nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Як зьнішчалі Уладзіміра Высоцкага. Псіхааналітычныя развагі (П пр-пы 11, 12)

2 лютага, 2008 | 2 каментарыя

Алесь Астроўскі, Віталь Хромаў

Ð�Ñ�Ñ�оÑ�кÑ�.JPG 

Два тыдні мы займаліся “кітайскай праблемай”. За гэты час насьпела некалькі тэмаў, па якіх варта выказацца. Адна зь іх – адзначэньне 70-годдзя з дня нараджэньня  знакамітага расейскага барда савецкіх часоў Уладзіміра Высоцкага.

 

1.

У расейскай інфармацыйнай прасторы, якая ўсё яшчэ накрывае нашу Беларусь, гэтая дата (У.Высоцкі нарадзіўся 25 студзеня 1938 г.) адзначалася вельмі шырока. Калі не сказаць пампезна. І гэта ёсьць першая прычына, каб паспрабаваць прааналізаваць пэўныя моманты, зьвязаныя з дадзенай асобай, якія замоўчваюцца і да сёньня…

Другая прычына – неверагодная папулярнасьць Высоцкага, прычым ня столькі як актора, што было яго асноўнай прафесіяй, колькі як паэта і яшчэ ў большай ступені – як барда. Дастаткова ўзгадаць, што ў цалкам закрытай Маскве 1980 года (у час, калі ў ёй адбывалася Алімпіяда і доступ у сталіцу СССР іншгародніх грамадзянаў быў поўнасьцю забаронены) на пахаваньне Высоцкага, пра якое, дарэчы, нідзе не паведамлялася, прыйшло больш 200.000 масквічоў…

Нарэшце, ёсьць і трэцяя прычына, з-за якой мы, беларусы, маем абавязак не забываць пра гэтага знакамітага чалавека. Фармальна, па бацьку, Уладзімір Высоцкі быў беларусам. Дакладна, сітуацыя выглядае так: яго дзед Высоцкі, родам зь берасьцейшчыны, у свой час пераехаў у Маскву. Там ў яго нарадзіўся сын – Сямён, які й стаў бацькам Уладзіміра Сямёнавіча Высоцкага. Дзед удзельнічаў у выхаваньні свайго ў будучыні славутага ўнука.

Такім чынам, атрымалася, што ў знакамітага расейскага барда беларускае прозьвішча, фармальна беларуская нацыянальнасьць (мы ж, славяне, вызначаем нацыянальнасьць па бацьку), і ня менш чвэрці беларускай крыві (калі ўлічваць, колькі беларусаў у папярэднія стагоддзі гвалтоўна вывозілі ў Маскву, найперш, каб яе будаваць, дык да 25% трэба дадаць яшчэ колькі адсоткаў…).

Дарэчы, жонка сп-ра Ўладзіміра Марына Ўладзі, якая мела ў жыцьці барда вялізную ролю, была яшчэ большай беларускай (напалову), лічачы таксама па бацьку, які быў родам з Наваградчыны. І Ўладзімір і Ўладзі цікавіліся сваімі каранямі. У свой час нават Міхасю Ткачову давялося пабываць экскурсаводам па мясьцінах жыцьця іх продкаў у Беларусі (гл. апошнія нумары “Нашага слова”).

 

2.

Каб паспрабаваць сфармуляваць гіпотэзу што да таямніцы сьмерці барда, варта рэканструяваць сацыяльна-палітычны фон тых часоў: ведаць сітуацыю ў СССРы напярэдадні лета 1980-га (калі Высоцкі памёр), пачуцьці “сяброў” і калегаў з прафесійнага асяроддзя сп-ра Ўладзіміра. Варта таксама нагадаць пра лёсы найбольш таленавітых “сыноў і дачок” Расеі.   

Пачнем з апошняга.

У Расеі традыцына найбольш таленавітыя паэты, якія прыцягвалі найбольшую грамадскую ўвагу, не дажывалі да сталага веку, калі іх сьмерць можна было б лічыць натуральнай. Успомніце ХІХ стагоддзе – Пушкін, Лермантаў, Грыбаедаў… Такая колькасьць заўчасных сьмяротных падзеяў зь людзьмі, якіх, здавалася б, трэба было берагчы, як зрэнку вока (бо нацыянальная ж каштоўнасьць!), не выклікае сумневу што да іх невыпадковасьці…  Камуністычныя ўлады, крытыкуючы царызм, раскрылі тэхналогіі, па якіх былі забітыя гэтыя знакамітыя асобы. Расказваюць пра гэта нават у школе.

Аднак традыцыя “недажываньня” лепшых з лепшых да сталага веку дзіўным чынам перацякла з царскай імперыі ў імперыю савецкую. Хаця, здавалася б, зрынулі прагнілую, кепскую ўладу і паставілі новую, “харошую”…

На справе, гэта сакрэт толькі для тых, хто не разумее – Расея як была імперыяй, так і засталася. Таму няўгодныя паэты – гонар і сумленьне нацыі – працягвалі заўчасна гінуць зь яшчэ большай рэгулярнасьцю. Ясенін, Маякоўскі, Высоцкі, Цой, Талькоў…

Ёсьць вядомы закон пераходу колькасьці ў якасьць. На яго падставе можна сьмела сьцьвярджаць: расейская імперыякратыя і ў савецкія часы працягвала лічыць тэхналогію “заўчаснага адыходу няўгоднага генія ў небыцьцё” адным са сродкаў пазбаўленьня  ад непрыемнасцяў.

Акторскае асяроддзе.   

Пра адзін з самых выразных момантаў, які паказвае сутнасьць таго, што адбывалася вакол Высоцкага ў сувязі зь яго працай у тэатры на Таганцы, у сваіх успамінах перад тэлекамерай распавёў актор гэтага тэатра В.Сьмехаў.  Ён, у прыватнасьці, у якасьці прыкладу нагадаў гастролі тэатра ў Наберажных Чаўнах, пра тое, як на канцэрце-сустрэчы прысутныя рабочыя шумелі, не жадаючы слухаць нікога з актораў, размаўлялі, робяючы непрыемны гул – чакалі толькі аднаго чалавека – Уладзіміра Высоцкага. І яму даводзілася супакойваць народ, патрабуючы павагі да іншых праз уласныя пагрозы – што, маўляў, “ня выйду”.

А цяпер ўявіце сябе ў якасьці актора ці рэжысёра тэатра на Таганцы. З аднаго боку, яны ад такой папулярнасьці мелі вялікую карысьць. Напрыклад, гонар – “я працую разам з Высоцкім”, а таксама матэрыяльныя дывідэнты – сталыя аншлагі на сьпектаклях Таганкі. Але, з іншага боку, такія інцыдэнты, пра які распавёў Сьмехаў, не маглі не выклікаць і пачуцьця зайздасьці. З часам пачуцьцё гонару і разуменьне эканамічнай карысьці слабла, затое пачуцьці зайздрасьці, рэўнасьці маглі толькі расьці, набываючы нясьцерпна вялікую моц…

Гэта азначае, што значная частка актораў вакол сп-ра Ўладзіміра магла, хай сабе патаемна, хай глыбока ў падсьвядомасьці, жадаць… яго сьмерці.    

Нарэшце, яшчэ адно з галоўных – істотныя палітычныя падзеі ў СССРы ў той час.

Сёньняшняя моладзь можа ня ведаць, што ў сьнежні 1979 года Савецкі Саюз напаў на шматпакутны Аўганістан. Адтуль пачалі прыходзіць зьвесткі, чуткі пра самыя розныя падзеі, стаўленьне да якіх не магло быць ні адназначным, ні станоўчым. “Савецкія людзі” не маглі вызначыцца. З аднаго боку, мела месца аглушальная камуністычная прапаганда пра “інтэнацыянальны абавязак”, пра “гераізм савецкага салдата”, пра яго “ратны подзьвіг”, ськіраваны на “сьветлую камуністычную будучыню аўганскага народу”. Але, з іншага боку, у гэты ж час састарэлая камуністыная кліка ў Крамлі ўжо не карысталася аўтарытэтам, дый асаблівага страху не выклікала. Сітуацыю для рэжыму пачалі істотна пагаршаць цынкавыя труны, у якіх з палёў ды гор Аўгану на радзіму сталі паступаць трупы маладых хлапцоў – савецкіх салдат (дарэчы будзе нагадаць, што ў разьліку на 1000 насельніцтва ў Аўганістане ў набольшай колькасьці ў параўнаньні зь іншымі рэспублікамі СССР загінулі дысцыплінаваныя, сьмелыя, надзейныя… беларусы! Гэта стала вядома толькі пасьля распаду савецкай імперыі…).

Карацей, савецкія людзі чакала, што скажа пра ўсё гэта “ўладар думак”, іх кумір Уладзімір Высоцкі. Яго аўтарытэт на той час несумніўна быў для масы вырашальным у параўнаньні зь кім бы та ні было яшчэ…

Але і гэта яшчэ ня ўсё. Нягледзячы на наяўнасьць розных раждзественскіх, еўтушэнак, вазьнясенскіх, бэлаў ахмадуліных ды іншых “вялікіх паэтаў” тых часоў, праўду можна была разьлічваць пачуць толькі ад Высоцкага, які акрамя валоданьня вялікім аналітычным розумам быў здольны ствараць такія вобразы, якія пранікалі ў самыя глыбіні душы “савецкіх грамадзян”. І, галоўнае – яму людзі верылі, а ён, у сваю чаргу, напэўна адчуваў сваю адказнасьць перад імі й ня мог дазволіць сабе малейшай фальшы.

Ужыўляючыся ў стан, у якім апынуўся сп-р Уладзімір у пачатку 1980-га году, мы думаем, што ён лічыў сябе абавязаным выказацца “пра Аўган”. І гэтае “выказваньне” (асобнае слова, радок, песьня, думка, выказаная сябрам і калегам) не магла ня быць крытычнай у адноснах да той камуна-герантакратычнай улады, якая даслала тысячы маладых хлапцоў на злачынства (захоп этнічнай тэрыторыі чужога самастойнага народу заўсёды злачынства) і на сьмерць. Наўзамен ад сваёй рабскай службы хлопцы атрымлівалі толькі ганебную славу захопнікаў і забойцаў (спраўка: у Аўганістане за 10 гадоў вайны Савецкага Саюзу супраць гэтай краіны было забіта каля 1 мільёна (!) ні ў чым не вінаватых мірных грамадзян, а вайна, распачатая камуністамі ў 1979 годзе, працягваецца і да сёньня…).

Такім чынам, што ў нас атрымліваецца?

У нас атрымліваецца вельмі небясьпечная, грымучая сумесь (для Уладзіміра, вядома):

1. Камуністычнае начальства савецкай імперыі вельмі баіцца, чаго б такога “непажаданага” Высоцкі не выдаў пра Аўган;

2. Сам бард ня можа не выказацца. Больш  за тое, яго “выказваньне” павінна быць праўдзівым, а значыць крытычным і, як заўсёды, вельмі выніковым – праніклівым, вобразным; і ў такой якасьці яно ёсьць найнебясьпечным для тагачасных уладароў;

3. Вакол Высоцкага шмат “зычліўцаў, сяброў”, якія мараць пра тое, каб ён памёр ці загінуў.

Дадатковымі ўскоснымі фактамі, якія падмацоўваюць гіпотэзу, пад якую мы падводзім, зьяўляецца наступнае:

– паўгады часу (за сьнежня 1979 года да лета 1980-га) было цалкам дастаткова для Высоцкага, каб разабрацца ў сітуацыі, вызначыцца і тое-сёе напісаць…

– сьмерць геніяльнага барда, беларуса, паэта і актора дзіўным чынам супала і з часам Алімпіяды, калі Масква, з аднаго боку, была закрытай і літаральна вымерлай, а з іншага – насычаная рознымі сілавымі структурамі (МВД, КГБ) з усяго СССРа;

– калі паказваюць кадры гастроляў тэатра на Таганцы ў Варшаве, якія адбываліся ў пачатку 1980-га года (!), Высоцкі на іх выглядае абсалютна ня хворым. Кінадакументалісты, рэжысёры нібы гавораць нам: паглядзіце, дурні, за некалькі месяцай да сьмерці Высоцкі здаровы…

– у час адзначэньня 70-гадовага юбілею Высоцкага выказвалася інфармацыя, што ў 1980 годзе ён ужо “не пісаў”. А можа, ён якраз пісаў пра Аўган, прычым, натуральна, тое, што камуністычная ўлада з усіх сілаў імкнулася схаваць?!

 

3.

Зыходзячы з усяго пералічанага, цалкам лагічна вылучыць гіпотэзу, што камуністычнае кіраўніцтва загадала прыбраць чарговага геніяльнага паэта Расеі. 

І вось тут мы вымушаныя заявіць: мы, як звычайныя грамадзяне, натуральна, ня маем фактычных зьвестак на гэтую тэму (хто гэта мог зрабіць? калі? якой атрутай? пры якіх канкрэтны абставінах?). 

Але як людзі, здольныя зрабіць прыцыповы псіхааналіз галоўных дзеючых асобаў тых часоў – Палітбюро ЦК КПСС, сам Высоцкі, яго “сябры” – а таксама з улікам дадатковых узгаданых фактаў і меркаваньняў заяўляем, што гвалтоўная сьмерць ўсеагульнага народнага любімца зьяўляецца… вельмі верагоднай.

Прычым, мы дапускаем, што злачынства магло быць зьдзейсьненае не абавязкова ў вострай форме. Хаця яе магчымасьць мы таксама дапускаем – атруцілі ці што-небудзь  такое… Балазе, лабаротыя пры КГБ па распрацоўцы самых розных атрутаў працуе ў Маскве з часоў раньняга бальшавізму (дарэчы, у свой час мы давалі чытачам нашага сайта канкрэтны матэрыял на гэтую тэму; дый памяць пра сьмерць Літвіненкі ў Лондане напэўна ў многіх яшчэ сьвежая…). 

Аднак, больш мы хацелі зьвярнуць увагу на іншае – тое, у першую чаргу з-за чаго мы і ўзяліся рабіць гэты матэрыял.

Мы ў большай ступені хацелі б зьвярнуць увагу на магчымую ролю “сяброўскага асяроддзя”. Справа ў тым, што чым больш таленавіты паэт ці пісьменьнік, чым разумней, сумленней чалавек, тым цяжэй яму бачыць пакуты народу з-за панаваньня над грамадствам якой-небудзь паразітычнай сілы. Пры гэтым зьвяртаем увагу, якім бы ня быў вычварным, сатанінскім сёньняшні рэжым, напрыклад, у Беларусі ды Расеі, тыя 1970-80-я савецкія гады былі яшчэ горшыя, і значна. Поўная бесперсьпектыўнасьць у спробах вырашэньня абсалютнай большасьці сацыяльных праблем; пра беларускую мову і не заікайся – адразу пападзеш ці на зону, ці ў псіхушку; увесь час чэргі, дэфіцыт (уявіце сабе, што пасьля працы па дарозе дадому жанчына павінна была выстаіць у  чэргах у сярэднім да гадзіны, і кожны дзень!); краіна цалкам за калючым дротам, выехаць на Захад у турыстычных мэтах практычна немагчыма, а калі выехаў, абавязаны хадзіць толькі групай і ні ў якім разе не выказваць захапленьня (перад паездкай абавязковы, прыніжальны інструктаж); затхлая ідэалагічная-прапагандыская атмасьфера, тупая прапаганда па ўсіх магчымых СМІ, рэгулярныя палітзаняткі, дзе камуністычную ўладу можна толькі хваліць; “каўбаса па 2.20”? – няпраўда, яе ў Гародні ў адкрытым продажы няма з канца 1960-х, “дастаць” што-небудзь можа толькі з-пад паліцы; па гэтай прычыне гарадзенцы вымушаныя езьдзіць у Друскенінкай за варанай каўбасой і тварагом, дзе выслухоўваць незычлівыя заўвагі летувісаў; і г.д., і да т.п.

(Дарэчы, паколькі гэта ўсё было даўно – да 1985 года, расейская імперская прапаганда разам зь чорным піярам дурыць моладзь, якая нічога ня ведае, пра жыцьцё ў СССРы. Гэта праяўляецца ў тым, што неадукаваныя маладыя людзі, якім няма каму распавесьці праўду, у апошнія гады пачалі зьяўляцца ў пачатку лета ў тэнісках з надпісам “СССР” і “сярпаста-малаткастым” сімвалам. Мы нярэдка спыняем гэтых маладзёнаў і распавядаем ім пра сапраўдны “камунізм”, які быў… горшы за фашызм – камуністы забілі ва ўсім сьвеце значна больш людзей, чым нацыянал-сацыялісты. У большасьці выпадкаў маладыя людзі ўсё хутка схопліваюць. Яны ж не хочуць быць у дурнях, якіх  выкарыстоўваюць у мэтах прапаганды-піяру соцыя-паразітныя сілы. Відаць, заўвагі робяць многія, бо мы заўважылі, што да канца лета колькасьць камуна-фашытоўскіх тэнісак, якія можна сустрэць у горадзе, зьніжаецца літаральна да нуля).

Дык вось, жыць у такім асяроддзі чалавеку з тонкай душэўнай арганізацыяй, які востра адчуваў усю гэтую безвыходнасьць і несправядлівасьць, надзвычай цяжка.

І тут далейшы лёс такога чалавека вызначаецца найперш тым, як вакол яго будуць паводзіць сябе блізкія ды сябры. Яны могуць заклікаць трымацца, прапанаваць пісаць новыя творы, сысьці ў працу, казаць пра немінучасьць абвалу сістэмы, пратэставаць супраць спробаў пайсьці ў запой і г.д. А могуць, наадварот, пачаць падсоўваць водачку ці кан’ячок. Спачатку трохі, затым усё больш. Аргументы вядомыя: “выпі й табе стане лягчэй”, “адключышся і прачнешся, як новы”, “трэба зьняць стрэс” і г.д. Потым аб’ём выпітага расьце, чалавек пападае ў залежнасьць. Ня піць ён ужо ня можа. А, між тым, ранейшы “станоўчы” эфект паступова слабее. Потым узьнікаць ідэі паспытаць і больш “моцныя сродкі” (калі вы глядзелі фільмы пра Высоцкага апошнія дні, вы магі заўважыць, што ў яго не было праблем здабыць і “больш моцныя сродкі”; нехта ж яму іх выдаваў. Ці ня так?).

Арганізм разбураецца, рух цягніку паскараецца, але наперадзе толькі тупік…

Цяпер чалавека, пачынаючы з пэўнага стану алкагольнай ці наркатычнай залежасьці, можна ўкатрупіць у любы момант: перадоза, сардэчныя і г.д. Усё будзе выглядаць накшталт таго, што “сам вінаваты”, “так артымалася”, “недаглядзелі”…      

Вось такая ў нас атрымалася сумная гіпотэза: славутага барда, найверагодней, забіла зайздрасьць некаторых падстаўнікоў яго ж багемнага асяродзьдзя ў спалучэньні са страхам камуністычных герантакратаў тых савецкіх часоў перад яго праўдзівым словам…

 

4.

Тэхналогія спойваньня, падсаджваньня на іглу – вядомыя спосабы прывядзеньня да сьмерці небясьпечных канкурэнтаў ці непажаданых для сістэмы асоб.

