nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Спадарства, вязень “свабоды слова” – гэта, напрыклад, Фроліх, а Зьдзьвіжкоў – банальны павакатар (частка1)

6 лютага, 2008 | Каментары (1)

Барыс Керзач, Алесь Астроўскі

Ð�Ñ�дзÑ�вÑ�жкоÑ�.JPG 

1. Факты першай паралелі (зьдзьвіжкоўскія)

Папярэдняя заўвага. У матэрыяле размова пойдзе пра 3-гадовы прысуд спадару Зьдзьвіжкову, пра які, пэўна, ведаюць многія. Гэтая падзея наўпрасткі зьвязаная з глабальнай PR-акцыяй 2-гадовай даўніны пад назовам “Данія абразіла прарока” (на справе, вядома ж, ня Данія, і нават не “дацкі” часопіс). У сувязі з гэтым першае, што мы мусім зрабіць – гэта нагадаць пра наш аналіз іншай PR-акцыі, таксама глабальнага маштабу, пад назвай “Код Да Вінчы” (гл. nashaziamlia.org/2006/07/23/205, nashaziamlia.org/2006/07/23/209) і глабальнага вэрхалу вакол “Канферэнцыі па халакосьце” ў Іране (гл. nashaziamlia.org/2006/12/29/470, nashaziamlia.org/2006/12/30/474). Справа ў тым, што ўзгаданая раней падзея пра “абразу Даніяй прарока” ўжо часткова закраналася ў тых матэрыялах.  

Бліжэй да тэмы. Для таго, каб зразумець некаторыя асьпекты праблемы, якую мы наважыліся разгледзець, варта вярнуцца на 6 гадоў назад – у 2002 год. Тады Данія, адзіная з усіх еўрапейскіх краін, ня вытрымала пакутаў годнасьці й вырашыла афіцыйна праявіць прынцыповасьць што да падзеяў на Блізкім Усходзе. Урад краіны дазволіў сабе нечуванае «блюзьнерства» – ён жорстка асудзіў рэпрэсіі Ізраіля супраць палестынцаў… Мы лічым, з гэтага ўсё і пачалося…

Праз 3,5 гады «дацкі» часопіс «Jullands-Posten» (з сіянісцкім сімвалам у лагатыпе; гл. унізе), надрукаваў карыкатуры на мусульманскага прарока Мухамеда. Канкрэтна за гэтую акцыю нясе адказнасьць намесьнік рэдактара Флемінг Роўз (гл. фота ўверсе №1).  

Jyllands-Posten_logo.png

12 карыкатур на прарока Мухамеда былі надрукаваныя ў Jyllands-Posten 30 верасьня 2005 году. Затым у кастрычніку, лістападзе і надалей па 1, 2, 6 ці 12 штук яны перадрукоўваліся ў розных выданьнях Егіпту, Нідэрландаў, Германіі, Румыніі, Нарвегіі, Босьніі-Герцагавіны і г.д. Як на сёньняшні дзень, 159 выданьняў перадрукавалі гэтыя карыкатуры (поўная храналогія падзеяў, зьвязаных зь перадрукоўкай карыкатураў з Jyllands-Posten іншымі выданьнямі, пададзеная тут: en.wikipedia.org/wiki/List_of_newspapers_that_reprinted_Jyllands-Posten’s_Muhammad_cartoons).

Спавядальнікі ісламу, натуральна, адчулі сябе абражанымі й у студзені-лютым 2006 году ў многіх краінах, дзе яны ёсьць (у Аўганістане, Бангладэш, Егіпце, Індыі, Інданэзіі, Іраку, Іране, Лівіі, Нігерыі, Пакістане, Сірыі, Самалі, Судане, Турцыі), усчалі масавыя хваляваньні, якія найчасьцей уключалі пагромы амбасадаў некаторых еўрапейскіх краін. Натуральна, найбольш пацярпелі амбасады Даніі. Непрыемны нюанс – у сутычках з паліцыяй у афрыканскіх краінах загінулі дзесяткі людзей…

Тым часам Флемінг Роўз схаваўся.

Нягледзячы на ўсю відавочнасьць адбылага, многія заходнія СМІ актыўна падтрымалі акцыю дацкага часопіса Jyllands-Posten. Асноўны аргумент – у “цывілізаваных краінах” дзейнічае «свабода слова», якая вышэй за ўсё! Канфлікт распальваўся ўсё больш.

