У сувязі з шумным адзначэньнем у г.г. як у Расеі, так і ў Беларусі мілітарысцкага “сьвята 23 лютага” падаем артыкул “Белыя плямы гісторыі” кандыдата гістарычных навук Алеся Петрашкевіча, які колькі год таму быў надрукаваны ў “Народнай волі”. Сувязь паміж захопніцкімі войнамі імперскай Расеі супраць Вялікай Літвы-Беларусі ўсіх ранейшых часоў і цяперашняй расейскай арміяй хай праілюструе цытата, узятая з цалкам мірнага расейскага Інтэрнэт-выданьня “Вокруг света” (гл. vokrugsveta.ru/telegraph/history/562): “23 лютага ў Расеі адзначаюць Дзень абаронцаў Айчыны. Да 1992 года сьвята звалася Днём Савецкай Арміі й Ваенна-Марскога Флоту і зьвязвалася са зьяўленьнем у 1918 годзе рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. Новая назва сьвята мае на ўвазе непарыўную сувязь сучаснай расейскай арміі й усіх яе папярэдніц”. Ілюструе матэрыял карціна Кіўшэнкі “Ваенныя гульні пацешных войскаў Пятра І каля сяла Прэабражэнскае”.
Рэдакцыя.
Па падліках ваеннага міністра імператарскай Расеі А.Н.Курапоткіна “на працягу XVІІІ і ХІХ стагоддзяў Расея правяла ў войнах 128 гадоў, і толькі 72 гады былі мірныя. З 128 гадоў вайны толькі 5 прыпадаюць (на думку міністра – А.П.) на абарончыя войны, усе іншыя – гэта захопніцкія паходы”.
Каб мець пэўнае ўяўленьне пра тое, чым былі занятыя Маскоўскае княства, царская ды імперская Расея на Заходнім кірунку да XVІІІ стагоддзя, цалкам адказна паведамляю даставерныя, энцыклапедычныя зьвесткі ў выглядзе храналагічнай табліцы.
1500 г. – захоп рускімі войскамі Гомеля.
1500-03 гг. – агрэсіўная захопніцкая вайна Маскоўскага княства супраць Вялікага княства Літоўскага.
1500, 1502 (двойчы), 1508 (двойчы), 1514, 1535 гг. – аблога Мсьціслаўля рускімі войскамі.
1500, 1507, 1519, 1561, 1562, 1564 гг. – аблога Воршы рускімі войскамі.
1502, 1516, 1519, 1534-36, 1562, 1563 гг. – безвыніковыя аблогі Віцебску войскамі рускіх ваяводаў.
1506, 1534 гг. – спусташэньне ваколіц Койданава (цяпер Дзяржынск) войскамі рускіх ваяводаў.
1506, 1535 гг. – напады рускіх войскаў на Сьвіслач.
1506, 1512, 1518-20, 1534, 1535 гг. – рабаўнічыя паходы рускіх войскаў на Беларусь і аблогі Полацка.
1506, 1523 гг. – аблогі Чачэрску рускімі войскамі.
1507-08 гг. – вайна Маскоўскага княства зь Вялікім княствам Літоўскім [гэта тады быў захоплены наш Смаленск. – Рэд.].
1507, 1508, 1514, 1535 гг. – аблогі і разарэньні (двойчы) Крычава войскамі рускіх ваяводаў.
1508 г. – безвыніковая аблога Менску М.Глінскім і рускім войскам князя В.І.Шэцячыча.
1512-22 гг. – агрэсіўная захопніцкая вайна Маскоўскага княства супраць Вялікага княства Літоўскага.
1512, 1515, 1535 гг. – аблогі Браслава войскамі рускіх ваяводаў.
1514 г. – параза войскаў маскоўскіх ваяводаў пад Воршай. 40-тысячная армія Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага напоўніцу разграміла 80-тысячнае войска Маскоўскага княства перад яго ўварваньнем на тэрыторыю Беларусі.
1514, 1519, 1539 гг. – аблогі Барысава рускімі войскамі.
1514, 1524, 1535 гг. – разбурэньне Друцку рускімі войскамі.
1515 г. – спаленьне Друі рускімі войскамі.
1515 г. – спаленьне Іказані (Браслаўшчына) рускімі войскамі.
1519 г. – аблога і ўзяцьце Крэўскага замку войскамі маскоўскіх ваяводаў.
1519 г. (двойчы) – безвыніковыя аблогі Менска войскамі рускіх князёў В.І.Шуйскага, М.Гарбатага, С.Курбскага і М.Кісьліцы.
1534 г. – захоп рускімі войскамі Мазыра.
1534-37 гг. – вайна Маскоўскага княства супраць Вялікага княства Літоўскага.
1535 г. – разбурэньне рускімі войскамі Рагачова, аблога рускімі войскамі Радомлі, Копыся, Петрыкава, Наваградка і Турава.
1535, 1562, 1580 гг. – аблогі і спусташэньні Капысі войскамі рускіх ваяводаў, аблогі, штурмы і спаленьне Шклова рускімі войскамі.
Абсалютна сінхронна і па вялікім рахунку ўзгоднена з нападамі Масковіі на Беларусь зьдзяйсьнялі свае спусташальныя набегі й орды крымскіх татараў. Па храналогіі яны прыпадаюць на такія гады: 1497, 1500, 1502-03, 1505-06, 1508, 1521, 1523, 1527, 1529, 1538-39 гг. Летапісы зафіксавалі зьвесткі пра незьлічоныя палоны жыхароў нашага беларускага краю, спусташаныя рабаўніцтвы, разарэньні й спаленьні ня толькі вёсак і дробных паселішчаў, а і такіх гарадоў, як Берасьце, Камянец, Бабруйск, Слуцак, Тураў, Крэва і яго замак, Клецак, Наваградак, Друцк, Віцебск, Чачэрск, Крычаў, Полацак, Мазыр, Рэчыца і шмат іншых.
Такім чынам, з дапамогай крымскіх мусульманаў праваслаўныя маскоўскія князі спрабавалі вярнуць “сваю праваслаўную бацькаўшчыну”, на якую яны ня мелі ніякага законнага права, бо Маскоўскае княства не было правапераемнікам княства Полацкага – у часы Полацкай дзяржавы Маскоўскае княства ўвогуле не існавала. Пра якую ж “айчыну” магла ісьці гаворка?.. Дзіўна, але некаторыя расейскія газеты і сёньня выказваюцца пра свае “правы” на “праваслаўную айчыну і дзядзіну” ў нашых беларускіх межах і гатовыя ратаваць яе ад рымскай веры і цывілізаванай Еўропы.
1558-83 гг. – Лівонская вайна – барацьба Маскоўскага княства супраць Вялікага княства Літоўскага, Польшчы, Швецыі і Лівонскага ордэна за Прыбалтыку.
1562 г. – аблога войскамі Івана IV Оршы, Дуброўны, Мсьціслаўля.
1563 г. – аблога і спаленьне Лепеля войскамі Івана IV; аблога, штурм і ўзяцьце Полацка. Зьністажэньне насельніцтва, захоп шматтысячных палонаў войскамі Івана IV.
1564 г. – аблога войскамі Івана IV Мсьціслаўля, Крычава, Радомлі, Магілева, Оршы, Дуброўны, Копысі; аблога (двойчы) Езерышча.
1576 г. – захоп Гомеля рускім войскамі й вяртаньне яго ў склад Вялікага княства Літоўскага войскамі Юрыя Радзівіла.
1580 г. – спаленьне Магілева рускімі войскамі князя Серабранскага.
1581 г. – аблога рускімі войскамі Магілева і Шклова.
1616 г. – спаленьне Суража рускімі войскамі.
1633 г. – няўдалая аблога Полацка рускімі войскамі; аблога Мсьціслаўля.
1654-67 гг. – самая крывавая і спусташальная захопніцкая вайна царскай Расеі супраць Вялікага княства Літоўскага і Польшчы.
1654 г. – аблога і штурм Дуброўны царскімі войскамі; аблога і ўзяцьце Віцебска 20-тысячным войскам рускага цара; здача Магілёва ў сувязі з непадрыхтаванасьцю горада да абароны; спаленьне Клецка войскамі князя А.Н.Трубецкога; аблога рускімі войскамі Гомеля, Віцебска, Чачэрска ды іншых гарадоў Беларусі.
1654, 1659, 1660 г. – аблогі і штурмы Несьвіжа рускімі войскамі.
1654, 1660 гг. – безвыніковыя аблогі Ляхавічаў рускімі войскамі.
1654-57 гг. – безвыніковыя аблогі Быхава саюзьніцкімі рускімі й украінскімі казацкімі войскамі.
1654, 1658, 1661 гг. – аблогі і штурмы Крычава рускімі войскамі.
1654, 1659, 1660 гг. – аблогі Мсьціслаўля рускімі войскамі.
1655 г. – аблога Езярышчанскага замка рускімі войскамі.
1655-56 гг. – аблога Суража рускімі войскамі.
1655 г. – штурм і захоп Барысава рускімі войскамі; дзьве беспасьпяховыя аблогі Слуцака; аблога і спаленьне Менска войскамі рускага ваяводы Д.А.Валконскага; штурм і спаленьне Бабруйска казакамі Залатарэнкі – хаўрусьнікамі цара Аляксея Міхайлавіча.
1655, 1659 г. – аблога Лідскага замка казакамі Залатарэнкі і князя А.Хаванскага.
1655, 1660 г. – аблога і ўзяцьце Наваградскага замка рускімі войскамі.
1659 г. – аблога Чачэрска рускімі войскамі.
1660 г. – параза пад Ляхавічамі войскаў ваяводы Хаванскага.
1661 г. – паўстаньне гараджанаў у Магілеве і ўзяцьце ў палон рускіх ваяводаў; антырускі пераварот у Дзісьне.
1664 г. – аблога Пінска украінскімі казакамі й рускімі войскамі.
У 1654-67 гг. (на працягу 13 гадоў) у Беларусі ішла вайна на зьністажэньне. Цэлыя гарады і рэгіёны былі разрабаваныя і выпаленыя. Сотні тысячаў беларусаў – мужчынаў, дзяцей і жанчын – былі ўзятыя ў палон і вывезеныя ў Масковію. Акупацыя і гвалт выклікалі пажар партызанскай вайны супраць прыгнятальнікаў. Гэтая вайна з “брацкім славянскім народам” абышлася Беларусі ў 1.800.000 жыцьцяў. Загінуў кожны другі жыхар краю. Пасьля гэтай чумы, якую дабраславілі расейскія царкоўныя гіерархі, Вялікае княства Літоўскае ўжо не змагло падняцца. Расея пачала “асвойваць” “айчыну”. Гэта стала пачаткам трох стагоддзяў акупацыі й каланізацыі “Паўночна-Заходняга краю”.
Вайна рускай дзяржавы са Швецыяй (1700-21 гг.), якая праводзілася Пятром І на тэрыторыі Беларусі, забрала яшчэ 800.000 жыцьцяў беларусаў – загінуў кожны трэці. Прычынай гэтага была ўпершыню выкарыстаная Пятром І тактыка выпаленай зямлі перад супраціўнікам, які наступае.
1708 г. – спаленьне войскамі Пятра І Віцебска, Дуброўны, Воршы, Магілёва, Мсьціслаўля, Быхава і мноства іншых населеных пунктаў пры адступленьні на Украіну.
1709 г. – аблога войскамі Пятра І Ляхавічскага замку.
У цэлым XVIII стагоддзе прынесла беларусам новыя крывавыя выпрабаваньні. Агнём і мячом будуць душыць нярэдкія бунты і народныя хваляваньні супраць гвалту і рабаўніцтва. Паўстаньні будуць патопленыя ў крыві. Асабліва ў гэтым выпнуўся палач беларускага народу, «сьвятлейшы князь» Аляксандр Сувораў, чорную памяць пра якога наша беларускае «інтэрнацыянальнае» начальства ўшанавала музейным комплексам, вайсковай вучэльняй зь яго «слаўным» імем і яшчэ больш за 50 назваў калгасаў, саўгасаў і вуліц. Да нядаўняга часу быў яму і манумент, за зьнікненьне якога судзяць сёньня высакароднага беларуса.
Напрыканцы XVIII стагоддзя адбыліся яшчэ больш ракавыя падзеі ў Беларусі.
1772 г. – першы рабаўнічы падзел Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расеяй, у выніку якога ад Беларусі была адрынутая яе ўсходняя частка і ўключаная ў скалад Расейсай імперыі.
1793 г. – другі падзел Рэчы Паспалітай і захоп Расеяй цэнтральнай часткі Беларусі.
1795 г. – трэці падзел Рэчы Паспалітай і захоп заходняй часткі Беларусі.
У сваёй лекцыі «Вайна і рэвалюцыя» нават В.І.Ленін у 1917 годзе скажа пра трох манархаў, якія падзялілі паміж сабой Рэч Паспалітую: «Курляндыю і Польшчу яны разам дзялілі, гэтыя тры каранаваныя разбойнікі. Яны дзялілі сто гадоў, яны рвалі па жывым мясе, і рускі разбойнік урваў больш таму, што быў тады мацнейшы» (Поўн. збор твораў, Т.32, С.89-90).
Адукаваная расейская імперыятрыца Кацярына ІІ скажа, што для поўнага «замірэньня» захопленых заходніх земляў неабходныя тры рэчы: рускі чыноўнік, руская школа і праваслаўная вера. Гэтая трыяда засталася ў моцы пасёньня, і плады яе выкарыстаньня – у наяўнасьці [даклдана так: да гэтага часу ўсе камуністычныя і посткамуністычныя цяперцы беззаганна выконваюць гэты загад укаранаванай расейскай прастытуткі; яны дадалі ў рэцэпт толькі рускую водку і рускі мат… – Рэд.]. Засталося толькі ў чацьверты раз пратакольна запісаць «айчыну» за Расеяй.
… А бальшавікі, расейскія шавіністы і калабарацыяністы зь мясцовых усіх часоў, з 1917 года і дасёньня, насуперак свайму куміру Ільлічу апантана крычаць пра тое, што Беларусь абсалютна добраахвотна ўвайшла ў склад «брацкай» Расеі (праўда, без усенароднага рэферэндуму). А вось пра тое, як разагналі Устаноўчы сход Беларускай Народнай Рэспублікі, як падзялілі Беларусь, як зрабілі яе закладніцай па так званай Рыжскай мірнай дамове, як «добраахвотна» стварылі ССРБ, большавікі ды іншыя хлусьліўцы памоўкваюць, як, між іншым, і пра крывавае здушэньне паўстаньняў пад кіраўіцтвам Андрэя-Тадэвуша Касьцюшкі, Кастуся Каліноўскага, пра масавы растрэл рабочых Менску генерал-губернатарам Курловым. І ці мала яшчэ пра што хацелі б прамаўчаць цьвёрдакаменныя ленінцы. Але, як кажуць, напісанае пяром захоўваецца, на жаль, ня столькі ў памяці людскай (яе выбілі), колькі ў архівах, а дакладней – у аналах гісторыі на добрую памяць нашчадкам.
У гісторыі, між іншым, можна шмат чаму павучыцца альбо хаця б асьвяжыць у памяці падзеі, якія адбываліся на нашай беларускай зямлі на працягу апошніх чатырох стагоддзяў. А то, глядзі, нас зноўку могуць узяць ды «добраахвотна» ўключыць у склад імперыі…
Алесь Петрашкевіч, кандыдат гістарычных навук.
Ад рэдакцыі:
Натуральна, што ў будучай Беларускай дзяржаве (ў адпаведнасьці з усім напісам) ніякае “сьвята 23 лютага” адзначацца ня будзе. Хутчэй за ўсё будзе адзначацца “Сьвята абаронцаў беларускага народу і Вялікай Літвы – Беларусі”, і хутчэй за ўсё з нагоды знакамітай бітвы пад Воршай яно будзе адбывацца 8 верасьня.
Фіксуем дадзенае ў якасьці чарговага дактрынальнага прынцыпа (Д пр-п 97)
Вельмі цікавы артыкул пана Алеся Петрашкевіча.
Ні адна дзяржава ў сьвеце, акрамя Расеі, не вяла сябе тае нахабна
і па-людаедску ў адносінах да сваіх суседзяў.
Але прапаганда ў іх стаіць на высокім узроўне.
Яны прафэсійна перакручваюць падзеі на свой лад.
..
Ужо брыдка глядзець, як нават нармальныя людзі 23 лютага
адзначаюць нейкі “день защитников отечества” і ня ведаюць
што гэты “празднік” – поўная хлусьня і выдумка камуняк.
Вельмі цікава і жахліва. Кожны Беларус і небеларус, які жыве ў Беларусі, павінен ведаць гэта і ганарыцца гісторыяй беларускага Вялікага Княства Літоўскага. Нажаль, сёньняшнія неадукаванасьць і афіцыйны гістарычны падман спараджаюць абыякасьць да нашай гістарычнай спадчыны.
Цікавы артыкул. Трэба яго пашырыць, больш падрабязнасцяў.
Масква зараз падтрымлівае дыктатуру. Маскоўская папса лезе ва ўсе дзюркі.
Нашу культуру топчуць, спрабуюць загнаць у быдляцкі стан.
CСпасибо ! Я давно искал эту статью поскольку очень сильно интересуюсь историей . Друзьям тоже посоветовал так что жду новых статей