Самы яскравы прыклад цяпер ужо з нашай беларускай і менш далёкай у часе рэчаіснасьці – заўчасная сьмерць геніяльнага беларускага паэта – Анатоля Сыса.

Гэты чалавек таксама меў вельмі тонкую натуру. Ён нясьцерпна перажываў адыход ад дэмакратыі ў Беларусі ў сувязі з прыходам да ўлады ўсім вядомага агента расейскага імперыялізму.

Адзін з нас пазнаёміўся са сп-ром Анатолем яшчэ ў 1986 г. Але, калі давялося ўбачыць яго ў апошні раз (дарэчы, здаецца, гэта было на мітынгу ў 1996 годзе – тым самым, дзе Пазьняк запрапанаваў хвіліну ганаровага маўчаньня з нагоды забойства Джахара Дудаева), гэта быў зусім іншы чалавек. Нават на мітынг ён прыйшоў на добрым падпітку (што катэгарычна забаронена) і няўдалымі выкрыкамі падтрымліваў выступ Пазьняка. Тыя, хто яго ня ведаў, маглі падумаць, што гэта правакатар…

Не, гэта быў геніяльны Сыс, але ўжо… ў такім стане.

Адзін зь вядомых беларускіх грамадскіх дзеячаў і паэтаў распавёў аднаму з нас, што Сыса рэгулярна спойваў адзін зь беларускіх пісьменьнікаў-перакладчыкаў…

Смутны вынік вядомы ўсім.  Ужо некалькі гадоў, як Анатоля Сыса з намі няма…   

 

5.

І ўсё ж, калі мы задумвалі гэты артыкул, у якасьці галоўнай задачы мы планавалі ня столькі распавесьці пра мінулае, пашкадаваць пра нашы страты, колькі зрабіць высновы для будучыні – даць нашым маладым беларусам важкія парады.

Хлопцы і дзяўчаты, калі вы напраўду жадаеце змагаца за інтарэсы нашага беларускага народу, ні ў якім разе нельга ні спойвацца, ні тым больш наркатызавацца! Пажадана нават кінуць паліць, калі гэтая звычка ўжо завялася…

Хай гэтая парада набудзе вагу аднаго з прынцыпаў нашай Пераможнай дактрыны (П пр-п 11).

Вострыя і хранічныя стрэсы, нават адчай, якія выклікае ў нас сатанінская ўлада прымітыўных цяперцаў, варта здымаць спортам (бег, барацьба, бокс, іншыя баявыя мастацтвы – асабліва фул кантакт) альбо павелічэньнем інтэнсіўнасьці працы на карысьць нашага народу (акцыі, графіці й г.д.).  

Па другое, заўсёды па-сяброўску псіхалагічна падтрымлівайце найбольш таленавітых, выбітных асобаў сярод вас (у т.л. і лідэраў нашай абсалютна небезнадзейнай беларускай справы). Хай сярод вас будзе прынята не саромецца казаць адзін аднаму добрыя словы, дакранацца да пляча ў сяброўскім памкненьні, не баяцца лішні раз паціснуць руку, любым іншым чынам падтрымаць сябра, не пакідаць яго ў адзіноце, асабліва ў цяжкую хвіліну. Сачыце за тым, каб атмасьфера ў вашай кампаніі заўсёды была культурная, добразычлівая. Гэта ў любой арганізацыі, накіраванай на сьвятыя мэты, самая першая справа! Ведайце, правакатары заўсёды імкнуцца разбурыць найперш яе – доразычлівую атмасьферу. Тых, хто гэта робіць, можаце сьмела выганяць са структураў…

Давайце і гэта запішам як прынцып Пераможнай дактрыны (П пр-п 12).

    

      

2 каментарыя

  1. жук кажа:

    этого давно ждали и хорошо, что про это сказано

  2. Валянцін кажа:

    Дзякуй за Вашы глыбокія разважаньні. Адкрываюцца вочы і жахліва мне робіцца.
    Мусіць усё, браточкі, безнадзейна…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы