутаў і СМІ, ва ўніверсітэтах Лобі ня мае такога выніковага інструмента кантролю. У 1990-я, калі пачалася рэалізацыя Пагадненьняў у Осла, крытыка Ізраіля была вельмі мяккай. Аднак яна заўважальна ўзмацнілася пасьля краху мірнага працэсу і прыхода да ўлады Шарона. Калі ж увесну 2002 г. ЦАХАЛ паўторна акупаваў Заходні бераг і мабілізаваў велізарныя рэсурсы на здушэньне другой інціфады, у адукацыйных установах адбылося бурлівае асуджэньне дадзенай акцыі.

Лобі тут жа ўзялася “адваёўваць кампусы”. Узьніклі новыя структуры, накшталт “Караван за дэмакратыю”, якія сталі накіроўваць праізраільскіх дзеячаў чытаць лекцыі ў амерыканскія навучальныя ўстановы. Да іх далучыліся іншыя зноўку ўтвораныя групы, такія як Габрэйская рада грамадскіх сувязяў і Хілел. Яшчэ адна новая арганізацыя – Кааліцыя “Ізраіль у кампусах” – была створаная для каардынацыі дзеяньняў [зноў цэнтралізацыя! – Рэд.] шматлікіх структур, якія бароняць інтарэсы Ізраіля. Нарэшце, АЙПАК патроіў выдаткі на праграмы па маніторынгу сітуацыі ва ўніверсітэтах і адукацыю маладых актывістаў для “павелічэньня колькасьці студэнтаў – удзельнікаў нацыянальнага руху прыхільнікаў Ізраіля”.

Лобі таксама сочыць за тым, што пішуць і чаму навучаюць выкладчыкі. У верасьні 2002 г. двое палкіх ізраільскіх нэакансерватараў – Марцін Крамер і Даніель Пайпс [апошні часта дае інтэрвю расейскаму ТБ. – Рэд.] – стварылі вэб-сайт (Campus Watch), дзе былі разьмешчаныя дасье на “недабранадзейных” выкладчыкаў і заклікі да студэнтаў дакладваць пра вядомыя ім выпадкі праяваў варожасьці да Ізраіля. Такая непрыхаваная спроба шантажу навукоўцаў спарадзіла буру абурэньня. Пайпс і Крамер прыбралі дасье, аднак сайт і цяпер прапануе студэнтам паведамляць пра “антыізраільскую” дзейнасьць.

Структуры, якія ўтвараюць Лобі, робяць ціск на асобных выкладчыкаў і кіраўнікоў навучальных устаноў. Так, частым нападкам падвяргаецца Калумбійскі ўніверсітэт [гэты ўніверсітэт знаходзіцца ў Ню’Ёрку; нядаўна мы пра яго даведаліся ў сувязі з тым, што там быў і выступаў Ахмадзі-Нежад. – Рэд.]. Прычына не выклікае сумневу: на адным з факультэтаў працаваў нябошчык Эдвард Саід. Былы рэктар універсітэта Джонатан Коўл нейяк заўважыў: “Можна быць перакананым, што пасьля любой публічнай заявы выбітнага літаратурнага крытыка Эдварда Саіда ў падтрымку палестынскага народу на нас абвальваўся шквал з сотняў паведамленьняў на электронную пошту, а таксама пісьмаў і журналісцкіх зацемак з патрабаваньнем асудзіць альбо нават звольніць навукоўца”. Калі ж у гэтай жа ўстанове пачаў выкладаць гісторык Рашыд Халідзі з Чыкага, адбылося тое ж самае. Праз некалькі гадоў пад аналагічным прэсінгам апынуўся Прынстанскі ўніверсітэт, які пажадаў запрасіць Халідзі да сябе на працу.

Вось класічны прыклад спробаў усталяваць кантроль над акадэмачным асяродкам. У канцы 2004 г. арганізацыя «David Project» зьняла фільм, у якім сьцьвярджалася, што супрацоўнікі Аддзяленьня блізкаўсходніх дасьледваньняў Калумбійскага ўніверсітэта нібыта запужвалі студэнтаў габрэйскага паходжаньня і прыхільнікаў Ізраіля. Калумбійка была пастаўленая да гары нагамі, аднак факультэцкі камітэт, адмыслова створаны для праверкі абгрунтаванасьці абвінавачваньняў, не выявіў ніякіх фактаў, зьвязаных з праявамі антысемітызму. Сябры камісіі выявілі даставернасьць толькі аднаго нязначнага эпізоду, калі адзін з прафесараў “гнеўна адрэагаваў” на пытаньне вучня. Больш за тое, камітэт выявіў, што саміх навукоўцаў неаднаразова спрабавалі запужваць і застрашваць.

Але самае непрыемнае можа пачацца ў будучыні. Групы габрэйскіх актывістаў прадпрымаюць спробы зрабіць ціск на Палату прадстаўнікоў Кангрэсу і прымусіць кангрэсмэнаў выпрацаваць заканадаўчыя механізмы для нагляду за тым, што кажуць прафесары на лекцыях. Калі адпаведныя законы будуць ухваленыя, дык дзяржаўнае фінансаваньне ўніверсітэтаў, абвінавачаных у “неаб’ектыўнасьці што да Ізраіля”, будзе прыпынена. Падобныя высілкі пакуль не дасягнулі посьпеху, аднак цалкам відавочна, што пэўныя сілы прагнуць поўнага кантролю над дыскурсам.

Некаторыя габрэйскія філантропы нядаўна заснавалі Праграму ізраільскіх дасьледваньняў у дадатак да 130 габрэйскіх адукацыйных праграм, якія ўжо існуюць на сёньняшні дзень. Іх задача заключаецца ў павелічэньні колькасьці ўніверсітэцкіх выкладчыкаў, па-сяброўску настроеных да Ізраіля. У траўні 2003 г. Ню-Ёркскі ўніверсітэт аб’явіў пра адкрыцьцё Таўбоўскага цэнтру ізраільскіх дасьледваньняў. Падобныя ўстановы зьявіліся ў Берклі, Брэндзісе і Эмары. Іхныя кіраўнікі акцэнтуюць увагу на педагагічным значэньні распаўсюду ведаў пра Ізраіль, але асноўная функцыя такіх праграмаў безумоўна складаецца ў працы на імідж Тэль-Авіва. Фрэд Лэфэр, які ўзначальвае Фонд Таўба, даў зразумець, што менавіта яго ўстанова фінансуе цэнтар пры Ню-Ёркскім універсітэце з мэтай супрацьстаяць “арабскаму пункту гледжаньня”, які, на яго думку, дамінуе ў блізкаўсходніх праграмах галоўнага ВНУ горада.

У дыскусіі пра Лобі нельга абысьці ўвагай адно зь яго наймагутных зброяў: абвінавачваньне ў антысемітызьме. Антысемітам можа быць закляймёны кожны, хто крытыкуе дзеяньні Ізраіля альбо сьцьвярджае, што праізраільскія структуры (найперш АЙПАК) аказваюць істотны ўплыў на блізкаўсходнюю палітыку ЗША. Больш за тое, кожны, хто ўсяго толькі заявіць пра рэальнасьць ізраільскага лобі, падпадае пад рызыку быць абвінавачаным у антысемітызьме (між тым, у ізраільскіх СМІ выкарыстаньне паняцьця “габрэйскае лобі ў ЗША” ўспрымаецца цалкам натуральна). Іншымі словамі, само Лобі ганарыцца сваім уплывам, але разам з тым нападае на тых, хто асьмеліваецца зьвярнуць увагу грамадскасьці на яго сілу. Незвычайна выніковая тактыка: ніхто не імкнецца праслыць антысемітам [прыйдзе час і людзі будуць ганарыцца тым, што іх лічаць антысіяністамі, так як цяпер можна ганарыцца тым, што ты антыфашыст, антыімперыяліст, зьмястоўны дэмакрат, інтэрнацыяналіст, гуманіст. – Рэд.]

У Еўропе крытыка Ізраіля гучыць нашмат гучней, чым у Амерыцы. Некаторыя аб’яўляюць дадзены феномен адраджэньнем еўрапейскага антысемітызму. У пачатку 2004 г. амбасадар ЗША ў ЕЗ заявіў: “ Мы вяртаемся ў цемру 1930-х”. Вызначэньне ўзроўню антысемітызму – задача ня з простых, але факты, якія ёсьць, кажуць пра зваротную тэндэнцыю. У той жа год, калі амерыканскія СМІ наперабой абвінавачвалі еўрапейцаў у антысемітызьме, Антыдыфамацыйная ліга і сацыяльная служба «Pew Research Centre for the People and the Press» правялі незалежныя дасьледваньні. Іх вынікі паказалі, што на самой справе колькасьць выпадкаў супраць габрэяў памяншаецца. У 1930-я гг. было наадварот – антысемітызм быў шырока распаўсюджанай зьявай ва ўсіх слаях грамадства Старога сьвету.

Лобі і яго партнэры часта называюць Францыю самай антысеміцкай краінай у Еўропе [які абсурд; толькі што французы абралі габрэя Нікаля Сарказі сваім прэзідэнтам. – Рэд.]. Гэта, аднак, не перашкодзіла лідэру французскай габрэйскай грамады заявіць, што “Францыя ня больш антысеміцкая, чым Амерыка”. Па дадзеных нядаўняга артыкула ў Га-Арэц, у 2005 г. французская паліцыя атрымала ў два разы менш данясеньняў аб антысеміцкіх інцыдэнтах у параўнаньні з папярэднім перыядам (пры гэтым варта ўлічыць, што ў Францыі пражывае самая шматлікая на Еўрапейскім кантыненце мусульманская грамада). Нарэшце, калі ў мінулым месяцы ў Парыжы габрэй загінуў ад рук бандытаў – выхадцаў з мусульманскіх кріан, дзесяткі тысячаў людзей выйшлі на вуліцы, каб асудзіць антысемітызм, а прэзідэнт Жак Шырак [адзін зь кіраўнікоў еўрапейскага масонства. – Рэд.] і прэм’ер міністар дэ Вільпэн у знак салідарнасьці праводзілі забітага ў апошні шлях.

Няма сэнсу адмаўляць, што сярод еўрапейскіх мусульманаў існуюць антысеміцкія настроі, якія часткова выкліканыя дзеяньнямі Ізраіля ў адносінах да палестынцаў, а часткова зьяўляюцца адкрытымі праявамі расізму [які расізм? Арабы такія ж семіты, як і габрэі?! – Рэд.]. Але дадзеную паблему варта разглядаць асобна: яна ніяк не вызначае розьніцу паміж сёньняшнім становішчам і сітуацыяй у Еўропе ў 1930-я. Таксама наўрад ці хто-небудзь стане адмаўляць наяўнасьць пэўнай колькасьці карэнных жыхароў еўрапейскіх краін (а таксама Амерыкі), якія прытрымліваюцца антысеміцкіх поглядаў. Тым ня менш, такіх людзей мала, а іх погляды адкідаюцца большасьцю еўрапейцаў.

Калі адвакаты Ізраіля ўжо ня могуць прыбегчы да відавочна галаслоўных абвінавачваньняў, дык ім застаецца заявіць пра “новы антысемітызм”, які “якраз і праяўляецца ў крытыцы Ізраіля”. Іншымі словамі, любы чалавек, які негатыўна ацэньвае тыя ці іншыя дзеяньні Тэль-Авіва, па вызначэньні можа быць залічаны ў антысеміты. Ня так даўно сінод Англіканскай царквы прагаласаваў за спыненьне стасункаў з кампаніяй «Caterpillar Inc», якія вырабляе бульдозеры, якія ізраільцы выкарыстоўваюць пры зносе дамоў палестынцаў. Галоўны рабін краіны выказаў шкадаваньне з гэтай прычыны: “Падобныя рашэньні будуць мець самыя непрыемныя наступствы для габрэйска-хрысьціянскіх адносінаў у Брытаніі”. Другі рабін, Тоні Бэйфілд, лідэр рэфармісцкага кірунку ў юдаізме, заявіў: “Не выклікае сумневу тое, што антысіянісцкія настроі, якія пераходзяць у антысемітызм, распаўсюджаныя сярод простых міранаў і нават сярод сьвятарства сярэдняга зьвяна”. Аднак на справе царква была “вінаватая” толькі ў нязгодзе з палітыкай ізраільскага ўраду.

Крытыкам Ізраіля часта ставяць у правіну прымяненьне да яго несправядліва жорсткіх крытэраў і нават сумненьні ў праве гэтай дзяржавы на існаваньне. Але гэтыя прэтэнзіі таксама цалкам недзеяздольныя. Апаненты Ізраіля на Захадзе, як і самі ізраільцы, задаюць пытаньні толькі адносна правамернасьці яго антыпалестынскай палітыкі, таму што яна наўпрасткі асацыюецца з парушэньнямі правоў чалавека, міжнароднага заканадаўства і прынцыпа нацыянальнага самавызначэньня. І ня варта забываць: Ізраіль – далёка не адзіная ў сьвеце краіна, якая падпадае пад жорсткую крытыку за невыкананьне паданых нормаў.

Восеньню 2001 г., і асабліва вясной 2002 г., адміністрацыя Буша распачала шэраг спробаў паслабіць антыамерыканскія настроі ў арабскім сьвеце, каб паменшыць падтрымку тэрарыстычных груповак накшталт “Аль-Кайды”. У кіраўніцтве ЗША ўзялі курс на прыпыненьне ізраільскай экспансіянісцкай палітыкі на Акупаваных тэрыторыях і падтрымку ідэі стварэньня Палестынскай дзяржавы. У сваіх руках Буш меў вельмі выніковыя прылады для ціску на Тэль-Авіў. Ён мог пагражаць скарачэньнем эканамічнай і дыпламатычнай падтрымкі Ізраіля, у чым, без сумневу, яго падтрымаў бы амерыканскі народ. Дадзеныя апытаньня 2003 г. паказалі, што больш за 60% амерыканцаў ухваляюць спыненьне падтрымкі Ізраілю ў тым выпадку, калі той будзе перашкаджаць высілкам ЗША ўрэгуляваць канфлікт. Сярод “палітычна актыўных” грамадзянаў гэтая колькасьць даходзіла да 70%. У агульным рахунку, 73% апытаных заявілі, што ЗША ня варта аказваць заступніцтва ні аднаму з бакоў.

Але нягледзячы ні на што, урад ня здолеў зьмяніць палітыку Ізраіля і пад канец адкрыта стаў на яго бок, прыняў апалагетычныя аргументы апошняга. Па сутнасьці, амерыканская рыторыка пачала капіяваць ізраільскія ідэалагічныя штампы. У лютым 2003 г. загаловак у “Вашынгтон пост” падвёў рысу пад гісторыяй амерыканскіх ініцыятываў таго перыяду: “Погляды Буша і Шарона на Блізкі Ўсход практычна ідэнтычныя”. Прычына настолькі рэзкага павароту заключаецца ў выніковых дзеяньнях Лобі.

Гісторыя пачалася ў канцы версьня 2001 г., калі Буш пачаў пераконваць Шарона праявіць вытрымку на Акупаваных тэрыторыях. Акрамя таго, ён угаворваў яго дазволіць міністру замежных спраў Ізраіля Шымону Перэсу сустрэцца зь Ясірам Арафатам (гэта пры тым, што сам Буш быў вельмі крытычна настроены што да палестынскага лідэра). Буш нават зрабіў публічную заяву пра сваю падтрымку стварэньня Палестынскай дзяржавы. Занепакоены Шарон абвінаваціў яго ў спробах “замірыць арабаў за наш кошт” і папярэдзіў, што яго краіна ня будзе выконваць ролю “другой Чэхаславакіі”.

Бушу вельмі не спадабалася параўнаньне сябе з Чэмберленам; прэс-сакратар Белага дома назваў “непрыймальным” заўвагу ізраільскага прэм’ера. Апошні прынес фармальныя прабачэньні, аднак хутка разам з лабісцкімі структурамі стаў пераконваць адміністрацыю і народ ЗША ў тым, што Амерыцы й Ізраілю варта змагацца з агульнай пагрозай – тэрарызмам. Ізраільскія высокапастаўленыя асобы і прадстаўнікі Лобі рэгулярна робяць акцэнт на тым, што ніякай сур’ёзнай розьніцы паміж Арафатам і Асамай бен Ладэнам не існуе, а Вашынгтону з Тэль-Авівам варта ізаляваць усенародна абранага лідэра і ня весьці зь ім ніякага дыялогу.  

Лобі запусьціла механізм свайго ўплыву ў Кангрэсе. 16 лістапада 89 сенатараў [са 100. – Рэд.] накіравалі прэзідэнту допіс ўдзячнасьці за адмову ад сустрэчы з Арафатам. У ім выказвалася таксама пажаданьне, каб ЗША ня стрымлівалі Ізраіль ад правядзеньня “акцыяў адплаты” супраць палестынцаў, а адміністрацыя афіцыйна заявіла пра сваю падтрымку Ізраіля. Па дадзеных газеты New York Times, пасланьне “стала вынікам” прайшоўшай за два тыдні да таго сустрэчы “лідэраў амерыканскай габрэйскай грамады з ключавымі фігурамі ў Сенаце”, а АЙПАК “прыняў асабліва актыўны ўдзел у абмеркаваньні дэталяў допісу”.

Да канца лістапада адносіны паміж Тэль-Авівам і Вашынгтонам істотна палепшыліся. Часткова гэта адбылося дзякуючы дзеяньням Лобі, другім важным фактарам стала часовая перамога ЗША ў Аўганістане, якая паменшыла патрэбу ў падтрымцы Арабскага сьвету ў барацьбе з “Аль-Кайдай”. У пачатку сьнежня Шарон наведаў Белы дом, дзе Буш аказаў яму цёплы прыём.

Новыя праблемы зьявіліся ў красавіку 2002 г., калі ЦАХАЛ прыступіў да зьдзяйсьненьня аперацыі “Абарончы шчыт” і ўсталяваў практычна поўны кантроль над Заходнім берагам. Буш разумеў, што дзеяньні Ізраіля наносяць шкоду іміджу ЗША ў ісламскім сьвеце і абсалютна не дапамагаюць у барацьбе з тэрарызмам. Амерыканскі лідэр запатрабаваў, каб Шарон “спыніў уварваньне і пачаў згортваньне аперацыі”. Ён яшчэ раз агучыў сваю пазіцыю праз два дні і зноў запатрабаваў ад Ізраіля “тэрмінова вывесьці войскі”. 7 красавіка Кандаліза Райс, якая займала тады пасаду дарадцы прэзідэнта па нацыянальнай бясьпецы, заявіла на прэсавай канферэнцыі: “Тэрмінова” значыць тэрмінова. Гэта значыць “зараз жа”. У той жа дзень Колін Паўэл вылецеў на Блізкі Ўсход, каб паспрабаваць пераканаць варагуючыя бакі адмовіцца ад гвалту і сесьці за стол перамоваў.

