nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Чаму Пуцін зусім не жадае застацца прэзідэнтам

24 снежня, 2007 | Няма каментараў

��лко��к�.jpg

У палітыцы бываюць рэдкія і таму надзвычай каштоўныя сітуацыі (назавем іх “вымушаная падзея голай праўды”), якія ва ўмовах сталай хлусьні палітыкаў пераўтвараюцца ў апорныя кропкі, ня менш важкія па сваіх магчымасьцях для навуковага аналізу, чым тыя, што стварае эфект “крука ў лесе” (апошні мы ўжо выкарыстоўвалі ня раз). Такой “падзеяй праўды” стала нядаўняе прызначэньне Пуціным свайго пераемніка на пасадзе прэзідэнта РФ. У гэтым рашэньні ні згуляць, ні схлусіць немагчама; а, між тым, яно дазваляе зразумець многія “падвязкі”, якія кіруюць сёньня расейскай імперыякратыяй і звонку, і знутры. Таму наперадзе ў нас вялікая аналітычная праца. Лічым вартым пачаць яе з высьвятленьня аб’ектыўнага  эканамічнага і грамадска-палітычнага стану расейскай імперыі. Выслухаем прыхільнікаў альтэрнатыўных ідэалагічных кірункаў – спосаб наблізіцца да аб’ектыўнасьці. На пачатак падаем цікавае інтэрвю прадстаўніка ліберальнай плыні, стваральніка расейскага Інстытута нацыянальнай стратэгіі Станістала Бялкоўскага (паводле  kavkazcenter.com/russ/content/2007/11/14/54365.shtml). Інтэрвю было дадзена замежнаму журналісту і да таго, як Пуцін абвясьціў сваім перамнікам Мядзьведзева.

Рэдакцыя.

 

Карэспандэнт: Сёньня Расея робіць уражаньне стабільнай краіны, што яна ўжо не рабіла даўно. Чаму ж напярэдадні парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў кіраўніцтва краіны так моцна нярвуецца?

С.Бялкоўкі: кіраўніцтва нярвуецца таму, што існуе мноства праблем, якія замоўчваюцца альбо замоўчваліся доўгія гады і рашэньне якіх адкладалася на потым.

Пра якія праблемы вы кажаце?

– Усё пачынаецца з крызіса нацыянальнай інфраструктуры, якая на працягу апошніх 30 гадоў не мадэрнізавалася – дарогі, лініі электраперадач, цепласеткі; акрамя таго, сітуацыя пагаршаецца новым абвастрэньнем становішча на Паўночным Каўказе. У Інгушэціі яно практычна выйшла з-пад кантролю. Аналагічныя тэндэнцыі ў наяўнасьці таксама ў Дагестане і Кабардзіна-Балкарыі, дзе выціскаюць рускіх.

Ці ўлічваеце вы тут падвышэньне коштаў на харчы?

– Канешне. Цэны на прадукты харчаваньня правакавалі вялікія ўзрушэньні й выбухі ня толькі ў расейскай гісторыі. А цяперашняе падвышэньне цэнаў затрымаць немагчыма, бо Расея крытычным чынам залежыць ад імпарта.

Ці ж расейская сельская гаспадарка якраз ня ўстала на ногі?

– За час кіраваньня Пуціна пасяўныя плошчы пад збожжавыя культуры, а таксама пагалоўе буйной рагатай жывёлы значна скараціліся. Экспартэры, не зьвязаныя з Крамлём, сыходзяць у сваіх прагнозах з таго, што на вясну цэны на хлеб падымуцца на 70-80%, на сьметанковае масла і мяса – на 50-60%. Гэта зробіць жыцьцё малазабясьпечынах сем’яў невыносным. Ужо сёньня 70-80% іх сямейнага бюджэту выдаецца на харчаваньне. Хутка на прадукты ім прыйдзецца аддаваць больш, чым яны зарабляюць.

Нягледзячы на прыток нафтадаляраў, сярод вашых суграмадзян расьце страх перад банкаўскім крызісам. Наколькі гэты страх апраўданы?

– Сапраўды, банкаўскай сьферы пагражае крызіс ліквіднасьці, уплыў на які аказваюць два фактары. Па-першае, уцяканьне так званых “дурных” грошай, кароткатэрміновых крэдытаў тэрмінам да паўгады, якія цяклі ў Расею ў вялікім аб’ёме (гаворка ідзе пра сотні мільярдаў даляраў) і на расейскім рынку, які бурна рос, дазвалялі атрымліваць да 30% гадавых. Калі яны зьнікнуць, эканоміка Расеі абваліцца. Адбудзецца абвал біржавых індэксаў, і мы атрымаем крызіс ліквіднасьці.

Вы казалі яшчэ і пра другі фактар.

– Гэтая праблема невяртаньня спажывецкіх крэдытаў. На працягу апошніх гадоў атрымаць падобныя крэдыты было вельмі лёгка. Але фінансавая дысцыпліна ў Расеі слабая. Большасьць з тых, хто браў такія крэдыты, зусім ня мелі намеру іх вяртаць. Яны ўспрымаліся як кампенсацыя з боку эліты, якая прысвоіла нацыянальныя багацьці, зь якіх шырокім масам нічога не засталося. Гэты вузел праблем абвесьціць пра сябе громкім выбухам у 2008 годзе [зназумела, Расея – не краіна, а імперыя; сацыяльныя ўзаемаадносіны нармальных нацыянальных грамадстваў (абавязковасьць, адказнасьць, павага да іншага, справядлівасьць) ёй невядомыя і не ўспрымаюцца ні “элітай”, ні плебсам… – Рэд.].

Вы лічыце, што прэзідэнт Пуцін думае аналагічна?

– Пуцін ведае, што ў краіне ідуць скрайне дэструктыўныя працэсы, якімі ён проста ня ў стане кіраваць. Таму для яго важна выбыць з гульні да таго, як адбудзецца выбух.

Пуцін зусім не жадае заставацца прэзідэнтам?

– Не, не жадае. Ніякага трэцяга тэрміну ня будзе, усё гэта міф і прапаганда [ніхто зь вядомых нам палітолагаў так адназначна, як Бялкоўскі, за пару тыдняў да канчатковага прасьвятленьня сітуацыі зь пераемнікам не прадказаў, што Пуцін сыдзе (і чаму ён сыдзе); гэта яскравы прыклад таго, што варта слухаць усіх людзей (нават ворагаў), якія могуць паспрыяць высьвятленьню ісьціны! – Рэд.]. Галоўнае для яго – паспрабаваць пазьбегчы выбуху да таго, як ён будзе ўсё яшчэ пры ўладзе. Абвал ужо пачаўся ў выглядзе некатралюемага росту цэнаў на прадукты харчаваньня, што моцна закранула большую частку насельніцтва.

Аднак існуюць уплывовыя групоўкі, якія дзеля захаваньня стабільнасьці хочуць, каб Пуцін застаўся пры ўладзе.

– Дэстабілізацыі не пазьбегчы па аб’ектыўных прычынах. Катастрофа набліжаецца: інфраструктурны крызіс, поўны распад арміі, татальная карумпаванасьць дзяржаўнага апарату, што практычна выліваецца ў яго паралюш. Да таго ж варта дадаць становішча на Паўночным Каўказе, якое пагаршаецца з кожным месяцам, а таксама рашучы рух кітайцаў у Сібір і на Далёкі Ўсход. Праз 3-4 гады яны будуць кантраляваць гэты рэгіён [так, паганая імперыя, тым ці іншым чынам набліжаецца твой каней! – Рэд.].

Аднак большасьць расейцаў лічаць, што энэргічны лідэр у Крамлі можа наладзіць усё найлепшым чынам, і менавіта таму павінен застацца.

– Ня трэба пераацэньваць актыўную ролю Пуціна ў расейскай палітыцы. Усе рашэньні, якія ён прыняў, былі тактычныя й таму неістотныя. Перад буйнымі стратэгічнымі задачамі ён пасаваў, здымаў іх з парадку дня альбо адкладваў у доўгую скрыню. Роля Пуціна была пасіўнай.

Хто ж прыймае ў Расеі канчатковыя рашэньні? Пуцін і шчыльнае кола яго давераных асобаў?

– Ніякага палітычнага механізму выпрацоўкі рашэньняў у традыцыйным сэнсе гэтага слова практычна не існуе. Тое, што гаворыцца публічна, гэта ёсьць прапаганда. Па- сутнасьці, рашэнні зьяўляюцца якімі заўгодна, але не палітычнымі. У большасьці выпадкаў яны дыктуюцца інтарэсамі вялікіх грошай [тут Бялкоўскі гаворыць не як ідэолаг, а як практычны палітык; грошы ні ў чым не вінаватыя – ні вялікія, ні малыя; ва ўсім вінаватыя людзі; таму патрэбны пераклад: гаворка ідзе пра інтарэсы расейскіх імперыякратыі й фіналігахіі, якія накралі вялікае бабло, жадаюць яго захаваць і павялічыць… – Рэд.]. Усяўладдзе Пуціна – гэта фікцыя

Інтарэсы розных груповак неаднолькавыя, ці ёсьць у груповак свае прадстаўнікі ў Крамлі?

– У Крамлі прадстаўленыя ўсе групоўкі. Як і наадварот: людзі, якія сядзяць у Крамлі, гэта непасрэдныя прадстаўнікі й суўладальнікі буйных прадпрыемстваў.  

Гэта датычыць таксама і прэзідэнта?

Пуцін – гэта таксама буйны бізнесмэн. Ён кантралюе 37% акцый “Сургутнефтегаза”, рынкавы кошт якога складае 20 млрд. даляраў. Акрамя таго, ён катралюе 4,5% акцый “Газпрома”. У кампаніі Gunvor, якая гандлюе нафтай, Пуцін праз свайго прадстаўніка Генадзя Цімчанку мае 50%. Летась яе абарот склаў 40 млрд. даляраў, а прыбытак – 8 млрд. [па падліках іншых эканамістаў, разам уласны капітал Пуціна складае на сёньня 41 млрд.даляраў. – Рэд.]

Ці гэта сапраўдныя лічбы?

Так, сапраўдныя. У сувязі з гэтым важка разумець розьніцу паміж практыкай Крамля і Пуціна, з аднаго боку, і рыторыкай – з другога. Рыторыка Пуціна накіраваная на праславутую стабілізацыю рэжыма і захаваньне стабільнасьці любым коштам. Гэтая рыторыка апелюе да савецкага ды імперскага менталітэту, які ўсё яшчэ папулярны ў народзе. Але яна ня мае нічога агульнага з рэальнымі матывамі [прыняцьця рашэньняў у Крамлі]. Яны ў значнай ступені вызначаюцца інтарэсамі вялікага бізнесу [інтарэсамі соцыя-паразітных груп, якія кантралююць расейскую імперыю, вызначаюцца крамлёўскія рашэньні. – Рэд.].

Аднак у сьвеце Расея зноў адыгрывае значную ролю.

– Калі разглядаць рэальныя наступствы пуцінскай палітыкі апошніх 8 гадоў, дык становіцца відавочным, што імперская рыторыка ўвогуле ніяк не адбілася на палітычнай практыцы. Уплыў Расеі ў сьвеце ня ўзрос, а скараціўся самым драматычным чынам.

Вы можаце гэта абгрунтаваць?

– Калі Пуцін прыйшоў да ўлады, Расея была паўнавартаснай рэгіянальнай дзяржавай. Гэта была галоўная палітычная сіла на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Ніводны рэжым – ад Украіны да Сярэдняй Азіі – ня мог сфармавацца бяз згоды Расеі [мы гэта добра ведаем і заўсёды казалі; невядомыя толькі дзьве рэчы: чаму гэты абсалютна відавочны факт заўсёды імкнуліся адмаўляць мясцовыя лібералы і за што нам дастаўся самы ўблюдачны экзэмпляр? – Рэд.]. А рэжымы, якія займалі антырасейскія пазіцыі, напрыклад, Эльчыбея ў Азербайджане альбо Гамсахурдзія ў Грузіі, доўга не жылі.

А сёньня?

Сёньня ўсё больш краін пры вызначэньні свайго лёсу, сваіх персьпектываў адварочваюцца ад Расеі. Масква засталася ў адзіноце. Уся імперская ідэалогія прыпадае толькі на прапаганду, рэальная палітыка выглядае па-іншаму.

Аднак зьмены палітычнай сістэмы, фарсаваныя прэзідэнтам, не засталіся незаўважанымі.

– Падмурак гэтага быў закладзены ўжо ў 90-я гады, калі ў 1993 годзе быў абстраляны парламент, калі была прынятая прапрэзідэнцкая канстытуцыя, калі прэзідэнцкія выбары 1996 года былі выйграны праз падлог. Да ўлады тады прыйшлі такія алігархі, як Беразоўскі, Гусінскі, Абрамовіч і Хадаркоўскі, якія падзялілі паміж сабой савецкую ўласнасьць.

Як вы лічыце, у якіх стасунках знаходзіцца зь імі Пуцін? У пачатку свайго кіраваньня ён казаў, што жадае роўнааддаленасьці ўсіх алігархаў.

– Пуцін не змагаўся за ўладу, у яго цяперашняе крэсла ён быў пасаджаны менавіта гэтымі людзьмі. Беразоўскі, Абрамовіч ды іншыя зрабілі яго прэзідэнтам, каб выканаць адну задачу – гарантаваць непарушнасьць вынікаў прыватызацыі [прыхватызацыі. – Рэд.], забясьпечыць пераўтварэньне прыватызаваных прадпрыемстваў у “жывыя грошы”, а таксама легалізаваць свае капіталы як ў Расеі, так і за мяжой [у нашай сістэме ведаў гэта значае, што Расея з тыповай тэрытарыяльнай імперыі на думку алігархаў ельцынскай пары павінна была пераўтварыцца ў тыповую фінансавую імперыю, кіруемую расейскай галіной глабалісцкай сіянакратыі; дарэчы, пра гэта фактычна адкрыта казаў Чубайс, які заяўляў, што Расея павінная стаць “ліберальнай імперыяй”. – Рэд.].

Але прычым тут згортваньне дэмакратыі, якое штурхаў Пуцін? Ён, на ваша меркаваньне, дыктатар?

– Гэта была не яго ідэя, і ён ніякі не дыктатар. Ва ўмовах рэальнай дэмакратыі, сапраўднай канкурэнцыі паміж палітыкамі, пры роўным доступе да сродкаў масавай інфармацыі, у прыватнасьці, да тэлебачаньня, рэалізаваць гэтую задачу было б немагчыма. Таму дэмакратыя згортвалася сьвядома. Гэта не было рашэньнем Пуціна, ён толькі выконваў волю эліты [правільна – “эліты”. – Рэд.], якую яна сфармулявала яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Пуцін нязьменна заставаўся спадчыньнікам Ельцына, нават калі па папулісцкіх прычынах ён заўсёды спрабаваў падаць сябе яго супрацьлегласьцю

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы