Віталь Хромаў, Барыс Керзач
Здавалася б, сапраўды, што? Вялікая, але далёкая ад нас краіна. І ўсё… На справе ж, па-першае, калі мы аналізуем падзеі ў людскім сьвеце, як мы можам абысьці сучасны Кітай зь яго “цудамі”, якія зьдзіўляюць і палохаюць вельмі й вельмі многіх? Мы проста мусім, у адпаведнасьці з абавязкамі, якія ўзялі на сябе, як мінімум, і прааналізаваць “кітайскі феномен”, і выпрацаваць сваё стаўленьне да яго. А, па-другое, як мы можам абысьці Кітай увагай, калі ў Беларусі нашым дзецям у вялікіх гарадах мову ўласнага народу – беларускую – цяперцы ведаць не дазваляюць (у рамках этнацыднай праграмы), затое пачалі прымушаць вучыць… кітайскую? Тут, дарэчы, варта таксама нагадаць “знакамітыя” думкі, выказаныя правадыром мясцовых цяпераў пра тое, што Беларусь будзе “сапраўдным аплотам Кітая ў Еўропе” (студзень 2008 г.; www.soyuzinfo.ru), што Кітай – “наш вядучы саюзьнік на міжнароднай арэне” (красавік 2007 г.; http://naviny.by), што “ў нас абсалютна адзіная пазіцыя на міжнароднай арэне, адзіныя канцэптуальныя пагляды на ўладкаваньне сьвету” (сьнежань 2005 г. у час візіту Лукашэнкі ў Кітай; гл. фота ўнізе: Лукашэнка і Ху Дзіньтаа). Памятаем мы і пра намёкі, зробленая напярэдадні гэтага візіту й паказаны па ўсім “беларускім тэлебачаньні”: маўляў, у Беларусі жыве толькі 10 млн. чалавек, а магло б жыць 30 млн., і нават – усе 70! Так што, хочаш ня хочаш, а ўжо проста мусіш з гэтым Кітаем і разьбірацца, і вызначацца…
Пачнем з фармальных паказьнікаў
Кітайская Народная Рэспубліка (КНР, Кітай) – гэта велізарная краіна. Яе плошча складае амаль 10 млн. кв км (дакладна, 9.596.960 кв км), а насельніцтва можна падлічыць толькі прыкладна. Прынята лічыць, што ў Кітаі жыве больш за 1,3 млрд чалавек (гл. http://www.ostranah.ru/china; http://ru.wikipedia.org), прычым 40% у гарадах, а 60% – гэта вяскоўцы.
Насельніцтва Кітаю разьмеркаванае па яго тэрыторыі скрайне нераўнамерна. Гэта бачна па малюнку ўнізе.
У Кітае жывуць падстаўнікі 56 народаў, зь якіх каля 90% складаюць прадстаўнікі народу хань (уласна кітайцы). Сярод іншых найбольш шматлікімі зьяўляюцца маньчжуры, чжуаны, манголы, хуэй, уйгуры, тыбетцы, мяа. У Кітаі жыве 70 мільёнаў хрысьціян і тыбецкіх буддыстаў.
Кітай знутры – застарэлая імперыя
Самае першае, што трэба ведаць любому чалавеку, а тым больш сумленнаму палітолагу, што Кітай – гэта імперыя. У яго складзе, як і ў любой імперыі, народы вымушаныя жыць пад сталым “кіраўніцтвам” імперыякратыі. Тое, што імперскі Кітай мае гісторыю ў тысячы гадоў, нічога ў дадзеным факце не мяняе. Адзінае асаблівае – гэта большая гісторыя пакутаў, большая колькасьць спробаў вызвольнай барацьбы, большы асіміляцыйны ціск з боку імперскага цэнтру (сёньня – зь Пекіну).
Памяць народаў пра сваё самастойнае жыцьцё захоўваецца, жаданьне быць адметнымі й вярнуць нацыянальную свабоду – не зьнікае, вызвольная барацьба – працягваецца. Як, дарэчы, працягваюцца і сталыя спробы кітайскай імперыякратыі вырашыць “сепаратысцкую праблему” праз рэпрэсіі, палітыку асіміляцыі-кітаізацыі.
Зрэдку ў друк пранікае інфармацыя аб падзеях, якія пацьвярджаюць вышэй азначанае, што так добра знаёма нам на прыкладзе нашай уласнай гісторыі – гісторыі расейскай імперскай агрэсіі, паняволеньня, эксплуатацыі й барацьбы зь імі.
Так, на тэрыторыі цяперашняга Кітаю на адлегласьці 150 км ад мяжы зь Кіргізіяй знаходзіцца горад Кашгар. Гэта адзін з самых буйных цэнтраў г.зв. Сіньцьзянскага рэгіёну, які ахоплівае 1/6 частку тэрыторыі цяперашняга Кітаю. Гэта – этнічная тэрыторыя ўйгураў – мусульманскага народу Цэнтральнай Азіі, цюрскага паходжаньня, які мае сваю ўласную культуру і які ўвесь час жыў уздоўж знакамітага Шаўковага шляху.
Зямля ўйгураў была захопленая Кітаем у 1884 годзе. Уйгуры двойчы, у 1933 і 1944 гг., падымалі паўстаньні, вызваляліся і стваралі сваю ўласную дзяржаву – Усходні Туркестан. Але ў 1949 годзе яны былі зноў “далучаныя” да Кітаю, цяпер ужо камуністычнага. З таго часу Пекін актыўна праводзіць у Сіньцьзян-Уйгурскім рэгіёне палітыку “кітаізацыі”. У выніку, сёньня этнічны баланс моцна зьменены – у Сіньцьзяне цяпер жыве толькі 45% уйгураў. Малыя ўйгурскія групоўкі знаходзяцца ў суседніх краінах (найперш, былых савецкіх рэспубліках Сярэдняй Азіі) і працягваюць падтрымліваць змаганьне за незалежнасьць. Кітайская паліцыя праводзіць супраць уйгураў жорсткія рэпрэсіі.
Нядаўна амерыканцы высьветлілі, што ў Аўганістане ўйгурскія салдаты змагаліся на баку талібаў. Гэта выкарыстаў Пекін. На фоне ўсеагульнага змаганьня “Захаду” з “тэрарызмам” ён дамогся таго, каб “воіны усходняга Туркестана” былі прызнаныя “тэрарыстычнай групоўкай” (гл. www.inosmi.ru/translation/218559.html).
Тыбет. Быў захоплены Кітаем у 1950 годзе (!). Праз гэта цэнтар буддызму апынуўся пад уладай імперскага Кітаю. У 1959 г. тыбетцы ўзьнялі паўстаньне, якое было здушана (але сталы супраціў працягваецца). Духоўны лідэр Тыбету Далай Лама XIV быў вымушаны эміграваць. Цяпер ён жыве то ў Індыі, то ў Непале, шмат падарожнічае, спрабуючы распавесьці абыякаваму сьвету пра бяду свайго народу. Кіраўніцтва Кітаю імкнецца ўсяляк перашкодзіць дзейнасьці Далай Ламы, у тым ліку, пагражаючы тым краінам, якія яго прымаюць і выслухоўваюць. Так, агенцтва Reuters паведаміла ў 2002 годзе, што Кітай асудзіў рашэньне Далай-Ламы наведаць Манголію (здавалася б, а вам якая справа!). МЗС Кітаю тады заявіў, што “Далай-Лама ня проста рэлігійны дзеяч, ён палітычны эмігрант, чыя дзейнасьць накіраваная на раскол у краіне” (зьвярніце ўвагу, тыповая рыторыка ўсіх імперыцаў: захопліваюць чужыя народы, а потым на імі ж пакрыўджаных – “раскольнікі”, “сепаратысты”, “тэрарысты”). Дарэчы, варта нагадаць, што папярэдні візіт тыбецкага духовага лідэра ў Манголію быў сарваны з-за таго, што Расея (!) адмовіла яму… ў выдачы транзітнай візы.
Дадатковымі формамі імперскай агрэсіі супраць тыбетцаў зьяўляюцца спробы кіраўніцтва Кітая накінуць гэтаму народу свайго стаўленіка ў якасьці яго чарговага духоўнага лідэра (Далай-Лама ўжо стары чалавек і хутка яго месца павінен заняць нехта іншы), а таксама выкарыстаньне дэмаграфічнай зброі – кітайскія ўлады перасялілі ў Тыбет больш мільёну этнічных кітайцай, якія ў 3-мільённым насельніцтве стварылі адносную большасьць. Цяпер кітайскія імперцы заяўляюць, што “большасьць насельніцтва Тыбета жадае жыць у межах КНР”.
У лістападзе 2004 г. у міжнародныя СМІ прабілася інфармацыя, што ў цэнтральным рэгіёне Кітая (!), у правінцыі Хенан, успыхнулі жорскія міжэтнічныя сутыкненьні (гл. www.chechenpress.com/news/2004/11/01/10.shtml). Канфлікт узьнік паміж этнасамі Хань (уласна кітайцы) і Хой. Штуршком для інцыдэнту стаў выпадак, калі таксіст-мусульманін з этнічнай групы Хой зьбіў на сьмерць 6-гадовую дзяўчынку Хань. У выніку боек, якія пачаліся пасьля гэтага інцыдэнту, загінула больш 150 чалавек. У правінцыі было ўведзенае надзвычайнае становішча. Дзяржаўныя СМІ Кітая нічога не паведамілі пра гэтыя хваляваньні (пра іх паведаміла The New York Times), бо ўрад Кітаю традыцыйна замоўчвае ўсе паведамленьні пра этнічныя сутыкненьні ў краіне.
Можна было б яшчэ пагаварыць і пра праблемы ва Ўнутранай Манголіі, і пра захоп паўночнай часткі Індыі й пра шмат яшчэ чаго аналагічнага. Але лічым, што тэза, выстаўленая як загаловак дадзенага раздзела, зьяўляецца даведзенай. Кітай – імперыя, дзе вымушаныя ва ўмовах несамастойнасьці, пад пятой “Вялікага брата” жыць разнастайныя народы і… марыць пра свабоду.
Кітай звонку – падступная імперыя
Як ня дзіва, у ХХ стагоддзі Кітаю ўдавалася “вяртаць” тэрыторыі й ад значна больш моцных дзяржаў. Так, у сярэдзіне ХХ стагоддзя СССР аддаў Кітаю Порт-Артур, а пад самы канец стагоддзя Вялікабрытанія “вярнула” Ганконг і Макаа.
Але Кітай і ў сёньняшнім, ХХІ-м стагоддзі, працягвае пашырацца за кошт суседзяў. Праўда, у адрозьненьне, напрыклад, ад расейскай імперскай бюракратыі, якая жадае мець усё хутка і адразу, кітайская імперыякратыя, прынамсі цяпер, дзейнічае інакш – больш цярпліва, падступна. Яна бярэ новыя тэрыторыі (і рэгулярна) нібы малымі шчыпкамі – хто “з-за дробязяў” стане “нарывацца на магутны Кітай” і “псаваць зь ім адносіны”. Затым на гэтых тэрыторыях кітайская імперыякратыя робіць этнацыд – асіміляцыю-кітаізацыю, а пасьля гэтага прыступае да захопу новай тэрыторыі.
Так, у 2002 годзе на тэрытарыяльныя саступкі Кітаю вымушанае было пайсьці кіраўніцтва Кыргыстану (і гэта нягледзячы на масавыя пратэсты і, нават, хваляваньні сярод кіргізаў). Аб’ектам спрэчкі стала тэрыторыя плошчай 270 тысяч гектараў. Урэшце было вырашана, што 30% гэтай тэрыторыі будзе аддадзенае Кітаю, а 70% застанецца Кыргыстану (ад пачатку кітайскі бок мерыўся пакінуць Кыргыстану ўсяго 4% спрэчных тэрыторыяў).
У 1999 годзе была падпісаная дамова паміж Кітаем і Таджыкістанам аб “таджыцка-кітайскай мяжы”, дзе было вырашана пытаньне адносна “невялікіх спрэчных тэрыторыяў”. У 2002 годзе быў задакументаваны падзел апошняга ўчастка, плошчай 28 тысячаў квадратных кілямэтраў. Кітай атрымаў 3,5% гэтай тэрыторыі – гэта амаль 1000 кв. км.
У 2004 годзе Расея (!) перадала Кітаю чарговую порцыю “спрэчных расейскіх тэрыторый” – частку сваёй зямлі агульнай плошчай 337 кв. км! Гэтымі тэрыторыямі сталі востраў Тарабараў і палова Вялікага ўсурыйскага вострава на рацэ Амур (нагадаем, у той жа час ні Ельцын, ні Пуцін не аддалі Японіі значна больш “спрэчныя” тэрыторыі!).
Кітаем кіруе аднапартыйны таталітарны рэжым, а дакладней – кітайская імперыякратыя
Стыль кіраваньня гэтай пачвары добра нам вядомы на прыкладзе расейскай імперыі.
Тэхналогія імперскага кіраваньня ўключае прапаганду “каштоўнасьцяў”, якія могуць быць аб’ектыўна карыснымі толькі імперыякратыі, а ня простаму чалавеку. Таксама такая тэхналогія ўключае турмы, лагеры, расстрэлы, усялякі ўціск незадаволеных (а ненармальнасьць жыцьця ў імперыі адчуваюць і разумеюць усе высокасьветаглядныя, разумныя людзі), каб праз гвалт выклікаць страх.
Такім чынам, універсальныя рысы любой імперыі на сацыяльным ўзроўні – гэта рэпрэсіі ды прапаганда; на узроўні асобнага чалавека – страх і задуранасьць мазгоў прапагандай. Усё гэта праяўляе сябе ў Кітаі, выразна падкрэсьліваючы яго імперскую сутнасьць.
Найбольш яскравы ў найноўшай гісторыі доказ кіраваньня кітайскім грамадствам па азначанай вышэй тэхналогіі – гэта падзеі на плошчы Цянь Ань Мынь у Пэкіне ў ноч з 3 на 4 чэрвеня 1989 году. Тады адбылася крывавая расправа над пра-дэмакратычным рухам (пераважна студэнцкім), прадстаўнікі якога патрабавалі дэмакратычных свабодаў і спыненьня карупцыі. Паводле Amnesty International, вайскоўцы ды паліцыя тады расcтралялі й літаральна раздушылі танкамі каля тысячы чалавек. Вышук актывістаў і суды працягваліся некалькі дзён. Пасьля камуністычныя ўлады спрабавалі вытруціць з грамадзкай сьвядомасьці нават памяць пра гэтае злачынства. У Кітаі па сёньняшні дзень за самую згадку пра Цянь Ань Мынь можна трапіць за краты.
У гэты ж час Гарбачоў таксама спрабаваў запусьціць гэты рэпрэсіўны механізм – у Тбілісі, Баку, Вільнюсе. Але спасаваў. У Палітбюро перамагла “дэмакратычная плынь” і Перабудова дайшла да распаду СССР. У Кітаі, наадварот, адбылося здушэньне руху за дэмакратыю, несумніўна справакаванае Перабудовачнымі падзеямі ў расейскай імперыі. Пасьля падзеяў 1989 года кітайскія лідэры пакляліся не дапусціць “памылак”, якія зрабіў савецкі генсек. А само імя “Гарбачоў” ёсьць у Пекіне сёньня “кепскім словам”…
У Кітаі па-ранейшаму дзейнічае цэнзура. Гэта таксама становіцца асабліва яскрава бачным праз скандальныя выпадкі. Адзін з апошніх такіх выпадкаў адбыўся ў 2003 годзе. Тады ў Кітаі стала бэстсэлерам кніга Хілары Клінтан “Жывая гісторыя”. 200 тысячаў асобнікаў былі прададзеныя за месяц. І вось выбухнуў скандал – высьветлілася, што ў кнізе, надрукаванай у Кітаі, радыкальна перароблены тэкст, які непасрэдна тычыцца гэтай краіны. Амаль усё, што сп-ня Клінтан напісала пра Кітай – апісаньні ейных уражаньняў ад наведваньня краіны, сустрэчаў былога прэзыдэнта Клінтана з кітайскімі лідэрамі, ейная крытыка пільнаваньня камуністычнай партыяй грамадства і палітыкі ў правох чалавека – было ці выкінутае з кітайскага выданьня ці скарочанае.
Стала вядома, што толькі ў 2005 годзе кітайскія ўлады зачынілі больш за 2000 сайтаў у Інтэрнэце, каб грамадства не магло карыстацца інфармацыяй, якую ўлады называюць “незаконнай”. Гэтае вызначэньне пакрывае такія традыцыйныя сьферы, як парнаграфія і гвалт, але таксама ўключае матэрыялы, якія “могуць пашкодзіць нацыянальнаму адзінству і парушаць сацыяльны парадак”. Спецыяльныя людзі, якіх можна назваць сецевай паліцыяй, праглядаюць Інтэрнэт і вышукваюць непажаданыя сайты. Сярод забароненых старонак апынаюцца і тыя, якія прапануюць інфармацыю, адрозную ад афіцыйнай лініі па чульлівых палітычных і сацыяльных пытаньнях – такіх як кітайская палітыка ў Тыбэце, альбо афіцыйныя стасункі з Тайванем.
Amnesty International аб’яўляе пра сваю заклапочанасьць вялікай колькасьцю людзей, “якія былі пасаджаныя ў турму за выказваньне свайго меркаваньня ў інтэрнэце”. З гэтай нагоды варта адзначыць, што некаторыя заходнія кампаніі (напрыклад, “Google”) наадварот пагадзіліся на тое, каб іх інфармацыйны прадукт… быў цэнзураваны кітайскімі ўладамі.
Нядаўна (2007 г.) улады Кітая аддалі распараджэньне ўсім мясцовым СМІ публікаваць і распаўсюджваць “толькі станоўчыя навіны”. Брытанская The Guardian паведаміла, што мясцовым СМІ забарнена праводзіць уласныя дасьледваньні якасьці прамысловых тавараў і харчовых прадуктаў. Пекінскім газетам і тэлевізійным каналам загадана расказваць толькі пра “палепшаньне ў сьферы экалогіі й транспарту”. Інтэрвю зь “няўтульнымі” пасажырамі й паказ перапоўненых аўтобусаў цяпер забаронены.
Цікавым тэстам на стан кітайскага грамадства стала апошняя вайна ў Іраку. Кітай належыць да краінаў, улады якіх былі катэгарычна супраць уводу “войскаў кааліцыі” ў Ірак у 2003 годзе. Аднак, у адрозьненьне ад іншых аналагічных краін, дзе ў сувязі зь ірацкімі падзеямі адбыліся шматтысячныя дэманстрацыі пратэсту, у Кітаі было ўсё абсалютна ціха. Аналітыкі (у прыватнасьці, зь New York Times) лічаць, што кітайскія ўлады ня любяць аніякіх праяваў грамадскай актыўнасьці, нават калі яны адбываюцца ў рэчышчы афіцыйнай палітыкі. Таму, нягледзячы на тое, што Пекін выступае супраць аперацыі ў Іраку, улады не давалі дазволу на антываенныя пратэсты. У КНР не існуе свабоды масавых акцыяў ні ў якой форме.
У своеасаблівай форме зьвесткі пра ўнутраны стан, які пануе ў Кітаі, усплываюць у час візіту яго афіцыйных прадстаўнікоў у значна больш дэмакратычныя, адкрытыя краіны. Так, у красавіку 2006 году ўплывовая газета каляпалітычных колаў ЗША The Washington Post надрукавала артыкул з выказваньнем абурэньняў амерыканскіх журналістаў, палітолагаў з нагоды таго, што ў час візіту ў ЗША першай асобы КНР Ху Дзіньтаа, ім не было дазволена задаць пытаньні пра лёс палітычных вязьняў у Кітаі (цяпер іх там каля 100 чалавек), пра свабоду веравызнаньня, пра цэнзуру Інтэрнэта і пра 30.000 сьпецыялістаў-цэнзараў, якія сочаць за яго зьместам, пра гвалтоўную рэпатрыяцыю бежанцаў у Паўночную Карэю, пра невыкананьне Кітаем пагадненьня аб захаваньні дэмакратычнай сістэмы ў Ганконгу, пра катаваньні… (што значыць лібералы; а мы б, як універсальныя дэмакраты, запыталіся ня толькі пра гэта, а яшчэ і пра свабоду мангольскага, тыбецкага, уйгурскага ды іншых народаў кітайскай імперыі). Ключавая фраза артыкула гучала так: “Белы дом не патрабуе ад старшыні Кітая лібералізацыі; замест гэтага ён робіць тое ж, што і Кітай – затыкае рот уласнай прэсе!”.
На дадзеным фоне мы, як інфармацыйны рэсурс, які не баіцца абсалютнай праўды (а імкнецца да яе), ня можам не паказаць на абмежаваньні, якія мы, як зьмястоўныя дэмакраты, ацэньваем станоўча. Так, з мінулага году ў кітайскіх школах больш ня будуць зьяўляцца малагадовыя “поп-зоркі”, якія сьпяваюць дарослыя шлягеры. Гэта забаронена. Ня будуць больш праводзіцца конкурсы “каралеваў прыгажосьці” сярод дзяцей ды іншыя аналігічныя мерапрыемствы. Міністэрства адукацыі КНР забараніла ў школах любыя элементы шоў-бізнэса, правядзеньне любых іншых вульгарных акцый. На думку працаўнікоў міністэрства, гэтыя і да т.п. конкурсы толькі нявечаць тонкія душы дзяцей.
Мы лічым тое самае…
Але апошняя інфармацыя мала папраўляе ў цэлым вельмі негатыўнае ўражаньне ад кітайскай імперыякратыі.
Меркаваньні іншых
Каб у чытача не склалася ўражаньня, што наша пазіцыя ў адносінах да стану, у якім знаходзіцца Кітай, зьяўляецца скрайне крытычнай, у заключэньне дадзенай часткі нашай працы прыводзім частку арыкула Марыюша Мушынскага і Кшыштафа Рака, надрукаванага ў польскім часопісе “Wprost” за сьнежань 2007 г. (гл. inosmi.ru/stories/05/08/08/3450/238289.html). Там, у разьдзеле “Чырвоны дракон”, яны, у пырватнасьці, напісалі:
“Ня трэба асаблівай праніклівасьці, каб паказаць на важнейшы вонкавы выклік Расеі.
Ім зьяўляецца кітайскі імперыялізм. Нават павярхоўнае знаёмства зь гісторыяй КНР не пакідае сумневу ў тым, што мэтай Маа Цзэдуна і яго пераемнікаў было стварэньне звышдзяржавы ў скрайне сьціслыя тэрміны. Рашучасьць была настолькі вялікай, што кітайцы не спыніліся ні перад пераўтварэньнем краіны ў адзін вялікі канцэнтрацыйны лагер, ні перад буйнейшым у сучаснай гісторыі генацыдам. Аднак, насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, мэтай Маа была не перамога камунізму, а стварэньне азіяцкай імперыі; камунізм быў толькі сродкам для дасягненьня мэты.
Зьдзяйсьняючы гэтую палітыку, Пекін даволі хутка – ужо ў пачатку 1960-х гадоў – уступіў у канфлікт з Масквой. Невыпадкова. У Еўразіі няма месца для двух імперый. Сёньня Пекін працягвае палітыку Маа, толькі іншымі метадамі, а Масква, падобна на тое, гэтага не заўважае. На месца камунізму хутка прыйшоў дзяржаўны капіталізм. Замест чырвонага тэрору і бязьлітаснай эксплуатацыі насельніцтва кітайскія камуністы цяпер імкнуцца пераўтварыць Кітай у эканамічную дзяржаву, што забясьпечвае іх фінансамі для будаўніцтва імперыі. Акрамя таго, у адрозьненьне ад нецярплівага Маа, яны ведаюць, што Вялікаму Кітаю патрэбны час.
Калі Пекін дасягне імперскага патэнцыялу – а можна меркаваць, што гэта адбудзецца ў бліжэйшыя некалькі дзесяцігоддзяў – першай ахвярай кітайскага дракона стане Расейская Федэрацыя. Тлустым кавалкам будзе Сібір, якая прапануе тое, што перанаселенаму Кітаю ўжо сёньня патрэбнае больш за ўсё: так званую жыцьццёвую прастору і рэсурсы [быў у гісторыі ХХ стагоддзя адзін чалавек, які таксама казаў пра “жыцьцёвую прастору”. – Рэд.].
Няцяжка здагадацца, якой ідэалогіяй пакарыстаецца Пекін для таго, каб абгрунтаваць дадзеныя прэтэнзіі – гэтая частка Расейскай Федэрацыі не належыць уласна да Расеі. Яна была далучаная да яе падчас каланіяльных заваёваў [да “Расеі” не належыць амаль усё за выключэньнем тэрыторыі г.зв. «Залатога кола»; усё іншае – калоніі імперыі. – Рэд.]. Эксплуатацыя гэтых земляў прыносіць выгаду не карэнным жыхарам, а каланізатарам (!). Так што Пекін ўсяго толькі адновіць гістарычную справядлівасьць на гэтых тэрыторыях [гэта ня будзе справядлівасьцю – гэта будзе іншай, чым цяпер, формай несправядлівасьці; спадзяемся, аўтарам гэта відавочна і яны проста іранізуюць. – Рэд.].
Самае дзіўнае – тое, што рускія, падобна, не ўсьведамляюць кітайскі выклік. З упартасьцю, годнай іншага выкарыстаньня, яны шукаюць ворага там, дзе яго няма – на Захадзе, сярод дзяржаваў ЕЗ і НАТА. А, між тым, каб адказаць на будучыя выклікі, Масква павінна быць адным з архітэктараў саюзу з дзяржавамі НАТА і, такім чынам, стварыць нешта накшталт Заходне-еўразійскага альянсу – блоку, які быў бы ў стане ўраўнаважыць уплыў Пекіну.
Аднак у сапраўднасьці Масква стварае небясьпечныя геапалітычныя альянсы зь… Кітаем і мусульманскімі краінамі (прыклад, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва – ШАС), якія пры гэтым маюць антызаходняе вымярэньне”.
У заключэньне дадзенай часткі матэрыялаў, якія мы падрыхтавалі, кароткі каментар: супрацоўнікі нашай рэдакцыі зь вялікім ськепсісам ставяцца да ідэі, што стварэньне “Заходне-еўразійскага альянсу” – гэта для Расеі панацэя (мы разам з рускімі ды іншымі дэмакратамі, адстойваем ідэю дэмантажу Расеі, як імперыі), але падтрымка адной імперыяй іншай імперыі – гэта варыянт, які й мы лічым найгоршым…
Сёньняшні дзень прынес дадатак да тэмы:
У Кітаі збілі да сьмерці блогера за спробу зьняць на мабільны тэлефон маніфэстацыю (http://pahonia.org/str/2008-01/183.htm)
У мінулы панядзелак ў кітайскай правінцыі Хубэй мясцовыя жыхары зрабілі спантанную акцыю пратэсту супраць захаваньня сьмецьця каля іх дамоў. На месцы падзеяў прысутнічаў блогер Вэй Вэньхуа. У той момант, калі ён паспрабаваў з дапамогай мабільнага тэлефона зняць акцыю на відэа, на яго накінуліся паўсотні гарадскіх інспектараў. Яны зьбівалі мужчыну на працягу 5 хвілін, у выніку ў лякарню Вэй Вэньхуа прывезлі ўжо мёртвым.
1. Калісьці лепшым сябрам Кітаю ў Эўропе быў Чаўшэску, цяпер Лу.
2. Кітай мае 4-ю наймацнейшую эканоміку ў Свеце пасля ЗША, Японіі ды Нямеччыны.
У бліжэйшыя некалькі гадоў Кітай будзе 2-й эканомікай.
3. Перавага “Захаду” – валоданне тэхналогіямі і кітайцы робяць усё магчымае каб зменшыць гэтую перавагу.
У Беларусі “прасканавана” уся Акадэмія Навук і ня толькі яна.