Андрэй Якушонак, Мядзельскі рэгіён
Падаем чарговы артыкул нашага стала аўтара, які добра ілюструе ўжо прынятыя раней прынцыпы нашай дактрыны – Д пр-пы 26 і 74.
Рэдакцыя.
Наша грамадства ўспрымае прэзідэнта як нейкі ідэал, бязгрэшны і бездакорны эталон. Але любому рэалісту вядома, што няма ніводнага чалавека абсалютна ідэальнага, што ўсе мы з недахопамі. Гэта звычка ідэалізаваць правадыроў захавалася ў нас яшчэ з савецкіх часоў, калі кожны генсек успрымаўся многімі як святы: “памыліцца ён ня мог”, – ды й некаму было яго паправіць.
Але і народ ад гэтага скідваў зь сябе ўсю адказнасць як за тое, што адбываецца ў савецкай краіне, так і за сваю будучыню. “Ёсьць правадыр, хай ён усё і вырашае”, – так, здавалася, прасьцей было жыць. Але гісторыя даказала, што так жыць нельга, інакш ты пераўтвараешся ў раба, які ўлагоджвае ўладу маючага.
Падобна на тое, што гісторыя людзей нічаму ня вучыць! [гэты феномен ёсьць “медыцынскі факт”! – Рэд.] А шкада.
У капіталістаў усё прасьцей і натуральней – ёсць такое паняцце, як выгада. Капіталісту выгадна эксплуатаваць, але і эксплуатуемаму выгадна падпарадкоўвацца – абодва ня могуць выжыць адзін без другога. Затое паспяхова выжываюць разам.
А ў саветах выгадай і ня пахла: усё вырашаў адзін вялікі начальнік-уладар, узведзены ў ранг сьвятога. Але потым на палітычнай арэне з’яўляўся новы генсек, які цалкам абвяргаў беззаганнасць папярэдняга. Мы так жылі “шчасліва” 70 гадоў, пакланяючыся то аднаму савецкаму “святому”, то новаму, які прыходзіў за папярэднім, і мы ўсе дружна пераключалі сваю ўвагу на зноў прыбылага, абплёўваючы бяз стомленасці выбылага, робячы яго вінаватым ва ўсіх бедах краіны. Вось так “святы” станавіўся грэшным.
Добра, што ў сённяшняй, але ўсё яшчэ савецкай, Беларусі такога не назіраецца. У нас стабільнасць вось ужо 14-ы год: адзін бяссменны лідэр. І пакуль не прыйшоў на яго змену новы, мы баімся ўявіць, што гэты, цяперашні, таксама ня без граху. Пакуль не з’явіўся новы выкрывальнік, мы працягваем свята верыць, што Лукашэнка – “святы”. Але, вера і веды – розныя рэчы!
Не, аказваецца, прэзідэнт – не “святы”. Ён таксама “не может не пить” (водкі – заўв. аўтара) і “не страшно, что я (прэзідэнт) их (кніжкі) не читаю сегодня” ды і “состояние (здароў’я) моё на сегодня не самое лучшее” – шчыраваў Лукашэнка перад журналістамі з расейскай глубінкі 12 кастрычніка на прэс-канферэнцыі.
У нашага “святога” ёсць і свой апякун, якога ён (на гэтай прэс-канферэнцыі) з глыбокай павагай у голасе назваў па ІМЯ й ІМЯ ПА БАЦЬКУ, як калі б гэта асоба альбо сама прысутнічала на прэс-канферэнцыі, альбо сам прэзідэнт меў да яе непасрэднае дачыненьне, з’яўляючыся ці то яго сынам, ці то яшчэ якім-небудзь яго сваяком. І ня важна “святому” прэзідэнту, што гэтая асоба за час праўлення СССР укатрупіла мільёны і мільёны савецкіх людзей – каго ў турмах, курапатах, а каго ў Сібіры.
Мяркую, усе ўжо здагадаліся, а, можа, хто і ўспомніў, што на прэс-канференцыі так добразычліва-паважліва па імя і імя па бацьку Лукашэнка назваў Сталіна, адказваючы на адзін з “мудрагелістых” пытанняў журналіста з Расеі.
Так, паміж гэтымі асобамі і сапраўды ёсць штосьці агульнае. Сталін у бытнасць генсекам СССР знішчаў без суда і следства тысячамі нязгодных з уладай “ВОРАГАЎ НАРОДУ”, і Лукашэнка, ужо толькі ў сучаснай Беларусі, адпраўляе ў месцы ня так аддаленыя практычна без суда і следства маладых хлопцаў і дзяўчат, нязгодных зь яго палітыкай, толькі ўжо па больш сучаснай абвінавачваючай трактоўцы: за “НЕЦЕНЗУРНУЮ БРАНЬ” у грамадскім месцы. Сапраўды, зараз час ня той, і ўлада ня можа саслаць чалавека (а, напэўна, так хочацца!) у далёкую Сібір або прысудзіць да растрэлу (хаця тут на прэзідэнта ўжо даўно кінуты цень сумневу; дастаткова згадаць зьніклых бяз зьвестак апанентаў улады: Дзьмітрыя Завадскага, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранку, іншых). Паколькі Беларусь мяжуе зь еўрапейскімі краінамі, то і саджаюць ў нас у турмы апанентаў улады (у асноўным моладзь!) па абсалютна стандартным абвінавачваньні: “за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы”…
Чытаем прэсу:
“За кратамі па стандартным абвінавачваньні ў “нецензурной брани” напярэдадні Еўрапейскага марша апынуліся найбольш актыўныя прадстаўнікі апазіцыі Мінска і регіёнаў. Па дадзеных арганізатараў марша і праваабаронцаў, па стане на 13 кастрычніка за краты адпраўлены 25 актывістаў, а ў целым перасьледу падвергліся болей за 50 чалавек… Усіх адміністратыўна арыштаваных судзілі за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы (арт.17.1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях – дробнае хуліганства)” – аналітычны штотыднёвік “Беларусы і рынак” ад 15.10.2007, №39.
Маўляй, не брыдкаслоўце – і будзеце на волі. Зручны выкрут, калі яшчэ і ўзгадаць, што вераць звычайна ў такім выпадку на судзе паказаньням супрацоўнікаў міліцыі (якія і самі ня супраць часам ругнуцца, выконваючы свае службовыя абавязкі), ператвараючы суд над безабароннымі маладымі апазіцыянерамі ў гульню ў адныя вароты. “І вінаваты ён (апанент улады) толькі тым, што хочацца мне (уладзе) есці (знаходзіцца ва ўладзе як мага даўжэй)” – як сказаў бы байкапісец Крылоў, каб быў ён цяпер у Беларусі.
Як у ваду глядзеў. Сапраўды, мастацтва вечнае і актуальнае заўсёды!
Зразумелая справа, уладзе хочацца змагацца зь “нецензурной бранью” – заняцца ёй, відаць, больш няма чым. Хай лепей супрацоўнікі міліцыі наведваюць школьныя перапынкі – вось дзе яны з поспехам азнаёмяцца і з трохпавярховымі, і з чатырохпавярховымі формамі “моцнага слоўца”. Вось дзе рассаднік будучых аматараў нецэнзурнай лаянкі – настаўнікі не дадуць зманіць! Давайце тады палове вучняў дадзім па 7 сутак за “нецензурную брань” у грамадскім месцы, каб было па-чэснаму і нікому ня крыўдна!
Скажаце – глупства? Па-мойму, ня меншая лухта – адправіць за краты апазіцыйных маладых актывістаў напярэдадні акцыі пратэсту, ставячы ім у віну нібыта “нецензурную брань”! Гэта што ў іх – нейкі рытуал узмоцненай лаянкі перад кожнай акцыяй пратэсту? Вядома ж, не. Усім зразумела, проста трэба ж за штосьці пасадзіць, каб еўрапейскае грамадства было супакоенае і не разарвала з уладай дыялог і супрацоўніцтва, так зараз необходнае ёй дзеля паляпшэння свайго эканамічнага становішча.
А калі вартавым парадку і гэтага будзе мала, хай наведаюцца ў любую вайсковую частку Беларусі. Скажу толькі адно, што ў арміі гэта “нецензурная брань” льецца ракой. І там ваенныя мацюкаюцца так моцна, што на грамадзянцы любы аматар вылаяцца падасца вам проста культурным чалавекам. Хто служыў – не дасць зманіць. Давайце тады ўсёй арміі дадзім па 15 сутак за “нецензурную брань”, каб было па-чэснаму і нікому не крыўдна!
Зноў глупства? Але ня меншая лухта зыходзіць ад улады… напярэдадні чарговай акцыі пратэсту.
Дам яшчэ адну параду супрацоўнікам міліцыі (каб дапамагчы ім атрымаць надбаўку да зарплаты за схопленага парушальніка моўнай грамадскай атмасьферы), дзе можна знайсці аматараў мацюкацца. Сачыце за маёй думкай, панове-спадарове.
Напрыканцы 2006 года я толькі што вярнуўся з Чехіі, дзе праходзіў, не буду хаваць, стажыроўку ў адным з мясцовых універсітэтаў. Пра Чэхію я магу расказаць шмат добрага, але, каб зэканоміць час, буду сціслы. Чэхія – неверагодная краіна, а людзі там надзвычай гасьцінныя. Вось аб кім можна сказаць: ЯНЫ там ЖЫВУЦЬ, а МЫ тутака ВЫЖЫВАЕМ – хоць і яны, і мы пачыналі свой шлях у 1990-я нароўных!
Па вяртанні дамоў, акрылёны чэшскім узроўнем абслугоўвання, я зазірнуў у адну з цэнтральных мінскіх крамаў, што гандлююць абуткам айчынных вытворцаў. Забыўшыся, аднак, што я ўжо на Радзіме, а не ў далёкай Чэхіі.
Пакуль я вадзіў позіркам па сьцелажах з абуткам, шкадуючы, што не набыў яго за мяжой, дзе і цэны аднолькавыя ці, нават, крыху ніжэй, але якасць і прыгажосць абутку на парадак вышэй за наш, як раптам я заўважыў усхваляванага прадаўніка, які выходзіў са складскога пакою. Наколькі я зразумеў з пачутага, ён выкрыў аднаго з кліентаў, але толькі, да бяды прадаўніка, не на сваю карысьць. Кліент даўно знік, таму і быў ён такі ўсхваляваны, ведаючы, што недастачу прыйдзецца закрываць са свайго заробку. Забыўшыся ў адчаі, што вакол пакупнікі, ён выпаліў моцнае мацернае слоўца, якое рэхам разляцелась па ўсіх сцелажах з абуткам і трапіла ў вуха кожнага з пакупнікоў.
Ці трэба дадаваць, што я ў гэтай краме нічога не набыў… Але астатнія наведвальнікі так і працягвалі выбіраць абутак. На зробленую мной прадаўніку заўвагу, была такая бурлівая рэакцыя ў адказ з яго боку, быццам гэта я быў вінаваты, што незнарок пачуў гэты мат. Дабіцца выдачы кнігі “Скаргаў і прапаноў” (так, па-мойму, яна называецца?) я таксама не здолеў. Але больш за ўсё мяне здзівіла, што астатнія пакупнікі проста зрабілі выгляд, што нічога не пачулі. І толькі адна маладая маці з дзіцём стала на мой бок.
Ці варта яшчэ казаць, якія грамадскія месцы неабходна часцей наведваць супрацоўнікам міліцыі, каб пачуць сапраўдную нецэнзурную лаянку, а не высмоктваць з пальца абвінавачванні ў “нецензурной брани” у адносінах да маладых апанентаў улады!
Для прафілактыкі ад “нецэнзурнай брані” нагадаю словы свяшчэнніка Якава Кротава: “Мацярная ругань – ёсць перш за ўсё сімптом эвалюцыйнай недаразвітасці. Біёлагі ведаюць, што ў жывёльным свеце існуе ярка выяўленая сувязь паміж агрэсіўнасцю і сэксуальнасцю, і некаторыя “асабліва адораныя” асобнікі выкарыстоўваюць свае геніталіі для застрашэння суперніка. А некаторыя не меньш адораныя прадстаўнікі гома сапіенс робяць тое ж самае праз словы… Гэта – абвяржэнне брыдкаслоўя і адпор яму з пазіцыі сучаснага, добра адукаванага чалавека”.
А заканчваю тэму словамі Арцёма Дзянікіна з яго артыкула “Паходжанне рускага мата”: “У Расіі не разумеюць, што мат разбурае асновы Грамадства. Мат, з’яўляючыся жывёльнымі паводзінамі “выкарыстоўваць свае геніталіі для застрашэння супраціўніка”, ужо асацыяльны. Але мацяршчына эвалюцыянавала ў параўнанні з жывёламі: сама назва “мат” азначае абразу маткі апанента праз сэксуальна гвалт з боку гаворачага. Чаго няма ў жвёлаў… У нашых еўрапейскіх мовах дастаткова сродкаў адлюстраваць любыя паняцці без мату, як няма мату і ў творах Ільва Талстога. Ён “сакральнай мовай” не карыстаўся, але стварыў літаратурныя шэдэўры сусветнай культуры”.
А вось беларускі рэжым узяў сабе на ўзбраенне “нецэнзурную брань”, навешваючы яе кляймо усім, хто матам не лаецца, а проста выражае нязгоду з варварскай палітыкай Лукашэнкі.