Аляксей Шырапаеў
Рускія гёзы
Трэба шчыра прызнаць: апошнія пяць стагоддзяў быцьця рускага народу – гэта гісторыя насельніцтва калоніі.
Рускія – у значна большай ступені ахвяры Імперыі, чым, скажам, фіны альбо палякі, якія мелі ў Расеі рэгіянальную аўтаномію і нават сваю протадзяржаўнасьць [ёсьць народы, напрыклад, мы – беларусы-літвіны – якім у Расеі было значна горш, чым рускім. – Рэд.].
У адрозьненьне ад іх, рускія трапілі ў гістарычную пастку пад назвай “Расея”; пастка заключалася ў тым, што Расея пасьпяхова выдае сябе за краіну рускіх [гэта робіць не Расея, а расейская імперыякратыя. – Рэд.], хаця на самой справе зьяўляецца месцам іх зьняволеньня, накшталт зоны. Як толькі руская асоба ўсьвядоміць сапраўднае становішча спраў – яна адчувае прыкладна тое ж, што і галоўны герой “Матрыцы”, які аднойчы прачнуўся ў страшнай рэчаіснасьці. Расфасованыя па ячэйках неабдымнай Мега-Сістэмы, якая харчуецца іх розумам і крывёй, рускія сьпяць і бачаць сны пра “рускую ідэю”, пра “Трэці Рым”, пра сваю “усясьветную спагадлівасьць” і “сусьветна-гістарычную місію”. Прачнуцца – значыць зразумець, што шлях у рускую будучыню ляжыць праз рэвалюцыю: нацыянальна-вызвольную і буржуазна-дэмакратычную, антыімперскую і антыфеадальную. Накшталт Нідэрландскай рэвалюцыі гёзаў 1566-1606 гг., толькі ў мірным варыянце.
Адзначым, што нацыянал-дэмакратыя – гэта гістарычная рэабілітацыя рускай буржуазнасьці, якая заўсёды трэціравалася апалагетамі Імперыі – і белымі, і чырвонымі (праніклівы Канстанцін Леонцьеў аб’яднаў у сабе і тых, й іншых, калі марыў пра “цара на чале сацыялістычнага руху”). Дзякуючы Імперыі рускія, па сутнасьці, захрасьлі ў феадалізме [там захрасьлі ўсе, хто ўсё яшчэ залежыць ад імперыякратыі. – Рэд.]. Расея – краіна перманентнага сярэднявечча. Зьмяніць гістарычную парадыгму паспрабаваў Люты 1917 года, аднак з-за таго, што дэмакратыя прысутнічала ў ім толькі зачаткава і фрагментарна, справа скончылася зьверскай феадальнай рэакцыяй у асобах бальшавікоў (і, такім чынам, збыліся мары К.Леонцьева пра сацыялізм, як новы феадалізм).
Пуцінізм – гэта чарговая феадальная рэакцыя. Ніякага капіталізму ў Расеі няма, а ёсьць панаваньне чыноўна-алігархічнай знаці на чале з крамлёўскім царом [некаторыя характарыстыкі аўтара зьяўляюцца абсалютна дакладнымі! – Рэд.]. Чэкіст на чале праваслаўнай імперыі – гэта, бадай што, нават круцей, чым леонцьеўскі цар на чале сацыялізму.
Адказам на ўсё гэта ёсьць руская буржуазнасьць – ня столькі сацыяльна-эканамічная, колькі – і нават найперш – псіхалагічная: імкненьне асобы да максімальнай незалежнасьці ад дзяржавы, адыход ад рэлігійных й ідэалагічных сьпекуляцый, годнасьць і самадастатковасьць [такія рысы асобы ў імперыі зьяўляюцца немагчымымі; паўстае пытаньне: што павінна адбыцца спачатку – распасца імперыя ці зьявіцца новая асоба? – Рэд.]. Гэта аб’ядноўвае фермера і мастака, студэнта і кваліфікаванага рабочага, прадпрыймальніка і ўрача – усіх, хто хоча працаваць, ствараць, ведаць, багацець: рускі сярэдні клас у шырокім разуменьні, будучых рускіх гёзаў, якія вывядуць свой народ з царкоўна-імперскага небыцьця да перамогі свабоды і розуму.
Рускі – значыць, вольны
“Рускі чалавек адмыслова ня створаны для свабоды”, – так расейскі патрыятызм у асобе К.Леонцьева вызначыў адносіны рускіх і дэмакратыі.
Увогуле, як ужо зразумела, расейскі патрыятызм – гэта заўсёды апалогія рабства, у большай альбо меншай ступені. Градус гэтай апалогіі можа быць розным: ад адукаванага кансерватызму да ўзьвялічваньня апрычніны і ГУЛАГа, але сутнасьць яе заўсёды нязьменная.
К.Леонцьеў, з уласьцівай яму праматой і талентам, выказаў гэтую сутнасьць так: “Каб рускаму народу сапраўды доўга заставацца народам-боганосцам, ад якога чакаў так шмат наш палымяны народалюбец Дастаеўскі, ён павінен быць абмежаваны, прыкручаны, па-бацькоўску і сумленна абмежаваны. Ня трэба пазбаўляць яго тых вонкавых абмежаваньняў і повязяў, якія так доўга сьцьвярджалі й выхоўвалі ў ім утаймаванасьць і пакору. Гэтыя якасьці складалі яго душэйную прыгажосьць і рабілі яго сапраўды вялікім…”.
Імперыі й царкве патрэбны народ-раб. Сёньня гэты пасаж, нібы прыдуманы сумесна Пуціным і Алексіем ІІ, цалкам мог бы прагучаць з трыбуны зьезда “Адзінай Расеі”.
Не, нам, нацыянал-дэмакратам, патрэбны зусім іншы рускі народ – ачышчаны хвосткімі вечавымі вятрамі ад затхлай “боганоскасьці”, свабодны ад чыноўна-мафійнай “бацькоўскага абмежаваньня”, неабмежаваны і непрыкручаны; народ, чыім жыцьцёвым ідэалам былі б не “утаймаванасьць і пакора”, такія мілыя сэрцу чэкістаў і папоў, а свабода і розум, воля і годнасьць.
Разам з каронай, ськіпетрам і дзяржавай існаваў і такі сімвал імперскай улады: Дзяржаўны Меч. Але я думаю, што і пасёньня недзе ў патаемных крамлёўскіх сьвяцілішчах захоўваецца і ўганароўваецца самы галоўны атрыбут дзяржавы Расейскай: Дзяржаўная Пуга, якая некалі была падорана Батыем Неўскаму. Мы, нацыянал-дэмакраты, маем намер зламаць Дзяржаўную Пугу, гэтую кашчэеву іглу Сістэмы. Грамадзянская супольнасьць, правы і свабоды, нармальнае палітычнае жыцьцё – неабходныя ўмовы крышталяграфіі новай рускай асобы. Толькі дэмакратыя здолее выправіць дэфармацыі рускага псіхатыпу, якія ўзьніклі ў імперскі перыяд; толькі новае Веча пазбавіць рускую сьвядомасьць ад фобій і комплексаў, імплантаваных у яго садыстамі ад дзяржавы і царквы [у Расеі РПЦ – элемент “дзяржавы”. – Рэд.]. Памятаеце знакамітае палатно Пятрова-Водкіна: першазданна-голы юны дэзертыр, брытагаловы пасьля нядаўняга тыфу; ён асядлаў чырвонага каня свабоды і існаснай паўнаты, і ўступае на ім у сінія воды гісторыі. Толькі надзеям вялікага рускага мастака не было дадзена збыцца – роўна, як надзеям Ясеніна, Клюева, Хлебнікава і многіх іншых [у сацыяльных паразітаў малітвамі спадзеваў і міласьці не вымаліш…; зь імі ёсьць сэнс “размаўляць” інакш… – Рэд.]. Палатно засталося, як прароцтва і вобраз будучыні.
Нацыянал-дэмакратыя – гэта ачуньваньне рускай асобы ад тыфу расейскай гісторыі зь яе гарачкавымі мроямі й крывавым трызьненьнем. І абноўлены, пострасейскі рускі акіне позіркам мінулыя стагоддзі вялікадзяржаўя і дэспатызму настолькі ж зьдзіўлена і адчужана, як заезжы падарожнік – невядомыя цёмныя мегаліты, аплеценыя сеткай ліянаў.
Бывай, маскаль!
Адзіным рускім псіхатыпам, які прызнае і культывуе Імперыя, зьяўляецца псіхатып маскаля [у аўтара, “московита”. – Рэд.]. Расейская дзяржава пастаралася максімальна распаўсюдзіць яго сярод рускіх, настойліва прывіваючы ім маскальскі менталітэт і маскальскія “душэўныя навыкі”. Цяпер маскалі ёсьць паўсюль, нават сярод казакаў.
Важка падкрэсьліць: маскальскі псіхатып ня ёсьць зыходным, ён насаджаўся зьверху, пугай і прыкладамі подласьці маскоўскіх князёў, у сітуацыі мацнейшага стрэсу і прыніжэньня, выкліканага татаршчынай. Маскаль – гэта былы еўрапеец, скалечаны знутры да такой ступені, каб быць прыймальным для Арды. І першым маскалём стаў, вядома ж, Аляксандр Неўскі. Цікава, хто будзе апошнім?
Форма маскавіта, як правіла, цалкам еўрапеоідная. А вось зьмест зводзіцца прыкладна да наступнага: статкавы калектывізм; вера ў “бацькоўскае” начальства; непавага да ўласнасьці – сваёй і чужой; басяцкая пагарда да якасьці жыцьця і культуры; антыэстэтызм; зайздросная варожасьць да заможнасьці і багацьця; неразуменьне каштоўнасьці свабоды і абыякавасьць да яе. У цэлым, гэта псіхатып халопа і хама. А таксама і дэспата.
Імперыя насаджала яго ня толькі сярод рускіх, але і, напрыклад, ва Украіне, у Балтыі, у краінах Усходняй Еўропы, выклікаючы нянавісьць у адказ на “русіфікацыю”, якую дакладней называць маскалізацыяй альбо асавечваньнем. Увогуле, маскоўшчына і саветчына – гэта, у прынцыпе, сінонімы; маскалёў, якія йшлі захопліваць Ноўгарад ды іншыя сувярэнныя рускія землі, сьмела можна назваць протасаўкамі.
Карацей, маскальскі псіхатып – цалкам нярускі. Гэта якраз прыклад дэфармацыі зыходнай рускай душы, якую вызначаюць такія якасьці, як свабодалюб’е, імкненьне да незалежнасьці, надзея найперш на самога сябе, здаровы індывідуалізм у спалучэньні з прыродным пачуцьцём локця, цяга да заможнасьці і росквіту, нарэшце, пачуцьцё прыгажосьці [гэтага, каб быць цывілізаваным чалавекам, недастаткова; як мінімум, абавязкова яшчэ патрэбная павага да іншых, іх правоў і каштоўнасьцяў. – Рэд.].
Паўтараю, вырашальны ўплыў на фармаваньне маскальскага псіхатыпу зрабіла Арда [нечым гэта нагадвае знакамітае “скідваньне ценю” на іншых. – Рэд.]. Татарская пуга “вырабіла” маскаля знутры, пераўтварыла насельніцтва “цэнтральнага” рэгіёну ў нейкі асаблівы этнас, які й іншых рускіх за сваіх не лічыў. Супрацьстаяньне Масквы і Вялікага Ноўгарада – гэта, найперш, сутыкненьне двух названых псіхатыпаў: маскальскага і ўласна рускага.
Як вядома, перамагла псеўдарускай Масковія. Пачаўся працэс выцісканьня Русі зь гісторыі й замена яе Расеяй. Каб паўней усьвядоміць антырускую натуру Расеі, трэба памятаць, з чаго пачалася яе “каляндарная” гісторыя: з “рытуальнага забойства” Русі ў асобе Наўгародскай рэспублікі.
Лагічна, што, бадай што, самым яркім увасабленьнем маскоўшчыны стаў ненавісьнік Ноўгарада і баяраў-заходнікаў Іван Грозны. У яго асобе раскрываецца яшчэ адна якасьць маскальскага псіхатыпу: сьхільнасьць да ізуверскага ўтапізму.
Як вядома, Грозны пераўтварыў сваю дзяржаву ў нейкае падабенства манастыра на чале з царом-ігуменам. Усё жыцьцё царства было прасякнутае дыханьнем блізкага апакаліпсіса і ўяўляла зь сябе нібы рэпетыцыю Страшнага Суду ў пастаноўцы апрычніны. Менавіта гэтыя ўласьцівасьці маскальскай душы пазьней пахіснулі сьвет нястрымным імкненьнем да “канца гісторыі” ў выглядзе сусьветнага камуністычнага пажару і страшнага суду масавага тэрору. Бальшавізм як форма ізуверскай рэлігійнасьці – гэта сумесны плод маскоўшчыны і габрэйскага левага экстрэмізму.
Увогуле славутая “загадкавасьць” рускай душы, яе “непрадказальнасьць”, “богад’ябалізм” – гэта ў сапраўднасьці ўласьцівасьць маскальскай натуры [у свой час “загадкавасьць рускай душы” мы патлумачылі комплесам імперскай непаўнавартасьці рускіх. – Рэд.]. Дастаеўскі, апісваючы сваіх пераламаных, неспакойных герояў, аналізаваў якраз маскальскі псіхатып, у якім Старажытная Русь і Вялікі Стэп змагаюцца паміж сабой з пераменным посьпехам, ня маючы сілаў ужыцца.
Псіхалагічная маскальшчына распаўсюдзілася сярод рускіх, а дакладней унутры рускіх, як зельле, паколькі дзяржава Расейская стварыла для яе найбольш спрыяльныя ўмовы. Чырвонаармейцы, якія гадзілі ў антычныя вазы Зімняга; савецкія воіны-вызваліцелі, якія гвалцілі жанчын Еўропы; цяперашнія абаронцы Бронзавага салдата, якія разграмілі прыгожы Талін – гэта ўсё маскальшчына, якая бье сябе ў грудзі й крычыць пра сваю “рускасьць”.
Прыйшоў час культывацыі рускай душы. Нацыянал-дэмакратыя якраз і пакліканая стаць гэткім культыватарам. Вельмі шмат што ў цяперашняй рускай асобе падпадае пад “праполку”!
Калі-небудзь, яснай восеньскай раніцай, рускі чалавек выйдзе на шырокую церасу свайго вялікага загараднага дому, каб паслухаць, як шапаціць лісьце на каменных сьцежках саду. І, зазірнуўшы ў сябе, адкрые, што ён такі ж, як эстонцы – ня любіць Бронзавага салдата. І ўвогуле, больш падобны да шведа альбо нарвежца, чым на ліхаманкавых персанажаў Фёдара Міхайлавіча, які з актуальнага дыягназа, нарэшце, пераўтварыўся ў культурны рэлікт накшталт Гамера альбо Эсхіла.
Я мару пра тое, што зьявіцца, нарэшце, такое паняцьце: рускі бюргер, якое будзе мець на ўвазе свабоду ад псіхічнай прагі да “памежнага і замежнага”, ад “бязбытнасьці” й “боганоскасьці”, што, як правіла, азначае непралазныя сарціры і неадэкватнасьць “па жыцьці”. Бюргерства ёсьць не здрабненьне рускай асобы, але яе цьвярозаньне, закалка, сфармаваньне. Расейская дзяржава заўсёды змагалася зь бюргерам як з культурным і сацыяльным тыпам, зь бюргерам як станам душы; яно пачало свой гістарычны шлях са зьнішчэньня рэспублікі-бюргера – Вялікага Ноўгарада. Імперыі заўсёды быў патрэбны басяк, а дакладней псіхалагічнае басяцтва. Адпаведна, для нацыянал-дэмакратыі культурная, сацыяльная і, найперш, псіхалагічная буржуазнасьць зьяўляецца грунтам для ўсяго іншага. Увогуле, у Расеі – у краіне глыбока антыбуржуазнай – пропаведзь бюргерства як сьветагляду ёсьць сапраўдная фронда, абсалютны нонканфармізм. Па сутнасьці, гэта пропаведзь рэвалюцыі.
Рэзюмэ
Такім чынам, нацыянал-дэмакратыя – гэта адзіная па-сапраўднаму глыбокая апазіцыя актуальнай Сістэме, паколькі ёсьць апазіцыяй ня проста палітычнай. Нацыянал-дэмакратыя – гэта апазіцыя цывілізацыйная; гэта руская альтэрнатыва Расейскай дзяржаве, гістарычнай Расеі. Яна заўсёды тлела ў падпольлі расейскай гісторыі, і цяпер легалізуецца. Нацыянал-дэмакратыя ёсьць квінтэсенцыя рускай крамолы. Зь іншага боку, пуціншчына яўна прэтэндуе на тое, каб стаць злавонным канцэнтратам расейскай дзяржаўнасьці, апошнім прытулкам патрыятычных нягоднікаў, пугапаклоньнікаў усіх масьцей. Падобна на тое, што “Ноўгарад” і “Масква” зыдуцца ў апошнім і вырашальным баі. Мы не пераацэньваем свае сілы. За намі пойдзе меншасьць, але гэта будуць тыя, хто здольны адшукаць у сабе вольны дух варажскай Русі. За намі – якасьць, а ня колькасьць; нацыя асобаў, а не электарат. Мы запускаем ментальны вірус адбору. Як бы там ні было, але нацыянал-дэмакратыя ўжо зрабіла канцэптуальнае мінаваньне апорнай сістэмы Імперыі.
Магчымасьць зьмяніць лёс, якая стала цяпер назаўсёды відавочнай – гэта невыдаляльная міна, дэтанатарам якой ёсьць сама будучыня.