І тут у справу ўмяшаўся Іран. Прэзідэнт гэтай краіны Ахмадзі-Нежад заявіў прыкладна наступнае, што калі “свабода слова” для Захаду важней за агульную культуру, прыстойнасьць, павагу да рэлігійных пачуцьцяў іншых народаў і да т.п., тады мы правядзем у Іране канферэнцыю па… халакосьце.

Пратэсты мусульманаў пайшлі на спад, а “цывілізаваны Захад”, наадварот, упаў у транс… Пасьля другой невялікай хвалі бяззьвязнай слоўнай лухты, там вымушаныя былі праглынуць язык і забыцца пра “свабоду слова” (цяпер зь некалі вялікага арсеналу “дэмакратычных каштоўнасьцяў” ў заходнікаў засталіся практычна толькі “дэмакратычныя працэдуры” і “правы чалавека”).   

І тут раптам у дадзеныя падзеі ўмешваецца “беларуская” апазіцыйная газета “Згода”. Намесьнік рэдактара выданьня, нейкі Аляксандр Зьдзьвіжкоў (гл. фота ўверсе №2), у артыкуле “Палітычны крэатыў”, карыстаючыся адсутнасьцю галоўнага рэдактара выданьня, сп-ра Аляксея Караля, нечакана падае 8 ці 12 (у розных крыніцах розныя даныя) злашчасных карыкатур. Цяперскія ўлады гэты факт хутка выяўляюць і ўжо 22 лютага 2006 г. арганізуюць узбуджэньне крымінальнай справы (частка 2 артыкула 130 Крымiнальнага кодэкса – распальваньне рэлігійнай варожасьці),  а таксама спыняюць распаўсюд газеты, тыраж рэквізуюць, газету закрываюць. “Сьмелы і перакананы ў сваёй праваце” “змагар за свабоду слова” сп-р Зьдзьвіжкоў… кідаецца наўцёкі  – тэрмінова выязджае за межы Беларусі.

Больш чым праз 1,5 гады, у лістападзе 2007 г., яго лапаюць, а 18 студзеня 2008 г. пасьля зачыненага суду прысуджаюць да трох гадоў калоній узмоцненага рэжыму (у іншых краінах, нават мусульманскіх, давалі па 2-6 месяцаў!; у Еўропе на выданьні, якія зрабілі тое самае, найчасьцей проста накаладаліся штрафы…).

Здавалася б, усё.

Як бы ня так. А дзе дэталі? Там жа схаваны “чорт”… А безь яго ніякае абмеркаваньне ня будзе поўным.

Што ж, дададзім некаторыя дэталі. Напрыклад, такія:

– Публікацыя карыкатур у газеце “Згода” адбылася ў нумары за 18-26 лютага 2006 года – г.зн. за месяц да 19 сакавіка, калі павінен быў адбыцца першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Дададзім, газета “Згода” на той час зьяўлялася партыйным выданьнем БСДП (НГ), ад якой у прэзідэнты Беларусі вылучаўся… Казулін.

– Заснавальнік “Згоды” і яе галоўны рэдактар Аляксей Кароль успамінае, што падзея са злашчаснымі карыкатурамі адбылася вельмі недарэчы: “Сітуацыя пачатку 2006 года ў палітычным плане была вельмі распаленая, і падобныя крокі наўрад ці былі нам на карысьць. Сам я ўбачыў карыкатуры ўжо ў надрукаванай газеце. З абурэньнем пазваніў Зьдзьвіжкову, патрабуючы тлумачэньняў, на што той мне адказаў: нічога, маўляў, пранясе…” (www.belaruspartisan.org/bp-forte/?page=100&backPage=21&news=21485&newsPage=0).

У той час (люты 2006 г.) А.Зьдзьвіжкоў пацьвярджаў: «Так, я сам, без узгадненьня з рэдактарам Каралём, арганізаваў і разьмясьціў гэты матэрыял. Аднак, з майго пункту гледжаньня, я апублікаваў карыкатуры не на прарока Мухамеда, а на ісламскіх тэрарыстаў. Мэта гэтай публікацыі – паказаць карані ісламскага тэрарызму, якія прасачыліся ў Белаурсь. Я абсалютна ўпэўнены, што ўвесь гэты “карыкатурны скандал” справакаваны ісламскім тэрарызмам” (пацьверджаньне, што Зьдзьвіжкоў сапраўды нёс усю гэтую ахінею – пра ісламскіх тэрарыстаў, якія зьявіліся ў Беларусі й зь якіми пры дапамозе карыкатур на Мухамеда трэба было абавязкова змагацца за месяц да выбараў прэзідэнта –  і што мы нічога не прыдумваем, тут: www.ucpb.org/?lang=rus&open=16620).

– Лукашэнка расцаніў публікацыю, як падарунак лёсу. Заявіў пра правакацыю супраць дзяржавы і дадаў, што да яе датычны яго супенік на прэзідэнцкіх выбарах – лідэр БСДП А.Казулін. Аформлена ўсё было наступным чынам. У сакавіку 2006 года на г.зв. “Усебеларускім народным сходзе” Лу-ка заявіў: “Я так разумею, што гаворка ідзе пра газету гэтага адмарозка [маецца на ўвазе Казулін. – Рэд.], дзе былі надрукаваныя карыкатуры. Пасьлязаўтра [яму. – Рэд.] трэба ехаць у Еўропу, даваць справаздачу, што зрабіў. Таму ён у гэтым сваім баявым лістку і надрукаваў гэтыя карыкатуры. Крымінальная справа ўзбуджаная і, калі будуць для гэтага падставы, усе будуць сядзець у турме. Таму, што гэта правакацыя супраць дзяржавы” (www.ucpb.org/?lang=rus&open=16620).  [ня быў бы гэта Лу-ка, каб ня выкарыстаў сітуацыю на сваю карысьць; але паралельна ён раскрыў сябе – ён вельмі баіцца Казуліна… – Рэд.].

– Зьдзьвіжкова арыштавалі 17 лістапада 2007 г., па шэрагу распаўсюджаных зьвестак, нібыта “на магіле бацькі”, куды ён прыехаў “пакланіцца” (www.ucpb.org/?lang=rus&open=16620; www.gazetaby.com/index.php?sn_nid=11014&sn_cat=33), на справе ж, пры значна больш банальных абставінах – непасрэдна на чыгуначным вакзале горада Барысава (belmarket.by/index.php?article=31930).

– Істцом на працэсе выступіў старшыня рэлігійнага аб’яднаньня “Духоўнае ўпраўленьне мусульман РБ” муфцій Ісмаіл Варановіч, які напярэдадні працэсу зрабіў заяву, што не патрабуе крымінальнага пакараньня для А.Зьдзьвіжкова. Аказалася, што муфцій даведаўся пра публікацыю ад Камітэта па справах рэлігій ды нацыянальнасьцяў: яму даслалі ксеракопіі і папрасілі “адрэагаваць”. “Я быў вымушаны гэта зрабіць”, – заявіў ён у інтэрвю “Еўрарадыё”. Сам прысуд міфцій лічыць занадта суворым: “Я прасіў, каб рашэньне суду было больш мяккім. Тым больш, што ён не заклікаў ні да якіх злачынстваў. Гэта была свайго роду інфармацыя пра тое, што было надрукавана ў дацкіх газетах”.

–  Пасьля агалошаньня прысуду Зьдзьвіжкоў нечакана заявіў, што ён хрысьціянін (гл. фота яшчэ раз) і выкрыкнуў: «З намі Бог і хростная сіла!» (kavkazcenter.com/russ/content/2008/01/18/55759.shtml).

–  З нагоды прысуду “журналісту” амбасада ЗША ў Беларусі 23 студзеня зрабіла заяву, у якой выказала глыбокую занепакоенасьць у сувязі “неапраўданым асуджэньнем”. “Мы працягваем заклікаць улады дазволіць беларускім грамадзянам без абмежаваньняў карыстацца правамі чалавека, уключаючы ПРАВА НА СВАБОДУ ВЫКАЗВАНЬНЯЎ … Як і раней, амбасада выказвае занепакоенасьць станам усіх зьняволеных, якія ўтрымліваюцца па палітычна матываваных абвінавачаньнях [няўжо правакацыя належыць да гэтай катэгорыі? – Рэд.], і заклікае да іх неадкладнага вызваленьня”, – гаворыцца ў заяве амбасады ЗША.

– Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” выказала абурэньне прысудам А.Зьдзьвіжкову.

– Большасьць “беларускіх” “незалежных” выданьняў ужо прыраўноўваюць “подзьвіг” Зьдзьвіжкова да таго, за што пакутавалі й пакутуюць у турмах нашыя сапраўдныя палітычныя вязьні. Сама назва некаторых матэрыялаў сьведчыць пра гэта (напрыклад, “Дашкевич вышел, сел Сдвижков”).  

– Удзельнікі незарэгістраванага руху “БУНТ” пачалі кампанію ў абарону былога намесьніка рэдактара газеты “Згода” Зьдзьвіжкова. Яны распаўсюджваюць друкаваныя матэрыялы зь інфармацыяй аб прысудзе журналісту. Ва ўлётцы гаворыцца: Что же такого ужасного совершил Сдвижков? Может, он поджег синагогу или избивал студента-африканца в подворотне с криками “Зиг хайль”? Нет! Александр Сдвижков всего лишь перепечатал в газете “Згода” датские карикатуры на Мухаммеда. “БУНД” тлумачыць суворы прысуд  Зьдзьвіжкову тым, што “у Лукашенко появился новый друг — президент Ирана Ахмадинежад” (naviny.by/rubrics/society/2008/02/01/ic_news_116_284928).

– І апошніяе. Флемінг Роўз – галоўны арганізатар правакацыі (пра ініцыятараў патрэбная асобная гаворка) – зноў спакойна працуе ў выданьні й ні пра што не шкадуе: “Тое, што я зрабіў, не выходзіць за межы нормы”. Ён нават дазваляе сабе філасофстваваць: “Праблема мае сёньня глабальны характар. Глабалізацыя мяняе ўмовы працы журналістаў і рэдактараў, паколькі, што публікуецца ў адной краіне, адразу ж становіцца прадметам абмеркаваньня альбо незадаволенасьці іншых. Уціскаюцца рэлігійныя пачуцьці альбо палітычныя сімпатыі. У гэтай сітуацыі ёсьць два шляхі. Першы – гэта негалоснае пагадненьне “я не парушаю твае табу, калі ты не парушаеш мае”. Але гэта можа прывесьці да таго, што сітуацыя ў галіне свабоды слова драматычна пагоршыцца ва ўсім сьвеце. А дыктатуры будуць карыстацца ёю, каб закрыць нелаяльныя да іх выданьні й саджаць за краты тых, хто іх крытыкуе, апраўдваючыся тым, што ўсе яны зьневажаюць нечыя рэлігійныя пачуцьці. Другі шлях – змагацца за тое, каб адмянілі ўсе законы, якія могуць прымяняцца ў якасьці шыльды для абароны пачуцьцяў альбо інтарэсаў” (naviny.by/rubrics/society/2008/01/18/ic_articles_116_155063).

Гэтыя тлумачэньні сп-ра Роўза, хаця і блытаныя, вартыя таго, каб іх запомніць. Мы так і зробім…

 

Каментары (1)

  1. Віталь кажа:

    Вельмі здзіўлены гэтым матэрыялам. Можа яшчэ не да канца асэнсаваў яго, але…
    Так званыя карыкатуры, насамрэч, бяскрыўдныя. І сапраўды, хутчэй пра ісламскіх тэратыстаў, чым пра муххамада. Усім, хто лічыць, што такім чынам быў абражаны іслам, раю пахадзіць па ісламскім сайтам і пачытаць ШТО яны там пішуць, хаця бы пра хрысьціянства і хрысьціянаў. Валосьсе дыбам устае…Сам іслам ёсьць абразай хрысьціянства у прынцыпе, а шматлікія ягоныя тэксты магуць трактавацца толькі як дзікунская абраза рэлігійных пачуцьцяў хрысьціянаў. Але ніхто яшчэ не адмяняў прынцыпаў і магчымасьцяў міжрэлігійнай дыскусіі, і сутнасьцю гэтай дыскусіі ёсьць жаданьне бакоў даказаць несапраўднасьць і хлусьлівасьць рэлігіі іншага боку. І што, гэта таксама распальваньне міжрэлігійнай варожасьці? ..
    Маё цьвёрдае перакананьне–іслам, гэта прыдумка мухаммада, хутчэй за ўсё інспіраваная бесамі, але, магчыма створаная ім і з уласнае ініцыятывы. У любым выпадку, рэальнага Бога там няма, ёсьць такзваны “мысьленны ідал”–аллах.
    Уся гісторыя ісламу–гэта крывавыя учынкі яго пасьлядоўнікаў у імя “веры”, а наяўнасьць прынцыпу “джыхаду” і заклік “забей нявернага!” відавочна сьведчыць аб яго антычалавечай сутнасьці. параўнайце з хрысьціянскім: “мне отмўеніе і аз воздам”.
    Пра мае стаўленьне да ісламу падрабязна чытайце: makvital.livejournal.com
    Учынак рэжыму з прысудам Зьдвіжкову–звычайнае вар’яцтва. А лінія на “саюз” з ісламам супраць сіяністаў-глабалістаў-імперыялістаў згубная, бо вядзе наўпрост да ідалапаклонства. І іслам ёсьць такім самым варыянтам імперыялізму: яго мэта–сусьветны халіфат, глябальная ісламская “умма”.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы