Рэдакцыя (паводле svaboda.org/content/Article/977589.html)
12 лютага г.г. у Магілёве пачаўся фэстываль шведскага кіно “Вандроўка Бэргмана на Ўсход”. Цягам чатырох фэстывальных дзён магілёўцы ў кінатэатры “Радзіма” пабачаць 5 стужак. Чатыры зь іх — “Восеньская саната”, “Шэпт і крыкі”, “Жанчыны ў чаканьні” ды “Лета з Монікай” – у сінхронным перакладзе на беларускую мову. “Пададзеныя на фэстывалі стужкі перакладзеныя знакамітымі беларускімі літаратарамі, сярод якіх Лявон Баршчэўскі, а таксама шведскімі перакладчыкамі, якія перакладаюць тэксты на беларускую мову. Гэтыя тэксты чытаюць беларускія акторы”, – зазначыла прадстаўніца аддзяленьня амбасады Алена Кацько.
У Магілёве тэкст сінхроннага перакладу будзе чытаць актрыса мясцовага драматычнага тэатру Галіна Лабанок.
У менскім аддзяленьні амбасады Швэцыі ў Маскве паведамілі “Свабодзе”, што пераклад шведскіх стужак на беларускую мову зроблены на знак павагі да беларускай культуры й дзеля падтрымкі беларускай мовы. Так тут пастанавілі ўжо некалькі гадоў таму. Шведскія стужкі не перакладаюцца на беларускую мову толькі ў тых выпадках, калі існуюць іх расейскамоўныя вэрсіі.
Фэстывальныя запрашальныя квіткі й абвесткі вырабленыя па-беларуску, рэклямная расьцяжка ж — па-расейску. У Магілёўскім кінавідэааб’яднаньні гэта патлумачылі тым, што расьцяжку рабілі задоўга да фэстывалю.
Ад рэдакцыі:
Што тут скажаш: шведскай амбасадзе і ўсяму шведскаму народу вялікая падзяка ад імя народу беларускага!
А мясцовым быдлякам зь іх расьцяжкамі – ганьба!