У гэты момант Ізраіль разам з адданым яму Лобі прыступіў да дзеяньняў. Праізраільскія чыноўнікі ў ведамстве віцэ-прэзідэнта і Пентагоне разам з такімі нэакансерватыўнымі дзеячамі, як Роберт Каган і Ўільям Крыстал накіравалі на Паўэла агонь крытыкі. Яны абвінавацілі яго нават ў “няўменьні адрозьніць тэрарыстаў ад барацьбітоў зь імі”. Сам Буш падпаў пад ціск з боку габрэйскіх лідэраў і хрысьціянскіх прапаведнікаў. Том Дэлэй і Дзік Армі грамчэй за іншых заяўлялі пра неабходнасьць падтрымкі Ізраіля. Дэлэй і Трэнт Лот – лідэр сенацкай меншасьці, наведалі Белы дом, дзе прасілі прэзідэнта зьмяніць курс.  

Першы знак, што Буш саступіў, адбыўся 11 красавіка: прайшоў толькі тыдзень з таго часу, як ён рэкамендаваў Шарону вывесьці войскі. У той дзень прэс-сакратар Белага дому сказаў, што прэзідэнт лічыць Шарона “мірным лідэрам”. Па вяртаньні Паўэла зь няўдалай паездкі Буш паўтарыў свой камплімент ужо публічна. На брыфінгу для журналістаў Буш заявіў, што Шарон пазітыўна адрэагаваў на яго заклік да поўнага і тэрміновага вываду войскаў. Зразумела, ніякага вываду не наступіла, а Буш імкнуўся больш не вяртацца да гэтай тэмы.

Тым часам, у Палаце прадстаўнікоў ішла мабілізацыя ў падтрымку Шарона. 2 траўня Кангрэс, насуперак пярэчаньням з боку адміністрацыі, прыняў дзьве рэзалюцыі, у якіх пацьвярджалася падтрымка Ізраіля. Галасы разьмеркаваліся наступным чынам: у Сенаце 94 «за» і 2 «супраць», у Кангрэсе 352 «за» і 21 «супраць». У абодвух дакументах гаворка ішла пра “салідарнасьць ЗША зь Ізраілем” і пра ўдзел абедзьвюх краін у “агульнай барацьбе супраць тэрарызма”. Рэзалюцыя, прынятая Кангрэсам, таксама асуджала Ясіра Арафата за “падтрымку і каардынацыю тэрарыстычнай дзейнасьці, якая не спыняецца”. Палестынскі лідэр увогуле быў паказаны ледзь ні галоўным натхняльнікам тэрарызма. Абедзьве рэзалюцыі былі выпрацаваныя пры непасрэдным удзеле прадстаўнікоў Лобі. Праз некалькі дзён сьпецыяльная камісія, утвораная з кангрэсмэнаў ад абедзьвюх партый, прыбыла ў Ізраіль для вывучэньня сітуацыі на месцы. Члены групы пазьней заявілі, што Шарон не павінен паддавацца прапановам ЗША ўступіць у перамовы з Арафатам. 9 траўня парламенцкі камітэт па асігнаваньнях сабраўся на паседжаньне, каб абмеркаваць магчымасьць выдзяленьня Ізраілю дадатковых 200 млн. даляраў для барацьбы з тэрарызмам. Колін Паўэл выступаў супраць такога плану, аднак ён не мог супрацьстаяць сіле Лобі. І прайграў.

Такім чынам, Шарон і Лобі кінулі выклік прэзідэнту ЗША і перамаглі [паставілі яго да сьценкі, у прамым і пераносным сэнсах; гл. фота ўверсе. – Рэд.]. Хемі Шалев, журналіст ізраільскай газеты “Маарыў”, паведамляў пра тое, што памочнікі Шарона “не маглі схаваць свайго задавальненьня з правалу Паўэла. Яны ўбачылі, як прэм’ер паглядзеў Бушу проста ў вочы, і прэзідэнт адвёў позірк першым”. Але не Шарон, а адвакаты Ізраіля ў ЗША былі сапраўднымі творцамі гэтай перамогі.

З таго часу мала што памянялася. Адміністрацыя Буша адмовілася ад якіх-небудзь зносінаў з Арафатам. Пасьля сьмерці апошняга з новым палестынскім лідэрам Махмудам Абасам былі ўстаноўленыя самыя цёплыя адносіны. Але Абу Мазен не мог атрымаць зь іх хоць якую-небудзь карысьць. Шарон працягнуў рэалізацыю плана па аднабаковым урэгуляваньні, які прадугледжваў “адыход” з сектара Газа і працяг экспансіі на Заходнім беразе. Адмовіўшыся ад перамоваў з Абасам і пазбавіўшы яго магчымасьцяў рэальна палепшыць становішча палестынскага народу, Шарон наўпрасткі садзейнічаў перамозе Хамас на выбарах. Зараз знаходжаньне пры ўладзе прадстаўнікоў ХАМАС дае Ізраілю падставу адмовіцца ад дыялога з палестынскім кіраўніцтвам. Амерыканская адміністрацыя падтрымлівала дзеяньні Шарона і зараз патурае яго пераемніку – Эхуду Ольмерту. Буш нават пачаў ухваляць аднабаковую анэксію Акупаваных тэрыторый, чаго не рабіў да яго яшчэ ні адзін прэзідэнт, пачынаючы з Ліндана Джонсана.

Высокапастаўленыя прадстаўнікі ЗША часам дазваляюць сабе мяккую крытыку дзеяньняў Ізраіля, што, тым ня менш, мала садзейічае стварэньню жыцьцяздольнай Плестынскай дзяржавы. Па словах былога дарадцы па нацыянальнай бясьпецы Брэнта Скоукрафта, Шарон “абвёў Буша вакол пальца”. Калі Буш зробіць спробы дыстанцавацца ад Ізраіля ці проста будзе крытыкаваць яго курс, на яго выльецца абурэньне Лобі і яго прыхільнікаў у Кангрэсе. Кандыдаты ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі выдатна аддаюць сабе справаздачу пра існыя рэаліі. Ня дзіва, што ў 2004 г. Джон Керы не шкадуючы сіл дэманстраваў свае цёплыя пачуцьці да Ізраіля, а Хілары Клінтан займаецца тым жа сёньня.

Амбіцыі Лобі сягаюць нашмат далей імкненьня гарантаваць амерыканскую падтрымку Ізраілю падчас антыпалестынскіх акцыяў. Лобі хоча, каб Амерыка дапамагала Ізраілю заставацца дамінуючай рэгіянальнай дзяржавай. Ізраільскі ўрад і праізраільскія структуры ў ЗША праводзяць сумесную працу над фармаваньнем палітыкі ўраду ў адносінах Ірака, Сірыі і Ірана, а таксама прымаюць удзел у распрацоўцы планаў па палітычнай “рэарганізацыі” Бліжняга Ўсходу.

Ціск з боку Ізраіля і Лобі – не адзіны фактар, які стаяў за рашэньнем атакаваць Ірак. Але менавіта гэта адыграла вырашальную ролю [пра апошняе неаднаразова заяўляў таксама аўтарытэтнейша амерыканскі палітолаг Зьбігнеў Бжэзінскі. – Рэд.]. Некаторыя амерыканцы лічаць, што гэтая вайна вядзецца за нафту, але ніякіх наўпроставых доказаў такога меркаваньня не існуе. На самой справе, разьвязваньне вайны ў значнай меры матывавалася імкненьнем забяспечыць большую бясьпеку Ізраілю. У сувязі з гэтым мы спашлемся на выказваньні Філіпа Зелікава – былога члена Экспертнай камісіі па зьнешняй выведцы пры прэзідэнце ЗША і дырэктара камісіі па рассьледаваньні тэрактаў 11 верасьня, які цяпер працуе дарадцам у Кандалізы Райс. Ён заявіў, што “рэальная пагроза”, якая ішла ад Ірака, не можа пашкодзіць ЗША. На сустрэчы са студэнтамі Універсітэта Вірджыніі, якая адбылася ў верасьні 2002 г., Зелікаў удакладніў, што на самой справе існуе “пагроза Ізраілю”. Далей ён дадаў: “Амерыканскі ўрад ня хоча ў сваёй рыторыцы рабіць акцэнт на гэтым моменце, бо падобная інфармацыя не прызначаная для шырокай публічнасьці”.

16 жніўня 2002 г., за 11 дзён да таго, як Дзік Чэйні выступіў з пафаснаў прамовай перад ветэранамі баявых дзеяньняў за мяжой [яскравая прыкмета амерыканскага імперыялізму. – Рэд.] і тым самым адкрыў кампанію за ўступленьне ў вайну, газета Washington Post паведаміла пра тое, што “Ізраіль просіць амерыканскі эстэблішмэнт не адкладваць аперацыю супраць Садама Хусэйна”. Па словах Шарона, на той час стратэгічнае супрацоўніцтва Ізраіля і ЗША дасягнула “небывалых маштабаў”, а высокапастаўленыя прадстаўнікі ізраільскай выведкі падалі Вашынгтону шматлікія перасьцярожлівыя справаздачы аб іракскіх праграмах па распрацоўцы зброі масавага зьнішчэньня. Адзін адстаўны ізраільскі генерал у сувязі з гэтым адзначыў: “Звесткі, атрыманыя нашай выведкай, вельмі гарманічна ўпісваліся ў карціну, якую стварылі амерыканскія і брытанскія эксперты ў галіне іракскіх неканвенцыйных узбраеньняў” [як усе ведаюць, зьвесткі пра ЗМЗ у Іраку пазьней “не пацьвердзіліся”. – Рэд.].

Ізраільскія лідэры мелі вельмі непрыемныя пачуцьці, калі Буш зьвярнуўся ў Раду Бясьпекі ААН за дазволам на пачатак баявых дзеяньняў. Іх занепакоенасьць яшчэ больш памацнела пасьля таго, як Садам дазволіў аднавіць інспекцыі. Гэта адзначаў Шымон Перэс на прэс-канферэнцыі ў жніўні 2002 г. “Кампанія супраць Садама Хусэйна абсалютна неабходная. Інспекцыі й інспектары добрыя для годных людзей, але нягоднікі лёгка абвядуць вакол пальца любых кантралёраў” [калісьці гэты выраз будзе выкарыстаны для праверкі годнасьці-нягоднасьці й ізраільскіх лідараў. – Рэд.].

У той жа час Эхуд Барак напісаў перадавы артыкул для New York Times. У ім ён папярэджваў пра тое, што “зараз самая вялікая рызыка – гэта бязьдзейнасьць”. Падобная публікацыя зьявілася і ў Wall Street Journal. Яе аўтарам быў папярэднік Барака на пасадзе прэм’ер-міністра – Беньямін Нетаньяху. Назва артыкула: “Аргументы за зьвяржэньне Садама”. Чытаем далей: “цяпер гаворка можа ісьць толькі пра зьвяржэньне дадзенага рэжыму. Я веру, што ад імя абсалютнай большасьці ізраільцаў магу выступаць у падтрымку апераджальнага ўдару па рэжыму Хусэйна”. У лютым 2003 г. газета Га-Арэц напісала: “ваеннае і палітычнае кіраўніцтва прагне пачатку вайны ў Іраку”.

Нетаньяху сьцьвярджаў, што сілавую акцыю ўхвалялі ня толькі ў Ерусаліме. Але ў рэальнасьці, акрамя Кувейта, які пацярпеў ад іракскай агрэсіі ў 1990 г., ізраіль заставаўся адзінай дзяржавай сьвету, дзе палітыкі й народ былі адзінадушныя ў падтрымцы вайны. Журналіст Гідэон Леві заўважыў на гэты конт наступнае: “Ізраіль – адзіная заходняя краіна, чые лідэры безагаворачна падтрымліваюць вайну, а альтэрнатыўны пункт гледжаньня нават не чуваць”. Ізраіль ахапіла такая эйфарыя, што амерыканскія партнэры заклікалі Тэль-Авіў быць больш стрыманым у сваёй рыторыцы: людзі могуць падумаць, што вайна будзе весьціся дзеля ізраільскіх інтарэсаў.

У саміх ЗША галоўным ініцыятарам вайны была маленькая група нэакансэрватараў, многія зь якіх былі шчыльна зьвязаныя з партыяй “Лікуд”. Аднак лідэры ключавых лабісцкіх структур таксама выступілі ў падтрымку сілавой аперацыі. Вось вытрымка з артыкула ў Forward: “Калі прэзідэнт Буш паспрабаваў выступіць зь ідэяй… ваеннай кампаніі, “найбольш уплывовыя ў ЗША габрэйскія арганізацыі аб’ядналіся, каб падтрымаць яго. Лідэры супольнасьці рабілі ўсё новыя заявы аб неабходнасьці пазбавіць сьвет ад Садама Хусэйна і яго зброі масавага зьнішчэньня”.  У матэрыяле распавядалася таксама пра тое, што “занепакоенасьць становішчам Ізраіля адбілася на пазіцыі асноўных габрэйскіх арганізацый”.

Імкненьне нэакансерватараў й іншых лідэраў Лобі як мага хутчэй распачаць наступ на Ірак зусім не ўхвалялася шырокай габрэйскай грамадскасьцю. Адразу ж пасьля пачатку вайны Самуэль Фрыдман паведаміў пра вынікі апытаньня, праведзенага дасьледніцкім цэнтрам «Pew» на ўсёй тэрыторыі краіны [ЗША. – Рэд.]. “Яго вынікі паказалі, што сярод габрэяў вайна карыстаецца меншай падтрымкай (52%), чым сярод насельніцтва ў цэлым (62%). Цалкам відавочна, было б недарэчна зваліць віну за развязаньне вайы на “габрэйскі ўплыў”. Таму нашмат больш правільна будзе казаць пра ўплыў Лобі й яго нэакансэрватыўную кампаненту. (Тут, як мяркуецца, да месца прывесьці словы вядучага ізраільскага аналітыка і аднаго з аўтараў Жэнеўскай мірнай ініцыятывы Даніэля Леві: “Калі вы апытаеце амерыканскіх габрэяў, дык убачыце, што яны падтрымліваюць мірны працэс, ухваляюць амерыканскае пасярэдніцтва, выступаюць за стварэньне Палестынскай дзяржавы… але арганізаванае кіраўніцтва супольнасьці дзейнічае зусім у іншым ключы… з Вашынгтона яно праводзіць так званую “праізраільскую палітыку”, якая на самой справе супрацьлеглая сапраўдным інтарэсам Ізраіля) [вось мы бачым яшчэ адзін яскравы прыклад, што трэба абавязкова адрозьніваць габрэйскі народ, Ізраіль і сіянакратыю. – Рэд.].

Нэакансэрватары былі поўныя імпэту зьвергнуць Хусэйна яшчэ да прыходу Буша ў Белы Дом. Менавіта яны выклікалі вэрхал у пачатку 1998 г., апублікаваўшы два адкрытых ліста Клінтану, дзе заклікалі да зьвяржэньня ірацкага лідэра. Падпісанты, у лік якіх увайшлі Эліёт Абрамс, Джон Болтан, Дуглас Фэйт, Уільям Крыстал, Бэрнард Льюіс, Дональд Рамсфэльд, Рычард Пэрл і Пол Вулфавіц (многія зь іх маюць шчыльныя сувязі з праізраільскімі структурамі накшталт WINEP ці JINSA), без асаблівых праблемаў пераканалі Клінтана ў неабходнасьці падзеньня Хусэйна. Але яны не здолелі зрабіць ідэю вайны папулярнай у грамадстве. Яны таксама не маглі дасягнуць гэтую мэту ў першыя месяцы кіраваньня Буша. Патрэбны быў асаблівы стымул, і ён зьявіўся пасьля 11 верасьня [зьявіўся сам ці яму дапамаглі “зьявіцца”?! – Рэд.]. Менавіта падзеі таго дня прымусілі Буша з Чэйні рэзка зьмяніць палітычны курс. Цяпер амерыканскія лідэры пераўтварыліся ў цьвёрдых прыхільнікаў апераджальнага ўдару [а якое меў дачыненьне Ірак да падзей 11 верасьня? адказ: ніякага… – Рэд.].

15 верасьня 2001 г. у Кэмп-Дэвідзе Буш сустрэўся з Полам Вулфавіцам. Будучы галава Ўсясьветнага банку выказаў меркаваньне аб неабходнасьці спачатку нанесьці ўдар па Іраку, а не Аўганістану – нягледзячы на тое, што ніякіх доказаў дачыненьня Хусэйна да атакі на ЗША не было ў прыродзе, а Бэн Ладэн, як вядома, знаходзіўся ў Аўганістане. Буш праігнараваў рэкамендацыю і прыняў рашэньне першай справай атакаваць Аўганістан. Тым ня менш, з таго моманту верагоднасьць пачатку вайны ў Іраку стала вельмі сур’ёзнай. 21 лістапада 2001 г. прэзідэнт даў ўказаньне адмыслоўцам па ваенным планаваньні распрацаваць канкрэтныя дэталі аперацыі.

Тым часам, астатнія нэакансэрватары актыўна дзейнічалі ў калідорах улады. Мы не ведаем усіх падрабязнасьцяў іх дзеяньняў. Ёсьць зьвесткі пра тое, што такія навукоўцы, як Бернард Льюіс з Прынстана і Фуад Аджамі з Універсітэта Джона Хопкінса актыўна дапамагалі пераконваць Чэйні ў тым, што вайна – гэта лепшы выбар. Нэакансэрватары ў апараце віцэ-прэзідэнта – Эрык Эдэльман, Джон Хэнна і Скутэр Лібі (ачольваў апарат Чэйні і зьяўляўся адной з найбольш уплывовых фігур у адміністрацыі) таксама рабілі сваю справу. Да пачатку 2002 г. Чэйні ўжо пасьпеў пераканаць Буша.

Пры такім раскладзе вайна станавілася непазьбежнай…  

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы