nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

2 сакавіка г.г. у Менску перад расейскай амбасадай адбыўся антыядзерны пікет БПС, БАПЦ, БНДЦ (+ дапаўненьне)

4 сакавіка, 2008 | Каментары (1)

Рэдакцыя.

��ке� ��С.JPG

Пра гэта першай паведаміла радыё “Свабода” (Алесь Дашчынскі) і яго інтэрнэт-версія (svaboda.org/content/Article/1045869.html; спачатку быў толькі тэкст, затым зьявіліся й ілюстрацыі). Пазьней інфармацыю перадрукавалі сайты “Пагоні” (http://www.pahonia.org), “Нашай Нівы” (http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=15461) і нават “Хартыі” (http://www.charter97.org/ru/news/2008/3/3/4392).

Вось тэкст паведамленьня:

“Каля расейскай амбасады ў Менску адбыўся пікет [несанкцыяваны. – Рэд.] пад лёзунгам: “Не – расейскай атамнай зброі ў Беларусі!”. Яго правялі актывісты незарэгістраваных Беларускага нацыянальна-дэмакратычнага цэнтру [у Кіеве. – Рэд.], Беларускай партыі Свабоды і Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Каля дзесяці чалавек зь бел-чырвона-белым сьцягам утварылі ланцуг перад расейскай амбасадай. Яны трымалі плякаты: “Не дапусьцім расейскай атамнай зброі ў Беларусі!”, “Расейскай ядзернай акупацыі Беларусі – НЕ!”, “Свабоду Беларускай Аўтакефаліі!”, іншыя [у т.л. “Беларусь без’ядзерная, незалежная, нейтральная дзяржава!” – Рэд.]. Пікет працягваўся некалькі хвілінаў. Яго ўдзельнікі з розных рэгіёнаў Беларусі скандавалі: ”Незалежнасьць!”

Міліцыянты перапісалі зьмест плякатаў, але нікога не затрымалі.

Лідэр Беларускай партыі Свабоды Сяржук Высоцкі сказаў, што новы кіраўнік Расеі мусіць пачуць голас беларусаў: “Мы сёньня прыйшлі разам з нашымі ўкраінскімі сябрамі выказаць свой пратэст супраць плянаў разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі. Мала таго, што Беларусь фактычна зрабілі калёніяй Расеі, цяпер пляны разьмяшчэньня тут ядзернай зброі як і пабудовы атамнай станцыі па расейскім праекце – гэта фактычна пляны зьнішчэньня беларускага народа”.

Ад рэдакцыі:

Мы зьвязаліся па тэлефоне са спадаром Сяргеем, нашым сталым аўтарам, і атрымалі некаторыя ўдакладненьні:

– пікет адбыўся ў сувязі са зьвесткамі, што нібыта ў адказ на разьмяшчэньне ЗША элементаў СРА ў Польшчы і Чэхіі расейскае кіраўніцтва наважылася зноў размясьціць ядзерную зброю ў нас, у Беларусі (парушыўшы дамову ад 1994 г.); паступае таксама інфармацыя, што расейскае кіраўніцтва цісьне, каб менавіта іх АЭС будавалася ў Беларусі;

– пікет працягваўся ня “некалькі хвілінаў”, а каля 20-25 хвілін;

– з Украны падтрымаць патрабаваньні беларусаў да Расеі прыехалі прадстаўнікі Студэнцкага брацтва і Украінскай народнай партыі;

– у пікеце зь беларускага боку прынялі ўдзел беларусы ня толькі зь Менску, а і з шэрагу гарадоў усходняй і цэнтральнай Беларусі;

– у расейскую амбасаду была перададзена адпаведная петыцыя;

– усе ўдзельнікі несанкцыяванага пікету былі настроеныя на тое, што ім давядзецца прайсьці праз суды і суткі, але пасьля пікету і ў час яго правядзеньня міліцыя сапраўды нікога не хапала…

Адначасова мы запыталіся ў сп-ра Высоцкага, чаму так мала інфармацыі пра гэтую, на наш погляд, важную падзею. Напрыклад, нідзе няма тэксту звароту, перададзенага ў расейскую амбасаду. Ён адказаў, што зьвяртаўся ў многія “незалежныя” “дэмакратычныя” выданьні, каб тыя прыслалі сваіх журналістаў. Але акрамя радыё “Свабода” ва ўсіх іншых выпадках яму адказалі, што лічаць тэму пікета “мала актуальнай”…

Адначасова мы ўзялі са спадара Сяргея абяцаньне, што ён вышле ў нашу рэдакцыю тэкст звароту, перададзенага прадстаўнікам расейскай амбасады, а таксама, па-магчымасьці, дадатковыя фотаздымкі.

N.B.

Калі дадзеныя матэрыялы будуць намі атрыманыя, мы іх тут і выставім.

—-

Мы атрымалі тэкс звароту, які раздаваўся ў час пікету, быў перададзены ў амбасаду РФ. Падаем яго ніжэй.

Суайчыннікі!

Працэс вяртання незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе быў нядоўгім, бо паступова ўладу на Бацькаўшчыне захапіла прарасейская рэакцыя. Марыянетка расейскай імперскай бюракратыі вынішчае беларускую сімволіку, традыцыі, культуру і мову, гэтым падсякаючы сук, на якім сядзіць. Жыхары Беларусі напачатку былі падманутыя дэмагогіяй новага “бацькі-вождя”, але цяпер усе бачаць наступствы такога валадарства: этнацыд і лінгвацыд (гвалтоўная русіфікацыя), узалежанне ад Расеі, развал эканомікі і прадпрыймальніцтва, паступовае падзенне агульнага ўзноўню жыцьця, п’янства, нахабны судовы “беспредел”… і распродаж расейскім колам нацыянальных рэсурсаў і здабыткаў.

Гвалтоўны рэжым дамовіўся за спіной народа пра размяшчэнне ў Беларусі расейскай атамнай зброі. Таксама без народнага абмеркавання і згоды ўжо прынятае рашэнне будаваць атамную станцыю расейскімі падпальшчыкамі (такі бязглузды падыход да атама ўжо даў беларусам і свету першы Чарнобыль). Гэта проста жахлівая пагроза лёсу народа Беларусі і яе прыродзе.

Толькі сам народ мусіць бараніць сябе! Прыйшоў час спыніць тыранію і акупацыю Беларусі чужынцамі.

Не дапусьцім расейскай атамнай зброі ў Беларусі!

Беларусь – бяз’ядзерная, нейтральная, незалежная Дзяржава!

Мы – за Мір, Сяброўства, Раўнапраўе і Супрацоўніцтва паміж народамі Беларусі-Літвы, Лутевы-Жамойці, Польшчы, Расеі ды Украіны-Русі!

Беларускі Нацыянальна-Дэмакратычны Цэнтар,

Беларуская Партыя Свабоды,

Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква.

Каментары (1)

  1. Сяргей кажа:

    Дзякуй, беларускім грамадзянам!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы