Аляксей Шырапаеў
Частка ІІ. Новая асоба (паводле lj.rossia.org/users/shiropaev/20520.html#cutid1)
Здрада “радзіме” як ратаваньне
Як ужо было сказана, ідэя Расеі – гэта ментальная пастка, якая робіць рускіх вязьнямі Імперыі. Прычым вязьнямі актыўнымі, якія бароняць і дасканаляць свой палон, будуюць апалагетычныя ідэалагемы палону, ствараюць культуру палону, абвяшчаюць сябе патрыётамі палону.
Паказальна, што ідэя Расеі мірыла, здавалася б, непрымірымыя лагеры. За што біліся белыя? Вядома, за Расею. Як толькі высьветлілася, што чырвоныя, хай спачатку і ня ведаючы гэтага, бьюцца за тое ж самае, – за Расею, за Імперыю – вельмі многія белыя спынілі барацьбу. І больш за тое, пайшлі на супрацоўніцтва з бальшавікамі: у якасьці ваенсьпецоў, ідэолагаў і нават патаемных агентаў ГПУ [нам чуць такое прызнаньне-усьведамленьне ад рускага чалавека – ну, проста бальзам на душу… – Рэд.]. Вось безадмоўная вербовачная формула Лубянкі: “Вы патрэбныя Расеі. Падкрэсьліваю, ня нам, а Расеі. Рэжымы прыходзяць і адыходзяць, а Расея застаецца” [тут аўтарам выдатна паказана, што рускія са сваёй “Расеяй”, каб стаць рабамі й салдатамі імперыі, сапраўды лапаліся на схаваны, унутраны, але іх уласны, прыроджаны шавінізм-імперыялізм. – Рэд.].
І ў цэлым Лубянка права: зьмяняецца лісьце, а “зачараваны дзікі лес” Імперыі працягвае існаваць стагоддзі.
Відаць, не выпадкова, што самай непрымірымай часткай антысавецкага сьпектра засталіся антыімперцы, ворагі Расеі – нацыянал-сепаратысты, найперш балцкія і ўкраінскія, якіх саўдэп і не спрабаваў перавярбоўваць. Ужо на што Барыс Савінкаў псіхалагічна ды ідэйна быў блізкім да нацыянал-дэмакратыі, дык жа і ён перакуліўся на ідэі Расеі! [толькі што на нашых вачах тую ж памылку прадэманстраваў Барыс Міронаў; а ўжо які, здаецца, нацыяналіст!. – Рэд.] Убачыўшы, што бальшавізм стаў Расеяй, Савінкаў прызнаў большавізм [і… заплаціў уласным жыцьцём. – Рэд.]
Пра Калчака і Юдэніча, якія адмовіліся прызнаць незалежнасьць фінаў ды эстонцаў наўзамен за іх удар па Петраграду, я і не кажу. Радзімай, маўляў, не гандлюем. Цэласнасьць Вялікай Расеі апынулася больш важкай, чым будучы ГУЛАГ…
Але здаўна былі й тыя, хто імкнуўся парваць гэтае зачараванае кола. Пераадолець марок, здрадзіць “радзіме”.
Варта прызнаць відавочнае. Пачынаючы зь узьвялічваньня Масквы нацыянальныя інтарэсы рускіх ляжалі ў плоскасьці дзяржаўнай здрады. І нават раней – з Батыя. Ужо тады лепшыя рускія людзі, не па ўласнай волі зьяўляючыся васаламі сарайскіх “цароў”, здраджвалі Мангольскай імперыі – гэтай Прота-Расеі. Яны шукалі палітычнай падтрымкі і ваеннай дапамогі ў барацьбе супраць татараў на Захадзе, у Еўропе – у родным культурна-класавым сьвеце. Зь іх варта назваць, найперш князя Андрэя Яраславіча, які скончыў свае дні эмігрантам у Швецыі. Гэтая фігура знаходзіцца ў змрочым ценю сваёго знакамітага брата-еўразійца – Аляксандра Неўскага, які ў асобе Батыя набыў сабе новага бацьку – стаў ханскім прыёмным сынам. Аляксандр увайшоў у расейскую гісторыю як патрыёт №1, а яго брат Андрэй – як здраднік, перадумова двух будучых Андрэеў – Курбскага і Ўласава. Здарада князя Андрэя заключаецца ў яго нежаданьні здраджваць сваёй еўрапейскай Русі й увайсьці ў “мангольскі суперэтнас”, аналагічна брату-здрадніку.
Афіцыйная гісторыяграфія – царская і савецкая [як імперскія. – Рэд.], нягледзячы на “класавыя” супярэчнасьці, адзінадушна абвінавачвае ў здрадзе і Наўгародскую рэспубліку – за тое, што не пажадала пакласьці рускую свабоду, рускую ідэнтычнасьць да ног татарскай Масквы. За тое, што Ноўгарад шукаў дапамогі ў суседзяў-крэўных – у Літвы і немцаў, якія ведалі яго ў якасьці аднаго зь вялікіх гарадоў ганзейскай Еўропы. Чаму ж здрадзіў Ноўгарад? Будучаму прыгоннаму праву? Ваенным пасяленьням, якія пазьней арганізаваў Аракчэеў на ноўгарадскай зямлі? Свайму будучаму пераўтварэньню ў правінцыйны саўковы горад? Якім мог бы быць Ноўгарад, калі б не апынуўся ў Расеі? Глядзіце на Стакгольм, Осла, Капенгаген, Гамбург…
У здраднікі запісана і слаўнае рускае баярства, якое давяло сваю доблесьць на Куліковым полі. Баяры, зьяўляючыся носьбітамі рускай еўрапейскай самасьвядомасьці, супраціўляліся сьцьвярджэньню царызма ханскага тыпу. У чым жа тады іхная здрада? У тым, што яны не жадалі здраджваць сваёй рускасьці, свайму еўрапеізму і не жадалі падладжвацца пад норавы і звычаі хрышчанай татарскай знаці, якая складала касьцяк апрычніны? Альбо ў тым, што ня здрадзілі сваім крэўным сувязям з Захадам? А можа быць, іх здрада – у імкненьні зьмяніць рускі лёс, зноў зрабіць яго агульнаеўрапейскім?
У “Слоўніку” В.І.Даля чытаем: изменять – “зьмяняць што, замяняць, перамяняць, даваць адну рэч замест іншай; пераіначваць, перарабліваць, даваць іншы выгляд”. Другое значэньне гэтага слова – здраджваць каму: “парушваць вернасьць, адыходзіць ад каго, пакідаць, пераходзіць да суперніка” [усе гэтыя слоўныя праблемы абумоўленыя няразьвітасьцю рускай мовы; у ёй слова “изменять” сапраўды зьяўляецца двухсэнсоўным; у нашай мове такіх праблем са словамі “зьмяць” і “здраджваць” няма…; дарэчы, як і са словамі мір і сьвет, позірк і погляд, любоў і каханьне, алей і масла, адносіны, стаўленьне, дачыненьне, стасункі й г.д. – Рэд.].
Аляксандр Неўскі, які “перайшоў да суперніка”, і ёсьць здраднік у другім значэньні гэтага слова. Ён здраднік Русі й партыёт Расеі, заснаванай Батыем [так-так, цудоўна заўважана: у рускіх цяпер дакладна такі зьмястоўны выбар – здадзіць Расеі, каб быць верным рускаму народу – ці быць адданым Расеі, значыць здрадзіць рускаму народу; вось яна – тая мяжа паміж нацыянал-дэмакратызмам і патрыёт-імперыялізмам. – Рэд.]. А яго брат Андрэй Яраславіч, наўгародцы, Курбскі, Уласаў і ўвесь трагічны дыскурс Рускай Зьмены – гэта здраднікі ў сэнсе “замяняць, перамяняць, пераіначваць, перарабліваць”. Яны зьменьнікі таму, што імкнуліся зьмяніць, выправіць рускі гістарычны лёс, аднойчы скалечаны нашэсьцем Азіі. Яны хацелі ня “здраджваць радзіме”, а замяніць радзіму: рабскую, азіяцкую Расею на вольную, еўрапейскую Русь.
Вялікая Ідэя Зьмены – усенародная. Зьмяніць лёс – асабісты і народны – імкнуліся баяры, казакі, манахі, першадрукары, халопы… У 1564 годзе князь Курбскі сыходзіць у Літву, стаўшы Салжэніцыным таго часу. У тым да годзе Іван Фёдараў выпускае першую рускую друкаваную кнігу – “Апостал”. У Маскве. А праз 10 гадоў, у 1574-м, ён друкуе першую славянскую “Азбуку” і “Апостал”, але дзе? У “западэнска-бандэраўскім Львове! А ў 1580-81 гг., зноў жа на “западэншчыне”, у Астрогу, ён выпускае першую поўную славянскую Біблію (“Астрожскую біблію”). Відавочна, на Захадзе Фёдараву працавалася лепш, чым у Маскве, дзе яго абвінавацілі… ў ерасі.
У 1601 годзе маршрутам Курбскага пайшоў яшчэ адзін чалавек: дзякан Цудава манастыру Грыгоры Атрэп’еў, баярскі сын. У 1604 годзе ён вярнуўся на Масковію на чале руска-польскага атрада пад імём царэвіча Дзьмітрыя. Нянавісьць народу да маскоўскай улады ў асобе татарына-апрычніка Гадунова была настолькі вялікая, што вельмі малымі сіламі Ілжэдзьмітры І хутка дайшоў да сталіцы і стаў вельмі папулярным царом. Гэта быў першы заходнік на маскоўскім троне, чалавек разумны, сьмелы, вялікадушны і шчодры – сапраўдны герой Рускай Зьмены. Ён зьбіраўся зьняць “жалезны занавес” і дазволіць думным людзям на вучобу ў Еўропу, палегчыў становішча халопаў і беглых сялян, увогуле быў дэмакратычным, вольным ад царкоўнага абскурантызму і, гледзячы па ўсім, меў планы вялікіх рэформаў. Гэта быў, умоўна кажучы, Пётр да Пятра; але калі еўрапеізм апошняга так і не вырваўся за межы расейскай гістарычнай парадыгмы, дык Ілжэдзьмітры хацеў ЗЬМЯНІЦЬ саму гэтую парадыгму.
У 1606 годзе ў Расею з Польшчы перайшоў Іван Балотнікаў – беглы халоп, які пабываў у рабстве на турэцкіх галерах. Вызвалены аўстрыйцамі, Балотнікаў пабачыў Венецыю, быў у Польшчы, дзе заручыўся адпаведнай падтрымкай, а затым зьявіўся ў Пуціўлі, дзе ўзначаліў народна-дэмакратычнае паўстаньне, якое, па сутнасьці, стала вайной рускіх рэгіёнаў супраць зьненавіднага маскоўскага “цэнтра”. Паўстаньне падтрымалі каля 70 гарадоў Паўднёвай і Паўднёва-заходняй Расеі, Ніжняе і Сярэдняе Паволжа. Балотнікаў – адзіны з народных правадыроў, які здолеў дайсьці да Масквы і асадзіць яе з кастрычніка па сьнежань 1606 года.
Жадалі зьмяніць лёс, “трахнуўшы Масковію”, казакі Сьцяпан Разін, Кандраці Булавін, Емельян Пугачоў. А калі не зьнішчаць гэтую антынародную дзяржаву, дык хаця б уцячы ад яе – ня ў Польшчу, дык хаця б у Турцыю, як казакі булавінскага атамана Некрасава. Туды ж, у выпадку няўдачы, зьбіраўся павесьці сваіх казакоў і Пугачоў – нават Турэччына была ім мілейшая за Расею.
А ў 1812 годзе прыгонным рускім мужыкам мілейшай за “радзіму” быў “антыхрыст” Банапарт. Простыя сяляне спачатку і ня думалі паднімаць на французаў славутую “дубіну народнай вайны”, паколькі спадзяваліся, што Напалеон адменіць ненавіснае прыгоннае права, дасьць мужыку волю. На свайго “цара-бацюхну” спадзеву, відаць, зусім не было.
У 3-м томе “Вайны і міру” [ці “Вайны і сьвету”. – Рэд.] Л.Талсты апісвае, як багучараўскія мужыкі адмаўляліся ехаць усьлед за барыняй “у эвакуацыю”: “Бач ты, навучыла лоўка, за ёй у крэпасьць (г.зн. зноў у прыгонную залежнасьць) ідзі!”. І гэта нягледзячы на тое, што адмова ехаць лічылася ледзь не здрадай цару. Розныя інтарэсы ў мужыкоў і барынаў, рознае бачаньне “радзімы”. Сітуацыя ўражвальна нагадвае 1941 год, калі нежаданьне эвакуявацца разглядалася ўладамі як чаканьне немцаў – а іх сапраўды чакалі: у Балтыі і ў Беларусі, ва Украіне і ў “цэнтральным” рэгіёне Расеі. На Браншчыне, дзе хутка ўзьнікла знакамітая “Лакоцьская рэспубліка”, па данясеньнях НКВД “сем’і партыйнага і савецкага актываў, якія эвакуяваліся, праважаліся пад сьвіст і недвухсэнсоўныя пагрозы распаясаўшайся антысавеччыны, а частка супрацоўнікаў устаноў упарта пазьбягала пад рознымі прэтэкстамі эвакуацыі”. Атрымлівалася, што Расея царская была чужая рускім прыгонным так жа, як і Расея савецкая – іх калгасным нашчадкам. Такая праўда, а не патрыятычныя міфы зь іх сусальным Сусаніным.
Лета 1941-га зь яго павальнай здачай савецкіх салдатаў у палон – гэта нешта выключнае толькі для тых, хто ня вельмі ведае гісторыю, а дакладней, недастаткова ведае гісторыю адносінаў рускіх з Расейскай дзяржавай. Андрэй Уласаў зь яго РОА – прамое наступства гэтых адносін. “Уласаўства” – гэта рэакцыя ня толькі на савецкі лад; карані “ўласаўства” непамерна больш глыбокія.
Адпаведна, і сэнс шанаваньня “вялікай перамогі” значна глыбейшы, чым гэта здаецца на першы погляд. Культ “Вялікай Перамогі” павязвае рускіх ня толькі з Саўком, але і з усёй імперскай гісторыяй. Ён вырастае з гэтай гісторыі й сьцьвярджае яе безальтэрнатыўнасьць. Асноўны сэнс гэтага культа заключаецца ў выключэньні з рускай сьвядомасьці нават самай малай думкі, што Другая сусьветнай вайна дала рускім шанц на другую гісторыю: нацыянальную і гістарычную. За праскім маніфестам КОНР (1944) стаяць цені Андрэя Яраславіча, Андрэя Курбскага і Марфы Барэцкай, так, як за сталінскімі загадамі – цені Батыя, Аляксандра Неўскага і Івана Грознага.
Дыягназ адназначны: культ “вялікай перамогі” трэба выдаліць ў рускай асобы, як апендыцыт. У супрацьлеглым выпадку непазьбежны ператаніт і летальны зыход.
Традыцыя Зьмены павінна быць рэабілітаваная і легалізаваная ў рускай сьвядомасьці. Патрыятычныя хімеры рухнуць, як пацёмкінскія вёскі, варта толькі ўбачыць, што той жа Іван Сусанін – гэта рускі мужык, які ў сапраўднасьці заблудзіў у гістарычных лясох ды так і не разабраўся, дзе свае, а дзе – ворагі; што Мінін – гэта хрышчаны татарын, які, ідучы на еўрапейцаў-палякаў, адстойваў Расею як спадчыньніцу Арды; што героі-панфілаўцы – гэта чыстай вады міф, прыдуманы ў пракураных рэдакцыях прыфрантавой Масквы; што Зоя Касмадземьянская – гэта чырвоная фанатычка, якая падпальвала зімой сялянскія хаты, каб немцы не маглі выкарыстаць іх для пастою.
Люстрацыя рускага духу, люстрацыя самой рускасьці – вось што стаіць на парадку дня. Неабходная, калі так можна выказацца, “дэмаветызацыя” рускай асобы на глыбіню ў некалькі стагоддзяў. Новая руская асоба – гэта і ёсьць галоўная мэта нацыянал-дэмакратыі.
Захад нам дапаможа! [потым дагоніць і яшчэ раз дапаможа… – Рэд.]
Традыцыя Рускай Зьмены ўшчыльную прымыкае да заходніцтва. Заходніцтва з пазіцый патрыятызма – гэта сінонім здрады. На працягу ўсёй расейскай гісторыі патрыёты вучаць: быць рускім, зачыць не любіць Захад. Нацыянал-дэмакратыя сьцьвярджае: быць рускім, значыць перамагчы антызаходніцкія комплексы і адчыніць рускую ідэнтычнасьць праз заходніцтва.
Нацыянал-дэмакратыя – гэта прыцыпова новы рускі нацыяналізм: антыімперскі, буржуазны і заходніцкі. Як ужо зразумела, супрацьстаяньне заходнікаў і патрыётаў, вядома ж, ня зводзіцца да спрэчкі Граноўскага і Герцэна з братамі Аксакавымі і А.С.Хамяковым. Гэтае супрацьстаяньне пранізвае ўсю расейскую гісторыю з часоў Батыя і вызначае яе.
Да Батыя такога супрацьстаяньня проста не магло быць, паколькі Русь была часткай Захаду. Антызаходніцкія настроі, калі яны і ўзьнікалі, заставаліся ўласьцівымі для прыехалых візантыйскіх царкоўнікаў. Імкненьне захаваць Русь у яе першапачатковай, еўрапейскай якасьці й было патрыятызмам таго часу. Аднак Батый зьмяніў нашую гістарычную парадыгму. Патрыятызмам, з дабраслаўленьня праваслаўнай царквы, якая ў асобах татараў набыла ўплывовых абаронцаў, стала вернасьць ардынскаму “цару” [Лу-ка з усіх сілаў культывуе той самы варянт “патрыятызму”; пад адданасьцю “беларускай дзяржаве” ён мае на ўвазе адданасьць яму. – Рэд.]. Як ужо адзначалася, першым патрыётам такога роду стаў Аляксандр Неўскі, які стварыў сам архетып расейскага патрыятызму зь яго перманентнай варожасьцю да Захаду. Два памежныя боі мясцовага значэньня – на Няве і Чудскім возеры – раздзьмутыя да метагістарычных маштабаў, ляглі ў падмурак кваснога міфу аб “заходняй пагрозе”.
Расейскі патрыятызм – гэта плод адзінства скурных інтарэсаў маскоўскіх князёў і праваслаўных папоў [якія сталі правобразам цяперашняй расейскай імперыякратыі. – Рэд.]. І для тых, і для другіх антызаходніцтва стала вельмі ўдалым спосабам існаваньня. Князі, дзякуючы яму, атрымлівалі з рук татараў ярлыкі на вялікае княжаньне; само вялікае княжаньне набыло сваё выключнае значэньне і стала прэрагатывай маскоўскіх князёў дзякуючы Ардзе, якая выступіла ў ролі павівальнай бабкі самаўладзьдзя. Папы адкрыта падтрымлівалі ханскую ўладу, атрымлівалі ад іх усемагчымыя ільготы і прывілеі, а галоўнае – захоўвалі рускія землі ў якасьці сваёй царкоўнай вотчыны, надзейна абароненай ад сягальніцтва небясьпечных каталіцкіх канкурэнтаў. Гэты сімбіёз скурных інтарэсаў сьвецкіх і цакоўных уладаў [ня першы раз мы сутыкаемся са зьявай сімбіёзу розных сацыяльных перазітаў; спадзяемся, сталыя чытачы сайта ведаюць, пра што гаворка. – Рэд.] і спарадзіў феномен Масквы зь яе пахабным “зьбіраньнем рускіх земляў”. Узмацняючыся, Масква аднаўляла ардынскую дзяржаўнасьць, аднаўляла Арду ў выглядзе Расеі, выціскаючы Русь у небыцьцё. Зразумела, што да рускай гісторыі й да рускіх інтарэсаў гэты працэс ня мае ніякага дачыненьня [мае дачыненьне і да аднаго, і да другога; зь гісторыяй усё зразумела; што да рускіх інтарэсаў, дык падтрыманьня большасьцю рускіх расейскай імперыі ў розных яе выглядах не было б, калі б суб’ектыўна яны не лічылі такую падтрымку ў сваіх інтарэсах; аб’ектыўныя інтарэсы – вось што істотна. – Рэд.].
Такім чынам, расейскі патрыятызм – дактрына цалкам антыруская [Так так! – Рэд.]. Гэта легітымацыя вялікага гістарычнага няшчасьця, легітымацыя рускага рабства. Па сутнасьці кожны з патрыётаў Расеі працягвае справу Батыя, паколькі крадзе ў рускіх іхную еўрапейскую гісторыю, перакульвае рускую асобу антызаходнім кадаваньнем.
Апошняй стадыяй патрыятычнай мярзоты зьяўляецца еўразійства – шэдэўр ідэалагічнага ізуверства. Еўразійцы заклікаюць рускіх палюбіць не Арду пад псеўданімам – Расея, а саму Арду як такую, зь бізуном, кумысам і кашмой. Г.зн. прапануюць рускім стаць ментальнымі татарамі, падобна таму, як, напрыклад, хрысьціянства прапануе сваім адэптам стаць ментальнымі габрэямі.
У сьвятле сказанага, заходніцтва – гэта, па сутнасьці, нацыянальна-вызвольны кірунак рускай думкі, які вось ужо некалькі стагоддзяў шукае шляхі да аднаўленьня дамангольскай гістарычнай парадыгмы. Таму адэкватны рускі нацыяналізм ня можа ня быць заходніцтвам [не, зь цяперашнім станам Захаду, яму, як й іншым нацыяналізмам, варта быць самастойным, суб’ектным. – Рэд.]. Разрыў, а тым больш варажнеча паміж заходніцтвам і рускім нацыяналізмам – паталогія. Роўна як і разрыў паміж рускім нацыяналізмам і дэмакратыяй [сёньня, калі ўсе гэтыя паняцьці сьвядома дэфармаваныя, пераблытаныя, дэградаваныя, тут трэба вельмі сур’ёзна разьбірацца; мы ўжо разабраліся – гл. https://nashaziamlia.org/2006/04/05/15. – Рэд.]. Гэтыя разрывы пераадольваюцца ў нацыянал-дэмакратычным сінтэзе [нічога ня трэба штучна злучаць; адзінай сапраднай дэмакратыяй зьяўляецца толькі зьмястоўная дэмакратыя, дзе станоўчы нацыяналізм – арганічная, нед’емная частка. – Рэд.].
Нацыянал-дэмакратыя – гэта новая якасьць, новае вымярэньне і новая глыбіня рускага заходніцтва, паколькі зыходзіць не з надуманых сьхемаў, а з самога колеру скуры рускага чалавека. Наша заходніцтва апелюе не да кніжных дактрынаў, а найперш да расавай памяці й расавай годнасьці рускай асобы. Рускія – янычары еўразійскай імперыі, некалі скрадзеныя ў сваёй маці-Еўропы, павінныя ізноў набыць яе ў сваёй крыві, у сваім сэрцы. Толькі гэты, унутраны Захад, можа дапамагчы нам па-сапраўднаму. Нацыянал-дэмакратыя – гэта аднаўляльная алхімія рускай асобы, курс яе рэабілітацыі. І ён можа быць пасьпяховым толькі ва ўмовах грамадзянскай супольнасьці, ва ўмовах свабоды. Бо толькі свабода адпавядае сапраўднаму рускаму псіхатыпу [сапраўдная канструктыўная свабода адпавядае псіхатыпу кожнага народу. – Рэд.].